Вярнуцца: Радзюк Алесь

Знішчэнне шляхецкіх ваколіц на Гродзеншчыне ў 1863-1864 г.


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 16-07-2013,
Крыніца: ARCHE - 2010. - №12. - С. 151-173.

Спампаваць




Знішчэнне шляхецкіх ваколіц - адна з найбольш трагічных старонак часоў паўстання 1863-1864 г. Дэпартацыя некалькіх соцен ні ў чым непавінных жыхароў у глыб Расіі ажыццяўлялася ў рамках жорсткай рэпрэсіўнай палітыкі, якую праводзіў М. Мураўёў з мэтай задушэння нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Масавая высылка была адным з найгалоўнейшых спосабаў пакарання ўдзельнікаў паўстання і тых асоб, якія аказвалі ім падрымку. Пры гэтым шырокае распаўсюджванне ў 1863-1864 г. на тэрыторыі Беларусі і Літвы атрымала "адміністратыўная высылка", для ажыццяўлення якой не патрабаваліся ні суд, ні следства, ні, адпаведна, доказы віны. Яна выкарыстоўвалася ўладамі для расправы з так званымі "неблаганадзейнымі" асобамі. Для абгрунтавання дадзенага віду рэпрэсій віленскі генерал-губернатар выкарыстоўваў тэзу аб тым, што "усе яны (неправаслаўнае насельніцтва краю) вінаваты". Гэта палажэнне ў некаторай ступені тлумачыць тыя маштабы, якія набыло прымусовае перасяленне ў гэты час (па ацэнцы сучасных польскіх гісторыкаў, лічба рэпрэсаваных у Расію з тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны, можа складаць каля 30 тыс. асоб). Але дзеля выяўлення ўсяго комплексу прычын, што падштурхнуў мураўёўскую адміністрацыю на падобныя меры, якія да тых часоў не мелі аналагаў у айчыннай гісторыі, неабходны аналіз усяго комплекса крыніц, у якіх адлюстраваны працэс падрыхтоўкі і ажыццяўлення пакарання шляхецкіх ваколіц.

Адносіны тагачаснага віленскага генерал-губернатара ў дачыненні да шляхецкага саслоўя ў цэлым сфармаваліся яшчэ падчас задушэння паўстання 1830-1831 г. Ужо тады М. Мураўёў, які на той час займаў пасаду гродзенскага губернатара, звярнуў увагу вышэйшых органаў імперыі на дадзеную сацыяльную страту як "на першую зброю бунту". У якасці аднаго з мерапрыемстваў па барацьбе з падобным класам людзей ён, сярод іншага, прапаноўваў усю шляхту, якая не даказала б на працягу года сваёй дваранскай годнасці, альбо не паступіла на службу ці не мела б аселасці "паступова перасяліць на лінію (Каўказкую альбо Арэнбургскую - А.Р.) і стварыць з іх ахоўнае памежнае войска" [1]. Аднак Камітэт па справах заходніх губерняў, куды была накіравана дадзеная прапанова, палічыў прапанаваныя меры занадта крутымі. Праз 30 год пасля гэтых падзей, М. Мураўёў быў надзелены большымі ўладнымі паўнамоцтвамі чым той жа Камітэт (яго рашэнні і падзаканадаўчыя акты не патрабавалі імператарскага зацвярджэння). За гэты час яго адносіны да шляхты ў асноўным не змяніліся. Ён і надалей працягваў лічыць гэты клас "самымі шматлікімі і дзейснымі ўдзельнікамі мецяжу" [2]. І таму шляхецкае саслоўе (разам з каталіцкім духавенствам) становіцца галоўным сацыяльным аб'ектам рэпрэсіўнай палітыкі віленскага генерал-губернатара. Адной з праяў падобнага падыходу была барацьба са шляхецкімі ваколіцамі.

Зыходзячы з падобнай трактоўкі шляхты, улады прынялі ў адносінах да яе шэраг рэпрэсіўных мерапрыемстваў дадатковага характару. У пералік тых распараджэнняў, якія пасля былі ўключаны ў афіцыйны зборнік М. Мураўёва ўвайшлі патрабаванні абкладання шляхецкіх ваколіц кантрыбуцыяй (ад 10 да 25 руб. срэбрам з сядзібы), а таксама адабрання зямлі і сяліб на карысць сялянскай грамады, у выпадку ўдзелу асоб шляхецкага паходжання ў паўстанні. 8-ым жніўня 1863 г. * датуецца цыркуляр віленскага начальніка "аб выемцы з іх (шляхты і аднадворцаў) тых, якія больш за іншых вылучаюцца крамольным духам…" [3]. Але гэтых мераў падалося М. Мураўёву недастаткова. І таму ён прапанаваў больш радыкальныя крокі, больш рашучыя спосабы па ізаляцыі шляхецкіх ваколіц ад нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У сваім прадпісанні (якое, дарэчы, не ўвайшло ў афіцыйны збор яго распараджэнняў) на імя гродзенскага ваеннага губернатара, "начальнік края" патрабаваў "некалькі селішчаў і асабліва шляхецкіх ваколіц, жыхары якіх будуць вінаваты ў садзейнічанні мяцежнікам і прыкрыцці іх, знішчыць ... саміх жа жыхараў браць пад варту для перасялення іх з сем'ямі ўнутр Расіі" [4]. Застаецца адкрытым пытанне ці было гэта распараджэнне разаслана для выканання па ўсіх рэгіёнах падуладных віленскаму генерал-губернатару, ці гродзенскі губернатар меў справу з адмысловым імянным цыркулярам? Факты сведчаць, што ў некаторых губернях (Ковенскай і Віленскай) уладамі было здзейснена знішчэнне некалькіх шляхецкіх ваколіц. Разам з тым, у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях барацьба з падобным тыпам паселішчаў вялася не такімі брутальнымі метадамі. З гэтага можна зрабіць выснову, што вышэй узгаданае распараджэнне было распаўсюджана для выканання толькі на тых тэрыторыях, дзе паўстанскі рух атрымаў найбольшае развіццё.

Улады не хавалі дзеля чаго яны ідуць на падобныя беспрэцэндэнтныя меры - застрашыць, навесці паніку, паказаць, што ніхто не застрахаваны ад падобнага лёсу, "для прыкладу іншым". Канечне, увядзенне прынцыпу калектыўнай адказнасці, калі за дзеянні некалькіх асоб адказвалі сотні, паўплывала на далейшае звужэнне сацыяльнай базы паўстання. Падобныя карныя аперацыі мелі вялікі рэзананс не толькі ў наваколлі, але і далёка за межамі той мясцовасці, дзе адбываліся. Пасля знішчэння некалькіх ваколіц уладам дастаткова было толькі перапісаць жыхароў таго населенага пункта, які падазраваўся ва ўдзеле ці аказанні дапамогі паўстанню, каб жыхары імгненна выказалі сваю лаяльнасць і пакорлівасць [5]. У прынцыпе ўлады дасягнулі таго, на што яны спадзяваліся. "З іншых ваколіц выходзілі жыхары, " - не без задавальнення паведамляў палкоўнік Барэйша пасля правядзення адной з падобных аперацый, - "выказваючы адданасць Найяснейшаму Манарху і цалкавітую гатоўнасць выконваць патрабаванні …" [6]. Пераход да падобных мер, якія ў сярэдзіне ХХ ст. атрымалі назву "выпаленай зямлі", быў адказам мураўёўскіх улад на змяненне тактыкі ўзброенай барацьбы з боку паўстанцаў. Як адзначаў сам віленскі генерал-губернатар, у той час, калі інсургенты дзейнічалі вялікімі атрадамі, знішчаць іх было лёгка. Пасля таго, як яны расканцэнтраваліся невялікімі фармаваннямі ад 10 да 15 асоб то, адпаведна, маглі быць спынены "толькі аднымі мерамі строгага накладання спагнання з жыхароў, якія хавалі іх і давалі сродкі да існавання." [7] Найбольш строга было запытана з жыхароў ваколіц.

На жаль, не ўдалося выявіць дакладнай даты з'яўлення на свет распараджэння аб ліквідацыі ваколіц. З рапарта камандуючага войскамі па Гродзенскай губ. генерала Манюкіна вынікае, што падобнае прадпісанне М. Мураўёва было атрымана ім 29 ліпеня 1863 г. [8] Аднак, храналагічная рэканструкцыя падзей сведчыць, што яно было вядома і прынята да выканання ў гродзенскім уездзе ўжо на самым пачатку ліпеня [9]. Тыя ж факты даюць падставу сцвярджаць, што толькі на пачатку жніўня 1863 г. узгаданае распараджэнне М. Мураўёва было распаўсюджана ў цыркулярным парадку з канцэлярыі гродзенскага губернатара па ўсіх уездах для азнаямлення і выканання. Магчыма, некаторая затрымка ў яго рассылцы была выклікана тымі зменамі, якія адбыліся ў гэты час на пасадзе гродзенскага губернатара. Справа ў тым, што ў сярэдзіне ліпеня 1863 г. замест гр. У. Бабрынскага, які ў знак нязгоды з палітыкай М. Мураўёва падаў у адстаўку, быў прызначаны больш згаворлівы і выканаўчы І. Скварцоў. Менавіта з гэтым імем звязана ўзмацненне жорсткасці палітыкі ў гродзенскім рэгіёне. Менавіта І. Скварцоў выступіў у ролі пасрэдніка паміж віленскім генерал-губернатарам, які аддаў загад на знішчэнне шляхецкіх ваколіц і ваеннымі ўезднымі начальнікамі, на якіх быў ускладзены абавязак па правядзенню гэтай акцыі.

Каб лепей зразумець спецыфіку карнай палітыкі на Беларусі ў цэлым і ў дачыненні да ліквідацыі шляхецкіх селішчаў у прыватнасці, неабходна звярнуць увагу на інстытут ваенна-ўездных начальнікаў. Падобныя пасады былі ўведзены У. Назімавым яшчэ ў 1861 г. Але толькі пасля тых змен, якія адбыліся на пасадзе віленскага генерал-губернатара ў траўні 1863 г., дадзены орган вайсковай улады становіцца галоўным элементам у правядзенні мураўёскай рэпрэсіўнай палітыкі, а пасля задушэння паўстання, рэалізацыі на практыцы элементаў яго "сістэмы". Выкананне гэтых абавязкаў ускладалася на афіцэраў і генералаў тых армейскіх частак, якія мелі дыслакацыю ў тым ці іншым уездзе. Менавіта М. Мураўёў найбольш часта падбіраў кадры на азначаныя пасады. Менавіта М. Мураўёў ператварыў іх ў органы з амаль што неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў межах падпарадкаванай ім тэрыторыі. Але нягледзячы на той адбор, які праходзілі ваенныя начальнікі ў Вільні перад прызначэннем на пасаду, не ўсе з іх пагадзіліся ўзяць на сябе адказнасць па выкананню цыркуляра аб знішчэнні ваколіц. Напрыклад, выконваючы на той час абавязкі начальніка ваўкавыскага ўезда, палкоўнік Казанлі, гэты "сумленных і шляхетных правілаў, пасівеўшы воін," [10] нават пасля паўторнай просьбы-ўказання І. Скварцова даслаць заключэнне ці "не патрабуе ваколіца Карэвічы прыняцця супраць яе адмыслова строгіх мер" не пайшоў на повадзе ў начальства [11]. Падобны дакумент-намёк "звярнуць асаблівую ўвагу на шляхецкія ваколіцы і прадставіць меркаванні для іх ўтаймавання" быў атрыманы ў Бельску. Але генерал-маёр Амонтаў, ці то не зразумеў што ад яго патрабуе вышэйшае камандаванне, ці то не захацеў рабіць гэтага. У хуткім часе ён быў заменены на палкоўніка Барэйшу. Адступіўся, што праўда, па іншых прычынах, ад свайго першапачатковага намеру выслаць усіх жыхароў ваколіцы Эйсманты-Надтабольскія гродзенскі ўездны начальнік палкоўнік Брант. Таксама тут варта звярнуць увагу на той факт, што большасць з камандзіраў уездаў на момант выканання гэтага распараджэння знаходзіліся на сваіх пасадах непрацяглы час і, адпаведна, не маглі валодаць сітуацыяй у сваім уездзе ў дастатковай ступені. Яскравым пацверджаннем таму з'яўляецца прыклад палкоўніка Барэйшы, які змяніў свайго папярэдніка на пасадзе 7 верасня 1863 г., а ўжо 9 верасня выступіў з ініцыятывай да начальства аб знішчэнні дзвюх ваколіц (Лукавіцы і Фалькі). Падобная яго аператыўнасць тлумачыцца хутчэй за ўсё тым, што перад уступленнем у свае абавязкі ён атрымаў адпаведныя інструкцыі падчас асабістай сустрэчы з М. Мураўёвым ці І. Скварцовым. Яго беластоцкі калега, генерал Беклямішаў расправіўся з Явароўкай роўна праз месяц пасля прызначэння на пасаду (рэальна ж ён прыняў справы яшчэ пазней). Трохі больш за месяц выконваў абавязкі ўезнага начальніка маёр фон Крэмер на момант ліквідацыі Пеняшак. Прыведзеныя факты дазваляюць зрабіць выснову, што ўзорнаму пакаранню былі падвергнуты першыя ваколіцы (за выключэннем Прушанак-Баранак), якія трапілі пад "гарачую руку" пасля выхаду адпаведнага мураўёўскага распараджэння.

У храналагічным парадку знішчэнне шляхецкіх ваколіц адбывалася ў наступнай паслядоўнасці: 12-13 ліпеня 1863 г. Шчука (гродзенскі ўезд), 6 жніўня Явароўка (беластоцкі), 8 верасня Пеняшкі (пружанскі), 23 верасня Лукавіцы (альбо Луковіцы) і ў сакавіку 1864 г. Прушанкі-Баранкі (абедзве бельскі ўезд). Цалкам верагодна, што гэты спіс няпоўнены. Напрыклад, польскі даследчык Г. Масьціцкі называе яшчэ дзве спаленыя ваколіцы Дзікі і Штыкіны ў беластоцкім уездзе [12]. Ажыццяўленне карных акцый па знішчэнню ваколіц адбывалася прыкладна па адным сцэнарыю з некаторымі асаблівасцямі ў кожным выпадку. Як ужо адзначалася, вызначэннем населенага пункта для яго далейшага знішчэння займаліся ваенныя начальнікі ўездаў. Звычайна той ці іншы мясцовы камандзір рапартаваў губернатару аб тым, што ім выяўлены "рассаднік зламысных намераў і дзеянняў", які, у адпаведнасці з апошнімі інструкцыямі віленскага генерал-губернатара, патрабуе тэрміновай ліквідацыі. Узнікае пытанне: у чым канкрэтна ўлады вінавацілі жыхароў ваколіц? Якая ступень злачынства, на іх думку, адпавядала падобнай ступені пакарання?

Непасрэднай зачэпкай, якую выкарыстала мураўёўская адміністрацыя для ажыццяўлення карных мерапрыемстваў супраць некалькіх соцен жыхароў Явароўкі і Прушанак-Баранак, была спроба паўстанцаў пакараць "адданых ураду" асоб. У першым выпадку ахвярай павінна была стаць постаць А. Сандарцкага, які "ўжо шмат разоў дэманстраваў сваю адданасць". Не знайшоўшы яго на месцы, інсургенты забралі з сабой двух яго братоў. [13] Аб далейшым іх лёсе дакументы не паведамляюць. У другім выпадку, паўстанцы мелі намер пазбавіць жыцця І. Прушынскага, "які шмат выкрыў мяцежнікаў", але "кранутыя моцнымі просьбамі, што калі яго павесяць, то ўся ваколіца будзе пакарана" (вылучана аўтарам), адступіліся ад свайго першапачатковага намеру і абмежаваліся тым, што высяклі яго. [14] Але падобнае змякчэнне пакарання І. Прушынскаму не было ўлічана ўладамі падчас вынясення канчатковага прысуду ўсёй ваколіцы. У якасці першага і найбольш значнага пункта вінаватасці мясцовых жыхароў і іх "злачыннасці", улады паставілі "дапушчэнне мяцежнікам рабіць катаванні адданаму ўраду…". У якасці абцяжарваючых віну абставін супраць Явароўкі былі высунуты абвінавачванні ў тым, што жыхары "амаль што пэўна" бралі ўдзел у спальванні маста, а таксама, карыстаючыся месцапалажэннем, яны на астравах рэчак Нараўкі і Супрасля "маюць для шайкі схоўныя месцы". У дачыненні да Прушанак-Баранак дадатковая аргументацыя на карысць расправы з ёю зводзілася да найбольш распаўсюджанага ў тыя часы (і таму ў некаторай ступені банальнага) абвінавачвання ў "палітычнай неблаганадзейнасці". Вінаватасць іншых шляхецкіх ваколіц, на думку мураўёўскай адміністрацыі, заключалася ў наступным: з Лукавіц быў здзейснены напад на атрад рускіх войскаў, які займаўся заснаваннем так званай "сельскай варты"; Шчукі - удзел у паўстанні і прымусовае забранне ў лес селяніна І. Макарэвіча; Пеняшкі - "відавочнае спачуванне мецяжу". [15] Цікава ў дадзеным выпадку прасачыць ступень адчування віны і прычын пакарання самімі жыхарамі знішчаных селішчаў. Іх пісьмовыя звароты ў розныя інстанцыі сведчаць, што і падчас расправы, і праз некалькі гадоў пасля яе, яны не маглі зразумець, за што іх пакаралі, у чым іх віна. Аб гэтым наўпрост сведчыць просьба арыштаваных сямей з Пеняшак, якія "са слязьмі" ўпрошвалі правесці хоць нейкае следства ў іх выпадку "зусім не ведаючы прычын і не адчуваючы сябе ў чым-небудзь вінаватымі". [16] У 1867 г. з месца сваёй высылкі жыхары іншай ваколіцы скардзіліся, што былі пакараны бязвінна. Некаторыя ўспрымалі гэта выпрабаванне з пэўнай доляй фаталізма: "і на нашу ваколіцу выпала падобнае выпрабаванне лёсам", - пісаў адзін з жыхароў Прушанак-Баранак у сваім звароце да табольскага губернатара. [17]

Пасля выяўлення неблаганадзейнай ваколіцы прапановы аб яе пакаранні перадаваліся вышэйшаму начальству. Не ўсе ініцыятывы ўездных камандзіраў знаходзілі падтрымку вышэйшых устаноў. У выпадку згоды (у большасці выпадкаў канфірмацыя давалася ў Вільні), стандартным было прадпісанне гродзенскага губернатара: "сабраць як мага больш мясцовых жыхароў ... спаліць усю ваколіцу да шчэнту і пасля цалкам знішчыць усе напаміны былога селішча, аддаць зямлю суседняй сялянскай грамадзе." [18] Атрымаўшы дазвол ад губернскага начальства, ваенныя начальнікі сіламі падпарадкаваных ім войскаў абкружалі вызначанае паселішча, праводзілі высяленне жыхароў разам з апісаннем іх рухомай маёмасці. Пасля, у прысутнасці людзей з усяго наваколля, адначасова з некалькіх бакоў, ваколіца падпальвалася. "У Бельску было відаць ад полымя ... Сялян ахапіў жах …" - апісвае гэты момант экзекуцыі палкоўнік Барэйша. [19]

Да вызначэння месца іх канчатковай высылкі, жыхары знішчанай ваколіцы на прцягу некалькіх тыдняў (месяцаў) знаходзіліся пад арыштам. Паколькі вязніцы летам-восенню 1863 г. былі і без гэтага перапоўнены звыш усякае меры, то ваенна-ўезным начальнікам прыйшлося вырашаць праблему размяшчэння такой вялікай колькасці заняволеных у кожным выпадку індывідуальна. Так, жыхары ваколіцы Шчукі ўтрымоўваліся пад вартай у Рубалаўскай карчме, Лукавіц - у Бельску ў спецыяльных дамах (не ўдакладнялася якіх), "мужчыны асобна ад жанчын", Явароўкі - у намётах у наваколлі Беластока, Пеняшак - у Пружанах пад паліцэйскім наглядам. Не ўсе вытрымоўвалі падобнае выпрабаванне лёсу. Некалькі чалавек памерла яшчэ да адпраўкі на ўсход. Звар'яцела і спрабавала ўцячы з малым дзіцём галава вялікай сям'і Разалія Шчука. Нягледзячы на гэта, яна была выслана разам з усімі і памерла ў дарозе. [20]

Утрыманне, забеспячэнне харчаваннем, медычныя паслугі і нават сама высылка ажыццяўляліся за кошт жыхароў ваколіцы, тых сродкаў, якія былі здабыты ўладамі падчас продажу іх рухомой маёмасці. Нормы ўтрымання арыштантаў у розных уездах губерні розніліся ад 10 да 16 кап. срэбрам у суткі на дарослых і ад 5 да 8 кап. на дзяцей (адрозніваліся нават крытэрыі вызначэння дзіцячага ўзросту - у адным выпадку да 5, у другім да 7 год). Забеспячэнне ежай адбывалася як у цэнтралізаваным парадку (калі ўлады самі закупалі прадукты для заняволеных), так і самастойна, калі асобы, што знаходзіліся пад арыштам здабывалі сабе харчаванне за грошы праз падрадчыкаў. Бюракратычная перапіска зафіксавала некалькі фактаў, якія характарызуюць спачувальныя адносіны мясцовага насельніцтва і паўстанскіх улад да лёсу жыхароў ваколіц. Напрыклад, ужо праз тыдзень пасля знішчэння Шчук "невядомымі асобамі" былі перададзены афіцэру на варце 30 руб. срэбрам, якія былі сабраны (хутчэй за ўсё навакольным насельніцтвам ці рэвалюцыйнай арганізацыяй) для 75 заняволеных, што ўтрымоўваліся ў Рубалаўскай карчме. [21] У дадзеным выпадку звяртае на сябе ўвагу рэакцыя з боку ўладаў, альбо нават яе адсутнасць. У адрозненні ад большасці падобных выпадкаў, вайсковае камандаванне не арыштавала асобу, якая перадавала сродкі. Не было праведзена следства кім і з якой мэтай гэтыя грошы былі сабраны. Гэта сума не была накіравана на дэпазіт так званых кантрыбуцыйных збораў, альбо проста адабрана вайскоўцамі. З гэтага вынікае, што грошы, хутчэй за ўсё, былі перададзены па прызначэнню. У другім выпадку, падчас правядзення аўкцыёна ў Беластоку па продажу маёмасці жыхароў спаленай Явароўкі, сярод насельніцтва былі распаўсюджаны ўлёткі рэвалюцыйнай арганізацыі (за подпісам начальніка горада) з заклікам байкатаваць дадзенае мерапрыемства. У адваротным выпадку пагражалі рэпрэсіямі супраць пакупнікоў (спаліць іх жытло). [22] Як адрэагавалі жыхары Беластока на гэтыя заклікі, на жаль, невядома. Аднак, наўрад ці яны маглі дасягнуць сваёй мэты ў горадзе, дзе асноўным удзельнікам падобных распродажаў традыцыйна выступала яўрэйскае насельніцтва.

Увогуле, матэрыяльны бок справы з'яўляецца ці не адным з ключавых у справаводстве адносна знішчэння шляхецкіх ваколіц. Пазіцыя ўлад у гэтым пытанні не была адназначнай. З аднаго боку, яны імкнуліся да забеспячэння інтарэсаў царскай казны і ўскладання ўсіх выдаткаў на ўтрыманне і перасылку ваколічнай шляхты непасрэдна на саміх ахвяр. Падобны падыход не з'яўляўся know-how мураўёўскай адміністрацыі часоў студзеньскага паўстання. Аналагічным чынам рабілі царскія ўлады пасля задушэння паўстання 1830-1831 г. і падчас рэпрэсій супраць удзельнікаў розных тайных арганізацый і спісаў першай паловы ХІХ ст. Менавіта з гэтай мэтай яны праводзілі распродаж рухомай маёмасці "палітычных злачынцаў". Асаблівасць жа дадзенага канкрэтнага выпадку заключаецца ў тым, што ў жыхароў ваколіц было адабрана практычна ўсё. Незалежна ад ранейшага сацыяльнага і матэрыяльнага становішча, яны раптоўна ператварыліся фактычна ў жабракоў - без дома, зямлі, запасаў, быдла, маёмасці, сваіх нейкіх накапленняў, ураджаю, які застаўся выспяваць на палетках, вельмі часта без самага неабходнага, яны чакалі на адпраўку ў глыб Расіі. А ўладам і гэтага было мала - у Бельску ва ўсіх жыхароў Лукавіцы падчас вобыску былі адабраны ўсе грошы. [23] "Невядома куды азначаным палкоўнікам падзеты наяўных грошаў 7400 руб., хлеба на 800 руб., коней 12 штук, кароў 11, цялят, валоў ... лыжак срэбраных на 56 руб." - шукаў праўды ў 1865 г. з месца высылкі К. Ямялкоўскі, якога "пасля пажару з сёстрамі і маці забралі абсалютна голымі і выслалі на волю лёсу ў Астраханскую губ." [24] "Усё адбылося так раптоўна, што мы не паспелі нават захапіць ні грошай, ні нават самага неабходнага", - даносілі з Пермскай губ. сёстры Пісанкі з Явароўкі. "Быў схоплены ў адной на сабе вопратцы" - скардзіўся семідзесяцігадовы Мартын Шчука. [25]

Толькі пасля канчатковай высылкі ўсіх ваколіц улады звярнуліся да вырашэння праблемы тых капіталаў, што засталіся ў іх наяўнасці пасля ўсіх выдаткаў. У адпаведнасці з рашэннем М. Мураўёва сродкі, што былі атрыманы ад продажы азначанай маёмасці, павінны былі быць скіраваны ў Міністэрства дзяржаўнай маёмасці для пакрыцця выдаткаў казны па забеспячэнню ссыльных гаспадаркай на новых месцах. [26] Перапіска па гэтым пытанні выявіла, што грошы па каналах азначанага міністэрства, мякка кажучы, незаўсёды даходзілі да адрасатаў. Шматлікія скаргі з боку высланай ваколічнай шляхты на працягу дваццаці гадоў з'яўляліся доказам таго, што ўлады не выканалі, альбо не заўсёды маглі выканаць свай намер. Справа ў тым, што перасылка грошай па прызначэнню, была ўскладнена тым, што ссыльныя даволі часта аказваліся не ў той мясцовасці, куды іх накіроўвалі віленскія ўлады. І таму іх капіталы папаўнялі рахункі мясцовых казённых устаноў і ляжалі там нерухома. "У 1863 і 1864 гадах былі дасланы грошы, якія былі атрыманы праз продаж маёмасці", - паведамляла самарская казённая палата, - "асобы, якім неабходна выдаць азначаныя грошы, да гэтага часу не прыбылі. Не аказалася іх і ў Сібіры …". [27] Падобны ж лёс напаткаў і ураджай, які застаўся выспяваць на палетках пасля высылкі ваколіц. Аказалася, што ён таксама быў узяты пад пільны нагляд мясцовымі ўладамі. Калі жыта выспела, то пад кантролем вайскоўцаў было сабрана і прададзена. Як пасля дзяліліся грошы, да каго яны дайшлі, а да каго не - не паведамляецца.

Амаль што немагчыма выявіць дакладную колькасць ваколічнай шляхты, што была канчаткова выслана ў глыб Расіі. Гэты працэс ускладняецца у сілу шэрагу фактараў. Па-першае, гэта недакладнасць тых спісаў, якія з'яўляюцца асноўнай крыніцай у справе падліку колькасці высланай шляхты. Вельмі часта ў іх фігуруюць асобы, якія, на моц розных абставін, былі пакінуты ў краі. І, наадварот, у ссылцы аказваліся тыя, чые імёны папярэдне нідзе ў ведамасцях не сустракаліся. Па-другое, у некаторых выпадках ваколічнай шляхце ўдавалася ўцячы падчас знішчэння ваколіцы, заняволення ці перасылкі. Хаця куды часцей адбывалася наадварот - уладам удавалася знаходзіць тых, хто на момант ліквідацыі шляхецкага паселішча, па нейкіх прычынах адсутнічаў. Акрамя таго, комплекснае вывучэнне крыніц па гісторыі пасляпаўстанскіх рэпрэсій у гродзенскім рэгіёне, дало мачымасць выявіць цэлы шэраг следчых дакументаў аб пакаранні жыхароў азначаных ваколіц па іншых палітычных справах. Падчас вынясення канчатковага прысуду ў падобных выпадках ваенныя ўлады звычайна ўлічвалі факт наяўнасці ў падсудных блізкіх сваякоў у цэнтральных губернях Расіі і Сібіры. Хаця і тут не абыходзілася без некаторых недарэчнасцей, якія ў цэлым былі характэрны для таго часу. Напрыклад, адзін з галоўных абвінавачаных у зламысных дзеяннях з ваколіцы Шчук - Ян Шчука амаль што здолеў пазбегнуць пакарання. Паколькі яго віна была больш значная, чым у іншых, ён быў змешчаны ў гродзенскі астрог, а яго асабіста, у адрозненні ад іншых, дапытвала следчая камісія. Але, як гэта часта здаралася ў той час - яго справа недзе згубілася. Сям'я, якая першапачаткова ўтрымлівалася ў кармеліцкім кляштары, была вызвалена на парукі. І толькі праз 14 (!) месяцаў улады спахапіліся: куды высылаць Я. Шчуку "ў Томскую губ., як прадпісана Вамі (І. Скварцовым) зараз ці ў Пермскую, як зроблена ў спісе адзнака?" [28] Па-трэцяе, ускладняе працэс падліку канчатковай лічбы ваколічнай шляхты, што была выслана, практыка мясцовага і віленскага начальства ў апошні момант мяняць рашэнні ў адносінах да некаторых асоб (матывы якіх незаўсёды зразумелыя). І тут не абыходзілася без недарэчнасцей і непаразуменняў: падчас высылкі Лукавіц з Вільні было атрымана прадпісанне пакінуць на месцы сем'і пад нумарамі 28 і 39. Аднак, па невядомай прычыне, ваенны камандзір бельскага ўезда Барэйша (улюбёнец М. Мураўёва) адважыўся аслухацца свайго начальніка. Больш за тое, ім самастойна было прынята рашэнне не падвяргаць далейшаму пакаранню адну з жыхарак дадзенай ваколіцы Юзафату Залескую разам з чацвёркай дзяцей. [29] Аб сапраўдных матывах падобных дзеянняў можна толькі здагадвацца. І нарэшце, блытаніна, памылкі, недакладныя і супярэчлівыя звесткі, з якіх літаральна і складаецца ўсё справаводства па дадзеным прадмеце, - усё гэта ўскладняе работу па выяўленню і верыфікацыі дадзеных аб шляхецкіх ваколіцах. У цэлым, складваецца ўражванне, што ўлады самі не ведалі, колькі жыхароў азначаных селішчаў імі было пакарана. Пры гэтым, тыя памылкі ў справаводстве і суправаджальных дакументах, якія сёння для нас уяўляюць толькі перашкоду падчас падліку асоб, вельмі часта мелі куды больш фатальныя наступствы для асноўных фігурантаў гэтых спраў. Так, напрыклад, насупраць прозвішча Казіміры Явароўскай падчас яе дэпартацыі была зроблена адмеціна аб тым, што яна ўдава. Калі ж ў Казані, у перасыльнай турме, яе, хворую, разам з дзецьмі, адшукаў муж (які быў высланы асобна, па іншай справе), то мясцовыя ўлады не дапусцілі да іх уз'яднання. І вымушаны быў Войцех Явароўскі даказваць свае матрыманіяльныя правы праз перапіску з гродзенскім губернатарам. [30]

Таксама нельга давяраць першапачатковым звесткам улад аб месцы высылкі ваколічнай шляхты. Урэшце, значная колькасць тых, хто быў адпраўлены ў глыб Расіі, апынулася не ў тых месцах, куды накіроўвалася. Часткова, гэта можна пратлумачыць празмерным намнажэннем высланых у цэнтральных губернях Расіі. І таму вымушаныя перасяленцы, у адпаведнасці з прадпісаннем МУС, апынуліся куды значна далей на ўсход, чым гэта першапачаткова планавалася. У 1864 г. астраханскі губернатар інфармаваў свайго гродзенскага калегу, што ссыльныя, якія былі скіраваны ў азначаны рэгіён, яшчэ не прыбылі, таму, што "усе асобы прызначаныя на пасяленне ў тутэйшай губерні ... па распараджэнні МУС скіраваны ў Томскую губ." [31] Статыстычны аналіз звестак адносна месца высылкі жыхароў шляхецкіх ваколіц сведчыць, што менавіта гэта губерня стала найбольш распаўсюджаным месцам іх высылкі.

У сацыяльным плане жыхары знішчаных ваколіц канечне ж адносіліся да шляхецкай страты. Пры гэтым улады (а таксама самі шляхціцы) праводзілі выразны падзел на тых, хто меў афіцыйнае пацверджанне свайго прывілеяванага становішча (дваране) і тых, хто не меў яго (аднадворцы). Гэты факт меў істотнае значэнне для саміх прымусовых перасяленцаў, паколькі нормы ўтрыманння, грашовай дапамогі, умовы перасылкі і далейшага ўладкавання жыцця на новым месцы для простых людзей і дваран розніліся. У матэрыяльных адносінах жыхары ваколіц таксама не былі аднолькавымі. Некаторыя з іх мелі лёкаяў, іншыя самі знаходзіліся на службе ў больш заможных асоб ці працавалі на фабрыцы што, у прынцыпе, не было чымсьці надзвычайным для таго часу, калі працэс дэкласацыі шляхты зайшоў досыць далёка. Вось як прадстаўлена падобная эвалюцыя на прыкладзе Тадэвуша Шчукі, які разам з братам пасля смерці бацькоў атрымаў у спадчыну 1 валоку зямлі і невялікую колькасць быдла: "Для пракармлення сябе, я з 10-і год, нягледзячы на прыніжэнне дваранскай годнасці, уступіў на ніву працавітых служак па розных прадметах, а ў апошні час абраў рамізняцкі абавязак…". [32] Акрамя ўзгаданай шляхты ў ваколіцах пражывалі сяляне і асобы іншых сацыяльных груп. Іх лёс кожны раз вырашаўся ў Вільна індывідуальна. У выпадку з Лукавіцамі прынцып калектыўнай адказнасці быў выкарыстаны і ў дачыненні да прыслугі, якая высылалася разам з гаспадарамі.

Звяртае ўвагу на сябе факт, што вышэй узгаданы прынцып агульнай адказнасці быў распаўсюджаны ўладамі і на асоб, якія намінальна лічыліся жыхарамі ваколіц, але на самой справе пражывалі (у некаторых выпадках даволі працяглы час) ў іншых населеных пунктах. Падчас дэпартацыі і на працягу некалькіх гадоў пасля яе, мясцовая адміністрацыя ажыццяўляла росшукі і арышты людзей, што знаходзіліся ў блізкім сваяцтве з высланай шляхтай. Звычайна пасля кароткага разбіральніцтва, яны накіроўваліся ў адну з губерняў Расіі для "злучэння са сваякамі". Яскравым прыкладам у дадзеным выпадку з'яўляецца лёс Антона Явароўкага, які на момант расправы з Лукавіцамі працаваў на фабрыцы ў Харошчы, і, адпаведна, пазбег агульнага для ўсіх лёсу. Аднак пасля гэтых падзей, фабрыканты звальняюць Антона (пазбавіліся ад яго як ад халернага), і ён да 1865 г. хаваўся ў розных месцах. Пасля затрымання і непрацяглага следства ён у лютым 1865 г. быў накіраваны ў Самарскую губ., дзе ўжо знаходзіліся яго бацькі. [33] Хаця М. Мураўёў у некаторых выпадках загадваў "хворых і асоб сталага ўзосту" перадаваць пад апеку грамады ці змяшчаць у багадзельню, аналіз спісаў шляхты, якая высылася, сведчыць, што гэта распараджэнне выконвалася выбарачна. Сам віленскі генерал-губернатар падаваў прыклад яго невыканання: Міхал Шмурло з Прушанак-Баранак, зважаючы на яго ўзрост (70 гадоў), хаця і павінен быў застацца на радзіме, але ў сувязі з тым, што "хаваўся 2 дні," быў выпраўлены разам з усімі. [34] З Лукавіц высылаліся асобы яшчэ больш сталага ўзросту. Таксама не існавала і ніжэйшых узроставых абмежаванняў для дэпартацыі на ўсход. Так, у справаводстве аб ліквідацыі Лукавіц сустракаем запіс аб тым, што Юзэфа Залеская і Паўліна Шымборская нарадзілі 11 і 12 кастрычніка ў бельскім шпіталі сыноў. І ўжо 21 лістапада гэтыя "злачынцы" накіроўваюцца да месца высылкі - спачатку на цягніку да Санкт-Пецярбурга (кошт перасылкі 10 руб. і 11 кап. для дарослых і 2 руб. і 52 кап. для дзяцей), а пасля, як і ўсе, па этапах. Відавочна, што ім, адарваным ад сваіх сем'яў, разам з малымі, прыходзілася куды як цяжэй чым іншым. Сярод асоб іншых сацыяльных і нацыянальных груп, якія пражывалі ў азначаных ваколіцах, арыштаваны былі таксама дзве яўрэйскія сям'і, што жылі ў Пеняшках. Аднак прынцып калектыўнай адказнасці да іх не выкарыстоўваўся. У адрозненні ад сваіх суседзяў, якія высылаліся без суда і следства, старэйшыя мужчыны былі перададзены пад ваенна-паляы суд. Нехарактэрны выпадак часоў паўстання, але Г. Нейман і Р. Лерман, вінаватыя, на думку ўлад, у "зносінах з мяцежніцкай шайкай", былі прысуджаны да пазбаўлення ўсіх правоў свайго стану і аддачы ва Уладзімірскую арыштанскую роту цывільнага ведамства тэрмінам на 2 гады. Пасля адбыцця гэтага пакарання яны павінны былі быць высланы ў Сібір для пасялення на казённых землях. [35]

Спаленых і высланых ваколіц магло быць куды больш. Раней ужо ўзгадвалася прапанова Барэйшы разам з Лукавіцамі разабрацца і з Фалькамі. Але тады так і не ўдалося дакладна ўстанавіць, якія канкрэтна Фалькі бельскі начальнік меў на ўвазе (існавала некалькі ваколіц з падобнай назвай). Беластоцкі ваенны начальнік напрыканцы жніўня 1863 г. звярнуўся за дазволам выслаць яшчэ чатыры ваколіцы (Зайкі, Рагоўка, Ленцы, Куляшы - больш за 500 жыхароў). [36] Усё той жа палкоўнік Барэйша ў студзені 1864 г. выступіў з ініцыятывай высялення ў глыб Расіі жыхароў 8 вёсак і ваколіц: Асмолі, Талвіня, Верцені, Выганава, Ясяноўкі, Клапоты-Станіславога, Альшова-Старога, Гарнава - разам 1055 асоб. [37] Дык што ж спыніла ўлады ад канфірмацыі падобных прапаноў? Чаму яны не далі згоды на паўтарэнне аперацыі? Напрыклад, у Мінскай губерні падчас абмежавання колькасці шляхты, якую планавалася высяляць з ваколіц, на першае месца ставіўся матэрыяльны фактар. Мясцовыя губернскія ўлады палічылі, што высылка такой вялікай колькасці людзей будзе звязана з вялікімі грашовымі выдаткамі для ўрада. [38] Але ў дачыненні да Гродзенскай губ. гэты аргумент выглядае не ўзгрунтавана, паколькі харчаванне, утрыманне і перасылка ваколіц адбывалася за іх уласныя сродкі, грошы, якія ўлады атрымлівалі пасля продажы іх маёмасці. З другога боку, можа падацца, што ўлады звярнуліся да законнасці ці хаця б здаровага сэнсу. Аб гэтым нібыта сведчыць адказ гродзенскага губернатара на просьбу беластоцкага начальніка аб высылцы 4 ваколіц. У ім І. Скварцоў загадваў "прыняць за правіла, што неблаганадзейнасць адной асобы не можа прывесці да адказнасці іншых членаў яго сям'і, а тым больш цэлых паселішчаў" [39]. Тады як, зыходзячы з гэтага прадпісання, разумець факт высылкі ваколіцы Прушанкі-Баранкі ў сакавіку 1864 г.? Адказ на гэтае пытанне крыецца, хутчэй за ўсё, у тым, што ўлады выкарыстоўвалі падобны тып рэпрэсій у якасці аднаразовага акта застрашэння жыхароў таго ці іншага ўезда. Таму і не была цалкам выслана ваколіца Эйсманты-Надтабольскія, бо падобны лёс у гродзенскім уездзе спасціг Шчукі. Гэта ж правіла можна прымяніць і да іншых мясцовасцей. Выключэннем з'яўляюцца ўсе тыя ж Прушанкі-Баранкі, другая па ліку ў бельскім уездзе. Расправа з ёю была ажыццяўлена ў той момант, калі ў суседнім Каралеўстве Польскім з надыходам вясны пачаў аднаўляцца паўстанскі рух і існавала рэальная пагроза яго распаўсюджавання на сумежныя тэрыторыі. Таму падобная акцыя была выканана ўладамі ў якасці меры прэвентыўнай, каб не дапусціць узнаўлення нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў канкрэтным рэгіёне Гродзенскай губ.

Вяртаючыся да праблемы знішчаных і пакараных ваколіц, хацелася б, наколькі гэта магчыма, прасачыць іх лёс пасля высылкі. Справа гэта вельмі складаная. Тым не менш, ёсць факты, якія дазваляюць сцвярджаць, што не ўсе жыхары ваколіц, якія былі дэпартаваны дабраліся да месца прызначэння. Некаторыя паміралі яшчэ ў дарозе. Найбольш трагічна ў гэтым плане выглядае лёс Разаліі Шчукі і яе сям'і. Высланая разам з 6 (па іншых звестках 5) дзецьмі, яна памерла падчас перасылкі у г. Сургане. Можна толькі здагадвацца, якім чынам удавалася выжыць у падобных абставінах малалетнім дзецям без апекі, без усялякіх сродкаў і нават без канкрэтнага прызначэння. [40] У сваёй большасці ваколічная шляхта высылалася для пасялення на казённых землях. Аднак нярэдкімі былі выпадкі адмовы ад зямельных надзелаў, як у выпадку з Мартынам Шчукай, які на момант высылкі меў 70 год, а таксама хворага сына, што "пакутаваў на прыпадкі". Зразумела, што і жанчыны, якія з ласкі царскіх улад сталі старэйшымі ў сем'ях, таксама не маглі самастойна весці гаспадарку. Найчасцей яны сяліліся ў гарадах, дзе знаходзіліся пад наглядам паліцыі. Нявырашаным застаецца пытанне аб тым, ці ўсе яны на месцы высылкі атрымоўвалі дапамогу ад казны. Захаваліся звесткі, што некаторым у падобнай форме падтрымкі было адмоўлена. Для заканчэння характарыстыкі матэрыяльнага становішча ваколічнай шляхты ў ссылцы можна звярнуцца да яго апісання самімі перасяленцамі: "дайце нам магчымасць вярнуцца на радзіму", - упрошвае адна з сямей Прушынскіх з Табольскай губ. у 1879 г., "дзе мы не будзем мець такой патрэбы і гора, якое маем тут у Сібіры, якае не дае нам магчымасці пракарміць сям'і як след, а па грубаму тут народу, паступіць на службу тут няма магчымасці, і амаль што кожны пагарджае намі як ссыльнымі…". [41] Канечне, было б няправільна атаясамляць падобныя гаротныя абставіны са становішчам усіх прымусовых перасяленцаў. Аднак, што падобныя жыццёвыя ўмовы не абмяжоўваліся адным прыведзеным тут выпадкам, сумнявацца таксама не выпадае.

Галоўным памкненнем усёй высланай шляхты было вяртанне дамоў. І гэта, нягледзячы на тое, што вяртацца ім рэальна не было куды - хаты спалены, гаспадарка разрабавана, большасць блізкіх сваякоў у Сібіры, зямля адабрана дзяржавай. Асобна хацелась б засяродзіць увагу на праблеме палеткаў, якія засталіся пасля высланых жыхароў ваколіц. Згодна з распараджэннем М. Мураўёва, уся зямля пасля ліквідацыі ваколіц павінна была адыходзіць да казны для пасялення на ёй стараабрадцаў, рускіх сялян і асоб адданых ураду. [42] Падобным чынам улады і паступалі. Так у Лукавіцах ужо праз месяц пасля яе знішчэння надзелы былі падзелены паміж былымі салдатамі і ўдовамі, чые мужы "загінулі ад рук мяцежнікаў", агароднікамі і сялянамі з Пскоўскай губ. З гэтай жа губерні былі пераселены тры сям'і на палеткі, што раней належылі ваколічнай шляхце ў Шчуках. Акрамя таго, у кастрычніку 1865 г. там з'явілася 4 фаміліі нямецкіх каланістаў. [43] У Прушанках-Баранках па стану на 1 верасня 1869 г. было 11 сямей рускіх перасяленцаў (62 асобы), у Явароўцы 15 сялянскіх сем'яў з расійскіх губерняў (81 чалавек). [44] У тым жа 1869 г. было адмоўлена ў набыцці зямельнага надзелу былому афіцэру ў Пеняшках, таму што "усе землі ўжо заняты рускімі перасяленцамі". [45] Пры гэтым усе падобныя асобы атрымоўвалі грашовую дапамогу ад казны (з кантрыбуцыйных капіталаў). Пасля таго як працэс перасялення рускіх хлебаробаў быў амаль што скончаны, раптам высветлілася, што ўладары некаторых надзелаў нікуды не выпраўлены, а на момант правядзення карнай аперацыі жылі ў іншых мясцовасцях, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў, схоплены імі не былі. Доўга не маглі расейскія саноўнікі разабрацца з гэтым юрыдычным прэцэндэнтам. Бо нават яны не маглі запярэчыць таму, што падобныя зямельныя надзелы "былі адабраны па адміністратыўнаму распараджэнню М. Мураўёва, а не канфіскаваны". [46] А калі не канфіскаваны, то з прававога пункту гледжання, яны не маглі лічыцца адчужанымі. І таму, сваім рашэннем генерал-губернатар Э. Т. Баранаў дазволіў той шяхце, якая не была падвергнута пакаранню, атрымаць за свае палеткі (калі факт валодання зямлёй будзе пацверджаны судовай установай) грашовую кампенсацыю. [47] Зыходзячы з падобнай логікі, можна было б меркаваць, што наступным крокам царскіх улад будзе прызнанне правоў на надзелы (ці хаця б грашовую кампенсацыю за іх) тых асоб, што былі высланы ў глыб Расіі. Аднак прашэнні шляхты пераконваюць у іншым - ні грашовага, ні якога іншага ўзнагароджання яны не атрымалі. У якасці аргументацыі сваёй адмовы, улады спасылаліся на тое, што пасяленцы замест сваіх палеткаў, якія былі адабраны на радзіме, павінны былі атрымаць адпаведную колькасць зямлі на месцы высылкі, і, адпаведна, не могуць "прэтэндаваць на надзелы, што засталіся ў тутэйшай губерні". [48] Тым не менш, не глядзячы на ўсе памкненні ўладаў пазбавіць жыхароў былых шляхецкіх ваколіц матэрыяльнай і ўсялякай іншай апоры на радзіме, яны (за рэдкім выключэннем) ўсё роўна ўпарта імкнуліся назад, да сваіх каранёў. І, трэба канстатаваць, што многім гэта ўдалося.

Ніжэй, у якасці ілюстрацыі да дадзенага артыкула, прыводзіцца спіс жыхароў адной са знішчаных ваколіц. Шчукі размяшчаліся ў Камянецкай воласці, непадалёк ад Скідзеля. Прадстаўлены спіс асоб, што былі высланы, дае магчымасць азнаёміцца з саслоўна-сямейнай структурай жыхароў, іх узроставымі (да іх трэба ставіцца найбольш крытычна), матэрыяльнымі і прафесійнымі характарыстыкамі, часткова прасачыць асноўныя этапы высылкі і лёс пасля дэпартацыі. Спіс структураваны ў адпаведнасці з арыгіналам (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. спр. 456. Арк. 44-45, 26, 105). Заўвагі і ўдакладненні падаюцца ў дужках, альбо праз спасылкі. І апошняе. Ніхто з былых жыхароў гэтай ваколіцы пасля варочання на радзіму не вярнуўся ў Шчукі.

Спіс жыхароў ваколіцы Шчукі (якія былі высланы).

Шчука Мікалай [49]

жонка Разалія па этапе для пасялення ў Арэнбургскую губ.

сын Іван ― 30 год.

жонка яго Міхаліна

дачка іх Камілія - 2 г.


Шчука Восіп

жонка Міхаліна

дзеці: Вікенці - 9 г.

Валер'ян - 6 г. па этапе для пасялення ў Пермскую губ.

Станіслаў - 2 г.

Юзэфа - 11 г.

Антаніна - 5 г.


Шчука Вікенці

дзеці: Баляслаў - 2 г. па этапе для пасялення ў Аланецкую губ.

Валерыя - 1 г.

(жонка Міхаліна, бацька Вікенці,

брат Франц і сястра

Тэафіля - "у адлучцы")


Шчука Восіп [50]

жонка Саламея

дзеці Уладзімір - 3 г. па этапе для пасялення ў Наўгародскую губ.

Эдуард - 1 г.

Аляксандра - 6 г.


Шчука Сцяпан [51] (імя перакрэслена. Алоўкам зверху - Сямён)

жонка Антаніна

дзеці Аляксандр [52] - 8 г.

Міхал - 4 г. па этапе для пасялення ў Кастрамскую губ.

Аляксандра - 14 г.

Эмілія - 8 г.


Шчука Станіслаў

жонка Разалія па этапе для пасялення ў Валагодскую губ.

дзеці: Станіслаў - 13 г.

Сямён - 11 г.


Шчука Ігнат [53]

жонка Вікторыя [54]

дзеці: Казімір [55] - 8 г. па этапе для пасялення ў Самарскую губ.

Антон [56] - 5 г.

Саламея - 3 г.


Шчука Віцэнт [57]

жонка Тэафіля

Канстанцін - 14 г. па этапе для пасялення ў Саратаўскую губ.

Аляксанр [58] - 12 г.

Юльян [59] - 10 г.

Вінцэнці - 8 г.

Петрунэля [60]

(сын Франц - "у адлучцы"

ў памешчыка Незабітоўскага)

Шчука Тадэвуш [61]

жонка Антаніна па этапе для пасялення ў Тамбоўскую губ.

дзеці: Тамаш - 6 г.

Марыя - 10 г.


Амбрусевіч Ігнат [62] па этапе для пасялення ў Арэнбургскую губ.

жонка Мартыяна [63]

(сын Ігнат - "у адлучцы").


Амбрусевіч Антон

жонка Ганна

дзеці Ігнат - 15г.

Разалія - 10 г.

старэйшы сын Сцяпан - 35 г.

жонка яго Юлія па этапе для пасялення ў Пермскую губ.

іх дзеці: Антон - 4 г.

Марыя - 4 г.

Філіцыя - 3 тыдні

іншыя дзеці Антона: Ігнат - 15 г.

Разалія - 10 г.

(сыны Сямён і Восіп

"у адлучцы")


Шчука Мартын Восіпавіч [64] - 70 г.

жонка Францішка па этапе для пасялення ў Пензенскую губ.

сыны: Сцяпан [65] - 33 г.

(Іван [66] і Віцэнці - "у адлучцы")


Кузьміцкі Аляксандр [67]

маці Антаніна

жонка Марцэлія у Саратаўскую губ.

дачка: Каміла - 2 г.

браты Антон - 20 г.

Вінцэнці - 30 г.

(спачатку ўся сям'я лічылася "у адлучцы".)


Разалія Шчука [68] ― удава.

дзеці Казімр [69]- 12 г.

Юльян - 4 г.

Мар'яна [70] - 20 г. у Самарскую губ.

Эмілія - 14 г.

Міхаліна - 12 г.

Антаніна - 8 г.


Шчука Станіслаў [71]

жонка Антаніна

дзеці: Аляксандр - 8 г. у Кастрамскую губ.

Восіп - 5 г.

Разалія - 3 г.

Эмілія - 3 г.

(спачатку ўся сям'я лічылася "у адлучцы".)


Шчука Ян [72] (у астрозе)

жонка Тэафіля

дзеці: Франц

Ян



[1] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1266. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 32.

[2] Цылов Н.И. Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864. Вильна, 1866. - С. 378.

* Усе даты падаюцца па "старым стыле".

[3] Там жАрк.

[4] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі архіў Беларусі ў Гродне далей (НГАБ у Гродне). Ф. 78. Воп. 1. Спр. 100. Арк. 62; Ф. 1624. Воп. 2. Спр. 3. Арк. 71.

[5] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1746. Арк. 3.

[6] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 372. Арк. 10.

[7] Отчет графа М.Н. Муравьёва по управлению Северо-Западным краем с 1 мая 1863 г. по 17 апреля 1865 г. - С. 6-7.

[8] НГАБ у Гродне. Ф. 1624. Воп. 2. Спр. 3. Арк. 71.

[9] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 2.

[10] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 14. Арк. 33.

[11] НГАБ у Гродне. Ф. 970. Воп. 2. Спр. 7. Арк. 84.

[12] Mościcki H. Pod berłem carów. - Warszawa, 1924. - S. 294.

[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 542. Арк. 4.

[14] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1776. Арк. 1.

[15] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57; Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456; Ф. 1. Воп. 6. Спр. 372.

[16] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57. Арк. 25.

[17] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1776. Арк. 46.

[18] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 4; Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57. Арк. 3; Ф. 974. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 67.

[19] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 372. Арк. 10.

[20] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 8, 105.

[21] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 34.

[22] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 542. Арк. 29.

[23] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 372. Арк. 51.

[24] Там жа. Арк. 197.

[25] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 142.

[26] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1776. Арк. 51.

[27] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 613. Арк. 69.

[28] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 131-132.

[29] НГАБ у Гродне. Ф. 974. Воп. 1. Спр. 12. Арк.12, 20.

[30] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 542. Арк. 100.

[31] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57. Арк. 52.

[32] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 2971. Арк. 3.

[33] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 542. Арк. 166, 168.

[34] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1776. Арк. 215.

[35] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57. Арк. 62.

[36] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 676.

[37] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1746.

[38] Горбачёва В.В. Восстание 1863-1864 гг. и репрессивные мероприятия царизма в Беларуси // Powstanie Styczniowe 1863-1864. Walka i uczestnicy. Represje i wygnanie. Historiagrafia i tradycja.: Zb. art.; Pod redakcją W. Cabana, W. Śliwowskiej. - Kielce: Wydawnictwo Akademii Świętokrzyskiej, 2005. - С. 115.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 676. Арк. 38.

[40] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 105.

[41] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 1776. Арк. 387.

[42] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 72; . Ф. 1. Воп. 31. Спр. 57. Арк. 74.

[43] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1592. Арк. 14.

[44] НГАБ у Гродне. Ф. 1 Воп. 6. Спр. 1215.

[45] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 14. Спр. 770. Арк. 2.

[46] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1603. Арк. 7.

[47] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 2010. Арк. 6-7; Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1603. Арк. 27.

[48] НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 613. Арк. 146.

[49] У 1867 г. Мікалай Шчука ў Арэнбургскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 157).

[50] Нарадзіўся 25 сакавіка 1829 г. Сын Міхала-Антона Шчукі. Зацверджаны ў дваранскай годнасці. Атрымаў дазвол вярнуцца на падставе маніфеста 1874 г. У 1876 г. працягваў знаходзіўся з сям'ёй у Наўгародскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 1986. Арк. 1, 4, 7.)

[51] У верасні 1863 г. Сямён Шчука і яго сям'я ў Кастрамской губ. Накіраваны для пасялення на казённай лясной дачы каля р. Малая Бязменца. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 85). У 1874 г. атрымалі дазвол на вяртанне. У 1875 г. Сямён Дамінікавіч Шчука з жонкай і сынам Адольфам у Сувалкаўскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 1258. Арк. 2).

[52] У іншых дакументах Адольф.

[53] Ігнат сын Фраца Шчука памёр у чэрвені 1864 г. у Самары. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1592. Арк. 1).

[54] Знаходзілася пад паліцэйскім наглядам у г. Самары. Пасля ад нагляду вызвалена. У 1870 г. звярнулася па дакументы для пацвярджэння дваранскай годнасці "дзеля прадстаўлення дзяцей у вучэбныя ўстановы" . (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 727. Арк. 1, 3).

[55] У 1895 г. жыў "у сваім маёнтку каля сяла Малая Чамлычка", усманскі ўезд, Тамбоўская губ. Сведчыў, што быў высланы пасля паўстання 1862-1863 г. Пацвердзіў сваю дваранскую годнасць. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 1806. Арк. 1).

[56] У 1909 г. жыў у Вятцы, дом № 984. Падпісваўся " Щуко ". Пацвердзіў сваю дваранскую годнасць. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 1806. Арк. 13, 24).

[57] Сям'я ў складзе: Віцэнт, Тэафіля, Канстанцін, Аляксандр, Вінцэнці, Ганна прыбылі ў г. Саратаў. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 87). У 1869 г. Віцэнт падаў просьбу аб дазволе вярнуцца. Аднак, МУС адмовіла, бо "ён, нібыта, паходзіць з шляхты, а таму павінен быць пазастаўлены на месцы". (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 2299. Арк. 1). Віцэнт памёр 16 ліпеня 1879 г. у слабадзе Альхова, царыцынскага ўезда, Саратаўскай губ. "у сваім доме". (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 1805. Арк. 1, 3).

[58] У 1896 г. жыў у слабадзе Альхова, царыцынскага ўезда, Саратаўскай губ. Пацвердзіў сваю дваранскую годнасць. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 1805. Арк. 1, 5).

[59] Памёр да высылкі. Пахаваны ў Гродне. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 87).

[60] Віцэнт засведчыў, што дачкі Петрунэлі ў яго ніколі не было, а ёсць дачка Ганна. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 87).

[61] Унесены ў спіс высланых. Але ў снежні 1864 г. Тадэвуш Карлавіч Шчука звярнуўся з патрабаваннем кампенсацыі за маёмасць у ваколіцы: "цалкам усведамляючы віну брата (Ігната) вартай пакарання, і, адчуваючы сябе абсалютна невінаватым, я ласкава прашу …". Аказалася, што ён у гэты час служыў рамізнікам у камандзіра данскога казацкага палка ў Аўгустоўскай губ. Для разбіральніцтва, разам з сям'ёй (жонка Антаніна, дзеці: Тамаш, Разалія, Тэафіля) накіраваны ў Гродна. Канчатковае рашэнне ў справе адсутнічае. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 2971). Шляхціц Тадэвуш Шчука (ці той?) служачы Гразе-Царыцынскай чыгункі задаўлены пасажырскім цягніком 1 кастрычніка 1870 г. у тамбоўскім уездзе. (НГАБ у Гродне. Ф 1. Воп. 6. Спр. 2025. Арк. 509, 639).

[62] У 1867 г. Ігнат Амбрусевіч у Арэнбургскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр.456. Арк. 157). У 1880 г. Ігнату Амбрушэвічу 70 год. Мешчанін г. Арэнбурга. Рамізнік. У ліпені 1880 г. атрымаў дазвол на вяртанне дамоў. У кастрычніку 1880 г. пасяліўся з жонкай у маёнтку Будоўля ў свайго сына Ігната. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 2612. Арк. 1, 9, 15, 26).

[63] У 1872 г. Мартыяна Амбрушкевіч у Арэнбургскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 165).

[64] З 10 верасня 1863 г. у Пензе. Мартын адмовіўся ад надзелу ў Пензенскай губ. Памёр у 1871 г. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 165, 170).

[65] Згодна з ведамасцю высланы. Але, у 1874 г. аказалася, што высланы не ён, а Іван. Пражываў у лідскім уездзе, вёска Алянчыцы. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр.456. Арк. 170).

[66] Высланы разам з бацькамі. Пакутавае ад прыпадкаў. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 142, 170).

[67] Да высялення ў Шчуках валодаў 11,1 дзесяцінамі зямлі. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1592 Арк. 1). Сям'я ў складзе Аляксандра, Мар'яны, брата Антона, сястры Антаніны, дачкі Камілы ў кастрычніку 1863 г. у Саратаўскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 87). З Саратаўскай губ. перанакіраваны ў Пермскую пад нагляд паліцыі, " як асоба прывілеяванага стану, якая не падлягае пасяленню на зямлі" . У 1868 г. сям'я ў складзе Аляксандра, Марцыяны, 2-х дзяцей, брата Антона - 25 г., сястры Антаніны - 30 г. пасялілася ў Варшаве. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1311. Арк. 1).

[68] Памерла падчас перасылкі ў г. Сургане Ніжагародскай губ. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 105).

[69] У 1868 г. пад наглядам паліцыі ў Самары знаходзіліся: Мар'я - 23 г., Эмілія - 18 г., Міхаліна - 16 г., Антаніна - 13 г., Юльяна - 11 г. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1592. Арк. 1).

[70] У Самары выйшла замуж за Кржымоўскага. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 6. Спр. 1592. Арк. 1).

[71] У верасні 1863 г. сям'я ў Кастрамской губ. без усялякіх дакументаў. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 85).

[72] Высланы асобна. З'яўляўся галоўным падазроным у "здзяйсненні злачынства". Быў арыштаваны і 14 месяцаў знаходзіўся ў гродзенскім астрозе. (НГАБ у Гродне Ф. 1. Воп. 34. Спр. 456. Арк. 131-134). Па рашэнню гродзенскага губернатара ў верасні 1864 г. накіраваны ў Томскую губ. разам з сям'ёй. Асноўныя этапы высылкі: 26 верасня 1864 г. Вільня (адпраўлены 1 кастрычніка) - Пскоў (3 кастрычніка) - Масква (8 кастрычніка) - Ніжні Ноўгарад (далей па Волзе на параходзе) - Казань (2 лістапада) - Пермь (16 снежня) - Томск. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 30).

У 1867 г. Іван Шчука (30 год) з жонкай і 3-я дзецьмі знаходзіўся ў Ішыме. (Никулина М. Участники польского восстания 1863 года в западносибирской ссылке. - Омск, 2005.). 18 верасня 1872 г. Ян Шчука з жонкай і 2-я дзецьмі прыбыў з Табольскай у Казанскую губ. і накіраваны пад нагляд паліцыі ў Царавакакшайск (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 7. Спр. 30. Арк. 27). У Царавакакшайску з сям'ёй (жонка, сыны: Франц, Іван, Антон, Восіп) з 30 кастрычніка 1872 г. Атрымоўваў дапамогу ад казны 24 руб. у месяц. Выбылі ў ліпені 1873 г. (Павлов В. Губернские и уездные органы власти и политическая ссылка в Российской империи (по материалом ссылки в Казанскую губернию участников польского восстания 1863-1864 гг.). - Чебоксары: «Новое время», 2006. - С. 243.)

У 1875 г. атрымалі дазвол на вяртанне. Пераехалі ў Варшаву, дзе знаходзіліся 1,5 годы. У 1881-1882 г. жылі ў маёнтку Дамакаўшчызна (гродзенскі ўезд). Ян працаваў ў Пуслоўскага. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 1341, 11061). У 1891 г. Ян Францавіч Шчука з сынамі Францам, Іванам, Антонам, Восіпам у маёнтку Зарубічы гродзенскага ўезда. Зацверджаны ў дваранстве. (НГАБ у Гродне. Ф. 1. Воп. 24. Спр. 722. Арк. 1, 6).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX