Вярнуцца: Радзюк Алесь

Рэпрэсіўная дзейнасць уездных ваенных начальнікаў 1863-1864 г.


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 16-07-2013,
Крыніца: Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: матэрыялы VІІ міжнар. навук. канф. Беларускага гістарычнага таварыства / Менск, 2011. - С. 45-64.

Спампаваць




Рэпрэсіўная дзейнасць уездных ваенных начальнікаў 1863-1864 г. (на прыкладзе Гарадзенскай губ.)

Пасады ваенных уездных начальнікаў былі ўведзены ў некаторых уездах Гродзенскай губ. у студзені 1861 г. віленскім генерал-губернатарам У. Назімавым у сувязі з увядзеннем у гэтых мясцовасцях ваеннага становішча. [1] У жніўні гэтага ж года адмысловым царскім указам былі вызначаны асноўныя правы і абавязкі дадзенай катэгорыі вайсковых чыноў. Тады ж на падставе гэтага ўказа была распрацавана асобная інструкцыя для ўездных начальнікаў Гродзенскай губ. [2] Але нягледзячы на даволі шырокія правы, якімі яны былі надзелены ў межах падначаленых ім тэрытарыяльна-адміністратыўных адзінак, дзейнасць ваенных начальнікаў не пакінула які небудзь заўважны след. Яна зводзілася да камандавання падпарадкаванымі ім вайсковымі часткамі, а таксама ўзмацнення ваенна-паліцэйскага нагляду за цывільным насельніцтвам. З пачаткам узброенай барацьбы на землях Беларусі, Літвы і Украіны ў 1863 г. ваенныя начальнікі набываюць функцыю органаў надзвычайнай улады з амаль што неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў межах уездзаў.

У фазе разгортавання і пашырэння паўстанскага руху да асноўных абавязкаў уездных начальнікаў было аднесена непасрэднае задушэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У адпаведнасці з дыслакацыяй расейскіх войскаў па Гродзенскай губ. у падпарадкаванні кожнага начальніка ўезда знаходзіліся сілы колькасцю ад 7 да 12 рот інфантэрыі, казакі, а таксама дзе-нідзе ўланы і артылерыя [3]. Акрамя таго, пад іх камандаванне аўтаматычна траплялі ўсе іншыя вайсковыя фармаванні, якія ўступалі ў межы ўезда. Ваенныя начальнікі самастойна вызначалі месца размяшчэння падпарадкаваных ім войскаў. З мэтай аказання дапамогі гэтаму органу ўлады, а таксама дзеля пашырэння вайсковага кантролю за мясцовым насельніцтвам па загаду У. Назімава ў сакавіку 1863 г. быў створаны інстытут так званых "станавых ваенных начальнікаў". На гэтыя пасады прызначаліся афіцэры, у падначаленні якіх знаходзілася пэўная колькасць стральцоў і казакоў. [4] Абапіраючыся на гэтыя вайсковыя сілы, уездныя начальнікі павінны былі праводзіць прэвентыўныя мерапрыемствы з мэтай недапушчэння фармавання паўстанскіх атрадаў на падуладнай тэрыторыі. Дзеля гэтага падпарадкаваныя ім вайсковыя часткі праводзілі комплекс мерапрыемстваў. Сярод іх ці не галоўнае месца адводзілася так званай рэкагнасцыроўцы мясцовасці ў "прафілактычных" мэтах. Акрамя таго, з уезнага цэнтра (у некаторых месцах штодзённа) выпраўляліся так званыя "лятучыя" атрады дзеля агляду лясоў, выяўлення паўстанскіх баз, сховішчаў і месцаў збораў. Дзейсную дапамогу вайскоўцам па задумцы вышэйшых уладаў павінна было аказваць мясцовае насельніцтва (так званыя "панятыя") з ліку сялян. Гэта азначае, што мясцовыя жыхары абавязваліся да нясення нарадаў пры падобных начальніках разам са сваімі коньмі і фурманкамі дзеля павышэння мабільнасці інфантэрыі, а таксама дзеля выканання ў выпадку неабходнасці функцый праваднікоў. [5] Адначасова з патруляваннем тэрыторыі ўезда ваенныя начальнікі маглі вырашаць і шэраг іншых задач не толькі ваеннага характару. Так, у сакавіку 1863 г. пасля выхаду царскага маніфеста ад 1 сакавіка аб скасаванні часоваабавязаных адносін паміж панамі і сялянамі менавіта вайсковыя камандзіры ўездаў займаліся распаўсюджваннем і данясеннем да мясцовага насельніцтва акта чарговай царскай ласкі. Таксама ім у абавязкі ставілася перакрыццё каналаў пастаўкі зброі, выяўленне тайных шляхоў зносін і неблаганадзейных жыхароў, "супакаенне мірных грамадзян" і г.д.

Значнае месца ў дзейнасці ваенна-ўезных начальнікаў адводзілася вайсковым аперацыям супраць паўстанцаў. Аб гэтым сведчаць загады па рускай арміі, "Журналы ваенных дзеянняў", іх непасрэдныя рапарты і перапіска. Няма сэнсу пералічваць шматлікія факты баявых сутычак паміж урадавымі войскамі і інсургентамі. Цікаўнасць у дадзеным выпадку прадстаўляе погляд вайсковага расійскага камандавання на ход баявых дзеянняў. Справа ў тым, што поспехі ці няўдачы паўстанцаў вышэйшыя ўлады звязвалі не столькі з іх актыўнасцю ці яе адсутнасцю, колькі са здольнасцю ці няздольнасцю канкрэтнай асобы, якой гэты ўезд быў падпарадкаваны. Гэты факт, напрыклад, засведчаны ў нататцы тагачаснага гродзенскага губернатара гр. У. Бабрынскага, які тлумачыў моцнае развіццё паўстанскага руху ў ваўкавыскім уездзе "слабасцю і няздольнасцю былых ваенных начальнікаў", і пры гэтым задушэнне ўзброенай барацьбы прыпісваў руплівасці новых уладаў. [6] Аналагічны падыход прасочваецца і ў ацэнцы дзейнасці бельскага начальніка палкоўніка Барэйшы, паколькі дзякуючы выключна яго асабістым якасцям, на думку ваеннага кіраўніцтва, тлумачыўся спад узброенай барацьбы ўвосень 1863 г. [7] Падобнае разуменне сітуацыі расейскім вайсковым камандаваннем было адной з прычын даволі частага чаргавання ваенных уездных начальнікаў на іх пасадах. Так, напрыклад, атрымаў вымову і ў хуткім часе быў зменены слонімскі начальнік палкоўнік Клавер за "нерашучасць і нераспарадчасць" падчас найбуйнейшай на тэрыторыі Беларусі Мілавідскай бітвы. [8]

Канечне, мерапрыемствы, якія прадпрымаліся ўезднымі начальнікамі супраць паўстання і паўстанцаў не абмяжоўвалася выключна вайсковымі аперацыямі. З прызначэннем на пасаду генерал-губернатара М. Мураўёва ў іх дзейнасці пачынае выразна прэваліраваць рэпрэсіўная складаючая. З гэтага часу ваенныя начальнікі становяцца галоўнымі праваднікамі палітыкі новага генерал-губернатара на месцах. Аб той ролі, якую адводзіў М. Мураўёў гэтаму інстытуту надзвычайнай улады сведчыць хаця б той факт, што ён ў сваёй "Справаздачы па кіраванню Паўночна-Заходнім краем" паставіў іх дзейнасць на другое месца ў пераліку сваіх мерапрыемстваў па задушэнню паўстання. [9] На гэта ж указвае і факт выдання ім 24 мая 1863 г. новай інструкцыі, якая не столькі ўдакладняла пералік іх правоў і абавязкаў, колькі (і нават у значнай ступені) пашырала іх. Акрамя таго, па меры з'яўлення новых прававых падстаў іх дзейнасці, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляліся "Інструкцыя па арганізоўванню ваенна-цывільнага кіравання" і "Інструкцыя для фармавання сялянскай узброенай варты", кола гэтых абавязкаў і адпаведна прававое поле дзейнасці стала пашыралася. Такама на аснове гэтых палажэнняў была распрацавана за подпісам губернатара гр. У. Бабрынскага адмысловая інструкцыя для ваенных уездных начальнікаў Гродзенскай губ., у якой сярод іншага вялікая ўвага надавалася маральным прынцыпам, якімі павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці падобныя кіраўнікі. [10] Як вынік, гэтыя органы вайсковай улады набылі амаль што неабмежаваныя паўнамоцтвы на падуладнай ім тэрыторыі.

У адпаведнасці з гэтымі дакументамі ваенна-ўездным начальнікам, акрамя вайсковай сферы, была падпарадкавана ўся цывільная і паліцэйская ўлада ва ўездзе. Сярод іншага гэта выяўлялася ў тым, што яны маглі (хаця гэта і не было акрэслена ніводнай інструкцыяй) па свайму жаданню здымаць чыноўнікаў рознага ўзроўню часцей за ўсё з універсальнай на той час фармулёўкай "за палітычную неблаганадзейнасць". Так, у г. Бельску па ініцыятыве палкоўніка Барэйшы былі заменены на "истинно русских чиновников" наглядчык паштовай станцыі і адзін з асэсараў. Падобны ж лёс спасціг і гарадскога галаву. [11] Захаваліся ўспаміны аб тым, як на самым пачатку паўстання брэсцкі ўездны маршалак А. Вільчэўскі спрабаваў пярэчыць палкоўніку Дзяконскаму за што без суда быў высланы ў Вятку. [12] Падпарадкаваны характар ваеннай і цывільнай галін улады даваў магчымасць уездным камандзірам актыўна ўмешвацца ва ўсе сферы грамадскага жыцця, якія нават не адносіліся да іх кампетэнцыі. Паказальна ў дадзеным выпадку рэакцыя вышэйшых улад на падобныя факты злоўжывання становішчам. Калі, напрыклад, у 1861 г. жыхары г. Брэста закідалі губернскую канцылярыю скаргамі аб злоўжываннях тагачаснага ваеннага начальніка маёра Казанлі аб тым, што ён прысвойвае сабе следчыя і судовыя справы, уводзіць незаконныя грашовыя зборы і г.д., улады былі вымушаны прымаць меры. У горад для праверкі быў накіраваны віцэ-губернатар, які, не адвяргаючы да канца фактаў, што былі прадстаўлены супраць Казанлі, зазначыў у яго апраўданне, што "маёр прывык паважаць вайсковую дысцыпліну, а не грамадзянскія законы … і таму ён дазволіў сабе некаторае ўмяшальніцтва ў справы, якія да яго не адносяцца, што законам апраўдана быць не можа". [13] У 1863-1864 г. вышэйшае начальства не толькі не пераслядоўвала падобную ініцыятыву ўездных начальнікаў, але, наадварот, толькі заахвочвала. І начальнікі актыўна карысталіся прадстаўленай ім магчымасцю. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што яны фактычна ператварыліся ў орган апошняй інстанцыі, за якім заставалася канчатковае слова ў вырашэнні ці не любога пытання ў межах падпарадкаванага ім уезда. Нават перавыбары міравых пасрэднікаў адбываліся пад непасрэдным кантролем з боку ваенных начальнікаў, якія сачылі за недапушчэннем на гэтыя пасады неблаганадзейных ураду асоб.

У падпарадкаваны стан таксама трапляла і ўсё цывільнае насельніцтва ўезда "без адрозненя званняў і станаў". [14] Абмяжоўвалася і бралося пад больш пільны нагляд іх перамяшчэнне як у межах, так і за межамі ўездаў. Змяненню была падвергнута ўся ранейшая сістэма выдачы дазволаў на выезд з месца жыхарства. Калі раней права на выдачу білетаў мелі валасныя і сельскія праўленні, гарадскія думы і іншыя мясцовыя органы ўлады, то з сярэдзіны 1863 г. падобнае права пераходзіць у амаль што выключную кампетэнцыю ваенных начальнікаў. Усім саслоўям, акрамя сялянскага, забаранялася без адпаведнага пісьмовага дазволу пакідаць месца свайго жыхарства. За парушэнне гэтых правілаў пагражала пакаранне ў выглядзе аддачы ў рабочыя роты ведамства шляхоў зносін тэрмінам ад 6 месяцаў да 1 году альбо штраф ад 50 да 500 руб. срэбрам у залежнасці ад сацыяльнага становішча "парушальніка". [15] З мэтай выяўлення і пакарання асоб, якія мелі дачыненне да паўстання, па загаду віленскага генерал-губернатара на месцах былі заведзены так званыя абывацельскія кнігі, у якія ўпісваліся ўсе жыхары (за выключэннем сялян) той ці іншай мясцовасці. У выпадку выяўлення падчас падобнага перапісу парушальнікаў пашпартнага рэжыму яны падвяргаліся арышту. Абавязак па складанню і праверцы падобных кніг быў зноў-такі ўскладзены на ўездных начальнікаў. [16]

Важным элементам рэпрэсіўнай палітыкі на землях Беларусі ў 1863-1864 г. з'яўлялася дзейнасць уездных следчых камісій. Гэта былі органы папярэдняга следства, якія займаліся першапачатковым разглядам спраў паўстанцаў. Хаця яны не маглі самастойна вызначаць ступень пакарання таго ці іншага падследчага, але ў іх кампетэнцыі было прыняцце рашэння аб іх віноўнасці ці невіноўнасці. Таксама да адной з галоўных задач камісій можна аднесці выяўленне іншых асоб (на аснове адабраных паказанняў), якія мелі дачыненне да паўстання дзеля далейшага іх затрымання і пакарання. У працэсе стварэння і працы падобнага тыпу следчых органаў узніклі пытанні аб іх узаемаадносінах з уезднымі начальнікамі. Дзеля дакладнага вызначэння гэтых адносін спатрэбілася ўмяшальніцтва М. Мураўёва, які растлумачыў, што "ўездныя камісіі прызначаны ў дапамогу ваенным начальнікам і павінны знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні ваенных начальнікаў". [17] Сярод іншага падобнае становішча выявілася ў тым, што органы мясцовай вайсковай улады прызначалі старшыню камісіі і іншых яе сяброў у большасці выпадкаў з ліку афіцэраў таго фарміравання, у якім служылі самі. [18] Акрамя таго, уездныя начальнікі адыгрывалі значную ролю ў ажыццяўленні самога следчага працэсу. Іх удзел пачынаўся з таго, што многія (але не ўсе) ваенныя начальнікі сумесна з сябрамі камісіі адбіралі паказанні ад падвергнутых арышту асоб. Ад той пазіцыі, якую займаў вайсковы начальнік у адносінах да падследчага, шмат у чым залежаў і канчатковы прысуд. А паўплываць на яго начальнік мог рознымі спосабамі. Па-першае, ён мог у заключэнні справы прадставіць сваю асабістую думку з прапановай, напрыклад, улічыць некаторыя абставіны пры вынясенні канчатковага вердыкту. [19] Па-другое, у іх кампетэнцыі знаходзілася такая далікатная справа, як вызначэнне "паўнаты пакаяння", з якім паўстанец звяртаўся да расейскіх уладаў. [20] Ад ацэнкі шчырасці ў дадзеным выпадку залежала вызваленне ад следства ці далейшая перадача ваенна-палявому суду. Па-трэцяе, справы пасля заканчэння папярэдняга следства зноў такі прадстаўляліся на разгляд кіраўніка ўезда. І нарэшце, залежны стан следчых камісій не выключаў магчымасці прамога ціску на іх. Аб тым, што вышукальна-следчая дзейнасць была адной з прыярытэтных, сведчыць дакладная нататка пружанскага ўезднага начальніка палкоўніка Эліса, датаваная кастрычнікам 1863 г., у якой ён зазначаў, што на працягу чатырох тыдняў пасля заняцця пасады "затрыманы ў горадзе следчымі справамі, я не магу быць ва ўездзе … дзе мая прысутнасць неабходна". [21]

Як адзначалася вышэй, на аснове паказанняў асоб, якія былі прыцягнуты да следства (у камісіях былі заведзены адмысловыя алфавітныя спісы, куды ўносіліся прозвішчы ўсіх тых, каго падследчыя ўзгадвалі на допытах), адбывалася далейшае затрыманне абгавораных. Не абыходзілася гэта справа без актыўнага ўдзелу вайсковых кіраўнікоў уездаў. Напрыклад, аналіз спісу асоб, якія знаходзіліся пад следствам у г. Бельску ў жніўні 1864 г. дэманструе, што каля 40% з ліку 160 вязняў былі пазбаўлены волі палкоўнікам Барэйшам. [22] Падобны, досыць вялікі працэнт, можна часткова растлумачыць тым, што многія былыя паўстанцы, спадзяючыся на царскую ласку, маніфесты і амністыю, самі звярталіся непасрэдна да вайсковага начальства. У выніку яны аказваліся за кратамі. Разам з тым, дакументальныя крыніцы сведчаць, што ваенныя начальнікі даволі часта ажыццяўлялі арышты непасрэдна падчас сваіх раз'ездаў па ўездах. Пры гэтым у адпаведнасці з прадпісаннем камандуючага войскамі па Гродзенскай губ. генерала Манюкіна ім загадвалася арышоўваць падазроных людзей "не зважаючы на асобу … асабліва памешчыкаў і ксяндзоў." [23] Праз уездных начальнікаў царскія ўлады ажыццяўлялі пошук рэвалюцыйных сувязяў і арганізацый, найбольш актыўных паўстанцаў. Захаваліся сотні прадпісанняў аб выяўленні і арыштаванні канкрэтных дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху. Сярод іх звяртае на сябе ўвагу цыркулярнае прадпісанне ўездным вайсковым уладам гродзенскага ваеннага губернатара, датаванае канцом кастрычніка 1863 г., аб росшуку К. Каліноўскага, які, па звестках улад займаўся распаўсюджаваннем "Мужыцкай праўды", а таксама мінскага губернатара аб затрыманні двараніна той жа губерні, які выдаўшы некалькі "Гутарак" і пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, "карыстаючыся асаблівым веданнем простанароднага мінскага (?!) дыялекта … заахвочвае (сялян) да зламысных дзеянняў." [24] Гэтым падбухторшчыкам быў В. Дунін-Марцінкевіч.

Далейшы працэс следства, які звычайна наступаў (але не заўсёды) пасля затрымання, абвінавачаны праводзіў пад арыштам. Дадзены эпізод рэпрэсіўнай палітыкі нельга абысці ўвагай, паколькі заняволеныя і тыя месцы, у якіх яны ўтрымоўваліся, таксама знаходзіліся ў прамым падпарадкаванні ваенна-ўездных начальнікаў. На гэты факт указваюць як распараджэнні начальства, так і рапарты саміх вайсковых камандзіраў уездаў. Падобны від дзейнасці сярод іншага ўключаў у сябе правядзенне штомесячных рэвізій палітычных арыштантаў і складанне справаздач аб іх колькасці вышэйшаму начальству. Апошні абавязак быў ускладзены на ўездных начальнікаў у верасні 1864 г., паколькі следчыя камісіі дакладнай інфармацыі прадставіць не маглі. [25] Добра вядома, у асноўным дзякуючы мемуарнай літаратуры, што ўяўлялі сабой вязніцы часоў паўстання 1863-1864 г. Даследаванне дзейнасці ваенных уездных начальнікаў цалкам падцвярджае тое рэнеме, якое замацавалася за імі ў той час. Масавыя арышты прывялі да таго, што ў астрогах не хапала месцаў для ўтрымання заняволеных. З мэтай пашырэння магчымасцей мясцовай пенітэнцыярнай сістэмы вайсковыя камандзіры ўездаў з уласнае ініцыятывы і часта без згоды на гэта ўладароў займалі звычайныя хаты, у якія размяшчаліся падследчыя. Так, у Ваўкавыску па загаду палкоўніка Казанлі ў 1863 г. быў заняты дом Т. Шчыгельскай толькі па той прычыне, што ён быў найбліжэйшы да астрога. У ім утрымоўвалася пад вартай 44 асобы. [26] У сваім лісце ў вышэйшыя інстанцыі Шчыгельская скардзілася на велізарную шкоду, якую нанесла ёй такая колькасць "кватэрантаў." Падобным жа чынам паступіў і пружанскі начальнік фон Крэмер, які пад вязніцу заняў 3 хаціны, але месца для пазбаўленых волі ўсё роўна не хапала. [27] Яшчэ больш востра падобная праблема стаяла ў Бельску, дзе колькасць арыштантаў па ацэнцы палкоўніка Барэйшы, даходзіла да 500 асоб. Тут ім быў уведзены парадак, па якім "злачынцы слабога целаскладу" самі здымалі сабе кватэру ў горадзе і пры гэтым знаходзіліся пад пастаяным наглядам жандарскага афіцэра і паліцэйскіх. [28] Ёсць звесткі, што ў Беластоку палітычных арыштантаў падчас іх вялікага наплыву размяшчалі ў палатках за горадам . [29]

Аднак захады, якія прадпрымаліся ў гэтым кірунку ваенна-ўезднымі начальнікамі, карэнным чынам сітуацыю не мянялі. Гэты факт павінны былі часткова прызнаць самі начальнікі, часткова шматлікія парушэнні ўтрымання палітычных вязняў былі выяўлены вышэйшым вайсковым начальствам (якое было гатова на многае заплюшчыць вочы) падчас рэвізіі іх дзейнасці. У тым жа Бельску праверка ўстанавіла факты, што ў астрозе з-за недахопу месца арыштанты вымушаны спаць пад нарамі. А ў іншым месцы іх утрымання не было нават нар, і таму людзям прыходзілася і дзень і ноч праводзіць проста на падлозе. І ўсё гэта ў абсалютна антысанітарных умовах. Таму не дзіва, што бельскі астрог займаў сумнае лідэрства па смяротнасці сярод палітычных вязняў. [30] Да таго ж у гэтым горадзе былі выяўлены шматлікія факты ўтрымання людзей пад вартай нават пасля вынясення канчатковага па іх справе рашэння: "арыштанты, якія павінны былі быць высланы ў Расію ў лютым, адпраўлены толькі падчас маёй прысутнасці (кастрычнік 1864 г.)," - адзначаў рэвізор маёр фон Брадке, - "а можа і не былі б адпраўлены і надалей, калі б я не ўказаў". [31] У Гродна жыхар спаленай ваколіцы Ян Шчука больш за год (ліпень 1863 - верасень 1864 г.) за кратамі чакаў вырашэння свайго лёсу. Аказалася, што змена ваеннага начальніка прывяла да ўзмацнення блытаніны ў судова-следчым працэсе і яго справай ніхто не займаўся. [32] Былі і такія арыштанты, якія працягвалі па некалькі месяцаў знаходзіцца за кратамі нават пасля апраўдальных прысудаў. Аб тым, што гэта быў не адзінкавы факт, сведчаць таксама данясенні пружанскага вайсковага начальніка. Ён канстатаваў, што паветра ў мясцовым астрозе літаральна "смяротнае" і што большасць заняволеных знаходзіцца ў ім больш за 2 месяцы. [33] Харчаванне паўсюдна арыштанты былі вымушаны здабываць сабе самастойна. Рабілі яны гэта праз падрадчыкаў. Пры гэтым грошай, якія выдзялялі ўлады (па 10 кап. для прывеляванага і 6 кап. непрывеляванага саслоўя ў суткі) для іх утрымання выразна не хапала. Злоўжыванні з боку чыноўнікаў, адказных за палітычных вязняў, прыводзілі да таго, што часта і гэтыя мізэрныя сродкі не даходзілі па прызначэнню, але адбіралася апошняе.

У ліпені 1863 г. пасля выхаду чарговага ўдакладнення "Інструкцыі па арганізоўванню ваенна-цывільнага кіравання" ваенныя ўездныя начальнікі былі надзелены віленскім генерал-губернатарам новымі паўнамоцтвамі. Гэты крок быў адказам з боку царызму на змену тактыкі паўстанскай барацьбы. Калі раней асноўным спосабам задушэння нацыянальна-вызваленчага руху ўсё ж такі былі вайсковыя аперацыі, то пасля пераходу паўстанцаў да дзейнасці больш дробнымі атрадамі армейскія часткі не заўсёды валодалі падобнай мабільнасцю. Таму віленскі генерал-губернатар зрабіў яшчэ больш выразны націск у бок рэпрэсій з мэтай яшчэ большага застрашэння як удзельнікаў паўстання, так і ўсяго мясцовага насельніцтва. Сярод тых паўнамоцтваў, якімі мураўёўская рэпрэсіўная сістэма надзяліла ваенна-ўездных начальнікаў, адзначым права на ажыццяўленне ваенна-палявога суда над паўстанцамі ў 24 гадзіны, канфірмаванне яго пастановы і прывядзенне ў выкананне яго рашэння. [34] Атрымаўшы падобнае права, уездныя начальнікі аказаліся ў сітуацыі маральнага выбару: ці паступаць так, як ім загадвала і само паступала начальства, ці не браць на сябе адказнасць за пазбаўленне жыцця? Можна сцвярджаць, што выбар кожнага начальніка быў індывідуальны. Адны спасылаліся на тое, што ў іх няма ні ваенна-крымінальнага кодэкса, ні афіцэраў для выканання функцый аўдытара (хаця гродзенскі губернатар І. Скварцоў дазволіў начальнікам праводзіць суд без аўдытараў), іншыя, як і раней, прадстаўлялі падобныя справы на канфірмацыю вышэйшаму начальству, трэція ў імкненні вылучыцца, не спыняліся ні перад якімі перашкодамі. Аналіз спісу паўстанцаў, якія былі пазбаўлены жыцця расейскімі ўладамі ў 1863-1864 г. на тэрыторыі падпарадкаванай М. Мураўёву, які прыводзіцца ў даследаванні В. Студніцкага сведчыць, што 41 асоба (22,7% ад агульнай колькасці) прыгаворана да вышэйшай меры пакарання па канфірмацыі ваенных начальнікаў уездаў. [35] Што тычыцца Гродзенскай губ., то тут адбылося чатыры падобныя пастановы: у Беластоку 29 лістапада 1863 г. па ваенна-суднай справе, якая была зацверджана мясцовым вайсковым начальнікам, быў расстраляны Ян Канопка, і ў Кобрыне 5 кастрычніка таго ж года былі павешаны тры паўстанцы. На апошнім эпізодзе хацелася б спыніцца больш падрабязна.

Экзекуцыя была праведзена па ініцыятыве і канфірмацыі кобрынскага ўезднага начальніка палкоўніка Поля. 28 верасня ім быў заснаваны палявы суд (яго члены вызначаліся ім жа), у які была ўнесена справа селяніна Люблінскай губ. Ф. Трафімчука. Апошні абвінавачваўся ва ўдзеле ў паўстанні, а таксама ў дапамозе падчас выканання смяротнага прыгавору над адстаўным салдатам у Пінскім уездзе (трымаў яго за нагу). У гэты ж дзень Поль звярнуўся ў Брэст з просьбай выслаць кáта, хаця канчатковага рашэння палявога суда яшчэ не было. [36] 4 кастрычніка Поль уласнаручна складае загад па войсках, што былі размешчаны ў г. Кобрыне, у якім надзвычай дэталёва выкладае распрацаваную ім працэдуру ажыццяўлення пакарання: калі пачынаць і дзе выконваць экзекуцыю, якой роце дзе і якое месца займаць, як павінен быць апрануты ксёндз і што ён павінен рабіць, на якім транспарце і ў якім парадку дастаўляць ахвяр да шыбеніцы, на якім этапе якое барабаннае суправаджэнне і г.д. Некалькі разоў у дакуменце змянялася месца ажыццяўлення пакарання. Калі на пачатку быў абраны плац, які знаходзіўся па-за горадам, то ў канчатковым варыянце фігуравала плошча на Аградніцкай вуліцы. [37] Дакумент цікавы яшчэ і тым, што ў ім адлюстраваны працэс эвалюцыі здзяйснення працэдуры пакарання ад адной асобы да некалькіх. Калі ў першапачатковым яго варыянце размова паўсюдна ішла толькі аб адной ахвяры, то ў канчатковай версіі адзіночны лік ва ўсіх месцах, якія тычыліся асуджанага, быў зменены на множны. Аказваецца, што ці не ў апошні момант дадаліся яшчэ дзве ахвяры - Ф. Пятроўскі і Ф. Грушэўскі (Гарушэўскі), якія тым жа складам ваенна-палявога суда і па канфірмацыі кобрынскага ваеннага начальніка былі прысуджаны да вышэйшай меры. [38] Ва ўсіх трох выпадках Поль, у рамках закладзенай М. Мураўёвым традыцыі, замяніў расстрэл на павешанне. Экзекуцыя адбылася 5 кастрычніка а першай гадзіне. Неверагодна, але факт - абавязкі кáта былі ўскладзены кобрынскім начальнікам на аднаго з арыштантаў. Невядома, ці рабіў ён гэта пад прымусаў ці з уласнае ахвоты. Не выключана, што нехта падобным чынам спрабаваў выкупіць сабе свабоду. Прыведзеным тут прыкладам выкананне смяротных пакаранняў на тэрыторыі Гродзенскай губ. не абмяжоўваецца. Але ў іншых выпадках прысуды выконваліся па канфірмацыі больш высокага начальства, хаця іх непасрэднае ажыццяўленне, нярэдка, зноў жа ўскладалася на вайсковых начальнікаў уездаў . [39]

Напэўна, найбольш заўважны след у памяці мясцовага насельніцтва ваенныя ўездныя начальнікі пакінулі знішчэннем шляхецкіх ваколіц. Яшчэ пасля задушэння паўстання 1831 г., М. Мураўёў, які на той час займаў пасаду гродзенскага губернатара, звяртаў увагу вышэйшых дзяржаўных устаноў на дадзеную сацыяльную страту як на "галоўную зброю бунту". У якасці адной з мер па барацьбе з ёю, ён прапанаваў высяленне ўсёй шляхты, якая не даказала б на працягу года сваёй дваранскай годнасці на "лінію" (Арэнбургскую ці Каўказкую). [40] Але Камітэт заходніх губерняў адхіліў прапанаваныя ім меры. Праз 30 год яму ўжо нішто не замінала ў рэалізацыі ранейшых задумак. І таму шляхта (разам з каталіцкім духавенствам) з'яўлялася асноўным сацыяльным аб'ектам рэпрэсіўных мерапрыемстваў віленскага генерал-губернатара. Адной з праяў падобнай палітыкі была барацьба з шляхецкімі ваколіцамі.

Ліпеньскае дапаўненне да "інструкцыі" загадвала ваенна-ўездным начальнікам накладаць на шляхецкія ваколіцы кантрыбуцыю (ад 10 да 25 руб. срэбрам з двара) у выпадку выяўлення фактаў удзелу альбо аказання дапамогі апошняй паўстанню. Але гэта мера падалася М. Мураўёву не дастаткова эфектыўнай. Таму віленскім генерал-губернатарам былі прапанаваны больш рашучыя крокі, іншыя спосабы ізалявання азначанага тыпу паселішчаў ад узброенай барацьбы. Сярод іншага М. Мураўёў патрабаваў "некалькі селішчаў, асабліва шляхецкіх ваколіц, жыхары якіх будуць выяўлены вінаватымі ў садзейнасці мяцежнікам, знішчыць … жыхароў, браць пад варту для перасялення іх з сем'ямі ўнутр Расіі". [41] Улады не хавалі, дзеля чаго яны ідуць на падобныя беспрэцэндэнтныя меры, - застрашыць, навесці паніку, паказаць, што ніхто не застрахаваны ад падобнага лёсу, "для прыкладу іншым". Канечне, увядзенне прынцыпу калектыўнай адказнасці, калі за дзеянні некалькіх асоб адказвалі сотні, паўплывала на далейшае звужэнне сацыяльнай базы паўстання. Падобныя карныя аперацыі мелі вялікі рэзананс не толькі ў наваколлі, але і далёка за межамі той мясцовасці, дзе адбываліся. Пасля знішчэння некалькіх ваколіц уладам дастаткова было толькі перапісаць жыхароў таго населенага пункта, які падазраваўся ва ўдзеле ці аказанні дапамогі паўстанню, каб жыхары імгненна выказалі сваю лаяльнасць і пакорлівасць. [42]

На жаль, недахоп базы крыніц не дазваляе ўстанавіць дакладнай даты з'яўлення гэтага распараджэння. Храналагічная рэканструкцыя падзей паказвае, што на пачатку ліпеня яно было вядома і прынята да выканання ў гродзенскім уездзе. [43] Але тыя ж самыя факты сведчаць, што толькі на пачатку жніўня азначанае прадпісанне М. Мураўёва з канцылярыі гродзенскага губернатара было разаслана па астатніх уездах і адпаведна ваенным начальнікам. Магчыма, затрымка была звязана са зменай на губернатарскай пасадзе, якая адбылася ў гэты час. У сярэдзіне ліпеня 1863 г. замест гр. У. Бабрынскага, які ў знак нязгоды з палітыкай М. Мураўёва падаў у адстаўку, быў прызначаны больш згаворлівы І. Скварцоў. Менавіта з яго імем звязваецца ўзмацненне жорсткасці карнай палітыкі ў рэгіёне. Менавіта за яго подпісам на вайсковых начальнікаў быў ускладзены абавязак па вызначэнню ваколіц для ўзорнага пакарання. Не ўсе з іх пагадзіліся браць на сябе выкананне азначанага распараджэння. Напрыклад, начальнік ваўкавыскага ўезда палкоўнік Казанлі нават пасля паўторнай просьбы-ўказання І. Скварцова даслаць заключэнне, ці "не патрабуе ваколіца Карэвічы прыняцця супраць яе адмыслова строгіх мер," адказаў адмовай. [44] Падобны дакумент-намёк "звярнуць асаблівую ўвагу на шляхецкія ваколіцы і прадставіць меркаванні" быў накіраваны ў Бельск. Але генерал-маёр Амонтаў ці то не зразумеў намёк, ці то не захацеў рабіць гэтага. У хуткім часе ён быў заменены на палкоўніка Барэйшу. Адступіўся ад свайго першапачатковага намеру выслаць усіх жыхароў ваколіцы Эйсманты-Надтабольскія гродзенскі ўездны начальнік палкоўнік Брант.

Такім чынам, у 1863-1864 г. з тэрыторыі Гродзенскай губ. былі высланы жыхары Явароўкі (беластоцкі ўезд), Лукавіц і Прушанак-Баранак (бельскі), Шчука (гродзенскі), Пеняшак (пружанскі) і часткова Эйсмантаў-Надтабольскіх (гродзенскі). Магчыма, гэты спіс патрабуе далейшага ўдакладнення. Знішчэнне шляхецкіх ваколіц - гэта асобная старонка гісторыі паўстання, якая вымагае асобнага даследавання. У гэтым артыкуле мы закранем толькі некаторыя аспекты гэтага працэсу. Як адзначалася вышэй вызначэннем населенага пункта для высялення яго жыхароў у Расію займаліся непасрэдна ваенныя ўездныя начальнікі. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што большасць з іх на момант выканання гэтага распараджэння знаходзіліся на сваіх пасадах непрацяглы час. Гэта азначае, што яны не маглі валодаць сітуацыяй па свайму ўезду ў дастатковай меры. Таму можна меркаваць, што пакаранню былі падвергнуты першыя ваколіцы, якія трапілі пад "гарачую руку" пасля выхаду мураўёўскага прадпісання. Яскравым падцверджаннем таму з'яўляецца прыклад палкоўніка Барэйшы, які змяніў свайго папярэдніка на пасадзе 7 верасня 1863 г., а ўжо 9 верасня (праз 2 (!) дні) выступіў з ініцыятывай да начальства аб знішчэнні дзвюх ваколіц (Лукавіцы і Фалькі). Падобную аператыўнасць можна растлумачыць тым, што хутчэй за ўсё перад уступленнем у свае абавязкі ён атрымаў адпаведныя інструкцыі падчас асабістай сустрэчы з М. Мураўёвым ці І. Скварцовым. Яго беластоцкі калега, ген. Беклямішаў расправіўся з Явароўкай роўна праз месяц пасля прызначэння на пасаду (рэальна ж ён прыняў справы яшчэ пазней). Трохі больш за месяц выконваў абавязкі ўезднага начальніка маёр фон Крэмер на момант ліквідацыі Пеняшак.

Карныя аперацыі па знішчэнню ваколіц адбываліся прыкладна па адной схеме з некаторымі асаблівасцямі ў кожным выпадку. Звычайна той ці іншы начальнік уезда звяртаўся да губернатара з рапартам аб тым, што ім выяўлены "рассаднік зламысных намераў і дзеянняў", які ў адпаведнасці з апошнім распараджэннем генерал-губернатара патрабуе тэрміновай ліквідацыі. У выпадку згоды, стандартным быў адказ І. Скварцова: "сабраць як мага больш мясцовых жыхароў…, прачытаць маё прадпісанне і спаліць усю ваколіцу і пасля цалкам знішчыць усе напаміны былога селішча, аддаць зямлю суседняй сялянскай грамадзе." [45] Адначасова з гэтым губернатар накіроўваў паведамленне разам са спісам жыхароў ваколіцы ў Вільню, дзе вызначалася канчатковае месца высылкі кожнай асобнай сям'і. Атрымаўшы дазвол ад губернскага начальства, ваенныя начальнікі абкружалі падпарадкаванымі ім войскамі вызначанае паселішча, праводзілі высяленне жыхароў разам з апісаннем іх маёмасці. Пасля, адначасова з некалькіх бакоў, ваколіца падпальвалася. "У Бельску было відаць ад полымя … сялян ахапіў жах …" - апісвае гэты момант экзекуцыі палкоўнік Барэйша. [46] У храналагічнай паслядоўнасці знішчэнне ваколіц адбывалася ў наступным парадку: 12-13 ліпеня 1863 г. Шчука, 6 жніўня Явароўка, 8 верасня Пеняшкі, 23 верасня Лукавіцы і ў сярэдзіне сакавіка 1864 г. Прушанкі-Баранкі.

Арыштаваныя жыхары ваколіц размяшчаліся пад вартай (у астрозе, у палатках за горадам, у карчме, па кватэрах) на некаторы час да вырашэння іх канчатковага лёсу. Прашэнні ваколічнай шляхты падчас знаходжання пад вартай і пасля, з месца ссылцы, сведчаць, што яны не маглі зразумець, у чым іх віна. У іх свядомасці не ўкладвалася, за што і чаму высылаюцца ўсе без разбору: і немаўляты, і старыя, і цяжарныя жанчыны. Не ўсе вытрымлівалі падобны ўдар лёсу. Яшчэ да адпраўкі некаторыя паміралі. Былі такія, што вар'яцелі. Па свайму сацыяльнаму складу гэта была пераважна так званая шляхта, якая ў большасці сваёй мела афіцыйныя доказы свайго прывілеяванага становішча. Сялянскія сем'і, якія пражывалі ў межах ваколіц М. Мураўёў загадваў пакідаць на месцы, але некаторыя з іх праз няўважлівасць мясцовых улад і блытаніны ў справаводстве былі ўсё ж такі высланы на ўсход. Падчас перапісу Лукавіц у пасямейныя спісы былі ўключаны служкі, якіх таксама як членаў сямей выслалі разам са сваімі гаспадарамі. Прынцып калектыўнай адказнасці распаўсюджваўся і на тых, хто ўжо нават на працягу некалькіх гадоў (месяцаў) не жыў у спаленай ваколіцы. Пасля гэтых падзей мясцовыя ўлады на працягу яшчэ некалькіх гадоў працягвалі арыштоўваць сваякоў, якія стала пражывалі альбо працавалі ў іншай мясцовасці. Пасля кароткага разбіральніцтва ўсе яны накіроўваліся "для злучэння са сваёй сям'ёй". Паказальны ў гэтым выпадку лёс Антона Явароўскага, які ў 1863 г. працаваў на фабрыцы ў Харошчы, але "пасля вядомых падзей яго не захацелі трымаць на фабрыцы". У лютым 1865 г. ён быў накіраваны па этапе ў Самарскую губ., дзе знаходзіліся яго сваякі. [47] У Пеняшках арышту былі падвергнуты і 2 яўрэйскія сям'і. Але высланы былі толькі старэйшыя мужчыны. У адрознені ад іншых жыхараў ваколіц для іх быў абраны іншы від пакарання - аддача ў арыштанскія роты ваеннага ведамства.

Даволі цяжка ўстанавіць дакладную лічбу жыхароў ваколіц, якія былі высланы. Ведамасці, якія складалі ўездныя начальнікі, вызначаюцца значнымі неадпаведнасцямі і блытанінай. На месцы высылкі аказваліся асобы, якія не былі ўнесены ў спісы. Некаторым жа ўдавалася збегчы падчас самой экзекуцыі ці з месца заняволення (тым не менш насупраць іх прозвішча ставілася адмеціна аб адпраўцы). Ваенны начальнік ці іншы заступнік мог хадатайнічаць за тую ці іншую асобу (сям'ю), каб пакінуць яе на месцы жыхарства. Гэтыя і іншыя факты, несумненна, ускладняюць справу па выяўленню дакладанай лічбы жыхароў ваколіц, што былі падвергнуты пакаранню. Тым не менш, абапіраючыся на тыя дадзеныя, якія прысутнічаюць у афіцыйным справаводстве, атрымліваецца лічба больш за 500 асоб (разам з 6 сем'ямі ваколіцы Эйсманты-Надтабольскія). Узроставых абмежаванняў на высылку амаль што не існавала. У спісах сустракаюцца немаўляты, якім споўнілася некалькі тыдняў, і старэйшыя за 70 гадоў. Далейшае справаводства па гэтых справах паказвае, што многія апынуліся на новых месцах "абсалютна голымі", "без усялякіх сродкаў для існавання", паколькі "ўсё адбылося так хутка, што мы не паспелі ўзяць ні грошай, ні самай неабходнай вопраткі". [48] А у Бельску, у дадатак да ўсяго, у жыхароў Лукавіц былі адабраны ўсе наяўныя грошы.

Спаленых і высланых ваколіц магло быць куды больш. Раней ужо ўзгадвалася прапанова Барэйшы разам з Лукавіцамі разабрацца і з Фалькамі. Але тады так і не ўдалося дакладна ўстанавіць, якія канкрэтна Фалькі бельскі начальнік меў на ўвазе (існавала некалькі ваколіц з падобнай назвай). Беластоцкі ваенны начальнік напрыканцы жніўня 1863 г. звярнуўся за дазволам выслаць яшчэ чатыры ваколіцы (Зайкі, Рагоўка, Ленцы, Куляшы - больш за 500 жыхароў). [49] Усё той жа палкоўнік Барэйша ў студзені 1864 г. выступіў з ініцыятывай высялення ў глыб Расіі жыхароў 8 вёсак і ваколіц: Асмолі, Талвіня, Верцені, Выганава, Ясеноўкі, Клапоты-Станіславога, Альшова-Старога, Гарнава - разам 1055 асоб. [50] Так што ж спыніла ўлады ад канфірмацыі падобных прапаноў? Чаму яны не далі згоды на паўтарэнне аперацыі? Напрыклад, у Мінскай губерні, падчас абмежавання колькасці шляхты, якую планавалася высяляць з ваколіц, на першае месца ставіўся матэрыяльны фактар. Мясцовыя губернскія ўлады палічылі, што высылка такой вялікай колькасці людзей будзе звязана з вялікімі грашовымі выдаткамі для ўрада. [51] Але ў дачыненні да Гродзенскай губ. гэты аргумент выглядае не ўзгрунтавана, паколькі харчаванне, утрыманне і перасылка ваколіц адбывалася за іх уласныя сродкі, грошы, якія ўлады атрымоўвалі пасля продажы іх маёмасці. З другога боку, можа падацца, што ўлады звярнуліся да законнасці ці хаця б здаровага сэнсу. Аб гэтым нібыта сведчыць адказ гродзенскага губернатара на просьбу беластоцкага начальніка аб высылцы 4 ваколіц. У ім І. Скварцоў загадваў "прыняць за правіла, што неблаганадзейнасць адной асобы не можа прывесці да адказнасці іншых членаў яго сям'і, а тым больш цэлых паселішчаў". [52] Тады як, зыходзячы з гэтага прадпісання, разумець факт высылкі ваколіцы Прушанкі-Баранкі ў сакавіку 1864 г.? Адказ на гэтае пытанне крыецца, хутчэй за ўсё, у тым, што ўлады выкарыстоўвалі падобны тып рэпрэсій у якасці аднаразовага акта застрашэння жыхароў таго ці іншага ўезда. Таму і не была цалкам выслана ваколіца Эйсманты-Надтабольскія, бо падобны лёс у гродзенскім уездзе спасціг Шчукі. Гэта ж правіла можна прымяніць і да іншых мясцовасцей. Выключэннем з'яўляюцца ўсе тыя ж Прушанкі-Баранкі, другая па ліку ў бельскім уездзе. Расправа з ёю была ажыццяўлена ў той момант, калі ў суседнім Каралеўстве Польскім з надыходам вясны пачаў аднаўляцца паўстанскі рух і існавала рэальная пагроза яго распаўсюджвання на сумежныя тэрыторыі. Таму падобная акцыя была выканана ўладамі ў якасці меры прэвентыўнай, каб не дапусціць узнаўлення нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў канкрэтным рэгіёне Гродзенскай губ.

Высылкай ваколіц гэты від рэпрэсіўнай дзейнасці ўездных начальнікаў не абмяжоўваўся. Шырокае ўжыванне ўладамі адміністратыўнай высылкі, для прымянення якой не патрабавалася ні судовага рашэння, ні доказу віны, давала новыя козыры ў рукі вайсковых камандзіраў ўездаў. Нягледзячы на тое, што яны не валодалі правам непасрэднага прыняцця рашэння аб выкарыстанні дадзенага віда пакарання ў адносінах да той ці іншай асобы, менавіта яны вызначалі "неблаганадзейных" у межах уезда, у дачыненні да якіх найбольш часта ўжывалася дадзеная мера пакарання. Пры гэтым неблаганадзейнасць магла выяўляцца ў чым заўгодна. Так, брэсцкі ўездны начальнік палкоўнік Дзяконскі ў жніўні 1863 г., прадстаўляючы спіс жыхароў г. Брэста, якія, на яго думку, заслугоўваюць выдалення з краю, аргументаваў сваю пазіцыю наступнымі фармулёўкамі: "па свайму розуму мае вялікі ўплыў на польскае грамадства", "скрытным характарам выклікае моцнае падазрэнне", "фанацік", "сваім дурным кірункам шкодны для краю" і г.д. [53] Падобныя падставы для адміністратыўнай высылкі ў той час не былі выключэннем, а хутчэй правілам. Іх можна сустрэць (і значна дапоўніць) у перапісцы губернскіх улад з іншымі ўезднымі начальнікамі. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што прычынай выдалення на Усход магло з'яўляцца суб'ектыўнае меркаванне адной асобы (у дадзеным выпадку ваеннага начальніка), якое не правяралася ні фармальным следствам, ні нават папярэднім расследаванем. У сваім імкненні пазбавіцца ад няўгодных асоб вайсковыя камандзіры здзіўлялі нават губернскае начальства. Так, пружанскі начальнік маёр Бубноў нават пасля таго, як невінаватасць некаторых асоб была даказана гродзенскай следчай камісіяй, прасіў не вяртаць іх у Пружаны, а выслаць разам з сем'ямі, "бо я лічу іх шкоднымі". [54] Атрымаў пісьмовую водпаведзь і палкоўнік Барэйша за тое, што ўжо не першы раз прадставіў у Гродна для далейшай высылкі ў Сібір былога чыноўніка бельскага ўезднага суда без усялякага расследавання, на падставе толькі таго, што "ў яго няма сродкаў для жыцця і ён неблаганадзейны ў палітычных адносінах". [55]

Сярод іншых відаў рэпрэсіўнай дзейнасці ваенна-ўездных начальнікаў можна вылучыць наступныя:

- заснаванне і ажыццяўленне кантролю за дзейнасцю так званай сялянскай варты, якая стваралася дзеля барацьбы з паўстаннем;

- правядзенне вобыскаў як у асобных людзей, так і ў прысутных месцах, гандляроў, каталіцкіх кляштарах, касцёлах, капліцах і нават могілках;

- спагнанне так званага працэнтнага збору. Пры гэтым меркаванні ўездных начальнікаў улічваліся як пры яго раскладцы па ўезду, так і ў выпадках змяншэння гэтага віду грашовага спагнання ў дачыненні да некаторых асоб. Невыкананне запланаваных паказчыкаў па грашовых паступленнях вяло да жорсткай вымовы з боку начальства [56];

- накладанне вайсковых экзекуцый на той ці іншы населены пункт ці маёнтак. Гэты від пакарання азначаў забеспячэнне войскаў харчаваннем і фуражом праз мясцовых жыхараў на працягу пэўнага тэрміну [57];

- закрыццё касцёлаў і кляштараў. Ваенныя начальнікі ўездаў у некаторых выпадках самастойна ўваходзілі з ініцыятывай закрыцця, скасавання ці ператварэння ў праваслаўныя храмы каталіцкіх культавых пабудоў. Але разам з тым, начальства цыркулярна прадпісвала ім выказаць свае асабістыя меркаванні адносна "новай арганізацыі рымска-каталіцкіх прыходаў." На падставе гэтых прапаноў адбываўся далейшы працэс "памяншэння шкоднага ўплыву касцёла";

- арганізоўванне пераходу мясцовага каталіцкага насельніцтва ў праваслаўе. Гэты від дзейнасці найбольш выразна выявіўся пасля 1865 г. Але і ў абраны перыяд даследавання сярод вайсковых начальнікаў былі асобы, якія апярэджавалі час. Адна падобная справа стала нават прадметам разбіральніцтва ў Міністэрстве ўнутраных спраў у Санкт-Пецярбурзе. Аказалася, што пружанскі начальнік палкоўнік Эліс (рэфарматар па веравызнанню, імкнучыся выслужыцца перад М. Мураўёвым, у 1864 г. распрацаваў адмысловы "план па далучэнню каталікоў да праваслаўя" ў сваім уездзе. У адпаведнасці з гэтай праграмай яму ўдалося навярнуць у праваслаўе 388 шляхціціаў, сялян і мяшчан. [58] Сумненні ў сталіцы выклікалі метады. Падазравалі, што ў якасці галоўна аргумента Элісам выкарыстоўваўся алкаголь. Акрамя таго, пазней некаторыя з "новаабарачоных" падалі скаргі на яго дзеянні.

Асобна хацелася б закрануць пытанне прававога аспекта дзейнасці ваенных уездных начальнікаў. Юрыдычныя падставы, якія вызначалі іх нарматыўнае становішча былі закладзены некалькімі адмысловымі інструкцыямі 1861 і 1863 г. Пазней прававое поле іх дзейнасці неаднаразова пашыралася як праз выданне М. Мураўёвым новых інструкцый і прадпісанняў, так і праз іх дапаўненне, а таксама праз распараджэнні гродзенскага губернатара. Паколькі падобныя акты выходзілі за рамкі прававой традыцыі і практыкі імперыі і грунтаваліся на адмысловых паўнамоцтвах, якія атрымаў віленскі генерал-губернатар у тым ліку і ў заканадаўчай сферы, то самі ўездныя ваенныя начальнікі могуць быць аднесены да органаў надзвычайнай улады з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. Таксама заслугоўвае ўвагі праблема законнасці іх дзейнасці нават у межах гэтага надзвычайнага заканадаўства тым больш, што і ў асяродку вышэйшай улады не было адзінага падыходу да вырашэння гэтай праблемы. Так, з аднаго боку, гродзенскі губернатар гр. У. Бабрынскі сваю інструкцыю для ўездных начальнікаў завяршаў патрабаваннем абавязковай законнасці іх дзеянняў. [59] З іншага боку, "нататкі для ваенна-ўездных начальнікаў", якія былі створаны пазней (аўтарства іх выявіць не ўдалося) прадпісвалі ім "не абмяжоўваць сябе фармальнасцю." [60] Факты сведчаць, што выбар начальнікамі быў зроблены выразна на карысць другой мадэлі стаўлення да права. Нягледзячы на тое, што ў тыя часы любая скарга на мураўеўскую адміністрацыю магла прывесці да самых сур'ёзных наступстваў, захаваліся шматлікія сведчанні свавольства і злоўжыванням вайсковых камандзіраў уездаў і іх падначаленых. Некаторыя падобныя прыклады ўжо прыводзіліся вышэй. Сярод іншых абмяжуемся прывядзеннем фактаў толькі адносна бельскага ўезда. Яны ўключалі: адабранне пошты з мэтай яе самавольнай перлюстрацыі, прымусовае адбіранне грошай ва ўсіх арыштантаў, пераслядоўванне, збіццё, зневажанне некаторых асоб і іх сямей, збіццё бізуном з мэтай атрымання патрэбных паказанняў, прымушэнне да падпісання чыстых папер, на якіх пасля фабрыкаваліся сведчанні. І на гэтым пералік не заканчваецца.

Зразумела, што ваенныя начальнікі не маглі асабіста выконваць усе абавязкі, якія ўскладваліся на іх уладамі. І таму ў сваёй дзейнасці яны акрамя вайсковых сіл абапіраліся на станавых ваенных начальнікаў, жандарскія каманды, следчыя камісіі і мясцовыя органы кіравання. Нельга атаясамляць пасаду вайсковага начальніка ўезда ў азначаны перыяд з нейкай канкрэтнай асобай. Справа ў тым, што адбываліся іх частыя змены з-за таго, што вайсковыя адзінкі, у якіх яны неслі службу перадыслакоўваліся на іншыя месцы. Разам з часткай перамяшчаўся і афіцэр (генерал), які выконваў функцыю начальніка ўезда. Акрамя таго царскія ўлады чаргавалі ваенна-ўездных начальнікаў, калі кандыдатура нейкага з іх не адпавядала тым ці іншым патрабаванням. У сярэднім, за два гады, у кожным уездзе змянілася па 4 начальнікі. Выключэнне тут, пэўна, складае постаць бельскага ваеннага камандзіра палкоўніка Барэйшы, асоба, якая заставалася на сваёй пасадзе 2 гады. Але гэта ўжо іншая гісторыя, асобнае даследаванне.

Такім чынам, падводзячы вынікі, хацелася б зазначыць, што ваенныя ўездныя начальнікі - адны з найбольш значных элементаў па рэалізацыі рэпрэсіўнай сістэмы М. Мураўёва. Але яны не былі толькі паслухмянымі праваднікамі лініі віленскага генерал-губернатара. Яны самі, сваімі ўласнымі ініцыятывамі і прапановамі непасрэдна фармавалі некаторыя элементы рэпрэсіўный палітыкі. Разам з тым, іх дзейнасць, у залежнасці ад асобы ўезднага начальніка, мела шэраг спецыфічных рыс, што прывяло да фармавання рэгіянальных адметнасцяў мураўёўскай сістэмы. У залежнасці ад часу, ступенні ўздыму нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іх дзейнасці прывілявалі розныя віды рэпрэсіўнай дзейнасці. Надзеленыя неабмежаванай уладай у межах уезда, ваенныя начальнікі, фактычна, ператварыліся ў своеасаблівых "мураўёвых", толькі ва ўездным маштабе.



[1] Виленский временник. Книга VI, ч. II. Архивные материалы муравьевского музея относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 г.г. в пределах Северо-Заподного края. Вильна, 1915. - С. 7

[2] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 172, а. 12.

[3] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 2, а. 161.

[4] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 262, а. 4.

[5] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 4, а. 3

[6] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 7, а. 112

[7] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 2564, а. 109.

[8] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 2, а. 13-14

[9] Отчет графа М.Н. Муравьёва по управлению Северо-Западным краем с 1 мая 1863 г. по 17 апреля 1865 г. - С. 4.

[10] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 16, а. 10-15.

[11] НГАБ у Гродне. Ф. 1624, воп. 2,спр. 3, а. 324; . Ф. 974, воп. 1, спр. 7, а. 679.

[12] Berg M. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. Cz. X., Warszawa, 1906. - S. 129.

[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 14, а. 33.

[14] Цылов Н.И. Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864. Вильна, 1866. - С. 102.

[15] НГАБ у Гродне. Ф. 974, воп. 1, спр. 2, а. 103.

[16] Там жа, а.2.

[17] НГАБ у Гродне. Ф. 974, воп. 1, спр. 13, а. 346.

[18] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 170, а. 45; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 35, спр. 1, а. 4.

[19] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 1068, а. 22, 28.

[20] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 7, а. 60.

[21] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 170, а. 154-155.

[22] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1400, а. 16-65.

[23] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 1, а. 70.

[24] НГАБ у Гродне. Ф. 974, воп. 1, спр. 2, а. 82, 110.

[25] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 823, а. 38.

[26] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 17, а. 127, 128.

[27] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 170, а. 85, 154.

[28] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1400, а. 69.

[29] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 542, а. 16.

[30] НГАБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, спр. 39, а. 14.

[31] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1400, а. 169.

[32] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 456, а. 131-132.

[33] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 170, а. 154.

[34] Цылов Н.И. Сборник распоряжений графа Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864. Вильна, 1866. - С. 125.

[35] Studnicki W. Rok 1863. Wyroki śmierci. Wilno. - S. 3-53.

[36] НГАБ у Гродне. Ф. 1159, воп. 3, спр. 21, а. 334, 344.

[37] Там жа. а. 328-330.

[38] НГАБ у Гродне. Ф. 1159, воп. 3, спр. 13, а. 37.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 31, спр. 72, а. 41, 49.

[40] РДГА. Ф. 1266, воп. 1, спр. 8, а. 32.

[41] НГАБ у Гродне. Ф. 78, воп. 1, спр. 100, а. 62; Ф. 1624, воп. 2, спр. 3, а. 71.

[42] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 1746, а. 3.

[43] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 456, а.2.

[44] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 7, а. 84.

[45] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 456, а. 4; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 31, спр. 57, а. 3; НГАБ у Гродне. Ф. 974, воп. 1, спр. 12, а. 67.

[46] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 6, спр. 372, а. 10.

[47] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 542, а. 166, 168.

[48] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 456, а. 105; Ф.1, воп. 6, спр. 829, а. 140; Ф.1, воп. 6, спр. 372, а. 197.

[49] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 676.

[50] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 1746.

[51] Горбачёва В.В. Восстание 1863-1864 гг. и репрессивные мероприятия царизма в Беларуси // Powstanie Styczniowe 1863-1864. Walka i uczestnicy. Represje i wygnanie. Historiagrafia i tradycja.: Zb. art.; Pod redakcją W. Cabana, W. Śliwowskiej. - Kielce: Wydawnictwo Akademii Świętokrzyskiej, 2005. - С. 115.

[52] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 676, а. 38.

[53] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 667, а. 2.

[54] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 2425, а.2.

[55] НГАБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, спр. 39, а. 48.

[56] НГАБ у Гродне. Ф. 974, воп. 1, спр. 7, а. 583а.

[57] НГАБ у Гродне. Ф. 1715, воп. 1, спр. 2, а. 147.

[58] Комзолова А.А. Политика самодержавия в Северо-Заподном крае в эпоху великих реформ. - М., Наука, 2005. - С. 187.

[59] НГАБ у Гродне. Ф. 970, воп. 2, спр. 16, а. 15.

[60] НГАБ у Гродне. Ф. 1624, воп. 2, спр. 3, а. 133.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX