Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Праблемы мястэчак Беларусі на старонках часопіса Наш край 


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Праблемы мястэчак Беларусі на старонках часопіса “Наш край” (другая палова 1920-х гадоў) // Гістарычны альманах. – Т.10. – Гродна, 2004. – С. 141 – 150.



Праблемы мястэчак Беларусі на старонках часопіса "Наш край" (другая палова 1920-х гадоў) *

Нямецкі гісторык Райнэр Лінднэр у сваёй кнізе, прысвечанай даследаванню ўзаемадачыненняў гістарычнай навукі і палітыкі ў Беларусі, адзначыў, што рэпрэзэнтаваны "Нашым краем" культурніцкі, гістарычна-культурны, этнаграфічны і рэгіянальна-вызначаны профіль беларускага краязнаўства ў 1920-х г. у вялікай ступені прынёс карысць беларускай гістарычнай навуцы [1]. Гэтая выснова выдатна пацвярджаецца на прыкладзе аналіза адлюстравання на старонках часопіса "Наш край" праблемаў развіцця мястэчак Беларусі.

"Наш край" - орган створанага ў 1923 г. Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інстытуце беларускай культуры, выдаваўся штомесячна ў Мінску з кастрычніка 1925 г. па кастрычнік 1930 г. Рэдактарам з'яўляўся Мікалай Азбукін, пазней Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік). Часопіс меў непасрэднае дачыненне да станаўлення і развіцця краязнаўчага руху ў БССР, які дасягнуў значнага ўздыму ў другой палове 1920-х гадоў. Выдаўцы "Нашага краю" ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў, папулярызацыю краязнаўчых даследаванняў і тэорыяў сярод шырокіх колаў працоўных масаў. Матэрыялы часопіса адлюстроўваюць даследаванні, што вяліся па трох асноўных напрамках: прыродна-геаграфічнаму, грамадска-эканамічнаму, культурна-гістарычнаму. Шмат увагі ўдзялялася формам і метадам арганізацыі краязнаўчай работы. "Наш край" апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці. Часопіс інфармаваў пра дзейнасць ЦБК, працу краязнаўчых з'ездаў і канферэнцый, акруговых і раённых таварыстваў краязнаўства, музеяў, пастаянна змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве.

Апублікаваныя ў "Нашым краі" матэрыялы не страцілі свайго навуковага і метадычнага значэння і сёння. Нават з пазіцый сучаснай навукі многія з іх можна лічыць выдатнымі. Інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў шэрагу публікацый "Нашага краю", сёння набывае характар унікальных дакументаў. Так, Эдуарду Загарульскаму з групай студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ ў 1962 г. давялося паўтарыць маршрут па Свіслачы ад Мінска да р.Бярэзіны, якім у канцы 1920-х гадоў прайшоў са сваімі сябрамі Мікола Улашчык. Многіх помнікаў, якія ён тады даследаваў і апісаў у спецыяльным артыкуле, экспедыцыя пад кіраўніцтвам Э.Загарульскага ўжо не далічылася. Працы краязнаўцаў, такім чынам, сталі ледзь не адзінай крыніцай па помніках, якіх ужо няма.

Значнае месца на старонках "Нашага краю" занялі матэрыялы па вывучэнню геаграфічных, гістарычных і эканамічных аспектаў развіцця гарадоў, мястэчак, раёнаў, сёлаў і вёсак. Шмат цікавых публікацый прысвечана мястэчкам Беларусі. Гэтыя унікальныя паселішчы беларускага краю вывучаліся планамерна і комплексна. Аб гэтым сведчаць не толькі самі артыкулы пра мястэчкі, але і матэрыялы рубрыкі "Праграмы, анкеты, інструкцыі". Тут была надрукаваная дэтальная "Праграма вывучэння мястэчка", складзеная Г.Аляксандравым [2], які выступаў з такім дакладам на ІІ Усебеларускім краязнаўчым з'ездзе, які праходзіў 10 - 13 лютага 1927 г., і на Пленуме ЦБК ад 23 - 25 кастрычніка 1927 г. Аляксандраў абгрунтаваў неабходнасць усебаковага вывучэння мястэчак. Ён звярнуў увагу на тое, што мястэчка цікавае для нас з трох бакоў: 1) разнастайнасцю заняткаў насельніцтва; 2) павольным тэмпам свайго развіцця; 3) сваім нацыянальным складам. "У мястэчках перакрыжоўваюцца самыя разнастайныя эканамічныя і нацыянальныя інтарэсы, а ў нас зусім няма матэрыялаў, якія характарызавалі б гэта скрыжаванне горада і вёскі, яўрэйскай і беларускай культуры", - заключаў Аляксандраў. Праграма вывучэння мястэчка складалася з 10 раздзелаў: 1) Агульнае палажэнне і выгляд мястэчка; 2) Гісторыя мястэчка; 3) Насельніцтва мястэчка; 4) Эканоміка мястэчка; 5) Мястэчка, як адміністрацыйны цэнтр; 6) Асвета ў мястэчку; 7) Дабрабыт і санітарнае становішча мястэчка; 8) Палітычныя і грамадскія арганізацыі ў мястэчку; 9) Быт і культура; 10) Біяграфіі мясцовых дзеячоў і ўраджэнцаў. У тлумачэнні да гэтай праграмы рабіўся кароткі агляд крыніц, даваліся метадалагічныя і метадычныя парады. У прыватнасці, звярталася ўвага, што "пры вывучэнні мястэчка і яго асаблівасцей патрэбны дынамічны падыход; немагчыма абмежавацца адным апісаннем - неабходна знайсці гістарычныя карані характэрных момантаў эканомікі і культуры мястэчка; нельга абмежавацца адным мінулым - патрэбна дэталёвае вывучэнне сучаснага стану і перспектываў будучага развіцця кожнага паасобнага мястэчка" [3]. У канцы дадзенага нумару "Нашага краю" змяшчалася бібліяграфія па праблеме яўрэйскага насельніцтва мястэчак (77 назваў) [4]. Яўрэйская секцыя Інбелкульту выдала праграму Аляксандрава на ідыш асобнай брашурай пад назвай "Вывучай сваё мястэчка", і кніжка гэтая была разасланая краязнаўчым арганізацыям на месцах.

Сярод крыніц па гісторыі мястэчак асаблівую ўвагу Г.Аляксандраў звяртаў на мясцовыя яўрэйскія хронікі - пінкасы. Пазней, у 1929 г., у разделе "Хроніка" паведамлялася, што гістарычная камісія БАН распрацавала анкету аб пінкасах, і што яна разасланая па месцах разам са зваротам аб неабходнасці актыўнага збірання матэрыялаў па гісторыі, эканомікі і культуры яўрэяў БССР. Змяшчаліся таксама звесткі аб тым, што Аляксандраў распрацоўвае матэрыял пінкаса м.Горкі, аднаго з самых цікавых помнікаў 17 - 18 ст [5].

На неабходнасць грунтоўнага вывучэння беларускіх мястэчак указваў таксама Васіль Дружчыц у артыкуле "Краязнаўства ў гістарычнай галіне". Ён пісаў: "Асаблівай увагі патрабуюць месты і мястэчкі. Усебаковае іх вывучэнне з'яўляецца чарговым пытаннем беларускіх даследчыкаў, і адносна іх павінна быць пастаўлена краязнаўцамі і краязнаўчымі арганізацыямі спецыяльнае заданне для іх даследавання". Дружчыц заклікаў пры вывучэнні мястэчак ісці ад сучаснасці да больш старажытных часоў: пачаць з другой паловы ХІХ - пачатку ХХ ст., на другім этапе звярнуцца да перыяду канца XVIII - першай паловы ХІХ ст., і ўрэшце да болей ранняга часу. Прапаноўвалася зрабіць размеркаванне паміж даследчыкамі асобных пытанняў: 1) насельніцтва і яго паступальны рух у класавых, сацыяльных і нацыянальных адносінах; 2) прамысловасць; 3) гандаль; 4) упраўленне; 5) культурныя ўстановы і г. д. Далей Дружчыц заключаў: "Толькі пасля падобнай прапрацоўкі мы можам спадзявацца на тое, што ў нас з'явіцца сапраўдная гісторыя нашых мест і мястэчкаў. Падобнае даследаванне з'яўляецца галоўным абавязкам гістарычных секцый краязнаўчых таварыстваў, яно дае магчымасць выявіць іх творчыя і даследчыя сілы" [6].

Значны ўклад у вывучэнне мястэчак унесла геаграфічная падсекцыя прыродазнаўчай секцыі Інбелкульту. Яна арганізавала працу па збору матэрыялаў да беларускага геаграфічнага слоўніка. Для гэтага была распрацавана і апублікавана ў "Нашым краі" праграма апісання паселішчаў гарадскога тыпу (гарадоў, мястэчак, пасадаў, гандлёвых сёлаў і інш.) [7]. Яна ўтрымлівала наступныя раздзелы: 1) Палажэнне; 2) Знадворны выгляд мястэчка; 3) Будынкі; 4) Гісторыя; 5) Агульныя даныя аб насельніках; 6) Роля сельскай гаспадаркі; 7) Нясельскія заняткі; 8) Гандаль і кааперацыя; 9) Пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё; 10) Культурна-асветная справа; 11) Санітарны стан і медыцынская дапамога; 12) Адміністрацыйнае значэнне; 13) Бібліяграфія. Геаграфічная падсекцыя звярталася да мясцовых краязнаўчых арганізацый з заклікам збіраць матэрыялы, трымаючыся такога плану.

На старонках часопіса "Наш край" (з канца 1930 па 1933 г. "Савецкая краіна") былі апублікаваныя матэрыялы па гісторыі, эканоміцы і культуры шэрагу мястэчак тагачаснай БССР: Пагост, Княжычы, Берэзынь, Бабінавічы, Новы Быхаў, Глуск, Багушэвічы, Шацк, Лагойск, Клічаў, Азарычы, Койданава, Шчадрын, Старыя Дарогі, Чашнікі, Чачэрск, Тураў, Падабранка, Чэрняўка, Валынцы, Грэск, Свіслач, Смаляны і інш. Усе публікацыі пра мястэчкі можна падзяліць на некалькі груп:

1. Найбольш дэтальныя і поўныя апісанні мястэчак паводле праграмы Г.Аляксандрава (Азарычы, Койданава, Багушэвічы, Лагойск [8]);

2. Матэрыялы да геаграфічнага слоўніка Беларусі (Пагост, Княжычы, Берэзынь, Бабінавічы, Новы Быхаў, Чачэрск [9] і інш.);

3. Апісанні мястэчак, якія сталі вынікам розных экспедыцый і экскурсійных паездак (публікацыі пра Чашнікі, Дуброўну з'явіліся ў выніку праграмы "17 дзён па БССР", арганізаванай краязнаўчым гуртком 20-й Мінскай фабрычна-завадской сямігодкі; падобнага паходжання матэрыялы пра Старыя Дарогі, Грэск ("12 дзён краязнаўчых вандраванняў"), Шклоў, Копысь, Дуброўну (краязнаўчая экскурсія 8-й Нова-Барысаўскай школы), Свіслач (экскурсія краязнаўчага гуртка 4-й Менскай сямігодкі) [10] і г. д.);

4. Публікацыі, прысвечаныя асобным бакам развіцця мястэчак (апісанні местачковых кірмашоў: гісторыя і сучаснасць ( Валынцы, Клічаў і інш.); апісанні промыслаў (стружачная вытворчасць Глуска); апісанні помнікаў старасвеччыны мястэчак [11] і інш.);

5. Матэрыялы з серыі "Мястэчкі ў рэканструкцыйным перыядзе" (Шчадрын, Падабранка [12]).

Публікацыі апошняй 5-ай групы з'явіліся ў выніку абследавання ў 1931 - 1932 г. сацыяльна-эканамічнай камісіяй Яўрэйскага сектара БАН сумесна з нацкамісіяй ЦВК БССР 13 мястэчак з сумнавядомай мэтай "высвятліць тыя дасягненні, якія маюцца ў галіне гаспадарчага ўпарадкавання мястэчак, і атрымаць малюнак аб наяўных кантынгентах для перасялення ў Біра-Біджан і Крым". Перад яўрэйскімі навуковымі ўстановамі ставіліся задачы "цалкам вырашыць местачковую праблему ў святле ліквідацыі супрацьлегласці паміж горадам і вёскай", а таксама "вырашыць праблему засялення працоўнымі яўрэямі Біра-Біджана згодна з дырэктывамі партыі" [13].

Некаторыя матэрыялы не ўпісваюцца ў гэтую ўмоўную класіфікацыю. Так, у некалькіх нумарах "Нашага краю" друкаваўся аб'ёмны гістарычны нарыс мястэчка Койданава І.Шпілеўскага і Л.Бабровіч [14]. Койданаву прысвяціў сваю элегію і Змітрок Бядуля [15]. Два артыкулы Дзмітрыя Даўгялы прысвечаны Свіслачы і Свіслацкаму замку, даследаванні зробленыя на падставе "Рэвізіі Свіслацкага староства 1560 г." [16].

Пералічаныя публікацыі, прысвечаныя мястэчкам, утрымліваюць самую разнастайную інфармацыю, з большай ці меншай паўнатой асвятляюць увесь спектр праблемаў, акрэсленых у вышэй згаданых праграмах вывучэння мястэчка і паселішча гарадскога тыпу. Пераважаюць матэрыялы, якія раскрываюць працэс трансфармацыі сацыяльна-эканамічнага, культурнага і побытавага ўкладу мястэчак у 1920-я - пачатку 1930-х гадоў. У прыватнасці, тыповымі з'яўляюцца звесткі наступнага характару:

"Койданава ў сучасным падобна да ўсіх сучасных мястэчак: крывыя лініі розных акупацый, пры якіх шалі жыццёвага дабрабыту вагаліся то ў адзін бок, то ў другі - то святкавалі перамогу крамнікі і гандляры, а то радаваліся краўцы, шаўцы, кавалі і іншы местачковы дэмас. Гэта ярка адчувалася пры кожнай новай акупацыі, якую заўсёды суправаджалі гэтыя два пачуцці багатых і бедных местачкоўцаў. Пачынаючы з 1920 г. Койданава зноў-жа перажыло некалькі стадый эканамічнай і бытавой ломкі: 1)кантрабанда; 2)высылка кантрабандыстаў за межы Беларусі; 3) НЭП; 4) знішчэнне НЭПу праз кааперацыю; 5) развіццё школ і ліквідацыя яўрэйскага "хэдэру"; 6) росквіт рамесніцкіх арцеляў, пераход многіх з былых крамнікаў і гандляроў на апрацоўку зямлі (Біра-Біджан, Крым, сельска-гаспадарчыя арцелі ў ваколіцы Койданава і іншых месцах)" [18].

"Моладзь Турава адыходзіць ад старых укладаў жыцця. На сходах сялянства і саматужнікаў уносяцца прапановы аб аддачы цэркваў і сінагог пад дамы культуры; адна сінагога па пастанове працоўных яўрэяў ужо забрана для культпатрэб, у недалёкім часе канчаткова вырашыцца справа і аб апошніх дамах дурману" [19].

"Старыя Дарогі досыць багаты культавымі будовамі: тут знаходзяцца праваслаўная царква, касцёл, сінагога і некалькі малітвенных дамоў. З прадстаўнікоў культу асаблівай папулярнасцю карыстаецца яўрэйскі рабін, але толькі не ў сваім мястэчку, а па-за межамі яго. Апошні часта выязджае на гастролі ў Маскву, Харкаў, Адэсу, а таксама выступае ў спрэчках на рэлігійныя тэмы з рэдактарам Бабруйскай газеты "Камуніст" [20].

"Новы быт у мястэчку Азарычы відавочна расце. Моладзь ад сінагог адхілілася. З 9-ці шлюбаў, якія адбыліся ў 1927 г. 6 было без удзелу рэлігійных царамоній" [21].

"Калгас "Акцябр" лічыцца адным з лепшых яўрэйскіх калгасаў у Койданаўшчыне. Зацікавіў мяне, як тып, былы койданаўскі "мэламэд", які два гады таму назад у "судны дзень" ("ём-кіпур") выйшаў на амбон з прамоваю аб тым, што яўрэі перасталі быць рэлігійнымі. Ён тады аб гэтым вельмі шкадаваў і клікаў зноў да бога. Цяпер ён дэманстраваў перада мною конную язду (у суботні дзень, калі паводле яўрэйскай рэлігіі гэта забаронена). І ў той жа суботні дзень, калі яго набожная жонка адмовілася даіць кароў, сам даіў. Ён зусім перамяніўся за кароткі час. Тут я наглядаў відавочна як быццё вызначае свядомасць. Былы "мэламэд" навучыўся працаваць на зямлі ня горш за іншых. У параўнанні з іншымі "акцябрыстамі" ён усё-ж такі інтэлігент. Часта пускаецца ў высокія матэрыі --успамінае Боруха Спінозу, Майманіда, Маркса, калі-ні-калі чытае яўрэйскую літаратуру. За гэта яго таварышы дабрадушна з яго кпяць, называюць "нашым філёзофам" [22].

"Прыкмячаецца ў Лагойску значнае пашырэнне элементаў новага быту, асабліва сярод моладзі, якая ўжо мала звязана з царквой ці сінагогай, пазбаўлена рэлігійных забабонаў. Яшчэ 8 - 9 год таму назад у вышэйшай пачатковай школе і потым у школе II ст. прыходзілася весці барацьбу з т.зв. "суботнікамі" - вучнямі, якія не хацелі пісаць у школе ў суботу па рэлігійных матывах. Цяпер ужо гэтага няма. Адчуваецца вялікая цяга дзяцей у піянеры і моладзі ў ЛКСМ. Змяняюцца патрыярхальныя сямейныя ўзаемаадносіны, якія былі ў Лагойску досыць моцныя да часоў рэвалюцыі" [23].

Гэтыя і падобныя ім матэрыялы, хаця і ўтрымліваюць элементы піяра, але відавочна сведчаць пра паступовую саветызацыю мястэчак і іх насельніцтва. Многія, асабліва маладое пакаленне, прынялі новую савецкую культуру і лад жыцця. Аднак новая свядомасць, атаясамленне з агульнай савецкай культурай пераважалі ў калектыўным жыцці мястэчка. У сям'і і побыце да канца 1930-х г. сярод местачковых жыхароў захоўваліся традыцыйныя асновы і сістэма каштоўнасцей.

Вышэй ужо адзначалася, што інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў шэрагу публікацый "Нашага краю", сёння набывае характар унікальных дакументаў, з'яўляецца ледзь не адзінай крыніцай па помніках, якіх ужо няма. Гэта датычыць і матэрыялаў, прысвечаных мястэчкам Беларусі. Так, М.Азбукін пакінуў апісанне найвыдатнейшага помніка мінуўшчыны м.Пагост - старой сінагогі (у мястэчку было 3 сінагогі, найстарэйшую з іх называлі "старой").

"У гэтай сінагозе - надзвычайна прыгожыя, рэзаныя нажом з дрэва "омэд" (месца, дзе стаіць кантар у час набажэнства) і "оран-койдэш" ("святая скрыня", дзе стаяць скруткі торы). Разьба старая, вельмі прыгожая і арыгінальная. Арнамент багаты і разнастайны. Наверсе - дзвухгаловы арол і два буслы; з цэльнага кавалку дрэва зроблены доўгія ланцугі. Кажуць, што сінагога мае 190 год, але старыя дакументы, у якіх была зазначана ўся гісторыя сінагогі і Пагосту ў 1915 г. былі вывезены ў Ленінград. Раней каля сінагогі ляжаў камень з незразумелым надпісам, нібы то магічным стараславянскім пісьмом. У 1924 г. гэты камень вывезлі ў Менск, у Беларускі Дзяржаўны Музей" [24

Многія публікацыі ілюстраваныя: утрымліваюць малюнкі ці фатаздымкі помнікаў гісторыі і архітэктуры, планы мястэчак. Напрыклад, артыкул М.Азбукіна пра Шацк утрымлівае: фрагмент карты, дзе паказана размяшчэнне мястэчка і яго наваколля, фатаздымкі віду на р.Шачу, былога палаца Гамаліцкага, будынкаў царквы, бровара і земскай школы [25]. У артыкуле, прысвечаным Багушэвічам, змешчаны план мястэчка 1927 г. [26] А публікацыя пра м.Лагойск утрымлівае план мястэчка 1865 г. [27]

Аўтарскі актыў быў вельмі разнастайны: ад прафесіяналаў да аматараў; ад вядомых навукоўцаў (Д.Даўгяла, М. Азбукін), пісьменнікаў (З.Бядуля) да звычайных школьных настаўнікаў, студэнтаў. Часта артыкулы пісаліся прафесіяналамі са спасылкай на дасланыя матэрыялы мясцовых краязнаўцаў. Напрыклад, М.Азбукін апісаў мястэчка Шацак, выкарыстаўшы пры гэтым матэрыялы, прысланыя настаўніцай В.Сялівончык. Артыкул Я.Сяргеенкі, прысвечаны Бабінавічам, з'явіўся дзякуючы матэрыялам, прысланым гуртком краязнаўства пры Вышэйшых курсах беларусазнаўства. Публікацыя В.Самцэвіча пра Багушэвічы заснаваная на матэрыялах краязнаўчага гуртка пры Багушэвіцкай сямігодцы.

Актыўнасць мясцовых краязнаўцаў была настолькі вялікай, што далёка не ўсе дасылаемыя ў рэдакцыю матэрыялы паспявалі апрацоўваць і друкаваць. Пра гэта сведчаць звесткі з часопіснага раздзела "Хроніка", дзе часта змяшчалі пералік атрыманых матэрыялаў. Разнастайнасць і багацце іх ўражвае! Тут і фальклорныя матэрыялы (для прыкладу - "ад тав. Фрыдмана (Менск) - анэкдоты: зладзейскія, цыганскія, хасыдзкія і інш, усяго 128 нумароў"; "ад тав. Чахоцкага (Рагачоў) - пагаворкі і прымаўкі, 230 нумароў"; і г.д.), і этнаграфічныя ("ад студэнта Віцебскага мастацкага тэхнікума Стальмашэўскага - апісанне вяселля"), і розныя дакументы ("ад тав. Чарнага (Бабруйск) - гістарычныя дакументы перыяду польскай акупацыі ў г.Чэрвені") і інш. Сустракаюцца паведамленні і пра местачковыя матэрыялы: у лютым - траўні 1928 г. атрыманыя "ад тав. Іткінай (Прапойск) - анкетнае абследаванне м.Прапойск; ад тав. Рутшрэйна (Касцюковічы) - анкетнае абследаванне м.Касцюковічы; ад тав. Галамштока (Менск) - народна-рэлігійная драма "Продаж Ёсіфа", запісаная ў м.Нароўлі; ад тав. Валабрынскага (Менск) - кніга па народнай медыцыне, зложаная ў м.Койданаве ў 1811 г." [28] і інш.

Увогуле раздзел "Хроніка" дазваляе ўявіць усю "кухню" даследчай краязнаўчай дзейнасці. Тут змяшчаліся планы і справаздачы. Паведамлялася пра разнастайныя экспедыцыі, якія ладзіліся самымі рознымі сіламі. Так, Яўрэйскай секцыяй Інбелкульту сумесна з мастацкімі сіламі БССР у 1927 г. былі арганізаваныя экспедыцыі ў м.Нароўлю і м.Лапічы з мэтай збору матэрыялаў для дэтальнага манаграфічнага апісання гэтых мястэчак. Экспедыцыі наладжваліся і навучальнымі ўстановамі: у 1927 г. Яўрэйская секцыя краязнаўчага таварыства БДУ арганізавала экспедыцыю па Тураўшчыне, а краязнаўчы гурток пры Менскім педагагічным тэхнікуме - па мястэчках Меншчыны [29]. "Хроніка" інфармавала аб арганізацыйнай структуры краязнаўчага руху. Так, паведамлялася, што к пачатку 1929 г. у рэспубліцы дзейнічала каля 300 краязнаўчых арганізацый з агульнай колькасцю 10510 чалавек. Краязнаўчыя даследчыцкія асяродкі існавалі амаль ва ўсіх мястэчках. У пераліку ўсіх навукова-краязнаўчых арганізацый і ўстаноў БССР - 303 установы (разам з Інбелкультам), з іх каля 100 знаходзілася ў мястэчках [30].

На вялікі жаль, у пачатку 1930-х г. краязнаўства ў БССР фактычна было разгромлена і вынішчана, а многія вядомыя вучоныя і мясцовыя краязнаўцы - рэпрэсіраваныя. "Выкрыццё нацдэмаў" у краязнаўстве пачалося ў кастрычніку 1930 г. Быў зменены склад ЦБК і рэдакцыі "Нашага краю", а з лістапада 1930 г. часопіс быў рэарганізаваны ў новы орган пад назвай "Савецкая краіна" і пад кіраўніцтвам новай рэдакцыйнай калегіі. Новаму складу ЦБК была пастаўлена задача "изучить состав участников в работе по краеведению БССР и освободиться от всех вражеских элементов, пересмотреть всю краеведческую литературу с целью критики нацдемовских идей» [31]. Адначасова разгарнулася кампанія за новы этап у развіцці краязнаўства з тым, каб цесна звязаць яго з задачамі сацыялістычнага будаўніцтва. Перад краязнаўчымі арганізацыямі ставілася задача вывучэння пяцігадовага плана і практычнай дапамогі па яго выкананню. У 1932 г. была прынята пастанова СНК БССР "Аб мерапрыемствах па разгортванню краязнаўчага руху", якая прадпісвала краязнаўцам даследаваць і паказваць выключна поспехі сацыялістычнага будаўніцтва.

Усе гэтыя працэсы істотна змянілі характар публікацый на старонках "Савецкай краіны". Часопіс перапоўнены "разоблачительными" артыкуламі. Вось пералік назваў некаторых з іх: "Узмацніць барацьбу з варожымі вылазкамі ў краязнаўстве", "За бальшавіцкую партыйнасць у краязнаўстве", "Апалітычнае вывучэнне роднага краю нам не патрэбна", "Па-баявому перабудаваць краязнаўчую працу" і г. д. У гэтых і падобных артыкулах сцвярджалася, што "краязнаўства знаходзіцца на службе контр-рэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму"; пісалася аб неабходнасці "ўзмацнення класавай пільнасці на краязнаўчым фронце", "узмацнення барацьбы з малейшымі вылазкамі супроць дырэктыў партыі" і г. д. Замест праграмаў вывучэння мястэчак з'віліся праграмы вывучэння калгасаў і саўгасаў, фабрык і заводаў, сацспаборніцтва і ўдарніцтва… Змяніўся і аўтарскі калектыў. Хаця часам сярод новых прозвішчаў сустракаюцца і прозвішчы аўтараў артыкулаў "Нашага краю" другой паловы 1920-х г. Так, па-ранейшаму друкуецца В.Самцэвіч, але замест мястэчак апісвае "задачы краязнаўчых ячэек у вясновай пасеўнай кампаніі 1933 г. і барацьбу за ўраджай" [32]. І.Шпілеўскі і Л.Бабровіч, згаданыя вышэй як аўтары гістарычнага нарыса Койданава, цяпер выступаюць у ролі выкрывацеляў "контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнаграфіі" [33].

Матэрыялы часопісаў "Наш край"( 1925 - 1930) і "Савецкая краіна" (1930 - 1933) адлюстравалі, такім чынам, змену эпох у развіцці гістарычнай навукі і гістарычнага краязнаўства ў БССР.

Аналіз публікацый "Нашага краю", прысвечаных мястэчкам Беларусі, дазваляе зрабіць выснову аб тым, што ў другой палове 1920-х гадоў мястэчкі вывучаліся самымі разнастайнымі сіламі, ўсебакова, комплексна і планамерна. Таму гэты часопіс з'яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі гэтых унікальных паселішчаў. Акрамя таго, надзвычай цікавым і карысным уяўляецца вопыт арганізацыі і развіцця краязнаўчага руху ў 20-я гады ХХ ст. Гэты вопыт неабходна вывучаць, да яго патрэбна звяртацца і шырока выкарыстоўваць. Поспех у разгортванні краязнаўчага руху ў тыя часы ва многім тлумачыцца высокім статусам, які быў нададзены краязнаўству. Клопаты пра яго развіццё былі ўскладзены на самую аўтарытэтную ўстанову - Інстытут беларускай культуры, што сабраў пад сваім дахам "усе беларускія сілы". Зразумела, што ні Інбелкульт, ні ЦБК пры ім, ні рэдкалегія "Нашага краю" не маглі выйсці з-пад вока партыйнага кантролю. Таму здзіўляе і ўражвае, як многа ўдалося зрабіць за такі кароткі час, які па праву называюць часам усеагульнага ўздыму беларускага жыцця, перыядам беларускага актывізму.



* Ідэя звароту да пошукаў матэрыялаў пра мястэчкі ў часопісе «Наш край» з'явілася пасля знаёмства з артыкулам Ірыны Раманавай, прысвечаным аналізу трансфармацыі знешняга аблічча мястэчак Беларусі па матэрыялам «Нашага краю» : Романова И. Местечко Советской Беларуси во второй половине 1920-х г.: по материалам журнала «Наш край» // Sztetł - wspólne dziedzictwo: szkice z dziejów ludności źydowskiej Europy Środkowo-Wschodniej. / Red. Artur Markowski i Wojciech Śleszyński. - Białystok, 2003. - S. 152 - 162.


[1] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ - ХХ ст. СПб., 2003. С. 195.

[2] Аляксандраў Г. Праграма вывучэння мястэчка // Наш край. 1928. №2 (29). С. 45 - 53.

[3] Аляксандраў Г. Праграма вывучэння мястэчка // Наш край. 1928. №2 (29). С. 46

[4] Палеес А. Матэрыялы да бібліяграфіі па вывучэнню яўрэйскага насельніцтва мястэчак Беларусі // Наш край. 1928. № 2 (29). С. 61 - 68.

[5] Хроніка // Наш край. 1929. №5 (43). С. 64 - 65.

[6] Дружчыц В. Краязнаўства ў гістарычнай галіне // Наш край. 1927. № 12 (27). С. 9 - 10.

[7] Праграма апісання паселішчаў гарадскога тыпу (гарадоў, мястэчак, пасадаў, гандлёвых сёлаў і інш.) // Наш край. 1925. № 1. С. 56 - 58.

[8] Кулакоў Т. Мястэчка Азарычы Мазырскай акругі // Наш край. 1928. №8-9 (35-36). С. 83 - 89; Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Сучасны стан м. Койданава і раёну // Наш край. 1929. №4 (43). С. 32 - 45; Самцэвіч В. Эканамічна-культурнае становішча мястэчка Багушэвічы Барысаўскай акругі // Наш край. 1927. №3 (18). С. 29 - 34; Самцэвіч В. М. Лагойск Менскай акругі // Наш край. 1928. №4 (31). С. 25 - 32;

[9] Азбукін М. Нашы мястэчкі: Пагост, Княжычы, Бярэзынь // Наш край. 1925. №2. С. 15 - 20; Сяргеенка Я. Бабынавічы Віцебскай акругі // Наш край. 1926. №2-3 (5-6). С. 56 - 58; Ганжын А. Мястэчка Новабыхаў Магілёўскай акругі // Наш край. 1926. №2-3 (5-6). С. 59 - 61; С. 51 - 52; Азбукін М. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. №1 (16). С. 44 - 50; Ганжын А. Мястэчка Чачэрск Гомельскай акругі // Наш край. 1927. №1 (16). С. 59 - 61; і інш.

[10] Валасэвіч М. Семнаццаць дзён па БССР: м.Чашнікі Віцебскай акругі // Наш край. 1930. №2 (53). С. 29 - 31; Самцэвіч В. Па Барысаўшчыне: м. Чэрняўка // Наш край. 1929. №12 (51). С. 38 - 40; Мікіцінскі У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання: м. Грэск // Наш край. 1929. №1 (40). С. 38 - 42; Мікіцінскі У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання: м. Старыя Дарогі // Наш край. 1929. №3 (42). С. 32 - 34; Уладзіміраў У. Школьная краязнаўчая экскурсія 8-й Нова-Барысаўскай школы па БССР // Наш край. 1930. №9 - 10. С. 59 - 70; Шашалевіч А. Па гомельскай акрузе: краязнаўчыя нататкі // Наш край. 1928. №11 (38). С. 43 - 50; і інш.

[11] Буланчыкаў В. Апісанне Валынецкага кірмашу // Наш край. 1929. №2 (41). С. 50 - 52; Мікіцін М. Кірмаш у м. Клічаве Бабруйскай акругі // Наш край. 1928. №4 (31). С. 33 - 35; Каракін. Стружачная вытворчасць у мястэчку Глуску Бабруйскай акругі // Наш край. 1926. №2-3 (5-6). С. 51 - 52; Васілеўскі Д. Помнікі старасвеччыны на Аршаншчыне // Наш край. 1927. №2 (17). С. 40 - 43; Васілеўскі Д. Экскурсійныя аб'екты на акрузе (Аршаншчына) // Наш край. 1929. №4 (43). С. 16 - 21; і інш.

[12] Гершэнбаўм І. Мястэчка Шчадрын у рэканструкцыйным перыядзе // Савецкая краіна. 1931. №4. С. 31 - 36; Гершэнбаўм І. Саматужніцкае мястэчка Падабранка // Савецкая краіна. 1931. №8. С. 34 - 40.

[13] Гершэнбаўм І. Яўрэйскую навуковую работу на вышэйшую ступень // Савецкая краіна. 1932. №5. С.38.

[14] Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Мястэчка Койданава (гістарычныя весткі) // Наш край. 1929. № 2 (41). С. 24 - 35; Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Мястэчка Койданава (гістарычныя весткі з 1917 г.) // Наш край. 1929. № 3 (42). С. 36 - 46;

[15] Бядуля З. З краязнаўчага блакноту пісьменніка: Лірыка мястэчка Койданава // Наш край. 1930. № 1 (52). С. 36 - 49.

[16] Даўгяла Зм. Свіслацкі замак у 1560 г. // Наш край. 1927. № 6 - 7 (21 - 22). С. 60 - 64; Даўгяла Зм. Места Свіслацкае ў 1560 г. // Наш край. 1928. № 6 - 7 (33 - 34). С. 33 - 37.

[18] Бядуля З. З краязнаўчага блакноту пісьменніка: Лірыка мястэчка Койданава // Наш край. 1930. № 1 (52). С. 37.

[19] Бруй М.Е. Сучасны Тураў // Наш край. 1930. № 5 - 6 (56 - 57). С. 62.

[20] Мікіцінскі У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання: м. Старыя Дарогі // Наш край. 1929. №3 (42). С. 33.

[21] Кулакоў Т. Мястэчка Азарычы Мазырскай акругі // Наш край. 1928. №8-9 (35-36). С. 89.

[22] Бядуля З. З краязнаўчага блакноту пісьменніка: Лірыка мястэчка Койданава // Наш край. 1930. № 1 (52). С. 47.

[23] Самцэвіч В. М. Лагойск Менскай акругі // Наш край. 1928. №4 (31). С. 32.

[24] Азбукін М. Нашы мястэчкі: Пагост, Княжычы, Бярэзынь // Наш край. 1925. №2. С. 16.

[25] Азбукін М. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. №1 (16). С. 44 - 50.

[26]Самцэвіч В. Эканамічна-культурнае становішча мястэчка Багушэвічы Барысаўскай акругі // Наш край. 1927. №3 (18). С. 31.

[27]Самцэвіч В. М. Лагойск Менскай акругі // Наш край. 1928. №4 (31). С. 27

[28] Хроніка // Наш край. 1928. №5 (32). С.61

[29] Хроніка // Наш край. 1927. №5 (20). С. 65.

[30] Навукова-краязнаўчыя арганізацыі і ўстановы БССР (паводле звестак на 1 снежня 1926 г.) // Наш край. 1927. №1 (16).

[31] Амелькович Л.Г. Деятельность ЦБК Белоруссии (1923 - 1933) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Сборник научных трудов. Мн., 1975. С. 71.

[32] Самцэвіч В. Задачы краязнаўчых ячэек у вясновай пасеўнай кампаніі 1933 г. і барацьба за ўраджай // Савецкая краіна. 1933. №1. С. 10 - 18.

[33] Бабровіч Л., Шпілеўскі І. Супроць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнаграфіі // Савецкая краіна. 1931. №2. С.46 - 53.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX