Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Справа 'Беларускага нацыянальнага цэнтру' паводле сведчанняў былых актывістаў Кампартыі Заходняй Беларусі 


Аўтар: Пашкевіч А.,
Дадана: 04-09-2014,
Крыніца: Пашкевіч А. Справа 'Беларускага нацыянальнага цэнтру' паводле сведчанняў былых актывістаў Кампартыі Заходняй Беларусі // Спадчына. - 2006. - № 1. - С. 102 - 116.



Публікацыі ўспамінаў ахвяраў сталінскага таталітарнага рэжыму ў гістарычнай літаратуры сёння не рэдкасць. Былыя вязні сталінскіх канцлагераў браліся за асадку ў розных абставінах і ўмовах. Адны пачыналі напісанне сваіх мемуараў пасля таго, як апынуліся ў эміграцыі, на бяспечнай адлегласці ад бальшавіцкага рэжыму. Іншыя перажылі гэты самы рэжым і пісалі ўспаміны ўжо пасля яго аслаблення і канчатковага краху. Але некаторыя рашаліся даверыць свае патаемныя думкі паперы і ў той час, калі савецкая палітычная сістэма была яшчэ дастаткова моцная і мала ў каго ўзнікала нават думка, што яна можа калі-небудзь абрынуцца.

У апошнім выпадку аўтары наўрад ці ўсур'ёз разлічвалі на хуткае выданне сваіх успамінаў, свядома пішучы "у стол". Хаця ў 60-я гады ХХ ст. знаходзіліся ідэалісты, якія мелі пэўныя ілюзіі на гэты конт. Гэта былі старыя камуністы, якія пасля рэаблітацыі дажывалі свой век у правінцыйных гарадах і вёсках, і таму не адразу заўважылі, калі перыяд "хрушчоўскай адлігі" змяніўся чарговым "закручваннем гайкаў" і ўзмацненнем ідэалагічнага кантролю над грамадствам. Нягледзячы на ўсё тое, што яны перажылі ў сталінскіх канцлагерах, большасць з іх заставалася вернымі "ленінскаму шляху". Прыкладам можа служыць актыўны камуністычны дзеяч у асяродку беларускіх студэнтаў у Празе ў 1920-я гг., адзін з лідэраў камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1930-1932 гадах, а затым на працягу 13 гадоў вязень ГУЛАГу Георгі (Юрка) Муха-Мухноўскі. У 2-ой палове 1960-х гадоў ён пісаў у лісце да навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ Мікалая Арэхвы: "Буду… пісаць пра той лёс, які напаткаў нас, амаль усіх былых сяброў КПЗБ. Працую над гэтай кнігай ужо пяць месяцаў. Напісана многа, але пісаць трэба яшчэ больш. У гэтым мая адзіная радасць і суцяшэнне. Яна з'явіцца як бы другой часткай маёй першай аповесці, хоць як адна, так і другая зусім самастойныя кнігі, толькі сюжэт працягваецца. Яна будзе складацца з пяці частак: 1). "Прытулак", 2). "Пакаранне без злачынства", 3). "Выпрабаванне", 4). "З арканам на шыі", 5). Эпілог. Над агульнай назвай я пакуль канчаткова не спыніўся, але чамусьці хочацца назваць па другой частцы. З гэтых назваў Вы зразумееце, пра што я пішу. Напісаў пакуль дзве часткі і пачаў трэцюю" [1].

Невядома, што на гэта адказаў Муху-Мухноўскаму Арэхва, які, безумоўна, меў большае ўяўленне наконт магчымасцяў выдання ўспамінаў пра рэпрэсіі ў тагачасных палітычных умовах. У любым выпадку, Муха-Мухноўскі пасля і на ўласным вопыце мог пераканацца ў нежаданні савецкай улады праліваць святло на "нязручныя" факты ў зусім яшчэ нядаўняй гісторыі, ледзьве здолеўшы надрукаваць першую частку сваіх успамінаў, у якіх ішла гаворка пра чэхаславацка-польскі перыяд яго дзейнасці. Рукапіс быў здадзены ў выдавецтва "Беларусь" у 1967 годзе, а ў друк кніга выйшла толькі ў 1973-м, прытым з вялікімі праблемамі [2]. Лёс другой, так і нявыдадзенай, кнігі ўспамінаў Мухі-Мухноўскага да гэтай пары невядомы.

Аднак Г. Муха-Мухноўскі быў не адзіным і нават не першым з рэпрэсаваных былых сяброў КПЗБ, хто захацеў распавесці грамадству пра перажытае ў савецкіх турмах і лагерах. 30 ліпеня 1964 г. Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ атрымаў звычайны, спісаны да апошняй старонкі, вучнёўскі сшытак, на вокладцы якога былі пазначаны імя і прозвішча аўтара - Сцяпан Антонавіч Жабінскі, і назва ўспамінаў - "Неабгрунтаванае рэпрэсаванне мяне ў 1933 годзе ў Менску". Датай напісання мемуараў пазначаўся 1960 год.

Такія ўспаміны, несумненна, былі для таго часу незвычайнымі. Ужо згаданы М. Арэхва з вялікай цікавасцю з імі азнаёміўся. Пра гэта сведчаць шматлікія падкрэсліванні, пазнакі і каментарыі, зробленыя яго рукой у тэксце. Сам Арэхва ў гэты час якраз займаўся высвятленнем лёсаў былых вядомых дзеячаў заходнебеларускай кампартыі, пра што гаворыць змест многіх сабраных ім у гэты час дакументаў. Невядома, што адказаў Арэхва Жабінскаму на ягоную споведзь. Іхнае ліставанне ў былых архіўных зборах Гістапарту дагэтуль не выяўлена. Аднак можна меркаваць, што ён растлумачыў аўтару немагчымасць публікацыі такіх успамінаў у наяўных умовах і прапанаваў напісаць іншыя, з больш "прахадным" зместам. Ва ўсялякім выпадку, у чарговым зборніку ўспамінаў былых удзельнікаў заходнебеларускага рэвалюцыйнага руху, які выйшаў у свет у 1973 г. у Менску, былі змешчаны зусім іншыя мемуары С. Жабінскага, якія ахоплівалі час ад 1918 да 1927 г., г. зн. да пераезду апошняга ў СССР [3]. А сшытак з першымі ўспамінамі захаваўся ў адным з гістпартаўскіх фондаў сучаснага Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у адной з тэчак з неапублікаванымі мемуарамі былых дзеячаў КПЗБ. Да чытача яны прыходзяць толькі цяпер, больш чым праз 45 гадоў пасля напісання.

У сувязі з гэтым варта некалькі слоў сказаць пра жыццёвы шлях іх аўтара, тым больш што ён адносіцца да ліку тых шматлікіх беларускіх дзеячаў, якія ў свой час былі даволі вядомыя ў нацыянальным руху, а пасля поўнасцю забытыя.

Cцяпан Жабінскі нарадзіўся ў 1894 г. ў вёсцы Рудаўка, недалёка ад мястэчка Свіслач на Гарадзеншчыне, у сялянскай сям'і (бацька меў 18 дзесяцін зямлі). Пасля заканчэння пачатковай школы ў 1909 г. ён паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1913 г. Пасля гэтага год працаваў настаўнікам у Ваўкавыскім двухкласным народным вучылішчы. У пачатку Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска, служыў у запасным палку ў Смаленску, а са снежня 1914 г. адпраўлены як просты жаўнер на фронт у складзе 101-га Пермскага пяхотнага полку.

У лістападзе 1915 г. Жабінскі быў камандыраваны ў Маскву для навучання ў Аляксандраўскім вайсковым вучылішчы. У чэрвені 1916 г. у чыне прапаршчыка прызначаны ў 167-ы запасны пяхотны полк у Інсары Пензенскай губерні, а ў верасні таго ж году - у 9-ы асобны полк. Спачатку меркавалася адправіць гэты полк у Францыю, але затым планы камандавання змяніліся, і ён быў накіраваны на Паўночны фронт пад Дзвінск, дзе Жабінскі і праслужыў да снежня 1917 г.

Пасля дэмабілізацыі С. Жабінскі ненадоўга выехаў у Інсарскі павет Пензенскай губ., дзе ў той час жылі яго бацькі-уцекачы. Адразу ж вызначыўся актыўнай грамадска-палітычнай пазіцыяй: у студзені 1918 г. з'ездзе інсарскімі беларусамі-уцекачамі быў абраны старшынём мясцовага бежанскага камітэта. На гэтай пасадзе Жабінскі заставаўся да чэрвеня 1918 г., калі па прычыне цяжкога эканамічнага становішча разам з бацькамі выехаў у станіцу Елань Саратаўскай губерні. У Елані, аднак, Жабінскі прабыў зусім нядоўга, у ліпені 1918 г. выехаў на бацькаўшчыну, у яшчэ акупаваную немцамі Горадзеншчыну (увосень таго ж года вярнуліся дахаты і яго бацькі) [4].

Адразу ж пасля вяртання з бежанства Жабінскі ўключыўся ў беларускую палітычную працу. Вядомы беларускі дзеяч Кузьма Цярэшчанка згадваў, што ў лістападзе 1918 г. ён праводзіў арганізацыю саветаў сялянскіх дэпутатаў на Ваўкавышчыне пры дапамозе мясцовых актывістаў Ляхоўскага, Данілюка і Жабінскага [5]. Пасля ўсталявання ў 1919 г. польскай улады Жабінскі пачаў распаўсюджваць нелегальную прэсу эсэраўскага і камуністычнага зместу сярод мясцовага жыхарства. Пасля прыходу ў лета 1920 г. Чырвонай арміі ён стаў сябрам Ваўкавыскага валаснога рэўкаму, у якім спачатку выконваў абавязкі старшыні, а потым загадчыка зямельнага аддзела. Пасля адступлення Чырвонай арміі і новага прыходу палякаў застаўся для правядзення падпольнай працы.

Ужо восенню 1920 г. Жабінскі быў першы раз арыштаваны польскімі ўладамі, аднак праз 5 тыдняў выпушчаны пракуратурай па патрабаванні навакольных сялян. Аднак ужо ў лютым 1921 г. ён быў паўторна затрыманы польскай вайсковай жандармерыяй. Праўда, на гэты раз Жабінскі праседзеў усяго два тыдні, а пасля да чэрвеня 1921 г. знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Нягледзячы на гэта, падпольнай працы Сцяпан Жабінскі не кінуў, і ўжо ўлетку 1921 г. разам з некалькімі іншымі настаўнікамі Ваўкавыскага і суседняга Горадзенскага паветаў пачаў арганізацыю партызанскага руху ў гэтай мясцовасці. Сам Жабінскі сведчыў, што ад камуністаў ён у той час адышоў, а падпольная праца вялася ім пад сцягамі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР) [6]. Згодна з інфармацыяй польскай выведкі, Жабінскі фігураваў у патаемным загадзе партызанскага атамана В.Хмары-Разумовіча № 9 пад мянушкай "Пчала" і выступаў як "начальнік штабу Ваўкавыскага павету".

Відаць, дзейнасць Жабінскага па арганізацыі беларускага партызанскага руху сапраўды была значнай і прыкметнай, бо ўжо ў верасні 1921 г. ён быў накіраваны як адзін з прадстаўнікоў БПСР на Беларускую нацыянальна-палітычную нараду ў Прагу. Запрашэнне на нараду Жабінскі, паводле ўласнага сведчання, атрымаў з Вільні ад аднаго з тагачасных лідэраў беларускіх эсэраў Аляксандра Карабача, а дабіраўся ён у Прагу разам з яшчэ адной дэлегаткай з Гарадзеншчыны, Верай Маслоўскай [7]. Праўда, на канферэнцыі нічым асаблівым, прынамсі вонкава, Жабінскі не адзначыўся. Вядома толькі, што разам з Аляксандрам Цвікевічам, Іванам Карчынскім, Вацлавам Ластоўскім і Лявонам Дубейкаўскім ён займаўся распрацоўкай рэзалюцыі канферэнцыі па віленскай праблеме, з'яўляючыся сябрам адпаведнай камісіі [8].

Хутка пасля прыезду з Прагі Жабінскі накіраваўся ў Вільню, дзе ў гэты час праходзіла выбарчая кампанія ў Віленскі сейм. Беларусы гэтыя выбары байкатавалі. Таму ад аднаго з дзеячаў тагачаснага Віленскага БНК, Язэпа Лагіновіча, Жабінскі атрымаў даручэнне праводзіць агітацыю за байкот у Ашмянскім павеце. У Ашмянах ён дзейнічаў сумесна з былым слуцкім паўстанцам Сяргеем Буселам [9]. Відаць, да гэтага самага часу адносіцца і факт нелегальнага пераходу Жабінскім польска-літоўскай мяжы, пра які гаварылася на беларускім працэсе ў Беластоку ў траўні 1923 г. [10]

У пачатку 1922 г. Жабінскі выконваў абавязкі падпольнага каменданта Ваўкавыскага павета, а ў лютым 1922 г. ён у чарговы раз быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пры вобыску ў яго знайшлі рэвальвер сістэмы "Наган" з 18 патронамі, беларускую брашуру менскага выдання 1920 г. "Стрэльба ў французскай пяхоце", а таксама некалькі лістоў ад Веры Маслоўскай [11]. Разам з ім былі арыштаваны і змешчаны ў беластоцкую турму некаторыя іншыя мясцовыя актыўныя беларусы: В. Маслоўская, Я. Матэйчук, А. Парук, А. Трыпуза і іншыя [12]. Усе яны абвінавачваліся ў "удзеле ў змове, якая мела на мэце адарванне ад польскай дзяржавы населеных польска-беларускім жыхарствам земляў, з дапамогай узброенага паўстання і тэрору, які ажыццяўляўся шляхам нападаў, падпалаў, забойстваў, падрываў чыгуначных мастоў і адміністрацыйных будынкаў" [13].

На гэты раз зняволенне Жабінскага стала больш працяглым, чым папярэднія. Больш чым год ішло толькі следства, падчас якога, у чэрвені 1922 г., абвінавачаны падаваў следчаму скаргу з просьбай аб выездзе ў Савецкую Расею. Просьба задаволена не была. Некаторы час Жабінскі знаходзіўся ў Беластоцкай турме, а пасля быў пераведзены ў варшаўскую турму "Макотаў". Там ён напісаў і перадаў на волю вельмі рэзкі зварот да беларускай моладзі, які быў перахоплены паліцыяй. Пасля гэты зварот стаў адным з элементаў абвінавачвання Жабінскага на судзе [14].

Між тым, нягледзячы на зняволенне, пра Сцяпана Жабінскага не забываліся і ў Вільні. Падчас падрыхтоўкі да выбараў у польскі парламент, якія адбываліся ў лістападзе 1922 г., яго кандыдатуру першапачаткова нават планавалася выставіць у якасці прадстаўніка беларусаў на агульным спісе Блока нацыянальных меншасцяў Польскай Рэспублікі у Беластоцкай акрузе [15]. Праўда, у рэшце рэшт ад гэтай думкі кіраўнікі Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта адмовіліся, і, відаць, не апошні ўплыў на прыняцце менавіта такога рашэння аказаў фактар знаходжання Жабінскага ў турме.

Судзіў Сцяпана Жабінскага Беластоцкі акруговы суд у рамках т. зв. працэсу 45-ці, які адбыўся ў траўні 1923 г. У выніку ён атрымаў 3 гады катаргі без залічэння тэрміну, праведзенага пад следствам [16].

Тэрмін зняволення Жабінскі спачатку адбываў у Беластоку. У турме ён зноў зблізіўся з камуністамі, і ў 1923 г. стаў паўнапраўным сябрам кампартыі. У жніўні 1923 г. Жабінскі браў удзел у шматдзённай галадоўцы палітзняволеных, пасля чаго быў пераведзены ў турму з больш жорсткім рэжымам - у Вронкі пад Познанню [17].

У 1926 г. прозвішча Жабінскага зноў пачало фігураваць у спісах вязняў Беластоцкай турмы [18]. Там ён, хутчэй за ўсё, праседзеў рэшту свайго тэрміну зняволення, аж да вызвалення, якое адбылося 1 студзеня 1927 г.

Пасля вызвалення Жабінскі прыняў рашэнне аб выездзе разам з сям'ёй у БССР для папраўкі падупалага ў польскіх астрогах здароўя. Кіраўніцтва камуністычнай партыі не пярэчыла гэтаму намеру, таму ўжо праз некалькі месяцаў былы заходнебеларускі палітзняволены прыехаў у Менск. У журнале ўваходных папераў Цэнтральнага камітэта па справах палітэмігрантаў пры Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам (расейская абрэвіятура МОПР) ёсць адмысловая пазнака аб прыняцці на ўлік эмігранта з Заходняй Беларусі Сцяпана Жабінскага з жонкай, датаваная 16 траўня 1927 г. [19] Пасля праходжання ўсіх прадугледжаных тагачаснымі савецкімі правіламі праверак у "кампетэнтных" органах 30 верасня 1927 г. Жабінскі быў зняты з уліку МОПРа [20] і неўзабаве прыняты на працу ў газету "Зьвязда" на пасаду загадчыка сектара замежнай інфармацыі. Заходнебеларускі перыяд яго жыцця і дзейнасці, такім чынам, скончыўся. Больш у Заходнюю Беларусь Сцяпан Жабінскі не вярнуўся.

Падчас працы ў "Зьвязьдзе" Жабінскі не толькі загадваў сектарам, але і сам часам выступаў з публікацыямі на старонках газеты. Падпісваў ён матэрыялы як уласным прозвішчам, так і крыптанімам "С. Ж.". Тэматыкай публікацыяў з'яўляліся, натуральна, добра знаёмыя аўтару Польшча і Заходняя Беларусь. Аднак з надрукаваных артыкулаў вельмі цяжка меркаваць пра стаўленне Жабінскага да савецкай рэчаіснасці, улічваючы тагачасную "свабоду друку" ў СССР. Танальнасць яго публікацыяў нічым не рознілася ад мноства іншых на старонках "Зьвязды". Жабінскі, у прыватнасці, адзначаў, што "сучасная Польшча - гэта сапраўды краіна беспрацоўя, страшэннай галечы, голаду і самагубстваў", затое "гіганцкі ўздым сацбудаўніцтва ў краіне Саветаў, поўная ліквідацыя беспрацоўя і несупынны рост дабрабыту шырокіх працоўных мас прыцягвае да сябе ўвагу і сімпатыі гэтых галодных і разутых масаў і паказвае ім той шлях, па якім яны павінны ісці для свайго канчатковага вызвалення з-пад ярма капіталу" [21].

Няма нічога дзіўнага, што адной з найбольш папулярных тэмаў для былога палітзняволенага Сцяпана Жабінскага ў якасці журналіста стаў стан польскай турэмнай сістэмы. Натуральна, што ён ацэньваў пабудову гэтай сістэмы выключна негатыўна: "Калі кроў стыне ў жылах ад таго белага тэрору, што праводзіцца фашызмам на свабодзе, дык няма слоў, каб перадаць пра тыя жахі і здзекі, што творацца ў турмах агентамі польскага фашызму" [22]. Наўрад ці аўтар гэтых радкоў прадбачыў у той час, што праз некалькі гадоў яму прыйдзецца сутыкнуцца не толькі з "белым", але і з "чырвоным" тэрорам, у выніку чаго ён атрымае магчымасць на ўласнай практыцы вывучыць розніцу паміж польскай турмой і савецкай. Але ўжо зараз на аснове ўласнага вопыту ён мог параўноўваць сітуацыю ў розных краінах, пішучы матэрыял пра чарговы абмен палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай у 1932 г. [23] З сарказмам Жабінскі піша пра паказную ўрачыстую сустрэчу вызваленых палякаў на вакзале і наступнае змяшчэнне некаторых з іх на дзесяцідзённы "карантын" у адмысловы дом у Баранавічах, "акружаны вартавымі", з якога "не выпускалі іх ні на хвіліну адтуль і нікога да іх не пускалі". Баранавіцкі "карантын" ацэньваўся аўтарам артыкула як "кароткія тэрміновыя курсы па падрыхтоўцы "навочных сведкаў бальшавіцкага "пекла" для антысавецкай агітацыі сярод шырокіх мас", а за час знаходжання ў ім абмененых палякаў нібыта "служкі фашызму будуць старанна працаваць над тым, каб яны перайшлі і "духоўную" граніцу, каб упарадкаваліся "духоўна", каб потым мець магчымасць пусціць іх як навочных сведкаў "бальшавіцкага пекла" для адцягвання мас ад рэвалюцыйнага шляху, для агітацыі за вернасць фашысцкай дыктатуры". Не выключана, што, падрабязна і з веданнем справы апісваючы становішча ізаляваных палякаў, аўтар часткова мог карыстацца і ўласнымі ўспамінамі пра той "карантын", праз які праходзілі заходнебеларускія камуністы ў СССР, у тым ліку і ён сам. Наўрад ці савецкі "карантын" кардынальна адрозніваўся ад польскага па жыццёвых умовах і мэтах утрымання ў ім былых палітзняволеных.

Журналісцкая кар'ера Сцяпана Жабінскага скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалася. Напачатку 1933 г. пра яго ўспомнілі і вырашылі зноў накіраваць на падпольную працу ў Польшчу. Перапраўка ў Заходнюю Беларусь планавалася на снежань 1933 г., а да гэтага Жабінскі быў пераведзены з рэдакцыі "Звязды" на працу ў прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Перад пераводам у прадстаўніцтва ён паспеў прайсці планавую цэнтралізаваную праверку супрацоўнікаў рэспубліканскіх і раённых газет, падчас якой характарызаваўся як "дысцыплінаваны работнік і вытрыманы камуніст", які "любіць сваю працу", але "мае патрэбу ў павышэнні тэарэтычных ведаў". Канчатковы вердыкт праверачнай камісіі гучаў: лічыць правераным [24].

Такая пазітыўная ацэнка не выратавала Жабінскага ад арышту 1 лістапада 1933 г., калі ОГПУ фабрыкавала справу т. зв. "Беларускага нацыянальнага цэнтра" дзеля расправы над беларускімі дзеячамі, якія перад гэтым прыехалі ў БССР з Польшчы. Абставіны свайго арышту і наступнае зняволенне Жабінскі якраз і апісвае ў публікуемых ніжэй успамінах. Трэба толькі дадаткова адзначыць, што асуджаны ён быў паводле артыкулу 58 п. 11 Крымінальнага кодэксу РСФСР і атрымаў у параўнанні з іншымі дастаткова мяккае пакаранне - 3 гады канцлагераў. Акрамя яго, такое пакаранне атрымалі толькі тры чалавекі з сямідзесяці асуджаных 9 студзеня 1934 г. Астатнія атрымалі большыя тэрміны, а 25 чалавек наогул адразу былі расстраляныя [25].

Пасля вызвалення з лагеру, якое адбылося 6 лістапада 1936 г., Жабінскі не меў права звароту ў Беларусь і пасяліўся ў вёсцы Краснае Бранскай вобласці РСФСР, дзе ўладкаваўся на пасаду настаўніка. Ніякіх падрабязнасцяў пра наступныя дваццаць гадоў яго жыцця на сённяшні дзень выявіць не ўдалося. 18 красавіка 1956 года ён быў поўнасцю рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Хутка пасля рэабілітацыі, у 1959 г., Жабінскі ўпершыню за 25 гадоў наведаў Беларусь, а неўзабаве перабраўся на сталае месца жыхарства ў Віцебск, дзе і памёр летам 1975 года. Той факт, што кароценькае паведамленне пра ягоную смерць змяшчалася ў мясцовай прэсе ад імя партыйнай ячэйкі Віцебскага лясгаса, дазваляе прыпусціць, што ў віцебскі перыяд свайго жыцця Жабінскі тым ці іншым чынам быў звязаны з гэтай установай [26].

Друкаваныя ніжэй успаміны С. Жабінскага маюць тым большую каштоўнасць, што ў іх знайшлі адлюстраванне ход следства і далейшы лёс арыштаваных па справе т. зв. "Беларускага нацыянальнага цэнтра". У апошнія гады ў навуковы ўжытак былі ўведзены некаторыя афіцыйныя дакументы па гэтай справе з архіва КДБ Беларусі, перш за ўсё ў публікацыях У. І. Адамушкі [27]. Аднак самі асуджаныя амаль усе пагінулі ў лагерах, таму дагэтуль пра абставіны іх зняволення і знаходжання ў зняволенні нам мала вядома. Фактычна да гэтай пары ў друку з'явіліся толькі мемуары асуджанага па справе БНЦ Міхася Ганчарыка [28], які, падобна на тое, быў накіраваны ў аднолькавае са Сцяпанам Жабінскім месца зняволення і таму ехаў з ім у адным цягніку, хоць пра гэта і не згадвае. Мабыць, іх агульным часовым спадарожнікам быў і Г. Муха-Мухноўскі, якому таксама выпала адбываць свой тэрмін зняволення ў усходняй частцы гулагаўскай імперыі.

Адчуць увесь трагізм становішча беларускіх нацыянал-камуністаў, вядомых актывістаў КПЗБ, якія знаходзіліся ўлета - восень 1933 г. у Савецкай Беларусі, падчас ажыццяўлення ГПУ масавых арыштаў беларускіх дзеячаў, дазваляе другі публікаваны ніжэй дакумент - ліст знанага беларускага літаратара, актыўнага ўдзельніка леварадыкальнага руху ў Заходняй Беларусі, рэдактара друкаваных выданняў КПЗБ Леапольда Родзевіча (Антося Сталевіча) да прадстаўніка ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Юліяна Бруна. Ліст не датаваны, аднак са зместу вынікае, што напісаны ён Родзевічам перад самым сваім арыштам. Гэта - ліст чалавека, які выдатна ўсведамляе пра навіслую над ім небяспеку фізічнага знішчэння. Перад намі прадстае асоба, маральна і псіхалагічна раздаўленая бесчалавечнай сістэмай, якая фактычна абвясціла яго, ветэрана антыпольскага супраціву - "ворагам працоўнага народу".

Як успаміны Жабінскага, так і ліст Родзевіча друкуюцца паводле рукапісных арыгіналаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (першы дакумент - ф. 4683, воп. 3, спр. 1082, арк. 159-172, другі - ф. 242-п, воп. 1, спр. 528, арк. 626-631). Абодва тэксты падаюцца ў перакладзе расейскай мовы. Аўтар публікацыі выказвае шчырую падзяку былому вядучаму супрацоўніку НАРБ, сп. Уладзімеру Ляхоўскаму за дапамогу ў аднаўленні біяграфіі С. А. Жабінскага, падрыхтоўцы каментарыяў і забеспячэнні тэксту ілюстрацыямі.


Сцяпан Жабінскі
Неабгрунтаванае рэпрэсаванне мяне ў 1933 годзе ў Менску

У першыя дні лютага 1933 года мяне перавялі на працу з рэдакцыі менскай "Зьвязды" (орган ЦК КПБ) ў прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КПБ. Жыў я ў Менску. У той час у прадстаўніцтве працавалі Сталевіч Антон (Родзевіч), Гарбацэвіч Павел (Клінцэвіч) [29], Вера Харужая (Харунжая) [30], машыністкай - Лена Пінская [31]. Працавалі яшчэ некалькі таварышаў, але я ведаў іх толькі па імёнах.

Чэрвень 1933 года. Надвор'е выдатнае. Сады, паркі, бульвары Менску - зялёныя, у кветках. Куды ні паглядзіш - усюды грандыёзная будоўля. Такая будоўля не толькі ў Менску - сталіцы рэспублікі, а па ўсім Савецкім Саюзе, нават у самых аддаленых, мядзвежых яго кутках. Пачуццё радасці, гонару за сваю Савецкую Радзіму само просіцца ў душу. У адну з такіх цудоўных раніц Сталевіч і Вера з'явіліся на працу засмучанымі, усхваляванымі. Пытаюся Сталевіча: "Што? Правал?". - "Не. Нашых паслоў арыштавалі" [32]. Так, было над чым задумацца. Паслы-дэпутаты польскага сойму былі абменены восенню 1932 г. з польскіх турмаў на польскіх рэакцыянераў, белагвардзейцаў. Арганізатары і кіраўнікі рэвалюцыйнай Беларускай сялянска-работніцкай "Грамады", сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Нявесела правялі мы і кастрычніцкія святы. На вечары ў нас у прадстаўніцтве былі толькі прадстаўнік ЦК КПБ тав. Каўцэвіч [33], сакратар Менскага гаркаму партыі Лёва Гурэвіч *, генеральны сакратар ЦК КПЗБ тав. Корчык (Лагіновіч) [34] з тав. Спісам [35]. Вечар прайшоў у спяванні рэвалюцыйных песень. Успаміналі сваіх таварышаў, сяброў, што мучыліся яшчэ ў каменных мяшках у фашысцкай Польшчы, прыгадвалі розныя эпізоды барацьбы на волі і ў турмах.

Арыштаваныя дэпутаты сядзелі ў скляпенні ОГПУ. Праз некалькі дзён пасля кастрычніцкіх святаў не прыйшоў на працу Гарбацэвіч [36], а пасля і Сталевіч. Пра прычыны няяўкі ўсе мы маўчалі, стараліся не пытацца адзін аднаго. Характар нашай працы быў такі, што мы ніколі не пыталіся адзін аднаго, чаму адсутнічае той або іншы таварыш.

20 лістапада. Ноч. Чуецца званок у мяне на кватэры. Устаю, адчыняю. Уваходзяць два вайскоўцы ў форме войскаў ОГПУ. Без паказвання якіх-небудзь дакументаў пачынаюць вобыск у кватэры. Мяне гэта вельмі здзівіла. Што ў мяне шукаць? Пачынаючы ад 1920 па 1927 год я амаль не вылазіў з польскіх астрогаў, судзімы, сядзеў у самых цяжкіх турмах (Беласток, Макотаў (Варшава), Вронкі) і выйшаў на волю толькі ў студзені 1927 г. У СССР прыбыў з дазволу партыі дзеля лячэння. Гэты вобыск быў для мяне незразумелы і таму яшчэ, што ў снежні я павінен быў накіравацца на сваю радзіму, у Заходнюю Беларусь, на падпольную працу. У выніку вобыску забіраюць у мяне партбілет і пасведчанне аб заканчэнні Свіслацкай настаўніцкай семінарыі.

Пасля вобыску распараджэнне - збірацца. Жонка прапануе ўзяць з сабою пару бялізны і хлеб. Я адмаўляюся, кажу, што гэта нейкае непаразуменне, разбяруцца, адпусцяць. Старэйшы вайсковец прапануе ўзяць і бялізну, і хлеб. Саджаюць у "чорны воран", праз некалькі хвілін - я ў падвале.

У камеры - напаўцёмна, камера забітая. Не тое што няма дзе сесці, стаяць няма дзе. І каго толькі тут не было: і польскія, і японскія шпіёны, і расейскія белагвардзейцы, і перабежчыкі, і злодзеі, і бандыты. Манатонна пацягнуліся дні і ночы, так знаёмыя мне па польскай турме. Аніводнага знаёмага. Праходка - паўгадзіны, і не кожны дзень. Аднойчы, падчас праходкі ў двары, чую крык (пазней даведаўся, што крычаў дэпутат Гаўрылік [37]): "ОГПУ! Што вы робіце? Вы з глузду з'ехалі! Вы выконваеце заданне польскай дэфензівы! Тыя не змаглі нас знішчыць, дык вы даканчваеце". Тут трэба прывесці і такі факт: польская дэфензіва яшчэ ў чэрвені, г. зн. амаль за паўгода да майго арышту, ведала, што я буду арыштаваны. Пра гэта паведаміў мне брат [38] пазней, калі я выйшаў з лагераў.

Праз некаторы час у камеры я пазнаёміўся з арыштаванымі па адной справе са мной Макоўскім* і Бандарэнкам Уладзімірам*. Брат Макоўскага, Вацлаў Макоўскі [39], сакратар Віленскага акружкама КПЗБ, быў замучаны ў польскай турме. Бандарэнка - аспірант Беларускай Акадэміі навук, лінгвіст. Яго прыслалі з Масквы для правядзення рэформы правапісу беларускай мовы. Да арышту ён кіраваў гуртком палітасветы працаўнікоў ОГПУ. Яго жонка, Маруся, працавала ў ОГПУ на пасадзе ўпаўнаважанай разам з тымі працаўнікамі, якія дапытвалі цяпер яе мужа і іншых арыштаваных. Часта мы сядзелі ўтрох і ламалі галовы, якая прычына нашага арышту. У той час я не меў інфармацыі пра колькасць арыштаваных. Мы думалі так: наш арышт -гэта выпрабаванне, праверка нашай вытрымкі, палітычнай загартоўкі, паводзінаў перад атрыманнем адказнага задання. Думалася і іншае: ворагі пралезлі ў кіраўнічыя органы Савецкай улады і зараз робяць сваю брудную справу. А як іх выкрыць? Таму і арыштоўваюць усіх агулам, не разбіраючы, вінаваты ён ці не. Мы выдатна разумелі, што Савецкі Саюз жыве ў капіталістычным атачэнні. Калі карабель захопліваюць піраты, то б'юць па гэтым караблі, не лічачыся з тым, што пацерпяць і свае людзі. І ўсё ж здаровы розум ніяк не мог зразумець: як гэта сумленнага, адданага партыі, савецкай уладзе чалавека без усялякай віны зрабіць контррэвалюцыянерам, ворагам народа? Майму розуму гэтыя рэчы тады былі недаступныя.

Прайшлі тры тыдні майго зняволення. На допыт не выклікаюць. Бандарэнку выклікалі раз ноччу. Макоўскага ж выклікалі амаль кожную ноч, яму проста не давалі спаць. У чым жа абвінавачваўся Макоўскі? На вочнай стаўцы Дварчанін Ігнат [40] паказаў, што Макоўскі прыналежаў да ягонай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Яму нібыта было даручана забяспечваць арганізацыю зброяй з Польшчы. Па словах самога Макоўскага, восемнаццаць начэй ён не спаў і павінен быў паказаць, што так, ён прывозіў зброю з Польшчы ў снежні на чаўне па рацэ Свіслач і закопваў гэтую зброю ў Менску, у скверыку каля плошчы Свабоды. Некалькі разоў яго вазілі ў гэты скверык паказаць, дзе закопана зброя. Ходзяць, ходзяць па скверыку, прыглядаюцца… Вось тут… Пачынаюць капаць - няма нічога. Ідуць у іншае месца… купінка. Вось тут. Капаюць. Зноў пуста. Ідуць у трэцяе месца. Ямінка… Ужо са злосцю капаюць. Зноў зямля… І так увесь скверык перакапалі, і зброі не знайшлі, бо шукалі тое, чаго не было і што створана было іх фантазіяй. Гэта проста на анекдот падобна: зімою, па лёдзе, на чаўне перавозіць зброю і закопваць у цэнтры горада, дзе ў любы час сутак быў ажыўлены рух, ляжаў снег, зямля была замерзлая. Але з розумам не лічыліся, патрэбна было толькі голае прызнанне.

Бандарэнку выстаўлена было абвінавачанне, што ён па даручэнні Дварчаніна Ігната ездзіў у Кіеў для завязвання сувязяў з украінскай контррэвалюцыйнай арганізацыяй. Бандарэнка па даручэнні партбюро БАН, у прыватнасці, па вымаганні Жаброўскай*, жонкі трэцяга сакратара ЦК КПБ тав. Жаброўскага [41], ездзіў у Кіеў, у Украінскую Акадэмію Навук, дзеля азнаямлення з правядзеннем рэформы правапісу ўкраінскай мовы. Яму некалькі разоў рвалі пратаколы і дабіваліся паказання, што яго пасылаў у Кіеў Дварчанін. А ўжо ад паказанняў брата Дварчаніна [42], ляснічага, як ён прыручыў лася і ездзіў на ім вершкі на мяжу з Польшчай за інструкцыямі для контррэвалюцыйнай арганізацыі - паміралі са смеху нават яго следчыя.

Напрыканцы снежня, вечарам, выклікаюць і мяне на допыт. Сустракае ўпаўнаважаны Гарбачэўскі [43]. З ім я быў знаёмы раней, яшчэ да свайго арышту. Гэта малады хлопец, гадоў 20-22. Сустракае мяне словамі: "Раззбройвайся! Мы цябе арыштавалі ў ліку апошніх не таму, што ты невінаваты, а ўлічваючы твае рэвалюцыйныя заслугі, каб ты доўга не сядзеў у скляпенні". Я заўважыў: "Добрыя заслугі, якія прывялі ў скляпенне. Не ведаю, у чым "раззбройвацца", ніякага злачынства я не зрабіў". - "Добра, я табе дакажу", - пагразіў ён і загадаў адвесці ў камеру. Ужо на хаду кінуў мне: "Раззбройвайся, лепей будзе!". З гэтым я і пайшоў.

Праз два дні выклікаюць ізноў, вечарам. Уваходжу ў кабінет Гарбачэўскага. Ён дае мне вочную стаўку з Бурсевічам [44]. Той заяўляе, што я з'яўляюся сябрам ягонай контррэвалюцыйнай арганізацыі з 1922 года. Ва ўпор, без дазволу Гарбачэўскага, стаўлю пытанне: дзе я быў у 1922 годзе? Мяне адразу выганяюць на калідор, а затым у камеру. З Бурсевічам я пазнаёміўся ў 1932 годзе восенню, у кабінеце рэдактара "Зьвязды". З ім мяне пазнаёміў рэдактар Будзінскі (Традыцыя) [45], якому Бурсевіч прынёс свой артыкул пра прыгнёт беларускага насельніцтва ў панскай Польшчы. Будзінскі пазнаёміў мяне з аўтарам і загадаў артыкул змясціць у газеце, папярэдне апрацаваўшы. Да гэтага часу я ніколі Бурсевіча не бачыў і бачыць не мог.

На калідоры я сустрэў Гая [46], супрацоўніка рэдакцыі "Савецкая Беларусь". Ці быў ён арыштаваны, не ведаю. Гай вольна хадзіў па калідоры без аховы і ўгаворваў арыштаваных прызнавацца. Пазней мне стала вядома, што Гай свабодна хадзіў з камеры ў камеру і многіх угаворваў прызнацца, хоць і не вінаваты, бо гэта, маўляў, патрэбна для справы. Роля Гая была загадкавая і надзвычай падазроная.

На наступны дзень, зноў вечарам, вочная стаўка з Дварчаніным Ігнатам. Гэты заяўляе, што я з'яўляюся сябрам ягонай контррэвалюцыйнай арганізацыі ўжо з 1920 года. З пагардай і абурэннем падхопліваюся з месца, падбягаю да паклёпніка і правакатара і крычу: "скажы, мярзотнік, дзе я быў у 1920 годзе?". Гарбачэўскі выхоплівае наган з воклічам "Не смець". Вочная стаўка скончана, мяне адразу ж выганяюць на калідор. Пратаколаў вочнай стаўкі ні з Бурсевічам, ні з Дварчаніным я не падпісаў.

Прайшло зноў два-тры дні. Вечарам выклікае мяне Гарбачэўскі і дае трэцюю вочную стаўку з Нікалаевым (Гарадзецкім) [47]. Гэтага я ведаў, сядзеў з ім каля года ў адной камеры ў Беластоцкай турме. Нікалаеў заявіў, што яму нічога невядома пра маю прыналежнасць да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Яго адразу ж вывелі, пратакол не пісаўся. На гэтым маё следства і скончылася.

Характэрная дэталь. У Менску нас пагрузілі ў адзін вагон каля сотні чалавек. Так мы ехалі да Воршы. Усім, хто ехаў у гэтым вагоне, давалі вочную стаўку з Дварчаніным і Бурсевічам. Сорамна, крыўдна, балюча было за працу нашай слаўнай ОГПУ. Колькасць арыштаваных мне тады не была вядомая, але з размоў з іншымі арыштаванымі мне стала вядома, што арыштоўвалі любога беларуса, які прыбыў з Заходняй Беларусі, дзе б ён ні жыў у СССР: на Каўказе, на Волзе, у Бранску ці нават у Сібіры. Што яшчэ кідалася ў вочы кожнаму - у ліку арыштаваных не было ніводнага габрэя, хоць многія з іх таксама прыехалі з Заходняй Беларусі.

За некалькі дзён да пераводу мяне са скляпенняў ОГПУ ў гарадскую турму выклікалі мяне на спатканне з жонкай і чатырохгадовай дачушкай. "Вось патрабуйце ад яго (мяне), каб прызнаўся ва ўсім, тады яго вызвалю, і вы будзеце жыць на месцы. Не - вышлю вас з Менску" - заявіў Гарбачэўскі. Жонка адказала, што яна нічога не ведае пра мяне, і што яна за мяне не адказвае. Жонка Бандарэнкі, супрацоўніца ОГПУ, на спатканні з мужам казала яму, што яна нічому не верыць. Яшчэ ў падвале распавядалі, як следчыя, нават у прысутнасці арыштаваных, хваліліся, якія падвышэнні па службе і ўзнагароды атрымаюць за выкрыццё ў Беларусі такой буйной контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая рыхтавала замах на Сталіна. Жонка Бандарэнкі кінула працу ў ОГПУ і паехала з мужам у высылку на поўнач СССР. Маю жонку на шостым месяцы цяжарнасці ў 48 гадзін выслалі за межы БССР.

У пачатку студзеня 1934 г. ўсіх арыштаваных па гэтай справе перавялі ў гарадскую турму. Нават у гэты час ніхто з нас не ведаў і не верыў, што яму пастаўлена кляйно контррэвалюцыянера, ворага народа. Нас рыхтавалі да адпраўкі ў аддаленыя месцы Савецкага Саюза для адбыцця пакарання. Прысуд суда нікому не абвяшчалі, бо яго фактычна і не было (вырашала тройка). 9 студзеня арыштаваных пачалі разбіваць на групы для адпраўкі на этап. Ніхто не хацеў гэтаму верыць. Многія, нават сівыя старыя (былі і такія) плакалі. Кожны пытаў сябе: за што? Выклікалі па спісе і загадвалі з рэчамі выходзіць на двор турмы. Чалавек з 50 зняволеных пастроілі ў калону. Турэмная брама расчынілася наскрозь. Калона, аточаная байцамі войскаў ОГПУ з вінтоўкамі ў руках і з сабакамі-аўчаркамі (кожны трэці баец быў з сабакам), пасунулася па цёмных вуліцах горада на станцыю. Народ з вуліцаў быў выдалены. Таварныя вагоны. Ахова адчыніла адзін з іх, пачалася пагрузка. Бліжэй за 20 крокаў да вагона нікога не падпускалі, нават сваякоў. У вагон ужо была пагружана адна партыя арыштаваных. Тут былі ўсе дэпутаты польскага сойму: Мятла [48], Валошын [49], Рак-Міхайлоўскі [50], тут я сустрэўся апошні раз са Сталевічам Антонам. Ён атрымаў дзесяць гадоў. Ад яго я даведаўся, што арыштаваная і наша Вера (Харужая). Ён выгукнуў: "Эх, нават гэтай не пашкадавалі!". Былі арыштаваныя генеральны сакратар ЦК КПЗБ тав. Корчык (Лагіновіч), Спіс [51] і амаль усе супрацоўнікі прадстаўніцтва. У Воршы нас падзялілі: большая частка асуджаных была накіравана на Поўнач, у Мядзвеж'ягорск, а я з некалькімі асуджанымі - на Далёкі Ўсход: на БАМ і ў Хабараўск. У Воршы нашу групу - пятнаццаць чалавек пасадзілі ў класны вагон, у два купэ. Мы маглі толькі сядзець або напаўляжаць на сваіх рэчах. Па дарозе адзін са зняволеных, Баран Сяргей [52], звар'яцеў, і ў Навасібірску яго знялі з цягніка. 23 сакавіка мы прыбылі ў Хабараўск.

Вечарэла. Нас, 9 чалавек, выгрузілі з вагона і з рэчамі накіравалі ў барак. Адчыняем дзверы, уваходзім. Каля дзвярэй міргае газоўка без шкла. Як толькі апошні з нас пераступіў парог бараку, нейкая калматая, брудная істота ў лахманах зрывае ў яго з плячэй валізку і хаваецца ў паўзмроку. Адразу ўся наша група шарахнулася ад дзвярэй налева і згрупавалася ў куце. Барак быў даволі прасторны, з падвоенымі нарамі, падлога драўляная. Напаўзмрок. Гляджу: з усіх куткоў бараку, па нарах і з-пад нараў на карачках лезуць нейкія страшныя постаці: валасатыя, брудныя, у лахманах, скура ды косці, пальцы на руках скручаныя, амаль як у драпежнага звера, гатовага кінуцца на сваю здабычу. Вочы гараць. Мне прыгадалася сцэна з аповесці "Княжна Тараканава" ў "Петрапаўлаўскай крэпасці" Мельнікава (Пячэрскага), і жах ахапіў усяго мяне. Адно імгненне, і мы сталі непазнавальнымі. Нават адзін аднаго пазнавалі з цяжкасцю, хоць правялі ў адным вагоне сорак тры дні. Нашыя рэчы распаўзліся па цёмных кутах бараку, а мы апынуліся ў лахманах бандытаў і злодзеяў. Такі быў прыгатаваны нам лёс!

Толькі тут, у Хабараўску, я даведаўся, што асуджаны па арт. 102 п. 11 на тры гады выпраўленча-працоўных лагераў.

Напрыканцы траўня прыехала да мяне жонка-настаўніца з чатырохгадовай дачушкай. Ёй трэба было раджаць. Ёй не дазволілі жыць не толькі ў Хабараўску, але нават на тэрыторыі вобласці. Маральны стан забойчы. Нічога не магу рабіць. Усё часцей і настойлівей мозг свідруе думка: "Лёс твой скончаны… Песня спетая… Канчай жыццё самагубствам". Але тут жа паўстае іншая думка, з сарказмам: "Значыць, ворагі твае правільна зрабілі, асудзіўшы цябе. Калі б ты быў невінаваты, то самагубства не рабіў бы. Туды яму і дарога!". Адначасова нейкі ўнутраны голас шаптаў: "Ідзі, працуй, праўда ніколі не памрэ, пераможа, выйдзе наверх, як бы глыбока яе не закапалі".

Лагер абнесены калючым дротам. Працы ніякай. Настрой забойчы. Падаю заяву начальніку лагераў аб адпраўцы мяне на трасу, на фізічную працу. Мінула некалькі дзён. Выклікае мяне да сябе начальнік КВА (культурна-выхаваўчага аддзелу Далёкаўсходніх лагераў - палітаддзелу) тав. Ярмолаў з двума ромбамі.

"Гэта што такое, галубок? Артыкул у цябе 102 п. 11, які вызначае не менш за 10 гадоў зняволення, а ты абышоўся толькі трыма гадамі? Што гэта значыць? Не разумею". "Я тым больш нічога не разумею, - адказваю яму. - За што асуджаны, таксама не ведаю, спытайцеся ў тых, хто судзіў".

Мінуў яшчэ тыдзень. На параходзе "Тайфун" плыву па Амуру ў Падалі (нанайскае стойбішча на беразе ракі за 300 кіламетраў ад Хабараўска). Дрымучая, непраходная тайга. Ступіш крок, і грузнеш па пояс у напаўгнілой траве, моху. Размясцілі нас у намётах. Тысячы зняволеных секлі векавыя дрэвы, карчавалі пні, чысцілі трасу пад палатно будучай чыгункі Хабараўск-Камсамольск. У чэрвені пачалі стварэнне палатна дарогі. Грунт - вулканічнага паходжання: камяні, засыпаныя зверху пяском і перагноем. Норма выпрацоўкі - 0,93 куб м. Выкананне нормы было даволі цяжкой справай. Кірка-матыга, лом - асноўныя прылады працы, і толькі для падчысткі зямлі - рыдлёўка. Па гэтай прычыне "уркі" (крымінальнікі), не прызвычаеныя да працы, нормы выпрацаваць не маглі і сядалі на штрафны паёк. Яны адмовіліся працаваць: норма выпрацоўкі невыканальная. З "кадраў" сфармавалі адмысловую брыгаду з задачай паказаць і даказаць, што норма выканальная. Паставілі нас на адзін участак побач з імі. У першы дзень мы далі 103 %, у другі - 105 % и г. д. На працягу месяца менш за 100% не давалі. У чым жа таямніца нашага поспеху? Мы працавалі з 6-7 гадзін раніцы, пакуль не выканаем нормы. Ад такой працы вечарам рук не падымеш. Спаць можна было толькі лежачы на спіне, каб рукі ляжалі на жываце ці на траве, боль страшны. Дакучала заедзь. Але людзі працавалі з нейкай асцервянеласцю, але і з радасцю, бо праца прыносіла забыццё пра рэчаіснасць, прыносіла супакой. Нечапаная маўклівая тайга сваёй веліччу і спакоем аказвала дабратворны ўплыў на псіхіку чалавека. Ніякае надвор'е не перарывала працы на трасе, і восенню 1936 г. палатно дарогі было гатовае. Напрыканцы чэрвеня скончыўся і тэрмін майго зняволення.

Еду да сям'і ў Бранскую вобласць. У Клінцах заходжу ў Рана з просьбай даць мне месца настаўніка ў раёне. Адзенне маё паказвала, адкуль я прыехаў. Са мною не хацелі нават і размаўляць. Еду ў Бранск. Каб атрымаць якую-небудзь працу, патрабуюць прыпіску на жыхарства. Няма працы, няма і кута, каб хоць перабыць ноч. Стаў беспрытульным. Паўтара месяца жыву і начую на лузе на беразе Дзясны насупраць станцыі Бранск-І разам з блатнымі. Прадаў апошнюю верхнюю кашулю і перайшоў на хлеб і ваду. Праходзіць і палова жніўня, а працы няма. Начую на лузе. Ночы робяцца ўсё халаднейшыя. Іду ў НКДБ. Выслухалі ўважліва і тут жа даюць накіраванне на працу ў … ** у калонію непаўнагадовых злачынцаў. На працу не бяруць, патрабуюць дакументы аб адукацыі. Пасведчанне ж аб сканчэнні настаўніцкай семінарыі было забрана ў мяне ОГПУ падчас вобыску ў Менску. Па патрабаванні Бранска Менск хутка вярнуў мне гэты дакумент. 25 жніўня атрымліваю прызначэнне і еду ў сяло Краснае на пасаду настаўніка.

Перад адпраўкай на працу настаўнікам у НКДБ і ў Рана Бранска мяне папярэдзілі, каб я нідзе ані словам не згадваў пра сваю судзімасць. Калі ў 1937 г. мяне прымалі ў прафсаюз, то з вобласці выклікалі завуча школы, сябра партыі Панамарова Івана Дзянісавіча, і далі яму ўказанне правесці сход так, каб не было ніводнага пытання пра маё мінулае.

Пры вызваленні з лагераў работнікі ОГПУ лагера папярэдзілі мяне, каб не ўздумаў ехаць у БССР, інакш праз тыдзень-другі зноў буду ў іх.

Такім чынам, да 1956 года, г. зн. да атрымання пісьмовага паведамлення з Вайсковага Трыбунала Беларускай вайсковай акругі пра сваю поўную рэабілітацыю, я жыў на правах сасланага, выгнанніка.

Якая іронія лёсу! Больш за палову свайго жыцця быць выгнаннікам. Таму нядзіўна, што калі ў 1959 г. першы раз за 33 гады я ехаў на сваю радзіму ў Свіслач, слёзы градам паліліся з вачэй [53].


Ліст Леапольда Родзевіча (Антося Сталевіча) да Юлляна Бруна перад арыштам, увосень 1933 г.>

Усё створанае становішча і вашы адносіны да мяне з'яўляюцца для мяне невыносна крыўднымі і пакутлівымі. А самым адчайным з'яўляецца тое, што я зусім безабаронны, бяссільны ўнесці яснасць, пераканаць, вывернуць, як гаворыцца, нутро. Бо ўся гэта брудная справа - вынік не толькі майго благога кіраўніцтва тут, але і шэрагу заганаў у нашай працы па нацыянальна-вызваленчым руху і аргпалітыцы. На маё няшчасце, мне даводзілася, маючы агульную ўстаноўку ЦК, цягнуць гэтую лямку. Пры працы ў суцэльным атачэнні контррэвалюцыі і правакатараў нельга было пазбегнуць, каб уся гэта поскудзь не пастаралася мяне запэцкаць. Але я асабіста, тысячы разоў правяраючы сваю працу і зусім свядома і строга адзначаючы ценявыя бакі гэтай працы, ніяк не магу знайсці прычын і перадумоў для такой жорсткай прафілактыкі ў адносінах да мяне.

I. Капуцкі [54]. Я яго заспеў ужо на працы ў Гістпарце і ўвесь час казаў, што ён не можа там працаваць (спытайце Александровіча [55] …**). ЦК браў яго на адказную працу, ён выпушчаны з турмы пад нашу каўцыю [56]. Давераная асоба ГПУ і Балоціна* ў прыватнасці, былі размовы ўзяць яго кіраўніком МТС, узялі ў ЦК на аддзел друку. Прыватныя размовы нават намёку не давалі на яго здрадніцкую ролю. Справа з Кульчыцкай* была маёй памылкай, што я паддаўся просьбам таварышаў і румзанню Кул[ьчыцкай] і напісаў ліст пра яе да Капуцкага.

II . Адносна майго брата [57], калі фармальна падыйсці, атрымліваецца брудная справа. А цяпер па сутнасці. Славінскі [58] ведаў яго па працы Наркамзема з першых гадоў савецкай улады. Брат выконваў сакрэтныя даручэнні па будаўніцтву новых школ і прадстаўніцтва. У гэты час Шлёмка [59] і Мішка [60] пазналі яго як адданага і сумленнага савецкага работніка. Пасля яго арышту Мішка дабіўся ў Рапапорта [61] спаткання і перадачы ежы, чаго ў той час яшчэ нікому не давалі. Сярод іншага Фарнальскі [62] насіў кошык з ежай у ГПУ. Інтэрвенцыяй [63] нашых таварышаў у Рапапорта, асабліва Мішкі, дабіліся яго вызвалення, але пасля яны паехалі на пленум у Д. [64], а Рапапорта знялі і брата выслалі разам з іншымі.

Маючы поўную маральную падтрымку таварышаў (Славінскага, Богена [65], Будзінскага, Мішкі), я накіраваўся да Дукельскага [66], намесніка начальніка, выклаўшы яму справу брата з просьбай аб яго рэабілітацыі. Дукельскі адказаў, што ўся справа вядзецца Масквой і цяпер адмяніць рашэнне вельмі цяжка, але ён усё зробіць, каб палепшыць становішча брата. Праз некалькі дзён тэлефанаваў да мяне пра прынятыя захады, якія і сапраўды былі праведзены ў жыццё. Я ўжо не кажу, якім даверам і любоўю брат цяпер карыстаецца на працы. Але самае важнае - гэта тое, што Адам [67] мне сказаў, што брат невінаваты ва ўсёй нацдэмаўшчыне і напісаў асабісты цёплы ліст да брата пасля яго вызвалення з ГПУ. Пра сумленнасць брата сведчыць хоць бы той факт, што ён, будучы маральна, што называецца, змардаваны, не ўзгадаў у ГПУ пра сваю працу ў нас, пра адносіны да яго Славінскага і іншых адказных работнікаў Менска. Відавочна, што ўсё вышэй сказанае, калі падыходзіць з пункту погляду партыйнай этыкі, не давала мне падставы выкарыстоўваць бронь на білет, але ёсць прычыны, якія змякчаюць віну.

III. Цяпер пра камісію ЗБ [68]. У склад камісіі быў прыняты па маёй прапанове толькі Гарбацэвіч, астатнія былі прыняты без мяне. Нягледзячы на супраціў усёй камісіі, я правёў змяшчэнне Мятлы са старшынства. Калі я праз Гарбацэвіча запатрабаваў неадкладнага зняцця з працы жонкі Мятлы [69], Камісія і Гарбацэвіч праявілі лібералізм і мне прыйшлося пайсці самому і ў вострай форме запатрабаваць ад Мятлы яе выдалення. Зрэдку бываючы ў Камісіі, правяраючы іх працу ў агульных рысах, цяжка мне было прымяніць у поўным аб'ёме сваю класавую свядомасць - акрамя таго, кожны крок быў узгоднены з бюро і з тройкай. Самакрытыка не была ў загоне. Канструктыўны бок заўсёды меўся на ўвазе. Магчыма, усыпляла класавую пільнасць тое, што сябры Камісіі ў асноўным былі партактывам у Акадэміі. Мятла - сябра бюро калектыва, Бабровіч [70] - сакратар. Багданскі [71] - рэдактар шматтыражкі і камандзіроўваўся …** ў маскоўскія самыя сакрэтныя архівы.

IV. Пра так званую беларускую грамадскасць. У нас ішла крытыка па лініі большага прыцягвання паслоў да працы, большага іх выхавання. Устаноўка правільная, бо пры больш цесным стыку з імі нам, хіба што, удалося б што-небудзь выявіць. Ідучы па гэтай лініі, у нас было зацверджана (Бюро і тройка) прыцягнуць іх да працы. Пасля ад'езду Пецькі [72] на вучобу праца сярод іх была даручана мне. Першая з імі сувязь мною была ўсталявана на сходзе паслоў, дзе я ставіў пытанне іх працы, характар яе, неабходнасць і ва ўмовах сацыялістычнага будаўніцтва апраўдаць сябе як рэвалюцыянераў і выбраннікаў масаў ЗБ. Пасля гэтай папярэдняй нарады я дамовіўся з Жаброўскім, і ў яго было ўжо зроблена замацаванне зробленых наметак. Наконт часопіса «Зах[одняя] Бел[арусь]» было папярэдне ўзгоднена з Гікалам [73] (Моталь* [74] і я), потым з Жаброўскім канкрэтызавалі гэта пытанне, ён прапанаваў выдаваць ад імя секцыі пісьменнікаў ЗБ пры арганізацыі беларускіх савецкіх пісьменнікаў і даручыў мне скласці гэту секцыю. У Камісіі сумесна з Веркай [75] мы пазначылі склад секцыі і арганізавалі тройку, якая пайшла ў ЦК і была там зацверджана. Ды, у рэшце рэшт, табе ўсе гэтыя і падобныя рэчы вядомыя. Правяраючы цяпер сябе, я ўпэўнена магу сказаць, што не ліберальнічаў у дачыненні да іх.

Дварчанін хадайнічаў за свайго брата і прасіў дазволу на прыезд з краю нейкай асобы - адмовіў і растлумачыў няправільнасць ягонага падыходу.

Гаўрыліку афіцыйна заявіў пра яго няправільную абарону сваёй жонкі (справа ў Акадэміі).

Валынцу [76] растлумачыў антыпартыйны сэнс яго заявы аб уступленні ў партыю.

Міхайлоўскаму [77] паказаў на яго памылкі ў складаемым падручніку і адабраў ад яго працу.

І так на кожным кроку я глыбока перакананы, што быў да іх, да паслоў, заўсёды па-партыйнаму патрабавальны, ды іначай і быць не магло, бо я заўсёды адчуваў да іх не тое што недавер, але як бы гідлівасць, і гэта я выказваў у Гікалы, Жаброўскага, у нашым асяроддзі, і прасіў у вас неаднаразова вызваліць мяне ад гэтай працы. Гэта было відаць і з тых пастаянных інфармацый і настойлівых прапаноў з майго боку Корчыку аб неабходнасці прыняцця захадаў на выхаванне і праверку ўсёй гэтай шатні, і, памятаю, пасля чысткі Бурсевіча, адзначаючы, якая палітычная небяспека і адказнасць кладзецца на КПЗБ за такіх тыпаў, настойваў на неабходнасці правядзення дадатковай чысткі для іх. Усё гэта я гаварыў задоўга да раскрыцця іх арганізацыі.

Вярнуся зноў да прафілактыкі адносна мяне. Пасля майго прыезду з вашых размоў я адчуў, што мяне могуць узяць. Каб я не меў вопыту (некаторыя трацкісты і брат), я б гэту небяспеку папросту б zbagatelizowa ł [78], што мая шчырасць партыі і яе справе - лепшая страхоўка ад падобных удараў. З іншага боку трэба ўлічыць, што ў такой складанай і сур'ёзнай справе непазбежныя некаторыя перакручванні ў працы ГПУ. Але вось тут вам, таварышы, і трэба прыйсці з дапамогай, а не падтакваць - я маю на ўвазе вашы адносіны да мяне, якія мяне закопваюць жыўцом. А за што? Не на аснове ж вышэй выкладзенага. Дык давайце высвятляць, я ж глыбока перакананы, што ў вас няма звестак, каб лічыць мяне контррэвалюцыянерам, вы маеце справу з партыйцам, дык гаварыце ж партыйнай мовай. Нельга ж чалавека трымаць тыднямі пад пагрозай палітычнай смерці. Высвятляйце! Вы казалі, тыдзень працягнецца, Лявонцьеў [79] гаворыць пра месяцы. Толькі гэтая дылема "высветліць" утрымлівае мяне, мабілізуе мае сілы, каб не …** з падазрэннем нейкай поскудзі. І далей - а што, калі ў ГПУ мне выставяць такія абвінавачванні, у якіх я абсалютна невінаваты (а так жа бывала), і якіх я ў тых умовах не змагу абвергнуць, ці, дакладней сказаць, мне не захочуць паверыць… Чорт яго ведае, можа, гэта ўсё лухта і бязглуздзіца, можа гэта ў мяне выпрацоўваецца нейкае хваравітае ўяўленне. Але думаць пра гэта, асэнсаваць гэта я не магу без жаху.

І зноў апелюю да цябе, Спіс - давай высвятляць - я ж магу быць карысным партыі, я за апошні час палітычна рос, радасна гэта адчуваў, з усіх сілаў намагаўся як мага больш папрацаваць для партыі. У цябе няма падстаў кідаць мяне на takie katusze [80].

Прапаную: каб заўтра мне накіравацца ў ГПУ для высвятлення майго становішча, лепш у тваёй прысутнасці, калі гэта залежыць ад іх.

Дай мне сёння ж адказ па тэлефоне. Пункт ІІ не давай чытаць нікому.

Антось.



[1] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 4683. Воп. 3. Адз. зах. 1113. А. 144.

[2] Муха-Мухновский Г. М. Пути-дороги. Минск, 1973.

[3] Жабинский С. А. Начало пути // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.). Минск, 1973. С. 11-16.

[4] НА РБ. Ф. 4-п. Воп. 14. Спр. 32. А. 131.

[5] НА РБ, ф. 60, воп. 3, спр. 456, арк. 35.

[6] НА РБ. Ф. 4-п. Воп. 14. Спр. 32. А. 131-132.

[7] Працэс беларусаў у Беластоку (ад уласнага карэспандэнта) // Нашае жыцьцё. 1923. 8 чэрвеня. № 4. С. 2.

[8] Пратакол паседжаньняў Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады ў Празе, 26-30 верасьня 1921 г. / Публ. В. Скалабана і Г. Сурмач // Спадчына. 1999. № 5-6. С. 37.

[9] Жабинский С. А. Указ. соч. С. 13.

[10] Працэс беларусаў у Беластоку (ад уласнага карэспандэнта) // Нашае жыцьцё. 1923. 2 чэрвеня. № 3. С. 1.

[11] Працэс беларусаў у Беластоку (ад уласнага карэспандэнта) // Нашае жыцьцё. 1923. 8 чэрвеня. № 4. С. 2.

[12] Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм. 1922-1926. Менск, 1927. С. 6.

[13] Archiwum Akt Nowych (AAN) w Warszawie. Prezydium Rady Ministrów 1918-1939. Sygn. 1254/23. K. 10.

[14] Жабинский С. А. Указ. соч. С. 14-15.

[15] БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 209. А. 26.

[16] НА РБ. Ф. 4-п. Воп. 14. Спр. 32. А. 132.

[17] Жабинский С. А. Указ. соч. С. 15.

[18] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Спр. 63. А. 38, 43.

[19] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Спр. 35. А. 34адв.

[20] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Спр. 36. А. 24.

[21] С. Ж. Аблічча сучаснай фашысцкай Польшчы // Зьвязда. 1932. 25 жніўня. № 190. С. 4.

[22] С. Ж. Разгул белага тэрору ў польскіх турмах // Зьвязда. 1929. 8 сакавіка. № 54. С. 1.

[23] С. Ж. Баранавіцкі «карантын» для абмененых белапалякаў // Зьвязда. 1932. 28 верасьня. № 217. С. 4.

[24] НА РБ. Ф. 4-п. Воп. 14. Спр. 32. А. 23, 71, 102.

[25] Міхнюк У. М. «Беларускі нацыянальны цэнтр» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1993. С. 450.

[26] Віцебскі рабочы. 1975. 2 ліпеня. С. 4.

[27] Адамушка У. Справа № 233771: Беларускі нацыянальны цэнтр // Беларуская мінуўшчына. 1993. № 3-4 С. 45-52; № 5-6. С. 56-63; Адамушка У. І. Ігнат Дварчанін - рэвалюцыянер, гісторык, паэт // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 3. С. 113-119; Адамушка У. І. Язэп Амяльянавіч Гаўрылік // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 2. С. 174-182.

[28] Ганчарык М. М. Шлях ад пачатку стагоддзя: Успаміны / Склад. М. У. Токараў. Мінск, 2003.

[29] Клінцэвіч (Гарбацэвіч) Пятро Аляксандравіч (1903-1938), дзеяч камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі, родны брат Сямёна Клінцэвіча, які ў сакавіку забіў правакатара Міхала Гурына-Маразоўскага. Сам П. Клінцэвіч у гэты час знаходзіўся ў польскай турме, быў асуджаны на 3 гады зняволення. Пасля вызвалення выехаў у БССР, працаваў у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БАН. Арыштаваны 31 жніўня 1933 г., 9 студзеня 1934 г. асуджаны на 3 гады выпраўленча-працоўных лагераў. Датэрмінова вызвалены 25 ліпеня 1935 г. У 1938 г. паўторна арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны 27 лютага 1938 г. Рэабілітаваны Вайсковым Трыбуналам Беларускай вайсковай акругі 18 красавіка 1956 г.

[30] Харужая Вера Захараўна (1903-1942), дзяячка камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі, у пачатку 1930-х гг. - супрацоўніца Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ і Мінскай школы КПЗБ.

[31] Пінская Алена Паўлаўна (1902-1938), ураджэнка г. Кіева, паходзіла з мяшчан, мела няскончаную сярэднюю адукацыю. Працавала машыністкай у Прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры ЦК КПБ (б), пасля жыла як хатняя гаспадыня ў г. п. Бягомлі. Арыштаваная 24 жніўня 1937 г., 19 студзеня 1938 г. «за сувязь з польскімі разведорганамі» прысуджана да вышэйшай меры пакарання.

[32] Тут памяць падводзіць Жабінскага. Першыя арышты па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра адбыліся толькі ў жніўні 1933 г. Пры гэтым з былых паслоў польскага сойма Ігнат Дварчанін і Сымон Рак-Міхайлоўскі былі арыштаваныя 16 жніўня, Флегонт Валынец - 31 жніўня, Павел Валошын, Язэп Гаўрылік і Пятро Мятла - 1 верасня 1933 г.

[33] Каўцэвіч Міхал Дзмітрыевіч (1899-1937), беларускі дзеяч, навуковец, у 1931-32 сябра бюро палітэмігрантаў пры ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) БССР, кіраўнік спраў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, з 1932 вучоны сакратар фізіка-тэхнічнага інстытута БелАН.

* Тут і далей зорачкай пазначаны асобы, пра якіх знайсці дадатковыя звесткі не ўдалося.

[34] Лагіновіч Язэп Каятанавіч (Корчык Павел) (1891-1940), адзін з лідэраў заходнебеларускага камуністычнага руху, з 1925 г. палітычны сакратар ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП.

[35] Брун Юльян (Спіс) (1886-1942), дзеяч КПП і КПЗБ, публіцыст, у 1928-1938 гг. - адзін з рэдактараў тэарэтычнага органа ЦК КПП - часопіса "Nowy Przegląd" ("Новы агляд").

[36] На самой справе Пятро Клінцэвіч быў арыштаваны 31 жніўня 1933 г.

[37] Гаўрылік Язэп Амяльянавіч (1893-1937), заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма, старшыня Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганьне» (1928-1930), пасля пераезду ў БССР - супрацоўнік Народнага камісарыята народнай асветы.

[38] Дакладных звестак пра асобу брата С.Жабінскага не выяўлена. Хутчэй за ўсё, ён таксама быў удзельнікам рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Польская дэфензіва ў адной са сваімх справаздач згадвала пра дзейнасць двух братоў Жабінскіх. Нейкі Аляксандр Жабінскі фігураваў у спісах вязняў беластоцкай турмы па стану на 1 лютага 1925 года (НАРБ, ф. 242-п, воп. 1, спр. 63, а. 18).

[39] Макоўскі Вацлаў (Вячаслаў) (? - 1929), заходнебеларускі дзеяч, намеснік сакратара ЦК БСРГ, сябра КПЗБ. У 1928 г. арыштаваны польскімі ўладамі, год прасядзеў у турме, вызвалены пад заклад па стану здароўя, памёр ад сухотаў праз 12 дзён пасля вызвалення. Яго пахаванне ў Вільні 8 сакавіка 1929 г. ператварылася ў камуністычную дэманстрацыю.

[40] Дварчанін Ігнат (1895-1937), заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма, сябра Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганьне» (1928-1930), пасля пераезду ў БССР - супрацоўнік камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БелАН, в.а. дырэктара Інстытута мовазнаўства.

[41] Жаброўскі Вацлаў Юльянавіч (1895-1937), польска-беларускі камуністычны дзеяч, у 1932-1934 гг. сакратар ЦК КП(б)Б.

[42] Дварчанін Іларыён (1898-1945), беларускі дзеяч, брат Ігната Дварчаніна, скончыў лясны інстытут у Празе, у пачатку 1930-х гадоў - намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага паляўнічага запаведніка.

[43] Гарбачэўскі Макар Давыдавіч (1906 - пасля 1961), у 1930-1935 супрацоўнік ОГПУ НКУС г. Менску.

[44] Бурсевіч Максім Тарасавіч (1890 - 1937), заходнебеларускі дзеяч, адзін з лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пасля пераезду ў БССР працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры БелАН.

[45] Будзінскі Станіслаў (1894-1937), дзеяч рэвалюцыйнага руху, у 1930-1934 гг. рэдактар газеты «Зьвязда», у 1930 - 1932 гг. - сябра Бюро ЦК КП(б)Б.

[46] Гай Уладзімір Андрэевіч (1904 - ?), ураджэнец м. Турэц Ярэміцкай гміны Стаўбцоўскага павета, удзельнік камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1930 г. нелегальна перапраўлены з Польшчы ў БССР. Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў намеснікам загадчыка сектара газеты «Савецкая Беларусь». Падчас праверкі рэдакцыі «Савецкай Беларусі» ў лютым 1933 г. атрымаў характарыстыку: «З рэдакцыяй звязаны слаба. Будзе выяўлены дадаткова". Арыштаваны 10 жніўня 1933 г. 13 снежня 1933 года асуджаны на 3 гады ўмоўна. 16 красавіка 1957 г. рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі.

[47] Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Аляксандра Мікалаевіча Нікалаева-Астравецкага (1905 - 1934), які заняў пасаду загадчыка аддзела міжнароднай інфармацыі газеты «Звязда» пасля пераходу С.Жабінскага на працу ў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. 9 студзеня 1934 г. Нікалаеў-Астравецкі быў прысуджаны да расстрэлу.

[48] Мятла Пятро Васілевіч (1890-1936), заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма (1922 - 1927), адзін з лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пасля пераезду ў БССР у 1932 - 1933 гг. працаваў старшынёй Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры БелАН.

[49] Валошын Павал Пятровіч (1891-1937), заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма (1922 - 1927), адзін з лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пасля пераезду ў БССР працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і ў Бібліяграфічным інстытуце пры ёй.

[50] Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч (1885-1938) - заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма (1922 - 1927), адзін з лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пасля пераезду ў БССР працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, быў сябрам ЦВК БССР.

[51] Звестак пра арышт В.Харужай, Я.Лагіновіча і Ю. Бруна ў 1933-1934 гг. не выяўлена. Вядома толькі, што В.Харужая была ў 1935 г. выслана ў Казахстан і арыштаваная ў 1937 г., а Я. Лагіновіч быў арыштаваны 19 лютага 1936 г.

[52] Баран Сяргей Восіпавіч (1892 - пасля 1935), заходнебеларускі дзеяч, удзельнік Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 г., пасол польскага сойма (1922-1927), разам з С.Жабінскім быў у ліку падсудных на Беластоцкім працэсе 45-ці ў 1923 г., асуджаны там на 6 гадоў зняволення (потым тэрмін зменшаны да 4 гадоў), пасля датэрміновага вызвалення ў канцы 1926 г. пераехаў у БССР, працаваў у ЦК МАДРа.

** Тут і далей дзвюма зорачкамі пазначаны словы, напісаныя неразборліва.

[53] Апошнія словы падкрэсленыя чырвоным алоўкам, і рукой М. Арэхвы напісана: "Так, зразумела!!!»

[54] Капуцкі Андрэй Рыгоравіч (1897-1934) - заходнебеларускі дзеяч, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, пасля адзін з кіраўнікоў КПЗБ. Разам з Леапольдам Родзевічам з канца 1924 г. некалькі месяцаў падтрымліваў т. зв. "сэцэсію" ў КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. З ліпеня 1927 г. ў БССР, працаваў у рэдакцыях газет "Зьвязда" і "Савецкая Беларусь", часопісе "Полымя рэвалюцыі", у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, загадчыкам сектара друку пры ЦК КП(б)Б. Быў арыштаваны 29 верасня 1933 г., 9 студзеня 1934 г. прысуджаны да расстрэлу.

[55] Відаць, маецца на ўвазе Александровіч Андрэй Іванавіч (1906 - 1963) - беларускі паэт і грамадска-палітычны дзеяч. Адзін з арганізатараў літаратурнага аб'яднання «Маладняк». З 1932 г. - намеснік старшыні аргкамітэта, у 1934-1937 гг. - намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1931 - 1937 гг. быў сябрам ЦВК БССР.

[56] Ад польскага kaucja - заклад. Вызваленне перад судом пад грашовы заклад у пэўных выпадках практыкавалася польскім заканадаўствам. Андрэй Капуцкі быў вызвалены пад заклад пасля таго, як без суда праседзеў 14 месяцаў у турме пасля свайго арышту польскай паліцыяй 4 кастрычніка 1925 г. Пасля вызвалення Капуцкі нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу.

[57] Родзевіч Часлаў Іванавіч (1889 - 1942) - беларускі грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст, брат Леапольда Родзевіча. Быў акцёрам, выкладчыкам Менскага педінстытута. У 1920-я гг. ўдзельнічаў у працы Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навуковы сакратар яго сельскагаспадарчай секцыі. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», прысуджаны да 5 гадоў высылкі, высланы ў Саратаў. Загінуў у зняволенні.

[58] Славінскі Адам Сямёнавіч (1885 - 1937) - дзяржаўны дзеяч БССР, паводле паходжання паляк. У 1921 - 1924 гг. наркам земляробства БССР, у 1924 - 1928 гг. прадстаўнік КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, у 1924 - 1925 гг. узначальваў Бюро дапамогі КПЗБ. У 1928 - 1930 гг. сакратар Менскага акруговага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б і старшыня ЦК МАДРа БССР. У 1930 - 1934 гг. сябра Цэнтральнай кантрольнай камісіі УКП(б). У 1937 г. арыштаваны і расстраляны.

[59] Шлёмка - партыйны псеўданім Мілера Саламона Танхелевіча (1889 - 1937) - заходнебеларускі камуністычны дзеяч, з 1923 г. - сябра ЦК КПЗБ, з 1926 г. - Бюро ЦК КПЗБ, у 1932 - 1933 гг. узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ.

[60] Мішка - партыйны псеўданім Елізаровіча Міхаіла (? - 1931) - сябра РКП (б) з 1919 г., у 1920-я гг. сакратар Бюро дапамогі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б, пасля - кіраўнік рэдакцыі і кіраўнік спраў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б.

[61] Рапапорт Рыгор Якаўлевіч (1890 - 1938) -супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі СССР, у студзені 1930 - сакавіку 1931 гг. старшыня ГПУ БССР, у студзені - снежні 1930 г. наркам унутраных спраў БССР.

[62] Фарнальскі Лявон - у пачатку 1930-х гг. камендант Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б

[63] Ад польскага interwencja - умяшанне.

[64] Месца правядзення пленума вызначыць не ўдалося.

[65] Боген Д. - партыйны псеўданім Дуа Гершана Майсеевіча (1892 - 1948) - заходнебеларускі камуністычны дзеяч, у 1925 - 1932 сябра ЦК КПЗБ, пэўны час старшыня Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б.

[66] Дукельскі Сямён Сямёнавіч (1892 - 1960) - супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі СССР, адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў масавага тэрору ў 1930-1950-я гг., у кастрычніку 1931 - траўні 1932 гг. - намеснік паўнамоцнага прадстаўніка ОГПУ ў Беларусі і старшыні ГПУ БССР.

[67] Партыйны псеўданім А.Славінскага.

[68] Маецца на ўвазе Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Беларускай Акадэміі навук.

[69] Мятла Паўліна - жонка Пятра Мятлы, падчас знаходжання ў Заходняй Беларусі - актыўная дзяячка Таварыства беларускай школы, у верасні 1926 г. была выбрана кандыдатам у сябры яе Галоўнай Управы. Уваходзіла ў склад Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта і Беларускага дабрачыннага таварыства ў Вільні.

[70] Бабровіч Лявон Андрэевіч (1904 - 1934) - беларускі гісторык і публіцыст. У 1932 скончыў аспірантуру БелАН, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі. Арыштаваны 21 верасня 1933 г., 9 студзеня 1934 г. прыгавораны да расстрэлу.

[71] Багданскі Янка - супрацоўнік Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Беларускай Акадэміі навук, адзін з аўтараў кнігі «Аб клясавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады».

[72] Пецька - партыйны псеўданім Мікалая Сямёнавіча Арэхвы (1902 - 1990) - заходнебеларускі камуністычны дзеяч, сябра ЦК КПЗБ, у 1931 - 1932 гг. старшыня Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, у 1934 - 1935 гг. узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ.

[73] Гікала Мікалай Фёдаравіч (1897 - 1938) - савецкі ваенны і партыйны дзеяч, у 1932 - 1937 гг. першы сакратар ЦК КП(б)Б.

[74]Моталь, партыйны псеўданiм Моталя Абелевіча .Блiнчыкава (1896-1935), заходнебеларускагакамуністычнага дзеяча. У 1928-1935 гг. сябра Бюро ЦК КПЗБ, кiраўнiк Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнiк ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Беларусi.

[75] Партыйны псеўданім Веры Харужай.

[76] Валынец Флегонт Ігнатавіч (1878 - 1937) - заходнебеларускі дзеяч, пасол польскага сойма, сябра Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганьне» (1928-1930), пасля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР.

[77] Маецца на ўвазе Сымон Рак-Міхайлоўскі.

[78] Не надаў бы значэння (пол.)

[79] Лявонцьеў - сябра Бюро ЦК КПЗБ, у 1933 г. адказны за аппарат Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б.

[80] Такія катаванні (пол.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX