Вярнуцца: Трусаў А.А.

Невядомыя беларускія дзяржавы The unknown Belarusian's states


Аўтар: Алег Трусаў,
Дадана: 13.08.2007,
Крыніца: "Наша Слова" №661, 662, 663, 773, 820, 822.

Спампаваць





Вялікае Княства Цвярское

Доўгі час савецкія гісторыкі запэўнівалі беларусаў, што яны ніколі раней не мелі дзяржаўнасці, і першая ў свеце беларуская дзяржава ўтварылася ў Смаленску 1 студзеня 1919 г. Праўда, пра памеры Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, якая некалькі тыдняў існавала ў этнаграфічных межах рассялення беларусаў, стараліся не гаварыць, бо хутка абрэзалі нашу тэрыторыю больш чым на палову.

Прайшлі гады. Зараз кожны вучань ведае пра нашу першую дзяржаву - Полацкае княства, пра Вялікае Княства Літоўскае, Беларускую Народную Рэспубліку. Аднак, калі паглядзець на этнаграфічную карту Беларусі, надрукаваную ў розных рускіх, нямецкіх і іншых выданнях пачатку ХХ ст, можна заўважыць, што яна значна большая, чым усходнія межы ВКЛ. Цікава, як там апынуліся беларусы, як захаваліся аж да Першай сусветнай вайны са сваёй мовай, звычкамі, нават, строямі? І гэта ў той час, калі ўжо з XV ці з XVI ст. тут у асноўным існавалі маскоўскія ўлады, што мелі вялізарны досвед у асіміляцыі паняволеных народаў. Дзе зараз шматлікія фіна-ўгорскія і цюрскія плямёны: народы, якія трапілі адначасова з часткай беларусаў у склад Масковіі ў XIV-XVI стст?

Беларусы мацней супраціўляліся асіміляцыі, бо мелі больш высокі культурны і палітычны ўзровень, бо мелі не адну, а шмат розных дзяржаваў у розныя часы. Толькі нашчадкі крывічоў, якія ўзгадваюцца ў летапісах апошні раз у ХІІ ст, мелі ў XIV-XV ст. чатыры самастойныя дзяржавы: Вялікае Княства Літоўскае, Жамойтскае і Рускае, Вялікае Княства Смаленскае, Вялікае Княства Цвярское і Пскоўскую Рэспубліку. Гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні хоць часам і варагавалі паміж сабой, вельмі часта выступалі разам супроць ворагаў: крыжакоў, татараў, а потым і супроць Масковіі, якая паступова набірала моц і магутнасць.

Сёння гаворка пойдзе пра самую невядомую зараз краіну крывічоў, галоўнага суперніка Масквы ў ХІІІ-XIV ст., Вялікае Княства Цвярское, на тэрыторыі якога бярэ пачатак найбуйнейшая рака Еўропы Волга, і велізарным сапфірам блішчыць возера Селігер.

Узнікла гэта краіна на землях, заселеных смаленскімі крывічамі ў ХІІІ ст. і існавала амаль да канца XV ст.

Горад Цвер узнік у ХІІ ст. і спачатку належаў Ноўгараду, а з 1209 перайшоў пад уладу Ўладзіміра-Суздальскага княства. Яго росквіт прыпадае на ХІІІ-XV стст, калі ён стаў буйным культурным і рамёсным цэнтрам. Цвярскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх - Афанасі Нікіцін, які ў 1466-1472 гадах стаў першым еўрапейцам, што здзейсніў вандроўку ў Індыю. Гэта быў адукаваны чалавек, валодаў арабскай, татарскай і персідскай мовай. Спачатку па Волзе ён дабраўся да г. Дзербента, потым пераехаў у Баку і Персію. З Персіі трапіў у арабскі порт Армуз, а потым па мору дабраўся да Індыі. Назад ён вяртаўся праз Персію і горад Трапезунд - порт на Чорным моры. Пераплыўшы праз Чорнае мора, высадзіўся ў Крыме ў горадзе Кафа (зараз Феадосія). Перадолеўшы доўгі шлях з Крыма, ён крыху не даехаў да дому і восенню 1472 года памёр пад Смаленскам. Шмат разоў выдаваліся яго ўспаміны -Хождение за три моря-. У 1955 годзе ў Цвяры землякі паставілі Нікіціну помнік, зроблены з бронзы і граніту.

У пачатку ХІІІ ст. Цвер - гэта цэнтр Пераяслаў-Залескага княства. Але пасля разгрому Уладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі, атрымлівае ў 1247 незалежнасць пры князе Яраславе Яраславічы, родным браце Аляксандра Неўскага. З 1264 года ён становіцца вялікім князем Уладзімірскім. У наступным годзе ў Цвяры ўзнікае епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяён. Другім цвярскім епіскапам у 1289-1316 гг. быў Андрэй, сын полацкага князя Гердзеня.

Сталіца новай дзяржавы, як некалі і Полацк, не магла існаваць без каменнага сабора. І ён быў закладзены ў 1285 годзе князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяёнам. Паколькі будаўніцтва храма ішло доўга, у яго сярэдзіне зрабілі часовую драўляную царкву, якая дзейнічала падчас будаўніцтва. Асвяціў храм у імя святога Спаса Праабражэнскага епіскап Андрэй у 1290 годзе.

Паўстанне ў Цвяры супраць татарскага пасла Чалкана ў 1327 годзе. Мініяцюра з Летапіснага зводу 16 ст

Як бачым, нават назва храма была сугучна назве знакамітай Спаса-Праабражэнскай царквы, пабудаванай у ХІІ ст. Ефрасінняй Полацкай. Праз два гады храм распісалі фрэскамі і ён быў кафедральным, галоўным храмам новай краіны. Неўзабаве да яго прыбудавалі два малыя храмы (прыдзелы). У адным з іх у 1323 годзе і быў пахаваны епіскап Андрэй. У 1399 г. князь Міхаіл Аляксандравіч капітальна адрамантаваў царкву. Спаскі сабор стаў першым каменным храмам на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі пасля татарскага разгрому 1238 года. Такім чынам, Цвер апярэдзіла Маскву ў галіне каменнага будаўніцтва. У XVII ст. царкву некалькі разоў перабудоўвалі, а ў 1935 годзе яна загінула. Храм быў зроблены з белага каменю і, магчыма, быў аздоблены разьбою. У 1992 годзе на месцы храма быў знойдзены кавалак белакаменнай разьбы ў выглядзе пляцёнкі.

Яшчэ адну каменную царкву пачалі будаваць цверцы ў 1323 годзе ў Фёдараўскім манастыры. Збудаваў храм у імя святога Фёдара ігумен манстыра Іван Цараградзец. Гэта таксама быў белакаменны храм, які знішчылі ў 1773 годзе. Падчас раскопак на месцы храма археолагі знайшлі шмат кавалкаў белакаменных блокаў ( у тым ліку, адзін разны) і вялікапамернай цэглы.

У XIV ст. у Цвяры на беразе Волгі стаяў яшчэ адзін храм Міхаіла Архангела. Даследчыкі лічаць, што яго збудаваў кіраўнік цвярскога войска тысяцкі Міхаіл Шатэн і потым тут хавалі цвярскіх тысяцкіх.. Аднак невядома, ці гэта быў драўляны, ці каменны будынак.

У 1369 годзе князь Міхаіл Аляксандравіч умацаваў Цвер драўляным крамлём, а ў 1372 годзе ўзвёў вакол земляны вал. Зараз культурны слой цвярскога крамля мае таўшчыню ад 4 да 5,6 см, у ім добра захоўваецца арганіка і асабліва вырабы са скуры.

Вельмі актыўна развівалася ў Цвяры выяўленчае мастацтва. Мясцовыя мастакі ў ХІІІ-XV стст. мелі ўласную жывапісную школу. Найбольш вядомыя абразы і мініяцюры да рукапісаў. Яны вылучаюцца экспрэсіяй вобразаў і лінейнасцю пісьма.

Таксама ў Цвяры вяліся і ўласныя летапісы, прычым некаторыя рукапісныя шэдэўры дайшлі да нашых дзён. Сярод іх вылучаеццы -Хроніка Георгія Амартола-.

Да буйных цвярскіх гарадоў можна аднесці Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыцу (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва) Холм, Мікулін і Дарагабуж. На мяжы ВКЛ, Вялікага Ноўгарада, Маскоўскай дзяржавы і Цвяры стаяў горад Ржэў, дзе беларуская прысутнасць была зафіксавана яшчэ на этнаграфічных картах ХІХ-пачатку ХХ стст. Пэўны час Ржэвам адначасова валодалі і ВКЛ, і Ноўгарад, а жыхары горада сваю даніну дзялілі напалам паміж двума вышэйзгаданымі ўладальнікамі.

У XIV ст. змаганне паміж цвярскімі і маскоўскімі князямі за ярлык на вялікае уладзімірскае княжэнне ўзмацніліся. Як напісаў адзін сучасны рускі гісторык, на баку цвярскіх князёў былі правы старшынства, асабістае геройства, юрыдычныя і маральныя сродкі. На баку маскоўскіх - грошы і майстэрства прыстасавання да абставін. У гэты час Цвер наладзіла сяброўскія адносіны з ВКЛ. У 1320 годзе дачка Гедзіміна Марыя выйшла замуж за цвярскога князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. Даволі часта палкі Цвяры ваявалі разам з войскамі ВКЛ супроць крыжакоў. У змаганні з цвярскімі князямі маскоўскія ўвесь час абапіраліся на Арду і татарскія войскі. Так, маскоўскі князь Юры Міхайлавіч знішчыў у Ардзе свайго сваяка Міхаіла Цвярскога, але неўзабаве быў сам забіты ягоным сынам.

У 1327 Цвер узначаліла паўстанне супроць Арды. У горадзе быў забіты татарскі пасланнік і ягоны аддзел. Тады залатаардынскі хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цверцаў. Каліта ўзначаліў татарскае войска, знішчыў паўстанцаў і дашчэнту разрабаваў Цвярскую дзяржаву. За гэта ў 1328 г. ён атрымаў тытул Вялікага князя.

Аднак Цвер паступова адрадзілася і з дапамогай вялікага князя літоўскага Альгерда, які ў 1347 годзе другі раз ажаніўся на цвярской княжне Юльяне, працягвала змагацца з Масквою. У лістападзе 1368 г. Альгерд падтрымаў цверцаў, пайшоў на Маскву, асадзіў яе і тры дні стаяў пад сценамі горада, пакуль не атрымаў выкуп.

У 1370 г. маскоўскі князь Дзмітры зноў нападае на Цвер. Альгерд робіць другі паход на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370 г. У гэты час цвярскі князь атрымлівае ў Ардзе ярлык на валоданне Уладзімірскім княствам. У 1372 годзе войскі ВКЛ начале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Масковію, каб падтрымаць свайго хаўрусніка. У 1375 годзе маскоўскі князь Дзмітры арганізаваў своеасаблівы -крыжовы паход- на Цвер, мабілізаваўшы вайсковыя дружыны 19 удзельных князёў. Цвярскі князь Міхаіл мужна абараняўся, аблога Цвяры доўжылася 5 тыдняў, але горад не здаваўся. Тады захопнікі разбурылі і знішчылі іншыя паселішчы вакол горада. Князь Міхаіл прапанаваў памірыцца, што і было зроблена.

У 1385 годзе цвярскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся на дачцэ кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча і сувязі з дынастыяй Гедзімінавічаў зноў узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын віцебскага князя і цвярской княжны Ягайла ў 1386 годзе стаў польскім каралём. У 1430 годзе вялікі князь Вітаўт разам з маскоўскім князем Васілём Васілевічам запрасіў на сваю каранацыю і цвярскога князя Барыса Аляксандравіча. Шэсць тыдняў балявалі госці ў князя Вітаўта, але каранацыя не адбылася, бо на дарозе праз Польшчу карону скралі і Вітаўт неўзабаве памёр.

Аднак сувязі цвярскіх князёў і Гедзімінавічаў засталіся моцнымі, бо ад Альгерда цвярская княжна нарадзіла сем сыноў, сярод іх і знакамітага Ягайлу.

Найбольшы росквіт эканомікі і культуры цвярской дзяржавы прыпадае на першыя дзве трэці XV ст, калі ў Масковіі ішлі доўгія грамадзянскія войны і набегі на Цвер спыніліся.

У пачатку XV ст. цвярскі князь Іван Міхайлавіч чаканіць свае грошы. Шырокая слава ідзе пра цвярскіх гарматнікаў, лепшых на Русі. У сярэдзіне XV ст. у пісьмовых крыніцах згадваецца імя знакамітага майстра-гарматніка Мікулы Крачэтнікава.

Апошні росквіт дзяржавы адбываецца пры князі Барысе Аляксандравічы. Вядома яго асабістая зброя - рагаціна (від дзіды) з надпісам, што гэта рагаціна вялікага князя Барыса Аляксандравіча. Рукаяць яе абкладзена срэбрам і мае шмат гравіровак. Сярод іх сцэны барацьбы, палявання, гутаркі, мыцця ў лазні, пачастунку і г.д.

Аднак пры Іване ІІІ Масковія зноў узмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Наступіла чарга і Цвяры. Спачатку тут, як у Ноўгарадзе ці Пскове альбо Разані была створана сярод баяр свая -пятая калона-, якую Масква падкупіла грашыма. Вялікі князь літоўскі Казімір, стаўшы адначасова і польскім каралём, не захацеў падтрымаць ні Ноўгарад, ні Цвер. У верасні 1485 года войскі Івана ІІІ атачылі Цвер. Праз некалькі дзён падкупленыя баяры перайшлі на бок Масквы і цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай здолеў дабрацца да межаў ВКЛ, а яго маці, княжну Настассю ўзялі ў палон і вывезлі ў Маскву. -І так скончылася Вялікае Княства Цвярское- - сумна адзначыў летапісец у Валынскім кароткім летапісе.

Згубіўшы пасля Ноўгарада свайго апошняга надзейнага саюзніка на Усходзе, ВКЛ стала неўзабаве несці вялікія паразы ад Масковіі і ў 1513 годзе страціла Смаленск. Толькі бітва пад Оршай часова прыпыніла маскоўскую агрэсію да пачатку Лівонскай вайны.

Новы цар Масковіі Іван IV Жахлівы не забыўся пра Цвер і яе насельнікаў, тым больш, што менавіта там часта ўспаміналі былое вольнае жыццё, калі была свая ўлада шчыльна звязаная з дынастыяй Ягелонаў. У снежні 1569 г. войскі Івана Жахлівага з усіх бакоў акружылі Цвер і стаялі пяць дзён. Спачатку абрабавалі святароў, пачынаючы з епіскапа, потым гараджан. Напрыканцы зноў уварваліся ў горад і забілі мноства простых людзей, сярод іх шмат жанчын і дзяцей. Потым па загаду Івана IV прывялі палонных палачанаў і немцаў, пасеклі на кавалкі і целы пакідалі ў Волгу пад лёд. Потым разграмілі Таржок і Ноўгарад.

Прайшоў час...

У XVIII стагоддзі Цвер паступова адбудоўваецца, а з 1775 года становіцца цэнтрам губерні. І, нягледзячы на стагоддзі асіміляцыі і этнічныя чысткі Івана Жахлівага, беларуская прысутнасць у некаторых паветах Цвярской губерні застаецца і ў ХІХ ст. Паводле перапісаў, беларусамі запісалася каля 125 тысяч чалавек, якія жылі ў Ржэўскім, Зубцоўскім і Асташкаўскім паветах. Найбольш захоўвалі сваю беларускасць сяляне, што жылі на берагах рэчкі Туд, якая ўпадае ў Волгу. Яны захоўвалі мову, адпаведнае аддзенне і нават гралі на дудзе. Гэтых прыволжскіх беларусаў называлі тудаўлянамі. У 1903 годзе іх налічвалася каля 45 тысяч чалавек. Нягледзячы на сталінскія тэрор і ваенныя дзеянні, калі ў 1941 г. немцы захапілі Цвер, прыкметы беларушчыны сярод тудаўлян былі зафіксаваныя мясцовымі краязнаўцамі нават у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

У пасляваенны час мела месца новае нарастанне беларускай прысутнасці ў Цвяры, звязаная з асаблівасцямі будаўніцтва вайскова-прамысловага комплексу СССР. У Цвяры былі размешчаны галоўныя ўстановы Войскаў Супрацьпаветранай абароны краіны: Вайсковая акадэмія СПА і галаўны навукова-даследчы інстытут СПА, а ў Менску ў 50-я гады размясцілася Менская вышэйшая інжынерная радыётэхнічная вучэльня, пазней Менская вышэйшая інжынерная зенітная ракетная вучэльня. Менскія выпускнікі, як спецыялісты, былі на галаву вышэй выпускнікоў іншых вучэльняў, таму многія з іх аказваліся ў НДІ ў Цвяры, а многія паступалі ў акадэмію. Пры гэтым частка заставалася ў акадэміі на пасадах выкладчыкаў, беларусы станавіліся начальнікамі вядучых кафедраў і аддзелаў. Большасць з іх - дактары і кандыдаты ваенных і тэхнічных навук. Само сабой у Цвяры склалася беларускае зямляцтва з элітнай часткі афіцэрства, моцнае беларускае лобі. Лідарам і душой зямляцтва быў старшы выкладчык акадэміі, кандыдат ваенных навук, палкоўнік Вікенці Чорны (родам з Клецка). Актыўныя ролі выконвалі В. Шуверткоў (Клецк), Я. Яўменчык, І. Прыступюк, Г. Казлоў, беларусы з ліку слухачоў акадэміі.

У канцы 80-х - па-чатку 90-х зямляцтва набыло ярка выражаныя нацыянальныя рысы. Адбылося гэта пасля паступлення ў 1988 годзе на завочны факультэт з высокіх пасадаў у войску Віктара Бычко (родам з Іўеўскага раёна, узнагароджаны медалём -За баявыя заслугі-, служыў у сістэме Галоўнага штаба Войск СПА, Станіслава Судніка (родам з-пад Нясвіжа, медаль -За баявыя заслугі-, служыў на буйнейшым палігоне Войск СПА), Міхаіла Ананіча (родам з Глыбокага), Міхаіла Дубовіка (родам з Узды, медаль -За баявыя заслугі-, служыў у Маскоўскай акрузе СПА-). У акадэміі загучала беларуская мова.

Былі ўстаноўлены сувязі з нацыянальнымі суполкамі ў Беларусі. У акадэмію пайшла адраджэнцкая літаратура.

Пасля распаду Савецкага Саюза на кафедрах акадэміі пачалася распрацоўка Стратэгіі будаўніцтва Узброеных Сілаў Беларусі. Група афіцэраў, у тым ліку Вікенці Чорны і Станіслаў Суднік, прыехала ў Менск, пабыла на прыёмах у С. Шушкевіча і В. Кебіча, але паразумення не знайшла. Магутны навуковы патэнцыял цэлай акадэміі аказаўся ў Беларусі не патрэбным.

Напачатку 1992 года ў Цвяры намаганнямі палкоўніка В. Чорнага, падпалкоўнікаў В. Шуверткова і С. Судніка быў адкрыты беларускі нядзельны клас на базе сярэдняй школы № 23, што на вул М. Горкага. У той час да вайскоўцаўт у Цвяры ставіліся вельмі добра і да беларусаў таксама, на мітынгах называлі не інакш, як братамі, таму ніякіх праблем арганізацыйнага плану не ўзнікла. У клас было набрана каля 15 дзяцей рознага ўзросту, якія беларускую мову амаль не чулі, але з першых урокаў яна загучала з вуснаў малых беларусаў зусім натуральна, без ніякага акцэнту. Заняткі па беларускай мове, літаратуры і беларусазнаўству вёў Станіслаў Суднік. Дзеці займаліся ахвотна і паказвалі неблагія поспехі. Падчас вучобы яны цалкам усведамлялі сябе беларусамі і гэтыя паўгода беларускага навучання аказалі сур-ёзны ўплыў на фармаванне іхняга светапогляду, на ўсведамленне сябе грамадзянамі далёкай, маладой, незалежнай дзяржавы.

Вось як склаліся лёсы некаторых вучняў гэтага беларускага класа:

Юлія Казлова з адзнакай скончыла Цвярскі дзяржаўны палітэхнічны універсітэт. На сёння яна аспірантка гэтага універсітэта;

Наталля Чорная з залатым медалём скончыла ліцэй. Тройчы перамагала на абласных алімпіядах па англійскай мове, адзін раз была 2-й на Усерасійскай алімпіядзе па англійскай мове. На сёння студэнтка Цвярскога дзяржаўнага універсітэта;

Вераніка Шуверткова з адзнакай скончыла Цвярскі дзяржаўны універсітэт;

Марына Шуверткова скончыла Цвярскі дзяржаўны універсітэт.

Нажаль праз 12 гадоў адсачыць лёсы ўсіх вучняў не так проста. Некаторыя з іх выехалі ў Беларусь, тым не менш, як бачна, беларуская прысутнасць у Цвяры захоўваецца. Беларусы знаходзяцца на генеральскіх і палкоўніцкіх пасадах у расейскім войску, вучацца і працуюць, проста жывуць у прыгожым крывіцкім горадзе Цвер.

Напрыканцы свайго аповеду пра забытую беларускую дзяржаву, хачу прывесці цытату з кнігі аднаго з сучасных расійскіх гісторыкаў, які жыве ў Краснаярску, Андрэя Буроўскага: -Там, дзе ваююць Масква і Літва, ваююць Еўропа і Азія. Невыпадкова ж мяжа гэтых частак свету з XV ст. і да гэтага часу ўпарта праводзіцца праз тэрыторыю Русі. І выбар Суздалем і Цвер-ю паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой - гэта не проста выбар васала паміж двума сюзарэнамі і не проста рашэнне, у якую дзяржаву ўвайсці, паболей і памацней. Гэта выбар паміж Еўропай і Азіяй-. Дарэчы, невыпадкова еўрапейцы на сваіх картах пабач з ВКЛ на ўсходзе, на месце Масковіі змяшчалі надпіс -Вялікая Татарыя-, бо да 1480 года Масковія была часткай вялікай азіяцкай дзяржавы Залатой Арды.

Таму, каб зноў не апынуцца ў складзе новай -еўраазійскай- дзяржавы разам з Чачэніяй і Татарстанам, нам трэба добра ведаць сваю гісторыю. І зусім невыпадкова звесткі пра гісторыю і культуру Цвярской дзяржавы ў расійскіх падручніках і энцыклапедыях знайсці вельмі цяжка. Цвер і зараз засталася для Масквы Карфагенам, які абавязкова павінен быць разбураны.

Бальшавікі ў 1931 годзе нават змянілі назву гэтага старажытнага горада на Калінін, каб нічога не сведчала пра былую славу вольналюбівых цверцаў. Аднак рухнуў СССР, Цвер зноў з-явілася на геаграфічнай карце Еўропы, а мы ніколі не павінны забываць пра беларускую прысутнасць на берагах Волгі і пра тое, што Волга, якую расейцы называюць вялікай рускай ракой, пачынаецца на крывіцкай (беларускай) зямлі, як і Днепр, як і Заходняя Дзвіна.

"Наша Слова" № 26 (661) 7 ЛІIПЕНЯ 2004 г.

Пскоўская рэспубліка

На тэрыторыі сённяшняй Пскоўскай вобласці крывічы з-явіліся ў VІІ-VIІI ст. і дайшлі да паўднёвых берагоў Чудскага возера. Яны ўвесь час кантактавалі з мясцовымі фіна-ўгорскімі плямёнамі і таму склалі асобную групу пскоўскіх крывічоў, якія мелі пэўны тып жаночых упрыгожванняў. Упершыню пскоўскія крывічы згадваюцца ў -Аповесці мінулых часоў- пад 859 годам у сувязі з іх сумесным паходам на Візантыю ў складзе войска кіеўскіх князёў Алега і Ігара. Пад 862 годам у летапісе згадваецца вараг Трувор, што пасяліўся сярод пскоўскіх крывічоў на гарадзішчы, якое ў яго гонар названае Труворавым. Пазней, у 1329 г. тут будуецца каменная цвярдыня, што дайшла да нашых дзён і ўзнікае горад Ізборск, які ў канцы XIV- пачатку XV стст. меў пасады і гарадскі могільнік.

Даўмонтаў горад, (выява на абразе -Срэценне- з часоўні Уладыкавага крыжа, прарысоўка)

У VІІІ ст. узнікае гарадское паселішча пад назовам Пскоў, на высокай скале ў сутоцы рэчак Вялікай і Пскавы. Археолагі знайшлі ў гістарычнай частцы горада шматлікія рэшткі дахрысціянскіх ахвярнікаў, што стаялі цэлымі шарэнгамі. Яны мелі авальную форму, былі складзены з чыстага рачнога пяску і абкладзены па перыметры каменнымі плітамі. Побач ляжалі шкілеты коней, прынесеных у ахвяру. Такім чынам, горад быў буйным рэлігійным цэнтрам у крывіцкіх землях.

Першы раз у летапісе Пскоў згадваецца пад 903 годам. З Х стагоддзя ён у складзе Кіеўскай Русі, а з ХІІ ст. належыць Наўгародскай дзяржаве. У 1240 годзе горад захапілі крыжакі, але ў 1242 годзе яго вызвалілі войскі ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага.

Самай старажытнай часткай горада з-яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з ХІІІ ст) каменныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль, альбо Кром. У плане гэта неправільны шматграннік, абнесены каменнымі сценамі з вежамі, якія складзены з вапняковых пліт шэрага колеру. Найбольш вядомыя вежы маюць назвы Куцякрома (1400 г.) і Смердзя. У сярэдзіне ХІІІ ст. зрабілі каменную паўднёвую частку сцяны Крома, т.зв. Першы ці Персі. Сцяна выходзіць на р. Вялікая, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.

Раскапаныя археолагамі рэшткі першых жытлаў гараджан ўяўлялі сабою паўзямлянкі чатырохвугольнай формы памерам 3х3,5 м і заглыбленыя ў зямлю на 30-40 см. Сцены пабудоў былі абмазаныя глінай, яны ацяпляліся вогнішчамі, абкладзенымі камянямі.

З ХІІІ ст. да Крома прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад. На працягу ХІV-ХV ст. тут узвялі шэсць каменных храмаў і каменныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Шырыня іх вагалася ад 3 да 3,15 м, а паабапал стаялі платы з абчасаных бярвенняў дыяметрам ад 8 да 12 см. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жолабаў, абгорнутых бяростай. Гараджане ў гэты час жылі ў драўляных хатах плошчай у сярэднім 20-25 м2.

У 1309 годзе ўзводзяць трэцяе кола гарадскіх сцен і з-яўляецца ўмацаваны -Сярэдні горад-. У канцы ХІV- пачатку ХV стст. гарадскія сцены дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 метраў, а таксама зрабілі 6 вежаў з байніцамі. У другой палове ХІV ст. узводзіцца новы каменны сабор св. Троіцы, 20 каменных храмаў у розных частках горада і чацьвёртае кола гарадскіх сцен, абнесенае глыбокім ірвом. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы.

У канцы ХІІ ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца, быў узведзены першы мураваны Спаса-Мірожскі сабор. Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкай цэглы - плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнымі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор Нараджэння Багародзіцы быў узведзены ў 1310 годзе ў Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменнай пліты і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.

З ХІV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа, якая стала адрознівацца ад наўгародскай. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можна прывесці царкву Успення ў Мялетаве (1463 г.). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.

Пазней, у ХVІ-ХVІІ стст. у Пскове будавалі вялікія, у некалькі паверхаў, купецкія дамы з тоўстымі сценамі (каля 2 м.). У сценах былі лесвіцы, пераходы, нішы і схованкі. Аконныя праёмы рабіліся ў выглядзе амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. З боку двара быў высокі ганак на шырокіх слупах з аркамі (да прыкладу - палаты Паганкіных, збудаваныя каля 1645г.). Пскоўскіх дойлідаў запрашалі на працу ў розныя гарады, у тым ліку, і ў Маскву.

У ХІV -ХV стст. расквітнела і пскоўская школа жывапісу. Творы маюць павышаную экспрэсію вобразаў, падкрэсленасць блікаў і выразнасць мазка пэндзля. Гэта фрэскі вышэйзгаданых сабора Раства Багародзіцы і царквы Успення. Да другой паловы ХІV ст. адносяцца ўнікальныя абразы -Сабор Маці Божай- і -Параскева Пятніца, Варвара і Ульяна-.

У ХV ст. узнікае славуты пскоўска-пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 г. збудавалі першую падземную пячорную Успенскую царкву. У ХVІ ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром каменнай сцяной з 9 вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай. Падземныя пячоры маюць даўжыню каля 200 м. У ХVІ ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух-ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У ХVІ-ХVІІ ст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.

У 1465 годзе ўзнікае пятае кола гарадскіх сцен Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў, з іх два - у Запскоўі. Канцы падзяляліся на сотні. За межамі горада з-явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў альбо слабод пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.

У XVI ст. гарадскія сцены мелі даўжыню 9 км і 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грамячая, збудаваная ў 1524 годзе.

Пскоўская дзяржава была невялікай і займала тэрыторыю ўздоўж рэк Вялікая і Нарова. З поўдня на поўнач яна мела даўжыню каля 300 км пры шырыні каля 100 км. Акрамя рэчак, Пскоўская зямля мела і два буйныя возеры - Чудскае і Пскоўскае.

Вышэйшы орган улады - народнае веча, якое выбірала спачатку аднаго, а потым з 1420 г. - двух пасаднікаў, канчанскіх стараст і соцкіх. Існавала ўрадавая рада на чале з запрошаным (наёмным) князем, які кіраваў баявой дружынай і служыў за грошы (корм). Была і судовая калегія - гаспода, у якую ўваходзілі выбарныя сябры з ліку баяр.

Пскоўскае грамадства складалася з баяр, але не вельмі багатых, купцоў, рамеснікаў і вольных сялян, якіх звалі земцы, альбо сябры. Сяляне бедныя бралі зямлю ў арэнду і называліся ізорнікі. Аднак халопаў тут не было.

Вялікі ўклад у атрыманне Псковам незалежнасці ад Ноўгарада зрабіў князь Даўмонт. Гэты Нальшчанскі князь у 1263 годзе забіў Міндоўга, заснавальніка ВКЛ і ў 1265 г. з дружынай у 300 чалавек уцёк у Пскоў, ратуючыся ад войска сына Міндоўга - Войшалка. У 1266 годзе ён прымае хрысціянства і імя Цімафей і абіраецца князем. Доўгі час ён ваюе з крыжакамі, а таксама з Полацкам і нават забівае Полацкага князя Гердзеня. Пасля смерці князя кананізавалі як Святога Цімафея - абаронцу Пскова, а яго меч лічыўся сімвалам незалежнасці.

У часы Гедзіміна Пскоў хацеў канчаткова вызваліцца з залежнасці ад Ноўгарада і таму яго адносіны з ВКЛ значна палепшыліся. Актыўна памагаў пскоўцам зяць Гедзіміна Давыд Гарадзенскі. Калі крыжакі ў 1323 годзе асадзілі Пскоў, ён адагнаў іх ад горада і знішчыў сценабітныя машыны крыжакоў.

У 1341 годзе пскоўцы звярнуліся па падтрымку да Альгерда, і ён прыйшоў ім на дапамогу разам з Кейстутам. Сын Альгерда Андрэй быў ахрышчаны і стаў пскоўскім князем з 1342 па 1345 год. Яго намеснікам быў таксама выхадзец з ВКЛ - Юры Вітаўтавіч. У 1342 годзе пры абароне Пскова ад крыжакоў загінуў сын полацкага князя Воіна - Любка.

У 1348 годзе пасля падпісання з Ноўгарадам Болатаўскай дамовы, Пскоўская дзяржава канчаткова стала незалежнай. Аднак духоўная ўлада засталася ў руках наўгародскага ўладыкі, які раз у тры гады прыязджаў у Пскоў і здзяйсняў царковны суд.

У XV ст. эканоміка Пскова знаходзілася на ўздыме. Сяляне вырошчвалі шмат жыта, а таксама пшаніцу, авёс, ячмень. На гародах збіралі добрыя ўраджаі рэпы, цыбулі і капусты. Пскоўскі лён актыўна вывозіўся ў краіны Прыбалтыкі. Актыўна развівалася рыбалоўства, вырабляліся вялікія лодкі - уганы. Славіліся і мясцовыя рамеснікі, якія шылі адзенне, апрацоўвалі металы і скуры, выраблялі солад і малолі муку. Пскоўскія муляры запрашаліся на працу ў Масковію і іншыя краіны Усходняй Еўропы. У Пскове таксама квітнеў выраб званоў. Актыўна развіваўся і гандль з суседзямі - Цвярской дзяржавай, Ноўгарадам, Разанню, ВКЛ, а таксама з нямецкімі краінамі. З 1424 г. Пскоў наладзіў чаканку ўласнай срэбранай манеты з выявай рысі - герба горада.

У XV ст. Пскоў стаў праводзіць прамаскоўскую палітыку і спадзяваўся такім чынам захаваць сваю незалежнасць. Ён падтрымліваў Масковію ў войнах з Ноўгарадам і ВКЛ, асабліва пад час вайны 1500-1503 года. Але гэта не дапамагло пскоўцам, бо Масковія не хацела мець у сябрах незалежную рэспубліку.

13 студзеня 1510 г. маскоўскае войска ўвайшло ў Пскоў, быў спушчаны са званіцы Вечавы звон як сімвал волі і незалежнасці. 300 самых багатых сем-яў пскоўскіх баяр і купцоў адправілі ў ссылку. Прычым дазвалялі ўзяць з сабою толькі тое, што апранута на целе. Таму на дзяцей апраналі па 2-3 футры, хавалі залатыя манеты ў жаночую бялізну і нават у задні праход. Як гэта нагадвала раскулачванне ў сталінскія гады!

Да сённяшняга часу захаваліся пскоўскія летапісы XIV-XVII стст. у колькасці 25 спісаў. Найбольш цікавы летапісны збор 1450-60-х гадоў, які вёўся пры Троіцкім манастыры.

Зноў Пскоў адраджаецца ў канцы XVIII ст., калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 годзе пскоўская правінцыя ператварылася ў губерню з цэнтрам у г. Апочка і ўвайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Да 1775 года яно мела правінцыі - Віцебскую, Вялікалуцкую, Дзвінскую, Полацкую і Пскоўскую.

У 1776 годзе ад Пскоўскай губерні аддзялілі Полацкую, а цэнтрам пазасталай часткі стаў Пскоў, які быў губернскім горадам да 1927 года.

У 1924 годзе, калі Віцебская губерня ўвайшла ў склад БССР, ад яе адрэзалі Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы і перадалі ў Пскоўскую губерню РСФСР. Пры гэтым некаторыя воласці, напрыклад, Веліжскага павету, мелі да 72% беларускага насельніцтва. Ёсць звесткі, што ў часы хрушчоўскай адлігі выканкам Невельскага раёна звяртаўся ў Вярхоўны Савет БССР, каб увайсці ў склад Беларусі. Аднак пытанне станоўча не было вырашана.

Нядаўна гістарычна-архітэктурны цэнтр г. Пскова і прыродна-гістарычны аб-ект -Ізборск- у якасці адзінай намінацыі -Вялікі Пскоў- уключаны ў папярэдні спіс ЮНЕСКА аб-ектаў сусветнай спадчыны і зарэгістраваны ў Цэнтры сусветнай спадчыны.

"Наша Слова" № 27 (662) 14 ЛІIПЕНЯ 2004 г.

Сярэдняя Літва

Пасля распаду буйных імперый і таталітарных краін на тэрыторыі Еўропы і іншых кантынентаў у ХХ ст., утварылася шмат, як сапраўдных, так і непрызнаных, часта марыянеткавых дзяржаў, якія існавалі нядоўгі час. Але нездарма пішуць, што лепей мець марыянеткавую, але дзяржаву, чым быць пад акупацыяй ці ў складзе іншай краіны, нават дэмакратычнай.

Генерал Люцыян Жалігоўскі

Пасля сканчэння І сусветнай вайны і знікнення Расійскай імперыі ў 1917 годзе такія часовыя дзяржавы ўзнікалі і на тэры-торыі Беларусі. Спробы зрабіць такія дзяржаўныя ўтварэнні рабіліся з розным поспехам, як бальшавікамі, так і палякамі. Дастаткова прыгадаць Літоўска-Бела-рускую Савецкую Сацыя-лістычную Рэспубліку (Літ-Бел) альбо дзяржаву пад назовам Сярэдняя альбо Усходняя Літва.

Пасля таго, як была абвешчана БНР, а пасля адступілі нямецкія войскі, бальшавікі мусілі ў Сма-ленску 1 студзеня 1919 года абвесціць БССР у этна-графічных межах рассялен-ня беларусаў. Аднак, ужо 16 студзеня ад БССР адлучылі на карысць Расіі Смален-шчыну, Магілёўшчыну і Віцебшчыну, а ўжо 27 лю-тага стварылі Літ-Бел са сталіцай у Вільні (гэта бы-лыя Віленская, Гарадзенская і Менская губерні, тэры-торыя, якая да сярэдзіны ХІХ ст. мела гістарычную назву - Літва). Усё бела-рускае ў гэтай савецкай дзяржаве было забаронена, а ў войску пераважалі рускія салдаты. Не было тут і нічога літоўскага, акрамя кіраўніка ўраду Вікенція Міцкявічуса-Капсукаса. Бальшавікі разглядалі Літ-Бел як плацдарм для нападу на Польшчу. У чэрвені 1919 года ў войску Літ-Бела бы-ло 17450 чырвонаармейцаў.

Польска-савецкая вайна пачалася ў лютым 1919 г. 14 лютага 1919 года ля Бярозы Картузскай ад-былася першая бойка паміж бальшавікамі і польскімі войскамі. Ужо 19 красавіка палякі захапілі Вільню, а 28 красавіка - Горадню. Урад Літ-Бела пераехаў у Менск, але 8 жніўня і ў Менск увай-шлі польскія аддзелы на чале з генералам Станісла-вам Шаптыцкім. Літ-Бел практычна спыніла сваё існаванне.

У 1918-1919 гадах нашы суседзі літоўцы даво-лі паспяхова будавалі сваю дзяржаву, бо ім спачатку актыўна дапамагалі немцы, а потым і краіны Антанты. Іх галоўнае жаданне было уключыць ў сваю дзяржаву ўсю Віленшчыну разам з нашай старадаўняй сталі-цай. Бальшавікі на гэта глядзелі спачатку адмоўна, але потым, пасля акупацыі палякамі Літ-Бела - вельмі станоўча, бо Літва аўтаматычна станавілася іх хаўруснікам у змаганні з Польшчай.

11 верасня 1919 года урад Савецкай Расіі заявіў аб згодзе прызнаць Літоўскую дзяржаву і заключыць з ёю мірнае пагадненне. Таму 12 ліпеня 1920 года Ленін прызнае незалежнасць Літвы і перадае ёй даўно захоплены палякамі Віленскі край разам з нашымі гарадамі Горадняй, Шчучынам, Лідай, Ашмянамі, Смаргонню і Браславам. 14 ліпеня Чырвонае войска займае Вільню, а ў верасні перадае яе літоўцам. 31 ліпеня ў Менску абвяшчаецца ССРБ, але ў межах толькі былой Менскай губерні.

У 1919-1920-х гадах польскія ўлады не прызнавалі БССР і Літ-Бел, нягледзячы на заявы ўрада РСФСР аб тым, што тэрытарыяльныя спрэчкі павінны вырашацца паміж Польшчай і БССР непасрэдна. Яны таксама вялі ваенныя дзеянні з Літвой, бо хацелі захапіць не толькі Віленшчыну, але ўжо і Літву. Аднак пад ціскам Антанты 7 кастрычніка 1920 г. у Сувалках падпісваецца польска-літоўская дамова, паводле якой Віленшчына перадаецца Літве.

Аднак Пілсудскі не збіраўся аддаваць сваю радзіму літоўцам. (Юзаф Пілсудскі быў родам з Віленшчыны.) Звязаны абавязкамі перад Антантай, ён у гэтай сітуацыі віртуозна разыграў -беларускую карту-, інспіраваў -бунт- супраць гэтай дамовы ў частцы польскага войска, так званых -літоўска-беларускіх дывізіях-. Літоўска-беларускія дывізіі існавалі ў складзе польскага войска з 1919 года, яны складаліся з -красавякаў- (у асноўным беларусаў-католікаў заходніх рэгіёнаў Беларусі, Беласточчыны і Віленшчыны), якія не вельмі рваліся служыць у каронным войску, а больш ахвотна ішлі ў свае тутэйшыя палкі, працягваючы традыцыі -літоўскага сепаратызму-.

(29KB) dz11.jpg

Ужо на наступны дзень пасля падпісання -мірнай дамовы- з Літвой, 8 кастрычніка 1920 года -паўстала- 1-я Літоўска-беларуская дывізіяна чале з генералам Люцыянам Жалігоўскім. У канцы верасня непасрэдна перад бунтам 1-й Літоўска-беларускай дывізіі, якая складалася з Сувалкаўскага, Гарадзенскага, Віленскага і Менскага палкоў па загаду Пілсудскага былі перададзены найбольш баяздольныя Лідскі і Ковенскі палкі з 2-й Літоўска-беларускай дывізіі. Жалігоўскі захапіў Вільню, абвясціў незалежнасць Віленшчыны і пайшоў на Коўна, захапіўшы па дарозе мястэчка Кейданы. Толькі ў раёне Шырвінтаса літоўцы здолелі спыніць нападнікаў. Перад тварам міжнароднай супольнасці Польшча была -чыстай-. Меў месца беларуска-літоўскі канфлікт.

29 лістапада 1920 года пад уціскам Лігі Нацый бакі заключылі перамір-е. Стварылася фармальна незалежная дзяржава пад назовам Сярэдняя Літва. Яе нефармальным кіраўніком стаў генерал Люцыян Жалігоўскі. Гэта наш зямляк, які нарадзіўся ў Ашмянах у 1865 годзе. З 1885 года Люцыян Жалігоўскі кадравы афіцэр рускага войска, удзельнік руска-японскай вайны. Быў камандзірам палка. З ліпеня 1917 года знаходзіўся ў польскім корпусе генерала Доўбар-Мусніцкага, у складзе якога ваяваў з бальшавікамі ў лютым 1918 года пад Рагачовам. Потым ваяваў у войсках генерала Дзянікіна, дзе кіраваў польскай дывізіяй.

У красавіку 1919 яго дывізія далучылася да польскага войска. З верасня 1919 года Жалігоўскі кіруе войскамі, што наступалі на Менск, ён камандзір першай літоўска-беларускай дывізіі, дзе служылі мясцовыя -краёвыя- палякі. Менавіта гэтая дывізія і -ўзбунтавалася- 8 кастрычніка 1920 года супраць перадачы Віленшчыны Літве.

Жалігоўскі абвясціў 12 кастрычніка незалежнасць Сярэдняй Літвы і фактычна ўзначаліў яе. Пазней ён быў міністрам вайсковых спраў Польшчы і да 1939 года дэпутатам польскага сойму. Потым быў у эміграцыі, падтрымліваў польскі эмігранцкі ўрад. Памёр у 1947 годзе. Дарэчы, у Лідзе да 9 студзеня 1940 года існавала вуліца, названая ў яго гонар. Зараз гэта вуліца носіць імя таксама нашага земляка Фелікса Дзяржынскага.

Новая краіна складалася з 10 паветаў. Акрамя Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і Ашмяны. Горадню і Ліду палякі Жалігоўскаму не аддалі, і адразу ўключылі гэтыя гарады ў склад Польшчы. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы жыло 530 тысяч чалавек, з іх беларусы складалі 40 %. Улада была ў руках Жалігоўскага, які на асноўныя кіраўнічыя пасады вылучаў выключна -краёўцаў-. Жалігоўскі прызначыў урад - Часовую кіраўнічую камісію на чале з В. Абрамовічам, які быў -краёўцам- і выступаў за федэратыўную дзяржаву накшталт былой Рэчы Паспалітай. Былі свае грошы (польская марка), сімволіка і нават паштовыя маркі.

Першыя маркі выйшлі 20 кастрычніка 1920 года і мелі выяву двух гербаў, польскага арла і нашай -Пагоні-. На марках 1920-1922 гадоў можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касцёл Св. Ганны і Вострая брама), выявы каралевы Ядвігі і Ягайлы, Касцюшкі і Адама Міцкевіча. Некалькі разоў выходзілі маркі з партрэтам Жалігоўскага. У лістападзе 1921 года выйшла марка, прысвечаная ўваходу войска Жалігоўскага ў Вільню 9 кастрычніка 1920 года.

Жалігоўскі, ў адрозненні ад іншых дзяржаўных дзеячоў Польшчы, ставіўся да беларускай справы даволі прыхільна. Урад найвышэйшай рады БНР (у адрозненні ад Ковенскага урада на чале з Ластоўскім) падтрымаў новую ўладу. Была нават спроба назваць новую краіну -Заходняя Беларусь-, але гэтая прапанова не прайшла.

Сярод прыхільнікаў Жалігоўскага былі Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі і ксёндз Адам Станкевіч. Тарашкевіч займаў пасаду кіраўніка беларускага сектара у дэпартаменце асветы Урада Сярэдняй Літвы. У 1921 годзе А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, а Б. Тарашкевіч - Таварыства беларускай школы (ТБШ). Была створана віленская беларуская гімназія і беларуская настаўніцкая гімназія ў Барунах (Ашмяншчына).

Вясною 1921 года ў Сярэдняй Літве дзейнічала 186 беларускіх школ.

Пільна сачыў за падзеямі ў Вільні і Янка Купала. У газеце -Звон- у 1919 годзе выходзіць яго артыкул -Уваскрашэнне польскага універсітэту ў Вільні-, у якім ён называе Вільню спрэчным горадам, на які заяўляюць свае правы тры дзяржавы - Польшча, Літва і Беларусь.

Спрачаючыся ў Лізе Нацый з Літвою за Віленшчыну, Польшча хацела даказаць, што са сваімі нацыянальнымі меншасцямі яна абыходзіцца сумленна. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 400 беларускіх пачатковых школ, 7 поўных школ і тры настаўніцкія семінарыі. Часткова фінансавалася беларуская культурная дзейнасць і, нават, беларускі нацыянальны друк. У Сярэдняй Літве існавала самастойная судовая сістэма. Краіна аднак залежала ад грашовых крэдытаў польскага ўрада, а эканоміка - ад стану гаспадаркі Польшчы і польскай грашовай адзінкі - маркі. У 1921 годзе быў распрацаваны праект электрыфікацыі, існавала 432 прамысловых і каля 1370 дробных прадпрыемстваў.

Аднак большасць насельніцтва краіны займалася сельскай гаспадаркай. Да 1923 г. на Віленшчыне быў выдзелены 961 зямельны ўчастак для пасялення польскіх каланістаў-асаднікаў. 6470 гаспадарак, што належалі былым вайскоўцам і дзеячам розных арганізацый, дадаткова атрымалі ў сярэднім на 2,5 га зямлі на кожную гаспадарку. Набываць зямлю маглі толькі тыя сяляне, якія былі палякамі, альбо запісваліся імі, бо належалі да каталіцкай царквы. Некаторыя вёскі рассялялі на хутары.

Пасля захопу Жалігоўскім Віленшчыны, Літва разарвала дыпламатычныя адносіны з Польшчай і да верасня 1939 года знаходзілася з ёю ў стане вайны. Літву падтрымаў ковеньскі ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім, а таксама Масква. 9 студзеня 1921 года былі прызначаны выбары ў сойм новай дзяржавы, але супраць выступіла Ліга Нацый, якая прыняла рашэнне правесці тут плебісцыт і хацела ўвесці замежныя войскі.

Аднак гэтае рашэнне аспрэчылі літоўцы і бальшавікі. Адбыліся перамовы ў Бруселі і Жэневе. Міністр замежных спраў Бельгіі Гіманс прапанаваў Віленшчыну аддаць Літве, як аўтаномную вобласць і ўключыць Літву ў вайсковы і эканамічны саюз з Польшчай (Чым не саюзная дзяржава сённяшняй Расіі і Беларусі?). Але Літва ад такога варыянту адмовілася.

Польшча пастаянна ціснула на Жалігоўскага, патрабуючы найхутчэйшага ўключэння Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. 16 студзеня 1921 года выканаўцам абавязкаў старшыні Часовай кіраўнічай камісіі быў прызначаны лаяльны да Польшчы генерал Стэфан Макрэцкі родам з маёнтка Дзітрыкі Лідскага павету, які перад гэтым пэўны час камандаваў 1-м корпусам войска Сярэдняй Літвы і кіраваў баявымі дзеяннямі на літоўскім фронце ажно да замірэння. Стэфан Макрэцкі выконваў абавязкі старшыні Часовай кіраўнічай камісіі да прызначэнне 21.11.1921 г. на пасаду старшыні Аляксандра Мяйштовіча.

30 лістапада 1921 Жалігоўскі перадаў Мяйштовічу ўсю ўладу і выехаў з Вільні ў Польшчу.

Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні ў канцы 1921 года адмовіўся ад удзелу ў выбарах 8.01.1922 г. і абвясціў байкот. Байкот у сваіх мэтах падтрымлівалі і мясцовыя літоўцы. У выніку ў выбарах удзельнічала 64,4% выбарцаў, якія абралі толькі -прапольскіх- дэпутатаў. 20 лютага 1922 новы сойм Сярэдняй Літвы прыняў рашэнне аб далучэнні да Польшчы і Ліга Нацый яго падтрымала. 24 сакавіка гэтае рашэнне падцвердзіў польскі сойм і дзяржава спыніла сваё існаванне.

6 красавіка Сярэднюю Літву пераўтварылі ў Віленскую зямлю на правах ваяводства. У снежні 1925 г. Віленскую зямлю назвалі Віленскім ваяводствам, у якім 9 паветаў складала беларускае насельніцтва. Аднак успаміны пра Сярэднюю Літву яшчэ жылі сярод мясцовых жыхароў. Напрыклад, у 1926 г. у Гродне Каміла Макрэцкая напісала паэму -1919 год, альбо песня пра літоўска-беларускія дывізіі-, дзе панавалі мясцовыя -краёвыя- настроі.

У верасні 1939 года ў сталіцу Заходняй Беларусі Вільню ўвайшлі савецкія войскі і ўвесь Віленскі край збіраўся ўвайсці ў склад БССР. Аднак 10 кастрычніка савецкі ўрад перадаў Вільню і частку Віленшчыны (7120 км2 з 457000 жыхароў) Літве. Даведаліся ж аб гэтым беларусы толькі 1 лістапада 1939 года, пасля выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. 2 лістапада ў Вярхоўным Савеце СССР камісар замежных спраў Вячаслаў Молатаў на гэты конт сказаў наступнае: -Віленскі край належыць да Літвы не па сваім насельніцтве. Мы ведаем, што большасць насельніцтва ў гэтым раёне - не літоўцы. Але гістарычная мінуўшчына і памкненні літоўскага народу шчыльна звязаныя з горадам Вільняй, і ўрад СССР палічыў неабходным пайсці насустрач гэтым маральным меркаванням-.

У савецкія часы пра Сярэднюю Літву, у адрозненні ад Літ-Бела, не згадвалі ў школьных і універсітэцкіх падручніках. І толькі зараз гістарычная праўда вяртаецца да нас.

"Наша Слова" № 28 (663) 21 ЛІIПЕНЯ 2004 г.

Як мяняліся нашы межы ў ХХ ст.

На пачатку ХХ стагоддзя канчаткова склалася этнаграфічная тэрыторыя Беларусі, якая была зафіксавана паводле перапісу 1897 года. Існавалі і пэўныя геаграфічныя і гістарычныя цэнтры беларускай тэрыторыі, якія былі месцамі дзе гадавалася і дзейнічала нацыянальная эліта. У першую чаргу гэта Вільня і Менск. Таксама можна далучыць да іх Полацк, Віцебск, Магілёў, Смаленск, а таксама некаторыя іншыя гарады, асабліва на Захадзе Беларусі. Гэта Гродна, Беласток, Слонім і Брэст.

Аднак у ХХ ст. найбольш спрэчак адбылося вакол Вільні, Смаленска і Беластока - гарадоў, якія адыгралі вялікую ролю ў фармаванні беларускага менталітэту ў пераломныя моманты нашай пакручастай гісторыі.

(21KB) Вільня. Панарама Старога горада.1981.

Усе беларускія філолагі, гісторыкі і пісьменнікі канца ХІХ - пачатку ХХ ст., асабліва пасля перапісу 1897 г. лічылі Вільню, Смаленск і Беласток беларускімі гарадамі. Гэта было зафіксавана Адамам Кіркорам у -Жывапіснай Расіі- (3 том, 1882 г.) і Яфімам Карскім на адпаведных мапах. Перад пачаткам і ў ходзе Першай сусветнай вайны немцы так-сама аднеслі гэтыя гарады да Беларусі і лічылі іх беларускімі.

У ХХ ст. гістарычны лёс то ўключаў іх у склад беларускіх палітычных утварэнняў (БНР, БССР ці Літ-Бел), то выводзіў іх адтуль. Прычым, калі бальшавікі перадавалі іх ў склад іншых краін ці рэспублік, то кіраваліся не жаданнямі іх насельніцтва ці нейкімі рэферэндумамі або плебісцытамі (доўгі час рэферэндумы ў СССР былі проста забароненыя), а надзённымі палітычнымі выгодамі.

Пасля нямецкай акупацыі Беларусі, асабліва пасля -Брэсцкага міру-, у канцы 1918 г. у палітычнай гісторыі Беларусі на першае месца выходзіць Смаленск, дзе апынулася шмат беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і Янка Купала.

Менавіта тут 30 ліпеня 1918 года Заходняя Камуна - вобласць Расійскай Рэспублікі - абвесціла сябе БССР. Гэта было зроблена на IV Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП (б), якая аб-явіла сябе першым з-ездам КП (б) Беларусі. Межы краіны былі вызначаны ў той жа дзень. На падставе этнічнай тэрыторыі рассялення беларусаў 31 снежня першы з-езд КП(б) абвесціў Сацыялістычную Савецкую Беларускую Рэспубліку ў Смаленску. У пачатку студзеня сябры беларускага ўрада сустрэліся з Янкам Купалам.

2 студзеня 1919 г. месцам выхаду маніфеста аб ССБР абвяшчаецца Менск. 3 студзеня новы урад выехаў у Менск. 4 студзеня ў смаленскай газеце -Известия- выйшаў артыкул Максіма Гарэцкага -Ніхай жыве комуністічная Беларусь!-.

Аднак ужо 16 студзеня ў Менск паслалі А. Ёфэ з мэтай падзелу ССРБ і ўтварэння Літ-Бела. У якасці буфера ён прапанаваў стварыць Літоўскую і Беларускую рэспублікі. Каб у БССР было менш нацыяналізму, вырашылі адабраць у яе Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 23 студзеня Смаленскі губком абвясціў пра выхад з БССР.

2 - 3 лютага 1919 г. Першы з-езд Саветаў БССР пагадзіўся з выхадам з Рэспублікі трох усходніх губерняў і згадзіўся на аб-яднанне з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. 17 - 21 лютага 1919 г. адбыўся першы з-езд саветаў Літвы.

27 лютага 1919 г. утварыўся рабоча-сялянскі ўрад і ўзнікла новая Савецкая Сацыялістычная Літоўска-Беларуская Рэспубліка (Мінская, Віленская, Гродзенская і частка Ковенскай губерняў) са сталіцай у Вільні.

Такім чынам на змену Смаленску і Менску прыходзіць Вільня. Сталіца знаходзіцца там з 27 лютага да 28 красавіка 1919 г. 28 красавіка ўрад Літ-Бела пераехаў у Менск, а Вільню захапілі палякі. Наступны раз Вільня стала савецкай ў верасні 1939 г. а другі раз - у ліпені 1940 г.

У 1920 годзе бальшавікі дораць частку Беларусі Літве і Латвіі, якіх хочуць скарыстаць як саюзнікаў у змаганні з Польшчай. Спачатку 12 ліпеня 1920 г. быў падпісаны дагавор з Літвой, паводле якога Вільня і значная частка былой Віленскай губерні, населянай беларусамі, перадаваліся Літве. З іншых буйных гарадоў літоўцам перадавалася Гродна. У верасні ў Вільні ўжо знаходзіліся літоўскія войскі, але 9 кастрычніка іх выбілі адтуль войскі генерала Жалігоўскага. аднаго з польскіх палкаводцаў, якія налічвалі 52 тысячы салдат. Літоўскі ўрад адступіў у Шаўляй (Шаўлі), а Жалігоўскі абвясціў стварэнне марыянеткавай дзяржавы -Рэспубліка Сярэдняя Літва- і правёў выбары ў мясцовы сойм. У лютым 1922 г. Сярэдняя Літва далучылася да Польшчы.

11 жніўня 1920 г. бальшавікі прызнаюць Латвію і перадаюць ёй тры паветы: Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі, заселеныя ў асноўным беларусамі. Узамен яны атрымалі права карыстацца латвійскімі партамі Лібавай і Віндавай і магчымасць выгодна гандляваць з Захадам. У траўні - чэрвені 1921 года Латвія перадала Літве гарады Мажэйкяй і Палангу з ваколіцамі агульнай плошчай 200 кв. км. У адказ Літва перадала Латвіі кавалак тэрыторыі ў ваколіцах Дзвінска агульнай плошчай 299 кв. км. заселенай пераважна беларусамі. Колькасць беларусаў, спрадвеку жыўшых на сваёй зямлі, якія апынуліся ў Латвіі павялічылася.

У 1920 г. адноўленая БССР складалася толькі з шасці паветаў былой Менскай губерні. Таму кіраўніцтва рэспублікі пачало змагацца за вяртанне забраных гарадоў і тэрыторый. Ужо восенню 1920 г. гэта пытанне ўзняў Сакратар ЦК КПБ Кнорын. У верасні 1922 г. кіраўніцтва БССР паставіла гэта пытанне афіцыйна і абгрунтавала ўзбуйненне інтарэсамі абароны. Вялікая рэспубліка лепей абароніць заходнія межы СССР. Масква пагадзілася, але мясцовыя бюракраты, як правіла небеларусы, былі супраць. Вёска была за ўз-яднанне. Там праходзілі валастныя сходы, дзе за гэта галасавалі.

7 сакавіка 1924 г. БССР атрымала 15 паветаў. Вярнуліся гарады Полацк, Віцебск і Магілёў. Аднак аддалі далёка не ўсе землі, заселеныя беларусамі. Напрыклад, былы Мсціслаўскі павет (уезд) разрэзалі напалам, і такія мсціслаўскія мястэчкі як Хіславічы і Пачынак засталіся ў Расіі.

У жніўні 1926 года беларусы папрасілі ў Маскве вярнуць Гомельскую губерню і тры паўднёвыя паветы Пскоўскай губерні з гарадамі Невель, Веліж і Себеж.

У снежні 1926 г. вярнулі толькі Рэчыцу і Гомель. У канцы 20-х гг. ішлі перамовы аб вяртанні вышэйзгаданых паветаў разам з некаторымі паветамі Смаленскай губерніі, нават надрукавалі адпаведную мапу ў -Звяздзе-. Аднак неўзабаве пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і ўсё спынілася.

У 1937 г. узнікла ідэя перанесці сталіцу БССР з Менска ў Магілёў. У Магілёве ўжо збудавалі новы Дом Ураду, але надышоў 1939 год, і сітуацыя кардынальна змянілася. 17 верасня гэтага года пачалося далучэнне да БССР і СССР Заходняй Беларусі, якую ў сакавіку 1921 г. бальшавікі аддалі Польшчы.

Вільня зноў стала беларускай, але не надоўга. Надышло 10 кастрычніка. У Вільні ўжо некалькі тыдняў знаходзілася Чырвоная армія. Пачалі выходзіць беларускія газеты. Па начах арыштоўваюць беларускіх нацыяналістаў, якія нядаўна віталі прыход савецкіх войскаў і марылі пра ўваход у склад Беларусі. Ратуюцца як могуць польскія вайскоўцы і чыноўнікі, а таксама габрэйская буржуазія. І вось раніцай Вільня прачнулася ў новай краіне - Літоўскай рэспубліцы. На вуліцах літоўскія жаўнеры і паліцэйскія. Асабліва ўразіла віленчукоў форма літоўскіх паліцыянтаў і іх мова, на якой ніхто не размаўляў.

У савецкіх газетах надрукавана тлумачэнне Молатава, які прызнае. што ў Вільні і Віленскім краі ў большасці сваёй не жывуць літоўцы, аднак яго перадаюць Літве праз палітычныя выгоды для СССР. Кропка. Вільні больш няма на мапах Еўропы. Але з-явіўся Вільнюс.

Давайце ўявім сябе на хвіліну, што расейскую сталіцу Санкт-Пецярбург захапілі немцы і перадалі яе суседняй Фінляндыі, а новыя гаспадары далі гораду новую, зусім нязвыклую для славянскага вуха назву. Гэта прыкладна тое самае, што адчуваюць немцы, калі заміж Кёнігсберг чуюць Калінінград.

Вось як успамінае гэтыя кастрычніцкія дні ў Вільні 1939 г. адзін з беларускіх інтэлігентаў, жыхароў тагачаснай Вільні: -22 кастрычніка 1939 году ў Вільню прыехалі начупыраныя, як пеўні, лятувіскія паліцыянты, і хто ўцалеў ад арыштаў, той застаўся ў жывых. НКВД перад сваім адыходам грабіла, што можна было грабіць, ды вывозіла на ўсход ...

28 кастрычніка лятувіская паліцыя поўнасцю асадзіла места. Насіла яна сінія шынялі, чырвоныя адзнакі, з чырвонымі аколышкамі шапкі, ды гутарылі выключна па-жамойцку. Дзеля іх пацешнага выгляду ды незразумелай мовы віленчукі дасьціпна празвалі іх -калакутасамі- - індыкамі. На другі дзень у Вільню ўвайшла брыгада лятувіскага войска, а за ім сьпяшаліся сотні -шаўлісаў-, каб заняць цёплыя пасады.

Жамойцкія збройныя аддзелы ўвайшлі ў Вільню як чужыя ў чужы горад. У месцы тады ня было й 2% лятувіскага жыхарства й яно гублялася ў славянскім моры. Дзеля гэтага й іхняга войска ніхто не сустракаў, ніхто ня вітаў.

Хутка пайшлі новыя парадкі. Старых жыхароў, Палякаў і Беларусаў, выкідалі з гарадской управы, чыгункі, прадпрыемстваў і ўстановаў, школьніцтва, адміністрацыі. Іх месца займалі малапісьменныя наезьнікі. Хутка яны павывешвалі свае шыльды, пазмянялі назовы вуліцаў на свой лад. Зразу ўвялі жамойцкую мову ўва ўсе ўрады і ўстановы. Цяпер Вільня сталася нямой: усюды патрэбны быў перакладчык. Людзі наракалі, клялі, бунтаваліся, што ня могуць згаварыцца ў сваім родным месцы ў сваіх самых пільных жыццёвых справах.- (Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні, Таронта, 1976 год).

Разам з Вільняй часова вярнуўся ў склад Беларусі і Беласток. Беласток стаў савецкім у верасні 1979 года. Менавіта тут адбыўся народны сход прадстаўнікоў Заходняй Беларусі, які прыняў рашэнне аб уваходжанні ў СССР і БССР. Беласток быў цэнтрам вобласці БССР да лета 1944 года, калі Сталін перадаў яго камуністычнай Польшчы разам з часткай Белавежскай пушчы, каб быў лес для адбудовы Варшавы. Дарэчы, летам 1944 г. мы ледзь не згубілі Полацк і Полацкую вобласць, але пра гэты крыху пазней.

У 1939 годзе ўзніклі тэрытарыяльныя спрэчкі з Украінай на поўдні заходняй Беларусі. У лістападзе гэтага года Хрушчоў хацеў далучыць да Украіны гарады Брэст, Пружаны, Столін, Пінск, Кобрын і Лунінец. 22 лістапада Панамарэнка і Хрушчоў абмеркавалі гэтае пытанне са Сталіным. Хрушчоў спаслаўся на Налівайку і Багдана Хмяльніцкага. якія ў XVI - XVII стст. прэтэндавалі на Паўднёвую Беларусь. Аднак Сталін паслухаў Панамарэнку і сказаў, што лічыць Брэст (Літоўскі) і Белавежу украінскімі несур-ёзна.

Новая пагроза ўзнікла ў жніўні 1944 г.. калі Маленкоў з Хрушчовым задумалі далучыць Полацк да Расіі. 14 жніўня адбылася нарада ў Сталіна, на якой Панамарэнка даказаў, што Полацк разам з вобласцю з-яўляецца беларускім. -У таварыша Панамарэнкі былі тры аргумэнты, якія і перамаглі ў спрэчцы са Сталінам. Першы быў у тым, што Полацк ужо даўно, больш за 20 гадоў, быў у складзе савецкай Беларусі. Другі, ён вельмі цікавы, - Полацк з-яўляецца радзімай вялікага беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Але самым істотным было тое, што Беларусь і так ужо тэрытарыяльна пацярпела: аддалі Літве некалькі раёнаў, цяпер збіраюцца аддаць Польшчы Беласточчыну, а калі аддадуць і Полацк, дык беларусы гэтага ніяк не зразумеюць і моцна пакрыўдзяцца. Сталін падумаў і пагадзіўся.- (Паводле кнігі Міколы Зянькевіча -Чья Белоруссия? Границы. Споры. Обиды-. - М., 2000.)

Трэба сказаць, што ў жніўні 1940 г., калі незалежную Літву ператварылі ў ЛССР, Сталін перадаў ёй яшчэ адзін кавалак Заходняй Беларусі з гарадамі Свенцяны, Салечнікі і Друскенікі. За валоданне Друскенікамі літоўскія і беларускія бальшавікі спрачаліся некалькі месяцаў, але перамаглі літоўцы. Такім чынам яшчэ каля дзвюх тысячаў квадратных кіламетраў беларускай тэрыторыі ўвайшлі ў склад Літоўскай ССР.

(27KB) Беларусь у 1940 г..

10 жніўня 1945 года быў прыняты закон аб Савецка-Польскай мяжы. Згодна з ім Польшча атрымала амаль усю былую Беластоцкую вобласць і два раёны Брэсцкай вобласці з гарадамі Беласток. Аўгустаў, Бельск, Ломжа, Гайнаўка і іншымі. У 1950 г. Польшча атрымала дадаткова яшчэ некалькі беларускіх вёсак. Такім чынам Беларусь стала адзінай краінай заснавальніцай ААН і пераможцам у вайне з фашызмам, якая страціла частку сваёй этнічнай тэрыторыі.

У часы кіравання Мікіты Хрушчова, які ў 1954 г. ласкава перадаў Крым ад Расіі Украіне, існавалі планы перадачы БССР Калінінградскай вобласці РСФСР. На картах малявалі -калідор- для беларусаў да Балтыйскага мора праз Літву і Польшчу. Пры гэтым Гродна хацелі аддаць Літве. Але гэтыя планы не здзейсніліся, а ў выніку БССР атрымала ў 1964 годзе восем вёсак на Ўсходзе, якія далучыліся да Мсціслаўскага раёна.

У снежні 1991 г. на мапе Еўропы з-явілася незалежная Рэспубліка Беларусь у межах 1964 г. Аднак напрыканцы існавання СССР пытанне аб беларускіх межах узнялася зноў. Прэзыдыюм ВС БССР паставіў пытанне аб лёсе Вільні. Была прынятая адпаведная заява. Маўляў, калі Літва выходзіць з СССР, то Беларусь будзе прэтэндаваць на Віленскі край. Маскоўскія стратэгі таксама палохалі літоўскіх незалежнікаў планамі стварэння ў Віленскім краі польскай аўтаноміі, накшталт Прыднястроўскай рэспублікі. Была спроба арганізаваць узброены канфлікт на беларуска-літоўскай мяжы, калі невядомыя расстралялі літоўскіх мытнікаў. Аднак пасварыць паміж сабой літоўцаў і беларусаў (па ўзоры армянска-азербайджанскага канфлікту) не атрымалася.

У гэты ж час спрабавалі зрабіць нейкую -яцвяжскую- аўтаномію са сталіцай у Пінску. У гэтым горадзе нават выдавалі газетку на невядомай мове (на грунце заходнепалескага дыялекту беларускай мовы). Аднак і гэта авантура з трэскам правалілася. У жніўні-верасні 1991 г. некаторыя маскоўскія палітыкі выказваліся ў тым сэнсе. каб Беларусь аддала Расеі Віцебшчыну і частку Магілёўшчыны.

Пасля абвяшчэння незалежнасці паўстала пытанне аб дакладным вызначэнні межаў Беларусі. За савецкім часам была вызначана толькі адна мяжа - з Польшчай. Гэта былая мяжа СССР з калючым дротам. Потым былі вызначаны межы з Латвіяй і Літвой. Аднак з Літвой узніклі спрэчкі за валоданне чыгуначнай станцыяй Гадуцішкі, якая знаходзілася, быццам, на літоўскай тэрыторыі, але ў савецкія часы ўваходзіла ў склад Беларускай чыгункі. Толькі восенню 1994 г. беларускі бок, які раней патрабаваў ад Літвы грашовую кампенсацыю за выкарыстанне станцыі, перадаў яе Літве бязвыплатна.26 кастрычніка 1996 г. Беларуссю быў ратыфікаваны дагавор аб Беларуска-Літоўскай мяжы. Дамова юрыдычна вызначыла і замацавала дзяржаўную мяжу на аснове -савецкай- лініі 1940 г.

З Украінай дэлімітацыя мяжы ў асноўным зробленая, але пакуль не падпісаная. Самыя нявызначаныя межы Беларусі - з Расеяй. Я думаю, што ў гэтым пытанні ў самы бліжэйшы час узнікнуць праблемы, асабліва калі будзе ўведзеная прыватная ўласнасць на зямлю. У якасці прыкладу прывяду інфармацыю, якая з-явілася ў СМІ ў канцы ліпеня 2007 г. Леснікі нацыянальнага парка -Себежскі- ў Пскоўскай вобласці Расіі заявілі, што іх беларускія калегі з Верхнядзвінскага лясгаса секлі лес на расійскай тэрыторыі. Як высветлілася, у беларускага боку таксама былі паперы на гэтую тэрыторыю. Да таго ж, бакі выявілі пяць участкаў лесу, якія ўвогуле нікому не належалі. Вырашылі, што на гэтых тэрыторыях лес секчы не будзе ніхто (-Народная воля- №119 - 120 ад 26 ліпеня 2007 г.).

Зразумела, што сёння межы ў Еўропе недатыкальныя. Гэта - палітычны аспект праблемы. Але як быць з рознымі інтэрпрэтацыямі межаў, тэрыторыяў у падручніках, навуковых даследаваннях, шматлікіх мапах, што выдаюцца ў розных краінах?

Гэтыя мапы нам проста трэба ведаць. Для гэтага і існуе гістарычная думка, каб былі спрэчкі, канферэнцыі, дыспуты. Не трэба шыла хаваць у мяшку, бо яно можа каго-небудзь і ўкалоць. Гісторыя сведчыць, што нічога нязменнага няма. У тым ліку і межаў. Як бы мы не хацелі, але межы мяняліся, мяняюцца і будуць мяняцца. Іншая справа, як гэта будзе адбывацца. Так, у Еўропе адбыўся зусім унікальны выпадак падзелу Чэхаславаччыны. Чэхі і славакі селі за стол і ўсё падзялілі пабратэрску. Ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў паміж імі зараз няма, а мяжа адкрытая. Іншы выпадак - распад Югаславіі. Мы бачылі, колькі крыві там пралілося. З гэтай нагоды вельмі важна мець гістарычнае абгрунтаванне і паважаць іншы бок.

Калі мы ставім перад сабой мэту зноў далучыцца да сваёй страчанай культуры і гістарычнай спадчыны, то самая цывілізаваная перспектыва для Беларусі - гэта ўвайсці ў Еўразвяз. Тады ў Вільню ці Беласток мы будзем ездзіць без візаў. Самае галоўнае, каб мы ведалі сваю гісторыю і яе помнікі, маглі наведваць нашы гістарычныя гарады без візаў і перашкодаў.

"Наша Слова" № 32 (820) 22 ЖНІЎНЯ 2007 г.

Вялікае Княства Смаленскае

Маім далёкім продкам, жыхарам Мсціслаўшчыны прысвячаецца

У VІІІ ст. тэрыторыю Смаленшчыны, дзе жылі плямёны дняпроўскіх балтаў пачалі засяляць крывічы, якія асімілявалі мясцовые насельніцтва і сталі называцца -смаленскія крывічы-. Есць звесткі, што разам з крывічамі сюды трапілі і заходнія славяне, якія пад ціскам германскіх плямёнаў, асабліва саксаў пачалі перасяляцца ў басейн Дняпра і Сожа. Так суседзі крывічоў, радзімічы, прайшлі як сведчыць летапісец, разам з вяцічамі з захаду, -ад ляхаў-. У гэты час сюды трапляюць і варагі, якія на Дзвіне і Дняпры праклалі гандлёвы шлях, што звязаў народы Паўночнай і Усходняй Еўропы з краінамі Азіі, асабліва з арабскім халіфатам і Візантіяй. У ІХ стагоддзі на тэрыторыі Смаленшчыны ўзнікаюць першыя гарадскія паселішчы, гэта Гнездава на рацэ Днепр, а пазней і Смаленск на адлегласці 12 км на ўсход ад Гнездава. Некаторыя даследчыкі лічаць, што жыхары Гнездава і перасяліліся пазней на месца Смаленска.

Вакол Гнездава знаходзіцца вялізарны курганны могільнік. Яго раскопкі выявілі унікальная ўпрыгожванні, якія належалі славянам, варагам і фіна-уграм. Аднак у пачатку ІХ ст. значная частка жыхароў пакінула Гнездава і на першае мейсца выходзіць Смаленск, які ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 863 годам, амаль разам з Полацкам.

Смаленск. Царква Пятра і Паўла. Усходняя частка. ХІІ ст.

Смаленск адразу стаў буйным гандлёвым цэнтрам і некаторыя навукоўцы выводзяць яго назву ад ад слова -смаліць-, рамантаваць, прапітваць смалою днішчы і карпусы купецкіх караблёў, якія плылі па Дняпры ў Чорнае мора.

У 863 годзе варажскія князі Аскольд і Дзір хацелі захапіць Смаленск, але не здолелі гэта зрабіць. Толькі ў 882 годзе варажскі князь Алег, які кіраваў Ноўгарадам далучыў землі смаленскіх крывічоў да сваёй дзяржавы і прымусіў іх плацідь яму даніну. У гэтым жа годзе ён захапіў Кіеў і ўтварыў новую дзяржаву - Кіеўскую Русь са сталіцай у Кіеве. Мясцовыя жыхары плацілі даніну кіеўскім князям, якую звозілі ў канкрэтнае месцы - пагосты, што сталі цэнтрамі (адміністрацыйнымі і рэлігійнымі) у вясковай мясцовасці.

Па загаду кіеўскага князя Уладзіміра пасля 988 г. смаленскія крывічы прымаюць хрысціянства, а імі пачаў кіраваць на працягу 40 гадоў сын Уладзіміра князь Станіслаў. Жыў ён у Гнездаве. Але паступова мясцовыя князі пераехалі ў Смаленск і зрабілі сваю рэзідэнцыю на дзядзінцы, на Саборнай гары. Тут, дарэчы, жыў сын Яраслава Мудрага Вячаслаў, які стаў смаленскім князем у 1054 годзе.

Пасля знікнення Кіеўскай Русі Смаленск належаў кіеўскаму князю Уладзіміру Манамаху і яго нашчадкам. У 1101 годзе ён збудаваў першы мураваны храм у Смаленску - Успенскі Сабор. Манамах далучыў да Смаленскага Княства землі вяцічаў і землі балцкага племяні голядзь. У 1116 годзе Манамах напаў на Полацкую дзяржаву і разам са смалянамі зрабіў паход на Менск, а таксама далучыў да Смаленскага княства полацкі горад Копысь.

Памёр Манамах у 1125 годзе. Смаленскія княства узначаліў яго ўнук Расціслаў Мсціслававіч, які і заснаваў дынастыю незалежных смаленскіх князёў. На мапе сярэднявечнай Еўропы з-явілася новая крывіцкая дзяржава. Расціслаў заснаваў і смаленскае епіскапства. Таксама пры ім з-явіўся і першы заканадаўчы дакумент -Устаў Расціслава- які адлюстраваў эканамічную і палітычную структуру новай дзяржавы. Наступным смаленскім князем стаў яго старэйшы сын Раман. Пры ім узмацнілася роля смаленскага веча, мацавалася месцовая баярства, узнікаюць удзельныя княствы. Першым стварылася ўдзельнае княства на поўначы Смаленшчыны з цэнтрам у горадзе Тарапец. Тут князем стаў малодшы сын Рамана - Мсціслаў. На месцы Рамана апынуўся яго брат Давыд. Ен у 1187 годзе задушыў паўстанне гараджан, справакаванае галодным годам і пакараў смерцю шмат знакамітых баяраў. Давыд меў магутную наёмную дружыну, захапіў полацкія землі на Заходняй Двіне і актыўна гандляваў з краінамі Заходняй Еўропы.

У ХІІ ст. тэрыторыя Смаленскага княства значна павялічылася. Пасля захопу полацкага Копыся князь Расціслаў адабраў у чарнігаўскіх князёў землі паўночных радзімічаў. У ХІІ ст. тут узніклі буйныя гарады Мсціслаў, Рослаў, Крэчут (Крычаў) і Прупой (Слаўгарад). На ўсходзе Смаленшчыны з-явіліся ў гэты час Дарагабуж і Ельня. Шлях з Дняпра на Волгу кантраляваў горад Вязьма.

У канцы ХІІ ст. у Смаленск з Полацка прыязджае будаўнічая арцель і пачынаецца будаўніцтва мураваных храмаў і княжацкага палаца. Узнікае смаленская школа дойлідства. Храмы мелі звонку аздабленне ў выглядзе двухпрыступкавых плоскіх пілястраў з тонкімі паўкалонкамі, унутры былі распісаны фрэскамі і мелі падлогі з керамічных рознакаляровых паліваных плітак. З іх найбольш захавалася ў Смаленску царква Міхаіла Архангела збудаваная ў канцы ХІІ ст. Вышыня храма 35 м. Былі мураваныя храмы і ў некаторых іншых гарадах, напрыклад у Рослаўлі.

У пачатку ХІІІ ст. вусце Заходняй Дзвіны захапілі крыжакі, таму уплыў Смаленска на Полацкія землі значна павялічыўся. Пад яго ўплыў трапілі Віцебскае і Друцкае княствы. У 1229 годзе была падпісана гандлёвая дамова з немцамі і Смаленскам, Полацкам і Віцебскам аб гандлі па Заходняй Дзвіне. Нямецкія купцы з-явіліся ў Смаленску і нават збудавалі сабе мураваны храм круглай формы (ратонду).

Аднак у 1230 годзе Смаленск напаткалі адразу некалькі трагедый: землятрус, неўрадлівы год, голад і эпідэмія чумы, ад якой памерлі тысячы чалавек у тым ліку і смаленскі князь. Неўзабаве да Смаленшчыны ў 1238 годзе наблізіліся войскі хана Батыя. Аб змаганні смалян з манголататарамі распавядае -Аповесць пра Меркурыя Смаленскага-. Смаляне выстаялі, аднак пачынаючы з 60-х гадоў ХІІІ ст. мусілі плаціць даніну Залатой Ардзе.

У ХІІ - ХІІІ Смаленскае княства становіцца адной з найбуйнейшых культурных земляў сярод іншых старабеларускіх княстваў.

У адным з гнездаўскіх курганаў знайшлі вялікае глінянае начынне - карчагу-амфару з надпісам - -Горо-ушна-. Так тады называлі гарчыцу. Навукоўцы датуюць гэты надпіс сярэдзінай Х ст. і адносяць да аднаго з самых першых усходнеславянскіх надпісаў, зробеных кірыліч-ным алфавітам.

У ХІІ ст. пры князе Расціславе і яго сынах Сма-ленск становіцца значным ку-льтурным і адукацыйным цэнтрам. Князь Раман стварыў тут гарадскія вучэльні, дзе выкладалі настаўнікі запроша-ныя з Візантыі і краін Заходняй Еўропы. Вельмі адукаванымі былі і мясцовыя святары Ры-гор і Фама. Са Смаленска паходзіць і вельмі адукаваны кіеўскі мітрапаліт Клімент. Умелі чытаць і пісаць і простыя людзі, жыхары Смаленска. Пра гэта сведчыць знаходкі археолагамі берасцяных грамат у культурным пласце горада. Таксама маюцца і надпісы выдрапаныя на сценах смаленскіх храмаў. Існаваў і смаленскі летапіс, які складаўся з ХІІІ да пачатку ХУ ст. Гэты твор прасякнуты ідэяй захавання і ўмацавання незалежнасці Смаленскай дзяржавы.

На захадзе суседам Вялікага Княства Смаленскага ў ХІУ стагоддзі становіцца Вялікае Княства Літоўскае, а на ўсходзе-Вялікае Княства Маскоўскае - улус Залатой Арды. На мяжы ХІІІ-ХІУ стст. Мажайскае ўдзельнае княства захапілі маскоўскія войскі. Аднак смаленскія князі бяруць пад часовы кантроль бранскія землі. Пасля шлюбу з віцебскай княжной будучы Вялікі князь Альгерд далучае да ВКЛ Віцебскае княства і выходзіць на межы са Смаленскім. Смаленскі князь Іван прызнае Гедзіміна, бацьку Альгерда, напрыканцы 1320-х гадоў сваім -старэйшым братам- з мэтай захаваць гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне з ганзейскімі гарадамі.

У 1331 і 1333 гадах маскоўскія войскі робяць два напады на Смаленск, але ён адбіваецца і спыняе выплату даніны Залатой Ардзе. Смаленск становіцца саюзнікам ВКЛ, і ў 1348 годзе смаленскія войскі ўдзельнічаюць у бітве з крыжыкамі на р. Страве на баку ВКЛ, прычым адзін са смаленскіх князёў загінуў у гэтай бітве.

У 1352 годзе на Смаленшчыну з Заходняй Еўропы прыходзіць эпідэмія чумы. Шмат людзей у розных смаленскіх гарадах памерла, і дзяржава аслабела. Скарыстаўшыся гэтым Вялікі князь Альгерд далучае да ВКЛ Мсціслаў, Крычаў і Рослаў. Але потым падпісвае саюзную дамову са

(16KB) Смаленскі замак у ХV ст. паводле Г.А. Ластоўскага). смаленскім князем Святаславам, і яны разам робяць паход на Маскву. Пасля смерці Альгерда ўлада ў ВКЛ перайшла да Ягайлы, які у 1385 годзе пасля падпісання Крэўскай уніі становіцца адначасова і польскім каралём. Яго старэйшы брат, полацкі князь Андрэй вырашыў з дапамогай крыжакоў і смаленскага князя Святаслава захапіць уладу ў ВКЛ. Святаслаў спачатку паспрабаваў захапіць Віцебск і Воршу, а потым асадзіў г. Мсціслаў, каб вярнуць сабе Мсціслаўскае княства. Аднак войскі Ягайлы 7 траўня 1386 года разбілі пад Мсціславам смалян, забілі князя Святаслава і асадзілі Смаленск. Смаленскае веча заплаціла вялікі выкуп, і князем стаў сын Святаслава Юры. Ён мусіў прысягнуць на вернасць Ягайлу і стаць яго васалам.

У гэты час да улады у ВКЛ праходзіць князь Вітаўт, жанаты на дачцы смаленскага князя Святаслава - Ганне. Ён вырашыў далучыць Смаленшчыну да ВКЛ. У 1395 годзе ён захапіў у палон смаленскіх князёў, ліквідаваў Вялікае Княства Смаленскае і пасадзіў тут свайго намесніка. Аднак князь Юры здолеў пазбегнуць палону і ўцёк. Пасля паразы Вітаўта ў 1399 г. у вайне з Залатой Ардой на р. Ворскле Юры захапіў Смаленск і кіраваў ім да 1404 года пакуль Вітаўт ізноў і ўжо канчаткова не заняў горад і княства.

У 1410 годзе тры смаленскія палкі ўзялі чынны ўдзел у знакамітай Грунвальдскай бітве. Гэта былі палкі з Воршы, Мсціслава і Смаленска. Аднак у рускіх і савецкіх падручніках іх упарта называюць: -Тры рускія смаленскія палкі-. І гэта не выпадкова, бо смаленскія палкі выратавалі сітуацыю у цэнтры баявога шыхту саюзных войскаў і стрымалі крыжоўскую навалу, не гледзячы на вялізныя страты.

У красавіку 1440 года жыхары Смаленска паднялі ўзброенае паўстанне супраць намесніка Вялікага князя ВКЛ ваяводы Андрэя, і смаленскім князем стаў мсціслаўскі князь Юры Сямёнавіч. Да яго далучыліся жыхары Віцебска і Полацка. Новы князь ВКЛ Казімір восенню 1440 года выступіў супраць паўстанцаў. Юры збег у Ноўгарад, а войскі Казіміра ўзялі Смаленск і іншыя гарады. Паўстанне згасла.

У ХУ ст. назіраецца росквіт Смаленска. Смаленскай зямлёй кіруе намеснік Вялікага князя, прадстаўнік мясцовых феадалаў у Сойме і Радзе ВКЛ. Існавала і смаленскае веча, якое вырашала надзённая пытанні жыцця горада і вясковага наваколля. Намеснік меў і мясцовую Раду. У яе ўваходзілі смаленскі епіскап, маршалак і іншыя гарадскія службовыя асобы. Мяшчане Смаленска абіралі сабе свайго прадстаўніка - старасту. Смаленскія землі падзяляліся на воласці, якімі кіравалі цівуны. Прывілеі жахароў Смаленска былі зафіксаваныя ў вялікакняскіх граматах 1404, 1442, 1505 гадоў. Побач са Смаленскай зямлёй існавалі аўтаномныя Мсціслаўскае, Вяземскае і Дарагабужскае княствы.

На землях цэнтральнай Смаленшчыны з 1404 года існуе Смаленскае ваяводства. У гэты час Смаленск становіцца адным з буйнейшых старабеларускіх культурных цэнтраў, дзе квітнее летапісанне і духоўная літаратура.

У канцы ХІУ ст. у Пустынскім Успенскім манастыры пад Мсціславам Лука Смалянін стварае славуты Смаленскі псалтыр, напісаны на пергаменце, аздоблены 3 мініяцюрамі, 22 застаўкамі, 150 ініціяламі з выявамі людзей, жывёл, розных фантастычных істот і складаным плеценым арнаментам. Пры аздабленні тэкста выкарыстана фарба сіняга, зялёнага і чарвонага колеру, а таксама золата. У 1657 г. па загаду патрыярха Нікана пад час маскоўскай акупацыі Смаленскі псалтыр вывезены на в. Кій Анежскай губы Белага мора. Зараз знаходзіцца ў Маскве, ў Гістарычным музеі.

У ХУ ст. у Смаленску напісана Смаленская хроніка - старажытна беларускі літаратурны твор, а таксама такія гістарычна-літаратурныя творы як -Пахвала Вітаўту- і -Беларуска-літоўскі летапіс-, дзе апісаны розныя падзеі на тэрыторыі Смаленшчыны і ВКЛ, а таксама сумежных землях.

У канцы ХУ ст. пры двары смаленскіх епіскапаў манах Аўраамка склаў вялікі летапісны зборнік памерам 450 старонак. Ён атрымаў назву -Летапіс Аўраамкі-. Даследчыкі лічаць, што менавіта ў Смаленску ў ХУ ст. быў напісаны Радзівілаўскі летапіс, які пазней належаў Янушу Радзівілу, потым трапіў у Кенінгсберг, а пазней, у ХУІІІ ст. у Санкт-Пецярбург, дзе знаходзіцца і зараз. Летапіс мае каля 600 малых каляровых малюнкаў, якія зараз ілюструюць нашыя падручнікі і энцыклапедыі. Пакінулі свае ўспаміны і смаленскія вандроўнікі. Гэта архімандрыт Агрэфій, які апісаў сваю вандроўку ў Палестыну ў 1370 годзе і смаленскі духоўнік Ігнацій. Апошні суправаджаў мітрапаліта Пімена ў 1389 г. у паездцы ў Канстанцінопаль і пакінуў літаратурны твор, прысвечаны гэтай падзеі. Выдатным помнікам прыгожага пісьменства Беларусі першай паловы ХУ ст. з-яўляецца летапісная -Аповесць пра паўстанне ў Смаленску- . Даследчыкі вызначаюць высокі мастацкі ўзровень гэтага твора і яго выдатную старабеларускую мову.

Аднак у канцы ХУ ст. мірнае жыццё Смаленшчыны скончылася. Маскоўскі князь Іван ІІІ абвясціў сябе -Государом всея Русі- і вырашыў захапіць беларускія землі, пачанаючы са Смаленшчыны. Спачатку былі невялікія набегі на памежнае Вяземскае княства. Вялікая вайна пачалася ў 1492 годзе. Зімой 1493 г. маскоўскія войска захапілі Вязьму, а ў чэрвені 1500 г. Дарагабуж. 25 ліпеня 1500 г. на р. Ведрашы пад Дарагабужам войска ВКЛ начале з гетманам Канстанцінам Астрожскім было разбіта вялікім маскоўскім войскам, а Астрожскі трапіў у маскоўскі палон.

У 1501 годзе маскоўцы асадзілі Смаленск, але ўзяць яго не здолелі і адступілі.

Новая война пачалася ў 1512 годзе. Летам 1514 года 80 тысяч маскоўскіх ваякаў начале з Васілём ІІІ, маючы 300 гармат, з усіх бакоў абклалі Смаленск і распачалі штурм. Горад быў захоплены. Пасля перамогі Астрожскага ў верасні 1514 г. пад Воршай смаляне начале са смаленскім епіскапам Варсанофіем пачалі рыхтаваць паўстанне. Аднак іх выдаў здраднік. Кіраўнікоў паўстання забілі. Епіскапа выслалі ў манастыр. Смаленскіх баяр і мяшчан гвалтам перасялілі пад Маскву, а Смаленск засялілі маскоўцамі. Аднак ВКЛ не прызнала захоп Смаленска.

Новая ўлада зрабіла большасць смаленскіх зямель дзяржаўнымі і засяліла іх сялянамі з цэнтра Маскоўскай дзяржавы. Таксама будаваліся праваслаўныя манастыры, якія былі адначасова пунктамі абароны над час вайны.

У пачатку ХУІ ст. Смаленск меў драўляныя умацаванні (дубовыя сцены і вежы). У паўднёва-заходняй частцы дзядзінца стаяла мураваная вежа, падобная да Камянецкай. Таксама і гарадскі пасад быў умацаваны валам і парканам (сцяной з завостраных бярвёнаў).

ВКЛ не раз спрабавала вярнуць Смаленск. Гэта паходы 1535, 1544, 1552-1553 гадоў, але яны выніку не далі. Пад час Лівонскай вайны Смаленск атрымаў новыя ўмацаванні. Мураванай невысокай сцяной абнеслі Саборную гару - рэзідэнцыю епіскапа, таксама некалькі мураваных вежаў збудавалі на пасадзе і з захаду злучылі іх паміж сабою мураванай сцяной. Аднак Стэфан Баторы да Смаленска не дайшоў.

(29KB) Смаленск ХVII ст..

Прайграўшы Лівонскую вайну, маскоўскія ўлады вярнулі ВКЛ Вяліж і пачалі ўмацоўваць Смаленск. У снежні 1595 года сюды прыехаў мясцовы дойлід Фёдар Конь, які ўзначаліў будаўніцтва мураваных умацаванняў Смаленска, узяўшы за узор маскоўскі Крэмль, зроблены італьянскімі майстрамі. Будаўніцтва пачалося вясной 1596 года і доўжылася шэсць гадоў. На будоўлі працавала каля 20 тысяч чалавек. Даўжыня муроў склала 6,5 км, вышыня 10-13 м., а таўшыня - 4-6 м. Мелася таксама 38 вежаў рознай формы: круглыя, шматгранныя і прамавугольныя. Былі і вежы-брамы. Асабліва прыгожай была Фралоўская вежа каля маста праз Днепр.

Муры былі складзены з тоўстай чырвонай цэглы. Сцены звонку бяліліся вапнай і белай фарбай. На будаўніцтва прыязджаў нават цар Барыс Гадуноў. Зараз засталося 18 вежаў і каля 3 км муроў.

У першай палове ХVІІ ст. Смаленск зноў стаў сведкам шматлікіх войнаў. У верасні 1609 года войскі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ узялі Смаленск у аблогу. Яна доўжылася 20 месяцаў і ў ліпені 1611 года Смаленск быў узяты войскамі ВКЛ і Польшчы.

Большасць Смаленшчыны, арамя Вязьмы, па дэўлінскай дамове 1618 года вярнулася ў склад ВКЛ. Было зноў адноўлены Смаленскае ваяводства, якое складалася з Смаленскага і Старадубскага паветаў.

У Смаленску тады жыло каля 11 тысяч жыхароў, таксама былі такія буйныя гарады на Смаленшчыне як Красны, Рослаў, Дарагабуж і Белы. Усе гэтыя гарады атрымалі магдэбурскае права. Змяніўся і склад насельніцтва. Прыехала шмат беларусаў, з-явіліся і яўрэі, асабліва ў мястэчках. Смаленскае праваслаўнае святарства прызнала унію. Большасць смаленскай шляхты была каталіцкай. Яны спрыялі распаўсюду розных каталіцкіх манаскіх ордэнаў, у тым ліку і езуітаў.

У Смаленску адкрыўся езуіцкі калегіюм, дзе вучыліся дзеці мясцовай шляхты Цэнтрам праваслаўнай рэлігіі быў Бязюкаў манастыр каля Дарагабужа.

У 1632 годзе пачалася новая вайна за Смаленск. Маскоўскія войскі начале з ваяводам Міхаілам Шэйнам узялі Дарагабуж і асадзілі Смаленск. Аблога ішла 10 месяцаў, пакуль не прыйшло войска Рэчы Паспалітай і ў сваю чаргу не акружыла войска маскоўцаў. Шэін капітуляваў. Смаленшчына засталася ў складзе ВКЛ. Яшчэ адна вайна пачалася вясной 1654 года. Спачатку царскія войскі захапілі Дарагабуж і Рослаў і ў чэрвені абклалі з усіх бакоў Смаленск. Пасля доўгай аблогі, у верасні залога здала горад і без перашкод пакінула яго. Большасць мясцовай смаленскай шляхты прысягнула на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу і захавла свае маёнткі.

(23KB) Манахі -дамініканцы на вуліцы Смаленскай, 1640 год (паводле Г.А. Ластоўскага).

Паводле Андрусаўскай дамовы 1667 года значная частка Смаленшчыны (акрамя Мсціслаўшчыны) перайшла пад уладу рускага цара. Сюды перасялілі шмат палонных беларусаў з-пад Воршы, Дуброўны і Віцебска. Смаленшчына заставалася этнічнай беларускай тэрыторыяй.

У пачатку ХVІІІ смаленская шляхта брала актыўны ўдзел у войнах, якія вёў Пётр І, конны полк смаленскай шляхты удзельнічаў у Крымскім і Азоўскім паходах, а за бітву пад Нарвай атрымаў ад цара Пахвальную грамату. Таксама мясцовыя беларусы склалі смаленскія пяхотныя і драгунскія палкі. У верасні 1708 года шведскія войскі прыйшлі на Мсціслаўшчыну і 10 верасня пад вёскай Раёўкай адбыўся бой шведаў і рускага войска, у якім шведы страцілі каля тысячы чалавек і павярнулі на поўдзень, на Украіну.

У 1708 годзе была створана Смаленская губерня з 17 гарадамі. Былы смаленскі ваявода баярын Салтыкоў стаў першым Смаленскім губернатарам. У ХУІІІ ст. у Смаленску з-явілася Духоўная семінарыя і цыфірная школа для дзяцей дваран і купцоў. Аднак мясцовая шляхты сваіх дзяцей адпраўляла вучыцца ў Віленскі, Пражскі і Кракаўскі універсітэты.

У канцы ХVІІІ ст. Смаленскую губерню падзялілі на 12 паветаў: Смаленскі, Бельскі, Вяземскі, Гжацкі, Дарагабужскі, Духаўшчынскі, Ельнінскі, Краснінскі, Парэцкі, Рослаўльскі, Сычэўскі і Юхноўскі. Гэты падзел існаваў да пачатку 1918 года.

Пасля І падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Расійская імперыя захапіла і заходнюю Смаленшчыну, якая ўваходзіла ў Мсціслаўскае ваяводства. На Смаленшчыне ў вёсцы Чыжава Духаўшчынскага павета ў 1739 нарадзіўся адзін з уплывовых дзеячоў эпохі Кацярыны ІІ князь Рыгор Пацёмкін-Таўрычаскі. Менавіта яму пасля 1772 года дастаўся Крычаў з ваколіцамі, дзе ён збудаваў сабе палац у псеўдагатычным стылі, а таксама мануфактуру па вырабу ветразяў і канатаў для Чарнаморскага флоту. У 1780 годзе Кацярына ІІ наведала Мсціслаў, Магілёў, дзе мела сустрэчу з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. Яны разам пабывалі і ў Смаленску і, нават, на радзіме князя Пацёмкіна.

У 1812 годзе праз Смаленск на Маскву пракацілася войска Напалеона, і Смаленшчына зноў была спалена і разрабавана. У агні гэтай вайны і знік славуты Полацкі летапіс. Аднак потым на працягу сотні гадоў войнаў на Смаленшчыне не было, і край паступова развіваўся маючы аўтахтоннае беларускае насельніцтва. У 1904 г. у Вільні выходзіць праца Яўхіма Карскага -Беларусы-, у якой паведамляецца, што беларуская мова гучыць на большай частцы тэрыторыі Смаленскай губерні. Гэтая звесткі адлюстраваны і на складзенай ім -Этнаграфічнай карце Беларускага племені-.

З межамі рассялення беларусаў на Смаленшчыне ў асноўным пагадзіўся і другі беларускі гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Падчас Першай Сусветнай вайны, калі немцы акупуюць значную частку Беларусі ў Смаленск пераязджаюць жыць і працаваць Янка Купала, Максім Гарэцкі і іншыя беларускія дзеячы. Дэлегаты ад Смаленшчыны бралі ўдзел у Першым Усебеларускім з-ездзе ў снежні 1917 года ў Менску.

25 сакавіка 1917 года была абвешчана БНР у этнаграфічных межах рассялення беларусаў.

(20KB) Смаленская ратуша, прыстасаваная пад 'Прыказную ізбу'. Пачатак ХVIII ст. (паводле Г.А. Ластоўскага).

Мусілі і бальшавікі прызнаць Смаленшчыну беларускай тэрыторыяй, калі 30 снежня 1918 г. ствараюць часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі начале са Зміцерам Жылуновічам і абнародуюць адпаведны Маніфест. У адпаведнасці з ім большая частка Смаленскай губерні акрамя некалькіх паветаў (Гжацкага, Сычоўскага, Вяземскага і Юхнаўскага) увайшла ў склад Савецкай Беларусі, а Смаленск да 5 студзеня 1919 г. быў яе сталіцай. БССР дзялілася на 7 раёнаў: Менскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гарадзенскі і Баранавіцкі.

У склад Смаленскага раёна уваходзілі паветы: Смаленскі, Бельскі, Духаўшчынскі, Парэцкі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Красненскі і Рослаўскі.

Аднак ужо 16 студзеня бальшавікі адабралі ад БССР Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні і далучылі іх да РСФСР. 11 ліпеня 1919 года Мсціслаўскі павет Магілёўскай губерні быў далучаны да Смаленскай губерні. У 1924 годзе да БССР зноў далучыліся 16 паветаў.

26 верасня 1919 г. да Смаленскай губерні далучылі частку Аршанскага павету Віцебскай губерні, а 27 ліпеня 1922 года - Горыцкі павет.

Перапісы насельніцтва сведчылі, што ў гэты час 75-80% насельніцтва большасці смаленскіх паветаў лічыла сябе беларусамі і былі за уз-яднанне з БССР. У гэтыя часы у Смаленску дзейнічала беларуская секцыя пры губернскім аддзеле асветы, пры Смаленскім Універсітэце існавала беларускае студэнтскае земляцтва, працавалі беларускія школы, хаты-чытальні і чырвоная куткі. Аднак у пачатку 1930 -х усю беларускую дзейнасць на Смаленшчыне забаранілі, і пачаліся сталінскія рэпрэсіі і чысткі.

Надзвычай пацярпела Смаленшчына пад час апошняй вайны. У 1941-1943 гадах на яе тэрыторыі ішлі ваенныя дзеянні і большасць мясцовага насельніцтва альбо загінула, альбо было эвакуявана на Усход. Нават і зараз у некаторых раёнах Смаленшчыны жыве па 10 і меней тысяч насельніцтва. З іх беларусамі сябе лічаць толькі 29 тысяч чалавек (звесткі 2000 года). Там не меньш у 1964 годзе да Беларусі было далучана восем вёсак былой Аслянскай воласці Мсціслаўскага павету і тэрыторыя плошчай 2256 гектараў. Гэты былі землі калгаса -Путь к коммунизму-.

Восенню 1990 года група дэпутатаў ВС БССР у Маскве (сярод іх быў і аўтар артыкула) сустрэліся з дэпутатамі ВС РСФСР ад Смаленскай вобласці каб абмеркаваць пытанне аб пераходзе некаторых раёнаў Смаленшчыны ў склад БССР, асабліва тых, дзе пасля вайны амаль не засталося насельніцтва. Была ідэя перасяліць туды ахвяр Чарнобыльскай катастрофы з забруджаных тэрыторый. Нашу ідэю сустрэлі добра. Гаворка ішла аб магчымым рэферэндуме, і смаленскія дэпутаты лічылі што большасць іх выбаршчыкаў прагаласуе за вяртанне ў БССР. Гэтаму адпавядалі і настроі грамадзян. Падчас пад-ёму нацыянальных рухаў у пачатку 90-х гадоў у рэспубліках СССР у Алма-Аце ўсе смаляне ўвайшлі ў беларускае таварыства -Бацькаўшчына-, а не ў нейкае рускае таварыства.

Але пачаліся падзеі ў Вільнюсе, потым жнівеньскі путч 1991года і СССР разваліўся. Беларусь стала незалежнай краінай.

Аднак дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы з Расіяй пакуль не зроблена, і яна практычна не пазначана на мясцовасці. Некаторыя жыхары Смаленшчыны, асабліва на мяжы з Беларуссю не забылі сваё паходжанне і беларускую мову. Таму гісторыя Смаленшчыны і яе гістарычны лёс яшчэ чакаюць аб-ектыўных даследчыкаў.

Напісана ў Гданьску на вул.Смаленскай (ліпень 2007 г.)

"Наша Слова" №34(822) 5 верасня 2007

Беларускія калоніі

Шмат якія краіны, вялікія і не вельмі, мелі доўгі час свае калоніі ў розных частках свету. Напрыклад, маленькая Партугалія яшчэ зусім нядаўна мела свае калоніі ў Афрыцы і Азіі. Дастаткова прыгадаць Анголу і Мазамбік. А Беларусь, беларусы? Ці былі ў іх калоніі, ці мелі і яны нейкія залежныя ад іх тэрыторыі? Так, мелі. І даволі працяглы час. Бо для нас заўжды выхад да мора меў важнае эканамічнае значэнне.

Першыя дзве калоніі на Заходняй Дзвіне стварыла Полацкая дзяржава. Гэта васальныя полацкія княствы на Заходняй Дзвіне Герцыке і Кукенойс. Іх вытокі сягаюць недзе ў Х - ХІ стст. Першы фарпост Полацка на землях ліваў і земгалаў г. Герцыке меў магутныя ўмацаванні ўжо ў Х ст. У -Хроніцы Лівоніі- ён згадваецца пад 1203 г. Гэта быў багаты горад, які меў некалькі праваслаўных храмаў і свайго князя. Немцы называлі яго -каралём-. Далей на захад ад Герцыке, дзесьці ў Х І ст., узнікае яшчэ адна полацкая калонія на адлегласці ад метраполіі ў 338 км, - Кукенойс (зараз Кокнесе). У нямецкай хроніцы пад 1205 г. запісана, што там -сядзеў- князь (кароль) Вячка.

У 1106 годзе земгалы паднялі паўстанне супроць Полацка, але поспехаў не мелі. Найбольш падпарадкаваныя Полацку былі лівы. У 1186 годзе яны нават хадзілі з полацкімі князямі ў паход на Друк. Абедзве калоніі былі месцам збору даніны, а таксама буйнымі гандлёва-рамеснымі цэнтрамі. Праз мясцовых князёў падпарадкоўваліся полацкаму князю прызначаныя ім старшыны родам з тутэйшых плямёнаў.

У адрозненне ад крыжакоў, полацкія князі не прымушалі ліваў, земгалаў і латгалаў гвалтам прымаць хрысціянства і стасункі паміж імі былі стабільныя. Таму і новыя прыхадні-крыжакі прызнавалі права палачанаў атрымліваць даніну з ліваў.

Герцыке. Рэчы ХІ - ХІІІ стст.

У 1186 годзе полацкі князь Уладзімір дазволіў нямецкаму місіянеру біскупу Мейнарду хрысціць ліваў і іншых плямёнаў, сваіх васалаў. У 1201 годзе нямецкія купцы і манахі заснавалі ў вусці Дзвіны горад Рыгу, а біскуп Альберт з Брэмэна стварыў на захопленых землях у 1202 г. рэлігійны ордэн мечаносцаў. Такім чынам Полацку зачынілі шлях да мора. Дарэчы, у 1204 г. крыжакі разрабавалі і захапілі Канстанцінопаль, сталіцу праваслаўнага хрысціянства, што магло адгукнуцца і на Балтыйскім моры.

Ваенныя дзеянні паміж крыжакамі і палачанамі пачаліся ў 1203 годзе. У 1206 г. полацкае войска асадзіла Рыгу і замак Гольм, але ўзяць іх не змагло, бо крыжакі былі значна лепей узброены. Крыжацкія балісты на значнай адлегласці забівалі і ранілі полацкіх вершнікаў. Ужо ў 1207 годзе ўся Лівонія была захоплена і ахрышчана немцамі. Неўзабаве іх войскі напалі на полацкія калоніі. Спачатку ў 1209 годзе захапілі і разбурылі Кукенойс і на яго месцы збудавалі замак, а потым у тым жа годзе захапілі Герцыке, прычым у палон трапіла нават жонка мясцовага князя Усевалада.

У 1210 годзе полацкі князь Уладзімір падпісаў мірную дамову з біскупам Альбертам і гандлёвае пагадненне з Рыгай, а ў 1214 канчаткова аддаў крыжакам Кукенойс і Герцыку. У 1264 годзе ўладанні крыжакоў ушчыльную адышлі да межаў Полацкай дзяржавы. Полацкі князь Гердзень падпісаў пагадненне з ордэнам, у якім былі пазначаны правы нямецкіх купцоў у Полацку і полацкіх у Рызе. Немцы збудавалі ў Полацку мураваны касцёл св. Пятра, на гарышчы якога захоўвалі свае тавары. Была праваслаўная полацкая царква і ў Рызе. Неўзабаве полацкая дзяржава ўвайшла ў склад ВКЛ.

Захопленая немцамі тэрыторыя атрымала назву Лівонія, альбо Ліфлянд ці Інфлянты. Тут месцілася канфедэрацыя з 5 дзяржаў, якой намінальна кіравалі папа рымскі і імператар Святой Рымскай Імперыі. Канфедэрацыю складалі Лівонскі (альбо Інфлянцкі) ордэн, арцыбіскупствы, Рыжскае, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае і біскупства Курляндскае. Такая сітуацыя існавала да сярэдзіны ХVІ ст. Але пачалася Лівонская вайна. Войскі Івана Жахлівага, які перад гэтым заваяваў Казанскае ханства, у 1558 годзе захапілі порт Нарву і былы наўгародскі гандаль аднавіўся. Войскі Масковіі хутка захапілі большую частку Лівоніі, палячы і рабуючы гарады і замкі. Кожны з удзельнікаў Лівонскай канфедэрацыі ратаваўся як мог. Эзельскі епіскап у 1560 годзе прадаў сваё ўладанне датскаму каралевічу Магнусу. З яго ўзяў прыклад і епіскап Рэвельскі, але ў 1561 годзе Рэвель і ўсю паўночную Эстонію захапілі шведы. Курляндскі епіскап Іаган IV Мюнхаўзен яшчэ ў 1559 годзе перадаў сваё біскупства дацкаму каралю, і той аддаў гэтыя землі свайму брату Магнусу. Такім чынам, у рукі Даніі трапіла паўночная Латвія і паўднёвая Эстонія.

(12KB) Здымкі пячатак на дамове паміж Рыгай і Полацкам, 1330 г..

Лівонцы вырашылі перадаць свой лёс у рукі ВКЛ. 5 сакавіка 1562 года магістр Лівонскага ордэна Готард Кетлер у Рыжскім замку перадаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму пячатку Ордэна, ключы ад Рыгі і зняў з сябе ордэнскую мантыю. Так у нас зноў з-явілася калонія і нават не адна. Тут варта прыгадаць -Хроніку Лівонскай правінцыі-, напісаную эстонскім святаром і школьным настаўнікам Балтазарам Русавым. Упершыню яна была надрукавана ў 1578 г. у Растоку.

-Польскі кароль Жыгімонт Аўгуст, па прапанове вялікага магістра Готарда Кетлера, узяў пад свой кантроль тыя землі і гарады ў Лівоніі, што засталіся не захопленымі. Ён аддаў у спадчыннае валоданне магістру некаторыя землі і замкі ў Курляндыі і ў рыжскім епіскапстве і назваў яго герцагам Курляндскім і графам Семігальскім. Тады скончылася магістарства Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі, і былі створаны два патомныя свецкія княствы: адно Курляндскае, падараванае герцагу, другое ў зямлі летаў і епіскапстве рыжскім, якое кароль пакінуў сябе і якое цяпер завецца задвінскім княствам-.

Берасцейскі сойм ВКЛ 1566 года зрабіў кіраўніком Лівоніі Яна Хадкевіча. Ён дасягнуў поўнага злучэння Лівоніі з ВКЛ, што адбылося на Гродзенскім сойме напрыканцы 1566 года. Лівонцы прызналі сябе часткай ВКЛ, але захавалі свае мясцовыя правы. Падчас Люблінскай вуніі ВКЛ здолела захаваць свае правы на Лівонію, як на Задзвінскае герцагства, так і на Курляндыю. Так, да канца існавання Рэчы Паспалітай Курляндыя была калоніяй як ВКЛ, так і Кароны. Такое валоданне адной тэрыторыяй дзвюма краінамі адначасова завецца кандамінімумам. У 1581 годзе шведы захапілі ў Масковіі Нарву і рускага канкурэнта на Балтыцы не стала.

З Рыгі ў гарады і замкі ВКЛ везлі соль, селядцы, палотны, шоўк, віно, піва, вострыя прыправы, жалеза, медзь, волава і свінец. З ВКЛ вывозілі ў Рыгу будаўнічыя бярвёны, дровы, скуры, смалу, збожжа, каноплі, лён, воск, сала, канапляны алей. Аднак галоўны імпартны тавар - гэта соль і селядцы. Наш экспарт - гэта воск, лес і збожжа. Соль перавозілі ў мяхах. Зімой з Рыгі везлі жалезныя вырабы: патэльні, лемяхі, сякеры і косы.

Беларусы мелі свой рачны флот. Гэты вялікія караблі-учаны, а таксама стругі, паўстругі, шкуты, лодкі і плыты. Існавалі і вялікія баркі, што бралі на борт да 12 тысяч пудоў грузу. Былі і мясцовыя лоцманы, якія за вялікую плату (300 копаў грошай) праводзілі стругі праз парогі.


Лёс нашых калоній склаўся даволі цікава

Пачнём з Задзвінскага герцагства, альбо Інфлянцкага княства. Спачатку часовым губернатарам гэтай тэрыторыі быў былы магістр Кетлер. 26 снежня 1566 г. Гарадзенскі сойм уключыў Інфлянцкае княства ў склад ВКЛ. Кіраваў гэтай калоніяй губернатар, які прызначаўся каралём і вялікім князем літоўскім. Сталіцай быў горад Дынабург. Але неўзабаве пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600 - 1629). І першы выт шведаў прыпаў менавіта на Задзвінскае герцагства. Герцагства практычна распалася. Пасля 1629 г. у ВКЛ засталася толькі Латгалія, а паўднёвая Эстонія і паўночна-заходняя частка Латвіі разам з Рыгай адышла да Швецыі.

Пасля Паўночнай вайны ў 1721 годзе гэтыя землі забрала Расія. Латгалія ў складзе ВКЛ была падзелена на чатыры староствы: Дынабургскае, Рэжыцкае, Люцынскае і Марыенгаўзскае. У 1667 годзе Сойм ВКЛ аб-яднаў іх у Інфлянцкае ваяводства з цэнтрам у Дынабургу. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Латгалію захапіла Расія.

Спачатку (1772 - 1776) гэта Дзвінская правінцыя Пскоўскай губерніі, потым (1776 - 1796) у складзе Полацкай губерніі, пазней уваходзіла ў Беларускую губернію (1796 - 1802). Усё ХІХ ст. і да 1917 года (з 1802 г.) Латгалія належала Віцебскай губерніі. 11 жніўня 1920 года Ленін перадаў Латвіі тры паветы Віцебшчыны, часткова населеныя беларусамі - Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы, а таксама 4 мільёна рублёў золатам. У 1921 годзе Літва перадала Латвіі 299 кв. км. у Ілукскім павеце каля Дзвінска з пераважна беларускім насельніцтвам.

Цікавы гістарычны лёс напаткаў Курляндыю. Яна была аўтаномнай часткай ВКЛ. З 1617 да 1795 г. дзяржаўны лад вызначала мясцовае заканадаўства - Курляндскія статуты. Найбольшую магутнасць яна дасягнула пры герцагу Якабу (1640 - 1682), які меў свой і даволі някепскі ваенны і гандлёвы флот, з дапамогай якога ён захапіў дзве калоніі ў Амерыцы і Афрыцы.

У Афрыцы некалькі год (з 1651 па 1655 гг.) Курляндыі належала краіна Гамбія. У 15 ст. сюды прыйшлі партугальцы, потым у 16 ст. тут з-явіліся англічане, французы і галандцы. З 1786 па 1965 год тут валадарылі брытанцы. Мясцовыя плямёны здаўна вырошчваюць арахіс, рыс, сорга, бавоўну, збіраюць пальмавыя арэхі.

Востраў Табага ў Вест-Індыі належаў Курляндыі даўжэй - з 1645 па 1665 год. Востраў займаў вельмі выгоднае стратэгічнае становішча. Яго плошча 300 км. кв., ён пакрыты вечназялёнымі лясамі і мае высокія горы. Такім чынам, праз Курляндыю ВКЛ апынулася ў Афрыцы і Новым Свеце.

У 1709 годзе герцагам Курляндыі стаў Фрыдрых Вільгельм Кетлер, які праз год ажаніўся са сваячкай (кузінай) Пятра І Ганнай Іванаўнай. Неўзабаве, у 1711 годзе ён памёр і за ўладу разгарнулася спрэчка паміж Ганнай Іванаўнай і дзядзькам Фрыдрыха Фердынандам. Рускі ўрад запатрабаваў ад Курляндыі плаціць штогод 40 тыс. рублёў на ўтрыманне Ганны Іванаўны, якая неўзабаве стала Расійскай імператрыцай.

У 1726 годзе лантаг Курляндыі абраў герцагам Морыца Саксонскага, пазашлюбнага сына караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага. Аднак у верасні 1727 года ў краіну ўвайшлі рускія войскі і вярнулі ўладу Фердынанду. У 1737 годзе герцагам абралі графа Эрнста Ёгана Бірана, які з 1730 года жыў пры двары Ганны Іванаўны і быў рэгентам Расіі.

У рускай літаратуры і гісторыі існуе такі тэрмін - -біронаўшчына-, калі некаранаваны муж Ганны Іванаўны Біран практычна кіраваў Расіяй. Рускія гісторыкі вельмі не любяць гэты час і лічаць яго перыядам застою і ўпадку. Але менавіта ў гэты час быў абмежаваны тэрмін ваеннай і адміністратыўнай службы ў Расіі да 25 год, у 1731 г. заснаваны Кабінет Міністраў, а ў 1734 годзе была падпісана Гандлёвая дамова з Брытаніяй. Рускія войскі здолелі захапіць у турак горад Азоў. Расквітнела і Курляндыя, асабліва яе сталіца г. Мітава (зараз Елгава). Тут былі цудоўныя палацы сярод прыгожых паркаў.

Пасля смерці рускай імператрыцы у 1740 годзе Бірана арыштавалі і пазбавілі ўсіх пасад. Але ў 1763 годзе Кацярына ІІ вярнула Бірану ўладу ў Курляндыі. У 1769 годзе ён перадаў сваю пасаду сыну Пятру.

У 1794 годзе ландаг Курляндыі выступіў супраць паўстання Касцюшкі, а 7 сакавіка 1795 года прагаласаваў за добраахвотнае далучэнне да Расіі. 17 сакавіка герцаг Пётр адрокся ад пасаду, і Курляндыя знікла з карты Еўропы. У 1796 годзе была ўтворана Курляндская губерня Расіі.

"Наша Слова" № 37 (773) 13 ВЕРАСНЯ 2006 г.

Старадубская вайна

Зусім нядаўна ў сродках масавай інфармацыі гучалі сказы аб тым, што больш сваяцкага і брацкага народа ў беларусаў, чым расейскі няма і ніколі не было. А калі згадаць ранейшую савецкую і царскую прапаганду, асабліва кніжачку -Народ издревле нам родной-, то шмат хто ў гэта мог і паверыць. Праўда, пасля нядаўняй -газавай- вайны фанфары крыху сціхлі, тым больш што падчас -памаранчавай- рэвалюцыі на Украіне імперскае аблічча сённяшняй Расіі зноў яскрава праявілася.

Таму сёння ёсць падстава згадаць пра шматлікія беларуска-расійскія войны ХУІ - ХУІІ ст., якія прынеслі нашаму народу незлічоныя страты. Гаворка пойдзе пра адну з гэтых войнаў, якая ў расійскіх сучасных гістарычных крыніцах атрымала назву Старадубская вайна.

Гэтая вайна пачалася за вяртанне ў склад ВКЛ былога Старадубскага княства. Яно было ўтворана ў 1454 годзе як удзел князя Івана Мажайскага, які ўцёк у ВКЛ ад Васіля ІІ - маскоўскага ўладара.

У 1499 годзе ягоны сын Сямён, які афіцыйна называўся як князь Старадубскі атрымаў ад вялікага князя Аляксандра пацвярджэнне на сваю вотчыну ў складзе гарадоў Старадуб, Гомель, Чарнігаў, Бранск, Карачаеў і Хоцімль.

Аднак восенню 1500 г. князь Сямён разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок Івана ІІІ. За гэта іх княствы мелі ў складзе маскоўскай дзяржавы пэўную аўтаномію, бо яны разам з Разанню ў першай чвэрці ХУІ ст. засланялі Маскву ад татарскіх набегаў. У 1518 годзе Старадубскае княства перайшло ў валоданне Васіля ІІІ і спыніла сваё існаванне.

Прычынай вайны стала жаданне ВКЛ узяць рэванш за шматлікія паразы ў папярэдніх войнах канца ХУ - пач. ХУІ ст., калі былі страчаны вялікія тэрыторыі, у тым ліку гарады Смаленск. Чарнігаў, Старадуб і Гомель.

У 1533 годзе памёр маскоўскі князь Васіль ІІІ, а ў канцы 1533 супроць Масковіі выступіла Крымскае ханства. Віленсскі вальны сойм ухваліў ваенны падатак на 3 гады.

У пачатку красавіка 1533 года было сабрана паспалітае рушэнне колькасцю каля 24 тысяч чалавек пад Менскам. У жніўні войска ВКЛ на чале з гетманам Юрыем Радзівілам у колькасці 20 тысяч чалавек прыйшло пад Магілёў, дзе падзялілася на два корпусы. Адзін корпус рушыў на Смаленск, а другі ў Северскую зямлю пад Старадуб.

-Тых часоў адпусцілі есма ад нас гетмана нашага вялікага пана Юрыя Мікалаеіча Радзівіла і з іншымі гетманамі і з войскамі на-шымі вялікімі, і з гарматамі ў землю непрыяцеля нашага Маскоўскага на Северу, і казалі есма ім, Бога ўзяўшы на помач, замкаў нашых айчызных северскіх здабываці. І калі б Бог мілы дапамог, найперш замка Гом-я дастаці або агнём яго спаліці...-

Спачатку пачыналася цяжка. Корпус на чале з Вішнявецкім не здолеў узяць Смаленск, а аддзел, якім кіраваў Неміровіч у Северскай зямлі захапіў толькі замак Радагошч. Войскі ВКЛ мусілі вярнуцца, а зімою 1535 года войскі маскоўцаў напалі на Беларусь і дайшлі да Браслава і Наваградка, палячы і рабуючы вёскі і мястэчкі.

Каб працягнуць вайну, ВКЛ наняло ў Польшчы 5000 жаўнераў, а таксама атрымала дапамогу кароннага войска ў выглядзе 1000 вершнікаў. У канцы траўня войска сабралася пад Рэчыцай. На гэты раз ваенныя дзеянні былі больш паспяховымі. У ліпені нашыя войскі, разам неўзабаве войскі ВКЛ пакінулі ўзятыя раней гарады, акрамя Гомеля і вярнуліся дамоў.

Аднак на тым Старадубская вайна не скончылася. Наўгародскія і маскоўскія войскі, прысланыя маскоўскім уладаром, уварваліся ў Полацкую зямлю і збудавалі там, на мяжы з Масковіяй два замкі Себеж і Завалач, а на сваёй тэрыторыі, побач з мяжою - замак Веліж.

Зімою 1536 года войска ВКЛ хацела захапіць Себеж, аднак гэта не атрымалася. Летам 1536 г. маскоўцы былі разбіты пад Крычавам і вайна практычна спыніліся. 27 сакавіка 1537 г. у Маскве падпісалі перамір-е на 5 гадоў, на якому Себеж і Завалач перадавалі Масковіі, а Гомель з ваколіцамі - ВКЛ. У 1542 годзе перамір-е зноў падоўжылі на 5 год на тых жа ўмовах.

Адразу пасля вяртання Гомеля ў 1535 г. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт заснаваў Гомельскае староства, як асобнае дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласцяў. У 1560 годдзе г. Гомель атрымаў свой герб, а з 1565 года Гомельскае староства знаходзіліся ў складзе Рэчацкага павету Менскага ваяводства. У гэты час у склад староства акрамя Гомеля ўваходзілі 32 вёскі пад кіраўніцтвам дзяржаўцы.

Асобнымі вёскамі валодалі непасрэдна мясцовыя баяры і шляхта. Вёска Пляса належала гомельскай Троіцкай царкве, а в. Слепка была падаравана Віленскаму касцёлу св. Станіслава і ўвайшла ў склад яго маёнтка Стрэшын.

У 1640 годзе ў Гомельскае староства уваходзіла 40 сёл з 202 дамамі. Яно было злучана дарогай з Рагачовам. У такім выглядзе стараства існавала да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

У беларускай гістарычнай энцыклапедыі Старадубская вайна называецца як пятая вайна з Масковіяй, а ў падручніках звестак пра гэтыя падзеі практычна няма. Толькі Мікола Ермаловіч крыху піша пра гэтыя падзеі ў сваёй кнізе -Беларуская дзяржава - ВКЛ-. Нядаўна арыгінальныя матэрыялы пра вышэйзгаданую вайну надрукавалі асобнай кнігай рускія гісторыкі.

Такім чынам у гэтым годзе спаўняецца 470 год з часоў першага вяртання Гомеля ў склад Беларусі, апошняе вяртанне адбылося ў 1926 годзе.



© Pawet 2007-2009


 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX