Вярнуцца: Трусаў А.А.

Браты Тышкевічы - заснавальнікі беларускай археалогіі і музеязнаўства


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 9-04-2014,
Крыніца: НАША СЛОВА № 15 (1166) 9 красавіка 2014 г.



У гэтым годзе мы адзначаем 200-я ўгодкі з дня на-раджэння Яўстафія Тышкевіча, які са сваім старэйшым братам Канстанцінам заклаў асновы айчыннай археалогіі і музеязнаўства.

Старажытны беларускі род магнатаў Тышкевічаў мае трывалыя праваслаўныя карані. Як сведчаць гісторыкі ХIХ ст. у віленскай праваслаўнай царкве Святой Троіцы фундатарам будаўніцтва якой быў гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі, знаходзілася багата аздобленая капліца з магільнямі магнацкага роду Тышкевічаў.

Пазней, Тышкевічы, як і іншыя беларускія магнаты сталі католікамі, і іхнія ўладанні знаходзіліся ў розных частках ВКЛ, у асноўным на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы.

Браты Тышкевічы Канстанцін і Яўстафій нарадзіліся ў Лагойску, у маёнтку свайго бацькі Пія Тышкевіча, які так-сама цікавіўся гісторыяй і археалогіяй.

Старэйшы брат Канстанцін скончыў у 1828 годзе Віленскі ўніверсітэт, потым быў на дзяржаўнай службе, а пазней вярнуўся ў Лагойск, дзе з малодшым братам ў 1842 годзе стварыў першы на Беларусі музей старажытнасцей, які мясціўся ў двух спецыяльных залах палаца Тышкевічаў у Лагойску. Усведамляючы важнасць лагойскага збору для развіцця навукі Канстанцін Тышкевіч ахвяраваў яго большую частку Віленскаму музею старажытнасцей, частка археалагічных знаходак была перададзена ў польскія музеі, у Кракаў і Варшаву. Некаторыя калекцыі трапілі ў распараджэнне Маскоўскага археалагічнага таварыства.

Ініцыятарам стварэння музея Віленскай археалагічнай камісіі быў малодшы брат Яўстафій, які ў 1848 годзе звярнуўся да віленскага генерал-губернатара з прапановай стварыць музей у Вільні на аснове яго прыватнай калекцыі. Пасля падтрымкі генерал-гебернатара І.Т. Бібікава гэтую ідэю ўхваліў імператар Мікалай I і ў красавіку 1855 года ў зале публічных паседжанняў былога Віленскага ўніверсітэта музей быў урачыста адкрыты. Сам Тышкевіч лічыў, што ў музеі паказаны не мясцовыя помнікі старажытнасцяў, а менавіта "літоўска-рускія". Пад словамі "Віленскі музей" Тышкевіч разумеў збор рэчаў, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць "літоўска-рускага народа".

Даследчык музейнай справы Беларусі Аляксандр Гужалоўскі лічыць, што гэтыя выказванні Яўстафія Тышкевіча сведчаць аб першых спробах нацыянальнай самаідэнтыфікацыі у музейнай справе Беларусі.

Адкрыццё музея менавіта ў Вільні, былой сталіцы ВКЛ, было справай не выпадковай. Нават не гледзячы на часы русіфікацыі цягам XIX ст., перабудову касцёлаў у праваслаўныя цэрквы, закрыццё ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта, горад становіцца для жыхароў былога ВКЛ сімвалам мінулага хараства страчанай дзяржавы. За Вільняй замацоўваецца статус святыні, помніка нацыянальнай культуры ў першую чаргу для гістарычных ліцвінаў, характэрным прадстаўніком якіх быў Адам Міцкевіч - удзельнік польскамоўнага ліцвінскага руху, што працягваўся да канца ХІХ - пачатку ХХ ст. З 1883 г. пачалося літоўскае (альбо летувіскае) адраджэнне, калі ва Усходняй Прусіі з'явілася іх першая газета "Auszra". Літоўская інтэлігенцыя таксама пачала прэтэндаваць на Вільню, як на сваю спрадвечную гістарычную спадчыну.

Пачынальнікам жа беларускага адраджэння лічаць Францішка Багушэвіча, які таксама жыў і працаваў у Вільні з 1884 да 1898 г. адвакатам у Акруговым судзе, што мясціўся ў былым палацы Тышкевічаў. Якраз на Віленскі перыяд жыцця прыпадае большая частка літаратурнай дзейнасці Багушэвіча.

Дзякуючы таму, што ў Вільні ў пачатку ХХ ст. дзейнічаюць разнастайныя беларускія грамадскія арганізацыі, выходзяць беларускія газеты і кнігі, горад становіцца сапраўднай сталіцай для беларускага народа. Менавіта тут беларуская інтэлігенцыя пачынае распрацоўваць беларускую нацыянальную ідэю, для чаго быў распачаты пошук у нашай гісторыі агульнай нацыянальнай калектыўнай ідэі. Поспеху ў гэтым дасягнуў вядомы грамадскі дзеяч і пісьменнік Вацлаў Ластоўскі, які ў 1910 г. у Вільні напісаў і выдаў у друкарні Марціна Кухты асобнай кнігай "Гісторыю Беларусі", як гісторыю самастойнай краіны і народа. Ён першым сфармуляваў палажэнні аб беларускай дзяржаўнасці ў часы Полацкага княства і лічыў ВКЛ менавіта беларускай дзяржавай.

B. Ластоўскі адзначае, што навукоўцы Віленскага ўніверсітэта былі першымі даследчыкамі, якія пачалі цікавіцца гісторыяй і культурай беларускага народа і былі стваральнікамі польскамоўнай навуковай літаратуры аб беларусах. Вядома, Тышкевічы адносіліся да гэтых навукоўцаў. Не выпадкова, што ў фондах Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у Вільні з 1921 па 1944 гг. знаходзілася каля 200 экспанатаў з раскопак курганоў зробленых Яўстафіем Тышкевічам.

Доўгі час навуковая спадчына братоў Тышкевічаў у пасляваеннай беларускай савецкай археалогіі замоўчвалася і не ўводзілася ў навуковы ўжытак. Гэтаму спрыялі наступныя абставіны. Па-першае, Тышкевічы былі багатымі людзьмі яскравымі прадстаўнікамі варожага класа эксплуататараў. Па-другое, яны былі католікамі і большасць сваіх прац друкавалі на польскай мове, марылі аб аднаўленні незалежнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Таму сталінскія гісторыкі адносілі іх да польскіх паноў, якіх вельмі не любілі і іх спадчыну вывучаць не хацелі.

Гэтым напоўніцу скарысталіся нашы суседзі, палякі і літоўцы. Палякі спасылаліся на мову і веравызнанне даследчыкаў, а літоўцы на тое, што яны жылі на тэрыторыі былога ВКЛ і мелі ўласнасць, у тым ліку і на тэрыторыі будучай Літоўскай ССР. Тым болей, што стварылі ўнікальны музей у Вільні, якая ў 1939 г. стала Вільнюсам і сталіцай сучаснай Літвы.

Пасля Другой сусветнай вайны ў беларускай гістарычнай навуцы асабліва ў археалогіі і музеязнаўстве, а таксама ў гістарычным краязнаўстве навуковая спадчына братоў Тышкевычаў заняла належнае ёй месца.

У 70-х гг. мінулага стагоддзя беларускія і рускія краязнаўцы і навукоўцы паступова вярнулі імёны братоў Тышкевічаў у спіс славутых беларускіх археолагаў ХІХ ст.

Першай ластаўкай стаў артыкул мастака Савелія Акуліча, які ў 1971 г. надрукаваў артыкул "Музеі братоў Тышкевiчаў". У сваёй працы С. Акуліч назваў братоў Тышкевічаў вядомымі археолагамі, фактычнымі заснавальнікамі беларускай навуковай археалогіі. Далей ён апісаў дзейнасць Лагойскага музея, створанага імі ў 1842 г. у сваім мураваным двухпавярховым палацы, збудаваным у стылі класіцызму ў 1814-1819 гг. у гістарычным цэнтры Лагойска на высокім маляўнічым беразе рэчкі Гайны.

Даследчык адзначыў, што менавіта на грунце Лагойскага музея Тышкевічы заснавалі Віленскі музей старажытнасцей. Далей ён паспрабаваў прасачыць лёс лагойскіх і віленскіх экспанатаў у другой палове ХІХ-пачатку ХХ стст. і іх сённяшнее знаходжанне ў музеях Літвы, Расіі і Польшчы.

У 1981 г. беларускі этнограф Міхаіл Піліпенка надрукаваў падручнік для ВНУ "Этнография Белорусcии". У сваім падручніку М. Піліпенка адзначыў, што "ў першай палове ХІХ ст. да этнаграфіі беларусаў узнікла цікавасць у вучоных, якія пісалі на польскай мове. Шмат іх паходзіла з Беларусі. Яны мелі прагрэсіўныя погляды, разумелі сваю сувязь з беларускім народам і шмат зрабілі для вывучэння яго культуры і побыту" . Даследчык называе імёны З. Даленгі - Хадакоўскага, Яна Чачота і У. Сыракомлі, але сярод іх прозвішчаў братоў Тышкевічаў пакуль няма. Не згадалі імёны Тышкевічаў і аўтары акадэмічнага выдання "Этнаграфія Беларусаў", якое пабачыла свет ў 1985 г.

Канчаткова вярнуў беларускай навуцы спадчыну Тышкевічаў у 80-х гг. мінулага стагоддзя Генадзь Каханоўскі. Гэта быў унікальны чалавек, які здолеў аднавіць і ўзначаліць беларускі краязнаўчы рух, разгромлены і знішчаны сталіністамі ў 30-х гг. ХХ ст.

Г. Каханоўскі доўгі час узначальваў Менскі абласны краязнаўчы музей з сядзібай у Маладзечне, прыдбаў для яго нямала каштоўных экспанатаў, падабраў супрацоўнікаў, адданых сваёй справе. У выніку безаблічная ўстанова ператварылася ў культурны асяродак, вядомы не толькі ў Маладзечне, не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй Беларусі, стала адным з цэнтраў наватарскай музеязнаўчай думкі.

І потым, калі Г. Каханоўскі працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і ў Нацыянальным цэнтры імя Ф. Скарыны, ён працягваў займацца краязнаўствам, ўжо тэарэтычна асэнсоўваючы яго. Пісаў артыкулы і чытаў лекцыі па краязнаўству.

Г. Каханоўскі займаў у навуцы асобае месца, працуючы на сумежжы многіх дысцыплін: гісторыі, краязнаўства, літаратуразнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі, мовазнаўства. Пра такую комплекснасць сведчаць яго кнігі.

Значную ўвагу Г. Каханоўскі звярнуў на дзейнасць братоў Тышкевічаў. Менавіта ён уключыў біяграфічныя даведкі пра іх у розныя энцыклапедыі і даведнікі, у тым ліку і ў энцыклапедыю "Этнаграфія Беларусі".

Адной з лепшых працаў Г. Каханоўскага з'яўляецца яго манаграфія "Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ - ХІХ стст.", што выйшла ў свет у 1984 г., яшчэ да пачатку "перабудовы". У кнізе ён падрабязна спыніўся на дзейнасці братоў Тышкевічаў і прысвяціў ім некалькі старонак навуковага тэксту.

Аналізуючы дзейнасць Я. Тышкевіча, Г. Каханоўскі вызначыў яго ролю ў станаўленні археалагічнай навукі ў Беларусі. Ён адзначае, што Я. Тышкевіч першым выказаў думку, што з прыняццем хрысціянства курганны пахавальны абрад паступова знікае. Заўважыў Г. Каханоўскі і тое, што Я. Тышкевіч лічыў, што эпоха бронзы папярэднічала эпосе жалеза. Я. Тышкевіч вызначыў адным з першых і асноўную этнічную прыкмету крывічоў - адпаведныя жаночыя скроневыя колцы. Я. Тышкевіч упершыню даў дэталёвае апісанне каменных прыладаў працы і асабліва каменных сякераў. Г. Каханоўскі адзначае, што праца Я. Тышкевіча "Апісанне Барысаўскага павета" выклікала ўвагу пазнейшых даследчыкаў беларускай этнаграфіі і фальклору.

Апавядаючы пра ўклад Канстанціна Тышкевіча ў беларускую археалогію Г. Каханоўскі адзначае яго наступныя заслугі: "К. Тышкевіч пацвердзіў, што каменныя сякеры спачатку былі прыладамі працы, а потым рытуальнымі рэчамі падчас пахавання".

К. Тышкевіч паклаў пачатак вывучэнню старажытных беларускіх гарадоў і замкаў. Ён упершыню стаў складаць тапаграфічныя планы беларускіх замкаў і гарадзішчаў. Таксама браты Тышкевічы вялі палявыя дзённікі археалагічных раскопак. Не згубіла свайго навуковага значэння і ўнікальная манаграфія К. Тышкевіча "Вілія і яе берагі".

Значную ролю ў вывучэнні беларускай археалогіі ХІХ ст. адыграў і маскоўскі археолаг Леанід Аляксееў, які шмат гадоў праводзіў раскопкі на тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі і выдаў дзве ўнікальныя манаграфіі, прысвечаныя Полацкай і Смаленскай землям.

Шмат гадоў працаваў Л. Аляксееў і ў маскоўскіх архівах. Самай цікавай працай даследчыка, прысвечанай гістарыяграфіі і гісторыі беларускай археалогіі з'яўляюцца манаграфія "Археология и краеведение Беларуси ХVІ в. - 30-е годы ХХ в.". У гэтай кнізе ёсць параграф "Браты Тышкевічы" і раздзел "Разгром Віленскага музея і Археалагічнай камісіі (1865 г.)".

Л. Аляксееў піша, што К. Тышкевіч быў першым археолагам у Расійскай Імперыі, які звярнуў увагу на ганчарныя клеймы курганных гаршкоў. Л. Аляксееў, як і Г. Каханоўскі лічыў, што Я. Тышкевіч заклаў падваліны беларускай навуковай археалогіі. Пры гэтым ён спасылаўся на сведчанне археолага А. Кіркора, які пісаў у 1856 г., што "гонар пазову да жыцця літоўскай археалогіі належыць Я.П. Тышкевічу" , які ў 1837 г. раскапаў першы курган. Менавіта Я. Тышкевіч, яшчэ ў 1851 г. задумаў стварыць Віленскі музей старажытнасцей і Археалагічную камісію пры ім.

Цікавыя звесткі сабраў Л. Аляксееў пра ліквідацыю Віленскага музея па загаду М. Мураўёва. М. Мураўёў абвінаваціў Я. Тышкевіча ў прапагандзе польскасці, на што той адказаў, што хацеў адлюстраваць у музеі "старажытнасці не польскія, а мясцовыя, гэта значыць літоўска-рускія" . Такім чынам мы маем мясцовага патрыёта, "ліцвіна", а не паляка. Л. Аляксееў таксама надрукаваў некалькі лістоў Я. Тышкевіча, напісаныя незадоўга да сваёй смерці.

Ролю К. Тышкевіча ў развіцці музейнай справы ў Беларусі адзначае таксама і А.А. Гужалоўскі. Ён піша, што ў Лагойску на працягу 30-60-х гг. ХІХ ст. ішла напружаная музейная праца. Падрабязна апісвае А. Гужалоўскі і Віленскі музей старажытнасцей. Ён цытуе наступныя словы Я. Тышкевіча: "Пад словамі "Віленскі музей" я разумеў і разумею збор рэчаў, які б, як у люстэрку, даваў адбітак жыцця і дзеяння літоўска-рускага народа на кожным з этапаў яго існавання" . У апошнім энцыклапедычным выданні "Археалогія Беларусі" Тышкевічам прысвечаны грунтоўныя артыкулы.

Дзякуючы намаганням студэнтаў і выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адкрыта мемарыяльная аўдыторыя імя братоў Тышкевічаў з адпаведнай экспазіцыяй. У гэтым годзе з нагоды 200-годдзя Я. Тышкевіча выдавецкі цэнтр "Марка" РУП "Белпошта" мяркуе выпусціць мастацкі канверт з серыі "Вядомыя асобы Беларусі".

У Менску ў мікрараёне "Міхалова-2" з'явіцца вуліца братоў Тышкевічаў.

У выніку намаганняў беларускіх даследчыкаў навуковая спадчына братоў Тышкевічаў была грунтоўна даследавана і стала складовай часткай беларускай археалогіі, этнаграфіі і музеязнаўства.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX