Папярэдняя старонка: Ткачоў М.А.

Замкі і людзі 


Аўтар: Ткачоў М. А.,
Дадана: 22-03-2011,
Крыніца: Мн.: Навука і тэхніка, 1991.

Спампаваць




Навуковы рэдактар доктар гістарычных навук Г. В. Ш Т Ы X А Ў


Рэцэнзснты: кандыдаты гістарычных навук Л. У. Д у ч ы ц, Г. А. Каханоўскі


Ткачоў М. А.

Т 48 Замкі і людзі / Пад рэд. Г. В. Штыхава.- Мн.: Навука і тэхніка, 1991.- 184 с.: іл. ІSВN 5-343-00880-1.


У сярэднія вякі Беларусь называлі «краінай замкаў». Праз кожныя 20 - 30 км стаялі умацаваныя гарады і мястэчкі, пад абарону якіх у гадзіну трывогі збіралася навакольнае насельніцтва. У кожным феадальным горадзе і мястэчку існавалі тады арсеналы, былі воінскія апалчэнні. Гісторыі ваеннай справы прыватнаўладальніцкіх паселішчаў Беларусі XIV-XVIII стст. і прысвечана кніга. Разлічана на ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй.


ББК 63.3(2Б)

М 316(03)-91

ІSВN 5-343-00880-1

© М. А. Ткачоў, 1991



ББК 63.3 (2Б)
Т48

В средние века Белоруссию называли «страной замков». Через каждые 20-30 км стояли укрепленные города и местечки, под защиту которых в годину тревоги собиралось окрестное население. В каждом феодальном городе и местечке существовали тогда арсеналы, были воинские ополчения. Истории военного дела частновладельческих поселений Белоруссии XIV-XVIII вв. и посвящена книга. Рассчитана на всех интересующихся белорусской историей.



Змест


Уводзіны ...5

Г л а в а 1. Прыватнауладальніцкія гарады Радзівілаў і арганізацыя іх абароны ...10

1. Гарады Радзівілаў у Цэнтральнай і Паўднёвай Беларусі ...11

2. Уладальніцкія паселішчы Радзівілаў у Падняпроўі, Падзвінні і Панямонні ...57


Г л а в а 2. Структура і арганізацыя абароны паселішчаў ва ўладаннях Сапегаў ...79

1. Гарады Падняпроўя ...80

2. Умацаваныя паселішчы Сапегаў у Падзвінні, Пасожжы і іншых рэгіёнах Беларусі ...95


Г л а в а 3. Умацаванні дробных і сярэдніх уладальніцкіх гарадоў і мястэчкаў Беларусі ў XIV-XVIII стст. ...115

1. Умацаваныя ўладальніцкія паселішчы басейна Бярэзіны і Прыпяці ...116

2. Умацаваныя феадальныя паселішчы Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ...125

3. Уласніцкія цэнтры абароны ГІадняпроўя і Падзвіння ...135


Заключэнне ...164

Бібліяграфія ...166

Спіс скарачэнняў ...180

Кароткі слоўнік гістарычных тэрмінаў ...181



Кніга ў DJVU



Пакутнікам беларускай гістарычнай
навукі - Усеваладу Ігнатоўскаму
і Мікалаю Улашчыку прысвячаю
АУТАР

Уводзіны

Прыватнаўладальніцкія феадальныя замкі, гарады і мястэчкі - значная сацыяльна-эканамічная і палітычная з'ява ў гісторыі Беларусі. Падобна прыватнаўладальніцкім гарадам іншых рэгіёнаў Еўропы - Венгрыі, Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны, беларускія гарады і мястэчкі XV-XVIII стст. з'яўляліся адміністрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі магнацкіх латыфундый, асноўнымі цэнтрамі рамёстваў і гандлю. Яны былі неад'емным арганічным кампанентам усяго феадальнага грамадства Беларусі. Акрамя таго, гэтыя паселішчы адыгрывалі важную ролю ў абароне краю ад знешняй пагрозы. Разам з гаспадарскімі гарадамі ўмацаваныя ўласніцкія паселішчы з іх замкамі фактычна з'яўляліся своеасаблівым дадатковым унутраным сродкам абароны дзяржавы. Яны былі апорай ваеннай моцы магнатаў, цэнтрамі сепаратызму і базамі для вядзення міжусобіц. Гэтыя ўмацаваныя паселішчы лічыліся сховішчам для мясцовага насельніцтва ва ўмовах частых і разбуральных войнаў XVI-XVIII стст. Няспынная ваенная пагроза прымусіла гараджан і жыхароў сельскай акругі выпрацаваць жыццястойкі механізм абароны, які грунтаваўся на ўсеагульнай вайсковай павіннасці і абавязковым удзеле ў ваеннаабарончым будаўніцтве. Гэта ў пэўнай ступені гарантавала надзею, праўда, часта вельмі прывідную, на магчымасць выжыць у частых і знішчальных войнах сярэднявечча.

Моц прыватнаўладалыііцкіх замкаў і гарадоў часта знаходзілася ў прамой залежнасці ад іх прыгранічнага месцазнаходжання, эканамічнага стану, колькасці насельніцтва і зацікаўленасці магнатаў у будаўніцтве ўмацаванняў. Частыя ваенныя ліхалецці не пакідалі гараджанам другога выйсця, акрамя ўзвядзення ўмацаванняў уласнымі сіламі і сродкамі. Часцей за ўсё і для магната не было іншага выбару, бо ён быў зацікаўлены ў захаванні і абароне свайго ўладання. Таксама ўлічвалася і патэнцыяльнасць класавых канфліктаў у тагачасным грамадстве. Уладальнікі паселішчаў імкнуліся іх нейтралізаваць рознымі спосабамі, у тым ліку з дапамогай размешчаных у замках наёмных гарнізонаў, якія былі арыентаваны на падаўленне сацыяльных выступленняў працоўных.

Аб'ектыўнае супадзенне інтарэсаў мяшчан і ўладальнікаў паселішчаў ішло апошнім на карысць. Яно садзейнічала стварэнню магутнейшых сучасных фартыфікацый, якія станавіліся цэнтрамі абароны вялікіх рэгіёнаў. Важна адзначыць, што ваенна-будаўнічыя павіннасці валасцей, якія існавалі яшчэ з часоў Полацкай зямлі, Кіеўскай Русі, захаваліся і працягвалі дзейнічаць у XIV-XVIII стст. У пытаннях абароны горад і воласць і надалей заставаліся непарушным цэлым. Ваенна-будаўнічая «даўніна» няўхільна захоўвалася на працягу стагоддзяў. Уладальніцкія замкі, гарады і мястэчкі былі даволі «рухомым» элементам уладанняў. Яны часта пераходзілі з рук у рукі ў выніку куплі-продажу, матрыманіяльных сувязей альбо запаветаў-тэстаментаў. Адны роды магнатаў валодалі імі на працягу соцень гадоў, другія даволі хутка іх трацілі, саступіўшы больш заможным феадалам. Напрыклад, Хадкевічы, якія ў XVI ст. называліся «графамі на Мышы, Шклове, Быхаве і Глуску», ў XVII ст. амаль усе свае гарады страцілі на розных прычынах. Другія, як, напрыклад, Сапегі, наадварот, пастаянна з веку ў век, пашыралі свае ўладанні. Існавалі гарады, мястэчкі і замкі, у якіх было адразу некалькі ўладальнікаў (Глуск, Друцк, Глыбокае і інш.).

Пры аналізе гісторыі ўмацаваных прыватнаўладальніцкіх паселішчаў Беларусі як культурна-гістарычнай і сацыяльна-эканамічнан з'явы неабходна зазначыць, што не заўсёды магчыма дастаткова поўна ахарактарызаваць ваенны бок іх жыцця: зніклі пад сучаснай забудовай старажытныя ўмацаванні, адсутнічаюць неабходныя пісьмовыя сведчанні альбо вельмі нязначна асвятляюцца гэтыя пытанні. Але там, дзе крыніцы захаваліся, раскрываецца цікавая карціна гісторыі ваеннай справы ў гарадах сярэдневяковай Беларусі, якая дазваляе аналізаваць і параўноўваць узровень ваенна-тэхнічных ведаў мясцовага насельніцтва з бліжэйшымі і дальнімі еўрапейскімі суседзямі.

Значная інфармацыя пра арганізацыю абароны ўладальніцкіх паселішчаў дазваляе зрабіць вывад, што неўмацаваных гарадоў і мястэчкаў у сярэднія вякі, асабліва ў XVI-першай палове XVIII ст., не існавала. Прымітыўныя агароджы з уязнымі брамамі ці перашкодамі ў выглядзе «кабылін» мелі нават буйныя вёскі. Такой была спецыфіка сярэднсвяковага быцця. Яна патрабавала ад людзей таго часу пастаяннай і пільнай увагі да пытанняў асабістай і грамадскай бяспекі і абароны.

Мэтай дадзенай працы якраз і з'яўляецца падрабязнае вывучэнне прынцыпаў арганізацыі структуры абароны сярэдневяковьіх прыватнаўладальніцкіх замкаў і гарадскіх паселішчаў Беларусі XIV-XVII стст. Для гэтага неабходна прааналізаваць узровень ваеннага дойлідства таго часу, вывучыць ваенна-тэхнічныя аспекты абароны, традыцыі ваеннай абароны і іх сувязь з заканадаўчымі актамі краіны, выявіць узаемазвязанасць лёсу гарадоў і вёсак у пытаннях ваеннаабарончай справы, структуру гарадскіх апалчэнняў міліцыйнага тыпу і многае іншае.

Праблемай абароны беларускіх прыватнаўладальніцкіх гарадоў цікавіліся дарэвалюцыйныя айчынныя і даваенныя польскія даследчыкі. Асаблівую цікавасць выклікалі Слуцк, Нясвіж, Шклоў, Быхаў і некаторыя іншыя гарады. Ім прысвечаны рознага характару публікацыі, якія раскрылі асобныя аспекты кіравання гарадскім апалчэннем, яго структуру, прынцыпы камплектавання вайсковых атрадаў.

Дзеянні гарадскога апалчэння сярэдневяковага Нясвіжа ў перыяд войнаў часткова асвятляліся гісторыкамі Е. Катлубаем і Б. Таўрагіньскім. Эпізоды з ваеннай гісторыі Друі, Глыбокага і Іказні маюцца ў работах О. Хадэмана. Гарадскія ўмацаванні заходнебеларускіх гарадоў і мястэчкаў цікавілі В. Равеньску. Аднак яна памылкова лічыла, што фартыфікацыя мелася толькі ў Нясвіжы, Клецку, Дзісне, Любчы і Слоніме.

У пасляваенны час абарончы.м збудаванням Любчы прысвяціў свае артыкулы польскі гісторык Ст. Александровіч, Нясвіжскаму замку і ўманаванням горада Нясвіжа - Ф. Маркоўскі і А. Грушэцкі.

Найбольш грунтоўна пытанні абароны прыватнаўладальніцкіх гарадоў XVI-XVIII стст. вывучаў А. П. Грыцкевіч. У сваіх артыкулах і манаграфіях аўтар найбольшую ўвагу надаваў Слуцку і Нясвіжу. Ен глыбока прааналізаваў структуру іх абароны і арганізацыю гарадскога апалчэння. Таксама было дадзена кароткае апісанне некаторых замкаў. Асноўная ўвага ў манаграфіях А. П. Грыцкевіча адводзілася сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі прыватнаўладальніцкіх гарадоў. Іх ваенную гісторыю аўтар закрануў бегла і сцісла, галоўным чынам для таго, каб параўнаць іх з Нясвіжам і Слуцкам. Даследчык выкарыстаў шматлікія архіўныя матэрыялы, большасць якіх упершыню ўведзена ў навуковы ўжытак.

Праблемам абароны прыватнаўладальніцкіх гарадоў і замкаў Заходняй Беларусі прысвечаны раздзелы манаграфій аўтара гэтай працы. Аднак у дачыненні да гарадоў больш падрабязна разгледжаны пытанні ваеннай гісторыі Нясвіжа, Слуцка, на ўсходзе Беларусі - талькі Быхава.

Калі ўлічыць, што ў другой палове XVI-XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі налічана 27 прыватнаўладальніцкіх гарадоў і некалькі дзесяткаў мястэчкаў, становіцца зразумелым, што ў цэлым праблема іх ваеннай гісторыі ўсё яшчэ патрабуе паглыбленага вывучэння.

Праца заснавана на комплексс разнастайных крыніц, сярод якіх пераважаюць архіўныя дакументы са сховішчаў краіны, а таксама Рэспублікі Польшчы, якія раней не публікаваліся.

Таксама выкарыстаны апублікаваныя крыніцы, картаграфічныя і геральдычныя матэрыялы. Важнае месца займаюць вынікі аўтарскіх археалагічных даследаванняў.

Пісьмовыя крыніцы можна падзяліць на некалькі груп. Да першай групы крыніц аднесены апублікаваныя дакументы і матэрыялы, сабраныя ў шматтомных зборніках, якія выдала Віленская археаграфічная камісія. Да іх прымыкае група беларуска-літоўскіх і польскіх летапісаў і хронік, а таксама «Тамы законаў», якія змяшчаюць заканадаўчыя акты Вялікага княства Літоўскага і сеймаў Рэчы Паспалітай.

Асаблівую цікаваснь выклікаюць дзяржаўныя акты пра ільготы для прыватнаўладальніцкіх гарадоў у сувязі з іх разбурэннямі ў ходзе войнаў. Выкарыстаны таксама іншыя крыніцы.

Другую групу крыніц складаюць архіўныя дакументы. У асноўным гэта матэрыялы магнацкіх архіваў. Сярод іх выдзяляюцца фонд Радзівілаў у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР (ЦДГА БССР, ф. 694) і Галоўным архіве старажытных актаў г. Варшавы (ГАСА г. Варшавы. архіў Радзівілаў, аддзел 7 - ваенныя дакументы, аддзел 25 - інвентары Радзівілаўскіх уладанняў). Значная колькасць інвентароў прыватнаўладальніцкіх гарадоў і мястэчкаў сабрана ў фондзе мікрафільмаў ЦДГА БССР (ф. КМФ-5). Там жа (ф. 1825) захоўваюцца дакументы Слуцкага магістрата.

Асобныя матэрыялы па гісторыі Слуцка і Шклова XVII-XVIII стст. з бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве ўдзячнаму аўтару дабразычліва перадалі ў свой час М. М. Улашчык і А. П. Грыцкевіч.

Значныя калекцыі сярэдневяковых пісьмовых крыніц ёсць у ЦДГА Літоўскай Рэспублікі (фонд «Старажытныя акты»), рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літоўскай Рэспублікі і бібліятэкі Віленскага дзяржаўнага універсітэта. Яны даюць падрабязную інфармацыю пра ўзбраенне і структуру ўмацаванняў Друцка, Дубоўны, Слуцка, Быхава, а таксама Невеля і Себежа, якія раней уваходзілі ў склад Віцебскага ваяводства і належалі Радзівілам. Вялікія групы дакументаў па ваеннай гісторыі ўладальніцкіх гарадоў засяроджаны ў рукапісным аддзеле Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе (ф. 293, руска-польскія акты: фонд П. П. Дуброўскага, Польская калекцыя аўтографаў), архіве Ленінградскага аддзялення Інстытута гісторыі АН СССР (справа 114), калекцыі дакументаў у рукапісным аддзеле бібліятэкі АН СССР у Ленінградзе (ф. 266 - альбомы з асабістай бібліятэкі Пятра I).

Дакументы перыяду руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. маюцца таксама ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў СССР у Маскве (ф. 79 - Пасольскі прыказ. Справы польскія; ф. 137 - Баярскія і перапісныя кнігі; ф. 389 - Літоўская Метрыка і інш.).

Ва ўсіх гэтых сховішчах, а таксама ў Цэнтральным дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве СССР у Маскве і Цэнтральным дзяржаўным архіве Ваенна-Марскога Флоту СССР у Ленінградзе знаходзяцца картаграфічныя зборы і планы многіх прыватнаўладальніцкіх гарадоў Беларусі, якія выкарыстаны ў манаграфіі.

Усе названыя архіўныя крыніцы па характару змешчаных у іх матэрыялаў складаюцца з інвентароў прыватнаўладальніцкіх гарадоў і замкаў, дакументаў па рамяству і рамесных цэхах, дакументаў па гандлю, куплі-продажу і падзелу ўладанняў, магістрацка-актавых кніг, прывілеяў і грамат на самакіраванне, выданых цэнтральнай уладай і магнатамі, картаграфічных і іканаграфічных дакументаў і матэрыялаў па гісторыі ваеннай справы на Беларусі.

Колькасць архіўных матэрыялаў па гарадах і іх інфарматыўнасць розная. Больш за ўсё маецца дакументаў па Слуцку, Нясвіжы, Быхаву, Копысі, Давыд-Гарадку, Невелю і Себежу. Па іншых гарадах ёсць паасобныя дакументы, якія маюць фрагментарны характар. Аднак архіўныя крыніцы, дапоўненыя археалагічнымі і іканаграфічнымі матэрыяламі, дазваляюць раскрыць асноўныя аспекты праблемы гісторыі ваеннай справы ў сярэдневяковых прыватнаўладальніцкіх гарадах Беларусі.



Научное издание
Ткачев Михаил Александрович

ЗАМКИ И ЛЮДИ


Минск. Издательство «Навука і тэхніка»

Навуковае выданне
Ткачоў Міхась Аляксандравіч

ЗАМКІ I ЛЮДЗІ


Загадчык рздакцыі А. I. Валахановіч. Рэдактар Л. М. Салаўева. Мастак А. Г. Каўшырка. Мастацкі рэдактар В А. Жахавец. Тэхнічны рэдактар В. А. Віценка. Карэктар Г. I. Сергіенка.


ІВ М 4048


Здадзена ў набор 14.08.91. Падпісана ў друк 22.11.91. Фармат 70х100 1/15. Папера друк. № I. Гарнітура літаратурная. Высокі друк. Ум. друк. арк. І4.83. Ум. фарб.-адб. 14,83. Ул.-выд. арк. 15.11. Тыраж 6000 экз. Зак. Л» 855. Цана 2 р. 40 к.

Выдавецтва «Навука і тэхніка» Акадэміі навук Беларусі I Дзяржаўнага камітэт па друку Рэспублікі Беларусь. 220067. Мінск, Жодзінская. 18. Друкарня Імя Францыска Скарыны выдавецтва «Навука і тэхніка». 220067. Мінск. Жодзінская. 18.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX