Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Першы каменны храм у Менску 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 28-10-2020,
Крыніца: Трусаў Алег. Першы каменны храм у Менску // Спадчына. 1998. №6. С. 53-60.



Рэшткі менскага храму выявіў на тэрыторыі Менскага замчышча археолаг В.Тарасенка ў 1949 г. Рэшткі будынку былі цалкам раскапаныя ў 1949-1951 гг [1]. Храм будаваўся ў цэнтры ўсходняй часткі дзядзінца. Да яго дапасоўвалася планіроўка i забудова гэтага раёну гораду. Абарончы вал за 20 м ад храму ішоў паралельна яго сценам. Навокал быў пакінуты значны ўчастак без пабудоваў.

Раскопкі паказалі: Менскі храм пачалі будаваць неўзабаве пасля заснавання гораду. Культурны пласт, а на Замчышчы ў асобных месцах ён дасягаў 5-6м, паспеў да моманту будаўніцтва скласці толькі 13-15см. Храм трохнефавы, чатырохслуповы, мае крыху выступовую наперад цэнтральную апсіду, а яго бакавыя апсіды ў плане ўяўляюць чвэрць паўкруга. Памер асноўнага аб'ёму 12 x 12м (уключаючы муры таўшчынёй 1,5 м). Агульная даўжыня ра­зам з цэнтральнай апсідай 16 м. Аўтарная частка выходзіла за межы квадрату на 4,2 м i складала, такім чынам, ¼ часткі агульнай даўжыні. Шырыня апсіды - 6,5м. Па баках яе ўступ згладжвалі дзве бакавыя паўдугі ахвярніку i дыяканіку. На цэнтральнай восі ўнутры сабор меў даўжыню 12,8 м, шырыню - 6,4 м. Адлегласць ад слупоў да заходняй сцяны i канцоў дугі апсіды амаль 8,5 м. Шырыня цэнтральнага нефу - 3,5 м, паўночнага i паўднёвага - 1,2 м. Адлегласць ад слупоў да заходняй сцяны i канцоў дугі апсіды аднолькавая - 1,4 м.

Усярэдзіне сабору паўднёвая i паўночная сцены падзяляліся вузкімі (0,7 м) лапаткамі па дзве з кожнага боку, lx невялікія памеры ў параўнанні з таўшчынёй сценаў i слупоў сведчаць, што яны мелі толькі дэкаратыўнае прызначэнне i падкрэслівалі ўрачыстую строгасць інтэр'еру. Плоскасці ўнутраных сценаў аблямаваныя вапнавымі блокамі.

Менск. Царква на Замчышчы. План (паводле Эдуарда Загарульскага). Рэканструкцыя планаванага ў канцы XI - пачатку XII ст. выгляду царквы на Замчышчы. Архітэктар Генадзь Лаўрэцкі.

Рэшткі храму дэманструюць арыгінальную будаўнічую тэхніку, добра прадуманаю арганізацыю працы. Будаўнічым матэрыялам служыў бутавы камень. Камяні клаліся на чыстай вапнавай рошчыне, без дадатку тоўчанай цэглы (цамянкі).

Падмуркавыя равы царквы мелі апалубку з дошак, забітых у зямлю вертыкальна на краях равоў.

Падмурак апушчаны ў мацерыковы пясок на глыбіню каля 0,8 м. Шырыня яго пад паўночнай i паўднёвай сценамі складала 2,1 м. Ён вельмі акуратна высланы роўнымі гарызантальнымі пластамі каменю. Матэрыялам для сценаў таксама быў бутавы камень. Выкарыстоўвалася тая ж тэхніка, што i пры закладцы падмурку. Аднак камень для сценаў падбіраўся паводле памераў яшчэ больш старанна. Пляскаты бок камянёў, як правіла, складаў плоскасць сценаў. Сцены апсідаў мелі шырыню падмурку, астатнія ж былі вузейшыя за яго.

Пасля таго як быў зроблены падмурак, знутры выкладваўся цокаль з аднаго шэрагу камянёў. Апошні з боку інтэр'еру шэраг быў пакладзены з спецыяльна падабраных вялікіх камянёў з падчасанай паверхняй. Яны склалі ніжнюю частку плоскасці сцяны. Гэты шэраг быў на 0,3 м вузейшы, чым падмурак. У выніку ўсярэдзіне атрымаўся невялікі ўступ. 3 боку фасаду сцяна ўкладвалася з падмуркам у адной плоскасці. Наступныя шэрагі камянёў сцяны рабіліся з водступам на 0,25 м ад краю цокалю, пакідаючы месца для аблямовачных плітак. Кожны ўкладзены шэраг камянёў зверху заліваўся роўным пластом вапнавай рошчыны, якая не толькі запаўняла прастору паміж камянямі, але i ўтварала плоскую паверхню кожнага шэрагу.

Вывеўшы сцяну на вышыню каля 1 м, будаўнікі прыступілі да яе аблямоўкі знутры пліткамі. Пліткі вычэсвалі з вапняку ў форме цэглы. Шырыня плітак каля 10 см, а даўжыня - ад 15 да 45 см i нават больш.

Адначасова з аблямоўкай на ўнутраных сценах пачалі будаваць плоскія лапаткі. Захавалася ніжняя частка цалкам зробленай лапаткі на паўднёвай сцяне супраць унутранага слупа. Лапаткі былі вузкія i кароткія. Яны выступалі за плоскасць сцяны на 20 см. Шырыня лапатак усяго 70 см. У месцы, дзе мела прайсці лапатка, паміж пліткамі аблямоўкі пакідаўся вертыкальны паз для лепшага змацавання аблямоўных плітак лапаткі са сцяной. Знізу лапатка трымалася на падмуркавым уступе.

Мяркуючы па ўсім, унутраныя слупы будаўнікі збіраліся вывесці пазней. Захаваліся толькі ix падмуркі.

Вонкавыя сцены не мелі ані тынку, ані лапатак. Адзіным упрыгожаннем плоскіх фасадаў былі роўныя шэрагі каменнай муроўкі [2].

В.Тарасенка лічыў, што храм быў збудаваны i некаторы час дзейнічаў, i спасылаўся на знаходкі меднага падсвечніка каля паўночнае сцяны аўтара i кавалку меднага звону (дыяметрам 50 см), знойдзенага ў паўночна-заходнім куце пабудовы. Ён лічыў, што храм збудаваў менскі князь Глеб у перыяд з 1101 да 1119 году.

Вывучэнне менскай царквы прадоўжыў Э.Загарульскі, які, прааналізаваўшы стратыграфію раскопак 1949- 1951 гг., прыйшоў да высновы, што будаўніцтва храму не было завершанае, а сама будоўля адбывалася пры канцы XI ст. Даследнік заўважыў, што ацалелая частка муроў была залітая вапнавай рошчынай без прыкметаў наступнага будаўніцтва, адсутнічалі сляды падлогі i разбурэння храму. Грунтуючыся на тым, што выкід пяску з падмуркавых равоў быў аддзелены невялікай праслойкай гумусу, i зважаючы на датаванне знаходак, сабраных вышэй за ўзровень пяску з падмуркавых ямаў, ён i прыйшоў да высновы наконт ранейшага пачатку будоўлі менскай каменнай царк­вы [3].

Але датаванне менскага храму Загарульскім аспрэчыў Л .Аляксееў. Ён адстойваў датаванне Тарасенкі i лічыў, што дзённая паверхня будынку была вышэйшая на 40 см, чым звесткі Тарасенкі. Ён адзначае, што чатырохслуповыя храмы ca слупамі, квадратнымі ў плане, з'яўляюцца з сярэдзіны XII ст., i сумняваецца, што маленькі Менск апярэдзіў на 50-60 гадоў вялікія архітэктурныя цэнтры тагачасных усходнеславянскіх земляў [4].

Іншыя даследнікі альбо падзяляюць думку Л.Аляксеева, альбо лічаць датаванне пабудовы менскага храму да канца не вызначаным [5]. У 1976 г. Г.Штыхаў зрабіў раскоп побач з менскім храмам i высветліў, што пясок з падмуркавай ямы перакрыў праслойку пажару таўшчынёй 15 см, якая прасочана ў мацерыку. У ёй знойдзены венчык гаршка канца XI ст. i бронзавая дэталь падсвечніка. Беручы пад увагу знаходкі Тарасенкі, Штыхаў выказаў меркаванне, што на Менскім замчышчы да мураванай царквы існавала драўляная, якая потым згарэла [6].

Рэканструкцыю недабудаванага менскага храму прапанаваў А.Міцянін [7]. Аднак яго двухсхільнае пакрыццё, зусім не характэрнае для тагачасных храмаў XI- XII стст., выклікае вялікі сумнеў. У сваіх апошніх працах Э.Загарульскі выказаў новыя факты на карысць датавання храму XI ст. Ён лічыць, што, паводле стратыграфічных звестак, храм пачалі будаваць паміж 1071-1085 гг. дойліды з Польшчы, а паводле гістарычных звестак - паміж 1069 i 1073 гг. Даследнік выказаў меркаванне, што пасля паразаў полацкага князя Ўсяслава ў 1067, 1069 i 1071 гг. у вайне з Кіевам Менск часова перайшоў у рукі сына кіеўскага князя Ізяслава - Яраполка (да сакавіка 1073 г.). Ягоная маці была дачкою польскага караля Мешка II, i Яраполк змог запрасіць польскіх дойлідаў [8] (тым больш што драўляная царква на Замчышчы магла на гэты час згарэць. - А.Т.).

Паколькі Яраполк пачаў будаваць у Кіеве царкву ў імя апостала Пятра, Загарульскі дапускае думку, што i менскі храм мог быць прысвечаны гэтаму святому. Побач з падмуркамі бажніцы знайшлі каменны нацельны абразок з выявай апостала Пятра i надпісам «петръ» [9].

У сваю чаргу аўтар можа выказаць наступнае мерка­ванне. Асаблівасці будаўнічае тэхнікі менскае бажніцы сведчаць, што ў Менск маглі прыехаць майстры з тэрыторыі Малой Польшчы, дзе назіралася інтэнсіўнае будаўніцтва. Магчыма, новыя даследаванні польскіх i ўкраінскіх навукоўцаў дапамогуць канчаткова высветліць датаванне менскай царквы i канкрэтнае месца, адкуль у старажытны Менск прыйшла раманская будаўнічая арцель.



[1] Тарасенка В. Вынікі раскопак Мінскага замчышча ў 1945-1949 гг. // Весці АН БССР, 1950. №4., с. 76; Ён жа. Раскопки Минского замчища // Краткие сообщения Института истории материальной культуры, 1950, вып. 35, с. 124. // Ён жа. Древний Минск // Материалы по археологии БССР. Минск, 1957, т. I, с. 213-232.

[2] Загарульскі Э. Заходняя Русь. IX-XIII стст. - Мінск, 1998. - С. 209-218.

[3] Загарульскі Э. Археалагічнае вывучэнне дзяцінца старажытнага Мінска // Весці АН БССР, 1960, № 4, с. 55-56; Ён жа. Древний Минск. 1963.- С. 42-43.

[4] Алексеев JI. Полоцкая земля. - М., 1966., - С. 205-206.

[5] Воронин Н. Древнее Гродно. - M., 1954, № 41, с. 141; Штыхов Г. Сравнительное изучение древнейших городов Полоцкой земли и памятников их окрестностей // Древности Белоруссии. - Минск, 1966. - С. 249; Раппопорт П. Древнерусская архитектура. - СПб., 1993. - С. 59.

[6] Штыхов Г. Города Полоцкой земли - Минск, 1978. - С. 74-76.

[7] История Минска. - Минск, 1957. - С. 14.

[8] Загорульский Э. Возникновение Минска. - Минск, 1982. - С. 198 - 202.

[9] Загарульскі Э. Заходняя Русь. IX-XIII стст. - Мінск, 1998. - С. 216-217.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX