Вярнуцца: Соркіна Іна

Адукацыя ў Гродна ў першай палове ХІХ ст. Education in Grodno in first half 19 century


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Адукацыя ў Гродне ў першай палове ХІХ ст. па матэрыялам фонда Канцылярыі Гродзенскага губернатара // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. ХV – ХХ ст. Пад рэдакцыяй А.Ф.Смаленчука, Н.У.Сліж. – Гародня, 2009. – С. 260 – 290.



Адукацыя ў Гродна ў першай палове ХІХ ст. па матэрыялах фонду канцылярыі Гродзенскага губернатара (НГАБ у Гродна)

Дакументальныя матэрыялы фонду канцылярыі гродзенскага губернатара (Ф. 1) Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна складаюць 58451 адзінку захавання 1802 - 1917 гг. Яны вельмі разнастайныя па свайму зместу і шматгранна характарызуюць асаблівасці працэсу гістарычнага развіцця Гродна і Гродзенскай губерні.

Канцылярыя гродзенскага губернатара заснаваная ў 1802 г. з моманту ўтварэння Гродзенскай губерні і прызначэння губернатара, ліквідаваная пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Яна падпарадкоўвалася Міністэрству унутраных справаў і займалася справаводствам па Гродзенскай губерні, якое з 1802 па 1832 г. вялося па-за ўсялякай структуры, з 1832 па 1869 г. - па 7 сталах, з 1869 па 1917 г. - па 4 сталах. З 1862 па 1869 г. існаваў асобны аддзел са следчым сталом. Строгай класіфікацыі вядзення справаводства паміж сталамі не існавала. Дакументы аднароднага зместу сустракаюцца ва ўсіх сталах.

На дакументальныя матэрыялы фонду канцылярыі гродзенскага губернатара складзеныя 35 інвентарных вопісаў, у аснову выдзялення якіх пакладзены пераважна храналагічны прынцып. Вопіс 1 ахоплівае справы 1802 - 1822 гг., вопіс 2 - 1823 - 1827 гг., вопіс 3 - 1828 - 1831 гг. Вопісы 4 - 9 утрымліваюць дакументы 1-га стала: вопіс 4 - з 1832 па 1839 г., вопіс 5 - з 1840 па 1859 г. і г.д. Дакументальныя матэрыялы 2-га стала пачынаюцца з вопісу 10, 3-га стала - з вопісу 19. Справы 4-га стала сканцэнтраваныя ў вопісу 27 (1832 - 1915 гг.), 5-га - вопісу 28 (1847 - 1869 гг.), 6-га - вопісу 29 (1846 - 1852 гг.), 7-га - вопісу 30 (1848 г.). Вопіс 31 утрымлівае матэрыялы асобнага аддзелу са следчым сталом (1862 - 1869 гг.). Адзінкі захавання вопісу 32 - гэта фармулярныя спісы службовых асобаў установаў Гродзенскай губерні (1802 - 1915 гг.). Разнастайная інфармацыя ўтрымліваецца ў дакументах, сабраных у вопісах 33 (1816 - 1842 гг.) і 34 (1842 - 1868 гг.). Вопіс 35 складаецца ўсяго з 3-х адзінак захавання 1863 - 1867 гг., звязаных з гродзенскім ваенным губернатарам.

На аснове матэрыялаў фонду канцылярыі гродзенскага губернатара можна праводзіць даследаванні розных аспектаў гісторыі Гродна. Пакажам гэта на прыкладзе развіцця адукацыі ў нашым горадзе ў дарэформенны перыяд.

Інфармацыя аб стане адукацыі ў Гродна ў першай палове ХІХ ст. выяўленая ў дакументах 14-ці вопісаў (1, 2, 3, 5, 6, 10, 13, 19, 20, 21, 27, 28, 29, 34), 6-ці сталоў (1 - 6). Вывучаныя дакументы больш за 70 адзінак захавання. Сабраныя матэрыялы хоць і фрагментарна, але дазваляюць стварыць карціну навучальных установаў, якія існавалі ў Гродна ў разглядаемы час, назваць імёны многіх настаўнікаў, прасачыць палітыку царызму ў галіне адукацыі і яе рэалізацыю ў нашым горадзе.


Навучальныя ўстановы Гродна

Найбольш раннія звесткі аб навучальных установах горада, якія ўдалося адшукаць у фондзе канцылярыі гродзенскага губернатара, датычаць 1818. Cа справаздачы дырэктара вучылішчаў Гродзенскай губерні вынікае, што ў 9 сярэдніх навучальных установах, якія існавалі ў губерні, навучалася 1781 чал. У Гродна ў школе, якая дзейнічала пад наглядам дамініканаў, было 283 вучні. Установа пад назвай Гродзенская губернская гімназія размяшчалася ў мястэчку Свіслач (321 вучань). Шчучынская школа піяраў налічвала 175 навучэнцаў, Лідская піяраў - 31, Навагрудская дамініканаў - 220, Слонімская канонікаў рэгулярных латэранскіх - 60, Жыровіцкая базыльянаў - 310, Высокая базыльянаў - 255, Ваўкавыская ў Лыскове місіянераў - 126 [1].

У 1820 г. пры гродзенскай установе грамадскай апекі (приказ общественного призрения) для яе выхаванцаў, а таксама для дзяцей гарадскіх жыхароў ("кои не в состоянии обучать их в заведённых училищах") была заснаваная ланкастарская школа. Шляхціч Альбін Фармасовіч быў пасланы ў Вільню дзеля навучання ў школе Ланкастара, пасля вяртання ён быў у стане сам займацца навучаннем дзяцей і з 1 ліпеня 1820 г. атрымоўваў жалаванне па 9 руб. сер. у месяц. Заняткі прадугледжваліся з 9 да 12 і з 14 да 16 гадзінаў штодня (за выключэннем нядзелі і святочных дзён), планавалася іх пачаць з 12 снежня 1820 г. Плата за навучанне з жыхароў горада ўстанаўлівалася ў памеры 25 кап. сер. у месяц з дзіцяці, для немаёмных у выпадку наяўнасці адпаведнага пасведчання Дабрачыннага таварыства - без усялякай платы. Жалаванне для настаўніка прызначалася ў памеры 150 руб. сер. у год. Меркавалася пасля памнажэння фундушаў Гродзенскага дабрачыннага таварыства перавесці школу пад яго апеку [2]. Ланкастарскае вучылішча месцілася спачатку ў выхаваўчым доме ўстановы грамадскай апекі (приказобщественного призрения), а пасля рапарту настаўніка на імя гродзенскага губернатара ў маі 1821 г., у якім ён скардзіўся на цеснату і антысанітарыю, школу перавялі ў дом дабрачыннасці [3].

З мэтаю пашырэння ў гарадах Гродзенскай губерні ланкастарскіх школаў у сакавіку 1821 г. усім гарадавым ратушам прадпісвалася выслаць па 1 маладому мешчаніну ў Гродзенскае ланкастарскае вучылішча дзеля навучання методыцы выкладання па метаду Бэла і Ланкастара. Гэтыя дзеянні былі аднак прыпыненыя пасля атрымання з МУСу ліста, у якім гаварылася: "…нельзя допустить, чтобы молодые люди, приготовляемые к занятию учительских должностей, набирались по циркулярным предписаниям, не по собственному их согласию и без обращения надлежащего внимания на способности, образ мыслей и нравственность таких людей" [4].

Звестак пра колькасць вучняў у вучылішчы пры ўстанове грамадскай апекі (приказ общественного призрения) не захавалася. Вядома, што ў выхаваўчым доме ў 1828 г. было 16 хлопчыкаў школьнага ўзросту (ад 7 да 11 гадоў). Усіх выхаванцаў (так званых "падкідышаў") было 214 чалавек: 107 хлопчыкаў і 107 дзяўчатаў. Здзіўляюць высокія паказчыкі смяротнасці: на працягу 5-ці гадоў (з 1823 г.) з прынятых 425 дзяцей памерла 389, засталіся ў жывых 36. Да школьнага ўзросту, як бачна, дажывалі нямногія. Аднак выхаваўчы дом абыходзіўся штогод у суму ад 16500 да 25000 руб. (жалаванне настаўніка складала 60 руб. сер.). У лістападзе 1829 г. было прынятае рашэнне аб немэтазгоднасці яго ўтрымання і "раздачы" выхаванцаў дзіцячага дому жадаючым жыхарам Гродна і бліжэйшых вёсак. Настаўніка і наглядальніцу звольнілі [5].

Каштоўная інфармацыя пра Гродна, у тым ліку і адукацыю, утрымліваецца ў "Статистических сведениях о народном хозяйстве по уездам Гродненской губернии за 1829 г." У табліцах па адукацыі прыведзеныя звесткі аб навучальных установах, якія былі ў ведамстве Дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні. Горад Гродна паказаны разам з Гродзенскім уездам: тут налічвалася 4 грамадзянскія вучэльні: 1 гімназія, 1 уезнае і 2 прыходскіх вучылішчаў, 2 пансіёны. Колькасць настаўнікаў складала 12, а навучэнцаў у вучылішчах - 289, у пансіёнах - 30. Сацыяльны склад вучняў выглядаў наступным чынам: 210 дзяцей дваран, 8 - духоўнага звання, 10 - купцоў, 39 - мяшчан і рамеснікаў, 12 - пасадскіх і сялян, 40 - чыноўнікаў. У Гродзенскім уездзе з 27313 сялян пісьменных (што умелі чытаць і пісаць) было толькі 294 (каля 1 %) [6].

Звесткі табліцы аб адукацыі спалучым з дадзенымі табліцы аб насельніцтве і прасторы гарадоў губерні 1829 г. У Гродна налічвалася 10203 жыхара. Сярод мужчынскага насельніцтва горада было 13 прадстаўнікоў белага духавенства, 112 - чорнага; 103 - дваран; 36 - купцоў; 3759 - мяшчан; 919 - рамеснікаў і цэхавых; 457 - служачых чыноўнікаў; 45 - не служачых разначынцаў; 47 - паліцэйскіх і пажарнікаў; 454 - вайскоўцаў; 4 урача [7]. Сацыяльная структура гараджанаў і навучэнцаў не была прапарцыянальнай. Дваране і чыноўнікі складалі каля 10 % сталых жыхароў Гродна, а іх дзеці ў навучальных установах горада - каля 80 % усіх навучэнцаў. У той жа час удзельная вага мяшчан і рамеснікаў сярод насельніцтва (без вайскоўцаў) была каля 83 %, а доля іх дзяцей у вучэльнях, падпарадкаваных Дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні, - каля 12 %.

Паколькі ў разглядаемы перыяд адукацыя насіла пераважна канфесійны характар, то звернем увагу на размеркаванне насельніцтва Гродна ў 1829 г. па веравызнанню: 385 праваслаўных, 237 лютэранаў, 4457 каталікоў, 27 уніятаў, 7185 іудзеяў, 2 раскольніка. У горадзе дзейнічалі "1 грэка-расійская царква, 3 прыходскія царквы, 5 цэркваў без прыходу, 7 манастыроў, 1 лютэранская кірха, 2 габрэйскія школы" [8]. На адукацыйнай ніве актыўна працавалі манахі і манахіні. Так, у дакуменце адзначаецца, што "доминикане в Новогрудке и Гродно обучают публичные школы и сверх того в Гродно и Деречине обучают клериков своего ордена; кармелиты босые содержат в Гродно церковь без прихода и обучают новициев своего ордена; бернардины в Гродно обучают клериков своего ордена; бернардинки в Гродно обучают бедных девушек» [9].

Такім чынам, акрамя згаданых навучальных установаў, падпарадкаваных Міністэрству народнай асветы, у 1829 г. у Гродна дамінікане і бернардзіны займаліся навучаннем клерыкаў свайго ордэну, кармеліты - навіцыяў, бернардзінкі - дзяўчынаў з бедных сем'яў. Нягледзячы на дастаткова высокую ступень інфарматыўнасці, гэтая крыніца пакідае шмат пытанняў без адказу. Якія менавіта вучылішчы месціліся не ў Гродна, а на тэрыторыі яго ўезду? Што маецца на ўвазе пад 2-мя пансіёнамі? Ці былі яшчэ якія навучальныя ўстановы ў горадзе, што не падпарадкоўваліся Дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні? Адсутнічае ў гэтых звестках інфармацыя пра навучанне дзяцей гродзенскіх іудзеяў (а гэта каля 58 % жыхароў).

Адказы на гэтыя пытанні знаходзім у іншых дакументах 1-га фонду. Так, у ведамасці аб навучальных установах Гродзенскай губерні за 1835 г., якія былі ў ведамстве Дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні, у Гродзенскім ўездзе пазначанае прыходскае вучылішча ў Вялікай Бераставіцы, у г.Гродна - гімназія, ланкастарскае вучылішча, 2 прыватныя жаночыя пансіёны, якія ўтрымлівалі дваранкі Друэ і Баранкевічава, а таксама "учреждающийся Благородный пансион". [10]

Арганізацыя шляхетнага ( благородного) пансіёна пры Гродзенскай гімназіі планавалася на 1834 - 1835 г. Ініцыяваў гэтую справу ганаровы папячыцель Гродзенскай гімназіі князь Радзівіл. У пансіёне прадугледжваліся на першы час 20 выхаванцаў з аплатаю па 175 руб. сер. у год, пазней планавалася колькасць пансіянераў павялічыць да 50, а плату знізіць да 150 руб. Штат пансіёна складаўся з дырэктара і інспектара (па 280 руб. жалавання), настаўніка танцаў (100 руб.), 4-х замежных наглядальнікаў (па 250 руб.), эканома (150 руб.), пісьмавода ( письмоводителя) (100 руб.), доктара (150 руб.), фельдшара і служыцеля лазарэта (па 50 руб.), 2-х кухараў і буфетчыка (па 60 руб.), вартаўніка (45 руб.). Пра месца знаходжання пансіёна вядома наступнае: "Комнаты, предназначенные для помещения благородного пансиона, занятые теперь привезенными из Доминиканского монастыря библиотекою и кабинетами. Следует нанять в том же доме князя Любецкого комнаты, кои прежде занимал Г-н полицмейстер, и в коих с удобностию можно поместить пансионеров с потребною для них прислугою. За наём сих комнат Г-н Вернадский требует 300 руб. сер." [11]

Паколькі такая навучальная ўстанова як шляхетны ( благородный) пансіён была для нашага краю навізною, то бацькі не спяшаліся аддаваць туды сваіх дзяцей. Было прынятае рашэнне аб 10-ці казённа-коштавых выхаванцах на першы сямігадовы вучэбны курс. Стаяла задача выбраць "достойных кандидатов, которые впоследствии смогли бы оправдать ожидания правительства, как по происхождению и заслугах их отцов , так и по хорошему поведению своему". Сярод шэрагу прашэнняў аб залічэнні ў пансіён на казённы кошт знаходзім, напрыклад, просьбу Франца Міцкевіча, уезнага казначэя з Ваўкавыску, якая датычыць яго сына, Васіля, вучня 3 класа Свіслацкага ўезнага вучылішча. Кандыдаты ў казённа-коштавыя выхаванцы прадастаўлялі фармулярны спіс аб службе бацькі і метрыку. Сярод іх былі, як правіла, дзеці чыноўнікаў: Фелікс Стычынскі, сын дарадцы (советника) гродзенскай казённай палаты, Статского Советника; Іван Белазёрскі, сын дарадцы (советника) гродзенскага губернскага праўлення, Титулярного Советника і інш. [12]

Пасля ліквідацыі гродзенскага дамініканскага кляштару з прычыны "обнаружения участия монахов в злонамеренных замыслах" яго будынкі былі перададзеныя для размяшчэння ў іх свецкай гімназіі, заснаванай замест зачыненай дамініканскай гімназіі, а таксама шляхетнага ( благородного) пансіёна на 50 чалавек. Права на работы па перабудове памяшканняў былога кляштару набылі (з таргоў у казеннай палаце) габрэі Разенблюм і Кауфман. Былі складзеныя 2 кантракты: на галоўны корпус для размяшчэння свецкай гімназіі з уезным вучылішчам для мяшчан (41725 руб.); на флігель для размяшчэння пансіёну (51229 руб. 72 кап.). 30 жніўня 1837 г. адбыўся ўрачысты акт адкрыцця Гродзенскай губернскай гімназіі ў новаўтвораным будынку. У праграме яго ўзгаданыя старшы настаўнік Нікольскі і сакратар Рады гімназіі, старшы настаўнік Дзясніцкі, якія рыхтавалі прамовы [13].

Захавалася праграма ўрачыстага адкрыцця і новага 1838/1839 навучальнага году ў Гродзенскай губернскай гімназіі: "Торжественный акт открытия учебного курса будет происходить 8 сентября в день Рождества Богородицы следующим образом. Ученики, отслушав литургию, одни в Соборе, а другие в Гимназическом Костёле соберутся в залу Гимназии. С прибытием Гродненского гражданского губернатора начнётся молебен с водоосвящением, по окончании которого, когда посетители займут приготовленные для них места, Г-н старший учитель Клоссовский займет внимание их речью о поэзии. Затем Инспектор Покровский провозгласит имена учеников, переведённых в высшие классы, и тех, которые признаны достойными наград, состоящих в книгах и похвальных листах. В заключении 2 ученика Гимназии произнесут речи, один на русском, а другой на французском языке" [14].

У пачатку кожнага навучальнага году вызначаліся вучні, якім прызначаліся стыпендыі. Згодна палажэнню, зацверджаным міністрам народнай асветы 18 мая 1839 г., Рада гімназіі мела права ўзнагародзіць стыпендыяй такіх вучняў, якія правучыліся не меней за год і праявілі сябе добрымі паводзінамі і поспехамі ў навуках. Аднак у 1864 г. былі выдзеленыя 5000 руб. "на выдачу стипендий и единовременных пособий ученикам русского происхождения и православного исповедания даже при самом их вступлении в гимназии или уездные училища" [15].

Інфармацыя пра навучальныя установы Гродна, падпарадкаваныя Дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні (а значыць Міністэрству народнай асветы), утрымліваецца ў "Сведениях к отчёту о состоянии губернии за 1855 г." У Гродна ў гэты час дзейнічалі:

1) губернская гімназія і шляхетны ( благородный) пансіён пры ёй - 259 навучэнцаў;

2) 4-х-класнае аддзяленне пры гімназіі ў Гродна - 35 навучэнцаў;

3) падрыхтоўчы клас пры Гродзенскай губернскай гімназіі - 14 навучэнцаў;

4) казённае габрэйскае вучылішча 1-га разраду (звесткі аб вучнях датычаць усіх такіх установаў губерні: у Гродна, Брэсце, Пружанах, Слоніме, Ваўкавыску налічвалася 63 вучні);

5) казённае габрэйскае вучылішча 2-га разраду - 12 навучэнцаў;

6) прыходскае вучылішча пры гродзенскай евангеліцка-лютэранскай кірхе (колькасць вучняў ва ўсіх прыходскіх вучылішчах Гродзенскай губерні складала 1646, настаўнікаў - 59);

7) 2 прыватныя жаночыя пансіёны - 50 вучаніцаў.

У Гродзенскай губерні былі зарэгістраваныя яшчэ 9 хатніх настаўнікаў, у якіх навучаліся 20 чалавек. Усяго ў губерні налічвалася 81 навучальная ўстанова, 2504 вучня [16]. Акрамя таго ў гэтых матэрыялах да справаздачы губернатара за 1855 г. узгадваецца духоўнае ўезнае вучылішча ў Гродна (5 настаўнікаў, 18 вучняў), выпускнікі якога маглі паступаць у Літоўскую духоўную семінарыю [17].

Канфесійную сітуацыю ў Гродна ў 1855 г. характарызуюць наступныя статыстычныя звесткі. У горадзе налічвалася 10 хрысціянскіх храмаў: 3 праваслаўныя, 6 рымска-каталіцкіх, 1 евангеліцка-лютэранская, а таксама 4 капліцы; 1 сінагога і 17 іудзейскіх малітоўных дамоў; 6 манастыроў, 53 манаха (з іх 22 праваслаўных, 31 каталікоў). У Гродна ў гэтым годзе было 14192 жыхара. Па прыходах яны размяркоўваліся наступным чынам:

· Праваслаўных прыхаджанаў - 1808 муж. / 616 жан.

· Фарных - 1201 / 1367

· Бернардзінскіх - 8 / 4

· Францішканскіх - 266 / 187

· Лютэранскіх - 112 / 91

· Магаметанаў - 40 / 28

· Іудзеяў - 3941 / 4523 [18]

Самымі вялікімі былі прыходы фарнага касцёлу і праваслаўных цэркваў (адпаведна 2568 і 2424 вернікаў), аднак крыніца 1855 г. фіксуе наяўнасць прыходскага вучылішча толькі для лютэранаў (210 вернікаў).

У спісе іншаземцаў, якія настаўнічалі ў Гродна і не ўступілі ў падданства Расіі, па звестках на люты 1856 г., значыліся: Фрыдрых Іванавіч Берлін, ураджэнец Гамбурга, настаўнік прыходскага вучылішча пры гродзенскай евангеліцка-лютэранскай кірхе, які меў пасведчанне на званне прыватнага хатняга настаўніка, вытрымаў іспыты ў Радзе Гродненскай губернскай гімназіі [19]; Іван Гаўрылавіч Дальфен, ураджэнец Жэневы, настаўнік французскай мовы ў Гродзенскай губернскай гімназіі, які 1 сакавіка 1846 г. атрымаў пасведчанне на званне прыватнага хатняга настаўніка, дзеля чаго вытрымаў іспыты ў Радзе Беластоцкай гімназіі. Акрамя 2-х выкладчыкаў у Гродна ў гэты час жылі яшчэ 26 замежнікаў, з якіх 14 займаліся рамяством [20].

Прозвішчы некаторых настаўнікаў Гродзенскай губернскай гімназіі ўзгадваюцца ў дакуменце 1864 г.: ВасільСакалоў, старшы настаўнік рускай славеснасці; Сяргей Грузаў, старшы настаўнік матэматыкі; Канстанцін Пігулеўскі, старшы настаўнік натуральнай гісторыі; Пётр Арлоў, старшы настаўнік "Законоведения"; Васіль Кавалеўскі, старшы настаўнік лацінскай мовы. Гадавы аклад згаданых выкладчыкаў складаў 600 руб. сер. [21]

На аснове цыркуляра міністра ўнутраных справаў ад 16 жніўня 1860 г. у Гродна вырашалася пытанне пра заснаванне нядзельнай школы. Педагагічная Рада Гродзенскай губернскай гімназіі знайшла магчымым заснаваць у будынку гімназіі нядзельную школу для пашырэння пісьменнасці і настаўлення ў правілах хрысціянскай веры рамеснага і рабочага класа. Выкладчыкі выказалі гатоўнасць "к безвозмездным и очередным трудам в воскресенье и праздничные дни в предполагаемой школе и производить учение в ней на русском языке по простой и сообразной понятиям учащихся методе сверх наставления в правилах христианской веры по господствующим здесь верованиям" [22].

Праз 2 гады зноў жа на аснове цыркуляра міністра ўнутраных справаў ад 12 ліпеня 1862 г. нядзельныя школы ў Гродзенскай губерні былі закрытыя, што матывавалася тым, што "под благовидным предлогом распространения в народе грамотности люди злоумышленные покушались развивать вредные учения, возмутительные идеи…" [23].

Пасля школьнай рэформы 1864 г. у Гродна дзейнічалі 2 прыходскія вучылішчы, аднак губернатар атрымоўваў рапарты аб іх дрэнным наведванні. Гродзенская дырэкцыя народных вучылішчаў прапаноўвала: "В виду пользы обучения городских детей приказать городской полиции обязать родителей и родственников их на первый раз подпиской, а если повторится это без уважительных причин, то и небольшими штрафами, к посылке детей в училища" [24]. Такая сітуацыя склалася з-за праводзімай праз школу і ўзмоцненай пасля паўстання 1863 г. русіфікацыі, а не з прычыны неразумення гродзенцамі важнасці адукацыі для сваіх дзяцей.

Нягледзячы на наяўнасць у Гродна мусульманаў (напрыклад, у 1840 г. іх было 12 чалавек, у 1855 г. - 68), асобнай навучальнай установы для іх не існавала. У Гродзенскай губерні вучылішча для татараў-мусульманаў дзейнічала толькі ў Навагрудку. Так, па звестках на 1840 г. тут было 228 магаметанаў, 1 мула, 1 драўляная мячэць і 1 вучылішча, у якім "учащихся недорослей татар постоянно бывает 20 мужского пола и 10 женского, учением оных, а именно преподаванием только первоначальных правил веры, занимается сам мулла, который, как равно и все прочие обитающие в здешних губерниях магометане, кроме догматов своей веры ничего более на магометанском языке не знают" [25].

Шэраг дакументаў 1-га фонду праліваюць святло на сістэму адукацыі гродзенскіх габрэяў, якія мелі некалькі дзесяткаў сваіх рэлігійных школаў. Іх сістэма адукацыі характарызавалася аўтаномнасцю і кансерватыўнасцю, яна была накіраваная на захоўванне габрэйскай традыцыі. Хоць "Палажэнне аб габрэях" 1804 г. дазволіла габрэйскім дзецям паступаць ва ўсе расійскія навучальныя ўстановы "без усякага адрознення ад іншых дзяцей", іх бацькі не спяшаліся выкарыстаць гэта права. Навучальныя ўстановы пачатку ХІХ ст. існавалі амаль выключна пры кляштарах і цэрквах, навучанне ў іх было прасякнутае хрысціянскім духам. Менавіта па гэтай прычыне габрэі байкатавалі агульныя школы. Сістэма адукацыі габрэяў заставалася нязменнай з даўніх часоў. Існавалі наступныя тыпы навучальных установаў: Талмуд-Торы - рэлігійныя пачатковыя вучылішчы для бедных і сірот, якія ўтрымліваліся за кошт дабраахвотных міласцінаў; хедары - рэлігійныя пачатковыя вучылішчы, якія адкрывалі меламеды (настаўнікі) для вольнапрыходзячых; ешыботы ці ешывы, якія мелі мэтаю вышэйшую талмудзічную адукацыю. Існавалі таксама бейт-мідрашы ці клаўзы (клойзы), куды габрэі прыходзілі ў вольны час для малітваў, вывучэння рэлігійнай літаратуры і для размоваў на рэлігійныя і іншыя тэмы.

Звесткі аб габрэйскіх навучальных установах, якія захаваліся ў фондзе гродзенскага губернатара не могуць лічыцца поўнымі, бо з-за імкнення пазбегнуць падаткаў не ўсе яны былі зарэгістраваныя. Напрыклад, у рапарце гродзенскага паліцмейсцера ад 15 студзеня 1839 г. прыводзіліся звесткі пра існаванне ў горадзе 71 меламеда, 422 вучняў, за навучанне якіх бацькі плацілі 1554 руб. сер. [26] Звесткі аб габрэйскіх навучальных установах горада за 1858 г. былі сабраныя з вялікімі цяжкасцямі, адзначалася, што "раввин г.Гродно после многократно назначенных им сроков представления сих сведений обещаний не исполнил и ныне показан отсутствующим" [27]. У гэтым годзе ў Гродна налічвалася 33 хедара (ведамасць утрымлівала інфармацыю аб іх месцазнаходжанні, колькасці вучняў (ад 2 да 14 чалавек), падаваліся прозвішчы меламедаў); 1 ешыва ці ешыбот (на Школьнай вуліцы ў будынку сінагогі, утрымальнік Іцка Эберул, 80 навучэнцаў); 1 Талмуд-Тора (на Школьнай вуліцы, 40 навучэнцаў) [28]. Па дадзеных на 1868 г. у горадзе было 77 хедараў, меламеды якіх мелі пасведчанне на права займацца навучаннем дзяцей. Акрамя таго 8 чалавек займаліся навучаннем габрэйскаму чыстапісанню, з іх толькі 1 меў адпаведнае пасведчанне [29].

Кантроль уладаў за дзейнасцю меламедаў узмацніўся пасля з'яўлення 13 лістапада 1844 г. "Правілаў аб падпарадкаванні габрэйскіх вучоных, вучняў і навучальных установаў, хатніх настаўнікаў нагляду Міністэрства народнай асветы" [30]. Меламеды, якія не мелі пасведчанняў на права займацца навучаннем дзяцей, а таксама ўтрымальнікі такіх хедараў, караліся штрафам у памеры 75 руб. сер., а тыя, хто быў выкрыты двойчы - аддаваліся пад суд. Аднак гэтыя меры не дапамагалі. Дырэктар Гродзенскай губернскай гімназіі ў 1850 г. дакладваў, што "хотя годичный срок свидетельствам, выданным евреям, содержателям хадаримов, и евреям-меламедам в последний раз в 1848 и 1849 г. давно уже миновал, ни один до ныне не явился в Гродненскую губернскую училищную о евреях комиссию для возобновления своего вида" [31]. Былі факты выдачы несапраўдных пасведчанняў: "Многие городские еврейские общества выдают от себя за подписью раввинов, а иногда и полицейских чиновников свидетельства евреям в том, что они способны и достойны занимать места учителей в еврейских училищах" [32].

Яшчэ адным напрамкам рэформы канфесійнага (хедарскага і ешыботскага) выхавання, якую праводзілі ў 1840-я гг. расійскія ўлады, было заснаванне казённых габрэйскіх вучылішчаў. Першыя звесткі аб арганізацыі такой установы ў Гродна адносяцца да 1838 г. У гэтым годзе дырэктар вучылішчаў Гродзенскай губерні Ястрабцоў абмяркоўваў у перапісцы з гродзенскім губернатарам пытанне аб памеры аплаты настаўнікам Гродзенскай гімназіі за выкладанне імі "наук и предметов в предполагаемом в Гродно Еврейском училище". Адзначалася, што некаторыя настаўнікі згадзіліся для пачатку выкладаць задарма, іншыя - за вельмі малую аплату. У кастрычніку 1838 г. губернатар даручыў гродзенскаму паліцмейсцеру запрасіць самых ганаровых і заможных габрэяў горада, каб паказаць ім копію акта габрэяў Вільні, у якіям яны ахвяравалі з каробачнага збору па 1250 руб. штогод на заснаванне і ўтрыманне ўезнага габрэйскага вучылішча. Адказ гродзенскага кагала заключаўся ў тым, што ён жадаў бы адкрыць такое вучылішча, але з-за беднасці не ў стане яго ўтрымліваць [33].

Улады вынайшлі арыгінальны спосаб фінансавання габрэйскіх казённых вучылішчаў. На іх утрыманне ішоў так званы свечнызбор. Падатак на свечы, якія запальваліся па пятніцах, быў некалі ўведзены самімі габрэйскімі грамадамі, але паступова ён амаль паўсюдна быў адменены. У 1839 г. царскі ўрад не толькі забараніў свечны збор, але і патрабаваў, каб і на будучае габрэі не ўводзілі падатку з прадметаў культу. Аднак, у 1844 г., калі ўраду спатрэбіліся сродкі на казённыя габрэйскія навучальныя ўстановы, свечны збор зноў быў уведзены і паступаў у распараджэнне Міністэрства народнай асветы. Свечны падатак быў вельмі непапулярны сярод габрэяў з-за непрыязнага стаўлення да казённых вучылішчаў. Свечны збор з'яўляўся не ўскосным, а прамым падаткам, які падаў цяжарам, галоўным чынам, на бяднейшыя колы габрэйскага насельніцтва, якія не маглі адмовіцца ад адпраўлення рэлігійнага абраду.

У Гродна былі заснаваныя 2 казённыя габрэйскія вучылішчы - 1-га разраду (у губерні такіх было 5: у Гродна, Брэсце, Пружанах, Слоніме, Ваўкавыску; ва ўсіх 5-ці вучылішчах у 1855 г. было 63 навучэнцаў); 2-га разраду (12 вучняў у 1855 г.) [34]. Гэтыя першыя свецкія агульнаадукацыйныя школы для габрэйскага насельніцтва Беларусі былі кропляй у моры дробных прыватных рэлігійных вучылішчаў. Яны ахоплівалі навучаннем зусім мізэрную частку габрэйскага юнацтва.

Беспаспяховай была спроба папячыцеля Віленскай навучальнай акругі наладзіць у канцы вучэбнага году іспыты для вучняў прыватных рэлігійных школаў (хедараў, Талмуд-Тораў, ешыботаў) у казённых габрэйскіх вучылішчах. Напрыклад, даглядчык Брэсцкага казённага габрэйскага вучылішча ў 1858 г. скардзіўся, што ніхто не з'явіўся на іспыты [35]. Верагодна, што падобная сітуацыя была і ў Гродна.

У Гродна дзейнічалі школы для габрэяў яшчэ аднаго тыпу - так званыя руска-габрэйскія, якія былі прыватнымі. Працытуем дакумент 1868 г., які ўтрымлівае інфармацыю пра іх: "Гродненский директор училищ вошел к Г-ну Попечителю с представлением о закрытии в г.Гродно частной русско-еврейской школы, содержимой Бендетсоном, по случаю назначения его учителем в Гродненское казённое еврейское училище, при чем испрашивает разрешения Г-на Попечителя отпускавшиеся на содержание сей школы 300 руб. сер. из коробочного сбора употребить на усиление средств русско-еврейской занёманской школы 100 руб. в добавок к отпускаемой из того же сбора 200 руб. Это необходимо, так как она находится в той части города, которая отделена от центра рекою Нёманом и наполнена исключительно еврейским населением, коснеющим в совершенном невежестве, почти без всякого понимания русской речи. Остальные 200 руб. - на уплату добавочного жалованья смотрителю и учителям казённого еврейского училища за лишние труды по обучению русскому языку и арифметике еврейских мальчиков Гродненских Талмуд-Торы и ешибота в послеобеденной смене училища" [36]. Гэты фрагмент даволі інфарматыўны, з яго даведваемся пра існаванне 2-х прыватных руска-габрэйскіх школаў, іх фінансаванне з крыніцаў каробачнага збору, пра заселенасць занёманскай часткі горада выключна габрэямі, якія нават пасля 70 гадоў расійскага панавання на нашых землях амаль не разумелі рускую мову, што дадатковым заробкам для настаўнікаў казённага габрэйскага вучылішча было выкладанне рускай мовы і арыфметыкі для навучэнцаў Талмуд-Торы і ешыбота.

Такім чынам, дакументы 1-га фонду НГАБ у Гродна адлюстроўваюць стан традыцыйнай сістэмы адукацыі гродзенскага габрэйскага насельніцтва, дазваляюць заўважыць працэс яе разлажэння і ўплыў на яго палітыкі царызму.

Многія дакументы фонду канцылярыі гродзенскага губернатара асвятляюць развіццё жаночай адукацыі ў Гродна. Ужо называліся ўказаныя сярод навучальных установаў горада ў 1835 г. 2 прыватныя жаночыя пансіёны, якія ўтрымлівалі дваранкі Друэ і Баранкевічава.

У жніўні 1833 г. разглядалася справа аб адкрыцці прыватнага жаночага пансіёна ў Гродна Марыяй Главацкай, якая звярнулася з такім прашэннем да дырэктара вучылішчаў Гродзенскай губерні Ф.Сазановіча. З матэрыялаў гэтай справы вынікае, што ўдава Марыя Главацкая (з роду Алеваў), ураджэнка Брэста, спачатку займалася навучаннем дзяцей у Брэсцкім уездзе, год знаходзілася ў шлюбе з дваранінам Сакольскага ўезду, пасля смерці мужа пераехала ў Гродна (да роднай сястры), дзе займалася навучаннем дзяцей гродзенскага поштмейсцера Высочына, пазней памешчыцы Сітнікавай. Па распараджэнню Ф.Сазановіча прэтэндэнтка на заснаванне прыватнага жаночага пансіёна Марыя Главацкая вытрымала іспыты ў Гродзенскай губернскай гімназіі (што была ў Свіслачы) па ўсіх прадметах, якія яна планавала выкладаць у пансіёне. Для станоўчага рашэння па гэтаму пытанню заставалася толькі сабраць звесткі пра яе "поведение и образ мыслей". Гродзенскі паліцмейсцер рапартаваў аб тым, што Марыя Главацкая "поведения благопристойного и ничего худого о ней не слышно" [37].

У чэрвені 1833 г. быў зачынены прыватны жаночы пансіён іншаземца Фіжана: "Содержатель девичьего пансиона Иван Фижан арестован по прикосновенности к делу об открывшихся в Гродно мятежнических замыслах". Дырэктар вучылішчаў Гродзенскай губерні Ф.Сазановіч атрымаў прадпісанне: "иметь бдительный надзор, чтобы ни под каким предлогом воспитание или обучение девиц в помянутом заведении впредь возобновляемо не было". На момант ліквідацыі гэтай установы ў ёй вучыліся 8 дзяўчынаў з Гродзенскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага ўездаў, Варшавы; 14 - з Гродна (у дакуменце пазначаныя іх імёны і прозвішчы, характар дзейнасці бацькоў ці апекуноў: напрыклад, Эмілія Савіч - дачка доктара; Юлія Маліноўская - яе апякун адвакат Гродзенскіх "прысутных месцаў" Мізгер і г.д.). Да гродзенскага губернатара звяртаўся сын Фіжана - дваранін Ігнацій, жыхар Дынабурга. У сваёй запісцы ён тлумачыў, што бацька яго пазбавіўся сродкаў для існавання сваёй сям'і, а на яго ўтрыманні знаходзіліся яшчэ і дзеці арыштаванай удавы Шыманскай. Ігнацій Фіжан прасіў губернатара "сделать распоряжение на счёт их взятия у отца". У жніўні 1833 г. запіску губернатару накіраваў Іосіф Фіжан, настаўнік Віленскага ўезнага вучылішча, у якой ён адзначаў: "Прибыл в Гродно для устройства жребия оставшихся после смерти матери моей малолетних братьев моих и сестры… Получил из Вильны известие об устранении меня от должности учителя, которую исполнял 8 лет…" [38]. Такім чынам, у дадзеным дакуменце фігуруюць утрымальнік прыватнага жаночага пансіёну ў Гродна Іван Фіжан (арыштаваны ў сувязі з падазрэннямі ў "мятежнических замыслах"), яго сыны Ігнацій (жыхар Дынабурга) і Іосіф (настаўнік Віленскага ўезнага вучылішча, звольнены адтуль, верагодна, з прычыны арышту бацькі).

Яшчэ аднаго настаўніка з такім прозвішчам сустракаем у справе па прашэнню Восіпа Фіжана аб дазволе яму адкрыць прыватны жаночы пансіён у Гродна. Прашэнне было накіраванае ў красавіку 1834 г. гродзенскаму грамадзянскаму губернатару, які быў на правах ваеннага губернатара, Міхаілу Мікалаевічу Мураўёву. Восіп Фіжан з'яўляўся настаўнікам французскай мовы ў Гродзенскай гімназіі, сваё імкненне да заснавання жаночага пансіёну ён тлумачыў неабходнасцю ўтрымліваць вялікую сям'ю [39]. Станоўчае рашэнне па гэтаму пытанню было прынятае ў жніўні 1835 г. [40]

У сакавіку 1837 г. гродзенскі губернатар атрымаў інфармацыю аб тым, што па дакладу міністра народнай асветы аб узмацненні жаночай адукацыі імператар распарадзіўся:

1) заснаваць у Вільні цэнтральны жаночы інстытут;

2) арганізаваць у Вільні, Віцебску, Полацку, Мінску, Гродна і Беластоку з дапамогаю дзяржаўных сродкаў (па 1500 руб. у год) па аднаму ўзорнаму прыватнаму жаночаму пансіёну, для гэтага "избрать лучшие и благонадежнейшие из существующих";

3) "благонамеренных содержателей и содержательниц прочих частных женских пансионов в белорусском учебном округе, кои успеют собственными средствами не только довести до надлежащего успеха преподавание в своих заведениях русского языка, но и вообще сблизить воспитание с теми правилами, которые им будут начертаны Министерством народного просвещения, представлять к награде подарками или единовременными денежными пособиями не свыше 1500 руб. сер.";

4) "подчинить большей зависимости Гражданского и училищного начальства содержимые при католических девичьих монастырях пансионы" [41].

З гэтага часу пачалася работа па арганізацыі ў Гродна ўзорнага прыватнага жаночага пансіёну, у прыватнасці пошуку, яго кіраўніка. На думку губернатара, "ни Баранкевичева, ни Друэ не соединяют в себе тех качеств и достоинств, которые могли бы их сделать способными управлять образцовым учебным заведением с тем успехом и с тою пользою, которых правительство ожидает от этих заведений" [42]. На гэтую пасаду міністрам народнай асветы была прызначаная Соф'я Карлаўна Савіч (фон Бізінг), якая характарызавалася наступным чынам: "известная Российскому императорскому Дому и удостоенная Августейшего их императорских Величеств покровительства; приобрела надлежащую опытность в воспитании молодых девиц и с успехом трудилась на этом поприще более 15 лет" [43].

Соф'я Савіч у лісце да гродзенскага губернатара прасіла прадставіць яе мясцоваму дваранству, а таксама надрукаваць для распаўсюду дастатковую колькасць асобнікаў праграмы гэтай навучальнай установы на рускай і польскай мовах. Мэта выхавання вызначалася наступным чынам: "Образовать девиц добрыми женами, попечительными матерями, примерными наставницами для детей, хозяйками и чтобы способны были собственными трудами и приобретенными познаниями и искусствами доставлять себе и семействам своим средство к приличному содержанию" [44]. Курс навучання падзяляўся на 4 класы працягласцю па 1 году. У кожным класе планавалася выкладанне: а) Закону Божага паводле веравызнання выхаванцаў; б) моваў і літаратураў: расійскай, польскай, французскай, нямецкай; в) расійскай і ўсеагульнай гісторыі; натуральнай гісторыі, фізічнай, матэматычнай і палітычнай геаграфіі (усе гэтыя навукі прадугледжвалася выкладаць па-французску); г) арыфметыкі, чыстапісання, малявання, музыкі, танцаў; д) жаночае рукадзелле, паняцце аб хатняй гаспадарцы. Па заканчэнні кожнага вучэбнага году - публічныя іспыты ў прысутнасці мясцовага і вучылішчнага начальства, ганаровых асобаў і бацькоў вучаніцаў.

У праграме была інфармацыя і пра ўмовы паступлення і навучання. Плата за поўную пансіянерку складала 150 руб. сер. у год, за поўпансіянерку (не жыве ў пансіёне, а толькі карыстаецца навучаннем і абедам) - 100 руб. Планаваўся набор 50-ці поўных пансіянерак і 20 поўпансіянерак. Узрост для паступлення - 9 - 13 гадоў, абавязковая ўмова - уменне чытаць хаця б на адной з вышэй пералічаных моваў. Дакументы, якія трэба мець - пасведчанне ад уезнага прадвадзіцеля дваранства (маршалка) аб нараджэнні, веравызнанні і паходжанні дзяўчынаў; даведка ад лекара аб стане здароўя і прышчэпках супраць воспы. Вызначаліся рэчы, якія трэба мець пры сабе ад бацькоў, а таксама тыя, якімі забяспечвалі ў пансіёне. Прапісваліся таксама ўмовы медыцынскіх паслугаў на выпадак хваробы вучаніцаў. Пра месца знаходжання пансіёна паведамлялася наступнае: "Заведение будет помещаться в нанятом и состоящем в Гродно на Городнице доме помещика Валицкого, в коем имеется приличное и весьма обширное помещение, сверх того находится при этом доме большой сад для прогулки воспитанниц" [45].

Святочнае адкрыццё ўзорнага жаночага пансіёна ў Гродна адбылося на публічным сходзе 1 ліпеня 1838 г. Дэтальная праграма гэтай урачыстасці прыводзіцца ў матэрыялах справы, што дазваляе ўявіць сябе прысутнымі на ёй: "1 июля, в день рождения Государыни Императрицы, как нежной матери и покровительницы всех женских воспитательных заведений.. в начале первого часа по полудни все почетные посетители соберутся в доме Валицкого. С прибытием Гродненского гражданского губернатора начнется молебен с водоосвящением, которое совершит Гродненского Софийского Собора протоиерей Попов и причтом. Директор училищ Гродненской губернии произнесёт краткую и приличную речь, за которой последует чтение программы Пансиона. Начальник губернии провозгласит тост за здоровье Государя Императора и Государыни Императрицы, столь неустанно пекущихся об образовании своих подданных и за Благоденствие всего Августейшего Дома. Г-жа содержательница попросит протоиерея Попова окропить прочие комнаты освященною водой и попросит посетителей осмотреть устроенное для Пансиона помещение" [46]. Тэкст прамовы Дырэктара вучылішчаў Гродзенскай губерні Ястрабцова, які прыведзены ў гэтым дакуменце, перанасычаны вернападанніцкімі рэверансамі на адрас імператара і імператрыцы. Звернем увагу на той факт, што змест гэтай прамовы загадзя ўзгадняўся з гродзенскім губернатарам Рыгорам Дапельмаерам, а таксама з генерал-губернатарам князем Мікалаем Далгарукавым.

Узорны жаночы пансіён у Гродна пад кіраўніцтвам Соф'і Савіч, які так пампезна адкрываўся і, здавалася, пры такой падтрымцы ўладаў меў усе ўмовы для паспяховага дзеяння, праіснаваў усяго адзін год. Прычыны гэтага сталі зразумелымі па меры далейшага знаёмства з матэрыяламі дадзенай крыніцы.

У ліпені 1839 г. С.Савіч накіравала ліст кіраўніку Беларускай навучальнай акругі з просьбаю звальнення яе з займаемай пасады. Яе просьба адразу была задаволеная, бо мелі месца "неоднократные со стороны местного дворянства жалобы на действия Г-жи Савич и неодобрительные отзывы о ней гродненского губернатора" [47]. У чым жа заключалася сутнасць канфлікту паміж мясцовай шляхтай і адміністрацыяй, з аднаго боку, і ўтрымальніцай ўзорнага жаночага пансіёна, з другога? Што стала прычынаю незадаволенасці гэтай асобаю, так бліскуча ахарактарызаванай на пачатку свайго з'яўлення на арэне гродзенскай гісторыі?

Соф'я Карлаўна Савіч (па нараджэнню фон Бізінг) выкарыстоўвала даручаную ёй навучальную ўстанову для задавальнення сваіх уласных эканамічных інтарэсаў. Яна спрабавала (шляхам атрымання ільготнага крэдыту ад гродзенскай установы грамадскай апекі (приказобщественногопризрения) у памеры 8 - 9 тыс. руб. сер. тэрмінам на 20 год) набыць ва ўласнасць дом, адведзены для пансіёну. Акрамя таго жудасныя ўмовы ўтрымання дзяўчатаў дазваляюць сцвярджаць, што Савіч займалася крадзяжамі сродкаў, якія паступалі для пансіёна (нагадаем, што гэта 1500 руб. ад казны і па 100 - 150 руб. ад бацькоў кожнай з вучаніцаў). У матэрыялах гэтай справы адзначаецца: "Пансион сначала имел блистательный успех, в последствии пришел в постепенный упадок по причине самой же содержательницы, которая между прочим неуместною своею скупостью в содержании воспитанниц возбудила неудовольствие родителей и заставила тем многих взять обратно детей своих" [48].

У студзені 1840 г. на з'ездзе гродзенскага дваранства паўстала пытанне пра неабходнасць аднаўлення ўзорнага жаночага пансіёна ў Гродна. У чыноўнікаў Беларускай навучальнай акругі ўзнікла ідэя адзяліць гаспадарчую частку ад вучэбнай і даручыць першую спецыяльна прызначанаму эканому пад наглядам дырэктара гімназіі. Разглядалася кандыдатура эканома з Пецярбурга. Але мясцовае дваранства выступіла супраць. Верагодна, пасля гісторыі з Савіч, яно хацела даручыць справу мясцовым кадрам. Не была падтрыманая і кандыдатура ўтрымальніцы ўзорнага жаночага пансіёна ў Віцебску Экард, якая звярталася у міністэрства народнай асветы з прашэннем аб пераводзе яе ў Гродна. Гродзенскі губернскі кіраўнік дваранства прапаноўваў на пасаду ўтрымальніцы ўзорнага жаночага пансіёна ў Гродна жонку наглядчыка Пружанскага ўезнага вучылішча спадарыню Юшкевіч і характарызаваў яе як "известную здешнему дворянству со стороны отличных качеств, образа мыслей и образования" [49].

Справа аднаўлення ўзорнага жаночага пансіёну цягнулася да 1842 г. і была вырашаная ў выніку задавальнення прашэння аб гэтым настаўніка французскай мовы Гродзенскай губернскай гімназіі Францішка дэ Ліўрона і яго жонкі Лізаветы з Арнольдаў. Гродзенскі губернатар Дапельмаер паведаміў дырэктару вучылішчаў Гродзенскай губерні Ястрабцову: "Признаю обоих их по образованию и приличному и благородному обхождению способными и достойными управлять Девичьим образцовым пансионом в Гродно" [50]. Для інфармавання мясцовага дваранства праграма гэтай адноўленай навучальнай установы зноў была надрукаваная на рускай і польскай мовах [51].

Гісторыю жаночай адукацыі ў Гродна дапаўняе і "Дело по прошению дворянки Загуровской о разрешении ей открыть пансион в г.Гродно". З гэтай крыніцы даведваемся, што ў 1849 г. Ганна Загуроўская вымушаная была зачыніць жаночы пансіён, які яна ўтрымлівала на працягу 5 гадоў, па прычыне значных выдаткаў з-за абмежаванай платы ад бацькоў. У 1850 г. гродзенскі губернскі кіраўнік дваранства падаў прашэнне ад імя дваран і чыноўнікаў Гродна аб неабходнасці аднаўлення гэтай навучальнай установы пад кіраўніцтвам Загуроўскай, якая 5 гадоў добрасумленна выконвала свае абавязкі, а таксама прызначэння ёй у дапаўненне да платы бацькоў датацыі ад казны ў памеры 450 - 500 руб. сер. у год. [52]

Паводле матэрыялаў да справаздачы губернатара за 1855 г. у Гродна дзейнічалі 2 прыватныя жаночыя пансіёны, у якіх вучыліся 50 дзяўчынаў [53].

Па дакументах фонду канцылярыі гродзенскага губернатара можна прасачыць рэалізацыю ў Гродна распараджэння цэнтральных уладаў аб арганізацыі ў губернскіх гарадах жаночых школаў, набліжаных па курсу выкладання да гімназій. Прадугледжваўся ўдзел гарадскіх саслоўяў у гэтай справе праз "оказание возможного содействия добровольными приношениями, складками или другими пожертвованиями" [54]. Міністр унутраных справаў праінфармаваў аб гэтым гродзенскага губернатара лістом ад 26 ліпеня 1858 г. У Гродна быў створаны камітэт аб жаночых школах, у які ўвайшлі начальнік губерні, губернскі кіраўнік дваранства, кіраўнік гродзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў, дырэктар вучылішчаў губерні, губернскі пракурор, прадстаўнік установы грамадскай апекі (приказа общественного призрения), старшы бургамістр г.Гродна.

Паводле прыгавора гродзенскай гарадской грамады на арганізацыю жаночай школы ў Гродна на аснове "Палажэння аб жаночых вучылішчах ведамства Міністэрства народнай асветы", зацверджанага імператарам 30 мая 1858 г., прадугледжваўся збор сродкаў з кожнага аселага абывацеля: з купцоў 3-й гільдыі па 1 руб. (іх у горадзе было 80 чал.), з іншых - па 50 кап. (усяго іх налічвалася 260 чал.). З рапартаў гродзенскага гарадавога магістрата відаць, што найбольш "дысцыплінаванымі" у гэтых адносінах аказаліся іудзеі, якія своечасова перадавалі патрэбныя сумы грошай, а за хрысціянскай часткаю гродзенцаў заставаліся нядоімкі. Унёсак габрэяў у збор сродкаў для жаночага вучылішча быў найбольшы з-за высокай удзельнай вагі іх сярод купецтва і мяшчанства горада. Парадокс заключаецца ў тым, што габрэі не мелі права навучання ў гэтай установе. У інструкцыі начальнікам і наглядальнікам жаночых вучылішчаў у Гродна, Вільна і Коўна сярод іншага адзначалася: "К обучению в училище, кроме евреев, допускаются дети всех свободных без различия сословий в возрасте от 9 до 13 лет" [55]. Зборшчык падаткаў гродзенскага габрэйскага грамадства ў рапарце, накіраваным 18 студзеня 1860 г. гродзенскаму магістрату, пісаў: "здешнее еврейское общество на устройство в Гродно для приходящих девиц Училища жертвовало сумму 169 руб. 50 кап. сер. в той надежде, что в училище этом будут воспитываться и дети общества… Начальник училища детей еврейского общества для воспитания принять не соглашается…" [56].

Жаночае вучылішча было размешчанае ў мураваным аднапавярховым доме, які належаў гродзенскай установе грамадскай апекі ( приказу общественного призрения). Раней тут была гродзенская акружная лячэбніца, якую ў лістападзе 1858 г. перавялі ў дом купца Фрумкіна. Рамонт будынка новай навучальнай установы даручаўся гродзенскай гарадской грамадзе. Для вытворчасці мэблі быў заключаны дагавор з абывацелем Гродна Абрамам Гардонам (падаецца падрабязнае апісанне мэблі на суму 603 руб.) [57].

Вучылішча планавалі адкрыць да 1 студзеня 1860 г. з колькасцю вучаніц каля 100. Начальнікам яго быў прызначаны былы дырэктар вучылішчаў Віленскай губерні Статский Советник Вінаградаў. Паўстала пытанне з выбарам галоўнай наглядальніцы. На гэтую пасаду прэтэндавалі: дваранка Камілія Казіміраўна Грудзінская; Фэкля Святаева, удава старшага ардынатара Беластоцкага ваеннага шпіталя Надворного Советника Івана Святаева; утрымальніца прыватнага жаночага пансіёна ў Гродна Круповіч; жыхарка Казані Юлія Фасфорава. Апошняя ў сваім прашэнні на імя гродзенскага губернатара Шпеера нагадвала аб сваім знаёмстве з ім у Пецярбургу: "Я имела счастие познакомиться с Вашим Превосходительством в доме брата Вашего Василия Абрамовича, о чем и сохраняю всегда самые живые и приятные воспоминания…" [58]. Аднак на пасаду галоўнай наглядальніцы жаночага вучылішча была прызначаная Ганна Загуроўская, якая ўтрымлівала ў Гродна прыватны жаночы пансіён. Паколькі сумяшчаць гэтыя функцыі забаранялася, Загуроўская адмовілася ад выхавання пансіянерак. Відаць, яе жалаванне як галоўнай наглядальніцы новаўтвораннага жаночага вучылішча, вызначанае ў памеры 500 руб. сер. у год, перавышала прыбытак ад утрымання пансіёна.

Інфармацыя аб адкрыцці вучылішча для дзяўчатаў у Вільна, Гродна, Коўна і Мінску друкавалася на рускай і польскай мове ў "Виленском Вестнике". Там паведамлялася вучэбная праграма, расклад заняткаў, умовы паступлення і навучання. Поўны курс навучання складаў 7 гадавых класаў. Прадметы: Закон Божы, руская, польская, французская і нямецкая мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, арыфметыка, жаночыя рукоделья, чыстапісанне, маляванне, спевы, музыка, танцы. У тыдзень прадугледжваліся 25 урокаў. Плата выкладчыкам - 50 кап. сер. за кожны ўрок. Плата за навучанне ўсім прадметам, акрамя моваў, музыкі і танцаў, складала 15 руб. у год. За навучанне кожнай з моваў і танцам прадугледжвалася дадатковая плата па 3 руб., музыцы - па 50 кап. за урок. Начальнік вучылішча меў права на кожныя 9 вучаніцаў прыняць адну з бедных сем'яў на бясплатную форму навучання [59].

Аб'ём праграмы па мовах выглядаў наступным чынам: руская мова - 4 урокі ў тыдзень у 1-м і 7-м класе, 3 урокі - у 2 - 6 класах; польская мова - па 2 урокі ва ўсіх класах; французская і нямецкая мовы - 4 урокі ў 1-м класе, 3 урокі ў 2-м класе, 2 урокі ў 3 - 7 класах. Як бачым, галоўная ўвага надавалася рускай мове, на польскую мову выдзялялася найменшая колькасць урокаў [60].

Захаваўся бюджэт жаночага вучылішча, запланаваны на 1860 г., у якім прыход у 5520 руб. складаўся з:

- % з агульнага капіталу жаночых навучальных установаў - 3000 руб.;

- гадавая плата на навучанне 100 вучаніцаў - 1500 руб.;

- за навучанне французскай, нямецкай мовам, танцам (па 9 руб. з дзяўчынкі, прыкладна ад 50 вучаніцаў) - 450 руб.;

- 3 % ад капітулу (19 000), сабранага з ахвяраванняў дваранства Гродзенскай губерні - 570 руб.

Расход бюджэта быў у памеры 4200 руб.:

- начальніку вучылішча - 500 руб;

- галоўнай наглядальніцы - 500 руб.;

- 2-м наглядальніцам - 500 руб.;

- настаўнікам - 1500 руб.;

- слугам (3 мужчыны, 2 жанчыны) - 400 руб.;

- атапленне дома - 350 руб.;

- наём пісца і канцылярскія выдаткі - 100 руб.;

- навучальныя дапаможнікі - 100 руб.;

- розныя дробязі - 50 руб.;

- на ўтрыманне дому - 200 руб. [61]

У пачатку 1863 г. жаночае вучылішча ў Гродна было пераўтворанае ў гімназію, у сувязі з чым павялічылася колькасць урокаў і была складзеная новая праграма, зацверджаная папячыцелем жаночых гімназій генерал-ад'ютантам Назімавым. Новая праграма была надрукаваная ў "Виленском Вестнике" на рускай і польскай мовах. Пазней гэтая праграма і дзейнасць на яе аснове жаночых гімназій у Гродна, Вільна і Коўна сустрэла вострую крытыку з боку віленскага генерал-губернатара Мураўёва, галоўным чынам за тое, што "польский язык поставлен был в равных правах на преподавание его с русским языком; кандидатки в низший класс должны были уметь читать по-русски и по-польски общеупотребительные молитвы; в высшем классе по программе в русском тексте требовалось знание русской литературы, а в польском тексте программы слово русской исключено, а сказано истории литературы". 18 ліпеня 1863 г. Мураўёў пісаў у лісце да начальніка Гродзенскай губерні: "До сведения моего дошло, что в женских гимназиях польский язык преподается наравне с предметами, составляющими обязательный курс учения, и что вообще направление воспитания в оных, порученное исключительно начальствующим лицам и воспитателям польского происхождения, не соответствует видам правительства и тем основаниям, на которых должно быть ведено дело воспитания в здешнем крае… Поручаю Вашему Сиятельству ближайшее и неусыпное наблюдение за находящейся в Гродно женской гимназией... Обязательное преподавание польского языка в женских гимназиях есть прямым злоупотреблением со стороны начальствующих в заведениях лиц. Прошу наблюсти, чтобы с наступающего учебного года польский язык был преподаваем не как обязательный предмет, а наравне с прочими иностранными предметами" [62]. Справа ў тым, што за выкладанне польскай мовы асобная плата не бралася, а за навучанне нямецкай і французскай мовам бацькі плацілі спачатку па 3 руб., а пазней па 5 руб. У перапісцы паміж чыноўнікамі таксама адзначалася, што "в разговорной речи между детьми преимуществовал польский язык вследствие того, что большинство воспитанниц были всегда дочери лиц польского происхождения" [63].

У матэрыялах гэтай справы названыя імёны кіраўніка і некаторых настаўнікаў жаночай гімназіі ў Гродна ў 1863 г.: яе начальнікам быў Чашнікаў, выкладчыкам Закона Божага быў выхаванец Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі, "благонадёжный в политическом отношении" ксёндз Косаўскі (замест ксяндза Шмігера), настаўніцай французскай мовы - Зянковіч (замест Підот), выкладчыкам рускай славеснасці - "благонадежный чиновник, Коллежский Ассесор" Іваноў (замест Балвановіча, пераведзенага ў Віленскі дваранскі інстытут), настаўніцай рукадзелля - Лізавета Тафрас, праваслаўнага веравызнання, дачка адстаўнога настаўніка гімназіі (замест Варвары Скрэнтоўскай) [64]. Як бачым, у 1863 г. у Гродзенскай жаночай гімназіі адбыліся кадравыя змены і карэкціроўка вучэбнай праграмы, абумоўленыя агульнай палітыкай царызму ў нашым краі.

У цэлым, матэрыялы фонду канцылярыі гродзенскага губернатара па гісторыі жаночай адукацыі Гродна ў першай палове ХІХ ст. дазваляюць заўважыць актывізацыю яе развіцця і пацвярджаюць выснову Святланы Куль-Сяльверставай аб тэндэнцыі фемінізацыі культуры Беларусі ў гэты час.

Захавалася інфармацыя аб развіцці прафесійнай адукацыі ў Гродна дарэформеннага часу. Так, гродзенскі губернскі архітэктар у 1822 г. выступіў ініцыятарам прысылкі ў Гродна "из мастеров каменщичьего и плотничьего ремесла молодых людей или сыновей их (по 1 или 2) для лучшего познания в их ремесле" [65].

У 1840 г. гродзенскі губернатар атрымаў цыркуляр за подпісам міністра дзяржаўных маёмасцей графа Пятра Кісялёва, у якім прадпісвалася ўстановам ( палатам) дзяржаўных маёмасцей арганізаваць падрыхтоўку сельскіх пісараў з ліку здольных сялянскіх хлопчыкаў. Асабліва востра праблема недахопу такіх кадраў стаяла ў заходніх губернях Расійскай імперыі "по малому знанию вообще обывателями тамошнего края русского языка…". Па меркаванню губернскай адміністрацыі падрыхтоўка сельскіх пісараў магла быць ускладзеная на прыходскія вучылішчы. Са спісу гэтых навучальных установаў Гродзенскай губерні вынікае, што ў Гродна такую задачу павінна было вырашыць 1-класнае ланкастарскае вучылішча [66].

Кадры для развіцця медыцынскай справы ў Гродна рыхтаваліся ў Вільні, Беластоку, Санкт-Пецярбургу. Так, у 1804 г. да губернскіх уладаў звярнулася жыхарка Гродна Разалія Карчэўская з просьбаю аднавіць страчанае пры пажары 1795 г. пасведчанне аб навучанні ў Віленскай акадэміі павівальнаму майстэрству. Гродзенская урачэбная ўправа правяла іспыт і зацвердзіла Разалію Карчэўскую на "старшай ваканцыі" у Гродна [67].

Недахоп акушэрак выклікаў неабходнасць праз гарадскую паліцыю шукаць кандыдатак для навучання ў Беластоцкім павівальным інстытуце. У 1819 г., напрыклад, на такую прапанову адгукнуліся 2 дзяўчыны: Кацярына Сянкевічаўна і Марыяна Завістоўская. Але, як правіла, у рапартах гарадской паліцыі адзначалася адсутнасць жадаючых вучыцца ў Беластоцкім павівальным інстытуце [68].

Кандыдатаў у навучэнцы Санкт-Пецярбургскай аптэкарскай школы набіралі сярод выхаванцаў установы грамадскай апекі (приказ общественного призрения). Так, у 1822 г. квартальнаму наглядальніку Гродзенскай гарадской паліцыі Барысаву было даручана суправаджаць на шляху з Гродна праз Вільна і Рыгу да Санкт-Пецярбурга 3-х выхаванцаў Гродзенскай (Вікенція, Івана і Сцяпана) і 10 Віленскай установаў грамадскай апекі [69].

У 1832 г. жыхар Гродна дваранін Антон Паўловіч звярнуўся да міністра народнай асветы з просьбаю аб залічэнні яго ў скдад казённых выхаванцаў Імператарскай Медыка-хірургічнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Гродзенскай урачэбнай управе даручалася засведчыць стан яго здароўя і правесці іспыт у "предварительных познаниях", па выніках якога ён "оказался слабым, а особенно Российского языка почти совсем читать и писать несведущ, а потому он не может быть принятым…" [70].

Паводле ўказу ад 13 чэрвеня 1836 г. у Медыка-хірургічную Акадэмію ў Санкт-Пецярбургу набіраліся 19 выхаванцаў духоўных семінарый. Па рашэнню калегіі праўлення Грэка-уніяцкай Літоўскай семінарыі для навучання ў Акадэміі накіроўваліся Фауст Лукашэвіч і Сямён Наркевіч. Аднак на іспытах, арганізаваных Гродзенскай урачэбнай управай, выявілася іх слабая падрыхтаванасць па матэматыцы і фізіцы. Захаваўся ліст да начальніка губерні Парфірыя Карпіловіча ад імя архімандрыта Гродна-Калажанскага базыльянскага манастыра Віктара Бучынскага, у якім ён адзначаў: "…я зная их способность, прилежание к наукам, лета самоспособнейшие к достижению наук и примерное их поведение, сим ручаюсь, что они слушая медицинских предметов пополнят достаточно знания в физико-математических предметах, на случай же, показались бы они неспособными в Академии, все издержки казне возвратить принял на себя Преосвященный Викарный Литовский греко-униатский Епископ Антоний…" [71].

У сталіцу Расійскай імперыі накіроўваліся гродзенцы і для навучання ў Практычным Тэхналагічным Інстытуце, заснаваным у кастрычніку 1831 г. з мэтаю "приготовления молодых людей, которые имели бы достаточные сведения для управления фабриками или отдельными частями оных" [72]. З Гродзенскай губерні неабходна было штогод "пастаўляць" аднаго студэнта. Выбар кандыдатаў даручаўся гродзенскай гарадской думе. Якасці, якімі павінны былі валодаць кандыдаты для паступлення ў Інстытут, былі наступныя:

" Телесные качества - крепко сложен, без видимой наклонности к внутренним болезням, не безобразен, не очень малорослый, без всяких наружных болезней, не близорук, без недостатков в членах;

Нравственные качества - благонравен, не замечен в пороках и шалостях, в хождении в нищих, не прикосновен к какому-либо делу по суду, не содержался под стражей или в тюрьме;

Познания - показывает особенные способности и видимую наклонность к учению и механическим делам" [73].

У 1832 г. выбар быў зроблены спачатку на карысць Іосіфа Вікенцьевіча Дабржыцкага, які характарызаваўся так: "Родился в г.Гродно 1 ноября 1815 г., Римо-католик, из мещан, родители ныне умершие, имеет 3-х братьев и 4-х сестер, прививку от оспы, волосы русые, глаза карие, роста посредственного, поведения порядочного, нрава весёлого, умеет писать по-польски и несколько по-русски, обучался в Гродненском уездном училище" [74]. Аднак далей у матэрыялах гэтага дакументу знаходзіцца дагавор гродзенскага магістрата з габрэем Гершонам Моўшавічам Кудравіцкім, які абавязваўся па кантракту даставіць у Санкт-Пецярбург за 40 руб. сер. Васіля Манулевіча [75].

Пры выбары кандыдата ад Гродна ў навучэнцы Практычнага Тэхналагічнага Інстытута ў 1846 г. гарадская дума павінна была ўлічваць наступныя патрабаванні: "В воспитанники Технологического Института могут поступать дети купцов, мещан, цеховых и разночинцев русских подданных, без различия вероисповедания, преимущественно из сирот и недостаточных больших семейств, но с тем, чтобы они были доброй нравственности, крепкого телосложения, не моложе 13 и не старше 15 лет, и при том умели читать и писать хотя бы на одном природном языке? Знали 4 правила арифметики и сокращенный Катехизис" [76]. З выбарам такіх кандыдатаў узнікалі цяжкасці. Гродзенскі губернатар атрымаў ад міністра фінансаў папярэджванне: "Как доставляемые кандидаты весьма часто не соответствуют правилам, то не излишне будет поставить на вид Гродненской Думе, что таковой кандидат по положению об Институте будет возвращен на счёт самой Думы" [77]. У лютым 1846 г. гарадскі магістрат абраў у выхаванцы Інстытуту Нарцыса Іванавіча Навакоўскага, які належаў да саслоўя грамадзянаў г.Гродна. Для яго адпраўкі ў Пецярбург знайшоўся "спадарожнік" - студэнт Беластоцкай гімназіі Петрашкевіч, які ехаў у сталіцу на курс ветэрынарыі. Таму дастаўка Навакоўскага ў Інстытут абышлася гарадскому бюджэту ў 35 руб. сер. (праз пасрэдніцтва паштовай службы гэта каштавала б 45 руб. сер.) [78]. Наяўнасць сярод дадзеных дакументаў ліста да губернатара ад імя магістрата з просьбаю дазволіць выкарыстаць патрэбную для гэтых мэтаў суму грошай сведчыць аб поўным кантролю гарадскога бюджэту з боку губернскай адміністрацыі.

У 1841 г. з'явіўся праект утварэння у Гродна музычнага інстытуту. Ініцыятарам яго выступіў замежны падданы "артыст музыкі" Аўгустын Андрэ, які прыехаў сюды з гастрольнымі канцэртамі. Ён быў "со вниманием принят публикою в сем городе, по желанию некоторых вельмож задержан на беспрерывном жительстве в оном" [79]. У сваім прашэнні, накіраваным гарадскім уладам, Андрэ ўсхваляў свае музычныя здольнасці. У пераказе гродзенскага паліцмейсцера гэта гучала так: "…многолетними трудами и особым призванием к музычному таланту он удостоился звания Артист, на скрипке и прочих инструментах отыгрывал концерты по разным столичным городам, как то Вена, Варшава и др., принял от публики звание Виртуоза" [80]. Андрэ указваў на неабходнасць заснавання ў Гродна музычнай навучальнай установы па ўзору Варшаўскай. Ён прасіў апублікаваць у весніку, які выдаваўся ў Гродна, інфармацыю аб тым, што ён разам з сынам Аўгустам, які таксама меў музычны талент, "примет труды услужения публике преподаванием уроков на фортепиано, скрипке, кларнете и др. инструментах за умеренную цену как в собственном, так равно и по домам желающих". Гродзенскі губернатар пазнаёміўся са зместам розных атэстатаў і пасведчанняў аб музычным таленце Андрэ, напісаных на намецкай мове (усяго іх было 10), і адзначыў: "Аттестаты оказываются весьма похвальными, почему и можно согласиться на предложение Андре учредить в Гродно музыкальный институт" [81].

А вось ваенная спецыяльнасць у першай палове ХІХ ст. не была папулярнай сярод жыхароў Гродна і Гродзеншчыны. МУС меркавала на сродкі мясцовага дваранства адкрыць ваенныя вучылішчы ў губернях [82]. Калі ў 1824 г. збіраліся звесткі аб сумах ахвяраванняў на заснаванне ваенных вучылішчаў, то гродзенскі губернатар рапартаваў: "Дворянское сословие Гродненской губернии не делало какие-либо пожертвования на учреждение военных училищ" [83]. Служба ў расійскім войску не вабіла тутэйшую шляхту. У ваенную навучальную ўстанову альбо непасрэдна на вайсковую службу траплялі сыны забітых ці асуджаных, збеглых ці без вестак прапаўшых удзельнікаў паўстання 1830 - 1831 гг. Імператарскі ўказ, які з'явіўся ў кастрычніку 1832 г., вызначаў:

"О сыновьях дворян:

· 1 - 7 лет - оставить при семействах, а затем помещать в кадетские корпуса;

· 7 - 10 лет - зачислить кандидатами в Александровский и Московский кадетские корпуса для определения в оные по очереди;

· 10 - 15 лет - зачислять кандидатами в Новогородский кадетский корпус;

· 15 лет - зачислять кандидатами дворянского полка;

· 16 - 22 лет - зачислять в полки пехотного корпуса юнкерами.

О сыновьях шляхты, не имеющих документов на дворянство, и простолюдинов:

· 1 - 12 лет - оставить при семействах;

· 12 - 18 лет - зачислять в батальоны военных кантонистов;

· 18 и старше - зачислять на службу в резервные батальоны 5-го пехотного корпуса" [84].

Дакументы, якія сведчаць пра дабраахвотнае паступленне жыхароў Гродна ў ваенныя вучылішчы, датычаць дзяцей чыноўнікаў і адносяцца да канца 50-х - пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. Так, у 1859 г. удава чыноўніка Юлія Чапліна накіравала 3-х сваіх сыноў у Маскоўскае ваеннае вучылішча [85]. Жонка губернскага сакратара Леанорыя Троцкая паслала 2-х сыноў у Пскоўскае ваеннае вучылішча [86]. Сын губернскага сакратара Міхала Краткова паехаў вучыцца ў Кіеўскае ваеннае вучылішча [87].

Адсутнасць універсітэту ў беларуска-літоўскім краі (пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага універсітэту) прымушала нашых землякоў ехаць вучыцца ва універсітэцкія цэнтры Расіі і замежжа. Так, у 1849 г. жыхары Гродзеншчыны дваране Леў Ігнатовіч (выпускнік Беластоцкай гімназіі) і Іван Каралько (выпускнік Свіслацкай гімназіі) звярнуліся да кіраўніка Кіеўскай навучальнай акругі з просьбамі аб залічэнні іх ва універсітэт Св. Уладзіміра ў Кіеве. З гэтай нагоды мясцовыя ўлады павінны былі даць інфармацыю "не замечено ли чего-либо предосудительного в их поведении и образе мыслей" [88].

Студэнтамі Кіеўскага універсітэта былі Разенблюм і Лазарэвіч. У справаводстве канцылярыі гродзенскага губернатара за 1849 г. разглядалася пытанне аб высвятленні іх матэрыяльнага стану для вызвалення ад платы за навучанне [89].

Сын настаўніка Гродзенскай гімназіі Фелікса Палітоўскага Жыгімонт вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага універсітэта. Бацька быў не ў стане ўтрымліваць сына-студэнта ў Маскве, і ў 1859 г. разглядалася пытанне аб залічэнні яго на казённую стыпендыю. Пры гэтым улічваліся пасведчанне Гродзенскага ўезнага кіраўніка дваранства аб матэрыяльнай "совершенной несостоятельности" Фелікса Палітоўскага, факт цяжкага стану яго здароўя і 20-ці гадовая служба ў сферы адукацыі [90].

Навучанне ў замежных універсітэтах для моладзі нашага краю было абцяжаранае забаронай з боку расійскіх уладаў. Так, 15 студзеня 1823 г. Аляксандр І зацвердзіў даклад цэсарэвіча Канстанціна аб недазваленні ўсім жыхарам 5-ці беларуска-літоўскіх губерняў і Беластоцкай вобласці навучацца ва універсітэце вольнага горада Кракава. У гэтым жа годзе "для охранения юношества от вредных заграничных учебных заведений" з'явіўся пералік забароненых універсітэтаў Еўропы: Базэльскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гановерскі і інш. (усяго ў спісе быў 21 універсітэцкі цэнтр). Гродзенская гарадская паліцыя рапартавала аб паведамленні жыхарам горада аб гэтым і канстатавала, што ніхто з гродзенцаў не знаходзіцца ў пералічаных навучальных установах [91].

Яшчэ раней, 16 жніўня 1822 г., была забароненая вучоба ў замежных навучальных установах езуітаў. У прадстаўленні цэсарэвіча Канстанціна імператару адзначалася: "Многие помещики и жители разных званий отправляют детей своих для наук за границу. Поставил я себе в обязанность обратить внимание на места и училищные заведения, избираемые родителями для образования своих детей. Не без удивления заметил я, что в числе иностранных училищных заведений, предпочитаемых отечественным, находятся и иезуитские школы, в австрийских владениях существующие" [92]. Гродзенскі паліцмейсцер паведаміў губернатару аб тым, што ў замежных езуіцкіх вучылішчах гродзенцаў не выяўлена, а з жыхароў горада ўзятыя подпісы, каб не адпраўлялі сваіх дзяцей у гэтыя навучальныя установы.

Мясцовым чыноўнікам прыходзілася выконваць і іншыя абмежавальныя і забараняльныя распараджэнні цэнтральных уладаў, якія прымаліся з мэтаю прадухілення непажаданага для іх уплыву з-за мяжы на насельніцтва "забранага" краю. Так, у 1823 г. гродзенская паліцыя займалася інфармаваннем і зборам подпісаў жыхароў горада, каб "никаких газет или публичных листов из чужих краёв, в том числе и из Царства Польского, без ведома цензуры в публику выпущаемо не было" [93].

Затое мясцовыя ўлады займаліся пашырэннем "карыснай" (з пункту погляду царскіх уладаў) літаратуры. Так, на гродзенскага губернатара ў 1826 г. усклалі задачу распаўсюду сярод мясцовых жыхароў "Истории государства Российского" Карамзіна ў перакладзе на польскую мову (пераклад зрабіў генерал Рыгор Бучынскі, які служыў у галоўным штабе польскіх войскаў). Поўны збор гэтага твору складаўся з 11 тамоў і каштаваў 100 руб. асігнацыямі. У Гродзенскай губерні з дапамогаю адміністрацыйнага рэсурсу "раздалі" 9 камплектаў. З розных месцаў Гродзеншчыны паступалі рапарты аб спагнанні з памешчыкаў па 100 руб. за ўручаныя экзэмпляры працы Карамзіна [94].

Абмяжоўваўся, а часам зусім забараняўся, прыезд замежных настаўнікаў. У 1852 г. нават сам гродзенскі губернатар атрымаў адмову ў дазволе вызваць з Францыі выхавацеля для сваіх дзяцей Карла Ман'е. У сваім прашэнні ён адзначаў, што "… за поведением его сам буду иметь наблюдение…". Аднак яму паведамілі, што "вновь постановленные правила решительно воспрещают пропуск в наши пределы иностранных учителей и воспитателей… Для присмотра и воспитания детей есть и в России благонадежные и способные люди" [95].

Гродзенскія губернскія ўлады атрымоўвалі для выканання і шэраг іншых распараджэнняў, накшталт наступных:

· "не принимать в домашние учителя и гувернёры лиц, не имеющих от училищного начальства надлежащих свидетельств" (студзень 1825 г.) [96];

· "бдительно наблюдать, чтобы никто без разрешения учебного ведомства не содержал в тайне пансионов, школ или пансионеров" (люты 1853 г.) [97];

· "не увольнять дворовых людей за границу" (22 снежня 1852 г.) [98];

· "совершенно воспретить отъезд за границу российским подданным подмастерьям и ученикам для усовершенствования себя в ремёслах, с тем что они могут обучаться сим ремёслам в Санкт-Петербурге и Москве" (10 лютага 1853 г.) [99];

· "приостановить увольнение российских подданных в Иерусалим для поклонения Святым местам" (14 чэрвеня 1853 г.) [100].


Настаўнікі

Развіццё адукацыі ў Гродна адбывалася ва многім дзякуючы канкрэтным людзям: арганізатарам навучальнага працэсу, настаўнікам. Можна дапусціць, што ў разглядаемы перыяд яны складалі прыкладна каля 100 чалавек ці каля 1 % ад усіх жыхароў (з улікам гімназічных і вучылішчных выкладчыкаў, манахаў, якія займаліся навучаннем, хатніх настаўнікаў для хрысціянскага насельніцтва, меламедаў).

Узгадаем яшчэ раз імёны настаўнікаў і іншых асобаў, звязаных з сістэмай асветы Гродна, якія сустрэліся пры вывучэнні матэрыялаў фонду канцылярыі гродзенскага губернатара, датычных адукацыйнай сферы:

Сазановіч, Ястрабцоў, Шавялёў - дырэктары вучылішчаў Гродзенскай губерні (па звестках на 1833, 1838, 1863 гады.);

Альбін Фармасовіч, настаўнік ланкастарскага вучылішча, заснаванага ў 1820 г. пры Гродзенскай установе грамадскай апекі;

Фрыдрых Іванавіч Берлін, ураджэнец Гамбурга, настаўнік прыходскага вучылішча пры Гродзенскай евангеліцка-лютэранскай кірхе (па звестках на люты 1856 г.);

Князь Радзівіл, ганаровы папячыцель Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на 1834 г.);

Дзясніцкі, сакратар Рады Гродзенскай губернскай гімназіі, старшы настаўнік (па звестках на 1837 г.)

Нікольскі, старшы настаўнік Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на 1837 г.)

Пакроўскі, інспектар Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на 1838 / 1839 навучальны год);

Класоўскі, старшы настаўнік Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на 1838 / 1839 навучальны год);

Іван Гаўрылавіч Дальфен, ураджэнец Жэневы, настаўнік французскай мовы ў Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1856 г.);

Фелікс Палітоўскі, настаўнік Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на 1859 г.);

ВасільСакалоў, старшы настаўнік рускай славеснасці Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1864 г.);

Сяргей Грузаў, старшы настаўнік матэматыкі Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1864 г.);

Канстанцін Пігулеўскі, старшы настаўнік натуральнай гісторыі Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1864 г.);

Пётр Арлоў, старшы настаўнік "Законоведения" Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1864 г.);

Васіль Кавалеўскі, старшы настаўнік лацінскай мовы Гродзенскай губернскай гімназіі (па звестках на люты 1864 г.);

Іван Фіжан, утрымальнік прыватнага дзявочага пансіёну, зачыненага ў 1833 г. з прычыны яго арышту "по прикосновенности к делу об открывшихся в Гродно мятежнических замыслах";

ВосіпФіжан, настаўнік французскай мовы ў Гродзенскай гімназіі, у 1835 г. атрымаў дазвол на адкрыццё жаночага пансіёну ў Гродна;

Марыя Главацкая, хатняя настаўніца, гувернантка, якая займалася навучаннем дзяцей гродзенскага поштмейсцера Высочына, пазней памешчыцы Сітнікавай, а ў 1833 г. звярталася з прашэннем аб заснаванні ў Гродна прыватны жаночы пансіён;

Друэ і Баранкевічава, утрымальніцы жаночых пансіёнаў Гродна (па звестках на 1835 г.);

Соф'я Карлаўна Савіч (фон Бізінг), утрымальніца прыватнага ўзорнага дзявочага пансіёну, які праіснаваў у Гродна з ліпеня 1838 па ліпень 1839 г.;

Францішак дэ Ліўрон, настаўнік французскай мовы ў Гродзенскай гімназіі, які ў 1842 г. разам з жонкаю Лізаветай з Арнольдаў атрымаў дазвол на адкрыццё прыватнага ўзорнага дзявочага пансіёну;

Ганна Загуроўская, утрымальніца прыватнага дзявочага пансіёну з 1844 г., якая ў 1860 г. была прызначаная ўтрымальніцай жаночага вучылішча, набліжанага па вучэбнаму курсу да гімназіі (начальнікам яго стаў Вінаградаў);

Круповіч, утрымальніца прыватнага дзявочага пансіёну (па звестках на 1860 г.);

Чашнікаў, начальнік жаночай гімназіі ў Гродна (па звестках на1863 г.);

Шмігер, Косаўскі, ксяндзы, выкладчыкі Закона Божага ў жаночай гімназіі ў Гродна (па звестках на1863 г.);

Підот, Зянковіч, настаўніцы французскай мовы ў жаночай гімназіі ў Гродна (па звестках на1863 г.);

Балвановіч, Іваноў, выкладчыкі рускай славеснасці ў жаночай гімназіі ў Гродна (па звестках на1863 г.);

Варвара Скрэнтоўская, Лізавета Тафрас, настаўніцы рукадзелля ў жаночай гімназіі ў Гродна (па звестках на1863 г.);

Аўгустын Андрэ, аўтар праекту стварэння ў Гродна музычнага інстытуту (1841 г.);

Іцка Эберул, утрымальнік ешывы (па звестках на 1858 г.);

Бендзетсон, утрымальнік прыватнай руска-габрэйскай школы (па звестках на 1868 г.);

Шматлікія настаўнікі (меламеды) габрэйскіх рэлігійных школаў (хедараў): 71 чалавек у 1839 г., 33 - у 1858 г., 77 - у 1868 г.

У завяршэнне адзначым, што навучальныя ўстановы Гродна, іх выкладчыкі і навучэнцы зведалі на сабе ўсе павароты адукацыйнай палітыкі царызму разглядаемага часу. Нагадаем, што да сярэдзіны 20-х гадоў ХІХ ст. у сувязі з ліберальным стаўленнем расійскіх уладаў да мясцовай шляхты, асвета амаль цалкам была аддадзеная ў рукі патрыётаў Рэчы Паспалітай на чале з Адамам Чартарыйскім (папячыцелем Віленскай навучальнай акругі). Школа займала значнае месца ў іх планах як сродак выхавання новых змагароў за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Гэта дасягалася праз выкладанне гісторыі Рэчы Паспалітай, польскай мовы, літаратуры. Руская мова не была абавязковым прадметам, яна вывучалася па жаданню вучняў. Пасля следства і суда над філарэтамі і філаматамі пачынаецца русіфікацыя адукацыі, якая ўзмацнілася пасля падаўлення паўстанняў 1830 - 1831 гг. і, асабліва, 1863 г. Адбывалася разбурэнне культурнай інфраструктуры, якая склалася да канца ХVШ ст. Што датычыць беларускай мовы, то яна, як і раней, не дапускалася ў школу. Такім чынам, узнікненне беларускай школы было немагчымым. Не ўсведамляла такой неабходнасці і насельніцтва. Рух за беларускую школу ў Беларусі, у тым ліку і ў Гродна, разгарнуўся толькі ў пачатку ХХ ст.



[1] Ф. 1.- Воп. 1. - Адз. зах. 1800. "Отчёт директора училищ Гродненской губернии о состоянии училищ и количестве учащихся в них". - Арк. 1 адв.

[2] Там сама. - Адз. зах. 2176. "Дело об израсходовании денежных сумм по приказу общественного призрения на воспитание детей. 1820 г.". - Арк. 95 - 95 адв.

[3] Там сама. - Адз. зах. 1801. "Об открытии в Гродненской губернии училищ по методу Белла и Ланкастера. 1821 - 1823 гг. ". - Арк. 80.

[4] Там сама. - Арк. 54.

[5] Там сама. - Воп. 2. - Адз. зах. 1238. "Переписка с МВД, Гродненской врачебной управой и другими учреждениями о раздаче воспитанников Гродненского приказа общественного призрения на воспитание жителям городов и деревень ввиду отсутствия здания и плохого питания. 1825 - 1829 гг.». - Арк. 110 адв., 116 - 117, 139.

[6] Там сама.- Воп. 3. - Адз. зах. 422. "Статистических сведениях о народном хозяйстве по уездам Гродненской губернии за 1829 г.". - Арк. 142.

[7] Там сама. - Арк. 144.

[8] Там сама. - Арк. 140.

[9] Там сама.

[10] Там сама. - Воп. 19. - Адз. зах. 947. "Переписка с земскими судами о представлении сведений о количестве учителей и учащихся частных школ. 1835 - 1841 гг.". - Арк. 6 - 7.

[11] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 683. "Дело по донесению Почетного Попечителя Гродненской гимназии князя Радзивила об открытии Благородного Пансиона при Гродненской гимназии. 1834 - 1838 гг.". - Арк. 3.

[12] Там сама. - Арк. 39, 51, 76 - 77, 93.

[13] Там сама. - Адз. зах. 737. "Дело об устройстве в зданиях упразднённого в Гродно Доминиканского монастыря гимназии и благородного пансиона. 1836 - 1837 гг.". - Арк. 1, 1 адв., 62, 144 - 145.

[14] Там сама. - Воп. 19. - Адз. зах. 1723. "Дело по представлению Директора училищ Гродненской губернии об открытии нового с 8 сентября 1838/1839 г. учебного курса". - Арк. 2.

[15] Там сама. - Воп. 13. - Адз. зах. 1478. "Переписка с попечителем Виленского учебного округа, Гродненской дирекцией народных училищ и другими учреждениями о преобразовании училищной системы, об открытии новых училищ и другим вопросам. 1864/1865 гг.". - Арк. 55, 55 адв.

[16] Там сама. - Воп. 28. - Адз. зах. 708. "Сведения к отчёту о состоянии губернии за 1855 г.". - Арк. 125 - 125 адв.

[17] Там сама. - Арк. 15.

[18] Там сама. - Арк. 395 адв., 399.

[19] Там сама. - Арк. 99.

[20] Там сама. - Арк. 394 адв.

[21] Там сама. - Воп. 13. - Адз. зах. 1478. "Переписка с попечителем Виленского учебного округа, Гродненской дирекцией народных училищ и другими учреждениями о преобразовании училищной системы, об открытии новых училищ и другим вопросам. 1864/1865 гг.". - Арк. 74.

[22] Там сама. - Воп. 13. - Адз. зах. 1146. "Переписка с МВД, Гродненской дирекцией училищ и другими учреждениями об открытии воскресных школ в городах губернии. 1860 - 1862 гг.". - Арк. 27 - 27 адв.

[23] Там сама. - Воп. 34. - Адз. зах. 69. "О временном закрытии воскресных школ по Гродненской губернии. 1862 - 1863 гг.". - Арк. 1.

[24] Там сама. - Воп. 6. - Адз. зах. 1491. "Дело о неаккуратной посылке детей гродненскими мещанами в приходские училища. 1868 г.". - Арк. 1.

[25] Там сама. - Воп. 20. - Адз. зах. 432. "Ведомости о количестве магометанских училищ, мечетей, прихожан обоего пола за 1840 г.". - Арк. 7 - 7 адв.; Адз. зах. 932. "Ведомости о количестве магометанских училищ, мечетей, прихожан обоего пола за 1842 г."

[26] Там сама. - Воп. 19. - Адз. зах. 1724. "Дело об учреждении в Гродно уездного еврейского училища. 1838 - 1839 гг.". - Арк. 13.

[27] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 1563. "Сведения о частных еврейских учителях и обучающихся. 1858 г.". - Арк. 1.

[28] Там сама. - Арк. 14 - 15 адв.

[29] Там сама. - Адз. зах. 2387. "Дело по отношению Гродненского Директора училищ о предположению посылать учеников Талмуд-Торы и Ешиботов для обучения русским предметам в Гродненское казённое училище. 1868 г.".- Арк. 16, 12.

[30] Тэкст гэтых правілаў прыведзены ў: Ф. 1. - Воп. 28. - Адз. зах. 193. "Дело по предложению генерал-губернатора о наблюдении за евреями, занимающимися обучением - меламедами. 1850 - 1851 гг.". - Арк. 47.

[31] Там сама. - Арк. 7.

[32] Там сама. - Арк. 55.

[33] Там сама. -Воп. 19. - Адз. зах. 1724. "Дело об учреждении в Гродно уездного еврейского училища. 1838 - 1839 гг.". - Арк. 1 - 11.

[34] Там сама. - Воп. 28. - Адз. зах. 708. "Сведения к отчету о состоянии губернии за 1855 г.». - Арк. 125.

[35] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 1563. "Сведения о частных еврейских учителях и обучающихся. 1858 г.". - Арк. 45.

[36] Там сама. - Адз. зах. 2387. "Дело по отношению Гродненского Директора училищ о предположению посылать учеников Талмуд-Торы и Ешиботов для обучения русским предметам в Гродненское казённое училище. 1868 г.".- Арк. 31.

[37] Там сама. - Адз. зах. 439. "Дело об установлении политической благонадежности Гловацкой Марии для предоставления ей права открыть частный пансион в г.Гродно. 1833 г.". - Арк. 1 - 2, 4.

[38] Там сама. - Адз. зах. 306. " Дело по отношению Директора училищ Гродненской губернии о закрытии частного девичьего пансиона, содержимого в г.Гродно иностранцем Фижаном. 1833 г.". - Арк. 1 - 13.

[39] Там сама. - Адз. зах. 679. "Дело по прошению учителя французского языка Гродненской гимназии Осипа Фижана о разрешении ему открыть в Гродно частный пансион благородных девиц. 1834 г." - Арк. 1.

[40] Там сама. - Воп. 19. - Адз. зах. 979. "Дело о разрешении учителю Гродненской гимназии Осипу Фижану открыть в Гродно пансион благородных девиц. 1835 г." - Арк. 1.

[41] Там сама. - Адз. зах. 1479. «О доставлении сведений, которые из нынешних содержательниц частных девичьих пансионов в Гродно способны и благонадежны к управлению образцовым учебным заведением [Об открытии в Гродно частного девичьего пансиона]. 1837 - 1840 гг.» - Арк. 1 - 2.

[42] Там сама. - Арк. 4.

[43] Там сама. - Арк. 8.

[44] Там сама.

[45] Там сама. - Арк. 11.

[46] Там сама. - Арк. 34 - 34 адв.

[47] Там сама. - Арк. 46.

[48] Там сама. - Арк. 71 адв.

[49] Там сама. - Арк. 97.

[50] Там сама. - Воп. 20. - Адз. зах. 903. "Дело по отзыву Директора училищ Гродненской губернии о дозволении жене учителя Гродненской гимназии Елизавете де Ливрон возобновить в Гродно девичий пансион. 1842 г.". - Арк. 1 - 2.

[51] Там сама. - Адз. зах. 924. "Об открытии в Гродно девичьего пансиона учителем французского языка Гродненской гимназии де Ливроном. 1842 г.". - Арк. 1, 3.

[52] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 1059. "Дело по прошению дворянки Загуровской о разрешении ей открыть пансион в г.Гродно. 1850 г.". - Арк. 1.

[53] Там сама. - Воп. 28. - Адз. зах. 708. "Сведения к отчёту о состоянии губернии за 1855 г.". - Арк. 125 адв., 393.

[54] Там сама. - Воп. 13. - Адз. зах. 1152. "Об открытии женских училищ по губернии. 1858 - 1862 гг.". - Арк. 1 - 3.

[55] Там сама. - Арк. 189 - 197 адв.

[56] Там сама. - Арк. 198.

[57] Там сама. - Арк. 30 адв., 101.

[58] Там сама. - Арк. 124.

[59] Там сама. - Арк. 89 - 92.

[60] Там сама.

[61] Там сама. - Арк. 133 - 134.

[62] Там сама. - Воп. 34. - Адз. зах. 485. "Дело об установлении наблюдения за преподавателями женской гимназии в Гродно, подозреваемыми в политической неблагонадежности. 1863 г.". - Арк. 1 - 2, 7 адв., 13.

[63] Там сама. - Арк. 7 адв.

[64] Там сама. - Арк. 4, 25, 27, 38.

[65] Там сама. - Воп. 1. - Адз. зах. 3018. "Дело по рапорту Гродненского архитектора о присылке в г.Гродно детей для обучения их каменщиками и плотницкому ремеслу. 1822 г.". - Арк. 1.

[66] Там сама. - Воп. 5. - Адз. зах. 95. "Дело по предложению Г-на Министра государственных имуществ относительно обучения мальчиков (сыновей казённых крестьян) для должности сельских писарей. 1840 г.". - Арк. 2, 38 - 38 адв., 46.

[67] Там сама. - Воп. 1. - Адз. зах. 83. "По прошению жительницы г.Гродно Корчевской Розалии о выдаче ей свидетельства об окончании повивальной школы и о принятии ее на работу по специальности. 1804 г."

[68] Там сама. - Адз. зах. 1051. "Переписка с врачебными управами о зачислении к должностям врачей, о состоянии больных и по другим вопросам. 1817 - 1819 гг." Падобная інфармацыя ў Адз. зах. 805, 2182.

[69] Там сама. - Адз. зах. 3020. "Дело об отправлении воспитанников приказов общественного призрения в Санкт-Петербург для зачисления в аптекарскую школу. 1822 г.". - Арк. 6.

[70] Там сама. - Воп. 10. - Адз. зах. 533. "Дело об незачислении в Медико-хирургическую академию дворянина Павловича ввиду не сдачи вступительных экзаменов". - Арк. 1, 4, 5.

[71] Там сама. - Адз. зах. 2256. "Дело по отзыву Правления Литовской Гркео-Униатской Семинарии об отправлении в Санкт-Петербургскую Медико-хирургическую академию воспитанников Лукашевича и Наркевича". - Арк. 2, 4.

[72] Там сама. - Адз. зах. 517. "Дело о назначении Добжицкого Иосифа и Манулевича Иосифа кандидатами Санкт-Петербургского практического технологического института. 1832 г.". - Арк. 1.

[73] Там сама. - Арк. 3.

[74] Там сама. - Арк. 9 - 10.

[75] Там сама. - Арк. 18.

[76] Там сама. - Воп. 21. - Адз. зах. 248. "Переписка с Департаментом мануфактур и внутренней торговли Министерства финансов о командировании кандидата в Петербургский Технологический институт. 1846 г.". - Арк. 1.

[77] Там сама.

[78] Там сама. - Арк. 3, 8, 8 адв.

[79] Там сама. - Воп. 20. - Адз. зах. 490. "По рапорту Гродненского полицмейстера относительно предполагаемого учреждения в Гродно иностранцем Августином Андре музыкального института". - Арк. 1.

[80] Там сама.

[81] Там сама. - Арк. 2.

[82] Там сама. - Воп. 1. - Адз. зах. 1331. "Дело об открытии на средства дворян военных училищ в губерниях. 1818 г."

[83] Там сама. - Воп. 2. - Адз. зах. 441. "Циркуляр МВД о доставлении сведений о суммах, пожертвованных в губерниях на учреждение военных училищ. 1824 г.". - Арк. 3.

[84] Там сама. - Воп. 10. - Адз. зах. 417. "Дело об определении сыновей участников восстания 1831 г. в кадетские корпуса и военные кантонисты. 1832 г.". - Арк. 18 - 19.

[85] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 1595. "Дело по прошению вдовы чиновника Чаплиной Юлии о направлении ее трех сыновей в Московское военное училище на счёт казны. 1859 г."

[86] Там сама. - Адз. зах. 1601. "Дело по прошению жены губернского секретаря Троцкой Леонории о принятии детей ее в Псковское военное училище. 1859 г."

[87] Там сама. - Адз. зах. 1605. "Дело о направлении за счёт казны в Киевское военное училище сына губернского секретаря Кроткова Михаила. 1859 - 1860 гг."

[88] Там сама. - Воп. 29. - Адз. зах. 299. "Дело по прошению дворянина Игнатовича и Королько о зачислении их в Киевский университет". - Арк. 1 - 1 адв.

[89] Там сама. - Воп. 27. - Адз. зах. 943. "Дело об установлении материального положения студентов Киевского университета Розенблюма и Лазаревича для освобождения их от платы за обучение. 1849 г."

[90] Там сама. - Адз. зах. 1604. "О зачислении на казённую стипендию студента 2 курса Московского университета Сигизмунда Политовского. 1859 г." - Арк. 1, 2 адв.

[91] Там сама. - Воп. 2. - Адз. зах. 390. "Дело о запрещении жителям 5 губерний отсылать своих детей в г.Краков учиться. 1823 г.". - Арк. 1, 10, 18, 18 адв., 22 - 23, 30 - 30 адв.

[92] Там сама. - Воп. 1. - Адз. зах. 3012. "Дело по предложению Военного губернатора о наблюдении дабы помещики Гродненской губернии не отдавали своих детей за границу в училища к иезуитам. 1822 г.". - Арк. 2.

[93] Там сама. - Воп. 2. - Адз. зах. 259. "Дело по предложению Военного губернатора о воспрещении обывателям выписывать через своих корреспондентов или знакомых людей из чужих краёв газеты. 1823 г. ". - Арк. 8.

[94] Там сама. - Адз. зах. 1502. "Повеление великого князя о приглашении пренумерантов «Истории Российского государства», сочинённой Карамзиным и переведённой на польский диалект Бучинским. 1826 г.".

[95] Там сама. - Воп. 28. - Адз. зах. 401. "Об отказе губернатору в вызове из Франции Карла Монье для воспитания его детей. 1852 г.". - Арк. 5 - 5 адв.

[96] Там сама. - Воп. 1. - Адз. зах. 2996. "Дело о запрещении учителям заниматься педагогической деятельностью без разрешения попечителя учебным округом. 1822 - 1828 гг.". - Арк. 58.

[97] Там сама. - Воп. 28. - Адз. зах. 456. "Циркуляр МВД о запрещении разным лицам содержать у себя пансионы и школы без разрешения. 1853 г.". - Арк. 1.

[98] Там сама. - Адз. зах. 455. - Арк. 1.

[99] Там сама. - Арк. 6.

[100] Там сама. - Арк. 9.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX