Вярнуцца: Шукевіч Вандалін

Разваліны замка ў Лідзе Zwaliska zamku w Lidzie


Аўтар: Шукевіч Вандалін,
Дадана: 11-02-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 61(1).



Незайздросны лёс помнікаў мінулых вякоў у нашым краі!

Дзесьці там, зразумела, у цывілізаванай Еўропе як урады, так і грамадства атачаюць такія помнікі клапатлівай апекай, шануюць іх, амаль пакланяюцца, сцерагуць ад усялякай шкоды.

У нас наадварот, калі і існуюць яшчэ нейкія абломкі, то толькі дзякуючы нечуванай іх вытрываласці, бо ў нас усё робіцца, каб іх знішчыць, а не для іх падтрымання.

І дзіўная рэч, калі б мы былі народам самастойным, шчаслівым, то маглі б не звяртаць вачэй да мінулага, маючы да выканання больш задач жыццёвых, але для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне.

Чаму ж наша грамадства, нават так зв. інтэлегентныя грамадскія групы глядзяць з такой абыякавасцю на тых відавочных сведкаў нашай колішняй магутнасці. Ці ж усе думаюць, што нам прыніжаным, не дазволена, нібы жабракам, трэсці "рызманамі парчы" памяці даўніх лепшых часоў.

Руіны Лідскага замка з таго пункту гледжання маюць яшчэ менш шчасця, чым іншыя. Вельмі мала тут чаго засталося, а тое, што ёсць, падлягае сістэматычнаму руйнаванню не толькі хцівымі на такі адборны матэрыял, як каменне з муру, жыхароў слаўнага града, але і нязванымі апекунамі, якія як бы задаліся мэтай, каб знішчыць усялякія рысы ўласцівай такім помнікам прыгажосці і замяніць яе на нічога не вартыя сцены з камення.

Пераканаўся ў тым непасрэдна, калі некалькі тыдняў назад адведаў муры Лідскага замка ў кампаніі выбітнага знаўца помнікаў архітэктуры, ксендза-каноніка Казіцкага і вядомага даследчыка мінулага Вільні п. Вац. Студніцкага.

Сляды той магутнай некалі пабудовы, сёння відны толькі ў смутных рэштках чатырох сцен чатырохграннага абводнага мура. У адным толькі куце паўночна-ўсходнім звязаным пад простым вуглом, які зрэшты ў трох іншых свеціцца шырокімі выломамі, так, што ўласна сцены трымаюцца адно толькі дзякуючы дакладнай іхняй вертыкальнасці, як і таўшчыні, што даходзіць да 2,5 м, а таксама дасканалай вапнянай рошчыне.

Наогул, сёння стан тых рэшткаў роспачны, а аднак нядаўна яшчэ было значна лепей, і можна было ўвесь характар пабудовы пры рэстаўрацыі захаваць хоць бы ў контурах. На фатаграфіі знятай п. Ст. Флерыем некалькі гадоў таму назад, бачым яшчэ тырчаўшыя над мурам рэшткі дзвюх вуглавых, унутраных вежаў, данжонаў, якія некалі баранілі паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні вуглы. Цяпер толькі вялікія кучы друзу гавораць пра іх існаванне. Ці два іншыя вуглы мелі нейкую абарону? Таго сёння няма магчымасці сцвярджаць.

На названай фатаграфіі на вугле паўднёва-ўсходнім відны рэшткі выступаўшага трохсценка, як бы балкона, што надта выразна вызначаецца на фоне белага тынку дугаў аркаднага карніза, які вянчаў знадворку ўсходні мур пад байніцамі кругавой галярэі.

На малюнку замка, які знаходзіцца цяпер у Гарадскім музеі ў Вільні, а быў зроблены у пятым або шостым дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, відаць такі раманскі карніз і на паўднёвай сцяне. Чаго цяпер як тут, так і там следу няма. Гавораць, што некаторы з паноў-спраўнікаў лідскіх, пранікшыся трывогай за цэласць лбоў давераных яго апецы жыхароў слаўнага града Ліды, казаў значную частку муру разабраць па кругу, што і было зроблена з вывазам камення на брукаванне вуліц, а цэглы, праўдападобна, на пабудову яўрэйскіх печаў. Сёння сцены выглядаюць неяк куца, бясколерна, надзвычай смутна і мізэрна. А мелі б выгляд яшчэ больш смутны, бо нішчыцельская рука не адпачывае, наадварот, працуе без стомы над знішчэннем адзінага - можна сказаць - гістарычнага помніка ў павеце.

Што ж гаварыць, калі нават тыя, якія мелі добрыя жаданні спрычыніцца да падтрымання руін, зрабілі гэта найфатальней у свеце. Лёс упаў на паўночную сцяну, як на павернутую да горада. Тут перш за ўсё выраўнялі пад адзін узровень унутраны бок мура, заціраючы нават сляды існаваўшых тут некалі аркадных фрамуг: на заканчэнне верх мура і адзін з бакоў залілі роўна рошчынай вапны

Пасля такога "аднаўлення" сцяна мае выгляд вялікоднай мазуркі. Шкода, што кіраўнікі "аднаўлення" не прымянілі тут яшчэ так зв. цвікавання рознакаляровым шклом, якім дасціпныя муляры маюць звычай аздабляць падмуркі прыгарадных дамкоў.

Было б гэта лагічным заканчэннем так легкадумна і без ніякага паняцця зробленай справы.

Не маю разумення, хто засядаў у камітэце і кіраваў "аднаўленнем", ведаю толькі, што адбылася рэч фатальная, бо аб'екты разбураныя аднавіць можна, аднак ніколі тыя, якія былі пансаваныя неўмелым аднаўленнем. На шчасце іншым тром сценам пакуль не пагражае аднаўленне, бо - як я чуў - увесь фундуш, прызначаны на гэтую мэту, нешта каля дзвюх тысяч рублёў, быў ужо скарыстаны цалкам.

Мы аглядалі сцены як найпільней. Галоўным чынам пан Казіцкі, не зважаючы на сваю стомленасць, узлазіў некалькі разоў ажно на самы верх мура па драбіне, звязанай з дзвюх, якая ўгіналася над кожным крокам. Мы хацелі агледзець пазазасталыя яшчэ ў цэласці некалькі байніц у паўднёвай сцяне. Дэталі агледзін будуць прадстаўлены ў спецыяльным рэфераце археалагічнай секцыі Віленскага таварыства сяброў навук. Тут толькі мушу зазначыць, што ўражанне вынеслі адсюль найсмутнейшае.

Мусіць, нідзе людская рука не спрычынілася ў такой ступені да знішчэння слядоў характэрных рысаў помніка, і ні адзін помнік не быў, мусіць, так дашчэнту знішчаны. Для будучых даследчыкаў застанецца толькі тое, што схавалася ў насыпах друзу, хаця нельга паручыцца, што з-за хуткага разрастання горада не пачнуць рыцца і ў зямлі для здабыцця лёгкім спосабам матэрыялу.

"Кур'ер Літоўскі", № 142, 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1910 г.

(Пераклад Станіслава Судніка.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX