Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Мястэчкі Беларусі на старонках Нашай Нівы (1906-1908 гг.) 


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Мястэчкі Беларусі на старонках “Нашай нівы” (1906 – 1908 гг.) // Беларусь у эпоху рэвалюцыйных узрушэнняў: Да 100-годдзя выхаду ў свет газеты “Наша ніва”: матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., г. Мінск, 10 лістап. 2006 г./ Бел. дзярж. пед. ун-т імя М.Танка; рэдкал. І.І.Багдановіч і інш.; навук. рэд. А.П.Жытко. – Мінск: БДПУ, 2006. – С. 194 – 198.



Мястэчкі Беларусі на старонках “Нашай нівы” (1906 – 1908 гг.)

"Наша Ніва", штотыднёвая беларуская грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, што выдавалася ў Вільні з 10(23) лістапада 1906 г. па 7 (20) жніўня 1915 г., склала цэлую эпоху ў развіцці нацыянальна-культурнага Адраджэння беларусаў. Рэдакцыя "Нашай Нівы" бачыла сваю галоўную задачу ў тым, каб «служыць усему беларускаму скрыўджэнаму народу», "быць люстром жыцця, каб ад нас, як ад люстра, свет падаў у цёмнасць", і абяцала, што будзе імкнуцца, каб «усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсць, - зразумели, што яны беларусы и людзи" * [1].

Матэрыялы "Нашай Нівы" уяўляюць сабой каштоўнейшую крыніцу па гісторыі беларускага нацыянальнага руху, беларускай літаратуры, мовы, журналістыкі, мастацтва. Газета можа дапамагчы і пры вывучэнні гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Пакажам гэта на прыкладзе аналіза адлюстравання на старонках "Нашай Нівы" за перыяд 1906 - 1908 гг. праблемаў развіцця мястэчак Беларусі.

Па падліках самой рэдакцыі, на працягу першых трох гадоў існавання "Нашай Нівы" тут былі надрукаваныя 906 паведамленняў з 489 вёсак і мястэчак [2]. Найбольшая колькасць матэрыялаў пра мястэчкі Беларусі змяшчалася ў аператыўна-інфармацыйнай рубрыцы "З Беларусі і Літвы". Намі прааналізаваныя больш за 150 карэспандэнцый з мястэчак, змешчаных ў гэтай рубрыцы ў 1906 - 1908 гг. Гэта паведамленні з розных куткоў Беларусі, але пераважна з мястэчак Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў. Па свайму характару гэтыя матэрыялы падзяляюцца на інфармацыйныя і аналітычныя. Пераважаюць інфармацыйныя паведамленні, але шэраг карэспандэнцый не толькі перадаюць інфармацыю, але ўтрымліваюць і аўтарскія разважанні. Паведамленні з мястэчак былі вельмі разнастайнымі, датычылі ўсіх бакоў жыцця насельніцтва.

Праблемы палітычнага жыцця і беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння былі прыярытэтнымі ў змесце "Нашай Нівы". Гэта прасочваецца і па матэрыялах рубрыкі "З Беларусі і Літвы". Паказальным, напрыклад, з'яўляецца паведамленне карэспандэнта з Ігуменскага павета, які назваўся Буслом. У "Нашай Ніве" ад 14 снежня 1906 г. ён, узгадваючы рэвалюцыйны 1905 г., адзначыў: "Часта цяпер успоминаюць нашы мужыки той год. Луч свабоды, як маланка, асвециў на момэнт самые глухие куты нашых вёсак и згинуў гдзесьци. Але ня згинуў ён дарма: цёмныя мужыки пачали рухацца, пачали думаць аб сваей доли, аб тым, як затрымаць тую свабоду, з каторай яны так мала скарыстали. …. Даўней мужыки перэд ўсяким начальствам за вярсту шапки здымали дый руки цалавали. Цяпер ужо гэты звычай выводзицца. Нават старыя - и тые ў цэркви пацалуюць крыж и барджэй адварачываюцца, каб поп не падсунуў сваю руку цалаваць. Кали спытаецеся мужыкоў, чаму яны перэстали унижацца перэд сваими непрошэными «апекунами» - ўсюды паслышыце атказ: «Бо ўжо дурница прайшла». И радосць некая бярэ чалавека, кали бачыш, як вековая цемнота, хаця памалу, а ўсёж таки ўсё болей и болей прападае, кали видзиш бойки, смелы погляд «свабодных» вачэй мужыка, бож и праўда - «дурница ўжо прайшла» [3].

Звесткі з мястэчак часта датычылі выбараў у ІІ і ІІІ Думу, актывізацыі чорнасоценнай агітацыі. Так, напрыклад, нехта Сідор з м.Глыбокае ў нумары за 30 сакавіка 1907 г. паведамляў: "Мала не кожны раз на чацьверговы кирмаш нима ведама скуль зъяўляюцца неякия заўсяды пьяные абарванцы; яны называюць сябе "истинно-русскими людзьми» и збираюць з мужыкоў падписки, што прылучаюцца да ихняго чорнасоценнаго саюзу. Дураць голавы цёмнаму народу, бытцам таму, хто запишацца ў саюз «дадуць зямли, як вады». Бываюць дурни, што вераць гэтаму и записываюцца" [4]. У красавіку 1907 г. Сяльбус Брус з Наваградскага павету пісаў пра распаўсюджанне чорнасоценных газет "Россия», «Минское слово» і інш.: "Усе гэтые газэты хочуць навернуць мужыкоў да старых парадкаў. Дзивяцца нашы мужыки, за якую гэта ласку им ўсюды без грашэй газэты пруць: то поп ў цэркви газэты раздае, то писар ў воласци ў руку совае. Але дарма нашы апекуны стараюцца, бо мужыки гэтых газэт не чытаюць… Мужыки бяруць газэты и носяць их ў краму да Сорки, а яна за кожные дзьве газэцины дае аркуш паперы на паперосы, и мае карысць, бо гэтые такие вяликие, што адною можна паабварочваць поўпуда сялядцоў"[5]. 20 чэрвеня 1908 г. газета змясціла паведамленне Пётры Простага з м.Новы-Пагост: "Пробавали тут некаторыя людзи залажыць библиятэку для мужыкоў, але нихто и слухаць ня хочэ. Людзи ў нас цёмныя и ўсяго баяцца… На што добрае людзей не назавешся, а ў "саюз рускаго народа" записываюцца. Цемната вяликая! Спраўник и праваслаўны поп, сабраўшы людзей ў цэркви, казали, што кали запишуцца ў "саюз", то ўсяго им будзе. Але для тых, хто записалися, доси аднэй гарэлки. "Саюз рускаго народу" ня хочэ, каб была Дума, и зямли мужыкам саўсим не збираецца даваць. Але мужыки гэтаго ня знаюць, а слухаюць глупства, каторыми им дураць голову. Разумные и цьвёрдые мужыки не записываюцца нигдзе ў "саюз рускаго народу"[6].

Шэраг публікацый "Нашай Нівы" дазваляе ахарактарызаваць развіццё асветы ў мястэчках. Тут мы знаходзім звесткі пра адкрыццё навучальных устаноў, бібліятэк, дзейнасць самадзейных тэатраў. Праўда, пераважае інфармацыя пра вельмі дрэнны стан адукацыі ў мястэчках і вёсках. Карэспандэнты з мястэчак пастаянна ўздымалі праблемы пьянства, адсутнасці альбо недахопу школ, неабходнасці адкрыцця бібліятэк, народных тэатраў, стварэння выбарнага мясцовага самакіравання, гаспадарскіх суполак. Тыповымі з'яўляюцца наступныя паведамленні.

З м.Бакшты: "Пьюць мужыки у нас, як нигдзе. У 1907 г. манаполька натаргавала на 42 тыс. руб.! Стольки грошэй мужыки выкинули, як за плот; а за гэтые грошы магли бы адкрыць 4 гарадских вучылишча, ци збудаваць и адкрыць 10 народных школ" [7].

З м.Дунілавічы: "У нас и вакруг мястэчка надта цёмны народ… Граматных саўсим мала, дый немаюць яны звычаю чытаць, папраўдзи сказаць, и книжок ня водзицца, аб библиятэках нихто николи ня чуў. А купиць якую книжку ци газету - и не кажы! Лепш астатнюю мерку жыта за гарэлку аддадуць. Гэтую зиму за тое было гарэлки шмат и казённай, и саматужнай, так што пили мужыки, пили бабы, пили дзеўки…" [8].

Цішка Гартны з Капыля: «Карчма зваевала книжку, карты - газэту! Цягаюцца пьяныя па вулицах и ў дзень, и ў ночы. Пьюць старыя и маладыя. У свята ўсё мястэчка Копыль робицца адным вяликим шынком. А грошы на книжки и газэты шкадуюць! Па вёсках, мястэчках и гарадох людзи ў гэтые цяжкие часы апусцилися, мала ў нас моцных грамадзян с цьвёрдым, жалезным духам. Самая пара цяпер працаваць над прасьветай, библиотэками, хаўрусными крамами, розными суполками. Трэба помниць, што кали сам сабе не паможэш, то нихто не паможэ!» [9].

Карэспандэнт з м.Турэц, апісаўшы бойку ў карчме, зрабіў выснову: "Каб завяли па мястэчках народные домы, чайные, библиотэки, гаспадарские суполки, тагды беларусы мели бы якую разрыўку ў свята. У Галицыи па ўсих мястэчках заведзены народныя тэатры, гдзе самы прэдстаўляюць. Кали ж гэта шчасливы вецер павее на наш цёмны край?» [10].

Максім з Радашковіч, паведаміўшы пра дрэнны стан дарог, маруднае вырашэнне справы з адкрыццём вучылішча, праблемы з гарадскім бюджэтам, канстатаваў: "… Будзем чэкаць земскаго самоупраўлення ад Думы, кали тутэйшыя людзи возьмуць у свае руки дарожную, школьную, бальничную и другие справы. Тады можэ будуць карыстней трацицца народныя грошы… Тады и у гарадах и мястэчках завядуцца новые лепшые парадки…[11].

Частай была інфармацыя пра свавольствы і злоўжыванні мясцовай адміністрацыі і паліцыі (Лагойск[12], Жыровічы [13], Смаргонь [14] і інш.). Знайшла адлюстраванне праблема міжканфесійных узаемаадносінаў у мястэчках: паміж хрысціянамі і іўдзеямі [15], праваслаўнымі і каталікамі [16]. Часам сустракаюцца статыстычныя дадзеныя аб колькасці насельніцтва ў мястэчках, звесткі пра развіццё гандля і рамяства, знешняе аблічча, санітарны стан, ахову здароўя; аналізуюцца матэрыяльнае становішча, падаткі жыхароў; паведамляецца пра забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах. Значнае месца займае крымінальная хроніка, інфармацыя пра пажары, эпідэміі.

Акрамя рубрыкі "З Беларусі і Літвы", звярнулі на сябе ўвагу артыкулы, прысвечаныя справе адкрыцця бібліятэк у мястэчках (тут змешчана падрабязнае апісанне гэтага механізма, прыведзены ўзор тэксту прашэння на імя губернатара аб дазволе адкрыць бібліятэку[17]), стану местачковага рамяства (галоўнай прычынай яго заняпаду ў Беларусі названая адсутнасць земстваў [18]). Цікавай з'яўляецца публікацыя ў № 1 за 1908 г. артыкула "Палажэнне мястэчак на Белай Русі". Аўтар яго назваўся Радашкоўскім. Тут канстатуецца, што "ў мястэчках беднасць бывае яшчэ большая, як па вёсках", "у мястэчках мужык можэ знайсьци тольки манапольку, нима тут ни библиотэк, ни суполак, товарыств гаспадарских, ни бальниц», «людзи мястэчковые не прывучылися ўсе разам што-колечы организаваць для супольнай карысьци" [19]. Аўтар на прыкладзе Радашковіч аналізуе прычыны такога становішча мястэчак і прыходзіць да высновы аб неабходнасці ўдасканальвання гарадскога самакіравання, выказвае шкадаванне аб тым, што "ниводзин з нашых дэпутатоў не ўспамянуў нават аб нашых забытых мястэчках и мешчанах, аб их жыцьцю и бедах»[20].

Такім чынам, матэрыялы "Нашай Нівы" за 1906 - 1908 гг. утрымліваюць разнастайную інфармацыю аб палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным жыцці насельніцтва мястэчак Беларусі. Яны дапамагаюць уявіць панараму штодзённага жыцця нашых мястэчак на пачатку ХХ ст. Газета "Наша Ніва" з'яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі гэтых паселішчаў.

Чытанне "Нашай Нівы" стогадовай даўніны выклікае сумныя думкі пра тое, што многія тагачасныя праблемы захавалі сваю актуальнасць. Шэраг аналітычных артыкулаў "Нашай Нівы" за 1906 - 1908 гг. успрымаюцца як напісаныя сучаснымі аўтарамі.


Літаратура і крыніцы

  1. Наша Ніва. № 1, 10.11.1906. С.1.
  2. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ - ХХ ст. СПб., 2003. С. 100.
  3. Наша Ніва. № 6, 14.12.1906. С. 6.
  4. Наша Ніва. № 13, 30.03.1907. С. 7.
  5. Наша Ніва. № 14, 06.04.1907. С. 8.
  6. Наша Ніва. № 13, 20.06.1908. С. 6.
  7. Наша Ніва. № 9, 25.04.1908. С. 6.
  8. Наша Ніва. № 25, 20.07.1907. С. 6.
  9. Наша Ніва. № 25, 04.12.1908. С. 6.
  10. Наша Ніва. № 13, 20.06.1908. С. 7.
  11. Наша Ніва. № 24, 06.07.1907. С. 5.
  12. Наша Ніва. № 3, 24.11.1906. С. 3.
  13. Наша Ніва. № 4, 02.12.1906. С. 3.
  14. Наша Ніва. № 6, 14.12.1906. С. 5.
  15. Наша Ніва. №№ 5, 8, 14, 15, 17. 1908.
  16. Наша Ніва. № 2, 25. 1907.
  17. Наша Ніва. № 25, 20.06.1907. С. 5.
  18. Наша Ніва. № 8, 11.03.1908. С. 4 - 5.
  19. Наша Ніва. № 1, 4.01.1908. С. 3.
  20. Тамсама.

* Цытаты з "Нашай Нівы" пададзены на мове арыгінала.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX