Вярнуцца: Шыбека Захар

Ці існуе ў Беларусі гістарычная ўрбаністыка


Аўтар: Шыбека Захар, Соркіна Іна,
Дадана: 15-04-2012,
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. Гродна, 2011. С. 13–31.

Спампаваць




УДК 911.375 (476)

Захар Шыбека (Мінск), Іна Соркіна (Гродна)

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ ГІСТАРЫЧНАЯ ЎРБАНІСТЫКА?

В статье на основе анализа изданных за период 1991 - 2011 гг. книг, посвященных историческому развитию городов Беларуси, сделан историографический обзор данной проблемы. Показаны основные достижения и сложности процесса становления и развития исторической урбанистики в Республике Беларусь. Предложены меры по активизации и совершенствованию научных исследований в этой области: создание координационного центра и периодического научного издания по урбанистике, проведение поисков новых источников, широкое применение современных методологий и методик, интердисциплинарного подхода в изучении городов.

Імклівая ўрбанізацыя ва ўсім свеце робіць аднаўленне аб'ектыўнай гістарычнай панарамы гарадскога жыцця адной з актуальных і важных задач гістарычнай навукі. Менавіта гарады ў найбольшай ступені вызначаюць ўзроўневыя характарыстыкі і агульны сацыякультурны патэнцыял грамадства і выконваюць важную функцыю забеспячэння ўмоў для яго развіцця.

Паўстае неабходнасць падвесці вынікі вывучэння гісторыі гарадоў за 20-гадовы перыяд незалежнасці Беларусі. Гэта патрэбна перш за ўсё для таго, каб вывучэнне гарадоў стала больш інтэнсіўным і асэнсаваным. Праблема дасягненняў і недахопаў у развіцці ўрбаністыкі ў Беларусі ў канцы ХХ - пачатку ХХІ ст. часткова закраналася ў публікацыях З.Шыбека [1], І.Соркінай [2], В.Белазаровіча [3], Т.Вадалажскай [4].

У дадзеным гістарыяграфічным даследаванні ўлічваюцца толькі кнігі. Яны - заўсёды вынік завершанасці нейкіх праектаў, задумаў, а таму найбольш адэкватна адлюстроўваюць дасягненні гістарычнай урбаністыкі. Ставіцца мэта не правесці аналіз усіх кніг, а вызначыць на іх падставе асноўныя тэндэнцыі ў развіцці гістарычнай урбаністыкі ў Беларусі. Да гістарычнай урбаністыкі адносяцца працы, прысвечаныя гісторыі гарадоў або спецыфічна гарадскім праблемам; працы навуковыя і навукова-папулярныя, у тым ліку і краязнаўчыя; напісаныя як гісторыкамі, так і не гісторыкамі. Выданні, прысвечаныя гісторыі раёнаў, з урбаністычнага поля выпадаюць, а таму ў гэтым артыкуле не ўлічваюцца. Крыніцай для асэнсавання праблемы побач з кнігамі стала бібліяграфічнае выданне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Кнігі Беларусі". Для зручнасці аналізу апошняе 20-годдзе падзеленае на пяцігадовыя этапы.

1991-1995 гг.

Атрыманне Беларуссю суверэнітэту не прывяло да інтэнсіфікацыі гарадскіх даследаванняў. Захоўвалася інерцыя. Працягвалі выходзіць традыцыйныя гісторыка-эканамічныя нарысы гарадоў, дзе галоўнае месца адводзілася толькі эканамічным дасягненням савецкай улады, рэальным і ўяўным. У 1991-1992 гг. свет пабачылі нарысы такіх гарадоў, як Баранавічы, Клецк, Іўе, Жлобін. Да 50-гадовага юбілею Перамогі была выдадзена " Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны" (1995). Аднак на працягу 1991 - 1995 гг. намеціліся і новыя тэндэнцыі.

З'яўляліся навуковыя манаграфіі, якія сталі вынікам папярэдняй працы навукоўцаў. М.Ткачоў апублікаваў кнігу " Замкі і людзі" (1991). Аўтар упершыню змог паказаць ролю гарадскіх умацаванняў ў абароне жыхароў ВКЛ ад маскоўскай агрэсіі ў XVІІ ст. У аснову кнігі была пакладзена доктарская дысертацыя аўтара. Паслядоўнікам М.Ткачова выступіў А.Краўцэвіч. Ён апублікаваў кнігу " Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV - XVІІІ стст.: Планіроўка, культурны слой" (1991), а таксама выдаў асобныя кнігі пра Мір і Мірскі замак (1993, у сааўтарстве з Г.Якшук; 1994, у сааўтарстве з Н.Здановіч і А.Трусавым) і пра Гродзенскі замак (1993). У нацыянальным ракурсе была пададзена гісторыя Полацка ў навукова-папулярнай кнізе У.Арлова " Таямніцы Полацкай зямлі" (1994, 1995, 2000) *.

Стала магчымым больш грунтоўна даследаваць важныя праблемы развіцця гарадоў дасавецкай Беларусі. А.Трусаў выдаў у сааўтарстве кнігі пра старажытныя Мсціслаў (1992) і Крэва (1993). Каштоўную навуковую манаграфію пра Заслаўль у эпоху феадалізму напісаў Ю.Заяц (1995). В.Капыцін прадставіў вынікі археалагічнага даследавання Магілёва (1993). А.Макушнікаў зрабіў спробу разабрацца ў паходжанні Гомеля (1994). А.Лазіцкі правёў навуковае даследаванне Пінска ў XVІ ст. (1994). Важныя праблемы на прыкладзе гарадоў узнімалі К.Я.Шышыгіна-Патоцкая ў кнізе " Скарбы Нясвіжа" (1993), Я.Разенблат " Жизнь и «судьба» Брестской еврейской общины XIV-XX вв." (1993).

Пачалі выдавацца творы аўтараў часоў Расійскай імперыі. Гэта была своеасаблівая публікацыя крыніц па гарадской гісторыі. Выйшлі кнігі У.Сыракомлі пра стары Мінск і гарадскія паселішчы Міншчыны (1992), М.Без-Карніловіча пра знакамітыя гарады Беларусі (1995), М.Нікіфароўскага пра даўні Віцебск (1995).

Узрасла колькасць навукова-папулярных кніг пра асобныя беларускія гарады: Навагрудак (М.Гайба, 1992, 1995), Лынтупы (І.Быхавец, 1993), Горкі (У.Ліўшыц, 1993, 1995), Мінск (Захар і Соф'я Шыбекі, 1994, другое выданне), Магілёў (І.Філіповіч, 1994, 1995), Ліда (А.Кулеш, 1994).

Адрадзілася традыцыя 1920-х гг. вывучэння гарадоў краязнаўцамі. Яны з дапамогай мясцовых улад сталі праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Адна з першых прайшла ў красавіку 1992 г. у Магілёве, затым былі Горкі (1993 і 1994), Ліда (1993), Ашмяны (1993), Пінск (1994, юбілейная), Слуцк (1995, юбілейная) і інш. Іх матэрыялы друкаваліся. Але ў гэтых зборніках рэгіянальныя гарадскія цэнтры раствараліся ў наваколлі. Пераважаў не ўрбаністычны, а адміністрацыйна-рэгіянальны падыход. Таму такія канферэнцыі мала спрыялі развіццю ўрбаністыкі.

З 1995 г. пачалося сістэматычнае друкаванне кніг з серыі "Памяць", прысвечаныя кожнаму раёну і асобным буйнейшым гарадам. Выданні мелі на мэце ўвекавечванне памяці загінуўшых у гады мінулай вайны, але значнае месца ў іх адводзілася краязнаўчым матэрыялам, у тым ліку і гісторыі гарадскіх раённых цэнтраў.

Станавіліся папулярнымі рэкламныя выданні пра гарады і раёны. Гэта - фотаальбомы, шляхаводы ( путеводители). У 1993 г. з'явілася першае інфармацыйна-даведачнае выданне, прысвечанае Чэрвенскаму раёну. З дапамогай падобных выданняў мясцовыя ўлады разлічвалі павысіць прэстыж сваіх раёнаў, прыцягнуць да іх турыстаў. Але зноў жа не гарадоў, а раёнаў.

Такім чынам, у першыя гады гісторыі суверэннай Беларусі, пераважалі кнігі пра старажытныя і сярэднявечныя гарады. Вывучэнне іх гісторыі не забаранялася і ў савецкі час. Таму ў пачатку 1990-х гг. усе папярэднія напрацоўкі гісторыкаў хутка пайшлі ў друк. У вывучэнні гарадоў новага і навейшага часу такіх напрацовак не было па двух прычынах: 1) усе намаганні гісторыкаў скіроўваліся на паказ у той перыяд класавай барацьбы, непазбежнасці бальшавіцкага перавароту, ролі кампартыі ў мадэрнізацыі грамадства; 2) панавала канцэпцыя ліквідацыі адрозненняў паміж горадам і вёскай, якая не спрыяла фарміраванню традыцыі вывучэння спецыфікі гарадоў у новы і навейшы час. Урбаністыка канчалася сярэднявеччам. Ва ўмовах Савецкай Беларусі яна была створана археолагамі і даследчыкамі феадалізму. Узрастала колькасць краязнаўчых выданняў. Горад, як асобны аб'ект даследавання, у выдадзеных кнігах з пэўнасцю не заўсёды акрэсліваўся.

1996 - 2000 гг.

У наступным пяцігоддзі асноўныя тэндэнцыі ў развіцці гістарычнай урбаністыкі другой паловы 1990-х гг. захаваліся. Навуковых выданняў заставалася мала. У вывучэнні гістарычнага мінулага гарадскіх цэнтраў яшчэ больш стаў пераважаць краязнаўчы падыход.

Сярод навуковых манаграфій большасць, як і раней, складалі даследаванні, прысвечаныя старажытным і сярэднявечным гарадам або іх асобным праблемам. Працягвалася рэалізацыя папярэдніх напрацовак археолагаў і медыявістаў. Горад традыцыйна заставаўся галоўным аб'ектам іх навуковых высілкаў. Спецыфічнай праблеме гісторыі гарадоў прысвячаліся кнігі Ю.Заяца пра абарончыя збудаванні старажытнага Мінска (1996) і В.Ляўко пра культавыя помнікі Оршы XVІ - XVІІІ стст. (1996). Манаграфію пра старажытныя гарадзішчы Палесся напісаў А.Егарэйчанка (1996). У кнізе Л.Аляксеева (1996) адлюстраваны старажытны Гродна. Вынікам даследчыцкай працы С.Тарасава стала кніга пра Полацк у ІX - XVІІ стст. (1998, 2001). Старажытнаму Пінску ў ІX - ХІІІ стст. (1997), Тураву і Тураўскай зямлі (1999, 2001) прысвяціў свае кнігі П.Лысенка. Манаграфічнае даследаванне Магілёва правялі Б.Сідоранка і І.Марзалюк. Калі першы даследаваў горад на Дняпры ў XІV - XVІ стст. у традыцыйнай падзеевай манеры (1997), то другі паказаў гарадское жыццё ў ХІІ - XVІІІ стст. праз людзей і іх побыт (1998). У 1996 г. сваёй кніжкай пра самакіраванне ў беларускіх гарадах XІV - XVІІІ стст. заявіў пра сябе архівіст А.Цітоў. А праз два гады ён выдаў фундаментальнае даследаванне, прысвечанае геральдыцы беларускіх гарадоў. У 2000 г. свет пабачыла калектыўная манаграфія пра старажытны Друцк, забыты, а некалі буйны горад у Талачынскім раёне.

Пэўныя поспехі былі і ў вывучэнні гісторыі гарадоў ХІХ - пачатку ХХ ст. У 1997 г. выйшлі адразу тры кнігі пра беларускія гарады ў Расійскай імперыі. В.Марозаў выдаў кнігу пра культуру Гомеля ў ХІХ ст. А.Яшчанка на аснове кандыдацкай дысертацыі надрукавала гісторыка-этнагарафічнае даследаванне Гомеля. З.Шыбека, парушыўшы традыцыю вывучэння асобных гарадскіх цэнтраў, апублікаваў навуковую манаграфію пра гарады Беларусі другой паловы ХІХ - пачатку ХХ ст.

Яшчэ адной новай з'явай другой паловы 1990-х гг. было друкаванне мемуарнай літаратуры і архіўных крыніц па гісторыі беларускага горада. У 1997 г. у выдавецтве "Полымя", якое актыўна прапагандавала краязнаўчыя даследаванні, былі надрукаваны ўспаміны Л.Патоцкага пра Свіслач, Дзярэчын і Ружаны. А ў 1999 г. Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы выдаў акты Магілёўскага магістрату 1580-х гг.

У той жа перыяд з'явіліся вучэбныя дапаможнікі па гісторыі гарадоў. Пачалося выкладанне гісторыі гарадоў у навучальных установах Беларусі. Урбаністыка пранікала ў беларускую адукацыю. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка былі надрукаваны невялікія вучэбныя дапаможнікі С.Стрэнкоўскага па гісторыі самакіравання ў гарадах ВКЛ (1997) і М.Атрушкевіча пра гарадскія рэформы ў Беларусі ў перыяд царскай Расіі (1999). А ў БДУ з'явіўся вучэбны дапаможнік І.Еўтуховай пад назвай " Средневековыйгород" (1998).

Беларускае выдавецтва "Харвест" пачало выдаваць кнігі, прысвечаныя гісторыі замежных гарадоў. У 1999 г. яно выдала энцыклапедычны даведнік " Весь мир: Города и столицы», а праз год - " Весь мир: Города мира".

2000-м годам зафіксаваны першы факт перакладу з польскай мовы навукова-папулярнай кнігі Д.Вашукоўны-Камянецкай " Брест - горад незабываемый".

У пашырэнні краязнаўчай літаратуры ўсё большую вагу набываў турыстычны стымул, а не толькі асветніцкі. З'яўляліся кніжкі на 20 - 30 старонак, багата ілюстраваныя, з лаканічным апісаннем славутасцяў горада (Слуцк, Гродна, Пінск, Брэст, Клецк, Брагін, Навагрудак). У некаторых выпадках - на рускай і англійскай мовах.

У той жа час выходзяць і больш грунтоўныя даследаванні краязнаўчага і навукова-папулярнага характару. С.Асіноўскі надрукаваў ілюстраваны храналагічны даведнік Оршы (1997) і даведнік па Мінску (1999), У.Ліўшыц у сааўтарстве - юбілейную кнігу пра Горы-Горкі (1997), Ю.Татарынаў - агляд "старыны" беларускіх гарадскіх паселішчаў (1997), А.Ненадавец - летапіс Бабруйска (1998), Н.Вайцяховіч - краязнаўчы нарыс Шацка (1999). Да 730-годдзя цэнтра Магілёўскай вобласці А.Агееў, І.Марзалюк, І.Пушкін стварылі кнігу " Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах" (1997). Выйшла кніжка пра вуліцы Маскоўскага раёна Мінска (Н.Вінаградаў, 1999). Шмат матэрыялаў пра Давыд-Гарадок сабраў у сваёй кнізе М.Шэлехаў (2000). Арыгінальную форму для апісання гісторыі г.Сянно выбраў В.Бандарэвіч (2000, 2008). Яна падаецца ў кнізе праз распрацаваныя аўтарам турыстычныя маршруты. А.Карлюкевіч у сваёй кнізе " Ігуменскі блакнот…" (2000, 2005) падаў цікавыя моманты з гісторыі горада ў рэпартажным стылі. Гэтыя працы мелі апісальны, фактаграфічны характар. Яны ствараліся не заўсёды гісторыкамі, а таму вылучаліся міфатворчасцю і недакладнасцямі.

Працягвалася традыцыя склікання навукова-практычных канферэнцый з нагоды юбілеяў гарадоў і выдання іх матэрыялаў. У некаторых канферэнцыях асноўны акцэнт па-ранейшаму ставіўся не на горад, а на край (Ваўкавыскі, Іўеўскі, Вілейскі, Тураўскі), "зямлю" (Дзятлаўская). І яны ў такім разе часткова выпадалі з урбаністычнага поля даследаванняў. У той жа час матэрыялы канферэнцыяў ў Навагрудку (1996), Пінску (1997), Магілёве (1998) вылучаліся ўрбацэнтрычнасцю. І гэта тэндэнцыя ўзмацнялася. У канцы 1998 г. у Новаполацку праходзіла навуковая канферэнцыя пад назвай " Беларускі горад у часе і прасторы". Яна прысвячалася 500-годдзю Полацкай магдэбургіі. Па сутнасці, гэта была першая ў Беларусі навуковая канферэнцыя па ўрбаністыцы. Яе матэрыялы былі апублікаваны ў 2001 г.

У грамадскасці спела разуменне важнасці захавання старой забудовы гарадоў. У 1997 г. Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры апублікавала матэрыялы канферэнцыі, прысвечанай праблемам захавання гісторыка-культурнай спадчыны Мінска.

Большасць выдадзеных у гэты перыяд кніг пра вядучыя гарады Беларусі з серыі "Памяць" (Барысаў, Брэст, Магілёў, Мазыр, Гомель, Гродна, Пінск, Заслаўе, Орша) вылучаліся змястоўнасцю (аналітычныя артыкулы, вытрымкі з дакументаў, фотаматэрыялы).

Такім чынам, другая палова 1990-х гг. была для беларускай урбаністыкі даволі плённай. Павялічвалася колькасць выданняў пра гарады, узрастала іх разнастайнасць, завязваліся новыя тэндэнцыі. Пачало выяўляцца імкненне даследчыкаў да паказу не толькі гісторыі гарадоў, іх славутасцяў, але і лёсаў знакамітых гараджан, побыту гарадскога насельніцтва. Сярод навукоўцаў піянерам такога накірунку выступіў І.Марзалюк з Магілёва, а сярод краязнаўцаў - Я.Жабрун з Гродна (" Гродна і гродзенцы" (1999); " Яны нарадзіліся ў Гродне" (2000)).

2001-2005 гг.

Эканамічна спрыяльнае для Беларусі першае пяцігоддзе ХХІ стагоддзя абумовіла бурны рост выдавецкай дзейнасці. Узрастала і колькасць кніг пра беларускія гарады: з 16-ці у 2001 г. да 34-х у 2005 г. . Значны ўплыў на ўрбаністыку аказалі курс беларускага кіраўніцтва на развіццё турызму (2001) і стварэнне дзяржаўнага апарата па ідэалагічнай працы (2004).

У сувязі з заахвочваннем развіцця ў краіне турызму імкліва павялічвалася колькасць выданняў рэкламнага характару (невялічкіх брашурак), дзе пералічваліся важнейшыя архітэктурныя помнікі гарадоў, называліся іх знакамітыя ўраджэнцы, але на першым месцы стаялі дасягненні раёна. Да выдання такіх даведачна-інфармацыйных брашур (часам і на замежных мовах) у мэтах павышэння іміджу раёнаў далучаліся ідэалагічныя аддзелы райвыканкамаў. Узрастала колькасць разлічаных выключна на турыстаў шляхаводаў, буклетаў, фотаальбомаў па канкрэтных гарадах. Свае шляхаводы набылі Мінск, Навагрудак, Віцебск, Нясвіж, Мір, Полацк, Наваполацк. А ў 2004 г. выйшаў шляхавод па раённых цэнтрах Беларусі (Складальнік Н.Варывончык і іншыя). Выданні такога роду мелі кампілятыўны характар, пісаліся на абмежаваным матэрыяле. Іх нельга адносіць да навукова-папулярных ці краязнаўчых прац, а таму і праблематычна залічваць да здабыткаў урбаністыкі. Праўда, гэтыя выданні былі прадуктам папярэдніх краязнаўчых даследаванняў, грунтаваліся на краязнаўчых, а часам і на навуковых працах. Неабходнасць рэкламнай прадукцыі ў нейкай ступені стымулявала развіццё краязнаўства ў гарадах, а значыць і ўрбаністыкі.

Арыгінальных жа навуковых даследаванняў беларускіх гарадоў было па-ранейшаму мала. Прывабныя апісанні гарадскіх цэнтраў не замянялі іх фундаментальных даследаванняў. Скарачэнне фінансавання на акадэмічную навуку адбілася і на стане ўрбаністыкі. Яе развіццё запаволілася.

Як і раней, навукоўцаў найперш цікавіў старадаўні горад. Відаць, па традыцыі. У нейкай ступені на гэта ўплывала адсутнасць адзінай канцэпцыі гістарычнага развіцця Беларусі і асабліва ў ХІХ - ХХ стст. Каб не трапіць пад агонь крытыкі апанентаў, пісаць пра старажытнасць было бяспечней. А.Цітоў выдаў чарговую манаграфію пра рамесныя цэхі Мінска ў XVІ - XVІІІ стст. (2002). Гісторыка-археалагічны нарыс Крычава апублікаваў А.Мяцельскі (2003). Кнігу пра сярэднявечны Віцебск напісала Т.Бубенька (2004). Чарговую кнігу пра старажытны Тураў надрукаваў П.Лысенка (2004). Выявілася цікавасць да радзівілаўскага Нясвіжа. К.Шышыгіна-Патоцкая напісала кнігу " Нясвіж і Радзівілы" (2001, 2002, 2007). Нясвіжскім зборам Радзівілаў была прысвечана кніжка пад рэдакцыяй А.Мальдзіса (2002).

Упершыню была звернутая ўвага на прысутнасць яўрэяў у гарадах Беларусі. На гэтую тэму з'явіліся некалькі кніжак. Э.Іоффе зрабіў спробу паказаць ролю яўрэяў ў гісторыі Беларусі (2001). В.Сабалеўская звярнулася да вывучэння яўрэйскай абшчыны Гродна, напісаўшы кнігу " Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў" (2000). А.Падліпскі сабраў багаты матэрыял пра яўрэяў Віцебска (2004). У 2003 г. друкаваліся матэрыялы гомельскай навуковай канферэнцыі " Яўрэі ў Гомелі". З 2002 г. пачала выдавацца праца А.Ліціна і І.Шэндаровіч, прысвечаная гісторыі магілёўскага яўрэйства (у 2006 г. пабачыў свет другі том, у 2010 - трэці). У 2005 г. выйшла кніга В.Сабалеўскай і У.Ганчарова " Евреи Гродненщины: жизнь до Катастрофы". Увогуле, вывучэнне гісторыі яўрэйскага народа ў Беларусі ў гэты перыяд стала больш інтэнсіўным. Усе кнігі пра беларускіх яўрэяў часоў Расійскай імперыі, калі яны былі пераважна жыхарамі гарадоў і мястэчак, можна аднесці да ўрбаністыкі.

Аналітычных прац па ўрбаністыцы беларускія гісторыкі не пісалі. Варта звярнуць увагу на грунтоўную навуковую манаграфію пра ўрбанізацыю ў Беларусі, якую выдаў у 2004 г. географ К.Красоўскі, прарэктар Брэсцкага універсітэта. Яна паўплывала на гісторыкаў-урбаністаў.

Працягвалі друкавацца крыніцы па гісторыі гарадоў. У 2005 г. у друку з'явілася факсімільнае выданне дасавецкага аўтара Л.Вінаградава, які пісаў пра Гомель. В.Шышакова сабрала і надрукавала мемуары і дакументы па гісторыі Віцебска ў канцы XVІІІ - пачатку ХІХ стст. (2005). А.Ліцін у 2002-2006 гг. друкаваў дакументы пра гісторыю магілёўскага яўрэйства.

Выдавецтва "Харвест" працягвала знаёміць чытачоў з гарадамі замежжа. Яно выдала ў перакладзе з нямецкай мовы Э.Кленгель-Бранта пра старажытны Вавілон (2002), у перакладзе з англійскага М.Уолара " Лондон, 1700 год" (2003). Беларускае выдавецтва "Мірында" апублікавала кнігу Л.Івановай " Знаменитые города мира" (2003). Праўда, гэтыя выданні арыентаваліся пераважна на расійскі рынак.

Працы беларускіх аўтараў пра айчынныя гарады мала цікавілі замежных вучоных. Цяжка знайсці прыклады выдання падобных прац за мяжой. Прыходзіцца карыстацца ўласным досведам. Нямецкі прафесар гісторыі Байраў зацікавіўся кнігай З.Шыбекі пра Мінск і ў 2001 г. і прапанаваў аўтару надрукаваць у нямецкім навуковым зборніку артыкул " Стары Мінск - ад царскага губернскага цэнтра да савецкай сталіцы".

Да выкладання гісторыі гарадоў у навучальных установах Беларусі далучыліся Гомельскі і Віцебскі ўніверсітэты. Выкладчыца з Гомеля Н.Рабцава падрыхтавала дапаможнік па спецкурсу " История Гомеля" (2003). Курс лекцый пра гісторыю Віцебска Х - XVІІІ стст. для віцебскіх студэнтаў распрацавала Т.Бубенька (2003).

Пачынаючы з 2004 г. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору пачаў друкаваць у выдавецтве БелЭн шматтомную энцыклапедыю " Гарады і вёскі Беларусі". У яе напісанні прымалі ўдзел і супрацоўнікі акадэмічнага Інстытута гісторыі. Відавочна, што ў аснову гэтага выдання клаўся геаграфічны падыход. Тым не менш, энцыклапедыя дала штуршок для развіцця гістарычнай урбаністыкі. В.Князева напісала цікавую кнігу энцыклапедычнага характару пад назвай " Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі" (2005).

У серыі "Памяць" адна за адной друкаваліся кніжкі пра Мінск, Жодзіна, Слуцк, Светлагорск, Жлобін, Брэст, Баранавічы, Полацк, Маладзечна, Віцебск, Светлагорск, Ліду. Кнігі пра раёны і раённыя цэнтры рабіліся па аднаму шаблону і часам былі падобнымі адна на адну.

Свет пабачылі шэраг цікавых навукова-папулярных выданняў. Г.Захаранка напісаў кнігу пад назвай " Земляки: история Светлогорска в лицах" (2001). В.Швед падрыхтаваў працу пра губернскі Гродна (2003). Былі надрукаваны навукова-папулярныя кнігі пра легенды Нясвіжа (К.Шышагіна-Патоцкая, 2001, 2005, 2009), Гомель (А.Макушнікаў, 2002, 2010), Пінск (Т.Хвагіна, 2002, 2004, 2007, 2011), Жодзіна (Г.Аніскевіч, 2003, 2008), Гальшаны (Э.Корзун, 2005), Ветрына (В.Карасёў, 2004), Полацк (І.Каліноўскі, 2005), Галоўчын (М.Карпечанка, 2001), Друцк і Барысаў (укладальнік Р.Лянькевіч, 2002), Мазыр (пад рэдакцыяй І.Штэйнера, 2005) і іншыя. А.Ненадавец напісаў кнігу пра Бабруйскую крэпасць (2005).

Даследаванне С.Данскіх, прысвечанае гісторыі Шчучына (" Наш Шчучын", 2001), характарызуецца наватарскім падыходам да гістарычна-краязнаўчых даследаванняў: аўтар стварае "дынамічна-экзістэнцыяльна-антрапалагічную" мадэль развіцця Шчучына. Варта спыніцца на сутнасці гэтага метадалагічнага падыходу больш падрабязна. На думку С.Данскіх, даследчыка павінны цікавіць не асобныя падзеі, а працэсы, якія абумовілі галоўныя тэндэнцыі ў развіцці мінулага ў яго ўзаемасувязі з сучасным. У гэтым «дынамічнасць» прапанаванага падыходу. Трэба вылучаць і аналізаваць тыя працэсы, якія паўплывалі на сучасны стан паселішча з усімі яго адмоўнымі і станоўчымі рысамі. У гэтым "экзістэнцыяльнасць" прапанаванага падыходу. Толькі такім чынам даследаваная гісторыя становіцца зразумелай, блізкай і роднай для чытача, набывае якасць сапраўды "яго асабістай гісторыі". У гэтым "антрапалагізм" новага падыходу. Гістарычнае развіццё Шчучына Сяргей Данскіх паспрабаваў "раскласці" паводле схемы: дэтэрмінанты - дамінанты - падзеі.

Сярод навукова-папулярных выданняў з'явіліся публікацыі калекцый ілюстрацыйных матэрыялаў з каментарамі аўтараў. Такія выданні з поўным правам можна лічыць публікацыямі крыніц па гарадской тэматыцы. Л.Лаўрэш выдаў кнігу " Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках" (2001), В.Кірычэнка - калекцыю фотаматэрыялаў пра Мінск у 1944-1952 гг. (2004 ). Л.Палеская апублікавала новыя матэрыялы пра Мінск з фотакалекцыі свайго мужа-нябожчыка В.Каляды.

Аб'ектам вывучэння сталі гарадскія вуліцы. Прыхільнік персаналізацыі гісторыі гарадоў Я.Жабрун, выдаў кнігу " Их именами названы улицы города Гродно" (2002). Такога кшталку кнігу набыў Быхаў (2004), пазней - Брэст (2007, 2008).

Польскі інстытут у Мінску ў 2005 г. заклаў традыцыю правядзення беларуска-польскіх навуковых канферэнцыяў, прысвечаных гісторыі Мінска. Даволі мала, але выходзілі матэрыялы рэгіянальных навукова-практычных канферэнцый, дзе знаходзілася месца і для гісторыі раённых цэнтраў: Свіслацкі край (2001), Лепель (2004), Вілейшчына (2004), Горкі (2004).

Невялічкія прэзентатыўныя выданні, разлічаныя на турыстаў, прысвячаліся Барысаву (2002), Кобрыншчыне (2001), Віцебску (І.Цішкін, 2002), Смаргоні (2003), Мірскаму і Нясвіжскаму замкам (А.Бутэвич, 2003; К.Шышыгіна-Патоцкая, 2001, 2003), Брэсту (2004), Чашнікам (2004, 2008), Слуцку (2004), Мазыру (2005), Баранавічам (2005) і іншым гарадам.

Такім чынам, развіццё гістарычнай урбаністыкі ў пачатку ХХІ ст. не набірала тэмпаў. Сур'ёзная навука пра гарады не знаходзіла істотнай падтрымкі з боку дзяржавы і належнай цікавасці з боку гісторыкаў, а таму падмянялася лёгкім апісальным жанрам. Ішоў працэс назапашвання матэрыялаў для іх навуковага асэнсавання.

2006-2011 гг.

З прыняццем у 2007 г. дзяржаўнай праграмы падтрымкі малых і сярэдніх гарадоў Беларусі цікавасць да іх гісторыі яшчэ больш узрасла. Але гэта паўплывала больш на развіццё гарадскога краязнаўства.

Даследчыкі старажытных і сярэднявечных гарадоў працягвалі сваю актыўную навуковую дзейнасць. П.Лысенка займаўся перавыданнем сваіх кніг пра Тураў, Пінск, Бярэсце. Узнікалі і новыя навуковыя працы. Вылучалася манаграфія І.Марзалюка " Этнічны і канфесійны свет беларускага горада ХVІ - ХVІІІ стст." (2007), дзе ўзнімалася праблема стэрэатыпаў беларускіх гараджан. Д.Дук, які стаў паслядоўнікам С.Тарасава ў вывучэнні Полацка, выдаў кнігу пра знакаміты горад у ХVІ - ХVІІІ стст. (2007), а потым перавыдаў яе ў навукова-папулярным жанры (2010). Навуковыя манаграфіі надрукавалі В.Пазнякоў - пра Клецк Х - ХVІІІ стст. (2008), С.Стрэнкоўскі - пра прывілеі і вольнасці магдэбургскіх гарадоў Беларусі ў ХІV - канцы ХVІІІ ст. (2008), М.Макараў - пра прававое становішча гараджан Беларускага Падзвіння ў ХІV - першай палове ХVІІ ст. (2008), В.Ляўко - пра гісторыю Віцебска ў ІХ - ХVІІІ стст. (2010).

Пабачыла свет энцыклапедыя " Города, местечки и замки Великого княжества Литовского" (2009). Энцыклапедычным выданнем уганаравалася Глыбокае, маленькі гарадок з багатай гісторыяй (2009).

Даследаванняў пра гісторыю гарадоў ХІХ - ХХ стст. па-ранейшаму было мала. В.Чарапіца напісаў кнігу пра Гродна ў гады Першай сусветнай вайны (2006, 2009). Даследаваўся не столькі горад, колькі ваенныя падзеі. М.Стралец надрукаваў кнігу, дзе сумеў разгледзіць постсавецкі Брэст у міжнародных адносінах (2010).

Назіраўся цікавы феномен: даследаванні па беларускай урбаністыцы пачалі друкавацца за межамі Беларусі. У Вільні выйшлі 3 кнігі: З.Шыбека " Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет" (2009), І.Соркіна " Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII - першай палове ХІХ ст. (2010), І.Махоўская, І.Раманава " Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары" (2010).

Вывучэннем працэсаў урбанізацыі ў Беларусі па-ранейшаму займаўся географ К.Красоўскі, які выдаў на гэтую тэму чарговую кнігу (2009). Сучасны малы горад Беларусі зацікавіў сацыёлагаў і палітолагаў. У 2009 г. яны надрукавалі матэрыялы экспедыцыі ў раённыя цэнтры пад назвай " Игра в города". Пэўнае значэнне для гістарычнай урбаністыкі мелі матэрыялы навуковай канферэнцыі ў БНТУ пад назвай " Архітэктура, горад, чалавек" (2010).

Цэнтрам гістарычнай урбаністыкі з другой паловы 2000-х гг. стаў Гродна, дакладней, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, дзе сталі праводзіцца перыядычныя міжнародныя навуковыя канферэнцыі па гісторыі гарадоў Беларусі. Першая ўрбаністычная канферэнцыя адбылася ў Гродна ў лістападзе 2006 г., а потым - у 2009, 2010, 2011 гг. Матэрыялы канферэнцый надрукаваны. Першы зборнік быў прысвечаны агульным пытанням урбаністыкі і меў назву " Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры" (2007), другі - гістарыяграфіі і крыніцам па гісторыі гарадоў (2009), трэці - працэсам урбанізацыі (2010). Два апошнія зборнікі выдадзеныя пры фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.

Актывізавалася выданне архіўных і друкаваных крыніц па гісторыі гарадоў. Былі надрукаваны дакументы Магілёўскага магістрата канца ХVІ - пачатку ХVІІ стст. (2006), шляхавод па г. Полацку 1910 г. (2006, 2009), кніга Я.Анішчанка пра польскамоўную "Часовую мінскую газету", якая выдавалася ў 1812 г. (2008). Кнігі В.Кірычэнкі ўяўлялі сабой публікацыі фотадакументаў пра Мінск пасляваенны. У кнізе пад назвай " Вильно, 1823-1824: перекрёстки памяти" А.Фядута сабраў дакументы эпісталярнага жанру асоб, звязаных з Віленскім універсітэтам (2008). С.Шчарбакоў апублікаваў кнігу " Барановичи на открытках и фотографиях" (2009). Друкаванне дакументальных матэрыялаў пра Брэст на працягу 2006-2011 гадоў ажыццяўляў В.Сарычаў. Яны выходзілі пад назвай " В поисках утраченного времени" (кн. 1-4). У 2009 г. былі выдадзены дакументы па Брэсту 1919-1939 гг. Свет пабачыла адна з каштоўных крыніц па гісторыі беларускіх гарадоў " Топографические примечания на знатнейшие места путешествия Ее Императорского Величества в Белорусское наместничество" (2009).

Яўрэйскую тэму ў беларускай урбаністыцы актыўна працягваў віцебскі краязнаўца А.Шульман. Ён выдаў нарысы пра мястэчкі Колышкі (2009), Лёзна (2010), Яновічы (2010), што на Віцебшчыне, кнігу ўспамінаў пра местачковыя сямейныя гісторыі (2010). Аўтар друкаваў свае кнігі з дапамогай часопіса "Мишпоха", які заснаваў серыю выданняў пад назвай "Мое местечко" і шырока выкарыстоўваў успаміны ўраджэнцаў мястэчак. А.Розенберг стаў аўтарам кнігі " По страницам истории еврейской Орши" (2011).

У выдавецтве "Хорвест" выйшла кніга Т.Шэрамецевай " 100 городов мира, которые необходимо увидеть» (2007, 2009, 2010), энцыклапедычны даведнік " Столицы мира" (2008)

Бібліяграфія навукова-папулярных выданняў пра гісторыю беларускіх гарадоў папоўнілася кнігамі філолага А.Рагалёва пра "гарадскую старыну" Гомеля (2006), Р.Раманава - пра архітэктурныя помнікі Чарэі (2007), Ю.Кітуркі - пра гродзенскія замкі (2006), І.Пракаповіча - пра Паставы (2007), У.Ліўшыца - пра Горкі (2007), А.Пляшэвіча - пра Салігорск (2008), І.Трусава - пра праваслаўныя храмы Гродна (2008), гродзенскія прыгарадныя каралеўскія рэзідэнцыі (2011), Барысаглебскую царкву (2011), гродзенскія масты (2011), С.Сіткевіча - пра асноўныя моманты гісторыі Гродна (2009), В.Саяпіна і Т.Касатай - пра тэатр, кіно, цырк у Гродне (2011), А.Змачынскага - пра Стоўбцы (2009), В.Лякіна - пра Калінкавічы (2010), ксяндза Ю.Макарчыка - пра Адэльск (2010) і інш.

Значны ўклад ў справу папулярызацыі гісторыі беларускіх гарадоў унёс Ю.Татарынаў. Ён прысвяціў кожнай вобласці па кніжцы: Віцебшчына (2006), Магілёўшчына (2007), Міншчына (2008), Гродзеншчына (2009), Брэстчына (2010), Гомельшчына (2010).

Найбольш кніг прыпадала на гісторыю беларускай сталіцы Мінска, які ў 2007 г. адзначаў свой 940-гадовы юбілей. Завяршылася шматтомнае выданне гісторыі Мінска з серыі "Памяць". Навукова-папулярныя кніжкі пра Мінск выдалі Я.Малашэвіч (2006, 2007), З.Шыбека (2007), С.Машчанка (2008), Л.Рублеўская і П.Грынчанка (2009). Мінску прысвяціў свае выданні і ўжо згаданы В.Кірычэнка. Польскі інстытут у Мінску выдаваў матэрыялы беларуска-польскіх навуковых канферэнцый: " Знакамітыя мінчане ХІХ - ХХ стст." (2007, 2008). Канферэнцыі, прысвечаныя 940-годдзю Мінска і 510-годдзю мінскай магдэбургіі пад назвай " Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі" правёў і Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Іх матэрыялы былі апублікаваны (2008, 2010). Але найбольш грунтоўным даследаваннем стала калектыўная манаграфія " Гісторыя Мінска", выдадзеная ў 2006 г. пад рэдакцыяй У.Бабкова на беларускай і рускай мовах пад адной вокладкай. Арыгінальнае выданне пра Мінск ажыццявіла у 2009 г. выдавецтва "Хорвест". У друку з'явілася цікавая кніга " Минск: старый и новый", дзе картаграфічным спосабам паказана гісторыя забудовы горада ад старажытнасці да нашых дзён. Аўтарам-складальнікам выступіў В.Валажынскі.

З Мінскам супернічаў Гродна. Пра гісторыю горада напісалі кнігі ўжо згаданыя вышэй В.Чарапіца, Ю.Кітурка, І.Трусаў, В.Саяпін, Т.Касатая. У 2007 г. выйшла з друку кніга Ю.Кішыка, прысвечаная горадабудаўнічай культуры Гродна. Аўтарам энцыклапедычнага даведніка пра гістарычную спадчыну Гродна стаў Я.Лялевіч (2008). З шырокім выкарыстаннем замежных крыніц цікавую кнігу пра сярэднявечны Гродна напісаў Ю.Гардзееў: " Магдэбургская Гародня" (2008). У сувязі з 880-гадовым юбілеем горада праводзілася канферэнцыя, матэрыялы якой былі надрукаваны пад назвай па ўзору Мінска - " Гродна і гродзенцы: дзевяць вякоў гісторыі" (2008).

З восені 2008 г. незалежная навуковая грамадскасць Гродна праводзіць навуковыя канферэнцыі " Гарадзенскі палімсест". Канферэнцыі сталі адказам навукоўцаў на так званую "экскаватарную рэканструкцыю" гістарычнага цэнтра горада і мелі сваёй мэтай прыцягнуць увагу гродзенцаў да праблем гісторыі Гродна і захавання ягонай багатай гісторыка-культурнай спадчыны. Канферэнцыі пра гісторыю Гродна і выданне іх матэрыялаў пад назвай " Гарадзенскі палімпсест" сталі перыядычнымі (2008, 2009, 2010, 2011). Навуковымі рэдактарамі выступаюць А.Смалянчук і Н.Сліж.

З 2002 г. А.Смалянчук пачаў выдаваць краязнаўчы альманах " Горад святога Губерта", прысвечаны гісторыі Гродна. Выйшлі 5 выпускаў. Можна сказаць, што гэты альманах стаў першым у Беларусі перыядычным выданнем па гістарычнай урбаністыцы.

Традыцыю правядзення навукова-практычных канферэнцый і друкавання іх матэрыялаў працягвалі Лепель (2006), Клецк (2006), Воранава (2006), Столін (2006), Гарадок (2008), Чачэрск (2010).

Вынікам намаганняў мясцовай адміністрацыі сталі шматлікія невялічкія па аб'ёму выданні пра Светлагорск (2006, 2008), Дзяржынск (2006), Вялікую Бераставіцу (2006), Нясвіж (2007), Бабруйск (2006, 2007), Шчучын (2007), Клецк (2007, 2008), Ваўкавыск (2007, 2008), Глыбокае (2007), Бярозу (2007), Новалукомль (2007), Смаргонь (2008), Жодзіна (2008), Паставы (2008), Рэчыцу (2008), Чашнікі (2009), Ветку (2010) і інш. Звычайна гэта было звязана з юбілеямі гарадоў. Сярод юбілейных выданняў вылучаліся сваёй змястоўнасцю матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі па Пінску (2007) і кніга, прысвечаная 500-годдзю Скідзеля (2007, 2008; пад рэдакцыяй С.Токця). Выданні, прысвечаныя гісторыі раёнаў, выпадаюць з поля ўрбаністыкі, хоць у іх і змяшчаліся матэрыялы пра раённыя цэнтры.

Беларускія навукоўцы рабілі спробы пераадольвання сучасных дзяржаўных межаў Беларусі, каб звярнуцца да вывучэння ў суседнім замежжы гарадскіх паселішчаў, цесна звязаных з беларускай гісторыяй. Кнігу пра Вільню ў 2008 г. напісаў А.Фядута. В.Карнялюк напісаў кнігу пра гісторыю мястэчка Крынкі (2010 ), якое зараз у складзе Польшчы.

Пэўны ўклад у беларускую ўрбаністыку ўносяць замежныя навукоўцы. Прафесар Томас Бон з Германіі выдаў 2008 г. навуковую манаграфію " Мінск - узорны горад сацыялізму Дзяржаўнае планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945" (ням. мова). Зараз яна рыхтуецца да друку ў рускамоўным варыянце. Яўрэйскіх аўтараў, былых грамадзян СССР, цікавіла гісторыя яўрэяў у гарадах і мястэчках Беларусі. У Ізраілі выйшлі кнігі пра Рэчыцу (А.Кагановіч, 2007), Тураў (Л.Смілавіцкі, 2008), Горкі (У.Ліўшыц, 2009).

Асвятленню ўрбанізацыйных працэсаў, розным аспектам гістарычнага развіцця гарадоў на беларускіх землях адводзіцца пэўнае месца у 6-томнай абагульняючай працы "Гісторыя Беларусі", якая пачала выдавацца з 2000 г. і была заклікана адлюстраваць сучасны стан гістарычнай навукі ў Беларусі. Галоўным чынам тут асвятляюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх гарадоў розных перыядаў: ІХ - ХІІІ ст. (В.Ляўко, Л.Калядзінскі), ХІV - ХVІ ст. (В.Голубеў, Ю.Бохан, А.Доўнар), ХVІІ - XVIII ст. (В.Голубеў, Ю.Бохан), канец XVIII - пачатак ХХ ст. (А.Кіштымаў).

Высновы

Прыведзеныя вышэй матэрыялы дазваляюць сцвярджаць, што ў беларускай гістарычнай навуцы ў пачатку ХХІ ст. у асноўным сфарміраваўся асобны накірунак - гістарычная ўрбаністыка. Адным з яго цэнтраў становіцца Гродна. Дзякуючы ініцыятыве кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, вывучэнне гісторыі гарадоў набыло больш мэтанакіраваны характар. Навуковыя зборнікі, складзеныя на аснове матэрыялаў гродзенскіх канферэнцый па гісторыі беларускіх гарадскіх паселішчаў, уносяць уклад у станаўленне гістарычнай урбаністыкі ў нашай краіне.

Найбольшыя поспехі выявіліся ў вывучэнні гарадоў дасавецкага перыяду. Асабліва актыўна гарадскія паселішчы даследавалі археолагі: П.Лысенка, С.Тарасаў, В.Ляўко і інш. Арыгінальныя працы па гісторыі феадальнага горада выдалі І.Марзалюк, Ю.Гардзееў, А.Цітоў і інш. Вылучаюцца аналітычным падыходам да вывучэння гарадскіх паселішчаў часоў Расійскай імперыі кнігі З.Шыбека, І.Соркінай.

Адметнай з'явай апошніх двух дзесяцігоддзяў стала актыўнае развіццё даследаванняў лакальнай гісторыі ў Беларусі. Лакальная гісторыя набывае навуковы характар, паўаматарскае краязнаўства ператвараецца ў прафесійную рэгіяналістыку. Пра гэта сведчыць шэраг прац, выдадзеных у апошнія гады ў Беларусі, дзе мікрагісторыя канкрэтных мясцовасцей створаная на падставе грунтоўнага фундаменту гістарычных крыніц, новых метадалагічных падыходаў, дазваляе выявіць на лакальным узроўні дзеянне працэсаў, што вызначаюць развіццё грамадства на макраўзроўні.

Выдадзена шмат навукова-папулярных кніг па гісторыі гарадскіх паселішчаў Беларусі, што спрыяе пашырэнню ўрбаністычных ведаў сярод беларускага жыхарства. Вялізарны матэрыял па гісторыі беларускіх гарадоў назапасілі і надрукавалі краязнаўцы. Склалася, так бы мовіць, гарадское краязнаўства. Яно стала часткай гістарычнай урбаністыкі. Напрацоўкі краязнаўцаў ствараюць добрую аснову для далейшага развіцця гістарычнай урбаністыкі.

Найбольш даследаванымі аказаліся Мінск і Гродна.

Значны ўклад у навуковую сістэматызацыю ведаў пра гісторыю беларускіх гарадоў унесла выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя". Аднак амаль усе больш-менш арыгінальныя даследаванні гарадоў выдаюцца на недзяржаўныя сродкі.

У развіцці гістарычнай урбаністыкі намеціліся новыя і важныя тэндэнцыі: каардынацыя працы навукоўцаў, друкаванне дакументаў, заснаванне першых перыядычных выданняў. Аднак пералічаныя новыя тэндэнцыі не сталі пакуль сталай з'явай, за выключэннем, бадай што, друкавання крыніц.

Развіццё гістарычнай урбаністыкі ў Беларусі сутыкаецца з шэрагам цяжкасцяў. Застаецца шмат недахопаў і праблем, якія павінны быць ліквідаванымі і вырашанымі:

· Застаецца практычна не вывучаным беларускі горад у складзе СССР.

· Кнігі выдаюцца пераважна па гарадах, якія захавалі свой статус да сённяшняга дня. А гісторыя былых гарадоў і мястэчак, якія перасталі існаваць ці сталі вёскамі, амаль нікога не цікавіць. Выдадзена кніга толькі пра зніклы Друцк.

· Практычна не ўлічваецца істотная частка нашай гістарычнай спадчыны. Па-за ўвагай навукоўцаў застаюцца такія буйныя гарады на былой этнічнабеларускай зямлі, як Вільня, Беласток, Смаленск, Дзвінск.

· Пераважае вытворчы, тэрытарыяльна-адміністрацыйны падыход. Многіх даследчыкаў цікавяць не канкрэтныя гарады ці былыя мястэчкі, знакамітыя вёскі, а адміністрацыйная адзінка - раёны. Але іх межы далёка не адпавядаюць контурам эканамічных раёнаў, культурных асяродкаў, што складваліся гістарычна. Месніцтва перашкаджае глянуць на спадчыну гарадоў маштабна. На прыкладзе гарадоў (у іх адміністрацыйных межах) гісторыкі вывучаюць эканоміку, культуру, якія маюць асобную гістарыяграфію. Горад ўяўляецца нейкай торбай, напоўненай рознымі сюжэтамі, якія ў той ці іншай ступені і вывучаюцца. Горад, як феномен, пэўная гістарычная з'ява - вельмі спецыфічная - не ўспрымаецца. Задач уласна гарадскога развіцця ў актуальнай беларускай сітуацыі мала хто ставіць і рэалізуе. А горад - гэта адзінае цэлае, напоўненае праблемамі, як гарбуз семечкамі.

· Як правіла, даследуюцца не сістэма гарадоў, а асобныя гарады. Навуковыя вынікі такіх даследаванняў маюць лакальны, абмежаваны характар. Мала аналітычных прац. Патрабуюцца не прадметныя або дысцыплінарныя, а сістэмныя веды пра гарады.

· Аддаецца перавага вывучэнню сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў. Даследаванні слаба арыентаваны на канкрэтных людзей. Вывучэнне якасці жыцця гараджан, гарадскога вобраза жыцця, гарадскіх супольнасцяў толькі пачынаецца. Даследуюцца фактары ўздзеяння на гарады і зусім недастаткова - уздзеянне саміх гарадоў на грамадства.

· Вельмі добра, што намецілася захапленне працамі па гісторыі гарадоў прыкладнога характару - на патрэбу турызму і асветніцтву. А вось акадэмічных даследаванняў, на жаль, праводзіцца мала. Славутасцямі горада можна захапляцца, але важна ведаць і вытокі той сацыяльна-экалагічнай напружанасці, якую нясе гарадская цывілізацыя.

· Недастаткова вывучаецца праблема захавання гісторыка-культурнай, у тым ліку і архітэктурнай, спадчыны гарадоў. Гістарычная спадчына гарадоў часта разбураецца таму, што нават спецыялісты не ведаюць гісторыю помнікаў, іх каштоўнасць, не валодаюць методыкамі рэстаўрацыі і кансервацыі.

· Выяўляецца небывалая актыўнасць у вывучэнні гісторыі яўрэйскай абшчыны ў беларускіх гарадах. Ствараюцца каталогі сінагог, ешываў, яўрэйскіх могілак. Аднак для беларускай ўрбаністыкі і беларускай супольнасці не так важна раскласці горад на яўрэйскі, польскі, рускі і г.д. Важней паказаць яго поліэтнічнасць, поліканфесійнасць, полікультурнасць, а таксама фармаванне ў такіх умовах агульнагарадской свядомасці, гарадской ідэнтычнасці. Горад - шматгранная з'ява. Вось яе ў гістарычных даследаваннях і не хапае.

· Горад вывучаецца гісторыкамі мімаходзь у сувязі са сваімі канкрэтнымі даследчыцкімі праблемамі. Прафесіяналаў-урбаністаў можна пералічыць на пальцах.

· Урбаністычныя даследаванні вядуцца пераважна традыцыйнымі метадамі без выкарыстання навейшых дасягненняў замежнай гістарыяграфіі. Адсутнасць перакладаў, няведанне замежных моваў ніяк не спрыяюць таму. Пераважае апісальны, энцыклапедычны падыход да вывучэння паселішчаў гарадскога тыпу.

У выніку па ўзроўню свайго развіцця гістарычная ўрбаністыка ў Беларусі істотна адстае ад многіх краін. Урбанізацыя, якая ахапіла ўвесь свет, пакуль не стала штуршком для гісторыкаў у сур'ёзным вывучэнні гісторыі гарадоў. Як слушна адзначае Т.Вадалажская, "пра гарады Беларусі, аб тым, што ў іх ёсць, каб быць гарадамі, і што неабходна, каб яны сталі гарадамі, мы маем вельмі сціплыя ўяўленні" [4, с. 41].

Для больш паспяховага развіцця беларускай урбаністыкі можна прапанаваць некалькі мераў.

Неабходна стварыць каардынацыйны навуковы цэнтр урбаністыкі, напрыклад, у Гродне. Такія цэнтры існуюць у нашых усходнееўрапейскіх суседзяў: Расіі, Украіне. Так, Цэнтр гарадской гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы быў створаны ў 2004 г. у Львове. "Урбаністычныя" навуковыя ўстановы дзейнічаюць у ЗША (з 1988 г. тут існуе Асацыяцыі гарадской гісторыі), практычна ў кожнай заходнееўрапейскай краіне. У 1989 г. заснавана Еўрапейская асацыяцыя гарадской гісторыі, якая кожныя два гады арганізоўвае міжнародныя навуковыя канферэнцыі.

Наспела патрэба ў заснаванні ў Беларусі агульнанацыянальнага часопіса па ўрбаністыцы. Такія часопісы існуюць ва ўсім свеце.

Неабходна наладзіць мэтанакіраваную падрыхтоўку спецыялістаў па гістарычнай урбаністыцы.

Новыя падыходы патрабуюць сур'ёзных метадалагічных і тэарэтычных распрацовак. Кожная канкрэтная даследніцкая сітуацыя патрабуе пераасэнсавання паняццяў, вызначэнняў. Для паўнавартаснага вывучэння такой складанай і шматграннай з'явы, як горад, патрабуюцца комплексныя, інтэрдысцыплінарныя даследаванні, якія аб'яднаюць намаганні гісторыкаў, культуролагаў, сацыёлагаў, дэмографаў, географаў, эканамістаў.

Актуальнай задачай застаецца пашырэнне крыніцазнаўчай базы па ўрбаністыцы. Пакуль яна мае шмат лакунаў. Так, слаба захаваліся архіўныя фонды органаў гарадскога самакіравання царскага перыяду, за выключэннем Мінска. Беларусь практычна поўнасцю страціла перыядычны друк даваеннага часу. Таму вельмі неабходным з'яўляецца наладжванне на дзяржаўным узроўні капіравання дакументаў з архіваў Пецярбурга, Масквы, Кіева, Вільні, Варшавы, а таксама газет і часопісаў, якія выдаваліся ў Беларусі. У той жа час і мясцовыя архіўныя фонды (асабліва савецкага часу) яшчэ хаваюць шмат невыяўленых матэрыялаў па гісторыі гарадоў. Патрабуюцца спецыяльныя крыніцазнаўчыя даследаванні. Кандыдацкіх дысертацый на гэту тэматыку пакуль не існуе. Па-за ўвагай даследчыкаў застаюцца краязнаўчыя музеі краіны, дзе таксама трапляюцца цікавыя крыніцы па гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Асобай увагі заслугоўвае сталіца. Актуальным застаецца пытанне: ці зможам мы стварыць ідэальны горад, які б стаў прыкладам для ўсёй краіны?

Важна спрыяць больш шырокаму выкарыстанню гістарычнай спадчыны гарадоў. Гісторыя выяўляе патэнцыял горада для развіцця ў ім многіх перспектыўных накірункаў дзейнасці, а не толькі ў галіне турызму. Гістарычны вопыт гарадоў найперш важны для ўдасканальвання гарадскога самакіравання і паглыблення рынкавых адносін, гарманізацыі сацыяльных і міжканфесійных адносінаў у грамадстве.

У вывучэнні гарадоў патрэбны новыя акцэнты. Актуальнымі накірункамі даследаванняў могуць быць наступныя: 1) горад як гістарычная, самадастатковая з'ява; 2) уплыў гарадскіх паселішчаў на жыццядзейнасць беларускага грамадства; 3) прычыны і вынікі працэсаў урбанізацыі; 4) умовы жыцця розных катэгорый гараджан; 5) культурны ландшафт гарадоў і інш.

Беларусь усыпана гарадскімі паселішчамі наяўнымі і зніклымі. Сучасныя працэсы ўрбанізацыі актуалізуюць гістарычны вопыт гарадоў, якія ўяўляюць сабой скарбніцу эканамічных, сацыяльных, культурных, палітычных практык. Таму гістарычная ўрбаністыка ў Беларусі мае для свайго далейшага развіцця вялікія перспектывы.

Спіс літаратуры

1. Шыбека, З.В. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый / З. Шыбека. - Вільня: ЕГУ, 2009. - 372 с.

2. Соркіна, І.В. Да праблемы даследавання урбанізацыі і горада як фактараў гістарычнага развіцця / І.В.Соркіна // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.П.Крэнь, І.В.Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.].. - Гродна: ГрДУ, 2007. - С. 5-9.

3. Белазаровіч, В.А. Вывучэнне гісторыі гарадоў у беларускай гістарыяграфіі другой паловы ХХ - пачатку ХХІ ст. / В.А. Белазаровіч // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Зборнік навуковых артыкулаў / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: В.В.Даніловіч, І.П.Крэнь, І.В.Соркіна, Г.А.Хацкевіч (адк. рэдактары) [і інш.]. - Гродна : ГрДУ, 2009. - С. 445 - 451.

4. Водолажская, Т. Городские исследования в Беларуси: теоретико-методологические проблемы / Т. Водолажская // Палітычная сфера. - 2009. - №12. - С. 29 - 43.

Захар Васільевіч Шыбека , доктар гістарычных навук, прафесар, працуе ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Аўтар кніг " Минск в конце ХІХ - начале ХХ в.: Очерк социально-экономического развития" (1985), " Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ - пачатак ХХ стагоддзяў)" (1997), " Нарыс гісторыі Беларусі. 1795-2002" (2003), " Мінск сто гадоў таму" (2007), " Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет" (2009).

Іна Валер'еўна Соркіна , кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Навуковыя інтарэсы звязаныя з гістарычнай урбаністыкай. Даследуе гісторыю мястэчак Беларусі, аўтар манаграфіі "Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIІІ - першай палове ХІХ ст." (Вільня, 2010).



* Так пазначаюцца гады выдання і перавыдання кніг.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX