Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Дзярэчын у гістарычнай літаратуры 


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Дзярэчын у гістарычнай літаратуры // Славуты Зэльвенскі край: Матэрыялы навук. гісторыка-краязнаўчай канфер. – Ліда, 2004. – С. 63 – 73.



У 13 кіламетрах на паўночны ўсход ад Зэльвы знаходзіцца Дзярэчын. Гісторыя і славутасці гэтага мястэчка неаднаразова прыцягвалі ўвагу даследчыкаў. Не прэтэндуючы на поўны агляд гістарычнай літаратуры, дзе ёсць звесткі пра Дзярэчын, акрэслім тыя выданні, з якімі нам прыходзілася сустракацца і працаваць падчас даследавання праблемы гісторыі мястэчак Беларусі.

Пачнём з польскамоўнага выдання 1846 г. "Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym" 1 (яго можна лічыць папэрэднікам 14-томнага "Słownika geograficznego Królestwa Polskiego"). Аўтарамі гэтай 3-томнай гістарычнай працы з'яўляюцца Міхал Балінскі і Тыматэуш (Цімафей) Ліпінскі. Мы не выпадкова звяртаемся найперш да гэтай кнігі, таму што адзін з яе аўтараў, а менавіта Т.Ліпінскі, нарадзіўся ў Дзярэчыне. На жаль, гэты гісторык мала вядомы ў Беларусі, хаця, безумоўна, заслугоўвае таго, каб аб ім ведалі і памяталі.

Аб жыцці і творчасці вучонага "Polski słownik Biograficzny" 2 паведамляе наступнае. Т.Ліпінскі (1797 - 1856), гісторык, географ, нумізмат, нарадзіўся ў Дзярэчыне 24 студзеня 1797 г. (па іншых звестках 1799 г.) у сям'і маёра польскага войска Станіслава Ліпінскага. Пачатковую адукацыю атрымаў у нашым краі, а вось далей вучыўся ў Варшаве, куды вымушаны быў ад'ехаць пасля заўчаснай смерці бацькоў пад апеку свайго дзядзькі Юзэфа Ліпінскага. У Варшаве атрымаў сярэднюю адукацыю і ў 1819 г. паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт на факультэт прыгожых навук і мастацтваў. У 1825 г. пачаў працаваць у політэхнічным інстытуце ў Варшаве. Адначасова пачаў пісьменніцкую дзейнасць. Зацікавіўшыся грамадска-палітычным жыццём сталіцы, падзеямі паўстання 1830 - 1831 г., у якіх сам прымаў удзел, вёў дзённікавыя запісы, якія пазней, у 1881 г., былі апублікаваныя пад назвай "Запіскі з 1825 - 1831 гадоў", як адна з найбольш каштоўных падрабязных хронік тых падзей. З 1833 да 1851 г. выкладаў гісторыю, геаграфію, польскаю мову ў розных навучальных установах Варшавы. Разгарнуў актыўную пісьменніцкую і навуковую дзейнасць. Блізкія сяброўскія адносіны з вядомым пісьменнікам, палітычным дзеячам і гісторыкам Юльянам Нямцэвічам садзейнічалі пашырэнню кантактаў Ліпінскага з літаратурнымі і навуковымі коламі. Ён друкуецца на старонках газет і часопісаў ("Польская газета", "Варшаўскі кур'ер" і інш.), стала супрацоўнічае з навукова-літаратурным часопісам "Варшаўская бібліятэка", адным з заснавальнікаў якога быў М.Балінскі (менавіта тут і пазнаёміліся будучыя сааўтары "Старажытнай Польшчы"). Т.Ліпінскі шмат вандраваў па краю, збіраў помнікі пісьменства, гістарычныя крыніцы, манеты, медалі, паданні і легенды. Менавіта гэтыя матэрыялы і сталі асноваю для напісання "Старажытнай Польшчы" разам з М.Балінскім, вядомым гісторыкам і публіцыстам, ураджэнцам Полаччыны, вучням знакамітых прафесараў Віленскага ўніверсітэта Іахіма Лялевеля і Ігната Даніловіча. Кніга ўтрымлівае багаты матэрыял па гісторыі паселішчаў былой Рэчы Паспалітай. Яна адыграла вялікую ролю ў папулярызацыі гісторыі краю. Тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага апісаў М.Балінскі. "Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym" у ХІХ ст. вытрымала 4 выданні (т. І - ІІІ, 1843, 1846, 1850; т. І - IV, 1885 - 1886). Вядомыя і іншыя працы Ліпінскага: "Газеты ў Польшчы і некаторыя ўрыўкі з іх" (1845 г.), "Гістарычныя фрагменты з XVIII ст." (1853 г.). Ён паправіў, дапоўніў і выдаў рукапіс Ф.Сярчынскага "Апісанне Радамскага павету" (Варшава, 1847 г.). Стварыў "Слоўнік прыказак, прымавак і крылатых выразаў польскай мовы", які складаў 20 выпускаў (друкаваўся толькі фрагментарна ў перыядычных выданнях). Сярод рукапісаў Ліпінскага варта ўзгадаць і каштоўныя "Жыццяпісы знакамітых палякаў XVIII ст.", якія пасля яго смерці былі перададзеныя рэдакцыі "Encyklopedii Powszechnej Orgelbranda". Ліпінскі з'яўляўся членам-карэспандэнтам Кракаўскага навуковага таварыства, членам Геаграфічнага таварыства ў Пецярбургу. Яго найкаштоўнейшая нумізматычная калекцыя ацэньвалася ў 15000 злотых. Памёр Ліпінскі 8 верасня 1856 г. у Варшаве.

Вернемся да разгляду звестак пра Дзярэчын у "Старажытнай Польшчы", у ІІІ томе якога апісваецца наш край (выданні 1843, 1846, 1850 г.). Тут утрымліваецца інфармацыя пра ўладальнікаў Дзярэчына, адзначаюцца асаблівыя заслугі ў яго росквіце Францішка Сапегі, бо менавіта пры ім Дзярэчын стаў галоўнай сапегаўскай рэзідэнцыяй. Прыводзяцца звесткі пра будаўніцтва кляштара і касцёла дамініканцаў і інш.

Узгадваў пра Дзярэчын Адам Кіркор у гістарычнай частцы трэццяга тома "Живописной России», прысвечанага нашаму краю 3. У раздзеле "Гарады і паселішчы ў Літве" прыводзяцца кароткія звесткі пра культурныя каштоўнасці князёў Сапегаў, якія знаходзіліся ў Дзярэчыне пасля пераносу сюды іх рэзідэнцыі: бібліятэку, архіў, карцінную галерэю і інш. прадметы мастацтва. Прасочваецца лёс гэтых багаццяў пасля канфіскацыі Дзярэчына ў 1831 г. У прыватнасці, А.Кіркор паведамляе: "Перед палатами в Деречине стояли две большие бронзовые статуи, изображавшие Адама и Еву. Ева попала как-то в садик одного из гродненских советников, а Адам к еврею. Последний отнят был у еврея и перевезён в виленский музей, но уже без руки, которую еврей употребил для выделки какого-то другого предмета». Ёсць тут таксама інфармацыя пра сады і паркі Дзярэчына. Узгадваецца пра славутыя дзярэчынскія грушы, якія называлі сапежанкамі.

Цікавыя ўспаміны пра Дзярэчын і яго ўладальнікаў пакінуў граф Леан Патоцкі 4, прадстаўнік знакамітага шляхецкага роду. Падрыхтаваў рукапіс мемуараў Л.Патоцкага да друку вядомы этнограф і фалькларыст Міхал Федароўскі (1853 - 1923). Кніга была ўпершыню надрукавана ў часопісе "Kwartalnik Liteuski", які выходзіў у Санкт-Пецярбургу на польскай мове (т. 2, 3, 4 за 1910 г. і т. 5 за 1911 г.). Беларускамоўны пераклад успамінаў Л.Патоцкага выйшаў у 1997 г. у выдавецтве "Полымя". Паэт, празаік, мемуарыст Леан Патоцкі, які вядомы яшчэ як "Банавентура з Каханова", быў звязаны сваяцтвам і сяброўствам з вышэйшымі коламі былой Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у паўстанні 1830 - 1831 г. У сваіх "Успамінах пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану" ён знаёміць з тымі падзеямі і здарэннямі, сведкам якіх быў сам, а таксама з рознымі гістарычнымі звесткамі, паданнямі, учынкамі, якія асвятляюць жыццё старажытных беларускіх родаў. Дзякуючы гэтым успамінам можна перанесціся ў канец ХVIII - першую палову XIX ст. і паглядзець на тагачаснае жыццё, як бы знутры, вачыма сучасніка той далёкай эпохі. Аўтар толькі збольшага кранае мясцовасці і звязаныя з імі гістарычныя падзеі, ён кружыць пераважна навокал асобаў. Праўдзіва і дакладна раскрывае іх штодзённыя станоўчыя якасці і недахопы, іх клопаты і норавы, падрабязна апісвае іх рэзідэнцыі, грамадскае і прыватнае жыццё, а таксама іх забавы, баляванні, з'ез'ы, паляванні. У другой частцы ўспамінаў Патоцкага, якая прысвечана Дзярэчыну, выступае арыгінальная, вечна шукаючая ўражанняў і прыгодаў постаць уладара Ружанаў і Дзярэчына князя Францішка Сапегі. Аўтар апісвае яго любімую рэзідэнцыю (Дзярэчын), поўную твораў мастацтва і дарагіх рэчаў, яго атачэнне, святы і ўвесь лад жыцця. Акрамя таго аўтар прыводзіць цэлы шэраг фактаў, якія пацвярджаюць велізарны запас няспынна выдаванай князем энергіі на шкоду краю і сям'і: яго пастаянныя ваяжы, інтрыжкі і азартныя гульні. Словам, імклівая плынь жыцця магната адлюстроўваецца тут ва ўсёй шырыні, ясна і выразна. Патоцкі, характарызуючы тыя ці іншыя асобы, разгортвае перад чытачом сямейныя традыцыі, апісвае тагачасныя кампаніі, узаемаадносіны паміж суседзямі і адносіны магнатаў да народа і свайго атачэння. Хочацца прывесці адну цытату з успамінаў пра Францішка Сапегу: "У сваіх вандроўках няспынна пераязджаў з месца на месца, бо ў Пецярбургу яму было захоладна, у Партугаліі загорача, а ў Англіі занадта вільготна. У Вільні не меў з кім жыць, у Варшаве з кім гуляць, і не раз паўтараў, што толькі ў Парыжы і Дзярэчыне можа на працягу некалькіх тыдняў не нудзіцца" 5. Гэтыя словы да сённяшняга часу цешаць слых дзярэчынцаў.

У 1999 г. у рамках праекту "Местачковы рэнесанс" выйшла выдатная кніга вядомага паэта, парадыста і даследчыка-краязнаўцы Міхася Скоблы "Дзярэчынскі дыярыюш", якая ўтрымлівае цікавы, дакументальна насычаны гістарычны нарыс роднага для аўтара мястэчка 6. Тут пераканаўча і аргументавана, цікава і займальна паказваецца, наколькі багатым і цікавым з матэрыяльнага і духоўнага пункту гледжання было ў мінулым жыццё Дзярэчына, як і многіх іншых паселішчаў Беларусі. Сапраўды, былі часы, калі сённяшнія беларускія мястэчкі і вёскі, згубіўшыя сваю колішнюю славутасць, стваралі гісторыю. Праца М.Скоблы чытаецца лёгка, з вялікай цікавасцю і захапленнем. Яна ўжо атрымала шэраг станоўчых ацэнак 7. У прыватнасці, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч назваў "Дзярэчынскі дыярыюш" узорам гістарычнага нарысу, бо тэкст пададзены літаратурна і дастаткова прафесійна з пункту гледжання гістарычнай навукі. Кніга напісана дзярэчынцам, і гэтая акалічнасць напоўніла яе пяшчотай, заснаванай на глыбокіх дзіцячых уражаннях аўтара. Галоўныя прычыны поспеху М.Скоблы, па меркаванню А.Краўцэвіча, у спалучэнні асабістых эмацыянальных адносінаў да аб'екту і здаровага сэнсу ў інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц.

Дзярэчын на старонках кнігі М.Скоблы паказаны ўсебакова і поўна, у комплексе пададзены звесткі пра самыя розныя бакі яго жыцця. Аўтар прыводзіць першае ўпамінанне Дзярэчына ў пісьмовых крыніцах, тлумачыць свае меркаванні наконт паходжання назвы мястэчка, прасочвае гісторыю яго ўладальнікаў, храмаў, навучальных ўстаноў, падрабязна паведамляе пра тэатральнае і музычнае жыццё, піша пра вайсковую акадэмію, бібліятэку, карцінную галерэю, друкарскі варштат, звярынец, парк і сад, прамысловыя прадпрыемствы і г.д. І ўсё ж М.Скобла напісаў кнігу не пра гісторыю знакамітага ў мінулым мястэчка, а перш за ўсё пра гісторыю яго людзей. Прыводзяцца малавядомыя і невядомыя звесткі з жыцця Сапегаў. Аўтар знаёміць са знакамітымі асобамі, якія нарадзіліся ці жылі ў Дзярэчыне: гісторык Ліпінскі; метадыст евангеліцкай царквы, пісьменнік, перакладчык і выдавец Ян Пятроўскі, які напісаў успаміны "Дзярэчын - малы Версаль" (друкаваліся ў газеце "Праца" у 1992 г.), зараз жыве ў ЗША; святар Іосіф Карскі, якога можна лічыць адным з першых даследчыкаў Дзярэчына: ён напісаў і выдаў у 1901 г. кнігу "Деречинский приход. Краткое историко-статистическое описание"; Яўстах Севярын Сапега, які зараз жыве ў Кеніі (Афрыка) і ў 1997 г. наведаў родныя мясціны, і інш. Пры напісанні "Дзярэчынскага дыярыюша" аўтарам былі выкарыстаны ўнікальныя матэрыялы з архіваў Гродна, Варшавы і Санкт-Пецярбурга (шкада толькі, што ў кнізе няма спасылак і спісу выкарыстаных крыніц і літаратуры).

Мястэчкі Беларусі, як вядома, з'яўляліся асяродкамі яўрэйскай гісторыі рэгіёна, бо канцэнтравалі значную колькасць прадстаўнікоў гэтай этнічнай супольнасці. Дзярэчын - не выключэнне. Звесткі пра дзярэчынскіх яўрэяў знаходзім у «Еврейской энциклопедии» пад рэдакцыяй Л.Кацнельсона і Д.Гінцбурга 8, у працы М.Скоблы. Акрамя таго іх падае Леанід Смілавіцкі, даследчык з Ізраіля, у кнізе "Катастрофа евреев в Беларуси. 1941 - 1944 г.» 9. Тут паведамляецца пра знішчэнне яўрэяў Дзярэчына (красавік - чэрвень 1942 г.), а таксама прыводзяцца кароткія гістарычныя звесткі аб яўрэях Дзярэчына ў розныя часы. Гісторыі яўрэйскай абшчыны Дзярэчына прысвечаны таксама артыкул Наталлі Пасюты 10.

Самыя разнастайныя звесткі пра Дзярэчын утрымліваюць даведачныя і энцыклапедычныя выданні розных часоў: "Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego" 11 (аўтар артыкула пра Дзярэчын "схаваўся" пад ініцыяламі F.S.), "Энциклопедический словарь» Ф.Бракгауза і І.Ефрона 12 (тут пра Дзярэчын пісаў нехта Ф.Ш.), "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць" 13, "Беларуская энцыклапедыя" 14, "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі" 15 (дзе аўтарам артыкула, прысвечанага Дзярэчыну, выступіў Валерый Шаблюк) і інш. Помнікі архітэктуры Дзярэчына знайшлі адлюстраванне ў выданнях "Архітэктура Беларусі" 16 (А.Пятросава, Ю.Якімовіч), "Страчаная спадчына" 17 (А.Кулагін).

Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Дзярэчыну, знаходзіцца ў розных перыядычных выданнях, пачынаючы з "Гродненских губернских ведомостей» (напрыклад, №16 за 1892 г.) і завяршаючы сучаснымі "Гродзенскай праўдай" і зэльвенскай раённай газетай "Праца" (артыкулы П.Марціноўскага, В.Дубатоўкі, П.Жэбрака і інш.) 18. Змяшчае публікацыі пра Дзярэчын і навуковая перыёдыка (артыкул А.Філатавай "Дзярэчын і яго ўладальнікі" у часопісе "Гістарычны альманах") 19.

Пашанцавала Дзярэчыну і з мастацкім адлюстраваннем яго архітэктурных помнікаў. Знакаміты мастак-графік ХІХ ст. Напалеон Орда ў 1877 г. зрабіў малюнак комплекса касцёла і кляштара дамініканцаў 20, які, на вялікі жаль, не захаваўся. Фатограф-мастак пачатку ХХ ст. Ян Балзункевіч пакінуў фотаздымак касцёла 21. Выгляд Дзярэчынскага палаца ў 1933 г. адлюстраваны на фота Яна Булгака, выдатнага этнографа, фалькларыста, майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі 22.

Веліч і слава Дзярэчына мінавалі. Засталася гісторыя некалі славутага мястэчка, адлюстраваная ў шматлікай гістарычнай літаратуры, якой могуць і павінны ганарыцца нашчадкі.


1 Baliński M., Lipiński T. Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym. T. III. Warszawa, 1846. S. 696 - 697.

2 Polski słownik Biograficzny. T. XVII. Kraków, 1972. S. 399 - 400.

3 Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении / Под ред. П.Семенова. Т. 3: Литовское и Белорусское Полесье: Репринтное воспроизвед. изд. 1882 г. Мн., 1994. С. 199.

4 Патоцкі Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану / Укл., прадмова, камет. А.М.Філатавай. - Пер. з польскай І.У.Саламевіча. Мн.:Полымя, 1997.

5 Там жа, С. 112.

6 Скобла М. Дзярэчынскі дыярыюш. Гістарычны нарыс, артыкулы, эсэ. Мн.: Беларускі кнігазбор, 1999.

7 Марціноўскі П. Пра кнігу М.Скоблы // Гродзенская праўда. 1999. 25 верасня. С. 8; Ёрш С. Гісторыя аднаго мястэчка // Слонімскі край. 2000. №2. С. 57 - 60; Краўцэвіч А. Масток да гісторыі краю // Наша ніва. 2000. 3 красавіка. С. 8.

8 Еврейская энциклопедия: свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем / под ред. Л.Каценельсона и Д.Гинцбурга. Т.VII. СПб., С. 112.

9 Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Беларуси. 1941 - 1944 г. Тель-Авив, 2000. С. 175.

10 Пасюта Н. З гісторыі яўрэйскай абшчыны Дзярэчына // Праца. 2002. 5 лютага. С. 2, 3.

11 Słownik geograficzny Krolewstwa Polskiego. T. I. Warszawa, 1880. S. 960.

12 Энциклопедический словарь / Брокгауз Ф.А., Ефрон И.А. Т. Х. СПб., 1893. С. 461 - 462.

13 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССр, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Мн.: БелСЭ, 1986. С. 186 - 187.

14 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6. Мн.: БелЭн, 1998. С. 163 - 164.

15 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Мн.: БелЭн, 1996. С. 255.

16 Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. Мн.: БелЭн, 1993. С. 196 - 197.

17 Страчаная спадчына / Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, Ю.У. Чантурыя і інш. Мн.: Полымя, 1998. С. 195 - 196.

18 Дубатоўка В. Дзярэчынскі тэатр // Праца. 2001. 6 студзеня. С. 4; Жэбрак П. Палац Сапегаў у Дзярэчыне // Праца. 17 кастрычніка. С. 4; Статкевич В. Остатки империи Сапег // Беларускі час. 2001. 30 лістапада. С. 11. і інш.

19 Філатава А. Дзярэчын і яго ўладальнікі // Гістарычны альманах. Т. 3. 2000. С. 181 - 186.

20 Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ ст.: Альбом / Укл. А.Кулагін, У.Герасімовіч. Мн.:Ураджай, 2001. С. 57.

21 Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ ст.: Альбом / Укл. А.Кулагін, У.Герасімовіч. Мн.:Ураджай, 2000. С. 63.

22 Страчаная спадчына / Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, Ю.У. Чантурыя і інш. Мн.: Полымя, 1998. С. 196.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX