Папярэдняя старонка: Шукевіч Вандалін

Пра беларускую асвету   


Аўтар: Шукевіч Вандалін,
Дадана: 06-08-2011,
Крыніца: Kuryer Litewski № 196 - 1908.



Пытанні так зв. нацыянальныя, а як у нас: літоўскае і беларускае, якія падымаюцца на старонках газет, выстаўляюцца ў такіх рознаколерных і адвольных асвятленнях і разглядаюцца найчасцей не цераз прызму на-вуковай нейтральнасці, а праз павялічальнае шкло рознародных пачуццяў, таму з такога іх асвятлення ўдаецца атрымаць не шмат карысці. Звычайна, гаворачы аб гэтых пытаннях, мы распальваемся, не можам ўтрымаць абавязковай у такіх выпадках раўнавагі. Некаторыя "нават выходзяць з сябе" з абурэння ад смеласці "нейкіх там" беларусаў або ліцвінаў пачуваць у сабе нацыянальную адметнасць. Альбо наогул ігнаруюць справу, прымаюць у такім выпадку тон іранічна - з'едлівы, стараючыся высмяяць кожны рух, скіраваны на ажыццяўленне мараў аб самастойнасці. Наколькі такая методыка паводзінаў правільная - не будзем на тым спыняцца. Здаецца ўсё-такі, што не спрычыніцца яна для раз'яснення сітуацыі і ўладкавання стасункаў паміж бакамі, Наадварот, можа толькі падрыхтаваць грунт пад пасеў непаразуменняў і ўзаемнай непрыязні.

Не туды дарога, шаноўныя панове! Пытанні такога значэння, як тыя, якія гавораць пра цэлую будучыню народаў, не адсоўваюцца нейкай дасціпнай фразай або больш-менш трапным нацягненнем гістарычных фактаў. У гэтым выпадку аргумен-таваць можна толькі на аснове дадзеных, якія маюць навуковую вартасць, непарушных, як скала, не забаўляючыся фразеалогіяй, годнай сярэднявечных схаластыкаў.

Жыццё супярэчыць амаль заўсёды ўсякім, найпрацавіцей і найдасціпней сканструяваным тэорыям, і не раз насупраць нашым найгарачым жаданням, выводзіць нас на такія дарогі, пра кірунак якіх мы не мелі раней найменшага разумення. Належыць з тым лічыцца, бо іначай заслужым смех спачування, як той, хто б хацеў стрымаць вецер дзьмуханнем.

Народ, які абуджаецца да жыцця адасобленага, альбо мае столькі сілаў жыццёвых, што яго ніякія памаганні свету з дарогі яго не звернуць, альбо іх не мае. А тады без націску з чыйго-небудзь боку, будзе паглынуты чужымі культурамі, згіне з паверхні зямлі. Народ, які абуджаецца да супольнага жыцця па ўласнай мадэлі, не патрабуе нянек, як і тады, калі мае сілы, адмаўляе, не прымае ніякага націску і насуперак усяму выквітнее ён з часам цудоўнай кветкай цывілізацыі, уносячы новы элемент у духоўны даробак гэтай цывілізацыі.

Наш святы абавязак ёсць - не перашкаджаць у развіцці той кветкі, але дапамагаць ёй.

Уялякія супрацьядзеянні ёсць вартыя тых прадстаўнікоў улады, якіх не хвалюе дабро для людзей, а толькі захаванне выгадных для іх форм дзяржаўнасці. Мы, палякі, жывём тут на Літве і знаходзімся ў тым становішчы, што ніякага супрацьдзеяння выклікаць не ў стане і не павінны, хаця б з тых поглядаў, што нам трэба залучаць як найбольш сяброў, а не абуджаць нянавісць да сябе.

Нам вядома з уласнага досведу, якой цяжкай крыўдай і знявагай для чалавека ёсць прымус яго да прыняцця духоўнай ежы ў чужой мове. Вядома нам таксама, што гвалты, якія чыніліся над намі з мэтай змушэння нас да думання не па-польску, не прывялі да пажаданых вынікаў, а наадварот, выкапалі глыбокую прорву, якая не дапускае ні да якога паразумення.

Гісторыя вучыць нас, што народы незнішчальныя, што можна часова прыпыніць іхняе развіццё, але ніколі не ўдасца перамяніць істоту іх духу, забіць любоў да рэчаў айчынных, зацерці рысы адметнасці. Прыглушаная нават цяжкай рукой пераможцы, жорстка затрыманая ў сваім бегу раней ці пазней, а адшукае тая рыса сваё права і паўторнай хваляй разбурыць штучныя збудаванні чужых уплываў.

Прымус ніколі не мае права быць, асабліва ў галіне нацыянальных правоў.

Памыляецца той, які верыць у паспяховасць такой методы паводзін. Яшчэ больш памыляюцца тыя, якія лічаць, што ў нашых умовах мы можам думаць пра штучную асіміляцыю мільёнаў людзей. Дзяржавы, якія стаяць намнога вышэй ад нас культурна, якія маюць на падтрымку сваіх імкненняў матэрыяльную сілу, з цэлай сеткай дзяржаўных інстытутаў не раз спыняліся бяссільна перад адпорам этнічна прыгнечаных, а што ж ужо мы, расцярушаныя, бяссільныя, не здольныя зграмадзіцца дзеля салідарнага дзеяння.

Нам гавораць, што больш вы-сокія культуры ўбіраюць у сябе культуры больш нізкія, пра што павінна быццам бы сведчыць логіка гісторыі. Праўда, але робіцца гэта роўна на столькі, на колькі больш высокую культуру людзі, якія стаяць на больш нізкім узроўні цывілізацыі, прысвойваюць сабе дабраахвотна.

Гвалт, з хоць якой напругай, заўсёды параджае адпор, гэта з'яўляецца неадменным правам прыроды. Зрэшты, каб які-небудзь народ з карысцю для агульначалавечай справы цалкам прысвоіў сабе вышэйшую культуру, трэба спачатку прыняць яго такім, якім ён ёсць, навучыць яго цаніць святло ведаў у яго роднай мове .

Потым ён сам зробіць выбар і, калі ўжо прыме чужую культуру, то назаўсёды - на дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Такая логіка гістарычная. Параўнаем толькі колькасць адпольшчаных немцаў, якія толькі пад націскам зрабіліся немцамі, з колькасцю аднямечаных палякаў з нямецкімі прозвішчамі - і зразумеем тую праўду.

Не трэба баяцца таго, што ў нас беларусы горнуцца да кніжак, якія даюць ім крошкі ведаў у іх роднай мове. Для польскасці няма ў тым руху небяспекі . Прынамсі, да тых, хто ім дапамагае падняцца духоўна ў іх уласнай мове, захаваюць яны пачуццё ўдзячнасці назаўсёды, і яны будуць ненавідзець кожнага, хто стане на шляху іх памкненняў або будзе выказваць непавагу да іх нацыянальнасці і мовы.

Праўда, што і да польскіх кніг горнуцца беларусы гэдак жа ахвотна. Гэта агульнае жаданне, імкненне да святла. Бо яны ўжо спазналі патрэбу ў навуцы і пачалі яе браць з усіх крыніц, якія пад рукой. Але навука, якая падаецца ў чужой мове, хоць і набліжанай, не так лёгка прыстасуецца да сутнасці жыцця, таму што ў беларусаў яна становіцца нечым іншым, чым у іх найбліжэйшых суседзяў - "польская", "панская", але не "мужыцкая", "беларуская".

Можна смяяцца з энтузіястаў, якія прагнуць зфарсіраваць беларускую справу, не лічачыся з абставінамі, можна іх называць "нянькамі" ці неяк яшчэ, але трэба памятаць, што калі мы не падтрымаем таго сімпатычнага - будзь што будзе - руху, то яго кірунак возьмуць у свае рукі нашы суседзі і выкуюць з яго меч на нас, бо маюць сілы і ўсякія магчымасці для таго. Прынамсі, усходня група праваслаўных беларусаў будзе цалкам страчана для нашага ўплыву, бо прыхіліцца да крэўнай сабе мовай і верай Вялікаросіі.

Іншая справа з беларусамі заходняй групы. Тут аснову народу складаюць такія розныя этнічныя фармацыі, што той свайго роду кангламерат нельга назваць нават ні Руссю Белай ні Чорнай. Бо каго толькі гэтыя наднёманскія пушчы і пяскі не бачылі. І палонных, як з Польшчы, так і з Маларосіі і нават з Чэхаў і ўцекачоў з-пад уціску з Маскоўскай дзяржавы і столькіх іншых, каго цягнула ў наш край свабода, гарантаваная кожнаму, хто схаваўся пад крыло нашай Пагоні.

Як пацвярджэнне тых вандровак народаў захаваліся да сёння прозвішчы, якія гучаць ані па-беларуску, ані па-літоўску: такія, як: Залускі, Квяткоўскі, Кучынскі, Яленскі. Вайцахоўскі, Сабалеўскі, Савіч, Налівайка, Матэйка, Швед і тысячы іншых. Акрамя гэтага маем тут засцянковую шляхту. Ладам жыцця яна не адрозніваецца ад сялян, толькі пастаянна ўжывае польскую мову. Тут прапаганда польскасці яшчэ мае права быць. Належыць дапамагчы тым адзінкам у захаванні сваёй нацыянальнай адметнасці, а іншым паказаць дарогу для павароту ў лона польскасці. Але нельга забываць і пра братоў беларусаў з крыві і косці, якія насуперак усяму самаўсведаляюцца і хочуць захаваць сваю нацыянальную адметнасць. Падтрымкі масаў мы пры гэтым не атрымаем, але спрычынімся да завязвання наймацнейшых сардэчных сувязяў, бо ўчынкі нашыя будуць адпавядаць справядлівасці і праўдзе.

Пераклад Станіслава Судніка. НАША СЛОВА № 34 (1029) 24 жніўня 2011 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX