Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Беларускія сінагогі 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 13-08-2012,
Крыніца: Беларуская мінуўшчына, No.3, 1996.



Упершыню аседлае жыдоўскае насельніцтва з'явілася ў Беларусі ў канцы XІV ст. у часы Вітаўта. Першыя жыдоўскія абшчыны ўзніклі ў Берасці і Горадні. Інтэнсіўная міграцыя жыдоў у Беларусь адбылася ў XVІ ст. з Германіі праз Польшчу і паступова распаўсюдзілася да ўсходніх межаў ВКЛ. У гэты час жыдоўскія паселішчы ператварыліся ў юрыдычныя абшчыны з кагальнай арганізацыяй. Першыя кагалы з'явіліся ў тых беларускіх гарадах, што мелі Магдэбургскае права. Кагал адказваў перад урадам і хрысціянскім насельніцтвам за ўсіх сябраў жыдоўскай абшчыны. Ён плаціў падаткі, здзяйсняў суд у спрэчках паміж жыдамі, адказваў за будаўніцтва сінагог і малітоўных дамоў, а таксама ўтрымліваў могілкі.

На тэрыторыі Беларусі існавалі таксама жыдоўскія духоўныя семінарыі (ешыботы) (Валожын, Магілеў) і талмудысцкая акадэмія (іешыва) у Міры.

Спачатку сінагогі ў жыдоў ВКЛ былі драўлянымі. Адной з самых старажытных была сінагога XVІ ст. у Высокім на Брэстчыне. Захавалася яе замалёўка, зробленая прафесарам архітэктуры Варшаўскага ўніверсітэта Я.Клосам. Бажніца мае высокі трох'ярусны шатровы дах, які ўзвышаецца над асноўным аб'ёмам будынка. Вакол галоўнага памяшкання сінагогі збудаваны шматлікія аднапавярховыя прыбудовы, што таксама маюць спічастыя дахі.

Беларускі даследнік Аляксандар Лакотка лічыць, што для беларускіх драўляных сінагог уласціва адзінства вобраза, які створаны адмысловым аб'ёмна-прасторным вырашаннем. Аснова такога вырашэння - пераход прасторнага рытуальнага памяшкання ў шатровы дах складанай формы. Абхадныя галерэі і прыбудовы звычайна паўтараюць у паменшаным выглядзе форму асноўнага аб'ёму.

У канцы XVІ ст. Сцяпан Батура пацвердзіў ранейшыя прывілеі беларускіх жыдоў. Яны атрымалі свабодны доступ да розных рамёстваў і гандлю і ім прадастаўлялася права наймаць хрысціян на свае будоўлі. З гэтага часу беларускія будаўнічыя арцелі маглі свабодна выконваць заказы багатых жыдоўскіх кагалаў.

Першыя мураваныя сінагогі ў Беларусі пабудаваны ў Берасці (1568 г.) і Горадні (1578 г.). У гэтыя часы найбольш пашыраным тыпам сінагогі быў рэнесансавы, прамакутны ў плане зальны аб'ём, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. На пачатку XVІІ ст. склаўся новы тып сінагогі, што спалучаў рысы рэнесансу і барока (Стары Быхаў, Пінск, Наваградак).

У 1633 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў ІV Ваза дазволіў жыдам пабудаваць новую, мураваную сінагогу ў сталіцы ВКЛ Вільні (першапачатковая драўляная бажніца была ўзведзена ў гэтым горадзе пасля 1573 года.) Гэта быў вялікі, амаль квадратны ў плане будынак. Асноўны аб'ём бажніцы - мужчынская зала (22,3 на 25 метраў) умяшчаў каля 3000 чалавек. З трох бакоў асноўная частка будынка была абкружана двухпавярховымі галерэямі. Прычым памяшканні для жанчын знаходзіліся ў паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй галерэях. Фасады і інтэр'еры віленскай сінагогі былі аздоблены ў рэнесансавым стылі. Невыпадкова, што віленская бажніца атрымала назву Вялікая сінагога.

У першай палове XVІІ ст. жыды атрымліваюць падтрымку і мясцовай шляхты, асабліва буйной, якая мела патрэбу ў іх капіталах і гандлёвых сувязях з замежнымі рынкамі. Так, напрыклад, віцебскі староста Сангушка даў жыдам права пабудаваць сінагогу і адкрыць могілкі ў Віцебску. Колькасць драўляных сінагог значна ўзрастае і ў некаторых гарадах дасягае да 10 будынкаў.

У XVІІ ст. найбольш багатыя кагалы ў Беларусі атрымліваюць дазволы ад гарадскіх магістратаў на пабудову мураваных бажніц.

Адна з такіх бажніц узведзена ў сярэдзіне XVІІ ст. у гістарычным цэнтры Быхава ў стылі архітэктуры позняга рэнесансу. Унікальнасць гэтага збудавання ў тым, што яна прыстасавана да абароны і належыць да беларускіх інкастэляваных (абарончых) храмаў. Цэнтрычнае, амаль квадратнае ў плане (20 на 21 метр) памяшканне сінагогі мае на паўночна-заходнім рагу круглую баявую вежу і дэкаратыўна-абарончы атык з байніцамі, якія пазней замуравалі. Бажніца мае невысокі чатырохспадавы дах, што таксама прадыктавана ўмовай абарончага характару. Дэкор аздаблення фасадаў вельмі стрыманы. Гэта простыя гзымсы над вокнамі і неглыбокія прамакутныя нішы на фасадах. У інтэр'еры галоўнае месца займае двух'ярусная трыбуна - біма, вакол якой стаяць чатыры васьмігранныя цагляныя слупы, злучаныя паміж сабою аркамі. Будынак перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, якія па кутках пераходзяць у крыжовыя скляпенні. Алтар-ніша энаходзіцца ў цэнтры ўсходняй сцяны і аздоблены стукавай лепкай.

У 1642 годзе ў гістарычным цэнтры Слоніма таксама была ўзведзена мураваная сінагога ў стылі архітэктуры барока. Кампактны будынак мае выгляд базілікі з квадратным у плане аб'ёмам, да якога з трох бакоў дастасоўваюцца больш нізкія аб'ёмы дапаможных памяшканняў. Бажніца пакрыта двухспадавым дахам. Галоўны фасад мае франтон складанага пластычнага абрысу і аздоблены рознымі дэкаратыўнымі дэталямі. Цэнтральная зала перакрыта складанай сістэмай скляпенняў і мае ў сярэдзіне чатыры слупы вакол бімы.

У XVІІ ст. збудавана першая мураваная сінагога Менска. Гэты невялікі па аб'ёму будынак доўгі час быў адной з самых старых мураваных пабудоў у горадзе. Некаторыя даследнікі лічаць, што спачатку гэта была капліца Петрапаўлаўскага манастыра. Аднак да XІX ст. бажніца належала жыдоўскай абшчыне, знаходзілася на вуліцы Школьнай і атрымала назву Халодная сінагога. У 1965-1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.

Сінагога ў Пінску. Фота 1929 г.

На пачатку XVІІ ст. з'яўляецца новы цэнтрычны тып дзевяціпольных сінагог, у якім спалучаліся рысы рэнесансу і барока. У дзевяціпольных сінагогах катэдра была канструктыўна і кампазіцыйна звязана са структурай інтэр'ера. У цэнтры квадратнай залы знаходзіліся чатыры слупы, на якія абапіраліся скляпенні. Перакрыццё над цэнтральным аб'ёмам, дзе была катэдра, знаходзілася значна ніжэй за іншыя. Падобнае архітэктурнае вырашэнне, акрамя абарончай бажніцы ў Старым Быхаве, мелі сінагогі ў Пінску (1640 г.) і Наваградку (1642 г.), у якіх рысы рэнесансу пераважалі.

Адна з першых сінагог у Магілеве была пабудавана ў 1680 годзе. У адпаведнасці з прывілеем 1687 года ў адной з частак горада, пад назвай Лупалава, дзе жыло шмат жыдоў, была створана першая жыдоўская школа.

У стылі позняга барока ў XVІІІ ст. была ўзведзена мураваная сінагога ў Друі. Архіўныя фотаздымкі 1929 года, упершыню надрукаваныя А.Лакоткам, сведчаць аб вельмі цікавым аздабленні інтэр'ера друйскай бажніцы. Асноўныя мураваныя слупы ў цэнтры памяшкання аздоблены шматпрофільнымі гзымсамі барочнай формы і паўкалонкамі са складанымі капітэлямі. Адмысловай драўлянай разьбой быў аздоблены алтар, упрыгожаны выявамі гірлянд, шматпялёсткавых кветак, ільвоў, двухгаловых арлоў і грыфонаў.

Будаўніцтва мураваных сінагог працягвалася ў Беларусі і ў XІX - пачатку XX ст. Знешне аблічча будынкаў спачатку адпавядала рысам класіцызму, а потым і мадэрна. Яскравыя прыклады архітэктуры класіцызму - гэта мураваныя бажніцы ў Ашмянах і Століне. Фасады ашмянскай сінагогі аздоблены сціплымі лапаткамі і шматпрофільным цагляным гзымсам пад дахам пабудовы. Прамакутны аб'ём цэнтральнага памяшкання перакрыты трохступенчатым дахам чатырохсхільнай формы. Архітэктурнае аблічча столінскай сінагогі яшчэ больш сціплае. Будынак узведзены ў 1792 г. Гэта прамакутная аднапавярховая двухсветлавая бажніца, унутраная прастора якой падзелена двума радамі калон на тры нефы.

Апошні ўсплеск мураванага дойлідства беларускіх сінагог прыпадае на канец XІX - пачатак XX ст.

Адна з самых цікавых пабудоў гэтага часу - Харальная сінагога ў Менску. Фота пачатку ХХ ст. гарадзенская сінагога, збудаваная ў гістарычным цэнтры горада, недалёка ад Старога Замка. Зараз гэта помнік архітэктуры неарускага стылю з элементамі мадэрна. Вялікі цагляны трохпавярховы будынак накрыты двухспадным дахам і мае квадратны план. Галоўны фасад сінагогі аздоблены квадратнымі ў сячэнні вежамі, кілепадобнымі завяршэннямі і чатырохспадавымі купаламі з ажурнымі металічнымі рашоткамі-парапетамі наверсе. Усе фасады пакрыты рустоўкай. Ваконныя праёмы маюць лучковую і арачную форму і кілепадобныя ліштвы. Бажніца перакрыта крыжовымі нярвюрнымі скляпеннямі. Інтэр'ер бажніцы мае шыкоўны ляпны дэкор.

У стылі «мадэрн» узведзена сінагога ў Клецку. Гэта аднапавярховы, прамакутны ў плане будынак, перакрыты двухспадавым дахам. Галоўны ўваход вылучаны двухпавярховым рызалітам, які завяршаецца шчытом з люнетам у цэнтральнай частцы. Перакрыццё зроблена па металічным бэлькам, фасады аздоблены па кутах лапаткамі і гзымсамі простага профілю. Ваконныя праёмы маюць лучковую форму. Да прамакутнай у плане галоўнай залы бажніцы з двух бакоў прыстасаваны двух'ярусныя галерэі.

У канцы XІX ст. па вуліцы Серпухаўскай у Менску была пабудавана галоўная (харальная) сінагога, якая пасля апошняй вайны прыстасавана пад Рускі драматычны тэатр.

Адным з самых значных цэнтраў жыдоўскай культуры на пачатку XX ст. стаў Магілеў. Тут было 45 хедэраў (спецыяльных жыдоўскіх навучальных устаноў), адна рамесная вучэльня, талмуд-тора, адзін ешыбот і 38 сінагог і малітоўных дамоў. Да нашых дзён у Магілеве захаваўся будынак адной з мураваных сінагог, у якоя зараз, па іроніі лёсу, знаходзіцца школа боксу (!). Мясцовая жыдоўская абшчына патрабуе вяртання ёй гэтага помніка гісторыі і культуры.

Шмат сінагог, як драўляных, так і мураваных было ў гэты час і ў невялікіх беларускіх гарадах і мястэчках. Так, напрыклад, у Мсціславе ў 1844 годзе на 3696 жыдоў - гарадскіх жыхароў прыходзілася адна сінагога і восем малітоўных дамоў. У 1898 годзе ў будаўнічы аддзел Магілеўскага губернскага праўлення было пададзена восем праектаў на пабудову новых жыдоўскіх малітоўных школ у Мсціславе. У 1890-1892 гг. тут узводзіцца першы будынак мураванай сінагогі, які дайшоў да нашых дзён у вельмі пашкоджаным выглядзе. Шмат фотаздымкаў драўляных сінагог на тэрыторыі Заходняй Беларусі пакінула нам Таварыства аматараў навукі, што існавала ў 20-30-я гады нашага стагоддзя ў Вільні.

Пасля 1917 года практычна ўсе сінагогі ў БССР былі зачынены. Шмат будынкаў, асабліва драўляных, было знішчана, мураваныя ж перарабляліся пад гаспадарчыя або культурныя патрэбы.

У часы апошняй вайны моцна пацярпелі і сінагогі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія дзейнічалі па прамому прызначэнню да 1939 года.

У пасляваенныя гады некаторыя будынкі сінагог былі пастаўлены на дзяржаўную ахову як помнікі архітэктуры і іх пачалі вывучаць гісторыкі і архітэктары.

Пасля таго, як паўстала незалежная беларуская дзяржава, у бліжэйшыя часы перад грамадствам узнікла некалькі вельмі важных задач.

Па-першае, гэта вяртанне будынкаў іх сапраўдным гаспадарам; па-другое, рэстаўрацыя і вывучэнне архітэктурнай спадчыны беларускіх сінагог у кантэксце эўрапейскай і сусветнай культуры жыдоўскага народа.

Нядаўна, напрыклад, вернута жыдоўскай грамадзе гарадзенская сінагога і распачата рэстаўрацыя слонімскай, быхаўскай і столінскіх бажніц. У 1993-1995 гг. праведзена некалькі навуковых канферэнцый, прысвечаных жыдоўскай культуры ў Беларусі, на якіх разглядалася і архітэктура беларускіх сінагог.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX