Вярнуцца: Смалянчук A.Ф.

Беларускі рух пачатку XX ст. і ідэя палітычнай нацыі


Аўтар: Смалянчук Алесь,
Дадана: 12-01-2013,
Крыніца: Смалянчук Алесь. Беларускі рух пачатку XX ст. і ідэя палітычнай нацыі // На шляху да праўды: Матэрыялы VIII Міжнар. навук. канф. "Шлях да ўзаемнасці" (Белавежа, 15-17 чэрв. 2000 г.) і "круглага стала" "Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на мяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў" (Мінск, 6-7 верас. 2000 г.) / Рэдкал.: А. Баршчэўскі і інш. — Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. — 224 с. — (Acta Albaruthenica; Кн. 2). С. 196-205.



З'яўленне ідэі палітычнай нацыі ў грамадскім і палітычным жыцці Беларусі і Літвы непарыўна звязана з феноменам так званай краёвасці пачатку XX ст. Асноўным пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя этнасы беларуска-літоўскага краю ўтвараюць адзіную нацыю, якую часта называлі «нацыяй літвінаў». Да гэтай нацыі належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю, незалежна ад этнічнасці, сацыяльнага паходжання і культурнай арыентацыі.

Ідэалогія краёвасці выразна супрацьстаяла этнічнаму нацыяналізму. Яна нарадзілася сярод літоўскіх і беларускіх палякаў, свядомасць якіх часта вызначалася формулай gente Lithuaniae, natione Polonus альбо gente Ruthenus, natione Polonus. Першымі з прапагандай краёвых поглядаў у друку выступілі Раман Скірмунт, Баляслаў Ялавецкі, Міхал Ромер, Канстанцыя Скірмунт і інш.

Адзінства ў разуменні краёвай ідэі не было. Краёвасць Міхала Ромера прадугледжвала зліццё ўсіх карэнных этнасаў краю і фарміраванне новай палітычнай нацыі. Раман і Канстанцыя Скірмунты ўспрымалі краёвасць як беларуска-літоўскі патрыятызм, дамінаванне агульнакраёвых інтарэсаў над патрэбамі асобных этнасаў і сацыяльных груп. Для Людвіка Абрамовіча краёвая ідэалогія зводзілася да добрасуседскага сужыцця ўсіх этнасаў краю. У масавай свядомасці большасці прадстаўнікоў мясцовай польскай грамадскасці, якая падтрымала краёўцаў, краёвасць трактавалася чыста прагматычна як тактычны сродак дзеля ўмацавання польскасці ў перыяд нацыянальна-культурнага адраджэння народаў краю. Пры гэтым рознагалоссі ўсе краёўцы ўспрымалі беларуска-літоўскі край як суб'ект гісторыі і працавалі над яго ператварэннем у суб'ект палітыкі. Іх палітычная канцэпцыя эвалюцыянавала ад патрабавання аўтаноміі «гістарычнай Літвы» з соймам у Вільні да яе дзяржаўнай незалежнасці 1.

Першыя кантакты беларускіх дзеячаў з краёўцамі адбываліся ўжо ў часы рэвалюцыі 1905-1907 гг. У № 46 ад 13(26).04. 1906 г. «Gazety Wilenskiej», кіраўніком якой з'яўляўся Міхал Ромер, быў надрукаваны артыкул Антона Луцкевіча, прысвечаны аграрнай праграме Беларускай Сацыялістычнай Грамады («Program agrarny»). A. Луцкевіч схаваў сваё аўтарства пад псеўданімам Ян Мялешка.

Кантакты прыкметна ўзмацніліся ў 1910 г., калі ў Вільні ўзнікла масонская ложа «Лучнасць», сярод заснавальнікаў якой былі браты Луцкевічы. Гэта ложа аб'ядноўвала прадстаўнікоў дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага, яўрэйскага і рускага этнасаў. Большасць з іх падзяляла краёвыя погляды. У 1911 г. у «Лучнасць» быў прыняты Міхал Ромер, які хутка стаў адным з прызнаных масонскіх кіраўнікоў 2. Дзякуючы яго асабістым якасцям, уменню пераканаць і павесці за сабой, віленскія масонскія ложы (у 1911 г. была створана ложа «Літва», у 1914 г. - ложа «Беларусь») сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвасці і ідэі палітычнай нацыі ў якасці яе найважнейшай састаўной часткі 3.

Аналіз публікацый Антона і Івана Луцкевічаў дазваляе сцвярджаць, што ў гэты перыяд дзеячы беларускага руху падзялялі асноўныя пастулаты краёвасці. Магчыма паслярэвалюцыйная палітычная рэакцыя, якую звычайна звязваюць з дзейнасцю вядомага расійскага рэфарматара і кіраўніка ўрада Пятра Сталыпіна, разуменне ўнутранай слабасці палітычнага беларускага руху спрыялі адыходу яго кіраўніцтва ад пэўнага сацыяльнага і этнічнага радыкалізму. Можна сцвярджаць, што ў перыяд з 1907 па 1916 гг. адбывалася лібералізацыя беларускага руху і перамяшчэнне галоўнага акцэнту дзейнасці з палітыкі ў культурна-асветніцкую галіну. Кіраўнікі беларускага руху (браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі) не толькі прынялі ідэю палітычнай нацыі, але і актыўна яе прапагандавалі.

На пачатку лістапада 1911 г. на сустрэчы з удзелам Івана Краскоўскага, Антона Луцкевіча, Браніслава Крыжаноўскага, Зыгмунта Нагродскага і Міхала Ромера была выказана думка пра выданне ў Вільні рускамоўнага дэмакратычнага штотыднёвіка краёвага накірунку 4. Мэтай выдання была прапаганда краёвай ідэалогіі ў яе ліберальна-дэмакратычным варыянце сярод рускай грамадскасці Вільні. Аднак непасрэдных вынікаў гэтая размова не мела. Толькі ўвосень 1912 г. напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу ідэя пачала набываць канкрэтныя формы. На гэты раз ініцыятыву ўзяў у свае рукі Антон Луцкевіч.

18.09(1.10). 1912 г. выйшаў першы нумар «Вечерней газеты». Падпісаў яго да друку ў якасці рэдактара Ф. Хатэнка. Але сапраўдным кіраўніком газеты і аўтарам большасці «перадавых» артыкулаў быў А. Луцкевіч. Пра гэта сведчаць шматлікія запісы ў дзённіку М. Ромера. Апроч таго, сапраўднага кіраўніка газеты заўважылі агенты Дэпартамента паліцыі 5. «Вечерняя газета» адразу прыцягнула ўвагу віленскай грамадскасці. Гэтаму спрыяў высокі ўзровень публіцыстыкі.

Прапаганда краёвасці і ліберальна-дэмакратычнай ідэалогіі, якую разгарнула «Вечерняя газета», адыграла сваю ролю падчас абрання ўдзельнікаў віленскага губернскага выбарчага сходу па так званай «рускай курыі». Газета, сапраўды, паспрыяла распаўсюджванню сярод рускай грамадскасці Вільні ідэй ліберальных дэмакратаў. Гэта паўплывала і на вынікі выбараў. Адначасова высветлілася, што газета знайшла свайго чытача, і Антон Луцкевіч вырашыў працягваць выданне. Магчыма ўжо ў гэты час у яго ўзнік план цэнтралізацыі віленскага дэмакратычнага і краёвага друку, пра які пазней згадаў у сваім Дзённіку М. Ромер 6.

Істотнай часткай плана было выданне штодзённай польскамоўнай газеты. Гэты праект А. Луцкевіч збіраўся рэалізаваць у цесным кантакце з польскімі дэмакратамі. Аднак перамовы з групай польскіх віленскіх дэмакратаў-краёцаў (галоўным апанентам А. Луцкевіча быў Л. Абрамовіч) закончыліся безвынікова. Беларусы вырашылі дзейнічаць самастойна.

8(21).12.1912г. выйшаў першы нумар «Кур'ера краёвага». Яго рыхтаваў Язэп Манькоўскі, які даволі актыўна ў гэты час працаваў у асяроддзі віленскіх беларусаў, а праграмны артыкул напісаў Антон Луцкевіч 7. М. Ромер досыць высока ацэньваў узровень публіцыстыкі першых нумароў «Кур'ера». Галоўнай прычынай поспеху новай «польскай» газеты ён лічыў ідэйнае кіраўніцтва з боку Антона Луцкевіча і непасрэдны ўдзел беларускага дзеяча ў падрыхтоўцы яе нумароў да выдання. У сваіх ацэнках «Кур'ера» М. Ромер неаднаразова звяртаў увагу на ролю А. Луцкевіча: «Адным з галоўных, хоць звонку непрыкметных супрацоўнікаў газеты, з'яўляецца Антон Луцкевіч, адзін са стаўпоў «Нашай Нівы». Гэта, магчыма, самы дзелавіты работнік і самая здольная галава беларускага народнага руху. Адначасова ён рэдагуе «Вечернюю газету». Антон Луцкевіч трымаецца трохі ў ценю, не становіцца на чале «Кур'ера краёвага», але фактычна выконвае партыю першай скрыпкі. Ён аказвае рашаючы ўплыў на кірунак і арганізацыю газеты» 8.

Такім чынам, у канцы 1912 г. пад кантролем віленскага беларускага кола знаходзіліся чатыры выданні: два беларускія штотыднёвікі - «Наша Ніва» і «Саха», адно польскамоўнае - штодзённая газета «Кур'ер краёвы» і адно рускамоўнае - штодзённая «Вечерняя газета».

Што ўяўляла пазіцыя гэтых выданняў па асноўных пытаннях жыцця беларуска-літоўскага краю?

У праграмных артыкулах першых нумароў «Вечерней газеты» і «Кур'ера краёвага» А. Луцкевіч сфармуляваў галоўныя задачы выданняў, якія цалкам адпавядалі дэмакратычнаму варыянту краёвасці і адвяргалі канцэпцыю этнічнага нацыяналізму.

«Вечерняя газета» № 1 ад 18.09(1.10).1912 г.: «У нас ніякім чынам нельга зыходзіць з інтарэсаў якой-небудзь адной нацыянальнай групы. Ва ўмовах разнастайнасці нацыянальнага складу насельніцтва трэба ўвесь час мець на ўвазе інтарэсы краю, як адзінага цэлага. Толькі ў гэтым выпадку магчыма нармальнае развіццё кожнай асобнай народнасці. Усведамленне, што ўсе мы, жыхары гэтай зямлі, з'яўляемся грамадзянамі Краю - вось нашая зыходная кропка пры высвятленні патрабаванняў розных груп насельніцтва». Поўнае задавальненне і нацыянальных і сацыяльных патрабаванняў А. Луцкевіч звязваў з устанаўленнем дэмакратычнага ладу. Пад апошнім разумелася правядзенне ў жыццё ў поўным аб'ёме «вялікіх палажэнняў», абвешчаных яшчэ Маніфестам 17 кастрычніка 1905 г.».

У праграмным артыкуле першага нумара «Кур'ера» падкрэслівалася небяспека ваяўнічага шавінізму, які «ўносіць у народныя масы ўзаемную нянавісць і ўнутраную барацьбу, пагражае распадам краю і стратай ім магчымасці абараняцца ад людзей, якія імкнуцца знішчыць на гэтай зямлі ўсялякае пачуццё асобнасці». Між тым, «у Краі, дзе побач з літоўцам жыве паляк, побач з беларусам - яўрэй, у Краі, няшчасны лёс якога прадвызначыў ягонае адставанне і пазбавіў магчымасці свабоднага развіцця, няма месца для ўнутранай барацьбы. А. Луцкевіч заклікаў усіх «грамадзян Краю» да працы на ягоную карысць і на карысць прыгнечанага народа.

Тэрмін «грамадзянін Краю», адзін з асноўных з пункту гледжання канцэпцыі палітычнай нацыі, шырока ўжываўся на старонках «Кур'ера» і «Вечерней газеты». Аўтары публікацый даводзілі, што жыццёва важныя для краю пытанні павінны вырашацца з улікам інтарэсаў усіх этнасаў Беларусі і Літвы 9, асуджалі велікарускі і велікапольскі шавінізм 10, заяўлялі пра неабходнасць барацьбы з праявамі шавінізму сярод беларусаў і літоўцаў 11, выкрывалі сутнасць дзейнасці так званага «Белорусского общества» як арганізацыі велікарускіх шавіністаў у беларускай «вопратцы» 12 і інш.

Асновай краёвай згоды лічылася супрацоўніцтва дэмакратычных сіл усіх этнічных рухаў 13. Краёвасць досыць натуральна прыводзіла да дэмакратычных поглядаў: «Усё больш ясным становіцца той шлях, які мясцовым рускім людзям падказвае само жыццё. Як грамадзяне краю мы павінны ўважыць яго карэннае насельніцтва, прыслухацца да ягонага голасу і пажаданняў, лічыць яго інтарэсы сваімі інтарэсамі і працаваць на агульную карысць» 14 . У сваю чаргу, дэмакратызм, які зыходзіў з павагі да народных патрабаванняў, непазбежна нараджаў краёвую пазіцыю 15 .

Абодва выданні пашыралі ідэалогію краёўцаў-дэмакратаў сярод грамадства Беларусі і Літвы. «Вечерняя газета» рабіла гэта сярод рускіх, але не пакідала цалкам па-за ўвагай і палякаў. У шэрагу артыкулаў апошніх спрабавалі пераканаць у тым, што толькі іх шчыры паварот да дэмакратыі можа гарантаваць будучыню польскай грамадскаці Беларусі і Літвы 16.

А вось для «Кур'ера краёвага» пашырэнне дэмакратычных поглядаў сярод польскай грамадскасці было адной з галоўных задач. Антон Луцкевіч у сваіх артыкулах даволі часта апеляваў да гістарычных традыцый: «З паняццем польскасці заўсёды звязвалася паняцце свабоды», «Як некалі з іменем паляка атаясамлівалася вольнасць, так зараз наша (польская. - А. С.) нацыянальная будучыня звязана з дэмакратыяй» 17.

А што ж «Наша Ніва»? Нават павярхоўны аналіз публікацый галоўнай беларускай газеты ўказвае на тэматычны паралелізм з матэрыяламі «Кур'ера краёвага» і «'Вечерней газеты». У першую чаргу, гэта прапаганда краёвай ідэалогіі ў яе дэмакратычным варыянце і барацьба з этнічным шавінізмам 18. Падчас выбарчай кампаніі ў IV Дзяржаўную думу «Наша Ніва» падтрымала кандыдатаў, якіх адстойвала «Вечерняя газета». У адным з артыкулаў «Нашай Нівы» адзначалася: «[...] Мы, беларусы, можам верыць толькі шчырым расійскім прагрэсістам, каторыя зрадніліся з нашым Краем, лічаць сябе грамадзянамі нашай старонкі» 19. Усе выданні вялі сумесную барацьбу супраць велікапольскага і велікарускага шавінізму. Яны разам давалі адпор нападкам шавіністычнага друку. Упершую чаргу, гэта тычылася «Виленского вестника» і «Гонца цодзеннэго» 20.

Бадай, самыя цікавыя матэрыялы "Вечерней газеты" і "Кур'ера краёвага" гэта матэрыялы, якія распавядалі пра беларускі рух. Яны займалі значнае месца ў абодвух выданнях. Ужо ў гэтым праяўляўся "беларускі ўхіл" краёўца Антона Луцкевіча. Публікацыі абаранялі "Нашу Ніву" і ўвесь беларускі рух ад абвінавачванняў велікарускіх і велікапольскіх шавіністаў, якія імкнуліся давесці, што няма ніякага беларускага руху, а ёсць толькі "польская" або, адпаведна, "руская" інтрыга".

I рускамоўнае, і польскамоўнае выданні імкнуліся выклікаць сімпатыі да беларускага руху. «Вечерняя газета» асцярожна згадвала пра мясцовыя беларускія карані большасці рускай грамадскасці краю 22. «Кур'ер краёвы» заклікаў шукаць згоду і паразуменне з беларусамі. Пры гэтым падкрэсліваліся дэмакратычныя тэндэнцыі ў беларускім руху: «Шчыры дэмакратызм беларускага руху... ягоная лаяльнасць у адносінах да суграмадзян іншых нацыянальнасцяў - гэта гарантыя, што нашы імкненні знойдуць жывы водгук сярод беларусаў» 23.

Такім чынам, у перыяд 1911-1915 гг. сканцэнтраваны ў руках беларусаў друк у дачыненні да нацыянальнай праблемы выразна дэманстраваў сваю прыхільнасць да ідэі палітычнай нацыі. Але паўстае пытанне, наколькі шчырымі былі беларускія дзеячы ў сваёй прапагандзе ідэі палітычнай нацыі або краёвасці ў цэлым?

Аналіз крыніц, якія маюцца ў нашым распараджэнні, дазваляе гаварыць пра выключна прагматычнае выкарыстанне беларусамі краёвай ідэалогіі. У краёвасці яны бачылі сродак, які дазволіць узмацніць пазіцыі беларускага этнасу ў нацыянальна-культурным і грамадска-палітычным жыцці Беларусі і Літвы. Так, напрыклад, прапаганда на старонках «Кур'ера» неабходнасці паразумення палякаў з беларусамі аргументавалася не толькі інтарэсамі сумеснай барацьбы з велікарускім шавінізмам 24. Аўтары публікацый заявілі пра адсутнасць выразных перспектыў далейшага развіцця польскага руху ў беларускалітоўскім краі 25. Тут відавочны «беларускі ўхіл» краёвасці Антона Луцкевіча і іншых дзеячаў нашаніўскага кола. Беларуская пазіцыя далёка не заўсёды адпавядала разуменню краёвасці М. Ромерам, найбольш паслядоўным прыхільнікам ідэі палітычнай нацыі.

Сутнасць беларускага разумення краёвасці досыць дакладна вызначылі апаненты Луцкевічаў са штотыднёвіка «Пшэглёнд Віленьскі», які ўзначальваў Л. Абрамовіч. Апошні сцвярджаў, што пазіцыя беларусаў грунтавалася на адсутнасці веры ў магчымасць захавання польскасці ў беларуска-літоўскім краі. Да гэтага трэба дадаць перакананне кіраўнікоў беларускага руху, што беларускія і літоўскія палякі з'яўляюцца толькі нашчадкамі паланізаваных літоўцаў і беларусаў. Такая пазіцыя нараджала патрабаванні, каб польская грамадскасць працавала дзеля развіцця свядомасці беларусаў і літоўцаў. «Пшэглёнд» катэгарычна адвяргаў падобныя заявы. Ён неаднаразова абвінавачваў «Кур'ер» у «пабочных уплывах» 26. Аднак раскрываць таямніцу беларускага польскамоўнага выдання палякі не сталі.

«Беларускі ўхіл» можна заўважыць і ў асобных артыкулах «Вечерней газеты»: «Справа культуры, справа прагрэсу настолькі важная, што яе павінен падтрымліваць кожны грамадзянін Краю. Тут няма месца для меркаванняў нацыянальнага эгаізму: хто можа, той павінен садзейнічаць культурным намаганням сваіх слабейшых суседзяў, з якімі яго моцна звязаў гістарычны ход падзей» 27.

Ёсць усе падставы сцвярджаць, што беларусы нашаніўскага кола і, у першую чаргу, А. Луцкевіч разумелі краёвасць як сужыцце розных этнасаў краю. У гэтым сужыцці яны імкнуліся забяспечыць за ўласным этнасам лепшыя ўмовы. Дарэчы, гэта набліжала іх пазіцыю да пазіцыі групы Людвіка Абрамовіча, але гэтае ж падабенства непазбежна рабіла іх апанентамі. А. Луцкевіч спадзяваўся, што прапаганда ідэі палітычнай нацыі на польскай і рускай мовах паспрыяе далучэнню да беларускага руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў і тым самым пашырыць яго сацыяльную базу.

Міхал Ромер характарызаваў беларускія «прэтэнзіі» як праявы этнічнага нацыяналізму 28. Але пры гэтым галоўны ідэолаг краёвасці быў упэўнены, што А. Луцкевіч і яго сябры ў рэшце рэшт зразумеюць польскую пазіцыю і пагадзяцца з тым, што палякі Беларусі і Літвы маюць поўнае права на развіццё ўласнай культуры і на ўдзел разам з літоўцамі і беларусамі ў вызначэнні будучыні краю.

Надзея М. Ромера была дастаткова абгрунтаванай. Відавочна, што нашаніўскае беларускае кола ў гэты час моцна спадзявалася на пазітыўныя вынікі супрацоўніцтва з польскімі, літоўскімі і яўрэйскімі краёўцамі-дэмакратамі. Дзеля згоды А. Луцкевіч быў гатовы пайсці на пэўныя ўступкі. Магчыма, ён разлічваў, што пазіцыя М. Ромера будзе пашырацца сярод грамадскасці. У тым, што гэта прынясе вялікую карысць як беларускаму руху, так і ўсяму краю, беларускі дзеяч быў упэўнены.

Але надзеі не спраўдзіліся. I ў пачатку 1915 г. А. Луцкевіч на старонках «Нашай Нівы» выступіў з рэзкай крытыкай «нашых» палякаў: «Нашы» палякі-інтэлігенты кажуць, што яны маюць поўна работы «для сваіх» - для «польскага сялянства і пралетарыяту» на нашай зямлі. Але ж польскага «дэмасу» - на смех, малая жменя. А поруч з гэтай жменяй мільёны цёмных і галодных беларускіх сялян, каторыя блізка не маюць йшчэ сваёй інтэлігенцыі, для каторых няма каму працаваць... Працаваць для тых мільёнаў - гэта для нашых палякаў грэх і здрада, хоць колькі ж між іх сыноў таго ж беларускага народа! [...] Яны не разумеюць, што прайшоў час панавання над намі і трэба цяпер адслужыць нашай старонцы, трэба не толькі называцца, але і быць грамадзянамі, трэба карміць галоднага і асвяшчаць цёмнага селяніна не толькі за тым, што ён - «свой», што ён пераробіцца на паляка, але затым, што гэта святая павіннасць. А раз гэта павіннасць, а не ласка, дык і вучыць беларусаў трэба не так, як хоча вучыцель, а так, як гаворыць народ, каторы, захаваўшы сваю мову праз сотні гадоў, праявіў ясна сваё жаданне заставацца беларусам» 29 .

Гэтая крытыка не мела дачынення да М. Ромера і прыхільнікаў ягонай краёвай пазіцыі. У наступньм нашаніўскім артыкуле А. Луцкевіч адзначыў, што «поруч з «прыгоншчыкамі» ў нашай старонцы ёсць людзі, каторыя, баронячы сваю польскую культуру, не забываюць, што яны тутэйшыя грамадзяне, што і на іх ляжыць павіннасць памагаць галодным, асвяшчаць цёмных людзей - нягледзячы, якой яны нацыі і веры. [.]

Мы верым, што сілы польскай дэмакратыі ўзрастуць, калі над зямлёй Беларусі засвеціцца зорка лепшай будучыні. А шчыры дэмакратызм створыць той залаты мост, каторы з'яднае ўрэшце народы нашага краю ў адну вялікую згодную сям'ю і каторы польскія нацыяналісты цяпер не даюць збудаваць» 30.

Зразумець самакаштоўнасць ідэі палітычнай нацыі ва ўмовах культурнага адраджэння этнасаў беларуска-літоўскага краю ва ўмовах абвастрэння міжэтнічных адносін было вельмі няпроста. Даволі прагматычнае стаўленне беларусаў да гэтай ідэі ўпачатку XX ст. не павінна здзіўляць. Аналагічна гэтую ідэю трактавала большасць польскіх, яўрэйскіх і літоўскіх дзеячаў.

Адным з апошніх актаў супрацоўніцтва краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 г. ва ўмовах Вільні, акупаванай Германіяй, часовай Рады канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Фактычна Рада выступала за дзяржаўную незалежнасць «гістарычнай Літвы». Новаўтвораная дзяржава павінна была гарантаваць усім яе этнасам права на свабоднае культурнае развіццё. Гэтая арганізацыя аб'яднала дзеячаў розных этнічных рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх), да чаго сваю руку прыклалі і прадстаўнікі германскай акупацыйнай адміністрацыі, хутка разбурылі гэтую трохі рамантычную ідэю. Негатыўную ролю адыграла таксама радыкалізацыя беларускага руху, якая хутка адбывалася пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. Беларуская Сацыялістычная Грамада, што адрадзілася ў 1917 г., успрымала беларускі этнас як сялянска-рабочы. Прадстаўнікам іншых сацыяльных колаў (асабліва землеўладальнікам) было амаль немагчыма заваяваць давер сацыялістаў.

Аднак віленскія беларускія дзеячы, магчыма, па прычыне слабасці беларускага руху вельмі доўга захоўвалі вернасць краёвай ідэалогіі. Так, ідэя дзяржаўнасці гістарычнай Літвы яшчэ ў 1917 г. дамінавала ў беларускім руху на захад ад лініі фронта. Толькі ў пачатку 1918 г. беларусы былі вымушаны канчаткова ад яе адмовіцца. Сваю ролю адыграла прызнанне Германіяй незалежнасці «этнаграфічнай» Літвы са сталіцай у Вільні і імперскія амбіцыі палітыкаў новай Польшчы, якая хутка ўмацоўвала свой дзяржаўны суверэнітэт і разглядала беларускія землі як сферу свайго палітычнага дамінавання.

Такім чынам, у пачатку XX ст. у сілу неспрыяльных унутраных і знешніх абставін ідэя палітычнай нацыі не стала падмуркам беларускага руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі. Між тым гісторыя Еўропы ўсяго XX ст. выразна засведчыла перспектыўнасць менавіта дактрыны палітычнага нацыяналізму. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці паступова сталася ўжо не этнічнасць, а грамадзянства. Падобны падыход дазволіў у многіх краінах звесці да мінімуму этнічныя канфлікты, паспрыяў фарміраванню грамадзянскай супольнасці.

Аднак гэты вопыт не быў выкарыстаны беларускімі адраджэнцамі 90-х гг. XX ст. Кіраўніцтва Беларускага народнага Фронту актыўна выкарыстоўвала ідэалогію этнічнага, а не палітычнага нацыяналізму, што прыкметна абмежавала магчымасці беларускага руху. У канцы нашага стагоддзя прапаганда этнічнага нацыяналізму непазбежна робіць ягоных прыхільнікаў грамадскімі маргіналамі. У той жа час ідэалогія палітычнага нацыяналізму асабліва ва ўмовах, калі ў Беларусі працягваецца працэс фарміравання беларускай палітычнай нацыі, калі этнічная свядомасць саміх беларусаў абсалютна пазбаўлена этнацэнтрызму, дае пэўны шанс завяршыць працэс беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння ўтварэннем незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Алесь Смалянчук (Гродна, Беларусь)

1 Смалянчук А. "Краёвасць" у беларускай і літоўскай гісторыі // Бел. гіст. Агляд. 1998. Т. 4. Сш. 1-2 (6-7).

2 Ромер М. Дзённік. Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы. Т. 4. С. 403.

3 Смалянчук А. З гісторыі віленскага масонства пачатку XX ст. / / Спадчына. 1998. № 5.

4 Ромер М. Дзённік. Т. 2. С. 82. Запіс ад 6 (19). 11. 1911 г.

5 Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. Ф. 102, асобы аддзел, 1913.

6 Ромер М. Дзённік. Т. 2. С. 435.

7 Тамсама. С. 450

8 Тамсама. Т. 3. С. 61.

9 Напр., Генрык Букавецкі [А. Луцкевіч]. Прынцыповае пытанне / / Кур'ер краёвы. 1912. № 19; б/п [А. Луцкевіч?]. Одна из причин трений // Вечерняя газ. 1913. № 337 і інш.

10 Напр., б/п [А. Луцкевіч?]. Конкистадоры // Вечерняя газ. 1913. № 360; ш.г. [М.Ромер]. Хто быў правы? // Кур'ер краёвы. 1913. № 127 і інш.

11 Напр., б/п [А. Луцкевіч?]. Национальные течения и демократия // Вечерняя газ. 1914. № 468 і інш.

12 Напр., Вечерняя газ. 1913. № 188.

13 Напр., K-wlec [А. Луцкевіч]. Права і абавязкі // Кур'ер краёвы. 1912. № 3.

14 Б/п [А. Луцкевіч?]. От русских прогрессивных избирателей г. Вильны // Вечерняя газ. 1912. № 12.

15 Веслаў Каліноўскі [А. Луцкевіч]. Выбар дарогі // Кур'ер краёвы. 1913. № 258.

16 Напр., б/п [А. Луцкевіч?]. А речи всё те же // Вечерняя газ. 1912. № 64; б/п [А. Луцкевіч?]. Два выступления // Вечерняя газ. 1913. № 263 і інш.

17 Кур'ер краёвы. Адпаведна. 1912. № 8; 1912. № 12.

18 а-н-а [А. Луцкевіч]. Край і народ // Наша Ніва. 1912. № 28-29 (гл. дадатак 2); а-н-а [А. Луцкевіч?]. Змаганне з хваробай // Наша Ніва. 1913. № 9 і інш.

19 Наша Ніва. 1912. № 40.

20 Напр., б/п. Газэтнае хуліганства // Наша Ніва. 1913. № 9 і б/п. Бандытызм "Газеты цодзеннай" // Кур'ер краёвы. 1913. № 52.

21 Веслаў Каліноўскі [А. Луцкевіч]. Палітычная шкода. 1913. № 206.

22 Напр., б/п [А. Луцкевіч]. Национальная культура // Вечерняя газ. 1912. №92.

23 Генрык Букавецкі [А. Луцкевіч]. Час патрабуе // Кур'ер краёвы. 1913. № 12.

24 Генрык Букавецкі [А. Луцкевіч]. Прынцыповае пытанне // Кур'ер краёвы. 1912. № 9.

25 К-вец [А. Луцкевіч]. Do ut des // Кур'ер краёвы. 1913. № 98.

26 б/п [Л. Абрамовіч?]. Пабочныя ўплывы // Пшэглёнд Віленьскі. 1913. № 22/ 23.

27 м.р. [М. Ромер]. Грамадзянская пазіцыя // Кур'ер краёвы. 1913. № 77.

28 Ромер М. Дзённік. Т. 3. С. 324.

29 а-н-а. [А. Луцкевіч]. Кліч да згоды // Наша Ніва. 1915. № 10.

30 [А. Луцкевіч]. Іх адказ // Наша Ніва. 1915. № 12-13.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX