Папярэдняя старонка: Соркіна Іна

Мястэчкі Воранаўшчыны ў XIX ст. у святле архіўных звестак 


Аўтар: Соркіна Іна,
Дадана: 24-11-2009,
Крыніца: Мястэчкі Воранаўшчыны ў ХІХ ст. у святле архіўных звестак // З гісторыі краю і лёсаў людзей Воранаўшчыны: матэрыялы навук. гіст.-краязн. канф. / г.п. Радунь, 11 снеж. 2004 г./ рэдкал.: Д.С.Аляшкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Ліда, 2006. – С. 100 – 104.



Сярод унікальных адметнасцяў нашага краю асаблівае месца належала мястэчкам, паселішчам пераходнага стану паміж вёскай і горадам, якія вялі сваю гісторыю з ХIY - ХY ст. Мястэчкі - вельмі цікавая, шматгранная з`ява, феномен нашага міналага. Гэтыя паселішчы адыгрывалі надзвычай важную ролю ў развіцці беларускіх земляў, выконваючы адмысловыя эканамічныя, адміністрацыйныя і культурныя функцыі. Яны выступалі пасрэднікамі паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю. Праз шчыльную сетку мястэчак гарады распаўсюджвалі свой уплый на значныя тэрыторыі. Многія мястэчкі нароўні з гарадамі, з`яўляючыся эканамічнымі, культурнымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі бліжэйшага наваколля, мелі функцыю арганізаванага ўздзеяння на яго.

Мястэчкі Беларусі - гэта асаблівы сусвет са сваей непаўторнай атмасферай, непаўторным каларытам. Гэта - саслоўная і этнаканфесійная стракатасць насельніцтва, незвычайная разнастайнасць яго гаспадарчых заняткаў. Гэта - характэрная архітэктура і планіроўка, унікальны, вякамі складзены побыт, "шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый" [1].

Феномен мястэчак ва многім тлумачыцца поліэтнічнасцю іх насельніцтва, што абумоўлівала шматнацыянальны характар местачковай культуры. На нацыянальную разнастайнасць культурнага ландшафту мястэчак ужо звярталі ўвагу даследчыкі. Захар Шыбека падкрэсліваў суіснаванне тут, як мінімум, дзвух культурных асяродкаў - яўрэйскага і беларускага. У многіх мястэчках меліся польскія, рускія, татарскія і нямецкія асяродкі [2]. Вячаслаў Рагойша адзначаў: "Нацыянальная, сацыяльная, рэлігійная, моўная, палітычная талерантнасць, пачуццё сужыцця "у адной лодцы", так характэрныя для колішных і сучасных беларусаў, - усё гэта ў вялікай ступені "напрацоўка" і заслуга мястэчак.‹…› У беларускіх мястэчках на роўных ці з некаторай перавагай аднаго або другога сыходзіліся веры (праваслаўная, каталіцкая, іудзейская, часам - ісламская), этнасы (беларусы, палякі, яўрэі, часам - беларускія татары, рускія стараверы), мовы (беларуская, польская, ідыш, руская). ‹…› Для культуролагаў мястэчка цікавае як унікальная форма спакойнага, талерантнага прадуцыравання і сужыцця некалькіх нацыянальных культур, спецыфічная лабараторыя іх інтэнсіўных узаемасувязей і ўзаемаўзбагачэння, выпрацоўкі на гэтай аснове своеасаблівага феномена - поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры" [3]. Польскі даследчык Пётр Эберхардт пісаў: "Перапляценне трох культур і трох рэлігіяў - артадаксальнай яўрэйскай, шляхецкай польскай і сялянскай беларускай - стваралі разам непаўторную атмасферу і фальклор. Гэтыя тры разнастайныя культуры жылі ва ўзаемным сімбіёзе. Пазнейшыя гістарычныя падзеі знішчылі гэтую ўнікальную полікультурнасць…" [4].

Усе вышэй адзначаныя асаблівасці мястэчак можна з поўным правам аднесці да Воранава і Радуні, што адлюстроўваюць і архіўныя матэрыялы. Аднак амаль кожнае мястэчка мела свой уласны рытм жыцця, свае традыцыі, свае адметнасці. Паспрабуем на аснове разнастайных архіўных матэрыялаў скласці «мазаіку» местачковага жыцця Воранава і Радуні ў ХІХ ст. Пачнём стварэнне гэтага «калейдаскопу» з лічбаў статыстыкі.

У 1829 г. у Радуні налічвалася 95 драўляных дамоў, 88 двароў (47 хрысціянскіх, 41 яўрэйскі), 775 жыхароў (386 мужчын, 389 жанчын) [5]. У 1866 г. у Радуні 91 двор, 869 жыхароў: 361 католік, 508 яўрэяў, у 1881 г. 1526 чалавек: 755 мужчын, 769 жанчын [6]. Па дадзеных першага Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. у Радуні чыслілася 313 дамоў, 1621 чалавек, з іх 896 яўрэяў [7]. Узровень заселенасці Воранава адлюстроўваюць наступныя дадзеныя: у 1829 г. 38 дамоў, 370 жыхароў (186 мужчын, 184 жанчыны) [5]; у 1865 г. - 42 двары, 468 жыхароў: 18 праваслаўных, 117 католікаў, 333 яўрэі; у 1897 г. - 1574 жыхары, з іх 1432 яўрэя [8]. На працягу ХІХ ст. насельніцтва Радуні, як відаць з прыведзеных звестак, павялічылася болей чым у 2 разы, Воранава - у 4 разы. Пераважную большасць сярод жыхароў гэтых мястэчак складалі яўрэі. У 1897 г., напрыклад, удзельная вага яўрэяў была ў Радуні каля 60 %, а ў Воранаве - каля 90 %.

Яўрэйская абшчына Воранава мела 1 сінагогу і 1 малітоўны дом, Радуні - толькі сінагогу. Хрысціянскае насельніцтва мястэчак мела свае храмы. У 1864 г., напрыклад, колькасць прыхажан Радуньскага касцёла складала 6117 чал., Воранаўскага - 1291. Радунь з'яўлялася цэнтрам дэканату, агульная колькасць вернікаў якога складала 48247 чал. [9]. Такім чынам, Радунь і Воранава выступалі рэлігійнымі цэнтрамі наваколля.

Стракатай была не толькі этнаканфесійная, але і сацыяльная структура насельніцтва мястэчак. Асноўнымі саслоўнымі групамі з'яўляліся мяшчане і сяляне. Акрамя таго ў мястэчках жылі дваране, святары, ваенныя, чыноўнікі і інш., колькасць гэтых саслоўных груп была невялікая. У 1829 г. у Радуні сярод 386 мужчын мястэчка былі названыя 3 двараніна, 3 святара, 185 мяшчан-яўрэяў, 195 сялян-хрысціян; у Воранаве ў ліку 186 мужчын былі 5 дваран, 1 святар, 105 мяшчан-яўрэяў, 69 сялян-хрысціян, 6 жабракоў [5]. Звесткі аб колькасці сялян у гэтых мястэчках захаваліся і за 1824 г.: у Радуні 159, Воранаве 78 чал. [10]. Самую стракатую групу па роду заняткаў уяўлялі мяшчане (пераважна яўрэі): сюды адносіліся дробныя гандляры, уладальнікі рамесных майстэрняў, рамеснікі, людзі, якія займаліся адыходнымі промысламі, ізвозам, агародніцтвам, услужэннем і рознымі работамі. Пражывалі ў мястэчках і купцы. Так, у "Ведамасці аб колькасці абвешчаных капіталаў на 1856 г. " пазначаны купец 3-яй гільдыі з Воранава (капітал 2400 руб.) [11].

Такім чынам, насельніцтва беларускіх мястэчак, у тым ліку Воранава і Радуні, уяўляла сабой складаны кангламерат розных этнаканфесійных і сацыяльных груп. Па гэтых якасцях мястэчкі набліжаліся да гарадоў. Разнастайнасць структуры насельніцтва абумоўлівала існаванне і развіццё поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры.

Мястэчкі, як вядома, з'яўляліся гандлёва-рамеснымі цэнтрамі наваколля. У другой палове ХІХ ст. у Воранаве 4 разы на год праходзілі кірмашы, налічвалася 12 крамаў [12]. Асноўная частка гандлёвых аперацый ажыццяўлялася на штотыднёвых базарах, што праходзілі па нядзелях. Воранава славілася ў наваколлі выпечкай і продажам смачных абаранкаў. З прамысловых устаноў дзейнічалі: у Воранаве 2 гарбарні, млын; у Радуні гарбарны "завод", млын [13]. Захаваліся звесткі аб развіцці вінакурнай прамысловасці ў Радуні. У 1829 г. у мястэчку працавалі 8 вінакурняў і піваварняў, усе яны належалі яўрэям, памеры вытворчасці складалі 2752 вёдраў віна, 1050 - піва [14].

Фрагментарныя звесткі аб развіцці рамяства, ўто захаваліся ў архіўных крыніцах, не дазваляюць скласці поўную карціну гаспадарчай дзейнасці местачкоўцаў. Вядома, што ў 1852 г. рамеснікі Радуні даслалі да губернскіх уладаў прашэнне аб заснаванні цэхаў. Ім было адмоўлена, таму што "не имеется закона на учреждение цехов по местечкам» [15]. Аднак у наступным 1853 г. у Радуне былі створаны так званыя "складаны рамесны цэх" і "нерамесны цэх для яўрэяў". Такія ж цэхі былі заснаваны і ў Воранаве. У пераліку цэхавых рамеснікаў Радуні названыя: краўцы (1 майстар, 2 падмайстры), шаўцы (1 майстар, 2 падмайстры), кавалі (1 майстар, 1 падмайстар), гарбары (1 майстар). У Воранаве названыя 7 рамесных спецыяльнасцей: краўцы (1 майстар), шаўцы (1 майстар), рымары (1 майстар), мяснікі (1 майстар, 2 падмайстры), булачнікі (2 майстры), сталяры (1 майстар) [16].

Што ўяўляла сабой штодзённае жыццё людзей у мястэчку? Як складваліся адносіны паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп местачковага насельніцтва? Адназначна адказаць на гэтыя пытанні немагчыма. Дакументальныя матэрыялы і мемуарная літаратура дазваляюць заўважыць парадаксальнае спалучэнне напружанай штодзённай барацьбы за існаванне скучанай местачковай беднаты і унікальнай атмасферы добразычлівых і даверлівых адносін паміж людзьмі, у аснове якіх ляжалі непазбежныя эканамічныя інтарэсы. Яўрэі ў мястэчках былі актыўнымі ўдзельнікамі неземляробчага сектара эканомікі. Пераважная большасць хрысціянаў займалася сельскай гаспадаркай. Паміж прадстаўнікамі розных этнасаў існаваў своеасаблівы падзел працы, і гаспадарчае жыццё мястэчка працякала на аснове ўзаемнага супрацоўніцтва.

Часам у мястэчках узнікалі канфлікты паміж прадстаўнікамі яўрэйскага і хрысціянскага насельніцтва. Меў месца такі канфлікт і ў Воранаве. Справа заключалася ў тым, што ў лютым 1883 г. у Беняконьскай воласці было прынята рашэнне аб пераносе ў Воранаве базарнага (рыначнага) дня з нядзелі на аўторак. Канфліктная сітуацыя склалася ў Воранаве ў нядзелю 19 чэрвеня 1883 г. падчас каталіцкага царкоўнага свята. У гэты дзень у мястэчку сабралася шмат яўрэяў з таварамі. Яны размясцілі свае прылаўкі каля касцёла і чакалі заканчэння набажэнства. Калі забілі званы, яўрэі пачалі грукаць сваімі косамі. Гэта выклікала сутычку паміж яўрэйскімі гандлярамі і абуранымі іх дзеяннямі сялянамі. Сяляне пачалі перакульваць яўрэйскія павозкі з таварамі. Шкода, нанесеная яўрэям склала суму у 508 руб. Аднак пры разглядзе абставін гэтага здарэння ўлады занялі бок сялян [17].

Мястэчкі з'яўляліся адукацыйнымі цэнтрамі, тут знаходзіліся навучальныя ўстановы. Не былі выключэннем Воранава і Радунь. Архіўныя матэрыялы захавалі звесткі пра існаванне ў іх пачатковых вучылішчаў. Так, па звестках за 1804 г. у Воранаве ў прыходскім вучылішчы было 6 вучняў і 1 настаўнік [18]. У Радуні ў народным вучылішчы ў 1885/1886 г. вучыліся 56 хлопцаў, 2 дзяўчынкі [6]. Воранава ў XVIII ст. мела навучальную ўстанову сярэдняга тыпу - піярскі калегіум, заснаваны Янам Сапегай у 1738 г. Пазней па распараджэнню Адукацыйнай камісіі піярская школа з Воранава была перанесена ў Ліду [12].

Сістэма адукацыі яўрэяў у гэты час характарызавалася аўтаномнасцю, усе яўрэйскія хлопчыкі наведвалі свае рэлігійныя школы - хедэры, якія існавалі ў кожным мястэчку. Некаторыя мястэчкі, дзе знаходзіліся іешывы, былі цэнтрамі вышэйшай талмудзічнай адукацыі. Да такіх мястэчак належала Радунь. Радуньскай іешыве і яе знакамітым настаўнікам прысвечаны асобны артыкул дадзенага зборніка.

Такім чынам, архіўныя матэрыялы праліваюць святло на самыя розныя бакі жыцця мястэчак Воранава і Радунь ў ХІХ ст. Прыведзеныя звесткі знойдзены аўтарам у архівах Гродна, Вільнюса, Пецярбурга, Масквы ў выніку шматгадовай распрацоўкі праблемы гістарычнага развіцця мястэчак Беларусі. Спадзяюся, што гэта стракатая інфармацыя стане яшчэ некалькімі цаглінкамі пры забудове нашых уяўленняў пра гістарычнае мінулае роднага краю.


Крыніцы і літаратура

1. Грахоўскі С. Мястэчка… Мястэчка… Элегія.// Полымя. - 1992. - № 2. - С. 143.

2. Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ - пачатак ХХ ст.) - Мн., 1997. - С. 197, 228.

3. Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава).// На шляхах да ўзаемаразумення. - Беларусіка. - Кн. 15. - Мн., 2000. - С. 62.

4. Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897 - 1989. -Мн., 1997. - С. 97.

5. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ ) у Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 422, арк. 122 - 124.

6. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego. T. IX. Warszawa, 1888. S. 450.

7. Еврейская энциклопедия. Т. ХIII. C. 271.

8. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 358.

9. Атлас народонаселения западно-русского края по исповеданиям. СПб., 1864.

10. НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 2, спр. 506, арк. 22 - 22 адв.

11. Дзяржаўны гістарычны архіў (ДГА) Літвы, ф. 381, воп. 17, спр. 2871, арк. 7.

12. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego. T. XІІІ. Warszawa, 1893. S. 955.

13. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 358; Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 69.

14. НГАБ у Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 536, арк. 55 адв. - 56.

15. ДГА Літвы, ф. 381, воп. 17, спр. 2762, арк. 124.

16. Там сама, арк. 512 - 512 адв.

17. Staliunas Darius. Anti-Jewish Disturbances in the North-Western Provinces in the Early 1880s // East European Jewish Affairs, Vol. 34, No. 2, Winter 2004, p. 123.

18. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу, ф. 733, воп. 95, спр. 380, арк. 123.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX