Вярнуцца: Трусаў А.А.

Мураваная варта Сastles in Lida, Krewo, Nawahrudak, Hrodna


Аўтар: Алег Трусаў,
Дадана: 27.08.2004,
Крыніца: "Новы Час" № 10(15).



Ліда, Крэва, Навагрудак, Гродна



Крыжацкія набегі на беларускія землі асабліва ўчасціліся ў канцы ХІІІ - пачатку XIV ст. Драўляныя ўмацаванні з мураванымі вежамі-стаўпамі ўжо не маглі стрымаць ворага. Таму ў першай палове XIV ст. узнікае абарончая сістэма з магутных замкаў у Лідзе, Навагрудку, Крэве, Медніках, Вільні і Троках. Гэта былі як старыя, з цягам часу адбудаваныя з каменю і цэглы замкі-дзядзінцы, так і новы тып замкаў - кастэлі, запазычаны на Захадзе.
Слова «кастэль» мае лацінскую аснову (castellum - замак) і спачатку азначала ўмацаваны валам і ровам лагер рымскага легіёна. У ХІІІ-XIV стст. кастэлем у Заходняй Еўропе назвалі мураваны замак, які меў адну ці дзве вежы і будаваўся ў нізіннай мясцовасці на штучным насыпе.
Мясцовыя дойліды, узяўшы за ўзор рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончага збудавання да сваіх умоў. Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе маглі ў час небяспекі знайсці прытулак не толькі войска, але і мірнае насельніцтва, са сваім скарбам.

Ліда


Адным з першых на Беларусі замкаў новага тыпу з'яўляецца Лідскі, пабудаваны ў 30-х гадах XIV ст. Велічныя муры ўзведзены на штучным насыпе са жвіру, пяску і камянёў у балоцістай сутоцы дзвюх рэчак - Лідзеі і Каменкі. Спачатку замак меў адну вежу ў паўднёва-ўсходнім куце і чатыры высокія 15-метровыя сцяны з баявой галерэяй. У замку было два ўваходы. Адзін з іх, паўцыркульнай формы, знаходзіцца ў паўднёвай сцяне на вышыні 4 м ад першапачатковага ўзроўню двара, недалёка ад замкавай вежы. Другі, у форме паўкруглай аркі вышынёй 2,5 м, праразае заходнюю замкавую сцяну і знаходзіцца на ўзроўні зямлі. Захаваліся рэшткі былой брамы. Гэта два вялікія камяні ў аснове арачнага праёма з круглымі адтулінамі для металічных слупкоў, на якіх трымаліся вароты. З боку двара да малога ўвахода пазней прыбудавалі падковападобнае абарончае збудаванне, ад якога захаваліся моцна пашкоджаныя падмуркі. Калі вораг і здолеў бы выламаць вароты, то трапіў бы ў каменны мяшок, дзе не было паратунку. (12KB) Адным з першых на Беларусі замкаў новага тыпу з'яўляецца Лідскі.
З поўначы, на адлегласці 7-10 м ад замкавых муроў, праходзіў глыбокі роў шырынёй каля 20 м, які злучыў абедзве ракі і абараніў замак з боку горада.
Замкавыя муры ў асноўным збудаваны з палявога каменю. Звонку яны складзены з вялікіх, часам крыху абчасаных валуноў. Камяні падабраны да аднаго па памерах і пакладзены роўнымі гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і замазаны рошчынай. Унутраная частка сцен складзена з дробных камянёў. З цэглы зроблены вуглы замкавых вежаў і сцен, дэкаратыўныя паясы на фасадах, аркі, скляпенні, байніцы.
У канцы XIV - пачатку XV ст. крыжакі ўжо мелі гарматы. Таму беларускія і літоўскія замкі сталі прыстасоўваць да агнястрэльнай зброі. У Лідскім замку былі пабудаваны яшчэ адна замкавая вежа і новы вялікі ўваход недалёка ад яе, які праразаў усходнюю сцяну на вышыні 2,5 м ад узроўню зямлі.
Рэшткі гэтай вежы былі раскапаны ў 1977 г. Захаваўся амаль увесь першы паверх. Вежа мела ўваход у выглядзе аркі з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны, якая вяла на верхнія паверхі. Абедзве вежы Лідскага замка былі пакрыты дахоўкай, шматлікія рэшткі якой знойдзены падчас раскопак. Дахоўка мае паўцыркульную карытападобную форму з мацавальным шыпам пасярэдзіне ад яе шырокага краю. Некаторыя экземпляры яе маюць яшчэ і дадатковы маленькі шып у цэнтры ўнутранай паўакружнасці шырокага краю дахоўкі. Маленькімі шыпамі яна чаплялася за падоўжаныя жэрдкі, прыбітыя да крокваў даху, а вялікія шыпы ўтрымлівалі адну дахоўку на другой. Прамежкі паміж радамі даховак замазваліся вапнавай рошчынай. Гэтая самая старадаўняя дахоўка на Беларусі датуецца канцом XIV - першай паловай XV ст.
Лідскі замак у XV ст. уяўляў моцную абарончую пабудову з аднапавярховымі драўлянымі будынкамі па перыметры замкавых муроў для гарнізона і складоў, сярод якіх вызначаўся дом каменданта. Такі тып замкаў быў распаўсюджаны тады ў Прусіі і па іншых прыбалтыйскіх землях. Зараз замак адбудоўваецца.
Гістарычны лёс замка ў Лідзе даволі складаны. У XIV ст. яго муры не раз стрымлівалі напады крыжакоў. У XV ст. яго зачапілі міжусобныя феадальныя войны, а ў пачатку XVІ ст. пад замкавымі мурамі апынуліся крымскія татары. Летам 1659 г. замак пасля доўгай аблогі і штурму быў захоплены войскам рускага ваяводы Мікіты Хаванскага і цалкам спалены. Увесь час Лідскі замак належаў дзяржаве і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Да канца XVІІІ ст. у замку праходзілі гарадскія суды. У пачатку XVІІІ ст. яго моцна пашкодзілі шведскія войскі, якія ўзарвалі вежы і ўсе куты замкавых сцен.

Крэва


Калі ў Лідскім замку вежы не выходзілі за межы сцен, то галоўная вежа Крэўскага замка (Княская), збудаванага ў канцы ХІІІ - пачатку XIV ст., значна выходзіць за перыметр замкавых муроў. Вежа памерам 18,6х17 м мела не менш як тры паверхі, сутарэнне-турму і была прыстасавана пад жыллё. Пакоі князя знаходзіліся на другім паверсе, дзе вокны значна большыя і шырэйшыя і, верагодна, былі аздоблены фрэскамі. Сутарэнні, відаць, мелі гатычныя скляпенні, такія ж, як вежы Лідскага замка. Летам 1988 г. падчас археалагічных раскопак унутры Княскай вежы былі знойдзены рэшткі цаглянага слупа, на які абапіраліся рэбры скляпення, шмат кавалкаў профільных нервюрных цаглін і вялікая колькасць фрэсак. На адным фрагменце добра праглядаецца чалавечае аблічча. Сцены Крэўскага замка маюць розную даўжыню, а іх таўшчыня ў аснове каля 3 м. Крыху пазней Княскай у паўночна-ўсходнім куце замкавага двара ўзвялі яшчэ адну вежу (11х10,65 м), якая мела не менш як 4 паверхі. Абедзьве вежы і баявая галерэя былі пакрыты чырвонай паўцыркульнай дахоўкай, вельмі падобнай да лідскай.
У сярэдзіне ХІХ ст. вакол замка яшчэ можна было заўважыць рэшткі рова. Даследчыкі адзначалі, што яго шырыня каля 50 сажняў, і, мяркуючы па рэльефе мясцовасці, ён ніколі не быў глыбокі, бо запаўняўся вадою з сажалкі.
Крэўскі замак - сведка шматлікіх гістарычных падзей. Тут у сутарэннях Княскай вежы быў забіты вялікі князь літоўскі Кейстут, знаходзіўся ў палоне Вітаўт, у жніўні 1385 г. у замку была падпісана унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

Навагрудак


Акрамя будаўніцтва новых нізінных замкаў, у XIV-XV стст. перабудоўваюцца і старыя драўляныя нагорныя дзядзінцы ў Навагародку, Віцебску і Наваградскі замак Гародні. Аснову гэтых замкаў склалі высокія вежы, злучаныя каменнымі мурамі. На тэрыторыі замкаў узводзяцца каменныя культавыя і жылыя пабудовы. У якасці прыкладу можна прывесці Наваградскі замак. Як азначае адзін з даследчыкаў беларускай архітэктуры М.Ткачоў, «гісторыя яго ўмацаванняў прайшла шлях ад простай агароджы-частакола да наймагутнейшага шматвежавага замка». Старажытная мураваная вежа накшталт Камянецкай з'явілася ў Навагародскім замку сярод драўляных зрубаў у другой палове ХІІІ ст. Яна мела чатырохвугольную ў плане форму, якая набліжалася да квадрата, і высокі падмурак, зроблены з вялікіх - да 1 м і больш - камянёў.
Шмат разоў падыходзілі да сцен замка крыжакі. Пасля аднаго з нападаў у канцы XIV ст. вежу давялося адбудаваць амаль поўнасцю, але ўжо не з каменю, а з цэглы.
Новая вежа Шчытоўка, квадратная ў плане, пабудавана ў традыцыйнай тэхніцы «лусковай» муроўкі, калі шчокі сцен рабілі з цэглы, а ўнутраную частку муру - з камянёў і цагельнага друзу на вапне. Вежа мела пяць паверхаў з перакрыццямі на бэльках. У ніжняй частцы знаходзілася брама. Муры праразалі арачныя байніцы, паверхі злучала лесвіца, «схаваная» ў тоўшчы паўднёвай сцяны. Рэшткі гэтай вежы захаваліся да нашых дзён.
Неўзабаве пасля будаўніцтва Шчытоўкі ўзводзяцца іншыя мураваныя вежы і муры замка. Спачатку з усходу ўзвялі яшчэ тры вежы і злучылі іх мураванымі сценамі. Вежы падобныя да Шчытоўкі, але ніжэйшыя і мелі тры паверхі. Да нашых часоў захаваліся рэшткі Касцельнай вежы і Малой брамы. З прычыны таго, што вады ў замку не было і толькі на ўсходнім схіле замкавай гары білі моцныя крыніцы, над адной з іх і паставілі дзесьці ў XIV ст. мураваную Калодзежную вежу.
У канцы XV - пачатку XVІ ст. у беларусаў з'явіўся новы вораг - крымскія татары. У 1505 г. замак вытрымліваў аблогу вялікай татарскай арды султана Біці-Гірэя. У паўночна-заходняй частцы замка збудавалі магутную вежу, якую назвалі Дазорцай. Захаваліся старажытныя гравюры ХІХ ст., якія даюць уяўленне пра яе вонкавы выгляд.
Квадратная аснова вежы паступова пераходзіць у васьмярык. Гэтыя абрысы ўласцівы для замкавых вежаў, пастаўленых у часы росквіту беларускай готыкі.
Паступова ўсе драўляныя гародні ў Навагародскім замку змянілі мураваныя сцены. Таксама ў пачатку XVІ ст. ля паўднёва-ўсходняга схілу гары пабудавалі яшчэ дзве вежы, злучаныя мураванымі сценамі. Разам з Калодзежнай яны стварылі своеасаблівае дадатковае ўмацаванне, значна павялічыўшы фартыфікацыйныя якасці замка.
У пачатку XIV ст. за замкавымі мурамі на двары зрабілі каменную царкву, якая потым шмат разоў перабудоўвалася, а крыху пазней, у сярэдзіне XIV ст., непадалёку ад царквы быў узведзены двухпавярховы каменны палац.

Гродна


Прыкладна такі ж шлях развіцця абарончых збудаванняў прайшоў Гарадзенскі замак. Спачатку, у ХІІІ ст, сярод драўляных зрубаў-гародняў і цагляных сцен з плінфы ўзводзіцца круглая мураваная вежа-стоўп. Пасля пажару, на мяжы XIV і XV стст., князь Вітаўт поўнасцю перабудоўвае замак, уключыўшы мураваны стоўп у сістэму агульнай абароны. Замак тады меў пяць вежаў і невялікі двухпавярховы мураваны палац, які быццам зліваўся ў адно цэлае з мурамі і вежамі.
Магутныя муры замка звонку былі выкладзены паслойна радамі валуноў з унутранай забутоўкай. Верхнія часткі замкавых пабудоў былі аблямаваны тоўстай буйнапамернай цэглай. З боку двара сцены вежаў і палаца мелі нешматлікія арачныя вокны, а абарончыя муры мелі зверху накрытую чырвонай дахоўкай баявую галерэю.
Адзіны ўваход у замак Вітаўта знаходзіўся з боку ракі. Да яго вёў драўляны мост, які дугой падыходзіў да вежы з уязной брамай. З боку горада ўваход у замак бараніла круглая вежа, якая існавала тут яшчэ з ХІІІ ст. Княскі палац, прыбудаваны да замкавых муроў, з боку горада быў двухпавярховы. Парадныя памяшканні знаходзіліся на другім паверсе і былі перакрытыя нярвюрнымі гатычнымі скляпеннямі. У канцы XVІ ст. замак перабудоўваецца ў новым рэнесансным стылі і прыстасоўваецца пад каралеўскую рэзідэнцыю. Тут люіў жыць Стэфан Баторы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX