Папярэдняя старонка: Шыбека Захар

Менскія кватэры і сядзібы непрыяцеляў царызму 


Аўтар: Шыбека Захар,
Дадана: 05-09-2021,
Крыніца: Наша Слова. № 26 (814)-2007.



Менскія кватэры і сядзібы непрыяцеляў царызму

Выўленне старых гарадскіх адрасоў, канкрэтная лакалізацыя ў горадзе гістарычных падзей звязана, з аднаго боку, з мікрагісторыяй гарадскіх паселішчаў, а з другога - з гарадскім краязнаўствам. Маючы пэўны досвед у гэтай справе, прапаную некаторыя звесткі пра мясціны народніцкага, эсэраўскага, сацыял-дэмакратычнага, бальшавіцкага і беларускага нацыянальнага руху. Адрасы пададзены ў храналагічным парадку.

Першы Семінарскі (Прадсемінарскі) завулак, дом Бэйліна. У 1875-1876 гадах у слясарнай майстэрні гаспадара дома вучыўся рамяству і вёў прапаганду сярод рабочых студэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Міхаіл Рабіновіч, пачынальнік народніцкага руху ў горадзе.

Будынак захаваўся (Камунальны завулак, 3).

Першы Шпітальны завулак, дом Параф'яновіча. У 1877-1878 гадах тут збіраўся народніцкі гурток падпольнай арга-нізацыі «Зямля і воля», якім кіравалі М. Велер, Л. Рагалер, С. Вігдорчык. Гурток ставіў мэтай падрыхтоўку будучых прапагандыстаў з прадстаўнікоў менскай інтэлігенцыі і рабочых.

Гэта першая рэвалюцыйная штаб-кватэра месцілася ў раёне сучаснага кінатэатра «Мір».

Праабражэнская, раён турмы. На кватэры Клячкіна і Вігдорчыка ў пачатку 1879 года адбыўся нелегальны сход народнікаў з удзелам Г.В. Пляханава. Пасля гарачых спрэчак большасць мясцовых рэвалюцыянераў-разначынцаў аддзялілася ад «Народнай волі», што заклікала да палітычнай барацьбы шляхам тэрарыстычных актаў. Яны падтрымалі Пляханава, прадстаўніка «Чорнага перадзелу» - народніцкай арганізацыі, якая выступала за разгортванне агітацыйнай работы сярод сялянства для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. Пазней Пляханаў згадваў, што ў Менску ён жыў без камфорту ў мясцовай гасцініцы, спаў на цвёрдым матрацы, твар выціраў газетай.

Дом знаходзіўся побач з Пішчалаўскім турэмным замкам. Зараз на тым месцы высотны адміністрацыйны будынак (Валадарскага 2а).

Шпітальная, дом Насовічаў. У 1879 годзе тут знаходзілася бібліятэка чорнаперадзельцаў. Дом месціўся ў раёне сучаснай пло-шчы Перамогі, каля кафэ «Бярозка».

Рог Магазіннай і Багадзельнай, раён яўрэйскіх могілак. Вясной 1881 года тут пачала працаваць падпольная друкарня «Чорнага перадзелу». У Пецярбургу друкарню арыштавалі і новую было вырашана адкрыць у Менску, далей ад сталіцы. У арганізацыі яе актыўна ўдзельнічаў Г. В. Пляханаў, які ў 1880 годзе зноў прыязджаў у Менск.

Надрукаваныя ў Менску цэнтральны орган - часопіс «Чорны перадзел», газета для рабочых «Зерно» і пракламацыі распаўсюджваліся па ўсёй Расіі.

Менская паліцыя доўгі час не праяўляла належнай пільнасці, бо правінцыяльнае жыццё цякло на першы погляд вельмі спакойна. У тым самым доме, дзе знаходзілася падпольная друкарня, кватараваў афіцэр з дзяншчыком, а дзеці пускалі ў двары папяровых змеяў, зробленых з сапсаваных старонак «Чорнага перадзелу». Але калі ў Маскве пачаліся арышты, то нітачка прывяла ў Менск. Хоць падпольная друкарня і змяніла адрас - перабралася ў дом на беразе Свіслачы (рог Паліцэйскай і Хрышчэнскай вуліц) - праіснавала яна нядоўга. Шрыфты давялося схаваць, абсталяванне ж мусілі кінуць у раку. Друкары Грынфест, Ляўкоў, Гецаў і Шульман паспелі выехаць за мяжу. Пазней, у 1892 годзе, выратаваныя шрыфты былі выкарыстаны для заснавання падпольнай друкарні ў Саратаве, дзе стварылася эсэраўская партыя «Народнае права». Туды ж накіравалі і зробленае на менскім машынабудаўнічым заводзе Якабсона і Ліфшыца абсталяванне для друкарскіх работ.

Будынак, дзе спачатку размяшчалася друкарня чорнаперадзельцаў, стаяў на рагу цяперашніх вуліц Кірава і Камсамольскай, насупраць стадыёна «Дынама». Другая кватэра знаходзілася ў раёне прырэчнага сквера перад рэстаранам "Журавінка".

Захар'еўская, 133, дом дваранкі Ржэцкай Францішкі. Пабудаваны ў 1890 годзе. 1-3 сакавіка 1898 года там адбыўся І з'езд РСДРП. У яго падрыхтоўцы прымала ўдзел менская рэвалюцыянерка Я. А. Гурвіч. Выбар паў на кватэру дасведчанага і надзейнага сацыял-дэмакрата, чыгуначнага службоўца П. В. Румянцава, што займаў палову дома Ржэцкай. Вокны кватэры выходзілі на Шпітальную (Камуністычная) і сад. Амаль насупраць, праз Захар'еўскую вуліцу, месцілася стайня жандармерыі. Пасяджэнні праходзілі пад выглядам святкавання дня нараджэння жонкі П. В. Румянцава - Вольгі Міхайлаўны.

Паводле ўспамінаў былога эсэра А. Зіміёнка, перад адкрыццём з'езда стала вядома, што сюды з Пецярбурга прыбыў дасведчаны філёр Плотнік і цікуе ля дома № 133 па вуліцы Захар'еўскай. Супраць Плоткіна прыйшлося ўжыць «законы ваеннага часу», і ён мусіў пакінуць Менск.

14 сакавіка 1923 года ў доме Ржэцкай быў адкрыты Дом-музей І з'езда РСДРП. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны спалены акупантамі. У 1948 годзе дом і музей адноўлены, перанесены бліжэй да ракі (праспект Незалежнасці, 31а).

Серабранка, 4-ая паліцэйская частка. У 1899-1900 гадах тут дзейнічала добра абсталяваная падпольная друкарня «Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі» - арганізацыі народніцка-эсэраўскага кірунку, створанай у Менску ў канцы ХІХ стагоддзя. Друкарня выпусціла некалькі агітацыйных матэрыялаў, якія распаўсюджваліся потым па ўсёй Расіі, дадатак да другога нумара нелегальнага часопіса «Рабочее Знамя», праграмную брашуру «Свабода». У складанні і рэдагаванні апошняй удзельнічаў Г. А. Гершуні, будучы кіраўнік тэрарыстычнай Баявой арганізацыі эсэраў Расіі.

Сёння гэта раён вуліцы Маякоўскага. Дакладнае месцазнаходжанне друкарні не вызначана [1].

Рог Нова-Маскоўскай і Яўрэйскай, 18/1, дом Ліхтэрмана. Вясельная (тэатральная) зала «Парыж». Там у 1902 годзе прайшоў І Усерасійскі з'езд сіяністаў. У гады першай расійскай рэвалюцыі зала служыла месцам сходаў і мітынгаў рабочых, арганізаваных РСДРП і Бундам. Будынак знішчаны ў вайну. Стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Калектарнай, побач з уцалелым двухпавярховым до-мам з цёмна-чырвонай цэглы, але і ён зусім нядаўна разбураны ў ходзе рэканструкцыі [2].

Рог Захар'еўскай і Белацаркоўнай. Тут стаяў дом, дзе ў 1904 годзе працавала падпольная друкарня партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Белацаркоўная вуліца крыжавалася з Захар'еўскай у раёне сучаснай плошчы Перамогі з боку Камуністычнай вуліцы

Юр'еўская, 8, дом Поляка. У доктара Поляка часта праводзілі сходы мен-скія эсэры. Так, адзін з іх адбыўся пад выглядам сустрэчы Новага 1905 года. Невялікі даклад тады зрабіў С. Ф. Кавалік, што пасяліў-ся ў Менску пасля вяртання са ссылкі за ўдзел у народніцкім руху. Выступілі М.Л. Саламонаў, сябра Каваліка па ссылцы, і А. В. Бонч-Асмалоўскі.

Будынак месціўся паміж сённяшнімі вуліцамі Леніна, Інтэрнацыянальнай, Энгельса і праспектам Незалежнасці.

Хрышчэнская, 27, дом Луцкевіч. Тут жылі браты Антон і Іван Луцкевічы - выдатныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, стваральнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) - першай нацыянальнай партыі беларусаў. У 1905 годзе ў доме знаходзіўся склад зброі.

Сядзіба займала прырэчную частку Хрышчэнскай вуліцы - гэта паблізу цяперашняга музея Янкі Купалы.

Гандлёвая, раён Нізкага рынка. У 1905-1906 гадах дзейнічала падпольная друкарня Беларускай сацыялістычнай грамады. Кіраваў ёю Фелікс Стацкевіч. Ліквідавана паводле рашэння менскага камітэта БСГ у сувязі з узмацненнем рэакцыі.

Магчыма, знаходзілася на месцы былога трохпавярховага будынка на рагу вуліц Гандлёвай і Нямігі (Гандлёвая, 27), які спачатку разбурылі, каб потым адбудаваць "прыгажэйшым" для праваслаўнай семінарыі.

Загарадная, 18, дом Пухальскага. Кватэра Віктара Зелязея, супрацоўніка бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. У 1906 годзе тут адбыўся ІІ з'езд БСГ, які пры-няў аграрную праграму партыі. Цяпер на тым месцы стаіць сучасны гмах з аптэкай (Караля, 6).

Мала-Манастырскі завулак, 4, дом Вігдорчыкаў. Тут у 1905-1907 гадах жылі Сяргей і Марфа Валынскія, члены Менскай арганізацыі РСДРП. Іх кватэра служыла месцам канспіратыўных сустрэч і сходаў. Дом захаваўся ў рэканструяваным выглядзе (Герцэна, 4).

Татарскае прадмесце, 5-ая паліцэйская часць, сядзіба Эрдмана. Гаспадар працаваў эканомам у маёнтку памешчыка П. Ваньковіча. Падчас першай расій-кай рэвалюцыі жонка эканома аказвала дапамогу рэвалюцыянерам: давала часовы прытулак, хавала зброю і забароненую літаратуру.

Сядзіба знішчана ў ходзе забудовы праспекта Пераможцаў. Знаходзілася паміж цяперашнімі Палацам спорту і паркам Перамогі.

Аляксандраўская, 21, дом Яхімовіча. У 1907 годзе ў ім жыў кіраўнік менскіх анархістаў-камуністаў Бянькоўскі. Тут жа размяшчалася і створаная ім лабараторыя выбуховых рэчываў. Канспіратары, між іншым, размясцілі яе пад адным дахам з аружэйнай майстэрняй губернскага праўлення. У канцы сакавіка анархісты намецілі ажыццявіць тэрарыстычны акт супраць начальніка гарадской турмы Шляровіча, але іх планы праваліліся. Арыштаваны Бянькоўскі не вытрымаў катаванняў і выдаў сваіх паплечнікаў. Было схоплена каля 70 чалавек. За здраду кіраўнік тутэйшых анархістаў паплаціўся жыццём: яго забілі матросы дысцыплінарнага батальёна з Бабруйска, што адбывалі пакаранне ў менскай турме.

Дом стаяў прыкладна на тым месцы, дзе зараз будынак з гастраномам "Траецкі" на рагу вуліц Старажоўскай і М. Багдановіча, 23.

Гандлёвая, 18, дом Левіншырына. У перыяд рэакцыі (1907-1910) тут працавала падпольная бібліятэка РСДРП. Яна мела амаль усе выданні бальшавікоў, выпушчаныя з 1903 года ЦК і партыйнымі арганізацыямі краіны.

Будынак не ўцалеў. Месціўся па Гандлёвай вуліцы, у раёне яе перакрыжавання з Музычным завулкам.

Захар'еўская, 101, дом Галіневіча. У гады рэакцыі тут, у доме нашчадкаў былога гарадскога галавы, знаходзілася канспіратыўная кватэра РСДРП, на якой наладжваліся нелегальныя сходы рабочых, пасяджэнні палітычных гурткоў і абмеркаванне надзённых палітычных пытанняў.

Сёння гэта раён Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў на праспекце Незалежнасці [3].

Ніжне-Ляхаўская, 5, дом Моніча. Кватэра члена Менскай арганізацыі РСДРП Ніны Цімафеевай, якая вяла прапаганду сярод гарадской вучнёўскай моладзі.

Зараз гэта раён вуліцы Ульянаўскай паміж стадыёнам «Дынама» і 3-яй клінічнай бальніцай.

Рог Захар'еўскай і Багадзельнай, 64/36. Кнігарня і бібліятэка Вацлава Макоўскага, удзельніка польскага руху. Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў змагла пашырыць сваю дзейнасць. Знаходзілася ў адным доме з гасцініцай "Гарні", які стаяў на месцы цяперашняга гастранома "Узвышша" на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай [4].

Рог Падгорнай і Багадзельнай, 33/44, дом Баршча. Кватэра журналіста (рэдактара) Дворжэчэка - уласнага карэспандэнта польскіх газет Вільні ("Kurier Litewski", "Goniec Wilenski"), аднаго з пачынальнікаў польскага перыядычнага друку ў Менску. З 1907 года займаў з сям'ёй 5 пакояў на першым паверсе. У 1918 годзе пражываў у доме купца Браўдэ па вуліцы Падгорнай.

Дом Баршча стаяў на рогу К. Маркса і Камсамольскай, з боку кафэ "У Лявона". А другая кватэра польскага журналіста знаходзілася ў раёне сучаснага будынка на К. Маркса, 22 [5].

Магазінная, 37, дом Віктара Жэброўскага. З 1910 года там пражывала сям'я прысяжнага паверанаг Мятліна. Займала 6 пакояў на трэццім паверсе. Гаспадар быў вядомы як актыўны ўдзельнік ліберальнага руху і сябра расійскай кадэцкай партыі. У 1905 годзе асудзіў курлаўскі растрэл і выступіў за прыцягненне мінскага губернатара да судовай адказнасці. Дом, дзе кватэраваў мяцежны адвакат, знаходзіўся насупраць пад'езда палаца прэзідэнта з боку вуліцы Кірава [6].

Рог Праабражэнскай і Багадзельнай, 11/22, дом Ліўшыца. З 1910 года там здымаў кватэру доктар Бруцкус, вядомы грамадскі дзеяч яўрэйскага руху, публіцыст. Дом Лівшыца стаяў праваруч ад сучаснага рэстарана "Мірскі замак", на вуглу вуліц Валадарскага і Камсамольскай [7].

Петрапаўлаўская, 50. Кватэра вольнанаёмнага М. В. Міхайлава (партыйны псеўданім М. В. Фрунзе), што ў 1916 годзе служыў у камітэце Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза (Земгара).

Дом, дзе кватэраваў Фрунзе, не збярогся. Цяпер гэта ўчастак вуліцы Энгельса, 32-34.

Праабражэнская, 6, дом Берлянда. У 1916 годзе тут знаходзілася сталоўка Менскага земскага і гарадскога саюзаў, дзе тутэйшыя сацыял-дэмакраты распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру і праводзілі нелегальныя сходы рабочых.

Будынак збярогся, цяпер гэта - шматкватэрны дом (Інтэрнацыянальная, 13) [8].

Праабражэнская, 30, дом дваранкі Ганны Русецкай . Там, на другім паверсе каменнага будынку, здымаў пяць пакояў службовец Шабуня, удзельнік беларускага руху, што разгарнуўся ў гады першай сусветнай вайны. Дом стаяў на сучаснай вуліцы Валадарскага, у раёне цяперашняга сквера, дзе ўстаноўлены помнік Адаму Міцкевічу [9].

Мікалаеўская, дом Чавусавай Генрыеты. Ойчы дом прысяжнага павераннага Віктара Чавусава, беларускага грамадскага дзеяча. Драўляны будынак з каменнай прыбудовай стаяў на зямлі Кацярынаўскай царквы. Зараз Мікалаеўская вуліца забудавана. Сядзіба Чавусавых знаходзілася ў раёне Прывакзальнай плошчы, паміж пачаткамі вуліц Кірава і Ульянаўскай [10].

Нова-Раманаўская, 26, дом Паўловіча. Уласны дом вядомага беларускага пісьменніка Альберта Паўловіча. У яго сценах у гады першай сусветнай вайны збіраліся дзеячы беларускай культуры. Знаходзілася сядзіба пісьменніка непадалёку ад Юбілейнай плошчы [11].

Захар'еўская, 33 (на рагу з Трубнай), дом двараніна Абрампольскага Эмануіла. Мураваны, трохпавярховы, пабудаваны на ўласнай зямлі ў 1913 годзе замест драўлянага. Гаспадар займаў пасаду дырэктара ў адным з менскіх банкаў. Сем пакояў першага паверха здымала княгіня Магдаліна Радзівіл, вядомая мецэнатка беларускага руху. Яна мела маёнтак ў Кухцічах (цяпер Уздзенскі раён). А калі прыязджала ў горад, то спынялася, відаць, тут.

Побач, амаль праз дарогу, у прыватным доме (Захар'еўская, 18) з 1915 года месцілася "Беларуская хатка" , культурна-гуманітарны асяродак беларускіх дзеячоў. Яны, дарэчы, часам збіраліся і ў княгіні Радзівіл. Стары будынак Абрамполь-скага захаваўся. Ён стаіць справа ад Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці, дакладней па вул. Савецкай, 17 [12].

Захар'еўскі завулак, 5. Сядзіба Беларускай Сацыялістычнай грамады ў 1917 годзе. Партыя аднавіла сваю дзейнасць пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Завулак не існуе. Зараз гэта пешаходны пераход з праспекта Незалежнасці на вуліцу Маркса ў квартале паміж вуліцамі Валадарскага і Камсамольскай. Дом, у якім месцілася БСГ, стаяў насупраць Рускага грамадскага сходу. Зараз гэта - двор сучасных дамоў 19 і 17 на вуліцы Маркса [13].

Захар'еўская, 24. Беларуская кнігарня і сядзіба арганізацыйнага бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, створанай у маі 1917 года. Узначаліў партыю Раман Скірмунт. Сярод яе сяброў былі Павел Аляксюк, Аляксандр Уласаў, пісьменнік Ядвігін Ш. (Лявіцкі), кс. Гадлеўскі, генерал Кандратовіч, Паўліна Мядзёлка, а. Кульчыцкі, кс. Цікота. У 1918 годзе там кватэраваў вядомы беларускі паэт Алесь Гарун (Прушынскі). Дом пад нумарам 24 знаходзіўся праз два будынкі ад "Беларускай хаткі". Цяпер гэта раён плошчы Незалежнасці, бліжэй да будынка Мінгарвыканкаму [14].

Па-за рамкамі даследавання амаль цалкам засталіся яўрэйскія, польскія, рускія, украінскія, татарскія, нямецкія палітычныя адрасы, выяўленне якіх патрабуе дадатковай працы, дарэчы, вельмі перспектыўнай.

Крыніцы.

1. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мн., 1994, с. 291-292.

2. Тамсама, с. 289. Выяўленнем яўрэйскіх ад-расоў Мінска вельмі актыўна займаецца Іна Герасімава.

3. Тамсама, с. 292-295.

4. НАРБ, ф.1, воп.1, спр. 4835, арк. 18

5. Тамсама, спр. 4835, арк. 237; спр. 4857, арк. 100-104.

6. Тамсама, спр. 4855, арк. 33.

7. Тамсама, спр. 4836, арк. 233.

8. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада, с. 264, 295.

9. НАРБ, ф.1, воп.1, спр. 4858, арк. 60.

10. Тамсама, спр. 4967, арк. 158-160.

11. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2 т. Т. 1. Кн. 1 / Уклад. С. Шупа. Вільня - Нью-Ёрк - Менск-Прага, 1998, с.125.

12. НАРБ, ф.1, воп.1, спр. 4858, арк. 524-529.

13. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2 т. Т. 1. Кн. 1, с. 7

14. Тамсама, с.5-6.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX