Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Кафля з раскопак на старым замку ў Гродне 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 11-03-2013,
Крыніца: Трусаў Алег. Кафля з раскопак на старым замку ў Гродне // Спадчына №6-1992. С. 63-67.



Упершыню кафляныя печы ў пабудовах на тэрыторыі Старога замка згадваюцца ў «Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі», якая была складзена ў XVI-XVII стст. Гэтая вельмі цікавая пісьмовая крыніца ўтрымлівае звесткі аб наяўнасці ў тагачасным замку больш за тры дзесяткі кафляных печаў. ёсць згадкі пра зялёную паліваную кафлю, а таксама пра «печы белыя», альбо «печы кафлі белай». Аднак кафля, пакрытая белай палівай, з'яўляецца ў значнай колькасці толькі ў XVIII - XIX стст., таму гаворка, відаць, ідзе пра печы са звычайнай тэракотавай кафлі, якая потым была пабелена. Дарэчы, непаліваная кафля са слядамі пабелкі неаднойчы сустракалася ў часе раскопак у розных гарадах Беларусі. Цікава адзначыць, што ў адным з будынкаў знаходзілася печ «віленскай работы». Па назве можна выказаць меркаванне, што яна была аблямавана каштоўнай, паліхромнай рэльефнай кафляй, зробленай па спецыяльным заказе віленскімі майстрамі. Таму невыпадкова, што некаторыя віды паліхромных кафляў, знойдзеныя побач з палацам Сцяпана Батуры, не маюць аналагаў у іншых беларускіх гарадах i замках.

Гартаючы старонкі «Пісцовай кнігі», можна атрымаць звесткі i адносна канструкцыі кафляных печаў. Былі печы з зялёнай кафлі на чатырох слупках з арэхавага дрэва, печы з комінам, белая круглая печ, а таксама печ з устаўленым у яе катлом.

Шмат кафлі было знойдзена польскімі даследчыкамі ў 30-х гадах, а таксама М. Вароніным у 1949 г. Аднак польскія навукоўцы зусім не друкавалі сваіх знаходак, а М. Варонін надрукаваў толькі адзін фотаздымак фрагментаў гаршковай кафлі, якую знайшоў пад Верхняй царквою. Даследчык, не ведаючы, што гэта такое, тым не менш адзначыў добрую якасць вырабу невядомых яму начынняў. У ягонай манаграфіі ёсць таксама згадкі аб «рэльефнай зялёнай кафлі» з Усходняга раскопу.

Але не ўвесь кафляны матэрыял з раскопак Ядкоўскага, Дурчэўскага i Вароніна загінуў. Частка яго апынулася ў музейных фондах i нават трапіла ў экспазіцыю. Экспазіцыйны матэрыял i быў часткова надрукаваны ў Кароткай энцыклапедыі БССР, а таксама ў буклеце Р. Ф. Валадзько i ў кнізе М. С. Кацара. Аднак датаванне гэтых кафляў яўна памылковае. Больш дакладнае ix датаванне пададзена ў альбоме «Беларуская кафля».

У гэтым годзе падчас разборкі старых калекцыяў супрацоўнікі гродзенскага музею знайшлі унікальную паліваную кафлю. На вонкавай пласцінцы ў познегатычных традыцыях пададзены выявы двух манахаў, магчыма, летапісцаў. Датаваць гэтую кафлю папярэдне можна першай паловай - сярэдзінай XVI ст. Аналагаў ёй пакуль няма.

Асноўная калекцыя кафлі падчас раскопак на тэрыторыі Старога замка ў Гродне была сабрана ў 1985- 1988 гг. У гэтыя часы было знойдзена 657 кавалкаў гаршковай кафлі 2620 фрагментаў каробкавай.

Гаршковая кафля падзяляецца на тыпы: з круглым i з квадратным вусцем i датуецца XV-XVI стст. Некаторыя кафлі першага тыпу мелі дыяметр вусця 11-13 см, а дыяметр донца 8-10 см. Кафля другога тыпу мела дыяметр вусця 12,5x12,5 i дыяметр донца 7,5 см. У другой палове XVI ст. некаторыя экземпляры гаршковай кафлі з квадратным вусцем знутры паліваліся зялёнай палівай. Не выключена, што тая ж кафля як паліваная, так i непаліваная ўжывалася ў XVII ст. Уяўляе цікавасць донца гаршковай Рэканструкцыя кафлянай печы канца XVI ст., аблямаванай паліхромнай кафляй. Стары замак у Гродне. Палац Сцяпана Батуры. Кафлі XVI ст. сюжэтнага характару. кафлі, зробленае рэльефнай разеткай. На донцах ёсць сляды зрэзу вырабаў з ганчарнага кола ніткай.

Росквіт кафлянай вытворчасці ў Гродне прыпадае на другую палову XVI-XVII ст. Сярод знаходак вылучаецца кафля ад розных частак кафляных печаў: сценная, кутняя, гзымсавая, паясковая i каронкі. Найбольш пашырана зялёнапаліваная i паліхромная кафля. Непаліваных экэмпляраў сабрана няшмат. На падставе сабраных матэрыялаў мы змаглі зрабіць некалькі рэканструкцыяў кафляных печаў гэтага часу.

Да другой паловы XVI ст. адносіцца зялёная паліваная кафля, вонкавая пласціна якой ллае значны выгін i аздоблена малюнкам у выглядзе вялікага квадрата з меншым квадратам у цэнтры. Кафля такога тыпу знойдзена намі ў Лідскім замку. Адначасова ўжывалася кафля з квадратнай вонкавай пласцінай i высокімі борцікамі. Арнамент у выглядзе розных варыянтаў шматпялёсткавай разеткі выконваўся ў тэхніцы паглыбленага рэльефу.

Самая цікавая з усёй калекцыі - паліхромная кафля канца XVI ст., упрыгожаная разнастайнымі тыпамі арнаменту. Магчыма, да адной з печаў XVI ст. мы маем поўны пячны набор розных па канструкцыі кафляў - сценных, кутніх, гзымсавых, паясковых i каронак. Гэтая печ некалі аздабляла палац Сцяпана Батуры.

На наш погляд, унікальная знаходка - фрагменты квадратнай кафлі канца XVI ст. Цэнтр яе займае профільная выява чалавека ў лаўровым вянку, заключаная ў двайную круглую рамку, унутраны край якой заканчваецца шэрагам аднолькавых петляў. У ніжніх кутах кафлі знаходзяцца выявы двухгаловых арлоў, у верхніх - ільвоў з пышнымі грывамі i доўгімі хвастамі, паміж імі змешчана карона, як сымбаль каралеўскай улады. Спалучэнне белага рэльефу з сінім колерам вельмі эфектнае i мае высокае эмацыянальнае ўздзеянне. Памеры кафлі 19хI9 см, вонкавая пласціна даволі тонкая. У калекцыі маецца цэнтральная частка кафлі такога ж тыпу, але профільная выява караля павернута ў другі бок. Па характары малюнка бачна, што драўляныя формы рабіліся хутчэй за ўсё рознымі майстрамі. Трэба адзначыць, што аналагаў такой кафлі пакуль што не знойдзена на тэрыторыі Беларусі.

Вельмі рэдкая знаходка i фрагмент паясковай кафлі, які мы ўмоўна назвалі «пасвячэнне на рыцары». На ёй - выявы двух людзей у тыпова рэнесансавым адзенні, адзін з іх стаіць тварам да нас, другі - прыпаў на адно калена, у руках трымае корд альбо меч. Тонкая прапрацоўка дэталяў адзення, твараў, прычосак, атрыбутаў, рэалістычны малюнак з добрым веданнем прапорцыяў чалавека - усё гэта, безумоўна, сведчыць аб высокім прафесійным узроўні майстра, які, магчыма, быў немясцовага паходжання i запрошаны ў Гродна для выканання спецыяльнага заказу. Вышыня кафлі 11,5 см, рэльеф высокі, таксама белага колеру на сінім фоне, які амаль захаваўся, паліва адлушчылася з-за дрэннага счаплення з чарапком. Вонкавая пласціна мае сляды неаднаразовай пабелкі.

Прыцягвае ўвагу і невялікі кавалак з выявай барабаншчыка. На жаль, верхняя частка тулава сколата, засталася толькі частка галаўнога ўбору, а вось барабан захаваўся цалкам. Кафля таксама паліхромная: сіняга і белага колераў.

Акрамя таго, у калекцыі ёсць паясковая кафля анімалістьічнага характару, з сіметрычнай кампазіцыяй: на адной з іх выява каня (кафля двух тыпаў - непаліваная і паліхромная), на другой - леў(?) з загнутым угору хвастом і птушка; у цэнтры быў герб, але захаваўся толькі невялічкі фрагмент з крыжам.

У паўночнай частцы замкавай тары пасля расчысткі казематаў XVI - XVII стст. было знойдзена 18 кавалкаў паліхромнай кафлі, вонкавая пласціна якой аздоблена выявай букета ў вазоне. Складаная па форме кветка з выгнутымі лісткамі знаходзіцца ў прыгожай белай вазе з высокай шыяй i выгнутымі ў выглядзе лацінскай літары с ручкамі. Па краях вонкавай пласціны праходзіці) высокая рамка шырынёй 1 см. Сама пласціна таўшчынёй 1,1-1,2 см мае форму, блізкую да квадрата (19х19,5 см). Квадратная румпа вышынёй 9 см мацавалася з дапамогай жгуціка сырой гліны, прыдаўленага пальцамі, але не загладжанага. У дэкаратыўным аздабленні кафлі побач з глухімі палівамі - сіняй (фон) і белай (ваза), ужыта зялёная свінцовая глазура (кветка, лісты і рамКа).

Падобная кафля, але зялёная ці тэракотавая, знойдзена ў Лагойскім, Лідскім, Крэўскім і Мірскім замках.

Да гэтага ж часу адносіцца зялёнапаліваная партрэтная кафля, вонкавая пласціна якой мае памеры 19,5х18,5 см. На вонкавай пласціне ў 2-прыступкавай рамцы зиаходзіцца малюнак чалавека ў профіль, які трымае ў руках рэчы, падобныя да атрыбутаў каралеўскай або імператарскай улады (дзяржава і скіпетр). Такая кафля, толькі непаліваная, знойдзена ў Мінску.

Канцом XVI ст. датуюцца і паліхромныя кафлі з раслінным ариаментам, якія маюць шырокую падвоеную рамку, тыповую для гэтага часу, жоўтага і бірузовага колераў, рэльеф белы на сінім фоне. Да больш позняга перыяду адносіцца фрагмент паліхромнай кафлі з малюнкам расліннага характару (чатырохчленнай сіметрыі), рамка становіцца вузейшай і меншай вышыні, малюнак набывае рысы, уласцівыя для эпохі барока, каляровае вырашэнне тое ж самае.

Таксама знойдзена гзымсавая кафля з выявай маскарона канца XVI ст. двух тыпаў - паліхромная (белы рэльеф на сінім фоне) і зялёнапаліваная.

Каронкі прадстаўлены некалькімі фрагментамі з раслінным арнаментам у спалучэнні з геаметрычным, вонкавая паверхня якіх увагнутая.

У канцы XVI - першай чвэрці XVII ст. сярод дэкору гродзенскай кафлі найбольш пашыраны раслінны арнамент. Даволі часта ён будаваўся па прынцыпу чатырохбаковай сіметрыі: у цэнтры вонкавай пласціны размешчана разетка, ад якой у куты пласціны цягнуцца стылізаваныя сцябліны. іншыя тыпы арнаменту - гэта розныя сцябліны, кветкі, лісцё аканта. Пашырана выява букета кветак у вазе. Таксама знойдзена некалькі гзымсавых і сценных кафляў з геаметрычным арнаментам у выглядзе ромбаў альбо чатырох невялікіх квадратаў. Адна з найбольш цікавых - гзымсавая кафля, у цэнтры якой змешчана стылізаваная валошка; яна мела два колеравыя вырашэнні - зялёнапаліванае і паліхромнае.

У нашай калекцыі ёсць фрагмент кафлі непаліванай і зялёнапаліванай сярэдзіны - другой паловы XVII ст. з вельмі распаўсюджаным на Беларусі матывам - «вазон з кветкай». Кампазіцыя ўскладняецца ў верхняй частцы профільнымі выявамі птушак, якія сядзяць на галінках, а ў ніжняй - змешчаны дзве сіметрычныя, нахіленыя да цэнтра расліны.

Другой паловай XVII ст. датуецца паліхромная дывановая кафля з раслінныал арнаментам без рамкі, прычым у расфарбоўцы ўжыты белы, сіні i бірузовы колеры палівы.

Да канца XVII - пачатку XVIІІ ст. адносіцца гзымсавая кутняя кафля з выявай маскарона. Цікава тое, што кампазіцыя цалкам супадае з кампазіцыяй XVI ст., але, у адрозненне ад яе, спачатку ўся кафля пакрывалася белай эмаллю, а потым па рэльефе наносілася сіняя паліва. Магчыма, што такая кафля выраблялася для аднаўлення старых печаў пры рамонце. Да гэтага ж часу адносіцца i паліхромная паясковая кафля з маскаронам.

У калекцыі маюцца таксама i фрагменты распісной кафлі канца XVII ст. Малюнак зроблены кобальтам па сырой эмалі. Трэба адзначыць, што падобны малюнак можна сустрэць i на маёлікавых талерках гэтага ж часу, якія мелі не толькі ўтылітарнае, але i дэкаратьрўнае прызначэнне.

Яшчэ адна вельмі цікавая знаходка - кафля першай паловы XVIІІ ст. з выявай гербу Вялікага Княства Літоўскага Пагоня, у цэнтры кампазіцыі - герб, над ім, уверсе, карона. Цікава, што існавалі чатыры варыянты колеравага вырашэння такой кафлі - непаліваны, з зялёнай або карычневай палівай i паліхромны.

У гэты час існавала распісная кафля з роўнай паверхняй з выявамі кветак (сіні кобальт на белай эмалі).

Другой паловай XVIІІ ст. датуецца гладкая сценная кафля i гзымсавая - складанага профілю з зялёнай палівай. Да канца XIX - пачатку XX ст. можна аднесці непаліваную i паліваную кафлю, аздобленую ў стылі мадэрн.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX