Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Мястэчкі Гродзенскага ўезда ў XIX - пачатку ХХ ст.     


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Rocznik grodzieński. Nr 1. 2007. S. 9 – 33.



Артыкул прысвечаны сацыяльна-эканамічнаму і этнакультурнаму развіццю мястэчак Гродзенскага ўезда ў ХІХ - пачатку ХХ ст. На аснове дакументальных матэрыялаў, пераважна архіўных, перыядычнага друку, навуковай літаратуры высвятляецца комплекс пытанняў, звязаных з ўзроўнем заселенасці разглядаемых мястэчак, этнаканфесійнай, сацыяльнай, прафесійнай структурай насельніцтва, яго прававым становішчам; аналізуецца гаспадарчае жыццё мястэчак; вызначаецца іх адукацыйна-асветніцкі патэнцыял, характарызуецца архітэктурнае аблічча. На прыкладзе разглядаемага рэгіёна паказана, што мястэчкі - унікальная, вельмі цікавая, шматгранная з¢ява, феномен нашай гісторыі. У адзіным працэсе функцыянавання гэтых паселішчаў узаемадзейнічалі розныя этнасы: беларусы, яўрэі, палякі і інш. Гэта і вызначала своеасаблівасць гаспадарчага і сацыяльна-культурнага жыцця мястэчак, непаўторную атмасферу местачковага сусвету.


Сярод унікальных адметнасцяў беларускага краю асаблівае месца належала мястэчкам - вельмі цікавай, шматграннай з`яве, феномену нашага міналага. Гэтыя паселішчы адыгрывалі надзвычай важную ролю ў развіцці беларускіх земляў, выконваючы адмысловыя эканамічныя, адміністрацыйныя і культурныя функцыі. Яны выступалі пасрэднікамі паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю. Праз шчыльную сетку мястэчак гарады распаўсюджвалі свой уплый на значныя тэрыторыі. Многія мястэчкі нароўні з гарадамі, з`яўляючыся эканамічнымі, культурнымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі бліжэйшага наваколля, мелі функцыю арганізаванага ўздзеяння на яго.

Мястэчкі Беларусі - гэта асаблівы сусвет са сваей непаўторнай атмасферай, непаўторным каларытам. Гэта - саслоўная і этнаканфесійная стракатасць насельніцтва, незвычайная разнастайнасць яго гаспадарчых заняткаў. Гэта - характэрная архітэктура і планіроўка, унікальны, вякамі складзены побыт, "шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый". (Грахоўскі С., С.143.)

Своеасаблівасць мястэчак тлумачыцца іх станам "на памежжы". Як паселішчы пераходнага тыпу паміж вёскай і горадам, паміж гарадской і вясковай "цывілізацыямі", яны арганічна паядналі ў сабе ўклад вясковага і гарадскога жыцця, побыт селяніна і гараджаніна. Акрамя таго феномен мястэчак ва многім тлумачыцца поліэтнічнасцю, поліканфесійнасцю іх насельніцтва, што абумоўлівала шматнацыянальны характар местачковай культуры. На нацыянальную разнастайнасць культурнага ландшафту мястэчак ужо звярталі ўвагу даследчыкі. Захар Шыбека падкрэсліваў суіснаванне тут, як мінімум, двух культурных асяродкаў - яўрэйскага і беларускага. У многіх мястэчках меліся польскія, татарскія і нямецкія асяродкі. (Шыбека З., С. 197.) Вячаслаў Рагойша адзначаў: "Нацыянальная, сацыяльная, рэлігійная, моўная, палітычная талерантнасць, пачуццё сужыцця "у адной лодцы", так характэрныя для колішных і сучасных беларусаў, - усё гэта ў вялікай ступені "напрацоўка" і заслуга мястэчак.‹…› У беларускіх мястэчках на роўных ці з некаторай перавагай аднаго або другога сыходзіліся веры (праваслаўная, каталіцкая, іудзейская, часам - ісламская), этнасы (беларусы, палякі, яўрэі, часам - беларускія татары, рускія стараверы), мовы (беларуская, польская, ідыш, руская). ‹…› Для культуролагаў мястэчка цікавае як унікальная форма спакойнага, талерантнага прадуцыравання і сужыцця некалькіх нацыянальных культур, спецыфічная лабараторыя іх інтэнсіўных узаемасувязей і ўзаемаўзбагачэння, выпрацоўкі на гэтай аснове своеасаблівага феномена - поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры". (Рагойша В., С. 62.)

Найбольш рэльефнымі і вызначальнымі на шматэтнічным культурным ландшафце мястэчак выступалі іудзейская і хрысціянская традыцыі. Найбольш выразнай была і мяжа паміж імі. Калі ж з'явіліся яўрэі ў беларускіх мястэчках? У пісьмовых крыніцах звесткі пра местачковых яўрэяў сустракаюцца з канца XVI ст. Спачатку іх колькасць была нязначнай і абмяжоўвалася адной ці некалькімі асобамі, звычайна арандатарамі корчмаў. Шматлікія разбуральныя войны, што пачаліся ў сярэдзіне XVII ст., прывялі наш край да дэмаграфічнай і гаспадарчай катастрофы. Беларускае мяшчанства было вынішчана, і ўзнікшы вакуум пачало запаўняць яўрэйскае насельніцтва. У XVIII ст. колькасць яўрэяў у мястэчках прыкметна ўзрастае, і яны складаюць значную частку местачковага насельніцтва. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адбывалася канчатковая крышталізацыя соцыя-культурнай мадэлі мястэчка. Гэтыя паселішчы сталі пераважна яўрэйскімі па складу насельніцтва ў выніку гвалтоўнага высялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якое актыўна пачалося пасля выдання "Палажэння аб яўрэях 1804 г." Забарона яўрэям жыхарства і прадпрымальніцтва ў сёлах і вёсках практыкавалася на працягу амаль усяго перыяду знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі.

Такім чынам, на працягу XVIII - XIX ст. Беларусь стала краем яўрэйскіх мястэчак, у кожным з якіх была арганізаваная абшчына са сваімі традыцыйнымі інстытуцыямі, рэгуляваўшымі штодзённае абшчыннае жыццё. Расійскія меры прывялі да канцэнтрацыі яўрэяў у гарадах і мястэчках і, як вынік гэтага, да кансервацыі традыцыйнай яўрэйскай культуры і ўкладу жыцця. Мястэчка для яўрэяў адыграла такую ж ролю ў захаванні традыцыйнай культуры, як вёска для беларусаў. Яно стала для яўрэяў уласным "асяроддзем пражывання". Паступова фармавалася ўяўленне аб мястэчку (на ідыш - "штэтл") як малой яўрэйскай радзіме, "Ізраілі у выгнанні". Мястэчка, такім чынам, пераўтварылася ў асяродак яўрэйскай гісторыі рэгіёна, культурнай творчасці беларускага яўрэйства. Адначасова мястэчкі працягвалі заставацца асяродкамі шляхецкай польскай (ці ліцвінскай) і сялянскай беларускай культур.

Карта Гродзенскага ўезда ў другой палове ХІХ ст.  (Атлас гісторыі Беларусі. Мінск, 2004. С. 86.).

Знаходзячыся ў пастаянным кантакце з хрысціянскім насельніцтвам, яўрэі не маглі не зведаць ўплыву з яго боку. Паміж іудзейскай і хрысціянскай традыцыямі адбываўся пэўны сінтэз, пэўнае ўзаемапранікненне і ўзаемаўзбагачэнне. Так, Валерый Дымшыц, знаўца яўрэйскіх народных казак і тэатральнага мастацтва, сцвярджае, што ў гэтых галінах поле ўзаемаўплыву паміж названымі традыцыямі было шырокім. Барыс Хаймовіч, даследчык помнікаў яўрэйскага пластычнага мастацтва, прыйшоў да высновы, што частка мадэляў хрысціянскага свету пераходзіла ў яўрэйскую традыцыю. Ала Сакалова, спецыяліст па архітэктуры штэтла, адзначае, што, нягледзячы на яе спецыфічнасць і адметнасць, існавалі некаторыя запазычанні, у прыватнасці ў галіне будаўнічай тэхнікі. Зіновій Столяр, вывучаючы музыку яўрэйскага мястэчка, прыйшоў да высновы, што сведчаннем жыцця яўрэяў у іншанацыянальным асяроддзі выступаюць двухмоўныя і поліматыўныя песні і інструментальныя мелодыі, у якіх "ужываюцца" прыкметы фальклору розных народаў. Аўтаномнасць, ізаляванасць яўрэйскай культуры, такім чынам, нельга абсалютызаваць. Як бачым, узаемапранікненне і ўзаемаўзбагачэнне паміж ёй і хрысціянскай культурай былі даволі прыкметныя. І менавіта мястэчка было месцам сустрэчы і перакрыжавання гэтых двух рознародных традыцый.

Усе вышэй адзначаныя асаблівасці мястэчак выразна праяўляліся ў мястэчках Гродзенскага ўезда, які знаходзіўся на беларуска-польска-літоўскім памежжы. Аднак амаль кожнае мястэчка мела свой уласны рытм жыцця, свае традыцыі, свае адметнасці. Паспрабуем на аснове разнастайных архіўных матэрыялаў, звестак з гістарычнай літаратуры скласці «мазаіку» местачковага жыцця ў Гродзенскім уездзе ў ХІХ - пачатку ХХ ст.

Папярэднік сучаснага Гродзенскага раёна, Гродзенскі уезд (адносна перыяду Вялікага княства Літоўскага - павет) існаваў у XV - першай палове ХХ ст., а дакладней з 1413 г. па 1940 г.

У 1795 г. пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай заходняя частка Гродзенскага павета адышла да Прусіі, а ўсходняя - да Расійскай імперыі. Па дадзеных на 1897 г. плошча Гродзенскага уезда складала 3770 кв. вёрст, колькасць жыхароў - 206770 чал. (беларусы, палякі, яўрэі, літоўцы, немцы, татары, рускія). На тэрыторыі Гродзенскага уезда знаходзіліся 1 горад (Гродна), 11 мястэчак (Азёры, Воля, Воўпа, Вялікая Бераставіца, Друскенікі, Індура, Каменка, Крынкі, Лунна, Масты, Скідзель), 955 вёсак, фальваркаў і іншых сельскіх паселішчаў. (ЭГБ. Т.3. С.138.)

Мястэчкі дадзенага рэгіёна, як правіла, вялі сваю гісторыю з ХIV - ХV ст. і з'яўляліся прыватнаўласніцкімі. Пачнём стварэнне «калейдаскопу» местачковага жыцця ў Гродзенскім уездзе з кароткіх гістарычных даведак пра час ўзнікнення ці першых згадак у пісьмовых крыніцах і ўладальнікаў.

Азёры ўпершыню згадваюцца ў 1398 г. як "двор Вітаўта", у XV - XVII ст. - каралеўскае ўладанне, у 1798 г. перайшлі ва ўладанне графа Міхала Валіцкага. У сувязі з паўстаннем 1863 - 1864 гг. маёмасць Валіцкіх канфіскавана.

Першыя пісьмовыя звесткі пра двор Герб Воўпы, зацверджаны 21 студзеня 1792 г.(Цітоў Анатоль. Геральдыка беларускіх местаў (XVI - пачатак ХХ ст.). Мінск, 1998. С. 140.). Воўпу адносяцца да 1449 г., а пра мястэчка Воўпу - да 1517 г. Былі перыяды, калі Воўпа знаходзілася ва ўладанні вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх (першая палова XV ст., другая палова XVI - пачатак XVII ст.). Найбольш знакамітымі прыватнымі ўласнікамі Воўпы былі канцлеры і ваяводы віленскія князі Аляксандр Гальшанскі і Леў Сапега. У 1792 г мястэчка атрымала Магдэбургскае права, быў зацверджаны герб: у блакітным полі бабёр натуральнага колеру. У 1831 г. Воўпа была канфіскавана ў Сапегаў.

Вялікая Бераставіца вядома з пачатку XVI ст., як уладанне ваяводы наваградскага Аляксандра Іванавіча Хадкевіча, які атрымаў яе ад вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра. Пазней Вялікая Бераставіца належала Мнішкам, Патоцкім, а ў разглядаемы перыяд - Касакоўскім.

Герб Крынак, атрыманы 2 лістапада 1569 г.( Цітоў Анатоль. Геральдыка беларускіх местаў (XVI - пачатак ХХ ст.). Мінск, 1998. С. 177.). Індура ў пісьмовых крыніцах вядома з пачатку XVI ст. як двор маршалка ВКЛ Яна Давойнавіча, які ў 1522 г. фундаваў тут драўляны касцёл св. Тройцы, а перад 1525 г. залажыў у Індуры мястэчка. У другой палове XVI - XVII ст. уладальнікамі Індуры былі Кішкі, Радзівілы, Пацы, Валовічы, Ісайкоўскія, Млечкі, у XVIII ст. - Агінскія, Салагубы, Масальскія, у ХІХ ст. - Бжастоўскія, Казлоўскія.

Каменка ў другой палове XVI маёнтак на мяжы Гродзенскага і Лідскага паветаў. У 1599 г. П.Нонгарт заснаваў тут мястэчка. У XVIII - ХІХ ст. уласнасць Тызенгаўзаў, Урускіх, з пачатку ХХ ст. - Сапегаў.

Мястэчка Крынкі, вядомае з XV ст., у перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай мела статус "места", а яго жыхары былі асабіста вольнымі. Гарадскія правы і герб (у чырвоным полі залаты леў) былі нададзены ад Жыгімонта Аўгуста. У 1797 г. расійскі імператар Павел І падараваў 330 крынкаўцаў расійскаму сенатару, тайнаму саветніку Паўлу Дзіваву. Другая частка жыхароў Крынак (каля 100 чалавек) перайшла да сенатара Сакалова. Пазней гаспадаром спадчыны Дзівава стаў палкоўнік Ліпхард, а Сакалова - Іван Вірыён.

Лунна вядома з XVI ст. Належала Валіцкім, Чахоўскім, Ромерам.

Масты ўпершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 г. як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага павета Трокскага ваяводства. Пасля 1589 г. валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. Граматамі каралёў Рэчы Паспалітай 1601, 1633, 1653 і 1677 г. Масты атрымалі некаторыя прывілеі паводле Магдэбургскага права. У канцы XVIII ст. Масты падараваны царскім урадам калежскаму саветніку Літке. Пазней уладальнікамі мястэчка былі стацкі саветнік Шэвальё Дальо, мытны інспектар Мураўёў, памешчыца Велянінава і інш.

Скідзель вядомы з пачатку XVI ст. як велікакняжацкі двор. Перад падзеламі Рэчы Паспалітай мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. У 1796 г. Скідзельскі ключ разам з мястэчкам падараваны Кацярынай ІІ удаве князя Чацвярцінскага і яго дзецям.


Статыстычныя звесткі аб узроўні заселенасці і этнаканфесійным складзе насельніцтва мястэчак разглядаемага рэгіёна ў ХІХ - пачатку ХХ ст. прыведзены ў табліцах.


Табліца 1

Заселенасць мястэчак Гродзенскага ўезда ў 1829 г. *

Мястэчка, уладальнік

дамоў

жыхароў

хрысціянскіх

іудзейскіх

хрысціянаў

іудзеяў

Азёры (Валіцкага)

101

73

489

673

Воля (Кржывіцкага)

6

25

30

163

Воўпа (казённае)

42

35

250

362

Вялікая Бераставіца (Касакоўскай)

65

60

444

543

Індура (Казлоўскага)

39

91

177

1016

Каменка (Тызенгауза)

19

29

85

104

Крынкі (Дзівава)

82

201

543

1915

Лунна (Чахоўскага)

30

55

154

435

Масты (Вяленінай)

115

40

625

90

Скідзель (Чацвярцінскай)

76

127

299

997

Усяго

533

701

2846

5936


* Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 3. Спр. 536. Арк. 105, 118.


Табліца 2

Заселенасць мястэчак Гродзенскага ўезда ў 1857 г. *

Мястэчка

двароў

жыхароў

Азёры

264

1280

Воля

49

244

Воўпа

186

1115

Вялікая Бераставіца

136

1123

Індура

166

1149

Крынкі

100

2442

Лунна

161

741

Масты

172

1395

Скідзель

232

985


* Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп.43. Спр. 77. Арк. 139.


Табліца 3

Заселенасць мястэчак Гродзенскага ўезда ў канцы 70-х - пачатку 90-х гг. ХІХ ст. *

Мястэчка

жыхароў

у тым ліку яўрэяў

Азёры

1013

508

Воўпа

2027

няма звестак

Вялікая Бераставіца

1694

1127

Індура

2426

2200

Крынкі

3336

2823

Лунна

1211

965

Масты

1317

380

Скідзель

1525

1062


* Slownik geograficzny Królestwa Polskiego. Т. ІІІ. Warszawa, 1882. S. 278, 580, 779; Т. XIII. Warszawa, 1893. S. 913; Т.I. Warszawa, 1880. S.422; Т.IV. Warszawa, 1883. S.758; Т.V. Warszawa, 1884. S. 830; Т.VI. Warszawa, 1885. S. 714; Т.Х. Warszawa, 1889. S. 670.


Табліца 4

Заселенасць мястэчак Гродзенскага ўезда ў 1897 г. *

Мястэчка

жыхароў, двароў

Азёры

3283 чал. (у т.л. 1392 яўрэя)

Воўпа

1976 чал. (у т.л. 1151 яўрэй)

Вялікая Бераставіца

1786 чал.

Індура

2674 чал. (у т.л. 2194 яўрэя), 314 двароў

Каменка

533 чал., 74 двары

Масты

2633 чал.

Скідзель

2790 чал., 482 будынкі

* НГАБ у Гродна, Ф. 100, Воп. 1, Спр. 266, Арк. 5 - 7; Еврейская энциклопедия. Т. VIII. СПб., 1903. С.172; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 69; Т. 2. Мн., 1994. С. 435; Т.4. Мн., 1997. с. 41; Т. 5. Мн., 1999. С. 94; Т. 6. Ч. 1. Мн., 2001. С. 320


Табліца 5

Заселенасць мястэчак Гродзенскага ўезда ў 1908 г.*

Мястэчка

жыхароў

Азёры

каля 1350

Воўпа

4300

Вялікая Бераставіца

каля 3000

Індура

каля 2800

Крынкі

каля 3500

Лунна

каля 1500

Масты

каля 1500

Скідзель

каля 2000

* Rouba Napoleon. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. Wilno 1909 - Gdańsk 1995. S.29, 78, 83, 103, 116, 125, 173; НГАБ у Гродна, Ф. 27, Воп. 1, Спр. 129, Арк. 17.


Мястэчка Друскенікі, развіццю якога садзейнічала наяўнасць крыніцы мінеральных водаў, у 1878 г. налічвала 417 жыхароў, яз якіх 219 яўрэяў. (Slownik... Т. IІ. S.167 - 168.) К канцу ХІХ ст. у мястэчку стала пражывалі каля 500 чалавек. А колькасць прыязджаючых на адпачынак і аздараўленне на працягу курортнага сезону з 15 мая па 15 верасня штогод складала каля 20 тыс. чал. Частымі гасцямі былі прадстаўнікі прыгожых мастацтваў, у тым ліку і Эліза Ажэшка. (Rouba N., S. 51.) Матэрыялы першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г., дзякуючы таму, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна захаваліся перапісныя лісты з Друскенікаў, дазваляюць уявіць дастаткова поўную карціну этнаканфесійнай структуры насельніцтва мястэчка. Нагадаем, што падчас гэтага перапісу нацыянальная прыналежнасць вызначалася па моўнаму крытэрыю. Цікава адзначыць, што асобы, назваўшыя роднай мовай літоўскую, на пытанне пра уменне чытаць адказвалі, што чытаюць па-польску.


Табліца 6

Этнаканфесійная структура насельніцтва Друскенікаў у 1897 г. *

Літоўцы-католікі

192

Яўрэі-іудзеі

167

Палякі-католікі

104

Беларусы-католікі

15

Лютэране-немцы

14

Беларусы-праваслаўныя

10

Рускія-праваслаўныя

2

Усяго

504

* Падлічана па: НГАБ у Гродна, Ф. 100, Воп. 1, Спр. 202.


Этнаканфесійная стракатасць была характэрна не толькі для м. Друскенікі ў цэлым, але і для многіх асобных сем'яў. Прывядзём некалькі прыкладаў. Сям'я Чулевіч: муж і сын - католікі, роднай мовай назвалі польскую, а жонка і тры дачкі - праваслаўныя, родная мова - беларуская. Іван Крэйтнер - лютэранін, родная мова - нямецкая, жонка яго - каталічка, родная мова - польская. Сям'я Лукашэвіч: муж - католік, родная мова - літоўская, чытаць умее па-польску; жонка і дачка - праваслаўныя, родная мова - беларуская, чытаюць па-польску. (НГАБ у Гродна, Ф. 100, Воп. 1, Спр. 202, арк. 123, 156, 185.)

Такім чынам, прыведзеныя статыстычныя звесткі дазваляюць прасачыць дынаміку колькасці насельніцтва ў мястэчках Гродзенскага ўезда. Усе мястэчкі паступова павялічвалі колькасць навельніцтва. Найбольшы рост прадэманстравала Воўпа: з 612 жыхароў у 1829 г. да 4300 у 1907 г. Па велічыні разглядаемыя мястэчкі канца ХІХ - пачатку ХХ ст. можна ўмоўна падзяліць на вялікія (ад 2 да 5 тыс. чал.) - Крынкі, Воўпа, Індура, Масты, Скідзель; дробныя (ад 500 да 2 тыс. чал.) - Азёры, Лунна, Вялікая Бераставіца, Друскенікі, Каменка; мястэчкі-сёлы (меньш за 500 чал.) - Воля. Як правіла, пісьмовыя крыніцы ХІХ - пачатку ХХ ст., што праліваюць святло на праблему этнаканфесійнай структуры насельніцтва мястэчак, утрымліваюць інфармацыю толькі па 2-х групах: хрысціянах і іудзеях. Таму немагчыма зрабіць поўны аналіз этнаканфесійнай структуры местачковых жыхароў (за выключэннем Друскенікаў у 1897 г.). Адназначна можна гаварыць пра перавагу яўрэйскага (іудзейскага) насельніцтва над хрысціянскім амаль ва ўсіх мястэчках Гродзенскага ўезда (акрамя Мастоў, Друскенікаў), што было абумоўлена, галоўным чынам, мерамі расійскіх уладаў па высяленню яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі.

Уявіць карціну этнаканфесійнай структуры насельніцтва мястэчак Гродзенскага ўезда ўцэлым можна з дапамогай апублікаваных у 1903 г. матэрыялаў першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. па Гродзенскай губерні. Табліца XXIV адлюстроўвае размеркаванне насельніцтва па роднай мове і саслоўях ва ўездах. Мяшчане і купцы Гродзенскага ўезду паказаны без г. Гродна, а значыць гэта, як правіла, жыхары мястэчак.


Табліца 7

Склад мяшчанаў Гродзенскага ўезда ў 1897 г. па роднай мове *

Родная мова

мужчыны

жанчыны

велікаруская

217

88

маларуская

3

3

беларуская

3229

3122

польская

715

762

літоўская

3

2

латышская

1

1

нямецкая

69

69

цыганская

1

-

яўрэйская

8843

9391

фінская

1

1

не указалі

2

2

усяго

13084

13441

*Первая всеобщая перепись населения Росийской империи1897 г. СПб., 1903. Т. XI. Гродненская губерния. С. 290.


Табліца 8

Склад купцоў Гродзенскага ўезда ў 1897 г. па роднай мове *

Родная мова

мужчыны

жанчыны

велікаруская

5

6

беларуская

4

4

яўрэйская

13

13

усяго

22

23

*Первая всеобщая перепись населения Росийской империи1897 г. СПб., 1903. Т. XI. Гродненская губерния. С. 290.


Такім чынам, ускосныя дадзеныя яшчэ раз пацвярджаюць факт этнаканфесійнай разнастайнасці жыхароў мястэчак разглядаемага рэгіёна.

Як складваліся ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп местачковага насельніцтва? Адназначна адказаць на гэтыя пытанні немагчыма. Вывучэнне дакументальных крыніц, мемуарнай літаратуры дазваляе зрабіць выснову аб тым, што міжнацыянальныя і міжканфесійныя ўзаемаадносіны ў мястэчках Беларусі не былі адназначнымі. Мелі месца праявы ўсіх тыпаў гэтых адносін: сяброўскіх, нейтральных, непрыязных. Амплітуда іх вагалася паміж палюсамі добразычлівасці, талерантнасці, эканамічнага супрацоўніцтва, міжкультурнага дыялогу - і ізаляцыянізма, нецярпімасці, падазронасці і нават варожасці. Аднак да гэтага негатыўнага полюсу міжэтнічныя адносіны ў мястэчках Беларусі набліжаліся рэдка. Дзяржаўны антысемітызм часоў Расійскай імперыі меў мінімальны ўплыў на беларусаў. У мястэчках гэты ўплыў адчуваўся слаба. Адносіны паміж рознымі этнаканфесійнымі групамі насельніцтва мястэчак характарызаваліся высокай ступенню талерантнасці.

На жаль, намі не выяўлена ўспамінаў жыхароў мястэчак Гродзенскага ўезда, якія б пацвердзілі прыведзеную вышэй выснову канкрэтнымі прыкладамі. У дакументальных матэрыялах, якія датычаць мястэчак Гродзенскага ўезда, вельмі рэдка сустракаецца інфармацыя, якая негатыўна характарызуе адносіны паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп насельніцтва. Адзін такі факт, які сведчыць пра існаванне забабонаў у адносінах паміх хрысціянамі і іудзеямі, і ў якім праглядаецца водгалас так званага " крывавага нагавора", меў месца ў Скідзелі ў 1828 - 1829 гг. У НГАБ у г.Гродна захавалася "Дело о расследовании факта найденных человеческих черепов и костей в доме жителей местечка Скидель Черни Берковой и Фейги Хаимовой". Сутнасць справы заключалася ў тым, што Настасся Станкевіч бачыла, як две яўрэйкі неслі чалавечыя косці, і паведаміла пра гэта святару. У дамах яўрэяк быў наладжаны вобыск і выяўлены косці. Следства высветліла, што косці былі знойдзены жанчынамі каля ракі пасля вясенняй паводкі, і яны збіраліся іх скарыстаць для лячэння гарачкі. Рашэнне па гэтай справе было наступнае: "…было опрошено достаточное число лиц христиан и евреев, ничего худого за оговоренными еврейками не открыто. (…) за употребление человеческих костей к предпринятому ими непозволительному врачеванию, сопряженному с суеверием, наказать по 10 ударов розгами". (НГАБ у Гродна. Ф. 1. Воп. 3. Спр. 352. Арк. 14-32.)

Эканамічная канкурэнцыя паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп насельніцтва мястэчак прысутнічала ў мінімальных памерах. Слаба праяўлялася і канкурэнцыя ў палітычнай сферы. Некалькі прыкладаў нязначнай напружанасці паміж яўрэямі і неяўрэямі мястэчак Гродзенскага ўезда даносяць да нас дакументы па выбарах органаў мяшчанскага самакіравання. Намі вывучаны справы аб выбарах 1888 - 1889 гг. мяшчанскага старасты і членаў мяшчанскай управы ў мястэчках Друскенікі, Масты, Азёры, Воўпа. (НГАБ у г.Гродна. Ф. 1. Воп. 17. Спр. 1460, 1471, 1480, 1489.) Найбольшую канфліктнасць мелі выбары ў Воўпе, якія прыходзілася праводзіць аж 5 разоў: калі выбіралі яўрэя, мяшчане-хрысціяне пісалі скаргу ў адміністрацыю губернатара, а калі выбіралі хрысціяніна, то тое ж самае рабілі яўрэі. Прыведзеныя факты пэўнай напружанасці ў міжэтнічных узаемаадносінах у мястэчках Гродзенскага ўезда не супярэчаць агульнай выснове пра дастаткова высокую ступень талерантнасці местачкоўцаў.

Стракатай была і сацыяльная структура насельніцтва мястэчак. Прывядзём некалькі прыкладаў. Сацыяльны склад Індуры на 1829 г.: мужчынскае насельніцтва складалася з 3 дваранаў, 1 прадстаўніка духавенства (ксёндз), 496 мяшчанаў, 55 сялянаў, 4 жабракоў. (НГАБ у г.Гродна. Ф. 1. Воп. 3. Спр. 422. Арк. 121 - 122.) Паводле інвентара Мастоў 1845 г. у мястэчку налічвалася 170 двароў: "115 цяглых сялянскіх гаспадарак, 8 сем'яў агароднікаў і кутнікаў, 47 сем'яў чыншавых яўрэяў і вольнага стану людзей" (НГАБ у Гродна, Ф. 96. Воп. 1, Спр. 201. Арк. 47.).

Асноўнымі саслоўнымі групамі ў мястэчках з'яўляліся мяшчане (як правіла, яўрэі) і сяляне. Акрамя таго архіўныя крыніцы першай паловы ХІХ ст. узгадваюць ў мястэчках: дваранаў, разначынцаў, духавенства, ваенных, стацкіх, купцоў, аднадворцаў, дваровых людзей, "замежных падданых", "ганаровых грамадзянаў" і інш. Колькасць гэтых саслоўных груп была невялікая, за выключэннем ваенных. Адстаўныя ваенныя, што жылі ў мястэчках стала, былі малалікімі. Аднак колькасць ваенных часам была даволі прыкметнай з-за кватэравання войскаў у мястэчках. Так, у 1826 - 1830 гг. у 9 мястэчках Гродзенскага уезда (дзе налічвалася 569 хрысціянскіх двароў і 645 яўрэйскіх) было размешчана на пастой 4 штаб-афіцэры, 16 обер-афіцэраў, 407 салдат, у тым ліку ў яўрэйскіх дамах адпаведна 1, 11, 227. (НГАБ у Гродна, Ф. 1. Воп. 2, Спр. 1374. Арк. 88-89.) У 1834 - 1835 гг. батальённыя штабы размяшчаліся ў Скідзеле, Лунна, Індуры, Крынках, Азёрах; ратныя двары - у Каменцы, Мастах, Волі. (НГАБ у Гродна, Ф. 1. Воп. 4. Спр. 317. Арк. 34.)

Многія мястэчкі выступалі адміністрацыйнымі цэнтрамі акругі. У 1857 г., напрыклад, валасныя ўправы і станавыя кватэры знаходзіліся ў Крынках, Лунна, Скідзелі, Азёрах; валасныя ўправы - у Вялікай Бераставіцы, Воўпе, Мастах; станавая кватэра - у Індуры. (РДГА. Ф.1290. Воп. 4. Спр. 77. Арк. 138 - 139.) А гэта значыць, што ў складзе насельніцтва мястэчак меліся станавыя і валасныя чыноўнікі.

Такім чынам, сацыяльны склад местачковага насельніцтва ў першай палове ХІХ ст. уяўляў сабою дастаткова складаны кангламерат розных саслоўных груп, характэрных для дакапіталістычнай эпохі.

З развіццём рынкавых адносінаў выразныя межы, што дзялілі саслоўі, паступова знікаюць. К канцу ХІХ - пачатку ХХ ст. саслоўны падзел шмат у чым стаў фармальным. Аднак саслоўнасць заставалася ўсё ж такі даволі істотным элементам грамадскага жыцця. У мястэчках Беларусі ў парэформенны перыяд можна было сустрэць прадстаўнікоў усіх саслоўных груп: купцоў, мяшчанаў, ганаровых грамадзянаў, розных катэгорый сялянаў. Адносна мястэчак Гродзенскага ўезда найбольш поўная інфармацыя пра саслоўную структуру ёсць па Друскеніках, дзякуючы зноў жа захаванню перапісных лістоў 1897 г.


Табліца 9

Саслоўная структура насельніцтва Друскенікаў у 1897 г. *

Мяшчане

171

Сяляне з уладальніцкіх

36

Сяляне з казённых

132

Сяляне з мяшчанаў

1

Дваране

13

Жыхары Царства Польскага

137

Прускія падданыя

14

Усяго

504

* Падлічана па: НГАБ у Гродна, Ф. 100, Воп. 1, Спр. 202.


Статыстычныя звесткі пра гарадскія саслоўі Гродзенскага ўезда без г.Гродна адлюстроўваюць, галоўным чынам, колькасць гэтых сацыяльных груп у мястэчках. У 1861 г. у Гродзенскім уездзе да купецтва адносілася 40 мужчын і 45 жанчын, да мяшчанства - 4018 мужчын і 4609 жанчын, да цэхавых рамеснікаў 291 мужчын і 275 жанчын. У гэтым годзе пасведчанні купцоў 3-яй гільдыі атрымалі 4 жыхары Індуры, 2 - Лунна, 1 - Воўпы. (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 6. Спр. 129. Арк. 54 - 55, 72.) У 1897 г. у Гродзенскім ўездзе, як паказана вышэй у табліцах 7 і 8, налічвалася купцоў - 22 мужчыны і 18 жанчын, мяшчан - 13084 мужчын, 13441 жанчын.

Такім чынам, насельніцтва беларускіх мястэчак, у тым ліку Гродзенскага уезда, уяўляла сабой складаны кангламерат розных этнаканфесійных і сацыяльных груп, што знаходзіліся ў стане ўзаемакантактаў і ўзаемаўплываў. Па гэтых якасцях мястэчкі набліжаліся да гарадоў.

З аспектам структуры насельніцтва мястэчак знітавана праблема яго прававога становішча, якое значна пагоршылася пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Адбылося гэта ў выніку запрыгоньвання местачковых мяшчанаў і ўвядзення абмежавальных законаў адносна яўрэяў. Спынімся больш падрабязней на пытанні пераводу мяшчанаў мястэчак у прыгоннае сялянства, паколькі гэта закранула і мястэчкі разглядаемага рэгіёна.

Як вядома, у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай не толькі гарады, але і многія мястэчкі Беларусі карысталіся самакіраваннем паводле Магдэбургскага права, што юрыдычна замацоўвала іх паўнапраўны гарадскі статус. Па падліках А. Карпачова, у другой палове XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі было 438 гарадскіх паселішчаў: 39 гарадоў і 399 мястэчак. 38 мястэчак (ці амаль 10 %) мелі самакіраванне паводле Магдэбургскага права (Карпачев А., С. 91), у тым ліку і тры мястэчкі Гродзенскага уезда: Крынкі, Масты, Воўпа. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі Магдэбургскае права тут было паслядоўна ліквідавана: у Магілёўскай і Пскоўскай губернях у лістападзе 1775 г., у Мінскай - у маі 1795 г., у Слонімскай і Віленскай - у снежні 1795 г. На гарады, якія яго мелі, і на мястэчкі, стаўшыя цэнтрамі уездаў, пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле «Даравальнай граматы гарадам» 1785 г. Жыхары большасці мястэчак, якія гарадскіх правоў не атрымалі, пераводзіліся ў разрад сялянаў і нават раздаваліся прыватным уладальнікам. Праўда, у некаторых найбольш буйных мястэчках захоўваліся мяшчанскія грамады беларусаў (напрыклад, у Івянцы, Койданаве), якія падпарадкоўваліся муніцыпальным органам бліжэйшых гарадоў. Аднак большасць местачковых мяшчанаў-беларусаў пасля далучэння да Расіі была запрыгонена і аб'яднаная ў сялянскія грамады. Такім чынам, жыхары шматлікіх мястэчак, якія раней знаходзіліся на становішчы «местаў», пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расіі страцілі статус мяшчанаў і ператварыліся ў прыгонных сялянаў - памешчыцкіх, калі мястэчка было прыватнаўласніцкім, і дзяржаўных, калі траплялі ў скарб. Што датычыць яўрэяў, то расійскія ўлады ўзаконілі існаванне кагалаў (1776 г.), дазволілі яўрэям запісацца ў гарадскія саслоўі: мяшчанства і купецтва (1779 г.), абклалі іх удвая большымі падаткамі ў параўнанні з прадстаўнікамі гарадскіх саслоўяў хрысціянскага веравызнання (1794 г.), забаранілі пражываць і займацца прадпрымальніцтвам у сельскай мясцовасці, што значыць па-за гарадамі і мястэчкамі (1804 г.).

Цікавай старонкай гісторыі мястэчак Беларусі першай паловы ХІХ ст. з'яўляецца працяглая і ўпартая барацьба местачкоўцаў-беларусаў за вяртанне ім ранейшых правоў, пад якімі разумелася права асабістай свабоды (вызваленне ад прыгоннай залежнасці і вяртанне мяшчанскага статусу) і права на зямлю (пры правядзенні валочнай памеры ў сярэдзіне XVI ст. мястэчкі атрымалі ад дзяржавы пэўную колькасць зямлі, якую мяшчане лічылі сваёй уласнасцю). Прыклады барацьбы былых мяшчанаў за волю і зямлю ў Гродзенскім уездзе (Масты, Воўпа, Крынкі, Скідзель) падрабязна апісаны ў даследаваннях Мікалая Улашчыка, Віталя Карнелюка, Сяргея Токця. Агульнай асаблівасцю гэтага руху былі спасылкі жыхароў мястэчак у прашэннях у розныя інстанцыі (у тым ліку і на імя імператара) на прывілеі манархаў Рэчы Паспалітай. Так, жыхары м. Крынкі ў прашэнні на імя цара ад 10 снежня 1820 г. спасылаліся на прывілеі Жыгімонта Старога, Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя, Уладзіслава IV, Яна Казіміра, Міхала Карыбута Вішнявецкага, Яна ІІІ Сабескага, Аўгуста ІІІ, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У ліпені 1824 г. рашэнне Сената анулявала сілу ранейшых прывілеяў, аднак у снежні 1825 г. сяляне Крынак зноў назвалі сябе мяшчанамі ў прашэнні на імя гарадзенскага губернатара і скардзіліся на прымус да павіннасцей і паншчыны, якія супярэчылі іх прывілеяванаму становішчу. Вышэй пералічаныя прывілеі манархаў Рэчы Паспалітай зноў былі галоўным аргументам сялянаў у патрабаванні волі.

Як бачым, жыхары мястэчак добра ведалі сваю гісторыю (тую яе частку, якая датычыла іх правоў), старанна захоўвалі прывілеі, выдадзеныя іх продкам вялікімі князямі літоўскімі і каралямі польскімі, і выкарыстоўвалі іх у барацьбе за асабістую свабоду і зямлю. Аднак расійскія ўлады, як правіла, адмаўлялі местачкоўцам у пацвярджэнні іх ранейшых правоў. Паказальным у гэтых адносінах з'яўляецца рашэнне Сената ад 28 сакавіка 1824 г., што датычыла м. Масты, але мела і агульнае значэнне. У гэтым рашэнні гаварылася: "Не предстоит никакого сомнения, что обыватели тех местечек должны производить все господские работы и всякие исправлять повинности наравне с крепостными крестьянами, ибо всемилостивейшее пожалование представляет всякому лицу над теми крестьянами право вотчинничества и вместе с тем владение и распоряжение по силе дворянской грамоты. А за сим, если которые жители городов и местечек имеют право отыскивать свободу или привилегии, то могут производить дело об оных установленным порядком, пребывая, однако, до разрешения о них дел в полном повиновении своих владельцев" (Улащик Н. , С. 435.) Сенат спаслаўся тут на "Даравальную грамату дваранству" 1785 г. Такім чынам, менавіта гэты заканадаўчы дакумент, а не прывілеі манархаў Рэчы Паспалітай, выступіў для расійскіх уладаў у ролі крыніцы права ў дадзенай сітуацыі. Гэты указ Сената, нягледзячы на некаторыя агаворкі (права адшукваць свабоду), фактычна скасоўваў усе ранейшыя прывілеі мяшчанаў, ператвараў іх у прыгонных і пазбаўляў права іску, бо больш яскравых доказаў правоў на мяшчанскі статус, чым мелі жыхары мястэчак Гродзеншчыны, наўрад ці можна было знайсці.

Такім чынам, адзінапраўнага становішча местачковага насельніцтва ў разглядаемы перыяд не існавала. Мяшчане-хрысціяне, мяшчане-іудзеі, сяляне, з якіх складалася асноўная частка насельніцтва мястэчак, адрозніваліся прававым статусам, знаходзіліся ў рознай юрысдыкцыі. Праўда, у 1875 г. мяшчане мястэчак атрымалі самастойнае саслоўнае кіраванне. Яўрэйскія і беларускія грамады местачковых мяшчанаў аб'ядноўваліся ў адну. Сельскія ж грамады мястэчак захоўвалі ранейшую самастойнасць. Рэфармаванне мястэчак іх не кранула. У склад местачковых мяшчанаў запісваліся толькі асобныя сяляне, якія канчаткова гублялі свае зямельныя надзелы. Царскія ўлады часам ніяк не маглі выканаць на Беларусі прадпісанне закона: выбраць местачковае мяшчанскае самакіраванне, якое б складалася на 2/3 з хрысціян.

Тым не менш, у мястэчак з'явілася яшчэ адно істотнае адрозненне -мяшчанскае кіраванне - элемент гарадскога жыцця. Яно вяло ўлік сваіх членаў, збірала дзяржаўныя падаткі, а таксама сродкі на дабрачыннасць, адкрыццё школ і бальніц. Іншымі словамі, з сярэдзіны 70-х г. у мястэчках з распрыгоненых мяшчанаў юрыдычна афармлялася гарадская абшчына. Мястэчкі зноў набывалі больш-менш выразную якасць паселішчаў пераходнага стану паміж горадам і вёскай, якую яны гублялі пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі. Аднак местачковыя купцы па-ранейшаму прыпісваліся да бліжэйшых гарадоў, а сялянская грамада адасаблялася ад мяшчанскай. Узнікалі цяжкасці ў стварэнні агульнай гарадской гаспадаркі і гарадскога самакіравання. Не набіралася нават сродкаў на іх утрыманне. Для таго патрабаваліся агульныя намаганні ўсіх жыхароў мястэчак (мяшчанаў, купцоў, сялянаў). Самаўладдзе зусім не спрыяла паразуменню паміж імі. Царскі ўрад нічога не зрабіў, каб ліквідаваць нераўнапраўе мяшчанскіх і сялянскіх грамадаў мястэчак і стварыць тым самым прававую аснову для іх эвалюцыі ў бок гарадской грамады, як супольнасці людзей з больш-менш юрыдычна роўнымі магчымасцямі.

Гаспадарчае жыццё мястэчак Гродзенскага ўезда ў ХІХ - пачатку ХХ ст. ахарактарызуем праз вызначэнне іх гандлёва-прамысловай ролі, сельска-гаспадарчай дзейнасці, прафесійнай структуры насельніцтва.

Прамысловы патэнцыял м. Азёры вызначалі суконная (заснавана ў 1807 г.) і папяровая (1809 г.) фабрыкі. Абедзве належалі Міхалу Валіцкаму. У 1820 г. суконнае прадпрыемства было ў арэндным утрыманні немца Г.Гейзлера, за гэты год было выраблена 22 кускі , 550 аршын. Колькасць рабочых складала 23, з іх 1 майстар, 4 падмайстраў, 3 вучня, 15 жанчын для прадзення воўны. Усе, акрамя майстра, былі з самога мястэчка з сялян графа Валіцкага. (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 1. Спр. 1918. Арк. 12.) Папяровая фабрыка Азёр, па звестках на 1815 г., знаходзілася ў арэндным утрыманні выхадца з Прусіі І.Рульфа, за гэты год выраблена 375 стоп паперы, якія былі прададзены ў Гродна. Майстрам з'яўляўся сам Рульф, памочнікамі яго былі 4 селяніна графа Валіцкага. (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 1. Спр. 565. Арк. 6-7.)

Вельмі распаўсюджанымі заняткамі местачкоўцаў, асабліва яўрэяў, былі вытворчасць і продаж алкагольных напояў. У 1829 г., напрыклад, у мястэчках Гродзенскага уезда налічвалася 42 вінакурні: у Скідзелі - 10, Азёрах - 9, Лунна - 6, Індуры - 5, В.Бераставіцы і Каменцы - па 4, Крынках - 3, Волі - 1. Воўпа на той час была ў складзе Ваўкавыскага уезда, там існавалі 3 вінакурні. У дадзеным архіўным дакуменце змешчана скарга-прашэнне, якую падавалі гродзенскаму губернатару яўрэі мястэчак Лунна, Крынак, Індуры, Вялікай Бераставіцы і Азёр, дзе прасілі не забараняць ім займацца "піцейным промыслам". (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 3. Спр. 536. Арк. 3 - 15, 105.)

Паводле дадзеных "Slownika geograficznego Królestwa Polskiego " і "Энцыклапедыі Гісторыі Беларусі" у канцы 1870-х гг. у Азёрах існавалі "заводы па вырабу свечак і скур"; у канцы 1890-х - "гарбарнае прадпрыемства, папярова-кардонная фабрыка". У Воўпе, згодна гэтых жа крыніцаў, у канцы ХІХ ст. існавала некалькі дробных прамысловых прадпрыемстваў: бровар, 2 гарбарні, фарбаварня; штотыднёвыя таргі, 5 невялікіх кірмашоў, 25 крам; у Вялікай Бераставіцы - 2 млыны, 3 гарбарныя заводы, 2 фарбавальні, 15 крам; у Індуры - бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы завод, 8 корчмаў, таргі па нядзелях; у м. Каменка - 8 кірмашоў штогод, 8 крам, карчма; у Лунна - 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, кірмашы; у Мастах - ліманаднае прадпрыемства, прыстань; у Скідзелі - гарбарная прамысловасць, вінакурня, 4 крамы, штотыднёвыя таргі па аўторкам. У Крынках, паводле паведамлення карэспандэнта "Нашай Нівы", змешчаным у маі 1910 г., былі "шмат крам, бойня, некалькі гарбарняў, штотыднёвыя таргі па чацвяргам, на якія збіраецца многа народу". (Наша Ніва. 1910. № 20.)

Звярнуўшыся да матэрыялаў аб гандлёва-прамысловых абаротах, Захар Шыбека вызначыў іх структуру ў мястэчках Беларусі ў 1900 г. На падставе гэтых дадзеных можна праводзіць эканамічную тыпалогію мястэчак. Сярод мястэчак Гродзенскага ўезда крыніцы дазваляюць вызначыць структуру гандлёва-прамысловых абаротаў Азёраў, Вялікай Бераставіцы, Воўпы, Індуры, Лунна, Скідзеля. Толькі Вялікая Бераставіца мела чыста гандлёвы характар (гандлёвыя абароты складалі 100 %). Прамысловая функцыя найбольш была развітай у Скідзелі (прамысловы абароты складалі 65,2 %, гандлёвыя - 34,8 %). Астатнія былі гандлёва-прамысловымі мястэчкамі з дамінаваннем гандлёвай функцыі (у Азёрах 91,9 % складалі гандлёвыя абароты, 8,1 % - прамысловыя; адпаведна ў Воўпе - 97,8 і 2,2; у Індуры - 98,1 і 1,9; у Лунна - 99,7 і 0,3. (Шыбека З., С. 228.)

У эканамічнай дзейнасці мястэчак, такім чынам, дамінаваў гандаль. У гандлі галоўную ролю адыгрывалі кірмашы, штотыднёвыя базары. Паступова ўзрастала значэнне стацыянарнага гандля праз крамы.

Захавалася справа аб адкрыцці ў Скідзелі 2-х кірмашоў: 24 чэрвеня і 30 верасня. Аб гэтым прасіла княгіня К.Чацвярцінская ў 1814 г. (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп.1. Спр. 408.) У 1829 г. у мястэчках Гродзенскага уезда збіралася 8 кірмашоў штогод (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп.3. Спр. 422. Арк. 139.), у 1840-я гг. колькасць кірмашоў складала 13, у 1850-я гг. - 14. (Швед В., С. 106 - 107.)

Звернем увагу на тое, што акрамя непасрэдна гандлёвай ролі кірмаш адыгрываў і шэраг іншых. Надзвычай шырокімі былі яго культурныя функцыі. Ажыўлялася музычнае і тэатральнае жыццё: прыязджалі акцёры, музыканты, ставіліся драматычныя і оперныя спектаклі. Для яўрэйскай супольнасці кірмаш - гэта яшчэ месца і час, дзе і калі дамаўляліся наконт сватаўства, а таксама рабілі наборы ў іешывы (вышэйшыя рэлігійныя навучальныя ўстановы іудзеяў).

Значнае месца ў гаспадарчым жыцці мястэчак займала сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя заняткі жыхароў мястэчак добра адлюстроўваюць інвентары. Так, інвентар Скідзеля за 1846 г. фіксуе наступную колькасць зямельных угоддзяў, якімі карысталіся местачкоўцы: сядзібная зямля (пад пляцамі і агародамі) - 17 дзесяцінаў; ворыўная зямля - 386 дзесяцінаў; сенажаці - 61 дзесяціна. Колькасць цяглых сялянскіх гаспадарак (што мелі ворыўную зямлю) складала 46 двароў (з 215) ці 21, 3 %. Інвентар зафіксаваў павіннасці, якія выконвалі жыхары мястэчка на карысць уладальніка: адработачныя (паншчына, гвалты, шарваркі, старажоўшчына), грашовы чынш, натуральны аброк. Колькасць жывёлы ў жыхароў Скідзеля ў гэтым годзе была наступнай: 15 коней, 57 валоў, 26 кароў, 52 авечак і коз, 79 свіней. (НГАБ у Гродна. Ф.96. Воп. 1. Спр. 1267.)

Згодна інвентара Мастоў за 1845 г. у карыстанні местачкоўцаў было: 41 дзесяціна сядзібнай зямлі, 1218 дзесянінаў ворыва, 272 дзесяціны сенажацяў, 40 коней, 211 валоў, 290 кароў, 233 авечак і коз, 248 свіней. Колькасць цяглых сялянскіх гаспадарак складала 115 двароў (са 170) ці 67,5 %. (НГАБ у Гродна. Ф.96. Воп. 1. Спр. 201.) Пералік павіннасцей жыхароў Мастоў такі ж самы, як і ў Скідзелі.

Разнастайнасць прафесійнай структуру насельніцтва мястэчак можна ўявіць на прыкладзе Друскенікаў па матэрыялах перапісу 1897 г. У перапісных лістах, складзеных у мястэчку, колькасць названых гаспадарчых заняткаў складае 59. Сярод яўрэяў пашыранымі былі заняткі, звязаныя з рознымі відамі гандля, кравецтвам, шавецтвам, кавальствам, возніцтвам і інш. "Хрысціянскі сектар" эканомікі мястэчка прадстаўлены земляробствам, сталярствам, падзённымі работамі, працай на цагельні, "службай у ваннах" і інш. Многія жанчыны-хрысціянкі былі пазначаны як прачкі, кухаркі, пакаёўкі, няні.

Не меньш разнастайным было гаспадарчае жыццё і іншых мястэчак разглядаемага рэгіёна. Захаваліся звесткі аб прафесійнай структуры членаў пазыка-ашчаднага таварыства, якое дзейнічала ў Воўпе з 1 сакавіка 1907 г. і складалася пераважна з яўрэяў. Так, на 1 студзеня 1910 г. колькасць членаў гэтага таварыства складала 210, з іх толькі 18 належалі да хрысціянскай часткі насельніцтва мястэчка. Спіс членаў таварыства ўтрымлівае інфармацыю пра іх заняткі. У яўрэяў названыя 33 заняткі, з іх самымі папулярнымі былі гандаль, агародніцтва, кравецтва, шавецтва. Сярод хрысціянаў - чыноўнік, ксёндз, поп, млынар і 14 земляробаў. (НГАБ у Гродна. Ф. 27. Воп. 1. Спр. 129. Арк. 96 - 120.)

Такім чынам, мястэчкі Гродзенскага ўезда мелі разнастайны набор гаспадарчых заняткаў насельніцтва, што, разам са складанай структурай насельніцтва, набліжала іх да гарадоў. Кожная этнаканфесійная і сацыяльная група жыхароў мястэчак займала сваю нішу ў іх эканамічным жыцці, якое працякала на аснове своеасаблівага падзелу працы, супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных катэгорый насельніцтва.

Культурнае развіццё мястэчак Гродзенскага ўезда ў разглядаемы перыяд можна адлюстраваць на прыкладзе вызначэння іх адукацыйна-асветніцкага патэнцыялу, архітэктурнага аблічча.

Мястэчкі з'яўляліся адукацыйнымі цэнтрамі, тут знаходзіліся навучальныя ўстановы, у прыватнасці, прыходскія вучылішчы - ніжэйшыя пачатковыя навучальныя ўстановы ў межах царкоўных праваслаўных прыходаў або каталіцкіх парафій.

У Гродзенскім уездзе ў першай палове ХІХ ст. прыходскія вучылішчы ўзгадваюцца ў Вялікай Бераставіцы, Індуры, Воўпе, Крынках, Азёрах, Мастах.

У прыходскіх вучылішчах абавязковым было навучанне дзяцей чытанню, пісьму і лічэнню, але настаўнік па сваім жаданні мог пашырыць кола ведаў. У ведамасці аб навучальных установах Гродзенскай губерні за 1830 г. адзначаецца, што ў прыходскай школе Вялікай Бераставіцы вучэбная праграма складалася з катэхізіса, чытання, чыстапісання, арыфметыкі, рускай і польскай моў, у Воўпе акрамя таго вывучалі- лацінскую мову (РДГА. Ф. 733. Воп. 62. Спр. 1021. Арк. 92 - 103.)

У залежнасці ад крыніцы матэрыяльнага забеспячэння пачатковыя вучылішчы ўмоўна можна падзяліць на тры асноўныя групы: памешчыцкія, абывацельскія (ці мяшчанскія), манастырскія. Арганізацыя памешчыкамі пачатковых школ у сваіх вотчынах для навучання дзяцей прыгонных сялян - з'ява даволі распаўсюджаная ў Беларусі канца XVIII - пачатку XIХ ст. Як правіла, такія школы адкрываліся ў мястэчках - цэнтрах маёнткаў. Так, вучылішча ў Воўпе знаходзілася на ўтрыманні Сапегаў. Да другой групы прыходскіх вучылішчаў адносіліся тыя, што знаходзіліся на ўтрыманні манастыроў розных каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў. Арганізацыя абывацельскіх ці мяшчанскіх пачатковых школ звычайна адбывалася ў выглядзе своеасаблівага дагавору паміж бацькамі вучняў і духавенствам адпаведнага веравызнання. Царква, духавенства давалі школе настаўніка, памяшканне для заняткаў, забяспечвалі навучэнцаў падручнікамі, а бацькі плацілі за гэта грашыма ці натуральнымі прадуктамі. Падобная школа існавала ў Вялікай Бераставіцы. Гэта былі найбольш прымітыўныя па арганізацыі і зместу навучання і даволі стракатыя па свайму сацыяльнаму складу прыходскія вучылішчы. Спынімся больш падрабязней на прыходскім вучылішчы ў Вялікай Бераставіцы. Яно было заснавана пры касцёле Візітацыі Дзевы Марыі яшчэ ў 1615 г., узноўлена ў 1813 г. (Бобровский П., С. 210 - 213.) Звесткі аб колькасці вучняў за некаторыя гады, узятыя з фондаў Расійскага і Літоўскага дзяржаўных гістарычных архіваў: у Вялікай Бераставіцы ў 1817 г. - 13 хлопчыкаў, 1 дзяўчынка; 1826 г. - 5 хлопчыкаў (4 - з дваран, 1 - з сялян), 2 дзяўчынкі (з дваран); 1830 г. - 28 вучняў, 7 вучаніц; 1857 г. - 15 вучняў. Ёсць звесткі аб існаванні ў 1817 г. пачатковай школы ў Малой Бераставіцы: за кошт парафіяльнага касцёла тут вучыліся 15 хлопцаў і 2 дзяўчынкі. (Lachnicki J., S. 74.) У 1803 - 1804 гг. у пачатковым вучылішчы Індуры было 9 вучняў, Мастоў - 10. Па дадзеных на 1818 г. у Індуры вучыліся 6 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, Воўпе - 6 хлопчыкаў, 2 дзяўчынкі. У 1830 г. колькасць вучняў у Воўпе складала 30 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У Крынках пачатковая школа была заснаваная пры касцёле ў 1769 г., у 1817 г. тут вучыліся 2 хлопчыкі, 1 дзяўчынка. Па звестках П.Баброўскага, у 1840 г. у Крынках заснавана прыходскае вучылішча, падпарадкаванае Міністэрству народнай асветы, у Азёрах такое вучылішча адкрылася ў 1851 г. Колькасць вучняў у 1857 г. у Крынках - 24, Азёрах - 18. (Бобровский П., С. 210 - 213.)

У другім дзесяцігодзі ХІХ ст. у Беларусі пачаў распаўсюджвацца метад узаемнага навучання ў пачатковых вучылішчах. З'явіліся ланкастэрскія школы і на Гродзеншчыне. Напрыклад, прыватнае вучылішча ўзаемнага навучання існавала ў мястэчку Воўпа.

3 1843 г. у Гродзенскай губерні ствараліся школы для дзяржаўных сялян: сельска-прыходскія вучылішчы ведамства Міністэрства дзяржаўнай маёмасці. У 1857г. іх налічвалася на Гродзеншчыне 26, 12 з іх размяшчаліся ў мястэчках, у тым ліку ў Воўпе.

Па звестках на канец ХІХ - пачатак ХХ ст. у Лунна працавала царкоўна-прыходская школа, народныя вучылішчы існавалі ў Скідзелі (з 1860 г.), Мастах, Каменцы, прыходскія вучылішчы - у Вялікай Бераставіцы, Воўпе, Індуры, Азёрах, Крынках.

Узровень адукаванасці прадстаўнікоў гарадскіх саслоўяў мястэчак Гродзенскага ўезда можна ускосна вызначыць па матэрыялах першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Колькасць непісьменных сярод купцоў і мяшчанаў Гродзенскага ўезда (без г.Гродна) складала - 5388 мужчын, 7338 жанчын; пісьменных - 7756 мужчын, 6161 жанчын (у тым ліку 5 мужчын мелі вышэйшую; 12 мужчын і 1 жанчына - сярэднюю спецыяльную; 46 мужчын і 45 жанчын - сярэднюю адукацыю). У адносных паказчыках: удзельная вага пісьменных сярод мужчын - 59 %, сярод жанчын - 45,6 %. Параўнаем долю пісьменных сярод гарадскіх саслоўяў у мястэчках Гродзенскага ўезда з такімі ж паказчыкамі па г.Гродна. У Гродна удзельная вага пісьменных сярод мужчын - 57,2 %, сярод жанчын - 40,5 %. (Падлічана па: Первая всеобщая перепись…, С. 58 - 59.) Такім чынам, у гэтых адносінах мястэчкі нават пераўзыходзілі губернскі цэнтр!

Уяўленне аб ўзроўні адукацыі ў мястэчках будзе няпоўным без уліку яўрэйскіх рэлігійных школ - хедэраў, якія заставаліся па-за ўвагай Міністэрства народнай асветы. Інфармацыя аб колькасці яўрэйскіх навучальных устаноў, якая захавалася ў НГАБ у Гродне, не можа лічыцца поўнай. Настаўнікі імкнуліся пазбегнуць падаткаў і заводзілі тайныя школы. Так, у 1869 г. у 8 мястэчках Гродзенскага ўезда паказаны 49 маламедаў (настаўнікаў), 346 вучняў. На самой справе гэтыя лічбы павінны быць большымі, бо па традыцыі ўсе без выключэння яўрэйскія хлопчыкі з 4 да 13 гадоў вучыліся ў хедэрах. Найбольш поўныя звесткі аб яўрэйскай адукацыі ў Гродзенскай губерні былі сабраны ў 1846 г. Па звестках П.Баброўскага, у гэтым годзе аказалася бесмедрашаў і клаузаў - 152, ешыботаў - 9, хедэраў другаразрадных - 339, першаразрадных - 255, меламедаў - 900, вучняў абодвуга полу - 6662. Афіцыйныя крыніцы ў той час лічылі ў губерні 102396 яўрэяў: 1 настаўнік, такім чынам, прыходзіўся на 114 душ, 1 вучань на 15 душ. П.Баброўскі адзначае, што "такого выгодного содержания не представляло и не представляет ни одно сословие ни здесь в губернии, ни вообще в России". (Бобровский П., С. 499.)

Дзейнасць яўрэйскіх навучальных устаноў немагчыма ацаніць адназначна. 3 аднаго боку, яны ўносілі ў яўрэйскае асяроддзе пісьменнасць, прывівалі любоў да рэлігійных і нацыянальных традыцый, а з другога - нельга не заўважыць аднабаковасць гэтай асветы (адсутнасць свецкіх прадметаў) і невысокі ўзровень адукацыі настаўнікаў.

Такім чынам, мястэчкі былі важнейшымі асяродкамі пачатковай адукацыі, у тым ліку і яўрэйскай. Па звестках Захара Шыбекі, у канцы ХІХ ст. у мястэчках навучаннем было ахоплена больш 80% дзяцей школьнага ўзросту, у 1,3 разы болей, чым у гарадах, ў 1,8 разы болей, чым у вёсках. Даследчык называе гэту з'яву адукацыйным феноменам мястэчкаў. (Шыбека З., С.190.)

Роля гарадоў і мястэчак, як асветніцкіх цэнтраў, не абмяжоўвалася толькі наяўнасцю ў іх навучальных устаноў. У гарадскіх паселішчах існавалі бібліятэкі. Адны з іх былі пры навучальных установах. У 1843 г., напрыклад, ва ўсіх вучылішчах Гродзенскай дырэкцыі налічвалася 8592 назваў кніг, 18 тамоў перыядычных выданняў, 444 геаграфічных атласаў. (Бобровский П., С. 229.) Акрамя вучылішчных бібліятэк, у многіх мястэчках існавалі царкоўныя, манастырскія і прыватныя бібліятэкі.

Хаця мы не распалагаем канкрэтнымі фактамі пра царкоўныя бібліятэкі ў мястэчках Гродзенскага ўезда разглядаемага перыяду, можна адназначна сцвярджаць, што яны існавалі. Кожны храм меў абавязковы набор служэбных і чэцціх кніг. У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. У XVIII - ХІХ ст., па звестках М. Нікалаева, царкоўны кнігазбор у сярэднім складаўся з 10 - 30 кнігадрукаў і рукапісаў. (ЭГБ. Т.2. С. 42.)

Поўнай статыстыкі прыватных бібліятэк і музейных збораў не існуе. Таму даныя аб іх вельмі фрагментарныя. Культурныя каштоўнасці захоўваліся практычна ў кожнага больш менш значнага абшарніка. Музейныя калекцыі, сямейныя архівы, карцінныя галерэі і бібліятэкі мелі каля 400 маёнткаў (у межах сучаснай Беларусі). 3 іх каля 54 знаходзіліся ў мястэчках і толькі 4 - у гарадах. (Шыбека З., С.193.) Так, у Азёрах у памешчыка Валіцкага было 2820 кніг, а таксама старажытныя рукапісы, прывілеі. У 1867 г. канфіскаваныя кнігі некаторы час былі звалены без надзору ў адрыне, а потым перададзены Віленскай публічнай бібліятэцы. У Скідзелі ў сядзібе князёў Чацвярцінскіх захоўваліся архіў і бібліятэка.

 Сядзіба Чацвярцінскіх у Скідзелі, класічны дом першай паловы ХІХ ст., які належаў князям Канстанціну і Густаву Чацвярцінскім. З малюнка Напалеона Орды. 1861 - 1877 гг. Захаваўся пейзажны парк з капліцай-пахавальняй. (Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ ст. Мінск, 2001. С. 113.).

Архіў налічваў каля 8000 спраў. У 1915 г. усё гэта было часткова знішчана ў час пажару Скідзеля, а часткова разрабавана. У Вялікай Бераставіцы "старая" бібліятэка Касакоўскіх налічвала 3000 тамоў кніг на лацінскай, польскай, французскай, рускай, нямецкай мовах пераважна па гісторыі, праву, геральдыцы, філасофіі. Даволі багаты сямейны архіў размяшчаўся ў спецыяльным памяшканні. Ён складаўся з дакументаў, якія краналі часы гетмана Хадкевіча. Тут захоўваўся развітальны ліст Напалеона да генерала Юзафа Касакоўскага. Гэтыя багацці перажылі першую сусветную вайну. У міжваенны час бібліятэка папоўнілася яшчэ 1500 тамамі. Некаторыя дакументы з архіву былі падараваны Гродзенскаму музею. Аднак большая частка кніг, архіўных збораў і калекцыя мастацкіх твораў былі разрабаваны і спалены разам з палацам на пачатку другой сусветнай вайны. (Коўкель Л., С. 80 - 84.)

Такім чынам, нават кароткі і далёка няпоўны агляд развіцця адукацыі ў мястэчках Гродзенскага ўезда дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя паселішчы выступалі адукацыйна-асветніцкімі цэнтрамі, тут знаходзіліся пачатковыя навучальныя ўстановы, бібліятэкі і музейныя зборы. Падкрэслім, што ў разглядаемы час адукацыя і асвета былі важным звяном у нацыянальнай палітыцы ўлад. Да сярэдзіны 20-х гадоў ХІХ ст. у сувязі з ліберальным стаўленнем царызму да мясцовай шляхты, асвета амаль цалкам была аддадзена ў рукі патрыётаў Рэчы Паспалітай на чале з Адамам Чартарыйскім. Школа займала значнае месца ў іх планах як сродак выхавання новых змагароў за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Гэта дасягалася праз выкладанне гісторыі Рэчы Паспалітай, польскай мовы, літаратуры. Руская мова не была абавязковым прадметам, яна вывучалася па жаданню вучняў. Пасля следства і суда над філарэтамі і філаматамі пачынаецца русіфікацыя адукацыі, якая ўзмацнілася пасля падаўлення паўстанняў 1830 - 1831 гадоў і, асабліва, 1863 г. Беларуская мова наогул не дапускалася ў школу. Такім чынам, нацыянальная палітыка царызму ў галіне асветы ў Беларусі рабіла немагчымым узнікненне беларускай школы.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы Расійскай імперыі, у пачатку ХХ ст. набіраў моц беларускі нацыянальны-культурны рух. Цэнтрам яго з 1906 г. стала газета "Наша Ніва", першая штотыднёвая беларуская грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, што выдавалася ў Вільні з 10(23) лістапада 1906 г. па 7 (20) жніўня 1915 г. Некаторым мястэчкам Гродзенскага ўезду пашанцавала трапіць на яе старонкі. Вышэй ужо прыводзіліся звесткі пра гаспадарчае жыццё Крынак, узятыя з "Нашай Нівы". Асвятляліся пытанні стану пажарнай аховы ў Лунна, Воўпе, Мастах; медыцынскай справы ў Воўпе, Каменцы. Але паколькі праблемы беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння былі прыярытэтнымі ў змесце "Нашай Нівы", то пераважна гэтага датычылі і паведамленні з мястэчак, што змяшчаліся ў рубрыцы "З Беларусі і Літвы".

На старонках "Нашай Нівы" знайшоў адлюстраванне стан асветы ў мястэчках Гродзенскага ўезду ў 1909 - 1911 гг. Карэспандэнты з мястэчак ўздымалі праблемы пьянства, адсутнасці альбо недахопу школ, неабходнасці адкрыцця бібліятэк, гаспадарскіх суполак і г.д. Напрыклад, у жніўні 1910 г. карэспандэнт, які падпісаўся як Гузік, пісаў з м.Каменка: "Ёсць тут школа народная, канцэлярыя валасная, касцёл. Нашае мястэчка невялікае, але мае чым пахваліцца: ёсць манаполька, трахцір і піўная. Каб што добрае завесці: кнігарню, чытальню, хаўрусны банчок ці краму, дык цемната тутака - няма каму; а да гарэлкі ласуноў чорт прызапасіў". (НН. 1910. № 33.) З паведамлення з Лунна: "У мястэчку ёсць двукласнае вучылішча; цяпер жыды складаюць грошы, каб адкрыць гарадское 4-класнае вучылішча; нашыя-ж сяляне пакуль-што ня вельмі рупяцца а прасвеце". (НН. 1910. № 15.)

Найбольш паведамленняў газета змясціла пра Воўпу, што дазваляе заўважыць у гэтым мястэчку станоўчыя змены ў развіцці асветы і нацыянальнай свядомасці. Так, карэспандэнт з Воўпы, які падпісаўся як літвін Міхалюк Бульба, 1 чэрвеня 1909 г. адзначаў: "Народ у нас цёмны: ні кніг, ні газет не чытаюць; самапачуцця народнага няма, і к лепшаму жыццю, праз асвету, не памыкаюцца; па стараму цягнуць ярмо безпраглядна. Беларусы ў нас і каталікі, і праваслаўныя". (НН. 1909. № 25.) Праз паўгода, у студзені 1910 г., з Воўпы пісаў вядомы дзеяч беларускага руху першай паловы ХХ ст., а на той час навучэнец Гродзенскай гімназіі, Павел Аляксюк: "Цяперашні пробашч кс. Аўк - ліс толькі 11 месяцаў, як прыехаў да нас, а ўжо добра працуе для карысці народа: збудаваў шпіталь, цяпер маніцца зрабіць чайную, у каторай людзі маглі-б чытаць газеты і кніжкі ў сваёй роднай мове". (НН. 1910. № 4.) У сакавіку 1910 г. паведамлялася: "Мястэчка Воўпа, як і ўсе вёскі, што ляжаць каля яго, беларускія, але толькі бяда, што народ круціць язык і чураецца сваёй мовы, а гавораць так: як каталік - дык на моду польскую, а як праваслаўны - па-расейску. Грамадзянскага жыцця тутака і паміну няма; народ яшчэ такі цёмны, што верыць у розныя чары. Але затое маем другую культуру: як прыйдзе свята - ды і буднім днём гэтага хапае - то ўсе корчмы паўнюсенькі беларусамі! І здаецца такое малое мястэчка, а піўных больш 5-ці… Прасвета стаіць вельмі дрэнна, хоць і ёсць школка, не з вялікай ахвотай бацькі пушчаюць у школку сваіх дзяцей: лепей, кажуць папрацуй у хаце". (НН. 1910. № 11.) У ліпені 1910 г. П.Аляксюк ужо аптымістычна пісаў: "Грамадзянскае жыццё пачынае па троху шырыцца ў нашай ваколіцы; прасвета прабіваецца ўсюды, а ад яе і народ робіцца больш свядомым. Пьянства пачынае пакрысе зніштожацца. Нацыянальнае беларускае пачуццё шырыцца што раз болей і болей, і ўжо маем такіх людзей, каторыя пазналі, што ня добра і брыдка чурацца сваёй роднай мовы. Беларускія кніжкі і газеты пачынаюць цікавіць грамадзянства.(НН. 1910. № 30.) У студзені 1911 г. карэспандэнт, які падпісаўся В-ус, паведаміў, што "ў Воўпе на Каляды паказвалі жывую батлейку, і народ заместа пры картах ці гарэлцы праводзіў час пры добрай і вясёлай гульні. Толькі людзі дрэнна разумелі польскія словы песень, якія пры гэтым пеялі, а па-беларуску тыя, што паказывалі, мусіць ня ведалі слоў. Маем надзею, што да другіх Каляд разстараемся і аб беларускія словы да батлейкі". (НН. 1911. № 1.) З аптымізмам гучыць і наступная занатоўка з Воўпы: "…Народ тут чысты, беларускі, гутарка і асабліва акцэнт (вымаўленне) надта пекна. Услухоўваючыся ў гутарку беларусаў, радуецца сэрца, гэтак яна гучыць хораша і мілагучна". Падобнае ж паведамленне чытаем з Крынак: "Мова тут - ці то праваслаўны, ці каталік, а то і жыд - чыста беларуская прадзедоўская, ажно уцеха бярэ!" (НН. 1910. № 20.)

Такім чынам, матэрыялы "Нашай Нівы" дапаўняюць карціну культурнага жыцця мястэчак разглядаемага рэгіёну і паказваюць, што культурна-асветніцкая праца беларускай інтэлігенцыі, якую каардынавала газета, мела водгук і ў мястэчках.

Мястэчкі Беларусі, у тым ліку і Гродзенскага ўезда, мелі арыгінальнае архітэктурнае аблічча. Выклікае цікавасць не толькі выразнасць забудовы і планіроўкі мястэчак у цэлым, але і архітэктурнае рашэнне асобных будынкаў. Планіроўка і забудова мястэчак мела сваю характэрную структуру і эстэтыку, хаця ў мястэчках спалучаліся архітэктурна-планіровачныя рысы і горада, і вёскі, пры гэтым дамінавалі менавіта гарадскія рысы. На думку Аляксандра Лакоткі, мястэчкі Беларусі запазычылі заходнееўрапейскую горадабудаўнічую аснову. (Лакотка А., С. 137.) Менавіта гандлёвая плошча з'яўлялася планіровачным ядром забудовы мястэчак, што было характэрна для еўрапейскіх гарадоў ХІІІ - ХV ст. У сярэднявечным усходнеславянскім горадзе плошча займала другое пасля замка (дзядзінца, крамля) месца. Акрамя наяўнасці рынку, які меў першаснае значэнне, для мястэчак былі ўласцівыя і іншыя рысы планіровачнай структуры горада: пляцавая забудова, досыць разгалінаваная сетка вуліц. У меншай ступені праявілася тут тэндэнцыя да кампактнага размяшчэння, асабліва гэта тычыцца дробных мястэчак. Касцёл Іаана Хрысціцеля ў Воўпе. Помнік драўлянага дойлідства позняга барока, пабудаваны ў 1773 г. біскупам інфлянцкім Янам Касакоўскім на месцы касцёла XVI ст. У інтэр'еры - драўляны разьбяны галоўны алтар, помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва першай паловы XVII ст.(Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск., 1993. С. 135.).  Свята-Пакроўская царква ў Скідзелі, адноўлена ў 1864 - 1870 гг. Твор народнага драўлянага дойлідства. Фота пачатку ХХ ст. Царква не захавалася. (Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ ст. Мінск, 2001. С. 149.).Больш вялікімі былі ў мястэчках і памеры пляцаў і двароў. Гэта тлумачыцца параўнальна нязначнай ступенню заселенасці мястэчак, што давала магчымасць лягчэй прыстасоўвацца да ландшафта мясцовасці і камунікацыйнай сітуацыі, не аддаляючыся адначасова ад рынку на значныя адлегласці. Аднак па меры павелічэння колькасці дымоў у мястэчках узмацняецца і агульная для ўсіх гарадоў тэндэнцыя да стварэння радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі. Прыкладам можа служыць планіроўка Крынак, адлюстраваная на плане 1879 г. (НГАБ у г. Гродна. Ф. 8. Воп. 2. Спр. 246. Арк. 8.)

Складаная планіровачная структура характэрна для Мастоў. Тут яшчэ ў 1561 г. было праведзена рэгуляванне забудовы. Мястэчка падзялялася на старую і новую часткі, фарміраванне якіх праходзіла вакол асобных гандлёвых плошчаў, што падрабязна апісана ў энцыклапедычным даведніку "Архітэктура Беларусі"(С. 302.).

Забудова мястэчка вызначалася комплексным размяшчэннем шэрагу будынкаў: гандлёвых радоў, храмаў, ратушы, валасной управы, грамадскага магазіна, паштовай станцыі, школы, карчмы, заезднага двара, майстэрняў, жылых дамоў і г.д. У ХІХ - пачатку ХХ ст. мястэчкі Беларусі захоўвалі аўтахтоннае архітэктурнае аблічча. Хваля расійскай універсалізацыі не паспела да мястэчак дакаціцца. Перапланіроўку і перабудову зведалі толькі губернскія і некаторыя ўездныя гарады. Новаўвядзенні амаль не закранулі па-заштатныя гарады і мястэчкі.

Касцёл Візітацыі Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы*, помнік архітэктуры ранняга барока, пабудаваны каля 1615 г. па фундацыі Гераніма Хадкевіча. Фота Юліі Дарашкевіч, 2007 г..

Архітэктура мястэчак увабрала ў сябе асаблівыя рысы яўрэйскага жыцця і культуры, што ўзмацніла арыгінальнасць, прыдала непаўторны каларыт архітэктурнаму абліччу мястэчак. Даследчыкі (Аляксандр Лакотка, Ала Сакалова і інш.) сцвярджаюць, што яўрэйскія дамы мястэчак адрозніваліся ад беларускіх памерамі, планіроўкай, дэкорам. Для яўрэйскай забудовы мястэчак былі ўласцівыя такія рысы, як шматфкнкцыянальнасць пабудоў, адкрытасць да далейшага развіцця ў залежнасці ад новых патрэбаў, прынцып аб'яднання вуліцай прастораў розных будынкаў. Звярталі на сябе ўвагу выразныя сілуэты дамоў з іх высокімі, масіўнымі стрэхамі, кампазіцыі фасадаў з варыяцыямі галерэяў, балконаў, мансардаў.

Дамінантамі местачковага сілуэта з'яўляліся сакральныя збудаванні. Мястэчкі выступалі рэлігійнымі цэнтрамі наваколля. Так, у 1864 г. колькасць прыхажан Скідзельскай царквы складала 5816 чал., Азёрскай царквы - 2962 чал., Азёрскага касцёла - 3104 чал., Крынкаўскай царквы - 2194 чал., Крынкаўскага касцёла - 2734 чал., Ваўпянскай царквы - 2011 чал., Ваўпянскага касцёла - 1825 чал., Вялікабераставіцкай царквы - 2374 чал., Вялікабераставіцкага касцёла - 1813 чал., Індурскага касцёла - 3791 чал., Мастоўскага касцёла - 2688 чал., Каменкаўскага касцёла - 1785 чал., Луннаўскага касцёла - 1552 чал. (Атлас народонаселения, С. 10.) К канцу ХІХ ст. у Індуры, Лунна існавалі і праваслаўныя цэрквы. Многія згаданыя хрысціянскія храмы з'яўляліся, а тыя, што захаваліся, і сёння з'яўляюцца выдатнымі помнікамі культуры. Важнае грамадска-сацыяльнае значэнне мястэчка вымушала надаваць абліччу сакральных збудаванняў асаблівую выразнасць. Нездарма многія шэдэўры беларускай сакральнай архітэктуры былі ўзведзены менавіта ў мястэчках. Напрыклад, касцёл Іаана Хрысціцеля ў Воўпе, Свята-Пакроўская царква ў Скідзелі, што не захавалася, касцёл Візітацыі Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы і інш.

Яўрэйскія абшчыны мястэчак мелі свае культавыя збудаванні. Паводле дадзеных на 1861 г. у 11 мястэчках Гродзенскага ўезда налічвалася 2 каменныя і 8 драўляных сінагог, 20 драўляных малітоўных школ. (НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 6. Спр. 129. Арк. 88 - 89.) Такім чынам, у мястэчках існаваў класічны трохкутнік: царква - касцёл - сінагога.

Сінагога ў Індуры, ХІХ ст. (Фота Вольгі Бяловай, 2003 г.). Сінагога ў Індуры, ХІХ ст. (Фота Вольгі Бяловай, 2003 г.)

Яўрэйская абшчына Індуры мела мураваную сінагогу і 4 драўляныя малітоўныя дамы. Былі перыяды, калі Індура падчас кірмашу выступала своеасаблівай "сталіцай" яўрэйскіх абшчын Вялікага княства Літоўскага. У 1720 г. у Індуры падчас кірмашу збіраліся кіраўнікі кагалаў края (Літоўскі Ваад *) для раскладкі падаткаў. Індура была вядомая ў гісторыі хасідызма (рэлігійна-містычны рух у іудаізме). Тут з 1770 г. па 1780 г. жыў знакаміты цадзік (духоўны лідэр хасідскай абшчыны) Хайкель (Хаім) Індурскі, да яго з'язджаліся хасіды з усіх канцоў ВКЛ. (Еврейская энциклопедия, С. 172.) Пра слаўнае мінулае штэтла Індура сёння сведчаць толькі запушчаныя будынак сінагогі і яўрэйскія могілкі.

Вельмі арыгінальнымі пабудовамі з'яўляліся драўляныя сінагогі. Яны ўяўлялі сабой бязвежавыя збудаванні прасторнага аб'ёму з высокай страхой складанай канфігурацыі. Сінагогу акружалі галерэі і прыбудовы з асобнымі стрэхамі, ствараючы цікавыя суадносіны форм розных прапорцый. Цудоўным узорам сінагагальнай архітэктуры з'яўлялася драўляная сінагога ў Азёрах.

Выдатным помнікам драўлянага дойлідства была і сінагога ў Воўпе. На старонках "Нашай Нівы" занатавана: "Мястэчка Воўпа на кожнага беларуса павінна зрабіць прыемнае ўражанне. Тут захавалася нямала слядоў Беларусі ў будоўлях, - гэта жыдоўская бажніца, - пабудаваная яна, як кажуць, гадоў таму 300 у пекным беларускім стылі. Міма гэтай будоўлі, памятаючай лепшыя часы нашага народу, нельга праехаць, не затрымаўшы вока і сэрца на ёй".

Першая сусветная вайна абмінула Воўпу і да 1941 г. яе архітэктурнае аблічча і традыцыйнае жыццё амаль не парушаліся. Але ў першыя дні нямецка-савецкай вайны згарэла знакамітая сінагога, царква і значная частка жылой забудовы. Гітлераўцы знішчылі ўсіх ваўпянскіх яўрэяў, і сёння пра местачковае мінулае вёскі Воўпа нагадваюць нетрадыцыйная для вёскі планіроўка (вуліцы промнямі разыходзяцца ад плошчы са старым касцёлам) ды велізарныя запушчаныя яўрэйскія могілкі.

Воўпа. Дамоў ужо няма прывычных,

Цэркаўка-свечка растопла як з воску.

Вораг вайною мястэчка панішчыў,

Пакінуўшы вёску.

(Ларыса Геніюш "Белы сон")

Прывядзём выказванне Сінагога ў Азёрах, помнік драўлянага дойлідства XVIII ст. (Деревянные синагоги Беларуси. Еврейский календарь. 1996 - 1997.). Сінагога ў Воўпе, помнік драўлянага дойдідства пачатку XVIII ст. Фота пачатку ХХ ст. (Wieś i miasteczrko. Materyały do architektury Polskiej. Warszawa, 1916. S. 189.)пра мястэчка польскага даследчыка Пятра Эберхардта, які пісаў: "Перапляценне трох культур і трох рэлігіяў - артадаксальнай яўрэйскай, шляхецкай польскай і сялянскай беларускай - стваралі разам непаўторную атмасферу і фальклор. Гэтыя тры разнастайныя культуры жылі ва ўзаемным сімбіёзе. Пазнейшыя гістарычныя падзеі знішчылі гэтую ўнікальную полікультурнасць. Вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва, а потым таксама ў вялікай ступені тое самае ў адносінах да польскай супольнасці прывяло да заняпаду шматкультурнасці. Пазнейшая саветызацыя і русіфікацыя таксама прынеслі ў поўнай меры знішчэнне культурных асаблівасцяў беларусаў. Беларускія мястэчкі, якія прадстаўлялі незвычайную з'яву ў гісторыі культуры, загінулі. У якасці слядоў тых далёкіх часоў засталіся толькі знішчаныя касцёлы, сінагогі і цэрквы, а таксама пакінутыя і спустошаныя рэшткі старых яўрэйскіх і каталіцкіх могілак". (Эберхардт П., С.97.)

Такім чынам, мястэчка ў нашай гісторыі ўяўляла ўнікальны соцыя-культурны феномен. Яно надзвычай цікавае як асяродак яўрэйскай гісторыі рэгіёна, культурнай творчасці яўрэяў, месца іх уласнага "асяроддзя пражывання". Мястэчка цікавае і як месца сустрэчы, "сужыцця" розных этнасаў, вераў, моваў і культур, якія жылі ва ўзаемным сімбіёзе.

Даследаванне мястэчак дае ўнікальную магчымасць заглянуць у своеасаблівы местачковы сусвет, адчуць непаўторную атмасферу і каларыт, якія ўзнікалі на тым "памежжы", што ўяўляла сабой кожнае поліэтнічнае і поліканфесійнае мястэчка.


Крыніцы і літаратура

  1. Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мінск,1993.
  2. Атлас народонаселения западно-русского края по исповеданиям. СПб., 1864.
  3. Бобровский П. Материалы для географии и статистики России. Гродненская губерния. Ч. 2. Приложения. СПб., 1863.
  4. Грахоўскі С. Мястэчка, мястэчка… Элегія // Полымя. 1992. № 2.
  5. Еврейская энциклопедия. Т.VIII. СПб., 1903.
  6. Карнялюк В. З гісторыі барацьбы жыхароў мястэчка Крынкі за свае правы ў першай палове ХІХ ст. // Герольд Litherland. - Горадня, 2004. № 1-2 (13-14). - С. 29-34.
  7. Карпачев А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии во второй половине XVII-XVIII вв.: Дис...доктора ист. наук: 571. /АН БССР Ин-т истории. Минск, 1969.
  8. Коўкель Л.І. Прыватныя бібліятэкі Гродзеншчыны (канец 18 - пачатак 20 ст. ) // Шлях у навуку: Матэрыялы навук. канфер. Мінск, 1997.
  9. Лакотка А.І. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мінск, 1999.
  10. Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (ЛДГА). Ф. 567. Воп. 2. Спр. 675.
  11. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна (НГАБ у Гродна). Ф. 1. Воп. 3. Спр. 536.
  12. Наша Ніва (НН). 1910. № 20.
  13. Наша Ніва. 1909. № 25.
  14. Наша Ніва. 1910. № 4, 11, 15, 20, 22, 30, 33.
  15. Наша Ніва. 1911. № 1.
  16. НГАБ у г.Гродна. Ф. 1. Воп. 17. Спр. 1460, 1471, 1480, 1489.
  17. НГАБ у г.Гродна. Ф. 1. Воп. 3. Спр. 422.
  18. НГАБ у Гродна, Ф. 1. Воп. 2, Спр. 1374.
  19. НГАБ у Гродна, Ф. 1. Воп. 4. Спр. 317.
  20. НГАБ у Гродна, Ф. 100, Воп. 1, Спр. 202.
  21. НГАБ у Гродна, Ф. 96, Воп. 1, Спр. 201.
  22. НГАБ у Гродна. Ф. 1. Воп. 3. Спр. 352.
  23. НГАБ у Гродна. Ф. 27. Воп. 1. Спр. 129.
  24. НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 1. Спр. 1918.
  25. НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 1. Спр. 565.
  26. НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 3. Спр. 536.
  27. НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп. 6. Спр. 129.
  28. НГАБ у Гродна. Ф.1. Воп.1. Спр. 408.
  29. НГАБ у Гродна. Ф.96. Воп. 1. Спр. 1267.
  30. Первая всеобщая перепись населения Росийской империи1897 г. СПб., 1903. Т. XI. Гродненская губерния.
  31. Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // На шляхах да ўзаемаразумення. Беларусіка. Кн.15. Мн., 2000.
  32. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 1290. Воп.43. Спр. 77.
  33. РДГА. Ф. 733. Воп. 62. Спр. 1021.
  34. РДГА. Ф. 733. Воп. 62. Спр. 389.
  35. РДГА. Ф. 733. Воп. 95. Спр. 380.
  36. РДГА. Ф.1290. Воп. 4. Спр. 77.
  37. Токць С. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў: Другая палова ХІХ - першая траціна ХХ ст. Менск, 2007.
  38. Улащик Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. Москва, 1965.
  39. Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830 - 1850-е гг.). Гродно, 1995.
  40. Шыбека З. Гарады Беларусі (60-я г. 19 - пачатак 20 ст.).Мінск, 1997.
  41. Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Мінск, 1997.
  42. Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі (ЭГБ): У 6 т. Мінск, 1993 - 2001.
  43. Lachnicki J. E. Statystyka gubernii Litewsko-Grodzieńskiey. Wilno, 1817.
  44. Rouba Napoleon. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. Wilno 1909 - Gdańsk 1995.
  45. Slownik geograficzny Królestwa Polskiego. Т. I. Warszawa, 1880; Т. ІІІ. Warszawa, 1882; Т. IV. Warszawa, 1883; Т. V. Warszawa, 1884; Т. VI. Warszawa, 1885; Т.Х. Warszawa, 1889; Т. XIII. Warszawa, 1893.

* Ваад (тэрмін у перакладзе з іўрыта азначае "савет", "з'езд") - выбарны орган яўрэйскага абшчыннага самакіравання ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX