Вярнуцца: Смалянчук A.Ф.

Беларуская карта ў дзейнасці царскай адміністрацыі


Аўтар: Смалянчук Алесь,
Дадана: 26-10-2016,
Крыніца: Смалянчук Алесь. "Беларуская карта" ў дзейнасці царскай адміністрацыі. (Другая палова XIX пачатак XX ст.) // Спадчына №4-1996. С. 53-66.



Гісторыя царскай палітыкі ў Беларусі ў 2-й палове XIX - пачатку XX ст. даследаваная досыць грунтоўна. Гісторыкі дакладна сфармулявалі асноўную задачу гэтай палітыкі - знішчэнне ўсіх мясцовых нацыянальна-культурных, палітычных, рэлігійных ды іншых асаблівасцяў i поўная русіфікацыя краю. Прааналізаваныя, i сродкі вырашэння гэтае задачы [1]. Але нячаста даследнікі звярталі увагу на тое, што ў пэўныя перыяды расейскага панавання ў Беларусі тыя самыя ўлады, якія ніколі не прызнавалі самабытнасці беларускага народу, раптам пачыналі выказваць заклапочанасць нізкім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, іхным цяжкім нацыянальна-культурным становішчам i нават чыніць практычныя захады, як сцвярджалася, "дзеля прадухілення нацыянальнай пагібелі адзінакроўных братоў".

Розыгрыш царскаю адміністрацыяй "беларускае карты" ўяўляе сабой цікавую i маладаследаваную старонку нашае гісторыі. Перагарнуўшы яе, можна разлічваць на больш глыбокае разумение як палітыкі царызму ў Беларусі, так i гісторыі польска-беларускіх дачыненняў, гэта значыць тых умоваў, у якіх ішло фармаванне беларускай нацыі i разгортвалася беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне.

Апошнім часам, у сувязі ca спробамі рэабілітацыі царскае палітыкі ў Беларусі (праект праграмы гісторыі для сярэдняй школы В.Мілаванава, рэцэнзія А.Бендзіна на падручнік гісторыі Беларусі для 8 класа i інш.), гэтая тэма набыла i пэўную грамадскую актуальнасць.

Спробы разыграць "беларускую карту" ідэалагічна былі звязаныя з тэорыяй "заходнерусізму". Галоўныя прынцыпы гэтай тэорыі былі распрацаваныя ў першай палове 60-х гадоў XIX ст. гісторыкам i публіцыстам М.В.Каяловічам (1828-1891). У адпаведнасці са згаданаю тэорыяй, беларусы лічыліся славянскім племем, якое арганічна ўваходзіла ў склад "адзінага рускага народу". Сцвярджалася, што беларусы не маюць ані самастойнай гісторыі, ані самастойнай культуры, а лес Беларусі як "заходняга краю Расеі" непарыўны з лёсам усёй імперыі. I тым не менш, магчыма, нават насуперак жаданню многіх "заходнерусаў", тая тэорыя не магла не грунтавацца на пэўных асаблівасцях беларускага краю. Відаць, якраз гэтым тлумачыцца даволі стрыманае стаўленне расейскіх уладаў да "заходнерусізму". Ім было выгадней успрымаць Беларусь у якасці "исконно русского края", а насельніцтва залежна ад канфесійнай прыналежнасці дзяліць на рускіх (праваслаўных) i палякаў (каталікоў). Менавіта таму да пач. XX ст. "беларуская карта" разыгрывалася царызмам амаль выключна ў сферы палітыкі аслаблення ўплываў польскага каталіцкага святарства.

У сярэдзіне 60-х гг. расейская грамадскасць, магчыма, упершыню звярнула ўвагу, што далека не ўсе каталікі "Заходнягй краю" ёсць палякамі. У расейскім друку разгарнулася палеміка вакол пытання: ці магчыма дазволіць "акаталічанай частцы рускага племені" карыстацца ў каталіцкім набажэнстве расейскаю моваю, ці яна, як i раней, будзе маліцца i слухаць казані на польскай мове? Беларускае мовы для расейскіх уладаў не існавала. Ідэю русіфікацыі касцёла актыўна адстойвалі апякун Віленскай навучальнай акругі ў 1868- 1869гг. П.Бацюшкаў, вядомы публіцыст М.Каткоў i інш. I ўлады падтрымалі гэтую прапанову. 25 снежня 1869г. з'явіўся ўказ Аляксандра II, які дазваляў выкарыстоўваць у каталіцкім набажэнстве расейскую мову.

Адным з найбольш актыўных праваднікоў русіфікацыі касцёла стаў канонік Фэрдынанд Сенчыкоўскі. Яшчэ ў ліпені 1869г. у лісце да менскага біскупа Вайткевіча ён заявіў пра свой цвёрДы намер спрыяць распалячванню касцёла шляхам увядзення ў каталіцкае набажэнства расейскай мовы.

Якія ж былі матывы такіх досыць нетыповых для прадстаўніка каталіцкага духавенства паводзінаў? Сам Ф.Сенчыкоўскі ў лісце да Папы Рымскага тлумачыў сваю пазіцыю інтарэсамі каталіцкае веры. У фрагменце ліста, які быў надрукаваны гісторыкам П.Чыхачовым у 1913г., ён сцвярджаў, што беларусы-каталікі з'яўляюцца "галіною чыста рускага паходжання" i польскай мовы, на якой прамаўляюцца казані i вядзецца дадатковае набажэнства, яны проста не ведаюць. У выніку ім невядомыя сапраўдныя ісціны рыма-каталіцкай веры. Выйсце Ф.Сенчыкоўскі бачыў у выкарыстанні рускай мовы. Беларуская мова ў якасці сродку вырашэння праблемы не фігуравала. А вось у запісках, якія Ф.Сенчыкоўскі перадаваў у Міністэрства ўнутраных справаў i ў Дэпартамент замежных вызнанняў, праблема неразумення беларусамі асноваў каталіцкай веры ўжо не ставілася. Для нутранога ўжывання такі аргумент быў непатрэбны. "Са знішчэннем польскай мовы, - пісаў канонік, - мы сальемся ў адзіную рускую дзяржаву. Наш край канчаткова будзе адарваны ад Польшчы" [2]. Няма сумневу, што сапраўдныя прычыны русіфікацыйнай дзейнасці Ф. Сенчыкоўскага былі менавіта ў палітычнай сферы.

Улады звярнулі ўвагу на каноніка. Ягоная кар'ера была імгненная. На пачатку 70-х гг. ён быў ужо візітатарам касцёлаў i фактычна другой пасля біскупа асобай у Віленскай каталіцкай дыяцэзіі. Адразу пасля прызначэння новы візітатар звярнуўся да каталіцкага святарства Менскай губ. з цыркулярам, у якім заклікаў выкарыстоўваць у дадатковым набажэнстве рускую мову. Між іншым у цыркуляры зазначалася: "Не трэба забываць, што народ, які насяляе Менскую губ., гэта народ беларускі, што яго прыроднай мовай ёсць руская мова. Палякі ж складаюць мізэрную меншыню насельніцтва, i толькі з-за неспрыяльных гістарычных абставінаў пэўная частка простага люду засвоіла польскую мову" [3].

Указ ад 25 снежня 1869г. Ф.Сенчыкоўскі ацаніў як паўмеру. Ён рабіў усё, каб ператварыць яго ў загад пра абавязковае ўвядзенне расейскай мовы ў касцёл. Аналагічную пазіцыю занялі i мясцовыя ўлады. Гісторык В.Грыгор'ева лічыць, што ўлады фактычна прымушалі адміністрацыю Віленскай каталіцкай дыяцэзіі ўводзіць расейскую мову ваўсіх парафіях, за вынеткам тых, дзе насельніцтва размаўляла па-літоўску [4]. Ксяндзоў, якія спрабавалі супраціўляцца русіфікацыі касцёла, высы­лалі. Рэпрэсіі перамяжоўваліся спробамі падкупляць святарства. Напрыклад, ксяндзу Радовічу за пераход на расейскую мову абяцалі "першакласную" парафію ў Менскай губ. [5]

З дапамогай уладаў Ф.Сенчыкоўскі дамогся, што на пачатку 70-х гг. з 52 касцёлаў Менскай губ. расейская мова была ўведзеная ў 32 [6] а паводле іншых звестак нават у 38 [7]. Афіцыйныя крыніцы сцвярджалі, што на расейскай мове вялі дадатковае набажэнства i прамаўлялі казані больш за сорак ксяндзоў.

Аднак дастаткова моцны быў i супраціў русіфікацыі. Тым больш што супраць гэтай "рэформы" выступіў Ватыкан. Так, кс.Пятровіч (касцёл св.Рафала ў Вільні) публічна спаліў расейскамоўны каталіцкі трэбнік. Ён жа абвесціў анатэму ўсім, хто будзе ўводзіць расейскую мову ў касцёл. Ксяндза выслалі. Аднак справа была зробленая.

Бывалі выпадкі, калі парафіяне адмаўляліся хадзіць у касцёл, дзе загучала расейская мова. Так было ў Барысаўскім пав., у Наваградку, м.Блонь Мінскай губ., м.Масаж Віленскай губ. У Барысаве, дзе набажэнства вёў сам Ф.Сенчыкоўскі, вернікі адкрыта выступілі супраць русіфікацыі. Барысаўскі спраўнік дакладваў 27 чэрвеня 1870г.: "Калі Ф.Сенчыкоўскі выйшаў з касцёла, натоўп абкружыў яго i пачаў крычаць: "Што ты за ксёндз, свалата, маскаль ты, перавараціўся, нам такі ксёндз не патрэбны" i інш." [8].

Зразумеўшы, што русіфікацыя касцёла непазбежна расцягнецца на даволі працяглы перыяд i будзе суправаджацца як нутранымі, так i замежнапалітычнымі ўскладненнямі, Пецярбург адступіў. У другой палове 70-х гг. Ф.Сенчыкоўскі быў вымушаны пакінуць усе свае пасады. У рэшце рэшт ён выехаў з Беларусі.

Можна цалкам пагадзіцца з ацэнкай, якую даў дзейнасці Ф.Сенчыкоўскага вядомы беларускі палітык, гісторык i рэлігійны дзеяч кс.А.Станкевіч (1892-1949): "Сенчыкоўскі - паслушнае аружжа русіфікацыі Беларусі ў руках расейскага ўраду'' [9].

Першая спроба русіфікацыі касцёла не атрымалася. Але ад самой ідэі ўлады не адмовіліся. I ў 70-я, i ў 80-я гг. неаднаразова збіралася інфармацыя пра нацыянальнасць i мову вернікаў каталіцкіх парафіяў. У 1876г. у адказ на чарговы запыт Дэпартамента замежных вызнанняў менскі губернатар перадаў у Пецярбург звесткі пра колькасць i нацыянальны склад каталікоў губерні. Звяртае на сябе ўвагу тое, што пераважная частка каталікоў была запісаная "беларусамі паводле нацыянальнасці, якія размаўляюць на беларускай мове" [10].

У сярэдзіне 80-х гг. пачалася актыўная перапіска між віленскім генерал-губернатарам i горадзенскім губернатарам наконт пытанняў, на якой мове вядзецца дадатковае набажэнства ў касцёлах i на якой мове размаўляюць парафіяне. 31 ліпеня 1887г. горадзенскі губернатар адправіў у Пецярбург паведамленне, што з 333 351 парафіяніна-каталіка на "беларускім або малароскім дыялекце" размаўляюць 205 301 чал. (61,2%) [11]. Аднак далей за збор звестак справа не пайшла.

У 1897г. улады паспрабавалі выкарыстаць у сваіх інтарэсах прапанову магілёўскага арцыбіскупа Сымона аб пераводзе каталіцкага набажэнства на беларускую мову ў мясцовасцях, населеных беларусамі. Менскі губернатар кн.Трубяцкі перадаў гэтую прапанову ў Пецярбург. У выніку перамоваў паміж прадстаўнікамі расейскага ўрада i Ватыкана арцыбіскуп атрымаў ліст кардынала Рампола ад 8 траўня 1897г., у якім дазвалялася выкарыстоўваць у дадатковым набажэнсте i ў казанях беларускую мову там, дзе на гэтай мове размаўляюць парафіяне (ubi dialektus aiborusica а populo adhibetur) [12]. Аднак гэтае рашэнне так i не было праведзена ў жыццё. Галоўнаю прычынаю стала імкненне расейскіх уладаў над выглядам беларускай увесці расейскую мову. Спробы арцыбіскупа адстаяць бела­рускую мову закончыліся для яго высылкай у Адэсу.

Трэба адзначыць, што розыгрыш "беларускай карты" часта меў нечаканыя для арганізатараў вынікі. Напрыклад, у перыяд актыўнасці каманды русіфікатараў на чале з Ф.Сенчыкоўскім значная частка каталіцкага святарства, якая паводле афіцыйных звестак перайшла на расейскую мову, папраўдзе карысталася беларускаю моваю. Гэта адзначыў сам Ф.Сенчыкоўскі: "Шмат хто з ксяндзоў, якія не захапіліся польскімі ідэямі, шчыра любілі рыма-каталіцкую веру i жадалі выратавання народу... пачалі i ў цэрквах, i ў звычайных размовах з народам ужываць не польскую інтэлігенцкую мову, а простанародную беларускую i расейскую, у залежнасці ад таго, якая мова ўжывалася ў той ці іншай мясцовасці" [13].

Нечаканыя для ўладаў вынікі прынесла навуковае даследаванне краю. У першую чаргу трэба адзначыць шматлікія i разнастайныя выданні дакументаў з гісторыі Беларусі. У цэнтры гэтай выдавецкай дзейнасці знаходзілася Віленская археаграфічная камісія (1864-1915). 39 тамоў актаў Віленскай археаграфічнай камісіі, 14 тамоў археаграфічных зборнікаў, 15 тамоў актаў Паўднёвай i Заходняй Расеі (выданне Пецярбургскай археаграфічнай камісіі), зборнік "Документов, абъясняющих историю Западно-русского края" (1865, уклад. М.Каяловіч) - усё гэта i шмат іншага павінна было даказваць, што Беларусь i Літва з'яўляюцца "исконно русским краем", які да ХІХст. быў неверагодна сапсаваны палякамі. Падабраныя дакументы нібыта даказвалі гэта, але адначасова сведчылі пра своеасаблівасць i багацце беларускай гісторыі. Безумоўна, гэтыя публікацыі дапамаглі А.Кіркору закончыць працу над сваёю часткай III тома "Живописной Рос­сии". Ягонае даследаванне адраджала традыцыі віленскай гістарычнай школы ліцвіноў-патрыётаў пач. ХІХст. Прадстаўнікі гэтай школы прафесары Віленскага ўніверсітэта І.Даніловіч, І.Ярашэвіч, І.Анацэвіч i інш., пазней Т.Нарбут у сваіх працах упершыню разглядалі Беларусь у якасці самастойнага аб'екта гістарычных даследаванняў.

Іншы важны кірунак навуковых распрацовак, якія павінны былі даказаць ужо "исконно русский" характар беларускай народнасці, быў звязаны з этнаграфіяй. У другой палове 60-х да 80-х гг. народную культуру беларусаў вывучалі Я.Карскі, М.Нікіфароўскі, А.Семянтоўскі, Е.Раманаў, І.Сербаў, М.Янчук, М.Федароўскі i інш. Улады падтрымалі даследаванні Я.Карскага, пачатковыя вынікі якіх не пярэчылі ідэалогіі "заходнерусізму". У прыватнасці, ён характарызаваў беларускую мову як дыялект расейскйй i г.д.

Аднак канчатковыя вынікі этнаграфічных экспедыцыяў, насуперак жаданням ix арганізатараў i кіраўнікоў, яскрава сведчылі пра існаванне самабытнай беларускай культуры i мовы, а значыць, i пра самабытнасць беларусаў. Менавіта вынікі гэтых даследаванняў сталі падставаю для першай спробы тэарэтычна абгрунтаваць існаванне беларускай нацыі. Гэта зрабілі беларускія народнікі на старонках гектаграфічнага часопіса "Гомон" у 1881г. Вынікі экспедыцыяў таксама спрыялі фармаванню больш дакладнага ўяўлення пра этнічную тэрыторыю Беларусі, што ўрэшце адыграла вырашальную ролю для распаўсюджвання назвы "Беларусь" на ўсю тэрыторыю пражывання беларусаў.

На гэтыя пэўныя пралікі ўлады не звярталі асаблівай увагі. Беларускі нацыянальны рух практычна адсутнічаў у грамадскім жыцці. Небяспеку з'яўлення мясцовага "беларускага сепаратызму" адчуваў адзін М.Каяловіч. Але ягоныя перасцярогі не былі пачутыя ўладамі.

На пачатку XX ст. сітуацыя ў Расеі пачала змяняцца. Улады ўжо не былі ў стане кантраляваць палітычнае i грамадскае жыццё толькі сродкамі паліцыйнага тэрору. Афіцыйны Санкт-Пецярбург пачаў хістацца паміж традыцыйным падаўленнем усялякай апазіцыі i нетрадыцыйнымі саступкамі ёй. Вымушаны ўрадавы лібералізм знайшоў адлюстраванне ў дзейнасці віленскага генерал-губернатара ў 1902-1904гг. кн. П.Святаполк-Мірскага. Ён працягваў палітыку русіфікацыі беларускага краю i барацьбы супраць польскасці i каталіцызму, але цалкам адмовіўся ад рэпрэсіўных сродкаў. Ён дзейнічаў больш тонка. У прыватнасці, князь у афіцыйных дакументах не раз выказваў незадаволенасць прынятым цэнтральнымі ўладамі прынцыпам атаясамлівання каталіка i паляка. У справаздачы імператару за 1904г. ён пісаў: "Відавочна, абвяшчаючы, што... селянін-беларус не праваслаўнага, а каталіцкага веравызнання належыць не да рускай, а да польскай сям'і, урад пашыраў шэрагі польскай. народнасці тымі, хто, па сутнасці, ніколі да яе не належаў". I далей: "...У мэтах вырашэння ўрадавых задач да беларускага племені трэба падыходзіць з боку агульнасці яго паходжання з іншым рускім народам, а не з боку рэлігіі... Я надаю вялікае значэнне развіццю сярод беларусаў нацыянальнай самасвядомасці i ўвядзення у беларускія каталіцкія парафіі дадатковага набажэнства на ix роднай мове" [14].

На памылковасць атаясамлівання паляка i каталіка звярталі ўвагу i мясцовыя чыноўнікі ніжэйшага рангу. Менскі губернатар П.Курлоў ва ўспамінах адзначаў: "Урад у сваіх дзеяннях зыходзіў з таго памылковага погляду, быццам усе асобы рыма-каталіцкага вера­вызнання - палякі. Між тым сярод каталікоў бьшо шмат беларусаў, якія з палякамі не мелі нічога агульнага i нават ставіліся да ix варожа" [15].

Што змянілася? Чаму відавочным стала тое, на што раней звярталі ўвагу толькі прыхільнікі русіфікацыі касцёла?

Можа, рэч у тым, што традыцыйная антыпольская палітыка ў Беларусі пачатку XX ст. перажывала моцны крызіс. Трэба было тэрмінова шукаць новыя казыры ў антыпольскай гульні. Адным з ix стала "беларуская карта".

У прыцягненні на свой бок беларусаў князь П.Святаполк-Мірскі бачыў новы моцны сродак антыпольскае палітыкі. Дзеля гэтага ён пайшоў на практычнае парушэнне Палажэння ад 27 траўня 1864г., якое прадугледжвала прызначаць на дзяржаўныя пасады ў "Заходнім краі" выключна "асобаў рускага пахо­джання". Падкрэсліўшы, што неабходна глядзець не на вызнанне, а на "народнасць", генерал-губернатар пачаў адкрыта прызначаць на пэўныя пасады у мясцовых установах беларусаў-каталікоў. Ён дазволіў будаваць новыя касцёлы, адмовіўся ад палітыкі дробных зачэпак да ксяндзоў. Князь дамогся рашэння плаціць заробную плату ксяндзам, якія выкладалі закон Божы ў школах Міністэрства народнай асветы. На ягоны погляд, гэта павінна было спрыяць замяшчэнню ксяндзамі шматлікіх вакансіяў законавучыцеляў у школах. Дарэчы, у адпаведнасці з указам Аляксандра ІІ ад 8 кастрычніка 1865г. гэтае выкладанне ішло толькі на расейскай мове. Князь падтрымаў выдавецкую дзейнасьць Віленскай археаграфічнай камісіі. Ягоная фінансавая падтрымка дапамагла Я.Карскаму ў 1904г. выдаць I том фундаментальнага даследавання "Бела­русы".

Працягвалася стварэнне навуковых арганізацыяў, якія павінны былі даказваць i ўмацоўваць "рускасць" беларускага краю. П.Святаполк-Мірскі аднавіў дзейнасць аддзяленняў Рускага геаграфічнага таварыства i Рускага музычнага таварыства, а ягоны наступнік А.Фрэзэ спрыяў зацверджанню ў сярэдзіне 1905г. статута Магілёўскага таварыства вывучэння краю. На чале Таварыства стаяў вядомы этнограф Е.Раманаў. Аб зацверджанні статута хадайнічаў i апякун Віленскай навучальнай акругі У.Папоў. У сваім лісце да віленскага генерал-губернатара ён адзначаў, што Таварыства будзе дзейнічаць у рэчышчы ідэі аб'яднання насельніцтва краю на "рускай культурнай глебе" [16].

"Беларуская карта" дапамагала ўладам вырашаць праблемы, якія ўзніклі пасля дазволу вывучаць польскую мову ў навучальных установах. Палажэнне Камітэта міністраў ад 1 траўня 1905г., падпісанае Мікалаем II, дазваляла выкладаць польскую мову (як i літоўскую) у мясцовасцях, дзе палякі (або адпаведна літоўцы) складалі бальшыню насельніцтва. Для вызначэння такіх мясцовасцяў віленскі генерал-губернатар загадаў утварыць спецыяльныя камісіі.

У траўні 1906г. адбылося першае паседжанне Горадзенскай губернскай камісіі. Было вырашана правесці этнаграфічнае даследаванне Сакольскага, Беластоцкага i Бельскага пав. Для даследавання стварылі мясцовыя камісіі з прадстаўнікоў адміністрацыі. Нескладана здагадацца, які характар мела гэтае "этнаграфічнае" вывучэнне. Пры падвядзенні вынікаў у жніўні 1906г. губернская камісія адзначыла, што насельніцтва гэтых паветаў пераважна складаецца з трох групаў: 1. Беларусь! праваслаўнага веравызнання. 2. Беларусы-каталікі, якія размаўляюць па-беларуску. 3. Беларусы-каталікі, якія размаўляюць па-польску. Паводле меркавання камісіі, палякі складалі самую нязначную частку насельніцтва гэтых паветаў [17].

Матэрыялы працы Горадзенскай губернскай камісіі проста перанасычаныя "беларускім элементам". I прычыны Гэтага ляжаць на паверхні. Колькасная перавага беларусаў дазваляла не ўводзіць у школы вывучэнне польскай мовы, а значыць, захаваць у недатыкальнасці расейскую школу.

У часе рэвалюцыі 1905-1907г. у нацыянальнакультурным жыцці Беларусі з'явіўся новы фактар - беларускі нацыянальны рух. Адною з першых яго праяваў стаўся выхад у Вільні беларускіх газетаў - "Нашай Долі" i, пазней, "Нашай Нівы". "Наша Ніва" стала сапраўдным цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння.

У гэты перыяд "беларуская карта" выходзіць за рамкі культурна-рэлігійных сюжэтаў i пачынае актыўна разыгрывацца ў палітычнай сферы. Прычым яна ўжо выкарыстоўваецца не толькі супраць палякаў, але i супраііь беларусаў.

Першай рэакцыяй вялікарускіх шавіністаў на беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне стала серыя публікацыяў у газетах "Минское слово", "Виленский вестник", у часопісе "Крестьянин", дзе такія "заходнерускія патрыёты", як В.Цяплоў, Г.Шміт, П.Бывалькевіч, С.Кавалюк, Л.Саланевіч i інш., адстойвалі лозунг: "Расея для рускіх, i рускія павінны кіраваць ёю". Беларускі нацыянальны рух характарызаваўся як "польская панская інтрыга", мэта якой - раскол адзінага рускага народу i апалячванне беларусаў.

"Заходнерускія патрыёты" супрацоўнічалі з чарнасоценным "Саюзам рускага народу", а пазней стварылі ўласныя арганізацыі - "Северо-Западное вече" i "Крестьянин". Улады надавал i вялікае значэнне гэтым арганізацыям. У жніўні 1906г. віленскі генерал, губернатар у лісце да П.Сталыпіна настойліва рэкамендаваў "садзейнічаць абуджэнню свядомасці беларускага народу з дапамогай таварыстваў тыпу "Северо-Западное русское вече" i "Крестьянин" [18].

Кал i высветлілася, што кавалерыйскім наскокам з беларускім рухам не справіцца, улады змянілі тактыку. Увосень 1908г. Л.Саланевіч выйшаў з рэдакцыі "Крестьянина" i стварыў новую псеўдабеларускую арганізацыю "Белорусское общество". У праграме гэтага таварыства беларусы ўжо прызнаваліся асобным народам. Але адзіным сродкам развіцця беларускай культуры пры гэтым абвяшчалася расейская мова. Модную падтрымку арганізацыі, якая павінна была раскалоць беларускі рух, аказаў П.Сталыпін. Ca студзеня 1911г. газета Л.Саланевіча "Белорусская жизнь" выходзіла штодзень. Кожны месяц яна атрымлівала 2400 руб. урадавай субсідыі [19]. Апраўдваючы гэтыя грошы, Л.Саланевіч i К° актыўна змагаліся не толькі супраць польскага руху i каталіцкага касцёла, але i супраць беларускага нацыянальнага руху, прапагандавалі антысемітызм.

У адказ апаненты імкнуліся паказаць сапраўдны твар Саланевіча i яго сяброў. Так, "Goniec Wileński" заяўляў, што "Белорусское общество" - гэта пастка для наіўных, што над маскай беларускасці хаваецца вялікадзяржаўны шавінізм. "Kurjer Wileński" характарызаваў "Бело­русскую жизнь" як газету беларусау, якія жадаюць перастаць імі быць.

Урэшце Л.Саланевіч скінуў маску беларускасці. Увосень 1911г. "Белорусская жизнь" пераназвалася ў Северо-Западную жизнь" i адкрыта стала на вялікадзяржаўныя чарнасоценныя пазіцыі.

Трэба прызнаць, што агітацыя Л.Саланевіча i інш. мела пэўны поспех. На выбарах у Дзяржаўную думу ўсіх чатырох скліканняў беларускія сяляне праваслаўнага вызнання галасавалі лераважна за стаўленікаў мясцовай "партыі" велікарускіх шавіністаў. Улады-такі здолелі стварыць неабходны для ix панавання вобраз ворага. Ворагам абвяшчаліся як дзеячы польскага руху ў Беларусі, так i прадстаўнікі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Усё гэта спрыяла расколу беларускай нацыі, затрымлівала развіццё нацыянальнай свядомасці, адмоўна ўздзейнічала на польска-беларускія дачыненні.

Расейскія ўлады не пакідалі па-за ўвагай i традыцыйныя варыянты розыгрышу "беларускай карты". У сакавіку 1905г. віленскі генерал-губернатар А.Фрэзэ звярнуўся да міністра ўнутраных справаў з прапановай увесці дадатковае набажэнства ў касцёле на беларускай мове [20]. Цэнтральныя ўлады не адрэагавалі. Але тое, што наступіла за ўказам ад 17 красавіка 1905г., прымусіла вярнуцца да гэтай прапановы. Адно з палажэнняў указа дазваляла пераход з адной хрысціянскай канфесіі ў іншую. Гэта прывяло да масавага пераходу вернікаў з праваслаўя ў каталіцызм. Паводле некаторых звестак, перайшло больш за 230 тыс. [21] Асноўная маса "новых" каталікоў прыпадала на Беларусь i Украіну. Трэба было выпраўляць становішча. I вось улетку 1905г. біскуп Міхаіл прапанаваў у касцёлах Менскага, Бабруйскага, Наваградскага, Слуцкага, Ігуменскага i Барысаўскага пав. перавесці набажэнства на беларускую мову, а ў касцёлах Пінскага, Мазырскага i Рэчыцкага пав. - на ўкраінскую, каб адарваць беларускіх i ўкраінскіх каталікоў ад палякаў [22].

У 1906г. пра "распалячванне". касцела загаварыў сам прэм'ер расейскага ўрада П.Сталыпін. У ягонай перапісцы з віленскім генерал-губернатарам таксама стала фігураваць беларуская мова [23]. Аднак насампраўдзе беларуская мова для расейскага прэм'ера заўсёды заставалася толькі сялянскім дыялектам расейскае мовы.

Але i гэтая спроба русіфікацыі сур'ёзных вынікаў не мела. Па-першае, ніхто не адмяняў указа ад 17 красавіка 1905г., які даваў каталіцкаму святарству пэўную свабоду дзеянняў. Па-другое, ізноў сваё негатыўнае стаўленне да расейскай мовы ў касцёле выказаў Ватыкан. А вось як адрэагавала на чарговыя заявы пра "вызваленне" беларускага народу ад паланізацыі "Наша Ніва": "...Беларускі народ хоча вызваліцца ад пальшчызны, але не на тое, каб папасьці над вашу апеку: ён, праспаўшы сотні гадоў над панаваньнем польскай культуры, хоча цяпер быць самім сабой... Каб распалячыць касьцёл, трэба дапамагчы беларусам завесьці ў ім родную беларускую мову i не заводзіць расейскай" [24].

Мясцовыя "заходнерускія патрыёты" актыўна абаранялі расейскую школу. У сакавіку 1912г. у Пецярбург прыехалі С.Кавалюк, А.Уруцэвіч, Л.Саланевіч, П.Бывалькевіч i інш. Ix прывяло ў сталіцу абмеркаванне Думай запыту дэпутата ад Віленскай губ. кс.Мацяевіча. Ягоны запыт быў звязаны з циркулярам інспектара народных вучэльняў Дзісенскага пав. Віцебскай губ. В.Нячаева. Цыркуляр абавязваў загадчыкаў вучэльшіў арганізаваць выкладанне закону Божага цдя дзяцей каталікоў на расейскай мове. Гэта было непасрэдным парушэннем указа ад 17 красавіка 1905г., які дазваляў выкладанне на роднай мове вучняў. Родная мова вызначалася на падставе пісьмовай заявы бацькоў або апекуноў дзіцяці.

Каманда С.Кавалюка i Л.Саланевіча дамагалася вырашэння гэтай праблемы ў велікадзяржаўным руху. I яны дасягнулі, чаго жадалі. Думскае абмеркаванне ніякіх рэальных вынікаў не дало. Апошняе слова засталося за чыноўнікамі, якія прыдумалі выдатны спосаб абысці ўказ. 27 кастрычніка 1912г. з'явіўся цыркуляр міністра народнай асветы, у якім уводзіўся новы парадак вызначэння роднае мовы. Кіраўнікі навучальных установаў павінны былі рабіць гэта на падставе ўсіх фактычных звестак [25].

Пра наступствы цыркуляра сведчаць успаміны Б.Граблеўскага, які ў тыя гады вучыўся ў гімназыі быў сябрам Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (19091914гг.). На пачатку 1913г. Б.Граблеўскаму i яшчэ некалькім вучням з ягонага класа забаранілі наведваць заняткі кс.Халецкага з тае прычыны, што "яны не палякі, а беларусы, а значыць, павінны закон Божы вывучаць на расейскай мове". На прапанову ксяндза бацькі вучняў напісалі ліст да міністра народнай асветы, пратэстуючы супраць цыркуляра. Відаць, пратэсты набылі масавы характар, таму што міністр у тым жа 1913 годзе адмяніў загад. Б.Граблеўскі добра запомніў тыя падзеі: "Гэты эпізод адносінаў царскага ўрада да беларусаў цікавы тым, што хіба першы раз каталікоў сталі зваць беларусамі" [26].

Розыгрыш царскай адміністрацыяй "беларускай карты" незалежна ад таго, ці разыгрывалася яна супраць палякаў, ці супраць беларусаў, уяўляў сабой сапраўдную спекуляцыю на пэўных складанасцях у польска-беларускіх дачыненнях дзеля ўмацавання пазіцыяу Расеі. Гэта быў адзін з мясцовых варыянтаў традыцыйнай палітыкі каланізатараў: падзяляй i пануй!



[1] Гл., напрыклад. Самбук С. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. - Мн., 1980.

[2] Чихачев П. К вопросу о располячвании костёла. СПб., 1913.С. 26, 27.

[3] Тамсама. С. 32.

[4] Григорьева В. Из истории располячения костела в белорусских губерниях (Взгляд на проблему через деятельность каноника Сенчиковского) // Наш радавод. Кн. 4, ч. 3. - Гродна, 1992. С. 676.

[5] НА. Ф. 295, в. 1, адз. 3. 2171, 2242.

[6] Минская старина. Вып. ПІ, ч. 1. Вильня, 1911. - С. 123.

[7] Чихачев П. К вопросу... С. 15.

[8] НА. Ф. 295, в. 1, адз. з. 2172, 2189, с. 1 адв. 2.

[9] Stankiewić А. Rodnaja mowa й światyniach. Wilnia, 1929. С.63.

[10] НА. Ф. 295, в. 1, адз. з. 3095.

[11] БДГА ф. 1, в. 8, адз.з. 1376. С. 316.

[12] Wasilewski L. Litwa i Białoruś Kraków, 1914. S. 289.

[13] Чихачев П. К вопросу... С. 26.

[14] ФДГА. Ф. 1284, в. 194, адз. з. 136, с. 40, 48.

[15] Курлов П. Конец русского царизма. Воспоминания бывшего командира корпуса жандармов. - М., Пт., 1923. С. 52.

[16] ДГА ЛІТВЫ. Ф. 378, а/а 1904, адз. з. 332.

[17] БДГА. Ф. 1, в. 18, адз. з. 1097.

[18] ДГА ЛІТВЫ. Ф. 378, а/а 1906, адз. з. 4112, с. 4 адв.

[19] Нарысы гісторыі Беларусі. Пад рэд. М.Касцюка i інш. Ч. 1 Мн., 1994. С. 426.

[20] ДГА ЛІТВЫ. Ф. 378, а/а 1906, адз.з. 4112, с. 4.

[21] Чихачев П. К вопросу... С. 58.

[22] НА. Ф. 295, в. 1, адз.з. 7597, с. 20 адв.

[23] ДГА ЛІТВЫ. Ф. 378, а/а 1906, адз. з. 4112, с. 5-10.

[24] Наша Ніва. 1911. № 20.

[25] Чихачев П. К вопросу... С. 96.

[26] Ліст Б.Граблеўскага да Л.Сівіцкай (Зоські Верас) ад 19.06.1986г. 3 асабістага архіву аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX