Вярнуцца: Радзюк Алесь

Беларускія землі вачыма замежнікаў у першай палове ХІХ ст.


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 17-07-2013,
Крыніца: ARCHE - 2013.

Спампаваць




Больш за трыццаць гадоў мінула з часу выхаду нарыса В. Грыцкевіча і А. Мальдіса "Шляхі вялі праз Беларусь". Гэтая кніга адразу стала класікай беларускай гістарычнай літаратуры. Да яе звярталіся і працягваюць звяртацца ўсё новыя пакаленні гісторыкаў і аматараў мінулага. І сапраўды, аўтарам у невялікім па сваім аб'ёме даследаванні ўдалося прадставіць іншы, невядомы раней вобраз нашых зямель у часавай прасторы. Панарамнасць карціны, створанай айчыннымі гісторыкамі, уражвае сваёй маштабнасцю: у ёй закрануты ці не ўсе аспекты жыцця тагачаснага беларускага грамадства, уключаючы сюды геаграфічныя, этнаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя і іншага кшталту звесткі.

Разам з тым, у сілу пануючага тады марксістка-класавага падыходу да вывучэння гісторыі, па-за межамі даследавання засталіся некаторыя вельмі цікавыя аспекты знаходжання ў Беларусі. У першую чаргу гэта тычыцца занатаваных імі ўраджаннях аб мясцовых габрэях. Таксама прапушчаны пэўныя моманты звязаныя з месіянерскай дзейнасцю некаторых з вандроўнікаў. Яно і зразумела - тагачасная цэнзура такія сюжэты не прапусціла б. Затое сёння ў нас ёсць шанец прачытаць гэтыя творы без усялякіх купюр. Акрамя таго, працэс глабальнай медыятызацыі культуры стварае магчымасць пашырыць кола крыніц па гэтым прадмеце.

Пачатак ХІХ ст. - гэта час, калі жанр вандроўных натакаў (як, дарэчы, і самі вандроўкі) працягваў набываць усё большую папулярнасць у Еўропе. У літаратурах многіх краін свету ў гэты час складваюцца свае адметныя нацыянальныя травелогі (ад ангельскага "travel" - вандраваць). Такую назву атрымаў адмысловы жанр падарожных нататкаў-апавяданняў аб наведванні аўтарам аддаленых краін, культура якіх некалькі адрознівалася ад еўрапейскай. Вандроўкі вакол свету, на невядомыя выспы і ўглыб малавывучаных тэрыторый, сустрэчы з экзатычнымі народамі і плямёнамі - усё гэта выклікала інтарэс тагачаснага чытача. Менавіта пад такую катэгорыю траплялі нашыя землі і ў значнай ступені ўся Расейская імперыя ў той час.

Вандроўныя нататкі - досыць спецыфічны від гістарычнага дакумента. У іх аснове ляжыць апісанне перамяшчэння ў прасторы і часе пэўнага героя (аўтара), апавяданне аб падзеях, што адбыліся падчас яго падарожжа, яго ўражаннях і разважанні наконт таго, што было ўбачына. У першай палове ХІХ ст. дадзены жанр рэалізуе сябе ў форме дзённікавых, эпісталярных і мемуарных нататкаў пераважна дакументальнага ці дакументальна-мастацкага (публіцыстычнага) характара. Несумненна, што такі від крыніц з'яўляецца ў найвышэйшай ступені суб'ектыўным і можа нават утрымліваць элементы літаратурнага вымыслу. Але разам з тым, сведчанні замежнікаў нясуць у сябе звесткі, якія нельга выявіць у іншых, больш традыцыйных відах гістарычных дакументаў. Акрамя таго, яны прэзентуюць новыя, свежыя погляды і ацэнкі на многія знаёмыя для нас па іншых крыніцах рэчы і з'явы.

Якасць падобнага тыпу нататкаў, даставернасць выкладзеных у іх фактаў, у большасці выпадкаў з'яўляецца адлюстраваннем унутранага свету аўтара, узроўню яго адукаванасці і тых спадзяванняў, з якім ён накіроўваецца ў новыя землі. У сваю чаргу, тыя ўяўленні і чаканні, з якімі падарожнік прыязджае ў тую ці іншую краіну, шмат у чым ужо перадвызначаны стэаратыпамі ўспрымання, што фарміруюцца на падставе вопыту непасрэдных кантактаў між народамі, а таксама памылковых міфаў і лягенд, якія перадаюцца ў асяроддзі гэтай культуры з пакалення ў пакаленне [1]. Менавіта падобнымі стэаратыпамі можна растлумачыць некаторыя негатыўныя ацэнкі і аблуды, што сустракаюцца на старонках пэўных травелогаў. Даволі важным фактарам, які ўплываў на ступень аб'ектыўнасці аўтара таксама з'яўлялася знешнепалітычная сітуацыя, а менавіта ступень развіцця стасункаў на дадзеным этапе між краінамі, якую з аднаго боку ён прадстаўляе, а з іншага наведвае. Натуральна, што пацяпленне ці пагаршэнне падобных адносін, а тым больш войны (Напалеонаўскія ці Крымская) не маглі не паўплываць на тых асоб, якія выкладалі свае суджэнні аб тым, што яны ўбачылі на суд грамадскай думкі. Таму пры чытанні падобных нататкаў заўсёды трэба звяртаць увагу на час іх напісання.

Што тычыцца непасрэдна аўтараў, чые працы былі ўзяты за аснову для напісання дадзенага артыкула, то ў сілу суб'ектыўных прычын іх кола абмежавана амальшто выключна англамоўнымі выданнямі. Але нягледзячы на гэта, сярод іх сустракаюцца прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, чые працы з-за іх папулярнасці, былі перакладзены і выдадзены ў Брытаніі. Гэта нямецкія падарожнікі Георг Рейнбек (Reinbeck George) і Іаган Готфрыд Зёйме (Johann Gottfried Seume). Першы з іх нямецкі паэт і эстэт на працягу 20 гадоў працаваў выкладчыкам у Санкт-Пецярбургу. Другі з'яўляўся настаўнікам, а пасля і сакратаром гр. Ігельстрома, і ў якасці афіцэра расейскай арміі прымаў удзел у задушэнні паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Але яго вандроўныя нататкі не звязаны з гэтым эпізодам біяграфіі. На пачатку ХІХ ст. І. Зёйме шмат падарожнічаў па розным часткам Еўропы, пакідаючы свае ўражанні ад іх на паперы. Сярод прыхільнікаў яго літаратурнага таленту, быў, між іншым, Людвіг ван Бетховен.

Найбольш складана з этнічнай прыналежнасцю аднаго з найбольш аўтарытэтных аўтараў, што пабываў на нашых землях у вызначаны перыяд, а менавіта Аўгуста Гранвіля (Augustus Bozzi Granville). Народжаны ў Мілане пад прозвішчам Боці, ён у сталым узросце пашлюбіў англічанку і прыняў прозвішча Гранвіль. Менавіта ў Брытаніі ён праславіўся як спрактыкаваны доктар, пісьменнік і даследчык, вядомы сярод іншага тым, што правёў першае ў свеце анатамічнае ўскрыцце егіпецкай муміі. Таму, няглядзечы на яго італьянскае паходжанне, мы ўсё ж, залічым яго да ліку англійскіх вандроўнікаў.

Сярод іншых прадстаўнікоў Брытанскіх выспаў, якія наведалі нашыя землі ў першай палове ХІХ ст. неабходна адзначыць постаць Джэймса Холмана (James Holman). Яго запісы, якія тычыцца непасрэдна тэрыторыі Беларусі не вылучаюцца сярод іншых нейкімі адметнасцямі. Пашаны і захаплення заслугоўвае ў першую чаргу асоба самога Джэймса, які здзяйсняў свае шматлікія вандроўкі па Еўропе (а пасля пераносіў свае падарожныя ўражанні на паперу) будучы абсалютна сляпым. Некалькі разоў у 1814-1820 г. наведваў беларускі край місіянер, шатландзец Роберт Пінкертон (Robert Pinkerton). Але ў адрозненні ад большасці іншых вандроўнікаў яго візіты мелі выразную практычную накіраванасць. З'яўляючыся дзейсным сябрам брытанскага і замежнага Біблейскага таварыства ён прымаў самы актыўны ўдзел у працы створанай ў 1814 г. расейскай аналагічнай арганізацыі і заснаванні яе рэгіянальных аддзяленняў між іншым у Віцебску, Магілёве, Мінске і інш. гарадах. Аб гістарычнай значнасці таго матэрылу, які выкладзены на старонках кнігі Р. Пінкертона сведчыць хаця б той факт, што яе часткі ў розныя часы перакладаліся на расейскую мову [2]. Таксама місіянеркай хутчэй за ўсё была і Мэрі Холдэрнэс (Mary Holderness), якая падчас сваёй паездкі з Рыгі ў Крым перасякла ўсход нашай краіны з поўначы на поўдзень. Нажаль, Мэры ў сваіх мемуарах не ўказвае мэты сваёй паездкі.

Што тычыцца іншых аўтараў, то тут хацелася б вылучыць імя Роберта Джонстана (Robert Johnston), вандроўка якога адбылася ў 1814 г. Менавіта яго запісы, якія тычыцца тэрыторыі сучаснай Беларусі вызначаюцца найбольшай дэталёвасцю і аб'ектыўнасцю. Менавіта на яго ў далейшым будзе рабіцца найбольшая колькасць спасылак. Аб тым, што нататкі Джонстана карысталіся папулярнасцю ў ХІХ ст. не толькі ў Вялікабрытаніі, сведчыць хаця б праца амерыканскага юрыста і дыпламата Джона Ллойда Стывенса (John Lloyd Stephens). Яго справазадача аб наведванні беларускага краю досыць часта ці не слова ў слова паўтарае апісанні папярэдняга аўтара, з'яўляючыся па-просту плагіятам выбраных старонак Роберта Джонстана. Сярод іншых замежнікаў, чые шляхі вялі праз Беларусь былі брытанскі афіцэр Эдвард Джэймс Аляксандр (Edward James Alexander) і яшчэ адзін амерыканец Джон Максвел (John S. Maxwell). У адрозненні ад той жа кнігі В. Грыцкевіча і А. Мальдзіса ў дадзеным выпадку па-за ўвагай былі пакінуты нататкі польскіх і расейскіх вандроўнікаў. Нават самі аўтары гэтага нарыса прызнавалі, што не могуць тыя ж Ю. Нямцэвіч, Ул. Сыракомля ці Ю. Крашэўскі быць залічаны да ліку замежнікаў [3]. Адзінае выключэнне было зроблена для Тэадора Трыпліна (Teodor Teuttold Stilichon Tripplin), паляка па нацыянальнасці. Падобнае адступленне звязана з тым, што на момант стварэння сваіх літаратурных твораў ён ужо на стала жыў у Францыі і напісаннем падарожных кніг займаўся ці не на прафесійнай аснове.

Большая частка дайшоўшых да нас падарожных апісанняў адносіцца да часоў Аляксандра І. У 30-40-я гады ХІХ ст. колькасць вандроўнікаў (і, адпаведна, іх твораў) скарачаецца. Гэтую з'яву нельга патлумачыць выключна падзеннем цікаўнасці да Расейскай імперыі з боку еўрапейскай публікі. Хутчэй за ўсё гэта было ў першую чаргу звязана з ўнутрыпалітычнымі працэсамі, што адбываліся ў той час у імперыі, а менавіта палітыкай Мікалая І накіраванай на "закрыццё" краіны. А пасля таго як свет пабачыла знакамітая кніга-памфлет "Расія ў 1839 г." А. дэ Кюсціна, шлях у Расію іншым падобным "турыстам" быў фактычна забаронены. Выключэнне, што праўда было зроблена для Дж. Максвела, які па выніках сваёй паездкі выдаў у Нью-Йорку кнігу "Цар, яго двор і народ…". Але як вынікае ўжо з яе назвы, яна, хутчэй за ўсё, мела заказны характар.

У цэлым, заходнееўрапейскімі і амерыканскімі падарожнікамі першай паловы ХІХ ст. была створана досыць багатая калекцыя травелогаў па Расейскай імперыі. На жаль, беларускія землі ў гэты час не былі аб'ектам адмысловай цікаўнасці з боку замежных аўтараў. Яно і зразумела. У першую чаргу іх прыцягвала сама імперыя: яе абшары, лад жыцця, імператарскі двор, сталіцы, нацыянальныя ўскраіны, дзіўныя народы, экзотыка і г.д. Наш край з'яўляўся толькі невялічкім адрэзкам у доўгім маршруце, канчатковая мэта якога знаходзілася далёка за яго межамі. Адсюль і вынікае адная з прычын таго, што многія замежнікі праехаўшы сотні кіламетраў праз тэрыторыю сучаснай Беларусі (і пераважна тыя, што рухаліся з усходу на захад, завяршаючы сваю місію) абмяжоўваліся ў сваіх нататках старонкай-другой інфармацыйна ненасычаных паведамленняў. І толькі адзінкі праяўлялі сапраўдную цікаўнасць да нашых зямель.

Што прыцягвала ўвагу замежнікаў, апынуўшыхся на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХ ст.? Якія змены яны заўважалі ў параўнанні з тым, што бачылі на сумежных тэрыторыях? У першую чаргу, і гэта досыць выразна прасочваецца на старонках амальшто ўсіх нататкаў, вандроўнікі аднадушна адзначалі вялікую канцэнтрацыю габрэйскага насельніцтва на беларускіх землях. Немец Г. Рейнбек у 1805 г. праехаўшы Мінск у сваім лісце адзначыў: " Сапраўды, гэту краіну можна назваць зямлёй габрэяў, колькасць іх тут незлічоная " [4]. Менавіта іўдзейскае насельніцтва фармавала асноўны вобраз беларускага краю ў вачах тагачасных замежнікаў (і, адпаведна, іх чытачоў), з'яўлялася, так бы мовіць, яго візітоўкай. І што дзіўна, прадстаўнікі сучаснага мультыкультурнага і талерантнага Захаду, пабачыўшыя падчас сваіх вандровак многія краіны і народы не толькі еўрапейскага кантынента, зведвалі сапраўдны культурны шок ад сустрэчы з мясцовай габрэйскай супольнасцю. Трэба канстатаваць, што яна (гэтая супольнасць) пакідала ў іх мякка кажучы не найлепшае ўражанне. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што падобная рэакцыя ў роўнай ступені была ўласціва як падарожнікам, якія рухаліся з усходу, дзе як вядома існавала мяжа аселасці, так і з захаду, дзе габрэйскае насельніцтва пражывала досыць кампактна.

Здзіўленне і незадавальненне ў замежных турыстаў пры сустрэчы з мясцовымі габрэямі выклікала ўсё: іх знешні выгляд, вопратка, пах, жыллё, колькасць, манера весці справы, якасць паслуг etc. Вось толькі некаторыя вытрымкі з тых запісаў, што сустракаюцца ў розных аўтаратаў па гэтым прадмеце:

Мы апынуліся цалкам сярод габрэяў (г. Орша - А.Р.) і ў выніку гэтага сярод неверагоднага бруду, які толькі можна сябе ўявіць. Варта заўважыць, што нягледзячы на шматлікія сакраменты габрэйскай рэлігіі, што шануюць чысціню, ва ўсім цывілізаваным свеце не знойдзіцца класа людзей, якім яе так бракуе, як ніжэйшым слаям рускіх і польскіх габрэяў [5].

Жыды, на якіх брыдка глядзець, з агіднымі, невыноснымі капелюшамі падобнымі на цыліндры, тлустымі пейсамі, што вісяць з іх скроняў і пашарпанымі кафтанамі, што дасягаюць іх пятак. Гэтыя людзі з'яўляюцца доказам сярэднявечнага забабона, што габрэй ад хрысціяніна адрозніваецца спецыфічным водарам цела. Ты можаш пачуць іх пах як толькі ўбачыш іх [6].

З моманту перасячэння граніцы Літвы я заўваўжыў у кожным горадзе і вёсцы раі людзей, якія цалкам адрозніваюцца ад іншых жыхароў знешнім выглядам і касцюмам, і ў чыіх загостраных рысах твару, доўгіх бародах, прасторнай вопратцы … я адразу распазнаў раскіданых і вандруючых сыноў Ізраіля. … Польскія жыды рояцца вакол гарадоў і вёсак з надзеяй на спажыву, манапалізуючы ўвесь больш ці менш варты гандаль краіны. Іх вонкавае выраджэнне закранула іх унутраную сутнасць… [7]

Чытаючы падобныя рэляцыі, складваецца ўражанне, што аўтары нататкаў спаборнічаюць паміж сабой у тым, каму з іх удасца стварыць самы гідкі вобраз тутэйшага габрэя. Здаецца, найбольшага поспеху ў гэтым дасягнуў Роберт Джонстан . Гэтаму ён прысвяціў не адну старонку сваіх запісаў. Вось толькі некаторыя вытрымкі з яго твора: "… мы адчулі, што апынуліся сярод людзей, чый галоўны прынцып - круцельства, і для якіх грошы sine qua none [8]паслушэнства Тут (у Беларусі - А.Р.) жыды замацаваліся ва ўсёй першароднай чысціні свайго граху і ўсімі праславутымі рысамі, што ўласцівы гэтаму племю... Такое мноства найбольш брыдкіх, прытворных, хцівых нягоднікаў нідзе больш не пабачыш; яны людзі без характара, без патрыятызма, без манераў… грубыя, вульгарныя, шумныя" [9] і г.д.

Не адстае ад Р. Джонстана і Г. Рейнбек, які намаляваў вобраз сапраўднага габрэя-монстра, які падпарадкаваў сябе тут усіх і ўся: " Габрэі тут гаспадары, рускія і палякі іх рабы" [10]. Нешта падобнае можна сустрэць і ў амерыканца Дж. Максвела: " Яны авалодалі ўсім гандлем і камерцыяй і ў хуткім часе прадстаўлялі фінансавыя інтарэсы каралеўства (Рэчы Паспалітай - А. Р.), якое з тых часоў стала вядомым як габрэйскі рай …" [11].

Не выклікае сумненняў, што падобнае стаўленне замежнікаў да іўдзейскага насельніцтва нашых зямель з'яўлялася вынікам шматлікіх забабонаў і штампаў, што былі ў той час яшчэ распаўсюджаны ў заходнееўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Акрамя таго, пры наведванні іншых краін назіранні аўтара заўсёды між волі засяроджаны на супрацьпастаўленні "свайго" і "чужога". У Заходняй Еўропе і Амерцы ў ХІХ ст. габрэі перасталі быць "чужым" элементам у сацыяльнай структуры сваіх краін. Яны паступова эмансіпіравалі і інтэграваліся ў грамадства, сталі неад'емнай яго часткай. І раптам на нашых землях падарожнік сутыкаўся з іншым, "чужым", шмат у чым артадаксальным тыпам габрэя. Гэта як нібыта перанесціся на некалькі стагоддзяў у мінулае, у сярэднявечча. Натуральна, што гэта выклікала ў прыезджай публікі шок і рэакцыю непрыняцця. Тым больш, што мясцовыя "сыны Ізраіля" досыць часта самі давалі нагоду наракаць на іх.

Замежныя падарожнікі першай паловы ХІХ ст. прыводзяць шматлікія прыклады таго, як досыць складана было весці справы з тутэйшымі габрэямі. У першую чаргу гэта тычыцца прыдарожнага сервісу. Р. Джонстан узгадвае, што пры паломцы экіпажа паміж Карэлічамі і Навагрудкам, габрэі патрабавалі з іх 63 руб. за коней, што стаялі тут жа ў стайні. Але пасля прыбыцця паліцэйскага чыноўніка былі задаволены тым, што атрымалі за іх 7 руб. [12] Мэры Холдэрнэс на 10 дзён была затрымана ў Полацку. Менавіта столькі спатрэбілася мясцовым майстрам-габрэям каб паставіць іх экіпажы на сані (полазі). Пры гэтым работа была выканана надзвычай кепска, а грошы прымусілі заплаціць утрая [13]. Т. Трыплін распавядае анекдот аб тым, як у Горадні гандляр-іўдзей спрабаваў прадаць з-пад палы яму кнігу яго ж уласнага аўтарства за неадпаведна высокую цэну [14]. А. Гранвіль апісвае выпадак, калі яго кампан'ён быў атакаваны габрэям, які меў на продаж некалькі яблык. Калі падарожнік усё ж такі саступіў надзвычай настойлівым просьбам камерсанта, апошні ўкленчыў і стаў цалаваць падол яго паліто, каб той дзеля ласкі ахвяраваў яму яблык [15]. Дж. Аляксандар здзіўляўся таму, як падчас яго мінання некаторых гарадоў і мястэчак асобы габрэйскай нацыянальнасці сярод начы былі гатовыя ў самы люты мароз выходзіць да іх, каб прапанаваць скрыні з ювелірнымі вырабамі, футляры з тульскімі пісталетамі, гадзіннікі і г.д. [16] Адзіным выключэннем з дадзенага пераліку з'яўляецца сляпы вандроўнік Дж. Холман, які адзначаў, што пасля таго, як яны ўехалі на тэрыторыю Беларусі " мы сутыкнуліся з вялікай колькасцю жыдоў, ад якіх вандроўнік можа атрымаць вялікую колькасць выгод, а таксама рэчаў першай неабходнасці ў значнай колькасці ". Але праехаўшы праз усю тэрыторыю нашай краіны да Брэста (Brestlitooski) нават ён не паўстрымаўся, каб не зазначыць, што на мытні яго вельмі разражняла надакучлівасць габрэяў і жабракоў [17].

У адрозненні ад габрэяў, беларусам не заўсёды знаходзілася месца на старонках вандроўных натакаў замежнікаў. І гэтаму ёсць свае тлумачэнні. На працягу ўсяго шляху праз беларускія землі на паштовых станцыях, у заезных дварах, гарадах і мястэчках яны сутыкаліся і мелі справы амальшо выключна з прадстаўнікамі іўдзейскай супольнасці. А як вядома, менавіта асабістыя ўражанні ад непасрэдных сусрэч пасля складаюць асноўную канву падарожнага апавядання. Акрамя таго, абмежаваныя ў сваім перамяшчэнні выключна паштовымі трактамі, яны не мелі магчымасці азнаёміцца з тым, што знаходзілася па-за дарогай, ствараючы такім чынам у большасці выпадках вобраз "прыдарожнай" Беларусі. Разам з тым, падобны апісальны падыход не выключаў пэўных абагульненняў, параўнанняў, спасылак на іншых аўтараў, гістарычных даведак ды статыстычных звестак. Спынемся на некаторых з гэтых характарыстык больш падрабязна.

Для аўтараў падарожных нататкаў першай паловы ХІХ ст. правілам добрага тона лічылася зрабіць невялікі экскурс у мінулае той зямлі, па дарогах, якой ён у той час праязджаў. У адносінах да беларускіх тэрыторый у замежных вандроўнікаў аднаго погляду на іх учарашні дзень не існавала. На старонках падобных кніг выразна прасочваюцца некалькі трактовак гісторыі гэтых зямель. Першая з іх - расейскацэнтрысцкая прадстаўлена ў кнігах М. Холдэрнэс, Э. Мортана, Дж. Холмана, Р. Сірса (Sears Robert). Той жа Э. Мортан, апынуўшыся ў Магілёве, адзначаў, што гэты горад да ХІІІ ст. належыў рускім князям, пасля адышоў у " іншыя рукі ", а ў 1772 г. Кацярына ІІ уз'яднала гэтыя землі з Расейскай імперыяй [18]. Дж. Холман нават спасылаецца на Карамзіна, сцвярджаючы, што тэрмін "Белая Русь" у дачыненні да гэтых абшараў быў уведзены Іванам ІІІ [19].

Польскацэнтрысцкая канцэпцыя адлюстравана ў плагіяцкай працы Дж. Стывенса і коратка можа быць ахарактарызавана як "Літва - польская правінцыя" [20]. Р. Джонстан і Дж. Максвел распавядаюць сваім чытачам аб Літве як аб незалежнай дзяржаве, што знаходзілася паміж Польшчай і Расіяй і кіравалася сваімі ўласнымі князямі. Пры гэтым апошні, характарызуючы адносіны літоўскай і польскай шляхты, падкрэслівае значныя супярэчнасці, што заўсёды існавалі паміж імі [21]. Р. Пінкертон дае невялікую гістарычную даведку аб кожным губернскім цэнтры, дзе яму давялося быць. Напрыклад, адносна Мінска ён пачынае свой аповяд з часу яго знаходжання ў Полацкім княстве, узгадвае падзеі пад 1066 г., калі " два сыны вялікага князя Яраслаффа захапілі яго і знішчылі ўсё мужчынскае насельніцтва" і заканчвае 1656 г., датай, калі, на яго думку, горад канчаткова занялі рускія [22].

Няма сярод аўтараў адзінства і ў вызначэнні этнічнай прыналежнасці мясцовага насельніцтва. Адныя характарызуюць яго як польскае, іншыя (асабліва, тыя, што праязджалі праз усход Беларусі) - як рускае. Але найбольш часта сустракаецца этнонім літоўцы (ліцвіны). Адзінае выключэнне ў дадзеным выпадку складае амерыканец Р. Сірс, які выкарыстоўваў тэрмін " Rusniaks " [23], што, пэўна, трэба разумець як "русіны".

Калі адносна этнічнага складу насельніцтва тагачаснай Беларусі ў нататках вандроўнікаў назіраюцца сур'ёзныя разыходжанні, то ўсе яны амаль у адзін голас падкрэсліваюць адрозненне тутэйшых жыхароў ад усходніх ці заходніх суседзяў. Асабліва выразна гэты пераход назіраецца ў Р. Джонстана, калі ён, згодна з яго назіраннямі, перасёк мяжу старажытнай Літвы ў Лядах:

Тут губляецца рускі тып (нораў) - жывая і апантаная весялосць беднай Русі змяняецца на сцюдзёную, разважлівую халадносць іншых. Іншыя нават твары і вопратка… і кожная рыса іх тыпа сведчыць аб змене племені" [24]. "Простыя палякі (маюцца на ўвазе жыхары далучаных да Расейскай імперыі пасля 2-га і 3-га падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторый - А.Р.) схільны да ашуканства і саступаюць рускім у маральных якасцях…" [25], - сцвярджаў Дж. Рейнбек . Як бачым, падобныя супастаўленні былі ў асноўным не на карысць беларусаў. Той жа Р. Джонстан знаходзячы шмат агульнага паміж мясцовым насельніцтвам і ніжэйшымі класамі ірландскага грамадства, сцвярджаў, што " ніколі гэтая нацыя не выйдзе з цемры " [26].

Куды больш сведчанняў замежнікі пакінулі адносна беларускіх гарадоў і мястэчак. Апісваючы стан населеных пунктаў у той час вандроўнікі найбольш часта карысталіся словам бруд ці яго сінонімамі.

Бруд пераўзыходзіць усё, што я бачыў у Расіі Большыя гарады нясуць усе адзнакі спусташэння ад апошняй вайны і ляжаць у асноўным руінах, якія не хутка будуць прыбраныя. [27] (1805 г.)

Вуліцы кепска брукаваныя і брудныя (Карэлічы - А.Р.). У літоўскіх гарадах нельга прайсціся па вуліцы, каб не ўгразнуць вышэй шчыкалаткі ў гразі [28]. (1814 г.)

Дзве ці тры вуліцы добра брукаваныя і даглядаюцца належным чынам, але астатнія ў вялікім бязладзі і надзвычай брудныя ( Горадня ). Мінск - хаатычна забудаваны горад з вузкімі і бруднымі вуліцамі. Дамы ў асноўным мізэрныя, пабудаваныя з дрэва… [29].

Мінск - адзін з лепшых літоўскіх гарадоў, з'яўляецца губернскім цэнтрам, але вельмі брудны і хаатычны [30].

Часта ў апісанні гарадоў прысутнічаюць узгадкі аб іх разбурэнні падчас той ці іншай вайны:

Горадня не аднаўляецца. Ад замка і да самай апошняй халупы - прахласць кідаецца ў вочы [31]. (1805 г.)

Тут знаходзяцца руіны велічнага будынку, што быў узведзены гр. Зорычам для вайсковай адукацыі маладых хлопцаў. Ён быў пабудаваны ў форме паўмесяца і быў амальшто цалкам знішчаны Банапартам падчас яго ўварвання ў 1812 г.; уся ўнутраная яго частка згарэла, але знешнія сцены пакуль яшчэ трываюць, уяўляючы сабой сумны помнік былой сваёй велічы і ўсёпажыральным наступствам вайны [32]. (Шклоў - 1827 г.)

У горадзе (Полацку ) няма чым забавіць час, ці прыцягнуць нашую ўвагу: некалькі храмаў, манастыр і ўяўныя адзнакі разбуральнай вайны былі адзінымі аб'ектамі для агляду... Усе вуліцы былі пабураныя, дамы патрушаныя і голыя сцены ўсё яшчэ стаяць як шматлікія помнікі цяперашняй нэндзы [33]. (1815 г.)

Многія падарожнікі ўзгадваюць аб наяўнасці застаў (рагатак) падчас ўезду і выезду ў той ці іншы горад, але толькі Э. Мортан дае іх дэталёвае апісанне: " дзве каменыя калоны вялікіх памераў з імперскімі арламі на версе ўтвараюць заставу ( barrier ), праз якую вандроўнік, што ўязджае ў горад, можа пабачыць астрог, які знаходзіцца справа ад яго. (Віцебск) . Шклоў мае заставы з кожнага боку, што складаюцца з дзвюх цагляных калон… Застава - прыгожая, атынкаваная арка з цэглы". (Магілёў) [34].

Паколькі беларускія землі ў тыя часы былі памежным рэгіёнам, то любы замежнік падчас ўезду ці выезду з краіны павінен быў прайсці адпаведныя працэдуры па праверцы пашпартоў і мытнага кантролю. Зветкі па гэтым прадмеце на старонках падарожных кніг сведчаць аб падазроным стаўленні расейскіх уладаў да любога замежніка і аб закрытасці імперыі ў цэлым. Дж. Максвел апісвае як пакункі і сумкі яго таварышаў былі наскрозь ператрушаны, а салдаты (мытнікі) ў гэты час бавіліся з гітарай аднаго з вандроўнікаў. Найбольш пры гэтым дасталося паляку, бо служачыя мытні вывернулі нават яго кішэні, бумажнік і з асабістай пільнасцю дагледзілі яго паперы [35]. Не вядома чыімі ўспамінамі карыстаўся Дж. Стывенс, апісваючы свае прыгоды на брэсцкай пагранічнай установе, але калі даць веры гэтаму аўтару адбывалася гэта наступным чынам: увесь іх багаж быў унесены непасрэдна ў мытню, што размяшчалася ў другім канцы маста, кожная рэч была вынута з пакункаў і пакладзена на падлогу. Пасля чаго салдат (мытнік) уважліва праверыў кожны прадмет, трымаючы вялікі спіс забароненых для вывазу тавараў у сваіх руках [36]. Натуральна, што ў дадзеным выпадку Стывенс не мог пераняць падобнае апісанне у Р. Джонстана, бо апошні перасякаў заходнюю мяжу імперыі (таксама не без пэўных цяжкасцей) ў іншым месцы, а менавіта ў Горадні. Г. Рейнбек мінаючы граніцу паміж Расіяй і Прусіяй, што тады праходзіла па мосце праз Нёман узгадвае аб кратах, якія апусціліся за яго спіной, калі ён перайшоў на прускі бок. У І. Зёйме можна сустрэць інфармацыю аб тым як падсчас пашпартнага кантролю ў Горадні казакі наўпрост вымагалі ў яго грошы на выпіўку [37]. На патрабаванне хабару (прэзэнта) мытнікамі таксама ўказвае Р. Рамбл [38].

Вышэй, падчас апісання Полацка М. Холдэрнэс закранула праблему турыстычнай атракцыйнасці нашых зямель у тыя часы " Ў горадзе няма чым забавіць час, ці прыцягнуць нашую ўвагу". Сапраўды, архітэктура гарадоў (не кажучы ўжо пра мястэчкі), калі і трапляла ў поле цікаўнасці замежных аўтараў, то толькі для крытыкі ці чарговай порцыі кпінаў. Адзінай турыстычнай "фішкай" беларускіх зямель у першай палове ХІХ ст. былі мясціны так ці інакш звязаныя з 1812 г. Зразумела, што яны не былі месцам адмысловага паломніцтваў турыстаў, але ні водзін (!) замежнік не мог паўстрымацца каб не даць гістарычную даведку аб тых падзеях, што адбываліся тут пэўны час таму. У некаторых вандроўнікаў апісанне эпізодаў руска-французскай вайны займае на старонках больш месца, чым справаздача аб самой паездцы праз Беларусь. Відаць, падобная ўвага з іх боку была прадыктавана перш за ўсё інтарэсам чытальніцкай аўдыторыі

У гэтым плане больш пашчасціла ўсходняй Беларусі. Віцебск, Бярэзіна, ваколіцы Магілёва, Полацк, Дрыса і г.д. - асноўныя пункты, вакол якіх разгортваецца апавядальная лінія падобных гістарычных даведак. Аўтары, зазвычай, у наратыўнай форме пераказваюць той ці іншы эпізод бітвы, манёўраў ці аналізуюць дзеянні асобных камандуючых той ці іншай арміі. Асаблівая ўвага імі ўдзялялася мясцінам, звязаным непасрэдна з асобай Напалеона. Што тычыцца заходняй Беларусі, то тут падарожнікі (Дж. Максвел і А. Гранвіль) акцэнтуюць цікаўнасць чытача на Нёмане і пераправе праз гэтую рэку Вялікай арміі.

Акрамя таго, многія вандроўнікі ў той час маглі быць непасрэднымі сведкамі наступстваў той вайны (спаленыя і пабураныя населеныя пункты), што таксама знаходзіла свае адлюстраванне ў іх нататках. Карціна суцэльнага спусташэння і разбурэння дапаўняецца апісаннем слядоў масавай масакры, што мела месца тут у недалёкім мінулым. Р. Пінкертон праязджаючы па бальшаку з Віцебска ў Шклоў быў уражаны свежымі, нават не пакрытымі дзёранам курганамі на поле адной з бітваў, праз якое праходзіў паштовы тракт. Р. Рамбл у 1819 г. стварае вобраз дарогі смерці, якая цягніцца ад Дарагабужа аж да Горадні, абапал якой азначаны шырокімі ўзгоркамі, што хаваюць парэшткі людзей і коней абедзвюх армій [39]. Вельмі падобнае апісанне, дарэчы, можна знайсці і ў Р. Джонстана, які вандраваў гэтым гасцінцам некалькамі гадамі раней. Дж. Максвел у 40-я гады ХІХ ст. сцвярджаў, што на пясчаных берагах Нёмана яшчэ відаць тое, што засталося ад Вялікай арміі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што цікаўнасць замежных аўтараў да падзей той вайны не была кораткачасовай данінай пэўнай модзе. Нават больш чым праз 40 год пасля той вайны, падарожнік, праязджаючы праз гэтыя мясціны, не мог пакінуць па-за ўвагай сюжэт, звязаны з ваеннымі дзеяннямі 1812 г. [40]

У адпаведнасці з жанравай кампазыцыяй травелогаў падставай сюжэтнай лініі падобнага тыпу твораў з'яўляецца перамяшчэнне падарожніка ў прасторы. Менавіта апісанне дарогі і ўсіх тых падзей, якія адбыліся на шляху следавання складаюць канву падарожных нататкаў замежнікаў. Што тычыцца непасрэдна дарог, якія вялі праз Беларусь, тут можна сустрэць розныя ацэнкі іх камфортнасці (ад "выдатна" да "жудасна", сярод якіх пераважаюць, дарэчы, апошнія). У цэлым, іх стан быў досыць дыхтоўна прааналізаваны ў рабоце В. Грыцкевіча і А. Мальдзіса, таму пагодзімся з той высновай, да якой прыйшлі аўтары гэтага нарыса, што на ўсходзе нашай краіны шляхі былі лепшыя, чым у цэнтры і на захадзе [41]. Адзінае да гэтага можна дадаць, што ў пазнейшы час аблічча некаторых бальшакоў змянілі тэлеграфныя лініі, " якія злучылі цара з Польшчай " [42].

Не менш чым на самі дарогі, замежнікі звярталі ўвагу на развіццё структуры прыдарожнага сервісу і арганізацыю самой транспартнай сістэмы. Што тычыцца апошняга элементу, то тут вандроўнікі не заўважалі нейкіх адметнасцей у параўнанні з іншымі часткамі імперыі, дзе ім даводзілася бываць (за выключэннем Каралеўства Польскага). Як узгадваў Дж. Аляксандр, паштовыя станцыі размяшчаліся на адлегласці 20-25 вёрст адна ад адной. Згодна са звесткамі М. Холдэрнэс прагоныя складалі 2 кап. за вярсту за 1-го каня, але Р. Рамбл піша аб 8-і капейках за тую ж паслугу. Нягледзячы на тое, што даводзілася запрагаць 5-6 жывёлін, замежнікі адзіны ў сваім меркаванні, што гэта было досыць танна. Р. Джонстан звяртаў увагу на добрую арганізацыю работы паштовых станцый, бо яму не даводзілася чакаць на замену цяглавай сілы больш за 4 гадзіны [43]. Адзінае, свой каларыт у функцыянаванне гэтай сістэмы на нашых землях уносілі габрэі, якія часта выступалі ўтрымальнікамі такіх станцых. У сувязі з гэтым, некаторыя аўтары наракалі на нізкую якасць абслугоўвання, затрымкі, круцельства, вымагальніцтва грошай за паслугі і інш.

Большасць іншаземцаў падчас сваёй паездкі праз беларускія землі карысталіся паштовымі трактамі. Важным элементам падобнага гасцінца з'яўляліся паштовыя станцыі, дзе адбывалася замена коней, а таксама аказваліся іншыя віды прыдарожных паслуг. Менавіта апошні элемент функцыянавання дарожнай сістэмы быў асноўным аб'ектам крытыкі з боку вандраўнікоў. Ні паштовыя станцыі, ні заезныя двары, на іх думку, не выконвалі сваёй галоўнай функцыі - даць магчымасць падарожніку падсілкавацца і адпачнуць ці пераначаваць. А. Гранвіль праязджаючы праз Віленскую губ. зазначаў, што на паштовых станцыях нічога, акрамя кіпеня не магчыма дастаць. Э. Мортан апісваючы аналагічную ўстанову на Магілёўшчыне наракаў, што ён быў пазбаўлены нават і такой раскошы - там не было нават вады, каб памыцца, і, таму, яму давялося ехаць далей без гэтай працэдуры. Аўтарытэтны Р. Джонстан заўважаў, што на падобных станцыях нічога, акрамя малака дастаць нельга. Што праўда, гэта супярэчыць сведчанням Дж. Холман, які ў 1812 г. на паштовых прыпынках піў гарбату [44].

У большасці выпадках падобныя месцы не былі прыстасаваны для начлегу. Сярод усіх узгаданых аўтараў, толькі два спыняліся для начоўкі (і, адпаведна пакінулі свае апісанні) на паштовых станцыях. Доктар Э. Мортан, які вандраваў у абозе кн. Варанцова, мусіць на доўга запомніў тую ноч, што правёў у Оршы.

Паштовы дом, у якім мы спыніліся, быў самым вялікім з тых, што мы сустракалі … і адначасова самым брудным. Галоўная прычына гэтага крыецца ў тым, што паштмайстар і слугі абодвух палоў былі ўсе Ізраільцянамі. Дамы, дзе мы спыняліся раней былі ў асноўным чыстыя, добра ўладкаваныя і дастаткова цёплыя. Той дом, у якім мы апынуліся зараз уяўляў сабой суцэльную супрацьлегласць гэтым, такім пажаданым якасцям. Пакой, які заняў я разам з спадаром С… быў у стане невыабражальнай забруджанасці. Ён быў падзелены тонкай перагародкай вельмі грубай работы на дзве часткі, у адной з якіх размяшчалася драўляная лава шырынёй не больш за 18 дзюймаў (каля 46 см. - А.Р.) з накіданай на яе бруднай саломай. На ёй, прыбраўшы апошнюю і ахінуўшыся футрай, я прабавіў ноч, у той час як мой кампан'ён размясціўся ў суседнім сутарэнні на трох ці чатырох паламаных крэслах [45].

А вось як апісвае паштовую станцую на Навагрудчыне (якую, дарэчы, трымаў мясцовым шляхціц) Р. Джонстан:

На гэтай мізэрнай станцыі мы ўсе былі размешчаны на стайне. Стайні ў гэтай краіне - найвялікшыя і найбольш умяшчальныя часткі хаты. Яны збудаваны паралельна дарозе і маюць каля сотні футаў (30,5 м. - А.Р.) у даўжыню і сарака футаў (12,2 м. - А.Р.) у шырыню. З кожнага боку вялікія палавінкавыя дзверы і экіпажы звычайна ўязджаюць у адныя і выязджаюць у іншыя. Тут, зазвычай, вандроўнік і спіць у сваім экіпажы… З стайні вузкі калідор вядзе ў гасподу, але з-за бруду і смуроду ніводзін пастаялец не дасці рады туды ўвайсці… З аднаго боку (стайні) размясціліся нашыя рамізнікі і іх коні, перад намі ляжалі чатыры башкіры і іх вялікія сабакі, далей некалькі рускіх і іх коні, ззаду - польскія і французкія (ваенна)палонныя. Ніколі яшчэ не сустракалася такая стракатая кампанія [46].

Што праўда, аблічча паштовых станцый, якія будаваліся падчас стварэння новых бальшакоў выразна адрознівалася ад сваіх папярэднікаў у дадатны бок. Пачаць з таго, што ўсе яны ўзводзіліся па адным стандартным праекце і, пераважна, з выкарыстаннем іншага будаўнічага матэрыялу

Паштовыя дамы пабудаваныя з цэглы і ўсе аднаго плана. Такая станцыя, з бакоў абнесеная высокай цагляной сцяной, праз браму ў якой вы трапляеце ў прасторны двор, па краям якога размешчаны стайні і жыллё прыслугі. Галоўны будынак складаецца з трох ці чатырох чыстых, добра мэбляваных пакоеў для вандроўнікаў, у якіх можна знайсці ўсё неабходнае, акрамя ложкаў [47].

Акрамя паштовых станцый задаволіць усе вышэй пералічаныя патрэбы былі закліканы заезныя дамы (гатэлі). Але замежнікі ў большасці выпадкаў пазбягалі і іх. Прычына ўся тая ж. Р. Пінкертон, які не раз бываў у нашых краях, на старонках сваіх нататкаў у некалькіх месцах падкрэсліваў, што ў Беларусі немагчыма знайсці ўтульны заезны двор. Дж. Максвел раскрытыкаваўшы ў сваёй кнізе гатэлі ў Расіі прыходзіць да высновы, што ў Літве, калі гэта толькі магчыма, яны яшчэ горшыя. Як і ў іншых выпадках, для апісання падобных устаноў, падарожнікі найбольш часта выкарыстоўваюць назоўнік "бруд".

Дарэчы, той жа Дж. Максвел адзіны з узгаданых падарожнікаў, хто пакінуў больш ці менш падрабязнае апісанне страў, што падавалі ў заезных дварах. Ён сведчыць, што гэта былі чорны хлеб, суп з капусты (tsche), падазрона выглядаючае мяса (roti) і яйкі, якія паўсюдна кепскія. Адзінае, што заслужыла яго пахвалы, дык гэта гарбата. У яго калег вы не знойдзіце і гэтага. Дж. Рэйнбек сцвярджаў, што піва і віно, якім яго частвавлі як у заезных дварах, так і на прыватных кватэрах у Мінску і Горадні не прыдатныя для піцця, а ежа зусім не да густу. Іншы немец І. Зёйме, патрапіўшы на святкаванне рускімі Вялікадня ў лепшым гатэлі Горадні, жаліцца на тое, што быў вымушаны есці з бітага, парэпанага посуду, а з талерак са стала пасля яго даядалі сабакі. Не лепш абстаялі справы з гатэльнай інфраструктурай і ў Мінску. Р. Пінкертон і Р. Джонстан, якія спыняліся ў лепшай гасподзе, што трымаў нейкі немец, мякка кажучы былі не ў захапленні як ад цаны так і ад якасці паслуг. Узгаданы вышэй Дж. Рэйнбек, які праязджаў праз гэты горад на 10 год раней, не без гумару зазначыў, што ва ўстанове, якую трымаў паляк па абрусе можна было дакладна вызначыць, якую страву тут падавалі цягам тыдня [48].

Адзіным выйсцем для вандроўнікаў у падобнай сітуацыі было браць усё неабходнае з сабой. Дарэчы, так яны і рабілі. Усе яны без выключэння адзначаюць дзіўную моду, што існавала на гэтых землях - вазіць разам нават іншымі прыпасамі і пасцельныя прыналежнасці. Яшчэ адно правіла тычылася таго, каб па-магчымасці пазбягаць спыняцца ў заезных дамах і на паштовых станцыях. Таму, падарожнікі, перамяшчаючыся праз тэрыторыю Беларусі, у сваёй абсалютнай большасці спалі і елі ў сваіх экіпажах. " Нават у нашай кібітцы было лепей чым у габрэйскім заезным доме ", - дзяліўся чыімсьці назіраннямі Дж. Стывенс. Р. Рамбл канстатуе, што на ўсім шляху з сталіцы ў Варшаву яны толькі аднаго разу абедалі і тры разы снедалі не сваімі прыпасамі.

Такім чынам, падводзячы пэўныя вынікі аналізу англамоўных травелогаў першай паловы ХІХ ст., хацелася бы зазначыць, што беларускія землі ў гэты час яшчэ не сталі аб'ектам адмысловай цікаўнасці з боку іншаземных вандроўнікаў. Наш край трапляў ў іх "аб'ектыў" выключна падчас транзітных падарожжаў. Тым не менш, у гэты перыяд назіраецца колькасны рост травелогаў з апісаннем Беларусі. Неабходна канстатаваць, што ў цэлым на старонках падобных выданняў замежнікамі быў адбіты вобраз адсталай правінцыі, вобраз, які пасля замацоўваўся ў культурнай спадчыне тых краін, якія яны прадстаўлялі. На фарміраванне агульнай карціны нашых зямель уплываў не толькі непасрэдны кантакт іншаземцаў з пабачанай рэчаіснасцю, але і іх адукацыйны ўзровень, агульныя стэаратыпы ўспрымання і пэўныя забабоны, што склаліся ў народзе, які той ці іншы аўтар прэзентаваў. Важную ролю ў працэсе стварэння падобнага іміджа адыгрывала тутэйшае габрэйскае насельніцтва. Акрамя таго, азначаныя падарожныя нататкі выконвалі яшчэ адну функцыю - служылі своеасаблівымі турыстычнымі даведнікам для іншых іншаземцаў, што наведвалі беларускі край у той час і пазней.



[1] Оболенская С.В. Германия и немцы глазами русских (XIX век). М., 2000. С. 6-7.

[2] (Пинкертон Р.) Полоцк, Витебск и Минск в 20х годах прошлого века. Витебск, 1901; Английский миссионер Роберт Пинкертон и его мемуарные записки о Псковской губернии пушкинских времен (1818 г.). Псков, 2011.

[3] Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980. С. 144.

[4] Reinbeck G. Travels from St. Petersburgh through Moscow, Grodno, Warsaw, Breslaw to Germany; in the year 1805: in a series of letters. London, 1807. P. 137.

[5] Morton E. Travels in Russia and a residence at St. Petersburg and Odessa in the years 1828-1829. London, 1830. P. 131.

[6] Taylor B. Travels in Greece and Russia with an excurtion to Crete. New York, 1859. P. 318.

[7] Stephens J. L. Incidents of travel in Greece, Turkey, Russia and Poland. Edinburgh, 1839. P. 95-96.

[8] sine qua none (лат) - асноўны прынцып.

[9] Johnston R. Travels through part of the Russian Empire and the country of Poland; along the southern shores of the Baltic. London, 1815. P.374, 375, 377, 390.

[10] Reinbeck G. Travels from… P. 137.

[11] Maxwell J. The Czar his court and people: including the tour in Norway and Sweden. New York, 1848. P. 331.

[12] Johnston R. Travels P. 404.

[13] Holderness M. New Russia. Journey from Riga to the Crimea, by way of Kiev, with some account of the colonization, and the manners and customs of the colonists of New Russia. London, 1828. P. 32.

[14] Tripplin T. Dziennik podróży po Litwie i Żmudzi odbytej w 1856 r. T. I. Wilno, 1858. S. 30.

[15] Granville A. St. Petersburgh. A Journal of travels to and from that capital; through Flanders, the Rhenish provinces, Prussia, Russia, Poland, Silesia, Saxony, the federated states of Germany, and France. Vol. II. P. 532.

[16] Alexander J. E. Travels to the seat of war in the East, through Russia and the Crimea, in 1829. Vol. II. London, 1830. P. 226.

[17] Holman J. Travels through Russia, Siberia, Poland, Austria, Saxony, Prussia, Hannover. Vol. II. London, 1825. P. 223, 225.

[18] Morton E. Travels in Russia …P. 135

[19] Holman J. Travels through …. P. 223.

[20] Stephens J. L. Incidents of travel … P. 95.

[21] Maxwell J. P. 329.

[22] Pinkerton R. Russia: or miscellaneous observations on the past and present state of that country and its inhabitants. London, 1833. P. 91.

[23] Sears R. An illustrated description of the Russian Empire. New York, 1855. P. 130.

[24] Johnston R. Travels … P. 374

[25] Reinbeck G. Travels from … P. 138

[26] Johnston R. Travels … P. 399.

[27] Reinbeck G. Travels from … P. 138

[28] Johnston R. … Travels P. 401-402.

[29] Sears R. An illustrated description … P. 135, 130.

[30] Stephens J. L. Incidents of travel … P. 95.

[31] Seume J.G. A tour through part of Germany, Poland, Russia, Sweden, Denmark, &c. During the summer of 1805. London. 1807. P. 11.

[32] Morton E. Travels in Russia … P. 133

[33] Holderness M. New Russia. Journey from … P. 32-33.

[34] Morton E. Travels in Russia … P. 129, 133.

[35] Maxwell J. The Czar his court … P. 334.

[36] Stephens J. L. Incidents of travel … P. 97.

[37] Seume J.G. A tour through part … P. 10.

[38] Ramble R. Travelling opinions and sketches in Russia and Poland. London, 1836. P. 178.

[39] Ramble R. Travelling opinions … P. 174.

[40] Taylor B. Travels in Greece … P. 322.

[41] Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі … С. 46

[42] Maxwell J. The Czar his court … P. 327.

[43] Alexander J. E. Travels to the seat… P. 226; Holderness M. New Russia. Journey from … P. 11; Ramble R. Travelling opinions … P. 167; Johnston R. Travels … P. 373.

[44] Granville A. St. Petersburgh…. P. 531, Morton E. Travels in Russia …P. 131, Johnston R. Travels … P. 381, Holman James. Travels through… P. 224.

[45] Morton E. Travels in Russia …P. 131

[46] Johnston R. Travels … P. 410.

[47] Taylor B. Travels in Greece… P. 321.

[48] Pinkerton R. Russia: or miscellaneous … P. 64, 93; Maxwell J. The Czar his court … P. 329-330; Reinbeck G. Travels from… P. 142, 144; Seume J.G. A tour through… P. 11.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX