Вярнуцца: Станкевіч Адам

Святой памяці Пётры Простага (кс. др. Ільдэфонс Бобіч)


Аўтар: Станкевіч Адам,
Дадана: 11-06-2020,
Крыніца: Станкевіч Адам. Святой памяці Пётры Простага (кс. др. Ільдэфонс Бобіч) // Беларускі Голас. № 20(116). 19 траўня 1944.



28.04.1944 г. на становішчы дэкана, маючы 54 гады, памёр у Іўі каля Ліды, кс. др. Ільдэфонс Бобіч. Чалавек гэты ведамы у беларускай літаратуры пад сваім прозвішчам праўдзівым і пад мянушкай Пётры Простага.

(67KB) .

Радзіўся ў 1890 г. у сяле Дзедзіна, Браслаўскага павету. Пасьвячаны на каталіцкага сьвятара 25.12.1915 г. Бацькі - дробныя беларускія сяляне.

Вучыўся ў гімназіі ў Коўне, якую скончыў у 1909 г. У гэтым жа годзе ўступіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Вільні. У 1911 г. выехаў на студыі у Рым. Вучыўся тут чатыры гады ў каталіцкім універсітэце. Атрымаў ступень доктара філязофіі у 1913 г. Далейшым навукам стала на перашкодзе вайна.

Вярнуўшыся ў край і стаўшыся святаром, кс. І. Бобіч быў у Друі за вікарага, у Ідолце (Браслаўшчына) за пробашча, за вікарага ў віленскай катэдры, за пробашча ў Гарманавічах (Дзісеншчына) і за пробашча і дэкана ў Іўі каля Ліды, дзе і смерць яго нагнала. Будучы ў Вільні (1920 - 1923) быў вучыцялем ў Віленскай Беларускай гімназіі.

У семінарыі ўжо называў сябе беларусам і па-беларуску з беларусамі-таварышамі карэспандаваў. Меў жылку літаратара. Пачынаючы з 1912 г. прабуе пяра на ніве беларускага пісьменства. Будучы ў Рыме, піша ў віленскую беларускую газету "Беларусь". Вось яго працы з гэтага часу: "Каб я быў пясняр" (студзень, 1913), "Вера, надзея, міласць" (1913), "У калядны, ціхі вечар" (1913), "Навагоднія думы" (1914), "Ойча наш" беларуса" (1914). Гэта, на асноведзі хрысціянскай філязофіі, глыбока лірычна-патрыятычныя экспрэсіі, гэта часта дужа ўдалыя ўзоры паэзіі ў прозе. Да гэтага часу належа так жа яго праца характару публіцыстычнага "На што беларусам газеты?" У 1918 г. напісаў сем бел. казанняў аб малітве "Ойча наш". Асталіся яны аж дагэтуль у рукапісе. У 1923 г. у Вільні выйшла яго кніга "Нядзеляшнія евангеліі і навукі" (тры часткі), выданне "Крыніцы".

Гэтая кніжка нарабіла мноства суму і перапалоху у польскім каталіцкім духавенстве, якое прывыкла ў нашым краі трымаць на каталіцтва манаполь. Многія затакавалі і асобу аўтара. Аказваўся ён чалавекам даволі слабым і гнуткім. Адбываліся доўгія і часта дужа гарачыя спрэчкі на тэму беларускага адраджэння і беларускай мовы у касцеле. і часта дужа гарачыя спрэчкі на тэму беларускага адраджэння і беларускай мовы у касцеле. Наш доктар філязофіі пачаў хістацца і пакрысе аддаляцца ад беларускай справы і ад беларускага пісьменства. Спярша быў неўтральным, а пасля яўна перайшоў у варожы беларусам лагер, у лагер польскі. Страціў усялякую сілу і ахвоту да адпору польскасці, асабліва ад часу прыезду у Вільню каталіцкага арцыбіскупа Р. Ялбжыкоўскага. Пачаў нават у афіцыяльных анкетах у біскупскай канцылярыі падавацца за паляка (раней пісаўся беларусам), пасьвячаючы польскаму релігійнаму пісьменству і сваё даволі здольнае і ахвочае да пісьменства на гэтай ніве пяро. Праўда, кс. І. Б. прынцыпова беларускай справе не пярэчыў і цяпер, але казаў, што яна яшчэ "не на часе", асабліва ў жыцці касцельным. Так цяжка было яму расстацца з польшчынай.

Але ўдарыў гром. Пачалася сучасная вайна. […] Чалавек многа перажывае і шмат чаго перадумвае.

Беларуская крывая лінія ў жыцці кс. доктара І. Бобіча пасьля выпрабавання лёсам выпростваецца. У 1943 г. 16.11. вось што ён ужо піша да інж. Ад. Клімовіча: "Хочачы сплаціць доўг Народу і роднаму пісьменству пасылаю Вам на пачатак 1-шы том маіх катэхізмова-апалогетычных казанняў пад загалоўкам: "Навучайце ўсе народы" - з просьбай заняцца яго выданнем ..."

У першым гэтым томе першае разважанне на тэму: "Роднае слова ў касцеле", у якім кс. І. Б. бароне і абасноўвае права бел. мовы ў касцеле і тлумача практычную гэтага патрэбу.

28.01.1944 г., пасылаючы таму ж інж. Ад. Клімовічу другі том сваёй працы: "Навучайце ўсе народы", кс. І. Б. просіць склікаць адмысловую камісію дзеля прагляду яго працы, бо - кажа: - "нам, беларусам вольна пушчаць у свет толькі добрыя рэчы, бо інакш ня будуць наша чытаць і паважаць чужыя". Пры гэтым дадае, што гэтай працы мае быць усяго тры тамы [1] і што скончыўшы гэта, мае праект і матэрыял яшчэ на тры тамы новай беларускай працы з галіны каталіцкай навукі.

Так аўтар праектаваў ды іншыя былі праекты Божыя. Вялікая шкада! Выпрастаўшы сваю беларускую лінію і знайшоўшы ізноў сябе, мог бы гэты працавіты, інтэлігентны і здольны чалавек, даць шмат карыснага беларускаму каталіцкаму пісьменству. Жаль мне ксяндза І. Б. і асабіста! Быў гэта ў першым яго беларускім перыядзе вялікі мой прыяцель. Адыход яго ад роднай справы і пераход у варожы лагер раздзяліў нас і студзіў нашы адносіны на шмат гадоў Ясна, паварот яго у бацькаўскі дом змыў усё прошлае і нашая прыязлівасць вярнулася ізноў, але … на гэта не хапіла часу.

Шчыра малюся за яго душу і ўдзячны народ беларускі, карыстаючыся ў яго працаў, так жа будзе помніць аб ім і маліцца за яго.

Ад. Ст.



[1] Перад самай смерцяй скончыў 3-ці том, які пераслаў на рукі кс. Ад. Ст. (рэд).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX