Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Агульныя тэндэнцыі ў гарадской матэрыяльнай культуры Вялікага Княства Літоўскага 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 24-10-2013,
Крыніца: Трусаў Алег. Агульныя тэндэнцыі ў гарадской матэрыяльнай культуры Вялікага Княства Літоўскага // Спадчына №6-1994. С. 11-12.



Гісторыю матэрыяльнай культуры Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) можна ўмоўна падзяліць на тры храналагічныя перыяды:

1) сярэдзіна XIII - канец XV ст.

Гэта перыяд стварэння i максімальнага пашырэння тэрыторыі маладой усходнееўрапейскай дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мораў, які характарызуецца складанымі ўзаемадачыненнямі паміж славянскімі (беларускім i ўкраінскім) этнасамі, з аднаго боку, i будучым літоўскім этнасам, што тады складаўся з аўкштайтаў i жмудзінаў. На тэрыторыі ВКЛ пашыраюць свае ўплывы носьбіты яўрэйскага i татарскага этнасаў, якія пераважна селяцца ў гарадах i мястэчках. У заходняй частцы ВКЛ можна таксама прасачыць уплывы мазаўшанаў, прусаў i яцьвягаў, а на ўзбярэжжы Балтыйскага мора - i куршаў.

У XIII-XIV стст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх, візантыйскіх традыцыяў, вытокі якіх сягаюць у X ст., працягвалася іхнае пашырэнне i развіццё як на абшарах тагачаснай Беларусі i Ўкраіны, так i на землях, заселеных балтамі. У гэты час на балцкіх прасторах паўстаюць i бурна развіваюцца гарады i ўзнікае феномен новай гарадской культуры, носьбітамі якой былі праваслаўныя беларусы ды язычнікі літоўцы.

Пасля Крэўскай вуніі i хрышчэння Літвы на тэрыторыю ВКЛ пранікаюць ды пашыраюцца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У XVI - пачатку XVII ст. гэтая хваля даходзіць да ўсходніх межаў ВКЛ. Яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша i Смаленск.

У XV ст. пасля Грунвальдскай бітвы знікае крыжацкая пагроза, i гарадская культура ВКЛ канчаткова фармуецца як неад'емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. Менавіта тады на тэрыторыі ВКЛ пашыраецца магдэбургскае права.

2) канец XV - першая палова XVI ст.

Другі перыяд у развіцці гарадской матэрыяльнай культуры ВКЛ характарызуецца ейным росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, што маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне.

У архітэктуры - гэта адзіны архітэктурны стыль, які адносіцца да позняй готыкі, што мае адметныя асаблівасці, уласцівыя для тэрыторыі ВКЛ. Найбольш унікальныя ягоныя рысы выяўляюцца пры стварэнні самабытнай жывапіснай фрэскавай школы (дастаткова прыгадаць фрэскі з Трокаў, Крэва i Супрасля), узвядзенні інкастэляваных храмаў, будаўніцтве новых праваслаўных цэркваў (храмы ў Вільні, Сынкавічах i Мураванцы).

На ўсёй тэрыторыі ВКЛ пашыраецца адзіная будаўнічая тэхніка ў галіне мураванага дойлідства. Ужываецца вялікапамерная цэгла-пальчатка, гатычная муроўка, лусковая канструкцыя сценаў, выкарыстоўваецца пляскатая i цыліндрычная дахоўка, аконнае шкло i вітражы. На змену гаршковай прыходзіць рэльефная каробкавая кафля, з'яўляецца паліваная (зялёная ці карычневая) i паліхромная кераміка, пачынаюць працаваць шматлікія гуты па вырабе шкла, дасягае росквіту апрацоўка каменю, косці i дрэва.

У гэты час грамадзяне ВКЛ незалежна ад нацыянальнасці канчаткова атрымліваюць назву ліцвіны, альбо літва (гл. рускія тагачасныя крыніцы), карыстаюцца адзінай дзяржаўнай мовай, маюць сваю друкаваную кнігу i аднатыповую гарадскую культуру, якая вельмі розніцца ад гарадской культуры суседняй Маскоўскай дзяржавы.

3) другая палова XVI - канец XVIII ст.

Трэці перыяд развіцця гарадской культуры ВКЛ - гэта час, калі ВКЛ разам з Польшчай утварылі адзіную дзяржаву - Рэч Паспалітую. Ідзе далейшае адасабленне ўкраінскага этнасу ад беларускага, i тэрыторыя ВКЛ значка змяншаецца за кошт Падляшша i асабліва Ўкраіны, што спачатку адышла да Кароны, а потьш (часткова) i да Маскоўскай дзяржавы.

Перыяд пасля Лівонскай вайны i да пачатку казацкіх паўстанняў на Ўкраіне можна свабодна назваць «залатым векам» гарадской культуры ВКЛ. У галіне архітэктуры гэта часы позняга рэнесансу (маньерызму) i ранняга барока. З'яўляюцца новыя тыпы абарончых збудаванняў - замкі бастыённага тыпу, кальвінскія зборы i мураваныя гарадскія ратушы.

Паліваная кераміка (пліткі падлогі, дахоўка, кафля i сталовы посуд) шырока ўваходзіць у штодзённы ўжытак жыхароў гарадоў, мястэчак, замкаў i феадальных сядзібаў на тэрыторыі ВКЛ. Сярод археалагічных ма тэрыялаў XVI-XVII стст., што ў асноўным складаюцца з рэшткаў розных керамічных вырабаў, на другое месца па колькасці i асартыменце трыва ла выходзяць шкляныя вырабы.

Да дзвюх паноўных у ВКЛ хрысціянскіх плыняў праваслаўя i каталіцызму дадаюцца спачатку пратэстантызм, а потым i ўніяцтва. Гэтыя плыні дазваляюць пранікаць на Беларусь i Літву розным элементам пратэстанцкай гарадской культуры з гарадоў Галандыі, Швецыі i Германіі.

Акрамя новых тыпаў будаўнічых матэрыялаў, падчас раскопак гарадоў мястэчак трапляюцца ў шырокім асартыменце розныя рэчы, якія не ўласцівыя археалагічным комплексам гарадской культуры суседніх краінаў асабліва Маскоўскай дзяржаве. Напрыклад, у той час, калі ў ВКЛ пры звычаіліся да курэння тытуню, у Масковіі гэта было строга забаронена (да Пятра I). I таму характэрным элементам гарадской культуры ВКЛ сталі перш імпартныя галандскія, а потым i мясцовыя керамічныя, касцяныя нават драўляныя люлькі.

У канцы XVI - пачатку XVII ст. у беларускім i літоўскім кафлярстве з'явіліся вельмі ўстойлівыя варыянты геаметрычнага i расліннага арнаменту, пабудаваныя на прьшцыпах чатырохчленнай сіметрыі. Яны былі пашыраныя ад Вільні, Коўна i Трокаў да Мсціслава, Віцебска, Крычава i Смаленска.

Значна павялічыўся асартымент сталовага посуду i шкляных начынняў. Тут можна назваць керамічныя рынкі, збаны, куфлі, талеркі, міскі, гаршкі, а таксама шкляныя келіхі, стопкі, збаны i чаркі. З'яўляюцца вельмі цікавыя формы дзвярных замкоў i ключоў, а таксама керамічныя скарбонкі, свяцільні i розны тарны посуд (у тым ліку i імпартны).

Расейска-польская вайна сярэдзіны XVII ст. нанесла значныя страты вельмі развітай гарадской культуры ВКЛ. Шмат рамеснікаў альбо загінула, альбо трапіла ў расейскі палон i было вывезена за межы ВКЛ.

Аднак да канца XVII ст. гарадская матэрыяльная культура у ВКЛ адрадзілася i ўсё XVIII ст. існавала ў заходнееўрапейскай культуры.

Стварыўся новы архітэктурны стыль - «віленскае барока», былі запазычаныя новыя еўрапейскія традыцыі ў галіне прыкладнога ўжытковага мастацтва.

Сярод аздаблення вонкавых пласцінаў пячных кафляў запанаваў г. зв. «дывановы» стыль, начала ўжывацца дэльфцкая i саксонская парцэляна, сталі працаваць парцэлянавыя мануфактуры ў Новым Свержні i Целяханах, знакамітыя Урэцкая i Налібоцкая шкляныя мануфактуры, габеленавая мануфактура ў Карэлічах i вядомыя мануфактуры Тызэнгаўзэна ў Горадні.

Шырокую вядомасць на тэрыторыі ВКЛ i Рэчы Паспалітай набылі слуцкія паясы. У другой палове XVIII ст. пашыраюцца вырабы з фаянсу i паўфаянсу, распаўсюджваецца даволі шырока распісаная кафля i посуд.

Аналіз пісьмовых крьшіцаў аб стане гарадской культуры ў гарадах ВКЛ, што адышлі да Расеі пасля I падзеЛу Рэчы Паспалітай, сведчьщь пра высокі ўзровень гарадской матэрыяльнай культуры ў тагачасным Віцебску, Мсцірлаве, Полацку i Магілеве.

Толькі пасля вайны з Напалеонам матэрыяльная культура гарадоў i мястэчак Беларусі ды Літвы канчаткова трапіла ў рэчышча развіцця гарадской культуры Расейскай імперыі, прычым з гэтага часу карэннае насельніцтва большасці гарадоў былога ВКЛ аказалася ў меншыні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX