Вярнуцца: Радзюк Алесь

Злачныя мясціны Гародні ў другой палове ХІХ ст.


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 17-07-2013,
Крыніца: Гарадзенскі палімсест 2011. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры. ХVI-XX ст. / Мінск: выдавец Зміцер Колас, 2012. - с. 231-259.

Спампаваць




На бытавым узроўні тэрмін "злачная мясціна" атаесамляецца ў першую чаргу з месцам дзе адбываецца п'янства і распуства. Менавіта ў такім сэнсе гэты фразеалагізм замацаваны сёння ў некаторых слоўніка [1]. Найбольш трапна пад гэтыя характарыстыкі, на нашу думку, падыходзяць піцейныя ўстановы і публічныя дамы. Менавіта яны з'яўляюцца галоўным аб'ектам дадзенага даследавання.

Вывучэнне злачных мясцінаў Гародні другой паловы ХІХ ст. аказалася справай даволі складанай. Падчас працы над тэмай выявілася, што шынкі і падобныя ім установы траплялі ў сферу інтарэсаў мясцовых і цэнтральных уладаў амальшто выключна ў сувязі з правядзеннем нейкіх фіскальных ці санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў. У сваю чаргу, публічныя дамы цікавілі афіцыйныя органы ў асноўным з пункту гледжання захавання пазітыўна-стабільнай сітуацыі з венерычнымі захворваннямі ў горадзе і рэгіёне. Зразумела, што падобны, аднабаковы падыход абмяжоўвае магчымасці сучасных даследчыкаў у раскрыцці найбольш сутнасных аспектаў, што звязаны з функцыянаваннем злачных мясцінаў. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гародні, на падставе базы крыніц якога напісаны гэтагы артыкул, адсутнічуюць фонды гарадской паліцыі і жандармерыі. Таму, інфармацыю прыйшлося, літаральна, здабываць па зярнятках, прасейваючы тузіны спраў у "данясеннях гарадзенскага паліцмайстара аб надзвычайных падзеях, што адбыліся ў горадзе" за нейкі адрэзак часу. Але і гэты від крыніцы (нягледзячы на тое, што былі перагледжаны сотні падобных дакументаў), не дае цэласнай карціны па абранай тэме. Усё гэта, у сваю чаргу, абумовіла пэўныя хібы ў дадзеным даследаванні.

Тэрмін "піцейная ўстанова" з'яўляецца абагульняючым для азначэння рознага кшталту гандлёвых кропак, у якіх адбываўся гандаль спіртнымі напоямі і таму патрабуе расшыфроўкі. Зрабіць гэта няпроста, бо ў справаводстве другой паловы ХІХ ст. для яго азначэння выкарыстоўвалася некалькі сінанімічных выразаў, а калі-нікалі тая ж самая ўстанова акрэслівалася рознымі словамі. У пераважнай большасці выпадкаў у дачыненні да месца продажу спіртных напояў (як для распіцця на месцы так і на вынас) улады стасавалі тэрмін "піцейная ўстанова". Таксама дзеля гэтых мэт даволі часта выкарыстоўвалі сінонімы - "шынок" і "карчма". Канечне, па свайму функцыянальнаму прызначэнню і іншым характарыстыкам гэтыя ўстановы не былі ідэнтычнымі адна адной. Але ў дакументах таго часу гэтая розніцца часта нівеліравалася: "Глік заявіў, што тры рамізнікі ўцягнулі ў яго піцейную ўстанову , што на Марыінскай слабадзе каля Скідзельскай заставы мерцвяка … сцягнулі з воза (мёртвага) жыда і ўнеслі ў карчму Гліка" [2]. Паказальным у гэтым выпадку з'яўляецца прыклад шынка "Сакрэт", які ў двух дакументах, што датуюцца 1851 г. адным і тым жа чыноўнікам у розных месцах акрэсліваецца як " піцейная установа ", " заезны дом ", " карчма" і " шынок " [3]. Іншае культавае гарадзенскае месца другой паловы ХІХ ст. "Пагулянка" ў пісьмовых крыніцах называецца то карчмой, то піцейнай установай. Таму, надалей у некаторых выпадках мы таксама будзем карыстацца гэтымі азначэннямі ў якасці сінонімаў (хаця гэта і незусім правільна).

Падобная тыпалагічная градацыя была вельмі істотнавя ў першую чаргу для тагачасных уладаў: у залежнасці ад тыпу той ці іншай піцейнай установы ў дачыненні да яе дзейнічалі розныя нормы адпаведных прававых актаў (у першую чаргу піцейнага статута), што вызначалі час працы, асартымент гандлю, катэгорыі наведвальнікаў і г.д. Каб плаціць меншыя грошы ў мясцовы бюджэт і мець іншыя прэферэнцыі, гаспадары піцейных даволі часта выдавалі свае ўстановы за іншы тып, чым ён быў насамрэч. Найбольш часта для легалізацыі сваёй дзейнасці па продажы моцных напояў гарадзенскімі шынкарамі выкарыстоўвалася назва " харчэўня ". Па звестках мясцовых уладаў першая кропка грамадскага харчавання падобнага кшталту з'явілася ў Гародні ў 1848 г. [4], а ў 80-я гады ХІХ ст. яна адназначна дамінавала сярод усіх аналагічных устаноў.

У 1882 г. гарадзенскі паліцмайстар распачаў сапраўдную кампанію супраць псеўдахарчэўняў. Ён літаральна закідаў губернскія ўлады скаргамі аб тым, што ўсе наскрозь установы губернскага цэнтра, якія па патэнтах і шыльдах значацца як "харчэўні" не адпавядаюць свайму статусу: " У харчэўнях, як і ў тракцірных установах, павінны быць рознага кшталту закускі, як халодныя, так і гарачыя, а таксама і продаж гарбаты ". У гарадзенскіх жа харчэўнях, у большасці выпадкаў, асартымент гандлю абмяжоўваўся спіртнымі напоямі і халоднымі закускамі. Шынкарам падобны стан рэчаў быў толькі на руку, бо, як сцвярджаў паліцмайстар, у падобным выпадку ім " прадстаўляецца права ажыццяўляць гандаль у святочныя і нядзельныя дні, а таксама падчас службы ў цэрквах" [5]. Да таго ж статус харчэўні даваў магчымасць гаспадару размясціць яе ў найбольш прывабных для гандлю кропках і не вымагаў, як у выпадку з піцейнымі захоўвання адпаведных дыстанцый да культавых, вайсковых, губернскіх устаноў [6]. Акрамя таго, выхаванкам розных навучальных устаноў уваход у харчэўню ў адрозненні ад піцейнай не быў забаронены, з чаго некаторыя гарадзенскія вучні і карысталіся [7].

Багатае справаводства другой паловы ХІХ ст. зафіксавала іншыя назвы і тыпы піцейных устаноў, што функцыянавалі ў Гародні на той час. Акрамя вышэй узгаданых шынкоў, піцейных устаноў, заезных (пастаялых) дамоў, і харчэўняў гэта былі тракціры (іх колькасць на працягу вызначанага часу заставалася досыць малой), рэстарацыі (удзельная вага якіх увесь час павялічвалася). Гэтыя два тыпы ўстаноў мелі права весці гандаль спіртнымі напоямі толькі "распівачна" - г.зн. на месцы. Да гэтай жа групы таксама можна аднесці і " аўстэрыі ", якія спарадычна ўзгадваюцца ў дакументах за розныя гады.

Вінныя склепы (іншыя назвы рэнскавыя або рэйнскія склепы), піўныя лаўкі , портарныя лаўкі былі досыць звычайнай з'явай для гарадзенцаў другой паловы ХІХ ст. Але ў адрозненні ад тых жа самых тракціраў яны не мелі права адпускаць алкагольныя вырабы на вынас (што праўда гэтае правіла далёка незаўсёды выконвалася). У 1850 г. у Гародні была прадпрынята спроба ўтварыць такзваныя " водачныя выставы " "падчас Петрапаўлаўскага кірмашу, што на Скідзельскай заставе і на Сянной плошчы падчас базарных дзён". Але сам ініцыятар гэтай задумкі гарадзенскі паліцмайстар быў вымушаны адмовіцца ад яе ў сувязі з тым, што павышаны попыт на спіртныя напоі ў азначаныя дні маглі задаволіць традыцыйныя шынкі [8]. Магчыма азначаны тып піцейнай установы замацаваўся ў канцы 50-х гадоў ХІХ ст. ужо пад іншай назвай - " шторфных" і " вядзёрных" лавак , якіх налічвалася на той час у горадзе 8 штук [9]. Цікава, што ў іншых гарадах і мястэчках Гарадзенскай губ. (за выключэннем Беластока і Драгічына) падобны тып піцейных устаноў на той час адсутнічаў.

Даволі часта ў дакументах узгадваюцца буфеты . На працягу вызначанага часу гэта былі ў большасці сваёй часовыя ўстановы, якія адчыняліся ў сувязі з правядзеннем нейкага мерапрыемства (маскарад, баль, танцы, падчас прыезду цырка і г.д.), ці на некаторы адрэзак часу (летам у гарадскім садзе ці іншым месцы адпачынку гарадзенцаў). Пры наяўнасці адпаведнага дазволу яны таксама маглі ажыццяўляць продаж алкаголю, што аўтаматычна пераводзіла іх у лік злачных мясцінаў. Яскравым доказам гэтаму з'яўляецца буфет "Аркадзія", што дзейнічаў у 1898 г. у Панемунскім лесе ў летнім павільёне - месца "разгула і п'янства" [10]. Больш ці менш рэгулярны характар функцыянавання ў другой палове ХІХ ст. мелі буфеты ў гарадскім тэатры і на чыгуначным вакзале, але яны, здаецца, моцныя напоі наведвальнікам не рэалізоўвалі.

У канцы стагоддзя ў Гародні ўзнікаюць новыя тыпы піцейных устаноў, новыя адценні набывае дзейнасць традыцыйных. Чаго варта толькі такое спалучэнне ў адным як "склеп рускіх він і пейсахавай гарэлкі " [11]. Шырокае распаўсюджаванне набываюць піўныя лаўкі , якія пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі становяцца асноўным відам прыватнаўласніцкіх гандлёвых кропак падобнага кшталту. Таксама ў дакументах сустракаюцца такія назвы як "рэстаран-кухмістарская для яўрэйскага насельніцтва", "закусачная", "чайная з закускай" і г. д. У 1899 г. па ініцыятыве капітана парахода "Русалка" Роберта Александровіча, адчыніў свае дзверы буфет на гэтым судне, што рабіла рэйсы паміж Гародняй і Мастамі [12].

У адрозненні ад усіх вышэй пералічаных, наступны тэрмін не быў у які небудзь спосаб адлюстраваны на гарадзенскіх шыльдах ці нават афіцыйных справаздачах. " Кабак " - гэтае слова адмыслова выкарыстоўвалася цывільнымі і вайсковымі ўладамі, калі яны хацелі падркрэсліць негатыўны складнік функцыянавання мясцовых піцейных устаноў. Яно сустракаецца не так часта, але той сэнс, які ў яго ўкладваўся найбольш трапна адпавядае таму азначэнню, што характаразуе злачныя мясціны. " Тракцір яго з'яўляецца месцам п'янага разгула ", - дзяліўся ўражаннямі чыноўнік акцызнага ведамства ад наведвання піцейнай установы Васілеўскага, што месцілася на Сянной плошчы ў доме жыда Любіча, - " пакідае ўражанне дарэформенага кабака " [13].

Увогуле цывільныя і вайсковыя ўлады даволі часта ўжывалі адмоўныя азначэнні для характарыстыкі гарадзенскіх піцейных устаноў і таго, што ў іх адбывалася. Словы "прытон", "распуства", "парок", "п'янства", "разгул" - гэта не поўны пералік тых штампаў, якія трывала замацаваліся за падобным тыпам устаноў у свядомасці тагачасных людзей і, адпаведна ў гістарычных крыніцах. Але такі спосаб успрыняцця шынкоў не быў адзіным. Ён цалкам супярэчыць тым ацэнкам, што сустракаюцца на старонках дакументаў, аўтарамі якіх з'яўляюцца гаспадары гэтых самых устаноў. З іх слоў вынікае, што гарадзенскія шынкі - гэта ледзь не прытулак для ягнятак: " Вядома, што звычаі і норавы ўсіх станаў кожнага краю розняцца. Тут ( у Гародні - А.Р. ) наведваюць піцейныя ўстановы і бяседуюць ( у беларускай мове тэрмін "бяседа" азначае "збор людзей за пачастункамі" - А.Р .) у іх прыстойным чынам і людзі сярэдняга, а калі-нікалі і вышэйшага класа, таму што многія піцейныя ўстановы складаюцца з некалькіх чыстых пакояў, што ўпрыгожаны мэблямі… " [14] - адзначаецца ў калектыўным лісце (больш за 30 подпісаў) шынкароў на імя губернатара фон Галера ў 1863 г. Чыя ж ацэнка дзейнасці гарадзенскіх піцейных устаноў больш адпавядае рэчаіснасці?

Пачнем з кантынгента, які наведваў мясцовыя піцейныя ўстановы. Як сведчаць дакументы таго часу публіка была досыць стракатай. У розных крыніцах за розныя гады ў пераліку наведвальнікаў сустракаюцца ўзгадкі аб сялянах, жыдах-фактарах, пісарах, бухгалтарах і іншых чыноўніках, майстравых людзях, пекарах, карэтніках, фельдфебелях, жанчынах, краўцах, фельдшарах, "рабочых людзях", сакрэтных агентах, канечне ж рамізніках і г.д. У адным з дакументаў, што датуецца 1898 г. уладамі праведзены падзел публікі адного з грамадскіх месцаў харчавання на "чыстую і майстравых". У мастацкай кнізе В. Рабіна (размова аб якой больш грунтоўна будзе ніжэй) акцэнт робіцца на наведальніках розных рабочых прафесій: " У суботу ўвечары ў ( харчэўні - А.Р. ) Шымен-Лейвы збіраюцца заўсёднікі шынка - рыбнікі, грузчыкі, дрывасекі і чорнарабочыя. З дня ў дзень прыходзяць яны сюды прапусціці чарку гарэлкі, выпіць чарку віна… " [15]. Вучні навучальных устаноў Гародні сярод кліентаў шынкоў павінны лічыцца хутчэй як выключэнне чым правіла. Хаця прыклад суседняга Беластока. дзе была выдадзена адмысловая газета-аднаднеўка гумарыстычнага складу пад назвай "Бальны веснік (нумар першы і апошні)", пакідае багатую глебу да разважанняў у гэтым кірунку.

Вайскоўцы з'яўляліся надзвычай важным элементам у функцыянаванні гарадзенскіх піцейных устаноў. З аднаго боку - гэта быў галоўны боль, бо досыць часта яны былі прычынай розных непрыемных здарэнняў, сутычак і боек, як напрыклад у выпадку, што датуецца красавіком 1879 г.: "на Іерусалімскай вуліцы ў піцейнай установе Моўшы Сегаловіча ўвечары рабочыя купца Лейпунскага пачалі бойку з салдатамі, адзін з іх кідаючы камяні трапіў у іншага салдата-мінака, якога гашпіталізавалі" [16]. З іншага боку, салдаты і афіцэры займалі пачэснае месца сярод наведвальнікаў тых жа самых шынкоў. Аб тым, што вайскоўцы (як вышэйшыя, так і ніжэйшыя чыны) былі ласыя да выпіўкі сумнявацца не выпадае: "унтар-афіцэр 9-ай роты Стараінгермаландскага палка Лука Вярбіцкі а 14-й гадзіне самавольна адлучыўся за горад у карчму Ласосну зкуль а 19-ай быў прынесены ніжнімі чынамі непрытомны п'яны на кватэру, дзе пры аказанні медычнай дапамогі праз 10 хвілін памёр" [17]. Акрамя таго, вайскоўцы, ці больш дакладна іх размяшчэнне ў горадзе, непасрэдным чынам уплывалі на лакалізацыю мясцовых шынкоў: " у сувязі з непарадкамі, якія робяць ніжэйшыя чыны 26-ай артылерыйскай брыгады, што размешчаны ў казармах за Скідзельскай заставай … у сувязі з тым, што на Іерусалімскай вуліцы, а таксама і на Слабодцы па блізкасці тых казармаў утварылася мноства жыдоўскіх кабакоў... " скардзіўся і прасіў разабрацца вышэйшы афіцэрскі чын гэтай часткі [18].

У калектыўным лісце шынкароў, які прыводзіўся вышэй, падкрэсліваецца досыць прыстойнае ўнутранае начынне і выгляд гарадзенскіх піцейных устаноў. Нажаль, недахоп крыніц па гэтым прадмеце не дае нам магчымасці пацвердзіць ці абвергнуць гэтае сцвярджэнне. Урывачныя звесткі па гэтым прадмеце даюць вельмі мала інфармацыі для нейкіх грунтоўных высноў. Але нават тыя нешматлікія дадзеныя, якія сустракаюцца ў розных дакументах, даюць падставу сцвярджаць, што большасць піцейных устаноў другой паловы ХІХ ст. былі размешчаны, зусім не ў адмысловых, створаных выключна дзеля гэтых патрэб будынках. Пад шынок мог быць прыстасаваны фактычна любы звычайны дом (неабавязкова камяніца) любога жыхара Гародні. Прыведзены вышэй прыклад аб імгненным павелічэнні колькасці шынкоў на адной з вуліц гораду ў сувязі з дыслакацыяй у тым раёне вайсковай часткі з'яўляецца пацверджаннем гэтай тэзы. Сапраўды, не маглі ж жыды ў такі кароткі прамежак часу пабудаваць і абсталяваць там пэўную колькасць адмысловых шынкоў? Куды прасцей было атрымаць ад губернскіх уладаў патэнт (ліцэнзію) на ажыцяўленне адпаведнай дзейнасці і прыстасаваць дзеля гэтага ўжо існуючыя будынкі: " Васіль Грынкевіч, гаспадар піўной лаўкі на Занёманскім фарштаце (абвінавачаны) у прадстаўленні для промысла сваёй кватэры…, якая аддзелена ад лаўкі толькі перагародкай з дошак" [19]. У падобным выпадку ўлады патрабавалі ад гаспадароў выканання пэўных умоў (размова аб якіх больш грунтоўна пойдзе ніжэй), адной з якіх з'яўлялася абавязковая наяўнасць асобнага ўваходу ў памяшканне дзе ажыццяўляўся гандаль. Таксама катэгарычна забаранялася каб наведвальнікі маглі з піцейнай установы нейкім чынам трапіць у жылую частку памяшкання. Што праўда, гэтае правіла (як дарэчы і многія іншыя) не заўсёды выконвалася, але нейкім чынам абыходзілася: "у момант наведвання лаўкі…, што месціца ва ўласным яе доме па Мясному завулку, яны ( чыноўнікі - А.Р .) заспелі ў сенцах яе кватэры, якая знаходзіцца каля піўной лаўкі двух сялян, якія пілі піва … і што піва было дадзена ім з піўной лаўкі разам дзвюмя шклянкамі… " [20].

Грунтуючыся на дадзеных, якія паходзяць з розных дакументаў, можна сцвярджаць, што піцейныя ўстановы (ці частка з іх) складаліся з аднаго ці некалькіх пакоеў, мелі (барную) стойку, сталы і лавы. Некаторыя шынкі былі абсталяваныя лядоўняй для захавання харчовых прадуктаў. Узгадкі пра наяўнасць у шынках більярда датуюцца 60-мі гадамі ХІХ ст. [21], але сапраўдны масавы харктар гэты від баўлення часу набыве ў канцы стагоддзя, аб чым сведчаць шматлікія звароты гаспадароў да ўладаў з просьбамі дазволіць ім трымаць гэты від забавы (пры тым што стол для більярда каштаваў зусім не танна - да 800 руб. [22]) У гэты ж час у найбольш заможных рэстарацыях з'яўляюцца "музычныя скрыні-аўтаматы" (ігральныя шафы) [23].

Куды больш поўную карціну таго як выглядалі мясцовыя шынкі дае нам мастацкая літаратура. І ў першую чаргу, асноўным экспертам у гэтым пытанні выступае жыдоўскі пісьменнік Восіп Рабін, які нарадзіўся і правёй сваё юнацтва ў Гародні, а ў сталыя гады стварыў цэлы летапіс жыдоўскага жыцця нашага горада ў ХІХ ст. заснаваны, дарэчы, на многіх рэальных фактах. З улікам усіх асблівасцяў, якія ўласцівы такому віду крыніц, гэты твор, тым не менш, варты даверу. Такім чынам, у адпаведнасці з В. Рабінам традыцыйная жыдоўская харчэўня (паралельна аўтар таксама стасуе тэрмін шынок) ХІХ ст. выглядала наступным чынам: " У харчэўні Шымена-Лейвы падлога сёння ўсыпана апілкамі. За буфетнай стойкай, якая застаўлена півам і вінамі, чакаючы гасцей уладкаваўся сам гаспадар. З боку кухні ідзе водар апетытных буракоў (баршча)… Пасярод пакоя на стале месціцца вялікі пузаты самавар. На усіх канцах стала расстаўлены гліняны посуд, раскладзены алавяныя лыжкі, драўляныя сальнічкі. У глыбокай місе накрышана хала …" [24].

Не да канца зразумела ці былі ўсе шынкі таго часу абсталяваныя шыльдамі. Улады патрабавалі ад шынкароў каб на адпаведным будынку абавязкова прысутнічаў вонкавы атрыбут, які б сведчыў аб характары дзейнасці гэтай установы: " Прыстаў першай часткі Гародні … прыбыў у домік мешчаніна Мойшы Пазняка для агляду піцейнай установы … да якога разраду яна належыць па патэнту і ўнутранаму ўстройству і ці мае адпаведную шыльду" [25]. Натуральна, што гаспадары таксама былі зацікаўленыя ў тым, каб неяк азначыць месца сваёй гандлёвай актыўнасці. Але разам з тым, на іканаграфічных дакументах другой паловы ХІХ ст. у тым ліку і на малюнках Н. Орды, які з фатаграфічнай дакладнасцю замаляваў сярод іншага і цэнтральную частку горада і занёманскі фарштат і ўезд у Гародню - нідзе няма падобных адзнак. Яшчэ больш цьмянасці дадае ў гэтым пытанні ўжо не раз узгаданы В. Рабін, які піша: " …Шыман-Лейві адчыняе сваю харчэўню "Сем грошай". Уласна, шыльды з такой назвай няма, нідзе яна ( назва - А.Р.) не ўзгадваецца, але кожны ведае дзе гэтая харчэўня знаходзіцца" [26]. З усяго гэтага вынікае, што піцейныя ўстановы таго часу хутчэй за ўсё не мелі адмысловых шыльдаў з уласнымі назвамі, а былі пазначаны толькі агульнаінфармацыйнымі знакамі. Аб гэтым, між іншым, сведчаць словы з рапарта гарадзенскага паліцмайстара, што датуюцца 1882 г.: " усе гэтыя ўстановы, на шыльдах якіх ёсць надпіс "харчэўня", з'яўляюцца нічым іншым як піцейныя дамы " [27].

Такім чынам, супастаўляючы прадстаўленыя вышэй два погляды на гарадзенскія піцейныя ўстановы, можна канстатаваць, што тая ідэалістычная карціна, якая была прэзэнтавана ў калектыўным лісце гарадзенскіх шынкароў не зусім адпавядала рэчаіснасці. Тым больш, што шынкі, як гэта вынікае нават з тых прыкладаў, якія былі прыведзены вышэй, зусім нельга аднесці да месцаў дзе людзі збіраліся для "прыстойнай бяседы".

Абраныя рамкі даследавання звязаны з рэвлізацыяй уладамі некалькіх вельмі істотных кампаній у дачыненні да ўсяго піцейнага бізнесу, якія радыкальным чынам паўплывалі на ўсю сістэму гарадзенскіх піцейных устаноў. 1848 г. - гэта тая дата, калі ў Гародні была праведзена спроба значнага скарачэння колькасці гэтага кшталту мясцін. У гэты год гарадскі магістрат спахапіўся, што лічба піцейных устаноў у Гародні не адпавядае тым нормам, якія дапускаліся палажэннем аб акцызным зборы. Аказалася, што гэты дакумент дазваляў мець у горадзе не больш чым 1 шынок на 10 дамоў. У Гародні ж колькасць піцейных устаноў на той час рознымі асобамі ацэньвалася ў 500 ці 250 шынкоў [28]. Хаця другая лічба з'яўляецца больш верагоднай, усё роўна, нават яна выглядае фантастычнай. З улікам таго, што колькасць жылых дамоў у горадзе на той час складала каля 1 тыс., атрымоўваецца, што ў кожнай чацвертай хаце Гародні (за выключэннем дзяржаўных і рэлігійных устаноў) месціўся шынок ці нешта падобнае. Перафразуючы неўмяручых класікаў савецкай літаратуры І. Ільфа і Я. Пятрова пра наш горад можна сказаць, што "У губернскім горадзе N было так шмат шынкоў ды тракціраў, што здавалася людзі ў горадзе нараджаюцца затым, каб выпіць і закусіць".

Канечна ж гарадскія ўлады не маглі прымірыцца з парушэннем нейкага параграфа нейкай інструкцыі. Натуральна, што імі была распачата кампанія па скарачэнню колькасці піцейных устаноў у горадзе. Можна толькі ўявіць, якая рэакцыя чакала іх з боку гаспадароў усіх гэтых шынкоў, якія шырокія перспектывы для карупцыі прадстаўляла правядзенне гэтай акцыі (неабходна было пакінуць толькі 110, а " астатнія 140 падвергнуць ліквідацыі " [29]). Мусіць справа зацягнулася на гады, бо згодна з афіцыйнай статыстыкай (гадавая справаздача гарадзенскага паліцмайстара) у 1850 г. у Гародні працягвала існаваць 240 піцейных дамоў, 7 склепаў він, 5 тракціраў і гатэляў [30].

Наступныя дадзеныя па гэтым прадмеце сведчаць, што з цягам часу ўладам удалося дабіцца свайго: лічба злачных мясцінаў у горадзе скарацілася. Так, статыстыка за 1858 г., якая нажаль не можа лічыцца дакладнай ужо з тае прычыны, што не ўлічвае тыя злачныя мясціны, якія знаходзіліся ў руках гаспадароў хрысціян, зафіксавала лічбу ў 66 піцейныя ўстановы, 13 заезныя двары і 4 склепы замежных він [31]. Наступныя дадзеныя, што ўдалося выявіць па гэтым прадмеце, тычыцца ўжо 1880 г., калі ў горадзе было зафіксавана 110 піцейных устаноў [32]. З уліком таго, што ўсё насельніцтва Гародні на той час складала 36020 чалавек атрымоўваецца, што 1 шынок прыпадаў на 327,5 гарадзенцаў (уключаючы сюды і малых). У параўнанні з іншымі гарадамі губерні Гародня па гэтым паказчыкам не была лідарам, а саступала Брэсту, дзе ў 1880 г. налічвалася амальшто ў паўтары разы больш аналагічных устаноў. У наступныя гады колькасць шынкоў па гораду заставалася больш ці менш стабільнай: улады стала кантралявалі іх лічбу і адмаўлялі ў просьбах на адкрыццё новых у выпадку, калі яна дасягала нейкай дапусцімай планкі [33]. Такім чынам, з улікам тых дадзеных, што прыводзяцца ў Дадатку№1 вынікае, што колькасць піцейных устаноў у Гародні ў другой палове ХІХ ст. вагалася ад 80 да 250. Іншыя лічбы, якія ўдалося выявіць па гэтым прадмеце, знаходзяцца ў гэтым прамежку [34].

Даволі цікавыя звесткі аб гарадзенскіх шынках і іх гаспадарах утрымлівае дакумент, які прадастаўлены ў Дадатку №1 . Па-першае, ён дае адказ на пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці гаспадароў (арандатараў) гарадзенскіх піцейных мясцін. У адпаведнасці з гэтай крыніцай колькасць шынкароў хрысціян і жыдоў на той час мела адносіны як 1 да 10. Дарэчы, на пачатку 80-х гадоў гэтая дыспрапорцыя была яшчэ больш выразнай. Тады са 110 гарадзенскіх шынкоў толькі 4 належыла неіўдзеям [35] (для параўнання - у Беластоку на той час шынкароў-хрысціян не было ўвогуле). У структуры хрысціянскага насельніцтва, што займалася гэтай справай цягам ХІХ ст. было шмат сялянаў і выхадцаў з вёскі, што мянялі свой ранейшы статус і станавіліся мяшчанамі. Некаторыя з іх набывалі ў горадзе камяніцы, станавіліся гаспадарамі рэстарацый, але не маглі нават паставіць свой роспіс пад дакументам [36]. Па-другое, дзякуючы гэтаму спісу можна даведацца, што каля 2/3 "тракцірных" устаноў месціліся ва ўласных хатах шынкароў і толькі 1/3 арандаваліся. Таксама звяртае на сябе ўвагу высокая ўдзельная вага ў спісе шынкароў-жанчын. Па трэцяе, гэты дакумент дае інфармацыю аб размяшчэнні: каля 20% піцейных устаноў знаходзілася на левым беразе Нёмана, а яшчэ прыкладна 30% лакалізаваліся на чатырох асноўных вуліцах: Садовай, Саборнай, Падольнай і Маставой. Дарэчы, у параўнанні з 1858 г. яны здабылі для сябе ў горадзе новыя тэрыторыі, бо калі верыць папярэдняму дакументу, на той час іх размяшчэнне ў Гародні абмяжоўвалася 5-6 вуліцамі ў цэнтры і занёманскім фарштатам [37].

31 чэрвеня 1896 г. стаў, пэўна, апошнім днём у дзейнасці большасці піцейных устаноў Гародні. На наступны дзень уладамі была рэалізавана кардынальная рэформа ўсёй сістэмы гандлю спіртнымі напоямі. У выніку ўвядзення дзяржаўнай манаполіі забараняўся раздроблены (распівачны) продаж алкагольных вырабаў (у тым ліку і піва) прыватнымі асобамі. Дазваляўся гандаль толькі "на вынас". Канечне ж падобнае мерапрыемства карэнным чынам ламала ўсю тую структуру злачных мясцінаў, што складвалася дзесяцігоддзямі. Гаспадары ранейшых шынкоў і іншых падобных устаноў фактычна засталіся без працы і павінны былі тэрмінова мяняць накірунак сваёй дзейнасці. Некаторыя з гарадзенскіх шынкароў (дадзеныя тычыцца выключна жыдоўскіх гаспадароў) перакваліфікаваліся ў гандляроў, некаторыя засталіся ў сферы грамадскага харчавання, але змянілі профіль сваіх устаноў на закусачныя, харчэўні, сталовыя, чайныя і нават заняліся продажам кваса. Некаторыя так і не знайшлі сабе занятку ці былі нават вымушаны з'ехаць з Гародні [38].

Канечне ж такая падзея, як закрыццё старых шынкоў і пераход да новай сістэмы рэалізацыі спіртных напояў, мела вялікі рэзананс сярод ўсёй мясцовай супольнасці. Праміж жыхароў Гродзенскай губ. хадзілі чуткі, " што віно (у сэнсе гарэлка) будзе горшым, слабейшым, з вялікімі недамерамі, што віно можна будзе набываць толькі пасля атрымання на тое пасведчання ад валаснога праўлення ці духавенства …" [39]. Улады таксама баяліся рэакцыі гараджан на падобныя змены і таму мусілі арганізаваць у Гародні (як дарэчы і ў Беластоку і Брэсце) паліцэйскія пасты ў першыя дні дзяржаўнай манаполіі бліжэй да вінных лавак [40].

Цягам усяго часу, у рамках якога адбываецца даследаванне, улады імкнуліся да рэгламентавання не толькі колькасці, але і іншых праяў дзейнасці піцейных устаноў. Агульнадзяржаўныя правілы піцейнага промыслу забаранялі мець шынкі бліжэй за 150 сажань ад казармаў, за 40 сажань ад культавых пабудоў, працаваць у нядзелю ці "табельныя дні", пакуль у храмах не скончыцца імша і г.д. [41] Асобным галаўным болем афіцыйных органаў было недапушчэнне дзейнасці шынкоў у межах такзванай "адкупной двухвёрстнай дыстанцыі", калі забаранялася існаванне любых піцейных устаноў на адлегласці менш чым дзве вярсты ад горада. На падставе агульных, гарадскія ўлады распрацоўвалі адмысловыя мясцовыя правілы для падобных устаноў. Так, у адпаведнасці з "Абавязковымі пастановамі аб ажыццяўленні ў г. Гародні тракцірнага промыслу", што былі складзены гарадской Думай у лістападзе 1893 г. шынкарам прадпісвалася мець патэнт на відавоку, буфет для моцных напояў, асобную кухню, склеп, трымаць прыбіральню у чысціні, дазвалялася працаваць з 7 да 23 гадзін (больш за гэты час - толькі з адмысловага дазволу), забаранялася занавешваць шыбы і г.д. [42] Разам з тым, азначаныя пастановы замацоўвалі жорсткія абмежаванні на месцазнаходжанне шынкоў. Не дазвалялася мець піцейныя ўстановы: "1. на Рыбацкай слабодцы і паўночна-заходняй частцы горада, якая абмяжоўваецца р. Нёманам, зямельнай граніцай горада да Грандзіцкай дарогі і архіерэйскага маста, а адсюль ярам пад гэтым мастом да р. Гараднічанкі, уніз па яе плыні да маста на Віленскім перавулку, а адтуль … да ўпадзення гэтай рэчкі ў Нёман; 2. У мясцовасці, што размешчана на паўднёва-усходняй частцы горада за выключэннем Падольнай вуліцы ад чыгуначнага маста да дома Легача ўключна ў наступных граніцах …" [43].

Як вядома кожнае дзеянне спараджае супрацьдзеянне. Не былі выключэннем у гэтым выпадку гаспадары шынкоў ды іх заўсёднікі, якія калі ўпотай, а калі непрыхавана парушалі азначаныя правілы ды не толькі іх. Нягледзячы на жорсткі кантроль з боку адпаведных акцызных службаў, паліцмайстраў, жандараў, начальнікаў участкаў і гараднічых у Гародні, як адзначаў ў сваім рапарце адзін з чыноўнікаў "бесперапынна адбываецца кормчаства" [44] (гэта значыць нелегальны, беспатэнтны продаж алкаголю). Дастаткова зірнуць на маштабы мясцовай кантрабанды, яе асартымент, каб пераканацца ў тым, што гэтае сцвярджэнне мае пад сабой рэальную аснову. "Левым" спіртам, ромам, аракам, портарам ахвотна карысталіся як легальныя, так і нелегальныя шынкары. Пры гэтым яны маглі сур'ёзна пастаяць у абарону свайго тавару, як, напрыклад, гэта зрабіла жыдоўская супольнасць, у выпадку калі тры чыноўнікі акцызнага збору разам з дзесятнікам і двумя радавымі паспрабавалі канфіскаваць бачонак (прыкладна 7 вёдзер) спірту ў Гіршы Следзя, які жыў на Казіным рынку. У выніку " сабраўся натоўп да сарака чалавек … кінуўся на іх з камянямі, паленнямі, сякерамі … і пачалі іх біць … выкралі бачонак ". Чыноўнік з прыкрасцю адзначаў, што " падобны гвалт адбываецца ўжо не першы раз, што акцызныя чыноўнікі кожны раз знаходзяцца ў страху " [45].

Але былі і іншыя, больш лагодныя спосабы супрацьстаяння ўладам. Яскравым прыкладам руху мірнага супраціву з'яўляюцца тыя падзеі, што адбываліся ў Гародні і наваколлі на пачатку 50-х гадоў ХІХ ст. Тады месцічы і ў першую чаргу жыды арганізавалі сапраўдную змову (" хейрым " па-жыдоўску) каб не купляць і не піць " ніякіх піцей у зоне водкупа " [46]. Тут адразу могуць ўзнікнуць сумненні наконт таго, што можа раптам яны ўсе асэнсавалі згубны ўплыў алкаголю і далучыліся да суполкі "Цвярозасць"? Але, не такімі былі гарадзенцы ў тыя часы. Калі было прынята тайнае рашэнне не купляць спіртное ў горадзе, то гэта зусім не азначала, што гэтага нельга было рабіць па-за яго межамі (і адначасова межамі чарачнага водкупу). Таму месцічы " цэлымі натоўпамі " накіроўваліся ў праславутую карчму "Сакрэт" (якая косткай сядзела ў горле ў афіцыйных уладаў), што тады месцілася па-за межамі двухвёрстнай мяжы.

Зразумела, што гэтая адная ўстанова не магла задаволіць попыту ўсіх жадаючых. Таму другім папулярным накірункам "п'янага шопінга" на доўгі час становіцца суседняе Каралеўства Польскае. " У сувязі з продажам у Царстве Польскім гарачых напоеў па больш нізкіх цэнах … жыхары, што жывуць уздоўж і каля мяжы, асабліва ж рабочы люд накіроўваюцца з гарадоў і мястэчак штодня ў вялікай колькасці нават па некалькі сот (!) чалавек на суткі ў межы Царства Польскага, дзе не толькі спажываюць на месцы …, але і прыносяць і прывозяць значныя партыі" [47] - скардзіўся начальнік гарадзенскага чарачнага водкупа Міхайла Тапчоў. А хадзіць далёка і не трэба было." З улікам мясцовых абставінаў…, па размяшчэнню Гародні пры вёсцы Ласосна (менавіта так, а не наадварот), дзе напоі добрай якасці прадаюцца па танных коштах, мясцовы піцейны збор прыносіць казне вельмі малую карысць ", [48] - адзначалася ў іншым лісце, датаваным ужо 60-мі гадамі.

У больш позні час народ вынайшаў іншыя спосабы здабыцця больш таннага спіртнога. Як адзачалася медычным дэпартаментам МУС у 1884 г. " у некаторых мясцовасцях Расіі насельніцтва спажыве ў якасці напоя адэкалон " [49]. Пры гэтым найбольшай папулярнасцю цешыўся "Народны адэканол № 10", які ўтрымліваў ад 60 да 80 % спірту па Тралесу. Невядома ці спажывалі гарадзенскія месцічы падобны парфюм дзеля гэтых мэт, але з пэўнасцю можна казаць, што ў канцы ХІХ ст. у нашым рэгіёне значным попытам карыстаўся (дарэчы як і ў канцы ХХ ст.) тэхнічны спірт. Чыноўнікі акцызнага ведамства неаднаразова затрымлівалі цэлыя транспарты з нейкай вадкасцю ў бочках, якая па накладных дакументах акрэслівалася як чорны неачышчаны шкіпідар ці спіртавы лак. " Транспарты гэтыя, мусіць, прызначаліся да адпраўкі на тайныя бровары, дзе вадкасці гэтыя лёгка пераўтвараюцца ў прыдатны для ўжытку моцны напой, які пасля свабодна збываецца ў рознага кшталту беспатэнтных шынках " [50]. Атрыманы ў выніку падобных дзеянняў сурагат карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народа " дзякуючы ўласціваму яму гаркаватаму смаку і больш моцнаму п'янючаму дзеянню ". Канцэнтрацыя падобных перагоначных заводаў у Беластоку, Брэсце, Бельскім уездзе дае падставу сцвярджаць, што такі промысел быў вядомы і ў нашым горадзе, тым больш, што гэты спірт пасля разліваўся ў бутэлькі з-пад казённага віна і рэалізоўваўся нават праз афіцыйныя кропкі гандлю (манаполькі) [51].

У сувязі з прыведзенымі фактамі хацелася б закрануць (канечне толькі павярхоўна) праблему схільнасці тагачаснага насельніцтва да спажывання спіртных напояў. Афіцыйныя таксама як і неафіцыйныя звесткі па гэтай праблеме носяць супярэчлівы характар. З аднаго боку сустракаюцца дадзеныя, якія сведчаць, аб значнай распаўсюджанасці гэтай шкоднай звычкі ў мясцовага насельніцтва. Як адзначана ў афіцыйнай гадавой справаздачы гарадзенскага земскага суда за 1855 г. " маральнасць тут у чорнага народа вельмі слабая ад навыка спажываць моцныя напоі па вялікай колькасці корчмаў і неадукаванасці… ". І сапраўды, калі звярнуцца зноў жа да афіцыйнай статыстыкі - зафіксаваныя там лічбы спажывання спіртных напояў уражваюць. У гадавой справаздачы губернатара за 1850 г. адзначана, што ў гэтым годзе ў Гародню было ўвезена 28245 вёдзер гарэлкі і 450 спірту. Зразумела, што не ўсё тое, што ўвозіцца абавязкова спажываецца. Але наступны радок з гэтай статыстыкі сапраўды ставіць у тупік: за год спажыта 27950 вёдзер гарэлкі і 450 вёдзер спірту (1 вядро = дваццаці бутэлькам = 12,299 літрам). Канечне ж гэтыя дадзеныя не адлюстроўваюць сапраўднай карціны спажывання спіртных напояў на душу насельніцтва ў Гародні. Магчыма, частка з гэтых моцнаў напоеў ішла на тэхнічныя патрэбы. Нельга таксама забывацца на вайсковую прысутнасць у горадзе. Але з іншага боку, гэтыя лічбы афіцыйныя - а колькі спіртнога пранікала па нелегальных схемах? А калі ўзгадаць тыя натоўпы, што штодня з адной толькі мэтай хадзілі за мяжу?

З усяго гэтага вынікае, што сапраўды, праблема п'янства была актуальнай і ў тыя часы. І не толькі сярод вайскоўцаў. Аналіз спісаў асоб, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі па Гародні нават за першую палову ХІХ ст. выяўляе там асоб, якія туды трапілі "за п'янства і …" (далей ідуць розныя варыяцыі - "гульня ў карты", "разбэшчаны лад жыцця" і г.д.). У другой палове стагоддзя, а калі больш канкрэтна - у 1864 г., па загаду М. Мураўёва ў горадзе была ўтворана адмысловая "камісія для выяўлення асоб, якія парушаюць грамадскі спакой". Гэтым органам былі выяўлены 16 месцічаў (сярод іх дваране, чыноўнікі, мяшчане, сяляне і г.д.), " заняткі якіх зводзяцца да пастаянага п'янства, выпрошвання міласціны па хатах і піцейных дамах " [52]. Па загаду віленскага генерал-губернатара 6 асоб з гэтага спісу (у каго былі сем'і, таго разам з блізкімі) былі высланы па этапу ў глыб Расіі. І гэта не быў адзіночны выпадак. Ёсць прыклады калі нават бацькі звярталіся да ўладаў з просьбамі аб высылцы іх дзяцей па тых жа матывах. Сяляне высылалі такіх асоб па прыгаворам грамады. Трагікамізм сітуацыі заключаецца ў тым, што Расія - гэта апошняя краіна куды можна высылаць за п'янства. Тым больш, як заўважыў адзін з акцызных чыноўнікаў, які мусіць на практыцы меў магчымасць параўнаць два гэтыя рэгіёны " сялянская маса ў паўночна-заходнім крае мала схільна да няўтомнага прапойства ў параўнані з насельніцтвам цэнтральных губерняў… " [53]. Але нават тут, трапляючы ў горад селянін набываў не толькі новы сацыяльны статус, але і новыя мадэлі паводзінаў. Як адзначаў мешчанін В. Акутовіч (паходзіць з в. Кашэўнікі), які набыў у складчыну з хлопцамі 4 вядры піва "Баварскага" і гранец гарэлкі: " Я рабочий человек нуждаюсь румки водки" [54].

Не толькі п'янства з'яўлялася характэрным атрыбутам гарадзенскіх злачных мясцінаў. Шматлікія факты сведчаць аб тым, што шынкі былі досыць неспакойнымі мясцінамі. У тым ліку і з крымінальнага гледзішча. Найбольш часта яны траплялі на старонкі паліцэйскіх данясенняў у сувязі з крадзяжамі. Сумы, што знікалі з кішэняў наведвальнікаў - гэта яшчэ адно сведчанне аб разнастайнасці сацыяльнага статуса публікі, што бавіла там час. "У піцейнай установе Зэльмана Кахманчыка ўдзень у жыда Аўзора Бодажа адбыўся крадзёж 1 руб. з кішэні Юдэлем Фрэйдовічам ". Справа дайшла да бойкі, у выніку якой пацярпелі два гарадавыя [55]. " Селянін Сакольскага ўезду Якаў Жыўко ў піцейнай установе Пайнаса на Сянной плошчы лёг спаць, у той час зайшоў мешчанін Моўша Неман, які ў Жыўко, што спаў выцягнуў з кішэні 50 руб. " [56] Канечне, у большасці выпадкаў гэта былі невялікія пакражы, але сустракаюцца і іншыя прыклады: " 12 студзеня 1876 г. а 6-ай гадзіне ўвечары ў сялян, якія прывезлі дровы (на продаж у Гародню - А.Р.) былі зведзены два кані з санямі ў той час як сяляне прадаўшы дровы кінулі коней на вуліцы, а самі зайшлі ў піцейную ўстанову і напіліся …" [57].

Ёсць некаторыя падставы меркаваць, што некаторыя шынкары былі звязаныя з крымінальным светам. На гэта, між іншым, указвае факт збыту крадзенага сітцу ва ўстанове Малкі Законавай [58] ці продажу ў адным з жыдоўскіх шынкоў Юдэлем-Давідам Эльгелем за 150 руб. машынкі вырабленай з гіпсу для фальшавання 10 кап. манеты [59]. Паказальна і тое, што пасля абрабавання гадзіннікавай майстэрні Залскялевіча (знікла 50 гадзіннікаў), пацярпелы адразу ж паказаў на шынкара Бажанскага як на аднаго з галоўных асоб, што падазраваліся ім у здзяйсненні гэтага злачынства. Пасля гэтага крадзены тавар цудоўным чынам вярнуўся да пацярпелага [60].

Разам з тым, шынкі (і іх гаспадары) самі неаднаразова станавіліся ахвярамі рабаўнікоў. " Уначы з 6 на 7 лістапада 1876 г. з ліку тых адпускнікоў (салдатаў), што ехалі па чыгунцы ... 7 з іх, калі цягнік прыпыніўся на 1,5 гадзіны пры тутэйшай станцыі, гвалтоўным чынам уварваліся ў піцейную ўстанову жыда Крынскага, што ў яго доме па Садовай вул., пабілі там шкло ў шыбах і некалькі бутэлек з гарэлкаю " [61]. Меньш пашчасціла арандатару карчмы "Аўгуставок", што месцілася ў маёнтку з аналагічнай назвай пад самай Гародняй. Уначы з 1-га на 2-га лістапада 1863 г. шынкар Янкель Бямштэйн пачуў груканне ў дзверы, " вырашыўшы, што гэта аб'езд, адразу ж адчыніў. У карчму ўвайшлі трое салдатаў з сякерамі … салдаты запыталіся ці няма ў вас мяцежнікаў… адзін з іх ударыў сякерай па галаве шынкара два разы… Адзін з іх ударыў сякерай у шафу і выбіў дошку, адчыніў шафу і вынуў з Бібліі пачак крэдытнымі білетамі ў 371 руб., маленькі мех з срэбранай манетай " [62] і г.д.

Цяжка ўявіць сябе тагачасны шынок без гвалту і боек. Цікава, што некаторыя з падобных канфліктаў мелі выразна міжнацыянальны характар. Што праўда, іх завадатарам выступаў не мясцовы элемент. Біліся не толькі з салдатамі. Прыстаў другой часткі Гародні Бюффонаў даносіў аб падзеі, што мела месца 7-га кастрычніка 1885 г. у шынку М. Крынскага, што на Купецкай вул.: " а 16-ай гадзіне ў піцейную ўстанову ў якасці наведвальнікаў зайшлі рускія рабочыя (трэба разумець стараабрадцы - А.Р.) ў колькасці да 15 чалавек, з ліку якіх трое пачалі без усялякае нагоды абражаць словамі наведвальніка жыда Мардхеля Смільке, што знаходзіўся ў той установе, а калі апошні пачаў ім адказваць, то троіца пачала наносіць яму абразы ўжо дзеяннямі. Шмілек выйшаў на вуліцу, а за ім рускія рабочыя, але ўжо не біліся. Да жыда далучыўся яго брат Лейба … і бойка зноў аднавілася… " Сярод пацярпелых быў і гарадавы [63].

Неаднаразова трапляў у крымінальныя звесткі і буфет, што на чыгуначным вакзале хаця ў ім, верагодней за ўсё, спіртнога не было. Пацярпеў ён падчас узгаданага вышэй налёту салдатаў-адпускнікоў, калі адтуль зніклі некалькі шклянак і іншая маёмасць. 19 ліпеня 1873 г. тут зноў адбыўся інцындэнт, які таксама быў звязаны з вайскоўцамі. " Чатыры афіцэры з жанчынамі верагодна лёгкіх паводзінаў прыбылі на станцыю чыгункі і патрабавалі каб ім адчынены быў буфет ". У выніку высвятлення адносін паміж імі з аднага боку і буфетчыкам Гоферам і яго сястрой з іншага " адзін з афіцэраў ударыў у твар Гоферу… Гофер адштурхнуў ад сябе афіцэра, які будычы ў нецвярозым стане ўпаў. Афіцэр гэты выйшаўшы на тэлеграфную станцыю паслаў наступную тэлеграму: " В Вильно генерал-губернатору Потапову . Мне на вокзале разбили голову, требую медицинской помощи. Жандармы бездействуют. Штабс-капитан … Цуриков " [64].

У злачнае месца, з уласцівымі яму атрыбутамі, вельмі проста магла ператварыцца любая мясціна, дзе ажыццяўляўся продаж віна ды гарэлкі. " Падчас маскараду ў летнім клубе г. афіцэры заўважыўшы жыда Берку Цяпліцкага, што стаяў каля дзвярэй клуба патрабавалі ад яго квіток на ўваход… Служачы гарадской думы жыд Шварц заўважыў, што не трэба груба звяртацца з публікай ", пасля пачаліся разборкі на ўзроўні "А ты хто такі?" Пры гэтым Шварц пакрыдзіўся на выкарыстанне ў дачыненне да яго асобы займенніка "ты" і абяцаў падаць скаргу на афіцэраў. " У гэты час карнет Херсонскі, выйшаўшы з буфета працягваў лаяцца на Лявіцкага (мясцовы чыноўнік, які прысутнічаў падчас ўсёй папярэдняй сцэны), які адказваў яму на дзёрзкасць дзёрзкасцю і Хярсонскі нанес удар Лявіцкаму па твару, Лявіцкі, маючы ў гэты час у руках палку нанес Хярсонскаму ўдар па галаве і палка разляцелася на кавалкі… " [65]. Падобныя ж жарсці назіраліся і падчас гарадзенскіх шляхетных (благородных) сходаў. Падчас аднаго з такіх мерапрыемстваў у 1880 г., што суправаджалася зноў такі маскарадам у клубе дайшло нават да страляніны. Завадырамі традыцыйна выступілі вайскоўцы, якіх нечым абразіў таварыш губернскага пракурора Сафяна: " надоечы вы пакрыўдзілі афіцэраў, за што б'юць ", - пачуў ён ў свой адрас. У адказ ён дастаў рэвальвар і стрэліў у афіцэра, які меўся пагрозу ажыццявіць на практыцы. Што праўда, куля прайшла міма і нікога не параніла [66]. Ва ўсіх рапартах, у якіх утрымлівалася апісанне падобных падзей, звяртае на сябе ўвагу цікавая дэталь: іх аўтар, гарадзенскі паліцмайстар, заўсёды знаходзіўся на баку мясцовых жыхароў (у тым ліку і жыдоў), а не вайскоўцаў. Дарэчы, вяртаючыся да святаў, што ладзіліся вайскоўцамі ў нашым горадзе. Падрыхтоўка да аднаго з такіх маскарадаў ледзве не скончылася сапраўднай катастрофай для ўсяго горада: " грамада г. афіцэраў маючы намер арганізаваць танцавальны вечар у сваім лагерным павільёне, дзеля чаго падрыхтавала феярверкі і бенгальскія агні… Адзін з распараджальнікаў свята штабс-капітан фон Румель жадаючы праверыць бянгальскія агні, пачаў падпальваць іх у хатке, дзе былі складзены ракеты… " [67] - зразумела чым усё скончылася. І ўсё гэта ў непасрэднай блізкасці ад артылерыйскіх складоў. Але пашчасціла. Адзінае фон Румель моцна апаліў твар і рукі.

Акрамя маскарадаў, феярверкаў, боек гарадзенскія месцічы мелі яшчэ схільнасць да азартных гульняў. А дзе як не ў шынку можна было у той час рэалізаваць падобныя памкненні. Дзеля гэтага ў некаторых піцейных установах Гародні шырокае распаўсюджанне атрымаў більярд. Гулялі "на пустыя партыі, на выпіўку" [68] і, пэўна, на грошы. Карты афіцыйна не былі забароненыя. Не дазваляліся толькі азартныя гульні на грошы. А як вядома, чаго нельга рабіць, тое яшчэ больш прыцягальна. Некаторыя застаўлялі ў піцейных установах ці не ўвесь свой здабытак, некаторыя (як напрыклад чыноўнік Трускоўскі) з-за пройгрышаў канчалі жыццё самагубствам [69]. І ў гэтым выпадку гарадзенскія шынкі яшчэ раз пацверджваюць свой злачны статус.

Класічным у гэтым плане з'яўляецца прыклад селяніна Ф. Казла (а жонка ў яго Казлоўская), які са сваёй кабетай і яе пасагам прыехаў з Лідскага ўезду ў Гародню ў 1867 г. "для пошукаў службы ці для занятка промысламі". Відаць, ён палічыў, што найбольш надзейным спосабам атрымаць неабходную інфармацыю аб новым месцы будзе прайсціся па мясцовых шынках. Тут ён і пазнаёміўся з Ф. Благушэўскім (таксама з сялян), які трымаў шынок у доме Будрыка на Падольнай вул. Ф. Казёл пасля сведчыў у судзе, што апошні " упрошваў згуляць з ім у карты (у "штос", які афіцыйна быў забаронены) … з суботу на нядзелю гулялі ўсю ноч у карты (у шынку - А.Р.) да 10-й раніцы… выйграў у яго Благушэўскі 190 руб. " На кватэры Франц выцягнуў з жонкінага куфра 500 руб., размяняў іх у жыдоўскіх мянялаў і пайшоў аддаваць доўг: " у панядзелак гралі з 8-й увечары да 9-й раніцы …Благушэўскі выйграў рэшту грошай " [70]. Разбіральніцтва гэтай справы зацягнулася на гады.

Аб тым што гэта не быў адзінкавы выпадак (у тым ліку і ва ўзгаданым шынку) сведчыць, між іншым, наступнае данясенне начальніка губернскіх жандараў, што датуецца 1872 г.: " У піцейных установах рознага кшталту адбываюцца азартныя картачныя гульні. У іх прымаюць удзел пераважна дробныя чыноўнікі, афіцэры і іншыя асобы… што цягне за сабой крайнюю нэнзу і п'янства… і маральны заняпад. З ліку такіх прытонаў, дзе збіраюцца граць, вылучаюцца ўстановы Айзіка Фрэнкеля ў доме ўдавы Благушэўскай (знаёмае прозвішча) , Іцкі Брода на Садовай вул., Арона Любарта на Купецкай, Янкеля Лапінера… " [71] Дадзеная інфармацыя знаходзіць пацверджанне як у афіцыйных, так і неафіцыйных крыніцах. Так, аўтар ананімнага данясення ўпросткі ўказвае на шынок рудога Іцкі, што месціўся супраць казённай палаты, як на месца дзе хеўра, якая складалася з галоўнага бухгалтара казначэйства і іншых чыноўнікаў "многіх ужо згубіла". Гарадскі ж паліцмайстар адмаўляючы факт картачнай гульні ў большасці ўстановах (асабістае наглядае каб усе шынкі а 11-ай зачыняліся), прызнае, што ў Айзіка Фрэнкеля нейкі Чамброўскі прайграў усе грошы, якія раней скраў [72].

Улады сапраўды прымалі сур'ёзныя захады па выкараненню азартных гульняў. Той жа паліцмайстар з гэтай мэтай ладзіў сапраўдныя аблавы ў рэстарацыі П. Плонскага (1852 г.). І урэшце, калі яму ўдалося flagrante delicto з картамі ў руках схапіць фельдшара Кузьміцкага (трымаў банк) і фактара Шрэдара (пеніцыраваў, а іншая публіка назірала), яго чакала глыбокае расчараванне: Кузьміцкі ў гэты ж дзень уцёк з гаўпвахты, а фактар аказаўся сакрэтным агентам! " З мэтай росшуку ў Гародні замежных гульнявых карт, асабліва прускай вытворчасці, я выкарастаў дзеля гэтых мэт сакрэтнага агента жыда Таўлея Шрэдара, які ўжо неаднаразова даказваў свае старанне… заходзіў з рознае нагоды ў тракцірныя ўстановы і кандытарскія для росшукаў па прадмеце… " - прасіў пасля за свайго чалавека старшы чыноўнік асаблівых даручэнняў [73].

Але разам з тым, нягледзячы на ўсе пералічаныя тут факты, хацелася б зазначыць, што ў той жа час, не трэба перабольшваць крымінальны характар піцейных устаноў Гародні. У цэлым шынкі былі не самымі небяспечнымі месцамі ў горадзе. Як сведчаць шматлікія рапарты паліцмайстараў, куды значна больш злачынстваў адбывалася на вуліцах ды ў дамах гарадзенскіх месцічаў.

Публічныя дамы ў ацэнках афіцыйных уладаў мелі статус вельмі набліжаны да піцейных устаноў. Часцяком у рапартах чыноўнікаў яны фігуруюць разам, праз коску, як мясціны ў якіх бясконца адбываецца п'янства ды распуcтва [74]. Да таго ж, у некаторых выпадках гэтыя два тыпы устаноў знаходзіліся пад адным дахам, а калі-нікалі шынкі таксама выкарыстоўваліся адзіночнымі жанчынамі адпаведнай прафесіі ў якасці месца пражывання і работы. На гэта наўпрост указвае факт заражэння венерычнай хваробай салдат мясцовага гарадзенскага гарнізона " у карчме на Падольнай вул., што паміж праваслаўнымі і каталіцкімі могілкамі ад дзеўкі Ганны " [75]. Падобная тэндэнцыя была характэрна не толькі для нашага горада. Найбольш востра яна стаяла ў Брэсце і ў Беластоку, дзе падобныя жанчыны " бадзяюцца па кабаках і заезных дварах... займаюцца тайным распуствам у розных піцейных установах, харчэўнях і т.п… " [76]. Яшчэ адным месцам-прыстанішчам для берасцейскіх прастытутак былі мясцовыя чайныя.

Адная з першых узгадак аб існаванні бардэляў у Гародні датуецца 1826 г. Тады барацьбу супраць іх павёў ксёндз-настаяцель бернардзінскага кляштара Вярдуцкі, які скардзіўся, што " каля бернардынскага касцёла жыд Іцка адкрыў (у сваім доме - А.Р.) утрыманне непатрэбных жанчын, праз што кляштару нанесена крыўда і для храма Божага непрыстойнасць ". Аб тым які эфект мела змаганне ўладаў з гэтай праблемай сведчыць наступны ліст ксяндза-настаяцеля, што датуецца 1828 г., у якім размова ідзе ўжо аб некалькіх дамах у ваколіцах узгаданага кляштара, дзе гаспадары хрысціяне і жыды ўтрымлівалі "непатрэбных жанчын" [77].

Ці не адзіным спосабам барацьбы з прастытуцыяй у той час была высылка падобных жанчын "на месцы іх жыхарства". Зразумела, што вынікі азначанай меры былі мізэрныя. Нарэшце, стаміўшыся змагацца з гэтай з'явай, зразумеўшы, што перамагчы яе будзе немагчыма, царскія ўлады капітулявалі і ў 1842-43 г. легалізавалі прастытуцыю па ўсёй імперыі. Тады ж былі выдадзены адпаведныя правілы як для "мамак" (жанчын, што трымалі бардэлі) так і для саміх прастытутак, якія дэталёва рэгламентавалі асновы іхняга рамяства. Пачатковыя пункты аднаго з гэтых падзаконных актаў прадстаўлены ў Дадатку №2.

Галоўным лейбматывам гэтых правілаў было ўвядзенне паліцэйска-лекарскага нагляду за прастытуткамі. Дзякуючы гэтай меры, сёння мы можам пазнаёміцца з некаторымі статыстычнымі дадзенымі, якія тычыцца гарадзенскай прастытуцыі, што праўда пераважна толькі за 80-я гады ХІХ ст. Частка з гэтых звестак зведзена ў табліцу №1.

Табліца №1 Некаторыя дадзеныя аб прастытуцыі ў Гародні ў 80-я гады ХІХ ст.

Дата

05.

1880

09.

1880

01.

1882

09.

1882

01.

1884

09.

1884

01.

1886

09.

1886

09.

1888

01.

1890

прастытутак "па спісу"

33

36

35

43

34

35

33

39

38

75

у публічных дамах

18

18

8

15

9

9

9

9

?

56

"адзіночак"

21

?

32

27

25

27

31

40

28

41

затрымана за "тайнае распуства"

1

-

-

-

18

18

-

-

2

9

публічных дамоў

4

4

2

5

2

2

2

1

4

4

дамоў сустрэч

-

-

6

8

-

-

-

-

-

1

Крыніцы: НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 752, 841, 979, 1183, 1387.

З прадстаўленых дадзеных вынікае, што колькасць публічных дамоў на працягу азначанага перыяду была невялікай і вагалася ад аднаго ў верасні 1886 г. да пяці ў верасні 1882 г. Але разам з тым, трэба адразу адзначыць, што само паняцце публічнага дому (бардэля) было ў той час у значнай ступені ўмоўным. Па-першае, гэта вынікала з таго, што ў той час адсутнічалі спецыялізаваныя будынкі, якія былі адмыслова прызначаны пад бардэлі. Як і ў выпадку з шынкамі, публічным мог стаць любы дом ці яго частка: " Кватэра Сельцара (дзе месціўся бардэль) складаецца з трох пакояў, якія аддзеленыя перагародкай па правай палове і аднаго пакоя, што вядзе з сенцаў прама " [78]. Пратэсты суседзяў падчас арганізацыі ў тым ці іншым будынку публічнага дому пад увагу не браліся. Па-другое, пад бардэлем у той час разумелася памяшканне, дзе прастытуткі ажыццяўлялі сваю дзейнасць пад патранажам мамкі. Разам з тым, афіцыйныя дакументы фіксуюць факт пражывання некалькіх (3-5) прадстаўніц гэтай прафесіі разам у адным памяшканні, напрыклад - " на Купецкай вул. у доме Каўфмана " і г.д. [79]. Згодна з логікай уладаў, калі прастытуткі жылі разам без "утрымальніцы" - гэта ўжо не публічны дом. Цікава, чым жа яны там займаліся?

Колькасць прастытутак, што легальна займалася сваёй дзейнасцю ў Гародні, згодна з дадзенымі, якія прадстаўлены ў табліцы выглядае больш-менш стабільнай. Адзінае з гэтай карціны выпадае пачатак 1890-га года, калі назіраецца іх значны рост у параўнанні з папярэднім часам. Але гэтая стабільнасць насамрэч толькі вонкавая. Іншыя дадзеныя сведчаць аб надзвычайнай плывучасці кадраў унутры цэха. Так, у 1867 г. максімальная колькасць прастытутак, што стаяла на ўліку ў горадзе склала 57 чалавек (12 верасня), мінімальная - 25 (15 верасня). За тры дні лічба скарацілася больш чым у два разы! Акрамя таго, параўнанне двух імяных спісаў ад 13-га ліпеня 1867 г. (57 жанчын) і 2-га студзеня 1870 г. (41 кабеціна) выявіла супадзенне толькі чатырох прозвішчаў, якія прысутнічаюць у абедзвух ведамасцях [80]. Зыходзячы з гэтых дадзеных можна зрабіць выснову, што большасць прадстаўнікоў самай старажытнай прафесіі не былі прывязаныя да аднаго месца, а даволі часта "гастралявалі". Улетку гэта маглі быць курортныя Друсгенікі, ці мясцовасці, што знаходзіліся бліжэй да палявых лагераў вайскоўцаў, ці кірмашы. Ваўкавыскі земскі спраўнік у 1851 г. адзначаў: " у ваўкавыскім уездзе бардэлей зусім няма, а толькі ў Зэльвянскі і Свіслацкія кірмашы адчыняюцца часова жанчынамі, якія прыбываюць з розных гарадоў " [81]. Таму лічба "адзіночак" заўсёды пераважала над тымі, што знаходзіліся пад апекай мамак ў публічных дамах. Лічбы ў графе "тайнае распуства" ні ў якой ступені не адлюстроўваюць маштабнасці той праблемы, што існавала ў тагачасным грамадстве.

Узгаданыя ўжо спісы сведчаць аб інтэрнацыянальным складзе гарадзенскіх прастытутак. У пераважнай большасці выпадкаў прафесійны калектыў таго ці іншага бардэля быў монарэлігійны, хаця сустракаюцца дамы, дзе хрысціянкі і жыдоўкі працавалі разам [82]. У канфесійным плане хрысціянкі пераважалі. Некаторыя імёны і прозвішчы здраджваюць наяўнасць у ліку гарадзенскіх прастытутак рускіх па паходжанню: Марфа Вараб'ёва, Пелагея і Аксення Фёдаравы, Марфа Яфімава і г.д. Не толькі ў Гародні, але і ў іншых гарадах рэгіёна існавала практыка, калі мамка была жыдоўкай, а "абслугоўваючы персанал" хрысціянкамі. Што тычыцца сацыяльнай прыналежнасці то, нажаль, гэтыя дадзеныя амальшто зусім не адлюстраваны ў тагачасным справаводстве. Адзіным сведчаннем па гэтым прадмеце з'яўляецца адзнака "салдатка" насупраць некаторых прозвішчаў асоб, што займаліся гандлем свайго цела. Таксама па-за дакументамі застаецца праблема шляхоў рэкрутацыі жанчын у гэтую прафесію. Не выклікае сумненняў, што некаторыя рабілі гэтае не па сваім жаданні. У "Віленскім весніку" за 1890 г. апісваецца падобны выпадак гандлю "жывым таварам", які, што праўда, тычыцца Вільні: " Адзін з віленскіх фактараў, які займаецца дастаўкай мясцовым мамкам "мілых стварэнняў", накінуўшыся на такую бедную, сумленную дзяўчыну ўгаварыў яе ехаць з сабою абяцаючы дастаць ёй у Вільні добрую службу. Спакусіўшыся … паехала з ім у Вільню… Напужаная дзяўчына хацела адразу ж з'ехаць, але тут сустрэлася з грознаю Гаспадыняй, якая пагражала ёй. Патрэбна было выканаць некаторыя фармальнасці, каб пацвердзілі добраахвотнае яе паступленне ў шэрагі прастытуцыі… Асцярожна ўзяўшыся за дзяўчо яны пачалі яе задобрываць яе рознымі пачастункамі і будучы пад уплывам выпітых напояў, дзяўчына пагадзілася ." [83]

Жыды таксама наведвалі публічныя дамы. Гэты факт не адмаўляе В. Рабін, які ў цэлым быў схільны да ідэалізацыі іўдзейскай супольнасці Гародні. Яго стаўленне да падобнай з'явы было негатыўным. Менавіта з візітам у бардэль аднаго з галоўных персанажаў рамана ён звязвае пачатак найбольш разбуральнага пажара 1885 года: " У гасцях у "дзяўчынак" усе выпілі як мае быць, пасля яшчэ добра дадалі. Справа дайшла да бойкі … Дзяўчаты выскачылі на вуліцу лямантуючы "Каравул, рэжуць". Надыйшла паліцыя і забрала кампанію ў кутузку. Так і атрымалася, што Эля Шлаен, які звычайна спаў уначы ў двары, агню не ўбачыў і не змог нікога папярэдзіць " [84].

Але асноўнымі кліентамі гарадзенскіх публічных дамоў былі канечне ж вайскоўцы. Гэтаму ёсць шмат сведчанняў, найбольш каларытным з якіх з'яўляецца ліст-ультыматум да гарадзенскага губернатара напісаны ад імя "пераважна салдатаў" у 1888 г. Дакумент, сапраўды, унікальны і варты таго каб з ім азнаёміліся ўсе, хто цікаўны гэтай тэмай. Таму ён цалкам, з захаваннем граматычных і лексічных асаблівасцяў, падаецца ніжэй:

Его Превосходительство Госп. Гродненскому Губернатору

Мы просителей Военные и граждане г. Гродно

Донесение

В г. Гродно находиться дома терпимости дворянские т.е - 3 - а простыя не находятся не однаго так поэтому мы просителей военыя и граждане г. Гродно не в состояние ходить по дворянским домам и платить по рублю, так мы покорнейше честь имеем просить Ваше Высоко Превосходительству не оставить нашу просьбу т.е. чтобы открылось дом терпимость простой для простонародия потому что народ болеет и приказывают идти к докторам публичным, но простыя дома нет, а если Ваше превосходительство не дадите знать чтобы открыть простыя дома так будет в г. Гродны большия скандалы (падкрэслена ў тэксце - А.Р.) и вообще грабежей будет ловить по улицам честныя женщины мы уже не будем смотреть за ответственность но уже тогда кого не попало так поэтому Покорнейше честь имеем просить не оставить нашу просьбу без последствие во всех городах российской империе есть дома простыя но в г. Гродно уже - 2 - год как нет.

Мы просителей военыя и граждане города Гродно

по большой части солдаты [85]

Яшчэ адным сведчаннем на гэты конт з'яўляюцца паказанні былога ўнтар-афіцэра гарадзенскага батальёна Іллінава, які на допыце адзначыў: " Пелагею Смірэнскую я ведаю, яе ведаў амальшто ўвесь батальён " [86]. Менавіта фактар большай армейскай прысутнасці абумовіў першанства Брэста ў межах губерні ў развіцці прастытутцыі цягам усяго ХІХ ст. Але разам з тым салдаты і афіцэры былі не адзінымі наведвальнікамі бардэляў. Цывільныя чыноўнікі і служачыя, сяляне, прадстаўнікі рабочых прафесій, рэвалюцыянеры таксама карысталіся паслугамі гарадзенскіх прастытутак.

Як сведчыць ліст, які прыводзіцца вышэй, у Гародні існавалі бардэлі некалькіх (як мінімум дзвух) катэгорый. Тыя, што па рублю былі недасягальныя для простых людзей і салдат. Зыходзячы з агульнай градацыі публічных дамоў па ўсёй імперыі да трэцяй (найбольш таннай) катэгорыі падобных устаноў адносіліся такія, дзе аплата за паслугу не перавышала 50 кап. Менавіта пад такі разрад трапляе публічны дом, які наведаў А. Хралоў 3-га лютага 1879 г. " Заплаціўшы 30 кап. публічнай дзеўцы Хане Кахлер ён зайшоў да яе ў асобны пакой " [87]. Што праўда, гэта адбывалася ў Брэсце. Наконт гарадзенскіх расцэнак ёсць сведчанне прастытуткі Семярынскай аб тым, што млынар з Ласосна заплаціў ёй 2 руб. за ноч [88]. Можа для замежнікаў была іншая такса?

Сваю прафесійную дзейнасць жанчыны дадзенай групы ажыццяўлялі не толькі ў бардэлях ці пакоях, што здымалі. Дзеля гэтых мэтаў таксама выкарыстоўваліся гатэлі. У спісе публічных жанчын за 1870 г. Мерка Воўк першапачаткова значылася ў бардэлі на Гараднічанскай вул. у мамкі Гохавай, а праз некаторы час насупраць яе прозвішча з'явілася адзнака " на Купецкай вул. у Казанскай гасцініцы адная " [89]. У той жа час у Гародні можна было пры дапамозе фактара замовіць дзяўчынку да сябе ў нумар: " Хахракоў (расейскі рэвалюцыянер - А.Р.) спыніўся ў Купецкай гасцініцы, куды прыбыў 5-га лістапада 1881 г… адзін з фактараў гасцініцы М. Бегельман па патрабаванню яго Хахракова прывез яму публічную дзеўку Юльку, якая жыве ў публічным доме на Віленскім завулку " [90]. У табліцы №1 прыводзяцца дадзеныя аб наяўнасці ў Гародні дамоў сустрэч . У адрозненні ад публічных дамоў, у іх не было ні мамкі, ні, адпаведна, прастытутак, якія тут жа жылі і ажыццяўлялі сваю прафесійную дзейнасць. Дом сустрэч прадстаўляў кліенту толькі памяшканне, куды ён прыходзіў ужо са сваёй дзяўчынай, якую ён "здымаў" у нейкім іншым месцы. У Брэсце ў цёплую пару папулярнасцю карыстаўся гарадскі сад: " бывалі нават выпадкі, што паліцыя знаходзіла некаторых ніжэйшых чыноў у гарадскім садзе, у кустах, з жанчынамі, калі-нікалі нават без усялякае вопраткі … і вымушана была накіроўваць іх у паліцэйскай адзежы ў крэпасць " [91]. Не думаю, што Гародня тут чымсці адрознівалася ад паўднёвага суседа. А можна было за адпаведную плату забраць прастытутку з сабой у іншы горад. Так, напрыклад, зрабіў нейкі афіцэр Новаінгермаландскага палка, які заплаціўшы 50 руб. срэбрам (!) мамцы Йофе, накіраваўся з дзяўчынкай-жыдоўкай у Бельск [92].

Гарадскі лекар, які ажыццяўляў медычны нагляд за публічнымі жанчынамі ў Гародні канстатаваў іх нізкі маральны стан і разбэшчанасць: " большасць з якіх самага нізкага манеру " [93]. Па сведчанням іншых дакументаў, прастытуткі былі аматаркамі выпіць, прасілі наведвальнікаў пачаставаць іх спіртным. Кліенты бардэляў былі таксама часцяком на падпітку. Сукупнасць гэтых фактараў ператварала публічныя дамы ў мясціны павышанай рызыкі.

Найбольш драматычны выпадак, што звязаны з гарадзенскімі бардэлямі адбыўся 1-га кастрычніка 1876 г. Тады чыноўнік прыказа грамадскай апекі А. Шыгідзевіч і тэлеграфіст П. Белазерскі а 2-й гадзіне ўначы завіталі ў публічны дом Ф. Кухарскай, што месціўся ў Жандарскім завулку. Абодва былі на падпітку. Дзяўчынкі пачалі з іх кпіць. " Пакрыўдзіўшыся на дзеўку Ясінскую, Шыгідзевіч даў ёй поўху. Калі ж мамка Кухарская прапанавала Шыгідзевічу выйсці з яе кватэры, то ён … схапіў запаленую газнічку і кінуў яе ў твар Кухарскай " [94]. Імгненна пачаўся пажар. Ад агню загінула як сама мамка, так і прастытутка Кавальская, што была побач.

Не раз ужо ўзгаданая публічная дзеўка Семярынская на падпідку распавядала знаёмым аб тым, як яе каханак (з вайскоўцаў) і ўтрымальнік дома Сельцар забілі і абрабавалі аднаго з яе кліентаў. У бардэль накіроўваліся асобы з набытымі нячэсным шляхам грошамі: " чыноўнік супрасльскай паштовай станцыі Гумберг, які падазраецца ў растраце казённых грошай самавальна пакінуў месца службы… Гумберг быў знойдзены ў (Гародні - А.Р.) публічным доме Марыі Бутавай і падчас ператрусу пры ім быў знойдзены раскрыты грашовы канверт, адрасаваны ў Варшаву, з якога былі выцягнутыя грошы " [95].

Нажаль, далейшы, больш поўны і ўсебаковы аналіз функцыянавання злачных мясцінаў у Гародні ў вызначаны час значна ўскладняецца бракам крыніц па азначанай тэме. Але, нават з прадстаўленага матэрыялу вынікае, што публічныя дамы і шынкі з'яўляліся важнымі элементамі штодзённага жыцця гарадзенцаў другой паловы ХІХ ст. Гэтыя ўстановы ў некаторай ступені супрацьстаялі структурам афіцыйных уладаў, фарміравалі сапраўдны, а не казённы дух горада, былі своеасаблівымі парасткамі лакальнай грамадскай супольнасці. Яны садзейнічалі захаванню нацыянальнай талерантнасці, інтэграванню ў мясцовую грамаду новых прадстаўнікоў з іншых мясцінаў, былі любім месцам адпачынку многіх гарадзенцаў, фарміравалі непаўторны мясцовы каларыт. Злачныя мясціны другой паловы ХІХ ст. увабралі ў сябе шмат падзей, у якіх, як у люстэрку адбіваецца штодзённае жыццё тагачасных месцічаў, іх характары, памкненні, праблемы, маральнасць.



[1] www.frazeologiya.ru/fraza/zlacznyiy.htm

[2] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1, воп. 27, спр. 2704. Арк. 2.

[3] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 1806, 798.

[4] Тамсама.. Ф. 2, воп. 34, спр. 1901, Арк. 1.

[5] Тамсама.. Ф. 1, воп. 17, спр. 22. Арк. 24, 38.

[6] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 1524. Арк. 34, 58.

[7] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 22. Арк. 326.

[8] Тамсама. Ф. 1, воп. 13, спр. 435. Арк. 44.

[9] Тамсама. Ф. 2. воп. 34, спр. 1459. Арк. 2.

[10] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 848. Арк. 133.

[11] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 816. Арк. 33.

[12] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 848. Арк. 105.

[13] Тамсама. Арк. 11.

[14] Тамсама. Ф. 1, воп. 6, спр. 363. Арк. 5.

[15] Рабин И. В разные годы. Москва, «Советский писатель», 1981. - С. 283.

[16] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 16, спр. 770. Арк. 14.

[17] Тамсама. Ф. 1, воп. 22, спр. 1306. Арк. 36.

[18] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 22. Арк. 28.

[19] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 848. Арк. 227.

[20] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 816. Арк. 212.

[21] Тамсама. Ф. 581, воп. 2, спр. 182.

[22] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 881. Арк. 27.

[23] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 669. Арк. 18, 31.

[24] Рабин И. Указ. твор. - С. 283, 344.

[25] НГАБ у Гродне. Ф. 1076, воп. 1, спр. 13. Арк. 2.

[26] Рабин И. Указ. твор. - С. 283.

[27] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 17, спр. 22. Арк. 24.

[28] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 485. Арк. 8, 11.

[29] Тамсама. Арк. 20.

[30] Тамсама. Ф. 1, воп. 29, спр. 329. Арк. 20

[31] Тамсама. Ф. 1, воп. 13, спр. 926. Арк. 99-100.

[32] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 1214. Арк. 58.

[33] Тамсама. Ф. 1, воп. 13, спр. 991. Арк. 3.

[34] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 881. Арк. 27; спр. 22. Арк. 123.

[35] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 1214. Арк. 58.

[36] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 669. Арк. 18.

[37] Тамсама.

[38] Тамсама. Ф. 1, воп. 18, спр. 484. Арк. 24-26.

[39] Тамсама.. Арк. 193.

[40] Тамсама. Ф. 1, воп.9, спр. 651. Арк. 341.

[41] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 1524. Арк. 58; Ф. 1, воп. 17, спр. 1058. Арк. 296.

[42] Гродненские губернские ведомости 1894 (22.10) г. № 82. - С. 2.

[43] Тамсама.

[44] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 519. Арк. 12.

[45] Тамсама. Ф. 2, воп. 38, спр. 652. Арк. 614-616.

[46] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 1806.

[47] Тамсама. Ф. 2, воп. 34, спр. 798. Арк. 39.

[48] Тамсама. Ф. 1, воп. 6, спр. 363. Арк. 5.

[49] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 1002. Арк. 1.

[50] Тамсама. Ф. 30, воп. 1, спр. 105. Арк . 174.

[51] Тамсама.

[52] Тамсама. Ф. 1, воп. 6, спр. 400. Арк. 12.

[53] Тамсама. Ф. 1, воп. 18, спр. 484. Арк. 193.

[54] Тамсама. Ф. 1, воп. 9, спр. 848. Арк. 179.

[55] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 771. Арк. 58.

[56] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 1195. Арк. 37.

[57] Тамсама. Ф. 1, воп. 15, спр. 1146. Арк. 18.

[58] Тамсама. Ф. 1, воп. 27, спр. 2705. Арк. 26.

[59] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 1306. Арк. 29.

[60] Тамсама. Ф. 1, воп. 23, спр. 407. Арк. 84.

[61] Тамсама. Ф. 1, воп. 15, спр. 1156. Арк. 11.

[62] Тамсама. Ф. 1, воп. 22, спр. 1412. Арк. 25.

[63] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 824. Арк. 61.

[64] Тамсама Ф. 1, воп. 23, спр. 582. Арк. 81.

[65] Тамсама. Ф. 1 , воп. 23, спр. 582. Арк. 69.

[66] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 1199. Арк. 23.

[67] Тамсама. Ф. 1, воп. 17, спр. 178. Арк. 41.

[68] Тамсама. Ф. 581, воп. 2, спр. 182. Арк. 7.

[69] Тамсама. Ф. 1, воп. 7, спр. 310. Арк. 2.

[70] Тамсама. Ф. 581, воп. 2, спр. 182.

[71] Тамсама. Ф. 1, воп. 7, спр. 310. Арк. 1.

[72] Тамсама. Арк. 2, 4.

[73] Тамсама. Ф. 1, воп. 28, спр. 373. Арк. 1, 2.

[74] Тамсама. Ф 2, воп. 13, спр. 268. Арк. 1; Ф. 9, воп. 1, спр. 513. Арк. 92.

[75] Тамсама. Ф. 1, воп. 28 спр. 341. Арк. 58.

[76] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 513. Арк. 37, 108.

[77] Тамсама. Ф. 1, воп. 2, спр. 1698. Арк. 1, 4.

[78] Тамсама. Ф. 581, воп. 3, спр. 1154. Арк. 38.

[79] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 46. Арк. 5-6.

[80] Тамсама. Ф.9, воп. 1, спр. 46, 323.

[81] Тамсама. Ф. 1, воп. 28, спр. 341. Арк. 43.

[82] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 323. Арк. 2.

[83] Виленский вестник. 13 марта 1890 г. - С. 2.

[84] Равин И. Указ. твор. - С. 195.

[85] НГАБ у Гродне. Ф 1, воп. 8, спр. 2303. Арк. 1-2.

[86] Тамсама. Ф. 581, воп. 3, спр. 1154. Арк. 44.

[87] Тамсама. Ф. 1, воп. 3, спр. 1401. Арк. 8.

[88] Тамсама. Ф. 581, воп. 3, спр. 1154. Арк. 9-10.

[89] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 323. Арк. 91.

[90] Тамсама. Ф. 1, воп. 8, спр. 812. Арк. 276.

[91] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 513. Арк. 92.

[92] Тамсама. Ф. 1, воп. 21, спр. 943.

[93] Тамсама. Ф. 9, воп. 1, спр. 513. Арк. 206.

[94] Тамсама. Ф. 1, воп. 15, спр. 1155. Арк. 1, 243.

[95] Тамсама. Ф. 1, воп. 16, спр. 362.


Дадатак 1. "Спіс асоб, што трымалі тракцірныя ўстановы ў Гародні" (каля 1887 г.)

1. Бялецкі Станіслаў - у доме Каплана на Садовай вул.

2. Баркоўская Разалія - у доме Ясяноўскіх на Саборнай вул.

3. Катхе Аляксандр - у доме Гольдберга на Саборнай вул.

4. Суплікоўская Івона - на вакзале

5. Рудзінская Браніслава - у доме Міцкевіча на Садовай вул.

6. Высоцкая Юзэфа - у доме Хаіма Пераца на Салдацкай слабодцы

7. Чуцінская Марыя - у доме Веражбіцкага на Сянной плошчы

8. Лінкевіч Ева - у доме Фінкеля на Садовай вул.

9. Якаўлеў Аляксандр - у гарадскім тэатры

10. Левін Кадыш - ва ўласным доме на Садовай вул.

11. Левін Давід - ва ўласным доме на Садовай вул.

12. Цукерман Давід - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

13. Каплан Меер - ва ўласным доме на Саборнай вул.

14. Велярава Хіона - ва ўласным доме на Сянной плошчы

15. Канель Цалька - на Манастыпскім завалку

16. Бергман Лейзар - на Біржавой плошчы

17. Ёсель Шмерка - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

18. Індурскі Шавель - ва ўласным доме на Падольнай вул.

19. Крынская Галя - ва ўласным доме на Садовай вул.

20. Канцыпер Моўша - ва ўласным доме на Александраўскай слабодцы

21. Марат Ёсель - ва ўласным доме на Рыначным завалку

22. Гельгар Бейля - ва ўласным доме на Іерасулімскай вул.

23. Янкоўская Рохля - ва ўласным доме на Падольнай вул.

24. Шклярская Пеша - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

25. Дынес Лейзар - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

26. Сідэрскі Арон - ва ўласным доме на Садовай вул.

27. Эпштэйн Мордхель - ва ўласным доме на Саборнай вул.

28. Левінсан Мордхель - ва ўласным доме на Саборнай вул.

29. Мазавер Фейга - на Занёманскім фарштаце

30. Мазавер Гірш - ва ўласным доме на Скідзельскай заставе

31. Крынскі Міхель - ва ўласным доме на Купецкай вул.

32. Фумкін Восіп - ва ўласным доме на Саборным завалку

33. Кахманчык Рэйза - ва ўласным доме на Купецкай вул.

34. Катоўскі Шмуель - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

35. Гольдберг Шмуер (прыказчык Матыса Арніна) - у доме Арніна на Сянной плошчы

36. Янкоўскі Мендаль - ва ўласным доме на Замкавай вул.

37. Гарніцкая Сіма - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

38. Трыбман Давід - ва ўласным доме на Іерусалімскай вул.

39. Фольфсан Нісанель (прыказчык Матыса Арніна) - ва ўласным доме на Замкавай вул.

40. Шварц Абрам - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

41. Штэйн Рохля - ва ўласным доме на Маставой вул.

42. Эбер Лейзер - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

43. Казлоўскай Ганна - у доме Піка на Сянной плошчы.

44. Дубінскі Мордхель - ва ўласным доме на Татарскай вул.

45. Лабенская Ента - у доме Гершун на Мяшчанскай вул.

46. Цяпліцкая Малка - ва ўласным доме на Рыбнай плошчы

47. Тарлоўскі Цевель - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

48. Левін Перля - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

49. Кур'янскі Йосан - ва ўласным доме на Маставой вул.

50. Вольф Беніамін - ва ўласным доме на Замкавай вул.

51. Мазавер Пінхус - ва ўласным доме на Падольнай вул.

52. Нейман Іцка - ва ўласным доме на Скідзельскай заставе

53. Шварц Шома - ва ўласным доме на Новашасейнай вул.

54. Шапіра Лейб - ва ўласным доме Садовай вул.

55. Любіч Ёсель - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

56. Капліцкі Давід - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

57. Кавянокі Берка (піўная лаўка) - ва ўласным доме на Пажарным завалку

58. Калецкая Гейля - на Пагулянцы

59. Сулькес Янкель - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

60. Губер Гірыш - ва ўласным доме за пажарнай камандай

61. Піўная лаўка - у доме Палюты пры Біржавой плошчы

62. Маўшоўскі Гешаль - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

63. Любіч Зэльман - пры Сянной плошчы дзве ўстановы

64. Каўфман Малка - ва ўласным доме на Сянной плошчы

65. Прусін Давід - ва ўласным доме на Садовай вул.

66. Ратфорт Іцка - ва ўласным доме на Садовай вул.

67. Установа ў клубе - на Садовай вул.

68. Ясяноўскі Лейба - ва ўласным доме на Палявой вул.

69. Брэгман Лейзер - ва ўласным доме на Біржавой вул.

70. Тарлоўскі Хаім-Меер - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

71. Любіч Берка - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

72. Гарніцкі Абель (піўная лаўка) - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

73. Куліцкі Шэпцель - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

74. Любіч Ітка - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

75. Фердар Сара (кухмістарскі стол) - у доме Садоўскага на Саборнай вул.

76. Гершун Моўша - ва ўласным доме на Мяшчанскай вул.

77. Клін Шмуель (піўная лаўка) - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

78. Чарток Янкель - ва ўласным доме на Саборнай вул.

79. Сапажынскі Шмерка (піўная лаўка) - ва ўласным доме на Занёманскім фарштаце

80. Евін Цалька (піўная лаўка) - ва ўласным доме на Маставой вул.

81. Кунц Восіп - ва ўласным доме на Агародніцкай вул.

82. Любіч Феліцыя (піўная лаўка) ва ўласным доме на Алексанлраўскай слабодцы

Складзены па НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 17, спр. 1058. Арк. 5-6.

Дадатак 2. Пачатковыя артыкулы з "Правіл публічным жанчынам". (НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 28, спр. 341. Арк 5.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX