Папярэдняя старонка: Радзюк Алесь

Віленскія губернскія ведамасці другой паловы ХІХ ст. як крыніца па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі 


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 16-07-2013,
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы. - Гродна, 2011. - С. 255-265.

Спампаваць




В «Виленских губернских ведомостях» можно найти разнообразную информацию, касающуюся разных аспектов социальной и экономической жизни городов и местечек второй половины ХІХ в. Особенно «продуктивной» в этом плане является «неофициальная» часть газеты. Тут содержаться сведения о развитии образования, медицины, промышленности и сельского хозяйства, приводятся разнообразные статистические сведения, приводятся эпизоды повседневной жизни.

"Віленскія губернскія ведамасці" - адна з мноства афіцыйных газет, што выдаваліся ўладамі ў губернскіх цэнтрах Расійскай імперыі. Дадзенае выданне выходзіла ў Вільні з 1838 па 1916 г. з рознай перыядычнасцю. Яе рэдактарамі ў розны час з'яўляліся А. Глінскі, Л. Ляванда, П. Дабравольскі, А. Часцякоў, І. Горскі, І. Патулаў, Т. Лісіцын, А. Львоў. Інфармацыйны блок газеты, як і ўсіх іншых падобных выданняў, складаўся з афіцыйнай і неафіцыйнай частак. Першая з іх мела два аддзелы, у якіх друкаваліся пастановы, распараджэнні, весці цэнтральных і мясцовых уладаў, але цэнтральнае месца займалі аб'явы аб продажы нерухомай маёмасці з самым падрабязным апісаннем саміх маёнткаў. У сувязі з тым, што Вільня была цэнтрам генерал-губернатарства, матэрыялы, што размяшчаліся на старонках "Віленскіх губернскіх ведамасцей" ахоплівалі ўсю азначаную тэрыторыю, а таксама, часцяком выходзілі за яе межы.

Аб'ектам дадзенага даследавання з'яўляецца "неафіцыйнаячастка" "Віленскіх губернскіх ведамасцей" другой паловы ХІХ ст. Азначаны аддзел у 1846-1863 г. выдаваўся ў якасці самастойнай газеты пад той жа назвай. З 1864 г. ён друкаваўся на апошніх старонках газеты [1]. У некаторых выпадках ён мог складацца з кароткіх метыяралагічных паведамленняў, а ў некаторых - па аб'ёму перавышаў нават афіцыйную частку. Цягам другой паловы ХІХ ст. інфармацыйнае напаўненне рубрык мянялася. Найбольшую цікаўнасць для нас уяўляюць такія з іх як "Здарэнні (Дзённік здарэнняў) па Віленскай губ.", "Мясцовая хроніка", "Тэлеграмы сталічных газет", "Судовыя весткі", "Унутраныя весткі" і інш. Менавіта ў іх утрымліваецца асноўны масіў інфармацыі, у якім у той ці іншай ступені знайшлі свае адлюстраванне старонкі тагачаснага жыцця беларускіх гарадоў і мястэчак.

Усебаковы аналіз "неафіцыйнай часткі" "Віленскіх губернскіх ведамасцей" сведчыць аб тым, што ў ёй прадстаўлены розныя аспекты грамадскага жыцця гарадоў і мястэчак Беларусі. Яны ўключаюць у сябе элементы штодзённасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, матэрыялы па развіццю адукацыі і медыцыны, статыстыку, некралогі, звесткі аб візітах розных асоб і аб надзвычайных здарэннях, што адбываліся цягам другой паловы ХІХ ст. у розных населеных пунктах. Звяртае на сябе ўвагу факт, што мясцовым падзеям газета прысвячала куды меньш увагі, чым асвятленню, тых, што мелі месца ў іншых гарадах імперыі і па-за яе межамі. Але, нават уважлівы прагляд такіх рубрык як " Тэлеграмы сталічных г азет" і " Унутраныя весткі " можа выявіць цікавую інфармацыю датычную беларускіх зямель.

Найбольш поўную рэпрэзентатыўнасць у "неафіцыйнай частцы" маюць матэрыялы, якія тычацца адукацыйнай сферы. Пачаць з таго, што "Віленскія губернскія весткі" з'яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі Горы-Горыцкай земляробчай школы. Штогод газета друкавала падрабязную справаздачу-паведамленне аб чарговым выпуске гэтай навучальнай установы. Прадстаўленыя дадзеныя ўключалі ў сябе дэталёвае апісанне самой выпускной цырымоніі, пералік узнагароджаных вучняў і іх падзел у адпаведнасці з якасцю атэстата, інфармацыю аб прафесійнай спецыялізацыі таго ці іншага студэнта. Напрыклад, з 38 выпускнікоў 1855 г. два былі падрыхтаваныя ў канавалы, два ў агароднікі, тры ў аўчары [2]. Дыпломы (атэстаты) ў адпаведнасці з якасцю адзнак, што былі атрыманыя цягам усяго перыяду навучання і на экзаменах, падраздзяляліся на тры разрады. Адсотак тых, хто атрымоўваў атэстат першага разраду быў параўнальна невялікі. Акрамя таго, мелася яшчэ адмысловая катэгорыя атэстатаў, што ўручалася выпускнікам з ліку панскіх сялян.

З прадстаўленых звестак вынікае, што не ўсе асобы, якія заканчвалі навучальны курс земляробчай школы, аўтаматычна атрымоўвалі дыплом спецыяліста. У некаторых выпадках той ці іншы студэнт мог быць пакінуты на другі год для удасканалення практычных навыкаў у той ці іншай галіне сельскай гаспадаркі [3] (авечкагадоўля, садаводства і г.д.). Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што і ў тыя часы ў дадзенай навучальнай установе існавала практыка размеркавання выпускнікоў. Што праўда яна закранала катэгорыю выключна такзваных "пансіянераў палат", якія пасля заканчэння Горы-Горыцкай навучальнай установы накіроўваліся на службу ў казённыя палаты тых губерняў, якія аплочвалі ім навучанне і пансіён. Такім чынам гэтая інфармацыя дае магчымасць прасачыць геаграфію вучняў дадзенага вучылішча.

Арамя таго ў "Віленскіх губернскіх ведамасцях" можна знайсці звесткі і некаторыя аналітычныя развагі адносна асобных навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі і тых падзей, што адбываліся ў іх сценах, а таксама статыстычныя матэрыялы па гэтаму прадмету за розныя гады. У асноўным газетныя артыкулы паведамляюць аб адкрыцці той ці іншай адукацыйнай установы ці яе наведванні нейкай высокапастаўленай асобой. Напрыклад, "губернскія ведамасці" за 1859 г. інфармуюць аб адкрыцці дзявочых вучылішчаў у Вільні, Гародні, Мінску і іншых гарадах, а таксама друкуюць падрабязныя правілы функцыянавання падобнага тыпу школ [4]. У іншых нумарах датаваных гэтым жа годам паведамляецца аб стварэнні гімназіі ў Мозыры, апісваецца цырымонія яе адкрыцця, даюцца агульныя звесткі па колькасці рознага тыпу вучэльняў па Віленскай навучальнай акрузе [5]. Да дадзенай катэгорыі звестак таксама можна далучыць артыкул "Аб недахопе ў губернскіх гарадах публічных бібліятэк", які быў змешчаны ў адным з нумароў за 1860 г. [6]. Прычынай з'яўлення дадзенага паведамлення сталі новыя правілы (змешчаныя тут жа) дзейнасці і фінансавання падобнай установы ў Горадні. Як вынікае з гэтай публікацыі, у горадзе над Нёманам па прапанове губернатара сярод мясцовага чынавенства быў уведзены 1% збор ад сумы іх заробка на патрэбы губернскай бібліятэкі. Аўтар параўноўвае падобную практыку з іншымі гарадамі і выказвае спадзяванне, што гэты вопыт у хуткім часе будзе там пераняты.

Новыя старонкі развіцця сельскагаспадарчай адукацыі разгортвае некралог прысвечаны жыццёваму шляху і дзейнасці Міхала Ачапоўскага. Гэтае прозвішча амаль не вядома сёння, а ў свой час яго працы з'яўляліся падставай для вядзення гаспадаркі ва многіх маёнтках беларуска-літоўскага края. Працуючы прафесарам у Віленскім універсітэце і ўзначальваючы там кафедру сельскай гаспадаркі да яго закрыцця ў 1831 г., Ачапоўскі выдаў такія грунтоўныя працы як " Асновы сельскагаспадарчай хіміі ", " Асновы аграноміі - навукі аб глебах ", " Аб спосабе гаспадарання ў паўночным клімаце" (2 тамы) і іншыя [7]. Таксама нельга не адзначыць факт асвятлення на старонках "віленскіх губернскіх ведамасцей" падзеі звязанай з адкрыццём музея старажытнасцяў у Вільні, які заняў адметнае месца ў сістэме асветніцтва мясцовага края. Газетны артыкул досыць падрабязна адзначае ўсе дэталі, што спадарожнічалі ўрачыстасцям, прыводзіць спіс асоб, якія пры гэтым прысутнічалі, друкуе прамову Я. Тышкевіча з гэтае нагоды, узгадвае выступ А. Кіркора і іншых асоб [8].

Задушэнне паўстання 1863 г. і змена палітычнага курсу царызму ў адносінах да беларуска-літоўскіх зямель наклала свой адбітак на "неафіцыйную частку" "віленскіх губернскіх ведамасцей". Мясцовай інфармацыі ў ёй становіцца куды менш, галоўнае месца адводзіцца звесткам з розных рэгіёнаў імперыі, а таксама замежжа. Мяняецца і танальнасць публікацый. На старонках газеты друкуюцца артыкулы вытрыманыя ў духе адданасці рускай ідэі і смадзяржаўю. Як прыклад тут можна прывесці паведамленне аб наведванні ў ліпені 1886 г. маладзечынскай настаўніцкай семінарыі віленскім губернатарам. Пры гэтым інфармуецца, што "вучні пелі "Божа царя храні" і рускія народныя песні" [9]. Здаецца, вывучэнне народных (рускіх) спеваў у гэты час становіцца абавязковым пунктам навучання ў многіх адукацыйных установах на землях Беларусі. З Лідскага ўезду пісалі, што "справа народнай адукацыі ў нашым уездзе ідзе вельмі добра… 23 лютага (1886 г.) адбыўся экзамен у васілішскім народным вучылішчы… Пасля экзамена вучні хорам спявалі народныя песні і атрымалі пачастункі ад мясцовага валаснога старшыны" [10]. У Брэсце падчас візіту імператара заўзятары ідэі распаўсюджвання духа рускай народнасці сярод беларускіх сялян, апранулі вучняў мясцовых прыходскіх школ "у чырвоныя рускія кашулі" [11].

Іншай праявай у змене палітыцы царызму пасля 1863 г. стаў працэс пашырэння ўплыву праваслаўнай царквы на абшарах беларускіх зямель. У сваю чаргу, гэты працэс не мог не знайсці свайго адлюставання на старонках афіцыйнага друкаванага органа, якім з'яўляліся "Віленскія губернскія ведамасці". У газеце з'явіўся шэраг публікацый, у якіх аўтары з захапленнем апавядалі аб справе царкоўнага будаўніцтва ў краі. Да іх ліку адносіцца артыкул аб закладцы новага мураванага сабора і будаўніцве часоўні ў Ашмянах (1873 г.) [12]. Дарэчы, дадзеная публікацыя таксама ўтрымлівае досыць цікавыя звесткі па гісторыі праваслаўных могілкаў у гэтым населеным пункце. Падрабязныя справаздачы аб пераводзе каталіцкіх касцёлаў у праваслаўныя цэрквы ў Краснасельску і Ляховічах можна знайсці ў азначаным перыядычным выданні за 1867 г. [13]. Гэтыя нататкі ўключаюць у сябе не толькі апісанні самой падзеі і пералік прысутных асоб, але адлюстроўваюць увесь комплекс мерапрыемстваў падрыхтоўчай працы. Больш падрабязныя звесткі аб ходзе царкоўнага будаўніцтва на тэрыторыі беларуска-літоўскіх зямель прадстаўлены ў адным з нумароў газеты за 1867 г. У ім пададзены статыстычныя дадзеныя аб колькасці ўзведзеных праваслаўных цэркваў за перыяд з 1863 г., прыведзена табліца з пералікам гарадоў, мястэчак і вёсак дзе былі пабдаваны драўляныя ці мураваны храмы за гэты адрэзак часу [14].

Знайшло сваё адлюстраванне на старонках газеты ў вызначаны перыяд і нацыянальнае пытанне. Некалькі разоў у "віленскіх ведамасцях" закраналіся некаторыя аспекты жыцця яўрэйскай супольнасці ў гарадах і мястэчках Беларусі. Найбольшую цікаўнасць, на нашу думку, уяўляе артыкул аб расколе, што адбыўся ў гарадзенскай іўдзейскай супольнасці напрыканцы 60-х гадоў ХІХ ст. Прычынай канфлікту стала новая спроба трактоўкі Талмуда, што была прэзэнтавана ў кнізе пад назвай " Мафцейах " (ключ). Аўтар гэтага выдання быў падвергнуты сапраўднай абструкцыі ў Гародні, а яго твор быў публічна спалены ў мясцовай школе. У адрозненні ад большасці публікацый таго часу, узгаданы артыкул носіць палемічны характар. У ім адкрыта асуджаюцца падобныя дзеянні гарадзенскіх месцічаў, а мясцовы рэбе Нохем называецца "вядомым яўрэйскім недавяркам (ізуверам)" [15]. Таксама крытычны накірунак мае артыкул пад назвай "Равінскае вучылішча". У ім аўтар, чыё прозвішча зашыфравана выключна зычнымі літарамі "Н-в-с-л-в", праводзіць усебаковы аналіз не толькі ўсёй сістэмы навучання, што склалася ў падобных навучальных установах, але таксама прапануе карэнныя крокі па іх рэарганізацыі па прыкладу рымска-каталіцкіх семінарый [16]. У газеце таксама можна знайсці разнастайныя статыстычныя звесткі, якія тычыцца яўрэйскіх навучальных устаноў: іх тыпы, колькасць, размяшчэнне, праграмы, і г.д. [17].

Велізарным краязнаўчым патэнцыялам валодае рубрыка " Здарэнні" ("дзённік здарэнняў па Віленскай губ .") У ёй з перыядычнасцю два разы на месяц паведамлялася аб тых надзвычайных падзеях (пажары, крадзяжы, забойствы, самазабойствы, рабунак, няшчасныя выпадкі, эпідэміі і г.д.), што адбыліся ў розных населеных пунктах губерні ці асобнага ўезду за азначаны адрэзак часу. Нажаль, большасць звестак, якія прадстаўленыя ў гэтым аддзеле носяць статыстычны характар (напрыклад паведамляецца, што за нейкі час у пэўнай мясцовасці адбылася пэўная колькасць пажараў), але ў асобных выпадках друкуюцца больш разгорнутыя апісанні некаторых найбольш буйных здарэнняў. Для ілюстрацыі патэнцыяльных магчымасцяў выкарыстання дадзенай рубрыкі ў ажыццяўленні мікрагістарычных даследаванняў, прывядзем некалькі прыкладаў. "30 траўня (1883 г.) у м. Валожын быў праліўны дождж, ад якога ўтварылася вялікая паводка, якой зруйнавана некалькі жылых пабудоў і халодных будынкаў па левым баку Мінскай вул. … Разбураны і знесены валожынскі мост і яго мураваныя падмуркі…" [18]. "У м. Радунь Лідскага ўезду 3-га жніўня (1873 г.) адбыўся пажар. Згарэла 7 хрысціянскіх і 10 яўрэйскіх хацін з усёй маёмасцю і хлебам. Страты 50 тыс. руб. срэбрам" [19]. Даволі часта сярод падобных звестак сустракаецца інфармацыя аб эпідэміях (у тым ліку сярод хатніх жывёлаў), рабунках, атручваннях і г.д. "У Ашмянскім уздзе ў м. Мікалаеве з'явілася хвароба скарлацін, ад якой памерла 12 дзяцей" [20].

У некаторых выпадках звесткі аб тых ці іншых надзвычайных падзеях друкаваліся ў "Віленскіх губернскіх ведамасцях" у іншых рубрыках ці нават падаваліся зусім без назвы. Такія апісанні носяць куды больш разгорнуты, насычаны характар, што робіць іх каштоўнай крыніцай па гісторыі таго ці іншага населенага пункта. Чаго варта, напрыклад, апісанне паводкі і іншых няшчасцяў, што абрынуліся на жыхароў м. Лебедзева ў 1886 г. [21] У гэты ж год ад моцных вясновых паводак моцна пацярпелі Слонім, Пінск і палескія чыгункі. У гэтых населеных пунктах і іх ваколіцах вадой былі затопленыя масты, чыгуначнае палатно, што прывяло да парушэння руху цягнікоў у многіх накірунках [22]. З гібеллю Садома і Гаморы параўноўвае аўтар артыкула тыя няшчасці, што напаткалі Смаргонь у 1882-1883 г.: "Не паспелі мы яшчэ ачуняць пасля леташняга пажару (страты ад якога склалі 115 тыс руб., былі чалавечыя ахвяры) … 5-га ліпеня зноў адбыўся жудасны пажар у выніку якога знішчаны 21 жылы дом, 57 гаспадарчых будынкаў, 4 конезаводы. Агульная сума страт да 60 тыс руб.".

Асобна ў пераліку падобных надзвычайных здарэнняў стаіць паведамленне за 1859 г. аб "незвычайнай нябеснай з'яве" ў Мінску, якое можна смела аднесці да першых узгадак UFO на землях Беларусі. "20 сакавіка а 10 15 увечары ад усходне-паўднёвага да заходне-паўночнага боку неба праляцела рознакаляровая зорка, якая пакідала пасля сябе на нябесным купале чырвона-агністы шлях... накірунак з'яўлення нябеснага цела зверху ўніз ... цела гэтае павялічвалася паступова і прымала форму паралелаграма, роўную полове дыска месяца. Гэтая вогненая глыба ... кідала з сябе ручаі рознакаляровых маланак... 20-30 секунд быў чуваць выбух метыярыта..." [23].

Аналізуючы крыніцазнаўчы патэнцыял "віленскіх губернскіх ведамасцей" нельга абмінуць увагай "С праваздачы з выязных сесіях губернскіх судовых палат" . Нажаль, падобныя паведамленні ў газеце сустракаюцца вельмі рэдка, але яны маюць вельмі багатае інфармацыйнае напаўненне. У якасці ілюстрацыі спынімся на справе аб злоўжываннях мінскага паліцмайстара Закалінскага, што разглядалася віленскай судовай палатай 1 ліпеня 1886 г. у Мінску. Сутнасць абвіначванняў супраць дадзенага чыноўніка заключалася ў тым, што ён зайшоўшы ў снежні 1883 г. у рэстарацыю Сацукевіча на Захар'еўскай вул. папярэдзіў чыгуначных рабочых, якія гулялі там у карты з яўрэем Кругнерам, што яны "маюць справу з шулерам". Апошні палічыў сябе настолькі абражаным, што падаў на паліцмайстара скаргу міравому суддзе, а калі той пакінуў яе без наступстваў, дайшоў нават да Сената, які, у сваю чаргу, прыняў рашэнне перадаць суду Закалінскага. Далікатнасць гэтай справы заключалася ў тым, што Кругнер неаднаразова прыцягваўся да суда за шулерства, але кожны раз пазбягаў пакарання з-за недахопу доказаў яго віны. Працэс меў вялікі рэзананс у Мінску - судовая зала была перапоўненая. Пасля працяглых слуханняў паліцмайстар, урэшце, быў вызвалены ад усялякае адказнасці [24].

Звесткі аб эканамічным развіцці беларускіх гарадоў і мястэчак можна выявіць у самых розных рубрыках газеты. Напрыклад, газета штомесяц друкавала спіс зацверджаных цэнаў на асноўныя прадукты харчавання для гарадоў губерні. Таксама да гэтага тыпу інфармацыі можна аднесці штогадовыя роспісы аб даходах і расходах таго ці іншага гарадскога населенага пункта, якія змяшчаліся на старонках азначанага друкаванага органа [25]. З пэўнай перыядычнасцю ў газеце з'яўляліся заклікі да прыняцця ўдзелу ў сельскагаспадарчых выставах, што ладзіліся ў розных гарадах беларуска-літоўскіх губерняў. У некаторых выпадках газета таксама падавала спісы пераможцаў і прызёраў у розных намінацыях, што дае магчымасць прасачыць ступень развіцця той ці іншай галіны гаспадаркі ў розных рэгіёнах. Так, напрыклад, на выставе сельскагаспадарчых "твораў", што праводзілася ў Вільні з 22-га верасня па 2-га кастрычніка 1866 г. асобныя намінацыі выйгралі Р. Ясянеўскі з Віленскага ўезду за прадстаўленыя тры пароды свіней (залаты медаль), садоўнікі Краке і Велер з Вільна за новыя гатункі бульбы, яўрэй П. Бразжэцкі з м. Свіслач за вырабленыя скуры і г.д. [26] Да гэтага інфармацыйнага блоку належаць паведамленні аб пачатке параходства на р. Віліі (1856 г.) [27], арыгінальным спосабе барацьбы з кантрабандай у Магілёве [28], адкрыцці аддзяленняў розных банкаў і г.д.

Падводзячы вынікі, хацелася б зазначыць, што нягледзячы на прадстаўлены тут матэрыял, патэнцыял "Віленскіх губернскіх ведамасцей" у справе даследавання розных аспектаў жыцця беларускіх гарадоў і мястэчак другой паловы ХІХ ст. досыць невысокі. Справа ў тым, што большая частка інфарміцыі па гэтым прадмеце, якая змяшчалася на старонках гэтага друкаванага органа - гэта перадрукі з іншых мясцовых і цэнтральных газетаў і ў першую чаргу з "Віленскага весніка". Аўтэнтычныя матэрыялы, паведамленні карэспандэнтаў у падшыўках за некаторыя гады амальшто зусім не прадстаўлены ці рэпрэзэнтаваны нязначнай колькасцю. Найбольш выразна падобная тэндэнцыя прасочваецца ў 90-я гады ХІХ ст., паколькі прагляд соцен нумароў "ведамасцей" не выявіў якіх небудзь вартых увагі фактаў па абранай тэме даследавання. Частае выкарыстанне інфармацыйных паведамленняў са старонак "Віленскага весніка" і іншых мясцовых "губернскіх ведамасцей" сведчыць аб тым, што менавіта гэтыя выданні павінны стаць аб'ектам больш пільнай увагі айчынных гісторыкаў, якія займаюцца праблемай ўрбаністыкі другой паловы ХІХ ст.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Мальдзіс А. Виленсие губернские ведомости // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броукі, 1994. - Т. 2. - С. 289.
2. Виленские губернские ведомости. - 1856. - 21 студзеня. - С. 9.
3. Виленские губернские ведомости. - 1856. - 21 студзеня. - С. 9.
4. Виленские губернские ведомости. - 1859. - 13 чэрвеня. - С. 103.
5. Виленские губернские ведомости. - 1859. - 12 снежня. - С. 193.
6. Виленские губернские ведомости. - 1860. - 6 лютага. - С. 22-23.
7. Виленские губернские ведомости. - 1856. - 4 жніўня. - С. 149-151.
8. Виленские губернские ведомости. - 1856. - 21 мая. - С. 120-121.
9. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 13 чэрвеня. - С. 6.
10. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 7 мая. - С. 4.
11. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 6 верасня. - С. 5.
12. Виленские губернские ведомости. - 1873. - 28 лістапада. - С. 301.
13. Виленские губернские ведомости. - 1867. - 24 кастрычніка - С. 306; Виленские губернские ведомости. - 1867. - 28 кастрычніка. - С. 312.
14. Виленские губернские ведомости. - 1870. - 29 сакавіка. - С. 102.
15. Виленские губернские ведомости. - 1867. - 10 лютага. - С. 17.
16. Виленские губернские ведомости. - 1870. - 18 сакавіка. - С. 93-94.
17. Виленские губернские ведомости. - 1860. - № 8, 9, 10.
18. Виленские губернские ведомости. - 1883. - 6 ліпеня. - С. 4.
19. Виленские губернские ведомости. - 1873. - 11 жніўня. - С. 161.
20. Виленские губернские ведомости. - 1876. - 26 лютага. - С. 53.
21. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 13 жніўня. - С. 4.
22. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 2 красавіка. - С. 9; Виленские губернские ведомости. - 1886. - 5 красавіка. - С. 6.
23. Виленские губернские ведомости. - 1859. - 30 мая. - С. 96.
24. Виленские губернские ведомости. - 1886. - 5 жніўня. - С. 4.
25. Виленские губернские ведомости. - 1870. - 21 сакавіка. - С. 97-98.
26. Виленские губернские ведомости. - 1867. - 28 верасня. - С. 92.
27. Виленские губернские ведомости. - 1856. - 16 чэрвеня. - С. 120-121.
28. Виленские губернские ведомости. - 1883. - 8 студзеня. - С. 3.

Радзюк Аляксандр Рыгоравіч - кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Супрацоўнік кафедры грамадскіх дысцыплін ГДАУ

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX