Вярнуцца: Радзюк Алесь

Эвалюцыя канфіскацыі як меры пакарання на беларускіх землях у другой палове ХVІІІ-першай палове ХІХ ст.


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 15-07-2013,
Крыніца: Białoruskie zeszyty historyczne. - 2006.- № 25 ― S. 190-201.

Спампаваць




Пазбаўленне маёмасці - від пакарання, які на працягу другой паловы ХVІІІ - першай паловы ХІХ ст. займаў вельмі істотнае месца ў карнай палітыцы царызму на беларускіх землях. На працягу гэтага адрэзку часу адбываецца паступовая інстытуалізацыя канфіскацыі як адной з галоўных мер барацьбы расійскіх улад супраць нацыянальна-вызваленчага руху на абшарах былога ВКЛ. Гэта быў паступовы працэс, які характарызаваўся даволі адчувальнымі зменамі ў заканадаўчай базе гэтага віду пакарання, вызначэннем новых відаў маёмасці, якія пераходзілі да казны, а таксама з'яўленнем новых спосабаў загаспадарання падобнай маёмасці, значным пашырэннем функцыянальнай ролі канфіскацыі, эвалюцыяй механізма ажыццяўлення канфіскацыі маёмасці і іншымі зменамі, каторыя шмат у чым абумовілі спецыфіку і вынікі гэтага працэсу ў вызначаны перыяд.

Найбольш істотныя змены, на нашу думку, адбыліся ў гэты час ў прававой сферы, якая рэгулявала ўжыванне канфіскацый прыватнай уласнасці. У развіцці заканадаўства па гэтым пытанні можна вылучыць некалькі этапаў. Першыя прыклады канфіскацыі расійскімі ўладамі маёнткаў мясцовай шляхты і магнатаў адзначаюцца на тэрыторыі Беларусі адразу ж пасля правядзення першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772-73г. Тады ў казну канчаткова перайшлі прыватнаўласніцкія маёнткі толькі чатырох асоб: М.Агінскага, К.Радзівіла, А.Чартарыйскага і маршалка Мнішка, якім разам належыла больш за 32 тыс. хрысціян, з якіх болей за 30 тыс. пражывалі ў вёсках [1]. У адпаведнасці з агульнарасійскімі нормамі права гэтыя асобы пазбавіліся сваёй маёмасці за тое, што не прынеслі вернападданніцкай прысягі новаму манарху ў вызначаны дзеля гэтага тэрмін. Праз некалькі год пасля гэтых падзей у заканадаўстве Расійскай імперыі адбыліся істотныя змены, якія ў значнай ступені паўплывалі на ўвесь далейшы працэс ужывання канфіскацый зямельных валоданняў на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Пераломным тут можа лічыцца 1785г. У гэтым годзе адбылося прыняцце так званай "Дарчай граматы Расійскаму дваранству", дакумента, які замацаваў за гэтым саслоўем, сярод іншых правоў і прывелеяў, права на недатыкальнасць дваранскай маёмасці ад замаху з боку вярхоўнай улады. "Без суда ды не пазбавіцца шляхетны маёмасці" - абвяшчаў 11-ы артыкул гэтага дакумента. Прынцып індывідуалізацыі пакарання і неадчуджальнасці маёмасці дваран падчас канфіскацыі таксама закранаюцца і ў 23-ым артыкуле: "Шляхетнага спадчаны маёнтак, у выпадку асуджэння яго па важнейшаму злачынству, да аддасца законнаму спадчанніку яго, альбо спадчаннікам." [2] Такім чынам, як вынікае з тэксту вышэй прыведзеных артыкулаў, "Дарчая грамата" хоць і не ліквідавала канфіскацыю цалкам, аднак уводзіла значнае абмежаванне на яе выкарыстанне, асабліва ў дачыненні да спадчынных маёнткаў. Больш за тое, як сведчыць заканадаўчая і судовая практыка канца ХVІІІ-п.п.ХІХст., расійскія манархі (за выключэннем Паўла І) не толькі строга прытрымліваліся гэтых норм, але пайшлі нават далей, цалкам адмовіўшыся ад практыкі ўжывання канфіскацыі маёнткаў у адносінах да рускіх дваран.

Разам з тым, нягледзячы на тое, што дзеянне "Дарчай граматы" было распаўсюджана і на землеўладальнікаў "новадалучаных зямель" (пад якімі тады разумеліся тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы і Украіны), царызм і надалей працягваў стасаваць у гэтым рэгіёне гэту меру пакарання. Наступны этап правядзення канфіскацый звязаны з ажыццяўленнем другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама падаўленнем нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794г. На гэтым этапе (1794-95г.) закладваецца прававы прэцыдэнт ужывання гэтай меры пакарання ва ўмовах дзеяння заканадаўчых актаў, якія не дапушчалі яе выкарыстання ў падобным выглядзе. Дзеля абгрунтавання сваіх дзеянняў царскія ўлады карысталіся прававой эквілібрыстыкай шляхам выбарачнага прыпынення дзеяння некаторых норм агульнадзяржаўнага права і выкарыстання ў адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1794г. норм ужо не існуючай краіны. Рашэнне аб канфіскацыі, як спадчыннай, так і набытай маёмасці, было прынята на паседжанні Дзяржаўнай Рады ў Санкт-Пецярбургу 19 красавіка 1795г. Прымаючы такое рашэнне, члены Рады ў першую чаргу кіраваліся не літарай закона, але ўласнымі інтарэсамі - а менавіта перспектывай атрымання зямельных наданняў з ліку канфіскаваных маёнткаў. Таму не дзіва, што асобна пададзеная думка А. Безбародкі з прапановай пазбавіць памешчыкаў, што прынялі ўдзел у паўстанні, ласкі карыстацца правамі расійскага дваранства як асоб, якія не заслугоўваюць гэтага і прымяніць да іх нормы Статута ВКЛ 1588г., якія прадугледжвалі канфіскацыю і набытых, і спадчыных маёнткаў, знайшла падтрымку большасці ў Радзе.Указ , які з'явіўся ўслед 3 мая 1795 на імя генерал-губернатара Ц.Туталміна раставіў ўсе кропкі над "i" у справе маёмасці ўдзельнікаў паўстання. Сярод іншага, гэтым указам прадпісвалася ўзяць у казну маёмасць тых асоб, якія, прыняўшы расійскае падданства, удзельнічалі ў паўстанні. [3] У выніку правядзення канфіскацый маёмасці падобных асоб, сваёй уласнасці пазбавіліся 10 землеўладальнікаў, якім раней належыла 13 прыватнаўласніцкіх маёнткаў, у якіх налічвалася каля 10 тыс. сялян мужчынскага полу. [4]

Найбольш істотным этапам у развіцці заканадаўства аб канфіскацыі з'ўляліся 1808-1814г. Менавіта ў гэты час адбываецца распрацоўка новай заканадаўчай базы ўжывання канфіскацыі ў асобным рэгіёне імперыі (Заходнія губерні) пры адначасовым захаванні юрыдычных норм і прававой практыкі, якія не дапушчалі стасавання гэтай меры пакарання ў падобным выглядзе. Узнікае пытанне: "Чым быў выкліканы падобны адыход ад агульнадзяржаўных юрыдычных норм і прававой практыкі ў гэтым рэгіёне імперыі?" Адказ на гэтае пытанне крыецца ў цэлым комплексе прычын, сярод якіх на першае месца, на нашу думку, трэба паставіць спецыфіку геапалітычынага размяшчэння гэтых зямель у межах імперыі. Асаблівасць гэтай спецыфікі заключалася ў факце наяўнасці блізкай мяжы, за якой палітычныя "злачынцы" маглі ўкрыцца ў выпадку крымінальнага пераследвання з боку расійскіх улад. А паколькі гэта быў адзін з найбольш нестабільных у палітычным плане рэгіёнаў імперыі, то ў падобных абставінах усе іншыя віды пакаранняў, за выключэннем канфіскацыі маёмасці, тут фактычна аказваліся бяздзейснымі. І толькі пакаранне пазбаўленнем маёмасці з'яўлялася адзіным дзейсным сродкам, каб прыцягнуць асобу да адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні. Калі звярнуцца непасрэдна да статыстычных дадзенных аб колькасці канфіскаваных маёнткаў у гэты час, то трэба адразу адзначыць, што ў гэты перыяд сваёй маёмасці на тэрыторыі Беларусі канчаткова не пазбавілася ніводная асоба. Але гэты факт ні ў якім разе не сведчыць аб адмаўленні царызму ад гэтай меры пакарання ў Заходніх губернях імперыі. Больш за тое, менавіта пасля паражэння Напалеона і яго прыхільнікаў, на тэрыторыі Беларусі была вызначана для пераходу да казны найбольшая колькасць маёнткаў за ўвесь час стасавання канфіскацый. Так, па дадзеным на пачатак 1814г. без уліку тых асоб, хто маёмасці не меў, а таксама тых, хто паспеў вярнуцца ў вызначаны ўладамі тэрмін, сваёй маёмасці павінны былі пазбавіцца па Мінскай губерні 76 чалавек (98 маёнткаў і 3 дамы), па Гродзенскай - 110 (220 маёнткаў), па Магілёўскай - 5 чалавек (9 зямельных валоданняў) і па Ашмянскаму і Браслаўскаму ўездах Віленскай губерні - 14 асоб - 13 маёнткаў (4 бяззямельныя) [5]. Данныя па Віцебскай губерні адсутнічаюць. Што тычыцца колькасці сялян, што знаходзіліся ў гэтых валоданях, то тут лічбы выглядаюць наступным чынам: па Мінскай губерні каля 84 тыс., па Гродзенскай 46 і па Магілёўскай каля 23 тыс. душ. [6] Такім чынам, на працягу вельмі кароткага адрэзку часу ў казённае ведамства толькі на тэрыторыі Беларусі (без уліку часткі Віленскай губерні) павінны былі паступіць больш за 150 тыс. сялянскіх душ.

У часы Мікалая І адбывалася далейшая эвалюцыя заканадаўчай базы азначанага віду пакарання. Новы імператар, абапіраючыся на створаны яго папярэднікам прэцыдэнт, пайшоў па шляху стварэння ўласнага заканадаўства адносна канфіскацыі маёмасці ў Заходніх губернях імперыі. Менавіта ў часы Мікалая І адбываецца канчатковае замацаванне канфіскацыі за здзяйсненне палітычных злачынстваў, а таксама перанясення гэтай меры пакарання на новыя тыпы супрацьпраўных дзеянняў. У заканадаўчых актах 30-х гадоў ХІХст. выразна прасочваецца яе трансфармацыя ў санкцыю за злачынствы супраць вярхоўнай улады. Як адлюстраванне падобнага стану рэчаў, менавіта фармулёўка "за бунт і ўдзел у ім", за каторыя прызначалася канфіскацыя ўсёй спадчыннай і набытай маёмасці, замацоўваюцца ў кадыфікаваным Спяранскім "Зборы законаў", а пасля ўключаюцца і ў "Ваенна-крымінальны статут" і "Улажэнне аб пакараннях крымінальных" 1845г. і пазнейшыя яго рэдакцыі. [7] Падобныя змяненні ў заканадаўстве былі звязаны захадамі царызму па падаўленню паўстання 1831г. і пасляпаўстанскімі рэпрэсіямі, якія закранулі ў асноўным прывеляваныі слаі грамадства. У выніку правядзення канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў паўстання, без уліку той маёмасці, якая была вернута паўстанцам, што атрымалі амністыю, па дадзеных на 1839г. у межах сучаснай тэрыторыі Беларусі было канфіскавана: у Магілёўскай губерні - 1 маёнтак, у беларускіх уездах Віцебскай - 2, Ашмянскім і Браслаўскім уездах Віленскай губерні - 21 зямельнае валоданне, у Мінскай 30 чалавек пазбавіліся 27 маёнткаў, а ў Гродзенскай адпаведна, 56 асоб пазбавіліся 76 зямельных валоданняў і 4 дамоў. [8] Такім чынам, сукупная колькасць канфіскаваных прыватнаўласніцкіх маёнткаў на тэрыторыі Беларусі складае 127 зямельных уладанняў. Тут трэба адзначыць, што ва ўсе спісы канчаткова канфіскаваных маёнткаў, як цэнтральнымі, так і мясцовымі ўладамі, а таксама і ўсімі пазнейшымі даследчыкамі паўсюдна ўключаліся 5 зямельных валоданняў, якія былі адабраны пасля паўстання 1831г. у каталіцкіх кляштараў. Тры з гэтых маёнткаў належылі Бярозаўскаму кляштару картэзіянцаў і па аднаму - Дзярэчынскаму дамініканскаму і Оўруцкаму базыльянскаму (знаходзіўся па-за межамі Беларусі) кляштарам. Прычына падобных дзеянняў улад, пэўна, крыецца ў тым, што манахі гэтых кляштараў прынялі непасрэдны ўдзел у паўстанні, альбо аказвалі актыўную дапамогу ва антыўрадавай дзейнасці, у той час, як іншыя падобныя духоўныя ўстановы прыкладна ў гэты ж час, былі зачынены (і іх маёмасць таксама адабрана ў казну) па іншых прычынах. Улічваючы зямельныя валоданні гэтых трох духоўных устаноў, агульная колькасць канфіскаваных маёнткаў па Гродзенскай і Мінскай губернях узрастае да 80 і 28 адпаведна.

Далейшае правядзенне канфіскцый прыватнай уласнасці на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХст. было звязана з раскрыццём уладамі так званай "змовы Канараскага", а таксама з удзелам ураджэнцаў Заходніх губерняў у нацыянальна-вызваленчым і рэвалюцыйным руху ў некаторых краінах Еўропы. Канфіскацыі стасаваліся і ў дачыненні да маёмасці замежных эмісараў і асоб, якія аказвалі ім падтрымку на месцы [9]. Ва ўсіх гэтых выпадках дзеянні ўлад па пазбаўленню маёмасці мала чым адрозніваліся ад практыкі, якая склалася пасля паўстання 1831г. Адметнай жа рысай гэтага часу з'яўляецца той факт, што царызм пачаў ужываць канфіскацыю як адну з мер пакарання не толькі за непасрэдны ўдзел у паўстанні, але і за ажыццяўленне падрыхтоўкі да яго, ці, інакш кажучы, "за змову". Увогуле ж, па справе Канарскага за перыяд з 1838-41г. на тэрыторыі Беларусі, па няпоўных дадзеных, была падвегрнута секвестру і забароне рухомая і нерухомая маёмасць больш чым 60 асоб. [10] Канчаткова да казны перайшла маёмасць толькі 7 асоб, пры гэтым, у тых, хто не меў зямельнай уласнасці, у казну была адабрана ўся рухомая маёмасць (уключаючы і асабістыя рэчы), якая, як і пася паўстання 1831г., была прададзена з малатка. [11]

У другой палове ХVІІІ-першай палове ХІХст. разам з далейшым удасканаленнем заканадаўчай базы, якая тычылыся ўжывання канфіскацыі, адбываліся пэўныя змяненні як у юрыдычнай тэрміналогіі, так і ў самім механізме гэтага працэсу. Толькі ў ХVІІІст. у рускім заканадаўстве з'яўляецца і паступова выціскае з ужытку ўсе ранейшыя формы акрэслення гэтага віду пакарання сам тэрмін "канфіскацыя". Тым не менш, яго замацаванне адбылося не адразу. На працягу яшчэ даволі доўгага часу ў заканадаўчых актах і справаводстве дзяржаўнага апарату другой паловы ХVІІІст. сустракаюцца і іншыя назвы для азначэння пазбаўлення маёмасці.

Развіццё маёмаснага права імперыі, далейшае ўдасканаленне паняцця аб уласнасці і сістэмы дзяржаўнай абароны маёмасных правоў дваранства прывяло да з'яўлення пэўных папярэдніх этапаў, прамежкавых стадый на шляху канчатковага перахода прыватнай уласнасці ў казну. Такімі стадыямі ў ХVІІІ-першай палове ХІХст. сталі забарона, секвестр, апека. Тэрмін "секвестр" прыйшоў з рымскага маёмаснага права. У рускім маёмасным праве паняцце "секвестр" з'яўляецца ў кацярынаўскі перыяд. Афіцыйныя акты канца ХVІІІст., напрыклад, сведчаць, што з секвестрам улады тады даволі часта атаясамлівалі і канчатковую перадачу маёмасці ва ўласнасць казны, ці, інакш кажучы, канфіскацыю. Доказам гэтаму могуць служыць, апрача іншага, шматлікія ўказы Кацярыны ІІ аб раздачы ў поўную ўласнасць маёнткаў, што былі "секвестраваны ў польскіх мяцежікаў", расійскаму дваранству. [12] У заканадаўстве аб канфіскацыі першай паловы ХІХст. налажэнне секвестра папярэднічала непасрэднай канфіскацыі маёнтка. Асабліва выразна гэта тэндэнцыя прасочваецца ў афіцыйных дакументах адносна маёмасці паўстанцаў 1830-31г. Пад секвестрам у гэты адрэзак часу трэба разумець усталяванне часовай казённай адміністрацыі над маёмасцю (як рухомай так і нерухомай) прыватных асоб. [13] У справаводстве гэтага перыяду вельмі часта побач з тэрмінам "секвестр" сустракаецца фармулёўка "узяць у казённы нагляд", што фактычна азначала прыкладна тое самае. Пры накладанні секвестра былы ўладар альбо яго давераныя асобы ці сваякі адхіляліся ад кіравання маёнткам. Такі маёнтак пасля яго апісання перадаваўся ў распараджэнне мясцовай казённай палаце. У кампетэнцыю гэтага органа ўваходзіла і прызначэнне новых адміністратараў. Новае кіраванне ў секвестраваных маёнтках арганізоўвалася па прыкладу старасцінскіх. Даходы з секвестраваных маёнткаў таксама павінны былі паступаць у распараджэнне казённай палаты. Тым не менш, з юрыдычнага пункту гледжання маёнтак пры гэтым заставаўся ўласнасцю ранейшага гаспадара, які, аднак, пры гэтым губляў права ім распараджацца па ўласнаму жаданню. У такім стане маёнтак мог знаходзіцца даволі працяглы час, пакуль над яго ўладаром цягнулася следства. Пасля прыняцця адпаведнага рашэння аб вінаватасці ці невінаватасці гаспадара і зацверджання гэтай пастановы вышэйшымі органамі ўлады, секвестраваная маёмасць альбо вярталася былому ўладару, альбо пераходзіла ў разрад казённай.

Даволі значнае месца ў заканадаўчых актах аб канфіскацыі належыць забароне. Падчас выкарыстання гэтага віду пакарання заканадаўца ставіў перад сабой тыя самыя мэты, што і пры стасаванні секвестра. Аднак па зместу і форме ажыцяўлення гэтыя два віды пакарання ўсё ж такі розняцца. Практыка стасавання забароны атрымала даволі значнае распаўсюджанне ў рускім маёмасным праве канца ХVІІІ - першай паловы ХІХст. У гэты час забарона найбольш часта стасавалася ў дачыненні да маёмасці, на якую было ўскладзена забеспячэнне грашовых прэтэнзій, як у адносінах да іншых асоб, так і да дзяржавы, якія не былі сваечасова пагашаны ўладаром. Забарона таксама стасавалася ўладамі ў выпадках маёмасных спрэчак, невыплаты экдывідарскіх пошлін і г.д. Забарона, як і секвестр, прадугледжвала пэўнае абмежаванне правоў уласніка на распараджэнне сваёй маёмасці. Гэта выяўлялася ў тым, што пры ўжыванні гэтай меры забаранялася прадаваць, дарыць, закладаць маёнтак ці праводзіць з ім іншыя маёмасныя аперацыі. Пры налажэнні забароны маёнтак апісваўся, чысты даход з яго паступаў у прыказ грамадскай апекі [14]. Але, нягледзячы на гэта, забарона можа лічыцца больш "лагодным" відам пакарання ў параўнанні з секвестрам. Гэта відаць ужо з таго, што падчас стасавання гэтага віда пакарання ўладар альбо арэндатар не адхіляліся ад кіравання сваім маёнткам, а далейшыя адміністрацыйныя дзеянні ўлад у адносінах да падобнай маёмасці абмяжоўваліся ўсталяваннем пільнага нагляду з боку мясцовай цывільнай адміністрацыі. Аналіз заканадаўчых актаў аб канфіскацыі першай паловы ХІХст. дэманструе, што ў Заходніх губернях імперыі азначаная мера пакарання ў большасці выпадках ужывалася царызмам у дачыненні не да ўсяго маёнтка, а толькі да асобных яго частак. У такіх выпадках дзяржава імкнулася да забеспячэння сваіх прэтэнзій на тую частку маёмасці, якую, у выніку шэрагу прычын немагчыма было адабраць у казну адразу. Як тлумачыў міністр фінансаў Расійскай імперыі: "Няма сумненняў, што без гэтай меры засцярогі (забароны А.Р.) уладары <...> будуць пераводзіць маёнткі свае ў чужыя рукі, каб папярэдзіць іх канфіскацыю." [15]

Такім чынам, з прыведзеных фактаў вынікае, што забарона і секвестр адыгрывалі важную ролю ў механізме канфіскацыі маёмасці ў Заходніх губернях. Іх месца і роля ў гэтым працэсе пастаянна змяняліся. Канчаткова паслядоўнасць працэсу ажыццяўлення канфіскацыі была замацавана толькі ў 1842г, калі ўказам ад 29 мая было загадана на маёмасаць асоб, якія абвінавачваліся ў бунце, альбо іншых палітычных злачынствах, разам з прыцягненнем іх да следства перш накладаць забарону, а секвестр толькі пасля прызнання такіх асоб вінаватымі [16]. Дзеля ж канчатковай канфіскацыі маёмасці неабходна была, згодна з прававой традыцыяй, канфірмацыя - зацверджанне рашэння вышэйшымі ўладамі.

Адначасова з працэсам ускладнення заканадаўства аб канфіскацыі адбываеццца паступовае пашырэнне функцыянальнай ролі гэтага віду пакарання. Не выклікае сумненняў, што на ўсіх этапах выкарыстання царызмам канфіскацыі дамінуючым з'яўляўся яе рэпрэсіўны пачатак. Аднак, пачынаючы ўжо з 1794г., у гэтага віда пакарання з'яўляецца яшча адна функцыя - прывентыўная, якая заключалася ў недапушчэнні да ўдзелу ва ўзброеннай барацьбе найбольш заможных слаёў грамадства. Асабліва выразна гэтая складаючая выявілася ва ўказах часоў Аляксандра І і Мікалая І. "Гэтаю мераю", - адзначалася ў Камітэце міністраў падчас распрацоўкі чарговага закона аб налажэнні секвестра на маёнткі "злачынных памешчыкаў" у маі 1831г., - "дасягнуты будуць неабходныя намеры ўрада: узмацніць уражанне страху на іншых памешчыкаў, для паўстрымання іх ад падобных злачынстваў...". [17] Аналіз статыстычных дадзеных на прыкладзе паўстання 1831г. выразна дэмаструе, што падобныя ўказы дасягнулі сваёй мэты. Разам з тым, канфіскацыя была тым сродкам, які даваў магчымасць царызму папоўніць дзяржаўную казну; за кошт канфіскаваных маёнткаў царскія ўлады імкнуліся кампенсаваць страты, каторыя яны панеслі падчас вядзення ваенных дзеянняў, выплаціць грашовыя прэтэнзіі трэцім асобам.

У межах акрэсленых храналагічных рамак адбыліся адчувальныя змены ў структуры і форме ажыццяўлення механізма канфіскацыі маёмасці. Калі ў 1794г. функцыі па рэалізацыі на практыцы пастаноў аб канфіскацыі былі ўскладзены на органы вайсковай улады, то, пачынаючы з 1808г., гэтыя абавязкі пераходзяць да цывільных улад. На пачатку 1813г. у некаторых губернскіх гарадах былі ўтвораны адмысловыя камісіі для канфіскацыі маёнткаў (у справаводстве таксама сустракаецца іншая іх назва - "секвестрацыйныя камісіі"). Да іх абавязкаў, між іншым, адносілася апісванне і прыём канфіскаваных маёнткаў у казну. Утвораныя на моц указу ад 17 ліпеня 1831г. у Мінскай, Гродзенскай, Віленскй і інш. губерняў спецыяльныя камісіі дзеля "вызначэння спупені віны мяцежнікаў, секвестра і канфіскацыі іх маёнткаў" атрымалі права самастойна прымаць рашэнні аб канфіскацыі маёмасці таго ці іншага паўстанца. У рэгіёнах, дзе падобныя камісіі не былі ўтвораны, справамі канфіскацыі займаліся губернскія праўленні і казённыя палаты.

У палажэнні ад 17 ліпеня былі выкладзены і правілы пераводу маёнткаў з ліку прыватнаўласніцкіх у казённае ведамства. Яны вельмі дэталёва акрэслівалі ўвесь механізм гэтага працэсу. Ён, як і ўся тагачасная бюракратычная машына Расійскай імперыі, быў досыць складаным і нязграбным. Першым этапам на шляху да канфіскацыі маёнтка было вызначэнне ступені "віны" яго ўладльніка. Пры ўмове, калі тая ці іншая асоба была аднесена да першай ці другой катэгорыі, аўтаматычна распачынаўся пошук яе маёмасці. У гэтай справе дзейсную дапамогу камісіям павінны былі аказваць губернскія ваенныя і цывільныя ўлады, пачынаючы з губернатараў і завяршаючы чыноўнікамі земскіх судоў. Самі камісіі непасрэдна не займаліся выкананнем пастаноў аб секвестры. Адпаведныя пастановы накіроўваліся ў ведамства губернскага кіравання і казённых палат. Тыя, у сваю чаргу, вызначалі чыноўнікаў (якія таксама маглі паходзіць з іншага ведамства) дзеля прыёму і вопісу маёнтка, адносна якога камісіяй было прынята адпаведнае рашэнне. І толькі пасля апісання, вылічэння даходаў, вызначэння спосаба загаспадарання, маёнтак лічыўся асеквестраваным. Пасля аднясення камісіяй асобы да той ці іншай катэгорыі звесткі аб прынятым прысудзе з кароткай нататкай аб маёмасці адсылаліся ў вышэйшыя інстанцыі дзеля канчатковай канфірмацыі, а таксама ў іншыя заходнія губерні імперыі для пошуку маёмасці і там. Пры казённых палатах у губернях, дзе існавалі камісіі для "вызначэння спупені віны мяцежнікаў, секвестра і канфіскацыі іх маёнткаў", згодна з прадпісаннем міністра фінансаў, у 1831г. пры казённых палатах былі ўтвораны часовыя аддзяленні па прыёму ў казну і кіраванню канфіскаванымі маёнткамі. [18] Аднак, такая сістэма, нягледзячы на вонкавую ўсёвызначаннасць, спарадзіла шмат блытаніны, непаразуменняў і бюракратычнай перапіскі, якія ўвесь час спадарожнічалі працэсу канфіскацыі маёмасці.

На працягу першай паловы ХІХст., у параўнанні з папярэднім часам значнаму пашырэнню і дэталізацыі былі падвергнуты тыпы і склад маёмасці, якія падлягалі канфіскацыі. У адпаведнасці з новай тыпалагізацыяй (грашовыя капіталы, гаспадарчы інвентар, асабістыя рэчы, каштоўнасці і г.д.) былі вызначаны розныя спосабы загаспадарання падобнай маёмасцю. Так, напрыклад, падчас правядзення трох падзелаў Рэчы Паспалітай, у казну адбіраліся толькі зямельныя валоданні і нерухомая маёмасць. У адпаведнасці з правіламі ад 24 кастрычніка 1813г. было вылучана некалькі тыпаў рухомай маёмасці (грашовыя капіталы, гаспадарчы інвентар, быдла і інш.) Далейшая дэталізацыя нерухомых формаў уласнасці, якія падлягалі канфіскацыі пасля паўстання 1831г., прывяла да распаўсюджвання гэтага віду пакарання на маёнткі, каторыя знаходзіліся ў так званым "непадзельным" і "пабочным" валоданні. Гэтыя два тэрміны азначаюць, што многія асобы, на момант вынясення ім прысуду, яшчэ не паспелі ўступіць у законныя правы ўласнасці ці валодалі ёю сумесна з іншымі асобамі. Палітыка царызму ў адносінах да непадзельных маёнткаў была накіравана на паступовае выдзяленне і перадачу ў казну частак маёмасці, якія належылі асуджаным. Гэты працэс зацягнуўся на доўгія гады. Што тычыцца маёнткаў, якія яшчэ павінны былі перайсці па спадчыне да асоб, якія былі прысуджаны да канфіскацыі, то ў іх выпадку, згодна з указам ад 22 красавіка 1836г. казна замяняла сабою падобную асобу [19]. А гэта азначае, што пасля смерці бацькоў, такая маёмасць замест законнага спадчынніка пераходзіла да дзяржавы. Што тычыцца рухомай уласнасці, то і тут назіраўся працэс далейшай тыпалагізацыі відаў маёмасці. У параўнанні з папярэднім пярыядам у асобную групу вылучаюцца такія віды як: каштоўнасці, прадметы мастацтва, сямейныя партрэты, кнігазборы, зброя, асабістыя рэчы і інш. Для кожнай з гэтых катэгорый быў прадугледжаны свой спосаб вырашэння іх будучага лёсу.

У цэлым, палітыка царызму ў адносінах да вырашэння лёсу канфіскаваных маёнткаў характарызавалася сваёй непаслядоўнасцю, адсутнасцю адзінага погляду на спосабы вырашэння гэтага пытання. У другой палове ХVІІІ ст. маёнткі, што пераходзілі да казны, у рамках агульнадзяржаўнай палітыкі, якая была накіравана на падрымку і пашырэнне дваранскага землеўладання, былі выкарастаны для адорвання расійскага набілітэту, што прывяло да ўзнікнення на тэрыторыі Беларусі расійскага землеўладання і росту ўдзельнай вагі прыватнаўласніцкага сялянства. Канфіскацыі зямельнай уласнаці прыхільнікаў Напалеона ў 1809-1814г., хаця і не мелі значных наступстваў для сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне, тым не менш з'яўляліся важным этапам на шляху выпрацоўкі новых падыходаў па загаспадаранню падобнай маёмасцю і вырашэння яе лёсу. На нашу думку, вяртанне ўсёй маёмасці асобам, якія выступілі на баку Напалеона, было выклікана спробамі Аляксандра І рэалізаваць уласныя геапалітычныя планы адносна гэтых зямель і пошукам надзейнай сацыяльнай базы падтрымкі ў выглядзе мясцовага дваранства. Пасля падаўлення паўстання 1831г. адной з вызначальных рыс палітыкі царызму ў адносінах да маёмасці, якая канфіскоўвалася, становіцца імкненне да забеспячэння інтарэсаў казны. Адсюль вынікае і поліварыятыўнасць спосабаў (арэнда, продаж, перадача розным дзяржаўным інтытуцыям, адміністрацыйнае кіраванне і г.д.) загаспадарання падобнай маёмасцю. Дыскусія, якая разгарнулася вакол вызначэння будучага лёсу канфіскаваных маёнткаў, выкрыла шырокі спектар меркаванняў адносна спосабаў вырашэння дадзенай праблемы. Выпрацаваныя ў рамках гэтай дыскусіі праекты па насаджэнню рускага элемента і русіфікацыі краю пазней знайшлі сваё практычнае ўвасабленне пасля падаўлення паўстання 1863-64г.

Такім чынам, аналізуючы эвалюцыю інстытута пакарання ў выглядзе пазбаўлення маёмасці ў другой палове ХVІІІ-першай палове ХІХст., неабходна зазначыць, што на працягу канца гэтага адрэзку часу адбываўся працэс узмацнення жорсткасці канфіскацыйнай палітыкі царызму. Гэтая тэндэнцыя знайшла сваё адлюстраванне як у вызначэнні новых тыпаў злачынстваў, за якія прадугледжвалася пазбаўленне маёмасці, так і ў перанясенні гэтага віду пакарання на новыя формы ўласнасці і тыпы маёмасці. Разам з тым, на працягу ўсяго гэтага перыяду непаслядоўнасць царызму ў выкананні ўласных распараджэнняў, адсутнасць адзінага погляду ва ўрадавых колах на праблему канфіскаваных маёнткаў, прыводзіла да таго, што колькасць канчаткова канфіскаванай мёмасці была значна меншай у параўнанні з папярэдне вызначаным дзеля гэтага.



[1] Жукович П. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины ІІ // Журнал министерства народного просвещения. 1915.-№1. - С. 77, 82; Анішчанка Я. Інкарпарацыя Беларусі… // Спадчына. - 1996. - №3. - С. 44-45.

[2] ПСЗ - I. Т.ХХІІ, №16187

[3] Опись документов касающихся административного устройства Северо-западного края при императрице Екатерине ІІ (1792-1796). - Вильна, 1903. - С. 45,46.

[4]НГАБ Ф.299, воп. 2, спр.56, а.5-6; Ф.333, воп.1,спр.160, а.238; РДГА Ф.374, воп.2, спр.969, а.98-112; Жукович П. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины ІІ // Журнал министерства народного просвещения. 1915.-№2. - С.139-140

[5] ДГА Літвы Ф 378, а/а, 1813, спр.52а, а.406-409, 464; РДГА Ф. 378, воп.3, спр.104, а.195, 200-201,261-272.

[6] Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі у канцы ХVIII - першай палове ХІХ ст.- Мн.: БДУ, 2000. - С.24

[7] Свод законов уголовных. - СПб., 1833. - Ст.225; Свод военных постановлений. - Ч.V.: Устав военно-уголовный. - Кн.1. - СПб., 1839. -Ст.178; Уложение о наказаниях уголовных и исправительных. - СПб., 1845. -. Ст.277

[8] РДГА Ф.384,воп.1,спр.802, 1753, 1785, 1826; Там жа Ф.384 в.15, 1158.а.32-55,90-93, Ф.384, воп.2 спр.391а.3-21; РДГА Ф.384, воп.15, спр. 1160, а.13,14; спр.19, а.83 Ф.384, воп.1, спр.1753, а.5; ДГА Літвы Ф.525, воп.18, спр.280, а.42,43; НГАБ у Мінску Ф.295,воп1, спр.5,а.21-24; НГАБ у Гродна Ф. 1,воп. 20,спр. 471,489; Там жа Ф.4,воп. 2,спр.68.

[9] НГАБ у Гродна Ф.1, воп.21, спр.411, а.17

[10] ДГА Літвы Ф. 525, воп.18, спр.292, а.3-4; НГАБ у Мінску Ф.333, в.25, спр.95, а.19; Ф.333, в.14, спр.204, а.15; Ф.295, в.1, спр.807, а.8-10; Ф.31, в.2, спр.175, а.283; Ф.1, в.19, спр.1613; а.261-262; РДГА Ф.384, воп.15, спр. 1242, а.48-49

[11] НГАБ у Гродна Ф.31, воп.2, спр.175, а.289, 293, 295; РДГА Ф.384, воп.15, спр. 1242, а.113, 114.

[12] НГАБ у Мінску Ф.333, воп.1, спр.126, а. 99; Ф.299, воп.2, спр.56, а. 5-6

[13] Никонов С. Секвестрация в гражданском праве. Ярославль,1900. - C.196

[14] РДГА Ф.384, воп.15, спр. 1242, а.27

[15] РДГА Ф.384, воп.1, спр. 2057, а.22

[16] ПСЗ - ІІ. Т.ХVІІ, №15697

[17] РДГА Ф.384, воп.15, спр.1,а.65

[18] ДГА Літвы Ф. 515, воп.21, спр.1, а.33

[19] ПСЗ - II. Т. ХІ, № 9095

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX