Вярнуцца: Станкевіч Адам

Хрысьціянства і беларускі народ


Аўтар: Станкевіч Адам,
Дадана: 13-05-2017,
Крыніца: Вільня, 1940; Менск, 1998.



Выд. Беларускае Каталіцкае Выдавецтво Бел. Друк. ім. Фр. Скарыны, Вільня, вул. Завальная, 1. Праца гэта выдана ў чэсьць 950-годзьдзя Хросту Беларусі (988-9 - 1938-9). У 25-я ўгодкі сьвятарства аўтара (28.ХІІ.1914-28.ХІІ.1939)

Прадмова

У 1938-9 гг. прыпаў юбілей 950-годзьдзя хрышчэньня "Русі", гэта знача: Украіны, Беларусі і Расеі. У чэсьць гэтага вялікага юбілею шмат пісалі ўкраінцы і расейцы. Не асталіся ад іх і мы, беларусы. Доказам гэтага, не лічачы большых і меншых артыкулаў у беларускай перыёдычнай прэсе, служыць так жа і гэтая скромная праца.

Мае яна сваю гісторыю. Прадусім вырасла яна з праектаванага большага артыкулу ў літаратурна-навуковы журнал "Калосьсе" (І). У самым, аднак, працэсе пісаньня аказалася, што рамы артыкула для гэтай працы вузкія і замест артыкулу паявілася кніжка. Калі праца гэта збольшага была скончана 15.ХІІ.38 г., польская паліцыя даручыла мне загад віленскага ваяводы Бацянскага аб высяленьні мяне на пяць гадоў з граніц Віленскага ваяводства.

27.ХІІ.38 г., захапіўшы з сабой між іншым рукапіс працы "Хрысьціянства і беларускі народ", апынуўся я ў Слоніме. Тут я, ня маючы адпаведнай бібліятэкі, ня меў магчымасьці належна рукапіс праверыць і паправіць.

Галоўнай мэтай гэтай працы было: маючы на ўвазе беларускую духоўную разрозьненасьць, крытычна карыстаючыся з расейскіх і польскіх адпаведных крыніц, у форме папулярна-навуковай паспрабаваць шукаць "беларускай праўды", беларускай рэлігійнай і нацыянальна-культурнай і прадставіць роль у гэтай справе хрысьціянства ў Беларусі.

Насколькі гэта мне ўдалося - няхай судзе грамадзянства.

Прыходзілася чуць закід, што я дзіўна многа прыпісваю Хрысьціянству ў Беларусі нейкай асаблівай сынтэзуючай сілы й сілы, творачай народнасьць, калі гэта хрысьціянства ў нас пераважна было й ёсьць далей хутчэй сілай дзелячай і дэнацыяналізуючай народ. Закід гэты праўдзівы, калі разважаць у нас хрысьціянства паддзельнае, палітычнае - расейскае й польскае, і сусім безпадстаўны, калі разважаць хрысьціянства ў самай яго сутнасьці, аб што мне ў гэтай працы прадусім і ішло.

17.IX.39 г. здарыліся вялікія падзеі: савецкая чырвоная армія заняла землі Заходняй Беларусі, якія ўвайшлі ў склад Савецкай Беларусі. Польшча адыйшла да Нямеччыны і як незалежная дзяржава існаваць перастала. 28.Х.39 г. Вільню, як адвечную сталіцу Літвы, заняла літоўская армія. Я, як жыхар Вільні й літоўскі грамадзянін, із Слоніма пераехаў у Вільню.

Бадай уся праца "Хрысьціянства і беларускі народ" друкавалася ў часапісе "Хрысьціянская думка". У новых абставінах часапіс гэты выходзіць перастаў і два-тры канчаткавыя аркушы прышлося дадрукаваць асобна. Кніжка гэта празначалася для шырокіх беларускіх кругоў прадусім Заходняй Беларусі й затым надрукавана гражданкай. Сяньня яна ўжо была б пажадана лацінкай. Але сталася: тых падзеяў, якія адбыліся ў верасьні й кастрычніку 1939 году на беларускіх і літоўскіх землях, ніхто ня мог прадбачыць.

АД. СТ. Вільня. 14.ХІ.39.

І. Веліч і значэньне хрысьціянства

Сонца й жыцьце. Хрысьціянства і душа чалавека. Хрысьціянства й культура. Хрысьціянства панад часам і прасторам. Агульнае значэньне хрысьціянства. Скромная гэта праца - у чэсьць 950-годзьдзя Хросту Беларусі.

Сонца - яго сьвет і цяпло - зьяўляецца першай і найважнейшай умовай жыцьця на сьвеце. Без яго быў бы застой і бязладзьдзе. Бяз сонца ня можам мы сабе і прадставіць жыцьця ў прыродзе. Дзеля ж гэтага яно шчодра дарыць сваімі дзіўнымі дарамі ўсю прыроду, ня вылучаючы і чалавека. Яно на ўсіх і на ўсё сьвеціць, усіх і ўсё грэе, яно ўсіх і ўсё сваім цяплом і сьвятлом пранікае, паклікае да жыцьця і ўсяму жывому стварае ўмовіны, у якіх яно можа жыць, разьвівацца і гэтак спаўняць сваю таёмную жыцьцёвую ў прыродзе мэту. Так дзіўна ёсьць шчодрым сонца, што яно і тады дарыць нас сваімі дарамі, калі мы гэтага не заўважваем і не спасьцерагаем і аб гэтым ня думаем. Яно разсеяна ў прыродзе, яно там існуе спосабам нават таёмным, укрытым. Бо ж і агонь, які чалавек у рознай форме і розным спосабам дабывае на свае жыцьцёвыя патрэбы, - гэта ўкрытае сонца. Толькі да таго не даступныя дары сонца, хто ад яго хаваецца. 1

Тое, што наглядаем у адносінах сонца да прыроды, мае дзіўнае падабенства, аналёгію ў адносінах хрысьціянства да душы чалавека, у адносінах да яго духовага жыцьця. Нікога яно ня вылучае, ад нікога ня крыецца, прад нікім не зачыняе сваіх дараў, усім сьвеціць, усіх і ўсё грэе. Ня было і няма на сьвеце такой тэорыі, такой навукі, такой духовай тэорэтычнай сыстэмы, якая была б так унівэрсальнай і так разам індывідуальнай, так простай і так складанай, так звычайнай і так бяздонна глыбокай, так блізкай і так далёкай, так чалавечай і так разам надчалавечай, так штодзеннай і так вечнай, як навука ўбогага Назарэйчыка Ісуса Хрыста. Хрысьціянства толькі да таго не дастаецца і не пранікае, хто сьведама яго ня хоча і сьведама ад яго стараніцца. Але і гэткія, нясьведама для сябе, як жа многа карыстаюцца дарамі хрысьціянства, аддыхаюць ім, яго вечна жывымі сокамі кормяцца! Нават самыя ярыя яго ворагі ня могуць выйсьці з арбіты яго ўплываў і як жа часта самі да таго ж імкнуцца, што прыносе хрысьціянства і з чым яны борацца. Ці ж лятуценьні марксістаў аб справядлівым, без дамешкі крыўды, сацыяльным на сьвеце ладзе ня ёсьць адгалоскам Хрыстовага валадарства?! 2

Вялікае значэньне хрысьціянства ў духовым жыцьці чалавецтва. Сьведча аб гэтым уся гісторыя людзкой культуры. Дайшлі да нас забыткі культуры клясычнай - скарбы старадаўнай навукі і мастацтва, бо гэта ўсё перахаваў Касьцёл і абараніў, каб ня зьнішчылі дзікія народы, што падчас вандроўкаў нахлынулі на Эўропу. Ды Касьцёл не агранічыўся абаронай і перахоўваньнем гэных забыткаў - ён гэта ўсё разьвіваў і дапаўняў і на гэтым тварыў ужо сваю хрысьціянскую культуру. Чым быў Каталіцкі Касьцёл для культуры ў Зах. Эўропе, тым была Праваслаўная Цэрква ў бліжэйшай Азіі і на ўсходзе Эўропы.

Айцы Цэрквы-Касьцёла, як усходнія, так і заходнія: Клемэнс Александрыйскі, Тэртульян, Орыгенэс, Атаназы, Базыль Вялікі, Рыгор з Ніссы, Рыгор з Наз'янзу, Геронім, Аўгустын і інш., як жа прыгожа ператварылі ў духу хрысьціянскім галоўныя прынцыпы грэцкіх і рымскіх філязофаў! Было так жа хрысьціянства крыніцай натхненьня і арыгінальнай філязофіі. Прыкладам гэтага між іншым зьяўляецца ў сярэднявеччы такі волат філязофічнай думкі, як сьв. Тамаш Аквінскі 3 , а з новых - вялікі расейскі хрысьціянскі мысьліцель Уладзімер Салаўёў 4

Агулам найвялікшыя мысьліцелі і мастакі слова, гукаў і формы чэрпалі сваё натхненьне з хрысьціянства. Штож бы асталося, напрыклад, з Гётавага "Фаўста" 5 , калі выкінуць з гэтага твору ўсе хрысьціянскія (каталіцкія) элемэнты? А штож бы асталося ў найвялікшых галерыях сьвету, калі б зь іх забраць усе шэдэўры рознага роду мастацтва, якія створаны пад уплывам хрысьціянства?

Як жа абяднеў бы Беларускі музэй, калі б забраць з яго здабыткі, якія стварыла хрысьціянская ідэя! Не пазнаў бы тады яго і ягоны тварэц: закладчык і сабіральнік Іван Луцкевіч. Як жа зьбяднела б наша мастацтва, калі б забраць ад яго хрысьціянскую архітэктуру, разьбу, малярства! Як жа выглядалі б сяньня гарады, як на захадзе Эўропы, так і на ўсходзе, калі б забраць зь іх мастацкія касьцёлы і цэрквы, вобак якіх павырасталі чыны хрысьціянскай асьветы і дабрадзейнасьці: школы, шпіталі, прытулкі! Няма, бадай, ніякай галіны культуры, дзе б хрысьціянства ня выказала свайго творчага, дадатняга ўплыву.

Сьнежныя высокія горы, здаецца, усьцяж падымаюцца вышэй у меру таго, як мы ад іх далей адходзім. Па іх мы ар'ентуемся ў дарозе, яны ўсьцяж прад нашымі вачыма. Так і з хрысьціянствам: мінаюць вякі, праносяцца яны часта над чалавецтвам, як буры вялікія, якія выварочваюць уверх дном і нішчаць народы, дзяржавы, выказваюць аджытасьць і недарэчнасьць сыстэмаў чалавечай мудрасьці, руйнуюць грамадзкі, часта вякамі ўстаноўлены і традыцыяй асьвечаны, грамадзкі лад. А хрысьціянства ў гэтай заварусе, з-пад гэтай руіны і грузаў, выглядае яшчэ больш прынадным, яшчэ больш сьвежым і новым, яшчэ больш жыцьцетворчым. Зуб часу, які ўсё зьядае, руйнуе і зьмяняе, хрысьціянства не датыкае - яно над час і над прасторы. Яно, як тыя высокія беласьнежныя горы, яшчэ больш высокім і стройным нам прадстаўляецца, чым далей у часе і прасторы ад нас адыходзе.

У 1938-39 годзе спаўняецца 950 гадоў, як хрысьціянства паявілася на землях беларускага народу. 988-9-ы год нашай эры ёсьць тым годам, калі над Беларусяй зазьзялі сьветлыя касулькі Эвангельля, нясучы нашаму народу новую эру, новую праўду, новае жыцьцё, нясучы культуру.

Вось жа дачакаліся беларусы вялікага юбілею - 950-годзьдзя свайго хрышчэньня. Сьвяткуем мы гэты вялікі юбілей, на жаль, толькі тут, па гэтай старане савецка-польскай граніцы, бо там, у БССР, сьвяткаваць гэтага юбілею няможна, так як няможна вызнаваць, верыць і служыць Хрысту, няможна там усяго гэтага, бо там - о, іронія! - "найбольшая на сьвеце свабода, бо там найідэальнейшая на сьвеце дэмакрацыя!" Дык тым больш шчыра і хоць скромна, але зь вялікай верай і любоўю сьвяткуем мы тут гэты так вялікі, гэты так рэдкі юбілей.

Гэтыя 950 гадоў існаваньня ў нас хрысьціянства вымаглі б іншага адзначэньня, як гэта скромная наша праца, але на нішто іншае яшчэ сяньня мы здабыцца ня можам. Цэлыя аграмадныя тамы трэба было б пісаць, каб хоць збольшага адзначыць: догматычна-рэлігійныя, нацыянальныя, культурныя, грамадзкія, этнічныя і інш. цэннасьці, якія беларускаму народу прынесла хрысьціянства.

Пад подыхам хрысьціянскай рэлігіі і этыкі ажывілася і ўзбагацілася беларуская народная душа. Паўсталі хрысьціянскія сьвятыні, манастыры, школы, установы хрысьціянскай міласэрнасьці.

Зьмякчэньне абычаяў у народзе, спыненьне самаволі князёў, баярства і рыцарства, яўнае рашэньне важных дзяржаўных спраў на вечы і збратаньне на ім жа ў вадну сям'ю вышэйшых слаёў грамадзянства з народам - гэта ўсё сацыяльныя плады сьв. Эванэліі 28 . І не дагадваюцца пэўне тыя беларусы, якія сяньня вольна ці нявольна пакланяюцца Марксу, што гэта іх вера - гэта толькі далёкі-далёкі адгалосак, толькі галосная карыкатура тых сацыяльных ідэалаў, якія прынесла беларускаму народу хрысьціянства.

Хрысьціянства - гэта найбольшая на сьвеце рэлігія, бо аб'явіў нам яе Сын Божы, Ісус Хрыстос. Але хрысьціянства - гэта ня толькі вера наша, ня толькі навука аб тым, як і ў што мы маем верыць, але так жа гэта навука і аб тым, як і што мы маем рабіць, як маем паступаць. Хрысьціянства - гэта так жа навука і аб нашай этыцы, аб нашай маральнасьці. А гэтая хрысьціянская навука аб веры і маральнасьці сапраўды вялікая, найбольшая за ўсю мудрасьць чалавечую, бо гэтая хрысьціянская навука - гэта навука Божая.

Хрысьціянства прынесла беларускаму народу культуру і прасьвету. Тыя ўсе апосталы, што несьлі нашаму народу Хрыстовую навуку, пашыралі яе пры помачы ня толькі жывога слова, але так жа і пры помачы кніжкі, пры помачы граматы. Такім чынам, пісьменства і агулам граматнасьць у Беларусь прынесла хрысьціянства. Апрача гэтага, хрысьціянства, пашыраючыся сярод народу, улучыла гэты народ у вялікую сям'ю культурных народаў усяго хрысьціянскага сьвету, нясучы нам будаўніцтва, малярства, музыку, навуку, права.

Хрысьціянства прынесла ў Беларусь глыбейшае паняцьце грамадзкай справядлівасьці, бо яно першае пачало вучыць аб любові бліжняга, аб справядлівасьці, апёртай не на сіле, а на праўдзе, яно першае пачало вучыць аб тым, што найбольшым ворагам чалавецтва - гэта ёсьць злая воля чалавека, чалавечае самалюбства і што з гэтым самалюбствам у імя агульнага дабра трэба рашуча змагацца.

Хрысьціянства магутна прычынілася да паўстаньня беларускай нацыянальнасьці, скрапляла і аберагала яе, падтрымлівае, разьвівае і аберагае гэтую нашу нацыянальнасьць і сяньня. Прадусім трэба ведаць, што хрысьціянства прыйшло ў славянскай мове, якая тады была так жа роднай і зразумелай і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для расейцаў. Пасьля, калі беларускі народ вырас у сусім асобную нацыю і выдзяліўся з агульнаславянскай сям'і і стварыў сабе сваю асобную мову, хрысьціянства заўсёды гэтую мову паддзержвала і разьвівала. Ведама, тут не гаворым аб тых перыядах у гісторыі беларускага народу, калі хрысьціянства бывае прымушана сярод беларускага народу карыстацца чужой мовай і прычыняцца ўжо не да ўмацаваньня беларускай мовы і беларускай культуры, але да зьнічтажэньня гэтага ўсяго. Аб гэтым - кажам - тут не гаворым, бо гэта ня віна хрысьціянства, але тых палітыкаў, якія, аб Хрысьціянстве забыўшыся, запрэглі яго ў сваю палітыку.

Сяньня так жа хрысьціянства ў нас - гэта вялікая сіла нашага беларускага народу, яго культуры і поступу. Сяньня для нас найвялікшыя ворагі - гэта бязбожны камунізм, які ёсьць запярэчаньнем усякай свабоды і праўдзівай культуры, а так жа запярэчаньнем усякай нацыянальнасьці. Ня меншым зьяўляецца для нас ворагам і ўсякі зьвярыны нацыяналізм/расізм, фашызм, скрайні нацыяналізм, якія так жа не прызнаюць над сьветам Бога, не прызнаюць правоў адзінкі і правоў слабейшых нацый на іх свабоднае існаваньне, а прызнаюць толькі фізычную сілу - дзяржаву, якой павінна служыць і падпарадкоўвацца ўсё.

Сапраўднай сілай, якая сяньня проціўстаўляецца гэтым варожым чалавецтву і беларускаму народу кірункам, гэта ёсьць хрысьціянства. Тым больш хрысьціянства ёсьць гэтай апорай і сілай, што яно - сіла ня фізічная, сіла ня кулака, а сіла маральная, духовая, апёртая на адвечным фундаманце Божага права. Яно ёсьць апорай правоў чалавека, правоў на самабытнае існаваньне ўсіх народаў, апорай іх уласнай культуры і праўдзівага поступу.

Словам, хрысьціянства - гэта вялікі наш скарб, які мы павінны берагчы як найбольш старанна і верна. Праўда, нам часта розныя варожыя сілы гэтае хрысьціянства ад нас засланяюць, робяць з яго аружжа варожай нам палітыкі і паказваюць нам часта карыкатуру хрысьціянства. Але гэта ўсё нас не павінна зьбіваць з дарогі і адбіваць ад праўдзівага хрысьціянства, вольнага ад палітычных дамешак.

Але ўсе гэтыя цэннасьці хрысьціянства ўсестаронна апісаць, на жаль, сяньня нам не пад сілу. І таму мы агранічваемся толькі да гэтай скромнай тэмы: "Хрысьціянства і беларускі народ", падчоркваючы прадусім роль хрысьціянства ў працэсе тварэньня і захаваньня беларускай нацыянальнасьці і яго агульна-культурнае значэньне.

ІІ. Час і абставіны паяўленьня хрысьціянства: грэка-лацінская культура, Беларусь і беларускі народ

Геопалітычныя абставіны, у якіх прыйшоў на сьвет Хрыстос. Беларусы: іх прагісторыя, паходжаньне, разсяленьне беларускіх плямён; назоў: беларускі; Полацкае княства - апора і асяродак палітычнай самастойнасьці беларускіх княстваў у IX-XIII ст.

Калі зьявіўся на зямлі сярод людзей Хрыстос (за часаў рымскага цара Аўгуста: 30 г. да Нар. - 14 па Нар.) 6 , і над тагачасным сьветам панавала магутная і вялікая Рымская імпэрыя. У склад яе тады ўваходзілі землі ўсей паўдзённай і заходняй Эўропы, землі Малой Азіі, а так жа пабярэжжа Афрыкі з Эгіптам. Усе нязьлічаныя народы гэтых зямель, - апрача славян, зь якіх паўстаў народ беларускі, а аб якіх яшчэ тады гісторыя ня ведала нічога, - былі падданымі гэнай сапраўды вялікай і магутнай Рымскай імпэрыі.

Вось жа на прасторах гэтай дзяржавы сьпярша панавала вялікая грэцкая (Грэцыя заваявана Рымлянамі ў 146 г. да Нар. Хр.) культура, а пасьля няменш вялікая культура лацінская. У далейшым сваім разьвіцьці гэтыя культуры сьпярша ўзаемна ня выключаліся, аднак пад уплывам гістарычных абставін свайго далейшага разьвіцьця яны паволі сусім разыйшліся і разгранічыліся - лацінская затрымалася прадусім на Заходзе і часткова на паўдні Эўропы, а грэцкая на паўдні Эўропы і ў Малой Азіі.

Такое разгранічэньне гэных культур асабліва пачало паглыбляцца ад таго часу, калі Рымскі імпэратар Хвядос Вялікі імпэрыю сваю (395 г.) падзяліў між сваімі сынамі на Усходнюю і Заходнюю і калі ўрэшце (476 г.), пад напорам германскіх дзікіх плямён, імпэратар Заходняй Рымскай імпэрыі Ромул Аўгуст быў ськінуты з трону, а землі гэтай імпэрыі былі заваяваны, і на іх з бегам часу паўсталі новыя народы і новыя дзяржавы 7 .

Усходняя ж частка Рымскай імпэрыі, гэта тая частка, дзе панавала грэцкая культура, званая Візантыяй, існавала далей, аж пакуль ня была заваявана Туркамі ў 1453 г. Асяродкам галоўным дзейнасьці культуры лацінскай быў Рым, а культуры грэцкай - Канстантынопаль, ці як тады звалі - Царгорад.

Дык зразумелая рэч, што хрысьціянства, сеянае на землях гэтых дзьвёх культур, адно што да сваей сутнасьці, вырастала, аднак, рознае што да яго разуменьня і што да формы. Праменьні Хрыстовай навукі як бы пераломліваліся ў душах народаў з рознымі культурамі і цалком розна, а часам нават супярэчна, праяўляліся.

Урэшце ў VI в. па Нар. Хр. ужо гісторыя пачынае гаварыць аб славянах, якія, з прычыны вандроўкі народаў (IV-IX ст.), прыйшоўшы на зьмену скіфаў, сарматаў, фінаў, балтаў (літоўцы і латышы) і інш., або і не застаючы нікога, займалі ўсходнія і паўдзённа-ўсходнія землі Эўропы, якія ўжо нападалі на суседнюю Візантыю і з усходняй часьціны якіх, як убачым ніжэй, паўстаў у сваім часе і народ беларускі.

Народ беларускі сваё гістарычнае жыцьцё на цяперашніх беларускіх землях пачынае з VIII-IX ст., калі паўстаюць ужо ведамыя сярод беларускіх пляменьняў княствы. Яны займалі прастор усіх цяперашніх беларускіх зямель. Найсільнейшым зь іх было княства Полацкае, дайшоўшае найбольшай славы, магутнасьці і самастойнасьці пры слаўным беларускім князі Усеславе (1101). Час гэты - гэта першы, так званы полацкі пэрыяд у беларускай гісторыі, пэрыяд самастойнага палітычнага жыцьця беларусаў.

Затрымаліся мы крыху над гісторыяй, географіяй і культурай тагочаснага чужога сьвету, каб пасьля лягчэй зразумець гістарычныя падзеі хрысьціянства агулам, а прадусім частку яго - гісторыю хрысьціянства на беларускіх землях, на лёсы якой гэны старадаўны сьвет меў і мае сяньня сапраўды вялікі ўплыў.

Але дзеля гэтага трэба так жа крыху бліжэй запазнацца і з мінуўшчынай беларускага народу.

Беларускі народ паходзіць ад славянаў, а славяне паходзяць ад племені, якое завецца арыйскім, або інда-эўрапэйскім. Калыскай арыйцаў быў Іран (сяньняшняя Пэрсія і Афганістан). Арыйцы, разросшыся ў сваей бацькаўшчыне ў вялікі народ, мусілі шукаць для сябе новага месца. Вось жа адны зь іх пайшлі на ўсход і поўдзень - у Індыю, а другія - на захад, у Эўропу. Сярод гэтых апошніх былі славяне і літоўцы, якія займалі ўсходнія прасторы паміж Карпатамі і Балтыцкім морам. Пераход гэты адбываўся паступова і паволі. Пачатак яго сягае на некалькі тысяч гадоў прад нараджэньнем Хрыста, а канчатак на тысячы дзьве перад Хрыстом. Славяне, жывучы між Карпатамі і Балтыкам, на захад ад сябе мелі германцаў, на ўсход скіфаў і сарматаў, на поўнач фінаў. Закінутыя далёка ад культурных цэнтраў, вялі яны жыцьцё прымітыўнае, някультурнае. Ніякай ролі сярод іншых народаў яны яшчэ тады ня йгралі, і гісторыя аб іх тады яшчэ нічога ня знала. Але здарылася падзея, якая зрушыла славян з месца і нарушыла іх дагэтулешні супакой. Гэтая падзея ведамая ў гісторыі, як вялікае перасяленьне народаў, якое трывала ад IV да IX ст. па Нар. Хр. У часе гэтага перасяленьня ці вандроўкаў народаў непакоілі славян дзікія народы гунны, авары, а найбольш готы, якія праходзілі праз славянскія землі ад мора Балтыцкага аж да Чорнага, дзе ў IV ст. заснавалі сільную дзяржаву. Нямала даваліся ў знакі славянам так жа і фінскія мадзяры або вугры, якія нешта ў IX ст. занялі славянскія землі, дзе асталіся і да сяньня.

Вось жа славяне, дзеля націску на іх сваіх суседзяў і далейшых чужынцаў, а так жа дзеля цеснаты на сваей прабацькаўшчыне (землі між Карпатамі, Дняпром, Прыпяцьцю і Віслай), павінны былі пасоўвацца далей, у іншыя староны. Такім чынам адна часьць зь іх пайшла на поўдзень, за Дунай, на Балканы і пад Адрыятыцкае мора, - гэта паўдзённыя славяне: баўгары, сэрбы, харваты, або кроаты, і славенцы. Іншыя ж славяне паціснулі на захад - гэта заходнія славяне: славакі, чэхі, моравяне, сэрбы лужыцкія, або палабскія, люцічы, памаране. Да гэтай заходняй групы належаць так жа і польскія, або, як іх называлі, - ляшскія плямёны: вісьляне, мазуры, паляне, сьлезане, з якіх пазьней утварыўся польскі народ.

На ўсход падаліся плямёны ўкраінскія: паляне надпадняпроўскія, севяране, драўляне, дулебы, бужане, вуглічы. Далей на паўночны ўсход пайшлі вяцічы, зь якіх, зьмяшаных пасьля зь фінамі, паўстаў народ расейскі, а проста на поўнач пайшлі: крывічы, радзімічы, дрыгавічы, а часткова северане і вяцічы, з якіх утварыўся народ беларускі. Украінскія, расейскія і беларускія плямёны належаць да групы славян усходніх.

Гэты разыход славянскіх плямёнаў адбываўся паступова, пачынаючы ад IV і да якога VIII ст. У VIII-IX ст. усе славяне ўжо былі разьмясьціўшыся на тых землях, якія яны займаюць і сяньня. Паўдзённыя і заходнія славяне выходзяць на гістарычную арэну ўжо ў VІІ-VІІІ ст., а ўсходнія толькі ў IX.

Запытаемся ж цяпер, каго засталі, ці каго зьмянілі беларускія плямёны, калі прыйшлі на сяньняшнія свае землі? Магчыма, што некалі, прынамсі часткова, засялялі беларускія землі скіфы, пасьля сарматы, а па іх літоўцы і фіны, якіх і зьмянілі нашыя плямёны. Асабліва гэта датыча крывічоў і радзімічоў. Можа, адны толькі дрыгавічы былі аўтахтонамі (першымі насельнікамі) свайго краю, беларускай часьці сяньняшняга Палесься.

Дзе ж пасялілася кожнае беларускае племя? Крывічы на абшары паміж Нёманам, Вяльлёю, Дняпром, горнаю Волгаю аж пад Ноўгарад і Пскоў. Радзімічы пасяліліся на ўсход ад Дняпра па берагох ракі Сожы (даўнейшая Магілеўская губэрня). Дрыгавічы занялі ўвесь поўдзень Беларусі: усю даліну Прыпяці разам з паўночнымі яе прытокамі па Бабруйск, Менск, Наваградак, Горадню. Вось з гэтых галоўных трох беларускіх плямёнаў утварыўся беларускі народ. У склад беларускага народу ўвайшлі яшчэ, прынамсі часткова, так жа северане, што жылі па рацэ Дзясьне (часьць Чарнігаўшчыны), і вяцічы, што жылі ў вярху ракі Акі.

Асяданьне славянскіх плямёнаў, продкаў успомненых народаў, а так жа ўкраінскага, беларускага і расейскага, на тых землях, на якіх яны сядзяць і сяньня, адбывалася на працягу пару вякоў - ад VII да IX ст. За гэтых пару сот гадоў наступіла дыфэрэнцыяцыя адзінага славянскага племені. Сутнасьць гэтай дыфэрэнцыяцыі ў тым, што гэтае, некалі адно славянскае племя, распалася на славян заходніх, усходніх і паўдзённых і што гэты працэс дыфэрэнцыяцыі прадаўжаўся і далей. Сярод усходніх славянаў сваім парадкам адбываецца гэны працэс і паяўляецца цэлы рад асобных славянска-"рускіх" плямён, з якіх паўстаюць тры асобныя народы на сучаснай беларускай, украінскай і вялікарускай тэрыторыі. Разсяленьне гэта аканчальна ўцьвярдзілася ў IX ст. У гэтым часе, ад IX да ХІІІ ст., на сучасных беларускіх этнографічных землях былі ўжо настала асеўшы славянскія сваяцкія плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часьць северан і часьць вяцічоў, якія зьліліся ў адзін народ, што пазьней стаўся звацца беларускім.

Чаму наш народ завецца "беларускім"? Чаму "белым" - навука дагэтуль ня вырашыла. Адны кажуць: затым, што "белы" значыла некалі тое, што вольны, а беларускі народ ніколі ня быў у татарскай няволі, дык затым яго і яго край называлі белым. Іншыя гэты назоў выводзяць ад белага колеру вопраткі, які даўней беларусы дужа любілі, іншыя ад сьветлых валасоў у беларусаў і г. д. А часам наш народ апрача "белы" завецца "рускім", дык тут справа вось у чым. Калі ўсе вышапісаныя славянскія плямёны занялі сяньняшнія свае землі, скандынаўскія (нарманскія) ваякі-варагі з племя "рус", дзеля гандлю і звычайнай нажывы, з поўначы часта праз славянскія землі прабіраліся на паўдзён аж да сталіцы Візантыі Царгораду, па дарозе заваёўвалі славян, а заваяваўшы, тварылі ў іх дзяржаўнае жыцьцё. Такім чынам першыя князі, якія пачалі арганізаваць славян, былі князі паходжаньня варага-рускага, ад якіх і ўсе ўсходня-славянскія плямёны атрымалі агульную назову: рускіх. Гэныя заваёўнікі, якіх агулам, у параўнаньні з славянамі, было мала, хутка, можа ў якім ужо другім пакаленьні, праз жаніцьбу зьмяшаліся з славянамі, асыміляваліся і сусім, можна сказаць, сталіся славянамі, пакідаючы толькі назоў: рускі, русінскі, расейскі, беларускі, беларусінскі.

Украінцы, як ведаем, закінулі цалком гэты сапраўды чужы назоў і завуцца Ўкраінцамі. Расейцы трымаюцца яго. Магчыма, што некалі і нам, беларусам, прыдзецца гэты чужы назоў пакінуць і назвацца крывічамі, як гэта ўжо некаторыя беларускія вучоныя робяць, гэта праз увагу на тое, што крывічы - гэта найвялікшае племя, якое ўвайшло ў склад нашага народу, і што князі гэтага племені, князі крывіцкай зямлі, на пачатку беларускай гісторыі найбольш выказалі імкненьняў да незалежнасьці, найбольш гэтай незалежнасьці баранілі, найдаўжэй незалежна трымаліся і агулам тварылі самабытны беларускі цэнтр: палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны. Але справа назову гэта справа будучыні. Нас тут далей цікавіць што іншае. Вось жа гэныя варагі-русы, бадай, першы найсільнейшы славянскі палітычны цэнтр стварылі сярод плямён украінскіх. Першыя гэтыя іх князі-арганізатары: Рурык, Алег, Ігор былі іменна варагі-русы. Зь іх жа паходзіў ужо саславяншчаны і Уладзімер Вялікі, за якога часаў і зь якога прычыны прыйшло да гэтых славян сьвятло Хрыстовай навукі 8.

Сьпярша паўставалі паасобныя славянскія княствы. Пасьля некаторыя князі з гэтых розных самастойных княстваў пачалі тварыць суцэльную адну дзяржаву. Адным з галоўных гэткіх князёў быў той жа Уладзімер, які княствы ўсіх гэтых усходня-славянскіх плямён стараўся злучыць у вадну вялікую дзяржаву са сталіцай у Кіеве. За яго часаў існавалі ўжо гэткія беларускія самастойныя княствы: Полацкае з горадам Полацак, аб якім ужо гісторыя ўспамінае ў 862 г., Смаленскае з горадам Смаленскам з IX ст., Віцебскае, Менскае, Тураўскае, Аршанскае, Друцкае, Лукомльскае, Мсьціслаўскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Слуцкае, Наваградзкае, Несьвіскае, Турава-Пінскае, Мозырскае, Клецкае, Сьвіслацкае, Барысаўскае і інш. Уладзімер прыгортваў гэтыя княствы да кіеўскага княства, якое назваў вялікім і замацоўваў іх за сабой тым спосабам, што раздаваў іх сваім сыном як удзелы, ад якіх дамагаўся дані. Беларускія, аднак, княствы не паддаваліся Уладзімеру і баранілі сваей незалежнасьці. Смаленскае і Турава-Пінскае Ўладзімеру ўрэшце ўдалося зламаць, далучыць да Кіева як удзелы і змусіць іх плаціць Кіеву дань.

Але гэтага зрабіць не ўдалося Ўладзімеру з княствам Полацкім. Гэтае княства па-геройску бараніла беларускай незалежнасьці, астаючыся бадай заўсёды незалежным ад Кіева. Пры гэтым трэба адцеміць, што полацкія князі, баронячы незалежнасьці самога Полацкага княства, гэтым самым баранілі так жа і княствы меншыя, суседнія, асабліва што знаходзіліся на зямлі крывічоў і былі залежныя ад Полацка. Гэтыя самастойніцкія полацкія імкненьні асабліва сільна праявіліся пачынаючы ад XI ст. З гэтага часу Полацкае княства на паўночным захадзе, так як Кіеўскае на паўдзённым захадзе, пастаянна забірае пад сваю ўладу дробныя беларускія ўдзелы. Словам, полацкі князь іграе такую роль адносна паўночна-заходніх дробных удзельных княстваў, якую іграе кіеўскі адносна кіеўскіх ці паўдзённа-заходніх удзельных княстваў.

Ужо ў 980 г. у Полацку знаходзіцца самастойны беларускі князь Рогвалад, паходжаньня, здаецца, так жа варага-рускага. Рогвалад і яго сыны былі забітыя на вайне з тым жа ўсё кіеўскім князем Уладзімерам. Па Рогваладзе асталася дачка яго Рагнеда, якую Уладзімер узяў сабе за жонку. А ад гэтай жонкі быў у яго сын Ізяслаў. Гэты Ізяслаў, сын Рагнеды, быў закладчыкам полацкага беларускага князьскага дому, полацкай беларускай князьскай дынастыі. Пасьля Ізяслава, сына Уладзімера (†каля 980), полацкім князем быў яго сын Брачаслаў (†1044), пасьля - яго сын, слаўны Усеслаў (†1101), унук Ізяслава. Гэты ведамы ў гісторыі Беларусі пад назовам Чарадзея з прычыны сваей адвагі, баявой славы і памыснасьці ў кіраваньні Беларусяй. Ён вёў доўгую і ўпорыстую, крывавую вайну з кіеўскімі князямі Яраславічамі, памысна баронячы незалежнасьці Беларусі. Страшная была між імі бітва над ракой Нямігай, пад Менскам, аб чым успамінаецца так жа і ў песьні аб Палку Ігаравым. Гэты вялікі беларускі князь княжыў 57 гадоў і ўтрымаў незалежнасьць Беларусі аж да канца свайго жыцьця (†1101). Па сьмерці беларускага Чарадзея полацкім княствам кіравалі яго сыны, а пасьля ўнукі, за якіх ад XIV ст. пачаўся ў гісторыі Беларусі так званы пэрыяд беларуска-літоўскага палітычнага сужыцьця 9 .

(Літаратура: Е. Карскій - Бђлоруссы I, Вильна, 1904; Л. Киркор - Бђлорусское Полђсье (Живописная Россія, т.ІІІ), Москва, 1882; Ст. Томашівський - Украінська Історія, І Старинні і Середні віки, Львів, 1919. Д. Багалъй - Русская Исторія, і Княжеская Русь. Москва, 1914, A. Sander - Um die Gasteltung Europas. Munchen, 1938.)

III. Хрысьціянства й народы; сьв. Уладзімер і хрышчэньне Русі: украінцаў, беларусаў і маскоўцаў

Адносіны хрысьціянства да розных народаў. Славяне і іх пісьменства. Апосталы славян Кірыл і Мяфод: іх праца і значэньне. Сьв. Уладзімер. Хрышчэньне: украінцаў, беларусаў і маскоўцаў. Адкуль Уладзімер прымаў хрысьціянства і адносіны яго да Апостальскай Сталіцы. Адзінства хрысьціянства.

Лёгка дадумацца, што апосталы хрысьціянства, нясучы ў сьвет Слова сьв. Эвангельля, нясьлі яго прадусім у мове і форме грэцкай і лацінскай, бо гэтыя мовы былі падставай, як ведаем, тагочаснага культурнага жыцьця на сьвеце. Нават Жыды, расьцярушыўшыся па ўсей грэка-рымскай дзяржаве, мову сваю старадаўную пазабываліся цалком і ўжо Біблію мусілі тлумачыць на мову грэцкую і ёй карыстацца ў сынагогах. Але апосталы гэтыя хутка напатыкалі народы, для якіх гэныя мовы былі ўжо няведамы або прынамсі мала ведамы і да якіх прамаўляць і якіх вучыць і для якіх арганізаваць хрысьціянскае жыцьцё трэба было ў іх роднай зразумелай мове.

Гэтак і рабілася. Ужо ў II ст. паяўляюцца пераклады сьвятых кніг на мову сырыйскую, у пал. ст. IV - пераклады на мову абісынскую і готскую, у ст. V - на армянскую, у VI - на грузінскую, у VII - на арабскую, а ў стаг. IX мелі ўжо ў сваей мове сьвятыя кнігі і літургію: пэрсы, туркі, хазары і іншыя.

Гэтага ж самага трэба было і для славян, і гэта сапраўды было роблена. Патрэбу гэтую для славян здаволіваюць вялікія сьвятыя апосталы Кірыл і Мяфод.

Паводле візантыйскіх і арабскіх пісьменьнікаў і дасьледчыкаў VIII-IX ст., славяне, яшчэ будучы паганамі, ужо мелі пісьменства. Пісалі яны тады знакамі, якія называліся "рысы" і "нарэзы", якія абазначаліся пры помачы вострай палачкі на дрэве, на дошках, на кусках кары, на каменьнях і служылі толькі для звычайных і неабходных запісаў і для варажбы.

Пазьней паяўляецца ў іх ужо нармальная абэцэда 11 , так зв. "глаголіца", якая паўстала з абэцэды грэцкай пад уплывам гэных жа славянскіх пісьменных знакаў - рысаў і нарэзаў. Глаголіца ў старадаўнасьці ўва ўсіх усходня-славянскіх народаў, а знача і ў беларусаў, мела шырокае практычнае застасаваньне. Глаголіцай беларускія князі пісалі розныя граматы, дагаворы і іншыя дакуманты.

Але абэцэда глаголіца была яшчэ дужа непрактычная, занадта складаная і цяжкая пры ўжываньні. Добра, відаць, гэта зразумелі апосталы славян сьвятыя браты Кірыл і Мяфод, калі яны, праняўшыся думкай несьці навуку Хрыста да славянскіх народаў, сьпярша прыступілі да пераробкі гэнай старой нязручнай абэцэды. І сапраўды, гэтыя апосталы стварылі абэцэду новую, славянскую, якая пасьля была празвана "кірыліцай", бо апрацаваў яе фактычна Кірыл (будучы сьвецкім чалавекам называўся Канстанцін), які быў высока адукаваным і вучоным.

Браты Кірыл і Мяфод былі родам з Македоніі. Бацька іх Леў быў высокім грэцкім урадаўцам і пражываў у Македоніі ў горадзе Солунь (Тэссалёнікі). Македонія была густа заселена славянамі баўгарамі, і мясцовыя грэкі добра былі абзнаёмлены з баўгарскім языком. Добра яго зналі змалку і Канстанцін і Мяфод. Абодва, атрымаўшы добрае выхаваньне і высокую асьвету, да якой, як сказана, асабліва гарнуўся і якой асабліва адзначаўся малодшы Канстанцін, займалі высокія ўрадавыя становішчы. Аднак хутка пакінулі гэта ўсё, паступілі ў манастыр і пасьвяцілі сябе апостальскай хрысьціянскай справе.

У 861 г. у Канстанцінопаль (Царгорад) явілася пасольства з Хазарскай зямлі прыслаць да хазар вучонага багаслова дзеля пашырэньня сярод іх хрысьціянства. Выбар паў на сьвятых братоў. Па дарозе да хазар яны затрымаліся ў Корсуні, дзе праз некаторы час бліжэй пазналі славянскі язык усходніх славян, які дужа быў падобны да баўгарскага. Тут яны найшлі Эвангельле і Псалтыр, напісаныя "па-руску", гэта знача языком усходня-славянскім, які дзеля ўспомненых ужо варага-русаў называлі рускім. Напісаны яны былі найхутчэй глаголіцай.

Паяўленьне гэных пераводаў аб'ясьняецца тым, што сярод варагаў былі ўжо хрысьціяне добра знаючыя грэку і лаціну. Вось жа яны, відаць, і зрабілі гэны пераклад.

Гэныя кнігі мелі вялікае значэньне ў далейшай працы сьвятых братоў. У той час у хрысьціянскай цэркве панавала пракананьне, што царкоўнымі (касьцельнымі) языкамі могуць быць толькі тры: старажыдоўскі, грэцкі і лацінскі, а фактычна гэтыя два апошнія, як языкі двух галоўных вялікіх культур. У гэтым пракананьні выражалася фактычнае панаваньне гэных двух старых культураў, якія ня лічылі патрэбным рахавацца з языкамі народаў, якія стаялі культурна ніжэй. Вось жа факт існаваньня Эвангельля і Псалтыра ў мове ўсходніх славян, а так жа факт існаваньня Службы Божай і сьвятога Пісаньня ў мовах многіх іншых усходніх народаў, аб чым мы ўжо ўспомнілі, павінен быў аслабіць у душы сьвятых апосталаў сілу гэтага пануючага пракананьня.

Навярнуўшы нямала хазараў на хрысьціянства, Кірыл і Мяфод вярнуліся ў Візантыю. Па дарозе каля таго ж Корсуня (Херсон) яны знайшлі мошчы-рэліквіі (астанкі) мучаніка сьв. Клімэнта Папы рымскага і прывязьлі іх у Візантыю. Але чакала іх новая місія, місія сярод заходніх славян у Маравіі, куды яны і адправіліся каля 863 г.

Каб лягчэй было ім там сеяць зерне Праўды Хрыстовай, яны адправіліся туды, апрацаваўшы славянскую абэцэду і пераклаўшы на славянскую мову Сьвятое Пісаньне і кнігі літургічныя, кладучы такім чынам моцныя асновы для далейшага пашыраньня хрысьціянства і агулам прасьветы на ўсіх славянскіх землях

Такая праца гэтых апосталаў была цяжкой і небясьпечнай. Народ, разумеючы ў роднай мове слова Божае, валам ішоў за сваімі апосталамі. А тымчасам караніліся ўжо там немцы. Нямецкае духавенства для палітычных мэтаў накідала там славянам чужую нямецкую мову. А цяпер немцы, убачыўшы, што праца іх дарэмная, пачалі рознымі спосабамі змагацца з славянскімі апосталамі. Прыйшлося сьвятым братом нямала зазнаць ад нямецкага духавенства і фальшывых даносаў да Папы, і зьдзекаў, а нават і турмы ад нямецкіх уладаў за сваю апостальскую працу.

Урэшце, папа Мікалай І († 867), каб даведацца, што сапраўды робяць гэтыя апосталы, выклікаў іх у Рым. Гісторыкі пішуць, што сьвятыя браты прыбылі туды на пачатку 868 г., калі папам быў ужо Адрыян II. Цяжкія тут былі дні для апосталаў. Мелі яны і тут многа ворагаў. Аднак праўда зваявала. Папа аднёсься да іх дужа добра, справу разгледзіў і прызнаў слушнасьць за славянскімі апосталамі. Галава хрысьціянства мове славянскай прызнаў права ў сьвятынях хрысьціянскіх. Гэта быў выпадак, маючы вялікае гістарычнае значэньне як для жыцьця рэлігійнага, так і агулам для ўсей славянскай культуры.

Праца сьв. Кірыла і Мяфода была для ўсяго славянства сапраўды вялікай. Яна славянскі язык паставіла на роўні з арамейскім, грэцкім і лацінскім, у якіх толькі тады і можна было маліцца. Да гэтых такім чынам языкоў прыбыў і язык славянскі. Вось што аб гэтым казаў папа Адрыян II, пацьвярджаючы працу славянскіх апосталаў: "Выдуманае Канстанцінам-філёзафам славянскае пісьмо, на якім належным спосабам узносіцца хвала Богу, мы пацьвярджаем і загадваем, каб у гэтай мове выкладалася верным навука і дзеі Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо Божая ўлада вуча нас хваліць яго ня ў трох толькі языках, гэтак кажучы: "Хваліце Госпада ўсе народы, хваліце яго ўсе людзі", і апосталы, напоўненыя сьв. Духам, прапаведвалі веліч Госпада ўва ўсіх языках. І апостал Павал - гэтая труба Госпадава - нам паказвае, што кожны язык няхай славіць Госпада нашага Ісуса Хрыста на славу Айца, і ў першым пасланьні да Карынчыкаў ён даволі нас павучае, каб мы, гаворачы рознымі языкамі, тварылі Хрыстовую цэркву. І сусім непраціўна ні веры, ні навуцы Хрыста, калі будзе ў гэтым жа славянскім языку чытацца і аб'ясьняцца Сьвятое Пісаньне Старога і Новага Завету, належна пераложанае і вытлумачанае, адпраўляцца літургія ці іншае набажэнства, бо хто стварыў тры першыя языкі: габрэйскі, грэцкі і лацінскі, той стварыў і ўсе іншыя для большай славы сваей" 12.

Цяпер ясна, што сьвятло Хрыстовай навукі дасталося да беларускіх плямёнаў праз Грэкаў з Візантыі, а прадусім праз паўдзённых славян, у IX-Х ст. дз - якуючы працы славянскіх апосталаў сьвятых Кірыла і Мяфода. Яны, выдумаўшы ці толькі паправіўшы ўжо існуючы альфабэт для славянскага пісьменства, пералажыўшы сьв. Пісаньне і літургічныя кнігі на славянскую мову, гэтым палажылі моцныя асновы для пашырэньня хрысьціянства і агулам прасьветы па ўсіх славянскіх землях.

Мова, у якой сьв. апосталы тлумачылі сьвятыя кнігі, завецца царкоўна-славянскай. Гэта дзеля таго, што яна з часам сталася мовай памёршай і агранічылася толькі да ўжываньня ў літургіі, якая і сяньня ўжываецца ў рэлігійным жыцьці беларусаў праваслаўных і уніятаў. Але ў навуцы гэтую мову прынята называць стара баўгарскай. Гэта затым, што мова, якой сьвятыя славянскія апосталы карысталіся, найбольш была збліжана да мовы тагочаснай баўгарскай.

Мова гэта ў той час мала розьнілася ад моваў, якімі гаварылі ўсе іншыя славяне, і агулам была для іх зразумелай. Праз кірыла-мяфодаўскую працу сталася яна мовай літаратурнай для ўсіх славян. Пры помачы гэтай мовы хрысьціянства ў IX-Х ст. дасталося да ўсіх славянскіх народаў: да мараваў, да баўгараў, сэрбаў, харватаў, чэхаў, украінцаў, беларусаў, расейцаў, а магчыма, што да палякоў і славэнцаў.

Але хрысьціянства на Беларусь сьпярша дасталося толькі да адзінак, а да масаў, да народу яно дайшло за часаў сьв. Уладзімера, вялікага кіеўскага князя.

За часаў Уладзімера, вялікага князя кіеўскага, і яго стараньнем пашырылася масава хрысьціянства, як сярод народу ўкраінскага, расейскага, так і беларускага. Вось жа належыцца нам хоць збольшага пазнаёміцца з гэтым слаўным князем, дзякуючы якому сьвет Праўды Хрыстовай дайшоў і да нас і які як у праваслаўных, так і ў каталікоў уважаецца за сьвятога і называецца роўнаапостальскім.

Як аб хросьце, так і аб самым Уладзімеру даведваемся з розных старых дакумантаў і ад пісьменьнікаў, па якіх асталіся аб гэтым усім для нас весткі. Маем апавяданьне манаха Якуба ці Нэстара, пахвальнае слова ў чэсьць Уладзімера, напісанае кіеўскім сьвяшчэньнікам, пазьней мітрапалітам Украіны, Беларусі і Масквы Іларыёнам, маем так жа апавяданьне сьв. Брунона, што гасьціў у сьв. Уладзімера і прапаведваў хрысьціянства ў лацінскім абрадзе сярод дзікіх сьцяпавікоў на паўдні Украіны - печанегаў. Маем так жа весткі Цітмара, біскупа места Мэрсэбурга ў Нямеччыне, апавяданьні грэцкіх пісьменьнікаў і інш. Урэшце дайшлі да нашых часаў запіскі, зробленыя ў Кіеве за часаў Уладзімера. Яны захаваліся ў розных старых летапісных зборніках, як, напрыклад, адзін зь іх, які называецца "Ніканаўскі Летапіс".

З гэных вестак даведваемся, што інакш тады выглядала і жыцьцё на нашых землях і самыя гэтыя землі. Непрайдзімыя лясы былі ўсюды. Адчасьці дарогі сухапутныя, а прадусім рэчныя былі галоўнымі шляхамі зносінаў нашых продкаў з людзьмі і са сьветам. Па Дняпры, Зах. Дзьвіне, Нёмане і Вяльлі вялі яны гандаль і мелі зносіны з усім цывілізаваным сьветам, як на ўсходзе (Візантыя), так і на захадзе (Заходняя Эўропа). Праз наш край па гэтых рэках вёў вялікі шлях "із Варяг в Грекі", як яго тады называлі. Але зносіны гэтыя былі трудныя, небясьпечныя і даступныя не для многіх. Ня спрыяла такім чынам гэта ўсё і пашыраньню ў нас хрысьціянства. Аднак яно хоць паволі, але ўжо задоўга да сьв. Уладзімера пашыралася, дастаючыся сьпярша, насколькі яно йшло з усходу і паўдня, - да украінцаў, а адтуль і да беларусаў. Аднак гэта хрысьціянства вызнавалі яшчэ толькі князі, дружына князя, купцы і іншыя, што мелі стычнасьць з хрысьціянскім сьветам. Так, напрыклад, па сьмерці кіеўскага князя Ігара яго жонка ўдава сьв. Ольга (†969) сталася хрысьціянкай, якая прабавала ахрысьціць так жа і ўвесь народ, але гэта ей не ўдалося. Хрысьціянства было тады адно, ня было ў ім падзелу, хоць ужо існавалі розныя абрады. І так сьв. Ольга сама была хрысьціянкай усходняга абраду, а народ свой была гатова хрысьціць паводле абраду лацінскага. З гэтай мэтай яна паразумелася з нямецкім царом Оттонам. Гэты выслаў у Кіеў сьв. Адальбэрта, місіянара, немца, лацінскага абраду. Але тады княжыў у Кіеве яе сын Сьвятаслаў, дужа варожы да хрысьціянства, і дзеля гэтага місія сьв. Адальбэрта не ўдалася.

Урэшце вялікая справа хрышчэньня ўсяго народу, як сказана, украінскага, беларускага і расейскага (маскоўскага) наступіла за часаў Уладзімера сьв. Вялікі гэты князь добра зразумеў, што аставацца самому паганцам і такім жа пакідаць народ - гэта значыла быць у поўным разьяднаньні з культурным хрысьціянскім (усходнім і заходнім) сьветам. І ён, зважыўшы гэта добра, рашыўся на вялікі гістарычны шаг, - на прыняцьце хрысьціянства.

За часаў Уладзімера, як мы ўспомнілі, асабліва ў Кіеве, ужо было нямала хрысьціян сярод вышэйшага асьвечанага слою грамадзянства. Многія мелі зь іх нагоду пазнаць і прыняць хрысьціянства ці ў Царгорадзе (Візантыя) у ўсходнім, грэцкім абрадзе, ці ў Швэцыі (адкуль пераважна паходзілі першыя князі: варага-русы), дзе шырылася тады хрысьціянства ў лацінскім абрадзе, а так жа многія, асабліва купцы, прымалі хрысьціянства лацінскае ў Заходняй Эўропе. А гэтыя хрысьціяне не аставаліся без свайго духавенства, - яны мелі пры сабе і сваіх сьвяшчэньнікаў, як грэцкага, так і лацінскага абраду, а так жа абраду славянскага з Баўгарыі - пасьля таго, як там завялі хрысьціянства сьв. Кірыл і Мяфод. І сам Уладзімер меў за жонку баўгарыню і чэшку, так жа хрысьціянкі, з якімі былі іх духоўнікі. Ад жонкі баўгарыні былі ў іх сыны: Барыс і Глеб, сьвятыя мучанікі за хрысьціянскую веру. Такім чынам Уладзімеру аставалася толькі бліжэй зацікавіцца гэтай справай і рашыцца на прыняцьце хрысьціянства. І гэта сталася: сьпярша ў Кіеве каля 987 г. ахрысьціўся ён сам, а пасьля прыступіў да хрышчэньня ўсяго народу.

Паўстала толькі пытаньне, ад каго і ў якім абрадзе прыняць і пашыраць хрысьціянства? Найдагаднейшымі і найбліжэйшымі для гэтага былі два краі: Корсунь (цяперашні Крым) і Баўгарыя. І ў Корсуні і ў Баўгарыі было ўжо такое духавенства, што магло лёгка паразумевацца са славянамі. Тагочасная баўгарская мова была зразумелай яшчэ для ўсіх славян. Баўгары мелі ўжо тады сваю самастойную цэркву, якая была ў еднасьці з Рымам (сталіцай яе была Охрыда ў зах. Баўгарыі, сяньняшняй Македоніі), дзе быў асобны баўгарскі патрыарх. Цэрква гэтая мела ўжо гатовы славянскі абрад са славянскім языком у Службе Божай, патрэбныя кніжкі, а так жа і сваё духавенства.

У Крыме (Корсуні) так жа было нямала духавенства, што разумела па-славянску, ня гледзячы на тое, ці гэта былі грэкі ці славяне. Адгэтуль так жа можна было ўзяць сьвяшчэньнікаў, але не епіскапаў, бо корсунская цэрква герархічна падлягала Царгораду.

Пра Царгорад аднак ня прыходзілася і думаць, бо ад сьмерці Сьвятаслава, бацькі Уладзімеравага, між Кіевам і Візантыяй адносіны былі напружаны, затым, што грэкі былі наслаўшы печанегаў і тыя замардавалі Сьвятаслава. Далей, Візантыйская (царгародзкая) цэрква бадай сусім не займалася місіямі сярод паганаў, яна ня мела для гэтага адпаведна прыгатаванага духавенства, ані царкоўных кніг. Ды браць адтуль духавенства: сьвяшчэньнікаў і епіскапаў, - гэта значыла б аддаці ў рукі сваіх ворагаў найвызначнейшыя мясцы ў дзяржаве. Рабіць так ня было ніякага сэнсу.

Вось жа з гэтых усіх краёў Уладзімер выбраў прадусім Корсунь. На гэта злажыліся наступныя прычыны. У Візантыі выбухнуў бунт. Цэсары (было іх тады там двух) зьвярнуліся па помач да свайго непрыяцеля Уладзімера. Гэты згадзіўся, але з умовай, што цэсары гэныя выдадуць за яго замуж сваю сястру Ганну. Іншага выхаду ня было, і яны згадзіліся. Уладзімер памог: бунт быў здушаны. Уладзімер дамагаўся спаўненьня ўмовы. Цэсары, аднак, пачалі круціць. Уладзімер, каб змусіць іх, пайшоў вайной на Корсунь. Корсунь падлягаў Візантыі, але толькі з мусу, заўсёды корсуняне былі гатовы гэнай няпрошанай апекі пазбыцца. Цяпер надаралася ім добрая нагода. Нават і сярод корсунян знайшліся, што памагалі Уладзімеру здабыць Корсунь. Сярод такіх было нямала і духавенства. Такім чынам Уладзімер здабыў Корсунь і адтуль меў духавенства, патрэбнае для ахрышчэньня свайго краю. Корсунь для Візантыі быў дужа важным гандлёвым і стратэгічным пунктам. Цэсары зьмяклі і Ганну аддалі Уладзімеру за жонку. Шлюб адбыўся ў Корсуні. Пасьля гэтага Уладзімер вярнуўся ў Кіеў, вязучы з сабой духавенства, што яму спрыяла, а так жа і тое духавенства, якое было ў пашане ў Ганны. Гэтае духавенства ахрысьціла яго і правяло хрышчэньне Украіны, пасьля Беларусі і Расеі.

Але самым толькі хрышчэньнем справа яшчэ ня была скончана. Трэба было падумаць аб мітрапаліце і епіскапах, якія арганізавалі б цэркву і ёю ўпраўлялі б. Яшчэ падчас прабываньня Уладзімера ў Корсуні прыбылі туды паслы ад Папы з Рыму. Гэтыя паслы прывязьлі яму мошчы (рэліквіі), галаву сьв. Клімэнта, Папы Рымскага, які памёр у Крыме на выгнаньні ў канцы першага стагодзьдзя па Хрысьце. Гэткім чынам між Уладзімерам Вялікім і Папам Рымскім навязаліся зносіны, якія не перарываліся і далей. Пасольствы йшлі з Кіева ў Рым і з Рыму ў Кіеў. Ясная рэч, што гэтыя пасольствы датычылі найважнейшых дзяржаўных спраў, а ў іх ліку і справы епіскапату для новаахрышчаных краёў. Уладзімер такім чынам, як бачым, быў у еднасьці з Апостальскай Сталіцай, дык зь яе ведама і згоды ўзяў сабе епіскапаў. З Корсуня ўзяў сьвяшчэньнікаў, а епіскапаў з Баўгарыі.

З Баўгарыі ў Кіеў прыбыў першы мітрапаліт Міхал з некалькімі епіскапамі. Яны прынясьлі з сабой багаслужэбныя кнігі, а так жа зборнік царкоўнага права, крыху адменнага ад права, якое абавязвала ў візантыйскай цэркве. Славянская мова прапаведнікаў значна памагала ў пашыраньні хрысьціянства ў дзяржаве Уладзімера, а так жа і ў дзяржавах суседніх славян. З Кіева хрысьціянства пашыралася і на Беларусь. І сюды прыйшло яно ў форме баўгврскай. І ўсюды нясьлі яго місіянары (грэкі і баўгары) у старабаўгарскай мове. У гэтай жа мове былі кнігі і багаслужэньне.

Уладзімер сьв. падумаў так жа і аб будучыні хрысьціянства. Для яго было ясным, што пасьля сьмерці першых сьвяшчэньнікаў-місіянараў баўгараў і грэкаў трэба ўжо мець сваіх уласных. Для гэтай мэты ён закладаў школы і загадаваў браць дзяцей у знатнейшых бацькоў і аддаваць іх у гэныя школы на навукі. І сапраўды, праца Уладзімера ў гэтым кірунку не пайшла намарна. Ужо на пачатку панаваньня Яраслава Мудрага бачым у Кіеве ўкраінца мітрапаліта Івана, а пасьля яго наступіў Іларыён, так жа ўкраінец.

З Кіева, з Украіны, Хрысьціянства дасталося на Беларусь. Нясьлі яго сюды баўгарскія, грэцкія і ўкраінскія сьвяшчэньнікі, прамаўляючы да беларусаў у зразумелай тады яшчэ для ўсіх баўгарскай (з дамешкай часта ўкраінскай) мове. У гэтай жа мове і да нас прыйшлі так-жа царкоўныя кнігі і багаслужэньне. Уладзімер сьв. быў у еднасьці з Апостальскай Сталіцай. І наша беларускае хрысьціянства ў гэтым часе так жа было яшчэ адзіным і непадзельным.

(Літаратура: Ks. Ad. Stankevic - Rodnaja mova u sviatyniach, Vilnia, 1929; Власов фон Вальденберг - Исторія Россіи; Т.Коструба - Великий Будовничий Украінськой Держави, Станіславів, 1937, Католицка правовірність Володимира Вел., "Нова Зоря", 21.VIII.38).

ІV. Хрышчэньне Беларусі.

Уладзімер Вялікі, Ізяслаў Полацкі і хрышчэньне Беларусі. Першае епіскапства ў Полацку. Сьвятая беларуская князёўна Афрасіньня Полацкая. Роль баўгарскай мовы ў хрысьціянізацыі і культуры Беларусі.

Сьвятло Хрыстовай навукі даставалася да Беларусі яшчэ задоўга да Уладзімера Вялікага. Існуе нават легенда, што першы прынёс яго сюды сам апостал Андрэй. Даставалася яно ў Беларусь прадусім у землі крывічоў, праз якія праходзіла дарога з Нармандыі ў Візантыю: "із Варяг в Грекі". Зямля крывічоў, пасьля Полацкае княства, займала шырокія прасторы. Яна цягнулася з паўдня на поўнач ад Прыпяці да Балтыцкага мора, а з усходу на захад ад Дняпра да Нарвы і да ўтокаў Нёмна. Полацак - гэта найстарэйшы беларускі горад, аб ім ў скандынаўскіх сагах задоўга да Рурыка ўжо ўспамінаецца, як аб багатым і сільным горадзе. У Полацку, так як і ў Кіеве, яшчэ да Уладзімера сьв. было нямала хрысьціян. Але хрысьціянства масава ў беларускім краі пашыралася за часоў Уладзімера. Гэты вялікі князь пасьля свайго хрышчэньня горача ўзяўся за хрышчэньне ня толькі зямель украінскіх, але так жа і беларускіх.

Уладзімер сьв. старанна пашыраў хрысьціянства, бо зразумеў яго веліч унутраную, а так жа, як выбітны валадар, разумеў і тыя вялікія як палітычныя, так і агульна цывілізацыйныя вартасьці хрысьціянства. Ён добра разумеў, што праз хрысьціянства яго ўласны і ягоных суседзяў народы ўваходзяць у сям'ю цывілізаваных хрысьціянскіх народаў і што аставацца далей у паганстве - гэта быў бы вялікі анахронізм і вялікая для гэтых народаў шкода. Добра гэта ж разумелі і беларускія князі, валадары беларускіх самадзельных княстваў: Полацкага, Смаленскага і Турава-Пінскага. Дзеля гэтых прычын і яны ахвотна ставаліся хрысьціянамі і жарліва пашыралі хрысьціянства сярод беларускіх плямёнаў у сваіх княствах.

У Полацку быў тады Ізяслаў, сын Уладзімера і полацкай князёўны, дачкі Рогвалада, Рагнеды. Вось жа за часоў гэтага беларускага князя і прыняла хрост уся беларуская зямля. Даканалі гэтага сьвяшчэньнікі, якіх прыслаў сьв. Уладзімер. Сьведча аб гэтым, бадай, сучасны Уладзімеру мітрапаліт кіеўскі Іларыён, а так жа крыху пазьнейшы мніх Якуб, які ў сваей пахвале Уладзімеру ня раз кажа, што ён "хрысьціў усю рускую зямлю ад канца да канца... усю зямлю рускую і ўсе гарады ўбраў сьвятымі цэрквамі"... Рускай жа зямлёй, як ведаем, называлі ўсе тыя ўсходне-славянскія землі, дзе былі князі з племя вараскага Русь. А з гэтага ж племя былі і князі беларускія полацкія, за часаў якіх хрысьцілася Беларусь. З летапісу відаць, што Уладзімер ня толькі пасылаў усюды епіскапаў і сьвяшчэньнікаў, каб хрысьціць народ, але і сам асабіста часта езьдзіў з епіскапамі дзеля падтрыманьня Эвангельскай праўды. Пасьля ахрышчэньня ўсіх рускіх зямель, як кажа летапісец, Уладзімер яшчэ жыў 25 гадоў. А знача - меў яшчэ дастатачна часу, каб усе гэтыя землі сапраўды прывесьці да Хрыста. Такім чынам няма сумніву, што яшчэ пры Уладзімеру ў Полацку ўцьвярдзілася хрысьціянства, а беларускі князь Ізяслаў, якога летапісцы хваляць за "благочестіе", быў галоўным дзеячом у гэтай сьвятой справе. У гэтым жа часе ўцьвярдзілася хрысьціянства і па ўсей беларускай зямлі.

Але калі ж тут паўстала епіскапства? Летапіс першага з полацкіх епіскапаў успамінае Міна, пасьвячанага ў 1105 г. Але маўчаньне летапісаў аб полацкіх ранейшых епіскапах, быўшых прад Мінам, не даказвае, што іх ня было. Паводле "Книги Степенной", мітрапаліт Леонці ўстанавіў шэсьць епархіяў, у ліку якіх, праўда, полацкая не ўспамінаецца, але беспасрэдна дадаецца, што Леонці "і во іные многіе грады разосла епіскопы". Але ў якія гарады? Аўтар "Книги Степенной" часткова разьясьняе гэтае пытаньне. Ён кажа, што разьдзяленьне "рускай" цэрквы на епархіі адбывалася адначасна з разьдзяленьнем "рускага гасударства" паміж сынамі сьв. Уладзімера. Далей, мітрапаліт Іларыён, у пахвальным слове Уладзімеру кажа, што ён у дзесяці важнейшых гарадох стварыў епіскапствы. У апісаньні жыцьця сьв. Леонція, епіскапа ростаўскага, сказана, што сьв. Уладзімер паслаў епіскапаў між іншым і ў Полтеск, гэта знача у Полацак. Узноў жа ў "Книге Степенной" у апісаньні жыцьця сьв. Афрасіньні, гаворыцца, што за часоў полацкага князя Барыса, роднага дзядзькі Афрасіньні, каторы памёр у 1128 г., полацкі епіскап Ілья ўступіў ей для манастыра паселішча Сяльцо, блізка Полацка, што належыла да епіскапа, і ўступаючы яго сказаў, што ў гэным Сяльцы "братія наша лежат, прежде нас бывшии епископы". Адгэтуль можна зрабіць вывад, што ў епіскапа Ільі быў не адзін папярэднік Міна, але было іх аж некалькі. Полацак і Тураў, кажа праф. Галубінскі, і належаць да тых гарадоў, у якіх дужа праўдападобна, што заснаваньне там епархіяў адбылося за часаў Уладзімера сьв. Гэты ж Галубінскі заснаваньне полацкай епархіі адносіць да 992 г. Польскі гісторык Несецкі цьвердзіць, што гэтая епархія была заснавана каля 1000 году. Тое ж самае кажа і другі польскі гісторык Стэбэльскі.

Словам, хрысьціянства, паявіўшыся масава ў Полацку, як у галоўным горадзе беларускай зямлі, хутка пашырылася і на ўсе беларускія землі. Паявілася яно хутка ў Смаленску, так жа зямлі крывічанскай, у Тураве, зямлі дрыгавічоў, і ў інш., дзе закладаліся епіскапскія катэдры.

У ст. ХІ-ХІІ уся беларуская зямля была пакрыта хрысьціянскімі сьвятынямі, а так жа і манастырамі, з якіх выходзілі сьвятыя людзі, што Беларусі пасьвячалі сябе цалком і праславіліся на ўсе вякі. З гэткіх былі прадусім: Кірыл Тураўскі, Параска, беларуская сьвятая князёўна Афрасіньня Полацкая.

Сьв. Афрасіньня, будучы сьвецкай, называлася Прадславай. Была яна праўнучкай Уладзімера сьв., унучкай полацкага князя Усеслава Брачыславіча († 1101) 10 і дачкой малодшага з сыноў апошняга, Юрага-Сьвятаслава. Яшчэ будучы малой, яна выказвала вялікі нахіл да глыбейшага хрысьціянскага жыцьця, да сьвятасьці, да навукі. Але бацькі яе аднак ужо мяркавалі аб яе замужастве. І вось калі яна аб гэтым даведалася, тайком пакінула бацькаўскі дом і пайшла ў манастыр, дзе прабывала законьніцай яе родная цётка, жонка князя Рамана Усеславіча, і тут сталася манахіняй пад імем Афрасіньні. Прабыўшы некаторы час у гэным манастыры, яна выпрасіла ў полацкага епіскапа Ільі, каб ён пазволіў ей жыць аднэй у цэлі, прыбудаванай пры катэдральным саборы. Замкнуўшыся ў гэтай цэлі, сьвятая наша вяла дужа суровы спосаб жыцьця, доўгія гадзіны прабываючы на малітве, а так жа посьцячы і пасьвячаючыся розным добрым учынкам. У вольныя часіны перапісвала сьвятыя кнігі, вышывала аблачэньні, пасылаючы гэта ўсё бяднейшым беларускім цэрквам і манастырам. А калі за гэтую сваю працу выручала якія грошы, дык аддавала іх убогім. Пашырала так жа сярод беларусаў грамату, вучачы чытаць і пісаць беларускіх дзетак. Але гэта ўсё адцягвала яе ад яшчэ больш дакладнейшай службы Богу, і яна шукала больш адпаведных абставінаў для сваіх намераў. І вось, атрымаўшы дазвол ад полацкага епіскапа, перасяляецца ў Сяльцо пад Полацкам, дзе была цэркаўка ў чэсьць Спаса 13 . Гэна ўсё Сяльцо, якое было ўласнасьцяй катэдральнай цэрквы, епіскап падарыў Афрасіньні, каб яна там залажыла жаночы манастыр. Гэта было ў прысутнасьці бацькі яе Юрага і яе дзядзькі, тагочаснага полацкага князя, Барыса. Гэты манастыр нашая сьвятая сапраўды залажыла і назвала яго Спасаўскім. Манастыр разьвіваўся памысна і павялічваўся. У гэтым манастыры хутка апынуліся сваячніцы сьв. Афрасіньні: родная яе сястра Гордзіслава (у манашастве Аўдоцьця), стрыечная сястра Зьвеніслава (у манашастве Праксэда), і яшчэ дзьве далейшыя сваячніцы з дазволу полацкага епіскапа Дзяніса (†1183), з якіх у манашастве адна называлася Агатай, а другая Аўхімяй. Хутка нашая сьвятая збудавала тут на месцы старой дзеравяннай цэрквы мураваную ў чэсьць Спаса, якая захавалася аж да часаў бальшавіцкіх, а ці цяпер існуе - няма ведама13. Паставіўшы на ногі свой жаночы манастыр, сьв. Афрасіньня недалёка збудавала другі, мужчынскі, так жа з мураванай цэрквай у чэсьць Маці Божай.

Урэшце, калі абодва манастыры разьвіваліся памысна і нічога ім не бракавала, нашая сьвятая, пакінуўшы ім падрабязны закон, паводле якога мелі жыць манахі, сама, з сваякамі сваімі Давідам і Параскай, пайшла адведаць Ерузалім, гроб Спаса. Пабыўшы тут праз некаторы час, сьв. Афрасіньня занемагла і, прахварэўшы 24 дні, там жа і памёрла 23.V.1173 г., дзе і была пахаваная. Цела яе там, аднак, аставалася нядоўга. У хуткім часе туркі заўладалі сьвятой зямлёй, дазваляючы, аднак, хрысьціянам свабодна адтуль выяжджаць і забіраць свае сьвятасьці. Вось жа і цела нашай сьвятой было з Ерузаліма перавезена ў Кіеўскую Пячурскую лаўру, дзе яно нятленным праляжала аж да 1910 г. пад апекай Праваслаўнай Цэрквы. У 1910 г. яно было перавезена ў родны Полацак. Цела нашай сьвятой вязло праваслаўнае духавенства з Кіева да Оршы (695 вёрст) па Дняпры на параходзе, ад Оршы да Віцебска (65 вёрст) шашой і ад Віцебска да Полацка (125 вёрст) звычайнай дарогай. Падчас падарожы на параходзе адпраўлялася набажэнства, а так жа і на прыстанях, дзе спатыкалі сваю сьвятую масы беларусаў. Падарож па дарозе адбывалася ў урачыстай працэсіі пры вялікім учасьці беларускіх народных масаў.

Такім чынам сьв. Афрасіньня, аднолькава ўважаная сьвятой як у праваслаўнай, так і ў каталіцкай цэркве, вялікая сьвятая, апосталка і прасьвяціцелька Беларусі, вярнулася ў родны беларускі Полацак. Дзе сяньня гэта такая дарагая беларуская сьвятасьць і які яе лёс? Хто ж гэта згадае!.. 14

І так Беларусь у Х-XI ст. сталася хрысьціянскай. Прыйшло яно да нашага народу і з Візантыі і з Баўгарыі ў стара-славянскай ці вярней баўгарскай мове. Украінскі гісторык Томашівській 15 , ацэньваючы, ведама, дадатна сам факт хрысьціянства ў нас і яго вялікае для нас значэньне, у некаторых абставінах яго ў нас паяўленьня бачыць і ад'ёмныя староны. Вось яны: хрысьціянства, прыйшоўшы да нас з Усходу, утрудніла беларусам і ўкраінцам нашыя зьвязкі з заходнімі дзяржавамі, і што гэтая палітычная ізаляцыя наша ад Захаду была шкоднай для нашага палітычнага разьвіцьця. Бачыць гэны гісторык ад'ёмныя староны і культурныя ў гэных абставінах хрышчэньня нашага народу: край наш, праўда, зьвязаўшыся з Візантыяй, меў доступ да вялікай візантыйскай культуры, але гэна культура ўжо тады была асуджана на павольны заняпад. Далей, гэтая культура даходзіла да нашага народу ня ў роднай, арыгінальнай форме, а ў дрэннай копіі - у стара баўгарскай. Гэта накінула нам старабаўгарскі літаратурны язык, які затрымаў на доўгія стагоддзі разьвіцьцё народнай беларускай мовы і гэтым меў ад'ёмны ўплыў на культурнае наша жыцьцё, спыняючы яго. Урэшце, хрысьціянізацыя Русі наступіла ў часе, бадай, поўнага адзінаўладзтва Уладзімера блізу над усімі ўсходне-славянскімі плямёнамі. Вось жа адна суцэльная руская цэрква, разам з стара баўгарскай мовай, стала цяпер сільным лучвом, што злучала ўсе плямёны сільней бадай, як сама дзяржаўная супольнасьць, якая дужа хутка пасьля Уладзімера перастала быць якой-небудзь творчай сілай. За гэта ўсё ў далейшай гісторыі ўкраінскі і беларускі народ заплацілі поўнай утратай палітычнай і нацыянальнай самастойнасьці.

Ведама, у гэтых думках украінскага гісторыка шмат ёсьць праўды. Але гэтую праўду мы бачым цяпер, калі нас дзеліць ад тых часаў аж 950 гадоў. Тады ж ніякі чалавечы геній гэтага прадбачыць ня мог, ня мог паступаць насупроць геопалітычным і гістарычным умовам тагочаснага жыцьця. Гэныя недахопы, якія ў сутнасьці з хрысьціянствам ня зьвязаны, трэба нам папраўляць сяньня.

(Літаратура: А.Сапунов - Историческія судьбы Полоцкой Епархіи с древнейших времен до половины XIX в. Витебск, 1889; П. Никитин - Исторія города Смоленска. Москва, 1848; Евфросиніевскія торжества (Виленскій Календарь на 1911 г.); Ст. Томашівсьский - Украиньска Історія I; И. Беляев - Исторія Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской уніи. Москва, 1872; Преподобная Евфросинія, княжна полацкая. Вильна, 1910; Е.Голубинскій - Исторія Русской Церкви, т. І, Москва, 1880.)

V. Розныя абрады - адно хрысьціянства.

Адзінства хрысьціянства ў розных абрадах. Чаму Русь прымае хрысьціянства ў абрадзе грэка-славянскім. Усход і Апостальская Сталіца. Падзел хрысьціянства. Падзел і Беларусь. Беларусь і Апостальская Сталіца.

Не адрэчы будзе тут запытацца, у якім абрадзе, у якой форме, у якой мове пашыралася тады на беларускіх землях хрысьціянства, калі ведаем, што існавалі галоўныя культурныя мовы і літургічныя абрады і яшчэ ў іншых мовах. Адказ ясны. Сярод беларускага народу, як і сярод іншых усходніх славян (Расейцаў і Украінцаў), хрысьціянства пашыралася ў мове славянскай, у якой пісаліся кніжкі, вялася прасьвета і адпраўлялася набажэнства.

Калі ж зь бегам часу для славянскіх народаў стараславянская мова рабілася мала зразумелай і калі ў іх выраблялася мова жывая, кожнаму народу ўласная, тады гэна агульнаславянская мова асталася толькі ў багаслужэньні. Літургія, Служба Божая ў славянскай мове завецца славянскім абрадам, або грэкаславянскім, дзеля таго, што Кірыл і Мяфод, укладаючы яго, за ўзор сабе мелі абрад грэцкі, ад якога ён мала і розьніцца.

Спатыкаем так жа ў гэтым часе на беларускіх землях і абрад лацінскі, але дужа рэдка - толькі ў большых гандлёвых гарадох і для нямногіх прыезных людзей.

Прыгледзімся ж цяпер да ўзаемных адносінаў, якія існавалі паміж рознымі хрысьціянскімі абрадамі, а так жа да адносінаў іх да Апостальскай Сталіцы. Прадусім мусім сьцьвердзіць, што хоць хрысьціянства да нас прыйшло і ў грэка-славянскім абрадзе і прыйшло яно зь Візантыі і з Балгарыі, то з гэтага зусім ня вынікае, што абрад лацінскі нашы продкі ўважалі за нейкі горшы або менш хрысьціянскі і што гэткі пагляд іх мяшаў ім прыняць хрысьціянства з Рыму ў абрадзе лацінскім. Не. Гэткіх паглядаў тады ня існавала сусім. Было ж так затым, што ня было тады ў Хрысьціянстве ніякага догматычнага падзелу, што яно тады ў сьведамасьці ўсіх хрысьціян было адным, непадзельным, апостальскім, сусьветным. Усходнія ж славяне, а ў іх ліку і беларусы, прынялі яго ў абрадзе славянскім, бо гэтаму спрыялі геопалітычныя і культурныя абставіны гэтых народаў. Былі нават мамэнты ў гісторыі нашых продкаў, калі яны нават баяліся лішняга збліжэньня і залежнасьці ад Візантыі і дзеля гэтага нават кланіліся да хрысьціянства заходняга, лацінскага. Так, напрыклад, як мы ўжо ўспаміналі, Ольга, прыняўшы хрысьціянства, найхутчэй у абрадзе грэка-славянскім, рабіла захады ахрысьціць свой народ у абрадзе лацінскім. Яна гэта рабіла больш з матываў палітычных, яна тады была ў няўзгодзе з Візантыяй і хацела ад яе быць далей. Але хутка абставіны зьмяніліся, і лацінскі місіянер, высланы ў наш край нямецкім імпэратарам Оттонам Вялікім, вярнуўся з Кіева зь нічым. Дружныя адносіны Уладзімера сьв. з каралямі польскім, чэскім і вугорскім адкрывалі дарогу і лацінскім місіянарам. У тым годзе, калі адбывалася хрышчэньне сьв. Уладзімера, Папа Рымскі пасылае яму ў Корсунь мошчы сьвятых. Брунон Баніфац па дарозе да печанегаў быў гасьцінна прыманы ў Кіеве (1007).

Вось жа трэба тут сьцьвердзіць, што ўсе тагачасныя (ад пачатку існаваньня да палавіны ХІ ст.) хрысьціяне, як грэкі, лаціньнікі, так і ўсе народы славянскія, а ў іх ліку і народ беларускі ў першым гэтым перыядзе сваей гісторыі, станавілі адну Цэркву-Касьцёл, якая, як гэтага вымагае воля Хрыста, выражаная ў Сьв. Пісаньні Новага Завета, была пад найвышэйшай уладай наступнікаў сьв. Пятра - рымскіх епіскапаў, - пад уладай Апостальскай Рымскай Сталіцы.

Самі рымскія епіскапы-папы заўсёды былі сьведамы гэтай улады і заўсёды яе выконвалі.

Аб гэтай уладзе папскай сьведчаць так жа многія Айцы ЦэрквыКасьцёла, як грэцкія, так і лацінскія.

Аб найвышэйшай уладзе папскай ня менш так жа вымоўна гавора і тое, што сусьветныя царкоўныя саборы заўсёды адбываліся з багаславенства Рымскага Папы, а пастановы гэтых сабораў заўсёды патрабавалі папскага зацьверджаньня. На саборах гэтых заўсёды старшынствавалі так жа пераважна папскія дэлегаты.

Ня менш, урэшце, выразна сьведчаць аб папскім старшынстве ў Хрыстовай цэркве і некаторыя багаслужэбныя кнігі самай Праваслаўнай Цэрквы.

Дык нічога дзіўнага, што ўсе хрысьціянскія народы ад часу паўстаньня хрысьціянства да палавіны XI ст., іменна да 1054 г., аб чым гутарка ніжэй, належалі да адной Хрыстовай цэрквы на чале з Рымскім Папам. У гэтым часе ані грэкі, ані лаціняне, ані славяне не сумняваліся ў гэтым главенстве папаў і жылі ў брацкай любові, згодзе і еднасьці. Знача паўстала, узрасла і разьвілася беларуская цэрква так жа ў еднасьці з Рымам.

Але на сьвеце заўсёды так бывае, што дабро мяшаецца са злом. Таксама сталася і з гэтай хрысьціянскай еднасьцяй на беларускіх землях у першым перыядзе беларускай гісторыі. Зрываньне еднасьці пачалося з Царагроду, ад грэкаў. Галоўнай прычынай разрыву была вялікая розьніца культуры Усходу і Захаду.

Справа ў тым, што Візантыйская імперыя пасьля ўпадку заходняй Рымскай імпэрыі, як мы ўспаміналі вышэй, зь бегам часу ад яе цалком аддзялілася і жыла цэлыя доўгія сталецьці сваім асобным жыцьцём, паглыбляючы ўсьцяж далей і далей культурныя, духовыя і сацыяльныя розьніцы з Захадам.

Вось жа на гэтай асноведзі пачаўся вялікі разьдзел адзінай Хрыстовай цэрквы на Ўсходнюю - грэцкую - і на Заходнюю - лацінскую. Пачаў яго царградзкі патрыарх Фоці яшчэ ў IX ст. На шчасьце разьдзел гэты шырокіх разьмераў тады ў грэцкай цэркве яшчэ ня прыняў і сусім не даткнуў цэрквы беларускай і еднасьць хрысьціянская яшчэ трымалася ад гэтай сумнай спробы зрыву гадоў паўтараста.

Падзелу Цэрквы даканаў у палавіне ХІ ст. патрыарх цараградзкі Міхал Керулары. Фармальна стаўся гэты сумны факт 16 ліпеня 1054 г., калі папскія паслы, ня могучы дагаварыцца з патрыархам-адступнікам і бунтаром, аб'явілі яму папскую анафему, кладучы яе публічна на алтары ў саборы сьв. Софіі ў Цараградзе.

Разьдзел гэты Цела Хрыстовага - Цэрквы быў, на жаль, трывалы і з бегам часу пусьціў глыбокія карэньні прадусім у Візантыі, а ў скорым часе дакаціўся так жа да недалёкіх ад сябе зямель усходня-славянскіх агулам, а ў іх ліку і да зямель беларускіх.

Імпэратары візантыйскія скарысталі з гэтага разьдзелу, падтрымлівалі яго, лёгка выкарыстоўваючы адарваную ад роднага цэнтру - Рыму - грэцкую цэркву для палітычных сваіх мэтаў.

Але, нягледзячы на гэты зрыў еднасьці царкоўнай у пал. XI ст. праз Візантыю, еднасьць гэта на Русі агулам, а так жа і на землях беларускіх яшчэ даволі доўга трывала. Гісторыкі даказваюць, што беларуская цэрква яшчэ была ў еднасьці з Рымам аж да пач. ХІІ ст.

І сапраўды. Вось пасланцы Папы Лявона IX, кінуўшы анафему на партыарха-адступніка Керулара ў Цараградзе, варочаліся праз Кіеў, гдзе былі гасьцінна прыманыя, і з Кіева, на жаданьне візантыйскага імпэратара, выслалі яму копію гэнай анафемы. З гэтага ясна, што тагочасны кіеўскі мітрапаліт Гіляры аставаўся яшчэ і далей у еднасьці з Рымам, а тымбольш была ў гэтай еднасьці залежная ад кіеўскай мітраполіі цэрква беларуская.

Наступныя мітрапаліты кіеўскія: Юры, Іван, Яфрэм і Мікалай (10681105), нягледзячы на тое, што былі самі грэкамі і назначаны партыархам цараградзскім адступнікам, не пашыралі яшчэ разьдзелу, бо ў гэтым самым часе кіеўскія вялікія князі, як Ізяслаў Яраслававіч і Усевалад Ізяслававіч, былі ў прыязных адносінах з Апостальскай Сталіцай.

Ізяслаў Яраславіч ў 1075 г. пасылае да Папы Рыгора VІІ свайго сына і праз гэтага ж сына сваё княства аддае ў апеку Папе.

Ізноў жа Ўсевалад Ізяславіч, калі папа Урбан ІІ у 1091 г. мошчы сьвятога Мікалая загадаў перанесьці з грэцкага гораду Міры-Лікійскія ў горад італійскі Бары, устанавіў на памяць гэтых пераносінаў сьвята і данёс аб гэтым праз адумысловае пасольства ў Кіеў, - разам зь мітрапалітам Яфрэмам прызнаў гэтае сьвята і завёў на ўсей Русі, а ў тым ліку і на землях беларускіх. Сталася ж гэта тады, калі партыарх царградзкі дэкрэт папскі аб гэным сьвяце адкінуў.

І так цэрква беларуская, належачая да кіеўскай мітраполіі, ад пачатку свайго існаваньня - ст. ІХ-Х і да ХІІ, гэта знача праз гадоў якіх сто, была ў еднасьці з Рымам.

Стагодзьдзе ХІІ, ХІІІ, ХІV і першая палавіна ст. ХV - гэта час разьяднаньня беларускай цэрквы з Рымам. Праўда, і ў гэтым часе не бракавала асоб і фактаў, якія сьведчаць, што вялікая справа царкоўнай еднасьці цалком не замёрла, а ўсьцяж жыла ў Беларусі, каб у адпаведным часе ўзноў уваскрэснуць.

Як знак гэнага хрысьціянскага адзінства ў беларусаў усходняй і зах. цэрквы, зьяўляюцца супольныя ў праваслаўных і каталікоў сьвятыя: Кірыл і Мяфод, Ольга, сьв. мучанікі Тодар і Іван, Уладзімер Вялікі, Барыс і Глеб, Антоні Пячэрскі, Хвядос Пячэрскі, Афрасіньня (Прузына) і Параскевія (Параска) Полацкія, Кірыл Тураўскі.

Паасобных падобных фактаў, гаворачых аб некаторай яшчэ ў гэным часе лучнасьці на беларускіх землях з Рымам, можна прачытаць і шмат больш, але гэта ўсё было б цалком лішнім, бо гэта ўсё належа да выняткаў у беларускай цэркве, бо цэрква гэтая як цэласьць, у еднасьці з Апостальскай Сталіцай, у ст. XII, ХІІІ, ХІV і ў палавіне ст. ХV ужо ня была.

Цікава тут адзначыць, што час еднасьці беларускай цэрквы з Рымам роўна прыпадае на першы перыяд беларускай гісторыі, калі нараджалася яшчэ беларуская народнасьць і калі яе палітычная самастойнасьць у асобе Полаччыны, асабліва за часаў слаўнага Усеслава (1044-1101), была дайшоўшы да высокага разьвіцьця.

(Літаратура: Власов фон Вальденберг - Исторія Россіи; Т.Коструба - Католицка правовірність Володимира Вел., Киівський Митрополит Іван (ок 1007-ок.1020), Генеза Украінського церковного права, Митрополит Іляріон (1051), Олексій Болгарин, Киівський Митрополит (1021-?), Перша автокефалія украінської Церкви ("Нова Зоря", 1938 г., № 63, 65, 69, 71, 75, 79)

VІ. Што такое народ і хрысьціянства ў працэсе тварэньня беларускага народу у першым перыядзе яго гісторыі.

Што такое народ. Розныя тэорыі. Наш пагляд. Руйнуючая роль паганства. Будуючая роль хрысьціянства.

У ХІ-ХІІ ст. увесь народ беларускіх княстваў ужо быў хрысьціянскім. Хрысьціянства пранікла сьпярша да вышэйшых клясаў, а пасьля і да шырокіх народных масаў. Прыгледзімся ж, якую роль адыграла хрысьціянства ў гэтым часе ў працэсе тварэньня беларускай нацыянальнасьці.

Але перад тым не адрэчы тут будзе запытацца, якія дзейнікі уплываюць на тое, што паўстае нацыянальнасьць? Звычайна адну нацыю ад другой выдзяляюць і адрожніваюць: язык, тэрыторыя, звычаі і абычаі, рэлігія. Часта можна спаткацца з паглядам, што гэтыя іменна асаблівасьці якога народу і зьяўляюцца ягонай нацыянальнай сутнасьцяй. Але пагляд гэткі няпэўны. Усе гэтыя нацыянальныя асаблівасьці якога народу ў сваю чаргу патрабуюць выясьненьня, адкуль яны бяруцца і ці безь іх магчыма нацыя?

Аб тым, што такое народ, у навуцы існуюць гэткія пагляды: аб'ектыўны, суб'ектыўны і кампрамісны. Кірунак аб'ектыўны апіраецца на прыкметах зьверхніх, якія можна дасьледжваць досьледам, якія можна абсэрваваць, наглядаць. Гэтымі прыкметамі зьяўляюцца: раса, язык, рэлігія, супольныя звычаі і абычаі, супольная тэрыторыя і зьвязаныя з ей: клімат, геопалітычнае палажэньне і, урэшце, супольны для данай нацыянальнай групы назоў, розны ад іншых суседніх нацыянальных групаў. Паводле гэтага разуменьня народ ёсьць супольнасьцяй грамадзкай, натуральнай, прыроднай, якую стварыла сама прырода.

Кірунак суб'ектыўны ў азначаньні народу адкідае рашучае значэньне дзейнікаў натуральных і кладзе націск на сувязь маральную, на агульную волю сужыцьця, на сьведамасьць супольнасьці.

Кірунак, урэшце, кампрамісны годзе гэтыя два кірункі між сабой і луча іх ў вадзін. Паводле яго для існаваньня якога небудзь народу патрэбныя як натуральныя гэныя прыкметы, так і маральныя, псыхічныя, патрэбная сьведамасьць, якая ёсьць вынікам гэтых прыкметаў ці лепш дзейнікаў натуральных.

Да ўсіх гэтых кірункаў прыгледзімся бліжэй і па парадку. Кірунак аб'ектыўны на першы плян высоўвае расу як першую прыкмету народу. Раса - гэта ёсьць супольнасьць паходжаньня з аднаго пня. Ці, аднак, сучасныя народы сапраўды паходзяць ад аднаго пня і маюць супольную кроў? Сучасныя навуковыя ў гэтай галіне досьледы паказваюць, што не. Гістарычныя варункі прычыніліся да таго, што сяньня сярод цывілізаваных народаў чыстай расы няма. Уся Эўропа, уся Амэрыка - гэта сяньня мешаніна рознаякіх этнічных элемэнтаў. Сучасныя цывілізаваныя народы - гэта мешаніна розных расаў, якія між сабой палучыліся дзякуючы рознага роду падзеям гісторыі. Пэўне, у старадаўнасьці, калі паўставалі народы, многія зь іх паходзілі з супольнага пня, і гэта ў вялікай меры спрыяла нацыянальнаму працэсу, але раса, аднак, ня была істотнай прыкметай іх нацыянальнасьці. Трэба так жа ведаць, што існуюць і сяньня расы, якія не паддаліся аж да сяньня асыміляцыі, як раса чорная, жоўтая, а так жа ў вялікай меры сэміцкая. Але і для іх прыкмета расы ня ёсьць істотным нечым, бо й яны ў працэсе гістарычным могуць асымілявацца, могуць пазбывацца сваей расы, але адначасна аставацца асобнымі народамі. Прыкладам гэтага ёсьць жыды. З гэтага бачым, што раса ня ёсьць нечым абавязковым у паняцьці нацыянальнасьці, але яна ўсё ж ёсьць тым матэрыялам, з якога пазьней гісторыя твора народ. І чым больш захавалася ў якім народзе асобнасьці расовай, асобнасьці яго супольнага паходжаньня ад аднаго пня, тым выразьнейшая яго нацыянальная індывідуальнасьць. Беларускія пляменьні, прад тым, як зь іх стварыўся беларускі народ, пэўне ж, мелі ўжо дамешку крыві чужых ім плямёнаў, як напрыклад, скіфаў, сарматаў, готаў, фінаў, літоўцаў, аднак асеўшы там, дзе жыве сяньня беларускі народ, яны ўжо дамешкі чужой да сваей крыві мелі дужа мала і далей разрасталіся ўжо з аднаго сваяцкага пня.

Пазьней, аднак, да беларускага народу даходзіла дамешка крыві Маскоўцаў, Украінцаў, Палякоў, Літоўцаў. З гэтага бачым, што і аб беларускай расе як такой, як чыстай расе гаварыць ня прыходзіцца. Знача, супольнасьць расы, супольнасьць паходжаньня ня ёсьць нечым канечным для паўстаньня, для стварэньня народу, а так жа яна ня ёсьць крытэрыем, які адрознівае адзін народ ад другога.

Язык так жа не становіць сутнасьці народу, нацыі. Язык можа астацца, а нацыя можа зьгінуць. Напрыклад, грэкі: этнографічны склад Пэлёпонэзу быў зьменены цалком наездам альбанцаў і славян. Этнографічная непрарыўнасьць магла тут захавацца, можа, толькі на берагох.

Але захаваўся народны дыялект, і сяньняшнія грэцкія патрыёты як мага стараюцца прыблізіць яго да старагрэцкага. І такіх прыкладаў можна знайсьці ў гісторыі шмат. І наадварот - бывае так, што язык гіне, а нацыя астаецца. Клясычным гэтага прыкладам зьяўляюцца жыды. Далей, некалькі нацыянальнасьцяў у Лацінскай Амэрыцы гавораць языком гішпанскім і партугальскім, языком заваёўнікаў і каляністаў. Амэрыкане, жыхары Зл.Ст.Амэрыкі, гавораць па-ангельску, але зьмяняюць яго на свой лад, не прызнаюць яго сваім і не прызнаюць сябе ангельцамі. Швайцарцы гавораць па-француску, нямецку, італьянску, чужым языком, але лічаць сябе швайцарцамі. Знача, язык сам па сабе так жа не становіць нацыянальнасьці.

Далей, тэрыторыя (і злучаны з ей клімат і геопалітычнае палажэньне), так жа яшчэ ня твораць нацыянальнасьці. На аднэй тэрыторыі, якая ёсьць цалком аднароднай, жывуць розныя народы, як бэльгійцы і французы, беларусы і расейцы. І наадварот - на розных тэрыторыях жывуць сусім аднолькавыя ці падобныя народы. Каб не гаварыць аб народах Эўропы, відаць гэта на народах някультурных. Так, напрыклад, папуасы і маляйцы вякамі жывуць вобак сябе, у тых жа трапічных краёх, а самі астаюцца сусім рознымі. Ёсьць так жа нацыянальнасьці і сусім бяз тэрыторыі, як тыя ж жыды і цыганы.

Звычаі і абычаі гэтаксама не зьяўляюцца сутнай асаблівасьцяй нацыянальнасьці. Гэтыя асаблівасьці найбольш зьменныя і лёгка сьціраюцца пад уплывам культурнага разьвіцьця і моды, але сама нацыянальнасьць ад гэтага не зьмяняецца.

Ня ёсьць урэшце прыкметай нацыянальнасьці і рэлігія. Гэта сусім ясна. Каталіцкія гішпанцы, італьянцы, французы, немцы і г.д. аніяк не прызнаюць сябе адным народам, хоць яны вызнаюць адну веру. Не становяць аднэй нацыянальнасьці расейцы, беларусы, сербы, румыны, украінцы і інш., хоць яны праваслаўныя.

Некаторыя вучоныя яшчэ цьвердзяць, што назоў так жа ёсьць складовай, бадай істотнай, прыкметай нацыі, народу. Але гэтая прыкмета ёсьць найменш важнай. Кожны народ такі ці іншы назоў сабе мае. Але мае яго так жа і кожная, ня толькі этнічная, але нават значная рэгіональная група, як у палякоў: курпы, куявякі, кракавякі і г.д., у беларусаў: паляшукі, сакуны, у літоўцаў: жмудзіны, дзукі. Але ж гэтыя групы ня ёсьць асобным народам.

Трэба, аднак, прызнаць, што адпаведны назоў якога народу, асабліва таго, які нараджаецца ці адраджаецца, як мы, беларусы, мае хоць ня істотнае значэньне, але вялікае, і дзеля гэтага нам, беларусам, трэба добра прызадумацца, ці не замяніць чужога нам назову "рускі" на ўласны "крывіч". Але гэта, як мы ўжо раз у гэтай працы гаварылі, належа да будучыні 16 .

Гэтак вуча тэорыя кірунку так званага аб'ектыўнага. Яна, уважаючы народ за твор чыста прыродны, усей праўды аб народзе ня кажа, яна шмат у чым мыляецца.

Кірунак суб'ектыўны, як мы ўжо адмецілі, за сутнасьць народу ўважае толькі вязь маральную, псыхічную, толькі сьведамасьць, толькі супольную волю. Але і гэтая тэорыя, маючы шмат у сабе праўды, шмат у чым так жа і мыляецца. А памылка яе ў тым, што яна не дацэньвае прыродных дзейнікаў і сутнасьць нацыі тлумача выключна толькі дзейнікам псыхічным, дзейнікам гісторыі і культуры.

Адгэтуль ясны выснаў, што народ становяць прыкметы натуральныя, хоць усе яны яшчэ істотнага значэньня ня маюць, і што апрача іх патрэбная ёсьць супольная сьвядомасьць і супольная воля як дзейнік, завяршаючы паняцьце народу. Пры гэтым трэба адмеціць, што гэтая псыхічная, маральная прыкмета ня ёсьць вытварам гэных натуральных дзейнікаў, як гэта многія ўважаюць, а наадварот - гэны псыхічны маральны дзейнік ці элемент, хоць спачатку нясьведама, існуе раней ад гэных дзейнікаў прыроды або разам зь імі, існуе ў душы чалавека, а які прырода і абставіны жыцьця толькі выклікаюць і ўспамагаюць яму разьвівацца. Агульнай асновай гэтага правіла зьяўляецца прынцып: - homo est animal sociale - чалавек стварэньне сацыяльнае, грамадзкае, а знача, у далейшым сваім гістарычным працэсе - стварэньне і нацыянальнае. Тыя групы людзей, якія мы сяньня называем народамі, не зьяўляюцца нейкім раптоўным плодам прыроды. Іх паяўленьне - гэта вынік павольнай і доўгай эвалюцыі. Яны ня ёсьць плодам сужыцьця прыпадкам сабраных людзей, але вынікам арганічна разьвіваўшайся супольнасьці, адзінства, маючай сваё асаблівае жыцьцё зьверхняе і ўнутранае. Народныя прыкметы ці народная асабовасьць не тады паявіліся, калі людзі сабраліся разам, бо ж яны фактычна і сабраліся, кіраваныя гэным сацыяльна-духовым інстынктам, унутраным наказам сваей душы, каб жыць разам, дзеля бліжэй ім яшчэ нязнанай супольнасьці. Знача, народ ёсьць пярвейшым за гэную сваю нацыянальную сьведамасьць, бо сьпярша трэба быць, а толькі пасьля ўсьведаміцца.

Вось жа разьвіцё грамадзкага інстынкту людзей, якіх гэты інстынкт панукае зьбірацца ў групы і жыць супольна, у апошнім сваім выніку пры помачы дзейнікаў прыродных твора нацыянальнасьць, твора народ. Пачуцьцё супольнасьці - гэта як бы завяршэньне гэнага творчага сацыяльнага нахілу ў чалавека. Але, каб гэнае пачуцьцё стварылася і пачало існаваць, мусяць быць нейкія дзейнікі, прыводзячыя гэтую работу і служачыя матэрыялам. Такімі дзейнікамі, такім матэрыялам зьяўляюцца ў большай ці меншай меры ўсе ці некаторыя гэныя дзейнікі натуральныя і псыхічныя, якія так ці йнакш прычыняюцца да стварэньня народу. Адным з галоўных, а можа найгалаўнейшым зь іх, ведама, зьяўляецца язык. Ён ёсьць злучком і правадніком супольнасьці нацыянальнай кожнага народу. Вялікую так жа, гэткую ж спалучаючую роль, прынамсі ў многіх выпадках, іграе так жа і рэлігія. У тварэньні беларускай нацыянальнасьці ў гэтым значэньні вялікую роль адыграла рэлігія хрысьціянская. Да разгляду чаго далей і прыступаем.

Вось жа хрысьціянства як новая рэлігія, што прыйшла на зьмену паганства сярод беларускіх плямён, вобак зь іншымі дзейнікамі, што ў гэтым першым пэрыядзе беларускай гісторыі прычыняліся да працэсу паўставаньня беларускай нацыянальнасьці, іграла ў гэтым кірунку выдатную, а мо і галоўную роль. Праўда, прычынялася да паўстаньня беларускай нацыянальнасьці лучнасьць між беларускімі плямёнамі географічная - яны былі даволі добра ізаляваныя ад суседніх плямён рэкамі, лясамі і балотамі. Была між імі так жа географічная лучнасьць і ўнутраная: яны, жывучы адны вобак другіх, мелі больш між сабой супольнай сутычнасьці, як з плямёнамі далейшымі. Бязмоўна, была між імі і лучнасьць этнографічная расовая, гэта ёсьць: была сьведамасьць супольнага паходжаньня, языка і быту. Існавала так жа між імі і сувязь палітычная: такой былі - сьпярша аб'ядноўваючыя іх уласныя князі, а пасьля варагі-русы. Усё гэта мела ўплыў на паўставаньне беларускай нацыянальнасьці. Але калі паявілася ў Беларусі хрысьціянства, яно сапраўды аказалася ў гэтым кірунку дзейнікам асабліва важным і, бадай. адзіным у сваім родзе.

Хрысьціянства прадусім прынесла ў Беларусь граматнасьць. Праўда, гісторыя кажа, што ў нашых продкаў ужо нейкая граматнасьць і раней была. Але гэта была граматнасьць прымітыўная і ізаляваная цалком ад тагочаснага культурнага сьвету. Хрысьціянства прынесла Беларусі граматнасьць, з аднаго боку дапасаваную да патрэб і душы беларускіх плямён, а з другога - апёртую на клясычнай грэцкай і часткова лацінскай культуры. Гэтая граматнасьць давала нашым продкам магчымасьць сутыку і ўчасьця ў дарах тагочаснай культуры і цывілізацыі. А гэта ўсё пабуджала творчы інстынкт народу і разьвівала яго нацыянальную асаблівасьць, прычыняючы гэтым да большага зьліцьця гэных нашых плямён у вадно цэлае нацыянальнае. Праз граматнасьць нашы продкі мелі магчымасьць раўняць сваё жыцьцё з жыцьцём цывілізаваных народаў і імітаваць яго, або проста ісьці за яго прыкладам.

Далей, хрысьціянства як рэлігія лучыла і яднала беларускія плямёны ў вадно цэлае і нацыянальна-асобнае, вытвараючы супольную ў народзе веру, пагляды, традыцыі, культуру, супольную народную душу. Праўда, хрысьціянства шырылася ў мове супольнай сьпярша й для іншых усходніх славянаў, але яно, ня гледзячы на гэта, было магутным сродкам супольнага яднаньня ўнутранага, а з бегам часу, сягаючы да душы народу, вытварала і закрапляла нацыянальныя, свомыя толькі беларусам, асаблівасьці.

Асабліва ў працэсе тварэньня беларускай нацыянальнасьці хрысьціянства рашучую іграла роль у тым, што тварыла родную інтэлігенцыю, якая была мазгом і памяцяй народу, што, пры свайго роду дэмакратычным ладзе нашых продкаў у гэным часе, давала магчымасьць хрысьціянству пранікаць ад слаёў вышэйшых у шырокія народныя масы. Бо трэба ведаць, што ні князі, ні баяры не маглі яшчэ тварыць нацыянальнасьці. Яны толькі як бы абдумывалі нацыянальную народную еднасьць, ставілі нацыі супольную мэту, падгатаўлялі гэтым спосабы і сродкі далейшага супольнага аб'яднаньня. Але сапраўдны нацыянальны рух паяўляецца толькі тады, калі ўвесь гэты аб'ядноўваючы працэс ахватвае масы. А гэта бывае звычайна тады, калі ў галаве і сэрцы кожнага сябры нацыі запальваецца агульная ідэя. Такой ідэяй у гісторыі народаў бывае звычайна ідэя рэлігійная. У нас, у першым ужо пэрыядзе нашай гісторыі, такой ідэяй была ідэя хрысьціянская, якую ў масы народныя нясла вышэйшая асьвечаная кляса: ваякі, баяры, духавенства.

Паганства ж падобнай ролі адыграць не магло. Рэлігія паганская ў беларусаў была рознаякая, раздробленая, з многімі прымітыўнымі і наіўнымі абрадамі і багамі. Гэта рэлігія служыла не паўстаньню і ўзросту беларускай нацыянальнасьці, але, наадварот, яе раздрабленьню і расьцярушаньню. Сусім што іншае хрысьціянства. Яно праз сваё адзінства, праз свой высокі ідэалізм, праз сталасьць і аднаякасьць і сваей навукі і абраду, праз прасьветную сваю дзейнасьць была на пары беларускай гісторыі магутным сацыяльным дзейнікам, злучаючым беларускія плямёны, беларускія княствы, беларускія нацыянальна яшчэ неаформленыя масы ў адзін суцэльны народ.

Гэткую ж роль адносна беларускай нацыянальнасьці хрысьціянства іграла і пазьней. За часаў у беларускай дзяржаве літоўскай дынастыі, калі ў нас ужо панавала праваслаўе, беларускі народ, баронячыся ад наступу на Беларусь лацінізму і полёнізму, бараніў ня толькі сваю рэлігію, але так жа і нацыянальнасьць, ажыўляючы і паглыбляючы ў масах яе супольнасьць і адзінства.

Узноў жа, за часаў уніі, калі культурныя і багатыя клясы пакінулі народ, пераходзячы ў лацінізм і польскасьць, і калі гэтыя апошнія штораз больш насядалі на народ, ён, баронячы сваю уніяцкую веру, свой усходні абрад, бараніў і цэмэнтаваў далей і беларускую сваю нацыянальнасьць. Калі ж уся Беларусь у канцы ХVІІІ ст. знайшлася пад царскай Расеяй, калі царская палітыка унію перавяла ў праваслаўе і зрабіла з яго палітычнае аружжа, зьвернутае проці беларусаў, калі настаў для нашага народу найгразьнейшы час, - і тады хрысьціянства аказалася апорай беларускай нацыянальнасьці. Лацінскае каталіцтва тады ў Беларусі падтрымлівала і зьберагала да лепшых часаў беларускую нацыянальную ідэю.

Факт, што хрысьціянства зьяўляецца ў нашай гісторыі творывам і апорай беларускай нацыянальнасьці, тлумачыцца прадусім тым, што яно ўводзіць дужа блізкі глыбокі духовы кантакт у народных гушчах, які, часта нясьведама, падтрымлівае і твора нацыянальнае пачуцьцё і якога зьнішчыць ня могуць ніякія палітычныя махінацыі, бо да яго не дасягаюць. Гэтым іменна тлумачыцца і тое, што і за панаваньня над беларускім народам расейскіх цароў Праваслаўная Цэрква, ня гледзячы на навязаньне ей ролі вынарадаўленьня беларусаў, цалком іх не зрусыфікавала і яны далей асталіся беларусамі.

Гэткім, як бачым, хрысьціянства ў Беларусі ў першым перыядзе яе гісторыі было магутным і ўсестаронным дзейнікам, аб'ядноўваючым беларускія плямёны ў адзін асобны самастойны народ, уводзячы яго апрача гэтага ў сям'ю цывілізаванага сьвету і асьвячаючы беларускую народную мову як мову рэлігіі, культуры і агулам асьвечанага жыцьця назаўсёды. Гэткім яно было адносна беларускага народу і пазьней. Але аб гэтым далей.

(Літаратура: П.Милюков - Національный вопрос, Прага 1925; St.Kodz - Zasada narodowosci, Wilno 1932; A.Maceina - Tautinis Auklejimas, Kaunas 1934; Д.Багалђй - Русская Исторія; В. Липинский - Релігія і Церква в історіі Украіни, Львів 1933.)

VII. Беларусь зь Літвой. Праваслаўе - апора й творыва беларускай нацыянальнасьці (XIII-XVI)

Агульная характарыстыка беларуска-літоўскага пэрыяду. Аддаленьне Беларусі ад шкодных і варожых уплываў. Праваслаўе - пануючая вера Беларусі. Рэфармацыя. Езуіты й Праваслаўная Цэрква. Праваслаўе бароніць "веру бацькоў" і беларускую нацыю. Узрост беларускай культуры. Культура сьвецкая й хрысьціянства. Наступ Польшчы. Спын беларускай культуры.

У гісторыі беларускага народу пасьля існаваньня паасобных княстваў, пасьля так зв. полацкага пэрыяду, калі сярод гэтых княстваў верхаводзіла й пераважна незалежна трымалася Полацкае, настаў так зв. пэрыяд беларуска-літоўскі, ці мо' лепш - пэрыяд суцэльнага беларускага дзяржаўнага жыцьця з дынастыяй літоўскіх князёў. Час гэты прыпадае на XIII-XVI ст. Для беларускай нацыянальнасьці час гэты, прынамсі спачатку, быў даволі памысным. На паўдні ўкраінскія й адчасьці маскоўскія плямёны й іх дзяржаўнае й культурнае жыцьцё руйнавалі сьпярша дзікія народы - печанегі й полаўцы, а пасьля з большымі ці меншымі перарывамі на працягу гадоў двухсот (1237-1480) татарскія орды. Дзякуючы іх нападам Кіеў у 1240 г. быў збураны. Культурны й царкоўны цэнтр быў перанесены ў Маскву. Туды перанёсься кіеўскі мітрапаліт у 1328 г. У 1341 г. Масква сталася сталіцай новага маскоўскага гаспадарства. У 1589 г. у Маскве заложаны патрыархат. Тымчасам землі беларускія, дзякуючы прадусім іх географічнаму палажэньню, бо ляжалі далёка ад гэных дзікіх народаў, былі пакрыты лясамі й ад паўдня былі заслонены пінскімі балотамі, аставаліся паза іх уплывамі й наездамі.

Калі землям украінскім і маскоўскім найбольш гразіла татарская навала ў XIII ст. і калі ўжо ў XIV ст. напірала на Беларусь, Польшч і Маскоўскае княства, Беларусь у гэтым часе ўжо, разам з большай часткай зямель украінскіх, апынулася ў аб'яднаньні з Літвой, на якую ў свой чарод напіралі рыцары ордэнаў лівонскага й тэўтонскага.

Аб'яднаньне Беларусі зь Літвой аддзяляла наш народ ня толькі ад паўдня й забесьпячала ад нападаў і ўплываў гэных дзікіх народаў, але так жа й ад Масквы, якая ўжо пачынала заяўляць свае прэтэнсіі на ўсе ўсходня-славянскія землі й народы, апіраючыся адно толькі на чужацкай, накінутай усім гэтым народам назове "Русь" - дзела варагаў-русаў і на адзінстве хрысьціянскай, усходняга абраду, веры. Гэткае аддзяленьне Беларусі ад паўдня й ад поўначы й палітычнае аб'яднаньне з Літвой мела вялікае значэньне дзеля далейшага вырабленьня й консалідацыі беларускай нацыянальнасьці. У гэтым жа пэрыядзе, ужо ў XIIIXIV ст., беларуская нацыянальнасьць і беларуская мова злажылася ў нацыянальнасьць суцэльную й самабытную, якая пазьней разьвілася да даволі вялікіх, як на той час, разьмераў. На гэты час прыпадае пэрыяд росквіту беларускай культуры, а ў XVІ ст. пэрыяд залатой яе пары.

У 1386 г., як ведама, дзеля палітычных мэтаў наступіла унія Беларусі й Літвы з Польшчай. Дзякуючы, аднак, зьлітнасьці й цьвёрдай самастойнасьці беларускай нацыянальнасьці й беларускай культуры, унія гэта асталася уніяй толькі на паперы, бо нашая дзяржава далей асталася фактычна сусім незалежнай. І нічога дзіўнага: беларуская мова панавала ў урадзе, у судзе, у палацах і канцэлярыі вялікіх князёў, была мовай культуры, навукі, школы, цэрквы. У архівах цяпер знаходзіцца вялікі запас розных культурных памяткаў беларускіх з гэтага часу. Каб аслабіць беларускую самастойнасьць (і літоўскую) з боку польскага, уніі панаўляюцца й на паперы ўрэзваюць беларускую самастойнасьць, але толькі на паперы, бо жыцьцё, беларуская стыхія й культура перамагаюць. У 1413 г. адбываецца ведамая унія Гарадэльская, якая фармальна моцна агранічае беларускую самабытнасьць нацыянальную, але жыцьцё гэтаму й далей не паддаецца.

Галоўнай апорай у гэтым часе беларускай нацыянальнасьці й культуры было праваслаўнае хрысьціянства. Як мы ўжо адзначылі вышэй, у XIII ст. Беларусь ужо была з Рымам у разьяднаньні, была праваслаўнай. Гэтага разьяднаньня даканала Візантыя ў сябе між іншым так жа й дзеля палітычных мэтаў і такое ж разьяднаньне нясла й на беларускія землі. Сэнс гэтай палітыкі ў тым, што ўсходня-славянскія землі (у іх ліку й беларускія), пасвараныя з Рымам, лягчэй утрымаць у блізкасьці й залежнасьці ад Візантыі, чымся тады, калі б яны былі з Рымам у еднасьці. Словам, так ці йнакш, але праз увесь беларуска-літоўскі пэрыяд (XIII-XVI ст.) беларускай гісторыі пануючай верай у Беларусі было праваслаўе, якое служыла апорай і творывам у гэтым часе беларускай нацыянальнасьці й культуры. Праўда, у гэтым часе, як увідзім ніжэй, падымалася ідэя уніі, ідэя аб хрысьціянскім адзінстве, аб лучнасьці з Рымам, што й было даканана ў канцы XVI ст. Але да гэтага часу ў Беларусі, калі ня лічыць стасункова нязначнага яшчэ лацінскага каталіцтва, панавала, бадай, непадзельна праваслаўе.

У палавіне XV ст. (1439) наступіла царкоўная унія між Усходам і Захадам, падпісаная ў Флёрэнцыі. Пранікла яна й у Беларусь, дзе гадоў да ста, як увідзім ніжэй, пратрывала. Аднак, не захапіўшы шырокіх масаў, заняпала.

У пал. XVI ст. у беларускім жыцьці здарыліся выпадкі, якія ўзварушылі жыцьцё й змусілі цэркву яшчэ больш зьблізіцца да народу й зьліцца з ім. Паявілася Рэфармацыя, дзякуючы якой аж да нізоў узрушыўся беларускі народ. З нагоды гэтай Рэфармацыі ў пач. XVI ст. паявіліся езуіты ў Беларусі, якія, паканаўшы Рэфармацыю, павялі абдуманы й пляновы наступ і на праваслаўную веру, імкнучыся завесьці ў Беларусі царкоўную ўнію. Пачалася вялікая й дужа вострая рэлігійная барацьба, якая прабудзіла нацыянальнае пачуцьцё й самых нізоў нашага народу. Тады культурна-нацыянальны рух у нас прыняў вялікія формы і скора прывёў беларускі народ да шырокай культурнай працы дзеля ўратаваньня бацькаўскай веры й нацыянальнасьці. Паўстала густая сетка брацтваў па ўсей Беларусі, а пры гэтых брацтвах школы, у якіх вучылі царкоўна-славянскай, а так жа й беларускай граматы.

Паўстала многа па ўсей Беларусі друкарняў. Гэткія былі: у Вільні, Полацку, Менску, Магілеве, Несьвежы, Любчы, Заслаўі, Слуцку, Пінску, Заблудаве, Супрасьлі, Еўі, Лоску і інш. Гэткі лік друкарняў вымоўна гавора аб культуры нашага народу ў гэтым пэрыядзе. У той час наша культура стаяла вышэй за польскую: першая польская друкаваная кніжка паявілася толькі ў 1533 г., а нашая ў 1525 г. ("Апостал" Скарыны). Не адрэчы тут будзе ўспомніць, што й беларусы-каталікі, якія былі ўжо тады, у сваім рэлігінным жыцьці карысталіся беларускай мовай аж да якога XVI ст., калі ім накідалася ў касьцеле мова польская. Беларусы-каталікі сяньня павінны ведаць, што польская мова ў касьцёлах сярод беларускага народу - гэта справа пазьнейшая, прад тым была мова беларуская. Была нават адпаведная беларуская каталіцкая літаратура, але аб гэтым будзе ніжэй.

Найвялікшай славай беларускай культуры ў гэтым часе - гэта законы - літоўскія статуты, пісаныя беларускім языком, якія зьяўляюцца як на той час кодэксамі права вялікай важнасьці. Ярошэвіч, выдатны дасьледчык культуры нашага краю, кажа, што гэтых законаў мог бы тады пазайздросьціць не адзін край нават у Эўропе. Вялікай так жа важнасьці, як дакумант беларускай культуры, была так жа беларуская Біблія, якой язык датарнаваў да жывой беларускай мовы наш слаўны Скарына, доктар з Полацка. Была гэта ў роднай мове народу трэцяя Біблія на сьвеце: першая нямецкая, другая чэская, трэцяя нашая й толькі чацьвертая польская, а расейская (маскоўская) яшчэ пазьней на сьвет паявілася. Былі й іншыя беларускія рэлігійныя кніжкі й пераклады Сьвятога Пісаньня, як, напрыклад, пераклад часьці Новага Закону Цяпінскага. Час гэты беларускія гісторыкі дзеля вялікага разьвіцьця беларускай культуры называюць "залатою парою".

Польшч, аднак, насядала. Дайшло да уніі палітычнай 1569 г. і урэшце да уніі царкоўнай 1596 г. У ўніі палітычнай былі выкарыстаны тагдышнія палітычныя цяжкія абставіны для беларускага народу. Унія ж царкоўная, калі йдзе аб шырокія народныя масы, была заведзена так жа часта пад прымусам. Народ наш, як ужо сказана, сваей бацькаўскай верай лічыў праваслаўе. Ён у барацьбе з уніяй, загартаваў, умацаваў і паглыбіў сваю беларускую нацыянальнасьць.

Народ бароўся й за сваю веру й за нацыянальнасьць, бо народ інстынктоўна чуў, што яму унія нясе полёнізацыю й чужое яму лацінства. І гэтая барацьба прынясла яму вялікія нацыянальныя вартасьці. Урэшце, гэтая яго стойкасьць была зламана. Прачуцьцё яго пачало спраўджацца. Пачала насядаць лацінізацыя й полёнізацыя. У 1697 г. быў выданы закон, што "пісар земскі польскім языком і літарамі ўсё мае пісаць". Прыйшоў на змучаны ў барацьбе няроўнай народ заняпад у яго культуры й у яго палітычным жыцьці, каб пасьля некаторага часу сьпячкі пачаў ён будзіцца ўзноў. Трэба тут так жа прыпомніць, што ў Маскве, як сказана вышэй, у 1589 г. паўстаў патрыархат, які так жа ўжо зьяўляецца пагрозай для беларускага нацыянальнага жыцьця.

І так напор Польшчы спыніў буйное разьвіцьцё беларускага народу. Каб ды ня гэты польскі сільнейшы ад Беларусі напор, сяньня мы былі б ужо ў сваей культурнай і палітычнай падарожы зайшоўшы далёка, надта магчыма, што сяньня беларускі народ быў бы народам у сям'і культурных і вольных народаў Эўропы. Былі на гэта ўсе дадзеныя.

Але што ж у гэтым пэрыядзе было галоўным дзейнікам такога культурнага разросту й разьвіцьця беларускага народу? Былі такія дзейнікі розныя. Вылічаць іх тут ня будзем. На маю думку аднак, вобак зь іншымі, такім дзейнікам была хрысьціянская рэлігія, была Праваслаўная Цэрква. Так, хрысьціянства, як даўней, было ў беларускім народзе й цяпер галоўным сродкам маральнай і грамадзкай супольнасьці, сродкам яднаньня Беларускага народу. Праўда, ад 1455 г. фармальна, а фактычна куды раней, зазначаецца ўпадак і палітычны й культурны Візантыі, галоўны цэнтр і культурны й юрыдычны цэрквы перастаў фактычна быць цэнтрам, у беларускай цэркве адчуваўся штораз большы недахват жывых сіл і яна так жа хілілася да ўпадку. Але, ня гледзячы, аднак. на гэта, і далей цэрква мела магутны ўплыў на культурнае й грамадзкае жыцьцё беларускага народу й далей служыла яму сапраўды жывым і магутным сродкам яднаньня, яго консолідацыі й узросту. Баяры, войска, духавенства - вось галоўныя дзейнікі гэнага яднаньня ў беларускай нацыі, гэта памяць народу й яго гісторыі й традыцыі. Але баяры ў гэтым часе, гонячыся за шляхоцкімі прывілеямі, народ свой паздраджалі. За імі йшлі й вайсковыя, бо й яны ж былі з гэных баяр, з гэнай беларускай шляхты. Вышэйшае духавенства агулам рабіла тое ж. Але духавенства ніжэйшае, сялянскае, зьвязанае беспасрэдна з народам, аставалася далей зь ім, аставалася далей яму верным, далей будучы памяцяй народнай, сродкам сапраўды жывым і дзейным яднаньня, узаемнага ўнутранага спалучаньня беларускай нацыі. Падчыркваю, што гэтае духавенства было з народам, з нізамі народнымі й хрысьціянства такім чынам, якое гэта духавенства пашырала, консолідавала беларускую нацыю й яе вырабляла, сягаючы аж да нізоў, пранікаючы яе наскрозь.

Агулам трэба сказаць, што культура ў беларуска-літоўскай дзяржаве была беларускай і хрысьціянскай. Хрысьціянства было галоўным матывам беларускай культуры. Іншыя кірункі ўмысловыя, хоць і даходзілі часам да нас, малую йгралі роль. Так, напрыклад, ідэі гуманізму, ідэі рэнэсансу бязумоўна да Беларусі пранікалі, але й яны, хоць у сваей крыніцы да хрысьціянства варожыя, у нас праяўляліся ў форме хрысьціянскай. Яркім гэтага прыкладам служа вялікі наш Фр. Скарына з беларускім сваім перакладам Бібліі й з дапіскамі да яе.

Словам, беларуская культура тады была так сільная і вялікая, што панавала цалком, што ей паддаваліся й літоўскія князі й агулам асьвечаныя літоўскія клясы. Яны мала таго, што прысвойвалі беларускую мову й гэтай мовай гаварылі, але яны пераважна прымалі праваслаўе й сваім парадкам зьяўляліся так жа хрысьціянскім адчасьці сродкам яднаньня беларускай нацыі, самі асымілюючыся на карысьць беларусаў. Агулам, з літоўцамі тады ў нас сталася, што, напрыклад, з баўгарамі ў Баўгарыі: асяліўшыхся там паўдзённых славянаў баўгары заваявалі й самі асыміляваліся; сяньня ад іх, апрача назову, не асталося нічога 17 . Нешта падобнае сталася так жа з русамі-варагамі, ад якіх для нас у спадку астаўся толькі назоў, а якія самі цалком асыміляваліся й сьледу па іх не асталося. На літоўцаў так дзеіла беларуская хрысьціянская культура, што аб гэтым вось што піша ведамы дасьледчык літоўскай культуры, успомнены Ярошэвіч, у II т. сваей працы "Obraz Litwy": "Калі б," - кажа ён, - "гэткае палажэньне яшчэ даўжэй бяз прорвы магло патрываць, дык Літва, прысвоіўшы сабе рускі язык, рускія звычаі й адчасьці рускае права, прыймаючы рускую веру з духоўнай уладай рускай веры й уходзячы ўрэшце ў штораз стульнейшыя адносіны з цэлай Русяй праз фамілійныя зьвязкі сваіх князёў, Літва," - кажа, - "замяніла бы з часам сваю паганска-літоўскую на руска-хрысьціянскую нацыянальнасьць. Але сутычнасьць двух вераў - усходняй і заходняй - і збліжэньне Літвы да Польшчы, дзякуючы палітычным здарэньням, зьмяніла гэта ўсё" 18 .

Я ўжо ўспомніў, што й ідэі пастаронныя, а нават часам і варожыя хрысьціянству прыходзілі так жа ў форме хрысьціянскай, як павевы гуманізму (выдавецкая й друкарская праца Скарыны) 19 , і гэта ёсьць доказам, якое вялікае было значэньне хрысьціянства й культурнае, й грамадзкае, а гэтым самым, які гэта быў магутны сродак беларускай нацыянальнай супольнасьці.

Вялізарнае, бязумоўна, значэньне для гэтага ж яднаньня беларускай нацыі служыла й сьвецкая культура, пісьменства, асабліва законы. Але й яны ў значнай меры паўсталі пад уплывам хрысьціянскіх ідэяў і часткова гэтыя ж ідэі праводзячы. Беларускія тагочасныя грамадзяне вось як глядзелі на гэныя свае слаўныя законы, як кажа той жа Ярошэвіч: "Яны пракананыя былі, што Статут падняў іх народнае значэньне, асвабадзіў іх ад фэодальных уціскаў, засланяў ад самаволі судовых уладаў, адсунуў паноў ад неагранічанага валаданьня справядлівасьцяй, абмежыў лішнія працэсавыя аплаты і агранічыў гордасьць усёмагутных магнатаў, зраўняўшы зь імі перад правам адплужную шляхту".

Ідэі ў абароне правоў адзінкі ў гэтым праве - гэта дух хрысьціянства. Той жа Ярошэвіч кажа, што ў нашых тагочасных законах можна дасьледзіць уплывы законаў старадаўнай Украіны "Рускай Праўды". А дух яе, ведама, хрысьціянскі, ды й яна сама паўстала пад уплывам хрысьціянскіх законаў Візантыі. Праўда, гэныя нашы законы былі празначаны выключна для шляхты ад найвышэйшай аж да дробнай, "адплужнай", як кажа Ярошэвіч, а народ быў вылучаны, народныя масы былі па-за правам, яны ўжо былі пад паншчынай, але гэта ў гэных законах ня выключае іх добрых хрысьціянскіх старон, што хоць убочна, пасрэдна магло так жа мець уплыў дабрадзейны й на іх цяжкі лёс 20.

Палітычныя уніі рваліся. Іх трэба было аднаўляць, або прынамсі аб іх прыпамінаць. Найбольшай перашкодай у гэтым была цэрква, была беларуская ўсходняя хрысьціянская культура. Дзеля гэтага пасьля апошняй уніі палітычнай была паднята ідэя уніі рэлігійнай, між іншым з мэтай палітычнай - праз унію прывесьці беларускі народ да лацінства й да полёнізацыі.

Настаў заняпад, культура наша пачала хіліцца да ўпадку. Але пасьля заняпаду пачаўся, як увідзім ніжэй, і рэнэсанс. Пачаўся ж ён з гэных самых хрысьціянскіх традыцыяў.

(Літаратура: Документы, объясняющіе исторію Западно-Русскаго Краю. СПБ 1865; М. Довнаръ-Запольскій - Бълорусское Прошлое (Изслъдованія и Статьи, т. 1, Кіевъ 1909); Е. Карскій - Бълоруссы I; А. Сапунов - Историческія отношенія Руси Бълой и Великой (Памятн. книжка Витебской губ. на 1898 г.). Витебск, 1898; Е. Карскій - Бълорусская ръчь. Очерк народнаго языка с историческим освещеніем. Петроград, 1918; Е. Карскій - Бълоруссы III, 2; Старая Зап. Русская письменность. Петроград, 1921; Д. Сапунов - Историческія судьбы Полоцкой Епархіи; J. Jaroszewicz - Obraz Litwy od czasow najdawniejszych do konca w. XVIII. Wilno, 1844-45.)

VIII. Ідэя хрысьціянскага адзінства ў Беларусі ад пачатку да Берасьцейскай уніі ў 1596 г.

Вітаўт Вялікі й яго роль у справе царкоўнай уніі. Кіеўскія мітрапаліты, спрыяючыя ідэі уніі. Фэррара - Флёрэнцкі сабор і беларуская цэрква. Мітрапаліт Сідар - уніят. Лёс гэтай уніі ў Беларусі й лёс Сідара. Наступнікі Сідара й справа уніі. Упадак Візантыі, узвышэньне Масквы й яе варожасьць да уніі. Упадак праваслаўя й шуканьне апоры ў злучэньні з Апост. Сталіцай. Сыноды праваслаўных епіскапаў у Беларусі: 1590, 1594 і 1596 г. Перамога уніі ў Беларусі вялікая, але няпоўная. Унія - канечнасьць для беларускай цэрквы й нацыі. Унія й польская палітыка.

Палажэньне Беларусі ў беларуска-літоўскім пэрыядзе, бязумоўна, спрыяла жыцьцю яе царкоўнаму агулам і аб'яднаньню яго з цэрквай рымскай. У гэтым часе Беларусь, будучы палітычна й культурна як бы адгароджанай ад разлучанай з Рымам Візантыі, а так жа абароненай і заслоненай ад татарскай няволі, ужо гэтым самым збліжалася да Рымскай Апостальскай Сталіцы.

Дзякуючы гэтаму ідэя аб павароце да адзінства Хрыстовай цэрквы сярод беларусаў у гэтым часе аджыла нанава, усьцяж адзывалася, рабіла спробы ажыцьцёвіцца і - ці на кароткі, ці на доўгі час - нанава закаранілася.

Вялікі князь літоўскі - слаўны Вітаўт, маючы ў граніцах сваей дзяржавы ўсе беларускія землі, а так жа большасьць зямель украінскіх, зоркім вокам вялікага чалавека бачачы ненармальнае палажэньне хрысьціянскай цэрквы ў дзяржаве й хочачы гэтыя землі зблізіць з Літвой, а таксама шукаючы спосабу адгарадзіцца ад умешваньня ў беларускія й ўкраінскія справы царкоўныя Масквы, - так жа меў унійныя пляны й прабаваў іх увесьці ў жыцьцё.

І так ведаем, што Вітаўт пасылаў полацкага беларускага епіскапа Хвядоса ў Канстантынопаль, каб тамтэйшы патрыарх назначыў яго на кіеўскага мітрапаліта і каб Русь усю, што ўваходзіла ў склад яго дзяржавы, назаўсёды ўвольніў ад маскоўскіх мітрапалітаў. Бо трэба ведаць, што сталіца кіеўскіх мітрапалітаў пасьля разгрому Кіева Татарамі ў 1240 г. была перанесена сьпярша ў Уладзімер Суздальскі, а ад году 1528, як сказана вышэй, у Маскву й улада гэтых мітрапалітаў сягала так жа й на цэркву украінскую й беларускую.

Патрыарх на прапазыцыю Вітаўта не згадзіўся. Тады Вітаўт у 1414 г. склікаў беларускіх і ўкраінскіх князёў, баяр і епіскапаў на сынод у Наваградак. Сынод ськінуў з пасаду тагочаснага мітрапаліта Фоцыя, які варожа адносіўся да беларусаў і украінцаў, а спрыяў Маскве, і выбраў на яго месца Рыгора Цэмвляка 21 , баўгара. Канстантынопальскі патрыарх выбараў гэтых ня прызнаў. Тады ў 1415 г. тыя ж епіскапы сабраліся ў тым жа Наваградку яшчэ раз, напісалі пастырскі ліст, у якім аб'ясьнілі ўсей Беларусі й Украіне прычыны, дзеля якіх яны, не зважаючы на пратэст патрыархі, Фоцыя ськінулі з пасаду мітрапаліта. Такім чынам Цэмвляк стаўся мітрапалітам беларускай і украінскай цэрквы. Сталіца была ў Кіеве, але мітрапаліт прабываў часта ў Наваградку й Вільні. Цэмвляк, як кажуць гісторыкі, спрыяў уніі. Ён з ведама Вітаўта ў 1416 г. езьдзіў у Канстантынопаль і там дабіўся згоды на унію як ад цара, так і ад патрыарха. Згода гэта была, праўда, больш палітычнай, бо на Візантыю ўжо нападалі туркі, дык помачы ад эўрапэйскіх дзяржаў і князёў трэба ей было канечна. У кожным выпадку цар і патрыарх даручылі Цэмвляку й дваццаці іншым усходнім епіскапам у 1418 г. паехаць у Канстанцыю, дзе адбываўся тады сабор, каб на ім падпісалі унію. Паездка гэта, праўда, адбылася, але да уніі беларускай цэрквы не давяла.

Вярнуўшыся з Канстанцыі, Цэмвляк хутка памёр. Наступнікам яго стаўся Герасім, епіскап беларускага Смаленска, адзін з пасланцоў у Канстанцыю, якога так жа гісторыкі ўважаюць за староньніка уніі.

Урэшце патрыарх Язэп, сам староньнік уніі, прыслаў на мітрапаліта беларускай і украінскай цэрквы баўгара Сідара, якому разам з мітраполіяй Кіеўскай даручыў так жа й мітраполію Маскоўскую. Было гэта зроблена дзеля мэтаў унійных, - каб давесьці да царкоўнай еднасьці ня толькі беларуска-ўкраінскія землі, але так жа й Маскошчыну, бо Сідар быў адкрытым староньнікам уніі.

Тымчасам у Фэррары меўся адбыцца царкоўны сабор. Візантыйскі цар і тагочасны патрыарх, відзячы грозьбу з боку туркаў, і далей былі за унію з Рымам. Кандыдатам на гэты сабор быў намечаны той жа кіеўскі й маскоўскі мітрапаліт Сідар. Паслаць яго на сабор пад уплывам візантыйскага цара й патрыархі згадзіўся так жа й вялікі князь маскоўскі Базыль.

Калі Сідар прыбыў на сабор у Фэррару, застаў там ужо візантыйскага цара, царградзкага патрыарха, 700 усходніх епіскапаў з розных краёў, многа духавенства ніжэйшага й людзей сьвецкіх. Сабор пачаўся шчасьліва. Доўга вяліся разважаньні аб спрэчных пунктах між цэрквай усходняй і заходняй: аб пяршэнстве й найвышэйшай уладзе ў цэркве Рымскага Папы, аб паходжаньні Сьв. Духа, аб чысцы, аб адпраўляньні сьвятой літургіі на хлебе квашаным ці няквашаным. Урэшце, усе дэлегаты ўсходняй цэрквы, апрача епіскапа эфэскага Марка, былі за прыняцьцем аб гэтых справах навукі сусьветнай рымскай цэрквы, як навукі сапраўды згоднай з Хрыстовай цэрквай.

Тымчасам у Фэррары выбухла пошасьць і сабор быў перанесены ў Флёрэнцыю, дзе нарады шчасьліва былі дакончаны й унія падпісана 6.VII.1459 г. Ад імя цэрквы беларускай, а так жа украінскай і маскоўскай унію падпісаў кіеўскі й маскоўскі мітрапаліт Сідар.

Пашырэньню, аднак, гэтай уніі ў Візантыі стаялі на перашкодзе гэткія прычыны. Прадусім ня было там на унію поўнай згоды ў вышэйшым духавенстве, а найгоршай можа перашкодай дзеля пашырэньня там гэтай уніі было заваяваньне Візантыі туркамі, якія да уніі з Рымам не дапускалі, добра разумеючы, што Візантыйская цэрква, аддзеленая ад галавы хрысьціянства, будзе паслушнейшай у руках іхняй палітыкі.

Затое з ружовымі надзеямі варочаўся на Русь мітрапаліт Сідар. Ехаў сюды ён з тытулам папскага легата на ўсе землі беларускія, украінскія й маскоўскія, а так жа ехаў з тытулам кардынала. Быў гэта першы кардынал ад цэрквы нашага краю.

Яшчэ з дарогі мітрапаліт гэты пасылае пастырскі ліст да духавенства й верных сваей мітраполіі, у якім абвяшчае аб уніі й заклікае да яе духавенства й народ, а так жа заклікае хрысьціян лаціньнікаў да любові ўсходніх братоў сваіх.

Адразу Сідар прыбыў у Маскву, але тут, аднак, згоды на унію не атрымаў ды й сам быў арыштаваны й пасаджаны ў манастыр. Пасьля гэтага маскоўскі цар Базыль на маскоўскага мітрапаліта сам назначыў нейкага Ёну. Ад гэтага часу маскоўская цэрква назаўсёды была аддзелена ад мітраполіі кіеўскай, а знача й ад цэрквы беларускай і украінскай у Вялікім Княстве Літоўскім.

Сідар тымчасам патрапіў жывым уцячы з маскоўскага манастыра й прыбыў у Кіеў, каб тут прыступіць да пашыраньня уніі ўжо ўва ўсей беларуска-літоўска-украінскай дзяржаве. Вось жа ў кіеўскай мітраполіі, за малымі выняткамі, справа уніі была прызнана, а такім чынам, рэч ясная, унія была прызнана й цэрквай беларускай, якая гэтак узноў вярнулася да хрысьціянскай еднасьці.

Нажаль, Сідар дзеля бліжэй няведамых прычын у Кіеве доўга не аставаўся й ад'ехаў у Рым у 1443 г., дзе ў 1463 г. памёр. На яго месца прышоў Рыгор, які кіраваў цэрквай беларускай і украінскай на працягу 30 гадоў і які за гэты час нямала папрацаваў для уніі, якая тут ужо была даволі глыбокія пусьціўшы карэньні.

Гісторыя кажа, што ў гэтым часе ў Вялікім Княстве Літоўскім прыступіла да уніі восем беларускіх і ўкраінскіх епіскапаў. Унію тут прызнавала так жа й улада сьвецкая, якая надала уніятам роўныя правы з лаціньнікамі.

Паддзержывалі так жа унію на нашых землях і мітрапаліты кіеўскія, наступныя па Рыгоры, як Місаіл (†1477), Ёна Глезна, Макары. У 1498 г. мітрапалітам кіеўскім быў Язэп Баўгарыновіч, епіскап смаленскі, так жа гарачы староньнік уніі й дзейны працаўнік дзеля яе, які памёр у 1501 г. Асабліва дзейна працаваў для уніі на нашых землях мітрапаліт кіеўскі Солтан, які аб'яжджаў беларускія й украінскія землі сваей вялікай мітраполіі й ўцьвярджаў хрысьціян у уніі. Дзеля рэформы царкоўнага уніяцкага жыцьця ён нават быў склікаўшы ў 1510 г. правінцыянальны сынод у Вільні.

Далей, аднак, разьвівацца Флёрэнтыйскай уніі на нашых землях ня было суджана. Пратрываўшы тут гадоў да сотні, ужо на пачатку XVI ст. яна ў кіеўскай мітраполіі, а знача й на землях беларускіх, бадай цалком выгасае.

Першай прычынай гэтага ўпадку уніі было блізкае суседзтва Маскоўскага. царства, якое, змацаваўшыся, ськінула зь сябе татарскае панаваньне ў 1480 г. і ў якім ужо прабуджалася нацыянальна-імпэрыялістычнае пачуцьцё да нашых зямель і да нашай цэрквы. Маскоўскае царства землі беларускія й украінскія пачало ўжо зваць сваей вотчынай, не жадаючы дапусьціць, каб народы гэтых зямель, як збліжаныя да маскоўцаў сваім паходжаньнем, аддзяляліся ад Масквы верай.

Нацыянальная гордасьць Масквы пасьля заваяваньня Візантыі туркамі ў 1453 г. узрасла ўрэшце да таго, што яна звала сябе трэцім Рымам, які мае быць пакліканы ўсе ўсходня-славянскія землі аб'яднаць і палітычна й рэлігійна. Гэтак Масква гаварыць магла асабліва сьмела, калі ў 1589 г. аддзялілася ад Канстантынопаля й устанавіла маскоўскае патрыаршаства. Пасьля гэтага беларуская цэрква, ня злучаная з Рымам, мусіла ўжо быць залежнай выключна ад Масквы.

Другой прычынай, якая стаяла на перашкодзе пашырэньню ў беларускіх землях уніі, была польская палітыка, уплывы якой у Вялікім Княстве Літоўскім, як аб гэтым сьведча вымоўна Гарадэльская унія 1413 г., ужо нядвузначна былі варожыя да беларускай усходняй цэрквы й да яе вызнавальнікаў. Унія гэта, хоць, праўда, й далей не касавала палітычнай незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, але яна беларусаў і украінцаў, як не лаціньнікаў, агранічвала ў палітычна-грамадзкіх правох, дзеля гэтага проста ўжо тады адстрашала ад уніі й дапамагала прыхільна ўглядацца на заступаючуюся за іх дызуніцкую Маскву.

Такім чынам, як бачым, беларуская цэрква ў гэтым ужо часе мусіла знайсьці такую апору й такую арганізацыйную форму, каб як найбольш была незалежнай ад чужых варожых уплываў, каб якнайбольш была зьяднаная з народам і з патрэбамі душы ягонай, каб была ўрэшце ў пэўным значэньні больш-менш цэрквай сапраўды беларускага народу. Бо, як бачым, польска-маскоўскія ўплывы на беларускае царкоўнае жыцьцё ў гэтым часе настолькі ўзмагліся, што ўжо яны пачалі ўводзіць у цэркву раздваеньне й падпарадкаваць яе сабе. Лёгка дадумацца, што такой верай для беларусаў магла быць унія з сусьветнай рымскай цэрквай.

Праўда, XVI ст. мы, беларусы, называем векам залатым. Але гэта ня сусім так. Век гэты сапраўды залаты ў сэнсе разьвіцьця беларускай мовы, літаратуры і культуры палітычна-грамадзкай. І гэта зразумела. Быў жа гэта час вялікай палітычнай і культурнай самастойнасьці беларускага народу, які, будучы вольным палітычна, мог тварыць свае культурныя вартасьці. Быў так жа гэта час гуманізму, які, дастаўшыся зь цёплай Італіі й на нашы беларускія землі, абуджаў зацікаўленьне да ўсяго таго, што больш канкрэтнае, людзкое. Быў гэта, урэшце, час Рэфармацыі, якая выклікала рэлігійную барацьбу й на нашых землях і, што за гэтым ідзе, узбагаціла беларускую народную літаратуру. Усяму ж гэтаму спрыяла, як ня трэба лепш, штука друкарская.

Гэта ўсё праўда, аднак для жыцьця царкоўнага XVI век векам залатым ня быў. Каб сапраўды добра было тады й з жыцьцём царкоўным, дык бы гэны век наш залаты быў бы яшчэ залацейшым. Але, на жаль, справы цэрквы былі тады разстроены цалком.

Беларуская цэрква праз разьдзел яе з Рымам была аддалена ад Заходу й ад яго культуры й збліжана да Масквы, якая сама, будучы адарванай ня толькі ад Рыму, але так жа й ад сваей найбліжэйшай і натуральнай крыніцы культуры - Візантыі, па ўпадку якой у 1453 г. усеўладна панавалі там туркі, была фармальна спавіта цемрай беспрасьвецьця. Дык ня дзіва, што сярод беларускага народу панавала тады так жа поўная цемната й забабоннасьць, як агулам, так і ў справах веры. Асьвечанага духавенства, бадай, ня было сусім. Нават на сталіцах епіскапскіх засядалі тады часта мала граматныя людзі. Духоўныя [агулам] і епіскапскія пасады багатыя паны часта тады куплялі за грошы, а магнаты й князі, ня пытаючыся епіскапаў, самі назначалі духоўных на прыходы. Было й так, што гэтыя ж князі й магнаты гэтак сама паступалі й з епіскапамі. Дзеля гэтага здаралася часта, што высокія царкоўныя пасады займалі яўныя гвалтаўнікі права прыроднага, Божага й царкоўнага.

Праўда, проціў гэткага сумнага стану беларускай цэрквы зарэагавалі людзі сьвецкія, арганізаваўшыся ў так званыя брацтвы, зь якіх на беларускіх землях выдатна працавалі: віленскае, менскае, магілёўскае і інш., але брацтвы гэтыя былі бязсільны направіць так вялікае зло і, як людзі сьвецкія, не заўсёды компэтэнтныя ў царкоўных справах, справы гэтыя часта яшчэ больш псавалі.

Словам, прыйшоў упадак на беларускую цэркву, а разам з ім, у тым жа часе, прышоў так жа ўпадак і на палітычную й культурную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага, а гэтым самым і беларускага народу. Масква што-раз сьмялей гразіла яму з усходу, туркі з паўдня, а немцы з заходу. Польшч гэта выкарыстала й накінула яму Люблінскую унію 1569 г., на моцы якой гаспадарства ўсё гэта й з яго народамі беларускім, украінскім і літоўскім ужо мела станавіць складовую частку Польшчы й польскага народу 22 .

Пасьля Люблінскай уніі пачынаецца для Беларусі новы пэрыяд польскі, які, як увідзім ніжэй, ёсьць так жа новым пэрыядам і для справы беларускай царкоўнай уніі.

Дык вось жа беларускай цэркве ў гэтым новым пэрыядзе беларускай гісторыі нічога іншага не аставалася, як успомніць старадаўныя традыцыі ўсецаркоўнай еднасьці, асабліва ж ня так далёкую яшчэ унію Флёрэнтыйскую й да гэтай традыцыі, да гэтай уніі вярнуцца з паваротам. Так яна й зрабіла.

Мітрапаліт Міхал Рагоза ў 1590 г. склікаў у Берасьць на сынод усіх беларускіх і ўкраінскіх епіскапаў, прадставіў ім цяжкое й проста бязвыхаднае палажэньне іх цэрквы й запытаўся, каго гэта цэрква, маючы на воку дабро сваё, павінна слухаць: патрыарха цараградзкага, патрыарха маскоўскага дзевяць гадоў таму ўстаноўленага, ці ўрэшце папу рымскага? Біскупы аднагалосна пастанавілі ўзнавіць Флёрэнтыйскую унію.

На другім жа такім сынодзе ў 1594 г., так жа ў Берасьці, былі ўжо выбраны дэлегаты ў Рым у асобе Кірылы Тэрлецкага, епіскапа Луцкага і Гіпацага Пацея, епіскапа берасьцейскага. У 1595 г. дэлегаты былі ўжо ў Рыме, дзе ад сябе й ад імя ўсей цэрквы беларускай і украінскай злажылі вызнаньне веры паводле пастаноў сабору Флёрэнтыйскага. Пасьля гэтага папа напісаў ліст да епіскапаў усей беларуска-ўкраінскай мітраполіі, у якім радзіць, каб яны сабраліся яшчэ на трэці сынод у той жа Берасьць і ў прысутнасьці сваіх паслоў урачыста паўтарылі тое самае вызнаньне веры. Напісаў так жа папа ліст і да караля польскага Зыгмунта III, у якім прасіў яго, каб уніяты агулам, а так жа й уніяцкае духавенства, былі ўва ўсім што да грамадзкіх правоў роўныя з лаціньнікамі.

Вось жа гэты трэці сынод згодна з воляй Папы сабраўся ў Берасьці 6.Х.1596. У гэтым саборы, апрача епіскапаў цэрквы украінскай, былі ад цэрквы беларускай і прынялі унію: Гермоген, архіепіскап полацкі й вітэбскі, і Іван Гоголь, епіскап пінскі й тураўскі. Ад імя караля на саборы былі прысутнымі Мікалай Крыштоф Радзівіл і ведамы канцлер Леў Сапега.

Аднак поўнага аднадумства ня было й тут. Епіскап львоўскі Балабан і епіскап пярэмыскі Копыстэнскі, ня гледзячы на тое, што раней на унію былі згадзіўшыся, цяпер пашлі проціў уніі.

Пад іх верхаводзтвам і ўкраінскага магната К. Астроскага ў той жа час, у тым жа Берасьці яны сабралі сабор проціўунійны й пачалі адкрытую з уніяй барацьбу.

Як бачым, проціўунійная праца пачалася на землях украінскіх. Адтуль жа барацьба гэта перакінулася й на землі беларускія, дзе з уніяй змагалася асабліва віленскае царкоўнае брацтва, а за ім менскае й іншыя. Аднак гэта проціўунійнае змаганьне ў Беларусі аказалася бязсільным. Зь бегам часу на ўсіх беларускіх землях, з выняткам епіскапства мсьціслаўскага ў магілёўшчыне, унія прынялася й пусьціла глыбокія карэньні. Унію ня прыняла толькі епархія мсьціслаўская, якая адна толькі ў Беларусі станавіла проціўунійны асяродак і да якой належалі ўсе дызуніты ўсей Рэчыпаспалітай польскай. На землях жа ўкраінскіх за гадоў сто ад Берасьцейскай уніі злучыліся так жа з Рымам і ўспомненыя епархіі - львоўская й пярэмыская.

Берасьцейская унія трымалася й разьвівалася на беларускіх землях, як увідзім пазьней, 243 гады. За гэты так вялікі час яна настолькі зраслася з беларускай душой, што, ужо сьмела можна сказаць, сталася сапраўды народнай беларускай верай. Але прыгледзімся бліжэй да яе.

Як беларусы духоўныя, так і многія сьветлыя адзінкі сьвецкія згадзіліся на унію для дабра сваей цэрквы, бо сапраўды іншага выхаду яны ня мелі. Калі б яны гэтага не зрабілі, то ў будучыне як для беларускай цэрквы, так і для беларускай нацыі было б яшчэ горш. Згадзіўся на унію так жа й польскі ўрад - ды больш таго: ён яе пажадаў, падтрымліваў і адчасьці праводзіў дзеля сваіх палітычных мэтаў. Праўда, палітычна тады ўжо беларускія й украінскія землі належылі да Польшчы, але прыналежнасьць гэта была больш вонкавая, бо жыхары іх душой былі цалком для Польшчы чужыя. Праваслаўная рэлігія й вынікаючая з яе культура гэтых народаў выразна дзяліла іх ад палякоў і не дазваляла з палякамі зьліцца. Унія Берасьцейская мела ў плянах польскага ўраду й польскага тагочаснага грамадзянства запоўніць і гэты недахоп у тагочаснай польскай палітыцы. Палітыка гэта ясна здавала сабе справу, што беларуская (і украінская) цэрква, адарваная ад Масквы й злучаная з Рымам. сілай свайго палажэньня паддасца пад уплыў польскі, паволі спольшчыцца, пакіне нат свой абрад і мову.

(Літаратура: Е. Голубинский - Исторія Русской Церкви, т. II, ч. I. Москва, 1900; Д.Багалђй - Русская Исторія; Ст. Томашівський - Украінська Історія I; Г. Кипріановичь - Историческій очерк православія, католичества и уніі въ Бълоруссіи и Литвъ съ древнъйшихъ до настоящего времени. Вильна, 1899; Ks. Biskup Edw. Likowski - Unia Breska (r. 1596). Poznan, 1896.)

IX. Уніяцкая Цэрква - апорай беларускай нацыянальнасьці ў XVII-ХVІІІ ст.

Унія Люблінская й Берасьцейская. Пэрыяд заняпаду Беларусі. Палажэньне уніяцкай цэрквы. Адносіны да яе польскіх палітыкаў, грамадзянства, духавенства. Унія -"мужыцкая" вера. Унія - беларуская гістарычная канечнасьць. Унія - творыва й апора беларускай нацыянальнасьці.

Пасьля пэрыяду ў гісторыі Беларусі, які трываў ад XIII да XVI ст. уключна, у якім прыпадзе беларуская залатая пара, што ёсьць доказам ня толькі сконсалідаваньня беларускай нацыі, але й яе вялікай творчай здольнасьці, да чаго так магутна прычынілася Беларуская Праваслаўная Цэрква як сродак злучнасьці й гэтым самым тварэньня беларускай нацыянальнасьці, - настаў пэрыяд цалком новы, званы часта польскім. Гэты новы пэрыяд трываў ад другой палавіны XVI ст., калі ў 1569 г., дзякуючы Люблінскай уніі, Беларусь фармальна страціла сваю палітычную самастойнасьць, - да разбору Польскай Рэчыпаспалітай у самым канцы XVIII ст. Люблінская унія, а па ей Берасьцейская, касьцельная, - сапраўды гэта тыя слупы, ад якіх фармальна, а хутка па іх і фактычна, пачынаецца дэкадэнцыя беларускага палітычнага й культурнага жыцьця. У гэтым пэрыядзе беларуская нацыянальнасьць страціла сваю палітычную й культурную самастойнасьць. Гэты пэрыяд - гэта час заняпаду Беларусі 23 .

Але што ж у гэтым так зв. польскім пэрыядзе жыцьця беларускага народу сталася зь ім, з яго нацыянальнай асаблівасьцяй? Ці гэты народ перастаў існаваць і ці яго нацыянальнасьць расьцярушылася й зьгінула? Не. Народ астаўся народам, і яго нацыянальнасьць асталася непарушанай, але народ гэты апынуўся тады ў такіх умовах свайго жыцьця, што ня меў ніякай магчымасьці быць дзейным, разьвіваць далей сваю культуру, будаваць сваю грамадзкасьць і разьвівацца й жыць сваім уласным нацыянальным жыцьцём. Дзеля гэтага народ тады наш як бы абмёр, застыў у бязьдзейнасьці, заснуў. Тым больш тады нашаму народу было цяжка, бо ўжо тады ён цалком быў пакінуты сам сабе. Вышэйшыя асьвечаныя клясы яго пакінулі, гонячыся за прывілеямі, за ўрадамі, за ўласным самалюбным дабрабытам. Праваслаўе, зь якім народ зжыўся й якое ўжо было яго нацыянальнай верай, пасьля доўгай і ўпорыстай барацьбы ўступіла месца уніі, якой сьпярша народ так баяўся й ад якой так заўзята бараніўся.

І вось жа й у гэтым пэрыядзе беларускай гісторыі, у пэрыядзе вялікага заняпаду беларускага народу, народ гэты ня зьгінуў. І мала таго, што ня зьгінуў, але паціху жыў і паціху далей, прынамсі, аберагаў сваю нацыянальнасьць і яшчэ нават даваў пакрысе азнакі свайго жыцьця ў форме сякіх-такіх культурных здабычаў. Дык што ж тут аберагала беларускую нацыю, што было тут гэным сродкам яднаньня й апоры? Як ні дзіва, але гэтым і тут было хрысьціянства, гэтым сродкам была Уніяцкая Цэрква, нягледзячы на сваё цяжкое палажэньне з прычыны дзякуючы навязваньня ей часта чужых антынародных заданьняў і трактаваньня яе як нешта ліхое і "мужыцкае".

Польскі ўрад й польскае грамадзянства пераважна з палітычных мэтаў падтрымлівалі унію й яе праводзілі.

І так, пасьля ўвядзеньня уніі Зыгмунт III адкрыта стаў па яе старане. Часта сілай, проціў волі беларусаў, забіралі для уніі цэрквы й царкоўную маёмасьць, што ў выніку на уніі адбівалася толькі ад'ёмна. Праўныя адносіны да уніятаў былі яўна аднабокія й несправядлівыя. Нягледзячы на просьбы й дамаганьні папаў рымскіх зраўняць у палітычна-грамадзкіх правох уніятаў з лаціньнікамі, зроблена гэта ня было ніколі. Епіскапы, напрыклад, уніяцкія ніколі ня былі дапушчаны да сэнацкіх крэслаў, з чаго карысталіся біскупы лацінскія.

Духавенства лацінскае адносілася да уніі так жа варожа. Унію й яе духавенства, ня вылучаючы нават і епіскапаў, яно яўна ненавідзела й пагарджала. Гэтая ненавісьць і пагарда асабліва ўглыбляліся ў меру таго, як вышэйшыя асьвечаныя беларускія клясы, пад гэткім напорам лацінізму й полёнізму, паволі пакідалі унію, - што яны з тых жа прычын рабілі ўжо аддаўна, - пакідалі свой абрад і мову, польшчыліся й пераходзілі ў польскае лацінства.

Сапраўды, палякі праз Берасьцейскую унію дапялі таго, што слушна ім закідаюць расейскія гісторыкі праваслаўныя, а так жа, што й сяньня часта можна пачуць ад беларускай праваслаўнай інтэлігенцыі, асабліва ўзгадаванай на расейскай гістарычнай літаратуры, а іменна тое, што унія Берасьцейская - гэта была вера не самастойная, а толькі праваднік, масток, які вядзе да польскасьці й лацінства.

Праўда, лепшыя сыны Беларускай Цэрквы Уніяцкай і беларускай нацыі бачылі гэтую фальшывую старану ў уніі, бачылі так жа небясьпеку, згэтуль вынікаючую, як для самай уніі, так і для беларускага народу й, ў меру магчымасьці, гэтаму проціўстаўляліся. Аднак яны прад гэным яўным паходам на іх цэркву й народ былі бязсільны. Небясьпеку гэту й свае вялікія крыўды яны часта прадстаўлялі папам, а тыя, правам забараняючы пераходзіць уніятам з свайго абраду ў лацінства, часта зварочваліся да польскіх каралёў з просьбай не пазваляць на гэта беларускай арыстакрацыі. Але гэта ўсё было лішнім і дарэмным. Польскія палітыкі й нават самі каралі прыракалі паслухаць папаў, але прырачэньня ніколі не спаўнялі й далей унію выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў палітычных, як толькі ўмелі й хацелі. У рэзультаце Палякі праз унію забралі ад беларусаў усё лепшае, - забралі тое, што забраць хацелі: асьвечаную клясу людзей і іх абшары зямельныя, а так жа пакрысе забіралі й агулам ад беларусаў-уніятаў іх абрад і мову.

Праўда, лепшыя сыны Беларускай Цэрквы Уніяцкай і беларускай нацыі бачылі гэтую фальшывую старану ў уніі, бачылі так жа небясьпеку, згэтуль вынікаючую, як для самай уніі, так і для беларускага народу й, ў меру магчымасьці, гэтаму проціўстаўляліся. Аднак яны прад гэным яўным паходам на іх цэркву й народ былі бязсільны. Небясьпеку гэту й свае вялікія крыўды яны часта прадстаўлялі папам, а тыя, правам забараняючы пераходзіць уніятам з свайго абраду ў лацінства, часта зварочваліся да польскіх каралёў з просьбай не пазваляць на гэта беларускай арыстакрацыі. Але гэта ўсё было лішнім і дарэмным. Польскія палітыкі й нават самі каралі прыракалі паслухаць папаў, але прырачэньня ніколі не спаўнялі й далей унію выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў палітычных, як толькі ўмелі й хацелі. У рэзультаце Палякі праз унію забралі ад беларусаў усё лепшае, - забралі тое, што забраць хацелі: асьвечаную клясу людзей і іх абшары зямельныя, а так жа пакрысе забіралі й агулам ад беларусаў-уніятаў іх абрад і мову.

У рэзультаце такой польскай палітыкі унія на беларускіх землях у XVIII ст. была ўжо выключна верай сялянскай, прычым многа ўжо злаціненая й спольшчаная. Найбольш яскрава аб гэтьім сьведчаць пастановы уніяцкага сыноду ў Замосьці 1720 г.

Дык што ж дала беларусам Берасьцейская царкоўная унія й ці варта было прымаць яе, калі гэтулькі, толькі збольшага да яе прыгледзіўшыся, бачым у ей заган, недахопаў, а нават і яўнай шкоды, як для беларускай цэрквы, так і для беларускага народу? Вось жа, ня гледзячы на ўсе гэтыя недахопы, і на ўсе тыя благія вынікі для нашай цэрквы й народу, якія былі звычайным наступствам Берасьцейскай уніі. Унія гэта ўсеждыкі мела рацыю свайго быту. Унія гэта - з пункту гледжаньня беларускага - гэта гістарычная неабходнасьць і для беларускай цэрквы й для беларускага народу. Надта магчыма, што калі б ня гэная унія.дык сяньня ўжо ня было б беларускай нацыі, яна ці такім ці іншым чынам патанула б у маскоўскім нацыяналізьме й імпэрыялізьме, куды гразьмейшым для нас, як такі ж нацыяналізм і імпэрыялізм польскі.

Вось жа праз унію Беларусь, праўда, шмат страціла, але, трэба прызнаць, здабыла значна больш - праз унію яна захавала веру айцоў сваіх на працягу 243 г. і прынамсі ў сваей аснове захавала так жа й сваю нацыю. Унія дала беларусам правільную царкоўную арганізацыю, вынікаючую з апоры аб Рымскі Прастол, у меру тагочасных палітычных варункаў адрадзіла царкоўнае жыцьцё, падняла асьвету духавенства й народу, спрыяла разьвіцьцю беларускай народнай літаратуры. Уніяцкая літаратура - гэта літаратура з натуры сваей беларуская, бо ж яна мела на мэце выключна шырокія сялянскія масы, якіх дзякуючы гістарычным абставінам і была яна верай. Словам, унія, як бачым, гэта такая на нашых землях форма хрысьціянства, якая найбліжэй сваей натурай да натуры беларускай, якая сапраўды зьяўляецца апорай нацыянальнай і культурнай гэтага народу.

Вось жа праз унію Беларусь, праўда, шмат страціла, але, трэба прызнаць, здабыла значна больш - праз унію яна захавала веру айцоў сваіх на працягу 243 г. і прынамсі ў сваей аснове захавала так жа й сваю нацыю. Унія дала беларусам правільную царкоўную арганізацыю, вынікаючую з апоры аб Рымскі Прастол, у меру тагочасных палітычных варункаў адрадзіла царкоўнае жыцьцё, падняла асьвету духавенства й народу, спрыяла разьвіцьцю беларускай народнай літаратуры. Уніяцкая літаратура - гэта літаратура з натуры сваей беларуская, бо ж яна мела на мэце выключна шырокія сялянскія масы, якіх дзякуючы гістарычным абставінам і была яна верай. Словам, унія, як бачым, гэта такая на нашых землях форма хрысьціянства, якая найбліжэй сваей натурай да натуры беларускай, якая сапраўды зьяўляецца апорай нацыянальнай і культурнай гэтага народу.

Ня трэба забывацца, што мова беларуская больш розная ад мовы польскай, як ад маскоўскай, дык і ўплывы польскія праз унію на беларускую цэркву й нацыю менш шкодныя й менш небясьпечныя, чым гэта было б з уплывамі маскоўскімі.

Ня трэба так жа забывацца й аб тым, што маскоўскія цары, хоць беларускія землі былі й за палітычнай мяжой Масквы, аднакжа, пачынаючы ад якой палавіны XVII ст. і праз усё, бадай, ст. XVIII, усьцяж забіралі голас у абароне пакрыўджаных беларусаў праваслаўных і нават уніятаў, проста ўмешваючыся ў іх царкоўнае й нацыянальнае жыцьцё. Заступніцтва ж гэта, рэч ясная, мела на мэце ня выпусьціць беларусаў, якіх Масква заўсёды лічыла сваімі роднымі, з сваей апекі й пры аказіі прылучыць іх да сябе й цалком з сабой асыміляваць. Дык вось жа, паўтараем, калі б Беларусь у XVI ст., дапусьцім, асталася праваслаўнай і паддалася б уплывам рэлігійным і нацыянальным Масквы, яна б, адышоўшы ў канцы XVIII ст. да Масквы, - не гаворачы ўжо аб тым, што было б, калі б яна да Масквы палітычна адышла раней, - дык яна б на зары свайго рэнэсансу, свайго адраджэньня, была б пазбаўлена й тых, сапраўды ўбогіх, сіл, чэрпаных, трэба ведаць, прадусім з традыцыі, зьвязанай з уніяй, сіл, з якімі яна выступіла на арэну свайго сучаснага ўжо больш-менш сьведамага нацыянальнага жыцьця. Словам, Берасьцейская унія - гэта вялікая й неабходная бачына ў гісторыі нацыянальнай і царкоўнай беларускага народу. Ня трэба забывацца так жа й таго, што калі б ня унія - дык палякі ўсёроўна цягнулі б беларусаў у лацінства й тут больш зьгінула б іх і была б большая шкода беларускаму народу.

На шчасьце, беларускія праваслаўныя масы пасьля завядзеньня уніі замест праваслаўя агулам даволі хутка да яе прывыклі. Справа ў тым, што калі гэтыя масы уніі баяліся, дык думалі, што яна безпасрэдна нясе польскасьць і лацінства. Калі ж убачылі, што гэтага няма, што страх не такі вялікі, як яго сабе прадстаўлялі, што ў цэркве падаўнейшаму астаецца царкоўна-славянская служба Божая й пропаведзь у іх роднай беларускай мове, хутка да уніі пачалі прывыкаць, уважаючы часта, што фактычна не зайшло ніякай вялікай зьмены. Бо ў справах дагматычных праваслаўя й уніі масы разьбіраліся сусім мала, або й нічога з гэтага ня цямілі. Гэтыя справы належылі да духавенства й то пераважна да вышэйшага, бо й духавенства ніжэйшае, працуючае на сялянскіх прыходах, агулам было цёмнае й культурна стаяла даволі нізка. Тымчасам вышэйшае духавенства - епіскапы прынялі унію й у яе запісвалі й масы, сусім іх аб гэта ня пытаючыся. Такі тады быў час, такая пара, што з масамі ня лічыліся й аб волі іх ні ў чым ня пыталіся.

Унія існавала ў Беларусі даволі доўга, бо аж 243 гады, з гэтых якіх гадоў 197 (1596-1793) прыпадае на пэрыяд польскі, пэрыяд беларускага заняпаду. Ужо й за гэты польскі пэрыяд і за гэтыя гады унія прынялася й сталася беларускай нацыянальнай верай, бадай яшчэ глыбей, як у пэрыядзе папярэднім, бо тут у ёй ня было ўжо ніякіх, бадай, вышэйшых і асьвечаных клясаў і яна сталася выключна верай беларускай і сялянскай. Гэтаму памагала лацінскае польскае каталіцтва, якое, як сказана вышэй, уніі ня любіла й ей пагарджала. Польскае лацінскае каталіцтва ўжо тады для беларусаў-каталікоў было завёўшы ў касьцеле ў дадаткавых набажэнствах мову польскую й гэтага ж самага чакала й ад уніі й гэтай апошняй ненавідзела, насколькі тая не здавалася. І не здавалася сапраўды. Так, як праваслаўе ваявала за сябе й за беларускую нацыянальнасьць, таксама, агулам бяручы, паступала й унія, якая сталася адзінай апорай беларускай нацыянальнасьці й беларускай культуры. Уніяцкая Цэрква сталася адзіным сродкам беларускага нацыянальнага яднаньня ў сваей сучаснасьці й сталася адзіным злучком беларускай сучаснасьці зь беларускай нацыянальнай мінуўшчынай. Гэтых абодвых мэтаў яна дасягала, карыстаючыся славянскім языком у Службе Божай, а так жа карыстаючыся языком родным, жывым, навучаючы уніятаў-беларусаў аднаго і другога ў цэркве й у школе, насколькі гэтая існавала. Не адрэчы тут будзе прыпомніць, што праваслаўе ўжо ставалася для беларусаў чужым, бо яно ўжо ставалася аружжам маскоўшчыны й, насколькі даставалася да беларусаў, якія ня прынялі уніі, - а такіх было агулам ня многа, бо агулам уся Беларусь, з нязначнымі выняткамі, была уніяцкай, - несла з сабой маскоўскія палітычныя ідэі й маскоўскую культуру.

(Літаратура: Документы, объясняющіе исторію Западно-русского края, СПБ, 1865; Ст. Томашівський - Украінська Історія; У. Ігнатоўскі - Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Вільня, 1927; А.Сапунов Историческія судьбы Полоцкой Епархіі. Витебскъ, 1889; Ks. Edw. Likowski - Unii Historya i Unia Breska).

Х. Уніяцкая Цэрква ў расейскім пэрыядзе гісторыі Беларусі (XIX ст.) й яе роль адносна беларускай народнасьці.

Беларусь пад царскай Расеяй і яе доля. Маскоўскае праваслаўе й лацінска-польскае каталіцтва. Уніяцкая Цэрква - апора беларускай народнасьці й культуры. Маскоўскія цары: Кацярына, Павал I, Аляксандр І і Мікалай І і іх адносіны да уніі. Год 1839 і уніяцкія епіскапы здраднікі. Роль у ліквідацыі уніі еп. Семашкі, яго характарыстыка й адносіны да беларускай народнасьці й культуры.

І так царкоўная унія ў першай палавіне пэрыяду заняпаду, у пэрыяд польскі, была злучвом беларускай нацыянальнасьці. Праўда, тое, чаго так беларусы ў сваім часе баяліся, - польскасьць і лацінства насядала моцна на унію, але яна спачатку з гэтым усім баролася з добрым вынікам. Пасьля ж пачала здавацца. Унія ўжо ў XVIII ст. была сільна сполёнізаваная й злацінізаваная. Але й цяпер Уніяцкая Цэрква прынцыпова не пераставала быць гэнай апорай і сродкам яднаньня беларускай нацыянальнасьці.

Урэшце прыйшла ў самым канцы XVIII ст. другая палавіна пэрыяду заняпаду беларускага народу, пара расейская, калі ўсе беларускія землі пасьля разбору Польшчы адыйшлі да Расеі. Цяпер лёс беларускай нацыі аказаўся яшчэ цяжэйшым. Вышэйшыя слаі беларускага грамадзянства аканчальна пакінулі народ і перайшлі на старану Польшчы, зьмяняючы нават сваю беларускую нацыянальнасьць на польскую 24 . Інтэлігенцыя так жа цалком спольшчылася. Уніяцкая Цэрква хоць не цалком, але мала без чаго, была так жа ўжо спольшчанай й злацінізаванай. Тымчасам перад беларускім народам паўстала новая грозная небясьпека з боку расейскага імпэрыялізму й нацыяналізму, які Беларусі нясла ўпрэжаная ў расейскую палітыку Расейская Праваслаўная Цэрква. Трэба памятаваць, што цяпер ужо было ня тое праваслаўе, што існавала ў Беларусі ад разьдзелу цэркваў (1054) аж да Берасьцейскай царкоўнай уніі, - тады праваслаўе было вольным і незалежным, а гэтым самым і беларускім. Беларускім фактычна было праваслаўе, якое ня прыстала да уніі - й якое ўсьцяж аставалася ў Беларусі, хоць у нязначным ліку, існаваць вобак уніі. А сусім іншае праваслаўе цяпер ішло з Масквы - гэта было праваслаўе расейскае палітычнае, заборчае. Гэтакім яно рабіла й тыя астаткі праваслаўя беларускага, якога фрагмэнты ўсьцяж у Беларусі аставаліся. Гэтае праваслаўе агулам было ўжо тым, чым фактычна ў Беларусі было й польскае лацінскае каталіцтва.

І як ня дзіўна, - і ў гэтай цёмнай беларускай пустыні зоркай праводнай, што крыху сьвяціла ў цемры, была... Уніяцкая Цэрква.

Беларуская культура ў пач. XIX ст. мела яшчэ, хоць праўда незавіднае, але пэўнае прыпынішча ў зацішшы ўбогай, як і сам народ, Уніяцкай Цэрквы. Культура гэта нават у той час, калі унія ўжо была сполёнізаваная, усё ж яшчэ апіралася на тэй жа уніі, падтрымлівалася яе традыцыяй, падтрымлівалася яшчэ запасамі сіл даўнай яе мінуўшчыны, бо унія вякамі тварыла беларускую культуру ў форме кніг літургічных, малітаўнікаў, трэбнікаў, кніг зьместу рэлігійнага й агулам прасьветнага. Унія ў гэным часе на нашых землях - гэта была сапраўды адзіная апора беларускай культуры, бо яна адна адзіная была зьвязана арганічна з народам і з патрэбамі яго душы, адна адзіная гэтай душы як магла і чым магла служыла. Усё ж іншае тады было пастаўлена проціў гэтага народу. Гуляла паншчына на беларускіх землях, і адбывалася між палякамі й маскоўцамі барацьба за душу беларускую. І толькі аж на дне свайго ўпадку душа беларуса, паддзержавана крыху уніяй, трымалася пры жыцьці, ня трацячы ніколі надзеі на лепшыя часы, на сваё адраджэньне.

Аднак і на гэты раз ня было яшчэ уніі суджана на беларускіх землях разьвівацца й жыць далей. Дзьве сілы - Польшч і Масква - у сваей палітычнай барацьбе за нас у той час, у першую чаргу, як мы бачылі, хваталіся за рэлігію, робячы з яе аружжа сваей палітыкі. Ад гэтай палітыкі з боку Польшчы унія яшчэ сяк-так магла бараніцца, хоць бы дзеля таго, што за яе ўступаўся Папа Рымскі й што народ беларускі агулам сваей мовай і народнай псыхікай, як мы ўжо ўспомнілі, значна розны ад народу польскага. Але шмат трудней было змагацца, ды, бадай, цалком немагчыма, з Расеяй. Маскоўскае царства, сіла якога ўсьцяж расла, урэшце ў канцы XVIII ст., між іншымі, усе беларускія землі далучыла да сябе, забіраючы іх ад Польшчы.

Пасьля далучэньня Беларусі да Расеі пачынаецца для яе гісторыі новы пэрыяд - расейскі. Вось жа й унія, будучы цесна зьвязана з беларускім народам пасьля ўплыву 243 гадоў свайго існаваньня, як убачым, разам з народам дзеліць свой лёс.

У 1795 за часоў царыцы расейскай Кацярыны наступіў аканчальны падзел Польшчы й уся Беларусь была далучана да Расеі 25 .

Пасьля гэтага пры тэй жа Кацярыне проціў уніі павёўся ўжо выразны й цяжкі прасьлед. Усе уніяцкія епархіі, апрача аднэй так званай беларускай у Полацку, былі скасаваны. Расейскі ўрад уважаў тады, што ў Расеі маюць рацыю быту веры - праваслаўная, зразумелая рэч, і каталіцкая, лацінскага абраду, а унія аставацца не павінна, бо з яе, праўда, пераходзілі ў лацінства, што яшчэ Кацярына магла цярпець, але магло стацца й так, што з праваслаўя маглі пераходзіць у унію. У рэзультаце расейскай, у гэтым часе, палітыкі за ўвесь час царстваваньня Кацярыны з уніі у праваслаўе было пераведзена да двух мільёнаў беларусаў і украінцаў.

За часоў цароў Паўла І і Александра І палажэньне уніятаў значна палепшылася. Так, напрыклад, у 1806 г. у Полацку была яшчэ нават заложана уніяцкая духоўная сэмінарыя.

Аднак агулам націск расейскіх цароў на унію ўсьцяж узмагаўся й гады яе там існаваньня былі ўжо палічаны. Рашучы для уніі мамэнт настаў за часоў цара Мікалая І і епіскапа адступніка уніяцкай літоўскай (віленскай) епархіі Язэпа Семашкі. У гэтым часе Уніяцкая Цэрква мела яшчэ дзьве беларускія епархіі: віленскую, з сталіцай епіскапскай у Жыровіцах, і полацкую.

Мікалай І быў адкрытым ворагам уніі й усякімі спосабамі імкнуўся да яе ліквідацыі. Скрыта, але так жа рашуча памагаў яму ў гэтым успомнены Семашка з такімі ж адступнікамі, як і сам, - епіскапамі уніяцкімі Ант. Зубко й Базылём Лужынскім. Гэтая дабраная тройка, апіраючыся прадусім на паліцэйскіх уладах, ліквідавала унію ўсімі сіламі.

Унія, як мы ўжо ўспаміналі, за ўвесь час свайго на Беларусі існаваньня так зраслася з беларускім народам, што ліквідаваньне яе магло адбыцца ўжо толькі пры помачы гвалтаў, што сыстэматычна й рабілася. Вось жа й сапраўды ліквідацыі уніі спраціўлялася як духавенства, так і людзі сьвецкія, а прадусім беларускія сяляне. У гісторыі ліквідаваньня уніі асаблівымі жорсткасьцямі паліцэйскія расейскія ўлады адзначыліся ў Дзярновічах (Вітэбшчына), у Поразаве, Кляшчэлях (Горадзеншчына), Селішчы, Сьвятлілава, Пузырэва (Магілёўшчына) і г. д.

З гэтага бачым, што ліквідаваньне уніі сапраўды не пайшло царскаму ўраду так лёгка, як ён гэтага жадаў і як пазьнейшыя ўрадавыя расейскія гісторыкі гэта даказвалі. Фактам ёсьць гістарычным, што народ беларускі сваей веры шмат дзе актыўна бараніў проціў расейскіх гвалтаў.

Каб зламаць гэтую апазыцыю уніяцкую, паводле пляну Семашкі пры ліквідацыі уніі ўжываліся грубыя паліцэйскія спосабы. І так апорныя уніяцкія сьвяшчэньнікі пераводзіліся ў горшыя прыходы, або й сусім іх часта пазбаўляліся, назначаліся замест на сьвяшчэнскія - на пасады псаломшчыцкія, ссылаліся ў Расею, замыкаліся ў манастыры. Спосабы Семашкі наварачваньня уніятаў на праваслаўе былі так нехрысьціянскія й так гвалтоўніцкія, што нават выклікалі яны агіду й у лепшых уладыкаў праваслаўных. Так, напрыклад, як кажа сьвяшч. М. Морошкін, некаторыя зь іх не сьцясьняліся выражаць Семашцы аткрыта сваю пагарду, а епіскап палтаўскі Гедэон называў яго проста Юдам прадацелем.

Ня гледзячы, аднак, на ўсё гэта, Семашка сваіх мэтаў у адносінах да уніі дапяў. Унія ў 1839 г. была ўрэшце зломлена. У 1839 г. цар Мікалай на падставе акту адступніцтва ад уніі, падпісанага Семашкам, Зубкай і Лужынскім, а так жа зламаным духавенствам уніяцкім, афіцыяльна унію скасаваў і ўсіх уніятаў далучыў да цэрквы расейскай. Расейскі ўрад такім чынам дапяў таго, аб чым Масква лятуцела ўжо спрадвякоў.

Гэтак перастала унія існаваць у Беларусі. Але асталася яна ў украінскай Холмшчыне, дзе пазьней была скасавана яшчэ большымі гвалтамі, як у Беларусі, і асталася ў Галіччыне, адыйшоўшай ад Польшчы да Аўстрыі, дзе яна працьвітае й сяньня й зьяўляецца сапраўднай нацыянальнай апорай каля чатырох мільёнаў украінцаў уніятаў, зьяўляючыся адначасна як бы злучвом мінуўшчыны унійнай з сучаснасьцяй.

І так адвечная мрыя маскоуская далучыць да сябе землі беларускія і беларускую цэркву як свае вотчыны збыліся. А выканаў іх, як бачым, адступнік ад уніі і народнасці Я. Семашка, родам украінец. Што яго да гэтага накіравала? Мо' кар'ера, ласкі цара, слава? Пэўне, што і гэта. Па сваім характары, як гэта ясна відацца з яго запісак, Семашка кар'ерыстым быў сапраўды. Але ня трэба забывацца, што калі дзеіць у гісторыі адзінка, то яна дзеіць ня толькі дзеля сваіх чыста самалюбных прычын, але дзеіць яна і дзеля прычын культурна-сацыяльных, у асяродку якіх адзінка гэна жыве і нясведама яму паддаецца. Вось жа надта магчыма, што ў Семашкі адазвалася старадаўная родная мінуушчына. Надта магчыма, што праз зліквідаванне уніі, якая ужо ў сваей прадусім вонкавай форме шмат у чым ад гэных традыцыяў была адхіліўшыся і то ў бок польскі і праз перавядзеньне яе вызнаўцаў у расейскае праваслаўе Я. Семашка думаў прыблізіцца да формы рэлігійна-культурнай сапраўды роднай, цалком згоднай з душой украінскага і беларускага народу, зварочваючы гэтыя народы на сапраўды іх уласны гістарычны шлях. Усё можа быць. Але факт астаецца фактам, што проціўунійная дзейнасць Семашкі не па гістарычнай дарозе пакіравала як беларускую цэркву, так і беларускі народ. Акт гэты ў беларускай гістарычнай перспектыве памылковы і шкодны.

Тымчасам, не касаваць Семашка павінен быў унію, калі Беларусь апынулася ў Расеі, але падтрымліваць яе, бараніць ад маскоўскага націску на яе й адначасна старанна яе ачышчаць ад усякіх на яе наростаў чужацкіх, як польскіх, так і маскоўскіх, аддаляючых унію як ад старадаўных хрысьціянскіх традыцыяў і царкоўных старадаўных формаў і правілаў, таксама й ад родных народу карэньняў. З пункту гледжаньня беларускага гістарычнай мэтай Семашкі павінна было быць за ўсякую цану, за цану нават свайго жыцьця, бараніць унію. Праўда, як відаць з тагочасных палітычных настрояў да уніі расейскай палітыкі, унія ўсёроўна была б зламанай, але ў кожным выпадку пры старанным за яе змагамьні з боку Семашкі замест змаганьня з ёй унія магла б пратрываць даўжэй і яшчэ выдатнейшую адыграць роль у часе для беларусаў найгразьнейшым, якую яна іграла для народу ў мінуўшчыне. Калі б беларускі уніяцкі епіскапат замест здрады уніі акружыў яе сапраўды хрысьціянскай любоўю, як гэта так часта рабілі беларускія сяляне, дык тады б Унія хоць бы ў рэзультаце зламана царскай паліцыяй, цяпер была б у нашай духовай уяве ясьнейшай, чым гэта ёсьць сяньня, - была б тым, чым яна сяньня на дзеле ёсьць для ўкраінскага народу ў Галіччыне. Апрача гэтай Галіччыны, бадай, яшчэ лепшым доказам праўдзівасьці нашых думак зьяўляецца сяньняшняя Расея, як з пункту гледжаньня рэлігійнага, так і нацыянальнага беларускага.

Акт скасаваньня уніі на беларускіх землях у 1839 г. быў супярэчны з усей мінуўшчынай беларускай, як царкоўнай, так і народнай. Акт гэты рваў прадусім з тэй хрысьціянскай еднасьцяй беларускага хрысьціянскага жыцьця, якая была асьвячана першымі вякамі паўстаньня ў нас хрысьціянства, далей рваў з абнаўленьнем гэнай еднасьці - з уніяй Флёрэнтыйскай і Берасьцейскай, - а ў выніку ўсяго гэтага рваў ён і з культурай агулам і культурай беларускай.

Не адрэчы тут будзе так жа ўспомніць тое, што той жа Семашка беларускія уніяцкія кнігі, як сам да гэтага прызнаецца, нішчыў і паліў, як і езуіты ў XVII ст. Ды і ўся палітыка расейскіх цароў ад іх пачатку аж да ўпадку ў 1917 г. была палітыкай яўнага нішчэньня беларускага народу, беларускай душы й культуры, была гэта палітыка з свайго боку простым натуральным наступствам зьнішчэньня уніі, як веры сапраўды беларускай, была натуральным наступствам зрыву з рымскім прастолам.

(Літаратура: тая, што й ў папярэднім разьдзеле, а так жа: Ks. Ad. Stankevic - Rodnaja mova u sviatyniach, Vilnia, 1929; Акты, изд. Виленскою Археограф. Комиссіею. т. XVI. Докум., относящ. к исторіи церк. уніі в Россіи. Вильна 1889).

ХІ. Адкуль узяліся беларусы каталікі-лаціньнікі

Беларусы-лаціньнікі на пачатку ў Беларусі хрысьціянства. Беларусы-лаціньнікі ў беларуска-літоўскім пэрыядзе гісторыі Беларусі. Ягайла, Вітаўт і беларусы-лаціньнікі. Рэфармацыя, езуіты й беларусы-лаціньнікі. Царкоўная унія, расейская палітыка й беларусы-лаціньнікі. Сучаснасьць і беларусы-лаціньнікі.

Дагэтуль, гаворачы аб значэньні для беларускага народу хрысьціянства, бралі мы пад увагу сьпярша Праваслаўе, а пасьля унію. Пры гэтым мы ўсьцяж напатыкаліся й на лацінскае каталіцтва, якое так жа паявілася ў сваім часе ў Беларусі й якое так жа мела дадатні й на'т выдатны ўплыў на беларускую нацыянальнасьць. Мы на яго аж цяпер зварачваем увагу затым, што яно ў параўнаньні з праваслаўем і уніяй менш у Беларусі пашырылася й што яно найбольш пашырылася іменна пазьней іх, а нават пасьля. Аднак жа лацінскае каталіцтва ў Беларусі, асабліва ў апошніх трох стагодзьдзях - XVIII, XIX і XX, - у значнай меры было так жа творывам і падпорай беларускай нацыянальнасьці. Дзеля гэтага затрымаемся цяпер крыху даўжэй над лацінскім каталіцтвам у нас, дасьледжваючы, адкуль і калі яно ў нас узялося.

Хрысьціяне лацінскага абраду паявіліся ў Беларусі дужа рана, яшчэ тады, калі хрысьціянства было адзіным і непадзеленым, калі ў догматах яшчэ ня было ніякіх розьніцаў між усходам і захадам і калі розныя абрады - грэцкі , лацінскі й іншыя - ня ўводзілі сярод хрысьціян ніякай духовай розьніцы. Праўда, усходнія славяне, а ў іх ліку й беларусы, прымалі хрысьціянства масава ў абрадзе грэка-славянскім, але яны гэта рабілі затым, што Візантыя была бліжэй і што ад яе, прадусім, яны й запазычалі культуру, а не затым, што абрад лацінскі для іх быў нейкім горшым і няхрысьціянскім. Коратка гаворачы: нашы продкі прымалі хрысьціянства ў усходнім абрадзе, бо ён, дзякуючы геопалітычным, гістарычным і культурным абставінам, быў для іх бліжэйшы.

Вось жа ў Беларусі даўна прад тым, як масава пашыралася ўсходняе хрысьціянства ў Х ст., было ўжо й хрысьціянства лацінскае. Ішло яно са Скандынавіі, ад варага-русаў, дзе яно тады ўжо пашыралася значна, ішло з Нямеччыны, Польшчы і з самога Рыму, зь якімі валадары ўкраінскіх і беларускіх княстваў агулам часта падтрымлівалі зносіны. Лацінства, аднак, у масы сьпярша не пранікала. Лаціньнікамі хрысьціянамі былі сьпярша ў нас толькі чужынцы-купцы, місіянары, а з часам са сваіх які баярын, ваяка-дружыньнік і інш.

Значна больш было пашырыўшыся ў Беларусі лацінскае хрысьціянства, ужо як каталіцтва, "пасьля падзелу яго, калі ўсход ад хрысьціянскага адзінства адыйшоў, - у XIII-XIV ст., за часаў Гедыміна й Альгерда. Але й цяпер так жа яно было пашырана бадай выключна сярод вышэйшых слаёў народу, да самых народных масаў яшчэ, аднак, не даходзячы. Так, напрыклад, у XII-XIII ст. ужо былі каталіцкія лацінскія касьцёлы ў Кіеве, Пераяславе, Смаленску, Полацку, Ноўгарадзе. Былі так жа ў XIV ст. манастыры францішканаў у Полацку, Наваградку й у іншых мясцох, былі так жа манастыры ў нас у гэтым часе й дамініканаў.

Аб тым, што ў час Гедыміна былі ўжо беларусы каталікі, ведаем з наступнага. Гэты ж самы вялікі князь Гедымін летам 1323 г. зьвярнуўся да нямецкіх францішканаў саксонскае правінцыі з просьбай прыслаць у Вільню й Наваградак для абслугі манастырскіх касьцёлаў чатырох духоўнікаў, якія ўмелі б гаварыць і па беларуску, такіх, якія "цяпер ёсьць і даўней былі".

Далейшае пашыраньне сярод беларусаў лацінскага каталіцтва, ужо сярод беларускіх народных масаў, адносіцца да часаў Ягайлы, калі ён хрысьціў Літву ў 1386 г. У гэтым часе многія беларусы, каб споўніць волю вялікага князя Ягайлы, пакідалі сваё хрысьціянства ўсходняе (праваслаўе) й пераходзілі ў лацінства.

Аб хрышчэньні Літвы Ягайла выдаў у лацінскай мове дакумант, так званы Унівэрсал, у якім ён між іншым кажа: "каб прычыніцца ўзросту каталіцкай веры ў Літве й Русі, пастанаўляем, загадваем, абяцаем, прыракаем і на сьвятыя сакраманты прысягаем: усе літоўскія народы, бяз розьніцы плоці й стану, што знаходзяцца ў Літве й Русі, да каталіцкай веры й да паслухмянасьці сьвятому Рымскаму Касьцёлу прывесьці, прыцягнуць, намовіць, ды больш таго - змусіць, калі б да якой сэкты належылі". Далей, вялікі князь, каб новыя каталікі ня мелі перашкодаў у сваей веры, кажа: "выразна забараняем, каб ніхто з літоўцаў абодвых плоцяў не жаніўся з русінам так жа абедзьвюх плоцяў прад тым, як выкажа сваю ўлегласьць Рымскаму Касьцёлу, а калі б такое жанімства сталася, дык яго не разлучаць, але некаталіцкую старану да каталіцтва хоць бы карай цялеснай, але давясьці трэба". Урэшце, у тым жа Унівэрсале Ягайла надае розныя прывілеі каталіцкім лацінскім касьцёлам як у Вільні, так і па ўсім нашым краі. Гэткая воля вялікага князя значна прычынілася ў нашым краі да пашырэньня лацінскага каталіцтва й сярод масаў беларускага народу.

Гісторык Энэаш Сільвіюс, пазьнейшы папа Піус II, даведаўся, што Ягайла давёў да каталіцкай веры "розныя народы, галоўна народ літоўскі й рускі, першы ўвесь, а другога вялікую часьць, а гэта там, дзе той жыў сярод літоўцаў, або ў суседзтве іх бліжэйшым, воддаль ад біскупстваў усходня-грэцкіх".

Кс. Я. Фіалэк кажа аб Ягайле, што ён "многа схізматыкаў прывёў да праўдзівае, якую й сам вызнаваў, веры". Гэта знача - праваслаўных беларусаў прывёў да лацінскага каталіцтва.

Значна так жа пашыралася лацінства сярод беларускага народу й за часаў Вітаўта Вялікага. Праўда, гэты мудры валадар асьцеражней з гэтым паступаў, чымся Ягайла: ён у Унівэрсале сваім, выданым так жа ў справе хрышчэньня літоўцаў і русінаў, кажа: "калі які русін захоча па сваей волі хрысьціцца, дык няхай сабе хрысьціцца, а які ня хоча, няхай астаецца ў сваей веры". З гэтага відаць, што ён мякчэй адносіўся да беларусаў-праваслаўных і быў больш толеранцыйны, як Ягайла, але прынцыпова й ён тую ж самую праводзіў палітыку, бо ж і ён быў рашучым заходнікам і лаціньнікам. Ён дужа многа фундаваў касьцёлаў і манастыроў сярод беларускага насельніцтва, што, зразумела, прычынялася да далейшага пашыраньня ў нас лацінства, ды й сам факт фундаваньня лацінскіх касьцёлаў і манастыроў ужо дапускае сваім парадкам існаваньне лаціньнікаў і іх рэлігійныя патрэбы. Каталіцкі лацінскі касьцёл за часаў Ягайлы й Вітаўта ўжо меў многа вызнавальнікаў ня толькі сярод вышэйшых слаёў баяраў і магнатаў, але так жа й сярод народных беларускіх масаў.

Наварот беларусаў на лацінскае каталіцтва адбываецца праз усё XV, XVI ст. і далей. У 1501 г. папа Аляксандар VI у бульлі да віленскага біскупа дае спосаб прынятку беларусаў-праваслаўных да каталіцтва. Справа была ў тым, што ў лаціньнікаў была нават думка аб няважнасьці праваслаўнага хросту й аб патрэбе хрышчэньня нанава праваслаўных, прыймаючы іх да каталіцтва. Вось жа на гэта папа ў гэнай бульлі між іншым рашуча забараняе аднаўленьне хрышчэньня людзей праваслаўнае веры, якія хочуць злучыцца з Каталіцкім Касьцёлам.

Палітыка навароту праваслаўных беларусаў на лацінскае каталіцтва яўна так жа відаць і з актаў Гарадэльскай уніі ў 1413 г. Ягайла й Вітаўт, закрапіўшы унію літоўскіх, беларускіх і украінскіх зямель з Польшчай, пастанавілі, што ... "толькі тыя, якія належаць да каталіцкага касьцёла й якія прынялі польскія гэрбы, князі й баяры Вял. Кн. Літ., маюць права карыстацца рознымі прывілеямі, якія існуюць у Польшчы, а так жа займаць высокія пасады й атрымліваць розныя годнасьці могуць толькі тыя, якія паходзяць з родаў, прыняўшых лацінскую веру; так жа сама ў дзяржаўную раду могуць быць дапушчаны толькі вызнавальнікі лацінства, а ніколі схізматыкі й іншыя няверныя". Ясна, што гэтакі закон адносна "схізматыкаў" (праваслаўных беларусаў) дужа спрыяў пашырэньню лацінства ўжо ня толькі сярод народных беларускіх масаў, але, як бачым, прадусім сярод высокіх слаёў народу. Ведаем, што дзеля гэткіх законаў многія беларускія праваслаўныя князі й баяры пераходзілі ў лацінства, каб скарыстаць з розных грамадзкіх і дзяржаўных прывілеяў.

У пач. XVI ст. у нашым краю паявілася вызнаньне, так званае эванэліцкае, а прадусім кальвінства й адчасьці соцыянства. Вось жа многія беларускія вышэйшыя слаі пакідалі праваслаўе й пераходзілі ў кальвінства, а пасьля, калі кальвінства перастала шырыцца й быць модным, пераходзілі ў лацінства каталіцкае.

Узноў жа далейшым дзейнікам, пашыраючым ў нас лацінства, былі езуіты, якія ў нашым краю паявіліся ў XVI ст. дзеля барацьбы з Рэфармацыяй. Езуіты, боручыся з кальвінізмам, які масава пашыраўся ў нас сярод паноў, часта наварочвалі ў лацінства ня толькі паноў, але так жа й народныя масы, цалком ад гэтых апошніх залежныя. Пад уплывам дзейнасьці езуітаў здараліся выпадкі, што й праваслаўныя ўсходнія беларускія паны прымалі лацінскае каталіцтва. Калі ж у 1596 г. наступіла царкоўная унія, якая трывала 243 г., перацягваньне беларусаў-уніятаў у лацінства яшчэ больш пашырылася й прысьпяшылася. Так, напрыклад, уніяцкі мітрапаліт Вэлямін Рутскі ў 1623 г. інфармуе Рым аб тым, што уніятам з боку лаціньнікаў робяцца крыўды й што іх перацягваюць у лацінства. На гэта ў 1624 г. папа Урбан VIII выдаў бульлю, у якой забараняе пераход у лацінства. Палякі гэтаму спрацівіліся. Тады гэна бульля была агранічана толькі да духавенства. Так хацеў кароль Сігізмунт III. Адносіны праўныя, грамадзкія й таварыскія з боку польскага да беларусаў-уніятаў былі благія й нават несправядлівыя. Вось жа нічога дзіўнага, што яны нават гэтым самым былі прымушаны пакідаць свой усходні абрад і пераходзіць у лацінства.

У 1623 г. праваслаўная шляхта Вялікага Кн. Літоўскага падала Сэнату Рэчыпаспалітай скаргу, так званую "супліку", у якой між іншым чытаем; ... "Вольнасьці народу рускаму належацца дваякія: таму народу рускаму, які ёсьць веры рымскае, паслушнасьці заходняе, й таму народу рускаму, які ёсьць веры грэцкае, паслушнасьці ўсходняе. Русь рымскае веры пры сваей вольнасьці астаецца, а нам, Русі веры грэцкае, вольнасьць выдзерта"...

З гэтага дакуманту бачым, што ня толькі было шмат беларусаў лаціньнікаў, але й як беларуская шляхта, якая тады прадстаўляла народ, адносілася да іх. Вось жа бачым, што тагочасныя праваслаўныя беларусы беларусаў-каталікоў лічылі беларусамі, такімі самымі, як і яны праваслаўныя.

Націск лацінізму й полёнізму на беларусаў-уніятаў урэшце да таго ўзрос, што ў 1717 г. у польскім грамадзянстве паўстаў праект і уніятаў і праваслаўных беларусаў аканчальна перавесьці ў лацінства.

Асабліва многа пераходзіла беларусаў з уніі ў лацінства пасьля падзелу Польшчы, калі беларусы апынуліся пад панаваньнем расейскіх цароў і калі з боку расейскіх уладаў ішоў выразны й часта грубы націск на уніятаў з мэтай пераводжаньня іх на праваслаўе. І так дзеля гэтых прычын за часаў царыцы Кацярыны II (1796 г.) многія беларусы-уніяты, жадаючыя захаваць веру сваіх бацькоў, пакідалі ўнію й далучыліся да касьцёла лацінскага, адлучыць якіх ад каторага расейскім уладам было значна трудней, як ад уніі. Тое ж самае было й за часаў цара Паўла, як сьведча аб гэтым уніяцкі полацкі архіепіскап Іраклі Лісоўскі.

Гэткія ж узноў адносіны расейскай царскай палітыкі да уніятаў са свайго боку правакавалі й заахвочвалі палякоў цягнуць да сябе ў лацінства рэшту уніятаў, якія аставаліся уніятамі й далей трымаліся веры сваіх бацькоў. І ў гэтым часе цэлыя масы уніятаў пераходзілі ў лацінства, бо - з прычыны паншчыны, - яны былі цалком залежныя ад польскіх паноў і ад ксяндзоў.

Расейскія палітыкі спасьцерагліся і, жадаючы да сябе прыгарнуць беларусаў-уніятаў, стараліся пераходу іх у лацінства проціўставіцца. Так, напрыклад, у 1796, 1797 і 1799 г. былі выданы царскія ўказы, забараняючыя пераходзіць з уніі ў лацінства. Але нічога гэта не памагала й палякі уніятаў беларусаў цэлымі масамі пераводзілі далей у лацінства. У 1806 г. быў так жа выданы царскі указ, каб тыя ўсе цэрквы й прыходы, якія з уніі перайшлі ў лацінства, узноў вярнуць у унію. Адбываліся доўгалетнія вялікія судовыя працэсы й нічога з гэтага ня выходзіла: ня толькі што не варочаліся быўшыя уніяты ў унію, але далей у лацінства пераходзілі цэлыя прыходы з усіх беларускіх губэрняў. Так, напрыклад, у 1809 г. у ваднэй толькі Віленскай губэрні з уніі ў лацінства перайшло да 20 тысяч беларусаў.

Нямала так жа, а можа найбольш як калі, уцякала беларусаў-уніятаў у лацінства ў 1839 г., калі вышэйшае уніяцкае духавенства, здрадзіўшы унію, ня пытаючыся верных, часта пры помачы паліцыі, перапісвала іх у Праваслаўе. Ня хочачы быць сілай запісанымі ў праваслаўе, яны масава ўцякалі ў лацінскае каталіцтва.

Урэшце за часаў першых у нашым краю расейскіх генерал-губэрнатараў, жывучых у Вільні, асабліва ж ведамага з сваей жорсткасьці М. Н. Мураўёва, цэлыя масы быўшых уніятаў з праваслаўя ўцякалі ў лацінства. Да гэтага часу адносяцца слаўныя словы праваслаўнага віленскага архіепіскапа Макарага, сказаныя Мураўёву на яго раду архіепіскапу знайсьці спосабы ўтрымаць пераход беларусаў-праваслаўных у каталіцтва: "Дзеля таго, што чыноўнікі іх наварачвалі на праваслаўе, дык няхай жа яны знайдуць спосабы й утрымаць іх пры праваслаўі", - казаў гэны духоўнік.

Спрыяла далейшаму пашыраньню ў нас лацінства й далейшая расейская палітыка. Расейскі ўрад на працягу першай палавіны, калі ня больш, XIX ст. усіх каталікоў у нашым краю ўважаў за палякоў, Каталіцкі Касьцёл з усімі яго вернымі называў "іноверчаскім і інородным". Зразумелая рэч, што гэткая палітыка яшчэ больш спрыяла ўтрываленьню ня толькі каталіцтва як такога, але каталіцтва ўжо польскага й адгароджаньню яго ад беларускай стыхіі.

Калі ж урэшце ў другой палавіне XIX ст., асабліва пасьля польскага паўстаньня ў 1863 г. 27 расейцы дадумаліся, што ў Каталіцкім Касьцеле ёсьць многа беларусаў, і калі зажадалі зрабіць зь іх "чыстых рускіх", у грамадзкай іх думцы паўстала вялікая спрэчка аб тым, ці даць супакой гэным беларусам пазволіць ім далей карыстацца мовай польскай у касьцеле й даць ім магчымасьць спакойна польшчыцца, ці - наадварот - узяць іх пад высокую расейскую апеку й беларусам, як рускім, даць мову расейскую. Урэшце перамагла гэтая апошняя думка й у 1869 г. наступіў "высочайшы дазвол" карыстацца ў касьцеле расейскай мовай. Зразумелая рэч, што царскі "дазвол" раўняўся загаду. Гэтак яго й зразумелі ўрад, чыноўнікі, паліцыя, праваслаўнае духавенства. Ад гэтага "дазволу" аж да 1905 г. распачалася самая гарачая, часта сусім дзікая барацьба ўраду ў кірунку ўвядзеньня ў касьцёлы ў дадаткавае набажэнства мовы расейскай замест польскай. І гэткая палітыка ўцьвярджала беларусаў у лацінстве й беларусаў-каталікоў рашуча адгараджвала ад беларусаў-праваслаўных, творачы ўжо нават недарэчнае паняцьце "польскай" і "рускай" веры.

Урэшце, калі наступіла сякая-такая свабода сумленьня ў 1905 г., многія масава з праваслаўя пераходзілі ў лацінскае каталіцтва. Былі гэта тыя беларусы быўшыя уніяты, якім дзеля тых ці іншых прычын раней перайсьці ў каталіцтва не ўдалося. І цяпер пераход гэты быў значны, масавы. Быўшым уніятам беларусам імпанавала лацінскае каталіцтва й тым, што было ўцісканае, й што гэта была вера іх дзядоў. У 1908 г., напрыклад, у ваднэй толькі Магілёўскай губэрні беларусаў-каталікоў было 59 тысяч.

Вось гэткім чынам паявіліся ў Беларусі беларусы каталікі-лаціньнікі. Гэта, як бачым, тыя ж беларусы, продкі якіх належалі да абраду ўсходняга: сьпярша усходня-каталіцкага, а пасьля праваслаўнага.

Сяньня так жа паволі павялічваецца лік беларусаў-каталікоў, бо й сяньня многія беларусы-праваслаўныя дзеля розных прычын, пераважна асабістага характару, пакідаюць праваслаўе й пераходзяць у лацінскае каталіцтва. Здараецца гэта пры жанімствах, пры шуканьні дзяржаўнай пасады й інш. жыцьцёвых абставінах. Сяньня беларусаўкаталікоў на беларускіх землях Рэчыпаспалітай польскай ёсьць больш мільёна, а на ўсім сьвеце: СССР, Латвія, Літва, Сібір, Злуч. Ст. Амэрыкі - будзе яшчэ мільён. Усіх беларусаў-каталікоў, і на землях беларускіх і на эміграцыі, сяньня будзе мільёны два.

Усе беларусы, як праваслаўныя, так і каталікі, - гэта, як бачым, адзін суцэльны беларускі народ, да якога 950 гадоў таму з усходу ў грэка-славянскім абрадзе заглянула святло праўды Хрыстовай.

(Літаратура: Документы, об'ясняющіе исторію Западно-Русскаго Края. СПБ, 1865; Документы, относящіеся к исторіи церковной уніи в Россіи. Т. XVI: (Акты Изд. Виленск. Археогр. Ком. Вильна, 1889); Ks. J. Kurczewski - Kosciol Zamkowy II Wilno, 1910; Иван Беляев Исторія Полотска. Москва, 1872; Prof. Dr. Wl. Abraham - Polska a Chrest Litwy (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Dr. J. Fialek Uchrzescijanienie Litwy przez Polske (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Ad. Stankevic - Rodnaja mova u sviatyniach. Vilnia, 1929.)

XII. Лацінскае каталіцтва - апора беларускай нацыянальнасьці ў XIX ст., асабліва пасьля ліквідацыі уніі

Роль адносна народнага беларускага языка языкоў царкоўна-славянскага й лацінскага. Беларусы-лаціньнікі часткова стала карысталіся беларускай мовай. - Беларуская мова ў касьцельным жыцьці ад пачатку да XVIII ст. уключна. - Беларуская мова ў Касьцеле ў XIX ст. - Хрысьціянства й пачаткі беларускага нацыянальнага адраджэньня.

І так, як бачылі мы ў папярэднім разьдзеле, лацінскае каталіцтва, пранікаючы ў Беларусь павольна, дайшло ўрэшце да значных разьмераў і адыграла цалком пазытыўную роль у тварэньні й падтрымліваньні беларускай нацыянальнасьці, асабліва ў часе панаваньня над Беларусяй расейскіх цароў. Можна нават сказаць, што гэтая роль лацінскага ў Беларусі хрысьціянства, у граніцах пэўне ж сваіх сіл і разьмераў, была ў некаторым значэньні больш выразнай і рашучай, як праваслаўе, а нават і як унія. Справа вось у чым: мова стара баўгарская, якая пазьней, дзеля свайго чыста рэлігійнага служэньня, стала называцца царкоўна-славянскай, у якой у Беларусі сьпярша, бадай, выключна пашыралася хрысьціянства, была ў некаторым значэньні на перашкодзе жывой народнай беларускай мове. І гэта сусім зразумела й натуральна: гэная мова сьпярша дужа мала розьнілася ад мовы беларускага народу на зары яго гістарычнага жыцьця. Узноў жа пазьней, калі жывая народная беларуская мова разьвілася больш, а мова стара баўгарская сталася мовай няжывой, мовай толькі рэлігійнага культу, то й тады й аж да апошняга часу ня сталася цалком незразумелай, яе й сяньня беларус у Службе Божай крыху разумее. І вось жа гэта разуменьне гэнай старой і чужой мовы бязумоўна шкодна адбівалася на мове народнай. Беларус прывыкаў у жыцьці царкоўным абходзіцца без сваей народнай мовы й гэтым бязумоўна нясьведама прычыняўся да стрыманьня яе разьвіцьця.

Сусім што іншае спатыкаем у беларусаў лаціньнікаў: яны, не разумеючы нічога ў лацінскай літургіі, мусілі мець нейкае яе тлумачэньне ў народнай мове, а так жа ў гэтай мове й усякае дадатковае набажэнства. Нават і казаньні да беларусаў лаціньнікаў мусілі гаварыцца ў народнай мове, бо ж лацінскіх тэкстаў яны разумець не маглі, тагды як пропаведзі беларусам праваслаўным і уніятам звычайна перасыпаліся старой баўгаршчынай, што нават дзеецца й сяньня.

І сяньня беларусы каталікі-лаціньнікі ў сваіх рэлігійных друках чысьцейшай беларускай народнай мовы ўжываюць, як праваслаўныя й нават як уніяты. Аб'ясьняецца гэта тым, што лаціньнікі да свайго языка нічога ня могуць дамяшаць (можа толькі крыху полёнізмаў, як нешта неабходнае й патрэбнае толькі часова), а праваслаўныя ніяк ня могуць абараніцца ад стара-славянскага й часта дужа да яго збліжанага языка расейскага.

Вось жа гэткі характар лацінізму сярод беларускага народу спрыяў цалком пазытыўна разьвіцьцю беларускай нацыянальнасьці й часта быў моцнай яе апорай. Апрача ж гэтага лацінскае хрысьціянства ў Беларусі было часта апорай беларускай нацыянальнасьці, дзякуючы так жа сваей арганізацыйнай структуры: кананічная залежнасьць ад Апостальскай Сталіцы, у сутнасьці наднацыянальнай і нязьвязанай нацыянальна з ніякай дзяржавай, чаго ніяк ня можна сказаць аб праваслаўі, доказам чаго царскае паняволеньне цэрквы, а апошнім часам спробы стварэньня польскага праваслаўя.

Але пачнём з пачатку. Беларусы-лаціньнікі, у большай ці меншай меры, але заўсёды ўжывалі ў сваім рэлігійным жыцьці апрача літургічнай лаціны так жа й сваей народнай мовы. Гэтак было за часаў літоўскай дынастыі, гэтак і пазьней - аж да канца ст. XVII, калі беларускі язык у Вялікім Княстве Літоўскім перастаў быць урадавым і сьпярша (1697 г.) фармальна, а пасьля й фактычна быў заменены польскім, хоць так жа, як убачым далей, не цалком і ня ўсюды.

На пачатку беларуска-літоўскага пэрыяду гісторыі, калі ўжо каталіцтва лацінскае ў Беларусі паяўлялася масава, была ў ужыцьці й беларуская мова. У XV ст. ужо была нават і беларуская каталіцкая літаратура.

Успомнім хоць найбольш ведамую, як: аб Муцы Хрыстовай, Повесьць аб трох каралёх, Плач Маткі па Сыне, Аб ускрашэньні Хрыстовым, Бяседы Грыгора Папы Рымскага, Імша ў чэсьць Маці Божай з тлумачэньнем. Кніжкі гэтыя пісаны рукой, славянскімі літарамі. Мова іх жывая, абразовая й чыста беларуская.

У кнізе: "Materjaly do dziejow Akademji Polockiej i szkol od niej zaleznych" спатыкаем вестку, што адзін з Полацкіх езуітаў у другой палавіне XVI сталецьця, айцец I. Алянд, навучыўшыся мовы беларускай, гаварыў у гэтай мове народу казаньні й катэхізаваў яго.

Гісторыкі школ у нашым краі Лукашэвіч і Харламповіч, апіраючыся на штогодных справаздачах езуітаў аб іх установах ("Litterae annuae" з XVI-XVII ст.), у сваіх працах цьвердзяць, што ў езуіцкіх школах вучылі мовы народнай, што ў гэтай мове пяялі рэлігійныя гымны й што сярод беларускага народу па касьцёлах карысталіся мовай беларускай.

У Віленскай Езуіцкай Академіі, як відаць з апісаньня 1645 г. езуітам у Вільні жыцьця й сьмерці сьв. Езафата, вучылі мовы беларускай.

Існавалі ўжо катэхізмоўкі як падручнікі для навучаньня каталіцкай рэлігіі па беларуску. І так у 1585 г. у Вільні быў выданы катэхізм, пераложаны з лацінскай на беларускую мову. Езуіт Поссэвін, які ў Беларусі й у Расеі працаваў над спалучэньнем праваслаўя з Каталіцкім Касьцёлам, у 1587 г. пісаў да папежа, што абавязкава трэба ператлумачыць рэлігійныя кнігі на родную мову народу, аб выданьні каторых ён сам будзе старацца ў Вільні. Вось жа, відаць, успомнены катэхізм і быў надрукаваны як вынік захадаў Поссэвіна й празначаны як для абслугі беларусаў-каталікоў, так і для пашырэньня каталіцтва сярод праваслаўных. Катэхізм гэты пісаны кірыліцай.

У XVI ст., з невялікімі выняткамі, блізу ўсе вышэйшыя пасады ў каталіцкім (лацінскім) Касьцеле ў нашым краі (у Віленскай дыэцэзіі) пераважна займалі беларусы й літоўцы. Ад пачатку існаваньня ў нас Касьцёла аж да XVII ст. усіх каталіцкіх біскупаў у Вільні было 18 чалавек; зь іх першы, трэці й чацьверты - палякі, а рэшта літоўцы й беларусы.

У канцы XVI ст. Віленская Капітула (Біскупская рада) спрацівілася каралю й папежу з прычыны назначэньня на віленскага біскупа паляка Б. Мацееўскага. Справа цягнулася ад 1591 да 1600 г. У 1600 г. назначаны быў краёвец Война. Гавораць аб гэтым акты Віленскай Капітулы. З тых жа актаў відаць, што на Сойме ў Вільні 1597 г. паслы нашага краю (літоўцы й беларусы) баранілі права мець біскупам у Вільні чалавека сваей народнасьці.

Праз XVI і пач. XVII ст. каталіцкае лацінскае духавенства ў Беларусі ў урадавай і прыватнай перапісцы карысталася мовай беларускай. Каралеўскі прывілей, у 1567 г. дадзены Віленскай Капітуле, напісаны па беларуску.

Ад канца XVII ст. (1697), асабліва ж у ст. XVIII, мова беларуская ў жыцьці рэлігійным лаціньнікаў (уніятаў) усьцяж агранічваецца, усьцяж спыняецца на карысьць мовы чужой народу польскай, але цалком з сьвятыняў ня выводзіцца й астаецца там надалей.

У 1682 г. віленскі біскуп Ст. Пац загадаў у нядзелі й сьвяты выясьняць Эванэлію, або выкладаць катэхізм "па-просту". А лёгка дадумацца, што вучыць па-просту - гэта знача па беларуску й па-літоўску.

У 1742 г. папеж Бэнэдыкт ХІV бульляй "Etsi Minime" загадаў духавенству зьвярнуць асаблівую ўвагу на навучаньне народу праўдаў сьв. веры. У зьвязку з гэтым загадам віленскі біскуп Зенковіч склікаў дыэцэзальны Сынод, які адбыўся ў віленскай катэдры 10.ІІ і 12.ІІ. Сынод між іншым пастанавіў гаварыць да народу навукі паводле старога звычаю ў народнай мове.

З другой палавіны ХVІІІ ст. дайшлі да нас так жа беларускія рэлігійныя паасобныя песьні, як "O, мой Божа, веру Табе", а так жа зборнік такіх песьняў пад загалоўкам: "Kantycka, abo nabozne piesni w narzeczu polockim" (Polock, w drukarni Soc. Jezu, 1774 r.), уложаная, як відаць, і выданая полацкімі Езуітамі.

У канцы XVIII ст., ужо пасьля падзелаў Польшчы (1772, 1793, 1795), калі Беларусь адыйшла да Расеі, у 1794 г. Магілёўскі лацінскі арцыбіскуп Богуш-Сестранцэвіч выдаў да падуладнага сабе духавенства, у якім кажа, "Wszystkim w Archidyecezji plebanom zalecic i zaleca sie, aby ludowi tym jezykiem, jaki on rozumie, po skonczonym nabozenstwie z ambon po kosciolach kazania miewali" 30 .

Такім чынам, як бачым, ад пачатку ў Беларусі хрысьціянства, то ў большай меры, то ў меншай, аж да канца XVII ст., беларуская мова ў каталіцкіх сьвятынях лацінскіх ужывалася даволі шырока. Ужывалася яна так жа, як трэба судзіць з загадаў тагочаснай духоўнай улады, у тых жа сьвятынях лацінскіх праз увесь XVIII век, хоць ужо ў агранічанай меры.

Век жа XIX агулам для мовы беларускай у сьвятынях - асабліўшы. У ім вялася заядлая барацьба палітыкі польскай і расейскай за ўплывы на беларускую мову, беларускую душу й культуру.

Галоўнай, аднак, апорай беларускай народнасьці ў XIX ст. была унія, бо да яе належыла вялізарная большасьць народу, а да лацінства толькі частка. Беларускі народ такім чынам згуртаваўся каля Уніяцкай Цэрквы як каля сваей галоўнай і адзінай духова-нацыянальнай апоры. І не памыліўся. Яна гэткай для яго была сапраўды. Відаць гэта дужа выразна падчас касаваньня уніі ў 1839 г. Касаваньне яе было такое ж, як і заводжаньне: - рабілася гэта прымусам, сілай, нават часта звычайным гвалтам. За 243 гады існаваньня ў Беларусі уніі - унія гэта сталася сапраўды беларускай нацыянальнай цэрквай, верай бацькоў, мужыцкай, сялянскай верай. Народ зь ёй зжыўся. І так, як яму балела, калі ад яго забіралі Праваслаўе, так цяпер няменш балела, калі гвалтам забіралі ягоную уніяцкую, "рускую" веру.

Урэшце сталася. Хрысьціянства ў Беларусі й усходняе (праваслаўе) й заходняе (каталіцтва) ў XIX ст., не гаворачы аб ранейшым часе, ужо было звычайным прыладзьдзем польскасьці й расейскасьці. Аднак, як ня дзіўна, знайшлася частка хрысьціянства, якая рабіла далей тую ж самую работу адносна беларускай нацыянальнасьці, што й даўней, - была сродкам, хоць слабым, няпрыкметным і кволым, але сродкам спалучэньня й тварэньня беларускай нацыянальнасьці. Праваслаўе гэтым ня было. У той час гэтым яно й быць не магло. Яно было цалком падпарадкавана царызму й расейскаму нацыяналізму й імпэрыялізму. Уніі нястала, яна была сілай зьмецена з паверхні зямлі. Гэтым "цудоўным" сродкам - часткова й нязначна - было лацінскае каталіцтва, наколькі яно вырывалася з абоймаў польскага нацыяналізму. А вырывацца з гэных абоймаў яно пакрысе магло, бо цэнтрам яго не пераставаў быць Рым, Апостальская Сталіца, як пункт наднацыянальны, як пункт, якога цалком паканаць і абняць няздольны ніякі мясцовы нацыяналізм. Вось жа гэная наднацыянальнасьць каталіцтва агулам давала беларускай нацыянальнасьці сякую-такую змогу быць хоць слабенькай апорай насупроць польскасьці. Ані няспрыяючыя варункі гістарычныя, ані спрыт польскае палітыкі, ані магутнасьць Расейскай Імпэрыі ня здушылі цалком і не замарылі на сьмерць нашай мовы. Зьбярог яе ў грудзях сваіх народ наш і, колькі мог памагчы ў той час, памог захаваць яе Касьцёл Каталіцкі. Ён, будучы вольны ў сваей арганізацыі, маючы свой цэнтр на скале Пятровай у Рыме, незалежны ад усякай сьвецкай палітыкі, з вышыні Апостальскай Сталіцы, з міласьцяй маткі апякуецца кожным народам, кожнай душой чалавека й яго патрэбай духовай. Дык вось, у Касьцеле Каталіцкім мова наша, хоць у дужа малой меры дзеля цяжкіх варункаў палітычна-грамадзкіх, аднак мела сабе яшчэ месца.

1825 год папеж Лявон XII аб'весьціў як год юбілейны. На нашых землях юбілей гэты быў сьвяткаваны ў наступным 1826 г. Галоўным кіраўніком юбілею ў Беларусі быў домініканін Корнэлі Рапчынскі, які ўмеў па-беларуску. Юбілей гэты адпраўлялі разам лаціньнікі й існуючыя яшчэ уніяты. Аб працах юбілейных агулам і аб мове, у якой гаварылі казаньні, усё было запісана ў асобны дзеньнік (Д'яр'юш), які вёў той жа кс. Рапчынскі. У Беларусі юбілей зачаўся ад Полацку 28 лютага й трываў праз цэлы сакавік. Вось жа ў Полацку ў касьцеле францішканскім падчас гэтага юбілею казаньні былі гавораны па-беларуску. Народу бывала гэтулькі, што, як піша кс. Рапчынскі, касьцёл не зьмяшчаў іх.

На правінцыі падчас гэтага юбілейнага году былі так жа беларускія казаньні й па беларуску рахунак сумленьня ў наступных сёлах і местах Беларусі, асабліва Віцебшчыны: у Гарбачэве, у Клясіцах, у Ушачы (былі па беларуску навукі, рахунак сумленьня, а так жа чыталі катэхізм па-беларуску), у Забяле, у Томасіне, у Халапенічах, Мікалаеве, у Таболках.

У Альбрыхтове ў касьцеле, як піша той жа Д'яр'юш, па ражанцы канторка, умеючая чытаць, на палавіну сьпяваючы, гаварыла з народам катэхізм па-беларуску, які ўсе добра ўмелі.

У 1835 г. у Вільні выходзе "Krotkie zebranie nauki chrzescianskiej dlia wiesniakow mowiacych jezykiem polsko-ruskim wyznania rzymskokatolickiego" з апрабатай віленскага каталіцкага (лацінскага) біскупа I. Б. Клонгевіча й з дазволу сьвецкай улады. Катэхізмоўка гэта, ня гледзячы на яе польскі загаловак і на некалькі польскіх малітваў і на ўспамін аб нейкай польска-рускай мове, на бачынах 24-х напісана даволі чыстай віленска-менскай беларускай мовай.

У 1845 г. у тэй жа Вільні ўзноў выйшаў "Katechizm o czci cesarza Wszech Rossyi, czyli objasnienie czwartego przykazania Boskiego w stosunku do zwierzchnosci krajowej. Za Najwyzszym rozkazem, dla uzycia po szkolach i kosciolach Rzymsko-Katolickich wiejskich wydrukowany. Naklad i druk T. Glusberga ksiegarza i typografa szkol bialorusk. nauk. okr." Частка гэтага катэхізму напісана па-беларуску. Бачыць яго нам не ўдалося. Судзячы з загалоўку (даволі дзіўнага) і з выдаўца, належа думаць, што друк гэты выданы ўрадам або блізкімі да яго людзьмі. Аднак аб патрэбе нашай мовы ў жыцьці рэлігійным і аб ужывальнасьці яе ў гэтым жыцьці, прынамсі ў пэўнай меры, і ён гавора.

У 1862 г. выйшаў "Elementarz dla dobrych dzietok katolikou", друкаваны ў Варшаве, з апрабатай духоўнай і з дазволам сьвецкай улады. Усе 40 старонак друкаваны па-беларуску. Апрача кароценькага лемантара, зьмешчаны ў ім каталіцкі катэхізм, пацеры, некалькі малітваў, песьня "O moj Boza, vieru Tabie" і ў канцы "tablicka mnozenia". Мова беларуская даволі чыстая, дужа падобная да мовы ў катэхізмоўцы з 1835 г., а магчыма, што тая самая.

Помнячы, што ў гэтым часе беларускіх кніжак лацінкай друкаваць ня можна было, можна дагадацца, што духоўныя ўлады прапхнулі гэты "Elementarz" праз расейскую сьвецкую цэнзуру як польскі, друкуючы яго лацінкай.

З успомненых друкаў агулам бачым, што ў тым часе адчувалася патрэба вучыць праўдаў веры каталікоў беларусаў у іх роднай мове. Дзеля гэтай жа мэты й былі друкаваны гэныя катэхізмы.

У 1866 г. у часапісе "Вђстник Зап. Россіи" К. Говорскі піша, што зь беларускай літаратуры яму ведамы катэхізм, навукі парафіяльныя ды пяць-шэсьць песьняў рэлігійнага зьместу. Пэўне ж, гутарка тут аб беларускай літаратуры каталіцкай, бо праваслаўнай падобнай па беларуску цалком не дапускалася.

У 1866 г., калі ўрад расейскі ўжо рабіў спробу ўвядзеньня ў касьцёлы расейскай мовы, група ксяндзоў беларусаў з Магілёўшчыны й Віцебшчыны зьвярнулася з просьбай да ўраду аб дазвол ператлумачыць ім агульна ўжываныя казаньні Філіпэцкага й Белабрэскага на беларускую мову. Тагочасны генэрал-губэрнатар нашага краю К. П. фон Каўфман (1865-66) уважаў, што казаньні трэба гаварыць у касьцёлах не па-беларуску, а па-расейску. Обэр-пракурор Сыноду гр. Д. А. Толстой зьвярнуўся ў гэтай справе з запытаньнем да праваслаўных біскупаў літоўска-беларускага краю. Сынод просьбу гэных ксяндзоў адкінуў. Цікавыя адказы біскупаў праваслаўных Д. А. Толстой пераслаў генэрал-губэрнатару. Найцікавейшы адказ быў русыфікатара Міхала, біскупа Менскага й Бабруйскага. Ён быў праціўнікам беларускай мовы ў касьцеле дзеля таго, што, як пісаў, за часоў паншчыны ў мову беларускую закралася многа слоў і выражэньняў польскіх, дык хто заруча, што ксяндзы будуць гаварыць па-беларуску, а пакрысе будуць адначасна падтрымліваць мову польскую ў касьцеле... "Маю гістарычную падставу - пісаў ён далей, - адносіцца з падазрэньнем да просьбы лацінскіх ксяндзоў ператлумачыць на мову беларускую казаньні. Езуіты, асеўшы ў гэтым краі, сьпярша вучыліся мовы народнай і зь ёй зводзілі праваслаўных..."

Цікава так жа адзначыць, што ў гэтым жа 1866 г. успомненыя вышэй каталіцкія ксяндзы з Магілёўшчыны й Віцебшчыны, якія прасілі ўладу пазволіць ім тлумачыць на беларускую мову казаньні польскія, просьбу сваю між іншым падтрымліваюць тым, што ў іх часе ў нашым краі многа дзе казаньні па касьцёлах ксяндзы гаварылі па-беларуску.

Не адрэчы тут будзе так жа ўспомніць і аб Санчыкоўскім. Быў гэта каталіцкі (лацінскі) ксёндз у Меншчыне, з паходжаньня беларус, які, забыўшыся аб сваім ксяндзоўстве й аб сваім народзе, надта сардэчна дапамагаў і дараджаў на працягу пару дзесяткаў гадоў (1860-1880) царскаму ўраду ў справе замены ў касьцеле мовы польскай мовай расейскай. Аднак з працы Жыркевіча "Из-за русскага языка" выглядае, што Санчыкоўскі сам сябе лічыў беларусам, з народам гаварыў па-беларуску, а так жа часта па-беларуску гаварыў казаньні ў касьцеле.

Быў гэта ў значнай меры кар'ерыст і заблудзіўшы самалюб, які калі і ўспамінаў аб патрэбе ў жыцьці касьцельным мовы беларускай і калі й сам гэтай мовай гаварыў, дык, судзячы зь яго супрацоўніцтва з урадам, была гэта толькі тактыка, часовы русыфікатарскі манэўр, які нядвузначна імкнуўся да ўвядзеньня ў жыцьцё рэлігійнае каталікоў беларусаў мовы не беларускай, а расейскай.

Санчыкоўскі - паслушнае аружжа русыфікацыі Беларусі ў руках расейскага ўраду. Дапамагалі яму стаць на гэту дарогу тагочасныя палітычна-грамадзкія варункі на Беларусі. У значнай меры Санчыкоўскі - дзіця трагедыі свайго часу.

Аднак, ня гледзячы на схаваныя пляны ў працы Санчыкоўскага што да мовы ў касьцеле, няма падстаў ня верыць яму, што як ён сам, так і многія іншыя ксяндзы ў ліку 46, як ён кажа, у ваднэй толькі Менскай дыэцэзіі, сапраўды шмат дзе карысталіся ў казаньнях да каталікоў беларусаў мовай беларускай. Трэба так жа думаць, што вышэйшая духоўная ўлада, калі сапраўды бачыла ўжываньне тады ў касьцёлах мовы беларускай, мовы роднай народу, а не расейскай, гэтаму прынамсі афіцыяльна не працівілася, як не працівіўся гэтаму, а нават радзіў, магілёўскі арцыбіскуп Сымон.

Тым больш праўдападобныя цьверджаньні аб мове беларускай у касьцеле Санчыкоўскага, бо і ў архіве канцэлярыі віленскага генэралгубэрнатарства (1867-70) ёсьць сьпісы ксяндзоў, гаворачых па касьцёлах беларускія казаньні.

Але найлепшымі гэтага довадамі служаць дакумэнты. Затрымаемся тут над імі бліжэй. Кс. праф. Ал. Навіцкі (Латвія) у сваім часе перадаў Бел. Каталіцкаму Выдавецтву ў Вільні рукапісныя беларускія каталіцкія казаньні.

У гэным рукапісе спатыкаем чатыры казаньні ў чатырох сшыткох, пісаныя на палавіне канцэлярыйнага аркуша на абедзьвюх бачынах. У адным сшытку на 64-х бачынах памешчана навука на 17-ю нядзелю па Зялёных Сьвятках 31 . На першай бачыне зазначана, што навука гэта гаворана была ў 1860 і 1864 г. у Посіне, 1863 г. у Лянцкороне,1868 г. у Савэйках, 1870 і 1872 г. у Ульле.

Другі сшыток на 72-х бачынах зьмяшчае казаньне на дзень Непавіннага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Гаворана яно, як відаць з зацемак так жа на першай бачыне: 1865 і 1867 г. у Лянцкороне, 1871 і 1872 г. у Ульле.

У трэцім сшытку на 40 бачынах напісана казаньне на ўрачыстасьць Божага Цела, гаворана 1861 і 1863 г. у Посіне, 1866 і 1869 г. у Лянцкороне і ў Савэйках, 1870 і 1872 г. у Ульлі.

Чацьверты сшыток становіць казаньне на Дзень Задушны, напісанае на 32 бачынах і гаворана ў 1862 г. у Посіне, 1868 г. у Лянцкороне, у 1870 і 1872 г. у Ульле.

Усе гэныя меснасьці знаходзяцца ў быўшай Віцебскай губэрні. Вылічаныя гады, меснасьці й дні, калі якое казаньне было гаворана, надпісаны па-польску, як відаць зь пісьма, пазьней, але тэй самай рукой, што й самыя казаньні.

Цытаты зь Сьвятога Пісаньня, з Айцоў Касьцёла ці якія іншыя паданы так жа па-польску. Рэшта ўсё пісана па-беларуску.

Як бачым, былі ў Каталіцкім Касьцеле на беларускіх землях праўдзівыя пастыры, якія і ў гэныя цяжкія гады патрапілі быць блізка да народу й карыстацца яго мовай у сьвятынях.

Патрэбу карыстаньня роднай мовай у Касьцеле разумела няраз тады так жа й вышэйшае каталіцкае духавенства. Так, напрыклад, калі пад канец XIX ст. барацьба царскіх урадаў з польскай мовай па касьцёлах дужа завастрылася, магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Сымон запрапанаваў ураду згадзіцца завесьці ў Касьцёл у беларускіх парахвіях замест расейскай мову беларускую, мову родную народу. З прычыны гэтай прапановы пачалася перапіска між урадам і Апостальскай Сталіцай. У выніку гэтай перапіскі папескі сакратар кардынал Рампольля ад імя папежа Лявона XIII паведаміў арцыбіскупа (ужо Казлоўскага), што Апостальская Сталіца дае яму права дазволіць пробашчам карыстацца ў казаньнях мовай беларускай там, дзе карыстаецца гэтай мовай народ. Дакумант гэты падпісаны 8.V.1897 г. за № 37,522.

Праўда, з найвышэйшага гэтага дазволу, мусіць, мала хто скарыстаў, бо арцыбіскуп Казлоўскі з аднаго боку, баючыся русыфікацыі й праваслаўя, а з другога - рахуючыся з напорам польскага грамадзянства й духавенства, якое агулам стаяла толькі за мову польскую ў Касьцеле, не дапускаючы туды ані мовы беларускай, ані літоўскай, у жыцьцё гэнага дазволу Апостальскай Сталіцы ня ўвёў.

Аднак дакумант гэты мае для нас вялікае значэньне. Ён яшчэ раз, ужо лішні раз, сьцьвярджае тую праўду, што адносіны сьв. Айца да кожнага народу - гэта адносіны сапраўды бацькаўскія, што кожная мова мае поўнае права ў каталіцкай сьвятыні й што калі дзе да гэтага не даходзе, дык гэта дзеецца з прычын пераважна палітычных, з прычын цалком незалежных ад Апост. Сталіцы.

Але маем яшчэ так жа падставу цьвердзіць, што і ў апошнім дзесятку XIX ст. і па ім беларускія казаньні дзе-нядзе па каталіцкіх касьцёлах Беларусі былі гавораны. Цьвердзе аб гэтым Д. Н. Чіхачев у сваей кніжцы: "Вопрос располяченія Костела", а ўрэшце аб гэтым у беларускім народзе ёсьць яшчэ жывыя традыцыі. Так, напрыклад, старэйшыя ксяндзы магілёўскай дыэцэзіі расказваюць, што ў канцы XIX ст. і аж да часу выбуху сусьветнай вайны ў некаторых парахвіях беларускіх агулам, асабліва ж Віцебшчыны й Магілёўшчыны ўсьцяж гаварыліся беларускія казаньні.

Ведамы адзін з піонэраў беларускага руху кс. Фр. Будзька (†1920), з магілёўскай дыэцэзіі, які быў дужа блізка да магілёўскага біскупа Данісэвіча, беларуса, - расказаваў мне, што казаньні беларускія й песьні рэлігійныя беларускія былі ў Ульле (Віцебшчына), у Фашчоўцы (Магілёўшчына) і ў іншых мясцох Беларусі аж да апошніх дзён.

Гэта былі адны, казаў бы, з ручайкоў, якія несьлі на сваіх немногаводных фалях нашу мову з касьцельнага зацішша ў шырокія воды беларускага Адраджэньня ХХ ст.

Словам, у найцяжэйшы час для беларускай нацыянальнасьці адзінай апорай яе аказалася ўсё ж такі хрысьціянства. Агулам, хрысьціянства па сваей натуры ёсьць такім, аб якім трэба сказаць наступнае. Ня гледзячы на тое, ці яно польскае ці расейскае ў значэньні палітычным, у значэньні тэй чужой мовы, якой яно змушана да беларусаў прамаўляць, і ня гледзячы на тыя чужыя народу тэндэнцыі, якія яно часта змушана праводзіць, - усё ж такі ў некаторай меры не перастае быць апорай беларускай нацыі й сродкам яе консолідацыі й супольнасьці. А гэта затым, на маю думку, што вобак з чужымі ідэямі й чужой мовай яно вырабляе й закрапляе праз блізкія між вернымі, сардэчныя духовыя суадносіны адзінства, блізкасьць, сваяцтва, а так жа асьвячае гэта павагай Божай. Чужая афіцыяльна форма так афіцыяльнай і астаецца, а гэная блізкасьць, гэныя традыцыі, гэная ўзаемная супольнасьць і адзінства самі праз сябе народ консолідуюць і надаюць яму беларускі нацыянальны стыль. Ведама, гэткага характару творывам беларускай нацыянальнасьці ня можа мець ніякая іншая сьвецкая грамадзкая ўстанова.

Калі прыйшоў аканчальны заняпад беларускага народу: заняпад палітычны й культуральны, як на дзіва - прыйшло й адраджэньне. Да зярнятак апоры беларускай нацыянальнасьці безпасрэдна хрысьціянскай далучыліся пасрэдныя - рамантызм. На пачатку XIX ст. у Эўропе рамантызм пачаў новую эру людзкой думкі. У палавіне гэтага сталецьця рамантызм дакаціўся й да Беларусі. Сутнасьць яго ў тым, што запладняць людзкую думку ў галіне літаратуры, а так жа й грамадзкага жыцьця пачало пачуцьце, мінуўшчына, нацыянальнасьць. Ідэалы гэтыя заактуалізавала француская рэвалюцыя, а жаўнеры Наполеона разьнесьлі іх па ўсей Эўропе. Такім чынам дайшлі яны й да Беларусі. А сутнасьць рамантызму як жа многа мае супольнага з хрысьціянствам!

Урэшце ручайкі беларускага хрысьціянскага нац. адраджэньня зьліліся з агульным ручаём і сталіся ракой сучаснага агульнага беларускага нацыянальнага руху. Хрысьціянства такім чынам сваю адвечную роль адносна бел. нацыі споўніла. Спаўняе яе, як убачым, і сяньня.

(Літаратура: Abraham i Fiolek (як у разьдзеле XI) Prof. Dr. Wl. Abraham - Polska a Chrest Litwy (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Dr. J. Fialek - Uchrzescijanienie Litwy przez Polske (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Ad. Stankevic - Rodnaja mova u sviatyniach. Vilnia, 1929. ; В. Ластоўскі - Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. )

ХIII. Хрысьціянства й сучасны адраджэнска-вызвольны пэрыяд беларускай гісторыі (XX ст.)

Беларуская сучаснасьць, Фр. Багушэвіч і акт 25.III.1918. Беларускі хрысьціянскі рух у параўнаньні з нехрысьціянскім. Галоўныя акты беларускага хрысьціянства. Хрысьціянства - апора нацыянальнасьці. Папскія энцыклікі і камунізм, нацыяналізм, расізм і фашызм. Вл. Соловьев, Каррэль. Народ - частка чалавецтва. Хрысьціянства - простая, стройная і пэўная дарога беларускага народу.

Астаецца ўрэшце глянуць нам на роль хрысьціянства адносна беларускага народу ў сучаснасьці. Гэты пэрыяд гісторыі беларускага народу можна назваць пэрыядам адраджэнска-вызвольным. Праўда, зародкі адраджэньня нашага з заняпаду ўжо спатыкаюцца ў першай палове - і раней - XIX ст., але гэта былі яшчэ сапраўды толькі зародкі, рамантычныя лятуценьні. Няма там яшчэ сьведамага нацыянальнага элемэнту, а толькі пачуцьцёвасьць, рамантычнасьць. Сьведама нацыянальны элемэнт у беларускае адраджэньне прынёс Фр. Багушэвіч у прамове да сваей "Dudki" 32 . Там ён сказаў аб беларускім народзе ўсё. Як ён прагаварыў аб беларусах, так да яго яшчэ не гаварыў ніхто. Ён там сказаў: беларусы - гэта асобны народ і, як усе іншыя, мае права на сваё самабытнае й самастойнае існаваньне. Вось жа ад Багушэвіча, ад яго "Dudki", або проста ад самага пачатку XX ст. можна пачынаць лічыць гэты апошні найнавейшы пэрыяд гісторыі беларускага народу, пэрыяд, як ужо сказана, адраджэнска-вызвольны.

Нацыянальны беларускі прынцып у сучасным разуменьні падчоркнуў Фр. Багушэвіч. Гэты ж прынцып асабліва сільна зактуалізаваўся падчас сусьветнай вайны й вялікай расейскай рэвалюцыі. Вялікую, гістарычную ў гэтым кірунку адыграў роль акт 25.ІІІ.18, акт абвешчаньня Радай Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнасьці Беларусі. Як загаварыў гэны акт, так да яго аб Беларусі дагэтуль яшчэ не гаварыў ніхто. У гэтым жа духу, у гэтым кірунку й ідзе далей сяньня беларускі адраджэнска-вызвольны рух. 25.ІІІ.18 - гэта сымболь гэтага руху.

Якая ж у гэтым сучасным беларускім нацыянальным руху роль хрысьціянства? Вось жа вобак з іншымі кірункамі й дзейнікамі гэтага руху разьвіваецца й дзеіць так жа й кірунак хрысьціянскі й імкнецца да таго ж агульна беларускага нацыянальнага ідэалу. А нават можна сказаць, што гэты хрысьціянскі кірунак у сучасным беларускім нацыянальным жыцьці часта й перавышае кірункі іншыя. Нехрысьціянскія кірункі ў беларускім жыцьці часта ломяцца, рвуцца, паўстаюць і ўпадаюць, а то й сусім заміраюць, не пакідаючы па сабе паважнага сьледу, ня творачы традыцыі й мала або і сусім не прычыняючыся да большай кансалідацыі й умацаваньня беларускай нацыянальнасьці. Хрысьціянскі кірунак, як паказвае гісторыя і сучаснасьць, працуе звычайна стала, больш вытрывала, цягла. Добрым гэтага прыкладам можа быць БХД і яе наступніца БНА і агулам уся дзейнасьць беларуская хрысьціянская, як грамадзкая, так і культурная 33 .

Гэткая беларуская хрысьціянская праца пакідае па сабе глыбейшы сьлед, стварае традыцыю і зьяўляецца творчым дзейнікам у кансалідацыі беларускай нацыянальнасьці. Сучасны хрысьціянскі беларускі кірунак, як і, бадай, усе іншыя беларускія нацыянальныя кірункі, - гэта ўжо кірунак беларускі нацыянальна-сьведамы. Гэты кірунак - гэта ўжо яўная антытэза да хрысьціянства ў Беларусі афіцыяльнага - польскага ці расейскага, якое і сяньня яшчэ ёсьць дзейнікам адносна нашага народу антынацыянальным. Беларускае сучаснае хрысьціянства мае такім чынам вялікае, гістарычнае заданьне - асвабадзіць хрысьціянства, даць яму натуральны доступ да беларускага народу, асвабадзіць душу беларуса ад фікцыі хрысьціянскай: ад "польскай" і "рускай" веры, мае заданьне абараніць душу беларускага народу і абараніць цэласьць і адзінства беларускай нацыі.

Гэтулькі можна сяньня сказаць аб сучасным беларускім хрысьціянстве. Але не забываймася, што гэтае беларускае хрысьціянства гэта дужа малая частка хрысьціянства як цэласьці, як такога. І ўсё тое, што дзеецца з гэтым хрысьціянствам агулам, адбіваецца так жа й на духовым жыцьці беларускага народу. Вось жа тыя ўсе адносіны хрысьціянства да розных сучасных праблемаў дужа цэнныя і маюць сваё значэньне й для беларускага народу тым больш, што хрысьціянства носіць у сабе - адвечныя Божыя й агульналюдзкія ідэалы.

Самыя хрысьціянскія прынцыпы, самая гэта навука ёсьць з натуры сваей вялікай маральнай абаронай і апорай нацыянальнага жыцьця агулам, а гэтым самым і беларускага народу. Права на ўласную мову, рэлігію й культуру кожнай нацыі вынікае ня толькі з права прыроднага, але так жа іменна й з навукі хрысьціянскай. Галоўны прынцып хрысьціянскай навукі - гэта прызнаваць, уцьвярджаць і паглыбляць асабовасьць чалавека як першага й адзінага асяродка поступу й культуры. Гэткія адносіны хрысьціянства да людзкой асабовасьці ня нішчаць у ей нічога прыроднага, а знача й яе нацыянальнай асаблівасьці й рознасьці, але гэта ўсё вырабляюць, паляпшаюць, дасканаляць. Такім чынам кожная нацыянальнасьць у сьвятле Хрыстовай навукі ёсьць матарыялам не для нішчэньня яго, але для тварэньня зь яго культурных вартасьцяў.

Апрача гэтай прынцыповай агульнай хрысьціянскай падставы правоў народаў на іх культурна-нацыянальнае разьвіцьцё, у тэй жа хрысьціянскай навуцы ў гэтай жа справе знаходзім нормы ўжо ня толькі характару прынцыповага, але так жа й практычнага. Вынікае гэта з загаду Хрыста навучаць усе народы (Мат. 28, 29), а так жа з факту Дароў Сьв. Духа (Апост. Дз. 2, 4-11), дадзеных апосталам, каб яны мелі магчымасьць апавядаць Эванэлію ў родных мовах розным народам. Дужа дабітна выясьняе гэтую думку хрысьціянства, зь якой гэтулькі дабра плыве й для беларускага народу, вялікі расейскі філёзаф Улаладзімер Салаўёў, які словы Хрыста "навучайце ўсе народы", - па стара-славянску "вся языки" - аб'ясьняе гэтак: "Вся языки - ни один не исключен, но ни один и не назван; ибо отныне уже не теократія пріурочена к одной національности, а к единой теократіи пріурочены все народности. Однако не отвергнуто различіе и особенное значеніе народов; ибо сказано вся языки - не сказано просто: всех людей или весь род человеческій, а все народы. Не к безразличной человеческой толпе, не к смешенію людей посылает Христос своих апостолов, а к целым народам. Словом языки признано національности, словом вся упразднен націонализм" 34 .

Пад словам нацыяналізм Салаўёў, як бачым, разумее нацыянальны эгоізм, па-сяньнешняму - нацыянальны таталізм, фашызм, расізм.

Так, з самых прынцыпаў хрысьціянства яўна выплывае права кожнага народу на яго нацыянальнае жыцьцё й асуджэньне нацыянальнага эгоізму. Але відаць гэта так жа з пазытыўнага адношаньня да падобных фактаў хрысьціянскіх афіцыяльных дзейнікаў.

Аб камунізме няма тут чаго й гаварыць. Ён, адкідаючы Бога, хрысьціянства, асабовасьць чалавека і яго душу, кансэквэнтна адкінуў так жа й нацыянальнасьць і ў сьвятле Эванэліі асудзіў сам сябе. Асудзіла яго неаднакратна й Апостальская Сталіца й усё агулам хрысьціянства.

Рознага роду расізмы, фашызмы й скрайнія нацыяналізмы, розным спосабам маскуючы свой праўдзівы воблік, ад гэткага афіцыяльнага асуджэньня доўга хаваліся. Але ўрэшце прыйшло гэта й на іх. Паслухаем, што кажа сьв. Айцец Пій XI у энцыкліцы "Mit brennender Sorge" - з пякучым клопатам - аб расізме: ..."Хто згодна з думкай уроеных старагерманскіх і прадхрысьціянскіх вераваньняў асабістага Бога заступае панурым неасабістым лёсам, - пярэча мудрасьці й Агляду Божаму. Хто расу або народ, або дзяржаву, або пэўны лад дзяржавы, або прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, або якую-небудзь іншую засаднічую вартасьць людзкой грамадзкасьці - займаючай бязсумніўна істотнае й годнае месца ў парадку натуральным - з гэтай герархіі вартасьцяў вылучае, да найвышэйшай нормы рэлігійнай падносіць і пабалвахвальску абагаўляе, той адварачвае й фальшуе натуральны парадак, створаны Богам... Толькі павярхоўны розум можа трапіць у памылковы домысл народнага бога або народнай рэлігіі. Толькі гэткі розум можа адважыцца на шалёную думку замыкаць Бога ў граніцах аднаго народу, у этнічнай цяснаце аднэй расы, таго Бога, які ёсьць Тварцом Сусьвету, Валадарам і Правадаўцам усіх народаў... У Эванэліі Ісуса Хрыста аб'ява асягнула найвышэйшую й назаўсёды абавязуючую норму. Гэтая аб'ява не дапускае ніякіх паправак рукі людзкой і не прызнае ніякіх падробак або заступніцтва іншымі самазваннымі "аб'явамі", якія некаторыя павадыры сучасныя высноўваюць з так зв. міту крыві й расы"...Ня менш ёсьць важным у гэтым самым сэнсе й выступленьне Кангрэгацыі сэмінарыяў і унівэрсытэтаў проціў тэорыі расізму. У лісьце з 13.ІV.38 да ўсіх рэктараў каталіцкіх унівэрсытэтаў. Кангрэгацыя радзіць ім, карыстаючыся памагчымасьці доказамі з біолёгіі, гісторыі, філёзофіі, аполёгетыкі, права і этыкі, бароцца з наступнымі фальшывымі расістоўскімі тэзамі:

1) расы людзкія сваей уроджанай і нязменнай прыродай так многа розьняцца між сабой, што між найніжэйшай зь людзкіх рас і вышэйшай расай ёсьць большая розьніца, як між тэй найніжэйшай расай і вышэйшым гатункам зьвярат;

2) сілу расы й чыстату крыві трэба зьберагаць і паддзержаваць за ўсякую цану; усё, што толькі вядзе да гэтай мэты, ёсьць добрае й дазволенае;

3) з крыві, у якой месьціцца сутнасьць расы, выплываюць, як з найдасканальнейшай крыніцы, усе духовыя й маральныя прыкметы чалавека;

4) найважнейшая мэта выхаваньня - гэта разьвіваць сутнасьць расы і разаграваць душы гарачай любоўю да ўласнай расы, што ёсьць найвышэйшым дабром;

5) рэлігія ёсьць падпарадкавана праву расы і мусіць дастасавацца да гэтага права;

6) першай крыніцай і найвышэйшай меркай праўнага ладу - гэта расовы інстынкт;

7) няма нічога, акрамя аднаго космосу, аднаго ўсесьвету, аднаго жывога быту; усе рэчы, разам з чалавекам, гэта нішто іншае, як толькі рознародныя формы - праявы гэтага жывога ўсесьвету - явішчы, што разьвіваюцца ў часе доўгіх пэрыядаў;

8) людзкія адзінкі існуюць толькі дзякуючы дзяржаве й для дзяржавы, усякае іхнае права мае аснову ў факце, што гэтае права выдала дзяржава.

Ня менш так жа важнае й выступленьне Апостальскай Сталіцы проціў фашызму італьянскага ў канцы ліпня 1938 г. падчас прыняцьця студэнтаў-клерыкаў 37 нацыяў з місыянарскай калегіі Propaganda Fidei, прасьцерагаючы іх прад тэорыяй расізму. Адзначыўшы паняцьце унівэрсальнасьці Каталіцкага Касьцёла, сьв. Айцец востра выступіў проціў напасьцяў на каталіцкую акцыю за тое, што яна ёсьць антырасістоўская й антыфашыстоўская, й заявіў: "ня хочам нікога вылучаць зь сям'і людзкой, унівэрсалізм каталіцкі не выключае нікога дзеля паходжаньня або нацыянальнасьці: увесь род чалавечы ёсьць аднэй унівэрсальнай расай і няма месца на расы спэцыяльныя". Прамову сваю сьв. Айцец закончыў увагай, што праўдзівы расізм можна знайсьці ў калегіі Propaganda Fidei, гдзе "зграмаджаныя разам гадунцы 37-х народаў. Усе яны сыны тэй самай маткі, тэй самай сям'і й усе гадуюцца пры тым самым стале й у тэй самай праўдзе".

І так, як бачым, хрысьціянства проціў сучаснага тотальнага нэопаганізму. Проціў гэтага й сьвятлейшыя адзінкі, прадстаўнікі часта выдатныя навукі. Для прыкладу ўспомнім толькі Karrel'a, ведамага вялікага сучаснага амэрыканскага біолёга, які ў сваей цікавай і галоснай кнізе "Чалавек - нязнаная істота" крытыкуе сяньнешнюю цывілізацыю, у якой чалавек чуецца нявольнікам, падчоркавае рашуча, што апрача інтэлекту, якому сучасны чалавек так аднабока й безаглядна заверыў, цывілізацыя мусіць апірацца так жа на прынцыпах этыкі, эстэтыкі й рэлігіі. Гэта голас адзін з многіх аб тым, што ўсякі эгоізм павінен рэгулявацца альтруізмам і наадварот, бо інакш - руіна грамадзкага жыцьця і нават цэлай цывілізацыі. А каму ж няведама, як магутным тут ёсьць творчым дзейнікам хрысьціянства!..

I беларускага народу дарога да яго сьвятлейшай долі, да яго культурнага нацыянальнага жыцьця вядзе так жа там, дзе эгаізм ня ёсьць добрасьцяй, дзе прызнаецца права асабовасьці "адзінкі чалавека й права асабовасьці нацыянальнасьці. А гэтай дарогай, на наш пагляд галоўнай між іншымі, ёсьць хрысьціянства; хрысьціянства, ведама, чыстае й вольнае ад сьмяцьця дэмагогіі і палітыкі. Знача, хрысьціянства - гэта цэннасьць, якой беларусы павінны трымацца і бараніць і паводле яго жыць і прыватна й публічна.

Гэткі хрысьціянскі шлях павядзе беларускі народ па дарозе штораз большага нацыянальнага аб'яднаньня і кансалідацыі, гэткі наш шлях будзе шляхам нашых беларускіх хрысьціянскіх традыцыяў, так шчыльна зьвязаных зь беларускім жыцьцём, гэта будзе шлях дастойны 950-годняй у нас хрысьціянскай традыцыі, пашанай гэтага вялікага юбілею й парукай нашай сьветлай будучыны.

Хрысьціянства дае народам маральную магчымасьць разьвівацца нацыянальна й будаваць іх нацыянальную самастойнасьць, а з другога боку, ганячы ўсякі нездаровы эгаізм, яно ганіць скрайні нацыяналізм і гэтым самым аблягчае народам іх узаемнае супрацоўніцтва. А гэта ж дарога й беларускага народу... Праўду кажа вялікі Салаўёў: "Народ павінен прызнаць сябе тым, чым ён ёсьць сапраўды, - часткай усебыту. Ён павінен прызнаць сваю салідарнасьць з усімі іншымі жывымі часткамі гэтага цэлага - салідарнасьць дзеля вышэйшых агульналюдзкіх ідэалаў і служыць не сабе, а гэтым ідэалам у меру сваіх нацыянальных сіл і адпаведна да свайго нацыянальнага характару"...

(Літаратура: Энцыклікі Папы Пія XI: проціў камунізму й проціў расізму; Вл. Соловьев - Полн. собр. соч. Т. IV і інш.; A. Maceina Tautinis auklejimas; Ад. Станкевіч - Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня, яго ж - Fr. Bahusevic, Jaho zyccio i praca).

ХІV. Спроба беларускай рэлігійнай, нацыянальнай і культурнай сынтэзы

Рэлігійная разрозненасьць беларусаў. Тэорэтычныя магчымасьці уніі стацца сынтэзай беларускай душы. Права кантрасту ў аб'яднаньні беларускай народнай душы. Фактычнае брацкае сужыцьцё беларусаў, праваслаўных і каталікоў, без націску на афармленьне гэтага. Толеранцыя, супольныя хрысьціянскія вартасьці, апалітычнасьць. Кліч сьв. Аўгустына.

Тут падыходзім да аканчальных выснаваў аб адносінах між хрысьціянствам і беларускай нацыянальнасьцяй. Але ж хрысьціянства цяпер у беларускім народзе не адзінае, а падзеленае на Праваслаўе і на лацінскае і ўсходняе (уніяцкае) Каталіцтва. Вось жа над кожным зь іх затрымаемся і пашукаем такіх адносінаў народу да гэтых хрысьціянскіх, так сабе блізкіх, вызнаньняў, каб гэныя адносіны тварылі беларускую нацыянальную і рэлігійную сынтэзу.

Пачнём ад уніі, якая ў сваей прынцыповай ідэі іменна і носіць гэну сынтэзу.

У рэлігійным жыцьці беларускага народу спатыкаем сапраўды дзіўнае і сумнае зьявішча: адзін і той самы народ верыць у аднаго і таго самага Хрыста Спаса свайго і ў Яго навуку, але верыць і славіць Яго неаднолькава, розным спосабам. Адзін і той самы народ беларускі ў жыцьці сваім рэлігійным раздвоены на праваслаўных і каталікоў, якія інакш завуць свае сьвятыні - адны кажуць цэрква, а другія касьцёл, - якія службу Божую маюць у розных мовах - адны ў стара-славянскай, а другія ў лацінскай, якія слова Божага і звычайнай гутаркі іх духавенства слухаюць так жа ў розных і да таго ў чужых мовах: адны ў расейскай, а другія ў польскай, якія ўрэшце падзелены так жа часткова й верай: для адных - не выклікаючы ўсіх розьніцаў - Рымская Епіскапская Сталіца - гэта, з волі Хрыста, галава сусьветнага хрысьціянства, гэта найвышэйшая ўлада сьв. Цэрквы Ягонай, а для другіх усё гэта такога вялікага значэньня ня мае.

І вось, калі б у беларускім народзе падзел гэты быў толькі вонкавы, а толькі ў самым абрадзе службы Божай, дык гэта было б яшчэ нічога. Але, як бачым, падзел гэны нашага народу ўнутраны, духовы - чужая мова па-за літургіяй у рэлігійным жыцьці народу і розныя некаторыя асновы веры ці яе догмы. А гэта ўжо сусім нядобра.

Праўда, мы да гэтага сапраўды сумнага й дужа для беларускага народу шкоднага зьявішча прывыклі і ўжо мала на яго зварочваем увагі, але гэта тым горш для нас, калі мы ўжо перастаём рэагаваць на падзел Цела Хрыстовага - Цэрквы-Касьцёла, а праз яго на падзел душы беларускай, на той пункт у гэтай душы, дзе спрадвякоў ропіцца то больш раздражненая, то больш загоеная - цяжкая, грозная рана гэтага народу.

Але, на шчасьце, ніколі не бракавала беларусам сьветлых людзкіх адзінак, як сярод духавенства, так і людзей сьвецкіх, якія хварэлі душой над гэтай хваробай свайго народу й якія думалі даўней і думаюць сяньня аб зле гэтага, направе, аб брацкім злучэньні на беларускіх землях дзьвёх часьцін адзінай Хрыстовай цэрквы ў вадну стройную, непадзельную цэласьць.

Сяньня на беларускіх землях ужо, бадай, ўсюды можна пачуць слова унія. Слова гэтае - для многіх прыводзячае трывогу ў душу, многім узноў узбуджаючае ясны прамень надзеі на сьветлую будучыню справы Хрыстовай і народу - сяньня ўжо перадаецца з вуснаў беларускіх у вусны.

Унія, а па-лацінску - unio, як ведаем, знача адзінасьць, аб'яднаньне, злучэньне, брацкае рэлігійнае сужыцьцё беларусаў-праваслаўных і беларусаў-каталікоў пад кіравецтвам Рымскага Першасьвяшчэньніка, пад кіравецтвам Пятровай Апостальскай Сталіцы, як гэта было ў нас напачатку хрысьціянства й як гэта павінна быць заўсёды з волі Хрыстовай.

Пасьля скасаваньня уніі ў 1839 г. першая паважная спроба аднаўленьня яе рабілася ў 1908-9 г. Каля гэтай справы рупіўся тады мітрапаліт украінскай Галіччыны 35 (тады пад Аўстрыяй) і піянэр беларускага сучаснага руху Іван Луцкевіч. У Барысаўскім пав. Менскай губ. быў двор (12 тысяч дзесяцін) графа Тышкевіча, Дзядзілавічы. Двор гэты мітрапаліт А. Шэптыцкі меў адкупіць, распарцэляваць і асадзіць там эмігрантаў украінцаў - уніятаў з Галіччыны. З гэтых эмігрантаў паўстаў бы уніяцкі прыход, які быў бы асяродкам далейшай працы уніятаў у Беларусі. Ужо былі кандыдаты на уніяцкіх сьвяшчэньнікаў лацінскія ксяндзы беларусы: Язэп Зэльба і Вінцэсь Гарасімовіч (абодва ўжо адыйшлі з гэтага сьвету). Царскі ўрад, аднак, да гэтага не дапусьціў, і з гэтых вялікіх і сапраўды цікавых плянаў ня выйшла тады нічога. ("Przegl. Wilenski" 25.VІ.37, аrt. А.L. "Tempora mutantur").

Уніяцкая, аднак, ідэя не замерла й за якіх гадоў 10 пасьля гэтага ўзноў стала рэалізавацца.

Вось прыйшлі для Беларусі часы найнавейшыя. Наступіла вайна, расейская рэвалюцыя, бальшавізм, а за імі ўсьлед прыйшоў падзел Беларусі ў Рызе 20.ІІІ.1921 г. У тэй часьці Беларусі, каторая асталася пад бальшавікамі, дзе спрадвякоў найбольш сільна дзеілі ўплывы "маскоўскага Рыму", хрысьціянства, бадай, сусім збурана. Цэрква ж праваслаўная, будучая ў раз'яднаньні з Рымам, сама ў сабе падзелена на дробныя часткі, хоць бы маральна памагчы гэнай вялікай мучаніцы цэркве расейскай бязсільна. Забірае голас за цэркву-мучаніцу Папа Рымскі, хоць цэрква гэна й не прызнае яго сваей галавою.

У тэй частцы Беларусі, якая паводле гэнага ж Рыжскага дагавору адышла да Польшчы, як на дзіва, узноў пачала аджываць унія, якая ўжо многім выглядала памёршай і аб якой ужо многія сусім забыліся. На ніве аб'яднаньня цэркваў-сёстраў у нашым краі паявілася многа апосталаў-місыянараў, а сярод якіх спатыкаем так жа й беларусаў.

І так, пасьля сотні гадоў ад часу скасаваньня расейскім царом на нашых землях царкоўнай уніі, яна ўскрасае тут нанова. І дзіва! ускрасае на нашых землях унія, - як яна жыла й гінула, - разам з ускрашэньнем-адраджэньнем беларускага народу.

І хто ж проціў яе? Як і даўней - найбольш расейцы й палякі, а найменш сьведамыя, пазбыўшыяся абрусеньня й апалячэньня, беларусы, шчырыя барацьбіты за справу адраджэньня свайго народу. Яны інстынктоўна адчуваюць яе блізкасьць, яе духовае з сабой сваяцтва.

І слушна. Гісторыя і географія даказалі таго, што праваслаўе на беларускіх землях - гэта прадусім вера расейская, даючая азнакі апошнім часам, як гэта было і за часоў царскіх у Расеі, стаецца верай казённай, польскай. Узноў жа лацінскае каталіцтва на нашых землях, дзякуючы тым жа гістарычным і географічным варункам, гэта прадусім вера польская. Вось жа наша вера, вера беларуская, як выглядае з нашай мінуўшчыны й як аб гэтым нядвузначна гавора наша сучаснасьць, ёсьць унія.

Унія - злучэньне цэрквы праваслаўнай з сусьветнай цэрквай рымскай, як гэта было ў нас на пачатку хрысьціянства, магла б адрадзіць народ наш у жыцьці царкоўна-рэлігійным, а так жа ў жыцьці народным, бо Праваслаўную Цэркву адарвала б ад маскоўшчыны і злучыла б яе з душой народу.

Адарваўшыся гэтак ад гэнага "расейскага Рыму", унія ў сваю чаргу, як гэтага многія слушна баяцца, у наш час ужо не пападала б і ў "Рым польскі" й польскія ўплывы, як гэта было ў уніі берасьцейскай, ужо не паўтарыліся б. На перашкодзе гэтаму стала б беларуская народная сьведамасьць, якая ўжо не дапусьціла б, каб унія замест быць самастойнай рэлігійна-культурнай вартасьцяй, ды сталася ўзноў толькі пераходным мастом да польшчыны, ці ў зьмененых палітычных варунках - да маскоўшчыны. На перашкодзе готаму сталі б так жа й варункі сучаснага праўна-грамадзкага палажэньня людзкой адзінкі агулам, калі ўжо ня можна, як гэта было даўней, народныя масы пераганяць і перапісваць бяз іх волі ў тую ці іншую веру.

Але, на жаль, гэта, бадай, выключна толькі тэорыя. Пачаткі уніі ў нас шмат у чым былі не такія, якімі яны быць павінны. Унія сярод беларусаў нават у нядаўняй Польшчы ня мела свайго асобнага ўсходняга епіскапа беларуса, а ўлада над уніятамі належыла да епіскапаў лацінскіх (усе палякі!). Унію гэну праводзілі сярод беларусаў часта сьвяшчэньнікі не беларусы і не па-беларуску й не ў народным беларускім духу. Галоўную роль у праводжаньні уніі ў беларускім народзе йгралі езуіты, пераважна палякі, да якіх праваслаўны народ ня мае даверу. Кіраўнічыя кругі ўнійнай справы ў нас сусім ня рупіліся аб беларускай унійнай літаратуры. Ня можна ж уважаць за "літаратуру" месячніка "Da Zlucennia" 36 (лацінкай!), якога дзеля яго прымітывізму й ўбогасьці сароміліся нават самі уніяты, кажучы, што "гэта езуіты на сьмех яго выдаюць!.." Дзеля гэтага й вынікі працы унійнай былі ў нас сусім нязначныя. Урэшце адыход ад Польшчы ў палове верасьня 1939 г. зямель Зах. Беларусі да Саветаў справу уніі перачыркнуў на доўга.

Праваслаўе так жа не стварыла дагэтуль беларускага праваслаўнага кірунку. У гэтым сэнсе яно слабейшым ёсьць ад уніі, у якой усё ж былі яўныя асяродкі беларускія. Тымчасам праваслаўе афіцыяльна ўпорыста трымаецца маскоўшчыны й нават рабіла спробы завядзеньня польшчыны. Вінаваты гэтаму палітычныя абставіны, герархічная будова цэрквы й гістарычныя цэрквы прывычкі. Аднак фактычна ў праваслаўі, як сярод сьвецкіх, так і духавенства, ёсьць многа беларускай нацыянальнай сьведамасьці. Дзякуючы гэтаму й дзякуючы самай натуры цэрквы як грамадзкаму творыву, аб чым вышэй мы казалі, праваслаўе ўсё ж ёсьць дадатным дзейнікам адносна беларускай нацыянальнасьці.

Сярод беларусаў праваслаўных і уніятаў значна выдзяляюцца беларусы каталікі-лаціньнікі. Яны стварылі цэлы кірунак беларускі каталіцкі й, можна сказаць, надаюць тон беларускаму рэлігійнаму й нацыянальнаму жыцьцю агулам, разьвіваючы ідэю аб беларускай сынтэзе, аб адзінстве рэлігійным і нацыянальным. Вось што пісаў яшчэ ў 1921 г. аб гэтых справах беларускі паэт, нацыянальны й рэлігійны ідэолёг, кс. К. Стэповіч (Казімер Сваяк, †1926): "Я хацеў бы, каб гэтых слоў некалькі праз "Крыніцу" дайшлі да ксяндзоў беларусаў. Я прачытаў нядаўна ў тэй жа "Крыніцы", што нехта асьмеліўся публічна нашых духоўных прыраўняць да непраўдзівых прарокаў. Няхай жа гэтыя словы паслужаць яму адказам, а нам... чым хочыце. Сучасны момант у гісторыі Каталіцкага Касьцёла на Беларусі гатовіць, мабыць, найважнейшыя зьмены ў душы народу. Народ беларускі стаіць на парозе свайго адраджэньня на ўсіх полях культуры. Тварэньне розных форм адбываецца ў шыбкім тэмпе ў кожнай галіне жыцьця, так паасобнага, як і соцыяльнага. Рэлігія як адна з найважнейшых галін культуры ня можа астацца на задзе за агульным рухам. Гора таму ксяндзу беларусу, каторы не адчуе псыхікі, якая ствараецца агульным правам народнай эволюцыі. Мы павінны асьцярожна, але станоўча згадзіцца, што ў Беларусі форма адносін рэлігійных ужо зьмяняецца, і пайсьці сьмела на спатканьне новых патрэб. Тая сьмешная ўрадовасьць і палітыканства спольшчанай часьці духавенства нашага краю найлепшым служыць доказам, што гэты дух, так папулярны за часаў расейскіх, ужо загавеў на адсталасьць. Ксяндзы полёнізатары кідаюцца цяпер як у маліне, бо чуюць, што грунт з-пад ног іх асуваецца. Ня будзем ім даказваць, хто мыліцца (час пакажа), трэба толькі пусьціць іх у палітыканстве аж да абсурду, вучачыся, як самым сьцерагчыся шовінізму й сэкцярства. Трэба нам выступаць як ксяндзом Касьцёла міжнароднага й міжпартыйнага, а ня спэцыяльна аднэй народнасьці або партыі. Такое становішча прымусіць нас для кожнай народнасьці тварыць жыцьцё рэлігійнае роднымі формамі, а не пазычанымі ад чужацкага панаваньня. Касьцёл наш інстытуцыя каталіцкая й затое ў ім можа зьмясьціцца кожны народ, хоць бы культурна слабы й загнаны. Наш абавязак, як ксяндзоў каталіцкіх, паднасіць духа народнага да зразуменьня тых праўд, якія даў нам Хрыстос. А чым больш народ апушчаны, тым болей павінен узяць ад нас сэрца і... працы. З обсэрвацыі сучаснага палажэньня ў нашым краі кожны ксёндз беларус павінен:

1. Пільна спасьцерагаці - сачыць - працэс народнага дасьпяваньня беларусаў, каб не адстаць ад агульнага культурнага розьвітку душы народнай.

2. Старацца ўвясьці ў свае парафіі, есьлі не заўсёды, то пэрыёдычна ў большыя сьвяты, навуку па-беларуску, а так жа арганізаваць беларускі сьпеў рэлігійны на хоры.

3. Прычыняцца як мага да выдавецтва рэлігійнага, каб мець гатовы матар'ял у запатрэбаваньні на нашу творчасьць.

4. Быць у жыцьці народнікам і карыстацца мовай беларускай згодна з псыхікай нашага народу й паводле засады: "Не прымушай, але пераканай".

5. Працаваць у імя ідэі каталіцызму, а не нацыяналізму, пад дэвізам: "З народам для Бога".

Ксёндз беларус. ("Крыніца" № 24, 1921)

Словам, сяньня, калі сьвяткуем 950-годзьдзе Хросту Беларусі, хрысьціянства ў беларускім народзе бачым не адзіным, як тады, але падзеленым на дзьве часьці: на праваслаўе й каталіцтва двух абрадаў - лацінскае й усходняе (Унія). Вось жа, маючы на ўвеце вялікую вартасьць хрысьціянства агулам, самога ў сабе для душы чалавека, а так жа й для тварэньня й падтрыманьня беларускай нацыі, мусім шукаць такіх формаў сужыцьця гэтых часьцей хрысьціянства, каб яно ня толькі не паглыбляла гэнага падзелу, але так жа каб між праваслаўнымі й каталікамі наступіла адзінства рэлігійнае, прынамсі да тых граніц, да якіх, у сучасных жывучы абставінах, здабыцца можна й трэба. Шуканьне прынамсі мінімальнага адзінства ў беларускім народзе гэта наша гістарычнае заданьне. Гэныя спробы уніі й фактычнае яе ўцьвярджэньне ў сваім часе ў гісторыі - гэта быў іменна гэны праяў гістарычнай патрэбы душы нашага народу й натуральны праяў самай сутнасьці хрысьціянства. І тыя сілы, якія так ці інакш гэнае наша нацыянальнае й рэлігійнае адзінства руйнавалі, гэта былі сілы варожыя й чужыя гэнай гістарычнай беларускай ідэі.

Калі Візантыя была ў 1453 г. заваявана туркамі, калі наступіла катастрофа й для вялікай візантыйскай культуры і для ўсходняй цэрквы, наступіла так жа катастрофа й для беларускай цэрквы. Гэтая цэрква (а так жа ўкраінская й расейская) завісла ў паветры. З рымскай заходняй культурай зьвязкі Беларусі аж да якога XVI ст. агулам былі дужа невялікія, у адасобленьні гэтым іменна й трымала нас візантыйская культура і дзяржава й залежная ад іх наша цэрква. Гэтым тлумачыцца адсталасьць наша культурная. Тады, калі ў Эўропе адбывалася барацьба папства з цэзарствам, адбываліся крыжовыя паходы, Адраджэньне, Рэфармацыя, якія гэтак важнае займаюць месца ў ідэйным і грамадзкім жыцьці Эўропы, Беларусі, бадай, сусім не даткнулі, а прынамсі надта ня многа. Затое нігдзе ня было такой заўзятай барацьбы за зьверхнія культурныя формы: за абрад, календар, азбуку, за словы, як іменна ў верных усходняй цэрквы.

Вось жа ня дзіва, што на межах, дзе стыкаліся два тыпы хрысьціянскай культуры - усходні і заходні, усходні пастаянна траціў тэрыторыю й людзей, аднолькава ці ў царкоўнай ці ў нацыянальнай дзялянцы жыцьця. Гэта даводзіла да масавага вынарадаўленьня вышэйшых слаёў грамадзянства й да цяжкога становішча загнанага й пакінутага сялянства й ня маючага ня толькі дзяржаўнай, але й ніякай абароны й падтрыманьня. У гэткіх абставінах жыцьця мусіла дайсьці да вытварэньня пасярэдняга культурнага тыпу. Асновай для гэтага была ідэя царкоўнай уніі: захаваць, зьберагчы сваю старадаўнюю культуру, яе форму і традыцыі й уліць у гэта ўсё жыцьцё й новыя жывыя сокі, якія плылі з Захаду. Барацьба за гэтую пасярэднюю форму, за гэтую сынтэзу нашай культуры, як ведаем, была й ёсьць сяньня дужа вострая й заўзятая й агулам заўсёды вялася й вядзецца па сярэдняй лініі між захадам і усходам, дакладней кажучы, між Масквой і Варшавай.

Кантраст - гэта агульная сыстэма жыцьця, гэта агульнае права прыроды. Адзінка й грамадзянства, мужчынская й жаночая плоць, цела й душа, змыслы й розум, воля й сумленьне, дасярэдзінная і адсярэдзінная сіла, якая нармуе рух нашай зямлі, падобныя ж сілы ў будове кожнага атому, пазытыўная й нэгатыўная электрыка - і гэтак без канца й меры. Нават Хрыстова навука й яна сыстэма кантрастаў: гэты сьвет і гэны, жыцьцё й сьмерць, шчасьце й цярпеньне, чалавек і Бог, і г.д. Знача, паняцьце права кантрастаў гэта ключ, які сапраўды надаецца для разьвязкі розных жыцьцёвых праблемаў.

Вось жа гэты ключ, гэтае паняцьце кантрастаў, павінен прыдацца й беларускаму народу. Нацыянальная ідэя беларускага народу выплывае, як ведаем, з палітычна-культурнай супярэчнасьці захаду й усходу, з кантрасту, які заходзіць між гэтымі дзьвюма суседнімі з намі сіламі, якіх падкладам зьяўляюцца рознасьці праваслаўя й лацінскага каталіцтва. Першае дзеіць у форме маскоўскай, а другое ў польскай. Вось жа, як сутнасьць дзейнасьці права кантрасту ў прыродзе агулам у тым, што яно захоўвае раўнавагу, апіраецца як бы на восі, так і ў гэтай беларускай духовай праблеме - і тут мусіць вытварацца пасярэдні тып культуры, які, трымаючыся на сваей нацыянальнай восі, лучыў бы і асыміляваўбы элемэнты усходнія й заходнія, бо калі б задалёка пахінуўся ў бок, - на усход ці на захад: страціў бы раўнавагу й зьгінуў бы. У гэтым іменна й беларуская нацыянальная й культурная адсталасьць. Час гэта зразумець й прыступіць да направы. Прыгожым і вымоўным гэтага прыкладам - Украінская Уніяцкая Цэрква. І ў нас зрэалізаваньне ідэі ўніі рэлігійнай вяло б да гэтага, але, як ужо мы сказалі, сяньня й магчыма надоўга, гэта толькі тэорыя. Гэныя ідэалы - гэта maximum, а нам трэба сяньня тварыць minimum нашай, узложанай на нас гісторыяй, нацыянальнай і рэлігійнай сынтэзы, адзінства рэлігійнага й нацыянальнага.

Словам, беларускі народ, будучы раздвоены рэлігійна, духова, мусіць шукаць адзінства, мусіць шукаць сваей рэлігійнай і нацыянальнай сынтэзы. Фармальнае спалучэньне ў рэлігійнай уніі, як паказвае мінуўшчына й сучаснасьць, фактычна не спалучала, але яшчэ больш уводзіла ў народ закалот і раз'яднаньне. Дзеля гэтага, ніколі ня спускаючы з памяці слоў Спаса: каб усе былі адно, у брацкай любові разважаючы гэтую праблему й молячыся за адзінства рэлігійнае ў беларускім народзе, адзінства гэтае належа прадусім праводзіць у плошчы гарманійнага нацыянальнага й рэлігійнага сужыцьця беларусаў, каталікоў і праваслаўных, афармленьне чаго адкладаючы да таго часу, калі яно сапраўды дасьпее.

Прадусім беларусы павінны помніць, што хрысьціянства - гэта дарагая пэрла, якой маем даражыць і трымацца. І не павінен нас адвярнуць ад яго і той факт, што яно ў нас ужо сяньня не адзінае, як было 950 гадоў таму, а падзеленае. Бо ж і цяпер часьці яго - гэта так жа пэрлы й цаны сваей яно ня страціла й падзел гэны - гэта маленькая толькі шчэрбінка.

Вось жа, рахуючыся з гэтай сапраўднасьцяй, беларусы каталікі-лаціньнікі, беларусы-праваслаўныя й беларусы грэка-каталікі ці уніяты ў узаемных да сябе адносінах павінны трымацца толеранцыйна, з брацкай узаемнай спагаднасьцяй. Мо' гэта лібэралізм, рэлігійная нядбайнасьць, незацікаўленьне сутнасьцяй хрысьціянства? Не. Гэта сардэчная брацкая дбайлівасьць аб тое, каб наш рыгорызм вонкавы й суровыя ўзаемныя ў галіне рэлігійнай адносіны не дзялілі й не аддалялі нас узаемна яшчэ далей, гэта стараннасьць, каб мы па магчымасьці былі да сябе як найбліжэй і, ня гледзячы на розьніцы, каб як найлепш узаемна зналіся. Мы павінны памятаць, што ўсе мы дзеці аднаго Айца Нябеснага, браты Сына Божага дзеля яго ўчалавечаньня, дзеці аднаго беларускага народу.

Далей, мы ў нашых узаемных адносінах павінны больш зварачваць увагі на тое, што нас луча ў хрысьціянстве, чым на тое, што нас дзеліць. Мо' гэта індыфэрэнтызм? Не. Гэта так жа шчырае хрысьціянскае імкненьне не разыходзіцца й не дзяліцца далей, гэта сардэчнае жаданьне ў любові Хрыстовай збліжацца да сябе, пазнавацца й гэтым аслабляць, выжываць і нішчыць існуючыя падзелы.

Урэшце, у жыцьці нашым хрысьціянскім павінны мы ўсе выжываць чужы й хрысьціянству й народу элемэнт палітычны, стараючыся карыстацца сваей беларускай мовай. Мо' гэта шовінізм, фашызм, тоталізм? Не. Гэта расчышчаньне дарогі хрысьціянству ў душу беларускага народу, гэта ськіроўваньне беларускага народу на яго прыродныя пункты апоры, каб ён захаваў раўнавагу й марна ня зьгінуў. Шуканьне й тварэньне беларускай нацыянальнай і рэлігійнай сынтэзы - гэта наш беларускі абавязак, узложаны на нас гісторыяй і самым Богам.

Усякая палітыка ў жыцьці рэлігійным хрысьціянскім, - бяз розьніцы: свая ці чужая, - гэта дзікі нараст на целе Хрыстовым, гэта рак, які разьядае й нішча ў народзе хрысьціянскае жыцьцё. І на гэта трэба зварачваць асаблівую ўвагу. Звычайна абедзьве староны: цэрква й дзяржава дрэнна выходзяць, калі гэтая апошняя для сваіх палітычных мэтаў упрагае на свае ўслугі цэркву. Асабліва ж дрэнна на гэтым выходзе жыцьцё хрысьціянскае рэлігійнае, бо яно ў такіх выпадках звычайна гібее і замірае.

У 1054 г. наступіў падзел хрысьціянства прадусім з прычын палітычных: візантыйскія патрыархі адарваліся ад рымскай Апостальскай Сталіцы ня толькі дзеля розьніцы іншага разуменьня некаторых дагматаў хрысьціянскіх, але і дзеля падтрыманьня візантыйскіх імпэратараў проціў Рыму. Унія 1596 г. мела ў сабе палітычную заразу, якая яе ела ўсьцяж і ўрэшце заела на сьмерць у 1839 г. Паленьне беларускіх культурных забыткаў у Вільні езуітамі як некаталіцкіх, і паленьне такіх жа беларускіх забыткаў і кніжак Семашкам як неправаслаўных, - гэта работа гэнай палітычнай заразы. А й сяньня той факт, што справа Уніі не магла пад Польшчай у Зах. Беларусі стаць на належныя торы, - тлумачыцца палітыкай.

Але канчаем. Праграмай дзеля тварэньня беларускай нацыянальнай і рэлігійнай сынтэзы, якая можа і павінна даць пазытыўныя вынікі, павінен нам служыць гэткі сказ вялікага мысьліцеля сьв. Аўгустына: "In dubiis - libertas, in necessariis - unitas, in omnibus - caritas", што знача па-беларуску: "У сумнівах - свабода, у канечных справах адзінства, ува ўсіх - любоў".

Гэтая праграма, калі яе будзем выконваць і праводзіць у жыцьцё, сапраўды дапаможа беларускаму народу стварыць яго адзінства, яго рэлігійную й нацыянальную сынтэзу і ў апошнім выніку давядзе да таго духовага хрысьціянскага адзінства ў Беларусі, якое было 950 гадоў таму...

КАМЕНТАРЫ

Гісторыя выхаду ў сьвет навукова-папулярнай кніжкі Адама Станкевіча "Хрысьціянства і беларускі народ" лаканічна абазначана ў аўтарскай прадмове да яе. Сёньня можна толькі ўдакладніць некаторыя эпізоды яе публікацыі і далейшага лёсу. Да 950-гадовага юбілею хрышчэньня Русі (1938 г.) А. Станкевіч рыхтаваў артыкул для літаратурна-навуковага часопісу "Калосьсе" (1935-1939), рэдактарам і выдаўцом якога быў блізкі да яго чалавек, супрацоўнік на ніве беларускага каталіцкага адраджэньня Ян Шутовіч (1904-1973). Але прааналізаваны матэрыял перайшоў за рамкі часопіснай публікацыі. Упершыню большая частка гэтай манаграфіі была апублікавана ў заснаваным А.Станкевічам часопісе "Хрысьціянская думка" (1939, №№ 1-26, 3 студз.-1 верас.). У пачатку Другой сусьветнай вайны (верасень 1939 г.) часопіс перастаў выходзіць, некалькі апошніх аркушаў былі набраны асобна для першай публікацыі кнігі, выдадзенай Беларускім каталіцкім выдавецтвам (Вільня, 1940) у гонар 950-гадовага юбілею Хрышчэньня Беларусі (988 г.) і 25-х угодкаў сьвятарства Адама Станкевіча.

Зусім верагодна, што падчас нямецкай акупацыі манаграфія "Хрысьціянства і беларускі народ" выкарыстоўвалася ў якасьці дапаможніка на ўроках гісторыі, рэлігіі і культуры Бацькаўшчыны ў беларускіх школах і гімназіях. Ускосным доказам гэтага меркаваньня служыць рукапіс незакончанай манаграфіі А. Станкевіча "Гісторыя Беларусі: Сыстэматычны нарыс", у ім аўтар выкарыстаў асобныя старонкі і цэлыя разьдзелы кнігі "Хрысьціянства і беларускі народ". Пасьля вайны гісторыка-аналітычныя матэрыялы гэтай кнігі ў перапрацаванай форме часткова выкарыстаны ў аналітычных запісках А. Станкевіча "Каталицкая проблема в БССР (К сведению правительства СССР)", "Католический вопрос в БССР и проект его разрешения (К сведению Сов.правительства)" (захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі).

Пасьля таго, як за сваю беларускую асьветніцкую дзейнасьць на акупаванай немцамі Беларусі і за праекты адраджэньня беларускага Касьцёла шасцідзесяцігадовы А.Станкевіч быў прысуджаны бальшавіцкімі карнікамі да 25 гадоў сібірскай катаргі (1949 год, 31 жніўня) і праз тры месяцы загінуў у нейкім Тайшэце Іркуцкай вобласьці, яго імя, літаратурная і рэлігійна-асьветніцкая спадчына былі "заблакіраваны" ідэалагічнай цэнзурай у БССР. Усё тыя ж "саветы" пакончылі з беларускім Касьцёлам. Яго рэшткі ў кантэксце польскай і расейскай культуры неяк пратрымаліся да гарбачоўскай лібералізацыі 1980 года і, урэшце, да распаду СССР у сьнежні 1991 года.

Ва ўмовах новай хвалі беларускага каталіцкага адраджэньня (яго "знакам" стала аднаўленьне часопіса "Хрысьціянская Думка" ў 1992 г.) манаграфія А. Станкевіча "Хрысьціянства і беларускі народ" ды іншыя творы гэтага рыцара баларускай ідэі былі вызвалены з-пад спецфондаўскага арышту, сталі даступнымі для дасьледаваньня. На жаль, дасьледчыкі пакуль што не выкарысталі гэтых спрыяльных абставін, абмежаваліся некалькімі артыкуламі пра пакутніка за беларускую ідэю. Толькі Беларуская Каталіцкая Грамада ўзнавіла рэпрынтным выданьнем кніжку А.Станкевіча "Родная мова ў сьвятынях" (Мн., 1992), ягоную брашуру "Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст." (Мн., 1993), апублікавала ў часопісе "Хрысьціянская Думка" (1992, № 1) тры разьдзелы (ХII-ХIV ) кнігі "Хрысьціянства і беларускі народ" .

Насьпеў час, каб сёньня гэтая кніга стала падручнікам па культуралогіі і рэлігіязнаўству ў Беларусі. Патрэбна таксама перавыдаць іншыя творы выдатнага дзеяча беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня. Урэшце, патрэбна апублікаваць манаграфію пра жыцьцё і творчасьць Адама Станкевіча. Адносна добра захавалася ягоная спадчына - кнігі, брашуры, перыядычныя выданьні, найперш штотыднёвік "Крыніца" і часопіс "Хрысьціянская Думка", рукапісы ды іншыя архіўныя матэрыялы.

За аснову нашай публікацыі ўзята першае выданьне кнігі "Хрысьціянства і беларускі народ". Мы захавалі ўсе асаблівасьці лексікі, стылю і арфаграфіі арыгіналу, выправілі толькі апіскі і памылкі друку, некаторыя асаблівасьці арфаграфіі і сінтаксісу, перанятыя ў былой Заходняй Беларусі з польскай мовы (напісаньне прафесій, званьняў, этнонімаў зь вялікай літары, адсутнасьць коскі перад дзеепрыметнымі зваротамі і інш.). Праведзена таксама арфаграфічная і сінтаксічная ўніфікацыя тэксту першапублікацыі, якая рыхтавалася без дакладнай карэктарскай падрыхтоўкі. У тэксце захоўваюцца спецыфічныя для беларускай мовы "нашаніўскага" і заходне-беларускага перыяду паасобныя русізмы (язык поруч са словам мова, гаспадарства поруч з гасударства, бароцца ў сэнсе змагацца і інш.) і паланізмы.

ЗАЎВАГІ

1. Погляд на сонца як крыніцу зямнога жыцьця шматгранна выявіўся ў беларускай этнічнай культуры.

2. Тут погляд на "летуценьні марксістаў аб справядлівым, без дамешкі крыўды сацыяльным ладзе" недакладны, бо тэарэтычны і практычны марксісцкі камунізм як ідэалогія класавай барацьбы і дыктатуры пралетарыяту атаесамляецца з утапічным камунізмам.

3. Тамаш (Фама) Аквінскі (1225-1274), сярэдневяковы каталіцкі філёзаў і тэоляг, манах Дамініканскага ордэна, прафэсар Парыжскага, Кёльнскага і інш. універсітэтаў.

4. Салаўёў Уладзімір Сяргеевіч (1853-1900), расейскі філёзаў, паэт, публіцыст і багаслоў.

5. "Фаўст" паэма І. В. Гётэ.

6. Паводле сучасных ведаў, рымскі імпэратар Аўгуст Гай Актавіян (63 да н.э.-14 г. н.э.) імператарам быў з 27 г. да н.э.

7. Апошні імператар Заходняй Рымскай Імперыі Ромул Аўгустул быў скінуты з трону кіраўніком наёмнага германскага атраду ў арміі рымскага імператара Адаакрам (433-493) у 476 г. У 493 г. Адаакр быў разьбіты правадыром германскага племені остготаў Тэадорыхам, які на руінах Рымскай імперыі стварыў Каралеўства остготаў. Пасьля сьмерці Тэадорыха і забойства яго пераемніцы-дачкі Амаласунты (536 г.) арганізатар перавароту і віноўнік забойства каралевы Тэадат быў разьбіты візантыйскім палкаводцам Велізарыем, які часова аднавіў Заходнюю Рымскую імперыю ў складзе Візантыйскай імперыі. Пасьля падаўлення паўстання Тацілы візантыйскім палкаводцам Нарсісам (552 г.) каралеўства остготаў перастала існаваць.

8. Сёньня ў гістарычнай навуцы пераважвае думка, паводле якой малалікія варажскія дружыны былі наёмнымі ваеннымі атрадамі ўсходнеславянскіх княстваў, а не іх заваёўнікамі.

9. Крывіцкая канцэпцыя беларускай дзяржавы ў свой час прапанавана Вацлавам Ластоўскім, пазьней Янам Станкевічам.

10. 1101 годам аўтар пазначыў смерць князя Усяслава Брачыслававіча (Чарадзея).

11. Абэцэда, тут - азбука, алфавіт.

12. Грэцкую, лацінскую, старажытнаславянскую (царкоўнаславянскую) мовы называюць "памёрлымі" ўмоўна, у тым сэнсе, што яны не функцыянуюць у штодзённым сумоўі народаў, у выніку чаго не развіваюцца, застылі ў сваіх класічных формах альбо былых мясцовых жаргонах.

13. Полацкая Спаса-Ёфрасіньнеўская цэрква захавалася, адноўлены пры ёй жаночы праваслаўны манастыр.

14. Мошчы сьв.Еўфрасіньні Полацкай знаходзяцца цяпер у Полацкай СпасаЕфрасіньнеўскай цэркве.

15. Томашівській - маецца на ўвазе ўкраінскі гісторык Тамашэўскі.

16. Крытыка А. Станкевічам т. зв. "аб'екгыўнага" погляду на сутнасць народа і нацыі недакладныя. Па-першае, аўтар атаясамлівае паняцьці народ (этнас) і нацыя, што не адпавядае сёньняшняму ўзроўню навуковай этналёгіі. Па-другое, так званыя "фактары" народа-нацыі (агульны этнагенез, раса, мова, тэрыторыя і інш.), паасобку не вызначаючы ўсю паўнату гэтага паняцьця, тым не менш маюць для яго істотнае значэньне і ў сваёй сукупнасьці вызначаюць самабытнасьць і адметнасьць народа. Што датычыцца "чыстага" паняцьця нацыя, то яно хутчэй мае духоўны, культурна-гістарычны, а не толькі этнічны сэнс. Таму для кожнай нацыі родная мова і культурны кантэкст, культурна-нацыянальная традыцыя маюць лёсавызначальнае значэньне. У сваіх шматлікіх творах рэлігійнага і навуковага жанру А. Станкевіч кіраваўся якраз гэтым зьместам паняцьця нацыя. У гэтым жа разьдзеле манаграфіі "Хрысьціянства і беларускі народ" ён у рэшце рэшт прызнае, што "злучком і правадніком супольнасьці нацыянальнай кожнага народу" зьяўляецца "язык" (мова).

17. Аналогія беларуска-літоўскіх этнічных і палітычных дачыненьняў з "варажскім" заваяваньнем Русі і цюрка-турэцкім заваяваньнем балканскіх славянаў недакладная. Беларусі ніколі не заваёўвала Літва, бо летапісная Літва к сярэдзіне ХІІІ ст., калі ўтваралася Вялікае Княства Літоўскае, была ў значнай ступені каланізавана протабеларускімі плямёнамі крывічоў і знаходзілася на тэрыторыі сучаснага беларускага Занямоньня (Гл.: М. Ермаловіч "Па слядах аднаго міфа". Мн., 1991; яго ж: "Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды". Мн., 1990).

18. Польскі дасьледчык Ярашэвіч, як шмат хто зь іншых ранейшых і сучасных польскіх і літоўскіх гісторыкаў, тэндэнцыйна альбо па няведаньню карыстаецца архаічным этнонімам "рускі", які ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і федэратыўнай Рэчы Паспалітай быў імем беларусаў і ўкраінцаў, адрозніваў іх ад маскавітаў (сучасных расейцаў), пазьбягае гаварыць пра Беларусь і беларусаў, якія сфармаваліся як этнас (незалежна ад пазьнейшага ўзьнікненьня этноніма "беларус") у VI-X ст., а пазьней, у XIII-XIV, тая ж Беларусь стала ядром утварэньня Вялікага Княства Літоўскага.

19. "... павевы гуманізму" (выдавецкая й друкарская дзейнасць Скарыны), недакладнаcць думкі, бо "павевы гуманізму" ў Беларусі не былі варожыя хрысьціянству, тым больш асьветніцкая дзейнасьць Ф.Скарыны.

20. Гісторык Ярашэвіч, на якога спасылаецца і зь якім пагаджаецца А.Станкевіч, памыляўся, калі сьцвярджаў, быццам бы "народныя масы", якія "ўжо былі пад паншчынай", знаходзіліся па-за правам, вызначаным Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Далёка ня ўсе народныя масы ў XIII-XVIXVIII стст. былі пад паншчынай, да таго ж Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў рэгулявалі адносіны паміж феадаламі і залежнымі ад іх людзьмі. Перабольшваліся таксама ўплывы "законаў старадаўняй Украіны "Рускай Праўды".

21. Рыгор Цэмвляк, баўгарын, маецца на ўвазе балгарскі і беларускі пісьменнік, царкоўны дзеяч Цамблак Рыгор (каля 1365-каля 1419).

22. Погляд на Люблінскую ўнію 1569 года, у выніку якой быццам бы Вялікае Княства Літоўскае, г.зн. Беларусь, Літва і Украіна сталі "складовай часткай Польшчы і Польскага народу" - тыповая памылка (а, мабыць, і палітычная тэндэнцыя) польскіх і расейскіх дасьледчыкаў, пад уплыў якіх падпаў і А. Станкевіч. Дарэчы, у іншых дасьледаваньнях Станкевіч адзначае аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай.

23. Погляд на гістарычную Рэч Паспалітую як унітарную польскую дзяржаву - тыповая для тагачасных і некаторых сёньняшніх гісторыкаў фактычная і тэрміналагічная блытаніна. Памылковая ідэнтыфікацыя яе з Рэчпаспалітай Польскай 1918-1939 гадоў.

24. Погляд, паводле якога ў ІІІ ст. вышэйшыя слаі беларускага грамадзянства "аканчальна пакінулі народ і перайшлі на старану Польшчы, зьмяняючы нават сваю беларускую нацыянальнасць на польскую", не пацьвярджаецца сучаснымі канкрэтна-гістарычнымі дасьледаваньнямі, напрыклад, аналізам вынікаў усерасейскага перапісу насельніцтва 1897 года.

25. "... аканчальны падзел Польшчы" ў 1795 г. - тэрміналагічная памылка: маецца на увазе падзел федэратыўнай Рэчы Паспалітай.

26. Гл. заўвагу 25.

27. Маецца на ўвазе паўстаньне супраць Расійскай імперыі ў Польшчы, Беларусі і Літве 1863 года.

28. Эванэлія, каталіцкая форма беларускага слова Евангельле.

29. Гл. заўвагу 25.

30. "Даручыць усім плябанам у Архідыяцэзіі, каб пасьля завяршэньня набажэнства яны гаварылі казаньні з амбона на народнай мове, якую яны разумеюць" (пераклад з польскай мовы).

31. Зялёныя сьвяткі - маецца на увазе Сёмуха (Духаў дзень, Тройца).

32. Маецца на ўвазе зборнік вершаў Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская" (Кракаў, 1891) пад псеўданімам Мацея Бурачка.

33. БХД і БНА, Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць (ХДЗ) (19171940). беларуская народная партыя хрысьціянска-дэмакратычнага кірунку. Утворана ў Петраградзе (1917) і Мінску (1918-1920), з 1921 года базавалася ў Заходняй Беларусі, з сярэдзіны 1920-х гадоў называлася Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (БХД), са студзеня 1936 года - Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне (БНА). Адным з ідэолагаў і лідэрам БХД быў А. Станкевіч. Выдавала газету "Крыніца" (з 1926 - "Беларуская крыніца").

34. Цытата з невялікага твору Ул. Салаўёва. Такую ж думку Ул. Салаўёў разьвіваў у манаграфіі "Национальный вопрос в России". (Соловьев В. С. Сочинения в двух томах. Т.1. М. 1989. С. 268-269).

35. "... мітрапаліт украінскій Галіччыны", Андрэй Шэптыцкі

36. "Да Zlucenia" ("Да злучэньня"), беларускі штомесячнік грэка-католікаў у 1932-1937 гг. Рэдактар - сьвятар А. Неманцэвіч. А. Станкевіч яўна перабольшвае недахопы гэтага нацыянальна-адраджэнскага выданьня.

37. Казімір Сваяк (Канстанцін Стэповіч, 1890-1926), беларускі паэт, ксёндз, адзін з дзеячаў беларускага каталіцкага адраджэньня.

38. Аўгусцін Аўрэлій (354-430), рымскі хрысьціянскі тэоляг, відны прадстаўнік заходняй патрыёдыкі (вучэньне айцоў цэрквы), аўтар кніг "Пра Горад Божы" і аўтабіяграфічнай "Споведзі". Кананізаваны каталіцкай царквой.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX