Вярнуцца: Ткачоў М.А.

3а няпоўныя сто гадоў сто сорак крыжацкіх паходаў ...


Аўтар: Ткачоў Міхась,
Дадана: 12-10-2012,
Крыніца: 3а няпоўныя сто гадоў сто сорак крыжацкіх паходаў ... // Спадчына № 2 - 1991. С. 9-12.



МІХАСЬ ТКАЧОЎ, доктар гістарычных навук: 3а няпоўныя сто гадоў сто сорак крыжацкіх паходаў...

XIV стагоддзе было нейкім ненармальным векам. Гэта век, калі мітусілася ўся Еўропа, калі ідэі рыцарства падымалі на крыло прадстаўнікоў дваранскіх сем'яў розных зямель Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Францыі і г. д., і ўсе яны шукалі баявых подзвігаў менавіта на ўсходзе Еўропы. Слава непрыступных замкаў Беларусі даходзіла нават да Англіі. Кожны рыцар меў за гонар схадзіць у паход на непрыступны Гартэн (Гародню), які не паддаваўся наступу гэтых страшных сілаў.

Пры тлумачэнні прычынаў таго, што нашы продкі адстаялі сваю незалежнасць ад тае навалы, перш хачу падкрэсліць: пры зліцці эканамічнага, вайсковага, культурнага патэнцыялу беларускіх і літоўскіх земляў у XIII ст. ўтварыўся іх палітычны і эканамічны сімбіёз. Гэта было аб'яднанне не мечам, можна сказаць, у значнай ступені не мечам. Гэта было аб'яднанне на падставе рада, дагавору, які, у адрозненне ад нашых сённяшніх дакументаў, быў вельмі лаканічны. Ен гучаў так: не рухаці старыны, не ўвадзіці навіны, a на вайну разам.

Літоўцы атрымалі з рук беларусаў абсалютна гатовыя інстытуты ўлады: судаводства, юрыспрудэнцыі, вайсковай справы; традыцыі будаўніцтва магутных замкаў. Дзесяткова-соценная вайсковая сістэма, якая існавала на старабеларускіх землях з вельмі аддаленых часоў, арганічна злілася з ваеннай структурай арганізацыі абароны краю ў Літве. У складзе Беларусі было больш за 30 гарадоў, у той час калі Літва практычна не мела яшчэ ніводнага горада. 9/10 насельніцтва Вялікага княства Літоўскага складалі этнічныя беларусы, нашыя з вамі продкі, якія моцай свае зброі, сваім талентам процістаялі той самай заходняй навале.

(76KB) Ткачоў Міхась.

Аснову войска складалі гарадскія апалчэнні Беларусі; простыя воі - сяляне, служылыя баяры. Нямецкія дакументы XIV - XV стст. называюць у беларуска-літоўскім войску наступных людзей: баяры (нобілі), людзі асабіста вольныя, слугі (кнехты), смерды-сяляне (іх храністы звалі чамусьці «паганыя») і, урэшце, адпушчанікі (адпушчаныя на волю рабы). Іхнім абавязкам было не толькі ўдзельнічаць у паходах, але і ахоўваць межы дзяржавы. Гэта была так званая «старожа польная», вельмі старажытная павіннасць гарадоў і валасцей выстаўляць на ўзмежжа невяліікія мабільныя групы коннікаў, якія рэгулярна мяняліся.

Дакументы сведчаць, што сітуацыя вымагала ад вялікіх князёў максімальных высілкаў пры арганізацыі абароны краю і паходаў у адказ углыб рыцарскіх земляў. Вітаўт нават пастанавіў, што кожны баярын абавязаны быў з'яўляцца на службу толькі конна. Калі ж нехта каня не меў, мусіў прадаць у рабства жонку і дзяцей, але каня купіць. Магчыма, гэтае паведамленне нямецкага храніста ў нечым перабольшвае сітуацыю, але ад ісціны яно недалёка.

Першымі, хто прыняў на сябе ўдары наваяўленага воінства, былі Полацкія землі ў Падзвінні, там, дзе знаходзіліся вядомыя Ерсіка і Кукенойс. Гэтыя землі Латгаліі былі падпарадкаваныя Полацку, кантралявалі вельмі важны гандлёвы шлях, багаты шлях, які адкрываў дарогу не толькі купцам, але і агрэсіі супраць Полацкай зямлі, на Віцебшчыну, на Смаленшчыну і далей - у Масковію. Полацкі князь Уладзімір процістаяў гэтай сіле даволі ўдала; не можам мы забыць імя і князя Вячкі, які на латгальскіх землях сцягаў славу свайму мячу. Мы павінны ўспомніць палачанаў, гаворачы пра вядомую бітву ля воз. Дурбэ ў 1260 г., дзе крыжакі былі разбітыя ўшчэнт; і пра бітву 1261 г. пад Ленавардэнам, дзе крыжакі таксама былі павернутыя назад.

Пасля гэтага пачаліся таранныя ўдары лівонцаў у сцены славутага Полацка (гэта паходы 1333, 1334, 1366, 1382, 1386 гг.). У прамежку паміж гэтымі штурмамі ды аблогамі Полацка адбыліся каласальнай важнасці бітвы. Гэта перш за ўсё бітва на рацэ Стрэве ў 1348 г., дзе аб'яднанае беларуска-літоўскае войска на чале з Альгердам і Кейстутам процістаяла аб'яднанаму войску рыцараў практычна ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Паводле звестак нямецкага храніста, на полі бітвы было больш за 40 тыс. рыцараў на чале з магістрам Тэўтонскага ордэну, якія прыйшлі сюды не толькі з Нямеччыны, але з Францыі, з Чэхіі, a нават з Англіі. Храніст кажа, што аснову ваярства Беларуска-Літоўскае дзяржавы складала ваеннае апалчэнне, гараджане Полацка, Берасця, Віцебска, Смаленска, a таксама Уладзіміра-Валынскага. Іх было не менш за 40 тыс. Мусім прызнаць, што гэта была адна 3 найбуйнейшых еўрапейскіх бітваў, якая па гістарычнай значнасці ненашмат саступае, а, можа, стаіць упоравень з Кулікоўскаю бітвай. Перамога на гэтым «полі брані» зачыніла дарогу далейшай экспансіі крыжакоў у бок Смаленшчыны і Масковіі.

Трэба аддаць даніну павагі дзвюм гераічным заставам на Дзвіне - Полацку і Віцебску. Віцебск на тыя часы меў фенаменальныя ўмацаванні: тры паясы мураваных сценаў, якія адзначаны ў «Спісе гарадоў рускіх дальніх і бліжніх» к. XIV ст. Там быў не толькі Верхні і Ніжні замак, але на Верхнім замку яшчэ першапачатковае гарадзішча таксама было абнесена мурамі. Гэты бар'ер крыжакі не змаглі пераадолець некалькі стагоддзяў; больш таго, за ўвесь час існавання Віцебска замак быў узяты толькі раз - у 1654 г.

Хачу сказаць пра яшчэ адзін горад, які мы па праву лічым у значнай ступені калыскай беларускай дзяржаўнасці наступнага за Полацкам этапу - пра Наваградак. Гэта адзін з першых нашых гарадоў, які сутыкнуўся з крыжакамі Лівонскага ордэну. У 1250 г. магістр Лівоніі Андрэй фон Штырлянд, спаліўшы па дарозе ўсё, што можна было, прайшоўшы праз Смаргоншчыну, Крэва, ля Іўя, пачаў аблогу Наваградскага замка. Людзей рыцары, як паведамляе храніст, свабодна рэзалі, як быкоў, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Вось такі быў уступ да вялікай трагедыі, якую мы спынілі толькі ў 1410 годзе.

Чарговы наступ на Наваградак адбыўся ў 1314 г., калі магістр Генрых фон Плотке пачаў аблогу з дапамогай камнямётаў і шматлікіх штурмаў. Вядомы па Міцкевічавых творах магістр Конрад Валенрод спрабаваў знайсці сваё шчасце пад мурамі гэтага непадступнага замка ў 1391 г. Нарэшце, магістр Конрад фон Юнгінген і маршал Вэрнэр Цытынгер не змаглі ўзяць Наваградак у 1394 г. Ен так і застаўся непрыступнай скалой на шляху агрэсіі.

У гэты час над зямлёй Беларусі, над Панямоннем узыходзіць шчаслівая зорка выдатнага палкаводца беларускай зямлі Давыда Гарадзенскага. Лёс гэтага чалавека непарыўна звязаны з лёсам Наваградчыны, Гарадзеншчыны, Пскоўшчыны. He буду сённа распавядаць пра ягонага бацьку Даўмонта, які таксама «сцяжаў славу» пад сценамі Пскова, дзе ён быў служылым князем, скажу пра Давыда. Выгадаваны ля бацькавага стрэмені, хадзіўшы з ім на лівонцаў, Давыд у 1299 годзе апынуўся ў Гародні. Гэты віцязь закрыў дарогу крыжакам у Панямонне на 25 гадоў.

Больш таго, воі Давыда Гарадзенскага, a гэта пераважна воі з панямонскіх земляў і гарадоў, рабілі кінжальныя рэйды ўглыб Прусіі, яны хадзілі ўглыб Германіі, даходзячы да Брандэнбурга і Франкфурта на Одэры. I там, «на двары» ў крыжакоў, у іх дома, паказвалі, што вайна - гэта дрэнная справа. I немцы гэта рэальна ўсведамлялі, таму што ўжо не жонкі і дзеці гэтых, як яны казалі, варвараў, але ўласныя іхнія жонкі і дзеці крычалі на ўласным падворку, які знікаў з агнём і дымам; наступала кара нябесная.

Давыд Гарадзенскі неаднойчы прыходзіў на дапамогу пскавічам, якія лічылі яго сваім князем. З Гародні, прадзіраючыся праз глухія лясныя нетры, ён ляцеў да Пскова, ратуючы сваіх блізкіх, крэўньгх, сяброў.

Мы ведаем, што жыццё Давыда трагічна абарвалася, калі адзін 3 польскіх рыцараў, Андрэй Гост, падкуплены крыжакамі, па-здрадніцку, ударам кінжала ў спіну, забіў Давыда - і знішчыў надзею Панямоння і Літвы паспяхова процістаяць далей крыжацкай агрэсіі.

Ключом да земляў беларуска-літоўскага Панямоння з боку Мазовіі і Тэўтонскага ордэну справядліва лічылася Гародня. Ужо ў 1284 г. крыжакі першы раз раптоўна напалі на Гародню і, дзякуючы здрадзе двух бартаў, якія нядаўна перасяліліся з Прусіі, была адчынена брама і замак паў. Але гэта адзін з нямногіх выпадкаў, калі замак быў заняты. Крыжакі зрабілі амаль 20 паходаў на Гародню, аднак замак узялі толькі тройчы, і штораз прычынаю была не слабасць абароны, a здрада ці іншая прычына.

Доўга здавалася неверагодным, як мог тагачасны горад выстаяць супраць камнямётных машын і таранаў, супраць актыўнага штурму рыцараў, якія ведалі тактыку ўзяцця розных гарадоў і замкаў. Археалогія адказала на гэтае пытанне.

Апошнія пяць гадоў на тэрыторыі Гарадзенскага замка вялі раскопкі археолагі з Рэспубліканскіх навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрань на чале з А. Трусавым, ленінградскія археолагі на чале з нябожчыкам П. Рапапортам, група Гарадзенскага універсітэта, якую ўзначальваў я. Раскопкі адназначна даказалі, што ў той час Гародня была ўнікальным паселішчам: цэнтрам надзвычай высокай культуры, своеасаблівай архітэктурнай школы.

Аднак самае цікавае тое, што Гародня - горад унікальны на ўсходняй славяншчыне: ён меў мураваныя абарончыя сцены і мураваныя абарончыя вежы, пабудаваныя з плінфы і валуна. Тэхніка муроўкі была абсалютна такая, якую мы сёння бачым, падышоўшы да сцяны Каложскай царквы. Гэта было настолькі нечакана, што акадэмік Ліхачоў адразу не паверыў. Ва Уладзіміры, у Кіеве толькі брамы былі мураваныя, як, прыкладам, Залатая брама ў Кіеве. Але каб цэлы дзяцінец быў абнесены мурам - такога нідзе не было! Менавіта гэтыя сцены вельмі доўга ратавалі замак ад крыжацкіх штурмаў, пакуль у к XIV ст. падчас вялікага пажару замак не выгараў, не прыйшлося гэтую сцяну скінуць і паставіць мур, які мы бачым сёння.

Так што непрыступнасць Гародні тлумачыцца вялікім умельствам мясцовых дойлідаў, якія закавалі ў мураваную браню персі гэтага непрыступнага горада. I аб іх паламалі мячы і дзіды і рыцары нямецкіх земляў, і англічане, якія прыходзілі сюды пад сцягам Св. Георгія, і французы, і многія-многія іншыя.

Мы яшчэ не ўсё ведаем. Мы да нядаўна не ведалі, што і крэўскія сцены паспыталі на сабе ўдары рыцарскіх камнямётаў: аніводная рыцарская хроніка не кажа пра гэта. Але раскопкі, якія правялі А. Трусаў, Г. Сагановіч, я, дапамаглі знайсці каменныя ядры пад замкавымі сценамі ды сляды пажараў.

Я спадзяюся, што наша гісторыя і археалогія яшчэ прыўзнімуць завесу над таямніцай, з-за якой выгляне праўда, і стане нам ясна, чаму мы выстаялі і дзякуючы чаму адраджаемся сёння. Удумайцеся: за няпоўныя сто гадоў было сто сорак паходаў, - і вы зразумееце, чаму наш народ так шанаваў, так любіў Пагоню, чаму ён гэты сімвал захаваў да нашых дзён. Давайце не забываць тую баявую мінуўшчыну, каб яна была вялікай навукай і нам, і тым, хто шукаў шчасця пад нашымі сценамі, ды не знайшоў. У гэтым вялікая Боская ісціна: шчасце - там, дзе жыве твой свабодны і незалежны народ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX