Папярэдняя старонка: Шыбека Захар

Паміж Сцылай і Харыбдай 


Аўтар: Шыбека Захар,
Дадана: 30-11-2012,
Крыніца: Шыбека Захар. Паміж Сцылай і Харыбдай // Беларусь № 1 - 1998. С. 18-20.



Шляхі гісторыі нявызнаныя і непрадказальныя. Аіе разумныя людзі тым не менш заўважылі, што вельмі ўжо любіць яна гуляць з "віткамі" сваёй знакамітае "спіралі". I здольная праз пэўны час ужо на новым узроўні развіцця грамадства паўтарыць іх ранейшую "канфігурацыю ", быццам для таго, каб даць людзям шанец будаваць сваё жыццё на новым вітку з улікам гістарычнага вопыту. Сёння, праз 200 гадоў пасля канчатковае ліквідацыі дзяржавы нашых продкаў - Вялікага княства Літоўскага, перад нашай краінай зноў паўстае альтэрнатыва: ці то застацца суверэннай, незалежнай дзяржавай, ці то інкарпаравацца ў склад Расіі, пад яе магутнае "крыло". У абодвух шляхоў развіцця - як незалежнага, так і сумеснага з Расіяй - ёсць свае прыхільнікі. Як і тады, 225 гадоў таму, калі быў ажыццёўлены так званы першы падзел Рэчы Паспалітай...

ПРЫЧЫНЫ ЗАНЯПАДУ

Шматлікія войны з Расіяй аслаблялі Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) - былую дзяржаву двух сучасных народаў - беларускага і летувіскага. Федэратыўна-дзяржаўны саюз Княства з Польшчай пад назвай Рэч Паспалітая, заключаны для супраціўлення расійскай экспансіі, паступова ператварыўся ў ярмо. 3-за самавольства шляхты ні кароль, ні Варшаўскі сойм не маглі паспяхова кіраваць краінай. Шляхціцы мелі права складаць канфедэрацыі (ваенныя саюзы), законна бунтаваць супраць караля, калі той дзейнічаў насуперак іх жаданняў. Любы прадстаўнік шляхецкага саслоўя ў сойме мог не дапусціць прыняцця рашэння. Для таго яму дастаткова было заявіць: liberum veto ("не дазваляем"). Асабліва безадказна паводзілі сябе буйныя магнаты. У большасці сваёй разбэшчаныя неабмежаванай уладай і дармавым, здабытым працай прыгонных багаццем, яны мапа клапаціліся пра эканамічнае развіццё краю і яго палітычнай магутнасці. У краіне не было моцнай дзяржаўнай улады.

Аслаблялі ВКЛ і ўзрастаючыя рэлігійныя сваркі паміж каталікамі і праВаслаўнымі. Гэта давала падставу Расійскай імперыі, якая пасля перамогі ў Паўночнай вайне стала адной з самых мілітарызаваных дзяржаваў у Еўропе, умешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у ролі абаронцы праваслаўных. I тут асабліва вялікую актыўнасць праявіла Кацярына II (1762-1796). Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі, які правіў пад імем Станіслава Аўгуста (1764-1795), каб навесці ў краіне, якая раздзіралася міжусобіцамі, хоць нейкі парадак, вымушаны быў звяртацца па дапамогу да манархаў суседніх дзяржаваў. Прасіў ён падтрымкі і ў расійскай імператрыцы, бо некалі быў яе фаварытам і каралеўскі трон атрымаў фактычна з яе рук.

Чакаць доўга не прыйшлося. Ужо ў 1768 годзе, абапіраючыся на Слуцкую канфедэрацыю, Кацярына II прымусіла сойм ураўнаваць у правах праваслаўных з каталікамі. Потым яна "падтрымала" суседзяў у 1771 годзе, калі рукамі Мікалая Рэпіна разагнала варожую Расіі Барскую канфедэрацыю, якая была заключана ва ўкраінскім горадзе Бары, што выступала супраць караля Станіслава Аўгуста і за вяртанне каталікам былых прывілеяў. Барскіх канфедэратаў падтрымаў вялікі гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі, але і яго двухтысячнае войска было разбіта.

Разгром Барскай канфедэрацыі быў адной з прычынаў першага падзелу Рэчы Паспалітай. Расія і яе хаўруснікі Прусія і Аўстрыя паводле Пецярбургскай канвенцыі ад 5 жніўня 1772 года падзялілі паміж сабой значную частку гэтай краіны. Да Расіі адышлі землі ВКЛ, што ляжалі на ўсход ад Дняпра і на Поўнач ад Заходняй Дзвіны, і ў тым ліку гарады Полацк, Віцебск, Магілёў, Гомель, Мсціслаў і інш. Расія яшчэ не магла праглынуць тэрыторыю Княства цалкам.

Менавіта з часу першага падзелу Рэчы Паспалітай наш край на стагоддзі, аж да нашага часу, ператварыўся ў прадмет гандлю для суседніх дзяржаваў.

ПЕРАД ВЫБАРАМ

Пагроза з боку больш магутных суседзяў прымушала мясцовую эліту ВКЛ - шляхту - выбіраць сярод шматлікіх ліхаў меншае. Выбар быў пакутлівым. Скарыцца Расіі, моцная ўлада якой гарантавала б надзейны парадак? Шукаць выйсце на шляху да поўнае незалежнасці ВКЛ, бо саюз са старой Польшчай ужо не выратоўваў, а, наадварот, як камень, цягнуў "на дно"? Ці рэфармаваць усю Рэч Паспалітую і згуртавацца разам з палякамі, летувісамі і ўкраінцамі перад знешняй небяспекай? Менавіта апошні шлях пераважна і выбіралі польскія арыстакраты. Дамінавалі такія погляды і сярод шляхты ВКЛ. Прадстаўнікі іншых арыентацый мелі менш шанцаў для рэалізацыі сваіх намераў: пазіцыю прарасійскай партыі аслабляла тое, што Кацярына II занялася на той час вайной з Турцыяй і Швецыяй, а для адраджэння ўласна ВКЛ у мясцовай шляхты бракавала сілаў і сродкаў.

Знайшліся цвярозыя галовы, якія імкнуліся выратаваць саслабелую дзяржаву пры дапамозе рэформаў, рэформы тыя пачаліся са школьнай справы. У 1773 годзе была створана ўстанова. якая займалася кіраўніцтвам народнай асветай у Рэчы Паспапітай, - Адукацыйная Камісія, першая падобнага роду ўстанова ў Еўропе. Цікава, што да рэформаў у галіне адукацыі мелі непасрэднае дачыненне арыстакраты не толькі з Польскай Кароны. Ідэю пра стварэнне Адукацыйнай Камісіі падаўапошні канцлер ВКЛ граф Іахім Храптовіч. Камісію ўзначальваў віленскі епіскап Ігнаці Масальскі. Пасля закрыцця Ордэна езуітаў (1773) іх школы і фундушы (маёнткі, прыбыткі ад якіх ішлі на адукацыю) перайшлі ў рукі дзяржавы. Манаполія царквы на асвету парушалася. Побач з царкоўнымі пачалі стварацца свецкія дзяржаўныя навучальныя ўстановы. Узніклі і першыя прыватныя школы для дзяўчынак. Праграмы, па якіх вялося выкладанне ў свецкіх школах, былі шматпрадметнымі, набліжанымі да практычнага жыцця. Вывучаліся маральнасць, эканоміка, палітычнае права, мастацтва, рамёствы, гігіена, земляробства, гародніцтва, ваенныя практыкаванні і інш. Толькі школы Піярскага ордэна вытрымлівалі канкурэнцыю, бо і яны пераходзілі да сучасных метадаў выкладання.

Пагроза страты незалежнасці вымагала, як вядома, і эканамічнага ўмацавання дзяржавы. Укладваліся сродкі ў паляпшэнне дарог. У 1784 годзе было завершана будаўніцтва Агінскага (Дняпро-Нёман) і Каралеўскага (Прыпяць-Буг) каналаў. Асобныя магнаты, накшталт гродзенскага Тызенгаўза, адкрывалі мануфактуры. Але істотна змяніць сітуацыю ў гэтым плане за кароткі час не ўдалося. Больш значныя поспехі, акрамя асветы, былі дасягнутыя на шляху палітычных рэформаў.

ПЕРШАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ

Большасць паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сойме (1788-1792) галасавала за Канстытуцыю 3 траўня 1791 года, якая ўносіла ў жыццё шматнацыянальнай дзяржавы рэвалюцыйныя для таго часу перамены. У адрозненне ад суседніх краінаў, дзе існавала неабмежаваная ўлада каранаваных асобаў, у Рэчы Паспалітай стваралася канстытуцыйная саслоўная манархія. Заканадаўчая ўлада поўнасцю адбіралася ў караля і перадавалася двухпалатнаму пастаяннаму сойму. У караля і яго міністраў заставалася толькі выканаўчая ўлада. За сваю дзейнасць яны неслі адказнасць перад соймам. Упершыню ў свеце ўводзілася падсправаздачнасць міністраў. Кароль пераставаў быць цацкай у руках магнатаў, бо яго выбранасць адмянялася, а каралеўская ўлада станавілася наследнай. Забараняліся канфедэрацыі, скасоўваўся шкодны прынцып аднагалоснасці.

Мяшчане атрымлівалі права пасылаць сваіх паслоў у сойм і купляць зямлю па-за межамі гарадоў. Сяляне браліся пад абарону ўрада, самавольства землеўладальнікаў у дачыненні да іх абмяжоўвалася. Дэкларавалася свабода веравызнання. Шляхта губляла прывілеяванае, выключнае становішча ў дзяржаве. Закладваліся асновы грамадзянскіх і чалавечых правоў.

Знешняя небяспека і прыўзнятая атмасфера польскага патрыятызму на сойме паўплывалі на тое, што паслы ад ВКЛ згадзіліся на поўнае зліццё ўрадаў, скарбаў і войск Княства і Польскай Кароны. Такое зліццё, праўда, так і не здзейснілася. Наколькі гэты крок мог быць правільным, меркаваць цяжка. Але так ці інакш, на нашай тэрыторыі ўводзілася дэмакратычная канстытуцыя, другая ў свеце пасля паўночнаамерыканскай. Праўда, яна не была да канца паслядоўнай у абароне правоў некаталікоў і ніжэйшых саслоўяў. Аднак новыя парадкі маглі адкрыць шлях да цывілізаванага жыцця, і не толькі для палякаў, а для ўсіх народаў Рэчы Паспалітай.

На жаль, падзеі разгортваліся ў іншым кірунку. Новую канстытуцыю, адчуўшы пагрозу прыгонніцтву, большасць шляхты сустрэла варожа. Ажыццяўленне антыманархічных ідэй у суседняй дзяржаве вельмі ўстрывожыла і Расію, якая на той час паспяхова завяршыла вайну з Турцыяй. Яна не была зацікаўлена ў аздараўленні Рэчы Паспалітай, бо даўно выношвала планы канчатковай анексіі яе тэрыторый. Унутраныя і знешнія сілы рэакцыі хутка знайшлі агульную мову. Канфедэрацыя незадаволеных канстытуцыяй, падрыхтаваная ў Санкт-Пецярбургу пад апекай Кацярыны II, была абвешчана 14 траўня 1792 года падчас уводу расійскіх войскаў у Рэч Паспалітую ў мястэчку Таргавіцы, што на Кіеўшчыне. Сваіх прыхільнікаў яна мела і ў Вільні. Расія ўварвалася ў межы Рэчы Паспалітай у траўні 1792 года сваімі лепшымі вайсковымі сіламі. Пасля няўдалых для абаронцаў незалежнасці Айчыны бітваў пад Мірам і Брэстам да Таргавіцкай канфедэрацыі далучыўся сам кароль Станіслаў Панятоўскі. 3 захаду ў наступ перайшло прускае войска Фрыдрыха II, які да таго прыкідваўся надзейным хаўруснікам Рэчы Паспалітай.

Супраціўленне рэфарматараў было зломлена. Рэакцыя перамагла. Канстытуцыя 3 траўня 1791 года была скасавана. Але Расія і Прусія на гэтым не спыніліся. У студзені 1792 года яны ў падзяку за "дапамогу" дабілася ад Станіслава Панятоўскага права на другі падзел Рэчы Паспалітай. Гэтае рашэнне пад пагрозай сілы расійскіх салдатаў зацвердзіў і апошні сойм у Гародні ў 1793 годзе.

У выніку другога падзелу Расійская імперыя захапіла цэнтральную частку ВКЛ і Правабярэжную Украіну. Дзяржаўная мяжа Расіі прасунулася да лініі Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс) -Смаргонь-Нясвіж-Пінск. Астатняя, вольная яшчэ частка Рэчы Паспалітай фактычна апынулася пад расійскім пратэктарам. Расійскае войска засталося ў Вільні і Варшаве. Рэчы Паспалітай было прадпісана трымаць "пад ружжом" не больш 15 тыс. салдатаў, у той час як Расія, Прусія і Аўстрыя мелі па некалькі сот тысячаў вайскоўцаў.

Так зруйнаванне новай канстытуцыі прывяло да зруйнавання самой дзяржавы.

ВАЙНА ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Другі падзел Рэчы Паспалітай выклікаў у прадстаўнікоў перадавых колаў яе грамадства вялікае незадавальненне. Для барацьбы супраць захопнікаў і за ўзнаўленне Канстытуцыі 3 траўня 1791 года ўзнікла тайная арганізацыя з цэнтрам за мяжой. Яе філіі дзейнічалі і на тэрыторыі ВКЛ. Вялася падрыхтоўка да ўзброенага паўстання.

Выступленне пачалося вясной 1794 года. Галоўным начальнікам над усімі ўзброенымі сіламі Рэчы Паспалітай быў абраны Тадэвуш Касцюшка, сын дробнага шляхціца з Берасцейшчыны, ваенны інжынер па адукацыі. Да гэтага ён паспеў пабываць за акіянам, дзе змагаўся за незалежнасць Злучаных Штатаў. Менавіта Касцюшка распрацаваў праект тыповага форта для амерыканскай арміі, забяспечваў яе інжынернымі збудаваннямі пры абароне і наступленні ў вайне супраць Англіі. У Злучаных Штатах Амерыкі наш зямляк даслужыўся да генерала, стаў ганаровым грамадзянінам гэтай краіны, атрымаў пажыццёвую пенсію і добры кавалак зямлі, але вярнуўся бараніць Айчыну.

Польскія атрады пад кіраўніцтвам Касцюшкі, пераадолеўшы супраціўленне асобных атрадаў расійскага войска, захапілі Варшаву. Часовы Варшаўскі ўрад абвясціў вайну Расіі і Прусіі.

На землях ВКЛ барацьбу ўзначаліў Якуб Ясінскі, 33-гадовы інжынер-палкоўнік, кіраўнік патаемнай арганізацыі віленскіх патрыётаў. 23 красавіка 1794 года паўстанцы захапілі Вільню і, як і ў Варшаве, знішчылі расійскі гарнізон. Назаўтра створаны рэвалюцыйны суд прысудзіў апошняга гетмана ВКЛ, прыхільніка Расіі Шымана Касакоўскага да пакарання смерцю.

А Часовы Віленскі ўрад (Найвышэйшая Літоўская Рада), які складаўся з 24 асобаў, працаваў на чале з Якубам Ясінскім, звязваў гэтую надзею з рэфармаванай Польшчай і падпарадкоўваўся варшаўскаму кіраўніцтву. Віленскі правадыр быў прыхільнікам федэратыўнага саюза ВКЛ з Польскай Каронай, а не поўнага іх зліцця, таму і прэтэндаваў на самастойнасць у дзеяннях. Як і Касцюшка, ён выступаў за неабходнасць рэспубліканскага праўлення і скасавання прыгону, але больш рашуча абапіраўся на падтрымку сялянаў. Якуб Ясінскі пісаў да іх вершаваныя пракламацыі па-беларуску. У вялікай ступені дзякуючы намаганням Ясінскага паўстанне ахапіла амаль усю вольную ад расійскай улады частку ВКЛ. У вызваленчае войска ўліваліся атрады сялянаў і гараджанаў, татарскія палкі. Вялікай мужнасцю вызначаліся касінеры - узброеныя косамі сяляне. Яны змагаліся, маючы надзею на вызваленне ад прыгону, якое ім абяцалі Касцюшка і Ясінскі. Актыўна падтрымлівалі паўстанне уніяцкія святары.

Патрыёты змаглі перанесці ваенныя дзеянні на свае землі, што знаходзіліся на той час у складзе Расійскай імперыі, і ледзь не захапілі Мінск. Член Віленскага ўрада, буйны землеўладальнік і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі распрацаваў для Якуба Ясінскага план узброенага захопу ўсяго ВКЛ. які ставіўся ў залежнасць ад вызвалення сялянаў. Ён жа ўзначальваў і чэрвеньскі рэйд паўстанцаў на Міншчыну, а ў жніўні - марш праз Браслаўшчыну на Дынабург (цяпер Даўгаўпілс), дзе яго падтрымаў паўтысячны атрад з мясцовай шляхты і сялянаў на чале з генерал-маёрам К. Беліковічам. Трохтысячны атрад Стахвана Грабоўскага даходзіў нават да Магілёўшчыны. Усяго ў бітвах за незалежнасць удзельнічала каля 40 тысячаў паўстанцаў.

АПОШНІЯ ДНІ ВКЛ

Але радыкалізм віленскіх якабінцаў палохаў рэакцыйную шляхту. Яна ігнаравала заклікі ўрада ВКЛ аб вызваленні сялянаў - і тыя патроху адварочваліся ад барацьбітоў. Пэўны вынік мела расійская контрпрапаганда. Ад імя царскіх генералаў распаўсюджваліся чуткі пра надзяленне паслухмяных сялянаў землямі за кошт тых абшарнікаў, якія бралі ўдзел у вызваленчай вайне. Не было поўнага паразумення і з Варшаўскім урадам. Якуб Ясінскі так і не дамогся асабістага кіравання над усім войскам ВКЛ. Больш таго, Тадэвуш Касцюшка ўрэшце ўвогуле пазбавіў віленскага правадыра ўлады, а створаны ім рэспубліканскі ўрад замяніў на новы з дзеячаў больш памяркоўных і паслухмяных Варшаве. Усё гэта моцна аслабіла патрыятычны запал мясцовай шляхты.

Тым часам Расія ўслед за Прусіяй і Аўстрыяй накіравала супраць узброеных сілаў Рэчы Паспалітай сваё лепшае войска на чале з Аляксандрам Суворавым. Пікамі і косамі цяжка было спыніць гарматы. Атрады ВКЛ цярпелі паражэнне за паражэннем і адступалі ў Польшчу. Патрыёты развітваліся з Бацькаўшчынай хто на гады, хто назаўсёды. Менавіта з гэтай нагоды Міхал Агінскі ў сваім маёнтку Залессе, што на Смаргоншчыне, напісаў знакаміты паланез "Развітанне з Радзімай".

У рашаючай бітве пад Мацяёвіцамі, недалёка ад Варшавы. было разбіта і войска Тадэвуша Касцюшкі. Паранены генерал трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці Пецярбурга. Абараняючы Варшаву, загінуў Якуб Ясінскі. У лістападзе 1794 года горад быў захоплены Суворавым. Абяцанай падмогі з боку Францыі барацьбіты за волю не дачакаліся...

На пачатку 1795 года пераможцы падзялілі паміж сабой рэшту Рэчы Паспалітай. Расія атрымала заходнюю частку ВКГІ (у тым ліку Летуву) і землі Украіны да Заходняга Буга. Мяжа пралегла прыкладна па лініі Гродна-Брэст. Беласточчына апынулася ў руках Прусіі.

Рэч Паспалітая як дзяржава знікла з палітычнай карты Еўропы. Яе апошні кароль Станіслаў Панятоўскі пераехаў у Гародню, а адтуль у Пецярбург, дзе і памёр.

Перастала існаваць і Вялікае княства Літоўскае. Амаль уся яго тэрыторыя, на якой, акрамя летувісаў, пражывала каля 3 млн нашых продкаў, увайшла ў склад Расійскай імперыі.

ПРЫЧЫНЫ КРАХУ

Асноўная прычына палітычнага краху ВКЛ хаваецца, на нашу думку, у тым, што шляхта Рэчы Паспалітай аказалася няздольнай стварыць незалежную дзяржаву. Спачатку арыстакратыя чакала паратунку ад Польскай Кароны, затым - ад Расійскай імперыі. Свядомых патрыётаў было няшмат. Небяспека з боку Расіі падштурхнула іх на радыкальныя пераўтварэнні, якія, аднак, былі заўчаснымі. Рэформы не знайшлі падтрымкі, бо ў краі, у адрозненне ад Францыі, яшчэ не склалася шматлікае трэцяе саслоўе. ці стан новых прадпрымальнікаў. Спроба абнавіць грамадскія парадкі была гвалтоўна перарвана царскай Расіяй.

Падчас спробы абараніць незалежнасць шляхта не ўзялася дружна за зброю, тым больш не павяла за сабой сваіх сялянаў, як гэта было даўней. Калі ж прыгонны далучаўся да касінераў без згоды гаспадара, гэта лічылася крыміналам. Выратаваць Айчыну магло толькі войска сялянаў, але шляхціцы не адважыліся на адмену прыгону. Да таго ж, ВКЛ змагалася фактычна ў адзіночку. Гегеманізм варшаўскага кіраўніцтва на чале з Касцюшкам перашкаджаў гуртаванню патрыятычных сілаў Рэчы Паспалітай - шматэтнічнай і поліканфесійнай дзяржавы. Урэшце рэшт гэтыя сілы не змаглі ўстаяць перад націскам расійска-пруска-аўстрыйскіх захопнікаў і наш край на цэлых 200 гадоў страціў сваю незалежнасць.

Зусім іншым мог бы быць вынік, калі б перад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці розныя сацыяльныя пласты тагачаснага грамадства змаглі кансалідавацца. Мог бы быць... Але гісторыя, як вядома, не прызнае ўмоўнага ладу...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX