Папярэдняя старонка: Радзюк Алесь

Гарадзенцы пад наглядам паліцыі ў першай палове ХІХ ст. 


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 17-07-2013,
Крыніца: Гарадзенскі палімсест 2012.

Спампаваць




У першай палове ХІХ ст. (дарэчы як і ў пазнейшыя часы) у прававой сістэме Расейскай імперыі досыць шырокае распаўсюджанне атрымаў інстытут персаніфікаванага паліцэйскага нагляду. Аб гэтым, між іншым, сведчаць шматлікія ведамасці паднаглядных асоб, якія досыць шырока прадстаўлены ў любым рэгіянальным ці цэнтральным архівах. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні аб тым, што ўяўляў інстытут паліцэйскага нагляду ў тыя часы? У якіх выпадках і ў адносінах да якіх катэгорый грамадзян ён стасаваўся? Хто з гарадзенцаў і за што быў падвергнуты гэтай меры адказнасці? Ці вылучаюцца нейкія асаблівасці і заканамернасці ўжывання паліцэйскага назору ў Горадні? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабуем адказаць у дадзеным артыкуле.

Энцыклапедыя "Бракгаўза і Эфрона" дае дуалістычнае вызначэнне паліцэйскага нагляду (назору). У адпаведнасці з гэтай крыніцай - гэта дадатковая карная мера, якая стасавалася ў адносінах да вінных у некаторых злачынствах, пераважна палітычных. Па-другое, гэта − адміністрацыйная мера ў дачыненні да асоб, неблаганадзейных у палітычных адносінах [1]. Гэты інстытут першапачаткова актыўна распрацоўваўся прававымі сістэмамі розных краін Заходняй Еўропы, адкуль ён і быў запазычаны. Калі на Захадзе дадзеная мера выкарыстоўвалася ў асноўным у дачыненні да асоб, якія ўжо адбылі нейкае пакаранне за здзяйсненне крымінальнага злачынства [2], то ў Расейскай імперыі дадзены від спагнання часткова набыў новае напаўненне. Аналіз спісаў асоб, што знаходзіліся пад кантролем з боку паліцэйскіх уладаў на тэрыторыі Гарадзеншчыны (як, дарэчы, Міншчыны і Віленшчыны) сведчыць, што ў большасці выпадках яны траплялі туды па нейкіх палітычных падставах.

Менавіта ў першай палове ХІХ ст., а калі больш дакладна ў часы Мікалая І, інстытут паліцэйскага нагляду набывае функцыю абароны існаваўшага палітычнага рэжыму ад розных сацыяльна-палітычных сілаў як унутры, так і па-за межамі імперыі. Гэтая мера з'яўлялася складанай часткай тых прынцыпаў бюракратызацыі, цэнтралізацыі і ваенізацыі, якія разглядаліся царызмам у той час у якасці эфектыўных сродкаў па барацьбе з іншадумствам, нацыянальна-вызваленчым рухам і ўмацаваннем самадзяржаўя [3]. Іншымі словамі, распаўсюджанне паліцэйскага нагляду павінна было, на думку кіруючых колаў, садзейнічаць забеспячэнню нацыянальнай бяспекі імперыі Раманавых.

Усебаковы аналіз разнастайных распараджэнняў і цыркуляраў па дадзеным прадмеце (некаторыя з якіх, дарэчы, супярэчаць адзін аднаму), сведчыць аб пэўнай эвалюцыі інстытута паліцэйскага нагляду ў першай палове ХІХ ст. і яго спецыфіцы ў нашым рэгіёне. Пачаць з таго, што згодна з указам ад 29 чэрвеня 1822 г. Аляксандр І перадаў пад вярхоўнае кіраванне вялікага князя Канстанціна Паўлавіча 5 заходніх губерняў (у тым ліку Гродзенскую, Віленскую і Мінскую) [4]. У сувязі з гэтым у 20-я гады ХІХ ст. менавіта цэсарэвіча (рэзідэнцыя якога месцілася ў Варшаве) быў той інстанцыяй, ад імя якой дадзены від спагнання прызначаўся тым ці іншым асобам. Таксама неабходна падкрэсліць тую ролю, якую адыгрываў у гэтай справе ў той час куратар віленскай навучальнай акругі сенатар М. Навасільцаў. Асабістая думка апошняга з'яўлялася абавязковым элементам у справе вызвалення з-пад нагляду асобаў, якія праходзілі па справах аб тайных таварыствах. А менавіта яны складалі значны адсотак тых, каго пільнавала паліцыя.

Акрамя імператарскай высокасці Канстанціна Паўлавіча, правам аддаваць асоб пад паліцэйскае пільнаванне валодаў імператар (як непасрэдна асабістым рашэннем, так і праз зацвярджэнне канфірмацыі той ці іншай следчай камісіі), галоўнакамандуючы дзеючай і рэзервовай арміяй, генерал-губернатар, Сенат і некаторыя іншыя вышэйшыя асобы і органы імперыі. Дыскусійным застаецца пытанне аб паўнамоцтвах па гэтым прадмеце мясцовых губернатараў. З аднаго боку, у спісах асоб, што знаходзіліся пад назорам, досыць часта можна сустрэць фармулёўку "па прадпісанні начальніка губерні". Але разам з тым, гэты факт не з'яўляецца сведчаннем таго, што яны трапілі ў лік паднаглядных з яго ўласнае ініцыятывы. У большасці падобных выпадках губернатар па-просту выступаў пасрэднікам паміж ніжэйшымі паліцэйскімі інстанцыямі і воляй вышэйшага начальства. З іншага боку, ёсць цікавы прыклад таго як гарадзенскі губернатар М. Мураўёў выступіў ініцыятарам заснавання тайнага нагляду паліцыі над стацкім саветнікам і буйным латыфундыстам Войцехам Пуслоўскім. Рэзананс аб гэтым рашэнні дайшоў нават да імператара. Ніякія апраўданні М. Мураўёва не былі ўзятыя пад увагу, і, ён з адабрэння шэфа жандараў А. Бекендорфа, за сваю небачлівасць атрымаў вымову ад віленскага генерал-губернатара [5].

Таксама пад нагляд паліцыі ў той час можна было патрапіць па распараджэнні судовых органаў. Ва "Ўлажэнні аб пакараннях крымінальных і выпраўленчых" 1845 г. гэтая мера была замацавана ў якасці дадатковай за здзяйсненне шэрагу злачынстваў крымінальнага характару. Асаблівасцю Горадні ў параўнанні нават з іншымі гарадамі і ўездамі губерні, быў вельмі малы адсотак асоб, якія трапілі пад паліцэйскі кантроль падобным чынам. У тым жа Бельскім, альбо Беластоцкім уездах дадзеная катэгорыя паднаглядных выразна прывалявала. Згодна з пастановай органа, які разглядаў тую ці іншую справу, назор у падобных выпадках вызначаўся на пэўны тэрмін (звычайна да пяці год). У тым жа выпадку, калі азначаная мера прызначалася непасрэдным распараджэннем начальства, яна не мела нейкіх часавых рамак.

Неглядзечы на тое, што дадзены інстытут прадугледжваў персаніфікаваны назор за той ці іншай асобай з боку паліцэйскіх органаў, патрапіць пад яго дзеянне можна было і за прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай, прафесійнай, рэлігійнай ці нацыянальнай супольнасці людзей. Справа ў тым, што ва ўмовах паступовага ўзмацнення той агульнай сістэмы ўсебаковага дзяржаўнага кантролю за жыццём грамадзян, улады раз пораз (у залежнасці ад кан'ектуры цякучага палітычнага моманту) выдавалі ўказы аб пашырэнні дадзенай паліцэйскай меры на цэлыя групы людзей, якія выклікалі ў іх асаблівае падазрэнне. Так было, напрыклад, на прыканцы 1830 г., калі ў сувязі з пачаткам паўстання ў суседнім Каралеўстве Польскім галоўнакамандуючы дзеючай арміяй Дзібіч-Забалканскі прасіў гарадзенскага губернатара ў прывентыўных мэтах узяць пад паліцэйскае пільнаванне ўсіх студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якія выехалі дахаты на калядныя вакацыі [6]. Дарэчы, пазней падобным чынам паступаў кіеўскі генерал-губернатар Дз. Бібікаў, суправаджаючы кожнае свае паведамленне аб дазволе тамув ці іншаму студэнту ці вучню кіеўскай навучальнай акругі на вакацыі просьбай сачыць за яго паводзінамі і ладам жыцця падчас адпачынку. [7] (Цікава, што ў дачыненні да студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта такой перасцярогі не было).

У розныя часы азначаная мера на нашых землях стасавалася ў адносінах да афіцэраў (нягледзячы на іх званне), што звальняліся з вайсковай службы [8], а таксама вайскоўцаў у адпуску [9], замежнікаў [10], раскольнікаў, усіх тых, хто вяртаўся з ссылкі згодна з царскім маніфестам 1856 г. Цікава, але на асоб, якія ў адпаведнасці з гэтай жа царскай ласкай атрымалі дазвол прыехаць на радзіму з эміграцыі, падобны інстытут катролю не распаўсюджваўся. І тут даходзіла да парадаксальных рэчаў. Напрыклад, Напалеон Орда пасля вяртання з Францыі не быў падвергнуты нейкім абмежаванням, а яго маці да свайго скону знаходзілася ў полі зроку паліцыі за выкрытую яшчэ ў 30-я гады "перапіску са злачынным сынам сваім", гэта значыць Напалеонам.

Але найбольш маштабна паліцэйскі нагляд на нашых землях быў выкарыстаны супраць медыкаў і ветэрынараў. Так, у сувязі з раскрыццём і следствам над сябрамі тайнай арганізацыі "Дэмакратычнае таварыства" ў сценах Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, усе выпускнікі гэтай навучальнай установы (з 1835 па 1840 г. уключна), згодна з рашэннем адмысловай камісіі Кавеліна і па канфірмацыі імператара былі аддадзены пад тайны паліцэйскі назор [11]. Агульная лічба былых студэнтаў за гэты часавы прамежак складала некалькі соцен чалавек.

Для асоб, якія траплялі пад дзеянне азначанай меры гэта ў першую чаргу азначала абмежаванні ў свабодзе перамяшчэння. У розныя часы тут дзейнічалі трохі розныя правілы, але сутнасці самога інстытута гэта не мяняе. Так, у 20-я гады ХІХ ст. ні губернатар, ні нейкія іншыя чыны царскай адміністрацыі не мелі права выдаваць пашпарты на праезд нават у суседні ўезд асобам, што пільнаваліся паліцыяй. Прэрагатыва ў гэтым пытанні належыла выключна цэсарэвічу Канстанціну Паўлавічу, які ў сваіх рашэннях адносна той ці іншай асобы цалкам палагаўся на меркаванне М. Навасільцава [12]. Разам з тым, дзеля таго, каб выехаць у адну з дзвюх сталіц імперыі, падобная асоба ў той час павінна была мець дазвол самога імператара [13].

У 30-40-я гады бюракратычны ланцужок працэдуры выдачы пашпартоў паднагляднай катэгорыі грамадзян зведаў некаторыя змены. У 1844 г. ён выглядаў ужо наступным чынам: для паездкі ў іншы ўезд губерні кожны раз трэба было пытаць на дазвол губернатара, а для вандроўкі ў іншую губерню звяртацца ў Вільню да генерал-губернатара. Пры гэтым усе асобы дадзенай катэгорыі павінны былі пісьмовымі падпіскамі запэўніць, што без адпаведнага дазволу ўладаў яны не будуць пакідаць месца свайго сталага жыхарства [14]. За парушэнне азначаных абавязацельстваў, такі чалавек мог быць прыцягнуты (але не заўсёды) да крымінальнай адказнасці ў выглядзе кароткатэрміновага турэмнага заняволення [15].

Асобна ў гэтым пераліку распараджэнняў стаяць імператарскія ўказы па гэтым прадмеце, што датуюцца 1849 г. Як вынікае са зместу адпаведнай справы, у ліпені месяцы гэтага года Мікалай І сваім павяленнем забараніў асобам, што пільнаваліся паліцыяй пераязджаць з адной губерні ў іншую ў межах усёй імперыі. Што праўда, ужо ў кастрычніку ён адступіўся ад свайго рашэння, дазволіўшы ўсім тым, "хто знаходзяцца ў імперыі пад назорам паліцыі карыстацца дараванымі правамі вольнага праезду з адной губерні ў іншую па ранейшых правілах". Адзінае выключэнне з гэтагай ласкі складалі жыхары нашага краю: " акрамя тых толькі, якія знаходзяцца на жыхарстве ў Заходніх губернях" [16] ( падкрэслена ў тэксце). Калі было спынена дзеянне гэтага дыскрымінацыйнага палажэння на нашых землях выявіць не ўдалося.

Аналіз прававой практыкі ўжывання дадзенай меры пакарання, выяўляе пэўныя супярэчнасці ў пытанні дазволу паднаглядным прымаць удзел у дваранскіх выбарах, а таксама рэалізацыі сваіх правоў на службу ў розных органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання. З аднага боку, тая ж самая энцыклапедыя "Бракгаўза і Эфрона" характарызуючы гэты інстытут, сцвярджае, што адной з яго праяў з'яўляюцца разнастайныя абмежаванні, у тым ліку і недапушчэнне да дзяржаўнай альбо грамадскай службы, забарона ўдзельнічаць у розных таварыствах і г.д. [17] І сапраўды, у справах за розныя гады гэтаму сцвярджэнню можна знайсці не адно пацверджанне. Так, згодна з распараджэннем вялікага князя Канстанціна ад 11 сакавіка 1828 г. усе выкрытыя ўдзельнікі тайных таварыстваў, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі, павінны былі быць адхілены ад сваіх пасадаў [18]. У розных дакументах за той перыяд можна знайсці шмат прашэнняў з просьбамі аб вызваленні ад азначанай меры у сувязі з жаданнем паднаглядных паступіць на службу, альбо скаргі на тое, што нехта ўжо пасля абрання на нейкую пасаду не быў на ёй зацверджаны начальствам. Таксама ў прысудах па справах эмісараў 1833 г. можна сустрэць фармулёўкі аб аддачы той ці іншай асобы "пад паліцэйскі назор, з тым каб, не была дапушчана да дзяржаўнай службы аж да здання мясцовага начальства" [19]. У 1848 г. у Гродзенскай губ. у спісе тых, каму забаранялся паступаць як на дзяржаўную так і на службу па выбарах дваранства па палітычных прычынах, фігуравала 56 чалавек. Усе яны знаходзіліся пад паліцэйскім пільнаваннем [20].

Акрамя таго, усім падобным людзям забаранялася прымаць удзел у дваранскіх выбарах, што наносіла балючы ўдар па гонару некаторых з іх. З іншага боку, вывучэнне шматлікіх спісаў паднаглядных, а таксама іх фармуляраў па службе сведчыць аб тым, што пераважная іх большасць працягвалі сваю чыноўніцкую кар'еру, а іх падназорны стан не перашкаджаў іх прасоўванню па службовай лесвіцы, атрыманню чарговых чыноў і ўзнагарод. Як бачым, пэўныя неадпаведнасці тут існуюць і, таму, гэтая праблема патрабуе далейшага, больш глыбокага вывучэння.

Таксама варта зазначыць, што ў тыя часы існавалі два віды паліцэйскага нагляду: сакрэтны (секретное, неофициальное наблюдение) і ўласна паліцэйскі нагляд (официальный надзор). Несумненна, найбольш пашыраным з'яўляўся апошні. Нягледзячы на тое, што ўзгадкі аб сакрэтным пільнаванні сустракаюцца ўжо ў 20-я гады, фактычна, да пачатку 40-х гадоў ХІХ ст. органы адказныя за яго ажыццяўленне, а таксама і вышэйшыя ўлады, якія давалі распараджэнні па гэтым пытанні, досыць часта іх блыталі, не робячы паміж імі ніякай розніцы. Толькі генерал-губернатар Ф. Мірковіч паспрабаваў унесці нейкае паразуменне па гэтым прадмеце (хоць і сам не вылучаўся тут паслядоўнасцю). Адразу пасля занняцця гэтай пасады, ён заўважым губернатарам падуладнай яму тэрыторыі, што ў спісах, якія накіроўваліся на яго імя, памылкова разам падаюцца прозвішчы тых, хто знаходзіўся як пад афіцыйным так і сакрэтным назорам. Закранутая ім праблема, пэўна выклікала шмат непаразуменняў і пытанняў, таму што ў далейшым яму неаднаразова даводзілася тлумачыць у чым крыецца розніцца паміж імі.

Такім чынам, як вынікае з прадпісанняў Ф. Мірковіча сутнасць неафіцыйнага назора заключалася ў тым, каб паліцэйскія і "давераныя тайныя агенты" сачылі за паднагляднымі так, каб тыя "ніякім чынам не маглі даведацца аб прынятай супраць іх па воле Ўрада меры перасцярогі". Дзеля захавання поўнай канспіратыўнасці генерал-губернатар нават раіў усю перапіску аб падобных асобах рабіць уласнаруч паліцмайстарам, а не перапаручаць яе пісцам ці яшчэ каму [21].

Разам з тым, нягледзячы на праведзеную вышэйшым начальствам тлумачальную работу, мясцовыя чыноўнікі і надалей працягвалі даволі часта блытаць азначаныя віды нагляду. У якасці прыкладу тут можна прывесці выпадак, калі ў 1844 г. гарадзенскія ўлады абавязалі ўсіх тых, хто знаходзіўся пад сакрэтным пільнаваннем падпіскамі, якія забаранялі ім выезд без дазволу паліцыі [22] (гл. Дадатак №1). У сувязі з падобнымі непаразуменнямі, даследчыкам даволі скадана выявіць пад якім відам нагляду ўсё ж такі знаходзілася тая ці іншая асоба. Напрыклад, выпускнікі Віленскай медыка-хірургічнай Акадэміі звычайна ўносіліся ў агульную ведамасць паднаглядных, хаця імператарскім прадпісаннем было загадана мець за імі сакрэтны назор. Таксама былі выпадкі, калі ўлады даючы згоду на вызваленне з-пад афіцыйнага, загадвалі на ўсялякі выпадак, працягваць трымаць у полі зроку паліцыі тую ці іншую асобу, але ўжо сакрэтным (неафіцыйным) чынам [23].

Пры ажыццяўленні абодвух відаў паліцэйскага нагляду яго выкананне ўскладвалася на тыя ж самыя органы ўлады. У гарадах гэта былі паліцмайстары ці гараднічыя, у сельскай мясцовасці земскія спраўнікі. У сваю чаргу, тыя частку сваіх абавязкаў перакладалі на сваіх падначаленых - квартальных і станавых. Менавіта ад імя гэтых асоб вышэйшыя органы ўлады атрымлівалі інфармацыю аб паводзінах і перамяшчэннях паднаглядных. Ад меркавання гэтых чыноўнікаў, шмат што залежыла. Напрыклад, калі такой асобе неабходна было атрымаць пашпарт на выезд у іншую губерню ці Царства Польскае, першай інстанцыяй, куды ён звяртаўся быў земскі спраўнік ці паліцмайстар (у невялікіх гарадах - гараднічы). Апошні, у сваю чаргу, даносіў аб просьбе губернатару, пры гэтым абавязкова дадаючы да азначанага прашэння свае асабістае меркаванне, якое тычылася паводзінаў і благанадзейнасці паднагляднага. І, нарэшце, канчатковай інстанцыяй у вырашэнні гэтага пытання з'яўляўся генерал-губернатар, які грунтуючыся на пададзеных звестках, а таксама спраджваючы ацэнкі паводзінаў гэтай асобы па апошніх ведамасцях, даваў сваю згоду (ці нязгоду) на выдачу пашпарта [24]. Залежны стан паднаглядных ад паліцэйскіх органаў выяўляўся і ў тым, што іх ацэнка звычайна з'яўлялася вырашальнай у справе канчатковага вызвалення той ці іншай асобы ад нагляду.

Заканамерна паўстае пытанне аб якасці нагляду з боку паліцыі ў рэальным, штодзённым жыцці. У большасці выпадкаў яна (гэтая якасць) залежыла ад канкрэтнага чалавека, на якога быў ускладзены гэты абавязак. Больш шчыльнае знаёмства з прадметам даследавання, дае падставу сцвярджаць, што ў цэлым паліцэйскія органы падыходзілі да гэтых абавязкаў досыць фармальна. Можна прывесці шмат прыкладаў таго, як іх падапечныя без іх ведама пакідалі месцы свайго сталага жыхарства і наведвалі сумежныя і больш далёкія тэрытарыяльныя адзінкі. Аб якасці ў іншым кампаненце, а менавіта назоры за паводзінамі і дзеяннямі паднаглядных яскрава сведчыць прыклад Караля Нямцэвіча. Западозраны ўладамі ў 1830 г. у падрыхтоўцы паўстання на Брэшчыне, ён быў перамешчаны ў Горадню пад паліцэйскі нагляд. Тут ён фактычна ўзначаліў тайны паўстанскі камітэт, які неаднаразова ладзіў патаемныя сходкі і падтрымліваў сувязь з іншымі рэгіёнамі. А ў красавіку 1831 г. Караль без усялякіх перашкод здзяйсняе ўцёкі з губернскага цэнтра і становіцца на чале паўстанцаў у Белавежскай пушчы. Дарэчы тут будуць некалькі іншых прыкладаў. Так, Пётр Цэхановіч даваў прытулак на сваёй кватэры эмісару М. Шыманскаму. Удзельнік паўстання 1831 г. Феафіл Петрашэўскі апынуўся ў Горадні пад папярэднім следствам. Падчас яго ён быў пакінуты на воле, абмежаваны толькі паліцэйскай мераю. Аднак, калі ўлады вырашылі перадаць яго справу ў ваенна-палявы суд, ён здзейсніў уцёкі з горада за мяжу. Таксама звяртае на сябе ўвагу той факт, што перад паўстаннем 1863 г. пад наглядам гарадзенскай паліцыі не было ніводнага сябра мясцовай рэвалюцыйнай арганізацыі [25].

На шмат у чым фармальны характар ажыццяўлення паліцэйскага нагляду ўказваюць і іншыя факты. Так, напрыклад, прагляд адпаведных ведамасцей сведчыць, што даволі часта там фігуруюць "мёртвыя душы" - г. зн. асобы, якія даўно выбылі ці яшчэ нават не прыбылі ў зону адказнасці таго ці іншага паліцэйскага чыноўніка. Усё той жа Караль Нямцэвіч працягваў значыцца ў спісах брэсцкай земскай паліцыі аж да 1839 г., хаця сам даўно знаходзіўся ў Францыі. Сярод гарадзенскіх паднаглядных у гэтым плане паказальным з'яўляецца прыклад Восіпа Пукінскага, які два гады ўносіўся ў адпаведныя спісы, але ўсе высілкі мясцовай паліцыі па росшуку гэтай асобы як у горадзе, так нават і ў губерні плёну не мелі [26]. Тут мусім пагадзіцца з гродзенскім губернатарам М. Мураўёвым, які ў 1833 г. праводзячы мерапрыемствы па ўзмацненню паліцэйскага рэжыму ў губерні адзначаў, што гэтыя органы "слаба назіраюць за асобамі аддадзенымі пад нагляд Паліцыі і толькі галасноўна, наўздагад адзначаюць у ведамасцях аб благанадзейнасці іх паводзінаў, ніколькі не звяртаючы ўвагі на іх паводзіны і зносіны з іншымі жыхарамі; у хатах дапушчаюць розныя сходкі і супрацьзаконныя размовы…". [27]

Такім чынам, падводзячы вынікі аналізу інстытута паліцэйскага нагляду, можна адзначыць, што гэтая мера ладзілася за паводзінамі асобных катэгорый асоб, пераважна "палітычнымі". Як адзначае сучасны расейскі даследчык гэтага пытання А. Бекетаў "з'яўляючыся па сваіх мэтах прэвентыўнай, па метадах - прымусовай, а па зместу, пераважна, адміністратыўна-палітычнай паліцэйскай мерай (нагляд), безумоўна, меў рэпрэсіўны характар" [28].

Асноўнай крыніцай для напісання дадзенага даследавання сталі спісы асоб, якія знаходзіліся пад наглядам паліцыі ў Горадні ў першай палове ХІХ ст. Падобныя ведамасці складаліся па кожнай губерні Расейскай імперыі і пасля накіроўваліся ў вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. На працягу ўсяго вызначанага перыяду ў гарадзенскіх спісаў былі тры адрасаты: імператар, Трэцяе аддзяленне Ўласнай Яго Імператарскай Высокасці канцылярыі, якое ў 1826-1844 г. узначальваў А. Бенкендорф і, нарэшце, віленскі генерал-губернатар.

Першыя выяўленыя намі спісы асоб, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губ. датуюцца 1826 г. Але гэтая дата не можа лічыцца ніжэйшай храналагічнай планкай існавання дадзенага паліцэйскага інстытута на нашых землях. Справа ў тым, што некаторыя асобы, унесеныя ў тую ведамасць ужо даволі працяглы час знаходзіліся пад пільнаваннем паліцыі. 1826 г. - гэта час, калі збор і падача звестак па гэтым пытанні набывае арганізаваны і цэнтралізаваны характар. Хутчэй за ўсё пераход да падобнага фармату быў звязаны з заснаваннем у тым жа 1826 г. Трэцяга аддзялення. Тым больш, што адной з непасрэдных задач яго дзейнасці з'яўляліся падрабязныя зветкі аб асобах, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі.

Перыядычнасць падачы спісаў у вызначаны перыяд вар'іравалася. На працягу большага адрэзку часу (з 1826 па 1839 г.) яны складаліся тры разы на год: за студзеньскую, травеньскую і вераснёўскую трэць. Пачынаючы з 1839 г., па загаду імператара, губернатары прадстаўлялі азначаныя ведамасці ўжо два разы на год [29], а з 1852 г. яны набываюць гадавы характар. Як адзначалася вышэй, спісы асоб, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі ў губерні складаліся на падставе рапартаў земскіх спраўнікаў і паліцмайстараў. У канцыялярыі губернатара яны апрацоўваліся і карэктаваліся, у выніку чаго канчатковыя агульныя спісы часцяком даволі значна адрозніваліся ад тых, што паступалі ад ніжэйшых органаў.

Што тычыцца той інфармацыі, якая змяшчалася адносна кожнай асобы ў ведамасцях, то яна, фактычна, заставалася нязменнай на працягу ўсяго гэтага часу. Асноўныя звесткі аб паднаглядных змяшчаліся ў выглядзе табліцы, якая складалася з 5-6 слупкоў: "Імя, прозвішча, чын (званне)", "колькі гадоў", "па чыім загадзе, за што і з якога часу знаходзіцца пад наглядам", "дзе жыве, чым займаецца, ці мае ад казны ўтрыманне", "ці мае сям'ю і дзе яна знаходзіцца, "што па нагляду выкрыта?". Найбольшую цікаўнасць тут, як нам падаецца, уяўляе апошняя графа, у якой можна сустрэць адметную інфармацыю адносна той ці іншай паднагляднай асобы. На жаль, паліцэйскія чыноўнікі не часта рабілі адзнакі ў гэтым слупку. Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне 50-х гадоў колькасць граф у табліцы павялічылася да 10, інфармацыйнае напаўненне засталося па-сутнасці ранейшым.

Звяртае на сябе ўвагу розная якасць гэтых ведамасцей у залежнасці ад іх часавай прыналежнасці. Найбольшай ахайнасцю і, адпаведна, інфармацыйнай насычаннасцю вызначаюцца дакументы 20-х - сяр. 30-х гадоў ХІХ ст. А ўжо ў 50-я гады іх запаўненне набывае ў сваёй большасці фармальны, нядбайны характар. У 1855-1856 г. спісы паднаглядных канчаткова губляюць сваю ранейшую структуру. Дадзеныя без усялякіх дапаўненняў ці карэкціровак па-просту перапісваліся з года ў год, некаторыя звесткі зусім не ўносіліся ў дакументы. Усё гэта несумненна зніжае іх каштоўнасць як крыніцы па жыцці гарадзенцаў таго перыяду. За некаторыя адрэзкі часу ведамасці адсутнічаюць зусім.

Пры падрыхтоўцы дадзенага артыкула намі былі выяўлены і апрацаваны больш за 60(!) спісаў гарадзенцаў, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі ў 1826-1859 г. На жаль, адсутнічаюць (не выяўлены) дакументы, якія тычыцца студзеньскай і травеньскай трэці 1839 г. і 1858 г. Але разам з тым, дадзеныя за іншыя гады даюць магчымасць кампенсаваць гэтыя прабелы.

Статыстычная апрацоўка дадзеных усіх спісаў паднаглядных выявіла, што ў 1826-1859 г. падобнай меры ў Горадні былі падвергнуты 84 чалавекі. Найбольш "прадукцыйнымі" ў гэтым плане былі 20-30-я гады ХІХ ст., калі праз паліцэйскі назор прайшло 49 гарадзенцаў. Яно і не дзіўна - гэта быў досыць неспакойны ў палітычным плане час: тайныя таварыствы, паўстанне, эмісары - усё гэта не магло не адбіцца на колькасці паднаглядных. У 40-я гады ў гэтых ведамасцях "адзначылася" яшчэ 20 чалавек, а ў 50-я гады - толькі 15. Апошняй лічбе таксама ёсць сваё тлумачэнне. Справа ў тым, што згодна з каранацыйным маніфестам Аляксандра ІІ у 1856 г. амальшто ўсе, хто быў падвергнуты гэтай меры былі вызваленыя. У далейшым пад яе дзеянне траплялі пераважна ссыльныя, што згодна з гэтым жа маніфестам вярталіся на радзіму і розныя асобы па прысудах судовых устаноў.

Найбольшая колькасць асоб, што былі адначасова ахоплены гэтай паліцэйскай мерай у Горадні зафіксавна ў 1855 г. і першай трэці 1833 г. - 18 і 17 чалавек адпаведна. "Рэкардсменамі" па працягласці знаходжання пад наглядам з'яўляюцца адстаўны падпалкоўнік польскіх войскаў Ігнат Сухадольскі, які з невялікімі перапынкамі быў падвергнуты гэтай меры на працягу 17 гадоў і доктар Павал Забела - 15 гадоў. У прафесійным плане выразна пераважаюць канцылярскія служачыя. Медыкі складаюць 14%, навучэнцы і студэнты 18%, вайскоўцы каля 16%.

На жаль, нядбайнасць гарадзенскіх паліцмайстараў у складанні спісаў не дае магчымасці дакладна вызначыць сацыяльны склад азначаных асоб. Але нават зыходзячы з наяўных дадзеных можна з пэўнасцю сцвярджаць, што пераважная іх большасць належыла да шляхецкага (дваранскага) саслоўя. Таксама звяртае на сябе ўвагу і той факт, што непасрэдна гарадзенскія мяшчане складалі невялікі адсотак ад іх агульнай колькасці. У асноўным гэта былі жыхары правінцыі, якія трапілі ў горад, альбо былі тут затрыманы па нейкіх абставінах, часта незалежных ад іх. Нават чыноўнікі, якія па шмат гадоў знаходзіліся тут на службе не спяшаліся запісвацца ў лік гарадзенскіх мяшчан (што азначала паніжэнне іх сацыяльнага статуса), а працягвалі пазіцыяніраваць сябе як дваране нейкага ўезду.

Таксама даволі складана вылічыць дакладны адсотак у адпаведнасці з тымі супрацьпраўнымі дзеяннямі ці парушэннямі, за якія яны трапілі пад кантроль органаў правапарадку. Справа ў тым, што ў прававой сістэме Расейскай імперыі не існавала іх падзелу на крымінальныя і палітычныя. Злачынствы супраць асобы імператара ці існуючага парадку кваліфікаваліся тагачаснымі юрыдычнымі нормамі як грамадска небяспечнае дзеянне крымінальнага характару. Акрамя таго, у многіх выпадках, падчас аналізу тагачасных спісаў паднаглядных асоб нават сёння даволі цяжка вызначыць крытэрыі таго, што можа лічыцца палітычным злачынствам. Гэта задача ўскладняецца яшчэ і тым, што ў адпаведных спісах не заўсёды ўказана прычына, па якой тая ці іншая асоба трапіла ў поле зроку паліцыі.

Пачаць аналіз спісаў паднаглядных можна з таго, што некаторыя з іх даюць уяўленне аб матэрыяльным становішчы паднаглядных. У многіх яно было досыць цяжкім, асабліва ў тых, хто апынуўся ў Горадні не па сваёй воле ці знаходзіўся тут пад следствам ці да выяснення нейкіх абставінаў. Некаторыя з гэтай катэгорыі грамадзян былі пазбаўлены магчымасці займацца службай. Што праўда, частка паднаглядных мела права на атрыманне грашовай дапамогі ад казны. Але ў Горадні падобная з'ява назіралася толькі ў канцы 20-х - самым пачатку 30-х гадоў ХІХ ст. Сярод тых, хто меў фінансавую падтрымку з гарадскога бюджэту пераважалі вайскоўцы: адстаўны капітан Янкоўскі Ігнат, адстаўны ратмістр Дабравольскі Цімафей, адстаўны падпаручнік Якштэйн Іван, адстаўны сяржант Ляшчынскі Іван. Выключэннем тут быў былы студэнт Віленскага ўніверсітэта Беран(д)с Іван. Сума кармавых для большасці з іх складала 25 кап. меддзю на суткі, плюс некалькі рублёў на арэнду жылля.

Пры гэтым улады ішлі на розныя хітрыкі, каб скараціць выдаткі з мясцовага бюджэту па гэтым артыкуле. Напрыклад, адстаўны ратмістр Літоўскага ўланскага палка Ц. Дабравольскі, які знаходзіўся пад пільнаваннем гарадзенскай паліцыі з 1826 г. першапачаткова трымаўся казённым коштам. Але гарадская адміністрацыя, мусіць палічыла гэта досыць накладнай справай і прапанавала яму працаўладкавацца. Звескі аб гэтай асобе за 1828 г. сведчаць, што ён працаваў даглядчыкам пераправы праз Нёман, за што горад плаціў яму 5 руб. срэбрам у месяц. Але не доўга ўлады цешыліся. Пэўна, супаставіўшы свае ранейшыя і цяперашнія даходы, Ц. Дабравольскі ў хуткім часе вярнуўся да ранейшай практыкі [30].

Аб тым, што ўтрыманскіх грошай не заўсёды хапала на жыццё сведчыць прыклад І. Бердн(д)са, які знаходзіўся ў Горадні ў сувязі з яго датычнасцю да справы аб тайных таварыствах і займаўся тут "працаю па сваіх здольнасцях у навуках". Нягледзячы на тое, што ў 1829 г. ён дабіўся таго, каб яму аказвалася грашовая дапамога, у гэты ж год па ўласным жаданні прадпрымае спробу паступіць на вайсковую службу. Што праўда, яна аказалася няўдалай у выніку чаго Іван апынуўся ў Беластоку [31].

Акрамя вышэй прыведзенай катэгорыі, існавала яшчэ адна група паднаглядных, на харчаванне якой таксама выдзяляліся казённыя сродкі. Але ў дачыненні да іх утрыманне адбывалася па арыштанскім палажэнні. Гэта было звязана з тым, што ў адносінах да пэўных асоб царызмам адначасова выкарыстоўваліся дзве прывентыўныя меры - паліцэйскі нагляд і заняволенне. Вось чаму насупраць прозвішчаў некаторых гарадзенцаў можна сустрэць запісы, што яны пэўны час знаходзіліся пад арыштам у астрозе, арданас-гаўзе (калі такая асоба аддавалася пад ваенна-палявы суд) ці пры гарадской паліцыі ( Забароўскі Караль, Цэхановіч Пётр , Жамойцель Франц, Рачынскі Іван, Шымкоўскі Лейзер, Сырыйскі Іцка і інш.). Больш дэталёвае азнаямленне са справамі гэтай катэгорыі паднаглядных сведчыць, што некаторыя з іх вызваляліся з-за кратаў пры ўмове парукі за іх каго-небудзь з гарадзенскіх мяшчан. І тут можна сустрэць досыць цікавыя выпадкі, якія адметна характарызуюць суіснаванне розных нацыянальных супольнасцяў у Горадні у той час. Гэта выяўлялася ў тым, што гарантамі некаторых падобных асоб хрысціянскага веравызнання выступалі мясцовыя жыды [32].

Па-рознаму гарадзенцы, што трапілі тут пад нагляд паліцыі шукалі выйсце са складаных жыццёвых абставінаў. Некаторыя з іх ускладалі надзею выключна на свае ўласныя сілы: самастойна знаходзілі працу, засвойвалі новую прафесію. Паказальным у дадзеным выпадку з'яўляецца прыклад Ігната Качальскага, які праходзіў па справе аб тайных таварыствах, што дзейнічалі ў Вільні. Адзнакі паліцмастара насупраць яго прозвішча за розны час, сведчаць, што першапачаткова ў 1826-1827 г. ён у Горадні знаходзіўся ў навучанні ў адваката Караля Эйсманта, а ў далейшым ужо самастойна займаўся падобнай дзейнасцю. Іншыя рабілі стаўку на атрыманне пэўнай дапамогі ад ўладаў і бясконца бамбардавалі іх просьбамі аб прызначэнні іх на нейкую пасаду ці аказанні матэрыяльнай дапамогі. Яскравы прыклад апошняй мадэлі паводзінаў дэманструе іншы студэнт Віленскага ўніверсітэта П. Цэхановіч. Ён апынуўся пад следствам у Горадні ў 1829 г. у сувязі з разбіральніцтвам па справе І. Анацэвіча. Пасля вызвалення з-за кратаў апынуўся ў складаных жыццёвых абставінах, што знайшло сваё адлюстраванне ў прашэнні да мясцовых уладаў, у якім падкрэслівалася, што "працаю рук жонкі сваёй маю на хлеб". Патрабаваў для сябе, спасылаючыся на адпаведную пастанову Камітэта Міністраў, грашовага ўтрымання ў памеры 50 кап. на суткі, якое палагалася студэнтам, што знаходзяцца пад судом. Калі, намаганні атрымаць матэрыяльную дапамогу аказаліся марнымі, прасіўся прызначыць яго на нейкую пасаду [33]. Справа П. Цэхановіча скончылася тым, што ён быў зноў арыштаваны (на гэты раз за сувязь з эмісарамі) і высланы ў глыб Расіі. Там ён, дарэчы, пазнаёміўся з Аляксандрам Герцэнам, які з цяплынёй пасля ўзгадваў аб ім у сваім творы "Былое и думы" [34].

У рэдкіх выпадках паднаглядны мог спадзявацца на дапамогу дабрачынных арганізацый. З 84 асоб, што ў розныя гады знаходзіліся пад паліцэйскім пільнаваннем у Горадні, здаецца, толькі адна скарысталася з такой магчымасці. Гэта быў Ляшчынскі Іван, які апынуўся пад наглядам за напісанне шматлікіх даносаў і прашэнняў. На час прыняцця яго пад апеку гарадзенскім Дабрачынным таварыствам у 1827 г. ён меў больш за 70 год і з'яўляўся калекам (ссохліся абедзве нагі). Таму ён і быў памешчаны ў адмыслова пабудаваны дзеля гэтага дом. Асоба І. Ляшчынскага ўнікальна яшчэ і тым, што ён уяўляе сабой рэдкі прыклад таго, калі дзяржаўнага служачага ў Горадні звальнялі з пасады без атэстата з фармулёўкай "за ляноту да службы" (1802 г.) [35]. Можна толькі здагадвацца аб ступені стараннасці да сваіх абавязкаў з боку гэтага гора-чыноўніка.

Яшчэ адзін аспект штодзённасці гарадзенцаў, які адлюстраваны ў спісах паднаглядных асоб таксама закранае фінансавую тэму. Гэта выяшляецца ў тым, што вышэй узгаданыя ведамасці ў некаторых выпадках даюць звесткі аб заработнай плаце жыхароў Горадні. Гэтая інфармацыя адносіцца пераважна да канца 40-х-50-х гадоў ХІХ ст. і тычыцца выключна канцылярскіх служачых. Напрыклад, гадавое жалаванне калежскага рэгістратара мясцовай грамадзянскай палаты ў гэты час складала толькі 78 руб., у той час як аналагічны чын у палаце Дзяржаўных маёмасцяў даваў 97 руб. 80 кап. даходу. Губернскі сакратар у той жа грамадзянскай палаце атрымоўваў толькі 108 руб., а ў іншых месцах службы яго заработная плата вагалася ад 171 да 286 руб. у канцылярыі губернатара. Паколькі жалаванне з'яўлялася асноўнай крыніцай існавання гэтых людзей і іх сямей, адсюль, супастаўляючы прыведзеныя лічбы з цэнамі на асноўныя віды тавараў і паслуг, можна рабіць высновы аб узроўні іх жыцця, аб магчымасці траціць яго частку на нематэрыяльныя каштоўнасці, схаванай гарадской службовай ерархіі і прэстыжнасці тых ці іншых месцаў службы.

Вялікі патэнцыял для даследавання элементаў штодзённага жыцця ў Горадні мае апошняя калонка спісаў паднаглядных, у якой паліцыя павінна была рабіць адзнакі аб паводзінах тых, за кім яны сачылі. На жаль, чыноўнікі дадзенага ведамства падыходзілі да гэтага абавязку ў большасці сваёй фармальна, робячы не вартыя ўвагі запісы аб тым, што "па нагляду нічога не выкрыта". Але ў некаторых выпадках тут можна знайсці досыць цікавыя характарыстыкі, якія тычыцца таго ці іншага гарадзенца. Так, з гэтых запісаў можна даведацца, што доктар П. Забела меў беззаганную рэпутацыю ў горадзе (ці ў паліцыі). Бо як інакш можна расцаніць тыя ацэнкі (паводзін добрых; выдатных; выдатных ва ўсіх адносінах), якія сустракаюцца насупраць яго прозвішча за розныя гады.

П'янства - яшчэ адзін элемент штодзённага побыту, які знаходзіў сваё адлюстраванне ў запісах паліцмайстара ў адпаведнай графе ведамасцей. У большасці выпадках запісы аб староннасці той ці іншай асобы да моцных напояў суправаджаліся паведамленнямі аб дэвіянтнасці яго паводзін. Так, адстаўны падпаручнік І. Якштэйн "займаўся п'янствам і непрыстойнымі ўчынкамі", а таксама "аказаўся ў выпраўленні яго благіх паводзінаў безнадзейным". Былы вайсковец Вася Куц "меў староннасць да моцных напояў, быў нецвярозых паводзінаў і займаўся пісаннем пасквільных просьбаў". Паручнік Паліткоўскі, з-за няўтомнай любові да алкаголю быў звольнены са службы ў некалькіх месцах. Адстаўны прапаршчык Леймінг, які ў адпаведнай графе пазначаны як "паводзінаў нецвярозых і ўвогуле блага сябе паводзіць", знаходзіўся пад следствам па справе аб забойстве ў Горадні ксяндза Любавіцкага, а таксама аб распутным яго жыцці на Каўказе, куды ён быў высланы . Як бачым, падобны тып паводзінаў быў у першую чаргу адметнай рысай асоб, якія раней прыналежылі да ваеннага ведамства. Адзінае выключэнне ў дадзеным выпадку складае былы палітычны ссыльны Ежэўскі Вікенцій, адстаўны губернскі сакратар, які згодна са звесткамі мясцовага паліцмайстара "аддаецца п'янству, але рахманага характару" [36]. Застаецца толькі высветліць: ці былі такія асобы правілам, ці выключэннем для Горадні таго часу.

Сярод вышэй прадстаўленых імёнаў гарадзенцаў, найбольш вартым увагі з прычыны яго адметнасці і той інфармацыі, якую ён дае для лепшага разумення штодзённасці тагачаснага горада, на нашу думку, з'яўляецца постаць Васі Куца. Як вынікае з уласных сведчанняў Васіля, яго жыццёвы шлях быў багаты на падзеі. Паходзячы з обер-афіцэрскіх дзяцей Санкт-Пецярбурга, ён распачаў сваю цывільную кар'еру ў Сенаце ў 1804 г. зкуль звольніўся ў 1809 г. У гэтым жа годзе распачаў ваенную службу ў арміі гр. Вітгенштэйна і прымаў удзел у кампаніі 1812 г. Пасля адстаўкі ў 1826 г. ён асядае ў Горадні, дзе атрымаў пасаду засядацеля ад кароны ў ніжнім земскім судзе. Але чыноўніцкая кар'ера ў горадзе над Нёманам у яго не заладзілася. У 1831 г. ён быў звольнены з-за невыкананне службовых абавязкаў. Паколькі яго праступак быў звязаны з вядзеннем следства аб разрабаванні паўстанцамі старадварэцкай паштовай станцыі, Васіль, як і большасць фігурантаў той справы, трапляе пад паліцэйскі нагляд. Згодна з версіяй В. Куца ў траўні 1831 г. ён быў цяжка хворы на халеру і таму не мог прысутнічаць на месцы службы падчас рэвізіі губернатарам М. Мураўёвым прысутных месцаў, за што, нібыта, і быў звольнены. Акрамя таго, у 1830-1832 г. былы засядацель гродзенскага ніжэйшага суда В. Куц знаходзіўся пад следствам па справе аб нанясенні пабоеў жонцы шынкара ў в. Масалянах, за тое, што яна, нібыта, адмовілася адпусціць яму без грошай гарнец мёду. Сам Васіль сцвярджаў, што ён выкрыў у гэтай карчме фальшывыя піцейныя меры і пры спробе канфіскаваць іх, жонка шынкара з "азардностью" кінулася на яго .

Чым мог займацца чалавек, які страціў працу ў Горадні ў першай палове ХІХ ст.? Адказ на гэтае пытанне дае паліцэйская ведамасць: "займаецца прыватнай (партыкулярнай) працай", ці інакш кажучы "складаннем пасквільных прашэнняў розным асобам." Дарэчы, падобны від дзейнасці зыходзячы з тых жа самых спісаў паднаглядных, быў досыць папулярны ў той час. Некаторыя асобы дабіваліся ў гэтым такіх поспехаў, што з гэтае прычыны траплялі пад паліцэйскае пільнаванне. Так было, напрыклад, у выпадку з адстаўным калежскім рэгістратарам Паўлоўскім Іванам, які знаходзіўся ў ліку паднаглядных у 1845-1856 г. за "турбаванне імператара найпадданейшымі просьбамі." [37] Памешчык Брэсцкага ўезду, канцылярыст Швыкоўскі Іван апынуўся пад паліцэйскім кантролем за датычнасць да справы "аб даносах на памешчыкаў Брэсцкага ўезду прыналежных нібыта да злачыннага таварыства." [38] Узгаданаму вышэй Ляшчынскаму Івану складанне і пісанне розных даносаў і прашэнняў забаранялася адмысловым судзейскім рашэннем. Гэты спіс можна падоўжыць, але вернемся да В. Куца.

Вельмі яскраваю характарыстыку як самому Васілю, так і тым парадкам, што былі заведзены ў Горадні ў пэўнай частцы чыноўніцкага асяроддзя, дае скарга па справе акцёра Т. Енджыеўскага (гл. ніжэй). У ёй пацярпелы бок жаліцца на тое, што "нейкі падсудны чыноўнік Куц у п'яным выглядзе вазіў па горадзе ўсю справу і патрабаваў 3 руб., абяцаючы за гэта пратэкцыю" [39]. Дарэчы, пратораным бацькам тропам пайшоў і адзіны сын Васіля. Усё тыя ж спісы аб паднаглядных паведамляюць, што ў першай палове 1839 г. Мікалай Куц ўтрымліваўся ў астрозе ў Вільне за крадзеж [40].

Калі выпадак В. Куца закранае адметнасці жыцця чыноўніцкага асяроддзя 30-х гадоў ХІХ ст., то справа Тадэвуша Енджыеўскага дае некаторае ўяўленне аб тых норавах, што існавалі ў асяроддзі трупы гарадзенскага тэатра. Пачаць з таго, што ў той час у мясцовым драматычным калектыве выступала княгіня. Менавіта такі тытул мела (згодна з яе ўласнымі сведчаннямі) актрыса Яўгенія Пузыня, якая была замужам (зноў жа з яе слоў) за кн. Пузыняй у Мінскай губ. Найлепшую характарыстыку таго, які статус насамрэч яна мела ў грамадстве, нам дае следчая справа, ініцыятарам якой выступіла сама Яўгенія. У сваіх прашэннях яна скардзілася на свайго калегу, акцёра Т . Енджыеўскага, які 12 снежня 1835 г . збіў яе, зарабаваў усе яе рэчы і аблаяў яе апошнімі словамі, у выніку чаго яна нават не мае пасцелі на чым спаць. Гэтую карціну дапаўняюць паліцэйскія чыноўнікі: "Я. Пузыня падчас далучэння да Т. Енджыеўскага знаходзілася ў нэнзе, але той апрануў яе ўласным сваім адзеннем", і "так званая княгіня Пузыня займаецца распутным жыццём і зусім непрыстойных паводзінаў." [41] Што тычыцца непасрэдна асобы Т. Енджыеўскага, то тут, варта будзе адзначыць, што гэты акцёр, які, дарэчы, з-за канфлікту з Я. Пузыняй трапіў у лік асоб, што пільнаваліся паліцыяй, згодна са звесткамі гэтага ведамства знаходзіўся ў нашым горадзе без усялякіх відаў (пашпарта), а таксама быў заўважаны нецвярозым [42].

Яшчэ адзін досыць цікавы аспект, які пераклікаецца з тэмай злачных мясцінаў у Горадні тычыцца наяўнасці ў паліцэйскіх ведамасцях асоб, якія трапілі туды за картачную гульню. Іх адсотак невялікі. З 84 чалавек - гэта толькі 3 гарадзенцы. Але сам падобны факт з'яўляецца пацверджаннем таго, што ўлады ўсімі спосабамі спрабавалі выкараніць гэтую з'яву ў горадзе над Нёманам. У ліку гэтых асоб мы, дарэчы, сустракаем яшчэ аднаго прафесійнага акцёра і ў дадатак антэрпрэнёра Кацюцэвіча Юльяна [43] . Акрамя яго, спіс паднаглядных з гэтае прычыны папоўніў канцылярыст гродзенскай казённай палаты Жан(д)лоўскі (імя не паказана), які знаходзіўся пад наглядам гарадзенскай паліцыі ў 1837-1838 г. Мусіць гэтая мера пайшла яму на карысць, бо паліцэйскія чыноўнікі ў ведамасцях надалей адзначалі, што яны не заўважылі, каб той працягваў граць [44]. Іншы фігурант падобнай справы дваранін Кобрынскага ўезду Хабжынскі Іван яшчэ ў 1848 г. быў абвінавачаны шэфам гарадзенскіх жандараў баронам Бістромам у тым, што той займаецца картачным махлярствам . Але пад нагляд паліцыі з гэтае прычыны ён трапіў толькі ў 1854 г. і знаходзіўся пад ім у Горадні вельмі непрацяглы час [45]. У далейшым ён быў высланы ў Беласток у распараджэнне адмысловай следчай камісіі. Але з якім эпізодам яго зсупрацьпраўнай дзейнасці (пэўны час ён знаходзіўся за кратамі ў мясцовай турме па падазрэнні ў крадзяжы пасылак на пошце) было звязана гэтае расследаванне, на жаль, выявіць не ўдалося.

Акрамя трох вышэй узгаданых асоб, ў спісе паднаглядных гарадзенцаў налічваецца яшчэ 11 чалавек, чые дзеянні можна кваліфікаваць як крымінальныя. Такім чынам, адсотак злачынстваў гэтай катэгорыі складае каля 17% ад агульнай колькасці тых, хто ў першай палове ХІХ ст. знаходзіўся пад наглядам паліцыі ў Горадні. Тыпы супрацьпраўных дзеянняў, што былі імі здзейснены, не з'яўляюцца нейкімі адметнымі для гарадзенскага рэгіёна ў цэлым. Гэта - кантрабанда, атрыманне хабару, фальшаванне дакументаў, падлог, грашовыя растраты, увоз фальшывых грошай з-за мяжы і г.д.

У пераліку гэтых злачынстваў на сабе ў першую чаргу звяртаюць увагу асобы, так ці інакш звязаныя з адным з найбольш распаўсюджаных відаў падпольных рамёстваў на Гарадзеншчыне, а менавіта з кантрабандай. У іх ліку былі жыхары м. Сапоцкін, жыды Шымкоўскі Лейзер і яго рамізнік Сырыйскі Іцка. Арыштаваныя падчас перасячэння мяжы ў канцы 1831 г., яны пэўны час знаходзіліся пад арыштам у гарадзенскім астрозе, таму што"моцна і справядліва" падазраваліся шэфам мясцовых жандараў палкоўнікам Уласавым у тым, што з'яўляліся ледзьве не ключавымі фігурамі ў арганізацыі каналаў нелегальнай перакідкі тавараў з-за мяжы ў Горадню і ў адваротным напрамку. Аднак, нягледзячы на падобную ўпэўненасць афіцэра Трэцяга аддзялення, Л. Шымкоўскі і яго памочнік рашэннем гродзенскай палаты крымінальнага суда ад адказнасці былі вызваленыя [46].

Таксама з кантрабандай, але ўжо ў іншым, супрацьлеглым аспекце, звязаны прычыны знаходжання пад пільнаваннем гарадзенскай паліцыі ў 1821-1826 г. губернскага сакратара Пятра Букінскага. Дарэчы, гэта самы ранні, з пакуль што выяўленых выпадкаў прымянення азначанай меры ў Горадні. Акрамя таго, у яго справе знайшлі сваё адлюстраванне такія цікавыя праявы штодзённасці тагачаснага жыцця як даносы, хабарніцтва, узаемаадносіны начальства і падначаленых.

Калі спыніцца толькі на ўсіх вышэй пералічаных элементах, то неабходна зазначыць, што менавіта помста з боку губернатара за "выкрытыя ім 12 сакавіка 1818 г. злоўжыванні", згодна з версіяй П. Букінскага, стала асноўнай прычынай усіх яго далейшых бедаў. Важную ролю ў гэтых няшчасцях адыграў данос. У лютым 1819 г. сусед па кватэры Пятра, нейкі шляхціц Васілеўскі паведаміў начальству, што палюбоўніца (на справе аказалася жонкай) губернскага сакратара досыць часта прывозіць яму з м. Галынкі (Царства Польскае) кантрабанднае сукно, які апошні рэалізуе сярод жыхароў горада. Ператрус у пакоі і куфары П. Букінскага даў станоўчыя вынікі і ён ужо тады быў узяты пад паліцэйскі нагляд. Але гэтая мера не аказала на яго належнага ўплыву. Ужо ў ліпені 1819 г. на яго паступае новы данос, які зноў пацвердзіўся. На гэты раз Пётр "пагарэў" на тым, што, выконваючы свае прафесійны абавязкі, ён разам з надзірацелем Мушынскім затрымаў ў Верцялішках жыдоў, якія перавозілі буйную партыю кантрабанды. Узяўшы з іх хабар у памеры 420 талераў срэбрам, яны адпусцілі іх. Далей чыноўніка чакалі звальненне, турма і следства [47].

Суб'ектыўны фактар начальства ў тыя гады адыгрываў вельмі вялікую ролю ў лёсе многіх гарадзенцаў, у тым ліку і тых, хто знаходзіўся пад кантролем паліцыі. Асабліва выразна гэта тэндэнцыя прасочваецца ў дзейнасці М. Мураўёва на пасадзе гарадзенскага губернатара. Акрамя вышэй прыведзеных прыкладаў з В. Пуслоўскім і В. Пуслоўскім, тут можна адзначыць выпадкі, калі гэты начальнік забараніў выезд у Санкт-Пецярбург І. Анацэвічу, у абыход існуючых правілаў настаяў на аддачы пад ваенна-палявы суд Феафіла Петрашэўскага. Але найбольш трапна даюць характарыстыку гэтай асобе акалічнасці, звязаныя са знаходжаннем у лік паднаглядных студэнта былога Віленскага ўніверсітэта Ф. Гартца. Нават гэты "рускі", "свята шануючы Ўрад" чалавек здолеў разгневаць М. Мураўёва. Адзіная яго віна, са слоў таго ж студэнта, была ў тым, што ён прыйшоў да губернатара ў мундзіры ўжо ліквідаванага на той час Віленскага ўніверсітэта. Гэта настолькі ўгневала апошняга (тут можна прыгадаць, што М. Мураўёў быў адным з ініцыятараў закрыцця гэтай навучальнай установыі), што той прыватным чынам адправіў маскоўскаму обер-паліцмайстару ліст з просьбай прыглядаць за Ф. Гарцам падчас яго вучобы ў мясцовым універсітэце. У сілу непаразуменняў, у Маскве за студэнтам быў наладжаны паўнавартнасны нагляд паліцыі, які працягваўся нават і пасля заканчэння вучобы [48].

Усебаковы аналіз дадзеных аб асобах, што знаходзіліся ў полі зроку паліцыі ў Горадні ў першай палове ХІХ ст. раскрывае многія аспекты царскай палітыкі ў Беларусі ў цэлым, а таксама стаўлення мясцовага насельніцтва да царызму ў прыватнасці. Як неаднаразова падкрэслівалася вышэй, датычныя да палітычных спраў асобы складалі найвялікшую групу паднаглядных у горадзе над Нёманам у гэты час. Іх знаходжанне ў гэтых спісах было звязана з трымя найбольш значнымі падзеямі палітычнага жыцця той эпохі: раскрыццём тайных таварыстваў, паўстаннем 1831 г. і дзейнасцю эмісараў.

Што тычыцца першай з гэтых груп, то ў Горадні з прычыны прыналежнасці да розных тайных палітычных арганізацый у 20-30я гады ХІХ ст. пад наглядам знаходзілася 5 асоб (6% ад агульнай колькасці). Дадзеная катэгорыя паднаглядных дае нам магчымасць пазнаёміцца яшчэ з адным даволі цікавым элементам царскай палітыкі на нашых землях, а менавіта з прывентыўнай ссылкай. Справа ў тым, што пасля пачатку паўстання ў суседнім Каралеўстве Польскім у 1830 г., некаторыя з гэтых асоб ( Ігнат Сержпутоўскі, Міхайла Радавіцкі) па ініцыятыве, якая хутчэй за ўсё зыходзіла ад шэфа жандараў А. Бекендорфа, былі высланы ўглыб Расіі. Рабілася гэта, як адзначалася ў адпаведным дакуменце, каб "адхіліць ад іх непрыемныя наступствы цяперашніх абставін, якія асабліва ім могуць быць шкодныя" [49].

У сувязі з падзеямі паўстання 1831 г. пад нагляд паліцыі ў Горадні трапілі 9 чалавек (11% ад агульнай колькасці). У асноўным, гэта былі людзі, чыя віна аказалася не даказанай альбо была вельмі нязначнай. Сярод асоб гэтай катэгорыі ўжо неаднаразова звяртаў на сябе ўвагу Феафіл Петрашэўскі. Постаць сапраўды каларытная, якая нават пасля эміграцыі не давала спакою мясцовым уладам. Апошняе было звязана з тым, што з яго падачы некалькі разоў ладзіліся пошукі паўстанскага скарбу, які са слоў Феафіла складаўся з 4 гармат, 5500 стрэльбаў, 1700 шабель і 800 пар пісталетаў [50].

Ссылкі, расстрэлы, аддача ў салдаты, канфіскацыя маёмасці і іншыя элементы рэпрэсіўнай палітыкі, што ажыццяўляліся царызмам падчас і пасля задушэння паўстання 1831 г. не напалохалі гарадзенцаў. Значная іх частка і надалей працягвала знаходзіцца ў апазіцыі да царызму. Доказам гэтаму з'яўляюцца падзеі звязаныя з раскрыццём уладамі разгалінаваных эмісарскіх сетак на Гарадзеншчыне ў 1833 і 1838 г. Агульная колькасць паднаглядных гэтай катэгорыі склала 12 чалавек (14% ад агульнай колькасці). Большая іх частка трапіла пад паліцэйскі кантроль за сувязь з эмісарам М. Шыманскім, які дзейнічаў непасрэдна ў Горадні . Сярод іх быў і Іван Фіжан - знакавая постаць у сістэме гарадзенскай адукацыі ХІХ ст., які ў 20-30-я г. трымаў прыватны пансіён для дзяўчынак. Менавіта выкрытая ўладамі сувязь яго і некаторых іншых выкладчыкаў з удзельнікамі экспедыцыі Заліўскага стала фармальнай падставай для правядзення маштабных пераўтварэнняў у сістэме адукацыі ў Горадні. У выніку, былі зачынены мясцовая дамініканская гімназія і той жа пансіён І. Фіжана, а на іх месцы адчынены губернская гімназія і шляхетны пансіён.

Таксама спісы паднаглядных пацвярджаюць той факт, што ў Горадні ў той час распаўсюджвалася нелегальная літаратура. Так, Антон Урублеўскі і Юльян Гарбачэўскі (Гарбашэўскі), якія, як сведчаць адпаведныя ведамасці, трапілі туды за датычнасць да справы эмісара Ш. Канарскага, насамрэч, былі падвергнуты падобнай меры за тое, што чыталі забароненыя кнігі, што прывозіў у горад сябра гэтай нелегальнай арганізацыі Людовік Орда (стрыечны брат Напалеона Орды). Падчас ператрусу ў губернскага сакратара Феафіла Янкоўскага, які трапіў у поле цікаўнасці паліцыі за распаўсюджванне "неблаганадзейных чутак супраць ураду", былі выкрыты "крамольныя" паперы, між іншым перапісаная ад рукі справаздача польскага эміграцыйнага камітэта ў Парыжы за 1832 г.

Як адзначалася вышэй, медыкі складаюць 14% усіх паднаглядных гарадзенцаў. Звяртае на сябе ўвагі той факт, што ўсе яны былі "палітычнымі". Што праўда, некаторых з іх да гэтай групы можна аднесці толькі ўмоўна, бо трапілі яны туды па прынцыпе калектыўнай адказнасці як выпускнікі Віленскай медыка-хірургічнай Акадэміі. Сярод іх былі адстаўны штаб-лекар Даменік Тамашэўскі (займаўся вольнай практыкай), лекар Мурамскага пяхотнага палка Караль Жэляўскі, Павал Сцяпанавіч Забела. Прыклад апошняга з іх з'яўляецца доказам існаваўшай у нашым горадзе сістэмы пратэкцыянізму ў чыноўніцкай сферы. Справа ў тым, што ў Горадні ў гэты ж час працаваў яго родны брат Казімір, які ў 1840-50-я гады займаў пасаду інспектара гродзенскай урачэбнай управы. Зразумела, што без дапамогі брата Паўлу, якія пасля заканчэння ВМХА апынуўся на пасадзе ўезднага ўрача недзе ў Смаленскай губ., перабрацца ў Горадню наўрацці б удалося. Дарэчы, Забелы адыгрывалі значную ролю ў грамадскім жыцці горада ў той час і карысталіся сапраўднай павагай як з боку гараджан, так і ўладаў. Аб тым, што іх імя было вядома па-за межамі гарадзенскага рэгіёна сведчыць і той факт, што вядомы вандроўнік сярэдзіны ХІХ ст. (дарэчы медык па адукацыі) Тэадор Трыплін не хацеў пакідаць горад над Нёманам, не сустрэўшыся з кімсьці з Забелаў [51].

Сярод іншых медыкаў, што ў вызначаны перыяд знаходзіліся пад наглядам паліцыі ў Горадні, варта асобнай увагі і постаць Ізыдора Нагумовіча. З'яўляючыся таксама выпускніком Віленскай акадэміі ён, пасля яе завяршэння, пэўны час займаўся вольнай лекарскай практыкай у Ваўкавыскім уездзе. Менавіта тут ён сустрэўся і пазнаёміўся з эмісарам М. Валовічам. За аказанне яму медычнай дапамогі, а таксамаі веданне і неданясенне аб яго планах, Ізыдор быў аддадзены пад ваенна-палявы суд у Горадні. Пасля вяртання з ссылкі з 1839 г. ён зноў апынушся ў горадзе над Нёманам. І. Нагумовіч быў адным з найбольш актыўных прапагандыстаў курорта ў Друсгеніках. У 1841 г. у Горадні выдаў кнігу "Способы лечения минеральными водами в Друсгениках" на рускай і польскай мовах [52].

Завяршаючы даследаванне жыцця паднагляднай Горадні, нельга абмінуць увагай постаці, пэўна, найбольш вядомых асоб, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі ў гэтым горадзе ў першай палове ХІХ ст. Па-першае, гэта прафесар Віленскага ўніверсітэта Ігнат Анацэвіч (псеўданім Жыгота з Малой Бераставіцы). Яго жыццёвы шлях і навуковая дзейнасць досыць падрабязна даследаваны ў кнізе С. Марозавай і С. Габрусевіча "Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына". Тут хацелася б больш падрабязна спыніцца на акалічнасцях тых падзей, якія прывялі І. Анацэвіча пад нагляд паліцыі, а таксама на яго прыбыванні ў Горадні.

Як вынікае са зместу шматгадовых разбіральніцтваў, прычына няласкі, у якую трапіў праф. Анацэвіч крыецца ў канфлікце з праф. М. Мяноўскім і сакратаром Віленскага ўніверсітэта Мержаеўскім. Западозраны ў сувязях з тайнай студэнтцкай арганізацыяй, І. Анацэвіч у лютым 1828 г. быў падвергнуты ў Вільне кароткатэрміноваму арышту, а яго паперы канфіскаваны. Сярод апошніх універсітэцкае начальства знайшло такія, якія не з дадатнага боку выкрывалі іх дзейнасць. Акрамя таго, пасля свайго вызвалення праф. Анацэвіч частцы з гэтых фактаў надаў публічны розгалас. У сувязі з гэтым, па ініцыятыве кіраўніцтва ўніверсітэта быў скліканы Савет (той самы, што за некалькі месяцаў да гэтага зацвердзіў яго ў званні прафесара), які пад націскам рэктара Пелікана адхіліў яго ад выкладчыцкай дзейнасці, а пазней вялікі князь Канстанцін загадаў выслаць яго на радзіму. Сярод тых абвінавачванняў, што былі высунутыя сябрамі Савета былі такія, што закраналі яго прафесійную годнасць (нібыта яго гістарычныя працы - гэта ёсць кампеляцыя ненадрукаваных твораў епіскапа Альбентрандыя) і маральныя якасці (што ён жыве ў распустве з жанчынай, ад якой прыжыў дзіця, а таксама апошнім часам уяўна аддаўся п'янству і картачным гульням).

Адначасова з гэтымі, у справе былога прафесара з'явіліся новыя абставіны. У красавіку 1828 г. бацька былога студэнта Віленскага ўніверсітэта Якаў Лісоўскі, сын якога быў прысуджаны да аддачы ў салдаты за датычнасць да тайнага таварыства, падаў на імя цэсарэвіча ліст, у якім выкрываліся злоўжыванні з боку азначаных вышэй асоб. Канстанцін Паўлавіч у сваю чаргу загадаў правесці следства, але не па праверцы выкладзеных там фактаў (яны адразу ж атрымалі ярлык "паклёпа"), а дзеля таго каб даведацца, хто дапамагаў Я. Лісоўскаму ў складанні гэтага ліста. Віленская паліцыя па гэтым запыце нічога не выкрыла і тады арыштант быў дастаўлены да сенатара М. Навасільцава. На допытах у апошняга ён прызнаўся, што гэтую скаргу пісаў студэнт П. Цэхановіч, складаў сакратар віленскай уніяцкай кансесторыі К. Забароўскі, прымаў удзел шляхціц К. Жамойцель, і ўсё гэтае рабілася з падачы І. Анацэвіча. Усе гэтыя асобы былі арыштаваныя і перасланы ў Горадню, дзе супраць іх распачаўся судовы працэс.

Падчас следства І. Анацэвіч у асноўным жыў у свайго роднага брата, уніяцкага святара ў Малой Бераставіцы. Умовы знаходжання там былі вельмі цяжкія, паколькі той меў 12 малых і толькі 2 пакоі. Следства зацягнулася на гады. Адной з прычын гэтаму было тое, што І. Анацэвіч прадстаўляў суду, а таксама дасылаў розным вышэйшым асобам імперыі (у тым ліку і А. Бенкендорфу) новыя факты злоўжыванняў і карупцыі ў вышэйшых колах універсітэта. Урэшце, 1-ы дэпартамент гродзенскага галоўнага суда пастанавіў адпаравіць выкладзеныя былым прафесарам факты для далейшай іх праверкі ў Міністэрства народнай асветы. Такое рашэнне выклікала моцнае незадавальненне цэсарэвіча Канстанціна, які сваім прадпісаннем фактычна адмяніў яго, даўшы суду інструкцыі, што таму рабіць далей. Тут дарэчы будзе тая характарыстыка, якую дало трэцяе аддзяленне таму прававому бязмежжу, што склалася ў беларуска-літоўскім крае ў той час: "Правінцыі гэтыя кіруюцца кааліцыяй хабарнікаў (лихоимцев). Незразумела, якім чынам адміністрацыя ўніверсітэта ў Вільне здолела захапіць у свае рукі кіраванне ўсіх гэтых губерняў. Галоўныя сябры гэтай кааліцыі: г. Навасільцаў, рэктар Пелікан, пракурор [?] Батвінка і варшаўская канцылярыя (цэсарэвіча Канстанціна - А.Р.). Усе жыхары правінцыі дрыжаць перад гэтай кааліцыяй." [53]

Нягледзячы на той ціск, які аказваўся зверху гарадзенскі суд, фактычна, апраўдаў І. Анацэвіча і іншых фігурантаў гэтай справы [54]. Далей яна была накіравана на рэвізію па інстанцыях у Вільню і Санкт-Пецярбург. У сувязі з гэтым, былы прафесар у 1832 г. пакінуў Горадню. Што праўда, напасля гродзенскі губернатар М. Мураўёў адмовіў яму ў просьбе аб выдачы пашпарта на праезд у Санкт-Пецярбург. Але гэтая забарона ўжо не мела вялікага значэння [55].

І, па-другое, нельга пакінуць па-за межамі даследавання асобу гарадзенскага віцэ-губернатара Канстанціна Максімовіча. Гэта постаць варта ўвагі ўжо з-за таго, што не кожны чыноўнік, у фармулярным спісе якога прысутнічала адзнака аб, тым што ён быў "у паходах супраць расейскіх войск", змог бы зрабіць сябе такую бліскучую кар'еру на службе імперыі.

У 1819-1826 г. калежскі саветнік К. Максімовіч займаў пасаду гродзенскага віцэ-губернатара і, адпаведна, ачольваў губернскую казённую палату. У 1826 г. у гэтай установе былі выкрыты значныя недахопы грашовых сум. Была створана адмысловая камісія для праверкі рахункаў казённай палаты, якая падчас папярэдняга следства выявівіла, што казначэй гэтай палаты Заха ў 1816-1823 г. утойваў і не запісваў сумы (разам 15824 р. срэбрам і 188715 руб. асігнацыямі (лічбы не канчатковыя)), што паступалі ў казначэйства. Дзеля спагнання нястачы былі канфіскаваныя ўсе каштоўныя паперы фігурантаў гэтай справы, а на іх нерухомую маёмасць накладзены секвестр. У К. Максімовіча быў секвестраваны маёнтак Каменая Русота разам з вёскай Пальніцай (112 душ), а таксама двухпавярховая камяніца з прыбудовамі ў Горадні (дом віцэ-губернатара), якая папярэдне была ацэнена ў 120 тыс. руб. асігнацыямі. У 1827 г. губернскі маршалак дваранства кн. Чацвярцінскі звярнуўся да Канстанціна Паўлавіча з просьбай дазволіць набыць азначаную камяніцу для патрэб дваранскага сходу за 120 тыс. руб. У сваю чаргу, цэсарэвіч звярнуўся па кансультацыю па гэтым пытанні да сенатара М. Навасільцава, які выказаўся супраць таго, каб дом прадаваўся ў абыход існуючых правілаў, г.зн. без правядзення аўкцыёна.

У 1833 г. жонка К. Максімовіча Вікторыя звярталася да А. Бенкендорфа з просьбай пасадзейнічаць у найхутчэйшым вырашэнні судовай справы, якая цягнулася ўжо 6 год, што "давяло іх да поўнай нэнзы". Таксама прасіла імператарскага дазволу на тое, каб хоць частка даходаў з іх маёнтка паступала на іх утрыманне [56]. Сам К. Максімовіч за датычнасць да гэтай справы быў пазбаўлены чыноў і дваранства. У 1837-1846 г. пражываў у маёнтку Русота ў сваякоў і знаходзіўся пад наглядам гродзенскай земскай паліцыі. У 1846-1851 гадах пражываў у Горадні, дзе і памёр ва ўзросце 80 (па іншых звестках 85-і) гадоў.

Не ўсе імёны і справы паднаглядных удалося "расшыфраваць". На жаль, застаўся не разгаданы адзін з найбольш інтрыгуючых эпізодаў, які быў звязаны з арганізацыяй уцёкаў трох гарадзенцаў у 1848 г. за мяжу. Сёння вядомы толькі імёны гэтых ўцекачаў і тых, хто ім садзейнічаў (Кавалеўскі Аўгусцін, Александровіч Антон, Курневіч Казімір). Але хацелася б даведацца аб тым як рыхтаваліся і ажыццяўляліся гэтыя ўцёкі, ці былі яны звязаныя з "вясной народаў", як склаўся лёс тых асоб і г.д. З дадатковых крыніц вынікае, што як мінімум двое з гэтых уцекачоў замест Еўропы апынуліся на Каўказе, у расейскай арміі [57]. Яшчэ адзін такі выпадак звязаны з удзелам капітана польскіх войскаў Ігната Янкоўскага ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе грэчаскага народа. Адзінае, што нам вядома сёння з тлумачэнняў самога Ігната, гэта, што ён "прыняў рашэнне далучыцца да грэчаскіх войскаў у 1820 г., а пасля іх разбіцця вярнуўся ў 1824 г." у выніку чаго і быў узяты пад паліцэйскі нагляд [58]. Яшчэ толькі маецца выявіць абставіны гэтага ўчынку і самога змагання, тым больш, што прыкладна ў той жа час дапамогу грэкам аказваў вядомы англійскі паэт Дж. Байран.

Такім чынам, падсумоўваючы прадстаўлены матэрыял, хацелася б зазначыць, што паліцэйскі нагляд досыць актыўна стасавалася царызмам у дачыненні да розных катэгорый грамадзян за розныя супрацьпраўныя (і не толькі) дзеянні. Аналіз спісаў паднаглядных выявіў досыць стракаты сацыяльны і прафесійны партрэт гарадзенцаў, што былі падвергнуты гэтай меры. Зыходзячы з тых прычын, па якіх яны апынуліся пад паліцэйскім пільнаваннем найбольш шматлікай групай былі "палітычныя", што досыць яскрава сведчыць аб актыўнасці жыхароў Горадні ў гэтай сферы ў той час і іх настроях. Нягледзячы на тое, што адпаведныя спісы гарадзенцаў утрымліваюць мінімальную колькасць звестак аб той ці іншай асобе, іх аналіз, супастаўленне дадзеных за розныя гады, а таксама прыцягненне дадатковай інфармацыі, дае магчымасць лепей пазнаёміцца з жыхарамі горада за той перыяд, выявіць малавядомыя ці забытыя імёны і прозвішчы землякаў, паглыбіцца ў атмасферу тагачаснай штодзённасці, выявіць невядомыя эпізоды з гісторыі Горадні.



[1] Надзор полицейский // Энциклопедический словарь. Издатели Ф. Брокгауз, И. Ефрон. Т. ХХ. Спб, 1897. С. 434-435.

[2] Редько Н. Персонифицированный полицейский надзор // Автореф. диссерт. на соискание ученой степени канд. юрид. наук. Омск, 2009. С. 10

[3] Романов В. Местные органы политической полиции Российской империи: структура, компетенция, основные направления деятельности 1826-1860 гг. (на материалах Поволжья) // Автореф. диссерт. на соискание ученой степени докт. истор. наук. Чебоксары, 2008. С. 24.

[4] ПСЗРИ. Т. XXXVIII, № 29087, 29088.

[5] LVIA. Ф. 378 а/а, воп. 40, спр. 2735.

[6] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 1086. Арк. 1.

[7] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 377. Арк. 1.

[8] LVIA. Ф. 378 п/а, воп. 141, спр. 123. Арк. 1.

[9] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 11, спр. 159. Арк. 1.

[10] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 378. Арк. 1.

[11] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 718. Арк. 1.

[12] LVIA. Ф. 380, воп. 70, спр. 6138. Арк. 1; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 1489. Арк. 29

[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 197. Арк. 55.

[14] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 1174. Арк. 1, 23.

[15] НГАБ у Гродне. Ф. 581, воп. 1, спр. 376. Арк. 74.

[16] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 29, спр. 147. Арк. 8.

[17] Надзор полицейский // Энциклопедический словарь. Издатели Ф. Брокгауз, И. Ефрон. Т. ХХ. Спб, 1897. С. 434-435.

[18] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 1469. Арк. 267.

[19] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532. Арк. 331.

[20] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 877. Арк. 31-32.

[21] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 1581. Арк. 1-2; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 717. Арк. 11.

[22] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 1174 Арк. 62.

[23] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 187. Арк. 7.

[24] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр. 460. Арк. 1-4.

[25] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 22, спр. 1141; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 1625; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, спр. 51.

[26] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 1402. Арк. 1, 2, 4,-6, 8; воп. 19, спр. 1644. Арк. 1.

[27] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 351. Арк. 17.

[28]Бекетов О. Полицейский надзор: теоретико-правовое исследование // Автореф. диссерт. на соискание ученой степени докт. юрид. наук.Челябинск, 2010. С. 17.

[29] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 44. Арк. 1.

[30] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 469.

[31] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 469.; спр. 1473. Арк. 1; воп. 27, спр. 111. Арк. 1-3.

[32] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 119. Арк. 2, 5.

[33] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 100. Арк. 2-8; . НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 532. Арк. 14, 104.

[34] Śliwowska W. Zesłańcy polscy w Imperium Roszjskim w pierwszej połowie XIX wieku. Warszawa., 1998. S. 106.

[35] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 469.

[36] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 717, 704, 986, 1186, 1579, 1580; воп. 21, спр. 100, 101, 416, 772; воп. 29, спр. 8, 98.

[37] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 20, спр. 1579, 1580; воп. 21, спр. 100, 101, 416, 772; воп. 29, спр. 8, 98, 99, 607, 608; воп. 28, спр. 278, 457, 640, 728, 838.

[38] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 21, спр. 772; воп. 29, спр. 8, 98, 99, 607.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 219. Арк. 6; воп. 10, спр. 2242. Арк. 3.

[40] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 99, 561; воп. 4, спр. 434; воп. 19, спр. 1381,1384, 1624; воп. 20, спр. 63, 270.

[41] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 10, спр. 2242. Арк. 3, 4, 10.

[42] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 1381, 1384; воп. 20, спр. 270.

[43] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр. 457.

[44] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 1384, 1622, 1625, 1623.

[45] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр. 640, 728, 937; Ф. 1, воп. 21, спр. 1181. Арк 3, 8, 21.

[46] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 101; Ф. 1, воп. 19, спр. 109. Арк. 3, 8, 11, 17-18.

[47] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 1426. Арк. 1, 6, 9, 36, 41, 48; спр. 1427. Арк. 1, 37, 63, 102; спр. 1932. Арк. 1, 25, 31; спр. 2281. Арк. 1; воп. 2, спр. 884. Арк. 4; спр. 469. Арк . 124.

[48] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 919. Арк. 1, 3, 12.

[49] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 540; LVIA. Ф. 378 а/а, воп. 39, спр. 624. Арк. 1, 145.

[50] НГАБ у Гродне. Ф. 4, воп. 1, спр. 297. Арк. 2, 5, 34, 36.

[51] Tripplin T. Dziennik podróży po Litwie i Żmudzi odbytej w 1856 r. T.I. Wilno, 1858. S. 21.

[52] Госцеў А., Ігнатовіч Ф., Талерчык А. Ізідор Нагумовіч - лекар і грамадскі дзеяч першай паловы ХІХ ст. // Дзеячы аховы здароўя і медыцынскай навукі Беларусі і Літвы на пераломе ХVІІІ-ХІХ ст. Мат. навук-практ канф. Гродна. 1992. С.73-76; НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 434. Арк. 3; воп. 20, спр. 598. Арк. 1-7; Ф. 2, воп. 36, спр. 1728. Арк. 1, 3, 12

[53] Россия под надзором. Отчеты ІІІ отделения. 1827-1869. Москва, 2006. С. 39-40.

[54] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, спр. 186.

[55] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 112. Арк. 5.

[56] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 32, спр. 1. Арк. 35-36; воп. 27, спр. 286. Арк. 1-2; фонд. 6, воп. 1, спр. 226. Арк. 5, 10-15, 21.

[57] Śliwowska W. Zesłańcy polscy w Imperium Roszjskim w pierwszej połowie XIX wieku. Warszawa., 1998. S. 107, 475.

[58] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 469.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX