Папярэдняя старонка: Смалянчук A.Ф.

Краёвасць стасоўна беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў на пачатку ХХ ст.   


Аўтар: Смалянчук Аляксандр,
Дадана: 13-03-2013,
Крыніца: Смалянчук Аляксандр. Краёвасць стасоўна беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў на пачатку ХХ ст. // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. Рэдактары: Алесь Лагвінец, Таццяна Чуліцкая. Варшава: Uczelnia Łazarskiego, 2013. С. 66-77.

Спампаваць




У апошняе дваццацігоддзе назіраецца відавочны ўздым навуковай і грамадскай цікавасці да праблематыкі краёвай ідэі. Гістарыяграфія гэтай праблемы ўжо мае сваю традыцыю. Дастаткова прыгадаць імёны польскіх даследчыкаў Юліўша Бардаха, Яна Юркевіча, Збігнева Соляка, Дарыўша Шпопера, літоўскіх гісторыкаў Рымантаса Мікніса, Яна Савіцкага [1]. Шмат увагі гэтай праблеме надаваў таксама аўтар гэтых радкоў у аналізе гісторыі польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошнія 50 гадоў існавання Расійскай імперыі, а таксама ў даследаванні эвалюцыі беларускай нацыянальнай ідэі. Аляксею Унучаку (Мінск) належыць параўнанне ідэалагічных феноменаў краёвасці і заходнерусізму [2]. У апошнія гады краёвасць трапіла таксама ў поле зроку беларускіх даследчыкаў ідэі. Варта прыгадаць Ігара Бабкова, Аляксея Дзерманта, Андрэя Казакевіча.
Пры гэтым цікавасць гісторыкаў пераважна канцэнтравалася на постацях вядомых краёўцаў. У цэнтры ўвагі апынуліся Міхал Ромэр (1880-1945), Канстанцыя Скірмунт (1851-1934), Раман Скірмунт (1868- -1939), Эдвард Вайніловіч (1847-1928), Тадэвуш Урублеўскі (1857-1925), Людвік Абрамовіч (1879-1939) ды інш. Краёвая ідэя разглядалася ў большай ступені скрозь прызму жыцця і дзейнасці названых асобаў. Між тым больш грунтоўнага вывучэння ўсё яшчэ чакае цэлы комплекс праблемаў, звязаных з гэтым феноменам. Сярод іх праблема суадносінаў краёвай ідэі з ідэалогіямі літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў, якія грунтаваліся на этналінгвістычнай канцэпцыі нацыі. У якой ступені прадстаўнікі гэтых рухаў акцэптавалі краёвую ідэю? Гэтае пытанне будзе галоўным для дадзенага артыкула.

Афармленне краёвай ідэі

Краёвасць з цяжкасцю паддаецца апісанню і дакладнаму вызначэнню. Менавіта таму гісторыкі звычайна ўжываюць шэраг сінанімічных паняццяў - "краёвасць", "краёвая ідэя", "краёвы рух", "краёвая ідэалогія". Відавочная складанасць як структуры краёвай ідэі, так і яе разумення ідэолагамі і прыхільнікамі. І ўсё ж такі часцей яна тлумачыцца як пэўны тып ідэалогіі палітычнай нацыі.
Краёвая ідэя была сфармуляваная ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Краёўцы сцвярджалі, што ўсе карэнныя жыхары гістарычнай Літвы, незалежна ад іх этнакультурнай прыналежнасці, з'яўляюцца "грамадзянамі Краю" і тым самым належаць да адзінай нацыі. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці станавілася пачуццё патрыятызму, уласнае адчуванне сябе "грамадзянінам Краю".
Краёвая ідэалогія нарадзілася ў асяроддзі ліцвінскай шляхты, прадстаўнікі якой часцяком адчувалі ўласную прыналежнасць да розных народаў. Юліўш Бардах наступным чынам характарызаваў свядомасць краёўцаў: "Паводле сваёй культурнай арыентацыі гэта былі палякі, аднак пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці пераважала пачуццё краёвай адметнасці, што вяло да падпарадкавання інтарэсаў польскай грамадскасці інтарэсам усяго Краю […] Яны былі ліцвінамі ў гістарычным сэнсе, што і вызначала іх пазіцыю ў палітычным жыцці" [3].
Краёвасць грунтавалася на гістарычнай памяці пра прыналежнасць беларускіх і літоўскіх земляў да Вялікага Княства Літоўскага. Сцвярджаючы адзінства гістарычнага лёсу ўсіх народаў былога ВКЛ, краёўцы лічылі неабходным захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці "гістарычнай Літвы".
Адной з галоўных мэтаў краёвасці заставалася прымірэнне партыкулярных інтарэсаў мясцовых нацыяў з іх агульным інтарэсам, пад якім разумелася дабро супольнай Айчыны, гістарычнай Літвы. Апошняе патрабавала супрацоўніцтва нацыяў на падмурку грамадзянскай роўнасці. Прычым, як справядліва заўважыў Ян Юркевіч, гэтае супрацоўніцтва было не толькі шляхам да супольнай мэты, але таксама і ўласна самой мэтаю [4]. Прыхільнікі краёвасці спадзяваліся, што краёвую свядомасць атрымаецца сумясціць з мадэрнай нацыянальнай свядомасцю.
Краёвасць таксама можна разглядаць як пэўную рысу свядомасці часткі грамадства Беларуска-Літоўскага краю. Ёсць падставы сцвярджаць, што пашырэнню краёвасці спрыяла г.зв. "тутэйшасць" мясцовага люду. Даследчыкі часта трактуюць яе як ніжэйшую ступень этнічнай самаідэнтыфікацыі, аднак такі погляд падаецца павярхоўным. Невыпадкова Канстанцыя Скірмунт па пачатку ХХ ст. абараняла паняцце "тутэйшасці" ад насмешак польскіх нацыянальных дэмакратаў: "Тутэйшасць - гэта сувязь з роднай зямлёю, гэта патрыятызм" [5].
Ю. Бардах справядліва заўважыў: "У вёсцы, перш за ўсё беларускай, там, дзе сустракаліся розныя мовы, веравызнанні, уплывы розных культур, "тутэйшасць" азначала форму адмовы ад пэўнага выбару, нежаданне прызнаць сваю прыналежнасць да таго або іншага этнасу. Была боязь, што такі выбар можа парушыць традыцыйныя формы сумеснага жыцця і прывесці да канфліктаў" [6]. І сапраўды, у пэўным сэнсе "тутэйшасць" была краёвасцю г.зв. "маўклівай большасці" жыхароў гістарычнай Літвы.
Алег Латышонак даволі трапна назваў краёвасць "ідэалагізаванай тутэйшасцю". На яго думку, тутэйшасць можна лічыць свядомасцю, а краёвасць - светапоглядам [7]. Безумоўна, гэтай ідэалагізацыі "тутэйшасці" паспрыяла актывізацыя нацыянальных працэсаў. Менавіта выбух нацыяналізму нарадзіў краёвую ідэю, і, забягаючы наперад, можна сказаць, што ён жа ператварыў краёвасць у маргінальную з'яву.
На рубяжы ХІХ - ХХ ст. найбольш моцным нацыянальным рухам Беларуска-Літоўскага краю быў літоўскі рух. Ён прапанаваў новае (мадэрнае) разуменне нацыі, найважнейшымі элементамі якой станавіліся мова, фальклор, звычаі, народная культура і гістарычная памяць. У мінулым засталося разуменне нацыі як палітычнай катэгорыі, што яднала прадстаўнікоў вышэйшых станаў. Найважнейшую ролю для свядомасці адыгрывала тоеснасць этнакультурнай (этналінгвістычнай) супольнасці, а не гістарычна-палітычнай. Менавіта літоўскі нацыянальны рух на пачатку XX ст. сфармуляваў задачу этнапалітычнага падзелу гістарычнай Літвы і Польшчы.
Збігнеў Соляк, аналізуючы біяграфію галоўнага ідэолага ліберальна- дэмакратычнага варыянту краёвай ідэі М. Ромэра, звярнуў увагу на ягоныя кантакты з літоўскімі нацыянальнымі арганізацыямі. У прыватнасці, яшчэ ў гады вучобы ў Парыжы М. Ромэр наведваў паседжанні літоўскага таварыства "Želmuo", а пазней аб'яднання літоўскіх студэнтаў "Lithuania", заснаванага Юозасам Петрулісам (1877-1958) [8].
Літоўскі рух, безумоўна, паўплываў таксама на пазіцыю прадстаўнікоў кансерватыўнай плыні краёвасці. Гаворка ідзе пра Канстанцыю Скірмунт, свядомасць якой Дарыўш Шпопер вызначыў формулай gente Lithuane, natione Lithuane, і Рамана Скірмунта, першая кніга якога - "Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej" (Lwów, 1904) - была інспіраваная якраз літоўскім нацыяналізмам.
Вялікую ролю таксама адыграла афармленне польскага нацыянальнага руху. На пачатку ХХ ст. у грамадскім жыцці Беларуска-Літоўскага краю ён прысутнічаў у дзвюх іпастасях. Польскія нацыянальныя дэмакраты абвяшчалі абсалютны прыярытэт польскай ідэі ў яе этнакультурным разуменні, а сацыялісты спрабавалі яе спалучыць з прывабнай сацыяльнай праграмай. У выніку прапаганды польскага нацыяналізму большасць палякаў гістарычнай Літвы паступова пачала атаясамліваць сябе з сучаснай Польшчай як у культурным, так і этнапалітычным сэнсе. Аднак даволі моцныя пазіцыі захоўвала ідэнтыфікацыя сябе з гістарычнай Літвой, якая ўспрымалася часткай мясцовых палякаў як сапраўдная Айчына. Р. Мікніс, аналізуючы актыўнасць ідэолагаў краёвасці і ступень яе пашырэння, выказаў ідэю пра пачаткі фармавання новай нацыі, а менавіта нацыi "літоўскіх палякаў" [9].
У кожным выпадку, на пачатку ХХ ст. было відавочным як абвастрэнне польска-літоўскіх адносінаў, так і адсутнасць адзінства сярод мясцовай польскай грамадскасці.

Варыянты краёвай ідэі

Даследчыкі згодныя, што на пачатку ХХ ст. існавалі два варыянты краёвай ідэі - ліберальна-дэмакратычны і кансерватыўны. Цэнтрам афармлення першага з іх стала "Газета Віленьска" (1906), фактычным кіраўніком якой быў М. Ромэр. Вядучымі ідэолагамі кансерватыўнай плыні краёвасці былі Раман і Канстанцыя Скірмунты, Баляслаў Ялавецкі.
Чым розніліся гэтыя варыянты? Паводле Р. Мікніса, галоўным адрозненнем было стаўленне да нацыянальных рухаў [10]. Літоўскі гісторык лічыць, што ліберальныя краёўцы акцэптавалі нацыянальную эмансіпацыю літоўцаў і беларусаў (апроч найбольш радыкальных патрабаванняў у культурнай галіне), а прадстаўнікі кансерватыўнай плыні не прымалі гэтай эмансіпацыі. Яны нібыта не прызнавалі паняцця этнакультурнай нацыі, сцвярджалі ідэю гістарычна-палітычнай адзінай нацыі ("нацыя літвінаў") як дэмакратызаванага варыянту колішняй палітычнай (шляхецкай) нацыі.
З гэтым сцвярджэннем можна пагадзіцца толькі часткова. М. Ромэр і яго калегі па "Газеце Віленьскай" сапраўды спрабавалі дасягнуць паяднання народаў Краю на падмурку ідэі дэмакратычнай нацыі палітычнага тыпу. М. Ромэр ацэньваў дэмакратычныя нацыянальныя рухі (беларускі і літоўскі) як фактары ўтварэння грамадзянскай супольнасці. Былое Вялікае Княства Літоўскае ён трактаваў як агульную радзіму некалькіх народаў і не бачыў магчымасці іх размежавання цывілізаваным спосабам. Тэрытарыяльныя канфлікты ў гэтым выпадку здаваліся непазбежнымі.
Што датычыць кансерватыўнага крыла, то тут сітуацыя была больш складанай. Прыклад Р. Скірмунта, які ў 1907 г. спрабаваў стварыць Краёвую партыю ў форме саюза польскай, беларускай і літоўскай партыйных арганізацыяў, сведчыць, што прынамсі частка прадстаўнікоў гэтага кірунку прымала ідэю этнакультурнай (этналінгвістычнай) нацыі і акцэптавала нацыянальныя рухі. Падобна, што сам Р.Скірмунт быў упэўнены ў мажлівасці сумяшчэння краёвай свядомасці з мадэрным нацыяналізмам.
Пра апошняе сведчаць таксама адносіны Р. Скірмунта да беларускага нацыянальнага руху. Ягонае афармленне ў перыяд Першай расійскай рэвалюцыі істотна паўплывала на палітычную дзейнасць ураджэнца Палесся. У прыватнасці, Р. Скірмунт перастаў карыстацца тэрмінамі "Літва і Русь" і пачаў ужываць паняцце "Беларусь", а падчас інтэрв'ю карэспандэнту органа польскіх нацыянальных дэмакратаў "Дзенніка Кіеўскага" назваў сябе "беларусам". Напрыканцы 1916 г. ён узначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, роля якога выходзіла далёка за межы дабрачыннасці. Фактычна, Р. Скірмунт адкрыта далучыўся да беларускага руху і пачаў адыгрываць у ім ролю аднаго з лідэраў.
Краёўцы абодвух кірункаў дэманстравалі прыхільнасць і падтрымку патрабаванняў літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. Гэтая прыхільнасць мела розныя прычыны, але нават у дэкларатыўнай форме яна спрыяла пашырэнню талеранцыі. Праблемай было прымірэнне нацыянальнага адраджэння беларусаў і літоўцаў з захаваннем традыцыйных добрасуседскіх адносінаў паміж народамі гістарычнай Літвы, палітычная нейтралізацыя моўнага і канфесійнага падзелаў.
Таксама ўсе краёўцы імкнуліся да абмежавання палітычных амбіцыяў польскай грамады, пераконвалі яе ў неабходнасці ўлічваць інтарэсы беларусаў і літоўцаў. Якраз гэтым было абумоўлена іх рашучае змаганне супраць польскіх нацыянальных дэмакратаў. Менавіта польская эндэцыя, а не дзеячы літоўскага ці беларускага рухаў, трактаваліся краёўцамі як галоўныя праціўнікі.
Краёўцы-дэмакраты, акцэптуючы сацыяльную і нацыянальную эмансіпацыю літоўцаў і беларусаў, падкрэслівалі ўласную польскасць і права на развіццё польскай культуры. Яны трактавалі паняцці нацыянальнасці і грамадзянства як камплементарныя. У адным з рэдакцыйных артыкулаў "Газеты Віленьскай" сцвярджалася: "Мы сыны польскага народу ў культурна-нацыянальным сэнсе, але ў сацыяльных, палітычных і эканамічных дзеяннях кіруемся інтарэсамі гістарычнай Літвы". Краёвая грамадскасць, якой прыпісваліся пэўныя атрыбуты палітычнай нацыі, павінна была падпарадкоўваць інтарэсы ўласнай нацыянальнай супольнасці агульнакраёвым. Пры гэтым сацыяльная група "літоўскіх палякаў" трактавалася як адна з краёвых нацыяў [11].
Трэба адзначыць, што дзеячы літоўскага і беларускага рухаў больш кантактавалі з краёўцамі-дэмакратамі, чым з кансерватарамі, якія крытычна ставіліся да сацыяльнай праграмы літоўскага і беларускага рухаў. Гэта мела месца, нягледзячы на тое, што княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, Раман Скірмунт, Эдвард Вайніловіч ды некаторыя іншыя фінансава падтрымлівалі многія культурніцкія праграмы. Земянства падазравалася ў імкненні захаваць свае дамінуючыя сацыяльныя пазіцыі. Рашаючым фактарам была прыхільнасць краёўцаў-дэмакратаў да сацыяльных патрабаванняў літоўцаў і беларусаў.

Кантакты краёўцаў з дзеячамі літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў

Адной з найбольш цікавых праяваў гэтых кантактаў сталіся польска- літоўска-беларуска-габрэйскія сходы, якія распачаліся яшчэ напярэдадні рэвалюцыі 1905-1907 г. У красавіку і траўні 1905 г. яны ператварыліся ў міжнацыянальныя з'езды. Падчас іх абмяркоўваўся пастулат аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю. Удзельнікі сходаў прымалі ідэю аўтаноміі, але разумелі яе па-рознаму. Літоўцы настойвалі на аўтаноміі "этнаграфічнай Літвы" з "прылеглымі тэрыторыямі". Беларусы, літоўскія палякі і габрэі звязвалі будучыню Краю з аўтаноміяй гістарычнай Літвы. У гэтым пытанні згода так і не была дасягнутая. Затое ўсе бакі пагадзіліся з неабходнасцю гарантаваць у будучай аўтаномнай Літве роўныя правы для ўсіх нацыяў [12].
У маі 1905 г. гэты своеасаблівы клуб аўтанамістаў перастаў існаваць. Адной з галоўных прычынаў было абвастрэнне польска-літоўскіх адносінаў. Тым не менш кантакты паміж дэмакратычнымі элементамі нацыянальных рухаў і прыхільнікамі краёвасці не былі цалкам разарваныя. Пра гэта сведчыць, напрыклад, удзел краёўцаў-дэмакратаў, прадстаўнікоў БУНДу, ППС на Літве і БСГ у працы Вялікага літоўскага сойму (лістапад 1905 г.) [13].
Тэрыторыяй супрацоўніцтва стаўся таксама віленскі друк. Так, у рэдакцыі "Газеты Віленьскай" існаваў г.зв. "літоўскі аддзел" у складзе Міколаса Біржышкі, Юргіса Шаўлюса і Павіласа Вішынскаса. Супрацоўніцтва таксама датычыла дзейнасці газеты "Кур'ер краёвы" (1912-1914). Гэта быў неардынарны праект выдання беларускай газеты на польскай мове. Ідэйнымі кіраўнікамі і актыўнымі супрацоўнікамі гэтай газеты былі браты Луцкевічы, якіх актыўна падтрымліваў Міхал Ромэр. У лістападзе 1913 г., калі газета перажывала моцны фінансавы крызіс, у склад яе рэдакцыі ўвайшлі літоўцы Ёнас Вiлейшыс, Юргiс Шаўлюс i Сцяпонас Кайрыс, а таксама краёўцы-дэмакраты Ю. Сумарок, Ю. Букоўскi i М. Ромер [14].
Варта адзначыць, што ў гэты самы час тыя ж браты Луцкевічы, захоўваючы пэўную таямнічасць, пачалі выдаваць таксама ліберальна- дэмакратычную газету на рускай мове. "Вечерняя газета" (1911-1915) выступала як орган "рускіх прагрэсістаў", хоць на самой справе гэта была яшчэ адна беларуская выдавецкая ініцыятыва.
"Кур'ер краёвы" быў таксама масонскім праектам. Менавіта віленскія масонскія ложы сталі найбольш значнай пляцоўкай для супрацоўніцтва краёўцаў-дэмакратаў з літоўскімі і беларускім дзеячамі. Адной з ключавых ідэяў існавання віленскага масонства была ідэя міжнацыянальнага паразумення.
Масонства ў Вільні адрадзілася ўвесну 1911 г. Перад Першай сусветнай вайной існавалі ўжо чатыры ложы - "Еднасць", "Літва", "Беларусь" і "Руплівы ліцвін". Тры першыя фактычна ядналі прыхільнікаў краёвасці, сярод якіх апынуліся браты Луцкевічы, В. Ластоўскі, літоўскія дзеячы Міколас Сляжэвічюс, браты Міколас і Вацловас Біржышкі, Феліксас Бугайлішкіс, Юргіс Шаўлюс, Ёнас Вілейшыс, Андрус Булёта ды інш.
М. Ромэр у сваім Дзённіку адзначаў: "Як уласна масонская арганізацыя мы не дзейнічаем, але ў многіх справах менавіта сярод нас выпрацоўваюцца дырэктывы і нараджаюцца ініцыятывы. Нашыя ложы маюць вялікі ўплыў на ўмацаванне ў свядомасці братоў краёвай пазіцыі" [15]. На думку Збігнева Соляка, менавіта на масонскіх пасяджэннях было прынятае рашэнне пра выстаўленне Браніслава Крыжаноўскага кандыдатам у дэпутаты IV Думы [16]. Ложы таксама прычыніліся да выдання згаданага беларускага "Кур'ера краёвага" і польскага "Пшэглёнда віленьскага" (1911-1915).
У 1915 г. Юргіс Шаўлюс, спрабуючы выратаваць масонства ад распаду, ініцыяваў стварэнне ложы "Вялікі Усход Літвы", якая непасрэдна прычынілася да адной з апошніх спробаў вызначыць будучыню краю на падмурку краёвай ідэі. 19 снежня 1915 г. на беларускай, польскай, літоўскай мовах і на ідыш быў апублікаваны Універсал Часовай Рады Канфедэрацыі ВКЛ. Дакумент паведамляў пра стварэнне літоўска- беларуска-польска-габрэйскай Часовай Рады, якая будзе імкнуцца, каб "Літоўскія і Беларускія землі, якія здаўна прыналежалі да Вялікага Князьства Літоўскага, а цяпер апанаваны Нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гісторычных нераздзельнае цела на фундаменці незалежнасьці Літвы і Беларусі, як суцэльнай дзяржавы, засьцерагаючы усім нацыям у яе межах усе правы" [17].
У лютым 1916 г. Універсал быў дапоўнены зваротам, у якім Рада Канфедэрацыі сваімі галоўнымі задачамі абвяшчала стварэнне на літоўска-беларускіх землях незалежнай дзяржавы з сеймам у Вільні, абраным на падставе усеагульных, роўных, прамых і тайных выбараў і з гарантыяй поўных правоў усім народам краю. Тэрыторыя незалежнай дзяржавы павінна была ўключаць Ковенскую і Віленскую губерні, беларускую і літоўскую часткі Гродзенскай і Сувалкскай, літоўскія часткі Курляндскай і частку Мінскай губерні, "каторая звязана з Віленскім цэнтрам". Форму дзяржаўнага ладу і Канстытуцыю "будучай вольнай літоўска-беларускай гасударственнай адзінкі" павінен быў вызначыць і зацвердзіць сейм у Вільні. У заключэнне зварот заклікаў да сумеснай працы дзеля будучыні Краю: "Кіньма сваркі і звадкі, ад каторых церпіць увесь Край. Падумайма разам ды шчыра аб долі гэтага Краю, бо ж усе мы, апрача жмені прыблуд, сыны нашай зямлі - нашай Літвы і Беларусі" [18].
Відавочна, што ідэйнай пляцоўкай супрацоўніцтва краёўцаў- дэмакратаў з дзеячамі літоўскага і беларускага рухаў стаўся ўжо вядомы тэзіс супольнага ("краёвага") грамадзянства ў форме гарманічнага міжнацыянальнага сужыцця. Гэта трактавалася як перадумовы аптымальнага развіцця ўсіх народаў гістарычнай Літвы. Краёўцы па-ранейшаму акцэптавалі нацыянальную эмансіпацыю літоўцаў і беларусаў, у якой бачылі не супрацьстаўленне, а дапаўненне краёвай свядомасці.

Краёвая ідэя і нацыянальныя рухі

Дзеячы беларускага руху вельмі актыўна супрацоўнічалі з краёўцамі. Больш за тое, на старонках такіх беларускіх перыядычных выданняў, як "Вечерняя газета" (1911-1915) і "Кур'ер краёвы" (1912-1914), была шырока прадстаўленая краёвая ідэя. "Беларускія краёўцы" (браты Луцкевічы, В. Ластоўскі), прапагандуючы краёвасць, нават выступалі супраць беларускага нацыяналізму. Праўда, пры гэтым яны падпісваліся псеўданімамі або крыптанімамі.
Чаму краёвая ідэя знайшла такую моцную падтрымку сярод беларусаў? Адназначнага адказу на гэтае пытанне пакуль няма. Можна выказаць меркаванне, што краёвасць выкарыстоўвалася беларусамі дзеля пашырэння сацыяльнай базы беларускага руху. Выданне імі газет краёвай і адначасова прабеларускай арыентацыі на польскай мове ("Кур'ер краёвы") і на рускай ("Вечерняя газета") было пэўнай спробай "павярнуць да Беларусі" русіфікаванае і паланізаванае насельніцтва. Адначасова краёвасць азначала пашырэнне кантактаў з "літоўскімі палякамі" і прадстаўнікамі дэмакратычнай часткі літоўскага нацыянальнага руху. На гэтым шляху таксама можна было шукаць сродкі ўмацавання ўласна беларускага Адраджэння.
Калі браты Луцкевічы ў пэўным сэнсе прыйшлі да краёвасці з беларускага руху, то шлях Рамана Скірмунта быў адваротным. Ён прыйшоў да беларускасці з краёвасці. Гэты шлях не менш загадкавы. Відавочна, што для аднаго з ідэолагаў кансерватыўнай плыні краёвасці гэтая ідэя стала платформай для спробы паяднання розных сацыяльных плыняў беларускага руху. Вядома, што ў сядзібе Марыі Магдалены Радзівіл адбываліся сустрэчы Р. Скірмунта з беларускімі сацыялістамі. У сакавіку 1917 г. ён нават узначаліў цалкам сацыялістычны паводле свайго складу Беларускі нацыянальны камітэт. Аднак і краёвасць не дапамагла пераадолець той сацыяльны недавер да памешчыка Скірмунта, якім быў прасякнуты беларускі сацыялізм. Так, Сцяпан Некрашэвіч у адным з артыкулаў назваў Р. Скірмунта "загадкавым сфінксам". Ніяк не ўпісваўся ён у традыцыйнае светаўспрыманне беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ ст.
Таксама можна выказаць меркаванне, што "краёвая прыхільнасць" беларусаў была абумоўленая пошукамі нацыянальнай ідэі. Этнакультурны варыянт нацыяналізму, які паспяхова выкарыстоўвалі літоўцы і палякі, не знаходзіў масавай падтрымкі сярод беларусаў. Для беларускай вёскі, якая была галоўным аб'ектам прапаганды адраджэнцаў, ні родная мова, ні культура не былі дастаткова прывабнымі, бо не мелі сацыяльнага прэстыжу. Лідэры беларускага руху не маглі гэтага не бачыць. Можна дапусціць, што прапаганда краёвасці была асцярожнай спробай парушэння пэўнага "нашаніўскага" канону тымі, хто стаяў ля яго вытокаў.
"Краёвая актыўнасць" дзеячаў літоўскага руху была значна меншай. Яны таксама імкнуліся выкарыстаць кантакты з беларусамі і "літоўскімі палякамі" дзеля ўмацавання ўласных пазіцыяў у шматнацыянальным Краі. Але літоўская ідэя ў адрозненне ад беларускай на пачатку ХХ ст. ужо мела масавую падтрымку, і актыўнае выкарыстанне краёвай ідэалогіі магло толькі аслабіць уплыў уласна літоўскай ідэі.
У заключэнне варта адзначыць, што краёвасць ні тэарэтычна, ні ў практычнай палітычнай дзейнасці не супрацьпастаўлялася нацыянальным рухам беларусаў і літоўцаў. Гэтая канцэпцыя палітычнай нацыі новага тыпу, дзе галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці станавілася пачуццё "грамадзяніна Краю", спрыяла пошукам міжнацыянальнай згоды. Яна выразна супрацьстаяла кожнаму агрэсіўнаму нацыяналізму. Можна сцвярджаць, што ў эпоху нацыяналізму гэта была шляхетная ўтопія, але нельга не прызнаць, што ў надзвычай складаны перыяд гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы яна істотна спрычынілася да нармалізацыі міжнацыянальных стасункаў.

[1] Bardach J. O dawniej i nie dawniej Litwie. Poznań, 1988; Krajowość - tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu: Materiały z międzynarodowej konferencji naukowej w Instytucie Historii UAM w Poznaniu (11-12 maja 1998). Pod redakcją Jana Jurkiewicza. Poznań, 1999; Solak Z. Między Polską a Litwą. Zycie i działalność Michała Romera. 1880-1920. Kraków, 2004; Szpoper D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851-1934). Gdańsk, 2009; Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w. // Biuletyn historii pogranicza. 2000. Nr 1; Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiaсh byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998.

[2] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 - люты 1917 г. 2-е выд., дапрац. Спб.: Неўскі прасцяг, 2004; Ён жа: Беларускі нацыянальны рух і краёвая ідэя // Białoruskie zeszyty historyczne. 2000, Nr 14. C. 45-53; Ён жа: Краёвасць у беларускай і літоўскай гісторыі // Беларускі гістарычны агляд. Т. 4, сшытак 1-2(6-7). 1997. С. 56-67; Унучак А. Беларуская нацыянальна-дзяржаўная ідэя ў канцы ХІХ - 1917 г. // На шляху станаўлення беларускай нацыі. Гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы / В. Яноўская ды інш. Мінск: Беларуская навука, 2011.

[3] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 217-218.

[4] Jurkiewicz J. Koncepcja krajowa a przemiany stosunków narodowościowych na Litwie i Białorusi w początkach XX w. (do 1918 r.) // Krajowość - tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu… S. 119.

[5] Kurier Litewski. 1906. № 214.

[6] Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy systemowej // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. The foundations of historical and cultural traditions in East Central Europe. Internacional Conference Rome, 28 April - 6 May. Lublin-Rome, 1990. S. 366.

[7] Łatyszonek O. Krajowość i "zapadno-russizm". Tutejszość zideologizowana // Krajowość - tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu... S. 35.

[8] Solak Z. Między Polską a Litwą… S. 44-53

[9] Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich...

[10] Ibidem, s. 27.

[11] Jurkiewicz J. Koncepcja krajowa a przemiany stosunków narodowościowych na Litwie i Białorusi w początkach XX w. (do 1918 r.) // Krajowość - tradycje zgody narodów w dobie nacjonalizmu... S. 122-123.

[12] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908, s. 348-352.

[13] Motieka E. Didysis Vilniaus sejmas // Lietuvių atgimimo istorijos studijos. T. 11. Vilnius: Saulabrolis, 1996. S. 322.

[14] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 283.

[15] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Дзённік Міхала Ромэра. Т. ІV. S. 404.

[16] Solak Z. Między Polską a Litwą… S. 190.

[17] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... C. 312-313.

[18] Там жа, С. 313.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX