Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Мястэчкі Зэльва і Дзярэчын у XIX ст. у святле архіўных звестак 


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Мястэчкі Зэльва і Дзярэчын у святле архіўных звестак // Славуты Зэльвенскі край: Матэрыялы навук. гісторыка-краязнаўчай канфер. – Ліда, 2004. – С. 87 – 97.



Сярод унікальных адметнасцяў нашага краю асаблівае месца належала мястэчкам, паселішчам пераходнага стану паміж вёскай і горадам, якія вялі сваю гісторыю з ХIY - ХY ст. Мястэчкі - вельмі цікавая, шматгранная з`ява, феномен нашага міналага. Гэтыя паселішчы адыгрывалі надзвычай важную ролю ў развіцці беларускіх земляў, выконваючы адмысловыя эканамічныя, адміністрацыйныя і культурныя функцыі. Яны выступалі пасрэднікамі паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю. Праз шчыльную сетку мястэчак гарады распаўсюджвалі свой уплый на значныя тэрыторыі. Многія мястэчкі нароўні з гарадамі, з`яўляючыся эканамічнымі, культурнымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі бліжэйшага наваколля, мелі функцыю арганізаванага ўздзеяння на яго.

Мястэчкі Беларусі - гэта асаблівы сусвет са сваей непаўторнай атмасферай, непаўторным каларытам. Гэта - саслоўная і этнаканфесійная стракатасць насельніцтва, незвычайная разнастайнасць яго гаспадарчых заняткаў. Гэта - характэрная архітэктура і планіроўка, унікальны, вякамі складзены побыт, "шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый" 1.

Феномен мястэчак ва многім тлумачыцца поліэтнічнасцю іх насельніцтва, што абумоўлівала шматнацыянальны характар местачковай культуры. На нацыянальную разнастайнасць культурнага ландшафту мястэчак ужо звярталі ўвагу даследчыкі. Захар Шыбека падкрэсліваў суіснаванне тут, як мінімум, дзвух культурных асяродкаў - яўрэйскага і беларускага. У многіх мястэчках меліся польскія, татарскія і нямецкія асяродкі 2. Вячаслаў Рагойша адзначаў: "Нацыянальная, сацыяльная, рэлігійная, моўная, палітычная талерантнасць, пачуццё сужыцця "у адной лодцы", так характэрныя для колішных і сучасных беларусаў, - усё гэта ў вялікай ступені "напрацоўка" і заслуга мястэчак.‹…› У беларускіх мястэчках на роўных ці з некаторай перавагай аднаго або другога сыходзіліся веры (праваслаўная, каталіцкая, іудзейская, часам - ісламская), этнасы (беларусы, палякі, яўрэі, часам - беларускія татары, рускія стараверы), мовы (беларуская, польская, ідыш, руская). ‹…› Для культуролагаў мястэчка цікавае як унікальная форма спакойнага, талерантнага прадуцыравання і сужыцця некалькіх нацыянальных культур, спецыфічная лабараторыя іх інтэнсіўных узаемасувязей і ўзаемаўзбагачэння, выпрацоўкі на гэтай аснове своеасаблівага феномена - поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры" 3. Польскі даследчык Пётр Эберхардт пісаў: "Перапляценне трох культур і трох рэлігіяў - артадаксальнай яўрэйскай, шляхецкай польскай і сялянскай беларускай - стваралі разам непаўторную атмасферу і фальклор. Гэтыя тры разнастайныя культуры жылі ва ўзаемным сімбіёзе. Пазнейшыя гістарычныя падзеі знішчылі гэтую ўнікальную полікультурнасць…" 4.

Усе вышэй адзначаныя асаблівасці мястэчак можна з поўным правам аднесці да Зэльвы і Дзярэчына, што адлюстроўваюць і архіўныя матэрыялы. Аднак амаль кожнае мястэчка мела свой уласны рытм жыцця, свае традыцыі, свае адметнасці. Зэльва вылучалася і славілася перш за ўсё сваім знакамітым Ганненскім кірмашом, якому прысвечаны асобны артыкул дадзенага зборніка. Дзярэчын у першую чаргу славіўся тым, што быў адной з галоўных рэзідэнцый князёў Сапегаў. Мы ж паспрабуем на аснове разнастайных архіўных матэрыялаў скласці «мазаіку» местачковага жыцця Зэльвы і Дзярэчына ў ХІХ ст. Пачнём стварэнне гэтага «калейдаскопу» з лічбаў статыстыкі.

У 1829 г. у Зэльве налічваўся 161 двор (63 - хрысціянскіх, 98 - яўрэйскіх), 1103 чалавек (хрысціян - 159 мужчын, 117 жанчын; яўрэяў - 452 мужчыны, 375 жанчын) 5; у 1832 г. - 175 двароў 6, у 1857 г. - 240 двароў, 1950 чалавек 7. Па дадзеных першага Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. у Зэльве чыслілася 2802 чал.: 1361 муж., 1441 жан.; пражывала 2852 чал.: 1404 муж., 1448 жан. ( з гэтых лічбаў сялян - 470 муж., 421 жан.; асобаў несялянскіх саслоўяў - 842 муж., 981 жан.). Сярод жыхароў Зэльвы перапіс 1897 г. фіксуе цыганскую сям'ю Сарачынскіх з 10 чал. (па веравызнанню католікі) 8. На працягу ХІХ ст. насельніцтва мястэчка, як відаць з прыведзеных звестак, павялічылася болей чым у 2,5 разоў. Пераважную большасць сярод жыхароў Зэльвы складалі яўрэі. У 1829 г., напрыклад, удзельная вага яўрэйскіх двароў была каля 60 %, а яўрэйскага насельніцтва - каля 75 %.

Колькасць двароў і насельніцтва Дзярэчына, яго этнаканфесійную структуру адлюстроўваюць наступныя дадзеныя. У 1829 г. у мястэчку было 145 двароў: 51 хрысціянскіх і 94 яўрэйскіх; колькасць жыхароў складала 693 чал.: 240 хрысціян і 453 яўрэя 9. Яўрэі, такім чынам, складалі 65 %. У 1840 г. у Дзярэчыне паказаны 119 двароў (47 хрысціянскіх, 72 яўрэйскіх), 978 жыхароў (338 хрысціян, 640 яўрэяў) 10. Па дадзеных за 1857 г. у Дзярэчыне 257 двароў, 567 мужчын і 532 жанчыны 11. У 1878 г. у мястэчку жылі 2269 чал.: 544 хрысціян, 1725 яўрэяў 12. У 1897 г. - 2663 жыхара, з іх 1887 яўрэяў 13. Найбольш поўна этнаканфесійную структуру Дзярэчына паказваюць звесткі за 1837 г.: 5 праваслаўных, 268 уніятаў, 412 католікаў, 2 пратэстанты (евангелісты), 719 іўдзеяў 14. Пасля скасавання уніяцкай царквы ў 1839 г. уніяты былі далучаны да праваслаўных.

Зэльвенская яўрэйская абшчына мела 1 мураваную сінагогу, 2 малітоўныя школы (1 мураваная і 1 драўляная) 15. Хрысціянскае насельніцтва мястэчка мела свае храмы. У 1864 г. колькасць прыхажан Зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы складала 2806 чал., а касцёла - 1330 чал. 16 У Дзярэчыне існавалі 1 каменная сінагога і 2 малітоўныя школы (1 мураваная і 1 драўляная) 17. Пасля скасавання кляштара дамініканцаў у 1832 г. касцёл да 1866 г. заставаўся парафіяльным, разам з капліцай адносіўся да Слонімскага дэканату і налічваў 1137 прыхажан. Зараз на месцы гэтага разбуранага комплекса XVII ст. (у прыватнасці, касцёл згарэў у 1866 г.) стаіць неагатычны касцёл, пабудаваны ў 1906 - 1910 г. Мястэчка Дзярэчын з'яўлялася цэнтрам праваслаўнага благачыння, якое складалася з 8 прыходаў і 15483 вернікаў (па дадзеных за 1857 г.). Колькасць прыхажан Спаса-Праабражэнскай царквы Дзярэчына складала ў 1864 г. 4925 чал 18. Такім чынам, Зэльва і Дзярэчын выступалі рэлігійнымі цэнтрамі наваколля. Тут, як і ў пераважнай большасці мястэчак Беларусі, мірна суіснавалі 3 этнаканфесійныя групы насельніцтва, у трохкутніку «царква - касцёл - сінагога» адбываўся бясконцы спектакль жыцця.

Стракатай была і сацыяльная структура насельніцтва Зэльвы і Дзярэчына. Асноўнымі саслоўнымі групамі з'яўляліся мяшчане і сяляне. Акрамя таго ў мястэчках жылі дваране, святары, ваенныя, чыноўнікі і інш., колькасць гэтых саслоўных груп была невялікая. Напрыклад, у 1830 г. у Зэльве жылі 4 двараніна і 3 прадстаўніка так званага белага духавенства (тут улічаны толькі мужчыны); у 1897 г. у мястэчку было 8 дваранаў 19. А вось колькасць ваенных часам была даволі прыкметнай, бо ў мястэчках кватэравалі войскі. Так, у 1897 г. у Зэльве было размешчана 337 чалавек ніжніх чыноў 118-га пяхотнага Шуйскага палку 20. Самую стракатую групу па роду заняткаў уяўлялі мяшчане (пераважна яўрэі): сюды адносіліся дробныя гандляры, уладальнікі рамесных майстэрняў, рамеснікі, людзі, якія займаліся адыходнымі промысламі, ізвозам, агародніцтвам, услужэннем і рознымі работамі. У 1829 - 1830 г. мужчынскае насельніцтва разглядаемых мястэчак размяркоўвалася па сацыяльных групах наступным чынам: Зэльва - 4 двараніна, 3 святара, 453 мяшчан-яўрэяў, 155 мяшчан-хрысціян і сялян; Дзярэчын - 17 дваран, 21 прадстаўнік духавенства (святары і манахі), 239 мяшчан-яўрэяў, 108 мяшчан-хрысціян і сялян 21. У 1824 г. сярод жыхароў Дзярэчына ўзгадваюцца 25 дваровых людзей, 4 "замежныя падданыя" 22, а дакумент 1837 г. называе яшчэ такія групы насельніцтва, як адстаўныя ваенныя (4 чал.) і разначынцы (6 чал.). Увогуле звесткі за 1837 г. (калі канфіскаваныя ў Сапегаў мястэчка і маёнтак Дзярэчын належалі дзяржаве і знаходзіліся ў адміністрацыйным кіраванні двараніна Рагозы) даюць найбольш поўную інфармацыю аб структуры насельніцтва Дзярэчына. Лічбы па этнаканфесійнаму складу жыхароў мястэчка ў гэтым годзе прыведзены вышэй, а сацыяльны склад быў наступным: сяляне маёнтка, што стала пражывалі ў мястэчку - 604 чал., сяляне, што не належалі да маёнтка - 18 чал., мяшчане-яўрэі - 719 чал., дваране - 9 чал.; не мелі сталай аселасці: дваране - 27, адстаўныя салдаты - 4, разначынцы - 6, духоўныя асобы - 19 чал 23. Многія мястэчкі выступалі адміністрацыйнымі цэнтрамі акругі. У Дзярэчыне знаходзіліся кватэра станавага прыстава і валасная ўправа, ў Зэльве - валасная ўправа. Таму ў складзе іх насельніцтва меліся станавыя і валасныя чыноўнікі.

Такім чынам, насельніцтва беларускіх мястэчак, у тым ліку Зэльвы і Дзярэчына, уяўляла сабой складаны кангламерат розных этнаканфесійных і сацыяльных груп. Па гэтых якасцях мястэчкі набліжаліся да гарадоў. Разнастайнасць структуры насельніцтва абумоўлівала існаванне і развіццё поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры.

Прафесійную структуру насельніцтва мястэчак можна ўявіць на прыкладзе Зэльвы па матэрыялах перапісу 1897 г. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна захавалася частка перапісных лістоў, складзеных у мястэчку. Гэтыя дадзеныя, на жаль, няпоўныя, аднак усё ж дазваляюць заўважыць разнастайнасць заняткаў жыхароў.

Сярод яўрэяў найбольш пашыранымі рамесніцкімі спецыяльнасцямі былі кравецтва і шавецтва. Краўцоў налічвалася 13 (з іх 7 майстроў), шаўцоў - 7 ( з іх 5 майстроў). Сталяроў было 4, рабочых - 4 (2 на млыну, 1 на сукнавальні, 1 на хлебапякарні), цесляроў - 3, рамізнікаў - 3, муляроў - 2. У мястэчку быў 1 шкляр, 1 мяснік, 1 каваль, 1 слесар, 1 печнік, 1 прачка, 1 пераплётчык, 1 перапісчык яўрэйскіх малітоўнікаў, 1 меламед (настаўнік хедэра - яўрэйскай рэлігійнай пачатковай школы) - Шмуель Індзіцкі. Кандыдатам у равіны названы Зэлман Касоўскі. Сярод яўрэяў знаходзім таксама лесапрамыслоўца (Шмуель Барадзіцкі), гаспадара «завода колёсной мази» (Маня Маньскі), арандатара пошты (Абрама Шапірштэйна), 2-х арандатараў кабакоў (Хая Салуцкая, Іцка Спароўскі), 3-х гандляроў хлебам, 3-х гаспадароў дробных крамаў, 2 яўрэя пазначаны як «тряпочники». Многія яўрэі былі занятыя ў сферы дробнага гандлю і пасрэдніцкіх паслуг. Такім чынам, яўрэі былі актыўнымі ўдзельнікамі неземляробчага сектара эканамічнага жыцця мястэчка. Толькі адна яўрэйская сям'я Зэльвы, паводле дадзенай крыніцы, займалася агародніцтвам.

Гаспадарчая дзейнасць хрысціянскага насельніцтва Зэльвы не была такой разнастайнай. Сярод гэтай часткі местачкоўцаў названыя сельскі ўрач (Лабадоўскі Аляксей Матвеевіч, скончыў Кіеўскі універсітэт), настаўнік Зэльвенскага народнага вучылішча (Клімук Трафім Паўлавіч, скончыў настаўніцкую семінарыю), 2 прачкі, 1 пакаёўка, 1 кухарка, 1 вартаўнік пры народным вучылішчы, 1 рабочы пры чыгунцы. Пераважная большасць хрысціянаў займалася земляробствам. Прычым сярод сем'яў, якія жылі земляробствам, знаходзім і дваранскую сям'ю Вярбоўскіх. А дваранка Марыя Здановіч была "работніцай пры домаўладальніку" у сялянскай сям'і Вікенція Лойкі 24.

Сельскагаспадарчыя заняткі жыхароў мястэчак добра адлюстроўваюць інвентары. Так, інвентар Зэльвы за 1835 г. фіксуе наступную колькасць зямельных угоддзяў, якімі карысталіся местачкоўцы: пад пляцамі і агародамі - 1 валока, 19 моргаў, 95 прэнтаў; ворыўнай зямлі - 52 валокі, 10 моргаў, 125 прэнтаў; сенажацяў - 13 валок, 2 моргі, 47 прэнтаў; выган (паша) - 3 валокі, 277 прэнтаў. За карыстанне гэтымі землямі насельніцтва плаціла ўладальніку штогод 532 руб. 93 кап. З гэтай сумы плацяжы яўрэяў (94 двары) за зямлю пад пляцамі складалі 60 руб. 98 кап. Астатнюю суму выплочвалі сяляне (63 двары) за пляцы, ворыва і сенажаці. Колькасць жывёлы і птушак у жыхароў Зэльвы ў гэтым годзе была наступнай: 33 коня, 91 вол, 52 каровы, 381 авечка, 94 свінні, 98 гусей, 169 кур 25.

Згодна інвентара Дзярэчына за 1826 г. сума чыншу на карысць ўладальніка за карыстанне землямі насельніцтвам мястэчка складала 2290 злотых, 107 грошай 26. Развіваліся розныя рамёствы, гандаль (штотыднёвыя базары па нядзелях, 28 крамаў, 17 піцейных дамоў 27), вінакурная прамысловасць (у 1809 г., напрыклад, налічвалася 5 вінакурных "заводаў", выраблялася 215 вёдраў віна 28), дзейнічалі млын, гарбарня.

Прамысловы патэнцыял Зэльвы ў ХІХ ст. акрамя згаданага вышэй «завода колёсной мази» вызначалі шкляная мануфактура (належала купцу, у 1820 г. колькасць вольнанаёмных рабочых складала 28 чал., аб'ём прадукцыі - 4489 штук), майстэрня свечак, 2 млыны, медаварня, некалькі вінакурняў (у 1829 г. было 7 вінакурняў, на якіх выраблена 607 вёдраў віна) 29. Нельга не ўзгадаць конны завод Сапегаў: колькасць англійскіх, дацкіх, турэцкіх і іншых жарабцоў дасягала 1500 штук 30.

Аднак у эканамічнай дзейнасці Зэльвы, безумоўна, дамінаваў гандаль. Знакаміты зэльвенскі кірмаш з'яўляўся буйнейшым не толькі ў рэгіёне, але прыцягваў шмат замежных купцоў. Кірмаш прыносіў вялікія прыбыткі ўладальніку Зэльвы і яе жыхарам. Напрыклад, у 1829 г. зэльвенскае дваровае начальства сабрала прыбытку 9488 руб. асігнацыямі, а жыхары мястэчка з найму дамоў- 740 руб. асігнацыямі 31. Акрамя непасрэдна гандлёвай ролі кірмаш адыгрываў і шэраг іншых. Надзвычай шырокімі былі яго культурныя функцыі. Ажыўлялася музычнае і тэатральнае жыццё: прыязджалі акцёры, музыканты, ставіліся драматычныя і оперныя спектаклі. Тэатральныя калектывы змагаліся за права выступаць на зэльвенскім кірмашу. Так, 12 чэрвеня 1803 г. кіраўнік Гродзенскай тэатральнай трупы Саланея Дэшнер звярнулася да імператара Аляксандра І з прашэннем аб дазволе паказваць спектаклі ў час кірмаша ў м.Зэльва. У выніку яна атрымала манапольнае права на гастролі на 6 гадоў не толькі ў Зэльве, але і ў іншых месцах Гродзенскай губерні "преимущественно пред прочими актёрами, приезжающими из других губерний» 32.

Для яўрэйскай супольнасці кірмаш - гэта яшчэ месца і час, дзе і калі дамаўляліся наконт сватаўства, а таксама рабілі наборы ў іешывы (вышэйшыя рэлігійныя навучальныя ўстановы іудзеяў). Былі перыяды, калі Зэльва ў час кірмашу выступала своеасаблівай "сталіцай" яўрэйскіх абшчын Вялікага княства Літоўскага. Пасля скасавання ў 1764 г. Літоўскага Ваада * у Зэльве падчас кірмашу збіраліся равіны галоўных абшчын края для вырашэння розных пытанняў і спраў, галоўным чынам рэлігійных. Напрыклад, калі ў 1781 г. у Вільні быў абвешчаны херэм ** хасідам ** *, то ў Зэльве на гандлёвай плошчы падчас кірмашу, дзе сабраліся гродзенскі, брэсцкі, пінскі, слуцкі равіны і вялікі натоўп людзей, быў прачытаны акт адлучэння 33.

Архіўныя матэрыялы дазваляюць вылучыць яшчэ і палітычную функцыю зэльвенскага кірмаша. У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў фондзе "ІІІ адзялення канцылярыі Яго імператарскай вялікасці" захоўваецца данос "Аб з'ездах палякаў на кірмаш у Зэльву"(1832 г.). Аўтар яго - купец-яўрэй з Беластоку Гірш Гальперын, агент жандармаў - дакладваў: " …На ярмарки в Зельву и Свислочь приезжают большое число польских помещиков из Виленской, Гродненской, Минской, Волынской губерний, Белостокской области, и даже из Царства Польского. Я, бывши несколько раз на сих ярмарках, заметил, что большая часть вышеупомянутых помещиков не занимаются никакими делами, только единственно съезжаются с целью иметь с собою секретное свидание» 34.

Мястэчкі з'яўляліся адукацыйнымі цэнтрамі, тут знаходзіліся навучальныя ўстановы. Не былі выключэннем Зэльва і Дзярэчын. Архіўныя матэрыялы захавалі звесткі пра існаванне ў іх прыходскіх вучылішчаў. У Дзярэчынскім прыходскім вучылішчы быў 1 настаўнік, а колькасць вучняў вагалася ад 6 да 14 чал. (у 1804 г. - 14 вучняў, 1818 г. - 7, 1824 г. - 13, 1830 г. - 6) 35. У 1845 г. у Дзярэчыне было адчынена сельскае прыходскае вучылішча для дзяржаўных сялян ведамства Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, у 1857 г. у ім навучаліся 27 хлопчыкаў 36. Ёсць падставы меркаваць, што ў Зэльве існавалі две пачатковыя навучальныя ўстановы. Па дадзеных за 1804 г. прыходскае вучылішча Зэльвы налічвала 1 настаўніка, 11 вучняў 37. У дакументах 1817 г. паведамляецца, што ў прыходскай школе Зэльвы вучыліся 11 хлопцаў і 5 дзяўчат, і што заснавана яна была ў 1810 г. пры касцёле 38. Верагодна, адна пачатковая школа была пры касцёле, а другую ўтрымлівалі піяры. У 1824 г. у прыходскім вучылішчы налічвалася 12 вучняў, 1 настаўнік 39. У звестках за 1825 г. паведамляецца, што ў выніку пажару згарэлі піярскія будынкі, на іх адбудову не было сродкаў, а манахі-картузіянцы з Бярозы, якія мелі ў Зэльве дом, адмовіліся яго саступіць піярам, таму школа месцілася ў вельмі нязручных умовах. Вучняў у гэтым годзе было 16, настаўнікаў 2: манах К.Лукевіч з "памочнікам свецкім" 40. Дадзеныя за 1826/1827 г. наступныя: "прыходскае вучылішча ў м.Зэльва ў піяраў - 2 настаўнікі, 29 хлопцаў (9 дваран, 14 сялян, 6 яўрэяў) 41. Здзіўляе наяўнасць сярод вучняў яўрэяў: гэта вельмі рэдкі выпадак. Як вядома, сістэма адукацыі яўрэяў у гэты час характарызавалася аўтаномнасцю, усе яўрэйскія хлопчыкі наведвалі свае рэлігійныя школы - хедэры. Захавалася імя аднаго з зэльвенскіх меламедаў (настаўнік хедэра) канца ХІХ ст. - Шмуель Мейнковіч Індзіцкі. У парэформенны час у Зэльве існавала народнае вучылішча. Прозвішча яго настаўніка ў 1897 г. ужо згадвалася - Клімук Трафім Паўлавіч (з дзяржаўных сялян, скончыў настаўніцкую семінарыю, падчас перапісу 1897 г. роднай мовай назваў беларускую) 42.

Архіўныя звесткі дапамагаюць ўявіць і знешняе аблічча мястэчак ў разглядаемы час. Паводле інвентара Дзярэчына за 1826 г. планіроўка мястэчка складалася з рыначнай плошчы і 7 вуліц, было 22 мураваных і 119 драўляных дамоў 43. Згодна з інвентарнымі апісаннямі Зэльвы 1830 і 1835 г. яе планіровачную структуру складалі рынкавая плошча і 10 вуліц. Вуліцы мелі наступныя назвы: Слонімская, Гродзенская, Ружанская, Царкоўная, Касцёльная, Базарная, вуліцы "Конскі рынак" "над выганам", "за кафенгаузам", "за пустымі крамамі". Па дадзеных 1897 г. у Зэльве існавалі таксама вуліца Малінавая, завулкі Вакзальны і Агародны. Гасцінны двор на рынку налічваў 200 крамаў. Акрамя вышэй згаданых храмаў сярод пабудоў мястэчка вылучаліся: мураваны двухпавярховы кафенгауз, мураваныя аднапавярховыя будынкі кабака, цукерні, 4 мураваныя заезныя дамы і інш. Стан местачковых пабудоў паказваюць наступныя лічбы. Сярод сялянскіх пабудоў у добрым стане знаходзіліся 41 дом, 17 гумнаў, 14 свірнаў, 29 хлявоў; старымі пабудовамі складальнікі інвентара прызналі 27 дамоў, 33 гумны, 3 свірны, 26 хлявоў. Пабудовы яўрэяў падзелены на мураваныя і драўляныя, заезныя і незаезныя. Мураваных заезных было 4, мураваных незаезных - 10, драўляных заезных - 7, драўляных незаезных - 95. Яўрэям належалі 7 бровараў (альбо вінакурняў). У мястэчку было 10 мураваных і 15 драўляных студняў 44.

У справе "Аб мерах па прадухіленню пажараў у мястэчках, дзе адбываюцца кірмашы" (1817 г.) адзначаецца, што Зэльва забудавана па плану, што тут зручна "построены обширные каменные ряды в безопасных местах, кафенгауз, театр и несколько каменных домов, имеются пространные рынки и площади для торговли, но в некоторых местах домы стеснены и случаются иногда пожары». Гродзенскае губернскае начальства абавязала ўладальніка мястэчка князя Сапегу сачыць, каб "при застройке выгоревших мест не допускалось стеснения, и чтобы были построены пожарные инструменты, и во время ярмарки имелись люди способные действовать ими 45. Аб адным з вялікіх пажараў у Зэльве паведамляе дакумент за 1868 г. Тады пацярпелі 15 яўрэйскіх і 35 сялянскіх двароў 46.

Такім чынам, архіўныя матэрыялы праліваюць святло на самыя розныя бакі жыцця Зэльвы і Дзярэчына ў ХІХ ст. Прыведзеныя звесткі знойдзены аўтарам у архівах Гродна, Вільнюса, Пецярбурга, Масквы ў выніку шматгадовай распрацоўкі праблемы гістарычнага развіцця мястэчак Беларусі. Спадзяюся, што гэта стракатая інфармацыя стане яшчэ некалькімі цаглінкамі пры забудове нашых уяўленняў пра гістарычнае мінулае роднага краю.


*Ваад (тэрмін у перакладзе з іўрыта азначае "савет", "з'езд") - выбарны орган яўрэйскага абшчыннага самакіравання ў Польшчы і ВкЛ.

**Херэм (у перакладзе з іўрыта "адлучэнне", "забарона") - адлучэнне ад сінагогі, адно з самых сур'ёзных пакаранняў у яўрэйскім грамадстве.

***Хасіды - паслядоўнікі хасідызму, шырока распаўсюджанага ва Усходняй Еўропе рэлігійна-містычнага напрамку ў іудаізме.


1 Грахоўскі С. Мястэчка… Мястэчка… Элегія.// Полымя. - 1992. - № 2. - С. 143.

2 Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ - пачатак ХХ ст.) - Мн., 1997. - С. 197, 228.

3 Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава).// На шляхах да ўзаемаразумення. - Беларусіка. - Кн. 15. - Мн., 2000. - С. 62.

4 Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897 - 1989. -Мн., 1997. - С. 97.

5 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ) ў Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 536

6 Там жа, воп. 4, спр. 49, л. 30 адв.

7 Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей РДГА), ф. 1290, воп. 4, спр. 77, л. 79.

8 НГАБ у Гродна, ф. 100, воп. 1, спр. 131, л. 1.

9 Там жа, ф. 1, воп. 3, спр. 536.

10 Соркіна І. Мястэчкі Слонімскага павета ў першай палове ХІХ ст. // Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краязнаўцаў: Матэрыялы рэгіянальнай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі / Склад. Д.С.Аляшкевіч, І.П.Крэнь. Слонім, 2002. С. 171.

11 РДГА, ф. 1290, воп. 4, спр. 77, л. 478.

12 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego. T. I. Warszawa, 1880. S. 960.

13 Еврейская энциклопедия: свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем / Под ред. Л.Каценельсона и Д.Гинцбурга. Т. VII. СПб., С. 112.

14 НГАБ, ф. 1, воп. 4, спр. 646, л. 57.

15 Там жа, ф. 1, воп. 6, спр. 129, л. 1157.

16 Атлас народонаселения западно-русского края по исповеданиям. СПб., 1864. С. 10.

17 НГАБ, ф. 1, воп. 6, спр. 129, л. 562.

18 Атлас народонаселения западно-русского края по исповеданиям. СПб., 1864. С.10.

19 НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 422, л. 120; ф. 100, воп. 1, спр. 131.

20 Там жа, ф. 100, воп. 1, спр. 131, л. 81, 129, 143.

21 Там жа, ф. 1, воп. 3, спр. 422, л. 119 - 125.

22 Там жа, ф. 1, воп. 2, спр. 506, л. 29.

23 Там жа, ф. 1, воп. 4, спр. 646, л. 57.

24 Падлічана па: НГАБ у Гродна, ф. 100, воп. 1, спр. 131.

25 НГАБ у Гродна, ф. 1143, воп. 1, спр. 17, л. 18 адв., 34 адв., 35, 37.

26 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F4 - 34120 (А - 1519), л. 7.

27 НГАБ, ф. 1, воп. 2, спр. 506, л. 29.

28 Там жа, ф. 1, воп. 1, спр. 161, л. 120.

29 Там жа, ф. 1, воп. 3, спр. 536, л. 118.

30 Киркор А. Города и поселения в Литве // Живописная Россия: Литов. и Белорус. Полесье: Репринт. воспроизвед. изд. 1882 г. Минск, 1994. С.203.

31 НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 428, л. 26 адв.

32 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей ДГА Літвы), ф. 378, 0/0 1803, спр. 266, л. 1, 2.

33 Еврейская энциклопедия: свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем / под ред. Л.Каценельсона и Д.Гинцбурга. Т.VII. СПб., С. 729 - 730.

34 Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, ф. 109, воп. 7, спр. 299, л. 2.

35 РДГА, ф. 733, воп. 95, спр. 380, л. 14; воп. 62, спр. 389, л. 261; спр. 694, л. 205; спр. 1021, л. 97.

36 Бобровский П. Материалы для географии и статистики России. Приложения. Ч. 2. СПб., 1864. С. 216 - 217.

37 РДГА, ф. 733, воп. 95, спр. 386, л. 123 адв.

38 ДГА Літвы, ф. 567, воп. 2, спр. 675, л. 3 адв, 4.

39 РДГА, ф. 733, воп. 62, спр. 694, л.205.

40 Wołyniak. Z przeszłości powiatu Wołkowyskiego. Kraków, 1905. S. 68.

41 ДГА Літвы, ф. 567, воп. 2, спр. 1878.

42 НГАБ у Гродна, ф. 100, воп. 1, спр. 131, л. 41 адв, 42.

43 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F4 - 34120 (А - 1519), л. 7; НГАБ, ф. 1, воп. 2, спр. 506, л. 29.

44 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэту, F 4 - 34397 (A - 1840); НГАБ у Гродна, ф. 1143, воп. 1, спр. 17, л. 1 - 17, 22 адв. - 35; ф. 100, воп. 1, спр. 131.

45 НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 1, спр. 931, л. 1 адв., 2.

46 Там жа, ф. 9, воп. 1, спр. 1500, л. 18 - 19.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX