Папярэдняя старонка: Радзюк Алесь

Чалавек за кратамі (гарадзенскія турмы і людзі ў іх у ХІХ ст.) 


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 15-07-2013,
Крыніца: Гарадзенскі палімсест 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры. ХVI-XX ст. / Мінск: выдавец Зміцер Колас, 2011. - 295-328.

Спампаваць




Вывучэнне матэрыялаў, што звязаны з гісторыяй існавання і функцыянавання турмы ў ХІХ ст. дазваляе па-новаму зірнуць на некаторыя аспекты паўсядзённасці гарадзенцаў таго часу, выявіць шмат невядомых і цікавых фактаў, якія закранаюць розныя бакі сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і крымінальнага жыцця, а таксама пранікнуць у такую далікатную сферу, якой з'яўляецца маральны стан насельніцтва тагачаснай Горадні і яе наваколля.

Месцы заняволення

Вывучэнне архіўных матэрыялаў дае падставу свярджаць, што ў ХІХ ст. царскія ўлады выкарыстоўвалі розныя месцы (у рознай ступені) для заняволення людзей.

Ратуша з'яўлялася традыцыйным месцам, дзе трымаліся вязні яшчэ з ХV ст. У часы Рэчы Паспалітай, яна працягвала выконваць функцыі "турмы мескай" [1]. Выкарыстанне ж расейскімі ўладамі ратушы ў падобнай якасці было выклікана іншымі прычынамі чым проста павагай да шматвякавой традыцыі. У сувязі з ваеннымі падзеямі 1812 г. у Горадні быў парушаны заведзены расейскі парадак у тым ліку і ў справе ўтрымання вязняў. Часовая напалеонаўская адміністрацыя тады не скарысталася турмой, якая дасталася ім па "спадчыне", а наймала дзеля гэтых мэт адмысловы будынак (дэталі не раскрываюцца). З адыходам напалеонаўскіх войскаў, губернская адміністрацыя не здолела адразу вярнуцца да парадку, што існаваў раней. Сярод іншага гэта выявілася ў тым, што мясцовая паліцыя як і "за французамі" месцілася ў ратушы. Тут жа на другім паверсе ў 2-х пакоях былі размешчаны заняволеныя (больш за 40 чалавек). Адсутнасць прыбіральны і іншых умоў для ўтрымання (нары альбо ложкі таксама адсутнічалі) падобнай колькасці людзей неспрыяльна адбілася як на стане ратушнага будынку так і на гарадскіх даходах. Пазбаўленыя элементарных санітарна-гігіенічных магчымасцяў вязні "праз выліванне вады і іншага столькі шкоды нанеслі пабудове, што … нават і скляпенні прагнілі і ў хуткім часе паграджаюць абвалам. Не толькі будынак можа быць знішчаны, але і горад пазбавіцца значнага даходу" [2]. І яно зразумела чаму. Устойлівы смурод у сукупнасці з вільгацю, якая праз скляпенні трапляла ўніз, пэўна, з'яўляліся не лепшым антуражам для крамаў, што месціліся на пешым паверсе. Але нават пасля таго як была адрамантана старая турма, улады працягвалі выкарыстоваць ратушу ў пенітэнціярных мэтах. У 20-я гады ХІХ ст. тут размяшчалася гаўпвахта (вязніца для вайскоўцаў): "галоўная гаўпвахта з афіцэрскім пакоем, вартоўней і арыштантамі размешчана ў Магістраце на другім паверсе на плошчы ў цэнтры горада … і можа ўтоўпіць у сябе з выгодаю 100 чалавек" [3]. У 1829 г. у горадзе знаходзілася ўжо дзве гаўпвахты "галоўная ля ратушы на вялікай плошчы, а другая каля (новага) каралеўскага палаца " [4].

Асноўным месцам утрымання заняволеных у горадзе з'яўлялася турма (астрог, турэмны замак). Да 1820 г. арыштанты месціліся ў так званай старой турме , якая знаходзілася ў будынку паезуіцкага кляштара. Але яна не адпавядала патрабаванням часу ("лядашная і цесная", "толькі 4 камеры, паветра ў якіх гнілое", "па-за будынкам няма ніякіх умацаванняў" - вось толькі некаторыя характарыстыкі, якія былі дадзены гэтай вязніцы губернскім пракурорам ў 1816 г.). Таму перад мясцовымі ўладамі паўстала пытанне аб перабудове асноўнага гарадскога астрога. Перад тым як пачаць яго ўзвядзенне былі вывучаны патрэбы гарадской пенітэнціярнай сістэмы, у выніку чаго выявілася, што "паслугамі" гарадзенскай турмы за апошнія пяць гадоў (з 1813 па 1817 г.) скарысталася 3675 асоб (у сярэднім 735 чалавек у год) [5]. Зыходзячы з гэтых лічбаў і адбывлася праектаванне новай турмы.

У лістападзе 1818 г. міністр унутраных спраў імперыі даў дазвол на пачатак будаўнічых работ, а ў наступным годзе на гэтыя мэты з міністэрства было вылучана 10 тыс. руб. срэбрам. Работы ажыццяўляліся мясцовымі падрадчыкамі з ліку габрэяў на тэрыторыі былога езуіцкага кляштара. Пры гэтым будынак старой турмы не разбураўся, а быў прыстасаваны пад патрэбы новай. Ужо 23 снежня 1820 г. астрог быў агледжаны адмысловай камісіяй і за выключэннем невялікіх хібаў (арфаграфічныя памылкі на шыльдах над дзвярмі, адсутнасць слухавога акенца і г.д.) прызнаны гатовым [6]. Пэўна ж тады ён быў абнесены каменным мурам, які ўзгадваецца ў пазнейшых дакументах. У іншых паезуізкіх будынках у той час размяшчаліся розныя прысутныя месцы: "турэмны замак пабудаваны злучана з іншымі будынкамі паезуіцкага кляштара …, дзе размешчаны ўсе прысутныя месцы … пад вокнамі якіх размешчаны (турэмныя) прыбіральні, якія нягледзячы на ўсе меры" напаўнялі ўсё наваколле адпаведным спецыфічным "водарам", што адчуваўся на галоўнай плошчы [7].

У далейшым турэмны замак цягам ХІХ ст. неаднаразова пашыраўся, перабудоўваўся, рамантаваўся, некаторыя яго карпусы разбураліся, а з іх будаваліся новыя, паступова займаючы ўсё большую плошчу былога манастыра, выціскаючы з гэтай тэрыторыі ўсе іншыя ўстановы (цікаўных што да станаўлення архітэктурнага аблічча турэмнага комплексу адсылаем да кнігі В. Лісіцына [8], у якой вылучыны асноўныя падобныя этапы). У нататцы датаванай 1862 г. ён апісваецца наступным чынам: "у 1820 г. пабудаваны турэмны замак з 12 арыштанскімі камерамі, памяшканнем на 80 арыштантаў, акрамя таго 3 камеры сакрэтныя, 1 пакой для наглядчыка. У 1853 г. да корпуса турэмнага замка прыбудаваны 2 флігелі з размяшчэннем у іх 10 адмысловых камер для асобных (адзіночных) падследчых арыштантаў. У 1854 г. на ніжнім паверсе паезуіцкага кляштара, які прылягае да астрога зроблены 5 камер для вязняў, што ўтрымоваюцца па судовым прысудам" [9]. Вельмі значныя пераўтварэнні адбыліся ў астрозе на пачатку 90-х гадоў ХІХ ст., калі ў 1893 г. былі скончаны работы па ўзвядзенню ў эксплуатацыю трохпавярховага корпусу для ўтрымання арыштантаў-адзіночак "з усімі прыстасаваннямі і ўдасканаленнямі найноўшага часу", што меў 72 "келлі [10]". У выніку ўсіх гэтых перабудоў ён наблізіўся да сённяшняга аблічча.

Акрамя астрога, царскімі ўладамі для часовага заняволення людзей і адбыцця пакарання ў ХІХ ст. шырока выкарыстоўваліся кляштарныя (пакляштарныя) камяніцы. Найбольш часта і на працягу даволі значнага адрэзку часа дзеля гэтых мэт выкарыстоўваўся пакармеліцкі каталіцкі манастыр (па вуліцы Маставой). Адбывалася гэта звычайна ў выпадках, калі турэмны замак не быў у стане ўмясціць неабходную колькасць арыштантаў, што найчасцей было звязана з нейкімі палітычнымі "крамоламі" ў рэгіёне. Пачатак гэтай традыцыі быў закладзены ў 1831-1832 г., калі ў пакармяліцкай камяніцы ўтрымлівалася невялікая колькасць найбольш важных паўстанцаў, што апынуліся ў руках царскіх уладаў [11]. У сувязі з няўдачай экспедыцыі Заліўскага ў 1833 г. колькасць вязняў тут значна павялічалася. У траўні 1834 г. пад турэмныя памяшканні было ўжо задзейнічана 19 пакояў [12]. У 1850 г. на трэцім паверсе гэтай камяніцы ў 6 камерах-пакоях былі зноў жа такі размешчаны палітычныя вязні [13]. Варта заўважыць, што ў адрозненні ад крымінальных злачынцаў палітычныя павінны былі аплочваць усе расходы казны на іх утрыманне, лекаванне, перавоз і г.д. са сваёй уласнай кішэні. Гэта тычылася нават тых, хто следствам прызнаваўся невіноўным і вызваляўся ад далейшага пераследу. Падчас паўстання 1863 г. улады ўжо не вагаліся, ізноў ператварылі былы кармяліцкі кляштар у месца заняволення. 3 сакавіка 1863 г. сюды з турэмнага замка былі пераведзены 48 цывільных арыштантаў [14]. Але паколькі колькасць палітычных "злачынцаў" увесь час павялічвалася, частка з іх таксама была размешчана ў былой кармеліцкай камяніцы. Што да ўмоваў утрымання, то яны, наўрацці, былі лепшыя за тыя, што ў галоўным астрозе: "арыштанты сціснутыя ў малых пакоях, вельмі цяжкое паветра, людзі размешчаны надзвычай невыгодна…" [15]. Па маючыхся звестках сваю пенітэнціярную функцыю былы кармеліцкі кляштар працягваў выконваць да 1-га ліпеня 1865 г [16].

Узгаданая вышэй экспедыцыя Заліўскага прычынілася да ліквідацыі дамініканскага кляштара і вучылішча пры ім у Горадні. Адразу ж пасля яго скасавання ў 1833 г. ён быў прыстасаваны пад вязніцу для ўдзельнікаў экспедыцыі і тых, хто прымаў і аказваў ім дапамогу на месцы. Толькі на ўстаноўку кратаў у гэтым будынку ўлады ахвяравалі 432 рублі [17]. Пры гэтым трэба ўлічваць, што губернскі горад у гэты час застаўся без галоўнай навучальнай установы, а сама пакляшторная камяніца была перададзена ў ведамства Народнай Асветы і тут планавалася адкрыць губернскую гімназію. Але інтарэсы турэмнага ведамства пераважылі (і тут не абышлося без удзелу тагачаснага губернатара Міхайлы Мураўёва) і пад гімназію прыйшлося тэрмінова прыстасоўваць палац кн. Любецкага (Магістрацкая плошча дом 13). У лютым 1834 г. застаўшыяся вязні з дамініканскага былі пераведзены ў былы кармеліцкі будынак [18]. І пасля рамонту (верагодней за ўсё ў 1836/37 навучальным годзе) гімназія і пансіён ужо на стала размесціліся ў падамініканскім комплексе.

Ёсць узгадкі, што ўлетку 1849 г. ў камяніцы бернардынскага кляштара ўтрымліваліся "сакрэтныя палітычныя арыштанты" [19]. Паколькі яны былі "сакрэтнымі", то і па сённяшні дзень неведома, хто гэта быў. Магчыма гэтыя заняволеныя былі ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей у Еўропе, а магчыма паходзілі з ліку мясцовых "неблаганадзейных" асоб. У далейшым бернардынскі кляштар быў прызнаны нестасоўным для падобных мэтаў, паколькі ў пакоях, дзе маглі размесціцца вязні не было печак.

Вышэй узгадвалася, што гарадзенскія (і не толькі) каталіцкія кляштары выкарыстоўваліся не толькі як месцы заняволення падчас папярэдняга следства, але і ў якасці месцаў для адбыцця пакарання. Напрыклад, у тагачаснай расейскай правой сістэме існаваў такі від злачынства як "святотатство", які ў якасці санкцыі прадугледжваў затачэнне ў манастыр на пэўны тэрмін. Не выключана, што падобныя вязні былі і ў гарадзенскіх кляштарах і манастарах. Але, асаблівасць Горадні (як і ўсяго рэгіёна ў цэлым) заключаецца ў тым, што дзеючыя комплексы некаторых ордэнаў таксама ўжываліся дзеля затачэння (пераважна жанчын) за розныя палітычныя злачынствы. Цікавы факт, што ў некаторых выпадках сюды для адбыцця падобнага пакарання высылаліся жыхары Каралеўства Польскага, але гэта наўрацці дае права далучыць Гарадзеншчыну да ўсходніх рэгіёнаў ссылкі. Месца затачэння звычайна вызначала духоўнае начальства, а не свецкія ўлады. Тэрміны вагаліся ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.

Захаваліся дадзеныя, што ў Горадні дзеля гэтых мэтаў у 20-30-я гады ХІХ ст. (справы эмісараў, тайных таварыстваў) выкарыстоўваліся кляштары бернардынак і брыгідак . Нягледзячы на тое, што дадзены від рэпрэсій лічыўся не такім цяжкім як турэмнае заняволенне, факты сведчаць аб досыць складаных умовах адбыцця падобнага тыпу пакарання. З прыбыццём арыштанта, ігумен(ня) выдаваў(ла) паліцэйскім уладам роспіс аб тым, што прыняў(ла) тую ці іншую асобу пад сваю адказнасць. З гэтага часу ў асуджанага спыняліся ўсе кантакты з вонкавым светам. Як сведчаць просьбы саміх заняволеных, нават непрацяглае знаходжанне ў кляштарных мурах негатыўна адбівалася на стане іх здароўя. "Нездаровае манастырскае паветра шмат шкоды нанесла майму слабому здароўю" - скардзілася Тэкля Шпек пасля гадавога знаходжання ў бернардзінскіх мурах. Таму большасць падобных арыштантаў звярталіся да губернскіх уладаў з просьбай аб дазволе выязджаць на свежае паветра [20]. І тут узнікала праблема. Справа ў тым, што ў адпаведнасці, напрыклад, з уставам бернардынак, ні заняволены, ні манашкі, не мелі права пакідаць тэрыторыю свайго кляштара без згоды духоўнага начальства.

У другой палове ХІХ ст. уладамі актыўна выкарыстоўваўся ў пенітэнціярных мэтах францішканскі кляштар. У 60-80-я гады сюды з мэтай адбыцця пакарання (зноў жа тэрміны вагаліся ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў) ў масавым парадку накіроўвалася як белае так і чорнае рымска-каталіцкае духавенства з тэрыторыі ўсёй губерні. Прычынай затачэння маглі быць як занядбанне службовымі абавязкамі, непрыстойныя паводзіны (п'янства і г.д.), а таксама ўчынкі "палітычнага" характару (антыўрадавыя выказванні, навучанне дзяцей на польскай мове і г.д.).

На працягу большай часткі ХІХ ст. значная часка паезуіцкага комлекса да турэмнага ведамства не належыла. У ім месціліся розныя губернскія ўстановы. Разам з тым, у выпадку патрэбы частка гэтых пабудоў магла быць досыць хутка прыстасавана пад вязніцу. Так было ў красавіку 1832 г., калі ў сувязі з масавым надыходам ваенапалонных ліквідаванай ужо на той час арміі Каралеўства Польскага, што накіроўваліся на Усход і Каўказ, гарадзенскі камендант зрабіў распараджэнне аб "пераводзе ўсіх ваенных арыштантаў з турэмнага замка ў пакоі паезуіцкага кляштара" [21], у 1848 г. гарадзенскі пракурор звяртаўся да губернатара з просьбай "заняць пад памяшканні арыштантаў … пакоі ў ніжнім паверсе паезуіцкай камяніцы, што прымыкаюць да астрога, у якіх зараз жывуць майстравыя гарадзенскага гарнізонага батальёна" [22]. Канечне ж у былых езуіцкіх камяніцах (што на той час належылі Фарнаму касцёлу) былі размешчаны арыштанты і ў 1863 г. На прыстасаванне другога паверха пад утрыманне арыштантаў і размяшчэнне ваенна-следчай, а таксама суднай камісій было выдаткавана 757 руб. срэбрам, а на "выпраўленне 3-га паверха паезуіцкага будынку для палітычных арыштантаў" - 2093 руб. [23] Аб тым, што іх выкарыстанне мела часовы характар сведчыць факт заключэння дамовы з іншаземцам Іванам Нейшыльдам на чыстку комінаў "у памяшканні палітычных арыштантаў у паезуіцкім будынку …, з тым каб пасля вываду арыштантаў з гэтага будынка, спыняецца дзеянне гэтай дамовы" [24]. Таксама 1863-1864 гадамі датуецца ўзгадванне ў дакументах яшчэ аднаго месца, дзе ўлады трымалі палітычных вязняў - стары замак (казармы старога замка). У снежні 1863 г. тут былі ўстаўлены краты, на дзверы навешаны новыя замкі і ў студзені 1864 г. "усе працы па прывядзенню казармаў старога замка ў часовы астрог" былі скончаны [25]. Аднак эксплуатацыя замка пачалася раней. Напрыклад, на 1-е лістапада 1863 г. тут ужо было размешчана каля 136-і "злачынцаў" з Аўгустоўскай губ. [26] Захаваліся ўспаміны аднаго былога паўстанца, якія даюць агульнае ўяўленне аб гэтым месцы заняволення ў 1864 г.: "Унутранае наша жыццё ў замку хаця і не было занадта вясёлым, але і не было сумным. Мы карысталіся там большай свабодай (чым у астрозе - А.Р.). Нельга было толькі выходзіць за межы замка. Акрамя таго, нам давалі кнігі, часопісы і даручалі розныя работы" [27].

І напрыканцы гэтай часткі нельга не абмінуць увагай яшчэ дзве пенітэнціярныя ўстановы, якія ў адрозненні ад большасці вышэй апісаных мелі не часовы, а сталы характар. Першая з іх гэта арыштанскае памяшканне пры гарадской паліцыі - аналаг нашага цяперашняга ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) ці КПЗ (камера папярэдняга затрымання). Нажаль, не ўдалося знайсці апісання гэтай установы, што тычыцца непасрэдна Горадні, але захавалася абагульняючая характарыстыка ўсіх падобных арыштанскіх памяшканняў пры земскіх і гарадскіх паліцыях у межах Гарадзенскай губерні датаванае 1862 г. Такім чынам: "Сэрца сціскаецца калі бачыш гэтыя брудныя цёмныя куты, што напоўнены задушлівым, мефетычным газам, падобныя больш на клеткі для дзікіх звяроў. Арыштанты, што ўтрымліваюцца пры паліцыі … не карыстаюцца аніякім утрыманнем, на іх не адпушаюцца з казны ні грошы, ні нават і паёк… Часцяком яны вымушаны больш за двое сутак прасядзець там…" [28]. Адзінай дадатнай рысай гарадзенскага падобнага месца папярэдняга заняволення ад іншых, з'яўлялася тое, што ў ім мужчыны і жанчыны знаходзіліся асобна, а не ў адной "клетцы".

Яшчэ адным месцам утрымання вязняў у Горадні на працягу ўсяго ХІХ ст. з'яўляўся ардананс-гауз - турма для асоб, якія былі перададзены пад ваенна-палявы суд. Гэта былі неабавязкова вайскоўцы, а нават і цывільныя асобы, якіх за адпаведны тып злачынства па рашэнню генерал-губернатара ці следчай камісіі перадавалі ў ваеннае ведамства для суджэння па больш суровым вайсковым законам. Так, напрыклад, у 1834 г. пры ім было асуджана 46 асоб па справе эмісараў [29]. Верагодней за ўсё тут утрымліваўся Міхал Валовіч і яго таварышы, прыгавораныя ваенна-палявым судом да пазбаўлення жыцця серэднявечнымі спосабамі. Нажаль, у архіве не захавалася звестак аб умовах утрымання, асобах і прысудах, што выносіліся гэтай установай. Паколькі ардананс-гауз і яго вязні падпарадкоўваліся ваеннаму ведамству, то пошук адпаведных дакументаў у гэтым кірунку павінен ажыццяўляцца ў ваенна-гістарычным архіве. Месцазнаходжанне гарадзенскага ардананс-гауза на працягу ХІХ ст. мянялася. Па звестках В. Лісіціна (якія патрабуюць верыфікацыі), на пачатку 30-х гадоў ён месціўся ў будынку былога езуіцкага калегіюма [30].

Такім чынам, з прадстаўленага матэрыяла вынікае, што ў ХІХ ст. у Горадні існавала больш за тузін месцаў (яшчэ аб адным будзе ўзгадана ніжэй), якія ў розны час выкарыстоўваліся ўладамі для ўтрымання заняволеных. Ужыванне большасці з іх мела часовы характар і было выклікана з'яўленнем вялікай колькасці такзваных палітычных арыштантаў. Разам з тым, у гэты час у Горадні існавалі "спецыялізаваныя" пенітэнціярныя ўстановы - для вайскоўцаў і каталіцкага духавенства. Ролю асноўнай вязніцы выконвала гарадская турма, аб якой у далейшым у асноўным і пойдзе размова.

Гарадзенскія вязні: колькасна-якасная характарыстыка

Для лепшай нагляднасці вызначаных характарыстык вязняў гарадзенскага астрога, выяўленыя дадзеныя, зведзены ў некалькі табліц. З прадстаўленых звестак вынікае, што ў сярэдзіне стагоддзя назіраецца адчувальны рост колькасці заняволеных, што ўтрымлівася ў гарадзенскім астрозе (табл. 1).

Табліца 1 Колькасць асоб* у турэмным замка ў пэўны перыяд часу.

*З улікам перасыльных асоб, што знаходзіліся на гэты час у турме.

Месяц/год

11.

1813**

04. 1814**

03. 1815**

06.

1816**

11.

1817**

11. 1821

08. 1826

10.

1831

04. 1832

11. 1836

Колькасць заняволеных

49

94

85

75

116

61

30

450

266

54

З іх жанчын

3

3

3

9

13

3

4

?

?

3


Месяц/год

01. 1841

05. 1848

07. 1853

01.

1855

11.

1856

01. 1883

01. 1886

01. 1889

01. 1892

01.

1895

01.

1898

01. 1900

Колькасць заняволеных

35

60

117

158

128

232

395

294

262

179

225

212

З іх жанчын

1

7

10

14

14

26

19

30

35

31

41

46

** Максімальная колькасць вязняў

Складзена па: НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 795, а. 26; Ф. 1, воп. 1, спр. 869, а. 202-204; Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 143-144; Ф. 1, воп. 13, спр. 193, а. 1-2; Ф. 1, воп. 2, спр.487, а. 16-18; Ф. 1, воп. 11, спр. 1212, а. 1-2; Ф. 1, воп. 13, спр. 873, а. 381-382, Ф. 1, воп. 22, спр. 604,а. 12-13; Ф. 1, воп. 10, спр. 2101. а. 1-3; Ф. 1, воп. 21, спр. 1104, а. 17-19; Ф. 1, воп. 27, спр. 70, а. 6-7; Ф. 1, воп. 3, спр. 1093, а. 1; Обзор Гродненской губернии за 1883, 1886, 1889, 1892, 1895, 1898, 1899 г. Гродно [розн. гады выд.].

Табліца 2 Колькасць асоб, што ўтрымлівалася ў турэмным замка за пэўны год.

Год

1822

1883

1886

1889

1892

1895

1898

Колькасць вязняў

1206 ***

907

1873

1537

1606

1262

1261

З іх жанчын

?

74

216

191

282

181

222

*** З іх 1120 перасыльныя.

Складзена па: НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 2838, а. 9; Обзор Гродненской губернии за 1883, 1886, 1889, 1892, 1895, 1898 г. Гродно [розн. гады выд.].

Павелічэнне лічбы заняволеных было выклікана тым, што пасля прыняцця ў 1845 г. "Улажэння аб пакараннях крымінальных і папраўчых" , турма ў Расейскай імперыі пачынае больш шырока выкарыстоўвацца не толькі як месца папярэдняга заняволення падчас вядзення следства і працэсу, а таксама і як месца адбыцця пакарання. З 2043 артыкулаў гэтага "Улажэння" турма была прадугледжана 249 з іх [31]. Таму ў спісе вязняў за 1853 г. упершыню насупраць некаторых прозвішчаў сустракаецца запіс "на турэмным арышце" і ўказаны вызначаны тэрмін знаходжання за кратамі (мінімальны - 3 месяцы, максімальны - бестэрмінова (Фядора Бубкова за забойства). Суадносіны падобнага тыпу вязняў да агульнай колькасці арыштантаў у ліпені 1853 г. складалі 14%, 16% - у студзені 1855 г., 5%- у лістападзе 1856 г. Акрамя таго, не трэба забывацца аб натуральным прыросце насельніцтва і, адпаведна, злачыннасці. Выпадаюць з агульнай карціны колькасці асоб, што ўтрымлівался ў астрозе 1831, 1832 гады (сюды ж трэба дадаць 1863-1864 г., але дакладных дадзеных, што тычацца менавіта астрога, вылучыць пакуль не ўдалося), што, канечне ж, звязана з падзеямі паўстанняў. Патрабуе каментараў лічба 450 у графе за кастрычнік 1831 г. Як вынікае з рапарта губернскага пракурора, які датаваны 31 чыслом таго месяца, цывільныя арыштанты на той час былі прадстаўлены колькасцю толькі ў 26 асоб, па ваеннаму ведамству - 164, а рэшта (260 чалавек) - гэта ваеннапалонныя расфарміраванай арміі Каралеўства Польскага. Нажаль, у сваім данясенні пракурор не ўдакладняе якім чынам удалося размяшчаць такую лічбу вязняў у астрозе, адзначыўшы лаканічна, што яны "месцяцца надта сціснута" і "не маюць дзе і на чым пакласціся". Што праўда, судовы чыноўнік адзначае, што раней (улетку 1831 г.) іх колькасць была яшчэ большая, але тады частку мясцовых і перасыльных арыштантаў уладкавалі на адкрытым паветры "ў агароджы гэтага ж замка" ў буданах, што былі выраблены з друку і саломы дасланых мясцовым уездным маршалкам дваранства [32]. Далей пракурор пытаў дазволу ў выконваючага функцыі губернатара заняць пад іх патрбы "дом Дабрачыннасці" ці бернардзінскі кляштар. Крыніцы сведчаць, што ўвесну 1831 г. для размяшчэння вялікіх партый перасыльных ваеннапалонных (каля 250 чалавек) у якасці этапнага прыпынку выкарыстоўваўся маёнтак Станіславова [33]. Магчыма, дзеля гэтых мэт быў прыстасаваны не сам палац, а нейкія гаспадарчыя будынкі.

Згодна з прадстаўленымі дадзенымі жанчыны ў ХІХ ст. складалі ад 3% у 1813 г. да 17,6 % вязняў у 1892 і 1898 гадах (табліца 1, 2). У канцы ХІХ ст. выразна выяўляецца тэндэнцыя па павелічэнню ўдзельнай вагі жанчын у агульнай масе вязняў. Некаторыя тыпы злачынстваў, што прыводзілі за краты, мелі выключна жаночае "аблічча", напрыклад, забойства ўласнага немаўляці альбо распуства (блуд). Нажаль, прадстаўленая выбарка не ў поўнай меры адлюстроўвае ступень распаўсюджаннасці гэтага віду супрацьпраўнага дзеяння ў той час і, таму, за ўдакладненнямі давайце звернемся да Паўла Баброўскага, які закрануў у сваёй працы і гэту праблему адносна тэрыторыі ўсёй Гарадзенскай губ. У сярэдзіне ХІХ ст. "пралюбадзейства", - сцвярджаў афіцэр генеральнага штаба, - "асабліва ў гарадах, вельмі развіта. Незаконнароджаных дзяцей нараджаецца штогод … 1 на 37 народжаных. Афіцыйныя звесткі аб незаконнароджаных недакладныя; габрэйскія равіны не паказваюць лічбы …, а колькасць габрэяк, што займаюцца блудным рамяством, не саступае лічбе хрысціянак. Пры гэтым, не кожная такая жанчына мае дзяцей. Прыняўшы да ўвагі ўсё гэта, выходзіць, што колькасць жанчын, якія займаюцца блудным рамяством, дасягае даволі высокай лічбы, так што, на 1000 жанчын усіх узростаў і станаў прыпадае каля 5, што належаць да катэгорыі блудніц …" [34]. Канечне, не з усімі фактамі і высновамі тут можна пагадзіцца, але, што падобная тэндэнцыя існавала спрачацца не выпадае.

У колькасных паказчыках прэваліруючай катэгорыяй заняволеных, што праходзіла праз гарадзенскі астрог на працягу ўсяго ХІХ ст. з'яўляліся перасыльныя. Так, у адпаведнасці з дадзенымі за 1822 г. (табл. 2) яны склалі 92,8% да агульнай лічбы вязняў. Гарадзенская турма акумалявала ў сябе тых арыштантаў, якія былі прызначаны да катаржных работ, пасялення ў Сібір, аддачы ў арыштанскія роты ці салдаты па прыгаворам розных судовых устаноў, што дзейнічалі ў розных гарадах губерні. Таксама яна выконвала ролю этапнага прыпынка дзе адбываўся такзваны "райстах" (дзённы адпачынак) і начлег для перасыльных з суседняга Каралеўства Польскага, якія (да пабудовы чыгункі) пасля накіроўваліся на наступны этап (Жыдомля→Скідзель→Каменка→ …→Сібір). Дарэчы, для гісторыі захавалася імя аднаго з першых гарадзенскіх месцічаў, які пасля ўвядзення тут губернскага кіравання, быў прыгавораны да ссылкі: гэта была жанчына Крысціна Раманаўна "прысуджаная прысудам у Сібір" у 1802 г. [35] А колькі дзесяткаў тысяч прайшлі праз гарадзенскія турмы на ўсход ў 1813-1814, 1831-1832, 1863-1865 г. даследчыкам яшчэ давядзецца высветліць [36]. Таму, зыходзячы з гэтых лічбаў, можна меркаваць, што для гарадзенцаў ХІХ ст. відовішча закутых у кайданы, злучаных адным прэнтам, аднолькава апранутых вязняў з напалову выгаленымі галовамі, якія бразгаючы жалезам, лямантуючы на розных мовах або жаласліва енчычы па міластыню пад вартай інваліднай каманды рухаліся па цэнтальным вуліцам і плошчам горада, было з'явай абсалютна звычайнай.

Табліца 3. Размеркаванне заняволеных па тыпах злачынстваў.

05. 1816

07. 1817

11. 1821

08. 1826

11. 1836

01.1841

05. 1848

07. 1853

11.1856

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

коль-касць

%

крадзеж

10

33%

17

22%

16

26%

4

13%

10

19%

11

31%

23

38%

58

50%

69

54%

бадзяжніцтва

1

3%

1

1%

2

3%

3

10%

36

67%

8

23%

12

20%

15

13%

5

4%

забойства

2

7%

3

4%

3

5%

2

7%

-

-

3

9%

1

2%

4

3%

5

4%

падлог

1

3%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

5

4%

3

2%

забойства ўласнага немаўляці

1

3%

2

3%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

3

3%

-

-

без "віда"

(дакументаў)

2

6%

12

16%

13

21%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

пераход мя-жы (адлучка за мяжу)

1

3%

-

-

-

-

2

7%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

прыём кра-дзеных рэчаў з мерцвякоў

5

17%

4

5%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

кантрабанда

-

-

13

17%

-

-

4

13%

1

2%

-

-

-

-

1

1%

-

-

карупцыя службовых асоб

-

-

2

3%

-

-

2

7%

1

2%

1

3%

-

-

1

1%

-

-

перасыльныя

-

-

-

-

1

2%

-

-

-

-

6

17%

1

2%

8

7%

39

30%

падпал

-

-

-

-

3

5%

-

-

-

-

-

-

1

2%

2

2%

1

1%

пасквіль (іл-жывы данос)

-

-

-

-

1

2%

3

10%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

распуства (блуд)

-

-

-

-

-

-

1

3%

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

корчемство

-

-

-

-

-

-

3

10%

1

2%

2

6%

-

-

-

-

-

-

непадпарадкаванне сялянаў

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

9

15%

-

-

-

-

палітычныя злачынствы

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

-

3

5%

1

1%

-

-

іншыя злачынствы

7

23%

22

29%

23

36%

6

20%

5

9%

4

12%

10

17%

19

16%

6

5%

Складзена па: НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 795, а. 26; Ф. 1, воп. 1, спр. 869, а. 202-204; Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 143-144; Ф. 1, воп. 13, спр. 193, а. 1-2; Ф. 1, воп. 2, спр.487, а. 16-18; Ф. 1, воп. 11, спр. 1212, а. 1-2; Ф. 1, воп. 13, спр. 873, а. 381-382, Ф. 1, воп. 22, спр. 604,а. 12-13; Ф. 1, воп. 10, спр. 2101. а. 1-3; Ф. 1, воп. 21, спр. 1104, а. 17-19; Ф. 1, воп. 27, спр. 70, а. 6-7.

Найбольш цікавыя звесткі аб людзях, што апынуліся за кратамі гарадзенскай турмы дае 3-я табліца. З яе вынікае, што найбольш распаўсюджанымі тыпамі злачынстваў у нашым рэгіёне ў пачатку-сярэдзіне ХІХ ст. былі крадзеж і бадзяжніцтва (у некаторых асоб яны спалучаліся). У 30-50 гады вязні, што абвінавачваліся па гэтых пунктах у сукупнасці складалі больш за 50% ад агульнай колькасці заняволеных. Пры гэтым, трэба мець на ўвазе, што некаторыя віды крадзежу (напрыклад, рэчаў з мерцвякоў альбо канакрадства) вылучаліся асобна і, таму, улічваліся ў іншых графах. Што тычыцца бадзяжніцтва, то тут звяртае ўвагу на сябе факт значнага роста падобнага тыпу арыштантаў у гарадзенскім турэмным замке з 30-х гадоў ХІХ ст. Можна меркаваць, што першапачаткова гэта было звязана з масавымі ўцёкамі ваеннапалонных, што этапіраваліся праз тэрыторыю Гарадзеншчыны ў глыб Расіі і на Каўказ. Аб тым, што ўцёкі сапраўды мелі падобны характар, сведчаць рапарты камандзіраў этапных каманд, якія на перагонах гублялі па некалькі дзесяткаў паднаглядных [37]. Таму, на пачатку 30-х гадоў на тэрыторыі губерні быў значна ўзмоцнены паліцэйскі рэжым, адной з галоўных мэт якога была барацьба з падобнага тыпу валацугамі. За паімку збеглых рэкрутаў і асоб без вызначанага месца жыхарства ўлады выплочвалі насельніцтву грашовае ўзнагароджанне. Акрамя таго, недзе з гэтага часу на тэрыторыю Гарадзенскай губ. у даволі значнай колькасці пранікаюць "прафесійныя" валацугі з усіх рэгіёнаў імперыі: Іваны Івановы, Пятры Пятровы, Іваны Непомнючыя становяцца штодзённай рэальнасцю не толькі турэмнага жыцця Горадні.

Таксама хацелася б звярнуць увагу на малую колькасць палітычных вязняў у гарадзенскім астрозе. Гэтыя лічбы ні ў якім разе не адлюстроўваюць стан рэчаў з дадзеным тыпам злачынстваў. Справа ў тым, што падобныя справы звычайа не разглядаліся на месцы, а перадаваліся ў вышэйшыя органы (генерал-губернатару, у спецыяльныя камісіі, намесніку у Каралеўстве Польскім і інш.) і, туды, для допытаў, вочных ставак і г.д. пераводзілася і абвінавачаная ў гэтых злачынствах асоба.

Завяршаючы аналіз дадзеных з табліц, хацелася б адзначыць, што іх выбарка носіць шмат у чым выпадковы характар (асабліва гэта тычыцца 3-яй табліцы) і таму прадстаўленыя ў іх звесткі не даюць цалкавітай карціны, а хутчэй толькі вызначаюць нейкія тэндэнцыі колькасна-якаснага складу гарадзенскіх вязняў. Таксама нельга рабіць на іх падставе далёка ідучых высноў аб злачыннасці ў самім горадзе, бо ў астрозе ўтрымлівася вязні з гарадзенскага і іншых уездаў, а таксама з тэрыторыі ўсёй імперыі.

Пакаранне

Пасля характарыстыкі злачынстваў, у адпаведнасці з класікай, павінна прысутнічаць пакаранне. На пачатку хацелася б закрануць праблему таго, у якой ступені апраўдана прымяненне тэрміна "злачынцы" ў адносінах да вязняў, што ўтрымлівася ў гарадзенскім астрозе цягам ХІХ ст. Вышэй ужо прыводзіліся факты, якія сведчаць аб тым, што да сярэдзіны стагоддзя гарадзенская турма, як і большасць аналагічных устаноў імперыі, не выкарыстоўвалася ў якасці месца для адбыцця пакарання. Але нават пасля таго, як сітуацыя змянілася, асобы, якія знаходзіліся ў вязніцы па прысудам судовых месцаў складалі невялікі адсотак ад агульнай колькасці заняволеных. Так, у "праекце па паляпшэнню турмаў па Гарадзенскай губ.", што быў складзены ў 1862 г. беластоцкім страпчым Лапіцкім адзначалася, што "колькасць асоб, якія заключаюцца ў турму на пакаранне вельмі невялікая, таму што, згодна з нашым крымінальным заканадаўствам для людзей, якія не выняты ад цялесных пакаранняў, заняволенне ў турму замяняецца розгамі" [38]. З гэтага вынікае, што турма выконвала ў першую чаргу функцыю папярэдняга заключэння на час вядзення следства.

Статыстыка сведчыць, што значная частка вязняў у выніку гэтага самага следства прызнаваліся асобамі невінаватымі і вызваляліся ад далейшага пераследу. Так, з аналізу пяцігадовай ведамасці аб асобах, што былі пад судом у межах Гарадзенскай губ. вынікае, што 1086 чалавек (34,5%) былі апраўданы, а яшчэ 205 (6,5%) - "пакінуты ў падазрэнні" (што азначае, што іх віна таксама даказана не была). Такім чынам, атрымоўваецца, што ў перыяд з 1829 па 1833 гады 41% асоб [39], што былі ў губернскіх турмах, знаходзіліся там бязвінна. Гэтая лічба, у прынцыпе, адлюстоўвае той стан рэчаў, што існаваў і ў гарадзенскім астрозе, дзе па дадзеным за 1840 г. было "вызвалена па заканчэнню суда на месца свайго жыхарства без пакарання" 45% асоб [40]. Яна ж знаходзіць сваё пацвярджэнне ў нататцы ўсё таго ж Лапіцкага. Між іншым ён падкрэсліваў: "зразумела чаму турма ўзбуджае такую ўсеагульную народную спагаду. У ёй пакутваюць па некалькі гадоў людзі, з каторых палова аказваецца па канчатковым прыгаворам бязвіннымі" [41]. Атрымоўваецца, што прыкладна 40-50% вязняў гарадзенскага турэмнага замка ў першай палове ХІХ ст. не былі злачынцамі, а траплялі туды ў большасці выпадкаў па чыімсці абгавору, ці ў выніку паліцэйскай памылкі.

Цытаваныя вышэй заўвагі Лапіцкага закранаюць яшчэ адзін немалаважны аспект для людзей, што знаходзіліся за кратамі, а менавіта тэрміны заняволення. І ён, і П. Баброўскі амаль што ў адзі голас запэўніваюць, што "каля паловы справаў аб падсудных вядуцца па некалькі гадоў" [42]. Але здаецца, у дадзеным выпадку, яны перабольшваюць. Аналіз спісаў гарадзенскіх вязняў хаця і выяўляе прозвішчы асоб, якія ўтрымліваліся за кратамі па 2-3 гады (не толькі пад следствам, але ў чаканні зацверджання прысуда вышэйшай установай - Сенатам і г.д.), аднак падобная з'ява не мела масавага характару. Пераважная большасць справаў разглядалася і канфірмавалася цягам некалькіх месяцаў.

Што ж чакала тых вязняў, чыя віна была даказана? У адпаведнасці з тагачасным заканаўствам у распараджэнні карнай сістэмы царызму быў досыць шырокі арсенал розных відаў пакаранняў, з якіх найбольш распаўсюджанымі былі: катарга і сылка (да якіх прымыкае аддача ў арыштанскія роты ці ў армію), цялесныя пакаранні і турэмнае зняволенне (пераважна з другой паловы ХІХ ст.). Што тычыцца смяротнай кары , то адносна гэтага віду рэпрэсій, распаўсюджанне атрымала тэза, аб тым, што з часоў Елізаветы і Кацярыны ІІ на гэты від пакарання ў Расійскай імперыі быў накладзены мараторый, адзіным выключэннем з якога былі прысуды дзекабрыстам у 1826 г. Насамрэч, падобнае сцвярджэнне, мякка кажучы не адпавядае рэчаіснасці, бо ва ўмовах ваенных дзеянняў выкарыстоўваліся іншыя прававыя нормы (Ваенныя артыкулы Пятра І, Палявое улажэнне 1812 г. і г.д.). Доказы гэтаму (абмежываўшыся ХІХ ст.) мы можам знайсці нават на прыкладзе Горадні. Першы прыклад выканання смяротнага прысуду датуецца 2-ім красавіка 1813 г. У гэты дзень за горадам "у прысутнасці вайсковага схода і многіх гледачоў" па канфірмацыі генерал-фельдмаршала кн. М.І. Кутузава былі павешаны 2 гарадзенскія мяшчане браты Агла (?) і Ян Дамінінскія (альбо Дамінскія). Склад іх злачынства заключаўся ў тым, што яны "тлели дух возмущения", "произносили зловредные и возмутительные слухи" [43]. А паколькі гэта справа пачыналася з расследвання ліста, у якім утрымліваўся заклік да месцічаў каб кожны гаспадар зарэзаў свайго пастаяльца (расейскага вайскоўца), то, трэба разумець, змест гэтага ліста і быў інкрымінаваны ў віну братам. Наступны выпадак ажыццяўлення смяротнага пакарання таксама адносіцца да ваеннага часу. 9 красавіка 1831 г. а чацвёртай гадзіне раніцы ў Горадні, па зацвярджэнню ваенна-палявога суда быў расстраляны шляхціц-паўстанец. Па водгуках сведкаў гэта экзекуцыя зрабіла вялікае ўражане на гараджан [44]. Па ўскосных звестках можна меркаваць, што пакараным быў шляхціц Казімір Багдановіч, які стаяў на чале атрада паўстанцаў, што прабіраўся ў лідскі ўезд і быў схоплены за некалькі дзён да выканання прысуду каля м. Мерач, што ў Віленскай губ. Несумненна, найбольш вядомым прыкладам у гэтым пераліку з'яўляецца выпадак эмісара М. Валовіча, які 21 ліпеня 1833 г. быў публічна павешаны ў Горадні каля парахавых складоў. Звяртаюць на сябе ўвагу тыя спосабы здзяйснення пакарання, якія былі абраны ваенна-палявым судом для М. Валовіча і яго таварышаў: чацвяртаванне, калясаванне, пазбаўленне жывата, 8 тыс. шпіцрутанаў (што таксама можна прыраўняць да смяротнай кары) і г.д. Толькі пры іх зацверджанні вышэйшым начальствам гэтыя прыгаворы былі заменены на іншыя, больш лагодныя. Не абышлося без вырокаў смерці ў Горадне і ў 1863-1864 гадах. Згодна з дадзенымі польскага даследчыка Вацлава Студніцкага ў горадзе над Нёманам былі расстраляны два ўдзельнікі паўстання: 11 кастрычніка 1863 г. селянін Дамінік Дамінскі (за ўдзел у паўстанні і павешанні лесніка) і 14 сакавіка 1864 г. шэраговец Юзаф Урбановіч (за ўцёкі са службы, далучэнне да паўстання, здраду прысяге). У фондах Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захавалася сведчанне аб выкананні аднаго з гэтых прысудаў - лаканічнага па свайму зместу і жахлівага па свайму сэнсу (гл . Дадатак № 1 ). Такім чынам, зыходзячы з вышэй прыведзеных фактаў, атрымоўваецца, што ў Горадні ў ХІХ ст. смяротнаму пакаранню былі падвергнуты як мінімум 6 асоб (палова з іх - Дамінскія). Акты ажыццяўлення кары мелі пераважна публічны характар. Рызыкну выказаць меркаванне, што прыведзенымі тут прыкладамі ўжыванне вышэйшай меры пакарання ў Горадні ў ХІХ ст. не абмяжоўвалася.

Галоўным тыпам пакарання за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў (забойства, разбой, буйны крадзеж, падпал, адсяканне рэкрутам пальца і т.п. уключаючы сюды распаўсюджаную ў тым ліку і на Гарадзеншчыне да 1861 г. практыку высылкі сялян па жаданню памешчыка) на працягу ўсяго ХІХ ст. з'яўлялася высылка (у Сібір на пасяленне, у крэпасць, на катаржныя работы, на заводы, у арыштанскія роты і г.д.). Статыстычныя звесткі адносна ссыльных тычацца пераважна тэрыторыі ўсёй губерні і маюць адрывачны характар. Больш ці менш сістэматызаваную інфармацыю па гэтым прадмеце можна знайсці ў таго ж П. Баброўскага. Аналізуючы падобныя дадзеныя за дзесяць год з 1849 па 1858 гады, ён прыйшоў да высновы, што за гэты прамежак часу ў Сібір з тэрыторыі Гарадзенскай губ. штогод у сярэднім высылалася па 115 "найважнейшых злачынцаў" [45].

Гарадзенскі турэмны замак у той час адыгрываў ролю перасыльнага цэнтра для жыхароў заходніх правінцый імперыі. У асноўным дзякуючы гэтай катэгорыі арыштантаў абавязковым элементам любога астрога таго часу (у тым ліку і гарадзенскага) была кузня. Кайданы (ручныя і нажныя), якія ў залежнасці ад часу і свайго тыпу мелі розныя назвы (калоды, ланцугі, наручні і г.д.), былі абавязковым атрыбутам перасыльных і турам на працягу ўсяго ХІХ ст. Кузня (да з'яўлення прагрэсіўных кайданкаў з замкамі) была патрэбна каб падобных арыштантаў скуць, альбо ў якім выпадку раскуць. Пры гэтым дадзеная працэдура каштавала немала. "У 1854, 1855, 1857 і 1858 гадах было перададзена для адпраўлення праз гарадзенскі этап у Сібір 381 чалавек", - скардзіўся камандзір унутранага гарнізонага батальёна, - "якія скоўваліся за яго, камандзіра, уласныя грошы". І далей ідзе просьба пакрыць яму тыя затраты, зыходзячы з кошту 1 руб. асігнацыямі за 1 асобу [46] (для параўнання сутачная норма харчавання арыштанта непрывеляванага стану на той час складала каля 20 кап. асігнацыямі). Забяспечанасць спраўнымі ланцугамі ў розныя часы ў гарадзенскім астрозе вырашалася па рознаму. Ёсць звесткі, што ў сярэдзіне 20-х гадоў ХІХ ст. пастаўкамі калодак займаўся мясцовы магістрат, але з прычыны вялікай колькасці асуджаных да высылкі і, паколькі, "ніякога тыпу арыштантаў, не толькі крымінальных, але і малазначных", - як гэта тлумачыў гарадзенскі камендант, -"нельга высылаць без калодак на нагах", то гэтай справай, са слоў таго ж каменданта, займаўся ўласна ён - "я сам больш за 100 пар зрабіў" [47]. Зразумела, што наўрацці гэты вайсковы чын быў майстрам на ўсе рукі, які ў вольны ад службы час на кузні дбаў аб казённым парадку. Размова тут ідзе аб тым, што тыя калодкі былі выраблены ў яго ведамстве і па яго загаду. У канцы ХІХ ст. пастаўкамі ўсяго неабходнага жалеза для гарадзенскага астрога займаўся тульскі завод [48]. Мясцовыя майстры выраблялі толькі некаторыя камплектуючыя элементы з скуры: падкайданікі, паджыльнікі, рамні з спражкамі і інш. Кайданкі таксама стасаваліся ў дачыненні да арыштантаў у тых выпадках, што не былі рэгламентаваны ніводным законам - гэта значыць па меркаванню турэмных наглядчыкаў. Вось як гэта, напрыклад, выглядала ў гарадзенскім астрозе ў 1819 г.: "… каравульны афіцэр не загадвае на ноч саджаць у калодку, акрамя габрэяў (7 чалавек)…, якія па загаду пракурора пераведзены з 1-га ў 4-ы разрад, з тым, каб іх не саджаць у калодкі… А Янкеля Пілку, звыш таго, (знайшоў) з заклёпанай на шыі калодкай і ў крыві." [49] Але, тут трэба падкрэсліць, што да пераважнай колькасці арыштантаў, жалезы не ўжываліся.

Цялесныя пакаранні ў ХІХ ст. стасаваліся як самастойны від, так і ў спалучэнні з іншымі карамі. Асноўнымі прыладамі ў гэтым выпадку выступалі: пуга (забаронена ў 1845 г.), бізун (плець), розга , а ў выпадку асоб, што былі перададзены ваенна-палявому суду - шпіцрутэны . Найбольш цяжкія знявечанні наносіліся пугай. Суадносіны жорсткасці ўдараў, згодна з вышэйшым прадпісаннем 1845 г., выглядалі наступным чынам: 1-10 удараў пугай = 30 удараў бізуна; 1-10 удараў бізуна = 40 удараў розгамі [50]. Немалаважнымі дэталямі ў гэтай справе было таксама хто, дзе і якімі прыладамі ажыццяўляў пакаранне. Што тычыцца апошняга, цэнтральныя ўлады ўвесь час імкнуліся да ўніфікацыі інструментаў цялесных мер уздзеяння. Першая падобная спроба датуецца 1836 г., калі міністрэрствам унутраных спраў быў распачаты збор звестак аб прыладах пакарання, што выкарыстоўваюцца ў розных рэгіёнах імперыі. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтай цікаўнасці ўладаў, мы сёння маем магчымаць пабачыць як выглядалі падобныя прыстасаванні, што ўжываліся ў Горадні ў той час (гл . Дадатак № 2 ). У далейшым міністэрства ўнутраных спраў у вырашэнні гэтага пытання пайшло яшчэ далей. У 1848 г. па ўсёй імперыі было разаслана "настаўленне" аб вырабе і выкарыстанне розгаў. Паколькі графічных выяваў эталона дадзенай прылады да прадпісання не прыкладалася, то застаецца скарыстацца яе пісьмовым апісаннем: "Розгі для пакарання злачынцаў павінны складацца з тонкіх бярозавых дубцоў, даўжынёй 1¼ аршына (каля 90 см.) колькасцю ад 10 да 15 штук… Дубцы перавязаны ў трох месцах, без лісця… Пасля 10 удараў розгі прызнаюцца нягоднымі для далейшага выкарыстання і павінны быць заменены на іншыя… Павінны захоўвацца ў сырым месцы…" і г.д [51]. Пасля атрымання такой падрабязнай інструкцыі ў Горадні былі падрыхтаваны 10 скрынь для захавання ў іх эталонаў дадзенага інструмента пакарання і пасля разасланыя па ўездах. Таксама не лішнім тут будзе прыгадаць, што дадзеныя меры ўздеяння ў дачыненні да прывілеяваных саслоўеў не выкарыстоўваліся.

Што тычыцца пытання аб тым, на каго былі ўскладзены абавязкі па ажыццяўленню цялесных пакаранняў, то адказ тут будзе адназначны - гэтым займаўся гарадзенскі кат . Паколькі гэта тэма яшчэ чакае на свайго даследчыка, то ў дадзенай рабоце будуць закрануты толькі некаторыя аспекты дзейнасці чалавека такой рэдкай прафесіі. Першым вядомым гарадзенскім катам з'яўляецца Іван Паўлікоўскі, звесткі аб якім датуюцца 1816-пачаткам 1820-х гадоў. Невядома ці паходзіў ён з вольных людзей ці быў арыштантам. Беластоцкая гродская дума (за выкананую работу?) выплочвала яму ў год у сярэднім 22 р. срэбрам [52]. Паколькі ў прыгаворах тых часоў сустракаюцца такія санкцыі як "рванне ноздраў" і кляйменне, то, можна меркаваць, што кат займаўся таксама і гэтым. Адкрытым застаецца пытанне ці ўваходзіла ў яго абавязкі здзяйсненне смяротных прысудаў праз павешанне. Вядомы факт, што падчас выканання падобнай кары ў Кобрыне ў кастрычніку 1863 г., вайсковае начальства патрабавала выслаць дзеля ажыццяўлення экзекуцыі кáта [53]. Дзейнасць заплечных спраў майстра не абмяжоўвалася выключна губернскім цэнтрам. Для выканання пакаранняў ён пастаянна выязджаў ва ўездныя цэнтры і беластоцкую вобласць. У адпаведнасці з пастановай Дзяржаўнага Савета, датаванай 1833 г. "пры адсутнасці жадаючых быць кáтамі з ліку людзей вольных" прадпісвалася абіраць жадаючых з асуджаных да высылкі ў Сібір" [54]. Вядома, што калі ў 1848 г. пасада заплечных спраў майстра аказалася вакантнай (бо кат Сямён Свёкла (з ліку былых вязняў) не мог выконваць свае абавязкі з-за цяжкай венерычнай хваробы), пачаліся тэрміновыя пошукі замены. Паказальна, што ў самім горадзе, як сярод вольных так і арыштантаў (нават нягледзячы на магчымасць пазбегнуць цялеснага пакарання і высылкі ў Сібір), жадаючых не аказалася [55]. Магчыма, далейшыя пошукі, што былі арганізаваны паліцыяй па ўсёй губерні таксама не далі вынікаў, бо ў сярэдзіне 50-х гадоў для выканання цялесных экзекуцый (напрыклад над дзячком Паўлам Шпакам за крадзеж грошай у Коматаўскай царкве) у Горадню быў камандзіраваны віленскі заплечных спраў майстар [56]. У 60-70-я гады ХІХ ст. функцыі гарадзенскага кáта выконваў Лаўрэнці Мінка. Пражываў ён на тэрыторыі турмы (што праўда асобна ад іншых заняволеных у спецыяльным будынку), грашовае яго ўтрыманне складала ўдвая большую суму ад арыштанскага (6*2=12 кап.), апранаўся ён таксама ў турэмную вопратку [57].

Для выканання казні (а менавіта так у той час найбольш часта называліся пакаранні, якія выконваліся кáтам) у горадзе існавала адмысловае, як акрэсліваюць яго дакументы, "лобнае месца". Нажаль, брак інфармацыі не дае магчымасці яго дакладна лакалізаваць, што тычыцца ХІХ ст. Вядома, што гэта была нейкая плошча (згодна з логікай папярэдніх стагоддзяў верагодней за ўсё цэнтральная [58]) дзе выстаўляўся эшафот разам з прэнгерам (слупом ганьбы). Яшчэ давядзецца дакладна ўстанавіць ці было іх з'яўленне звязана з разасланай у 1847 г. міністэрствам унутраных спраў адпаведнай інструкцыяй, якая суправаджалася дэталёвым чарцяжом месца для выканання пакаранняў разам з слупом (гл . Дадатак № 3 ), ці ўсё ж такі яны стасаваліся і раней. Паколькі ўзгаданая інструкцыя мае даволі цікавы змест і непасрэдна прысвечана апісанню працэдуры ажыццяўлення экзекуцыі над пэўнай катэгорыяй арыштантаў, то спынімся на ёй больш падрабязна. "Згодна гэтаму парадку, злачынцу перавозяць да месца казні на ўзнятых чорных панарадах (дрогах); ён павінен мець надпіс на грудзях аб родзе яго віны, а забойца бацькі чорнае покрыва на твары; яго … суправаджае святар і з усіх бакоў вайсковая варта; пасля прыбыцця на лобнае месца і пасля зачытвання ўказа, над злачынцамі дваранскага стану пераломваецца шпага, а пасля злачынца любога стану выстаўляецца …да прэнгера і … калі не выняты ад цялесных пакаранняў, падвяргаецца праз кáта пакаранню бізуном" [59]. У сярэдзіне 50-х гадоў і эшафот і панарады актыўна эксплуатаваліся аб чым сведчаць неаднаразовыя аўкцыёны на рамантаванне некаторых элементаў першага і другога. Пры гэтым эшафот меў не стацыянарны характар, а збіраўся толькі ў выпадку патрэбы і, пры неабходнасці, нібыта цырк-шапіто мог перавозіцца (што часта і адбывалася на практыцы) ў іншы горад [60]. Што тычыцца выканання такзванай працэдуры "грамадзянскай смерці" з пераломваннем шпагі (на памяць адразу прыходзіць хрэстаматыйны, вядомы яшчэ са школы выпадак пакарання Чарнышэўскага), то не ўдалося знайсці ўзгадак яе стасавання ў Горадні. Хаця дакладна вядома, што некаторыя жыхары Гарадзенскай губ. (Апалон Гафмайстар - адзін з будычых начальнікаў паўстання 1863 г., Восіп Багуслаўскі, Вікенці Матушэвіч і інш.) прайшлі праз гэту працэдуру ў 1847 г. (справа эмісара Рэра) [61]. Але экзекуцыя над імі, верагодней за ўсё, адбывалася ў Вільні. Зыгмунд Мінейка ўзгадвае аб выпадку публічнага пакарання бізуном каля прэнгера аднаго з вучняў чацьвертага класа віленскай гімназіі [62]. У Мінску, аналагічныя казні (з выкарыстаннем адмысловага ваза і эшафота), па ўспамінах гісторыка Т. Корзана, адбываліся на Ніжнім Рынку [63]. З гэтага ўсяго вынікае, што Горадня ў гэтым плане нічым не вылучалася з шэрагу іншых губернскіх гарадоў імперыі.

У гарадзенскай турме

Турэмнае заняволенне , хаця і выкарыстоўвалася цягам усяго ХІХ ст., не разглядалася, у адрозненні ад сённяшніх дзён, расейскай юрыдычнай сістэмай у якасці асноўнага спосаба пакарання злачынцы. Нярэдка бывала так, што асоба прысуджаная да невялікага тэрміну заняволення, паспявала адбыць яго яшчэ на стадыі папярэдняга разбіральніцтва, альбо абмежаванне волі за кратамі замяналася на цялесныя пакаранні. Тым не менш, колькасць вязняў гарадзенскага астрога ў вызначаны перыяд стала мянялася ў іх бок павелічэння. Змянялася заканадаўства, мянялася аблічча турмы, не заставаліся на месцы вязні і, тыя, хто за імі наглядаў, мяняліся ўмовы ўтрымання заняволеных. Паколькі цэлае стагоддзе - гэта досыць працяглы адрэзак часу для вывучэння гісторыі пэўнай супольнасці людзей (нават той, што знаходзіліся ў замкнённай прасторы), таму абмяжуемся вызначэннем асноўных тэндэнцый і тых змен, што назіраліся ў жыцці гарадзенскіх арыштантаў.

Гэту характарыстыку трэба пачаць з агульнавядомай тэзы аб тым, што ўмовы жыцця арыштантаў у астрозе былі цяжкімі. Шматлікія скаргі асоб, якія апынуліся за кратамі, сведчаць аб іх рэзкім пагаршэнні здароўя. Цяжкае, "гнілое", з спецыфічным пахам паветра; вільгаць, цвіль, пячны ўгар, скразнякі ў камерах і на калідорах у сукупнасці з псіхалагічным ударам, звязаным з абмежаваннем свабоды (вельмі часта неабгрунтаваным) - усё гэта негатыўна адбівалася на асобах, у першую чаргу, прывілеяванага стану. "Мне падалося, што я апынуўся ў пограбе - настолькі паветра было агідным (repugnant) і вільготным … я жорстка цярпеў, апынуўшыся ў чатырох сценах", - узгадваў Аляксандр Акінчыц, патрапіўшы ў адзіночную (сакрэтную) камеру ўвесну 1864 г. [64] Як увасабленне ўражанняў, што найбольш поўна выяўляе пачуцці і настрой чалавека, які апынуўся ў сярэдзіне ХІХ ст. у гарадзенскім турэмным замке, тут можна прывесці вытрымку з ліста-просьбы Яна Янкоўскага, які, як і яго знакаміты брат Плакід, не быў пазбаўлены літаратурнага таленту (на мове арыгіналу): "…едва ли в начале 12-ой недели достиг я того щастья, что могу передать на Высоконачальничье благоусмотрение … участь мою. Смотря сверху (быў размешчаны ў такзваным "сакрэтным пакоі" для найбольш значных вязняў) на окружающую толпу преступников, я заметил, что они всегда веселы, всегда гуляющие и, будучи обличены в явных преступлениях, хладнокровно встречают своё горе. … Но сколько я уверен в своей совести, что настоящее мое наказание, продолжающиеся уже третий месяц едва ли в тысячной части соответствует моей вине … действием чего настоящее мое здоровье ближе поставило меня к гробу , нежели к настоящей мирской жизни.... И, действительно, один срам заключения в тюрьму , достаточен за мою вину (у яго быў знойдзены жалезны пярсцёнак у памяць аб (Юзафе?) Панятоўскім і перапісаная ім справаздача аб дзейнасці эмігрантскага камітэта ў Парыжы за 1832 г.), а печаль, скука, огорчение, раззорение здоровья, пресечение средств содержания , остались излишним. Чувствую, что здоровье мое постепенно в этой нещастной секретной заперти убывает " [65] і г.д. Несумненна, што пераносіць заключэнне было куды цяжэй аднаму, чым з суседзямі па камеры. "Грамада прымусіла мяне навт забыцца, што я ўсё ж такі ў турме, а не на воле", - узгадваў Ягмін пасля пераводу ў камеру агульнага ўтрымання, - "такі вялікі быў кантраст паміж адзіночным заключэннем і агульнай. Тут жылі …" [66]. Дарэчы, дзякуючы ўспамінам паўстанцаў 1863 г. мы маем унікальную магчымасць зірнуць на гарадзенскі астрог знутры, вачыма вязняў, а не турэмнай адміністрацыі ці інспектуючых органаў, чые рапарты і данясенні складаюць асноўную базу крыніц па дадзенай тэме. Такім чынам, таварыш Зыгмунда Мінейкі па ўцёках з Сібіры - доктар Аляксандр Акінчыц, ва Францыі, праз дзесяткі год узгадваў гарадзенскую адзіночку (secret prison) наступным чынам: "я быў замкнёны на першым паверсе ў даволі вялікім пакое, тры чвэрці якога былі застаўлены. Тут быў ложак, стол, вялікае, размешчанае вельмі высока, але закрытае кратамі акенца. Сцены былі вельмі вільготныя і, пэўна, не бяліліся з часоў зыхода езуітаў; яны былі пакрыты рознага кшталту надпісамі. На бруднай падлозе, пад акенцам я знайшоў купу жоўтага пяску: я не ведаю, дзеля якой патрэбы яна прызначалася" [67]. Амаль што нічым не розняцца, за выключэннем наяўнасці ў камеры пяску, уражанні аб адзіночцы Ягміна: "У камеры, куды з цяжкасцю праз краты вузкага акенца пранікалі праменні святла, стаяў ложак, пакрыты грубай з воўны коўдрай, стол і крэсла. Акенца месцілася пад самай столлю, так, што, глядзець праз яго было немагчыма. ... Ключнік выцягнуў з печкі нейкую драўляную пасудзіну, сказаў аб яе прызначэнні … і выйшаў. … Я не мог спаць і дзеля забавы пачаў лавіць і біць блых, якіх была такая процьма, што ў мяне стамілася рука, і, таму прыйшлося прыбегнуць да іншага віду казні - праз патапленне ў місе з вадой" [68].

Пры дапамозе тых жа асоб, можна скласці, што праўда толькі павярхоўнае ўражанне аб агульных камерах утрымання. "Гэта быў доўгі, брудны пакой… Уздоўж сцяны стаялі вялізарныя ложкі, падобныя на паліцы, на якіх месціліся больш за 10-ць асоб адзін па адным. Нягледзячы на тое, што вязні былі шчыльна напханы адзін каля аднаго, яны далі мне месца". Акінчыцу ў дадзеным выпадку яшчэ пашчасціла. Летам 1863 г., калі ўлады не былі падрыхтаваны да такой колькасці арыштантаў, апошнія спалі на падлозе [69]. Вельмі падобнае да папярэдняга апісання агульнай камеры дае ў сваіх успамінах Ягмін.

Разгялядаючы ўмовы ўтрымання заняволеных у гарадзенскім турэмным замке, трэба зрабіць агаворку, што яны розніліся для розных катэгорый арыштантаў. Паколькі ў Расейская імперыі вышэйшымі стратамі грамадсва на той час з'яўляліся дваране і духавенства, то, адпаведна, яны мелі нейкія прэферэнцыі ў параўнанні з людзьмі простага стану і ў астрозе. Некаторыя адрозненні можна знайсці ва ўмовах утрымання палітычных і крымінальных арыштантаў, хрысціян і іўдзеяў. Але аб усім па-парадку.

Адметны статус дваран -вязняў вынікаў ужо з наяўнасці ў турме адмысловых "дваранскіх" пакоеў. Падобныя камера існавала ў "старой" (да 1820 г.) турме, а ў новай дзеля гэтых мэт ужываўся нават асобны будынак: "для варты і падсудных дваран каменны двухпавярховы будынак" [70] (1848 г.). Асобы шляхетнага паходжання вызваляліся ад усіх відаў фізічнай працы як унутры так і па-за межамі астрога. Любая спроба прыцягнуць іх нават да драбнейшай работы ў межах штодзённага жыцця замка (секчы ці пілаваць дровы, прыбіраць, насіць ваду і г.д.) успрымалася імі як абраза гонару. "Муж мой Мацвей … харчуецца агульнаю з просталюдзінамі ежаю і прыцягваюць яго да розных выпадковых работ, нягледзячы на тое, што аб дваранскім яго паходжанні паперы знаходзяцца пры справе" [71],- скардзілася ў 1839 г. Ева Сямашка.

Дваране ў параўнанні з падатнымі саслоўямі, мелі большыя грашовыя сродкі (у 1,5-2 разы), што адпушчаліся на іх утрыманне і, адпаведна, сілкаваліся інакш за рэшту арыштантаў. Так, напрыклад, нават пасля таго як харчаванне ў турме было пераведзена на так званы "гаспадарчы" метад, калі правіянт пастаўляўся падрадчыкам і ежа гатавалася ў агульным катле, асобы прывеляванага стану атрымлівалі грошы на рукі і "штодня наглядчык купляў прадукты арыштантам дваранскага паходжання" [72] (1874 г.). Часцяком іншыя заняволеныя выкарыстоўваліся імі ў якасці служак: "бачыў Свінцінскага, які рыхтаваў самавар для шляхцянкі Будзелевічовай, якой ён … калі-нікалі прыслугоўваў." [73] (1865 г.) Не выключана, што некаторыя, з ліку найбольш заможных, карысталіся і паслугамі рэстарацыі ці нечага падобнага.

Нягледзячы на свой статус і пэўную адасобленнасць, дваранскі асяродак не быў адзіным, цэльным. Цікава, што нават за турэмнымі кратамі можна сустрэць водгукі непрыязні паміж прадстаўнікамі здавалася б адной страты. Вось як гэта адлюстравана ў прашэнні губернскага сакратара Букінскага (20-я гады ХІХ ст.), які скардзіўся "на ўгар, які адбываецца больш па прычыне псавання печкі пячэннем (гатаваннем) іншымі дваранамі, што ўтрымліваюцца разам з ім, у зачыненай печцы бульбы і ад вывешвання імі вільготнай вопраткі на гарачую печ (звычайна з ліку мясцовай дробнай шляхты, якая, відавочна прывыкла да курных хацін і ўсялякага бруду )…" [74]

Адметны характар гарадзенскіх палітычных вязняў часоў паўстання 1863 г. выяўляўся ў большай, у параўнанні з іншымі катэгорыямі арыштантаў, грашовай суме, якая выдаткоўвалася на іх утрыманне. Так, у адпаведнасці з пастановай, што была зацверджана імператарам у жніўні 1864 г., у сувязі з недастатковасцю сумы (6 і 10 кап. срэбрам), якая расходвалася ў Горадні на гэтыя мэты было дазволена "рабіць выплаты па 15 кап. у суткі на дваран і па 10 кап. для людзей простага стану на харчаванне, з тым каб заняволеныя атрымоўвалі дзве стравы за абедам і па 1-ой на вячэру" [75]. Канечна цяжка западозрыць царскія ўлады ў раптоўнай праяве чалавекалюбства да былых паўстанцаў. Прычыны, якія падштурхнулі царскую адміністрацыю пайсці на гэты крок, яшчэ давядзецца адшукаць. Але не малаважным фактарам у прыняцці гэтага рашэнне было тое, што палітычныя вязні, у адрозненні ад іншых, утрымліваліся не за дзяржаўныя сродкі, а за кошт такзваных надзвычайных працэнтных збораў, якімі было абкладзена мясцовае каталіцкае насельніцтва і, таму, казна ў дадзеным выпадку не несла ніякіх выдаткаў. Дарэчы, падобная практыка выкарыстоўвалася царскай адміністрацыяй і ў 30-я гады (справы эмісараў), калі не толькі выдаткі на ўтрыманне пад вартай, але і "паслугі" жандараў пры суправаджэнні вязняў (у тым ліку і ў Сібір) спаганяліся з маёнткаў нават тых, хто падчас следства быў прызнаны невіноўным. Асаблівы статус "палітычных" выяўляўся і ў тым, што ў адрозненні ад звычайных заняволеных яны не займаліся выкананнем некаторых відаў работ, што звязаны з непасрэдным забеспячэннем жыццядзейнасці астрога. Гэта было, мусіць, звязана з іх статусам "ваенных", а не "цывільных" арыштантаў. І таму турэмная адміністрацыя была вымушана наймаць асобных людзей (канечне ж за сродкі "палітычных") для "ачысткі параш", "чысткі комінаў", вадавоза (студня на тэрыторыі турмы ў той час была няспраўнай) і г.д. [76]

Вязні- габрэі хаця і ўтрымліваліся ў гарадзенскай турме на агульных умовах, але і ў дачыненні да іх можна знайсці некаторыя спецыфічныя рысы іх жыцця за кратамі. Галоўнай адмернасцю было тое, што габрэі (інфармацыя тычыцца першай паловы ХІХ ст.) былі размешчаны асобна ад хрысціян. Падобнае правіла дзейнічала яшчэ ў "старой" турме [77], пасля ж увядзення ў эксплуатацыю новага астрога, іудзеі размяшчаліся ў "габрэйскім пакоі" - камеры № 9 [78]. Невядома, ці захавалася азначаная тэндэнцыя ў другой палове стагоддзя, калі вязняў прадпісвалася сартыраваць па "разрадах" у залежнасці ад тыпа злачынства. Яшчэ адна адметнасць габрэйскага знаходжання ў астрозе звязана з іх харчаваннем. Зразумела, што яны гатавалі ежу асобна ад рэшты заняволеных - "у 5-6 гаршчках, прыстасаваўшы дзеля гэтага печку" [79]. Цікава, што адміністрацыя турэмнага замка пайшла на сустрач гэтай катэгорыі арыштантаў і закупіла ў 1866 г. медны кацёл разлічаны на прыгатаванне ежы на 50-55 асоб (што праўда праз паўтары гады яго прыйшлося мяняць на значна меншы, "з-за скарачэння колькасці арыштантаў-габрэяў") [80]. Нягледзячы на тое, што шматлікія захаваўшыяся прыклады арыштанскага меню і падрадаў на пастаўку прадуктаў у астрог не ўтрымліваюць узгадак аб адметнасцях харчавання іўдзеяў, тым не менш, можна меркаваць, што і ў гэтым плане ўлічваліся асаблівасці іх нацыянальнай кухні. Аб гэтым сведчыць выпадак з кантролем якасці мяса, якое было дастаўлена ў астрог для харчавання хворых арыштантаў у ліпені 1891 г. "у пятніцу напярэдадні шабаша" [81]. Акрамя таго, фактар габрэйскай прысутнасці прыўносіў даволі цікавыя адметнасці ў іншыя праявы турэмнага жыцця, размова аб якіх пойдзе ніжэй.

Харчаванне вязняў залежыла ад тых грашовых сродкаў , якія выдзеляліся на іх утрымане. У Расійскай імперыі не існавала агульных, абавязковых для ўсіх тарыфаў на ўтрыманне заняволеных і, таму, гэтая сума ў кожным рэгіёне вызначалася мясцовымі ўладамі індывідуальна, у залежнасці ад існуючых цэн на харчовыя тавары на мясцовым рынку. Першыя дакладныя звесткі аб фінансавых сродках на харчаванне "калоднікаў" датуюцца 1816 г. Губернскі пракурор, пад кантролем якога знаходзілася ўся пенітэнціярныя сістэма, быў не мала здзіўлены адсутнасцю нейкай "па гэтаму прадмету дакладнай пастановы", у выніку чаго назіралася наступная карціна: "у Кобрыне, Лідзе, Пружанах і Горадне адпушчаецца ад казны ў суткі па 2 кап. срэбрам; у Навагрудку і Слоніме 2 кап. меддзю, у Берасце - 5 кап. меддзю … што тычыцца Горадні, то магу засведчыць, што 2-ух кап. ср. недастаткова нават на хлеб, бо за гэтую цэну, па дарагавізне, купіць яго можна толькі 1,5 фунты" [82]. У далейшым, цягам усяго ХІХ ст. сума на ўтрыманне вязняў увесь час вагалася па прычыне ўсё той жа "дарагавізны". Так, у 1821 г. яна складала ўжо 12 кап. (меддзю), у наступным 1822 г. - 15 кап. меддзю, што адпавядала 3 ½ кап. срэбрам, у 1837 г. - 11 кап. (меддзю), 1838 г. - 8 кап. (меддзю), 1840 г.- 3 1/7 кап. (срэбрам), 1847 г. - 7 ¼ кап. (срэбрам), 1849 г. - 7 ½ кап. (а для дваран 15 кап. ср.), 1863 г. - 6 кап. (срэбрам) [83].

За гэты час важныя змены адбыліся і ў крыніцах фінансавання арыштантаў. 19 студзеня 1838 г. быў утвораны "гарадзенскі папячыцельны аб турмах камітэт" [84], які і ўзяў на сябе абавязкі ў тым ліку і па забеспячэнню вязняў (падобныя камітэты былі створаны ва ўсіх губернскіх і нават уездных гарадах). Але няглядзечы на ўсе вышэй адзначыныя змены, грашовых сродкаў на ўтрыманне арыштантаў належным чынам, ніколі не хапала. І таму і губернскімі ўладамі і турэмным камітэтам заўсёды выкарыстоўваліся дадатковыя (альтэрнатыўныя) крыніцы паступлення грошай на карысць заняволеных. Да іх ліку можна аднесці заробкі за розныя віды выкананых работ (аб чым пойдзе гаворка ніжэй), міласціня (са слоў таго ж пракурора "единое подаяние доброохочих служит им пособием"), ахвяраванні розных асоб, сярод якіх неабходна вылучыць постаць губернатара М. Анджэйковіча (на пасадзе з 1817 па 1824 гады), пры якім была пабудавана новая турма, адкрыта там капліца (каталіцкая), ды ён сам пастаянна рупіўся аб паляпшэнні становішча вязняў, не шкадуючы на гэтыя мэты ўласныя даволі значныя грашовыя сумы. Што тычыцца жабрацтва, то ім у асноўным займаліся перасыльныя. Але ёсць факты, што сведчаць аб распаўсюджанні падобнай практыкі (канечне, не без ведама і садзейнічання з боку каравульных) і ў гарадзенскім турэмным асяродку нават сярод прывілеяваных саслоўеў. Так, 5 кастрычніка 1866 г. адным з каравульных афіцэраў у суправаджэнні веставога быў адпушчаны ў горад "цывільны арыштант з дваран Баляслаў Сезянеўскі, які, называючы сябе палітычным злачынцам па прозвішчу Плюта (рэальная асоба з беластоцкай гімназіі, высланы - А.Р.), асуджаным да хуткай высылкі ў Сібір, заходзіў у многія дамы і прасіў міласціні…" [85]

Яшчэ адной, як вынікае са зместа дакументаў, даволі важнай дадатковай крыніцай фінансавых паступленняў з'яўляўся так званы " турэмны кубак " (па аналогіі з царкоўным), які функцыянаваў на працягу ўсяго стагоддзя. Цікава, што ён не заставаўся пусты, што сведчыць аб адносінах гарадзенцаў да тых, хто знахозіўся за каменнай сцяной. Захавалася апісанне гэтай прылады для збору ахвяраванняў (1863 г.), з якой вынікае, што ад кубка засталася толькі назва: "скрыня для міласціны (подаяния) гродзенскім арыштантам каля брамы турэмнага замка" [86]. Аднак, нягледзячы на разнастайнасць шляхоў грашовых паступленняў на патрэбы вязняў, сродкаў на гэтыя мэты ўсё роўна заўсёды не хапала. Вось чаму ў архіўных справах даволі часта можна сустрэць просьбы розных наглядчыкаў замка аб кампенсаванні ім выдаткаў, што былі зроблены імі з уласнае кішэні на паляпшэнне варункаў утрымання арыштантаў.

Ваганне тых сум, што паступалі на харчаванне турэмных вязняў (напрыклад яе павелічэнне ў 2 разы ў 40-я гады ХІХ ст.) не ўплывала на склад, колькасць і якасць ежы. Але тут адразу трэба агаварыцца, што да 1836-1837 гадоў грошы ў гарадзенскай турме выдаваліся на рукі і арыштанты самі праз давераных асоб забяспечвалі сабе прадуктамі. Водгук падобнай сістэмы можна знайсці нават у 1865 г. калі значная колькасць вязняў яшчэ знаходзілася ў пакармеліцкім кляштары. Тады наглядчыкам у горад быў адпушчаны Ферстар, з ліку заняволеных, "пры гэтым ён унёс з сабой кармавыя грошы іншых арыштантаў, што былі ў яго на руках, таму што, наглядчык без выбараў прызначыў яго арыштанскім арцельшчыкам" [87]. Прыкладна з 1836-1837 гадоў быў уведзены новы, гаспадарчы (падрадны) метад забеспячэння заняволеных харчам: "а ад прыняцця тых грошай на рукі, як гэта рабілася паўтары гады таму, арыштанты абсалютна адмовіліся" - паведамляў гаразенскі паліцмайстар у красавіку 1838 г. [88] Відаць, што падобны пераход адбыўся па мясцовай ініцыятыве, у той час як у іншых вязніцах яшчэ захоўвалася ранейшая практыка: "хаця па прыбыццю ў Горадню … мы харчаваліся хлебам і тою ежаю, што давалі нам", скардзіліся ў 1857 г. перасыльныя арыштанты, - "але, паколькі мы не прызвычаіліся да падобнай і, таму, церпім на здароўе … бо паўсюль, дзе праходзілі атрымлівалі кармавыя грошы." [89]

Галоўным артыкулам спажывання ўвесь гэты час з'яўляўся жытні хлеб. Пасля пераходу да новага спосабу паставак, у гарадзенскім астрозе хлебная норма заставалася нязменнай - 2 ½ фунты (1 фунт = 409,5 г.), што было вызначана адмысловай "Інструкцыяй наглядчыку губернскага турэмнага замка" 1831 г. [90] Паколькі ўласнай пякарні ў астрозе не было, то яго пастаўкамі займаўся падрадчык. У выпадку нейкіх падазрэнняў, што тычыліся якасці гэтай прадукцыі, мясцовы ўрач разам з іншымі службовымі асобамі праводзілі экспертызу яго сладніка і смакавых характарыстык. Менавіта на хлеб ішла большая частка сродкаў (70-90%) з тых, што накіроўваліся на ўтрыманне арыштантаў. Усё іншае, для харчавання вязняў мела назву "прыварка", які гатаваўся для ўсіх у агульным катле. На прыварак ішлі самыя танныя прадукты з мясцовага рынку: розныя крупы, з якіх пасля варылася каша ці баланда, гарох, капуста (у розным выглядзе), шчаўё (па сязону), буракі, у якасці запраўкі - сала, а ў посныя дні алей. У другой палове ХІХ ст. у меню па серадах і пятніцах з'яўляецца селядзец. Мяса і бульба спарадычна ўзгадваюцца ў дакументах 1840-х гадоў [91]. Калі больш канкрэтна, то рацыён арыштантаў гарадзенскай турмы за 1840 г. выглядаў наступным чынам: на абед і вячэру мелі хлеб (2 ½ фунты), ячную кашу (з разліку 3 гарнцы (1 гарнец - 3,28 літра) крупы на дзень на 26 асоб), 1 ½ кварты солі 1 фунт сала на тую ж колькасць людзей [92]. Нажаль, няма звестак ці гэта меню змянялася, ці заставалася нязменным цэлы тыдзень. Згодна з кантрактам на пастаўку харчавання падрадчыкам на 1863-1865 г., выяўляецца тэндэнцыя па паступовым паляпшэнні ў забеспячэнні заняволеных, паколькі пісьмовая дамова прадугледжвала, што па панядзелках, аўторках, чацвяргах і суботах аснову прыварка будзе складаць (з разліку на 20 чалавек): ячная крупа - ½ гарнца, капусты, буракоў ці шчаўя - 1 вядро, сала ½ фунта; у нядзелю толькі ячная крупа і сала, а ў сераду і суботу грэцкая каша (½ гарнцы крупы на 10 асоб), 1 селядзец на (на тую ж колькасць). Акрамя таго, кожны дзень соль і хлеб [93]. Што тычыцца піцця, то ў дакументах і ўспамінах неаднаразова ўзгадваюцца самавары - зразумела для прыгатавання якога напоя яны ўжываліся. Вызначэннем арыштанскага пайка, як і сродкаў, што адпушчаліся на гэтыя мэты, займалася мясцовае начальства. Калі, напрыклад, параўнаць харчаванне вязняў у Горадне і Менску, то можна заўважыць адрозненні. Так, у 60-я гады ХІХ ст. рацыён "жыхароў" знакамітага Пішчалаўскага замка складаўся з хлеба, грэчневай і ячнай круп, ялавічыны, алея, сала, солі, кваса, бульбы, буракоў і капусты (свежых, квашаных, кіслых), а ў ліпені-верасні, замест апошніх прадуктаў - зеляніна [94]. Як відаць, параўнанне не на карысць гарадзенскай турмы. А калі дадаць да гэтага мізэрнага пераліку харчовых тавараў тую характарыстыку, якая дзе-нідзе сустракаецца адносна таго, што спажывалі вязні на самой справе штодня ("ежа для арыштантаў гатуецца надта кепская (весьма дурная) і недастатковая: вараны гарох, які даецца раз на суткі вадкі і нясмачны" - адзначаў губернатар фон Галер, які наведаў астрог у жніўні 1862 г. [95]), то карціна, спраўды, атрымоўваецца вельмі сумная. Некаторыя (як той жа Галер ці М. Мураўёў у 1864 г.) бачылі прычыну падобнага становішча ў сферы турэмнага харчавання ў склаўшайся сістэме гаспадарчых паставак, калі, на іх думку, "падрадчык наўраці расходуе палову таго, што атрымлівае". У сваю чаргу, турэмнае начальства, нават пасля прапановы М. Мураўёва змяніць падобны стан рэчаў, не захацела браць на сябе адказнасць за харчаванне ў замке, пакінуўшы ўсё па-старому. Адзначу, што на працягу даволі значнага перыяду, у 1850-70-я гады ХІХ ст. пастаўшчыкам прадуктаў для губернскай (а таксама і ўезных) турмаў з'яўлялася гарадзенская купчыха Гінда Айзекаўна Вільбушавічова. Ёй, дарэчы, належыў нават і посуд, з якога харчаваліся вязні.

За дадатковую плату з уласнай кішэні, любы арыштант мог, у сілу сваіх фінансавых магчымасцяў, палепшыць свой рацыён. Іншай крыніцай гэтага была дапамога з волі ад блізкіх і сваякоў. "Сябры дасылалі нам ежу з горада",- узгадвае ўсё той жа Аляксандр Акінчыц, а ў іншым месцы ўдакладняе, што перадавалі ім тытунь і апельсіны [96]. У той жа час частка асоб, што знаходзілася за кратамі, была пазбаўлена падобнай магчымасці (сем'і не ў горадзе, альбо ў бедным становішчы) і таму, у некаторых выпадках, адбывалася наадварот - турма брала на сябе выдаткі на ўтрыманне малых (часцяком яны пераводзіліся ў замак з адным з бацькоў), ці нават цэлай сям'і, што заставаліся без кармільца.

Як адзначалася вышэй, адным з спосабаў паляпшэння свайго матэрыяльнага, і адпаведна, харчовага забеспячэння, былі разнастайныя работы , да якіх прыцягваліся вязні. Падобная практыка існавала з пачтаку ХІХ ст., аб чым сведчаць нарады аб суправаджэнні арыштантаў у горад для выканання як гарадскіх, так і прыватных заказаў [97]. Напрыклад, заробак за 1 працадзень на капанні канаваў у 1817 г. складаў 15 кап. асігнацыямі [98] (нават больш, чым адпушчалася на іх утрыманне ўладамі ў 1821 г.). На працягу ўсёй першай паловы ХІХ ст. асноўным відам работ, дзе былі задзейнічаны гарадзенскія вязні, з'яўляліся працы па добраўпарадкаваню горада: прыбіранне плошчаў і вуліцаў, рамонт дарог (брукоўка), пілаванне і сеччанне дроваў розным канцылярскім установам і г.д. Паколькі турэмны замак некалькі разоў у ХІХ ст. перабудоўваўся і пашыраўся, то ў заняволеных з'яўляўся дадатковы шанс знайсці сябе заробак не выходзячы за яго муры. З сярэдзіны 30-х гадоў, пасля наведвання некаторых пенітэнціярных устаноў імперыі прынцам Пятром Галстэйн-Альдэрбургскім, мясцовая турэмная адміністрацыя, па вышэйшаму прадпісанню, была азадачана стварэннем умоў для пастаяннай занятасці вязняў на тэрыторыі замка. І калі першыя захады начальства ў гэтым кірунку выглядалі вартымі жалю (у 1839 г. былі закуплены 4 ручныя жоравы (якія так здаецца і не выкарыстоўваліся) і пралкі для льну) [99], то ў далейшым турэмная гаспадарка значна пашырылася. У 1887 г. акрамя работы ў горадзе, рамантання турмы, і г.д., арыштанты зараблялі грошы распілоўкай дошак для розных асоб (у тым ліку і буйнога капіталіста Шарышэўскага), а найбольшая іх колькасць была занята шавецкай і сапожніцкай справай, вырабляючы розныя артыкулы вопраткі для вязняў і абутак (арыштанская мадэль мела назву "коты") [100]. У адпаведнасці з існуючымі ў турме правіламі, на рукі заняволеныя маглі атрымаць толькі палову заробку, іншая яго частка ішла на паляпшэнне іх харчавання [101], аб складзе і якасці якога ўзгадвалася вышэй. Таксама арыштанты выконвалі работы, звязаныя з штодзённым функцыянаваннем турмы - насілі ваду для кухні і лазні, чысцілі прыбіральні, пралі і цыравалі вопратку (жанчыны), гатавалі ежу, атоплівалі ўсе будынкі, прыбіралі і г.д. Зразумела, што азначаныя работы ім не аплочваліся.

Цікавая назіранні аб турэмным жыцці можна зрабіць даследуючы рэжым утрымання вязняў. Асноўная тэндэнцыя, якая выразна вымалёўваецца пры параўнанні ўстаноўленага парадку заняволення ў першай і другой паловах ХІХ ст. - гэта ўзмацненне кантролю. На пачатку стагоддзя рэжым утрымання ў розных турмах розніўся, паколькі адсутнічала агульнае заканадаўства па гэтым пытанні ў межах усёй імперыі. Гэта тэндэнцыя выразна прасочваецца на прыкладзе гарадзенскага астрога, дзе выпадкі яго парушэння ў першыя дзесяццігоддзі ХІХ ст. адзначаюцца куды часцей, а некаторыя з іх даюць падставу ставіць пад сумненне пенітэнціярны характар мясцовага турэмнага замка. Даволі часта ў гэты час фіксаваліся факты, калі арыштанты (што праўда ў суправаджэнні варты) выпушчаліся ў горад па сваіх справах. Зразумела, што некаторыя з іх, карыстаючыся момантам, уцякалі. Але падобныя адзіночныя выпадкі не ідуць ні ў якое параўнанне з той карцінай, якая адкрылася губернскаму пракурору 8 верасня 1817 г. У гэты дзень у астрозе адсутнічалі ўсе габрэі. Ад пракурора нават не хавалі, што ўсе іўдзеі-вязні былі выпушчаны па вусным распараджэнні наглядчыка "у дамы, для малення, з нагоды надыйшоўшых габрэйскіх святаў" [102]. Трэба разумець, што падобная практыка мела месца і раней? Лагічным тут будуць пытанні, ці распаўсюджавалася яна на хрысціян і колькі каштавалі святы ў сямейным коле (у дабрачыннасць турэмнай адміністрацыі веры мала)? Нажаль, дакументы не даюць адказы на гэтыя пытанні.

Не менш яскравы факт, які характаразуе адметнасці турэмнага рэжыму ў гарадзенскім замке датуецца 1822 г. Тады, напярэдадні новага года ў адной з камер быў выкрыты міні-шынок, дзе кожны ахвочы (нават вартавы) мог набыць за 10 грошай кварту гарэлкі [103]. Што праўда, вялікая колькасць п'яных у астрозе выклікала падазрэнне аднаго з найбольш заўзятых вартавых, а далейшае следства па гэтай справе выкрыла прыналежнасць да ўсёй гэтай афёры наглядчыка турэмнага замка [104]. Можна нават не ўказваць нацыянальнасць таго, хто займаўся рэалізацыяй моцнага напоя - тут усё зразумела. А колькі падобных дзеянняў, якія не стасуюцца са статусам рэжымнай установы засталося па-за ўвагай кантралюючых органаў і гісторыкаў? Для параўнання: на пачатку ХХ ст. (1901 г.) сур'ёзным парушэннем лічылася, напрыклад, ужо тое, што арыштант дазваляў сябе выпіць гарбаты ў невызначаны дзеля гэтага час [105]. Але ўсё ж такі найбольшая колькасць нараканняў у правяраючых на працягу ўсяго перыяда даследавання выклікала вопратка. Справа ў тым, што нягледзячы на строгія прадпісанні, шматлікія заўвагі і папярэджанні аб тым, што ўсе арыштаны павінны быць апрануты ў агульную для ўсіх вязняў форму, заўсёды знаходзілася хоць некалькі асоб, якія сваім знешнім выглядам не адпавядалі вызначаным правілам. І хаця адміністрацыя заўсёды знаходзіла гэтаму нейкія аб'ектыўныя прычыны, здаецца, што без суб'ектыўнага фактара ў гэтай справе таксама не абыходзілася.

Цікава таксама зірнуць на гарадзенскі астрог з пункту гледжання выканання ім адной з асноўных функцый пенітэнціярных устаноў - ізалявання вязня ад навакольнага свету і абмежаванне зносін з сябе падобнымі (што асабліва важна падчас вядзення следства). І архіўныя матэрыялы, і не раз тут узгаданыя ўспаміны, сведчаць, што гарадзенскі астрог, мякка кажучы не заўсёды адпавядаў гэтаму прызначэнню. Нават сам начальнік замка быў вымушаны прызнаць, што вязні 3-га паверха турэмнага корпуса маглі свабодна размаўляць і перакідвацца паперкамі з людзьмі, якія знаходзіліся на суседнім двары. У выпадку калі нейкі ахвочы залазіў дах сарая, што стаяў шчыльна да муроў, то ў зоне яго дасягальнасці аказваліся і "кватэранты" другога паверха [106] (1901 г.)

Некалькі сакрэтаў падобных зносін як з людзьмі ў горадзе, так і тымі, што трымаліся ў "адзіночках", раскрывае Аляксандр Акінчыц. Ён прыгадвае, што ў хуткім часе пасля таго як апынуўся за кратамі, салдат (вартаўнік) прынес яму два хлебы і гарбату і, нягледзячы на ўсе яго пратэсты, прымусіў узяць ежу. У адным з боханаў была схавана невялікая нататка ад роднага дзядзькі (які таксама ў гэты час утрымоўваўся ў гарадзенскім замке), а таксама аловак і папера (Згодна з існуючымі правіламі, арыштантам катэгарычна забаранялася мець пры сябе пісьмовыя прыналежнасці). "Мы маглі карэспандаваць з людзьмі з горада і іншымі заняволенымі дзякуючы некаторым жандарам і салдатам, якія (за гэта - А.Р.) атрымлівалі надбаўку да свайго невялікага жалавання… Многія вязні перадавалі нататкі праз браму, пазакручваныя, канечне ж, у насоўку ці ручнік, у якіх, сябра звонку пасля перадаваў трохі тытуню ці пару апельсінаў" [107]. "У нас былі свае ўласныя газеты, якія мелі назвы "канфітур", - адзначае ва ўспамінах Ягмін, - "гэта былі маленькія скруткі паперы, на якіх дробным почыркам пісаліся рознага кшталту паведамленні. Кожныя тры дні мы акурат іх атрымоўвалі" [108]. З усяго вышэй сказанага, можна зрабіць выснову, што рэжым у градзенскім астрозе, залежыў не столькі ад замацаванага адпаведнымі правіламі парадка, колькі ад асоб, якія былі адказныя за яго выкананне. Вязні гэта ведалі, і гэтым карысталіся.

Такім чынам, завяршаючы экскурс у гісторыю гарадзенскай турмы ХІХ ст., хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін з эпізодаў турэмнага жыцця, у якіх арыштанты з'яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі, праяўляючы на практыцы ўвесь свой патэнцыял, рэалізуючы ў жыццё свае запаветнае жаданне свабоды. Разам з тым, азначаны аспект дазваляе трохі інакш зірнуць на асаблівасці рэжыму і ўмоў утрымання, узаемаадносіны паміж вязнямі, іх псіхалогію, скласці больш поўнае ўяўленне аб унутраным свеце астрога, некаторых іншых праявах турэмнай паўсядзённасці. Магчыма кагосьці гэты раздзел зацікавіць з практычнага боку.

Турэмны ідэал свабоды і некаторыя спосабы яго ўвасаблення

Уцёкі, а таксама некаторыя няўдалыя спробы іх ажыццяўлення падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці.

Уцёкі французскіх ваеннапалонных у 1813-1814 г. падчас іх этапіравання ўглыб Расіі мелі масавы характар. Тут для ілюстрацыі дадзенай катэгорыі уцкачоў прыводзіцца толькі адзін прыклад:

- 21 чэрвеня 1813 г. - доктар дэ Клер. Пасля няўдалай спробы ўцёкаў у Супраслі з таварышамі, быў дастаўлены ў Горадню. У суправаджэнні каравульнага 21 чэрвеня выйшаў з кватэры на базар, дзе прабыўшы палову гадзіны вярнуўся на кватэру. Лекар распрануўся і паклаўся спаць, а вартавы Дзянісаў выйшаў у сені, сеў каля дзвярэй і заснуў. Калі прачнуўся, то ўбачыў, што дэ Клер знік [109].

- 1813 г. - няўдалая спроба. У гарадзенскай гарадавой турме арыштанты пад нарамі зрабілі падкоп ("яма глыбінёй больш аршына") і нават дайшлі ўжо да кладкі, зкуль былі выняты 2 цэглы. Спроба выяўлена, прыняты меры [110].

- ноч з 14 на 15 жніўня 1816 г. - Сямён Самусюк (ён жа Іван Галінскі) - самыя незвычайныя ўцёкі . Утрымліваўся ў турме за адсутнасць "пісьмовага віду" і па "сумніцельству" наконт знойдзеных пры ім 6 тыс. руб. Хворы на венерычную хваробу. Арыштанты накармілі каравульных "кашкай", у выніку чаго 19 чалавек вартавых згубіла прытомнасць. Пасля выявілася, што разам з кашай каравульныя блёкату наеліся [111] (Hyoscyamus iger, ці інакш белена). Гісторыя мела працяг. У спісе заняволеных за жнівень 1817 г. сустракаюцца прозвішчы трох габрэяў, якія сядзелі за "абкармленне каравульных салдат дурнап'янам". [112] Ці тут закралася нейкая памылка, ці з іўдзеяў папросту вырашылі зрабіць казлоў адпушчэння, але сапраўды незразумела: чаму труцілі габрэі, а ўцёк хрысціянін? Аб тым, што падобны спосаб уцёкаў у ХІХ ст. карыстаўся пэўнай папулярнасцю сведчыць прыклад беластоцкага астрога, дзе ў 1851 г. пільнымі наглядчыкамі была сарвана спроба вызвалення арыштантаў-габрэяў, якія "мелі намер уцячы ачмурыўшы варту дурнап'янам, у выпадку супраціўлення парэзаць яе (варту) нажамі, а парыкамі прыкрыць выгаленыя часткі сваіх галоваў" [113].

- ноч з 14 на 15 сакавіка 1819 г. - Янкель Абрамавіч Курыла (ён жа Гецель Зялевіч), ссыльны. Уначы каравульны афіцэр Харкоўскі запатрабаваў азначанага Курылу да сябе ў пакой "для баяння казак" . На некаторы момант пакінуў яго аднаго, пайшоўшы ў дваранскі пакой за агнём для файкі. У гэты ж час іншы каравульны, які меў свой пост на калідоры, "незразумела чаму адыйшоў і застаўся ў жаночым пакоі". Калі Харкоўскі вярнуўся - Курыла знік. Пошукі, нягледзячы на вельмі адметную прыкмету ў апісанні знешняга выгляду арыштанта ( на нагах былі жалезныя кайданкі ), плёну не прынеслі [114].

- 4 красавіка 1819 г. - Юры Дамулевіч, рэкрут з сялян. Быў выкліканы для прыбірання афіцэрскага пакоя, адкуль па дарозе збёг (дэталі не раскрываюцца) [115].

- 23 жніўня 1819 г. - Гарбанавічова Антаніна. Пад вартай "самавольна" была адпушчана ў горад. Уцякла. Схоплена на наступны дзень [116].

- 5 верасня 1819 г. - Сакалоў Іван. Каравульны атрымаў прадпісанне перавесці Сакалова ў дваранскі пакой. Выконваючы яго, пакінул арыштанта ў афіцэрскім пакоі свайму зменшчыку. Сакалоў уцёк праз шыбу ў афіцэрскім пакоі, паколькі ні крат, ні варты там не было [117].

- 9 траўня 1821 г. - арыштант N узлез на дах прыбіральні, якая знаходзілася ля турэмнай лазні і "праз вал выскачыў" на волю [118].

- 29 снежня 1822 г. (амаль удалыя ўцёкі) - Франц Жылінскі (абвінавачаны ў крадзежы). Разам з іншымі арыштантамі складваў прывезеныя ў турму дровы. Схаваўся ў той павеці, скуль перабраўся на другі паверх, а адтуль праз дзірку ў столі для камінара, вынуўшы некалькі даховак, узлез на дах, скокнуў на брукоўку і паламаў левую нагу. Схоплены.

- 24 кастрычніка 1832 г. калектыўныя ўцёкі - Іван Занеўскі (шляхціч, па абвінавачанні ў крадзежы), Антон Жывіцкі (бадзяжніцтва), Восіп Масюк (даў прытулак збегламу рэкруту). Ініцыятарам быў А. Жывіцкі. Напярэдадні, гэтыя вязні цягалі ваду ў камеры для арыштантаў-дваран. Паколькі, Занеўскаму былі давераны ключы ад лазні і дрывотні, то ён апошнюю не зачыніў. Увечары, калі начная варта яшчэ не была выстаўлена, яны выйшлі з камеры і праз дрывотню, сякерай сарвалі замок з дзвярэй, што вяла на другі паверх, стуль па драбінах вылезлі на гарышча, выбралі некалькі даховак і, перабраўшыся на дах, па вяроўцы злезлі ўніз. Праз 3 дні Масюк схоплены ў сябе ў хаце ў Навасёлках [119].

- 2 жніўня 1850 г. - Матэвуш Павук (ён жа Клім) і Франц Кулікоўскі (ён жа Фларыян Тыль). Пад вартай былі высланы для прыбірання гарадскіх плошчаў. А 5-ай гадзіне збеглі з-пад варты. Схоплены 13 жніўня ў занёманскім фарштаце "па наводцы" мясцовых габрэяў [120].

- ноч з 12 на 13 снежня 1862 г. калектыўныя ўцёкі - Вікенці Якімовіч (дваранін, абвінавачаны ў канакрадстве), селянін Людвік Заблоцкі (меў на руцэ кляймо К.А.Т. - катаржнік) і Рэаровіч (разбой). Утрох знаходзіліся ў турэмным шпітале. Дачакаўшыся, што ўсе вартавыя ў шпітальным пакоі заснулі, узяўшы ключы пакінутыя ў дзверах, адчынілі тыя, што вялі на гарышча і з дапамогай вяровак для бялізны праз слухавое акенца вылезлі на дах і з вышыні 4-ох сажаней саскокнулі на вуліцу. Вартавы з вонкавага боку астрога ўзняў алярм, але схоплены быў толькі Рэаровіч [121].

- 12 ліпеня 1865 г. - Ферстар (з дваран). Самыя простыя ўцёкі . Утрымліваўся ў пакармеліцкім кляштары. Быў адпушчаны ў горад, на тэлеграф наглядчыкам без суправаджэння. Не вярнуўся. Пры ім былі кармавыя грошы на харчаванне вязняў [122].

- 25 верасня 1865 г. - Свінцінскі Якаў (селянін) і Казімір Коц (шляхціц) - абодва палітычныя. У ніжнім калідоры паезуіцкай каменіцы вынулі адну шыбу і праз касцельны двор выбраліся на Купецкую вул. [123]

- сакавік 1866 г.(няўдалая спроба) - А. Буднікаў і П. Наймановіч рыхтуючы ўцёкі, выламалі дошку на другой паліцы ў лазні і пачалі там рабіць пралом ў каменнай сцяне. Былі выдадзены катам Мінкай, які заўважыў як яны ўлазяць у лазню праз акенца [124].

- 7 верасня 1874 г. - Аляксандр Гарасека і Георгі Нікалайціс зрабілі пралом у падлозе майстэрань, трапілі ў пограб паезуіцкага будынка, "які даў ім вольнае выйсце на вуліцу" [125].

- "3-га мартца (1907 г.) з гродзенскай турмы ўцякло 18 падследственых арыштантаў. Яны прабілі сцяну, вылезлі праз камін на стрэху, зрабілі з пасцірадлаў вяроўкі, спусціліся на двор касьцельны, прайшлі праз пустую плябанню ды ўцяклі" [126], - інфармацыя паходзіць з "Нашай Нівы", якая не магла не звярнуць увагу на факт такіх масавых уцёкаў.

Зразумела, што прадстаўленыя тут выпадкі не вычэрпваюць усіх фактаў удалых і няўдалых уцёкаў з гарадзенскай турмы. Але разам з тым, яны даюць агульныя звесткі аб іх асноўных спосабах і накірунках ажыццяўлення, тых перашкодах, з якімі сутыкаліся ўцекачы, і, канечне ж, шмат у чым дапаўняюць тую інфармацыю, што была прадстаўлена ў розных частках дадзенага артыкула.

Завяршаючы экскурс у гісторыю мясцовых пенітэнціярных устаноў ХІХ ст. трэба адзначыць, што яны мелі шэраг асблівасцяў у параўнанні з іншымі падобнымі ўстановамі нават у межах беларуска-літоўскага рэгіёна, не кажучы ўжо аб тэрыторыі ўсёй імперыі. Гэтыя адметнасці вызначаліся ў першую чаргу спецыфікай размяшчэння гарадзенскай турмы (пакляшторны будынак у цэнтры горада), турэмнай адміністрацыяй, якая ў значнай ступені вызначала спецыфіку ўмоў утрымання і рэжыма. На паўсядзённае жыццё за кратамі свой адбітак таксама накладвалі нацыяльна-рэлігійная і сацыяльная адметнасці Гарадзеншчыны, розныя палітычня падзеі, на якія быў багаты рэгіён у ХІХ ст. і інш.



[1] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня-Wrocław, 2008. С. 37, 51.

[2] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 315, а. 20.

[3] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 1082, а. 17-18.

[4] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 533, а. 20.

[5] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 795, а. 23.

[6] Там жа а. 134-136.

[7] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 533, а. 17,18.

[8] Лисицин В.М. 3а тюремной стеной: история Гродненской тюрьмы (ХІХ в. - 1939 г.). Гродно, 2003.

[9] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1306, а. 41.

[10] Обзор Гродненской губернии за 1896 г. Гродно, 1897. С. 88.

[11] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 2, спр. 110, а.19.

[12] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532, а. 154.

[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 367, а. 4, 8.

[14] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 6, спр. 370, а. 21.

[15] Там жа.

[16] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 702, а. 42.

[17] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532, а. 21.

[18] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 295, а. 426.

[19] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 367.

[20] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 527, а. 17; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532, а. 163.

[21] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 70, а. 9.

[22] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 193, а. 3.

[23] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 22, спр. 1451, а. 33

[24] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 22, спр. 1674, а. 49.

[25] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 224, а. 222, 246.

[26] НГАБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, спр. 26, а. 17-19.

[27] Ягмин. Воспоминания польского повстанца 1863 г. // Исторический вестник, 1892. Т. 50, №12. С.727.

[28] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1306, а. 20.

[29] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532, а. 65.

[30] Лисицин В.М. 3а тюремной стеной: история Гродненской тюрьмы (ХІХ в. - 1939 г.). Гродно, 2003. С. 32.

[31] Упоров И. В. Пенитенциарная политика России в ХVІІІ-ХХ в. (историко-правовой анализ тенденций развития). СПб., 2004. С. 192.

[32] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1093, а. 2.

[33] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1101, а.4.

[34] Бобровский П. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния. Ч. ІІ. С. 544

[35] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 11, а. 3.

[36] Толькі за другую палову 1813 г., згодна афіцыйнай статыстыцы, праз Гародню на ўсход праследвала каля 3,5 тыс. ваеннапалонных розных нацыянальнасцяў арміі Напалеона. (НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 306, а. 101)

[37] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 10, спр. 744, 186, 198.

[38] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1306, а. 17.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 296, а. 9-10.

[40] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 227, а. 96.

[41] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1306, а. 17.

[42] Бобровский П. Указ. твор. С. 541.

[43] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 312, а. 1, 9, 11, 13.

[44] НГАБ у Гродне Ф. 4, воп 1, спр. 1, а.6; РДГА Ф.561, в.1, спр.107, а. 10.

[45] Бобровский П. Указ. твор. С. 538.

[46] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 5, спр.2083а, а. 1.

[47] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 661, а. 111.

[48] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 9, спр. 1, а. 37.

[49] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1018, а. 19.

[50] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 26, спр. 335, а. 3.

[51] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 4, спр. 844, а. 2.

[52] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 354, а. 1.

[53] НГАБ у Гродне. Ф. 1159, воп. 3, спр. 13.

[54] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 22, спр. 67, а. 2.

[55] Там жа.

[56] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 818, а. 21.

[57] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 486, а. 3; Ф. 37, воп. 1, спр. 1051, а. 6.

[58] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня-Wrocław, 2008. С. 51.

[59] НГАБ у Гродне. Ф. 8, воп. 1, спр. 431.

[60] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 818, а. 3, 19, 29.

[61] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 4, спр. 473.

[62] Minejko Z. Z tajgi pod Akropol. Wspomnienia z lat 1848-1866. Warszawa, 1971. S. 44.

[63] Корзан Т. Мінск у сярэдзіне ХІХ ст. // ARCHE. №3. 2010. С. 142.

[64] Memoires by Doctor Alexander Okinczyc Volume I // pages.interlog.com/~mineykok/Okin1.html#Insurection

[65] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 78, а. 20.

[66] Ягмин. Узгад. твор. С.726.

[67] Memoires by ….

[68] Ягмин. Узгад. твор. С. 721, 726.

[69] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1 спр. 638, а. 10.

[70] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 21, спр. 658, а. 8.

[71] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1 спр. 47, а. 2.

[72] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 15, спр. 294, а. 22.

[73] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 1771, а. 9.

[74] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 20, спр. 274, а. 3.

[75] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1399, а. 87.

[76] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 22, спр. 1674, а. 17; Ф. 1, воп. 6, спр. 370, а. 21.

[77] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1759, а. 13.

[78] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 10 спр. 2101, а. 1-3.

[79] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 786, а. 2.

[80] Там жа. а. 19.

[81] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 9, спр. 1508, а. 2.

[82] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 109.

[83] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 2418, а. 15; Ф. 37, воп. 1, спр. 28, а. 1, 124; Ф. 37, воп. 1, спр. 179; Ф. 37, воп. 1, спр. 203, а. 2.

[84] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 36, спр. 1305, а. 82.

[85] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 1923, а. 1.

[86] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 638, а. 20.

[87] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр. 1042, а. 1.

[88] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 28, а. 1.

[89] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 392, а. 2.

[90] Упоров И. В. Указ. Твор.

[91] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 229, а.5; Ф. 37, воп. 1, спр. 179, а.1.

[92] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 28, а. 124.

[93] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 702, 481, 28.

[94] Лісейчыкава Н. Турмы Мінскай губерні: штодзённае жыццё і побыт у 60-я гг. ХІХ ст. // Актуальные проблемы современного гуманитарного образования: материалы третей республиканской конференции молодых учённых и аспирантов. Минск, 2006. С.203-204.

[95] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 599, а. 1.

[96] Memoires by ….

[97] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 90, 109.

[98] Там жа.

[99] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 1, а. 64.

[100] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 1539, а. 226-229.

[101] НГАБ у Гродне. Ф. 37, воп. 1, спр. 317, а. 1.

[102] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 97.

[103] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 20, спр. 276, а. 2.

[104] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 2838, а. 268.

[105] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 21, спр. 1770, а. 1.

[106] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 21, спр. 1774, а. 2.

[107] Memoires by ….

[108] Ягмин. Узгад. твор. С. 726.

[109] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 294, а. 31.

[110] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 319, а. 5.

[111] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 833, а. 1-4.

[112] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1033, а. 143-144.

[113] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 593, а. 19.

[114] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1759, а. 1, 2, 13.

[115] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1018, а. 12.

[116] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 2057., а. 17.

[117] Там жа. а. 23.

[118] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 2418, а. 156.

[119] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 10, спр. 283, а. 6-8.

[120] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 21, спр. 1392, а. 1, 6.

[121] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 6, спр.314, а. 3, 5, 14.

[122] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр 1041, а. 1.

[123] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 1771, а. 6-7; Ф. 1, воп. 28, спр. 1042, а.1.

[124] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 1913, а. 1.

[125] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 15, спр. 293, а.1.

[126] Наша ніва 9 (22) марца 1907 г. № 10. С. 7.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX