Папярэдняя старонка: Ціхаміраў Андрэй

Армяне горада Гродна і Гродзеншчыны з канца ХІХ да пачатку ХХІ стст. у святле статыстыкі 


Аўтар: Ціхаміраў Андрэй Уладзіміравіч,
Дадана: 29-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Ціхаміраў Андрэй Уладзіміравіч

ДУК "Гродзенская абласная навуковая бібліятэка ім. Я. Ф. Карскага"

Армяне горада Гродна і Гродзеншчыны з канца ХІХ да пачатку ХХІ стст. у святле статыстыкі

Разглядаецца пытанне аб колькасці, канфесійнай і моўнай структуры армянскай супольнасці горада Гродна і Гродзеншчыны з канца ХІХ да пачатку ХХІ стст. У якасці крыніц выкарыстоўваюцца дадзеныя перапісаў насельніцтва 1897, 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 і 2009 гадоў. Робіцца выснова аб высокім ўзроўні акультурацыі армянскай дыяспары ў Гродзенскай вобласці на сучасным этапе.

Ключавыя словы: дыяспара, акультурацыя, армяне, Гродна, Гродзенская губерня, Гродзенская вобласць.


Тихомиров Андрей Владимирович

Армяне города Гродно и Гродненщины с конца XIX до начала XXI вв. в свете статистики


Рассматривается вопрос о численности, конфессиональной и языковой структуре армянской общности города Гродно и Гродненщины с конца XIX до начала XXI вв. В качестве источников используются данные переписей населения 1897, 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 и 2009 годов. Делается вывод о высоком уровне аккультурации армянской диаспоры в Гродненской области на современном этапе.

Ключевые слова: диаспора, аккультурация, армяне, Гродно, Гродненская губерния, Гродненская область.

Армянская супольнасць з'яўляецца традыцыйнай этнічнай групай на беларускіх землях. Вядома, што з XIV-XVI стст. армянскія купцы рэгулярна наведвалі беларускія землі, а асобныя сем'і жылі ў гарадах, напрыклад у Вільні. Знакамітыя кіраўнікі Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў і творцы слуцкіх паясоў Ян (Аванэс) і Лявон Маджарскія (Маджаранцы) былі армянамі з Асманскай імперыі [2, с. 146]. У гісторыі і сучаснасці Гродна і Гродзеншчыны вядомыя вайскоўцы Гая Гай (Гайк Бжышкянц) і Грыгор Хаханьян (Тэр-Хаханьян), філосаф і рэлігіязнаўца Гурген Марціросаў, грамадскі актывіст Рыгор Фарманян, матэматык Юрый Вувунікян і іншыя. Нягледзячы на невялікую лічэбнасць, прадстаўнікі армянскай дыяспары з'яўляюцца важнай часткай інтэлектуальнага, культурнага і гаспадарчага жыцця рэгіёна.

Армянская супольнасць на нашых землях да ХХ ст. была вельмі малалікай. Гэта значна ўскладняе яе даследванне. Аднак варта прасачыць звесткі пра армянаў з розных статыстычных крыніц для стварэння больш дакладнага "калектыўнага партрэта" прадстаўнікоў гэтага старажытнага народа на Гродзеншчыне. Дакладных статыстычных звестак аб армянах на тэрыторыі Гродзенскай губерні да Першага перапісу насельніцва Расійскай імперыі няма. Дадзеныя перапісу 1897 года - гэта хутчэй за ўсё першыя зафіксаваныя звесткі аб прадстаўніках гэтай нацыянальнасці на Гродзеншчыне. Як вядома, падчас гэтага перапісу сярод этна-лінгвістычных характэрыстык насельніцтва фіксаваліся толькі веравызнанне і родная мова. Гэта ўскладняе інтэрпрэтацыю вынікаў перапісу, аднак некаторыя высновы можна зрабіць на падставе захаваных дадзеных.

У Гродзенскай губерні на момант перапісу 1897 г. жылі прадстаўнікі двух армянскіх канфесій: вернікі Армянскай Апостальскай царквы (іх на той час запісвалі як "армяна-грыгарыян", што лічыцца некарэктнай назвай, але яна афіцыйна выкарыстоўвалася імперскімі ўладамі) і армяна-каталікі. Армянаў, якія былі вернікамі Апостальскай царквы ў губерні было 26 чалавек (17 мужчынаў і 9 жанчынаў), армяна-каталікоў было трошкі больш - 33 асобы (15 мужчынаў і 18 жанчынаў). Разам прадстаўнікі двух армянскіх канфесій складалі 59 чалавек. У горадзе Гродна пражывала двое армянаў-грыгарыянаў, а ў Гродзенскім павеце - 6 армяна-каталікоў. Сярод паветаў Гродзенскай губерні (сучасныя межы Гродзенскай вобласці з ёй не супадаюць) найбольш прадстаўнікоў армянскай дыяспары пражывала ў Брэсцкім і Бельскім паветах (па 11 чалавек у кожным). У Пружанскім павеце - 10 чалавек, у Кобрынскім - 7, Ваўкавыскім і Сакольскім - па 4, Слонімскім і Беластоцкім - па 2 [6, с. 100]. Агульная колькасць насельніцтва Гродзенскай губерніі на той час - 1 603 409 чалавек [6, с. 101].

Апрача канфесійнай характарыстыкі дадзеныя перапісу дазваляюць прасачыць і моўную структуру армянскага насельніцтва. На тэрыторыі губерні 54 асобы падалі армянскую мову ў якасці сваёй роднай (21 мужчына і 33 жанчыны). Пры гэтым найбольшая колькасць армянамоўных жыла ў Гродне і Гродзенскім павеце: адпаведна 10 і 8 чалавек (прычым усе яны былі жанчынамі). У Брэсцкім павеце было 15 асобаў, якія карысталіся армянскай мовай, у Беластоцкім і Пружанскім - па 6, у Ваўкавыскім - 4, Кобрынскім - 3, Сакольскім - 2, а ў Бельскім і Слонімскім армянамоўныя не былі зафіксаваныя [6, с. 103]. Сярод армяна-грыгарыянаў у губерні 5 чалавек вызначалі сваю родную мову як вялікарускую (адпаведна сучаснаму разуменню - рускую), 16 чалавек - як "іншую індаеўрапейскую" (з вялікай ступеню верагоднасці можна лічыць, што гэта была армянская), 4 асобы - карвельскія мовы (хутчэй за усё грузінскую ці дыялекты грузінскай мовы) і адна асоба не падала сваёй мовы [6, с. 103]. Сярод армянаў каталіцкага веравызнання моўны падзел выглядаў інакш. Большасць прадстаўнікоў гэтай супольнасці - 17 чалавек назвала сваёй роднай мовай польскую, 9 чалавек - беларускую, 4 - рускую, 2 - літоўскую і адна асоба - "іншую індаеўрапейскую" (як і ў выпадку армяна-грыгарыянаў, хутчэй за ўсё гэта была армянская) [6, с. 107]. Большая частка тых армянаў, для якіх польская мова была роднай пражывалі ў Бельскім павеце (11 чалавек), а беларускамоўныя армяне - Сакольскім (4 асобы). Можна зрабіць даволі агульную выснову, што негледзячы на тое, што колькасць прадстаўнікоў армянскіх канфесій не супадае з колькасцю асобаў, для якіх армянская мова была роднай (частка магла быць іншага веравызнання), армянская дыяспара губерні дзялілася прыкладна на палову на вернікаў Армянскай Апостальскай царквы і армяна-каталікоў. Для армяна-грыгарыянаў ў асноўным роднымі былі армянская, грузінская і руская мовы, а для армяна-каталікоў - польская і беларуская. Можна меркаваць, што большасць армяна-грыгарыянаў былі выхадцамі з тэрыторыі Закаўказзя, далучанага канчаткова да Расійскай імперыі ў ХІХ ст., а большасць армянаў каталіцкага вызнання была нашчадкамі армян часоў Рэчы Паспалітай, ужо дастаткова асіміляванымі з насельніцтвам беларускіх земляў.

На жаль, няма дакладных звестак аб армянскай супольнасці ў часы Першай сусветнай вайны і прыналежнасці тэрыторыі Гродзеншчыны да міжваеннай Польскай Рэспублікі. Польскія перапісы 1921 і 1931 гадоў фіксавалі на тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага ваяводстваў прадстаўнікоў армяна-каталіцкай супольнасці разам з вернікамі рыма- і грэка-каталіцкай царквы, таму вызначэнне іх лічбы зараз праблематычнае [9, p. 111].

Першы савецкі перапіс насельніцтва, які быў праведзены на тэрыторыі Гродзеншчыны ў 1959 годзе таксама не падае звестак пра армянскую супольнасць [3, с. 28]. Перапіс 1970 года быў першым, у якім пазначаліся армяне ў Гродзенскай вобласці ў сучасных межах: іх было 193 асобы [8, с. 50]. Паводле перапісу 1979 года лічба армянаў трошкі зменшылася: да 191 чалавека [8, с. 50]. Апошні савецкі перапіс 1989 года паказаў значнае павялічэнне лічбы асобаў армянскай нацыянальнасці на Гродзеншчыне: іх колькасць узрасла ў амаль два разы - да 461 асобы [8, с. 50]. Гэты ўзрост быў звязаны з шэрагам фактараў: міжэтнічныя канфлікты ў рэспубліках Закаўказзя (перадусім канфлікт вакол Нагорнага Карабаха) павялічылі хвалю бежанцаў, у тым ліку і ў Беларусь, разбуральны і трагічны па сваім наступствам землятрус ў Арменіі ў 1988 годзе таксама спрычыніўся да павялічэння міграцыі. Частка армянаў пераехала ў Беларусь з расійскіх рэгіёнаў, дзе яны з'яўляюцца традыцыйнай этнічнай групай (напр., з Краснадарскага края).

Перапісы насельніцтва, праведзеныя ў незалежнай Беларусі дазваляюць скласці дастаткова поўны і рознабаковы "калектыўны партрэт" армянскай дыяспары. Паводле перапісу насельніцтва 1999 года ў Гродзенскай вобласці пражывала 1049 армянаў, што складала 0, 1 % ад агульнай колькасці насельніцтва (на той час у вобласці пражывала 1 185 178 чал.) [3, с. 28]. Статыстычныя звесткі дазваляюць прасачыць гендэрныя і ўзроставыя паказчыкі, а таксама адукацыйны і прафесійны ўзровень. Аднак цікавым момантам для даследвання з'яўляюцца лінгвістычныя дадзеныя. Яны важныя перадусім для таго, каб вызначыць ступень захаванасці ўласнай этнічнай саматоеснасці і ўключанасці ў беларускае грамадства. У 1999 годзе пераважная большасць армянаў Гродзеншчыны ў якасці сваёй роднай мовы назвала армянскую (552 чал.), затым - рускую (368 чал.), беларускую (71 чал.) і іншую (9 чал.) [3, с. 293]. Пры гэтым большасць з іх дома размаўляла на рускай мове (717 чал.), на армянскай (246 чал.), беларускай (75 чал.), польскай (5 чал.) і іншай (6 чал.) [3, с. 315]. У якасць другой мовы, якой свабодна валодаюць, прадстаўнікі армянскай дыяспары называлі: рускую (218 чал.), беларускую (103 чал.), армянскую (83 чал.), польскую (3 чал.), англійскую (20 чал.), нямецкую (6 чал.) і іншыя (44 чал.) [3, с. 372-373]. Можна зрабіць выснову, што армянская супольнасць на той час ужо была дастаткова моцна ўключаная ў беларускае грамадства: большасць яе прадстаўнікоў лічыла роднай мовай армянскую, але пры гэтым ў часцей за ўсё дома размаўляла па руску. Гэта можна патлумачыць рознымі фактарамі. Сярод армянаў даволі высокі працэнт міжэтнічных шлюбаў, таму часта руская мова выступае ў якасці зручнага сродка камунікацыі; таксама для часткі армянаў, якія прыехалі ў Беларусь з Расіі руская мова з'яўляецца фактычна роднай мовай (як мова, засвоеная першай у дзяцінстве). Варта звярнуць ўвагу і на тое, што частка армянаў таксама дэкларавала веданне беларускай мовы, а таксама некаторыя лічылі яе сваёй роднай. Такія працэсы можна вызначыць як акультурацыю (уключэнне ў паўсядзённасць краіны пражывання) з высокім узроўнем захавання ўласнай ідэнтычнасці [1, с. 19]. Армянская мова ў гэтым выпадку выступае перадусім як сімвалічны паказчык, як важны фактар сувязі з гістарычнай радзімай і сусветнай армянскай дыяспарай, але таксама і як сродак зносінаў.

Перапіс 2009 года паказаў пэўную стабілізацыю большасці лічбавых паказчыкаў датычных армянскай дыяспары Гродзеншчыны. Агульная лічба армянаў трошкі скарацілася ў параўнанні з 1999 годам - да 905 чалавек (0, 1 % ад агульнай колькасці насельніцтва вобласці). У вобласці пражывала тады 1 072 381 чалавек [4, с. 3]. Большасць прадстаўнікоў дыяспары пражывала ў горадзе Гродна - 324 чалавека (гэта 0, 1 % ад агульнай колькасці насельніцтва горада) [4, с. 5], Лідскім раёне - 92 асобы [4, с. 14], Смаргонскім - 69 чал. [4, с. 21], Гродзенскім - 50 чал. [4, с. 9], Ваўкавыскім - 49 чал. [4, с. 7], Бераставіцкім - 44 чал. [4, с. 6]. Найменш лічэбная армянская супольнасць была зафіксаваная ў Астравецкім (7 чал.) [4, с. 17], Іўеўскім (4 чал.) [4, с. 12] і Зэльвенскім (2 чал.) [4, с. 11] раёнах.

Захаваліся ранейшыя тэндэнцыі ў лінгвістычнай сітуацыі армянскай супольнасці. Так, поводле дадзеных 2009 г. колькасць асоб, якія вызначылі сваю родную мову як рускую нязначна пераўзышла колькасць тых, хто дэклараваў армянскую мову: 429 асоб супраць 424. Скарацілася колькасць тых, хто вызначыў беларускую мову ў якасці роднай (38 чал.) [5, с. 32]. Значная частка армянаў размаўляла дома на рускай мове (683 чал.), на армянскай - 154 чал., на беларускай - 38 чалавек [7, с. 359]. Можна меркаваць, што ўключэнне ў беларускае грамадства армянскай дыяспары дастаткова моцнае: пра гэта сведчаць выкарыстанне рускай і беларускай моваў у штодзённым жыцці і сталая тэндэнцыя да павялічэння прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, для якіх руская мова з'яўляецца роднай. Сімвалічнае значэнне армянскай мовы зменшылася ў параўнанні з 1999 годам, але ў адносных лічбах змяншэнне не такое значнае. Здаецца, што важным момантам для захавання тоеснасці можа быць звяртанне большай ўвагі да захавання ведання і выкарыстання армянскай мовы.

Армянская супольнасць з'яўляецца часткай шматэтнічнага насельніцтва Гродзеншчыны на працягу ўжо больш ста гадоў. У канцы ХІХ ст. была зафіксаваная невялікая лічба армянаў, якія належалі да двух канфесійных груп: вернікаў Армянскай Апостальскай царквы і армянаў-каталікоў. Сучасная армянская дыяспара Гродзеншчыны склалася напрыканцы ХХ ст. у выніку розных міграцыйных працэсаў у межах СССР і ў перыяд з 1991 года. Статыстычныя звесткі паказваюць дастаткова высокі ўзровень інтэграцыі армянаў у Беларусі, у тым ліку на Гродзеншчыне, пры гэтым назіраецца захаванне імі роднай мовы і культурнай адметнасці.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Аветян, Н. С. Механизмы и стратегии адаптации национальных диаспор в инокультурной среде / Н. С. Аветян // Социологические чтения: сб. науч. ст.; редколл.: Н. В. Козловская (гл. ред.). - Гродно, 2017. - С. 17-23.

2. Беларусь. Этнічныя супольнасці; пад рэд. А. В. Гурко. - Мінск, 2017.

3. Итоги переписи населения Республики Беларусь 1999 г. Национальный состав населения Республики Беларусь и распространённость языков. Статистический сборник. Т. I; гл. ред. Г. И. Гасюк. - Минск, 2001.

4. Национальный состав населения. Гродненская область. - Минск, 2010.

5. Общая численность населения, его состав по возрасту, полу, состоянию в браке, уровню образования, национальности, языку и источникам средств к существованию. Гродненская область. - Минск, 2010.

6. Первая всеобщая перепись населения Российской империи, 1897 г. Т. XI: Гродненская губерния; под ред. Н. А. Тройницкого. - СПб., 1904.

7. Перепись населения 2009. Национальный состав населения Республики Беларусь. Т. III. - Минск, 2011.

8. Статистический ежегодник Гродненской области 2017. - Гродно, 2017.

9. Tichomirow A. Armenians in Belarus Today and in the Past / A. Tichomirow // Armenians in Post-Socialist Europe; ed. by K. Siekierski and S. Troebst. - Köln, Weimar, Wien, 2016. - P. 107-120.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX