Вярнуцца: Смалянчук A.Ф.

Раткевіч versus Каліноўскі Radkievic versus Kalinouski


Аўтар: Смалянчук A.Ф.,
Дадана: 17.01.2009,
Крыніца: Homo Historicus 2008, C.16-57.



Дзеянні людзей абумоўленыя каштоўнасцямі і ідэаламі іх эпохі і асяроддзя.
Без уліку каштоўнасных арыентацый і крытэрыяў, якімі вольна
ці не вольна кіраваліся людзі [... мы не можам прэтэндаваць на разуменне іх
паводзінаў і, адпаведна, на навуковае тлумачэнне гістарычнага працэсу.
Арон Гуревич

Артыкул з'яўляецца спробай гісторыка-антрапалагічнага даследавання забойства паўстанцамі ў 1863 г. сялянкі Клары Радкевіч з мястэчка Новы Двор. Паводле сцвярджэння ўдаўца Восіпа Радкевіча, паўстанцы прыйшлі, каб адпомсціць яму за даносы, але ахвярай сталася жонка. В.Радкевіч на працягу амаль 20 гадоў абвінавачваў жыхароў Новага Двара ў дапамозе паўстанцам і ўдзеле ў забойстве жонкі.

Аўтар пераважна на падставе архіўных дакументаў, а таксама матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый ХІХ ст. і дадзеных вуснай гісторыі (oral history) паспрабаваў зразумець матывы, якімі кіраваліся галоўныя дзеючыя асобы гэтага канфлікту. Аднак спроба зазірнуць ва ўнутраны свет жыхароў мястэчка, разабрацца ў асаблівасцях міжасабовых адносінаў прымусіла адмовіцца да першапачатковай гіпотэзы наконт ідэалагічнага супрацьстаяння Радкевіча і паўстанцаў. Канфлікт у Новым Двары меў унутраны характар, абумоўлены непрыняццем мясцовымі жыхарамі перасяленцаў і іх сямей. Паўстанне толькі абвастрыла гэты канфлікт, прычым варагаючыя бакі паспрабавалі выкарыстаць новую сітуацыю для ўласнага поспеху.

У цэнтры даследчыцкай увагі - трагічнае здарэнне ліпеня 1863 г. у мястэчку Новы Двор Поразаўскай воласці Ваўкавыскага уезду Гродзенскай губерні, калі паўстанцамі была павешана мясцовая жыхарка Клара Радкевіч. Наступствы гэтага забойства для навадворцаў былі звязаныя з асобай удаўца Восіпа Радкевіча. У шматлікіх зваротах да ўлады, "прошениях" і даносах ён нястомна нагадваў, што ў 1863 г. быў "доносчиком со стороны для содействия Правительству", падкрэсліваў уласную "преданность Правительству" і "неблагонадежность" навадворцаў, якія нібыта ўдзельнічалі ў забойстве ягонай жонкі. У выніку Новы Двор амаль на 20 гадоў аказаўся ўцягнутым у судовыя ды чыноўніцкія разбіральніцтвы.

Зыходзячы з пазіцыі "нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі" мы маем дачыненне з прыкладам здрады змагароў "За нашу і вашу вольнасць!", з "цёмным" чалавекам, якога падманулі ўлады. Але, ці пацвердзіць такую выснову гістарычна-антрапалагічнае даследаванне? Паспрабуем прааналізаваць гэтае здарэнне з пазіцыі "чалавечага вымярэння гісторыі".

Нам важна адказаць на наступныя пытанні:

Што сабой уяўляла асоба Восіпа Радкевіча?

Што было характэрна для міжасабовых адносінаў у Новым Двары ў другой палове ХІХ ст.?

Якім было стаўленне навадворцаў да паўстання?

Ці сапраўды галоўнай прычынай зваротаў адстаўнога салдата В.Радкевіча да "начальства" было ідэалагічнае непрыняцце паўстання і ягоных мэтаў?

Паспрабуем зазірнуць ва ўнутраны свет мястэчка і ягоных жыхароў, закрануць праблему менталітэту беларускіх сялянаў 1860-х гг., зразумець матывы дзеянняў прыхільнікаў паўстання, а таксама тых, што засталіся ўбаку ад барацьбы або дапамагалі знішчаць паўстанцкія атрады. Урэшце, тагачасная Беларсуь - гэта не толькі Каліноўскі і паўстанцы ягоных атрадаў, гэта таксама і Восіп Радкевіч…


Рэпліка гісторыка (і жыхара ХІХ ст.):

"Нет ничего труднее, чем разбирать чужую душу и выворачивать ее наизнанку, особенно же трудно проследить за душой нашего крестьянина, вообще, как известно, весьма скрытного в беседах с интеллигентом, да еще приехавшим издалека, с какою-то ему непонятною целью […] Крестьянин так недоверчив, так мало привык беседовать с кем-нибудь кроме евреев и начальников, миссия которых ему представляется вполне понятно - первых, что они должны доставлять им в кредит водку, деньги, покупать в полцены хлеб, нанимать на сплавные работы, а второго, что оно имеет своей обязанностью наказывать, собирать подати и вообще наводить на население благоговейны трепет"[1]

Крыніцамі даследавання сталі пераважна дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь у Гродне, а менавіта матэрыялы фондаў Гродзенскага губернатара, губернскай канцылярыі, Гродзенскай Палаты крымінальнага суда, Губернскай вайскова-следчай камісіі па палітычных справах, люстрацыйныя акты ХІХ ст., запісы метрычных кнігаў, а таксама этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя і апублікаваныя Паўлам Шэйнам, даследаванні і этнаграфічныя назіранні Мітрафана Доўнар-Запольскага, успаміны Адама Багдановіча ды інш. Важную ролю ў спробе зразумець унутраны свет навадворцаў адыгралі дзве аднадзённые экспедыцыі па вуснай гісторыі (oral history) у вёску Новы Двор Свіслацкага раёну Гродзенскай вобл. (21 кастрычніка і 18 снежня 2007 г.) [2].

Новы Двор і ягоныя жыхары ў прасторы і часе

На працягу большай часткі сваёй гісторыі Новы Двор быў невялікім мястэчкам, які больш нагадваў вёску. Ён знаходзіўся пры дарозе з Пружан у Ваўкавыск на беразе рэчкі Медзянкі, прытока Росі. Навакольныя землі былі пясчаныя і багністыя, але якраз яны давалі галоўныя сродкі да жыцця. Гэта было мястэчка з земляробчым насельніцтвам.

Новы Двор, верагодна, быў заснаваны яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта як сядзіба ў Белавежскай пушчы. Напэўна, ён існаваў прынамсі на пачатку XVI ст. Вядомы гісторык Міхаіл Любаўскі паведамляў пра Новы Двор з воласцю, якія згадваліся ў 1518 г. [3] Пазней Новы Двор наведваў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Апошні раз гэта здарылася ў 1551 г., калі праз мястэчка прайшла пахавальная працэсія з целам Барбары Радзівіл [4].

Дакументальныя згадкі дазволілі Міхаілу Спірыдонаву пазначыць Новы Двор на карце "Беларусь напрыканцы XVI ст." [5] Заўважым таксама, што бліжэйшым значным населеным пунктам было мястэчка Поразава.

Гісторык Аляксей Шаланда сярод матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Беларусі адшукаў петыцыю навадворскіх мяшчанаў да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у якой яны прасілі вызвалення ад павіннасцяў і перадачы ім ва ўласнасць сямі валокаў. Падставай для гэтага быў прывілей караля і вялікага князя Стэфана Баторыя ад 12 жніўня 1578 г., якім Новаму Двару надавалася Магдэбургскае права [6]. Таксама захаваўся канфірмацыйны прывілей караля і вялікага князя Аўгуста ІІІ ад 14 лістапада 1744 г. Гэта было чарговае пацверджанне правоў і вольнасцяў навадворцаў. Раней яны пацвярджаліся каралямі і вялікімі князямі Янам Казімірам Вазай (1661), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (1670), Янам ІІІ Сабескім (1679), Аўгустам ІІ (1718). Апошні раз правы і вольнасці пацвердзіў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1774 г. Такім чынам, у Рэчы Паспалітай навадворцы былі мяшчанамі, а значыць свабоднымі людзьмі і мелі ўласнае самакіраванне. На гербе Новага Двара змяшчалася выява збройнага Архангела Міхаіла, які правай рукой абапіраўся на меч, а ў левай трымаў вагі. Пад нагамі яго ляжаў пераможаны д'ябал.

Гісторыя вольных жыхароў мястэчка з Магдэбургскім правам закончылася пасля далучэння беларускай зямлі да Расейскай імперыі. Ужо на пачатку "расейскага перыяду" навадворцы былі пераведзеныя ў катэгорыю дзяржаўных сялянаў. У Беларусі ХІХ ст. сяляне, якія карысталіся казённымі землямі і знаходзіліся ў залежнасці ад дзяржавы, лічыліся асабіста вольнымі. Тым не менш гэтыя перамены былі не спадобы навадворцам. Як сведчаць дакументы, на працягу ўсяго ХІХ ст. яны ўпарта называлі сябе "мяшчанамі". Згадкі навадворцаў пра колішнюю вольнасць, атрыманую ад каралёў і вялікіх князёў, фіксуюцца ў дакументах прынамсі да пачатку ХХ ст. Пазней гэтую вольнасць захоўвала толькі памяць мясцовага насельніцтва.

ХІХ ст. стала эпохай вялікіх пераменаў. Войны і паўстанні перамяжоўваліся канфесійнымі катаклізмамі, якія трансфармавалі сялянскую ідэнтычнасць. Гэта быў досыць балючы працэс. Назаўсёды адыходзіў у мінулае непрапісаны закон тутэйшага жыцця: "старыны не рушыць". Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя рэформы паступова ўцягвалі традыцыйнае грамадства Беларусі ў працэс мадэрнізацыі, які адбываўся ва ўмовах вострага нацыянальна-культурнага і палітычнага польска-расейскага супрацьстаяння. Апошняе таксама моцна ўплывала на ідэнтычнасць "тутэйшых". У эпіцэнтры ўсіх гэтых пераменаў знаходзіўся чалавек, вымушаны так ці інакш рэагаваць на выклікі часу.

Як жа выглядалі асноўныя вехі гісторыі Новага Двара і жыццё ягоных жыхароў на фоне "стагоддзя пераменаў"?

Ужо першыя статыстычныя апісанні Новага Двара як мястэчка Поразаўскай воласці Ваўкавыскага у. Гродзенскай губ. сведчаць пры выключны сялянскі вобраз жыцця асноўнай масы жыхароў мястэчка, які спалучаўся з мяшчанскай самасвядомасцю. Прамысловае і гандлёвае жыццё тут не віравала. Галоўным заняткам і адзіным годным сапраўднага гаспадара лічылася земляробства. Вельмі востра стаяла зямельнае пытанне. Новы Двор быў заціснуты паміж неўрадлівымі пясчанымі глебамі на поўначы і белавежскімі багнамі на поўдні.

Адна з першых у ХІХ ст. згадак мястэчка датычыла канфлікту навадворцаў з памешчыкамі Быхаўцамі і Сухадольскім, якія захапілі частку іх земляў [7]. Інтарэсы Новага Двара прадстаўляў "мяшчанін" Якаў Раманоўскі. У сакавіку 1818 г. ён звярнуўся ў губернскае праўленне з прашэннем вярнуць захопленае. Пры гэтым спасылаўся на прывілеі "каралёў польскіх" і інвентары часоў Рэчы Паспалітай. Гродзенскі грамадзянскі губернатар пасля разбіральніцтва загадаў землі, якія фігуравалі ў люстрацыйных інвентарах 1775 і 1783 гг., вярнуць жыхарам мястэчка. Аднак справа зацягнулася і яшчэ больш ускладнілася, калі ўлетку 1819 г. сем моргаў навадворскай зямлі, ужо засеяных жытам, былі захоплены памешчыкам Андрэйковічам. Справядлівасць патрабаванняў жыхароў мястэчка не выклікала сумненняў. Гродзенскі межавы суд выказаўся на іх карысць, але навадворцы не мелі сродкаў, каб атрымаць копію рашэння гэтага суда. Нарэшце, летам 1822 г. губернатар Міхаіл Анджэйковіч загадаў пераслаць копію рашэння ў Ваўкавыскі межавы суд і прыняць усе меры дзеля хуткага завяршэння ўсёй справы. Трэба адзначыць, што ў тэксце справы Новы Двор фігуруе ўжо як "казённае мястэчка.

Паводле статыстычнага апісання 1829 г., падрыхтаванага прафесарам Арсеньевым (яго подпіс стаіць пад дакументам), у мястэчку знаходзілася драўляная царква і 98 двароў. Усяго пражывала 399 чал. (216 мужчын і 183 жанчын). Сярод мужчынскага насельніцтва перапіс адзначыў двух беззямельных шляхціцаў, аднаго уніяцкага святара і 18 "мяшчанаў-габрэяў". Усе астатнія трапілі ў катэгорыю "мяшчане-сяляне" [8]. Можна меркаваць, што за гэтым незвычайным тэрмінам стаяла якраз упартая нязгода навадворцаў прызнаваць сябе сялянамі.

Падзеі паўстання 1830 - 1831 гг. непасрэдна закранулі мястэчка і ягоных жыхароў. Улетку 1831 г. праз Новы Двор праходзіў паўстанцкі атрад Генрыка Дэмбіньскага, які пасля няўдалага штурму Вільні выводзіў свае войскі ў Каралеўства Польскае [9]. Паблізу мястэчка ў Белавежскай пушчы знаходзіліся базы паўстанцаў, у т.л. атрада ўладальніка Свіслачы графа Тадэвуша Тышкевіча.

Рэха тых падзеяў прагучала нават у 1865 г. у паказаннях адстаўнога салдата Восіпа Радкевіча, які імкнуўся давесці "неблагонадёжность" жыхароў мястэчка. Ён заявіў, што пасля паўстання 1830 г. у Новым Двары доўгі час хаваліся паўстанцы, а адзін з іх (Андрэй Катлоў) усё яшчэ жыве ў мястэчку (!?) [10].

Падобна на тое, што вялікага значэння для жыцця навадворцаў паўстанне не мела. Прынамсі, дэмаграфічная сітуацыя амаль не змянілася. Праўда, у 1832 - 1833 гг. колькасць двароў у мястэчку трохі скарацілася да 90, затое насельніцтва нязначна павялічылася. У мястэчку пражывала 409 чал. (мужчыны - 206, жанчыны - 203). Аўтар новага апісання канстатаваў адсутнасць каменных дамоў, купцоў, а таксама навучальных ўстаноў, фабрык і заводаў, лавак і корчмаў [11].

Статыстыка 1837 г., якая фіксавала не толькі колькасць насельніцтва, але таксама і ягонае веравызнанне, засведчыла пражыванне ў Новым Двары ўжо 714 чал., з якіх 652 трапілі ў катэгорыю "сялянаў, што не належаць да маёнтку", а 49 аказаліся мяшчанамі і габрэямі, якія мелі маёмасць. Адзін шляхціц з жонкай, два адстаўныя афіцэры і два уніяцкія святары з сем'ямі маёмасці не мелі [12].

Новы Двор быў пераважна уніяцкім мястэчкам. Напярэдадні Полацкага сабора да уніяцкай царквы належалі 650 чал., у т.л. адстаўныя афіцэры з сем'ямі. Але пераважную большасць вернікаў складалі дзяржаўныя сяляне. Апроч уніятаў у Новым Двары пражывалі іўдзеі (49 чал.), якія належалі да мяшчанскага саслоўя, і каталікі (17 чал.). Сярод апошніх таксама пераважалі сяляне. Наступныя звесткі пра канфесійны склад навадворцаў датычаць толькі 1857 г. У гэтым годзе ў Новым Двары пражывала пераважна праваслаўнае насельніцтва (899 чал.) [13]. А напачатку 60-х гг. ХІХ ст. прыход навадворскай царквы Св. Міхаіла налічваў ужо 1012 вернікаў [14].

На жаль, не знойдзеныя дакументы пра тое, як адбывалася канфесійна-свядомасная "рэвалюцыя" ў Новым Двары. Можна толькі меркаваць, што мясцовы святар падтрымаў рашэнні Полацкага сабору і пераканаў навадворскіх уніятаў перайсці ў праваслаўе. Аднак тыя, каго ў афіцыйнай тэрміналогіі акрэслілі "новоправославные" рэлігійнай "благонадежностью" не адрозніваліся. З прыходам да ўлады імператара Аляксандра ІІ у былых уніяцкіх вёсках сталі хадзіць чуткі пра адраджэнне уніяцтва. У 1856 - 1857 гг. у розных мясцовасцях Беларусі мелі месца спробы легалізацыі таемнага жыцця уніі. У прыватнасці, у 1857 г. пра сваю вернасць уніі заявілі каля 100 мяшчан Поразава. У адказ у мястэчка быў уведзены вайсковы атрад, які падверг мяшчан-уніятаў фізічнаму пакаранню. Іх "секлі" розгамі да "поўнага вяртання" ў лона праваслаўнай царквы [15]. "Новоправославные" навадворцы павінны былі зрабіць належныя высновы з лёсу бліжэйшых суседзяў.

Зрэшты, яны яшчэ раней атрымалі магчымасць пазнаёміцца з карнымі акцыямі расійскага войска. Увесну 1839 г. навадворцы катэгарычна адмовіліся выконваць шарваркавую павіннасць. Пры гэтым яны згадалі пра вольнасці, якія атрымалі "ад былых каралёў польскіх", і былі гатовыя гэтыя вольнасці адстойваць. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць з ліста сакратара Ваўкавыскага земскага суда да гродзенскага губернатара: "[…] без достаточной военной команды нельзя привести тех крестьян в должное повиновение, ибо азартность их да такой дошла степени, что опасно даже ехать к ним чиновнику с каким либо предложением". У выніку губернатар аддаў загад накіраваць у Новы Двор дзве роты салдат Гродзенскага гарнізона [16].

У 1847 г. у рамках рэформы дзяржаўных сялянаў, якую ініцыяваў міністр дзяржаўных маёмасцяў граф П. Кісялёў, у Новым Двары была праведзена люстрацыя. Яна папярэднічала пераводу дзяржаўных маёнткаў на аброк. Паводле новага інвентару ( Ведомость о количестве угодий Волковысского староства и войтовства), мястэчка мела 1269,91 дз. "бесспорной" зямлі (разам з лесам). 5433,2 дз. зямлі лічылася "спорной" [17]. Прэтэнзіі на яе выказвалі памешчыкі Свяжыньскі і Анрэйковіч. (Магчыма, усё яшчэ цягнулася справа, распачатая ў 1818 г.) Усе ворныя землі мястэчка ацэньваліся па ніжэйшай шкале якасці, а менавіта як "худые". "Бесспорные" землі дзяліліся на "удобные" і "неудобные" (1191,06 дз.). Да іх яшчэ дадаваўся лес (78,85 дз.). "Спорные" землі мелі 4390,15 дз. "удобных" і "неудобных", а таксама 1042,69 дз. лесу. Апроч сялянаў землямі ў мястэчку валодалі таксама праваслаўная царква (усяго 66,64 дз.) і карчма (усяго 1,29 дз.).

Люстрацыя ўступіла ў дзеянне ў 1850 г. І амаль адразу пачаліся праблемы. У 1852 г. жыхары Новага Двара і Поразава падалі прашэнне Гродзенскаму губернатару Х. фон Ховэну, у якім адмаўляліся выплачваць аброк, што быў налічаны падчас люстрацыі. У якасці галоўнага аргументу выступалі "прывілеі былых каралёў польскіх". У прашэнні было адмоўлена. Аднак у 1856 г., калі ў Гродне з'явіўся новы губернатар (Іван Шпеер), навадворцы накіравалі яму аналагічнае прашэнне і адначасна звярнуліся ў Ваўкавыскі уездны суд. Спасылаючыся на былыя прывілеі і былыя інвентары, сяляне сцвярджалі, што ў Новым Двары ніколі не было асабістай паншчыны, што заўсёды яны валодалі землямі на вотчынных правах. Прасілі губернатарскага дазволу не плаціць аброк да вынясення рашэння Ваўкавыскім судом. Аднак і на гэты раз просьба не была задаволена. Чыноўнікі Гродзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў заявілі, што навадворцы не маюць ніякіх прывілеяў і павінны плаціць. Адпаведна губернатар загадаў Ваўкавыскаму уезднаму суду тэрмінова закончыць гэтую справу [18].

У 1857 г. закончыўся перавод на аброк дзяржаўных маёнткаў. Іх сітуацыя значна палепшылася ў параўнанні з прыватнаўласніцкімі сялянамі. У прыватнасці, уводзілася самакіраванне, зніжаўся падатковы ціск і павялічваўся зямельны фонд. У гэтым годзе Новы Двор налічваў 123 гаспадаркі, у якіх пражывалі 889 чал. (449 муж. і 450 жан.). Галоўным заняткам новадворцаў заставалася земляробства. Але ў дакументах таксама згадвалася першае мясцовае прамысловае прадпрыемства, якое было названа "гарбарным заводам" [19]. Люстрацыйны акт, які пачаў складацца ў 1859 г., засведчыў, што Новы Двор ужо з'яўляецца цэнтрам аднайменнага дзяржаўнага маёнтку.

Цэнтрам культурнага жыцця мястэчка доўгі час была царква (перабудаваная ў 1866 г.), і невыпадкова першай навучальнай установай у мястэчку стала царкоўна-прыходская школа. Яна існавала ў 1860 г. Праз некалькі гадоў адчынілася народнае вучылішча, якое на паўстагоддзя стала асноўнай адукацыйнай пляцоўкай у мястэчку. У 1891 г. у ім вучылася 77 дзяцей [20]. Народнае вучылішча ў мястэчку фігуравала таксама ў матэрыялах перапісу 1897 г. і ў статыстычным апісанні 1901 г. [21]

Рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст. палепшылі становішча сялянства і стварылі новыя магчымасці для развіцця гаспадаркі. Перамены для дзяржаўных сялянаў распачаліся напрыканцы лета 1863 г. Указам ад 16 жніўня 1863 г. дзяржаўныя сяляне г.зв. "заходніх губерняў" былі пераведзеныя ў катэгорыю "сялян-уласнікаў". Люстрацыйнымі камісіямі былі вызначаныя выкупныя плацяжы ў памеры налічанай аброчнай подаці з павышэннем на 10%. Сяляне павінны былі вярнуць гэты доўг за 49 гадоў (да 1.01.1913 г.)

Відавочна, што сацыяльна-эканамічныя перамены ў жыцці беларускага сялянства, у т.л. дзяржаўных сялянаў былі прыспешаныя падзеямі паўстання 1863 г. Гэтае паўстанне стала адной з найважнейшых падзеяў у гісторыі Новага Двара ў другой палове ХІХ ст. Яно патрабуе асобнай гаворкі, і яна наперадзе.

Адным з наступстваў паўстання стаўся перавод дзяржаўных сялян у Беларусі на абавязковы выкуп. Іх новы статус "сялянін-уласнік" пачаў набываць канкрэтны змест. Хоць на самой справе ўласнікам заставалася дзяржава, а сяляне былі толькі землекарыстальнікамі. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якія былі ў пастаянным карыстанні. Памеры надзелаў і выкупных плацяжоў устанаўліваліся люстрацыйнымі камісіямі і люстрацыйнымі актамі. У Гродзенскай губ. укладанне гэтых актаў завяршылася да 1870 г. Вызначаныя выкупныя плацяжы былі меншыя, чым у прыватнаўласніцкіх сялянаў. Але пры гэтым не выдзяляліся дзяржаўныя крэдыты.

У 1865 г. у Новым Двары пачалася апошняя ў ягонай гісторыі люстрацыя. Быў складзены спіс 150 "домохозяев", у якім, дарэчы, адсутнічаў галоўны герой артыкула Восіп Радкевіч. Відавочна, што да ліку навадворскіх "домохозяев" ён не належаў, хоць ужо 18 гадоў жыў у мястэчку.

На пачатку люстрацыі сяляне ў чарговы раз падалі скаргу ў суд і згадалі пра колішнія прывілеі. Пачалося чарговае разбіральніцтва, і ніякага рашэння Люстрацыйная камісія не прыняла. Толькі ў верасні 1865 г. ужо Правячы сенат прыняў рашэнне пакінуць скаргу без наступстваў ("Никаких вотчинных прав не имеют"). Камісія налічыла 654 руб. аброку, і навадворцы падалі яшчэ адну скаргу ў Ваўкавыскі суд. Яны прыгадалі, што ў 1798 г. (?!) аброк складаў толькі 180 руб. 50 кап. [22] Дарэчы, абараняючы свае правы, яны ўпершыню спасылаліся на рашэнні царскіх уладаў. Адначасна былі пададзеныя скаргі Віленскаму генерал-губернатару, гродзенскаму губернатару, а таксама кіраўніцтву Упраўлення дзяржаўных маёмасцяў.

Няўзабаве, Камісія аднавіла свае працы, і ў мястэчка прыехаў выканаўца люстрацыйных працаў, навадворцы адмовіліся выбіраць упаўнаважанага. Люстрацыйны акт быў складзены без удзелу сялянаў. Толькі пад прымусам міравога пасрэдніка валасны старшына і стараста выдалі пячатку, якой быў завераны Люстрацыйны акт. Сялянаў пазнаёмілі з ім на агульным сходзе. Але пасля выезду Камісіі зноў была пададзеная скарга, у якой сцвярджалася, што Люстрацыйны акт не мае законнай сілы, бо быў прыняты без сялянскай згоды. Адначасна працягвалася зямельная спрэчка Новага Двара з памешчыкамі Свержынскім (632 дз.) і Вержбінскім (850 дз.), а таксама з лясным ведамствам. Паводле навадворцаў, чыноўнікі гэтага ведамства незаконна забралі сялянскія сенакосы і рэквізавалі 1600 пудаў сена. Дарэчы, невырашанай засталася даўняя спрэчка з памешчыкам Андрэйковічам. Люстратары нават адмовіліся ставіць у тым месце межавыя знакі ("чтобы не возбуждать бесконечные споры") [23].

Уражвае ўпартасць навадворскіх сялянаў у барацьбе за захаванне колішніх прывілеяў, за ""спорные" землі і сенакосы. Відавочна нежаданне зразумець, што няма больш дзяржавы, у якой дзейнічалі "прывілеі каралёў польскіх", і Новы Двор не плаціў падаткаў. Гэтыя бясконцыя спрэчкі і судовыя скаргі таксама падкрэсліваюць значэнне зямлі для сялянскага жыцця, прынамсі ў Новым Двары ХІХ ст.

Рэпліка этнографа:

"Земля самый дорогой предмет для белоруса. Во всех его многочисленных обрядах, песнях, сказках, отличающихся древностью воззрений, проглядывает глубокое чувство почтения к земле. Это вполне понятно, потому что земля много веков питала его и питает теперь. С представлением о земле тесно связывается представление о роде, в смысле прямого продолжения потомства. Мы видели, как дорожит белорус тем, чтобы иметь наследника, который бы сел на его место, обрабатывал бы и почитал ту самую землю, на которой проливали пот его деды […] Вследствие указанного отношения к земле, мы замечаем постоянное стремление к тому, чтобы она не выходила из рода, понимаемого то в более узком, то в более широком смысле, в значении всей родни вообще"[24].

Урэшце рэшт у 1869 г. у Новым Двары быў падпісаны канчатковы Люстрацыйны акт [25]. Ён зафіксаваў у мястэчку 180 двароў і 400 "податных душ" сялян-уласнікаў, прыпісаных да мясцовага "общества". Паводле гэтага Акту, усё мястэчка мела 6179,33 дз. зямлі, у т.л. "удобной" - 5855,68 дз., а "неудобной" - 323,65 дз. Усе гэтыя землі размяшчаліся ў адным месцы і былі падзеленыя на асобныя надзелы. "Спрэчныя" землі не згадваліся. Магчыма, судовае разбіральніцтва, якое распачалося яшчэ ў 1818 г., нарэшце, закончылася. Люстрацыйны аброк за зямлю склаў 801 руб. з гаспадаркі.

Варта звярнуць увагу, што ў пераліку землеўласнікаў ("хозяев") ужо фігураваў адстаўны салдат Восіп Астафьевіч Радкевіч. Ягоны надзел сядзібнай зямлі складаўся з 0,27 дз., якія не трэба было выкупаць. У гэтым сэнсе В.Радкевіч быў выключэннем. Амаль усе гаспадары з Новага Двара мелі сядзібныя надзелы "удобной" зямлі, за якія павінны былі разлічвацца з дзяржавай. Памеры гэтых надзелаў вагаліся ад 0,52 (Аляксей Грушэўскі і Рыгор Сакалоўскі) і 0,5 дз. (Філіп Філіповіч) да 0,1 (Антон Шырынга) і 0,08 дз. (Аляксей Сычэўнік). Уся сядзібная зямля складала 38,12 дз. Ворныя землі мястэчка налівалі 3108, 45 дз., сенакосы - 2087,56 дз., выганы - 395,87 дз.

Уявіць матэрыяльны бок сялянскага жыцця, штодзённы побыт селяніна дапамагаюць матэрыялы Паўночна-Заходняга аддзелу Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. На пачатку 70-х гг. Распараджальны камітэт Таварыства разаслаў настаўнікам і святарам апытальнік, які датычыў стану валасной прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Апісанне Навадворскай воласці, на жаль, не знойдзена. Затое захавалася апісанне суседняй Поразаўскай воласці, складзенае настаўнікам мясцовага народнага вучылішча Ігнатам Пякарскім [26]. Яно дазваляе ў агульных рысах ўявіць стан сельскай гаспадаркі таксама ў Новым Двары, які знаходзіўся на адлегласці каля 10 км. Спосаб гаспадарання на зямлі быў аналагічным. Вось толькі ў адрозненні ад поразаўцаў жыхары Новага Двара не мелі цікавасці да развіцця рамёстваў. Усе сілы і намаганні былі звязаныя толькі з земляробствам.

Паводле І.Пякарскага, у сялянскіх гаспадарках дамінавала трохполле. Праўда, сяляне яго штогод парушалі, засяваючы лепшыя паравыя землі бульбай. Наём сялянамі рабочай сілы абыходзіўся даволі дорага. Так, наём работніка мужчыны каштаваў ад 20 да 30 руб. у год, а работніцы жанчыны - ад 15 да 20 руб. Пры гэтым гаспадар гарантаваў работніку харчаванне і адзенне, што каштавала яшчэ каля 40 руб. штогод. Зямлю аралі сахой, якую цягалі валы або коні.

На сялянскіх палях звычайна раслі жыта, авёс, ячмень, грачыха і бульба, у агародах - капуста, буракі, морква, рэпа, бруква, цыбуля і часнык. Настаўнік сцвярджаў, што сялянскія патрэбы ў хлебе задавальняюцца. Апроч хлеба людзі харчаваліся бульбай, якая ўжывалася сама па сабе, а таксама як дадатак да мукі пры выпечцы хлеба. Сялянскі рацыён дапаўняла згаданая гародніна, а таксама гарох, бабы і чачавіца. Ільняное і канаплянае семя, мак і гарчыца, цыбуля і часнык ужываліся як прыправы. Сады і агароды для вырошчвання на продаж, практычна, адсутнічалі. Аўтар Апісання... налічыў сады толькі пры васьмі сялянскіх дварах у наваколлях Поразава, дзе раслі яблыні і грушы. Пры гэтым уся садавіна ўжывалася ў ежу "без усялякага прыгатавання". Зборам ягад і грыбоў для продажы сяляне не займаліся.

Трэцяя частка працоўных рук сям'і займалася назапашваннем сена і саломы. Выганы для ската арандаваліся ў памешчыка, а сена касілася на лясных лугавінах. Пуд такога "натуральнага" сена каштаваў 25 кап. срэбрам. Пуд саломы - 7,5 кап. Узімку кароў кармілі ржаной саломай з дадаткам сена, а таксама ячменнай, грэчышнай і аўсянай саломай без сена. Цялят і авечак кармілі толькі сенам, а коней - сечкай і сенам. Звычайна сяляне трымалі столькі ската, колькі было неабходна для гаспадаркі і сям'і. На продаж скот ішоў толькі "по старости лет" альбо па іншай прычыне, якая рабіла яго нягодным для гаспадаркі. Кошт каровы дасягаў 60 руб. срэбрам, каня - да 100 руб., авечкі - да 3 руб.

Гусі і куры разводзіліся на продаж. Іх ахвотна куплялі габрэі. Гусь каштаваў ад 60 кап. да 1 руб. 05 кап., курыца - ад 20 да 30 кап. Пара яйцаў прадавалася за 2,5 або 3 кап. Рыбалоўства і пчалярства як промыслаў не існавала, а паляванне на жывёлу і птушку было забаронена.

Ігнат Пякарскі рабіў выснову, што жыццё вясковага насельніцтва забяспечвалася пераважна земляробствам. Але поразаўскія мяшчане яшчэ займаліся ганчарным рамяством. А вось у Новым Двары, як адзначалася, рамёствы амаль не развіваліся.

Спецыяльнай увагі заслугоўвае апісанне І.Пякарскім трох тыпаў сялянскіх гаспадарак - багатай, сярэдняй і беднай. Варта засяродзіцца на жыцці беднай гаспадаркі, бо двор Восіпа Радкевіча якраз належаў да гэтага тыпу.

Тыповая бедная сялянская гаспадарка Поразаўскай воласці, паводле Апісання…, складалася з двух асобаў мужчынскага полу і трох жаночага ва ўзросце ад двух да 40 гадоў. (Заўважу, што да забойства жонкі склад сям'і В.Радкевіча быў амаль такі самы). Сям'я жыла ў старой хаце, крытай саломаю. Пакой для жытла быў адзін з земляной падлогай. Маленькія вокны прапускалі не шмат святла. Рамы былі адныя як летам, так і зімой. Гумна гаспадар не меў. Затое на падворку месціліся два хлявы. Сям'я трымала трох кароў, чатырох авец, адну свінню. Каня не мелі. Да асноўных гаспадарчых прыладаў працы І.Пякарскі аднёс саху, барану, сані і воз з неакованымі коламі. Гаспадар меў адну дзесяціну сядзібнай зямлі, сем дзесяцін ворыва і адну - сенакосу. Недахоп зямлі кампенсаваўся яе арэндай у памешчыка. За кожную дзесяціну трэба было адпрацаваць 9 дзён у год. Увесь сабраны ўраджай заставаўся ў сям'і. Работнікі не наймаліся. Будаўнічы лес не купляўся, а дровы каштавалі па 15 кап. за воз. На год гаспадар патрабаваў да 20 вазоў дроў. Усё верхняе і ніжняе адзенне выраблялася ўласнымі рукамі і з уласнага матэрыялу. На абутак і галаўныя ўборы ў год расходавалася да 5 руб. Выдаткаў на каваля не было наогул. А "другие жизненные потребности" каштавалі беднай сялянскай сям'і да 1,5 руб. у год. Сям'я была вымушаная шукаць заробку па-за ўласнай гаспадаркай. Нормай было штодзённае змаганне за выжыванне.

І тым не менш сацыяльна-эканамічныя перамены 60-70-х гг. паступова давалі плён. Жыхары мястэчка станавіліся больш заможнымі. Адным з вынікаў гэтага стаўся дэмаграфічны рост.

Слоўнік геграфічны Каралеўства Польскага ды іншых славянскіх земляў (1886) паведаміў, што ў Новым Двары пражываюць 1183 чал. (563 мужчыны і 620 жанчынаў), у т.л. 100 габрэяў. Падароскае "благочиние", да якога належала таксама навадворская царква Св.Міхаіла, налічвала 1068 вернікаў [27]. Варта звярнуць увагу на адносна невялікую для беларускага мястэчка колькасць габрэяў. Верагодна, гэта тлумачылася дамінаваннем земляробства ў жыцці Новага Двара.

Паводле статыстычнага апісання 1888 г. [28] у Новым Двары пражывала 1305 чал., з якіх болей за 90% жылі з зямлі. 23 жыхары мястэчка займаліся гандлем, шасцёра - рамяством і 21 - паслугамі. Саслоўная структура мястэчка падлічвалася толькі па мужчынскаму насельніцтву і адпавядала галоўным заняткам яго жыхароў: сяляне - 599 чал., мяшчане - 50 чал., духавенства - 1 чал., дваране адсутнічалі. Па канфесійнаму складу мястэчка было пераважна праваслаўным. 595 сялян-гаспадароў належалі да праваслаўнага прыходу. Толькі чацвёра былі каталікамі. Дарэчы, дзеля параўнання варта адзначыць, што ў суседніх мястэчках Поразава і Свіслачы ў гэты час актыўна развіваліся рамёствы (напр., ганчарнае), якія давалі дадатковы прыбытак. Земляробствам у Свіслачы займалася толькі 35% насельніцтва, а ў Поразаве - 45%.

Напрыканцы 80-х гг. ХІХ ст. у Новым Двары усё яшчэ адсутнічала прамысловасць. Тут не было заводаў і фабрык, адсутнічалі гандлёвыя лаўкі (у Свіслачы - 35, а ў Поразаве - 49), не праводзіліся базары і кірмашы. Затое мястэчка мела 8 млыноў (у 4 разы болей, чым мелі разам Свіслач і Поразава). Тут адчыніліся два "кабакі", якія ў год давалі да 300 руб. прыбытку. Але і па гэтаму паказчыку Новы Двор саступаў суседзям. У Поразаве існавалі 8 кабакоў (прыбытак - 4 тыс. руб.), а ў Свіслачы - 12 (прыбытак - 5,2 тыс. руб.). З улікам таго, што найвялікшыя прыбыткі кабакі атрымлівалі падчас базарных дзён і кірмашоў, можна выказаць меркаванне, што грошы навадворцаў часцяком заставаліся ў кабаках Свіслачы і Поразава.

У мястэчку налічвалася 229 дамоў. З іх 211 належала сялянам, 16 - мяшчанам, адзін - мястэчку і ў адным доме жыў "бацюшка" з сям'ёй. За мястэчкам лічылася 2060 дз. зямлі, з якіх 2000 дз. належалі сялянам, а 60 дз. - Святаміхайлаўскай царкве. Варта адзначыць, што большасць сенакосаў і выганаў для ската характарызаваліся як "болотные и худые".

Перапіс 1897 г. зафіксаваў у Новым Двары ўжо 271 сялянскую гаспадарку і 1481 жыхара. Перапісчыкі адзначылі краму "дробнага тавару", збожжавы склад, праваслаўную царкву, народнае вучылішча, два млыны і два "питейных дома" [29]. Праз чатыры гады (1901) колькасць насельніцтва зменшылася да 1200 чал., з якіх 1099 былі ўнесеныя ў чарговае статыстычнае апісанне як сяляне. 100 жыхароў належалі да мяшчанскага саслоўя. Падобна, што ўсе яны былі габрэямі. Сацыяльную структуру дапаўняла асоба праваслаўнага "бацюшкі". Перапіс таксама зафіксаваў у мястэчку сінагогу. Яна ж адзначалася ў статыстычным апісанні Новага Двара за 1901 г. [30]. Гэтую сінагогу згадваюць таксама сучасныя навадворцы сталага ўзросту. Яна згарэла падчас пажару 1937 г. і ўжо не аднаўлялася.

Такім чынам, на працягу ХІХ ст. навадворцы не здрадзілі свайму асноўнаму жыццёваму занятку, і ў ХХ ст. Новы Двор уступіў як земляробчае мястэчка. Менавіта сялянская праца вызначала ўвесь жыццёвы цыкл, звычаі і традыцыі ягоных жыхароў. Адной з вастрэйшых праблемаў з'яўлялася зямельная, якая істотна ўплывала на міжасабовыя адносіны.

Аднак навадворцы другой паловы ХІХ ст. адрозніваліся ад сваіх дзядоў і прадзядоў, прынамсі, больш выразнай прысутнасцю ў сацыяльным і культурным жыцці эпохі. Наогул беларускае сялянства ў апошнюю трэць ХІХ ст. перажывала пэўную сацыялізацыю. Яно пераставала быць "маўклівай большасцю", а ўсё часцей заяўляла пра свае правы. Да гэтай перамены істотна прычынілася паўстанне 1863 - 1864 гг.

Наступнае стагоддзе яшчэ больш змяніла Новы Двор. Але наведванне (21 кастрычніка і 18 снежня 2007 г.) сучаснай вёскі Свіслацкага раёну Гродзенскай вобл. паказала, што яна таксама з'яўляецца крыніцай для разумення падзеяў 60-70-х гг. ХІХ ст.

У прыватнасці, ужо пры ўездзе ў вёску прыцягнулі ўвагу прыдарожныя крыжы - праваслаўны і каталіцкі. Яны стаяць побач, але пры гэтым каталіцкі знаходзіцца перад шыльдай з надпісам "Новы Двор". Ён быў вынесены за межы вёскі. Як высветлілася пазней, гэта была ўмова мясцовых кіраўнікоў, якія толькі пры яе выкананні згадзіліся на ўстаноўку каталіцкага крыжа.

Вельмі цікавай крыніцай гісторыі аказаліся могілкі, на якіх захаваліся магілы сярэдзіны і другой паловы ХІХ ст. Тут пахаваныя прадстаўнікі "карэнных" навадворскіх родаў - Каскевічы, Ботвічы, Грушэўскія, Філіповічы, Грыцкевічы, Ганчарэвічы, Гамановічы, Катаркевічы, Сычэўнікі, Лісоўскія ды інш. Каменныя крыжы на магілах 80-90-х гг. ХІХ ст. засведчылі адносна высокі дабрабыт вяскоўцаў таго часу. Самы старажытны нагробны крыж, які атрымалася ідэнтыфікаваць, быў пастаўлены на магіле Магдалены Філіповіч [31], якая памерла ў 1853 г. ад воспы. Магіла Восіпа Радкевіча не захавалася, але былі знойдзеныя магілы ягоных нашчадкаў.

Даволі цікавы матэрыял для разважанняў дала вусная гісторыя ( oral history). Размовы са старажыламі дапамаглі высветліць цэлы шэраг істотных асаблівасцяў жыцця вёскі і менталітэту яе жыхароў [32]. У прыватнасці, звярнула на сябе ўвагу частае выкарыстанне ў размове саманазвы ("навадворцы"). У большасці беларускіх вёсак падчас аналагічных экспедыцый трэба распытваць жыхароў пра саманазву. Тут жа тэрмін "навадворцы" актыўна прысутнічае ў размове і сведчыў пра высокую ступень лакальнай ідэнтыфікацыі. Пры гэтым сцвярджалася "замкнёнасць" або "закрытасць" навадворцаў, згадвалася, што некалі нават шлюбы яны бралі выключна з "сваімі". Тлумачэнні гэтай замкнёнасці зводзіліся да тэзісаў пра заўсёдную вольнасць жыхароў Новага Двара ў параўнанні з насельніцтвам суседніх вёсак, пра вастрыню зямельнай праблемы. Верагодна сваю ролю адыгрывала і тое, што амаль цалкам праваслаўны Новы Двор (пасля 1839 г.) знаходзіўся (і знаходзіцца!) у канфесійна мяшанай прасторы побач з каталіцкімі вёскамі.

Цікавыя вынікі далі спробы параўнання навадворцаў і жыхароў навакольных вёсак. Найчасцей згадваліся поразаўцы. Гістарычнае суседства аказалася гістарычнай канкурэнцыяй, якая не закончылася і сёння. Звычайна, людзі казалі пра ганарлівасць поразаўцаў, якія раней ніколі не саступалі дарогі навадворцам. Даходзіла да бойкі, але суседзі дамагаліся свайго. Падобна на тое, што пачуццё іх "вышэйшасці" мацавалася прыналежнасцю прынамсі часткі поразаўцаў да каталіцкага касцёлу. Зрэшты, гэта не датычыла поразаўцаў другой паловы ХІХ ст. У той час пераважалі праваслаўныя, якія, праўда, не жадалі забываць свае уніяцкія традыцыі. Навадворцы, у сваю чаргу, ніколі не саступалі дарогі жыхарам колішніх прыватнаўласніцкіх вёсак. Іх "вышэйшасць" трымалася на ўсведамленні, што яны свабодныя людзі і "мещане", а не халопы.

Згадка прозвішча Радкевічаў адразу выклікала рэпліку, што яны прышлые, чужые для Новага Двара. Уразіла, што 160 гадоў, якія Радкевічы пражылі ў мястэчку і вёсцы, аказалася недастаткова, каб стаць "сваімі". (Восіп Радкевіч перасяліўся ў Новы Двор у 1847 г.). Нават успаміны пра пажар 1937 г., калі Новы Двор згарэў амаль цалкам, суправаджаліся разважаннямі пра верагодную віну тых самых Радкевічаў.

Дарэчы, апошняя хата Радкевічаў стаіць на тым самым месцы, дзе некалі ў сярэдзіне ХІХ ст. месцілася сядзіба Восіпа Радкевіча. Яна была збудаваная ў міжваенны час на ўскрайку вёскі на беразе рэчкі Мядзянкі, якая больш нагадвае крыніцу. За рэчкай знаходзіцца пясчаны ўзгорак, зарослы сасновым лесам. Апошняя гаспадыня гэтай хаты памерла некалі гадоў таму, а яе дачка пераехала ў горад.

Надзіва ў вёсцы захавалася памяць пра падзеі 1863 г. Грыцкевіч Вера Іванаўна, 1931 г. нар. прыгадала, што яе мама Ганна Грушэўская, якая пражыла 99 гадоў, калісьці пераказвала ўспаміны старэйшых людзей пра павешаную паўстанцамі бабулю Радкевічаў. Ганна Грушэўская параўноўвала часы паўстання з падзеямі Другой сусветнай вайны, а паўстанцаў з партызанамі, якія, дарэчы, шмат у каго пакінулі даволі цяжкія ўспаміны пра свае начныя наведванні. Затое ў матэрыялах школьнага музея эпізод павешання набыў цалкам іншы кантэкст. Сцвярджалася, што яе павесілі царскія войскі, каб падавіць хваляванні навадворскіх сялянаў, незадаволеных той "зямлёй і воляй", якую яны атрымалі па рэформе 1861 г. (?!)

Размовы пра Другую сусветную вайну абярнуліся шэрагам даволі крытычных характарыстык навадворцаў:

"[…] Навадворцы яны на прадажу цікавыя. Якую прадажу? Прадаць людзей. Поразаўцы нікога не выдалі. Там нікога не забралi".

"[…] Тут прадаць могуць. У тую вайну ўсіх да адзінага прадалі".

У размовах згадваліся даносы, як рыса мясцовага жыцця: "Такія тут людзі…"

Дарэчы, навадворскіх мужыкоў не было ў партызанах, бо на самым пачатку нямецкай акупацыі амаль усе былыя "актывісты" былі арыштаваныя і вывезеныя ў Германію на працу. Усе яны загінулі. Паміж сабой людзі казалі, што тут не абышлося без даносу. Іншыя не пайшлі ў партызаны, бо гэта магло абярнуцца расстрэлам усёй сям'і. У Новым Двары амаль пастаянна знаходзіліся нямецкія войскі.

Успаміны пра навадворцаў-змагароў былі рэдкімі. Часцей гучала думка, што навадворцы "людзі ціхія, нікуды не лезлі". Тым не менш, калі ў 1964 г. па рашэнню Навадворскага сельсавету (старшыня Рыбак) была разабраная царква Святога Міхаіла, жанчыны прыходзілі на пустое месца і маліліся.

Паўстанне. Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838-1864)

Адной з ключавых постацяў паўстання 1863 г. з'яўляўся ўраджэнец вёскі Мастаўляны Ваўкавыскага уезду шляхціц Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838-1864). Хутар Якушоўка, на якім у часы паўстання жылі ягоныя бацькі, знаходзіўся на адлегласці каля 20 км ад Новага Двара. Можна меркаваць, што К.Каліноўскі добра ведаў жыццё вёсак і мястэчак гэтай часткі Белавежскай пушчы і арыентаваўся ў настроях мясцовых жыхароў.

Кастусь Каліноўскі ў 1862 г. узначаліў Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю. Найбольш яркай старонкай яе дзейнасці стала выданне "Мужыцкай праўды". Змест газеты дазваляе ахарактарызаваць асноўныя ідэйныя ўстаноўкі кіраўнікоў будучага паўстання, прынамсі, тыя з іх, якія павінны былі ўзняць масы на барацьбу.

На старонках "Мужыцкай праўды" сцвярджалася, што паўстанне вядзецца "За нашую вольнасць!" Паводле Каліноўскага, вольнасць, - гэта "зямелька, якую абяцалі, але падманулі і не далі". А зямля належыць сялянам, бо "з дзядоў прадзядоў кроўнаю працаю на яе зарабілі ды заплацілі". Вольнасць - гэта права "не даваць некрутаў" і "не хадзіць у маскалі". Вольнасць - гэта жыццё без "маскалёў" і "лапсэсараў", без хлусні маскоўскага "ронду". Вольнасць - гэта права мець "ронд для народу". І нарэшце, гэта спавяданне "справядлівай нашай уніяцкай веры" [33].

Усе абставіны паўстання і дзейнасць Каліноўскага як кіраўніка Літоўскага правінцыйнага камітэту, як камісара Гродзенскага ваяводства, нарэшце, як "дыктатара Літвы" у гэтым артыкуле асвятляць не мае сэнсу. Варта толькі адзначыць, што асоба Кастуся Каліноўскага здаўна прыцягвала да сябе ўвагу даследчыкаў. Першым беларускім аўтарам, які пісаў пра Каліноўскага быў Вацлаў Ластоўскі. Ягоны артыкул "Памяці справядлівага" апублікавала газета "Гоман" ("Homan") у 1916 (№ 1) пад псеўданімам Сваяк. У наступныя гады з'явіліся працы Івана Цвікевіча, Усевалада Ігнатоўскага, Адама Станкевіча, Уладзіміра Перцава, Анатоля Смірнова, Генадзя Кісялёва, Вячаслава Шалькевіча, Міхася Біча ды інш.

На старонках большасці гістарычных даследаванняў айчынных аўтараў створаны вобраз народнага (і нават нацыянальнага) героя, які змагаўся як за лепшую долю беларускіх сялянаў, так і за будучыню незалежнай Беларусі без панавання "маскалёў" і польскіх памешчыкаў. На самой справе, варта задумацца, у якой ступені постаць "Яські-гаспадара з-пад Вільні" тоесная асобе самога Каліноўскага. Ёсць падставы сцвярджаць, што свядомасць "дыктатара Літвы" альбо, прынамсі, яе адлюстраванне ў ягоных тэкстах, немагчыма ахарактарызаваць толькі ў межах беларускага нацыянальнага дыскурсу. Знаёмства з тэкстамі сведчыць хутчэй пра феномен ліцвінства напярэдадні наступу эпохі нацыяналізмаў [34].

Гісторыкі больш згодныя ў ацэнках ролі Каліноўскага ў гэтым паўстанні. Ён небезпадстаўна ўяўляецца найбольш паслядоўным і рашучым змагаром "За вольнасць нашу і вашу!" Каліноўскі - гэта беззаганная постаць змагара-паўстанца. Якраз дзякуючы ягоным намаганням паўстанне ў Беларусі і Літве пратрывала да вясны 1864 г. Для яго барацьба працягвалася ў турме і нават на Лукішках пад шыбеніцай. У пэўны момант знік Вікенці Канстанцін Каліноўскі, а застаўся толькі "Яська-гаспадар з-пад Вільні".

Ягоную мужнасць прызнавалі нават тыя, хто не падзяляў поглядаў Каліноўскага на мэты і задачы паўстання. Адзін з правадыроў "белых" у гэтым паўстанні Якуб Гейштар пакінуў наступную характарыстыку Каліноўскага?

"Каліноўскі можна сказаць, быў чалавекам фармату героя, з бязмежнай самаахвярнасцю, моцным характарам […]

Ён быў узорным канспіратарам; толькі ён адзін быў здольны месяцамі працаваць у Вільні ў перыяд самага жорсткага тэрору. Ён, якога паўсюдна шукалі, прыходзіў да Дамініканскай брамы на кожную расправу з паўстанцамі; бачыў асуджаных на смерць і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліну не страціў энергіі. Пад моцным кіраўніцтвам - выдатны выканаўца, бо ўмеў падпарадкоўвацца, калі яму загадвалі ў імя абавязку. У тэорыі - шаленец, пол-Марат, літвін-сепаратыст, але меў сэрца старапольскае; галава занятая падхопленымі чужымі прынцыпамі, але праца, цярплівасць, ахвярнасць героя"[35].

Паводле легенды Каліноўскі нібыта заявіў старшыні следчай камісіі: "Цяпер можаце быць спакойным. Раз мяне ўзялі, то ў Вільні будзе спакойна". Як пісаў Гейштар, Камісія жартавала, што арыштаваны выказваўся як "дыктатар Літвы", аднак, дадаваў ён "напэўна ні справе, ні якой-небудзь асобе не пашкодзіў. Прызнаваўся ў дзеяннях, але нікога не скампраметаваў. Прыгожая постаць […]" [36]

Дарэчы, варта яшчэ раз задумацца над апошнімі гадзінамі жыцця гэтага чалавека. Яны шмат гавораць пра характар і свядомасць Каліноўскага. Незадоўга да смерці ён напісаў вядомыя "Лісты з-пад шыбеніцы" на беларускай мове, якія атрымалася перадаць на волю. Ягонае развітанне з жыццём - гэта яшчэ адзін заклік працягваць змаганне. Барацьба была сэнсам існавання, і нават чаканне смерці нічога не змяніла. Захавалася апісанне апошніх хвілінаў Каліноўскага, якое не можа не ўражваць. Нават пад шыбеніцай гэты чалавек захаваў яснасць розуму і нязменнасць уласнай грамадзянскай пазіцыі. Яго не паралізавала блізкасць смерці. Ён слухаў словы прысуду і каментаваў іх: "У нас нет дворян, все равны!" [37]

Каліноўскага папрасілі замаўчаць. Пакаранне адбылося...

Кастусь Каліноўскі адышоў у гісторыю. Цела схавалі, быццам і мёртвага баяліся. Яно было перавезена на тэрыторыю расейскага гарнізона, які месціўся ў цэнтры Вільні, і, паводле пэўных звестак, закапана на Старым замку, на г.зв. "гары Гедыміна".

Звычайна ў якасці галоўнага антыподу Кастуся Каліноўскага фігуруе Віленскі генерал-губернатар граф Міхаіл Мураўёў, які паслядоўна змагаўся з "метежниками". Але на самой справе значна большую небяспеку паўстанню ўтрымлівала пазіцыя сялянства, з якім Каліноўскі звязваў надзеі на перамогу, і якое іх не спраўдзіла.

Пасля вяртання да кіраўніцтва паўстаннем 11 чэрвеня 1863 г. Каліноўскі напісаў Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да народу зямлі літоўскай і беларускай. Гэты вядомы дакумент заслугоўвае асаблівай увагі ў святле тых падзеяў, якія пазней адбыліся ў Новым Двары.

У гэтым Прыказе К.Каліноўскі адмаўляўся надалей пераконваць сялянаў у неабходнасці падтрымліваць змагароў "За вольнасць нашу і вашу!" Ён яшчэ тлумачыў сітуацыю, але ўжо не прасіў, не прапанаваў, а загадваў. Словы Каліноўскага гучалі як прысуд тым, хто стаў на бок ворага:

"Цяпер то настаў час, што кажному будзе одмерано так, як ён сам сабе намерыць. Пан будзе ліхі - пана павесім як сабаку! Мужык будзе кепскі - то і мужыка павесім, а двары іх і сёла з дымом пойдуць і будзе справядлівая вольнасць - бо гэтага сам Бог ужэ хочэ і Прэчыстая маці! […] А хто гэтаму прыказу спрэчон будзе, таго - ці ён поп, ксёндз, мужык ці пан, усякага данасіць да Ронду польскага, каб можна было позьней павесіць або, сазваўшы грамаду і зрабіўшы справядлівы суд, без адгаворкі весці на шыбеніцу! Бо хто хочэ крыўды людской - той нехай лепш сам марно прападае!"[38]

У гэтым жа месяцы выйшаў апошні нумар Мужыцкай праўды. Ягоная танальнасць моцна нагадвала Прыказ...:

"А такіх, што за грошы не пабаяліся служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі ды праўды на свеце, ды спрэчны былі новай вольнасці і новаму польскаму маніфесту, гэтакіх вешаюць як подлых сабак, селішчы іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба"[39].

Сярод матэрыялаў гістарычнага архіва ў Гродне захаваўся ў перакладзе на расейскую мову зварот Отдела руководства литовскими провинциями (так у тэксце), які верагодна таксама быў напісаны напачатку чэрвеня. Зварот заклікаў весці партызанскую вайну, шырыць кола змагароў, перадаваць сялянам зямлю ў безумоўную маёмасць, а таксама весці рашучую барацьбу з даносчыкамі: "Также смерти должны быть подвержены все шпионы донощики. К какому бы сословию они не пранадлежали, так как перед лицом закона в этом печальном событии должно быть соблюдено равенство всех сословий" [40]. Камандзіры атрадаў павінны былі зачытваць зварот сваім паўстанцам.

Магчыма забойства Клары Радкевіч (і не толькі яе) было наступствам якраз гэтых загадаў.

Паўстанне. Новы Двор і паўстанцы.

Белавежская пушча была тэрыторыяй дзейнасці некалькіх буйных паўстанцкіх атрадаў. Тут, дарэчы, актыўна рыхтавалася паўстанне. Наваколлі Новага Двара сталі зонай распаўсюджвання "Мужыцкай праўды". Часцяком гэта рабіў сам Кастусь Каліноўскі.

27 кастрычніка 1862 г. станавы прыстаў Слонімскага уезду Агапін у рапарце ваеннаму губернатару Гродна генералу Галеру паведамляў пра з'яўленне "Мужыцкай праўды", якую "злонамеренные люді" падкідаюць часоваабавязаным сялянам. Прыстаў здолеў адшукаць у вёсцы Шайпакі два асобнікі газеты. Сяляне заявілі, што гэтую газету выкінуў з карэты невядомы праезджы. Паказанні сялянаў і запісы ў кнізе Ружанскай паштовай станцыі сведчылі, што им быў "некто дворянин Викентий Калиновский". Таксама высветлілася, што ямшчык паштовай станцыі вазіў К.Каліноўскага ў Падароск [41]. Далейшае следства працягвалі ўжо жандары, якія даведалися, што Каліноўскі наведаў ксяндза Казлоўскага ў Вялікай Бераставіцы, з якім разам паехаў у Гродна. Капітан корпуса жандараў Віт таксама ўстанавіў, што ў сваіх ранейшых паездках Каліноўскі неаднаразова наведваў Свіслач і Якушоўку, дзе жывуць ягоныя бацькі. За домам у Якушоўцы было ўстаноўлена "постоянное секретное наблюдение" [42].

Каліноўскі меў прыхільнікаў у родных мясцінах. Ёсць звесткі, што пісар Гарнастаевіцкага валоснага праўлення (10 км ад Новага Двара) чытаў "Мужыцкую праўду" сялянам. Мясцовыя краязнаўцы выказалі думку, што ён быў нават асабіста знаёмы з кіраўніком Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) [43].

Трэба адзначыць пэўны плён прапагандысцкай акцыі "Мужыцкай праўды". У першую чаргу ён праявіўся ў больш актыўным удзеле сялянства Гродзеншчыны ў паўстанні. Апроч таго сяляне засвоілі многія тэзісы газеты Каліноўскага, якія сталіся часткай іх свядомасці. Нават у 1886 г. Іван Карскі з вёскі Лаша Гродзенскага у., інфармант этнографа Паўла Шэйна паведамляў, што сяляне не моляцца за "Царя-освободителя", а гавораць:

"[...] не были бы мы волные, але дзякаваць Пану Богу за пранцуза. Ён, як воеваў у Сістопаля (Севастополя - П.Ш.) то і прыказаў нашаму цару, каб даць вольнасць нам, бедным мужыкам і ціпер мы волные"[44].

Гэтыя мужыцкія размовы 1886 г. амаль дакладна паўтаралі фрагмент № 3 "Мужыцкай праўды".

Тым не менш магчымасці прапаганды былі абмежаваныя адсутнасцю сеткі распаўсюджвальнікаў (як сведчыць вышэй прыведзены дакумент, гэтым займаўся сам кіраўнік ЛПК), невялікай колькасцю асобнікаў газеты, якая не заўсёды трапляла па прызначэнні, і, галоўным чынам, непісьменнасцю асноўнай масы сялянства (нагадаю, што першая школа ў Новым Двары была адкрытая толькі ў 1860 г.). Малаверагодна, што "Мужыцкая праўда" да паўстання трапіла ў мястэчка. Па меншай меры, у дакументах, якія датычаць падзеяў паўстання і асобы Каліноўскага, такі факт не згадваецца. Можна меркаваць, што жыхары Новага Двара слаба арыентаваліся ў мэтах паўстання. Адначасна яны павінны былі ведаць афіцыйную версію, якую пашыралі расійскія чыноўнікі. Сцвярджалася, што гэта "паны" ("палякі") паўсталі, каб вярнуць прыгон. Падобнае разуменне паўстання накладалася на традыцыйную сялянскую непрыязь да "пана-паляка".

Рэпліка этнографа:

Поляков они (сяляне - А.С.) не любят вообще, помещиков же польских просто ненавидят. В каждом поляке им представляется пан или управитель пана, которые их постоянно преследовали и угнетали. Если при проезде какого-нибудь помещика-поляка спросить у крестьянина: "Кто это проехал?", то он непременно ответит: "Гэта крук поехаў у гарэці". А если увидит несколько помещиков, едущих в костёл, либо в суд, то и тут скажет: "Глядзі колько пайшло крукоў!" (Іван Карскі)[45].

"[...] поляков не любят, так как с представлением о поляке является представление о пане, панщине и пригоне"[46].

Увесну 1863 г. у лясах каля Новага Двара найчасцей з'яўляліся атрады ўраджэнца Ваўкавыскага у. Густава Стравінскага, больш вядомага як "Млотэк", і пружанскага памешчыка Шчэнснага Влодэка. Ваўкавыскі і Пружанскі у. былі зонай дыслакацыі якраз гэтых атрадаў. Таксама ў гэтай частцы Белавежскай пушчы неаднаразова ратаваліся ад пераследу атрады кіраўнікоў Гродзенскага ваяводства А.Духінскага і В.Урублеўскага, эпізодычна дзейнічаў атрад А.Лянкевіча.

Паўстанцы знаходзіліся каля мястэчка, але актыўных дзеянняў не вялі. Харчаванне куплялі або забіралі ў сялянаў. Апошнім якраз вызначаўся атрад Ш.Влодэка.

З паказанняў адстаўнога падпаручыка Станіслава Трэмбіцкага з атрада Влодэка:

"Что же касается до пищи, то шайка ее доставала следующим образом: что откомандировывались небольшие отряды в ближайшие деревни и забирали там что только находили съестного и таким образом пропитывались со дня на день"[47].

Якраз з забеспячэннем паўстанцаў харчаваннем звязаны ўдзел навадворцаў у гэтых падзеях. Гродзенскі губернатар І.Скварцоў пазней пісаў у Вільню, што дзяржаўныя сяляне мястэчка Новы Двор праваслаўнага веравызнання "были замечены в доставлении мятежникам продовольствия и за то подвержены денежной контрибуции" [48]. Прыхільнасць навадворцаў да паўстання зразумелая, калі мы ўспомнім тыя шматлікія скаргі і прашэнні, у якіх "мяшчане" Новага Двара згадвалі пра свае ранейшыя прывілеі і не жадалі выконваць павіннасці накладзеныя ў абыход указаў "былых каралёў польскіх". Але за гэтую дапамогу прыйшлося заплаціць свой кошт. Апроч грашовай кантрыбуцыі ў мястэчку былі арыштаваныя Фларыян і Настасся Грушэўскія, якіх змясцілі ў Ваўкавыскі астрог [49].

10 траўня 1863 г. граф Мураўёў падпісаў цыркуляр, якім дазвалялася накладаць грашовую кантрыбуцыю на тых жыхароў "Заходняга краю", што не паведамілі пра перамяшчэнні паўстанцаў.

Трэба прызнаць, што Ваўкавыскі спраўнік не меў праблемы з "осведомителями". Ягоныя рапарты сведчаць, што спраўнік быў у курсе большасці перамяшчэння паўстанцкіх атрадаў. Гэта дазваляла расійскім вайскоўцам досыць хутка рэагаваць на рух кожнага атраду. Таксама гэтыя рапарты дапамагаюць уявіць агульную карціну таго, што адбывалася ў наваколлях Новага Двара.

Паводле інфармацыі Ваўкавыскага спраўніка, якую ён 11 траўня перадаў у Гродзенскую губернскую канцылярыю, атрад паўстанцаў колькасцю каля 500 чал. прайшоў праз Новы Двор у накірунку Белавежскай пушчы [50]. 13 траўня паблізу Новага Двара адбылася сутычка батальёна капітана Кулікоўскага з паўстанцамі, якія страцілі забітымі 12 чалавек [51].

17 траўня Новы Двор занялі казакі і салдаты. Паўстанцы ў гэты момант рушылі да Мілавідаў Слонімскага у., дзе адбылося аб'яднанне атрадаў "Млотэка", Юндзіла, Міладоўскага, Влодэка, Лашкевіча і Лянкевіча. 21 траўня туды дабраўся сам Каліноўскі, які правяраў баяздольнасць.

22 траўня пад Мілавідамі адбыўся адзін з самых вядомых баёў гэтага паўстання на тэрыторыі Беларусі. Аб'яднаны атрад колькасцю каля 800 чал. пад кіраўніцтвам Аляксандра Лянкевіча ("Ляндэра") вытрымаў атакі трох рот Стараінгерманландцкага палка, узмоцненага казакамі і гарматамі. Увечары атрад палкоўніка Булгарына, які так і не здолеў захапіць лагер паўстанцаў, адступіў. Паўстанцы пакінулі свае пазіцыі ўначы. Дарэчы, атрад Влодэка напярэдадні бітвы самавольна адышоў ад Мілавідаў і накіраваўся ў Брэсцкі у. Пазней кіраўнікі паўстання крытыкавалі Влодэка за безсэнсоўнае блуканне па лясах.

24 траўня адбыўся моцны бой у Ружанскай пушчы, дзе батальён Неўскага пяхотнага палка атакаваў частку атрада А.Лянкевіча, якая не ўдзельнічала ў Мілавідскім баі і нанёс ёй адчувальныя страты. Падчас гэтага пераследу штаб ваеннага начальніка Ваўкавыскага уезду падпалкоўніка Казанлі знаходзіўся ў Новым Двары.

3 чэрвеня адбыўся бой каля мяст. Лыскова, дзе паўстанцы А.Духінскага і В.Урублеўскага паспяхова біліся з карнікамі. 4 чэрвеня ўлады зноў атрымалі інфармацыю пра паўстанцаў, якія знаходзіліся каля Новага Двара, "прилежащего к большим лесам". Ваўкавыскі спраўнік таксама высветліў, што паўстанцы выпраўляюцца ў маёнтак Адамкаў памешчыка Быхаўца і на ферму Корнедзь. Стала вядома, што раней яны наведалі маёнтак Якушоўку, дзе ўзялі падводу [52].

На Новы Двор рушыў трыма калонамі вялікі вайсковы атрад. 6 - 8 чэрвеня яны пераследавалі паўстанцаў, а 9 чэрвеня дагналі іх каля в.Шаркоўшчына і навязалі бой. Паўстанцаў выбілі з пазіцый і пераследавалі ў лесе. Аднак пераслед абярнуўся вялікімі стратамі для расійскага войска. Вось што паведамляў у рапарце падпалкоўнік Казанлі:

"Лес был до такой степени густ, что многие мятежники, скрываясь за вывороченными корнями в чаще леса, а равно и на деревьях, оставшись позади наступавшей цепи, стреляли по нашим резервам, которые были истреблены окончательно"[53]

Гэты першы летні месяц быў пераломным. Актыўнасць афіцыйнай прапаганды, дазвол часоваабавязаным сялянам з 1 траўня выкупляць зямлю, рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстання, нарэшце, перамогі расійскага войска канчаткова вызначылі пазіцыю сялянства. Каліноўскі і ягоныя паўстанцы не атрымалі належнай падтрымкі. Больш таго ў чэрвені пачалася актыўнае стварэнне "сельских вооруженных караулов". Кожны каравул складаўся з 60-100 сялянаў, узброеных "халоднай зброяй" на чале з унцер-афіцэрам з кадравых войскаў.

Правілы іх арганізацыі былі падпісаныя графам М.Мураўёвым яшчэ напрыканцы красавіка. Пункт 1 сцвярджаў, што галоўнай мэтай гэтай акцыі з'яўляецца "охранение безопасности лиц, имуществ и путей сообщения". Абавязкі сялянаў-каравульшчыкаў заключаліся

"а) в учреждении застав по указанию уездного начальника, в опросе проходящих и проезжающих и предании полиции подозрительных людей; б) в охранении крестьянских поселений и вообще лиц и собственности в участке от нападений мятежников и злоумышленников; в) в наблюдении за неводворением в порученном караулу участке мятежников и в постоянном, вследствие того, осмотре лесов, г) в поимке и преследовании мятежников там, где они не успели ещё организовать значительных шаек или, где они были разбиты, разсеялись, и вообще к воспрепятствованию им получать подвозы оружия, разных припасов и продовольствия; д) в случае открытия шаек, состоящих из значительных превосходных сил, в сообщении немедленно о том уездному Начальнику, для высылки на помощь войска, и в восстановлении спокойствия там, где оно будет нарушено"[54].

У чэрвені каравулы былі сфарміраваныя пераважна з часоваабавязаных сялянаў і знаходзіліся ў Поразаве (поразаўцы адмовіліся ўтрымліваць каравулы коштам грамады), Свіслачы, Песках, Ізабеліне і Росі. У Новым Двары каравула не было. Працяглы час тут знаходзіліся салдаты Стараінгерманландскага пяхотнага палка, потым іх замяні Неўскі полк і г.д.

Вясковыя каравулы прыспешылі разгром паўстання. Прынамсі падпалкоўнік Казанлі ў жніўні рапартаваў:

"Устройство сельских караулов и установление сторожей в селениях оказало существенную пользу в том отношении, что когда мятежнические шайки бродили в разных местах уезда и иногда заходили к жителям, то с учреждением караулов они уже перестали являться, а в случае появления из были тотчас задерживаемы и представляемы Начальству, следствием сего оказалось то, что мятежники лишены всех средств и принуждены сами являться власти" [55].

Паводле гэтага ж рапарту ў ліпені добраахвотна выйшлі з лесу і здаліся ўладам 143 паўстанцы. Ён жа паведамляў:

"Между высшими и средними состояниями не обнаруживается в действиях их ничего противозаконного за чем имеется строгое наблюдение. Крестьяне же вообще оказывают преданность Правительству"[56].

У другой палове лета паўстанцкі рух пацярпеў шэраг паражэнняў. Паўстанцы неслі паразы, але змаганне працягвалася, і лясны масіў каля Новага Двара часта быў месцам збору рэшткаў разбітых атрадаў [57]. На пачатку жніўня атрад Ш.Влодэка быў разбіты ў раёне Бярозавага балота паблізу Гуты Быхаўца ў Ваўкавыскім у. Пасля гэтага камандзір пакінуў атрад і выехаў за межы Імперыі, а рэшткі атраду ўзначаліў Хадакоўскі.

Паўстанне. Забойства Клары Радкевіч

Відавочна, што летам 1863 г. Новы Двор апынуўся амаль у эпіцэнтры баевых дзеянняў. Падчас гэтых летніх сутычак і пераследаў групай паўстанцаў з атраду Ш.Влодэка ў ноч на 5 ліпеня была павешаная жыхарка мястэчка Клара (Лукер'я) Радкевіч.

На наступны дзень удавец Восіп Радкевіч з'явіўся ў Ваўкавыску і распавёў ваеннаму начальніку уезду падпалкоўніку Казанлі пра забойства жонкі. Паводле В.Радкевіча, "5 числа сего месяца пришла в небольшом количестве шайка в Новый Двор, придя к нему в избу спрашивали его, Радкевича, который в то время скрылся, но находящаяся в то время дома жена его Лукерья была упомянутыми мятежниками повешена за то, что упомянутый рядовой Радкевич имеет преданность к правительству и знает об многих лицах, проживающих в Новом Дворе, которые имеют сношения с шайками" [58]. Афіцэр загадаў правесці расследаванне.

17 ліпеня ваенны начальнік паведаміў пра забойства Віленскаму генерал-губернатару ("...в Волковысском у. 5 июля в мест. Новый Двор мятежники в небольшом числе, намереваясь повесить отст. солдата Радкевича, для чего и пришли в его дом, но не найдя Радкевича, повесили его жену. О происшествии проводится дознание" [59]).

Клара Радкевіч трапіла ў спісы жыхароў Ваўкавыскага у., загінуўшых ад рук паўстанцаў у ліпені. Ваўкавыскі спраўнік падпісаў гэты спіс 20 ліпеня і адаслаў у Губернскае праўленне. У спісе фігуравала шэсць чалавек - настаўнік, святар, селянін, палясоўшчык, адстаўны унцер-афіцэр і Клара Радкевіч. Яна ж была ўказаная ў спісе за 21 верасня 1863 г., дзе фігуравалі ўжо 33 асобы. К.Радкевіч была адзінай забітай паўстанцамі жанчынай з гэтага спісу.

Спісы дапамаглі даведацца, што забітая мела 41 год, што засталіся муж, два сыны і дачка, што сям'я вельмі бедная і жыве "из подаяния" [60].

Запіс у метрычнай кнізе Навадворскай царквы таксама засведчыў смерць Клары Міхайлаўны Радкевіч з прыпіскай "скорополительно повешена [61].

У верасні 1863 г. падчас следства паўстанец з атраду Ш.Влодэка Севярын Пацэвіч на допыце згадаў, што ў Новым Двары Ваўкавыскага у. па загаду камандзіра атрада была павешана "нищая женщина". С.Пацэвіч не здолеў растлумачыць прычыны гэтага забойства, але прыпомніў, што сярод забойцаў знаходзіўся паўстанец Кісялеўскі. Наогул, паказанні былых паўстанцаў ствараюць вобраз Ш.Влодэка як аднаго з найбольш жорсткіх камандзіраў. Той жа С.Пацэвіч прыгадаў, што паўстанцы Влодэка ў Пінскім у. павесілі адстаўнога салдата і селяніна, якія лавілі "інсургентаў", у вёсцы Котра Пружанскага у. імі быў павешаны святар. Дарэчы, у забойстве святара, паводле С.Пацэвіча, таксама ўдзельнічаў Кісялеўскі [62].

Пытанне пра матывы забойства Клары Радкевіч застаецца адкрытым. Сцвярджэнне В.Радкевіча, што паўстанцы прыйшлі з мэтаю забіць яго, не пацвярджаецца паказаннямі Севярына Пацэвіча, які засведчыў, што жанчына была павешаная па загаду Ш.Влодэка.

Падобна на тое, што большасць загінуўшых былі ворагамі паўстання або адкрыта дэманстравалі "преданность Правительству". Апошняе пачало выплачваць грашовыя кампенсацыі сваякам загінуўшых. Звычайна прызначалася сума ў памерах 15 - 25 руб. Больш высокую кампенсацыю (50 руб.) атрымала сям'я настаўніка Лыскаўскага вучылішча, пасля смерці якога без сродкаў існавання засталіся ўдава, два сыны і дзве дачкі. Найвялікшую суму (150 руб.), паводле спісаў Гродзенскай губернскай канцылярыі, атрымаў капітан Нячаеў, які быў паранены, а ягоная жонка павешаная [63]. Грошы, якія павінен быў атрымаць у якасці кампенсацыі В.Радкевіч, у захаваўшыхся дакументах не фігуравалі.

У верасні 1863 г. ваенныя дзеянні ў раёне Новага Двара закончыліся. Пасля чарговай паразы "Млотэк" таксама распусціў свой атрад. В.Урублеўскі, які замяніў эміграваўшага А.Духінскага, адступіў у Пружанскую пушчу.

Пасля паўстання. Радкевіч versus Новы Двор

Рэха паўстання, а дакладней забойства Клары Радкевіч, яшчэ доўгі час не давала навадворцам спакойна жыць. Восіп Радкевіч не збіраўся выкрэсліваць з памяці гэтае трагічнае здарэнне.

Што наогул вядома пра Восіпа і Клару Радкевічаў?

Архіўныя дакументы сведчаць, што Восіп Астафьевіч Радкевіч нарадзіўся на Палессі ў Кобрынскім пав. (в.Паляцічы?) у 1818 або 1819 г. Трапіў пад рэкруцкі набор і стаў салдатам расейскага войска. У 1847 г. ён па стану здароўя быў адпраўлены ў адстаўку. У гэтым жа годзе ён з'явіўся ў Новым Двары як інвалід, які знаходзіўся на ўтрыманні Гродзенскага прыказу Таварыства грамадскай апекі. У дакументах В.Радкевіча часта называюць "слепым инвалидом". Аднак уся гісторыя канфлікту ў Новым Двары сведчыць, што сляпым адстаўны салдат не быў. Верагодна, ён меў вялікія праблемы са зрокам, але яны не перашкаджалі яму весці даволі актыўны вобраз жыцця.

Чаму ён апынуўся ў Новым Двары, невядома. Можна меркаваць, што вяртацца ў родную вёску не было сэнсу, бо права на зямлю ён ужо страціў.

Рэпліка гісторыка:

"В литературе часто раздаются голоса, что замечаемое среди крестьян желание устранить солдат от пользования землёй происходит не из совсем хороших побуждений их отцов и братьев. Но такие нападки на крестьян не совсем верны. Указанные отношения крестьян к солдатам объясняются их основным взглядом на труд. [...] когда солдаты служили по 15 - 20 лет и возвращались в семью уже отвыкшими и малоспособными к сельским работам, то обычное право отказывало им в их правах на землю. В наших источниках мы находим этот взгляд везде строго проведённым и везде указывается на то, что солдат не жил вместе, не работал вместе"[64].

Прыжыцца В.Радкевічу ў Новым Двары было даволі цяжка. Замкнёнасць навадворцаў, пра якую ўжо ішла гаворка, была формай абароны традыцыйнага грамадства. Яно не прымала чужынцаў, адчуваючы пагрозу з іх боку. У сітуацыі Новага Двара нормы паводзінаў традыцыйнага грамадства абцяжарвалася зямельнай праблемай і ўсведамленнем вышэйшага сацыяльнага статуса ("вольныя", "мяшчане") у параўнанні з насельніцтвам навакольных вёсак. Зразумела, што адстаўны салдат ужо не трапляў у ніжэйшую катэгорыю "халопаў", але і да катэгорыі "вольных" не дацягваў.

Іншай прычынай непрыняцця "чужынца" мог быць ягоны характар. В.Радкевіч адрозніваўся агрэсіўнасцю, часта "распускаў рукі". Прычым праблема са зрокам не перашкаджала нават кідацца ў бойку. Паводзіны В.Радкевіча, адлюстраваныя ў архіўных дакументах, прымусілі ўзгадаць тую характарыстыку, якую дзед Максіма Багдановіча Лук'ян даваў палешукам, параўноўваючы іх з беларусамі. Яе прывёў Адам Багдановіч ў сваіх успамінах:

"[...] наш народ саўсім другій народ. Другіе людзі. Народ заўзяты, заядлы, бунтары […] як за што ўзяліся - свайго дабіваютца, на сваём хочуць паставіць. Як што ні пад нароў, ці проці закону - січас гэта зашумяць, паднімуць гоман, крык, - ругатню, хоць святых вынасі[...]"[65]

Сам А.Багдановіч да гэтага дадаў:

"Мои личные наблюдения… показывают, что полешуки, как все лесные люди, более угрюмы, замкнуты, недоверчивы и упрямы, пожалуй, если хотите, более настойчивы […]"[66]

Здавалася, што пэўны "пералом" у адносінах з навадворцамі наступіў 22 ліпеня 1852 г., калі трыцацітрохгадовы адстаўны салдат уступіў у шлюб з "мяшчанкай" мястэчка Новы Двор Кларай Міхайлаўнай Каткоўскай (30 гадоў). Як сведчыць запіс у метрычнай кнізе царквы св.Міхаіла, сведкамі на шлюбе былі Варфаламей Львовіч Філіповіч, Мацвей Якаўлевіч Грушэўскі, Іосіф Фёдаравіч Грушэўскі і Канстанцін Гаўрылавіч Грушэўскі [67]. Але Каткоўскія таксама не належалі да карэнных жыхароў. Падобна на тое, што Каткоўскія (у Новым Двары жыў яшчэ і яе родны брат, таксама адстаўны салдат) перабраліся ў Новы Двор з Поразава. Прынамсі на поразаўскіх могілках можна знайсці шматлікія магілы Каткоўскіх. Верагодна, гэта быў саюз мясцовых ізгоеў.

Гэты шлюб нарадзіў шэраг пытанняў, галоўнае з якіх датычыла нявесты, што згадзілася пайсці замуж за інваліда. Да таго ж малаверагодна, што В.Радкевіч меў зямлю. Праўда, 30-гадовы ўзрост нявесты сведчыць пра тое, што шансаў знайсці больш выгодную "партыю" ды яшчэ ў Новым Двары яна не мела. Іншым важным матывам магла быць цяжарнасць нявесты. У метрычнай кнізе Новадворскай царквы зафіксавана, што 18 студзеня 1853 г. нарадзіўся, а 19 студзеня быў ахрышчаны Іван, сын Восіпа Радкевіча і Клары. "Васпрыемнікамі" былі адстаўны салдат Мікалай Міхайлавіч Каткоўскі і Антаніна Васільеўна Грушэўская [68]. Відавочна, што ліпеньскі шлюб мог мець вымушаны характар.

Рэпліка этнографа:

Вообще должно сказать, что относительно целомудрия нравы нашего народа пока очень строги. Так, напр., в Лашинском приходе, в котором числится 5 тысяч с лишком прихожан, в течение года бывает один и редко два случая незаконного рождения (Иван Карский) [69].

У лістападзе 1854 г. жонка атрымала права апекі над В.Радкевічам у сувязі з ягонай хваробай [70]. Верагодна, галоўным сродкам існавання сям'і Радкевічаў былі тыя грашовыя выплаты, якія адстаўны салдат атрымліваў у Гродне.

Следства, якое ў 1867 - 1868 гг. вёў Гродзенскі крымінальны суд, высветліла, што амаль адразу пасля забойства Восіп Радкевіч пачаў шантажаваць навадворцаў. Ён заяўляў пра тое, што жонка загінула пры ўдзеле навадворцаў, пагражаў паведаміць "начальству", што навадворцы дапамагалі "мяцежнікам", сцвярджаў, што ён прызначаны ваенным начальнікам мястэчка і можа зрабіць з імі, што захоча, нават адправіць у Сібір, нарэшце, палохаў, што падпаліць мястэчка. Але найбольш палохала навадворцаў пагроза паведаміць "начальства" пра адсутнасць у рэвізскіх кнігах многіх хлопчыкаў, народжаных пасля 1854 г. Справа была ў тым, што стараста Філіповіч рэгістраваў не ўсіх, а падушны падатак за гэтых людзей, які здавалі непасрэдна яму, краў. Пасля смерці старасты ў 1860 г. кожны гаспадар пачаў самастойна ўносіць падаткі. Праблема незарэгістраваных адразу высветлілася, але навадворцы захавалі таямніцу.

Канфлікт навадворцаў з адстаўным салдатам дорага ім каштаваў. За маўчанне і лаяльнасць Радкевіч патрабаваў 500 руб. Навадворцы сабралі 300 руб. і перадалі ўдаўцу. Але В.Радкевічу гэтага было мала. Ён пачаў патрабаваць аказання цэлага шэрагу паслугаў. Навадворцы павінны былі ахоўваць ягонае жыццё ад "метежников", дастаўляць яму дровы, сена, ссыпаць хлеб, даваць па першаму патрабаванню падводу і работнікаў і г.д. [71]

Падобна на тое, што канфлікт з Новым Дваром, які існаваў, відаць, з моманту з'яўлення Радкевіча ў мястэчку, пасля забойства паўстанцамі ягонай жонкі значна абвастрыўся. Прычым Радкевіч вырашыў надаць канфлікту палітычную афарбоўку і выкарыстаць расійскіх чыноўнікаў.

Рэпліка этнографа:

Крестьянин наш большей частью злопамятен. Если кто-либо его оскорбит, то он употребит все меры, чтобы отомстить[…] А в Кобринском у. крестьяне до того мстительны, что часто за присуждённые штрафы за потравы их скотов хлебных полей или сенокосных лугов помещика поджигают его сарай, хлевы и овины [72].

Новадворцы не згаджаліся, і В.Радкевіч пайшоў да таго самага "начальства", пра якое так часта казаў. У верасні 1863 г. у Новы Двор быў прызначаны ваенным начальнікам падпаручык Адамаў. Адным з першых візіцёраў да яго быў адстаўны салдат, які паведаміў пра забойства жонкі "по подстрекательству жителей местечка Новый Двор", а таксама пра "душы", якія не былі зарэестраваныя ў рэвізскіх кнігах. Падпаручык Адамаў арыштаваў названых навадворцаў і правёў уласнае разбіральніцтва. Па выніках яго ён выпусціў арыштаваных, а В.Радкевіча, відаць, за паклёп пад арыштам адаслаў у Ваўкавыск.

У Ваўкавыску Радкевіч згадаў ужо толькі аднаго новадворца (Гамановіча), які нібыта "прывёў шайку мяцежнікаў". Але высветлілася, што сведкам гэтага ён не быў, а толькі чуў ад Якава Сычэўніка. Той, у сваю чаргу, паведаміў, што чуў ад свайго брата, які мог бачыць Гамановіча і "метежнтков". Адным словам, Радкевіч не здолеў прывесці доказаў сваім "палітычным" абвінавачванням.

Тым не менш ён працягваў патрабаваць ад навадворцаў асабістай аховы, бясплатных дроў, сена, падводаў. Падпаручык Адамаў, які заставаўся ў мястэчку да сярэдзіны кастрычніка 1863 г., стаў нявольным сведкам спрэчкі паміж сялянамі і адстаўным салдатам. Вось, што ён напісаў у сваіх паказаннях:

"[...] В одно воскресенье после обедни увидел около своей квартиры толпу мещан и слепого Радкевича громко между собой споривших, подойдя спросил, что такое, и Радкевич там же предъявил составленные им самим и переписанные сыном обязательства и подписку мещан сберегать его жизнь, как пострадавшему от мятежников, доставлять ему дрова, сено, ссыпаць хлеб, пахать землю, давать на все надобности очередную подводу, и все это бесплатно, на что мещане не соглашались, просили защиты, он видя вздорное Радкевича требование, дал ему наставление, и в присутствии всех порвал ту подписку и велел разойтись по домам. После того Радкевич уехал в Волковыск, а по возвращении распускал между жителями и нижними чинами обидные слова для русских офицеров"[73].

Падпаручык таксама паведаміў, што за час знаходжання ў Новым Двары ніякіх даносаў ад Радкевіча не атрымліваў і нічога пра іх не чуў. Адсутнасць сярод дакументаў указанняў на канкрэтныя даносы Радкевіча выклікае сумненне ў праўдзівасці ягоных слоў. Тым больш цяжка зразумець, якім чынам мог пісаць даносы сляпы і непісьменны чалавек (!?) Імёны іншых людзей, якія маглі пісаць даносы з ягоных слоў, сустракаюцца ў перапісцы ўжо пасля паўстання.

Больш чым палітычныя абвінавачванні сялянаў палохала пагроза раскрыцця таямніцы незарэгістраваных "душ". 10 студзеня 1864 г. сяляне згадзіліся выдзеліць для аховы Радкевіча 12 чалавек, якія павінны былі абараняць яго "при всяком страхе", і прасілі нічога не гаварыць міравому пасрэдніку. Аднак, калі 2 лютага ў мястэчку з'явіўся міравы пасрэднік Шчэрбаў і пісар Поразаўскай сельскай грамады ("общества") Леанчук, сяляне самі расказалі пасрэдніку пра сваю праблему. Амаль адначасна яны прызналіся афіцэру Ясінскаму, які кватэраваў у святара Навадворскай царквы Пракаповіча, пра 300 руб., якія заплацілі Радкевічу за маўчанне. Ясінскі выклікаў апошняга да сябе. Падчас допыту Радкевіч прызнаўся, што ўзяў грошы, але адмовіўся іх вяртаць "начальству", заявіўшы, што сяляне далі іх добраахвотна разам з "падпіскай", якая гарантавала яму цэлы шэраг паслугаў ад навадворцаў. Падпіску Ясінскаму ён не паказаў.

Несанкцыянаваны "збор грошай" належаў да крымінальных злачынстваў, і над Радкевічам навісла пагроза новага арышту. Яго адказам быў данос. 10 лютага 1864 г. ён зноў паведаміў Ваўкавыскаму ваеннаму начальніку пра забойства жонкі і пра ўдзел у ім навадворцаў. 16 красавіку Радкевіч паўтарыў данос.

У перапынку паміж гэтымі даносамі навадворцы звярнуліся з пакаянным лістом да імператара Аляксандра ІІ. Яны прызнавалі сваю віну:

"Во время бурного волнения мятежных поляков, хотевших попрать все для нас дорогое и священное, крамольники ложью и коварством успели обмануть и вовлечь в свои сети некоторых легкомысленных лиц из нашего маленького местечка, которое будучи окружено со всех сторон лесами, вдали от городов где стояли войска, было мятежникам притоном и пунктом перехода из одной пущи в другую".

Навадворцы раскайваліся ("Вина за наше преступление непростительная […]") і кляліся ў вернасці трону і "Отечеству":

"Мы вполне теперь сознаем это преступление, вполне чувствуем насколько мы уклонились от тех обязанностей, которые возлагала на нас верноподданническая присяга. Вне милостей Ваших Государь, которые проливаются на всех верных Престолу и Отечеству, мы видим себя в безвыходном и безотрадном положении. Ты надежда наша Государь и Отец наш![…] Мы знаем, что сердце Твое готово принять всякого кающегося грешника, а потому и дерзаем у ног Твоих Державный Государь молить о помиловании, по одному слову Твоему мы все от мала до велика станем грудью за Россию любезное Отечество наше и не пожалеем никаких жертв, если коварный враг вздумал снова подняться против Тебя"[74].

Вернападданіцкі адрас быў падпісаны 8 сакавіка 1864 г. У Вільню яго адвозілі валасны старшыня Мацвей Грушэўскі і Рыгор Ботвіч. 10 сакавіка гродзенскі губернатар загадаў выдаць ім білет на праезд у Вільню.

У гэты ж дзень на Лукішскай плошчы на шыбеніцы загінуў Каліноўскі…

Між тым улады пачалі разбіральніцтва па справе 300 рублёў. Радкевіча прымусілі вярнуць грошы у Ваўкавыскі суд і застацца ў Ваўкавыску на перыяд следства. Над адстаўным салдатам быў устаноўлены паліцэйскі нагляд. У сваіх паказаннях Радкевіч заяўляў, што сам імкнуўся адвезці грошы ў Ваўкавыск ваеннаму начальніку, але новадворцы не далі яму падводы. Паводле ягоных сведчанняў, у Новым Двары ўзнікла змова супраць яго, у якой апроч сялянаў удзельнічалі таксама святар Пракаповіч і афіцэр Ясінскі. У пацверджанне сваіх слоў ён спасылаўся на сведкаў Фёклу Катаркевіч, Сідара Журневіча, Якава і Юрыя Сычэўнікаў, Івана Катаркевіча, адстаўнога салдата Апалінара Пакернецкага і казацкага юнкера Варламава. Невядома, ці выклікалі гэтых людзей у Ваўкавыск ў якасці сведкаў. Запісы іх паказанняў у справе адсутнічаюць.

Затое ёсць рапарт ад'ютанта ваеннага начальніка Ваўкавыскага у. паручыка Чымбаевіча, які паведаміў пра п'яны скандал, які ўчыніў В. Радкевіч у канцылярыі ваеннага начальніка. Адстаўны салдат увайшоў у канцылярыю і пачаў патрабаваць, каб яго пасадзілі ў астрог, дзе хоць карміць будуць. Потым перайшоў на тое самае "начальства", якім так часта палохаў навадворцаў. Прысутныя засведчылі, што нецвярозы адстаўны салдат казаў пра "праклятае начальства" і патрабаваў, каб яго судзілі. Чымбаевіч загадаў пасадзіць яго на гауптвахту, але інвалід Радкевіч аказаў супраціў салдатам (!?), нарабіўшы "шуму ды крыку". Салдаты пакінулі Радкевіча, але той не выходзіў з канцылярыі і працягваў зневажаць "начальства". Скончылася тым, што салдаты ўсё ж такі гвалтам зацягнулі яго на гауптвахту, дзе той адсядзеў сем сутак.

Ваўкавыскі крымінальны суд зацягнуў прыняцце рашэння па гэтай справе. А ўвосень 1865 г. змяніліся правілы судовай вытворчасці, і справа "незаконнага збору 300 руб., трапіла на разгляд Гродзенскай Палаты крымінальнага суда. Распачалося новае следства. Паколькі Радкевіч упарта стаяў на сваёй версіі падзеяў, следчыя правялі "вочную стаўку". З боку Новага Двара у ёй удзельнічалі сяляне Сямён Філіповіч, Павел, Пракоп, Давід і Гаўрыла Ганчарэвічы, Іван Лісоўскі, Рыгор Хаванскі, Іван Каскевіч, Ульян Гамановіч, Фларыян Грыгаровіч і Сямён і Рыгор Ботвічы. Апошні, у прыватнасці, заявіў, што Радкевіч схіляў сялянаў да збору грошай для яго, гаворачы, што ён прызначаны ваенным начальнікам у мястэчка, што калі ён не атрымае 500 руб., то ўсіх вышле ў Сібір. Яны, баючыся пагроз, сабралі для яго 300 руб. Ён згадзіўся іх прыняць. Сказаў, што калі б раней сабралі 600 руб., то не прыйшлося прымушаць іх на гэты збор [75].

Іх паказанні, на думку следчых, улічылі адстаўнога салдата ў хлусні. Святар ахарактарызаваў В. Радкевіча як "чалавека з неспакойным характарам і п'яніцу". Былы Ваўкавыскі назіральнік, які ажыццяўляў паліцэйскі нагляд ахарактарызаваў яго як чалавека "характера неспокойного, дерзкого и готового при первом случае завести драку, отзываясь, что с него взять нечего". Фактычна, толькі адзін з апытаных (Гірш Фельман) "паказаў", што сяляне перадалі грошы Радкевічу, каб той не выдаў прыхільнікаў паўстання. Таксама высветлілася, што гэты местачковы габрэй дапамагаў збіраць з сялянаў грошы.

Слуханне справы распачалося ў верасні 1867 г., а канчатковае рашэнне суд вынес ў лютым 1868 г. Восіп Радкевіч не панёс аніякага пакарання, бо грошы перадаў суду, а справа аб пагрозах паводле Улажэння пра пакаранні распачыналася толькі па скаргах тых, каму пагражалі. Сяляне з афіцыйнымі скаргамі нікуды не звярталіся. Справа незарэгістраваных у рэвізскіх кнігах "душ" была перададзена на разгляд Гродзенскага губернскага праўлення. Што датычыць знявагі "начальства", то ў сувязі з нецвярозым станам Радкевіча яго да адказнасці вырашылі не прыцягваць. Справа верагоднага ўдзелу навадворцаў у забойстве Клары Радкевіч нават не закраналася. Грошы павінны былі быць вернутыя сялянам.

Дарэчы, каб іх атрымаць сялянскі сход у студзені 1868 г. выдаў даверанасць Мацвею Грушэўскаму і Рыгору Лісоўскаму. Гэтую даверанасць падпісала большасць гаспадароў з Новага Двара. Цікава, што Каткоўскія сярод падпісантаў адсутнічалі. Падобна, што яны не ўдзельнічалі ў зборы 300 руб. і, магчыма, знаходзіліся ў тым канфлікце на баку Радкевіча.

Аднак гэтым канфлікт не быў вычарпаны. Пацвярджаючы сваім "крыжыкам"-подпісам азнаямленне з рашэннем суда, Радкевіч выказаў нязгоду. А праз месяц суд атрымаў ад яго ліст, напісаны Данілам Каткоўскім, у якім утрымлівалася просьба выдаць завераную копію судовага рашэння. Радкевіч збіраўся абскардзіць рашэнне Гродзенскай Палаты крымінальнага суда.

У верасні 1871 г. ён накіраваў у ІІІ аддзяленне Гродзенскага губернскага праўлення данос пра злоўжыванні ў Новым Двары. Гэты данос быў перапраўлены ў Гродзенскую Палату крымінальнага суда, але наступстваў не меў.

У гэтым жа годзе (10 снежня) ад запалення лёгкіх памерла ягоная другая жонка Магдаліна Фёдараўна Радкевіч, 47 гадоў [76]. Дарэчы, падчас следства па справе 300 рублёў Гірш Фельман сцвярджаў, што Радкевіч запрасіў яго пералічыць сабраныя ў навадворцаў грошы, бо не жадаў, каб пра іх ведала жонка. Верагодна, Радкевіч узяў другі шлюб ужо ў восень 1863 г.

Апошнім акордам гэтай справы стала прашэнне Радкевіч да Гродзенскага губернатара, пададзенае ў жніўні 1881 г. [77] Адстаўны салдат паведамляў, што жыве без сродкаў на існаванне, бо сяляне Новага Двара у 1874 г. не выдалі адпаведнага "приговора" ў Гродзенскі прыказ Таварыства грамадскай апекі, без чаго апошні перастаў выплачваць грошы па інваліднасці. Да таго ж старшына Навадворскага "общества" Якаў Германовіч і соцкі Рыгор Грушэўскі забралі ягоныя дакументы.

Восіп Радкевіч заявіў, што ў перыяд паўстання быў "доносчиком со стороны для содействия Правительству, за каковую услугу и получал денежное вознаграждение…" Адстаўны салдат згадаў, што страціў жонку, якую забілі замест яго, і заявіў, што ўрад вінаваты яму 500 руб. Паводле Радкевіча, у 1863 г. граф Мураўёў вызначыў яму кампенсацыю за забітую жонку ў памеры 700 руб. З іх 200 руб. ён атрымаў ад ваеннага начальніка Ваўкавыскага у. падпалкоўніка Казанлі, а 500 руб. не былі выдадзеныя ў сувязі з судовым працэсам. Радкевіч прасіў выдаць яму ўсю суму і вярнуць адабраныя дакументы.

Канцылярыя пераслала гэтае прашэнне Гродзенскаму паліцмайстру, які загадаў Ваўкавыскаму спраўніку ўзяць у Радкевіча дакументы, якія б пацвердзілі атрыманне ім грошай у 1863 г., а таксама ўзяць тлумачэнне, чаму так доўга не звяртаўся па іх і, нарэшце, вярнуць таму дакументы, якія адабрала валасное начальства.

Ваўкавыскі спраўнік паведаміў, што ніякіх дакументаў Радкевіч не мае. На пытанне, чаму не звяртаўся раней, адказаў, што па прычыне "сваей постоянной с времени мятежа болезни и нехватки времени".

Сцвярджэнне Радкевіча пра 700 руб. было відавочнай хлуснёй. Звычайная сума грашовай кампенсацыі зрэдку перавышала 25 руб.

Рэпліка этнографа:

Ложь среди большей части из них (сялянаў - А.С.) в последнее время перестала уж, видно, считаться грехом. Они при всяком случае твердят: "Даль Бох, праўда. Кап я так до хаты счасліве зайшоў, як гэто праўда" и т.п., и если при поверке его окажется, что он солгал, то он, нисколько не смущаясь, скажет: "Нехай Бох грех мне даруе, а я думаў, што гэнак ено было", или сошлётся на кого-либо другого[78].

1 снежня 1881 г. гродзенскі губернатар М.Цэймерн вынес рэзалюцыю: "Ходатайство по безосновательности удовлетворению не подлежит".

Гісторыка-антрапалагічны погляд на праблему дазваляе выказаць меркаванне, што мы маем дачыненне не з ідэалагічным канфліктам у сувязі з паўстаннем, які можна было б персаніфікаваць у формуле "Радкевіч versus Каліноўскі", а хутчэй з унутраным канфліктамі паміж жыхарамі мястэчка. Карэннае насельніцтва Новага Двара ("мяшчане" Ганчарэвічы, Грушэўскія, Ботвічы, Філіповічы ды інш.) не "прыняло" адстаўных салдат-пераселенцаў і іх сем'і.

Студзеньскае паўстанне не змяніла мястэчковага ўкладу жыцця. Яно толькі ўскладніла яго. Навадворцы не ўсведамлялі палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага значэння гэтай барацьбы. Традыцыйнае грамадства аднолькава варожа-абыякава сустракала як расійскіх салдат ("маскалёў"), так і паўстанцаў ("мяцежнікаў"). Праўда, на карысць паўстанцаў працавала надзея вяртання колішніх прывілеяў Новаму Двару.

Верагодна, што ў пэўны момант варагуючыя бакі вырашылі выкарыстаць сітуацыю паўстання на сваю карысць, што яшчэ больш абвастрыла канфлікт. Магчыма, Радкевіч сапраўды меў падставы сцвярджаць, што "карэнныя" навадворцы прычыніліся да забойства яго жонкі. Але доказаў іх віны ён не здолеў прадставіць.

Факт антыпаўстанцкіх даносаў адстаўнога салдата не пацверджаны дакументальны. Ягоны стан здароўя, а таксама непісьменнасць толькі ўзмацняюць сумненні ў праўдзівасці прызнання Радкевіч, што ён быў "доносчиком со стороны Правительства". Упэўнена можна казаць толькі пра дэклараваную Радкевічам у прашэннях і даносах "преданность Правительству", якая, верагодна, павінна была дапамагчы вырашыць справу на ягоную карысць.

Уражвае зацятасць гэтага канфлікту. Ён ізноў "разгарэўся" ў 1874 г., калі сялянскі сход не даў "приговору", і Радкевіч быў пазбаўлены выплат па інваліднасці. У 1881 г. валасное начальства забрала дакументы Радкевіч, і толькі пасля ўмяшальніцтва гродзенскага губернатара яны былі вернутыя.

Гэты артыкул варта было б назваць "Радкевіч versus Новы Двор"...


[1] Довнор-Запольский М. Заметки из путешествия по Белоруссии // Виленский вестник. 1890, № 18 ад 22.01 (тут і далей усе цытаты падаюцца ў адпаведнасці з аўтэнтычным тэкстам").

[2] Аўтар выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам НГА РБ у Гродне, супрацоўніцы Аддзела рэдкай кнігі і старадрукаў ГДГАМ Алесе Саўчук, загадчыцы Аддзела старой перыёдыкі Бібліятэкі АН Літвы Айдзе Грыбене, настаўніцы Навадворскай СШ Марыне Штоп, дырэктару Гродзенскай вячэрняй школы № 2 Эдуарду Смірнову, а таксама жыхарцы Новага Двара Веры Іванаўне Грыцкевіч за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага тэксту.

[3]Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута. М., 1892 (Цыт. па Шаланда А. Герб мястэчка Новы Двор у Ваўкавыскім павеце // Герольд = Litherland. 2004, № 1-2 (13-14), с. 36.

[4]Карповіч Л. Апошні шлях Барбары Радзівіл // Ніва. № 28 ад 15 ліпеня 2007 г.

[5]Гл. Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVIвв.). Минск: Навука і тэхніка, 1993.

[6] Шаланда А. Герб мястэчка Новы Двор у Ваўкавыскім павеце // Герольд=Litherland. 2004, № 1-2 (13-14), с. 35.

[7] Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь у Гродне (далей НГА РБ у Гродне). Ф. 1, воп. 1, ад.з. 2624, арк. 1 - 8.

[8] НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, ад.з. 422, арк. 120 адв. - 121.

[9]Палубінскі А.С. Постаці паўстання 1830-1831 гг. // Памяць. Свіслацкі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі. / Рэдкал. І.І.Варанец і інш. Мн.: Беларусь, 2004, с. 57.

[10] НГА РБ у Гродне. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 20.

[11]Тамсама. Ф. 1, воп. 4, ад.з. 49, арк. 30 адв.; Памяць. Свіслацкі раён…, с. 48.

[12] Тамсама. Ад.з. 646, арк. 101 адв. - 102

[13]Расійскі Дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу (далей РДГА ў СПб.). Ф. 1290, воп. 4, ад.з. 77, арк. 75.

[14] Атлас народонаселения Западно-русского края по вероисповеданию. СПб., 1864, с. 10.

[15] Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі. 1596-1839. Гродна, 2001, с. 254.

[16] НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 4, ад.з. 909, арк. 1.

[17] Тамсама. Ф. 31, воп. 2, ад.з. 202, арк. 144 адв.-145.

[18]Тамсама. Ф. 1, воп. 13, ад.з. 967, арк. 3-6.

[19]РДГА ў СПб. Ф. 1290, воп. 4, ад.з. 77, арк. 75.

[20]Памяць. Свіслацкі раён..., с. 517.

[21]НГА РБ у Гродне. Ф. 14, воп. 3, ад.з. 76, арк. 28 адв. - 29 адв.

[22]Тамсама. Ф. 31, воп. 2, ад.з. 2447, арк. 18 адв.

[23]Тамсама, арк. 19-19 адв.

[24] Довнор-Запольский М. Очерки семейственного права крестьян Минской губ. // Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909, с. 43-44.

[25]Тамсама, арк. 30-34.

[26]Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Віленскага універсітэту. Апісанне Поразаўскай воласці паводле апытання Паўночна-заходняга аддзелу Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. 1873 г. F 34 - GD 88.

[27] Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Wyd. pod red. Bronisława Chlebowskiego i Wł.Walewskiego. T VII. Warszawa, 1886, s. 295

[28]НГА РБ у Гродне. Ф. 2, воп. 32, ад.з. 1501, арк. 87 адв. - 88, 145 адв. - 146, 210 адв. - 211, 232 адв. - 233; Варанец І.І., Палубінскі А,С., Крыштофік В.Я. У паслярэформенны час // Памяць. Свіслацкі раён..., с. 59

[29]Памяць. Свіслацкі раён..., с. 517.

[30]НГА РБ у Гродне. Ф. 14, воп. 3, ад.з. 76, арк. 28 адв. - 29 адв.

[31]Надпіс на крыжы: 1853. TU LEZY MAGDALINA FILIPOWIC. Захаваўшыяся запісы метрычнай кнігі дазволілі ўдакладніць астатняе (НГА РБ. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 1, арк. 119 адв.). Варта звярнуць увагу на польскую мову надпісу, а таксама на сам факт устаноўкі каменнага крыжа (каля 1 м вышыні і 0,5 м шырыні) на магіле пяцігадовай дачкі селяніна Івана Фаміча Філіповіча.

[32]Аўдыёматэрыялы экспедыцый у Новы двор 21.10.2007 г. і 18.12.2007 г. захоўваюцца ў архіве аўтара.

[33]Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999, с. 27-39.

[34]Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 - люты 1917 г. Санкт-Петербург: Невский простор, 2004, с. 59-60.

[35] Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat1857-1865. T. 1. Wilno, 1913, s. 237-238.

[36] Ibidem. T. 2. Wilno, 1913, s. 140-141

[37] Апошнія словы (паводле А.Масалова) // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999, с. 208.

[38]Гісторыя Беларусі канца XVIII - пачатку ХХ ст. у дакументах і матэрыялах. Хрэстаматыя. Укладальнік А.Смалянчук. Вільня, 2007, с. 150-151.

[39]Мужыцкая праўда. 1863 № 7 // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць..., с. 37-39.

[40]НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 68-71.

[41] Тамсама. Воп. 3, ад.з. 6, арк. 1.

[42]Тамсама, арк. 13.

[43]Ягорычаў У.Я., Палубінскі А.С. Паўстанне 1863-1864 гг. // Памяць. Свіслацкі раён..., с. 65

[44] Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Собранные и приведенные в порядок П.В.Шейном. Том I, часть II. Бытовая и семейная жизнь белоруса в обрядах и песнях. СПб., 1890, с. 37-38.

[45] Материалы для изучения быта…, c. 98.

[46] Там же, с. 21.

[47] Повстанческое движение в Гродненской губернии. 1863-1864 гг. / сост. Т.Ю.Афанасьева и др.; под ред. Д.В.Карева. Брест: Академия, 2006, с. 46.

[48]НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, ад.з. 943, арк. 35.

[49]Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад.з. 10, арк. 204-204 адв.

[50]Тамсама. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 40.

[51]З хронікі баявых сутычак паўстанцаў. Укл. С.Філатава // Беларускі гістарычны часопіс 1993. № 3, с. 59; Aramowicz I. Pamięetnik o ruchu partyzanskim w województwie grodzieńskim w1863 i 1864 r. Bendlikon, 1865.

[52]НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 50.

[53] Тамсама, арк. 77 адв.

[54] Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад.з. 3, арк. 2-2 адв.

[55] Тамсама, арк. 24 адв.

[56] Тамсама, арк. 25 адв.

[57] Повстанческое движение в Гродненской губернии..., с. 31.

[58] НГА РБ у Гродне. Ф. 3, в. 1, ад.з. 16, арк. 3 - 3 адв.

[59] Тамсама, арк. 7.

[60] Тамсама, арк. 9, 27.

[61] Тамсама. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 2, арк. 66 адв.

[62] Повстанческое движение в Гродненской губернии..., с. 155-158.

[63] НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 19, арк. 44-53.

[64] Довнор-Запольский М. Очерки семейственного права крестьян Минской губ., с. 45.

[65] Багданович А. Мои воспоминания // Неман. 1994, № 5, с. 9.

[66] Тамсама, с. 10.

[67] НГА РБ у Гродне. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 1, арк. 83 адв. - 84

[68] Тамсама, арк. 45 адв. - 46

[69] Материалы для изучения быта…, c. 104.

[70] НГА РБ у Гродне. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 34.

[71] Тамсама, арк. 24, 30-31.

[72] Материалы для изучения быта…, c. 94.

[73] НГА РБ у Гродне, арк. 24-25.

[74] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, адз. 943, арк. 35-35 адв.

[75] Тамсама. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 27.

[76] Тамсама. Ф. 248, воп. 2, ад.з. 1, арк. 59 адв.

[77] Тамсама. Ф. 1, воп. 8, ад.з. 686, арк. 1-7.

[78] Материалы для изучения быта…, c. 94.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX