Папярэдняя старонка: Радзюк Алесь

Паўстанне 1830-1831 г. на Гродзеншчыне: ход, задушэнне, наступствы 


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 16-07-2013,
Крыніца: Białoruskie zeszyty historyczne - 2010. - № 34. - S. 39-71.



Далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі дало моцны штуршок развіццю ў гэтым рэгіёне нацыянальна-вызваленчага руху. Жорсткае задушэнне паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, крушэнне надзей 1812 г. не здолелі стрымаць жыхароў гэтага краю ад актыўнага ўдзелу ў барацьбе за адраджэнне колішняй Рэчы Паспалітай. Пры гэтым неабходна адзначыць, што Рэч Паспалітая палітычай элітай беларуска-літоўскага краю ўспрымалася не як унітарная, выключна польская, а як федэратыўная дзяржава дзвюх народаў. Рэчпаспалітаўскі патрыятызм трымаўся на перакананні, што без дапамогі Польшчы Літва не здолее вызваліцца з-пад расійскага панавання. Менавіта ў гэтым рэчышчы на Беларусі дзейнічалі шматлікія тайныя і легальныя арганізацыі. На працягу 1815-1830 г. на тэрытoрыі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расійскай імперыі існавала больш за 70 тайных згуртаванняў [1]. Таварыствы ў найбольшай ступені былі распаўсюджаны сярод вучнёўскай моладзі, але існавалі яны таксама і ў асяроддзі вайскоўцаў. "Змоўніцкая" плынь была характэрнай рысай нацыянальна-вызваленчага руху таго часу многіх краін. Тут варта прыгадаць выступленне дзекабрыстаў у Расіі ці прыклады іншых заходнееўрапейскіх дзяржаў, дзе атрымаў распаўсюджанне рух карбанарыяў. Дарэчы, выступленне ў Варшаве ў лістападзе 1830 г. было таксама падрыхтавана невялікай групай змоўшчыкаў, што паўстала ў варшаўскай школе падхарунжых у 1828 г. Гэта акцыя так бы і засталася лакальнай з'явай, калі б яе не падтрымалі многія тысячы жыхароў былой Рэчы Паспалітай. А для паўстання на гэтых абшарах існаваў цэлы шэраг перадумоў як нацыяльнага так і сацыяльна-палітычнага характару.

Значнаму росту незадаволенасці розных слаёў насельіцтва на тэрыторыі Беларусі садзейнічала палітыка, якую праводзіў царызм на "новадалучаных" землях. У першую чаргу гэта палітыка закранала інтарэсы мясцовай (пераважна дробнай) шляхты. Усе расійскія імператары пачынаючы з Кацярыны ІІ імкнуліся да рэдукцыі гэтага саслоўя, у якім яны (і не без падстаў) бачылі галоўную пагрозу палітычнай стабільнасці на гэтых землях. Асабліва актывізавалася гэта палітыка пры Мікалаі І. У 1826 г. з'явіўся ўказ, які ўстанаўліваў тэрміны і парадак залічэння былой шляхты ў аклад, у 1928 указ аб парадку абкладання ваколічнай і чыншавай шляхты падымным земскім падаткам. У 1929 г. былі створаны камісіі, якія заняліся распрацоўкай мер па зліццю дробнй шляхты з класам дзяржаўных сялян. Вядома ж, усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі масавую незадаволенасць у асяроддзі гэтай сацыяльнай групы, якая не хацела мірыцца са стратай свайго прывілеяванага становішча. Палітыка царызму таксама закранала інтарэсы маёмаснай шляхты. Нягледзячы на тое, што на ўсё шляхецкае саслоўе было распаўсюджана дзеянне "Дарчай граматы расійскаму дваранству", якая забараняла адабранне спадчыннай маёмасці ў казну без пастановы суда, іх зямельная ўласнасць знаходзілася пад пагрозай секвестру і канфіскацыі. Правядзенне падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстанне 1794 г, падзеі напярэдадні і падчас вайны 1812 г. сведчаць аб тым, што правы мясцовага набілітэта знаходзіліся ў прамой залежнаці ад ступені палітычнай лаяльнасці да існуючага рэжыму. І нават такія "правіннасці" як невыплата экдывідарскіх пошлін, непастаўка ў тэрмін харчовых запасаў ці фуражу на патрэбы арміі і г. д. прыводзілі да накладання забароны на маёнтак.

Незадаволенне сярод розных сацыяльных груп выклікала з'яўленне на тэрыторыі Беларусі буйнога расійскага землеўладання. З аднаго боку гэты працэс непасрэдна закранаў інтарэсы сялянства. У выніку шматлікіх раздач у канцы XVIII ст. сотні тысяч беларускіх "душ" былі пераведзены з ліку дзяржаўных і царкоўных у разрад прыватнаўласніцкіх. Пасля далучэння да Расійскай імперыі значна пагоршылася сацыяльнае становішча ўсіх саслоўных груп сялянства. Замена падымнага падушным падаткам, увядзенне рэкруцкай павіннасці, павелічэнне феадальнай эксплуатацыі вялі да росту сацыяльнай напружанасці ў беларускай вёсцы. З іншага боку, пранікненне рускага элементу было негатыўна ўспрынята мясцовай элітай краю. Заняцце вышэйшых пасад у краі выхадцамі з цэнтральных губерняў Расіі, увядзенне палітычнага нагляду, інстытута жандармерыі, змены ў сістэме мясцовага кіравання і самакіравання, іншая судовая сістэма і прававая культура, адрозненні ў сферы каштоўнасцяў, менталітэту - усё гэта паступова вяло да прамога палітычнага канфлікту. Да гэтага неабходна яшчэ дадаць рэлігійны фактар, які адыгрываў вельмі істотную ролю ў жыцці тагачаснага грамадства. Усе гэтыя чыннікі абумовілі падтрымку паўстання з боку розных сацыяльных груп на тэрыторыі Беларусі ў цэлым і Гродзеншчыны ў тым ліку. Росту патрыятызму садзейнічала і эпоха рамантызму з яе ідэалізацыяй гераічнага мінулага, вобразаў паўстання 1794 г. і напалеонаўскай эпохі. Маладое пакаленне, выхаванае на гэтых прыкладах, імкнулася да ўласнай самарэалізацыі ў справе служэння Айчыне.

У канцы 20-х гадоў ХІХ ст., як адзначае беларускі гісторык В. Гарбачова, нацыянальна-вызваленчы рух, узброены ідэяй незалежнасці Рэчы Паспалітай, уступіў у новую стадыю свайго развіцця. [2] У гэты час рэзка абвастраюцца супярэчнасці паміж Расіяй і Каралеўствам Польскім, дзяржавамі, якія пасля 1815 г. былі звязаны паміж сабою асабістай уніяй. Незадаволенасць палякаў выклікалі ігнараванне з боку царскай фаміліі палажэнняў канстытуцыі, сістэматычнае парушэнне абвешчаных правоў і свабод, фактычна неабмежаваная ўлада намесніка ў асобе вялікага князя Канстанціна, які на практыцы адсунуў на другі план усе іншыя органы дзяржаўнага кіравання. Вялікім расчараваннем стала невыкананне абяцанняў Аляксандра І, якія ён урачыста даў на пасяджэнні першага сейма 1818 г. аб далучэнні ў будычым да Каралеўства літоўска-рускіх зямель [3]. Менавіта вырашэнне гэтага пытання стала адной з галоўных мэт лістападаўскага паўстання. Акрамя таго на падзеі ў Каралеўстве значны ўплыў аказаў і знешнепалітычны фактар. У ліпені 1830 г. адбылася рэвалюцыя ў Францыі, у жніўні паўстаў Брусель і бельгійскі народ скінуў з сябе галандскае ярмо. Усе гэтыя падзеі карэнным чынам закраналі той еўрапейскі ўклад, які быў замацаваны Венскім кангрэсам. Галоўным жандарам Еўропы рыхтавалася стаць Расія. 5 лістапада 1830 г. быў выдадзены загад па арміі аб прывядзенні ў ваенную гатоўнасць 1 і 2 корпусы пяхоты, 3 і 5 конныя рэзервовыя, асобны Літоўскі корпус і армію Каралеўства Польскага [4]. Падрыхтоўка арміі да задушэння рэвалюцыі ў Францыі паскорыла ўзброенае выступленне ў Варшаве.

29 лістапада 1830 г. невялікая група цывільных асоб здзейсніла напад на Бельвядэрскі палац - рэзідэнцыю вялікага князя Канстанціна. Адначасова з гэтымі дзеяннямі асноўная частка змоўшчыкаў школы падхарунжых на чале з П. Высоцкім атакавала казармы рускіх войскаў і паспрабавала авалодаць арсеналам зброі, які размяшчаўся ў цэнтры польскай сталіцы. Актыўны ўдзел у гэтых падзеях прымалі і выхадцы з Гродзеншчыны, вучні варшаўскай школы падхарунжых Антоній Запаснік, Тадэвуш Гараін і Антоній Чарнецкі [5]. Выступленне змоўшчыкаў падтрымалі жыхары Варшавы, а пасля і іншыя рэгіёны Польшчы і, такім чынам, яно перарасло ў агульнанацыянальнае паўстанне.

Ва ўмовах бурлівай унутрыпалітычнай барацьбы сейм 20 снежня 1830 г. прыняў маніфест, які абвяшчаў паўстанне нацыянальным, а 25 студзеня 1831 г. акт аб нізвяржэнні Мікалая І з польскага прастолу. Фактычна гэты акт аб'яўляў вайну Расійскай імперыі. Пытанне аб землях былога ВКЛ было адным з найбольш злабадзённых у дзейнасці рэвалюцыйных улад. Нягледзячы на супраціў з боку кансерватыўных сіл дэмакратычны блок імкнуўся ўсімі сродкамі падтрымаць "занёманскіх братоў". 1 лютага 1831 г. сейм ухваліў заклік, у якім ён вызваляў насельніцтва літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель ад абавязкаў і прысягі Мікалаю І і заклікаў брацца за зброю, "каб сумеснымі намаганнямі аднавіць старажытную еднасць і ўнію, а таксама былыя правы і законы" [6]. Наступным крокам было ўтварэнне ў складзе польскай арміі дзвюх спецыяльных легіёнаў: першага з жыхароў Літвы, Жмудзі, Беларусі, другога - з выхадцаў з Валыні, Падолля і Украіны. Па ініцыятыве дэмакратычных колаў наладжваліся кансператыўныя зносіны з патрыятычнымі сіламі на тэрыторыі былога ВКЛ. Але складаныя абставіны на фронце і пэўная палітычная абмежаванасць праграмы паўстанскага кіраўніцтва сталі перашкодай на шляху да аказання рэальнай дапамогі гэтым землям. Таму паўстанскі рух разгортваўся тут па асобным сцэнарыі, на аснове ўласных рэсурсаў.

Вестка аб пачатку паўстання ў Варшаве падштурхнула развіццё нацыянальна-вызваленчай барацьбы на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Найбольш актыўная частка патрыётаў нелегальна перасякала мяжу Каралеўства і далучалася да польскіх паўстанцаў. Асабліва шмат такіх асоб было з Гродзенскай губ. [7] Царскія ўлады ўсімі спосабамі спрабавалі замінуць гэтаму працэсу. У выдадзеным вышэйшым указе на імя віленскага генерал-губернатара ад 7 снежня 1830 г. [8] Мікалай І заклікаў жыхароў заходніх губерняў да спакою і захавання вернасці трону. У канцы азначанага дакумента імператар, аднак, папярэдзіў, што, калі хто-небудзь забудзецца на свой абавязак прысягі і сумлення, то той будзе падлягаць "усёй суровасці права ... і маёнтак яго будзе канфіскаваны" [9]. І ўжо літаральна праз пяць дзён (21 снежня) пасля выхаду гэтага ўказа "прымаючы да ведама, што на падставе папярэдніх прыкладаў ... маёнткі такіх парушальнікаў вернападданніцкага абавязку, якія ўступаюць у лік яўных ворагаў Дзяржавы, павінны падлягаць канфіскацыі" [10], урад выпускае яшчэ адзін указ аб накладанні забароны на маёмасць тых асоб, аб якіх было вядома, што яны знаходзіліся ў Каралеўстве Польскім.

Каб не дапусціць распаўсюджання бунтарскага духу на ўсход ад Каралеўства, 1 снежня Гродзенская губ. разам з Віленскай, Мінскай, Падольскай, Валынскай губернямі і Беластоцкай вобласцю была абвешчана на ваенным становішчы. А гэта азначае, што цывільнае насельніцтва гэтых тэрыторый аўтаматычна трапляла пад юрысдыкцыю ваенна-палявых законаў. Так, напрыклад, 28 снежня ў Новым Двары, што на тэрыторыі Гродзеншчыны быў затрыманы шляхціц Л. Бергер за "распаўсюджанне розных абуральных зветак" [11]. Ужо на наступны дзень ён быў дастаўлены ваеннаму начальству і далей перададзены пад ваенны суд. Іншым прафілактычным мерапрыемствам урада стаў збор усіх тыпаў (уключаючы і антыкварную з палацу ў Дзярэчыне) зброі ў насельніцтва губерні.

Асаблівая ўвага царскімі ўладамі надавалася вучнёўскай моладзі, як адной з самых, на іх думку, небяспечных сацыяльных груп. 24 лістапада 1830 г. гродзенскі губернатар атрымаў ліст ад вялікага князя Канстанціна, у якім забаранялася жыхарам заходніх губерняў Расіі вучыцца ў Царстве Польскім. Забарона абгрунтоўвалася тым, што ў Гродзенскай губерні дастаткова вучылічшаў, гімназій і пансіёнаў, а вышэйшую адукацыю можна набыць ў Крамянецкім ліцэі або Віленскім універсітэце [12]. Прэвентыўныя меры ў сувязі з боязню царызма пашырэння паўстання, закранулі навучэнцаў амальшто ўсіх навучальных устаноў Гродзеншчыны. У канцы снежня 1830 г. галоўнакамандуючы рускай арміяй Дзібіч-Забалканскі забараніў адпускаць вучняў Віленскай навучальнай акругі на святы дадому. Тлумачылася гэта тым, што такія вакацыі "могуць схіліць моладзь да шматлікіх шкодных намераў". [13] За тымі ж студэнтамі, якія былі адпушчаны раней, быў наладжаны паліцэйскі нагляд і ўзяты падпіскі аб нявыяздзе. Забягаючы наперад, адзначым, што апасенні ўлад наконт вучнёўскай моладзі спраўдзіліся. Так, напрыклад, студэнты Віленскага універсітэта сфармавалі асобны паўстанскі атрад, які дзейнічаў у наваколлі Вільна. Сярод тых студэнтаў, што са зброяй у руках змагаліся супраць царызму было шмат выхадцаў з тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны - ўсяго ўдалося выявіць 44 прозвішчы [14].

Сярод іншых прывентыўных мерапрыемстваў улад адзначым узмацненне паліцэйскага нагляду і вайсковай прысутнасці. Так, тэрыторыя Гродзенскай губ. стала месцам дыслакацыі рускай арміі, якая рыхтавалася да задушэння паўстання ў Каралеўстве Польскім. 28 снежня галоўнакамандуючы дзеючай арміяй граф І. Дзібіч-Забалканскі прыбыў у Гродна, дзе рабіліся апошнія прыгатаванні перад пераходам мяжы. У першы дзень новага, 1831 г. па ўсіх частках арміі быў аддадзены загад правесці набажэнства ў сувязі з набліжэннем ваенных дзеянняў. Загад заканчваўся словамі: "няхай пашле Бог сваё бласлаўленне на ўтаймаванне польскіх бунтароў, якія зверглі парадак і законную ўладу" [15]. Таксама ўзмацніўся і пагранічны кантроль.

Аднак, нягледзячы на ўсе прынятыя захады, уладам так і не ўдалося стрымаць пранікненне "крамолы" ў заходнія губерні імперыі. У Вільні кожную ноч знаходзілі заклікі падтрымаць справу, якая пачалася ў Варшаве. На тэрыторыю Гродзенскай губ. такія адозвы дастаўлялі мужыкі, якія перавозілі харчовыя запасы з Каралеўства. Падобныя запіскі прышпільваліся ім за Нёманам і Бугам на грудзі нібыта ў якасці "ахоўных білетаў" [16]. А ў красавіку 1831 г. патрыятычныя заклікі сталі рэгулярна з'яўляцца ў розных частках Гродна. Пракламацыі варшаўскіх улад распаўсюджваліся сярод мясцовых жыхароў і з рук у рукі. Так, напрыклад, за іх неаднаразовае чытанне былі арыштаваны ў Гродна повар Ю. Кіжалевіч і лёкай І. Паўлоўскага. Непасрэднай падрыхтоўкай паўстання на землях былога ВКЛ займаўся Цэнтральны паўстанскі камітэт, які быў утвораны ў Вільні на прыканцы 1830 г. Дзеля каардынацыі дзейнасці ў розных рэгіёнах ім былі накіраваны эмісары ў Гродна, Ашмяны, на Міншчыну і Віцебшчыну [17]. Але ў цэлым Цэнтральны Віленскі паўстанскі камітэт заняў даволі пасіўную пазіцыю і таму не адыграў значнай ролі ў разгортванні ўзброенай барацьбы на землях былога ВКЛ. У такой сітуацыі асноўны цяжар у падрыхтоўцы выступлянняў лёг на асобныя рэгіёны.

На пачатку лютага 1831 г. асноўныя сілы рускай арміі распачалі ваенныя дзеянні на тэрыторыі Каралеўства Польскага. У гэтай сітуацыі Гродзеншчына ператварылася ў важны стратэгічны плацдарм. Праз яе тэрыторыю рухаліся рэзервы, ажыццяўлялася сувязь і пастаўкі правіянту і іншых прыпасаў. Пры гэтым шырокае распаўсюджанне падчас прасоўвання вайсковых частак на захад атрымалі факты незаконных рэквізіцый і марадзёрства мясцовага насельніцтва. Першыя падобныя выпадкі адзначаны ў студзені 1831г., калі жыхары вёсак Гожа і Ратніца падалі скаргу на расійскія часткі, якія бралі ў іх ежу і рэчы не плоцячы грошай [18]. На падобныя факты было вымушана рэагаваць і вышэйшае вайсковае начальства. Згодна з распараджэннем па арміі генерал-фельдмаршала І. Дзібіча ад 20 лютага 1831 г. за выяўленыя факты рабунку цывільных жыхароў прадугледжвалася пакаранне 1000 шпіцрутэнамі без суда, а пры паўторным выпадку - вышэйшая мера [19]. Аднак нават і пасля такіх жорсткіх загадаў факты масавых злоўжыванняў з боку ваенных працягваліся. У лідскім уездзе казачы полк ў шынках і па хатах адабраў фуражу, гарэлкі і харчу на суму ў 150 руб. срэбрам. Памешчыкі гродзенскага, кобрынскага, навагрудскага ўездаў скардзіліся на шматлікія факты канфіскацыі фурманак, сена, коней. З ваўкавыскага ўезда рапартавалі, што жыхары не маюць сродкаў для падтрымкі камунікацыі паміж Гродна і Беластокам, бо цалкам пазбаўлены фурманак праз войска [20]. У раёне Слоніма татарскі полк спасвіў лугі і хлебныя палі, учыніў гвалт над сялянскімі гаспадаркамі. У тым жа слонімскім уездзе цалкавітаму спусташэнню была падвергнута сядзіба памешчыка Н. Міхайлоўскага (маёнтак Льнянікі), у якой салдаты забралі не толькі харчовыя запасы, але і іншы непатрэбны хлам. Падобны выпадак адзначаны і ў Свіслачы, дзе быў абрабаваны мясцовы святар, у якога, акрамя свойскай жывелы, вайскоўцы пасквапіліся на боты, кашулі і іншыя хатнія рэчы [21]. У дадатак да рабунку губерні прыклала свае рукі і інтэнданцкая служба арміі. Нават самі рускія чыноўнікі былі вымушаны канстатаваць, што "існуючы парадак харчавання арміі прыводзіў губерню ў абсалютнае змардаванне" [22]. Безумоўна, падобныя дзеянні з боку ваенных толькі садзейнічалі росту напружанасці і канфратацыі ў рэгіёне.

Нягледзячы на ўвесь комплекс прынятых мер, царызму не ўдалося стрымаць развіццё паўстання па-за межамі Царства Польскага. Яно пачалося 14 сакавіка 1831г. з захопу паўстанцамі Расіен, што на Жмудзі. Тут быў падпісаны акт паўстання, прасякнуты духам еднасці з Каралеўствам Польскім. Па чарзе, з інтэрвалам у некалькі дзён да Расіен далучыліся цяльшэўскі, шавельскі, упіцкі, ковенскі, вількамірскі, трокскі, ашмянскі, віленскі, свянцянскі ўезды Віленскай губ., а таксама частка Мінскай губ. На месцах паўстанцкі рух знайшоў трывалую сацыяльную базу, актыўна выкарыстоўваўся ваенны і арганізацыйны вопыт былых афіцэраў часоў напалеонаўскіх войн. Ва ўсіх уездах, дзе перамагала паўстанне, ўтвараліся часовыя павятовыя ўрадавыя камітэты, якія ў большасці выпадкаў былі вымушаны дзейнічаць паасобку. Не з лепшага боку праявіў тут сябе Віленскі цэнтральны камітэт, які апынуўся адрэзаным у горадзе ад тэатра асноўных падзей і не здолеў аб'яднаць паўстанскія сілы.

Першым на тэрыторыі Беларусі паўстаў ашмянскі ўезд. Падрыхтоўка да выступлення тут вялася са студзеня 1831 г. Яго арганізацыяй па распараджэнню Цэнтральнага Віленскага камітэта павінен быў займацца гр. Ю. Тышкевіч. Але фактычна ён самаадхіліўся ад гэтай ролі і таму арганізацыйнай дзейнасцю займаўся старшыня мясцовага трыбунала П. Важынскі. Для дапамогі ў гэтай справе з Вільні былі дасланы эмісары І. Клюкоўскі (які быў сам родам з гэтых мясцін) і Ю. Зянковіч [23]. Першымі актыўнымі дзеяннямі змоўшчыкаў у ашмянскім уездзе сталі напады на паштовыя станцыі з мэтай адабрання зброі, якую мясцовыя чыноўнікі спрабавалі вывесці ў Вільна. Пасля гэтага на сумеснай нарадзе было вырашана прыспешыць час выступлення, хаця яго дэталі да канца распрацаваны не былі. Таму пачатак паўстання ў Ашмянах адбыўся досыць стыхійна. Раніцай 23 сакавіка 1831 г. група змоўшчыкаў (П. Важынскі, Я. Янушкевіч, К. Ленартовіч, Ю. Зянковіч, В. Янкоўскі, І. Кускоўскі, Н. Шуневіч, Ю. Поль, В. Бутлер, І. Клюкоўскі і інш.) са зброяй у руках накіравалася да арсенала. Па дарозе да іх далучыліся яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку і ксёндз дамініканскага касцёла Янкоўскі, які сваім прыкладам і заклікамі многіх натхніў на рашучыя дзеянні. Дзякуючы фактару нечаканасці, арсенал удалося захапіць без бою. Далей паўстанцы "ўзброіўшы натоўп мужыкоў" [24] выйшлі на вуліцы горада. Пасля перамогі паўстання ўсе жыхары горада (і нават значная чатска яўрэяў) былі прыведзены да прысягі на вернасць Айчыне, якая адраджалася.

Як і ў іншых уездах Віленскай губ., у Ашмянах быў утвораны паўстанскі ўрад. Кіраўніком вайсковых сіл стаў уладар Смаргоні гр. К. Пшэздзецкі, які меў ваенны вопыт з кампаніі 1812 г. П. Важынскі ўзначаліў цывільную ўладу. Па ўезду быў абвешчаны рэкруцкі набор у паўстанскае войска: з кожнага маёнтка, які не далучыўся да паўстання. уладар павінен быў паставіць двух пешых і 1 вершніка з кожных 20 душ. Акрамя таго шмат сялян далучалася і добраахвотна, тым больш, што ім неаднаразова публічна абяцалася воля [25]. Агульная колькасць паўстанцаў у хуткім часе дасягнула 2,5 тыс. чалавек, большасць з якіх складалі касінеры. У саміх Ашмянах было арганізавана навучанне навабранцаў. У гэты ж час невялікія атрады пастаянна рабілі паходы ў суседнія ўезды, нападалі на паштовыя станцыі з мэтай разбурэння камунікацый ворага. Так, 28 сакавіка атрад ашмянскіх інсургентаў колькасцю 40 чалавек на чале з шляхціцам Шэльцінгам, напаў на мястэчка Воранава лідскага ўезда. З паштовай станцыі былі зняты ўсе коні і тым самым адрэзана апошняя нітка, якая звязвала Гродна з Вільняй (да гэтага часу паўстанцамі была абарвана сувязь з Санкт-Пецярбургам і Мінскам) [26]. Справа дайшла да таго, што гродзенскі губернатар быў вымушаны дасылаць свае данясенні "на авось" з людзьмі, якія прабіраліся палявымі шляхамі, абмінаючы населеныя пункты. Пасля захопу Воранава ўзнікла паніка ў самой Лідзе. Лідскі земскі спраўнік, не чакаючы на далейшае разгортаванне падзей, тайна ў лесе зарыў усю канфіскаваную ва ўездзе зброю, каб тая, барані божа, не трапіла ў рукі паўстанцаў [27]. 31 сакавіка для абароны Ліды ў спешным парадку з Гродна былі скіраваны дадатковыя часткі. Аднак абстаноўка на Лідчыне заставалася досыць нярвовай. 7 красавіка камандзір віленскага пяхотнага палка даносіў, што ў гэтым уездзе распачаліся новыя "бунты", якія ўзняў там памешчык Камінскі. У сакавіку 1831г. быў гатовы далучыцца да паўстання і навагрудскі ўезд Гродзенскай губ. Аднак выступленне з-за рашучай інтэрвенцыі царскіх улад было часова адкладзена. [28] У гэты ж час паўстанская армія з'явілася і на поўдні губерні. Атрад рэгулярных войск пад камандаваннем генерала Ю. Двярніцкага, які быў накіраваны польскім урадам на Украіну для дапамогі мясцовым інсургентам, маршам прайшоў праз слонімскі і кобрынскі ўезды [29], але іх насельніцтва яшчэ не было падрыхтавана да ўзброенай барацьбы.

Неспакойна ў гэты час было і ў самім Гродна. Па-першае, паўстанцы перарвалі ўсялякую сувязь з Санкт-Пецярбургам і Вільняй, і таму губернскае начальства знаходзілася амаль што ў поўнай ізаляцыі. Па-другое, рэальныя апасенні мясцовых улад выклікалі дзеянні партызан у суседняй Аўгустоўскай губ., якія канцэнтраваліся ў адлегласці аднаго пераходу ад Гродна. 31 красавіка гараджане былі разбуджаны моцнай кананадай - гэта ўрадавыя войскі дзейнічалі супраць аўгустоўскіх інсургентаў у непасрэднай блізкасці ад горада [30]. І па-трэцяе, паніку выклікала з'яўленне халеры, якая праз Брэст, Кобрын і Слонім дабралася да Гродна 16 красавіка 1831 г. [31] Паратунку ад хваробы не было. Яе ахвярамі сталі тысячы жыхароў губерні.

Для задушэння паўстання, якое ў сакавіку-красавіку ахапіла значную частку Літвы і распаўсюджвалася па тэрыторыі Беларусі царскія ўлады накіравалі значныя сілы. І. Дзібіч быў вымушаны ахвяраваць 30 тыс. з тэатра асноўных ваенных дзеянняў, каб пагасаіць вогнішча нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў гэтым рэгіёне. Значны атрад (1,5 тыс. рэгулярных і казачых войск пры 4 гарматах) быў накіраваны супраць ашмянскіх інсургентаў. На вайсковай нарадзе паўстанцы вырашылі адвесці асноўныя сілы ў лес. У горадзе быў пакінуты толькі арыергард пад кіраўніцтвам Ф. Сцяльніцкага. 16 красавіка казакі паспрабавалі авалодаць Ашмянамі, аднак сустрэлі моцнае супраціўленне з боку паўстанцкага атрада, які вырашыў не здаваць горад без бою. Адкінутыя ў горад інсургенты на чале з Ф. Сцяльніцкім зацята бараніліся на вуліцах і плошчах, стралялі з вокнаў дамоў, нанеслі значныя страты праціўніку. Раз'юшаныя казакі злезлі з коней і з шаблямі кінуліся на штурм вуліц і дамоў не шкадуючы і цывільнае насельніцтва. Страты паўстанцаў і мірных жыхароў 16 красавіка склалі каля 350 чалавек [32]. Асноўныя ж сілы ашмянскіх інсургентаў пад кіраўніцтвам К. Пшэздзецкага сканцэнтраваліся ў Вішнеўскай пушчы. Супраць іх з Вільні быў накіраваны дадатковы атрад генерала Севасц'янава, які атакаваў партызан каля мястэчка Рум 18 красавіка. У гэтым баі паўстанцы, значную частку якіх складалі касінеры, панеслі значныя страты. Захавалася толькі невялікае ядро атрада, астатняя ж частка людзей разышлася па хатах. Акрамя вышэй узгаданага фарміравання К. Пшэздзецкага ў Ашмянскім уездзе ў сакавіку-красавіку дзейнічалі атрады Ст. Пашкоўскага і Гілярый У... (120 і 60 чалавек адпаведна) [33], аднак аб іх складзе, дыслакацыі і далейшых дзеяннях бракуе дакладнай інфармацыі.

Што тычыцца непасрэдна тэрыторыі Гродзенскай губерні, то ў ёй паўстанскі рух меў шэраг асаблівасцей. Адным з галоўных адрозненняў ад Віленшчыны і Міншчыны было тое, што тут узброеная барацьба разгортвалася не па асобных уездах, а ў асноўным канцэнтравалася (асабліва на першым этапе) у адным месцы. Такім месцам у губерні, дзякуючы свайму выключнаму геаграфічнаму становішчу, аддаленасці ад месцаў дыслакацыі царскіх вайсковых сіл і наяўнасці сацыяльнай базы для ўзняцця паўстання ў асобе ляснічых, вартаўнікоў і інш. катэгорый служачых стала Белавежская пушча. Менавіта тут у красавіку-чэрвені былі акамуляваны паўстанскія сілы ўсіх навакольных (і не толькі) уездаў.

Падрыхтоўка да паўстання ў Белавежскай пушчы вялася з зімы 1831 г. У Гродна каардынацыяй дзеянняў і вярбоўкай добраахвотнікаў займаўся брэсцкі маршалак дваранства Караль Нямцэвіч (пляменнік Юльяна Нямцэвіча). Яго асоба выклікала падазрэнне ў царскіх улад (працяглы час знаходзіўся пад наглядам земскай паліцыі), а адразу ж пасля пачатку паўстання ў Варшаве па асабістым загадзе вялікага князя Канстанціна ён быў пераведзены пад нагляд у Гродна. У гэты ж час, пад кіраўніцтвам акруговага ляснічага дэ Ронкі ў белавежскіх лясах, у Зубрыным куце адбываліся патаемныя сходкі, назапашванне зброі і харчовых запасаў, канцэнтрацыя сіл. Тайная паўстанцкая арганізацыя падтрымлівала сувязь з Вiленскiм камiтэтам. У лютым 1831 г. прадстаўнікі гродзенскага падполля Ю. Шчапiнскi i Я. Шрэтар, вартаўнiк Белавежскай пушчы, прысутнiчалi на нарадзе ў Вiльні, якая была арганізавана для прадстаўнiкоў павятовых камiтэтаў [34].

Пасля прыбыцця ў Гродна на пачатку красавіка 1831г. дадатковых вайсковых сіл, найбольш "неблаганадзейным" раёнам губерні з'яўляўся г. Ваўкавыск. Менавіта туды былі накіраваны памкненні многіх жыхароў губерні "ў горад Ваўкавыск … уезд каторага, з слоў многіх, рашуча рыхтуецца выбухнуць." [35] Боязнь улад была небезпадстаўнай. Вось як характарызаваў настроі, што панавалі на Ваўкавышчыне падпалкоўнік Прыклонскі: "Амаль усе жыхары гэтага ўезда, не выключаючы і чыноўніка, якія абавязаны прысягаю расійскаму прастолу гатовы яе парушыць пры малейшым поспеху напада мяцежнікаў на Ваўкавыск." [36] А ў гэты час атрады партызан, якія фарміраваліся ў суседніх лясах вялі актыўную вярбоўку прыхільнікаў па ўсім наваколлі. Гэты факт быў устаноўлены ваўкавыскім земскім спраўнікам, які даносіў, што "у Белавежскім лесе знаходзіцца зборышча невядомых людзей, якія … раз'язджаюць і намаўляюць да сябе чэрнь і іншага кшталту асоб." [37] Дзеля большага заахвочвання сялян паўстанцы выкарыстоўвалі тэзіс - "Будзе Польшча, будзеш вольны." [38] У цэлым, сяляне вакол пушчы (як казённыя так і прыватнаўласніцкія) падтрымалі паўстанне, якое ў хуткім часе пачалося ў гэтым рэгіёне. Як адзначаў старэйшы ляснічы А. Кавальскі, "сяляне навакольных вёсак больш ці менш удзельнічалі разам са стральцамі ў мецяжы па Белавежскай пушчы, і ўсе яны пры з'яўленні рускіх войск пакідалі свае хаціны і хаваліся ў лесе разам з жонкамі і дзецьмі." [39] Але разам з тым неабходна адзначыць, што ўдзел у паўстанні гэтай сацыяльнай групы незаўсёды быў добрааахвотным, паколькі даволі часта да інсургентаў іх накіроўвалі іх непасрэдныя гаспадары.

Нягледзячы на ўсе тыя папярэджанні, што паступалі з Ваўкавышчыны, Кобрыншчыны і іншых раёнаў Белавежскай пушчы, вядомасць аб пачатку там збройнага чына заспела губернскія ўлады знянацку. "Я быў уражаны", - пісаў чыноўнік у Санкт-Пецярбург, ― "весткай аб новым, бліжэйшым, і больш небяспечным бунце ў межах Гродзенскай губерні ў Ваўкавыскай Белавежскай пушчы" [40]. У дадзеным выпадку чыноўнік памыляўся: паўстанне распачалося не ў ваўкавыскай, а ў кобрынскай частцы белавежскіх лясоў. Тым не менш, дзейнасць паўстанцаў далёка выходзіла за межы аднаго ўезда. Непасрэдным штуршком да пачатку ўзброенай акцыі, паслужылі ўцёкі з-пад нагляда ў Гродна К. Нямцэвіча і іншых змоўшчыкаў прыкладна 7 красавіка 1831 г. Роўна праз тыдзень у пушчы адбылося прыняцце Акта канфедэрацыі [41]. Менавіта брэсцкі маршалак дваранства, разам з былым афіцэрам напалеонаўскай арміі І. Жылінскім узначалілі цывільную і ваенную паўстанскую ўлады.

Важную ролю ў справе падрыхтоўкі выступлення і заахвочвання навакольнага насельніцтва да ўдзелу ў ім адыгрывала каталіцкае (і часткова уніяцкае) духавенства. Адной з форм падобнай дзейнасці была агітацыя. Так, у снежні 1830 г., калі паўстанне на ўсход ад Нёмана яшчэ не распачалося, у Гродзенскай губ. па даносу рускага афіцэра быў арыштаваны святар Прывальскага прыхода С. Вайткевіч, які "стращал прихожан" і за гэта быў аддадзены пад ваенна-палявы [42]. Яшчэ больш актывізавалася духавенства ў плане агітацыі і прапаганды пасля пачаткау паўстання ў Літве і Беларусі. Як сведчаць данясенні расійскіх улад ксянзы даволі часта з амбона звярталіся да сваіх прыхаджан з заклікамі падтрымаць вызваленчую барацьбу, зачытвалі паўстанскія адозвы, служылі ўрачыстыя імшы і г.д. Духавенста актыўна прымала ўдзел у падрыхтоўцы выступленняў у розных мясцовасцях. Так, напрыклад, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, уніяцкі святар А. Клышынскі і каталіцкі ксёндз Пануфнік з Шарашова прымалі актыўны ўдзел у нарадах падчас падрыхтоўкі выступлення ў пушчы, а пасля падтрымлівалі сталыя кантакты з белавежскімі інсургентамі. Акрамя таго, Пануфнік быў выкрыты ў тым, што абяцаў "узбунтаваць" (далучыць да ўзброенай барацьбы) Сялецкую парафію. У саміх белавежскіх лясах, у спецыяльна пабудаваным для правядзення набажэнстваў буданы, дзейнічаў клірык марыянскага ордэна С. Гарчынскі. Туды ж некалькі разоў з мэтай прывядзення да прысягі прыязджалі ўніяцкія святары Ф. Жалязоўскі і Б. Плюцынскі з ваўкавыскага ўезда [43]. Сваім словам і прыкладам каталіцкае і ўніяцкае духавенства натхняла да ўзброенай барацьбы розныя слаі грамадства, часцяком асабіста прымаючы ўдзел у гэтай барацьбе. Найбольш яскравым прыкладам тут з'яўляецца дзейнасць манахаў з Бярозы-Картузскай пружанскага ўезда. Духоўнымі асобамі гэтага кляштара быў арганізаваны асобны атрад (на чале з манахам Ламбертам Плюшчэўскім) да якога павінны былі далучыцца і свецкія асобы. У планы фарміравання ўваходзіла злучэнне з паўстанцамі Белавежскай пушчы. Але ім не дано было спраўдзіцца, бо на месцы збора на іх напаў і разагнаў атрад царскіх войск. Іншы прыклад актыўнай дзейнасці манахаў падчас паўстання гэта францішканскі кляштар у Шэйбакполі, манахі якога былі абвінавачаны ўладамі ў нападзе на грашовую пошту ў ваўкавыскім уездзе [44]. Апрача таго, ксяндзы былі ў складзе большасці вядомых паўстанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Пераважна яны выконвалі функцыі капеланаў. Найбольш яскравым прыкладам тут з'яўляецца асоба ксяндза А. Лога - капелана ў корпусе Д. Хлапоўскага, якога ўлады і самі паўстанцы лічылі адной з ключавых фігур, якая натхняла іх на ўзброеную барацьбу. Не менш вядомай з'яўляецца асоба ксяндза Л. Ясінскага, які з касцельнай харугвай у руках павёў жыхароў Ашмян на рускі гарнізон, а пасля ўдзельнічаў у сутычках і бітвах пад Вільна, Вілейкай, Глыбокім і Кушкарышкамі.

Пачатак мая - гэта час найбольшай актыўнасці белавежскіх партызан. У сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі розныя формы барацьбы: захопы харчовых і іншага кшталту транспартаў расійскіх войск, спусташэнне паштовых станцый, напады на невялікія атрады і пікеты, а таксама заміналі камунікацыям паміж вайсковымі часткамі і населенымі пунктамі. Так, напрыклад, 1 мая паўстанцы напалі на транспарт з 29 вазоў з харчам для рускіх войск, што накіроўваўся з ваўкавыскага ў брэсцкі ўезд. [45] З мая імі каля вёскі Рудні быў захоплены вялізарны абоз (больш за 400 фурманак), які меў пры сабе ўзмоцненую ахову. Падчас сутычкі адзін афіцэр рускай арміі і некалькі шарагоўцаў былі забіты, астатнія трапілі ў палон, а пасля былі адпушчаны. У руках паўстанцаў апынулася 125 коней і ўсе вазы з запасамі. [46] На наступны дзень здабычай белавежскіх інсургентаў стаў іншы транспарт (каля тоны мукі і 2,5 т. зерня). Атрад І. Жылінскага падчас пераходу з Белавежскіх лясоў у Беластоцкую вобласць на пачатку адбіў вялікі абоз (150 фурманак) са шпітальнымі рэчамі, а потым напаў на рускую частку, што знаходзілася ў Гарадку [47]. І такіх прыкладаў можна прывесці мноства.

Пасля атрымання першых звестак аб актывізацыі партызан у пушчы, на пачатку мая супраць іх былі накіраваны два расійскія карныя атрады пад камандаваннем падпалкоўнікаў Горскага і Сарабіі. Яны атакавалі паўстанцаў каля вёскі Ялоўна і захапілі іх базу у Каралеўскай Альтанцы. Адначасова з гэтым у заходнюю частку леса на дапамогу ім быў высланы генерал Ліндэн, які сканцэнтраваў свае сілы каля вёскі Гайнаўкі. Амаль што бязмежныя прасторы пушчы давалі магчымасць партызанам, падзяліўшы свае сілы, пазбягаць сутыкненняў з атрадамі праціўніка. Зразумеўшы дарэмнасць сваіх намаганняў разбіць інсургентаў у баі, рускае камандаванне прыбегла да іншай тактыкі: яны прымусілі палонных інсургентаў паказваць патаемныя сховішчы і сцежкі, тым самым пазбаўляючы іх інфраструктуры і баз дыслакацыі. Акрамя таго, сярод мясцовых памешчыкаў з ваўкавыскага ўезда знайшлося некалькі асоб, якія з уласнай ахвоты згадзіліся дапамагчы ваеннаму камандаванню ў выкрыцці сваіх суседзяў, каторыя далучыліся да паўстанцаў [48].

Ваенныя аперацыі былі не адзіным спосабам барацьбы царызму супраць паўстання. Гэтым мэтам таксама служылі шматлікія царскія ўказы, якія, з аднаго боку, павінны былі застрашыць патэнцыяльных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху і тых хто ўжо змагаўся са зброяй у руках, а з іншага, шляхам "уседаравальнай" амністыі адцягнуць ад барацьбы асоб, якія адчувалі няпэўнасць. 22 сакавіка быў выдадзены царскі ўказ, які прадугледжваў цэлы комплекс падобных мерапрыемстваў. Сярод іншага, у ім прадпісвалася ўсіх шляхціцаў і дваран, якія будуць схоплены са зброяй у руках, суддзіць ваенна-палявым судом з выкананнем прысуду на месцы [49]. І гэта былі не пустыя пагрозы. На пачатку красавіка маёрам Ожыгавым каля м. Мерач, што ў Віленскай губ., быў затрыманы атрад паўстанцаў з 13 чалавек, што прабіраўся ў лідскі павет. Па зацвярджэнню ваенна-палявога суда, шляхціц (магчыма гэта быў К. Багдановіч, які стаяў на чале гэтай выправы) быў расстраляны ў Гродна 9 красавіка а чацвёртай гадзіне раніцы. Па водгуках сведкаў гэта экзекуцыя мела вялікі рэзанас у горадзе [50]. У маі 1831 г. у Свіслачы генерал-лейтэнантам Галавіным зноў жа з мэтай застрашэння быў павешаны шляхціц-паўстанец Лядзінскі [51]. Смяротных прысудаў у 1831 г. было вынесена досыць вялікая колькасць, але ў большасці выпадкаў падчас канфірмацыі яны замяняліся больш лагодным пакараннем. Да палонных таксама стасаваліся цялесныя пакаранні і катаванні. Разам з тым, указ ад 22 сакавіка, а таксама аналагічныя акты ад 6 мая і 4 ліпеня прадугледжвалі вызваленне ад пераследвання як паўстанцаў, так і іх маёмасць ў выпадку добраахвотнай здачы першых прадстаўнікам ваеннай ці цывільнай улады. Згодна з палажэннем ад 4 ліпеня дараванне распаўсюджвалася і на асоб (за выключэннем галоўных завадатараў і кіраўнікоў паўстання), якія змагаліся супраць законнай улады са зброяй у руках.

Пры дапамозе падобных метадаў і якаснай перавагі, рускім войскам даволі хутка ўдалося б згасіць полымя ўзброенай барацьбы на Гродзеншчыне, калі б не дапамога з боку Каралеўства Польскага. У красавіку 1831 г. польскі Нацыянальны ўрад неаднойчы спрабаваў накіраваць у ахопленая полымем узброенай барацьбы Літву і Беларусь армейскія часткі. Прарвацца ўдалося толькі невялікаму корпусу (820 чалавек) пад камандаваннем ген. Д. Хлапоўскага. Тым не менш, з гэтымі нязначнымі сіламі генералу ўдалося выціснуць з Белавежскай пушчы атрады царскіх войск і ўзяць даволі вялікі палон (значная частка салдат і афіцэраў з Літоўскага корпуса далучылася да польскага генерала). Зранку 12 мая Хлапоўскі распачаў свой трыумфальны марш па Гродзеншчыне. З усіх бакоў да яго сцякаліся партызанскія атрады, далучаліся сяляне, як паасобку, так і цэлымі групамі. Праходзячы па тэрыторыі Гродзенскай губерні, Д. Хлапоўскі выдаў два звароты, у якіх заклікаў насельніцтва "кідаць хаты і брацца за зброю, каб з дапамогай сваіх братоў-палякаў дамагчыся аднаўлення польскай айчыны і былых свабод, адабраных Расіяй 37 год таму" [52]. У ноч з 13 на 14 мая асноўныя сілы польскага генерала спыніліся ў ваколіцах Свіслачы. Такі маршрут быў невыпадковы. Хлапоўскі ў суправаджэнні невялікага эскорта накіраваўся ў мястэчка, каб праз некаторы час вярнуцца разам з уладаром гэтай мясцовасці. Тыя пару гадзін, што былі праведзены Хлапоўскім у Свіслачы, карэнным чынам змянілі яе лёс і лёс уладара. На кароткай нарадзе, якая адбылася ў мястэчку, гаспадару мясцовасці Т. Тышкевічу была прапанавана пасада цывільнага начальніка ўсёй Літвы. Выбар быў зроблены невыпадкова, бо на той час імя Т. Тышкевіча, актыўнага ўдзельніка паўстання 1794 г. і напалеонаўскага пахода 1812 г. было вядома ва ўсёй Літве і Беларусі. Як адзначаў біёграф Т. Тышкевіча даследчык В. Калінка, такі выбар быў абумоўлены імкненнем "прыкрыць слабасць сваіх сіл імем вядомага чалавека" [53]. На наступны дзень корпус Хлапоўскага рушыў далей у кірунку Рудні, пакідаючы ў пушчы значныя партызанскія сілы на чале з Я. Шрэцерам.

Каб увесці ў зман пераўзыходзячага ў сіле праціўніка, Хлапоўскі ўвесь час змяняў напрамак свайго руху, пагражаючы адначасова Гродна і Слоніму, дзе ў той час знаходзіўся яго швагер - вялікі князь Канстанцін. Правёўшы наступную ноч у Мсцібава, паўстанскі корпус 16 мая праз Рось і Воўпу, абмінаючы Ваўкавыск і маршыруючы цэлы дзень, пераправіўся праз Нёман каля Зэльвян. Не даючы сваім войскам ані дню перадыху, Хлапоўскі рушыў далей і далей. 17 мая непадалек ад Ражанкі да яго далучыўся партызанскі атрад А. Солтана, які быў утвораны ў слонімскім уезде [54]. Даведаўшыся, што Ліду ахоўвае параўнальна невялікі гарнізон, Дэзідэры Хлапоўскі мяняе накірунак і 18 мая падыходзіць да горада. Атакаваць Ліду ў лоб ён не рашыўся, а пайшоў на хітрасць: уначы некалькі рот абышлі горад збоку і зранку пачалі інтэнсіўную страляніну з боку Вільні. Дэзарыентавны камандзір гарадскога гарнізона з дзвюма ротамі і дзвюма гарматамі адступіў у поле. Але тут ён быў нагнаны паўстанцкім корпусам і пасля непрацяглага бою склаў зброю непадалёк ад лесу, які даў магчымасць частцы рускіх выратавацца. Частка ж палонных, якія паходзілі з заходніх губерняў імперыі, зноў жа ўлілася ў паўстанскія шэрагі [55]. Ліда сардэчна вітала інсургентаў: манахі-піяры наладзілі святочную вячэру, з усяго наваколля дастаўляліся харчовыя прыпасы, моладзь розных сацыяльных груп далучалася да корпуса. Далейшы шлях Хлапоўскага пралягаў ужо па-за межамі Гродзеншчыны. За той час, што ён знаходзіўся на яе тэрыторыі, атрад прайшоў каля 100 міль, 3 разы ўздзельнічаў у сутычках і ва ўсіх атрымаў перамогу, здабыў 3 гарматы, каля 2000 карабінаў, узяў у палон 2000 салдат і 20 афіцэраў [56], а сам корпус з 820 чалавек павялічыўся ў некалькі разоў да 5 тыс., [57] што сведчыць аб актыўнай падтрымцы паўстання з боку мясцовых жыхароў.

Актыўныя дзеянні партызан Літвы, Беларусі, Украіны, а таксама няздольнасць рускай арміі ўжо на працягу некалькі месяцаў задушыць нацыянальна-вызваленчую барацьбу на тэрыторыі Каралеўства Польскага, паставілі пад пагрозу тэрытарыяльную еднасць Расійскай імперыі. У маі 1831г. Мікалай І асабіста накідаў алоўкам панічную нататку на французскай мове, у якой выказаў гатоўнасць ахвяраваць землямі за Віслай і Наравам [58]. У гэты ж час лёс паўстання ў Літве і Беларусі вырашаўся пад Вільняй, куды накіраваў свой корпус Д. Хлапоўскі на злучэнне з больш моцным атрадам польскай арміі пад каман­даваннем А. Гелгуда.

Што тычыцца непасрэдна тэрыторыі Гродзеншчыны, то і пасля адыходу Хлапоўскага тут не згасла полымя нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Месцам дыслакацыі новага атрада ў Белавежскай пушчы пад кіраўніцтвам Я. Шрэцера была абрана Светлічанская дача, што непадалёк ад Свіслачы. Тут партызаны адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі: рабілі заказы яўрэям на пастаўку харчовых запасаў і лекаў, забаранялі адпраўляць падводы на патрэбы рускай арміі, выдавалі ахоўныя білеты рускім палоным, бралі з сабой майстаравых людзей з мястэчка і г.д. Падчас аднаго з візітаў імі быў захоплены і выгнаны з мястэчка этапны начальнік падпарудчык Мамлееў. На прыканцы мая фарміраваннем Шрэцера былі здзейснены два напады на рускія войскі каля вёскі Галены. Падчас першай акцыі ў палон былі захоплены 2 шарагоўцы царскіх войск. У другі раз партызаны сутыкнуліся з камандай улан, якая налічвала 25 чалавек. У бойцы 1 рускі афіцэр быў забіты, 10 чалавек трапіла ў рукі паўстанцаў. Іншым значным поспехам белавежскіх інсургентаў можна лічыць захоп Старадварэцкай паштовай станцыі, дзе ў іх рукі, сярод іншых трафеяў, трапіла 100 тыс. руб. Зразумела, што ўлады не маглі пакінуць дзейнасць гэтага атрада без увагі. На гэты раз у Белавежскія лясы былі накіраваны 3 спецыяльныя карныя корпусы пад кіраўніцтвам Галавіна, Болена і Ліндэна, якія мелі пры сабе гарматы. 26 мая атрад генерал-маёра Галавіна атакаваў Светлячанскую дачу. Партызаны аказалі ўпартае супраціўленне, праявіўшы не толькі мужнасць, але і разважлівасць (выявілася вывучка інструктараў, якія былі пакінуты Хлапоўскім), чым нават выклікалі ўхваленне з боку ворага [59]. Страты рускіх у гэтай бойцы склалі 5 чалавек забітымі і 6 пара­ненымі, страты ж паўстанцаў ацэньваліся рускімі прыкладна ў 30 чалавек, у палон трапіў толькі адзін чалавек. Усе прыпасы, што знаходзіліся ў Светлячанскай дачы былі рэквізаваны, а сама дача спалена. На наступны дзень рускія працягнулі пераслядоўванне партызан. Фактычна, у выніку гэтага карнага рэйду атрад Шрэцера перапыніў сваю актыўную дзейнасць, распаўшыся на больш дробныя часткі. Узброеную барацьбу працягвалі далёка не ўсе з іх.

Падчас гэтай буйнамаштабнай акцыі расійскімі войскамі было ліквідавана яшчэ адно партызанскае фарміраванне, што дзейнічала пад кіраўніцтвам памешчыка гродзенскага ўезда Казіміра Гоўвальда. Гэты атрад складаўся ў асноўным з прыгонных сялян, якія былі мабілізаваны сваім панам [60]. На пачатку дзейнасці Гоўвальд з людзьмі далучыўся да іншых партызанскіх камандзіраў (І. Жылінскі, дэ Ронка). Прыкладна 7-8 мая ён фарміруе ўласны атрад і пачынае самастойную дзейнасць, размясціўшыся на востраве ў балоце непадалёк ад свайго маёнтка Лукі (Ваўкавыскі ўезд), дзе "учыніў асабліва немалыя абозы, якія праходзлілі побач" [61]. У 20-х чыслах мая падпалкоўнік Горскі атакаваў атрад Гоўвальда і толькі рэчка Нара, у якую паўстанцы кінуліся, пачуўшы стрэлы, выратавала іх ад куль і шабель уланаў. Як і ў іншых падобных выпадках, паўстанцкі склад з харчовымі прыпасамі быў разрабаваны, а ўсё іншае, уключаючы дом К. Гоўвальда, спалена [62].

Чэрвень 1831 г. - гэта час спаду паўстанскай актыўнасці на Гродзеншчыне. Толькі ў раёне Сапоцкіна адбываліся сутычкі паміж урадавымі войскамі і інсургентамі. Прыкладна 6 чэрвеня партызанскі атрад (хутчэй за ўсё з Аўгустоўскай пушчы) напаў на кавалерыйскі раз'езд і выціснуў яго з мястэчка. Супраць партызан быў накіраваны з Гродна атрад генерал-маёра Яхонтава (каля 1,5 тыс. пры 2 гарматах), які атакаваў паўстанцаў на Ліпскім тракце. Адстрэльваючыся, тыя адступілі да Сапоцкіна, а потым былі прымушаны адыходзіць далей. І толькі падарваўшы пасля сабе мост праз канал, партызаны апынуліся ў бяспечным месцы. У гэтым баі рускія згубілі аднаго чалавека забітым і 5 параненымі. Страты ж праціўніка яны ацэньвалі ў 70 чалавек [63].

Наступны этап паўстання на Гродзеншчыне звязаны з прасоўваннем праз тэрыторыю Гродзенскай губерні польскіх войск пад камандаваннем Г. Дэмбінскага, а таксама дзейнасцю новых партызанскіх атрадаў. Пасля паражэння асноўных паўстанскіх сіл пад Вільняй у чэрвені 1831 г., большая частка рэгуляр­нага польскага корпуса пад камандаваннем А. Гелгуда і тыя партызаны, што далучыліся да яго, перайшлі мяжу з Прусіяй і склалі там зброю. Сваю дзейнасць супраць урадавых войск працягваў толькі невялікі (3800 чалавек і 6 гармат) атрад ген. Г. Дэмбінскага. На ваеннай нарадзе ў Панявежы ім было прынята рашэнне прабівацца ў Каралеўства Польскае. Дэмбінскі добра разумеў усю цяжкасць, якую несла выправа праз край, які з усіх бакоў быў аточаны войскамі ворага. Аднак, рашаючыся на гэты крок, ён спадзяваўся на падтрымку мясцовага насельніцтва. І ў гэтым ён не пралічыўся. Яго маршрут праходіў праз Смаргонь, Крэва, Альшаны і далей на Белавежскую пушчу.

З набліжэннем войск Дэмбінскага Гродзенчшчына зноў актывізавалася. Сярод іншых, вызначаўся навагрудскі ўезд, дзе падрыхтоўку да ўзброенага выступлення вёў маршалак мясцовага дваранства Ю. Кашыц, удзельнік кампаніі 1812 г. Касцяк партызанскага атрада фарміраваўся ў лясах, што прылягалі да мястэчка Гарадзішча [64]. 7 ліпеня паўстанцы атакавалі Гарадзішча і тым самым "нізверглі законны парадак ва ўездзе". На наступны дзень навагрудскі атрад, праз фальварак Радзюкі, накіраваўся да мястэчка Беліцы (лідскі ў.), дзе пасля разбіцця этапнай каманды, партызаны дазволілі мясцовым жыхарам разабраць прадукты з харчовага склада. У Беліцы Кашыц падзяліў свае сілы: асноўная іх частка пад яго началам падалася на Навагрудак, другая - пад кіраўніцтвам М. Мержаеўскага - заняла Здзенцыёлы, дзе захапіла пошту. У Навагрудку паўстанцаў на вуліцах вітала вялікая колькасць народа, урачыста білі званы ўсіх касцёлаў. 10-12 ліпеня ўездны горад знаходзіўся ў руках партызан. На прыкладзе некаторых уездаў Віленскай і Мінскай губ. Кашыц паспрабаваў арганізаваць тут рэкруцкі збор. Па ўсіх парафіях былі разасланы адозвы да памешчыкаў з патрабаваннем паставіць з кожных 10 душ аднаго касінера [65]. Аднак землеўладальнікі праігнаравалі гэтыя распараджэнні. Тым не менш у шэрагі навагрудскіх паўстанцаў улілася вялікая колькасць добраахвотнікаў розных сацыяльных груп, у тым ліку вучні дамініканскай гімназіі. У сваю чаргу, Кашыц таксама аддзячыў народу, спаліўшы паперы ніжняга земскага суда, брыгаднай канцэлярыі, гарадской паліцыі, ратушы, павятовага маршалка дваранства і вызваліўшы арыштантаў з астрога. Харчовы склад, як і ў Беліцы, быў аддадзены на расправу гараджанам.

У гэты час да Навагрудка набліжаўся корпус Г. Дэмбінскага. 10 ліпеня ён спыніўся ў Іўі. Адсюль польскі генерал адаслаў да Навагрудка 140 чалавек на злучэнне з Кашыцам. 12 ліпеня паўстанцы пакінулі горад у кірунку Здзенцыёл, дзеля аб'яднання з Мержаеўскім і Дэмбінскім, які паспеў каля Іўя фарсіраваць Нёман. Рускія войскі толькі 16 ліпеня ўзялі пад свой кантроль Навагрудак.

Іншым паўстанскім атрадам, які актывізаваў сваю дзейнасць пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага было фарміраванне С. Незабітоўскага і А. Бронскага, якое дзейнічала ў слонімскім уездзе. Асноўным месцам арганізацыі новага атрада стаў маёнтак Р. Пршэцлаўскага на беразе р. Шчары. Менавіта тут быў зборачны пункт слонімскіх інсургентаў, да якіх таксама далучылася шмат з тых, хто раней уваходзіў у іншыя паўстанскія атрады. Па ацэнцы самога Р. Пршэцлаўскага большасць слонімскіх інсургентаў складалі асобы ніжэйшага саслоўя (больш за 60 асоб) і толькі 22 былі шляхецкага паходжання [66]. Нічым значным гэты атрад не паспеў вызначыцца і 15 ліпеня ў Дзярэчыне далучыўся да Г. Дэмбінскага. Туды ж прыбылі і рэшткі белавежскіх паўстанцаў. Далейшы маршрут Дэмбінскага ляжаў праз Зэльву і Ізабелін, Поразава і Новы Двор у кірунку Каралеўства Польскага. Але нават перайшоўшы мяжу і далучыўшыся да рэгулярнай польскай арміі, гродзенскія паўстанцы захавалі там сваё тэрытарыяльнае адзінства. Напрыклад, навагрудскія інсургенты амаль што ў поўным складзе ўвайшлі ў 13 уланскі полк пад камандай палкоўніка Яновіча, а слонімскі атрад далучыўся да 3-га палка стральцоў. У Варшаве на прыканцы ліпеня адбыліся выбары дэпутатаў ад зямель былога ВКЛ у сейм. Ад навагрудскага ўезда паслом быў абраны Ю. Кашыц, ад гродзенскага А. Веляпольскі (падчас паўстання знаходзіўся з місіяй у Лондане), Слонімшчыну прадстаўляў Я. Брэза, а Ашмянчыну Ю. Зянковіч [67]. Аднак не доўгай была іх дзейнасць у гэтым органе. 25 жніўня армія Паскевіча распачала штурм Варшавы. 27 жніўня 1831 г. польская сталіца пала, паўстанне пацярпела паражэнне.

Пасля адыходу асноўных сіл паўстанцаў за мяжу ўзброеная барацьба на Гродзеншчыне не перапынялася. Але ў адрозненні ад папярэдняга этапу дзеянні партызан ужо не мелі такой яркай нацыянальна-вызваленчай афарбоўкі, а дзе-нідзе нават набывалі сацыяльны характар. Віленскі генерал-губернатар на прыканцы жніўня даносіў, што ў давераных яму губернях паўстанцы ў розных месцах нападаюць на панскія двары, вёскі і шынкі, і не толькі рабуюць іх, але нават вешаюць эканомаў і арандатараў [68]. Гэта можна добра прасачыць на прыкладзе ваўкавыскага ўезда, дзякуючы рапарту мясцовага земскага спраўніка, што быў складзены ім на імя губернатара М. Мураўёва. Так, згодна з гэтай крыніцай, пасля адыходу войска Дэмбінскага за межы губерні, на Ваўкавышчыне ў ваколіцах Поразава, Новага Двара і Лыскава дзейнічаў атрад князя Гедройца (каля 350 чалавек). Гэты атрад неаднаразова бываў ва ўзгаданых мясцовасцях, а ў Лыскаве забіў мясцовага ключвойта - адстаўнога ўнтэр-афіцэра. Супраць партызан Гедройца накіроўваліся рускія войскі і князь і быў узяты ў палон [69]. Па-другое, у жніўні месяцы ў лясах каля Рудні і Добрай Волі неаднаразова з'яўляўся атрад пад кіраўніцтвам нейкага Бегальскага або Яловіча. Людзьмі з гэтага атрада быў забіты эканом фальварка Добрая Воля. Па-трэцяе, у рапарце ўзгадваецца фарміраванне шляхціца Дабравольскага, якое ў ваколіцах Поразава і Новадвара пазбавіла жыцця некалькіх яўрэяў. Найбольшыя непрыемнасці, пэўна, даставіў царскім уладам атрад Курка (альбо Курыка), які ў ваўкавыскім і гродзенскім уездах захапіў некалькі паштовых станцый і тым самым нанёс значныя матэрыяльныя страты. Акрамя азначаных атрадаў у гэты час на Ваўкавышчыне земскім спраўнікам узгадваецца атрад афіцэра польскай службы Лаўданскага і некалькі "безыменных" фарміраванняў [70]. 5 верасня 20 партызан напалі на фальварак Дзяражну, што каля Ражанкі, "узялі ўсё, што ім спадабалася" і зноў адышлі ў лясы за Нёман [71]. У Ашмянскім уездзе да канца верасня трымаўся паўстанскі атрад капітана Пашкоўскага, які перад адыходам у Прусію раздаў усю зброю мясцовым жыхарам [72]. З надыходам халадоў звесткі аб актыўных дзеяннях партызан на тэрыторыі Гродзеншчыны знікаюць.

Пасля задушэння паўстання царызм перайшоў да дзеянняў, якія былі накіраваны з аднаго боку на пакаранне яго ўдзельнікаў, а з іншага - на паступовую ўніфікацыю сацыяльных, палітычных, культурных і рэлігійных асаблівасцей гэтых тэрыторый з цэнтральнымі губернямі імперыі. Да першай групы такіх дзеянняў можна аднесці рэпрэсіі, мэтай якіх было не толькі пакаранне непасрэдных удзельнікаў паўстання, але і запалохванне ўсіх іншых жыхароў краю.

Адной з першых праяў новай палітыкі ўлад стала паўсюднае ўзмацненне паліцэйскага рэжыму. У верасні 1831 г. Віленскі губернатар прадпісаў усе ўезды Гродзенскай губерні падзяліць на колькасць паліцэйскіх акруг, якая б адпавядала лічбе парафій. На чале кожнай акругі прызначаліся палітычна надзейныя памешчыкі, кандыдатуры якіх зацвярджаліся губернатарам. Усе землеўладальнікі губерні павінны былі маёмасцю і жыццём паручыцца адзін за аднаго кругавой парукай, што яны не дапусцяць у сваіх уездах ні да ўзнікнення тайных таварыстваў, ні да распаўсюджання агітацыі. З тымі ж, хто дасць сховішча якому-небудзь падбухторшчыку або будзе ведаць аб яго месцазнаходжанні і не паведаміць уладам, загадвалася абыходзіцца як з удзельнікамі паўстання. За любое невыкананне прадпісаных уладамі мер па падтрыманню спакою да любога землеўладальніка маглі прымяніць спагнанне адпаведнае "цяперашнім ваенным абставінам" [73].

Вышэйшым распараджэннем ад 19 студзеня 1832 г. у гарадах Слонім, Ваўкавыск і Ліда была заснавана гродская паліцыя, якая ў сілу спецыфікі іх юрыдычнага статуса да гэтага часу там адсутнічала [74]. У 1833 г. быў уведзены інстытут ваенна-ўездных начальнікаў, у абавязкі якіх уваходзіў нагляд за парадкам і цішынёй у межах 2-3 уездаў. Гэтыя пасады займалі адстаўныя рускія вайсковыя чыны [75]. Па распараджэнню гродзенскага губернатара М. Мураўёва з мэтай недапушчэння новага паўстання, а таксама ў рамках барацьбы з такзваным "бадзяжніцтвам", ствараліся сельскія варты, нават у невялікіх населеных пунктах усталёўваліся рагаткі [76]. Паўсюдна за тымі асобамі, якія падазраваліся ў палітычнай неблаганадзейнасці альбо пасля кароткачасовай эміграцыі ці ссылкі вярталіся дамоў, ладзіўся паліцэйскі нагляд, каторы суправаджаўся абмежаваннямі перамяшчацца нават у межах губерні. Акрамя таго, памешчыкі Гродзенскай губерні павінны былі пісьмова пацвердзіць сваю прыхільнасць да царскай фаміліі. Толькі ў наваградскім уездзе было сабрана каля 250 подпісаў землеўладальнікаў на вернасць прастолу [77]. На ўзмацненне паліцэйскага рэжыму М. Мураўёў, які на той час займаў пасаду гродзенскага губернатара, атрымаў права выдаткоўваць штогод па 5000 руб. з агульных даходаў губерні [78]. Дарэчы, многія з гэтых захадаў(ваенна-ўездныя начальнікі, сялянскія каравулы, рагаткі і г.д.), што былі апрабіраваны ім на пасадзе начальніка Гродзенскай губ, пасля стануць важнымі элементамі сістэмы па кіраванню краем падчас і пасля задушэння паўстання 1863 г.

Правадніком у правядзенні рэпрэсіўнай палітыкі царскіх улад на тэрыторыі Гродзенскай губ. пасля задушэння паўстання 1831 г. становіцца губернская камісія для "вызначэння ступені віны мяцежнікаў, секвестра і канфіскацыі іх маёнткаў".

Падобныя камісіі ў адпаведнасці з указам ад 17 ліпеня 1831 г. былі ўтвораны ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Валынскай, Падольскай губернях і Беластоцкай вобласці. Згодна з гэтымі правіламі, у склад камісіі павінны былі ўваходзіць ваенны губернатар (альбо іншая асоба ад ваеннага ведамства), цывільны губернатар, віцэ-губернатар, губернскі маршалак дваран­ства, старшыні першага і другога дэпартаментаў суда. У працы мог таксама браць удзел і губернскі пракурор [79]. Можна канстатаваць, што ГГСК амаль што ніколі не адпавядала гэтым патрабаванням. Асабісты склад камісіі быў досыць нясталы. У цэлым, за час існавання ГГСК у яе працы прынялі ўдзел 17 чалавек [80].

Нягледзячы на тое, што сваё першае пасяджэнне ГГСК правяла 28 лістапада 1831 г., датай пачатку яе практычнай дзейнасці можна лічыць 15 сакавіка 1832 г., калі камісія ў адноўленым складзе сабралася другі раз. У адпаведнасці з указам ад 17 ліпеня прыярытэтным напрам­кам дзейнасці гэтага органа павінен быў стаць разбор спраў былых паўстанцаў і вызначэнне ступені іх "віны". Правіламі былі вызначаны тры катэгорыі віны за ўдзел у паўстанні. Да першай прадпісвалася адносіць кіраўнікоў паўстання, да другой - тых, хто прымаў удзел у дзеяннях супраць расійскіх войск і "ўвогуле супраць законнай улады", да трэцяй - тых, хто непасрэднага ўдзелу ў паўстанні не прымаў, але меў да яго нейкае дачыненне. Асобы, якія былі аднесены да першай і другой катэгорый, перадаваліся пад юрысдыкцыю ваенна-палявых судоў. У залежнасці ад складу "злачынства" ў дачыненні да іх стасавіліся такія меры пакарання, як расстрэл, высылка на катаргу ці ў аддаленыя рэгіёны імперыі на пасяленне, аддача ў дзеючую армію (часцей за ўсё на Каўказ), сібірскія лінейныя батальёны альбо ў кантаністы, заняволенне ў крэпасці ці іншы адпаведны від пакарання.Таксама ў адносінах да гэтых асоб былі прадугледжаны і маёмасныя меры ўздзеяння, а менавіта секвестр і канфіскацыя іх рухомай і нерухомай маёмасці.

Дзеля больш аператыўнага збору інфармацыі і з мэтай аказання дапамогі ГГСК у Гродна была заснавана адмысловая камісія для допы­таў паўстанцаў пад старшынствам губернскага пракурора [81]. У асобную групу былі вылучаны крымінальныя справы (напады на пошты, транспарты, вайсковыя пікеты, забойствы расійскіх афіцэраў, некаторых памешчыкаў і яўрэяў) аб дзеян­нях паўстанцаў у Белавежскай пушчы, для раследавання якіх быў утвораны яшчэ адзін следчы орган. Дзейсную дапамогу ГГСК таксама аказвалі ўездныя земскія суды, паліцыя і спраўнікі, да якіх камісія звярталася з прадпісаннямі зняць альбо ўдаклад­ніць паказанні той ці іншай асобы на месцы. Што тычыцца непасрэдна ГГСК, то ў сваёй следча-пашуковай дзейнасці яна таксама шырока выкарыстоўвала допыты (не толькі з мэтай вырашэння справы асобы, ад якой гэтыя паказанні браліся, але таксама для збору матэрыялаў і на іншых інсургентаў), вочныя стаўкі, угаворы каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных святароў.

Да сярэдзіны лістапада 1832 г. гэтым следчым органам ў першую катэгорыю "віны" было ўнесена 9 асоб, у другую - 269 і 28 у трэцяю [82]. Падобная прадукцыйнасць працы ГГСК можна растлумачыць тым, што даволі часта на яе пасяджэннях разглядаліся справы аб дзейнасці цэлых паўстанскіх атрадаў. У такіх выпадках, усе асобы, аб якіх было вядома, што яны ўваходзілі ў яго склад, па прынцыпу калектыўнай адказнасці, адносіліся да пэўнай катэгорыі (найбольш часта да другой). Сама камісія не была надзелена паўнамоцтвамі вызначаць ступень пакарання асоб, якія былі ёю аднесены да першай ці другой катэгорый. У адпаведнасці з прадпісаннем галоўнакамандуючага першай рускай арміяй вырашэнне падобных пытанняў знаходзілася ў кампетэнцыі ваенна-палявых судоў [83]. Такім чынам, камісія атрымлівала права распараджацца лёсам толькі тых паўстанцаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні ў найменшай ступені. У адносінах да іх, ГГСК часта практыкавала аддачу ў дзеючую рускую армію. Аднак пасля выхаду ўказа ад 4 кастрычніка 1832 г. і гэта група былых паўстанцаў была выведзена з-пад яе юрысдыкцыі, паколькі гэтае вышэйшае распараджэнне загадвала падобным асобам "абвесціць дараванне". Тым не менш, нават пасля з'яўлення падобнага ўказа, у 1833-1834 г. з тэрыторыі Гродзенскай губерні ў сібірскія і архангельскія лінейныя батальёны, у расійскую армію на Каўказ былі высланы дзесяткі (калі не сотні) асоб. У адпаведнасці з "Алфавітным спісам ўдзельнікаў паўстання" падобных ссыльных склала 77 чалавек [84]. У абсалютнай большасці выпадкаў гэта былі выхадцы з ніжэйшых саслоўяў, якія адпраўляліся на ўсход па рашэнню ГГСК без іх унясення ў тую ці іншую катэгорыю.

Ва ўказе ад 17 ліпеня 1831 г. былі выкладзены і правілы пераводу маёнткаў з ліку прыватнаўласніцкіх у казённае ведамства. Яны вельмі дэталёва акрэслівалі ўвесь механізм гэтага працэсу. Ён, як і ўся тагачасная бюракратычная машына Расій­скай імперыі, быў досыць складаным. Першым этапам на шляху да канфіскацыі маёнтка было вызначэнне ступені "віны" яго ўладальніка. Пры ўмове, калі тая ці іншая асоба была аднесена да першай ці другой катэгорыі, аўтаматычна распачынаўся пошук яе маёмасці. У гэтай справе дзейсную дапамогу камісіям павінны былі аказваць губернскія ваенныя і цывільныя ўлады. Самі камісіі непасрэдна не займаліся выкананнем пастаноў аб секвестры. Адпаведныя пастановы накіроўваліся ў ведамства губернскага кіравання і казённых палат. Тыя, у сваю чаргу, вызначалі чыноўнікаў (якія таксама маглі паходзіць з іншага ведамства) для прыёму і вопісу маёнтка, адносна якога камісіяй было прынята адпаведнае рашэнне. І толькі пасля апісання, вылічэння даходаў, вызначэння спосабу загаспадарання, маёнтак лічыўся асеквестраваным. Пасля аднясення камісіяй асобы да той ці іншай катэгорыі, звесткі аб прынятым прысудзе з кароткай нататкай аб маёмасці адсылаліся ў вышэйшыя інстанцыі для канчат­ковай канфірмацыі, а таксама ў іншыя заходнія губерні імперыі для пошуку маёмасці і там.

Па стану на 1837 г., калі колькасць перайшоўшых да казны нерухомых маёнткаў больш ці менш стабілізавалася, у выніку канфіскацый па Гродзенскай губерні 56 асоб пазбавіліся 76 зя­мельных уладанняў і 4 дамоў. Паколькі ўладамі ў лік гэтых прыватна­ўласніцкіх зямельных валоданняў былі ўключаны 4 маёнткі, якія былі адабраны ў Бяро­заўскага кляштара картэзіянцаў і Дзярэчынскага дамініканскага, то агульная лічба канфіскаваных маёнткаў па губерні ўзрастае да 80 [85].

Паўстанне 1830-1831 г. і пашырэнне рэвалюцыйнага руху ў Еўропе, падштурхнулі Мікалая І да пераходу ў бок ахоўнага кансерватызму. Ідэалагічным абгрунтаваннем гэтай палітыкі пасля 1831 г. стала дактрына афіцыйнай народнасці, што была сфармулявана С. Уваравым. У яе аснове былі пакладзены тры прынцыпы: "Праваслаўе, самаўладдзе, народнасць", якія, на думку міністра Асветы павінны былі засцерагчы Расію ад рэвалюцыйных нягод і забяспечыць яе месіянскую будучыню. Галоўным у гэтым трыадзінстве з'яўлялася ідэя народнасці, якая цесна перапляталася з паняццем дзяржавы. Паколькі ва ўзаемадзеянні гэтых двух элементаў народнасць займала падпарадкаванае месца, Увараў лічыў, што дзяржава павінна насаджаць "сапраўдныя" нацыянальныя каштоўнасці сярод пасіўнага насельніцтва. Зыходзячы з гэтай пасылкі, ён рабіў высновы аб тым, што дзяржава можа сілком прышчапіць рускую культуру нацыянальным ускраінам і "тым самым нерускіх ператварыць у рускіх" [86]. У аснове гэтых пераўтварэнняў у свядомасці, на думку міністра Адукацыі, павінна была быць пакладзена сістэма адукацыі, але на практыцы гэты працэс адбываўся і па іншых каналах.

Актыўны ўдзел у фармаванні новай палітыкі ў дачыненні да зямель былога ВКЛ прымаў створаны пасля задушэння паўстання па вусным распараджэнні Мікалая І Камітэт па справах заходніх губерняў. Ужо на першым пасяджэнні была акрэслена галоўная мэта яго дзейнасці: "каб губерні ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які ... у іншых расійскіх губернях існуе". Галоўнымі накірункамі дзейнасці гэтага органа былі пераўтварэнні ў галіне саслоўнай палітыкі, увядзенне агульнарасійскай сістэмы заканадаўства, рэарганізацыя сістэмы адукацыі і аказанне падтрымкі афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіі. Таксама шмат увагі надавалася Камітэтам справе прыцягнення рускага элементу на гэтыя землі, як шляхам надання рускім чыноўнікам пэўных прывілеяў, так і шляхам перадачы ў доўгатэрміновае валоданне канфіскаваных маёнткаў і перасялення на дзяржаўныя землі рускіх сялян. Не ўсе з гэтых праектаў былі рэалізаваны да канца, аднак тыя з іх, што набылі моц указаў, аказалі значны ўплыў на сацыяльна-культурнае, палітычнае і рэлігійнае жыццё Гродзеншчыны.

Менавіта Камітэтам па справах заходніх губерняў быў падрыхтаваны царскі ўказ ад 19 кастрычніка 1831 г. "аб разборы шляхты ў заходніх губернях і аб уладкаванні такога кшталту людзей". Асноўнай мэтай гэтага закону з'яўлялася выключэнне з прывеліяванага саслоўя ўсіх тых асоб, якія называлі сабе шляхтай без адпаведнага на то пацверджання. Тыя, хто не здолеў даказаць сваё паходжанне ў Герольдыі былі падзелены законам на такзваных сельскіх і гарадскіх абывацелей. Першыя з іх атрымалі назву аднадворцаў, другія - грамадзян [87]. Іншым крытэрыям, які дазваляў захаваць шляхецкую годнасць, была наяўнасць зямельнай уласнасці і прыгонных. Так у адпаведнасці з указам ад 11 лістапада 1832 г. усю шляхту неабходна было падзяліць на тры катэгорыі. Да першай з іх, між іншым, прадпісвалася адносіць асоб, шляхецтва якіх нікім пацверджана не было, але яны валодалі населенымі маёнткамі. У трэцяю ж катэгорыю былі ўключаны асобы, якія зямельнай уласнасці не мелі, дваранскімі сходамі ў годнасці зацверджаны не былі [88]. Прадстаўнікі гэтай катэгорыі павінны былі з гэтага часу плаціць падаткі і выконваць рэкруцкую павіннасць. Такім чынам галоўны ўдар скіроўваўся супраць беззямельнай шляхты. Гэта было выклікана тым, што менавіта гэты сацыяльны элемент падчас паўстання 1831 г. вылучаўся найбольшай актыўнасцю і надалей заставаўся самай небяспечнай варствай грамадства на землях Беларусі. У наступныя гады палітыка царызму была накіравана на далейшую рэгламентацыю трох азначаных катэгорый з мэтай недапушчэння магчымасці ўваходу ў склад дваранства асоб, якія не мелі пісьмовых доказаў сваёй годнасці і канчатковае звядзенне прадстаўнікоў трэцяй катэгорыі да групы падатных саслоўяў. Такiм чынам, у 1832 г. толькі частка найбяднейшай шляхты, прычым не зацверджанай дэпутацкімі сходамі, павінна была перайсці ў разрады аднадворцаў заходнiх губерняў i грамадзян - с.56

На тэрыторыі Гродзеншчыны разбор шляхты меў даволі глыбокія сацыяльныя наступствы. Ацэньваючы шансы мясцовай шляхты прайсці праз рэшата адбору, гродзенскі губернатар М. Мураўёў пісаў, "што наўрад ці палова ... гэтага саслоўя, з якога толькі некаторыя валодаюць рознымі маёнткамі, на самой справе належыць да дваранскіх родаў і могуць гэта дакладна даказаць" [89]. Гэтае сцвярджэнне мела пад сабой рэальную аснову. Ужо праз год пасля пачатку дзеяння ўказа ад 11 кастрычніка 1831 г. (па папярэднім дадзеным на 1 студзеня 1833 г.) з 21 350 асоб мужчынскага полу, якія раней адносіліся да ліку шляхты і дваранства, 1/3 частка (7 057) была ўжо ўпісана ў лік аднадворцаў. Па дадзеных польскай даследчыцы С. Сікорскай-Кулешы, на 1834 г. 50 % дробнай шляхты Гродзенскай губ. было выключана з гэтага саслоўя і перайшло ў лік аднадворцаў [90]. У далейшым працэс верыфікацыі дадзенай страты працягваўся.

Значнай рэарганізацыі пасля паўстання была падвергнута і сістэма шляхецкага самакіравання. Першым крокам стаў царскі ўказ ад 31 сакавіка 1831 г., які пазбаўляў мясцовую шляхту права выбіраць засядальнікаў у паліцэйскія земскія суды. Іншымі мерапрыемствамі ўлад у гэтым кірунку сталі: наданне ўсім прысутным месцам і службовым асобам у заходніх губернях тых найменняў, якія існавалі ў цэнтральных губернях імперыі (што прывяло да скасавання гродскіх судоў, суддзяў і падсудкаў, якіх выбірала мясцовая шляхта), ліквідацыя выбраных шляхтай пасад падкаморых, каморнікаў, возных і харунжых. Такім чынам структурная арганізацыя органаў дваранскага самакіравання на беларускіх землях была фактычна ўніфікавана з цэнтральнымі расійскімі губернямі [91]. На шляху асоб, якія прымалі ўдзел у паўстанні, ставіліся бар'еры на шляху іх службы. На службу (як дзяржаўную, так і па выбарах) не магла паступіць асоба, за якой быў усталяваны афіцыйны паліцэйскі нагляд. У адпаведнасці з указам ад 29 кастрычніка 1847 г. мясцовым выхадцам, калі нават яны атрымалі Вышэйшае дараванне, забаранялася займаць дваранскія выбарныя пасады і працаваць у якасці ўрадавых чыноўнікаў [92]. Адпаведныя спісы за 1833 і 1848 гады, сведчаць аб тым, што азначаная мера ў Гродзенскай губ. стасавалася і раней за, і пасля 1847 г. [93] Справаводства ўсіх прысутных месцаў у абавязковым парадку пераводзілася на рускую мову. У сувязі з гэтым у штат некаторых устаноў уводзілася пасада перакладчыка.

Рэформа сістэмы сярэдняй адукацыі ў Расійскай імперыі пачалася ў 1828 г. Паўстанне 1830-1831 г. дало царызму зручную падставу для ліквідацыі склаўшайся тут сістэмы навучання. Першым крокам у гэтым кірунку стала ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі і самога Віленскага універсітэта "як галоўнага гнязда вольнадумства". У 1833 г. разам са скасаваннем Гродзенскага дамініканскага кляштара былі зліквідаваны гімназія і трохкласная школа, што існавалі пры ім: "гродзенскі кляштар дамініканскага ордэнаі навучальная пры ім установа не могуць і не павінны існаваць … па моцнаму ўдзелу некаторых ксяндзоў, настаўнікаў і нават вучняў у зламысных намерах (справа эмісараў - А.Р.)". [94] На іх месцы ў 1835 г. была адчынена губернская гімназія, якая першыя некалькі гадоў месціліся ў палацы Любецкага на Магістрацкай плошчы. Павятовае шляхецкае вучылішча ў Брэсце, што знаходзілася пад апекай базыльян, было зачынена ўжо ў 1831 г., а яго будынак часова прызначаны пад вайсковы шпіталь. Аднак ужо ў тым жа годзе школа была адчынена ў якасці пяцікласнай рускай шляхецкай школы [95]. 6 лістапада 1832 г. Навасільцаў зачыніў школу ў Барунах (Ашмянскі ўезд), а 28 жніўня канчаткова зліквідаваў павятовае вучылішча ў Лідзе [96]. У 1835 г. былі скасаваны павятовыя школы ў Слоніме і Лыскаве (Ваўкавыскі ўезд), у Навагрудку дамініканскае вучылішча, навучэнцы якога, пачынаючы ад другога класа, прынялі актыўны ўдзел у паўстанні, зліквідавана ў 1833г., а замест яго адкрыта руская шляхецкая школа (сам кляштар быў зачынены значна пазней). І, нарэшце, Шчучынскае вучылішча пры піярскім кляштары было скасавана разам з кляштарам [97]. Усе новыя школы, што былі адкрыты на месцы ранейшых, у 1833 г. атрымалі новую праграму навучання разам з новым бюджэтам. Змены закранулі літаральна ўсе прыступкі тагачаснай адукацыйнай сістэмы: гімназіі (таксама ў губернскую ў Свіслачы), вучылішчы пры гэтых гімназіях, адмысловыя ўездныя вучылішчы, пачатковыя і прыходскія вучылішчы і, нават, некаторыя прыватныя навучальныя пансіёны. Вось так скончылася справа секулярызацыі навучальных устаноў на Гродзеншчыне, распачатая яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіяй.

Адначасова з працэсам адкрыцця новых школ адбываўся перавод выкладання ўсіх прадметаў на рускую мову. Актыўна ішоў працэс прыцягнення ў школьную справу на беларускіх землях настаўнікаў-выхадцаў з Расіі. Дзякуючы намаганням папячыцеля Беларускай навучальнай акругі, усе выкладчыкі рускай мовы аўтаматычна атрымалі званне старэйшых настаўнікаў і ўсе прывілеі, звязаныя з гэтым статусам. Урад не хаваў дзеля чаго ён ідзе на такія крокі. Усё гэта рабілася з мэтай, каб "русский язык посредством первоначального воспитания сделать там народным" [98]. Сярод іншых мерапрыемстваў па русіфікацыі сістэмы народнай адукацыі можна адзначыць забароны выкладання на польскай мове ў навучальных установах (1836 г.), а таксама заахвочванне вучняў Беларускай акругі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў расійскіх універсітэтах шляхам прызначэння ім цалкавіта пансіёна на час вучобы.

Падтрымка паўстання з боку каталіцкага духавенства стала адной з прычын ліквідацыі некаторых кляштараў на тэрыторыі Гродзеншчыны. Хаця, як гэта можа падацца са зместа дакументаў таго часу, гэтыя мерапрыемствы царызм праводзіў без якой-небудзь сувязі з падзеямі 1831 г., а выключна дзеля карысці саміх ордэнаў. Пераш-наперш Міністэрствам унутраных спраў па загаду імператара быў праведзены аналіз прычын "заняпаду" кляштараў у заходніх губернях. Такой прычынай, на думку чыноўнікаў аказалася занадта вялікая колькасць кляштараў і вельмі малая лічба манахаў у іх. Таму ўказам ад 17 ліпеня 1832 г. Мікалай І "дзеля вяртання ў іх духу сапраўднага хрысціянства меў ласку прызнаць неабходным тэрмінова пакласці канец падобнаму парушэнню статутаў скасаваннем залішніх кляштараў" [99]. Пад дзеянне гэтага ўказа ў Гродзенскай губ. трапіла 15 кляштараў [100]. Акрамя таго, яшчэ раней былі зачынены картэзіянскі кляштар у Бярозе за тое, што амаль што ўсе яго манахі прынялі чынны ўдзел у паўстанні, а таксама дзярэчанскі дамініканскі манастыр за тое, што ў яго скляпеннях спрабавалі выратаваць ад канфіскацыі мастацкія творы з дзярэчынскага палаца Сапегаў. А ў 1833 г. за падтрымку манахамі ўдзельнікаў экспедыцыі Заліўскага быў ліквідаваны гродзенскі дамініканскі кляштар. Такім чынам, агульная лічба скасаваных на пачатку 30-х гадоў кляштараў па Гродзенскай губ. павялічваецца да 18.

Каталіцкія кляштары, якія былі зачынены ўладамі на тэр. Гродзенскай губ. на пач. 30-х гг. ХІХ ст.

Мясцовасць

Уезд

Закон

1

Бухавічы

Кобрынскі

дамініканскі

2

Бяроза-Картузская

Пружанскі

картэзіанскі

3

Валоўка

Навагрудскі

дамініканскі

4

Васілішкі

Лідскі

дамініканскі

5

Вістычы

Брэсцкі

цыстэрцыяннцаў

6

Гродна

Гродзенскі

дамініканскі

7

Дзярэчын

Слонімскі

дамініканскі

8

Ельня

Лідскі

дамініканскі

9

Жалудок

Лідскі

кармеліцкі

10

Калеснікі

Лідскі

кармеліцкі

11

Канюхі

Ваўкавыскі

дамініканскі

12

Крамянец

Ваўкавыскі

канонікаў латэаранскіх

13

Лапенікі

Ваўкавыскі

францысканскі

14

Ліда

Лідскі

кармеліцкі

15

Палонка

Слонімскі

дамініканскі

16

Свіслач

Гродзенскі

францысканскі

17

Шчучын

Лідскі

піяраў

18

Шэйбакполе

Лідскі

францысканскі

Касцёлы пры гэтых кляштарах былі пераведзены ў разрад прыходскіх. Манахаў было загадана ў суправаджэнні паліцыі пераводзіць у іншыя, аддаленыя ад мяжы мясціны. Разам з тым адбываўся працэс пераразмеркавання пакляшторнай уласнасці. Уся рухомая маёмасць, якая ўладамі прызнавалася непатрэбнай ішла на продаж з аўкцыёна. Так, напрыклад, з малатка пайшла маёмасць аптэкі шчучынскага піярскага кляштара (выручка склала каля 3 тыс. руб.) Продажу таксама падлягалі гаспадарчы інвентар, сталовае срэбра, абразы, мэбля, харчовыя запасы і г.д. Частка будынкаў былых каталіцкіх манастыроў, а таксама сады і гароды пры іх здаваліся ў арэнду. На прыканцы 1830-х гадоў некаторыя з іх былі перададзены ў распараджэнне ваеннага міністэрства. Таму ў мурах былых лідскага, шчучынскага, жалудокскага, бярозаўскага, дзярэчанскага, крамянецкага кляштараў былі размешчаны склады, брыгадныя і батальёныя штабы і г.д. [101] Трагічна склаўся лёс бібліятэк гэтых манаскіх устаноў. Значная частка багатых кнігазбораў была разрабавана. Вядома прозвішча віленскага каноніка Малышэвіча, які спецыялізаваўся на зборы пакляшторных друкаў і рукапісаў у Гродзенскай губ. з наступнай перадачай іх (не без карысці для сябе) у Імператарскую публічную бібліятэку [102].

Паўстанне 1830-1831 г. паскорыла працэс ліквідацыі ўніяцкай царквы. Як у выпадку з каталіцкімі кляштарамі ў першай палове ХІХ ст. на Гродзеншчыне былі ліквідаваны 10 манастыроў адзінага ўніяцкага ордэна базыльян. Сярод іншага, гэта былі мужчынскія абшчыны ў Навасельцах, Ражанцы, Дараве, Лаўрышаве (адзін з найбольш старажытных манастыроў Беларусі), Воўпе, жаночы ў Навагрудку і інш. [103] Шмат увагі мясцовымі ўладамі ў гэты час надавалася прывядзенню грэка-каталіцкіх цэркваў у адпаведнасць з правіламі грэка-ўсходняй царквы. У сярэдзіне 30-х гадоў у некалькіх сотнях уніяцкіх храмаў на Гродзеншчыне былі заменены іканастасы і прастолы па праваслаўным ўзоры. Адначасова з гэтым у цэрквах знішчаліся арганы, лавы, бакавыя прастолы, усё іншае, што не адпавядала правілам. Гэтыя ператварэнні былі толькі першымі крокамі на шляху цалкавітага скасавання ўніі ў 1839 г.

Іншым важным наступствам паўстання 1830-1831 г. стала масавая эміграцыя на Захад асоб, якія прымалі ў ім актыўны ўдзел. Баючыся пакарання з боку царызму былыя паўстанцы рознымі шляхамі накіроўваліся за мяжу - у Аўстрыю, Прусію, Велікабрытанію і Швейцарыю, але найбольш у Францыю. Менавіта ў гэтай краіне ўзніклі найбольш моцныя эміграцыйныя асяродкі, якія аб'ядноўвалі выхадцаў з зямель былога ВКЛ. Адной з першай арганізацый, якая была створана ўдзельнікамі падзей 1830-1831 г. у Парыжы стала Таварыства літоўскіх і рускіх зямель. Яно ўзнікла па ініцыятыве Цэзарыя Плятэра 10 снежня 1831 г.: "Літвіны … змушаныя да выгнання, сабраліся ў Парыжы і ўбачылі, што Еўропа не мае адпавядаючых рэчаіснасці ўяўленняў пра паўстанне ў Літве, а таксама і пра саміх літвінаў, таму … стварылі Таварыства".

Адным з галоўных накірункаў дзейнасці Таварыства стала захаванне гістарычнай памяці аб падзеях, якія папярэднічалі паўстанню і непасрэдна тычыліся гэтай падзеі на землях Беларусі і Літвы. З гэтай мэтай выхадцамі з зямель былога ВКЛ быў арганізаваны збор і выданне матэрыялаў па дадзенай тэматыцы. Сярод прац, якія тычыліся непасрэдна тэрыторыі Гродзеншчыны адзначым успаміны і даследаванні І. Крываблоцкага, І. Клюкоўскага, Т. Краскоўскага, М. Валовіча і інш. Актыўнымі супрацоўнікамі Таварыства таксама былі выхадцы з Гарадзеншчыны А. Міцкевіч і І. Дамейка. Менавіта па прапанове апошняга была праведзена рэарганізацыя Таварыства літоўскага і рускіх зямель на 2 секцыі - гісторыка-літаратурную і навуковую. Дзейнасць першай узначаліў непасрэдна А. Міцкевіч.

Аб'яднанне эмігрантаў былога ВКЛ у адну арганізацыю садзейнічала захаванню гістарычнай памяці выхадцаў з гэтых зямель, іх самасвядомасці. Сябры Таварыства рознымі спосабамі імкнуліся падкрэсліць адметнасць сваёй суполкі і саміх сябе ад так званых "караняжэй" - выхадцаў з тэрыторыі Польшчы. Сярод іншага гэта выявілася ў святкаванні гадавіны паўстання не 29 лістапада, а 25 сакавіка (дзень узброенага выступлення ў Расіенах) і г.д. М. Валовіч падчас следства ў Гродна адкрыта заявіў, што Таварыства літоўскае было асобна ад польскага, "якое намі, літоўцамі, пагаржала". Эміграцыя ў цэлым адыграла значную ролю ў справе дэмакратызацыі нацыянальна-вызваленчага руху на землях Беларусі. Менавіта ў эмігранцкіх колах была падрыхтавана экспедыцыя Заліўскага, актыўным удзельнікам якой з'яўляўся М. Валовіч і Ш. Канарскі, які на прыканцы 30-х гадоў ХІХ ст. стварыў разгалінаваную сетку Дэмакратычнага таварыства на землях Беларусі, Украіны і Літвы.

Рэзюме

Гродзеншчына была тым рэгіёнам Беларусі, дзе паўстанне 1830-1831 гадоў атрымала найбольшае распаўсюджанне. Дзеля пачатку і пашырэння ўзброенай барацьбы тут існаваў шэраг перадумоў унутранага характару, разам з тым, адчувальны ўплыў на ход паўстання аказвалі падзеі ў суседнім Каралеўстве Польскім. Паўстанскі рух на тэрыторыі Гродзеншчыны разгортваўся ў асноўным на падставе ўласных, унутраных рэсурсаў. Адметнай рысай Гродзенскай губ., было тое, што, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў Беларусі і Літвы, што асноўныя сілы інсургентаў на першым яго этапе былі сканцэнтраваны ў адным месцы - Белавежскай пушчы. Для задушэння паўстання царскія ўлады выкарыстоўвалі не толькі вайсковую сілу. Рэпрэсіі, застрашэнне, адабранне ў казну маёнткаў і г.д. служылі задачам скарачэння сацыяльнай базы нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Пасля паразы паўстання царызмам быў праведзены шэраг мерапрыемтсваў, які закранаў сацыяльную, рэлігійную, палітычную, культурную і іншыя сферы жыцця. Асноўнай мэтай гэтай палітыкі была уніфікацыя гэтых зямель з цэнтральнымі рэгіёнамі Расейскай імперыі.



[1] Dylangowa H. Powstanie w planach polskich związkow tajnych 1815-1830 // Powstanie listopadowe 1830-1831. W-wa.: PAN, 1983. - S. 17.

[2] Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 43.

[3] Wybór źrodel do powstania listopadowego. Wrocław.: PAN, 1957. - S. XIII.

[4] Wybór źrodel do powstania listopadowego. Wrocław.: PAN, 1957. - S. 10

[5] Гарбачова В.В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: біябібліяграфічны слоўнік. - Мінск: БДУ, 2006. - С. 149, 353

[6] Воронков И. Позиция польских повстанческих властей по вопросу их отношения к царскому правительству, русскому, украинскому, белорусскому, литовским народам в период восстания 1830-1831 гг. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978. - С. 228.

[7] A. Z. (K. Chłapowski). Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913, - S. 23; Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. СПб., 1890. - С. 273.

[8] Далей усе даты пададзены па старому стылю.

[9] Rosiak S. Wileńska komisja śledcza (1831-1834) // Księga pamiątkowa koła historyków słuchaczy Uniwersytety S. Batorego. - Wilno, 1933. - S. 251

[10] РДГА. Ф. 384, воп. 1, спр. 1, а. 2.

[11] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 846, а.8.

[12] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 3, спр. 991, а.2.

[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1086, а. 1, 2, 9.

[14] Гарбачова В.В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: біябібліяграфічны слоўнік. - Мінск: БДУ, 2006.

[15] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1042, а. 101.

[16] РДГА. Ф. 561, воп. 1, спр. 107, а. 13.

[17] Mościcki H. Powstanie listopadowe na Litwie .... S. VIII.

[18] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1043, а. 2.

[19] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1042, а. 901.

[20] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1043, а. 78.

[21] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 4, спр. 64, а. 77; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1043, а. 169.

[22] РДГА. Ф. 561, воп. 1, спр. 107, а. 19.

[23] Powstanie listopadowe 1830-1831. Dzeieje wewnętrze. Militaria: Europa wobec powstania. W-wa, 1990. - S. 398.

[24] Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 66.

[25] Klukowski J. W powiecie oszmiańskim // Powstanie 1831 r. na Litwie. Wspomnienia uczestnikow. Wilno, 1931. - S. 102.

[26] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1102, а. 3.

[27] Там жа а. 2.

[28] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 222, а. 4.

[29] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 222, а. 9.

[30] РДГА. Ф. 561, воп. 1. спр. 107, а. 18.

[31] РДГА. Ф. 561, воп. 1. спр. 107, а. 13-14.

[32] Смит Ф. История польского возстания и войны 1830 и 1831 г. Т. 2. Спб., 1863. - С. 143.

[33] Powstanie listopadowe 1830-1831. Dzeieje wewnętrze. Militaria: Europa wobec powstania. W-wa, 1990. - S. 402.

[34] Гарбачова В. Паўстанне 1830-1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. - С. 17.

[35] РДГА. Ф. 561, воп. 1, спр. 107, а. 16.

[36] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 24, а. 2.

[37] Там жа. Ф. 4, воп. 1, спр. 20, а. 3.

[38] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 64, а. 197.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 63, а. 6.

[40] РДГА. Ф.561, воп. 1, спр. 107, а. 20.

[41] Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 85

[42] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 846, а. 1, 8.

[43] НГАБ у Гродне. Ф. 1. воп. 27, спр. 64, а. 228-230.

[44] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1239, а. 55

[45] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 18, а. 4.

[46] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 64, а. 200.

[47] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 191. а. 72; Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Сынхроністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, літве і Польшчы ў 1830-1831 г. // Наш край. - 1929. - №. 10. - С. 36.

[48] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 24, а. 3.

[49] ПСЗ (выд. другое) Т. 6, № 4444.

[50] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 1, а.6; РДГА Ф.561, в.1, спр.107, а. 10.

[51] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 27, спр.65, а. 51

[52] Воронков И. Восстание 1830-1831гг. в Белоруссии // Вестник Московского университета. Серия ІХ, история. - 1966. - № 2. - С. 54.

[53] Kalinka W. Źywot Tadeusza Tyszkiewicza. Poznań, 1853. - S.146.

[54] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 222, а. 23; Chłapowski D. Pamiętniki. Cz. 2. Wojna roku 1830-1831. Poznań, 1899. - S. 62.

[55] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп 1, спр. 17, а. 5; Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. СПб., 1890.- С.274.

[56] Kalinka W. Jeneral Dezydery Chłapowski. Poznań, 1885. - S. 120.

[57] Смит Ф. История польского возстания и войны 1830 и 1831 г. Т. 2. Спб., 1863. - С. 465.

[58] Борисёнок Ю. Хозяин мятежного края. Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина. - 1994. - № 12. - С. 53

[59] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр.41, а. 2

[60] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 64, а. 198.

[61] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 64, а. 259.

[62] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1., спр. 41, а. 3.

[63] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 46, а. 2, 3.

[64] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 64, а. 301.

[65] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 3, спр. 999, а. 360.

[66] НГАБ у Гродне Ф. 4, воп. 1, спр. 71, а. 13.

[67] Puciata P. Skład i działalność reprezentacji ziem zabranych ns sejme 1830/31 r. // Księga pomiątkowa koła historyków słuchachy uniwersitetu S. Batorego. Wilno, 1933. - S. 236-237.

[68] Воронков И. Восстание 1830-1831гг. в Белоруссии // Вестник Московского университета. Серия ІХ, история. - 1966. - № 2. - С. 56.

[69] НГАБ у Гродна Ф. 1, воп. 27, спр. 65, а. 52.

[70] Там жа

[71] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 3, спр. 1102, а. 127.

[72] Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Сынхроністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830-1831 г. // Наш край. - 1929. - №. 10. - С. 45.

[73] Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов: В 4 т. / Ин-т. ист. Акад. наук БССР. - Минск: Наука и техника, 1961-1990. - Т.4: Социально-политическая история и культура Белоруссии первой половины XIX в. / Сост. В.В. Чепко, В.В. Шатилло. - 1979. - С. 93-95.

[74] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 4, спр. 110.

[75] Лепеш О.В. Комитет западных губерний: организация и деятельность (1831-1848 гг.): Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02. / Бел. гос. ун-т., - Минск, 2005. - С. 13.

[76] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 351, а. 204-205.

[77] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп.1, спр. 41, а. 26.

[78] НГАБ у Гродне Ф.1, воп. 27, спр. 84, а. 38.

[79] ПСЗ (выд. другое). - Т. VI, №. 4711.

[80] Радзюк А.Р. Дзейнасць гродзенскай следчай камісіі 1831-1834 гг. // Гістарычны альманах ― 2008. ― Т.14. ― С.114.

[81] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 4, спр. 80, а. 7.

[82] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр.177, а.4-5.

[83] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 64, а. 15.

[84] Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 157.

[85] Радзюк А.Р. Дзейнасць гродзенскай следчай камісіі 1831-1834 гг. // Гістарычны альманах ― 2008. ― Т. 14. ― С. 126-129.

[86] Виттекер Ц.Х. Граф С.С. Уваров и его время. - СПб.: Гуманитарное агентство «Академический проект», 1999. - С.125-126.

[87] ПСЗ (выд. другое). - Т. VI, №. 4869.

[88] ПСЗ (выд. другое). - Т. VІІI, №. 5746.

[89] РДГА. Ф. 1266, воп. 1., спр. 11, а. 101.

[90] Sikorska-Kulesza S. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie і Białorusi w XIX w. - W-wa, 1998 - S. 42.

[91] Токць С. Шляхецкае самакіраванне ў Гродзенскай губ. (пачатак ХІХ ст.-60-ыя гады ХІХ ст.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - № 7.

[92] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 12, спр. 930, а. 1.

[93] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 877; НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 2, спр. 77.

[94] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 295, а. 66.

[95] Zasztowt L. Kresy 1832-64. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzechypospolitej - W-wa, 1997 -S. 254.

[96] Beauvois D. Powstanie listopadowe a szkolnictwe na ziemiach litewsko-ruskich. - S. 53.

[97] НГАБ у Гродне. Ф. 31, воп. 2, а. 91, 3.

[98] ПСЗ (выд. другое). - СПб., 1843. - Т. VІІI, №. 6569.

[99] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 233, а.1.

[100] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 233, а. 45-46; Ф. 31, воп. 2, спр. 129, а. 1.

[101] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 5, спр. 290 а . а. 5, 10, 13.

[102] Gach P. Popowstaniowa kasata klasztorow w guberniach zachodnich cesarstwa Rosyjskiego w 1832 r. // Roczniki humanistyczne. - T. XXVIII, Z. 2. - S. 207.

[103] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 39.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX