Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Каталіцкія ордэны ў Мсціславе 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 29-07-2014,
Крыніца: Трусаў Алег. Каталіцкія ордэны ў Мсціславе // НАША СЛОВА № 31 (1182), 30 ліпеня 2014 г.



Доўгі час у Мсціславе, а потым у Мсціслаўскім вая-водстве пераважала права-слаўнае насельніцтва, але ўжо у XVI ст. тут з'яўляюцца каталікі, якія ў асноўным былі вайскоўцамі і, магчыма, мелі драўляную каплічку на тэрыторыі Мсціслаўскага замка.


У пачатку XVIІ ст. сюды прыходзяць манахі ордэна Кармелітаў . Розныя даследчыкі называюць розныя даты стварэння Кармеліцкага кляштара - 1614, 1637 і 1638 гг.

Адным з самых старадаўніх помнікаў Мсціслава з'яўляецца былы кармеліцкі Успенскі касцёл, размешчаны недалёка ад Замкавай гары. Закладзены ён у 1614 або 1617 г. (паводле іншых звестак, у 1637 ці 1638 г.). Доўгі час на галоўным фасадзе храма быў лацінскі надпіс з датай "1654 год". Не выключана, што ў першай палове XVIІ ст. існавала драўляная пабудова, якую пазней замянілі на мураваную.

А.А. Мяцельскі лічыць, што ў канцы XVI - першай палове XVIІ ст. у Мсціславе быў адзін касцёл - фарны "Узнясення Дзевы Марыі", які ў 1618 г. быў перададзены Кармеліцкаму ордэну. У 1644 годзе ў кляштары было ўжо 11 манахаў на чале з прыёрам Серапіёнам Каблашэвічам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што менавіта ў яго сценах у 1630 годзе адбылося першае тэатральнае прадстаўленне ў Мсціславе.

А.А. Мяцельскі даказвае, што думка аб пабудове мураванага Кармеліцкага касцёла ў сярэдзіне XVIІ ст. з'яўляецца памылковай і адносіць пабудову мураванага будынка касцёла да сярэдзіны XVIІІ ст.

Літоўскія навукоўцы называюць касцёл Босых Кармелітаў у Мсціславе самым усходнім (500 км. ад Вільні) творам Віленскай школы барока і яе найбольш славутага архітэктара - Я.К. Глаўбіца.

Асноўны аб'ём будынка складзены з чырвонай цэглы-пальчаткі. Касцёл мае глыбокія сутарэнні, а глыбіня яго падмурка каля 5 м. Першая значная перабудова касцёла адбылася ў 1746-1750 гг. пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара Я.К. Глаўбіца. Знакаміты дойлід змяніў форму даха, дэкор галоўнага фасада, завяршэнні чатырох'ярусных вежаў. Наступныя рамонты помніка зроблены ў ХІХ і пачатку ХХ ст.

Зараз гэта велічная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з двухвежавым фасадам і пяцігранай алтарнай апсідай, да якой прылягае двухпавярховая прыбудова. Унутраную прастору касцёла ўпрыгожваюць фрэскі. Яны размешчаны на сценах галоўнага і на частцы скляпенняў бакавых нефаў. Аб'ём прыбудовы да касцёла першапачаткова распісаны ў XVIІІ ст., мае і больш познія фрэскі (ХІХ ст.), драўляная столь прыбудовы размалявана ў пачатку ХХ ст. Збераглося каля 20 кампазіцый, найбольшую вартасць маюць партрэты фундатараў касцёла і батальныя сюжэты, якія адлюстроўваюць падзеі руска-польскай вайны 1654-1667 гг.

Фрэскі Успенскага касцёла - эмацыянальныя, але разам з тым адчуваецца імкненне да прастаты і стрыманасці, а дакладней, да ўнутранай раўнавагі, якой даволі цяжка дасягнуць у такім дысанансным стылі, як барока. Размяшчэнне ў галоўным нефе касцёла двух вялікіх маляваных твораў канкрэтна-гістарычнага характару "Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі" і "Забойства ксяндзоў" - з'ява незвычайная. Гэта сведчанне не толькі вельмі смелай задумкі мастака, але і доказ арыгінальнасці ўсёй літаратурна-мастацкай кампазіцыі.

Акрамя батальных карцін у алтарнай частцы касцёла знаходзяцца два сіметрычна размешчаныя медальёны з выявамі фундатараў - асоб, якія выдаткавалі грашовыя сродкі на будаўніцтва храма. Уладарны выраз твараў, дарагія зброя і аддзенне, рукі, што моцна сціскаюць булавы - сімвалы годнасці і ўлады, сведчаць аб жаданні мастака адзначыць заслугі гэтых людзей перад вернікамі, што наведвалі касцёл. Але разам з тым пэнзаль невядомага майстра данёс да нас зямныя клопаты шаноўных асоб - у выглядзе глыбокіх маршчын, што ляглі на іх ужо немаладыя твары. Адным з фундатараў быў мсціслаўскі войскі Якуб Караль Мазалінскі, які падарыў кармелітам маёнтак Прылепава на Смаленшчыне.

Уяўляюць цікавасць карціны і "музычнай" тэматыкі: "Габліст" і "Віяланчэ-ліст". Мастак вельмі старанна прамаляваў кожную рысачку іх раскошнага адзення, дакладна пазначыў контуры твараў і рук. Унікальныя малюнкі знойдзены падчас рэстаўрацыйных работ у памяшканнях, размешчаных побач з касцёлам, у двухпавярховым будынку кляштара - прамавугольнага ў плане будынка, накрытага вальмавым дахам. Рэстаўратары знайшлі на адной са сцен прыбудовы манаграму-аўтограф невядомага мастака.

Інтэр'ер касцёла ўключаў таксама вялікія хоры пры ўваходзе, амбон, цэнтральны і бакавыя алтары, выкананыя ў стылі ракако. Галоўны фасад Кармеліцкага касцёла фланкаваны вежамі з паўсферычнымі купаламі, накрытымі цынкавымі лістамі, і завершаны фігурным шчытом паміж імі. Тоўстыя, да 1,5 м, сцены будынка атынкаваныя і здобленыя пілястрамі, гзымсамі, прафіляванымі цягамі, прарэзаныя лучковымі праёмамі.

Ля касцёла збудавана цагляная брама, вырашаная ў выглядзе трох рознавялікіх паўцыркульных арак-праходаў з каванымі металічнымі варотамі і брамкамі. Па баках брамы ўзвышаюцца невялічкія пінаклі. Над шырокай цэнтральнай аркай размешчаны ступеньчаты атык.

Непадалёку ад кармеліцкага касцёла знайшлі касцёльную воту XVIІІ ст. На адным яе баку - выява жанчыны, што моліцца. У метале, з якога зроблена вота, ёсць значная дамешка срэбра. Таксама тут знойдзена кафля XVIІІ ст. з эмблемай Кармеліцкага ордэна і шматлікімі ініцыяламі, відаць, нейкай духоўнай асобы шляхецкага паходжання.

У 1830-1835 гг у кляштары было 3 манахі і 105 прыгонных сялян. Пазней, калі кармеліты пакінулі Мсціслаў, касцёл быў фарным і быў закрыты савецкімі ўладамі. Пасля вайны тут быў пункт прыёму шклотары і продажу газы насельніцтву, а ў сутарэннях касцёла трымалі бочкі з салёнымі гуркамі і квашанай капустай.

У 1969 годзе будынак касцёла ўключылі ў спіс найбольш каштоўных помнікаў архітэктуры з мэтай і рэстаўрацыі, і прыстасавання пад культурныя патрэбы горада. У Мсціславе быў створаны рэстаўрацыйны ўчастак.

Рэстаўрацыяй займаўся вядомы беларускі рэстаўратар Валерый Слюнчанка. У савецкі час было шмат зроблена. Будынак атрымаў новы дах, устаўлены рамы вельмі складанай канструкціі ў вялікія вокны касцёла, зроблена цалкам рэстаўрацыя інтэр'ераў бакавой капліцы, дзе зараз ідуць набажэнствы.

Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады ў пераліку мерапрыемстваў запланаваны і работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі Успенскага касцёла ў г. Мсціславе ў межах сродкаў, прадугледжаных Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. На жаль, праектна-каштарысная дакументацыя па названым аб'екце да гэтага часу не распрацавана.


Езуіты з'явіліся ў Мсціславе ў 1616 г. Месца знаходжання першага драўлянага касцёла невядома. У 1690 г. езуіты заснавалі ў горадзе місію, 19 сакавіка адчынілі капліцу і правялі першае набажэнства. Пазней, у 1963 г. адкрыўся невялікі драўляны касцёл. Першую школу пры місіі адкрывалі ў 1691 г. у доме, які даў Станіслаў Зуб. Пазней атрымалі новы будынак з 4 заламі. Пры кляштары дзейнічаў тэатр. Спяктаклі праходзілі ў вялікай зале школьнага будынка.

Ансамбль былога Езуіцкага кляштара пабудаваны ў XVIII - ХІХ стст. на ўзвышшы паміж сучаснымі вуліцамі Савецкай, Пралетарскай і Юрчанкі. Беларускі дойлід Уладзіслаў Дзягілевіч у 1707 г. збудаваў вялікі драўляны касцёл, а ў 1711 г. аднавіў спалены дом Езуіцкай місіі, паставіў драўляную вежу са званамі і гаспадарчыя будынкі.

Місія стала спачатку рэзідэнцыяй, а з 1717 г. - калегіяй. з 1725 г. тут дзейнічаў аркестр, а з 1740 - аптэка. У 1729 г. рэзідэнцыю пераўтварылі ў калегіюм.

Пісьмовыя крыніцы захавалі імёны і розных майстроў, што працавалі на будоўлях для езуітаў у Мсціславе. Самым першым сталяром, імя якога зафіксавалі пісьмовыя крыніцы, быў Міхаіл Гуроўскі, што жыў у Мсціславе ў 1719 - 1729 гг. Менавіта ён зрабіў лавы і алтар у драўляным касцёле. У 1739 - 1757 гг. загадваў сталяркай у езуіцкім калегіюме Францішак Берман, ён рамантаваў стары драўляны касцёл, а потым наглядаў за працай на будаўніцтве мураванага касцёла і кіраваў фальваркам. У 1748 - 1773 гг. працаваў сталяр Піліп Лакцінскі, выконваў розныя работы для касцёла і для мураванай рэзідэнцыі, што будавалася тым жа часам.

Будаўніцтва мураванага Езуіцкага касцёла і калегіюма распачалося ў 30-ых гадах XVIII ст. Будоўля ішла марудна, двойчы спынялася і нарэшце была скончана ў 1748 г. пад кіраўніцтвам Бенядзікта Мезмера. У сярэдзіне XVIII ст. езуіты пабудавалі аптэку. Касцёл атрымаў імя Св. Міхаіла Арханёла.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам (вежы, на жаль не захаваліся). Магутная паўкругавая апсіда завяршае цэнтральны неф. Галоўны фасад вузкім гзымсам падзяляецца на два ярусы і завяршаецца развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры. Сцены будынка аздобленыя шырокімі пілястрамі. У касцёле захаваліся рэшткі фрэскавага роспісу XVIII ст. Ёсць тут глыбокія сутарэнні, дзе некалі былі пахаванні. Калісьці перад касцёлам узвышалася прыгожая мураваная брама, падмуркі якой былі знойдзены археолагамі.

Двухпавярховы будынак калегіюма з бакоў падтрымліваюць магутныя контрфорсы. Першы паверх перакрыты скляпеннямі, другі мае перакрыцце на бэльках. Прыгожае барокавае аздабленне над галоўным уваходам страчана ў выніку рамонтаў ХІХ ст. Усе мураваныя будынкі кляштара складзеныя з цэглы-пальчаткі. Жылыя памяшканні ацяпляліся паліхромнымі кафлянымі печамі, аблямаванымі рэльефнай кафляй з выявамі познебарокавых картушоў.

Езуіцкі калегіюм існаваў да 1820 г. Дарэчы, у ліку розных прадметаў тут выкладалі і архітэктуру. Пасля паўстання 1831 г. будынкі Езуіцкага кляштара былі адабраныя ў католікаў, а касцёл зачынены.

З 1832 па 1842 гг. комплекс быў перададзены Тупічэўскаму праваслаўнаму манастыру. У 1842 г. тут адкрылі Мікалаеўскі мужчынскі гарадскі манастыр 2-га класа.

Касцёл перабудавалі ў праваслаўны сабор святога Мікалая. Знешні воблік будынка змяніўся: з'явіўся невялічкі прытвор, завершаны складаным ступеньчатым атыкам, былі цалкам разабраны і перароблены вежы. У 1842 г. надбудавалі вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане. Пластыка фасадаў узбагацілася шырокімі пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі. Трэба адзначыць, што інтэр'ер сабора часткова захаваў некаторыя дэталі аздаблення XVIII ст. Гэта добра бачна на архіўным здымку, зробленым у 1909 г.

У будынку былога калегіюма размясцілася духоўная семінарыя. У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. ансамбль быў абнесены высокай цаглянай агароджай, на вуглах зроблены невялікія капліцы.

Пры савецкай уладзе ў 1931 г. храм закрылі і скінулі з вежы звон, які потым здалі на пераплаўку. У памяшканні былога калегіюма размясцілася школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Пасля вайны ў будынку былога касцёла быў дом культуры і да 1961 г. кінатэатр. Пазней будынак закінулі і мясцовыя жыхары пераўтварылі яго ў руіну без даху.

У канцы ХХ ст. пачалася рэстаўрацыя. Быў зроблены новы дах і адбудавана адна з двух вежаў, але грошы скончыліся, і рэстаўрацыя спынілася. Памяшканні калегіюма актыўна выкарыстоўваюцца ў часы рыцарскіх фэстаў апошніх гадоў.

Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі былога Езуіцкага кляштара праводзіліся аўтарам у 1983, 1987, 1989 і ў 1991 гг. За часы археалагічных раскопак было закладзена 37 шурфоў агульнай плошчай каля 139 м 2. Магутнасць культурнага слою розная. На плошчы каля агароджы перад касцёлам ён увогуле адсутнічае. Найбольшая яго інтэнсіўнасць прасочана ў шурфах на ўсход ад будынка былой аптэкі і дасягае 2,3 м.

Сабраны цікавы рэчавы матэрыял. Самыя старажытныя знаходкі (кераміка) датуюцца ХІІ - ХІІІ стст., што сведчыць аб тым, што тут людзі жылі задоўга да пачатку будаўніцтва Езуіцкага комплекса.

Большасць знаходак адносіцца да XVII - XVIII стст. Гэта кавалкі непаліванага і паліванага бытавога посуду, разнастайная кафля, шкляное начынне, фрагменты шкляных ваконных шыбак, металічныя вырабы і будаўнічая кераміка. Цікавая і разнастайная калекцыя кафлі XVII - XVIII стст.

У сярэдзіне XVII - другой палове XVIIІ ст. выкарыстоўвалі паліхромную, зялёнапаліваную і тэракотавую кафлю з разнастайнымі матывамі, пачынаючы ад геральдыкі езуітаў і шматлікімі відамі расліннага арнаменту. Пад час раскопак рэшткаў будынка XVIIІ ст. знайшлі вонкавую пласціну зялёнапа-ліванай кафлі памерам 22х17,5 см з выявай стылізаванага букета кветак у вазе, упісаную ў васьмігранную рамку. Па кутах пласціны над рамкай ёсць выявы крылатых анёлаў. Такая кафля характэрная для розных цэнтраў беларускай кафлевай вытворчасці, але найбольш падобная кафля з Крычава.

У 1986 г. была знойдзена кафля з эмблемай ордэна Езуітаў. У сярэдзіне вонкавай пласціны размешчана манаграма Ісуса Хрыста, а па яе кутах - манаграмы заказчыка.

У шурфах каля сценаў касцёла сабраны кавалкі ваконнага шкла. Яно мае светла-зялёны колер, таўшчыня - 1,3 і 1,5 см, форма - прамавугольная.

У шурфах закладзеных на поўночны ўсход ад сучаснай тэрыторыі комплекса знойдзены падмуркі вялікага цаглянага будынка XVIII ст., хутчэй за ўсё - кляштарнага корпуса.

Глыбіна залягання падмурка пабудовы - 1,05 см. ад узроўня дзённай паверхні. Шырыня сцяны - 70 см. Удалося прасачыць адно прамавугольнае памяшканне памерам 7,7х3,6 м.

У 1987 г. заклалі шурф побач з апсідай касцёла з мэтай вывучэння яго падмурка.

Такім чынам, вышыня цокальнага паверха каля 3,1 м, Глыбіня залягання падмурка апсіды касцёла ад узроўню дзённай паверхні 1987 г. дасягае 4,75 - 4,8 м.

У 1987 г. былі знойдзены рэшткі былой цаглянай агароджы XVIII ст. Шырыня яе сцяны 60-70 см., глыбіня залягання падмурка - 55-60 см.

У выніку даследаванняў быў знойдзены адзін з мураваных карпусоў кляштара, акрэслены рысы агароджы і брамы XVIII ст. перад касцёлам, даследаваны падмуркі розначасовых будынкаў на тэрыторыі комплекса.


У пачатку XVIII ст. у Мсціславе з'явіліся манахі Бернардзінцы , якія ў 1727 г. збудавалі тут драўляны касцёл і кляштар. Выяву гэтага ансамбля можна ўбачыць на піктаграфічнай карце, зробленай у Нясвіжы ў сярэдзіне - другой палове XVIII ст. вядомым радзівілаўскім гравёрам Гершкам Ляйбовічам. Сярод нанесеных на яе 23 бернардзінскіх касцёлаў, што знаходзіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ёсць і мсціслаўскі помнік. Касцёл быў прамавугольным у плане аднанефавым будынкам з двухсхільным дахам, трохвугольным франтонам у цэнтры і дзвюма трох'яруснымі купальнымі вежамі па баках галоўнага фасада. Над алтаром знаходзілася невялікая вежа-сігнатурка. Аднапавярховы кляштарны корпус размяшчаўся злева ад галоўнага корпуса касцёла. Каля яго знаходзілася вежа-званіца.

Адным з фундатараў мсціслаўскіх бернардзінцаў быў Віцебскі харунжы Іван Гурко, другім пісьмовыя крыніцы называюць Яна Румейку, харунжага Віленскага ваяводства.

У канцы XVIII ст. бернардзінцы збудавалі мураваны аднапавярховы флігель і новы, мураваны, касцёл. У 1832 г. касцёл быў зачынены, прыход, які налічваў 679 душ мужчынскага полу, перададзены да Кармеліцкага касцёла. Туды адышла і ўся маёмасць манахаў-бернардзінцаў. Адначасова царскія ўлады зачынілі Кармеліцкі кляштар, а касцёл перабудавалі на фарны (прыходскі).

У 1837 г. усе збудаванні былога Бернардзінскага кляштара знаходзіліся пад наглядам мясцовай паліцыі. Доўгі час яны стаялі зачыненымі, пакуль не згарэлі і паступова не былі разабраны мясцовымі жыхарамі. У 1857 г. ацалелыя будынкі перададзены ваенным міністрам у Праваслаўнае Духоўнае ведамства.

На падмурках сярэдняй часткі кляштара ў 1870 г. будуецца царква Аляксандра Неўскага. Большасць старажытных сутарэнняў была завалена смеццем і засыпана, а некаторыя прыстасаванны пад царкоўны склад.

У 1988-89 гадах раскопкі на месцы кляштара былі зроблены аўтарам. Былі цалкам расчышчаны два вялікія сутарэнні XVIII ст. У адным з іх захаваліся вінтавая лесвіца з цаглянымі прыступкамі, рэшткі вентыляцыйнага акна-адтуліны, пяты крыжовых скляпенняў і дзвярны праём у наступнае памяшканне. У другім ацалелі ўсе скляпенні, два акны, якія забраны каванымі кратамі. Парадавалі і знаходкі: аконнае шкло, зялёная паліваная кафля, замок, старажытны відэлец, рознае керамічнае і шкляное начыненне, керамічныя пліткі падлогі, каваная сякера, рэшткі фаянсавага посуду.

Былі таксама ўскрыты і рэшткі бернардзінскага касцёла XVIII ст. Захаваліся падмуркі знешніх і ўнутраных сцен, апсіды і шасці апорных слупоў. Даўжыня касцёла разам з апсідай складае прыкладна 42 м, шырыня - 23 м, таўшчыня знешніх сцен - каля 2 м, яны складзены з цэглы-пальчаткі.

Падчас раскопак Бернардзінскага кляштара сабрана калекцыя спецыяльнай пячной цэглы XVIII - пачатку ХІХ ст., з якой рабіліся кафляныя печы. Іх аблямоўка склалася з гладкіх карычневых паліваных кафляй рознай формы, верх аздаблялі рэльефныя кафлі-каронкі, упрыгожаныя раслінным арнаментам. На жаль, усе расчышчаныя сутарэнні пасля вяртання сабора А. Неўскага праваслаўным, па ініцыятыве мясцовага святара летам 1991 г., без усялякага ўзгаднення з адпаведнымі органамі ўлады, былі засыпаны.

Аднак падмуркі касцёла, якія зараз знаходзяцца на царкоўным падворку, могуць быць паказаны архітэктурнымі сродкамі на мясцовасці.

Таксама неабходна як мага хутчэй завяршыць рэстаўрацыю Кармеліцкага і Езуіцкага касцёлаў з мэтай іх уключэння ў рэспубліканскія і міжнародныя турыстычныя маршруты.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX