Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Выбары на Палессі ў польскі парламент у 1922 г. 


Аўтар: Пашкевіч А. В.,
Дадана: 04-09-2014,
Крыніца: Пашкевіч А. В. Выбары на Палессі ў польскі парламент у 1922 г. // Гісторыка-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся: паміж мінулым і будучыняй (да 450-годдзя г. Століна): Зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі 28-29 верасня 2005 года: У 2 частках. Ч. 1. - Брэст: БрДУ імя А. С. Пушкіна, 2006. - С. 223-227.



Палескае ваяводства ў міжваеннай Польшчы з'яўлялася найбольш нявызначаным з пункту погляду нацыянальнага складу насельніцтва. Згодна з польскім перапісам 1921 г., на яго тэрыторыі былі зафіксаваныя 375220 беларусаў, 156142 русінаў (украінцаў), 214159 палякаў, 91251 габрэй, 4303 расейцы. 38 565 чалавек наогул запісаліся тутэйшымі, што сведчыла пра нізкую нацыянальную свядомасць насельніцтва [1, c. 60].

Беларускія і ўкраінская нацыянальныя эліты ніколі не пагаджаліся з падобнымі вынікамі перапісу, сцвярджаючы, што польскі элемент на Палессі складае зусім малы агульны працэнт, а большая частка насельніцтва належыць да беларускай або ўкраінскай нацыянальнасцяў. Практычна даказаць гэта сцверджанне яны збіраліся ў тым ліку падчас парламенцкіх выбараў, прызначаных на лістапад 1922 г. Барацьба ў Палескім ваяводстве вялася за 10 пасольскіх і 3 сенатарскія мандаты.

Неакрэсленая нацыянальная прыналежнасць насельніцтва Палесся, натуральна, адразу ж сутыкнула ў гэтым рэгіёне беларускія, украінскія польскія і нават расейскія нацыянальныя інтарэсы. Яшчэ перад прыняццем выбарчага закона ўзнікалі канфлікты паміж рознымі нацыянальнымі групамі, як, напрыклад, прадстаўнікамі ўкраінскай і расейскай грамадскасці ў Брэсце. Лідэр украінскай абшчыны ў гэтым горадзе, Васіль Дзмітрыюк, успамінаў пра тое, як на перадвыбарчым сходзе выбаршчыкаў абмяркоўваліся яго кандыдатура і кандыдатура старшыні Рускага дабрачыннага таварыства Паўла Караля. Большасць сходу тады выказалася за аказанне даверу Дзмітрыюку [2, c. 367-368].

Памiж беларусамi i ўкраiнцамi таксама ўзнiклі падобныя, аднак патэнцыйна больш сур'ёзныя спрэчкі адносна нацыянальнай прыналежнасцi насельнiцтва і адпаведна размяшчэння кандыдатаў на выбарчых спісах у дзвюх выбарчых акругах Палескага ваяводства - Брэсцкай і Пінскай, а таксама Бельскай акрузе Беластоцкага ваяводства. Праблема вырашалася ў межах створанага перадвыбарчага адзінага Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) Польскай Рэспублікі, да якога, акрамя трох усходнеславянскіх народаў, далучыліся габрэі і немцы. Пасля перамоваў было прынята кампрамiснае рашэнне, паводле якога беларусам аддаваліся першыя месцы ў сеймавым спісе блока ў Бельскай і Пінскай акругах, а ўкраінцам - два першыя месцы ў Брэсцкай акрузе [3, спр. 209, а. 26]. Што тычыцца сенатарскіх мандатаў, то першае месца на спісе БНМ было аддадзена ўкраінцам, а другое - беларусам. Пасля беларусы фактычна саступілі сваё сенатарскае месца на Палессі расейцам. Такім чынам, адкрытых канфліктаў паміж прадстаўнікамі трох народаў удалося пазбегнуць, і ўсе яны дзейнічалі падчас гэтых выбараў больш-менш узгоднена, сумесна змагаючыся з уплывамі польскіх партыяў.

Ніводная з апошніх перад выбарамі не мела на Палессі разгалінаваных структур. Можна сказаць, што падчас выбараў толькі пачалося асваенне імі рэгіёна. На тэрыторыю ваяводства прыбывалі дзеячы з розных палітычных груп з усёй Польшчы. Найбольш сур'ёзную працу праводзіла Польская сацыялістычная партыя (ППС), дзеячы якой добра зарыентаваліся ў сітуацыі і выслалі на Палессе шматлікіх агітатараў з веданнем расейскай мовы. Падобную працу ў гэтым напрамку праводзіла і Польская народная партыя (ПСЛ) «Вызваленне» [4, c.79-80]. Дзейнасць іншых палітычных сіл мела куды меншы размах.

Афіцыйныя вынікі выбараў у сейм у дзвюх акругах Палескага ваяводства былі наступныя. У Брэсцкай акрузе 44805 галасоў і 3 мандаты атрымаў Блок нацыянальных меншасцяў, 20746 галасоў і 1 мандат - ППС, 13598 галасоў і 1 мандат - ПСЛ "Вызваленне". У Пінскай акрузе пераканаўчую перамогу здабыла ППС, атрымаўшы 52981 голас і 3 пасольскія мандаты. Другое месца з 30974 галасамі і 1 пасольскім мандатам заняў БНМ, а трэцяе з 26925 галасамі і 1 мандатам - ПСЛ "Вызваленне" [5, s. 334, 336]. На выбарах у сенат 40824 голаса і 2 мандаты здабыў БНМ, а 33597 галасоў і 1 мандат - ППС [5, s. 444-445]. Як відаць, усе мандаты падзялілі паміж сабой тры палітычныя сілы: польскія сацыялісты, левыя людоўцы і нацыянальныя меншасці.

Дадзеныя вынікі выбараў на Палессі даюць магчымасць зрабіць пэўныя высновы. Па-першае, яны паказалі, што мясцовае насельніцтва мела слабую не толькі нацыянальную, але і палітычную свядомасць. Пра гэта сведчылі выдатныя вынікі, паказаныя ў палескіх акругах ППС з яе выразна арыентаванай на гарадскі пралетарыят ідэалогіяй. Поспех гэтай партыі прынеслі перад усім радыкалізм лозунгаў, а таксама прадуманая і мэтанакіраваная праца яе актывістаў з шырокім выкарыстаннем у агітацыі расейскай мовы, зразумелай большасці праваслаўнага насельніцтва. Падобнымі прычынамі тлумачыцца і адносны поспех ПСЛ "Вызвалення", а таксама пэўныя дасягненні камуністычнага Саюза пралетарыяту гарадоў і вёсак у Брэсцкай акрузе. Камуністы не змаглі здабыць мандат, аднак жа атрымалі 8660 галасоў ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў. Выпадковасць і нелагічнасць перамогі ППС на Палессі пацвярджае і нетрываласць яе ўплываў, бо ўжо на наступных выбарах у 1928 г. партыя здолела набраць толькі 3937 галасоў у Брэсцкай акрузе і 14762 - у Пінскай [6, s. 625, 641].

Поспех Блока нацыянальных меншасцяў сведчыў перш за ўсё пра наяўнасць немалых уплываў сярод мясцовага насельніцтва ўкраінскіх нацыянальных арганізацыяў. У саступленай беларусамі на іх карысць Брэсцкай акрузе з дапамогай габрэйскага насельніцтва яны здолелі атрымаць 2 мандаты для сябе і адзін для габрэяў. Пры гэтым большая частка галасоў была атрымана ў Брэсцкім (29,40% усіх атрыманых БНМ галасоў), Кобрынскім (28,62%) і Камень-Кашырскім (19,9%) паветах, у якіх у той час найбольш актыўна развіваўся ўкраінскі рух. У той жа час бясспрэчна беларускія Пружанскі і Косаўскі паветы разам далі ўсяго 13,87% галасоў, амаль не рознячыся па колькасці насельніцтва ад Кобрынскага і Камень-Кашырскага паветаў [5, c. 334].

У яшчэ большай ступені зусім нязначны ўплыў на Палессі беларускіх арганізацыяў засведчылі вынікі выбараў у Пінскай акрузе, якая была прызнаная ўкраінцамі беларускай. Хоць БНМ і ўдалося тут здабыць адзін мандат (які атрымаў беларус Фабіян Ярэміч), але галоўную ролю ў дасягненні гэтага адноснага поспеху адыгралі галасы выбаршчыкаў, атрыманыя ў бясспрэчна ўкраінскім Сарненскім павеце (59,31% агульнай колькасці). Пры гэтым Сарненскі павет саступаў як Пінскаму, так і Лунінецкаму па колькасці выбаршчыкаў [5, c. 336]. Галасы ж, атрыманыя ў апошніх двух паветах, па сведчанню беларускага пасла Васіля Рагулі, былі ў асноўным галасамі габрэйскага насельніцтва [7, c. 20]. Рагуля канстатаваў, што "з поўнай свабоды безканкурэнцыйнай агітацыі скарыстала ППС. […] Настроенае радыкальна і русафільска насельніцтва аддало-б свае галасы за Блёк. Бяз нашай агітацыі яно паверыла, што, галасуючы за Блёк, яно галасуе за нямецкіх і жыдоўскіх буржуяў" [7, c. 21].

Слабая інтэнсіўнасць беларускай агітацыі на Палессі мела ў першую чаргу аб'ектыўныя падставы: вялікі недахоп сілаў і таму свядомае выкарыстанне іх у больш асвоеных беларусамі Наваградчыне, Віленшчыне і Беласточчыне. Па гэтай прычыне ўся беларуская перадвыбарчая праца на Палессі абмежавалася практычна толькі заснаваннем некалькіх павятовых і гмінных выбарчых камітэтаў. На выбарчую кампанію ў Пінскай акрузе Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам была выдаткавана зусім невялікая ў параўнанні з іншымі акругамі сума [3, спр. 210, а. 56-60, 62-64].

Украінцы правялі агітацыю на Палессі лепей за беларусаў у тым ліку і таму, што па прыкладу польскіх партыяў мелі магчымасць выслаць сюды некаторую частку агітатараў з Валыні і Холмшчыны. Васіль Дзмітрыюк у сваіх успамінах згадваў, што вялікай украінскай свядомасці на Палессі не было, і "акрамя невялікага гурту ўкраінцаў у Берасці ды асобных людзей на Кобрыншчыне насельніцтва, запалоханае палякамі, называла сябе "тутэйшымі", "палешукамі" ды "рускімі"" [2, c. 367]. Нават другога вартага кандыдата-ўкраінца на спіс Блока Дзмітрыюк не здолеў знайсці сярод мясцовага насельніцтва і вымушаны быў запрасіць на гэта месца свайго знаёмага з Холмшчыны Сяргея Хруцкага [2, c. 369].

Калі ж наогул аналізаваць асобы выбраных прадстаўнікоў, то напрошваецца выснова, што на разглядаемай тэрыторыі ў той час практычна адсутнічала палітычная эліта мясцовага паходжання. З усіх выбраных на Палессі паслоў і сенатараў толькі В.Дзмітрыюк і пасол ад ПСЛ "Вызвалення" Адольф Бон на момант выбараў мелі ў якасці месца жыхарства Брэст. Аднак і яны абодва паходзілі з Падляшша, а ў Брэсце пасяліліся толькі за некалькі гадоў да выбараў. Усе ж астатнія парламентарыі наогул не мелі да Палесся ніякага дачынення ні па паходжанні, ні па месцы жыхарства. Мясцовыя людзі на спісах хоць і прысутнічалі, аднак не на першых месцах [5, s. 334-337, 446].

Такім чынам, выбары 1922 г. на Палессі толькі пацвердзілі, што ў гэтым рэгіёне насельніцтва не мае выразна вызначанай ні нацыянальнай, ні палітычнай свядомасці. Акрамя таго, выявілася, што тут практычна адсутнічае і сфармаваная рэгіянальная эліта. Усё гэта перадвызначала ператварэнне Палесся ў будучы прадмет спрэчак для чатырох народаў: беларускага, украінскага, расейскага і польскага.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Pierwszy powszechny spis Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 30 września 1921 roku. Mieszkania. Ludność. Stosunki zawodowe. Województwo Poleskie. - Warszawa, 1926.

2. Дмитріюк В. Спомин з років 1918-1927 // Пастернак Є. Нарис історії Холмщини і Підляшшя (Новіші часи). - Вінніпеґ-Торонто, 1968. - С. 357-375.

3. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛiМ). Ф. 3. Воп. 1.

4. Tomczonek Z. Ruch ludowy na kresach północno-wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej. - Białystok, 1996.

5. Rzepeccy T. i W. Sejm i Senat 1922-1927. - Poznań, 1923.

6. Wybory do Sejmu i Senatu w roku 1922 i w roku 1928. Cz. 2. - Warszawa, 1929.

7. Рагуля В. Успаміны. - Мн., 1993.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX