Вярнуцца: Трусаў А.А.

Фрагменты з кнігі "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 09-10-2014,
Крыніца: Трусаў Алег. Фрагменты з кнігі "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі" // НАША СЛОВА № 40 (1191), 1 кастрычніка 2014 г., № 41 (1192), 8 кастрычніка 2014 г., № 44 (1195) 29 кастрычніка 2014 г.; № 45 (1196), 5 лістапада 2014 г.; № 46 (1197), 12 лістапада 2014 г.; № 47 (1198), 19 лістапада 2014 г.; № 48 (1199), 26 лістапада 2014 г.; № 49 (1200), 3 снежня 2014 г.; № 50 (1201), 10 снежня 2014 г.; № 51 (1202), 17 снежня 2014 г.; № 52 (1203), 24 снежня 2014 г.



Частка 5. У складзе Расійскай Імперыі (канец XVIІІ - пачатак XХ ст.)

На наступны год спланаваны выхад новай кнігі кандыдата гістарычных навук, старшыні ТБМ Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі", у якой часавыя рамкі даследвання ўпершыню ахопліваюць перыяд ад каменнага веку да 1991 года. Прапануем чытачам у якасці анонсу асобныя часткі кнігі.

Змены ў грамадскім і духоўным жыцці

Аналіз пісьмовых крыніц аб стане гарадской культуры ў гарадах ВКЛ, што адышлі да Расіі пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, сведчаць аб высокім узроўні гарадской матэрыяльнай культуры ў тагачасным Віцебску, Мсціславе, Полацку і Магілёве.

Толькі пасля вайны з Напалеонам матэрыяльная культура гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы канчаткова трапіла ў рэчышча развіцця гарадской культуры Расійскай Імперыі, прычым з гэтага часу карэннае насельніцтва большасці гарадоў былога ВКЛ аказалася ў меншасці.

У 1811 годзе ў беларускіх гарадах жыло 4,2% насельніцтва, а ў 1861 годзе - 10,7%. З 1786 па 1861 год колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Беларусь пазбавілася сваёй сталіцы, бо Вільня ператварылася ў звычайны губернскі цэнтр, хаця і самы буйны (у канцы ХІХ ст. тут жыло 154 тыс. чалавек). Новыя ўлады у пачатку ХІХ ст. знішчылі ўсе гарадскія ўмацаванні, а таксама гістарычныя цэнтры Брэста і Бабруйска, збудаваўшы на гэтым месцы магутныя цытадэлі. Мяняецца і этнічны склад гарадскога насельніцтва. Назіраецца паступовы рост рускага насельніцтва і буйны рост яўрэйскага, што звязана з забаронай царызмам жыцця яўрэяў, у вёсках і па-за межамі былой тэрыторыі ВКЛ (т.зв. "мяжа аседласці").

У канцы ХІХ ст. сярод жыхароў 44 гарадоў Беларусі яўрэі складалі 53,5%, а доля беларусаў-гараджан у 1897 годзе не перавышала 17%.

У другой палове ХІХ ст. пасля таго як праз Беларусь прайшла чыгунка ўзнікаюць новыя гарады, а некаторыя старажытныя гарады, пазбаўленыя гэтага новага віду транспарту, прыходзяць у заняпад.

У паслярэформенны перыяд (пасля 1861 года) паскорыўся рост фабрык і заводаў. Развіццю горада спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 годзе ў 42 гарадах жыло 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператварыліся ў культурныя цэнтры, дзе канцэнтраваліся навучальныя ўстановы, тэатры, музеі і бібліятэкі.

Аднак індустрыялізацыя слаба закранула беларускі горад. Калі ў гарадах Германіі і Францыі жыло ў канцы ХІХ ст. каля 40% насельніцтва, то на Беларусі толькі каля 10%. Беларусы ператварыліся (да 50-х гадоў ХХ ст) у сялянскую нацыю з адметнай негарадской ментальнасцю.

У канцы XVIІІ ст. на Беларусі з'явіліся першыя цагельныя заводы. Да 1917 г. яны належалі прыватным уладальнікам і пазначалі сваю прадукцыю спецыяльнымі клеймамі, на якіх можна было прачытаць імя ўладальніка альбо назву фірмы, што выпускала цэглу альбо дахоўку. Гэтая ж традыцыя захавалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1939 г. У БССР усе дзяржаўныя цагельныя заводы таксама мецілі цэглу заводскімі клеймамі.

У ХІХ-ХХ стст. існавала заводская вытворчасць дахоўкі і плітак падлогі. У гэты час выраблялі традыцыйную хвалістую дахоўку, тонкую пляскатую і рэльефную (марсельскую) дахоўку, а таксама дэкаратыўнуую вільчаковую дахоўку.

У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. выраблялі нават цэментную і шкляную дахоўку. У гэты час быў пашыраны выраб шматколернай (метлахскай) пліткі для падлог у багатых будынках. Вытворчасць розных керамічных будаўнічых матэрыялаў у гэтыя часы адпавядала самым сучасным еўрапейскім тэхналогіям і стандартам.

Пасля трох падзелаў у канцы XVIII ст. Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, дзе панавала новая архітэктурная плынь - класіцызм, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае "ўзорны". Яго сутнасць праявілася ў паўтарэнні антычнай класікі і грунтавалася на традыцыях Адраджэння. Гэты стыль адразу стаў універсальным і ахапіў усе жанры мастацтва і літаратуры. Рускі класіцызм разглядаў горад як дакладную рэгулярную схему - прамавугольную або шматвугольную ў плане. Адпаведна з гэтым прынцыпам пачалі перапланоўваць і беларускія гарады. Рэалізацыю гэтых планаў затрымала напалеонаўскае нашэсце 1812 г., і таму перабудаванні найбольш закранулі гарады ўсходняй Беларусі, перапланіроўка якіх пачалася з 1778 г. Ажыццяўленне праектаў прадугледжвала перш за ўсё будаўніцтва адміністрацыйных будынкаў: прысутных месцаў, дамоў губернатараў, ратуш. Напрыклад, рэарганізацыя гарадскога цэнтра Магілёва пачалася з Гандлёвай плошчы. Тут будуюцца будынак губернскай канцылярыі, дом віца-губернатара і гасцінны двор. Драўляныя крамы часткова знішчаюцца, але функцыя плошчы застаецца ранейшай. Ратушу ўключаюць у ансамбль забудовы як асноўны кампазіцыйны элемент, папярэдне перарабіўшы яе ў класічным стылі. У 1809 г. скапалі вал вакол Старога горада і на яго месцы ў 1828-1831 гг. насадзілі гарадскі сквер, вакол якога паступова стварылася новая плошча.

Яшчэ адна плошча - Саборная - склалася ў Магілёве ў канцы XVIII - пачатку XIX ст. на галоўнай вуліцы. Яна атрымала форму эліпса (зараз плошча перад былой гасцініцай "Дняпроўская"). Яе кампазіцыйным цэнтрам стаў Іосіфаўскі сабор, збудаваны вядомым рускім архітэктарам М. Львовым. Завяршыў афармленне кампазіцыі плошчы ў 20-х гадах XIX ст. знакаміты рускі дойлід В. Стасаў, які пабудаваў насупраць сабора манеж.

Яшчэ больш змянілася планіроўка старажытнага беларускага горада Мсціслава. Новая рэгулярная сістэма вуліц і плошчаў, зробленая па класіцыстычных законах, змяніла аблічча горада да непазнавальнасці. Замкавая гара - месца, адкуль пачынаўся Мсціслаў і дзе потым знаходзіўся замак - засталася за межамі горада. Старыя гмахі кармеліцкага і езуіцкага клештароў апынуліся амаль у сярэдзіне жылых кварталаў. На новым месцы быў створаны і адміністрацыйны цэнтр, ад якога захаваліся гандлёвыя рады. Па гэтай схеме горад развіваўся амаль да нашых дзён і дайшоў да нас з невялікімі зменамі.

Другі прыклад "узорнага" горада часоў класіцызму - Чачэрск. З 1774 г. яго ўладальнікам становіцца граф Захар Чарнышоў, які адразу распачаў капітальнае будаўніцтва. На былым замчышчы будуецца палац, ажыццяўляецца рэгулярнае распланаванне кварталаў, будуюцца тры касцёлы і адна царква, два шпіталі, уздоўж вуліц высаджваюцца ліпавыя прысады. На цэнтральнай плошчы паўстала двухпавярховая, квадратная ў плане ратуша. Ствараецца тэатр, закладваюцца парк і пладовы сад з дзвюма аранжарэямі.

Панаванне класіцызму на тэрыторыі Беларусі можна ўмоўна падзяліць на два перыяды. Першы прыпадае на канец XVIII - пачатак XIX ст. Мураваныя будынкі гэтага часу вылучаюцца строгасцю, прастатой дэкаратыўнай апрацоўкі фасадаў, кампактнасцю аб'ёмаў і правільнымі геаметрычнымі планамі. У будаўнічай тэхніцы шырока ўжываюцца жалезныя канструкцыі, асабліва бэлькі для перакрыццяў, што дазволіла адмовіцца ад скляпеністай столі і замяніць яе плоскай, значна паменшыць таўшчыню сцен, павялічыць аконныя праёмы. Адначасова выкарыстоўваліся і драўляныя, у асноўным дубовыя бэлькі. З'яўляецца і новае пакрыццё дахаў - лёгкая металічная бляха, што амаль замяніла цяжкую керамічную дахоўку. Гэта дазволіла больш чым напалову паменшыць вышыню стрэх і франтонаў. Цэглу, пліткі падлогі, а потым і кафлю пачынаюць вырабляць на невялікіх дзяржаўных або прыватных заводах, прычым памеры цэглы набліжаюцца да сучасных.

Праводзячы вялікадзяржаўную палітыку, імкнучыся стварыць на далучаных беларускіх землях сацыяльную апору, царызм раздае рускім магнатам і памешчыкам вялікія маёнткі, асабліва ва ўсходняй Беларусі. Сярод новых гаспадароў былі як дробныя дваране і чыноўнікі, так і вядомыя ваенныя, дзяржаўныя дзеячы і царскія фаварыты: Пацёмкін, Румянцаў, Паскевіч, Зорыч, Сувораў, Салагуб, Булгак, Чарнышоў і інш. Не забыліся царскія ўлады і пра мясцовую, у першую чаргу апалячаную, беларускую шляхту і магнатаў. Усім, хто прызнаваў новую ўладу, дараваліся прывілеі і вольнасці расійскага дваранства.

У сувязі з гэтым паступова змяншаецца ўплыў польскай культуры (асабліва пасля 1831 г.) і назіраецца арыентацыя на новыя культурныя цэнтры - Пецярбург і Маскву.

На кафедры архітэктуры пры Віленскім універсітэце і ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў пашыраецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў архітэктараў і мастакоў. Адбываецца абмен архітэктурна-будаўнічым досведам. У Беларусь прыязджаюць такія вядомыя дойліды, як М. Львоў, В. Стасаў, Дж. Кларк, А. Мельнікаў і інш. Мікалай Львоў - заснавальнік пейзажнага стылю ў рускім садова-паркавым мастацтве - збудаваў у Магілёве Іосіфаўскі сабор і пакінуў для нашчадкаў шмат акварэляў з краявідамі горада канца XVIII ст. Плённа працаваў на Беларусі і вядомы беларускі і літоўскі архітэктар з Вільні Лаўрэн Гуцэвіч (Лаўрынас Стуока-Гуцавічус). Паводле яго праектаў пабудаваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н) і касцёл у вёсцы Маляцічы (Крычаўскі р-н), які ўяўляў сабой дакладную копію сабора св. Пятра ў Рыме, але паменшаную ў 8,2 раза.

У другой палове ХVIІІ - першай палове ХІХ ст. на Беларусі працавала дынастыя Падчашынскіх. Архітэктар Караль Падчашынскі збудаваў касцёлы ў Жырмунах (Воранаўскі раён) і Мяляцічах паблізу Крычава. Яго сын Ян, які нарадзіўся ў 1790 г. у Жырмурнах, кіраваў пабудовай слуцкай гімназіі, мазырскага вучылішча, касцёла ў Жалудку і палаца ў Жылічах (Кіраўскі раён).

У ХVIІІ-ХІХ стст. у сувязі з падзелам праектных і будаўнічых работ паміж архітэктарамі і будаўнікамі-практыкамі рамкі дзейнасці будаўнічых арцеляў звужаюцца і яны паступова знікаюць. Асобныя сезонныя арцелі існавалі да першай паловы ХХ ст.

У сваю чаргу ў Пецярбург едуць працаваць і вучыцца беларускія мастакі. Францішак Смуглевіч, напрыклад, быў запрошаны Паўлам I, каб аздобіць роспісамі інтэр'еры Міхайлаўскага замка. Павышаў сваю адукацыю ў расійскай сталіцы і Валянцін Ваньковіч. Запрашаюцца на працу ў Расію беларускія разьбяры і муляры.

Позні класіцызм часта называюць ампірам (што ў перакладзе з французскай мовы азначае "імперыя"). Гэты архітэктурны кірунак у першай трэці XIX ст. найбольш праявіў сябе ў дэкоры.

У аздабленні фасадаў і інтэр'ераў пачалі ўжываць антычныя тыпы арнаменту - меандр, ёнікі, маскароны і наборы геральдычных і вайсковых атрыбутаў - сцягі, барабаны, шлемы, мячы, шчыты, гарматы і г. д. Характэрнае аздабленне фасадаў - розныя тыпы гірляндаў, вянкі і разеткі. У гэтым стылі ствараюцца не толькі ляпныя барэльефы, але і каваныя або літыя чыгунныя агароджы балконаў, парапеты і лесвічныя рашоткі.

У перыяд класіцызму ў беларускіх гарадах упершыню ўзніклі бульвары, паркі і прысады. Раней у шчыльна забудаваных гарадскіх цэнтрах, абнесеных землянымі валамі альбо драўляным парканам, для іх проста не было месца.

К сярэдзіне XIX ст. непазбежны спадарожнік разлажэння феадальнай манархіі - валюнтарызм наогул і ў архітэктуры таксама - поўная рэгламентацыя гарадскіх планаў, будаўніцтва па тыпавых праектах, стандартызацыя архітэктурных прыёмаў - прывёў класіцызм да заняпаду, і ён творча вычарпаў сябе.

Адразу пасля захопу Бедарусі рускі ўрад пачаў змаганне спачатку з уніяцтвам, а потым і з каталіцтвам. У 1795 г. маёмасць найбольш заможных базыльянскіх клештароў у Віцебску, Менску, Мсціславе і іншых гарадах перайшла на карысць рускай праваслаўнай царквы. У пачатку XIX ст. пачалася перабудова на карысць праваслаўя ўніяцкіх і каталіцкіх храмаў. На працяту 1807-1812 гг. практычна была знішчана амаль уся мураваная забудова Бабруйска. Загінулі некалькі старадаўніх цэркваў, езуіцкі кляштар і стары фарны касцёл Пятра і Паўла. На іх месцы па праекту генерала К. Апэрмана ў 1810-1812 гг. паўстала, знакамітая Бабруйская крэпасць. У 1827 г. на месцы былога фарнага касцёла пабудавалі сабор А. Неўскага.

Пасля паўстання 1831 г. з твару зямлі знікла старажытнае Берасце. Тры гады, з 1833 па 1836 г., знішчаўся старажытны магдэбургскі горад. Загінулі славутая абарончая Мікалаеўская царква ХVІ ст., самая старадаўняя на Беларусі сінагога і шмат каталіцкіх клештароў разам з касцёламі. Неўзабаве на гэтым месцы збудавалі Брэсцкую цытадэль.

У сярэдзіне - другой палове ХІХ ст. еўрапейская архітэктура перажывала вельмі складаны перыяд. Класіцызм паступова выраджаецца і адмірае, а ў Расійскай імперыі становіцца сапраўды "імперскім" стылем - сухім і казённым.

Пачынаючы з канца XVIII ст. у еўрапейскім мастацтве развіваецца новы кірунак - рамантызм. Яго прадстаўнікі заклікалі звярнуць увагу на ўласную нацыянальную гісторыю, літаратуру і архітэктуру, выступалі супраць сляпога пераймання антычных традыцый. Яскравымі прадстаўніком рамантызму ў літаратуры быў наш славуты зямляк Адам Міцкевіч. У сваіх творах ён апяваў прыгажосць роднай зямлі, яе гістарычныя і архітэктурныя помнікі.

Шмат увагі гісторыі беларускіх замкаў удзяляў у сваёй гісторыі ВКЛ другі наш вядомы зямляк, гісторык і археолаг з Лідчыны - Тодар Нарбут.

Першыя прыкметы рамантызму на Беларусі назіраюцца ў канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. у садова-паркавым мастацтве. Менавіта ў парках побач з класіцыстычнымі палацамі і сядзібамі строгіх формаў пачалі будавацца каплічкі і альтанкі, якія нагадвалі гатычныя збудаванні.

Поўная расчараванасць у выніках заходнееўрапейскіх буржуазных рэвалюцый, падзенне імперыі Напалеона, у перыяд якой панаваў ампір, прывялі да адраджэння старых архітэктурных традыцый - готыкі, рэнесансу і барока, да запазычання іх асобных элементаў з мэтай адрадзіць былое хараство ў новых будаўнічых матэрыялах. Пачынаецца захапленне рознымі папярэднімі рамантызму еўрапейскімі стылямі. Гэта прывяло да стварэння новага архітэктурнага кірунку, росквіт якога прыпадае на сярэдзіну - другую палову ХІХ ст. Ён атрымаў назву "гістарызм" і вызначаўся некрытычным выкарыстаннем розных стыляў: неаготыкі альбо несапраўднай готыкі, неабарока, неаракако, неакласіцызму, неараманскага кірунку, псеўдавізантыйскага стылю і г. д. Таму даволі часта дойлідства гістарызму называюць сціслым словам "эклектыка" ці "эклектызм". Доўгі час гэтае мастацтва лічылася несапраўдным і не вартым асаблівай увагі. Але некаторыя дойліды, абапіраючыся на народныя традыцыі і назапашаны стагоддзямі архітэктурны досвед, стварылі арыгінальныя, цікавыя помнікі, якія і зараз вабяць нас сваёй прыгажосцю і годнасцю.

Першай з неастыляў атрымала распаўсюджанне несапраўдная готыка. Яе радзіма - Англія канца XVIII - пачатку ХІХ ст. Пабудовы ў стылі неаготыкі з'яўляюцца на Беларусі ўжо ў канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. Прычым, у нашым краі несапраўдная готыка прайшла дзве стадыі развіцця. Першая - першая палова - сярэдзіна ХІХ ст. - характэрная ў асноўным для палацава-сядзібнай архітэктуры, дзе спалучаліся планіровачныя структуры класіцызму з гатычнай прамалёўкай фасадаў і рознымі элементамі гатычнага дэкору. Фасады гэтых будынкаў заўсёды тынкаваліся.

Другая стадыя ў развіцці неаготыкі пачынаецца з сярэдзіны ХІХ і прадаўжаецца ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст, калі на Беларусі пасля мураўёўскай рэакцыі пачалі вельмі хутка будавацца новыя каталіцкія і лютаранскія бажніцы. Элементы класіцызму цалкам былі адкінуты, поўнасцю адроджаны каркасныя канструкцыі, асабліва шматпрыступкавыя контрфорсы і акбутаны. З фасадаў цалкам знікае тынкоўка - сцены і вежы складаюцца з добраабпаленай чырвонай цэглы, прычым, у аздабленні праёмаў дзвярэй і вокнаў, ніш і гзымсаў франтонаў і парапетаў шырока ўжываецца профільная цэгла. Найбольш багатыя храмы атрымліваюць вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Пашыраецца выраб мастацкіх каваных рэчаў - дзвярных замкоў і завесаў, кратаў балконаў і вокнаў і асабліва каваных палотнаў брам мураваных агароджаў, якімі абносіліся бажніцы і сядзібы. Неагатычны стыль стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкага касцёла на Беларусі. Неагатычныя касцёлы будаваліся на заходнебеларускіх землях аж да 1939 г. Напрыклад, драўляны касцёл у Крэве быў асвечаны ў 1937 г.

К сярэдзіне ХІХ ст., асабліва пасля паўстання 1863 г., на Беларусі павялічваецца колькасць рускага насельніцтва, у асноўшым за кошт вайскоўцаў, чыноўнікаў і духавенства. Яны з'яўляліся тут сацыяльнай апорай царызму, спрыялі будаўніцтву праваслаўных храмаў і перабудове некаторых каталіцкіх і ўніяцкіх бажніц, што былі зачынены пасля паўстання ў 1830-1831 і 1863-1864 гг.

Каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры, маналітнасць праваслаўнай царквы пад скіпетрам расійскіх імператараў, прыдворныя архітэктары распрацавалі розныя варыянты ўзораў праваслаўных бажніц. Гэта былі грувасткія, прысадзістыя пабудовы, фасады якіх літаральна перагружаліся дэкорам, механічна скапіяваным з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XV і XVІІ стст.

Ініцыятарам будаўніцтва тыпавых цэркваў у псеўдарускім стылі ў гарадах і вёсках Беларусі быў граф Мураўёў, пад кіраўніцтвам якога было жорстка задушана паўстанне 1863 г. Гэтыя храмы ў народзе пачалі называць "мураўёўкамі".

На мяжы ХІХ-ХХ стст. на Беларусі ў цэнтрах губернскіх і вялікіх павятовых гарадоў былі збудаваны вялікія праваслаўныя саборы ў класічным неарускім стылі (Горадня, Менск, Барысаў і г. д.). Мастацкая якасць гэтых бажніц не вытрымлівала ніякай крытыкі і была прадметам агульнага ганьбавання з боку тагачасных пісьменнікаў і мастацтвазнаўцаў.

Побач з несапраўднай готыкай і псеўдавізантыйскім стылем у культавым дойлідстве Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. склаўся неараманскі стыль як водгук на раманскае дойлідства Х-ХІІ ст.

У 90-я гады ХІХ ст. на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, запанаваў новы архітэктурны стыль - мадэрн, які існаваў да пачатку Першай сусветнай вайны.

Мадэрн у перакладзе з французскай мовы азначае "найноўшы", "сучасны". Для яго характэрны багаты ляпны дэкор з уключэннем стылізаваных элементаў готыкі, антычнага і народнага мастацтва, шырокае ўжыванне хваліста-ламаных ліній у арнаментацыі і асіметрычна-крывалінейныя завяршэнні дзвярных і аконных праёмаў.

У гэты час шырока ўжываюцца новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі. У першую чаргу гэта цэмент, металічная арматура, дабраякасная цэгла, фабрычная дахоўка. На цэментнай рошчыне з чырвонай цэглы выкладаліся фасады пабудоў, прычым швы ў муроўцы былі вельмі тонкія і падрэзаныя.

Шырока ўжывалася шкло, з якога рабілі нават дахоўку. Вырабляліся і вельмі тонкая пляскатая чырвоная дахоўка, якая прымацоўвалася да крокваў з дапамогай металічнага дроту. Найбольш мадэрнавых будынкаў захавалася ў Гродна, Магілёве і Гомелі. Гэта жылыя камяніцы і адміністрацыйныя гмахі, у першую чаргу банкі. Рысы мадэрну маюць асабнякі і сядзібы і ў вясковай мясцовасці. Архітэктура мадэрну існавала да пачатку Першай сусветнай вайны і з'яўляецца для нас помнікам буржуазнаму грамадству з яго тэхнакратычнай, прэтэнцыёзнай і напышлівай культурай.

Абарончыя збудаванні

(Бабруйская, Брэсцкая і Гарадзенская крэпасці)

Пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай Расійская імперыя пачала ўмацоўваць новыя заходнія межы. Аўтарам праекту па ўмацаванні новых межаў імперыі стаў граф Карл Оперман. У 1810 г. ён быў прызначаны кіраўніком будаўніцтва крэпасцей у Дынабургу і Бабруйску. Дэталёвы план будаўніцтва Бабруйскай крэпасці склаў Тэадор Нарбут, будучы гісторык, аўтар шматтомнай гісторыі ВКЛ. Бабруйскую крэпасць хацелі зрабіць самай магутнай у Еўропе. Паводле плана Нарбута крэпасць павінна была складацца з сямі палігонаў (бастыёнаў) і прыбярэжнага форта, паўднёвую частку ўмацавання складаў восьмы палігон. Агульная працягласць усіх франтоў (фасадаў) асноўнай крэпасці складала каля 3,8 км. Унутраная частка складала ад 100 да 120 м. Тут было размешчана 250 дамоў гараджан, разбітых на 24 кварталы.

Непасрэдна земляныя работы пачаліся 4 чэрвеня 1810 г. На працу сагналі тысячы беларускіх прыгонных сялян і салдатаў, узбооеных рыдлёўкамі і тачкамі.

У гэтыя часы з'явілася спецыяльная прафесія - грабар. Прычым грабарствам займаліся не толькі мужчыны, але і кабеты.

Менавіта беларускія грабары выкапалі адзін з першых у Еўропе канал Агінскага, які звязваў у XVIII ст. басейны Балтыйскага і Чорнага мораў.

Пасля захопу Беларусі Расійскай імперыяй грабарская праца стала адной з візітных картак тагачаснага беларускага прыгоннага селяніна. Тысячы грабароў па загаду рускага цара спачатку разбурылі і знеслі славутыя беларускія гарады Бярэсце і Бабруйск, а потым пабудавалі на іх месцы Брэсцкую і Бабруйскую крэпасці.

У другой палове ХІХ ст. беларускія грабары ўручную насыпалі тысячы вёрстаў чыгунных шляхоў на неахопных прасторах Расійскай імперыі.

На будаўніцтва Бабруйскай крэпасці прыгналі прыгонных сялян з Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. У ліпені 1811 г. крэпасць была ўрачыста адкрытая як ваенны аб'ект. Падчас вайны з Напалеонам у 1812 г. крэпасць вытрымала чатырохмесячную аблогу французаў.

Другі этап разбудовы крэпасці гэта 1812-1836 гг. Да 1820 г. зрабілі яшчэ 17 бастыёнаў і форт "Фрыдрых Вільгельм" (1822 г.). Усе будынкі мелі аздабленні фасадаў элементамі класіцызму. У 1826 г. тут адбылося выступленне дзекабрыстаў Палтаўскага палка пад кіраўніцтвам прапаршчыка С.І. Трусава.

Пасля паўстання дзекабрыстаў тут была зроблена катаржная турма. Пасля паўстання 1863-1864 гг. тут зняволена каля дзвюх тысячаў паўстанцаў.

У 1868 г. Бабруйскую цытадэль перавялі з першага класа абароназдольнасці ў другі, у 1886 г. яе пераўтварылі ў вайсковы склад. У 1873 г. Лібава-Роменская чыгунка прайшла праз тэрыторыю крэпасці і падзяліла яе на дзве часткі.

У 1897 г. цытадэль канчаткова ліквідавалі як вайсковы аб'ект, і яна пачала паступова разбурацца. Падчас Першай сусветнай вайны тут знаходзіліся вайсковыя часткі рускай арміі. У часы вайны з Польшчай палякі зрабілі тут лагер палонных чырвонаармейцаў. Пасля 1921 г. тут знаходзіліся часткі Чырвонай арміі. У 1941 г. фашысты прыстасавалі цытадэль пад лагер смерці і да жніўня 1942 г. знішчылі тут каля 40 тысяч палонных савецкіх салдатаў, якія былі пахаваныя на тэрыторыі крэпасці. Пасля вайны крэпасць паступова разбуралася і зараз знаходзіцца ў заняпадзе.

У канцы XVIII ст. на месцы старажытнага беларускага горада Брэст-Літоўска вырашылі пабудаваць вялікую цытадэль. Першыя планы будаўніцтва прапаноўваліся ў 1797 і 1807 гадах, але не былі рэалізаваныя. У 1830 г. новы план крэпасці прапанавалі ваенныя інжынеры К.І. Оперман, Н.М. Малецкі і А.І. Фельдман. Спачатку разбурылі гістарычны цэнтр Брэста, пакінулі толькі некалькі будынкаў манастыроў і храмаў, які прыстасавалі пад патрэбы крэпасці. Новы горад пабудавалі на адлегласці 2 км ад межаў умацаванняў. Першыя будаўнічыя працы пачаліся ў 1833 г., а праз тры гады ўрачыста заклалі першы камень будучай крэпасці.

1 чэрвеня 1836 г. заклалі падмуркі абарончай казармы ў Цытадэлі - цэнтральнай астраўной часткі фартэцыі. У падмуркі казармы ўмуравалі бронзавую дошку ў гонар імператара Мікалая І і куфэрак з 21 манетай. 26 красавіка 1842 г. крэпасць афіцыйна стала вайсковым аб'ектам Расійскай Імперыі.

Яна складалася з галоўнай часткі - Цытадэлі і трох дадатковых умацаванняў, якія прыкрывалі яе з трох бакоў. Валынскае ўмацаванне абараняла Цытадэль з поўдня, Цярэспальскае - з захаду і Кобрынскае - з поўначы і ўсходу. Агульная плошча крэпасці складала 4 кв. км. Рэкі Мухавец і Заходні Буг, а таксама абвадныя каналы ўтварылі чатыры асобныя астравы.

Найбольш абароненай часткай крэпасці была цэнтральная частка - Цытадэль. Гэта была замкнёная двухпавярховая абарончая казарма ў выглядзе шматкутніка даўжынёй 1,8 км з магутнымі вонкавымі цаглянымі сценамі таўшчынёй каля 2 м. Цытадэль мела больш за 500 артылерыйскіх казематаў, якія маглі ўтрымліваць гарнізон з 12 тысяч салдат з усімі прыпасамі. У двары Цытадэлі знаходзіліся будынкі арсенала, інжынернага ўпраўлення, Белага палаца і гарнізоннай царквы. Праз чатыры брамы (Брэсцкую, Холмскую, Цярэспальскую і Беластоцкую) і масты Цытадэль была злучана з акольнымі ўмацаваннямі.

Цярэспальская фартэцыя мела чатыры земляныя бастыёны-люнеты, Кобрынская - чатыры бастыённыя фарты з трыма равелінамі, Віленская - два бастыённыя фарты з двума равелінамі. Усе фартэцыі былі абкружаны абводнымі каналамі і абарончым валам вышынёй 10 м. Галоўная крапасная лінія мела даўжыню болей за 6,4 км. 21 мост злучаў прадместныя ўмацаванні з крэпасцю. Пазней, у 1869-1872 гг. з мэтай прыкрыцця паўночна-заходняй часткі крэпасці на адлегласці 1 км ад яе пабудаваны форт "Граф Берг".

У 1878 г. вакол крэпасці зрабілі лінію дадатковых умацаванняў з дзевяці фартоў, размешчаных на адлегласці 3-4 км адзін ад другога. Гэта былі земляныя ўмацаванні з казематамі і артылерыйскімі батарэямі.

Кожны форт мог размясціць да 250 салдат і да 20 гармат. Даўжыня абарончых збудаванняў Брэсцкай крэпасці дасягнула да 30 км.

У 1912 г. прынялі рашэнне пашырыць крапасныя ўмацаванні. За 6-7 км ад Цытадэлі вырашылі зрабіць новы пояс умацаванняў з 14 фартоў і 21 абарончага пункта. Да пачатку Першай сусветнай вайны лінія абароны мела 14 фартоў, 21 прамежкавы абарончы пункт, 5 абарончых казармаў, 7 порахавых паграбоў і 38 артылерыйскіх батарэй.

У першыя месяцы вайны дабудавалі 5 фартоў, якіх не паспелі скончыць да пачатку вайны. Да вясны 1915 г. крэпасць была цалкам падрыхтавана да абароны.

Аднак у жніўні 1915 г. пад ціскам нямецкай арміі рускія войскі пакінулі крэпасць без ваенных дзеянняў. Перад адыходам, ноччу з 12 на 13 жніўня яны ўзарвалі большасць фартоў, спалілі драўляныя масты і крапасныя будынкі.

З сакавіка 1918 г. у будынку Белага палаца бальшавікі падпісалі з Германіяй сепаратны Брэсцкі дагавор, паводле якога частка Беларусі разам з Брэстам пераходзіла да немцаў.

З 1921 па 1939 г. у крэпасці знаходзіўся польскі ваенны гарнізон дзявятай акругі польскай арміі. З 14 па 17 верасня тут бараніліся польскія атрады ад нямецкай танкавай дывізіі генерала Гудэрыяна. У выніку баёў частка Цытадэлі была разбурана. 22 верасня 1939 г. крэпасць заняла Чырвоная армія, часткі якой знаходзіліся тут да 22 чэрвеня 1941 г. Гарнізон крэпасці колькасцю больш за тры тысячы чалавек абаранялі крэпасць на працягу месяца. Амаль усе будынкі крэпасці, якія мелі гістарычную ці мастацкую каштоўнасць былі знішчаны.

У лістападзе 1956 г. у частцы абарончай казармы Цытадэлі быў створаны Музей абароны Брэсцкай крэпасці. У 1965 г. крэпасць атрымала званне "Крэпасць-герой", і было прынята рашэнне пра яе рэстаўрацыю і музеефікацыю. У 1971 г. быў адкрыты мемарыял "Брэсцкая крэпасць-герой".

У канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. планавалі пабудаваць і Гродзенскую крэпасць. Паводле планаў царскіх генералаў хацелі знішчыць і гістарычны цэнтр Гродна. На месцы Новага і Старога замкаў планавалі паставіць артылерыйскія батарэі, тэрыторыю кляштара францысканцаў займала перадмаставое ўмацаванне "Тэт-дэ-пон". Квартал Гарадніцу наогул хацелі затапіць з дапамогай чатырох плацін. Аднак гэтыя злачынныя планы для беларускай гісторыі рэалізаваць не паспелі.

Новыя ўмацаванні вакол Гродна вырашылі пабудаваць у 1873 і 1880 гадах.

На працягу 1887-1889 гг. пабудавалі пяць фартоў. Першы форт зрабілі ва ўрочышчы Пышкі, на правым беразе Нёмана каля вёсак Дзевятоўка і Грандзічы пабудавалі яшчэ два фарты. Усе фарты мелі драўляна-земляную канструкцыю. Кожны форт мог размясціць тры пяхотныя роты і чатыры гарматы. Агульная абарончая лінія мела даўжыню 14 км.

У жніўні 1912 г. прынялі новы план па будаўніцтву дадатковых умацаванняў. Хацелі збудаваць 13 тыпавых фартоў, абарончыя пункты, пляцоўкі для цяжкіх гармат, аэрадром, плаціны і дарогі.

Работы пачаліся і працягваліся да жніўня 1915 г. Расійскія гарнізоны абараняліся ў незакончаных умацаваннях, а потым узарвалі іх і адступілі. Ацалелі толькі форт № 4 (каля в. Стрэльчыцы) і форт № 12 (каля в. Чашчаўляны), бо іх паспелі раптоўна захапіць нямецкія войскі.

У 1916-1917 гг. немцы спрабавалі ўмацаваць усходнюю частку Гродзенскіх умацаванняў, а ў 1919-1920 гг. іх ініцыятыву спрабавалі здзейсніць польскія войскі, але беспаспяхова. У гады Другой сусветнай вайны фашысты выкарыстоўвалі форт №12 як месца масавых знішчэнняў мясцовых жыхароў.


Са зменай ваеннай тактыкі ў часе Першай сусветнай вайны Беларусь з поўдня на поўнач парэзала стужка нямецка-рускіх акопаў і бліндажоў, сляды якіх захаваліся да нашых дзён. Каб выкапаць іх, акрамя салдат, былі прыцягнутыя сотні тысячаў беларускіх сялян-грабароў.

Лінія нямецка-рускага фронту перарэзвала Беларусь з поўначы на поўдзень з 1915 па 1918 г. Найбольш грунтоўна мураваныя ўмацаванні рабілі немцы. Безліч нямецкіх бетонных сховішчаў і ДАП-аў, аплыўшых акопаў, насыпаў ад былых вузкакалеек, магутных апор ад мастоў праз рэчкі не могуць і зараз не ўразіць. Вельмі добра нямецкія ДАП-ы захаваліся ў Івацэвіцкім раёне ў в. Выганошчы. У розных месцах тут ацалелі бетонныя скрынкі ДАП-аў, якія маюць палутарамятровыя сцены і вузкія вокны-байніцы. Шмат іх на схіле Агінскага канала, які раздзяляе вёску на дзве часткі.

Мясцовыя краязнаўцы называюць гэтае месца "Выгонашчанская фартэцыя" і прапануюць прызнаць яе гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Рэшткі нямецкіх ДАП-аў засталіся і на тэрыторыі Крэўскага замка, які трапіў у першую лінію нямецкай абароны і быў амаль знішчаны абстрэламі рускай артылерыі. Таксама шмат нямецкіх умацаванняў засталося на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Яны прадстаўлены траншэямі, акопамі і доўгатэрміновымі ўмацаванымі кропкамі (ДУК). Немцы стварылі тут дзве, а месцамі і тры, лініі абароны. Кожная паласа мела 2-3 траншэі, якія былі накрытыя стралковымі шчытамі, навесам з бярвення, якія ахоўвалі салдат ад асколкаў. На камандных вяршынях ставілі жалезабетонныя бліндажы - ДУК-і. У некаторых месцах іх сабрана на невялікай па плошчы мясцовасці ад 20 да 30 збудаванняў.

Іх памеры: даўжыня - 8-15 м, шырыня 3-5 м, таўшчыня сцен - каля 50 см. Некаторыя цалкам закапаныя ў зямлю, іншыя ўзвышаюцца над мясцовасцю. Каля вёскі Дукі, пад Паставамі іх налічваецца каля 25. Яшчэ адзін умацаваны раён знаходзіцца каля азёраў Варанец і Доўжа на мяжы з Мядзельскім раёнам.

У 1915 г. практычна быў разбураны горад Смаргонь, дзе праходзілі некалькі месяцаў цяжкія баі.

Руская армія не мела бетону для будаўніцтва сваіх умацаванняў і таму рабіла іх толькі з дрэва (шматнакатныя бліндажы, доўгатэрміновыя агнявыя пункты, капаніры і інш.), таму да нашых дзён яны не захаваліся.

Так у в. Залессе пад Смаргонню знаходзяцца рускія могілкі, дзе пахаваны салдаты загінуўшыя падчас газавай атакі немцаў 20 ліпеня 1916 г. У добрым стане знаходзяцца нямецкія могілкі ў Пінску. Аднак у большасці гэтыя пахаванні закінутая і чакаюць адпаведнага добраўпарадкавання.

У 2014 г. у айчыннай картаграфіі з'явіўся ўнікальны гістарыяграфічны дакумент. "Белкартаграфія" выпусціла "Карту вайсковых пахаванняў Першай сусветнай вайны".

Упершыню на карту Рэспублікі Беларусь нанесены агульныя пахаванні, індывідуальныя пахаванні, брацкія магілы, памятныя мясціны з магчымымі захаваннямі, мясціны былых пахаванняў, мясціны перазахаванняў. Пазначана і нацыянальная прыналежнасць могілак (аўстрыйскія, нямецкія, рускія, мусульманскія, інтэрнацыянальныя). Адзначаны стан пахаванняў (дагледжаныя, раскапаныя, закінутыя, тыя, пра стан якіх звесткі адсутнічаюць).

Па звестках, на сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі захавалася 248 месцаў пахаванняў Першай сусветнай вайны. З іх: 127 - аўстра-германскіх, 69 - рускіх, 52 - змешаныя. Але гэтая лічба не канчатковая.

Наступствы вайны для беларускага народа насілі трагічны характар: не менш як 900 тысяч жыхароў Беларусі было мабілізавана ў расійскую армію, каля 1,5 мільёна сталі бежанцамі і пакінулі яе тэрыторыю, яшчэ амаль 2 мільёны чалавек апынуліся ў зоне нямецкай акупацыі.

Яшчэ адзін цікавы вайсковы аб'ект - аэрадром быў збудаваны ў 1912-1913 гг. на ўскраіне г. Ліды. За лета 1912 г. вайсковыя будаўнікі пад кіраўніцтвам генерал-маёра І.А. Канабіха пабудавалі склады авіяцыйнай маёмасці, казармы, падстрэшкі, уладкавалі ўзлётна-пасадачную паласу, папярэдне сабраўшы ўсе камяні. Да канца 1913 г. з'явіліся майстэрні, жылыя дамы для афіцэраў, вялізны (90х40х40 м) драўляны, на металічным каркасе, элінг, вышка-прычал для дырыжабляў.

Спланавана дарожка для разгону і пасадкі аэрапланаў шырынёй каля 100 м, і пабудаваны таксама падстрэшкі для самалётаў. Лідскі аэрадром нядаўна адзначыў стогадовы юбілей і зараз з'яўляецца важным вайсковым аб'ектам паветраных узброеных сілаў Беларусі.


У часы Расійскай Імперыі ўлады абыякава, а то і варожа, ставіліся да беларускіх замкаў - спадчыны ВКЛ. Так, спалены падчас вайны 1812 г. Мірскі замак стаяў у руінах. Руіны Навагрудскага замка мясцовыя ўлады пераўтварылі ў гарадскі сметнік.

Цікавы лёс напаткаў і замак Гедзіміна ў Лідзе. У 1878 г. лідскія ўлады звярнуліся да генерал-губернатара па дазвол знесці замкавыя муры, але той не дазволіў. У верасні 1882 г. пытанне праз знішчэнне замка разглядала гарадская дума, а пасля пажару 1891 г. яго пачалі ламаць без усялякіх дазволаў.

Інфармацыя пра гэты вандалізм дайшла да Імператарскай археалагічнай камісіі ў Санкт-Пецярбурзе, якая займалася аховай помнікаў архітэктуры. У Ліду накіравалі знакамітага рэстаўратара і архітэктара Пятра Пакрышкіна, які агледзеў замак, замаляваў яго муры і зрабіў шмат фотаздымкаў. Дзякуючы яму, разбураць замак перасталі. У 1903 г. Лідскае гарадское грамадскае ўпраўленне звярнулася да генерал-губернатара з просьбай выдзеліць на рамонт замка 1943 рублі 2 капейкі з дзяржаўнай казны. У 1906 г. генерал-губернатар Любімаў падтрымаў гэтую прапанову і звярнуўся ў Міністэрства фінансаў, якое ў кастрычніку 1908 г. грошы выдзеліла, і ў 1909 г. адбыліся рамонтныя работы, прычым акрамя звычайных рабочых, з мэтай эканоміі грошай працавалі зняволеныя з Лідскай турмы. У выніку прыбралі тэрыторыю замка і ўмацавалі замкавыя муры і верхнія часткі сцен атынкавалі цэментнай рошчынай. У Першую сусветную вайну замак не пацярпеў.

Частка 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921-1939 гг.)

Тэрмінам "Заходняя Беларусь" вызначаюцца раёны кампактанага пражывання карэннага беларускага насельніцтва, якія ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1921 гг. апынуліся ў складзе Польскай дзяржавы ў адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай (сакавік 1921 г.). Гэта тэрыторыя складала 28 паветаў Навагрудскага, Палескага, Віленскага і Беластоцкага ваяводстваў. Гэта 82 тысячы кв. км у складзе сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ў 1931 г. жыло 4,6 мільёнаў чалавек.

У 1939-1940 гг. частка Заходняй Беларусі (Віленшчына) была Сталіным перададзена Літве, а Беласточчына ў 1944-1950 апынулася ў складзе Польшчы.

Тут у 20-30-я гг. ХХ ст. развівалася архітэктура і археалогія, дзейнічаў Віленскі ўніверсітэт, працавалі вядомыя беларускія і польскія архітэктары, мастакі, гісторыкі мастацтва, фатографы і археолагі.

Тут актыўна ішло рэлігійнае жыццё, але каталіцкая канфесія пераважала. Згодна з законам аб рэвіндыкацыі каталікам вярнулі культавыя будынкі і землі, якія ў свой час царскія ўлады перадалі рускай праваслаўнай царкве. На тэрыторыі Заходняй Беларусі аднавіла сваю дзейнасць уніяцкая царква, а праваслаўная царква атрымала аўтакефалію і аддзялілася ад рускай праваслаўнай царквы, якая ў СССР прыйшла ў поўны заняпад.

У 1919 г. зноў пачаў дзейнасць Віленскі ўніверсітэт. Адраджэнне ўніверсітэта вітаў Я. Купала і іншыя дзеячы Беларушчыны. Было створана 6 факультэтаў, універсітэт атрымаў імя С. Баторыя. З 1922 г. універсітэт выдаваў свой штомесячны часопіс. У ім працавалі Ластоўскі, Дэмбоўскі, Урублеўскі і археолагі сужэнцы Галубовічы.

Пры ўніверсітэце існаваў беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў газету "Студэнцкая думка". Таксама пры ўніверсітэце была заснавана Камісія па ахове старажытнасцей на чале з нашым земляком, знакамітым мастаком Фердынандам Рушчыцам. Ён упершыню выказаў ідэю аб стварэнні музея беларускай архітэктуры пад адкрытым небам - скансена, дзе можна было сабраць унікальных прадстаўнікоў народнага дойлідства. З 1919 па 1932 г. Рушчыц працаваў прафесарам аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта.

Вялікую ролю ў развіцці і вывучэнні нацыянальнай школы дойлідства адыграў польскі архітэктар Юліюш Клос. У 1930-1931 гг. ён разам са Станіславам Лорэнцам, Янам Булгакам і студэнтамі Віленскага ўніверсітэта прымае ўдзел у экспедыцыях па вывучэнні архітэктуры Браслаўшчыны. Спадчына навуковай дзейнасці Клоса захавалася ў Гістарычным архіве Літвы і налічвае звыш 100 спраў. Пасля перадачы Вільні Літве 15 снежня 1939 г. новыя літоўскія ўлады зачынілі ўніверсітэт, а ў яго будынкі правялі некаторыя факультэты Каўнаскага ўніверсітэта. 19 сакавіка 1943 г. іх зачынілі немцы. Дзейнасць універсітэта аднавілася ў 1945 г. у Савецкай Літве. Літоўцы цалкам перавезлі ў Вільню ўніверсітэт г. Каўнаса. Былыя польскія выкладчыкі ў чэрвені 1945 г. пераехалі ў Торунь, дзе заснавалі ўніверсітэт імя Каперніка.

Станаўленне беларускай нацыянальнай архітэктурнай школы звязана з імёнамі Л. Вітана-Дубейкаўскага, К. Дуды-Душэўскага і Ю. Клоса. Вялікая заслуга ў стварэнні ўласна беларускага нацыянальнага стылю належыць Лявону Вітану-Дубейкаўскаму.

Ён нарадзіўся ў фальварку Дубейкава на Мсціслаўшчыне, пазней вучыўся ў Варшаве, дзе скончыў школу будаўнічых рамёстваў. Потым вярнуўся на радзіму, дзе ў Смаленску адкрыў сваё прыватнае бюро.

У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўніцтва мураванага касцёла ў Смаленску. Вялікі дзвюхвежавы касцёл таксама таямнічым чынам быў пабудаваны ў рэкордныя тэрміны - за два гады. На гэты ж час прыпадае "рэстаўрацыйны" перыяд у творчасці маладога дойліда. З 1895 да 1901 г. ён праводзіць рэстаўрацыю касцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з Даўкшам), Воршы, Свіслачы (каля Асіповічаў) і, вядома, у родным Мсціславе. У 1901 г. Дубейкаўскі будуе ў Смаленску фабрыку жалеза-бетонных вырабаў.

Пазней ён прыцягвае сваю адукацыю ў Санкт-Пецярбурзе і Парыжы, дзе атрымлівае дыпломы інжынера-архітэктара і архітэктара-мастака.

Крыніцы сваёй беларускай свядомасці ён называў сам: маці, якая ніколі не цуралася роднае мовы і кніжачка Багушэвіча, якую паказаў яму мсціслаўскі ксёндз. Яшчэ напрыканцы ХІХ ст., працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор. Пісаў па-беларуску вершы, апавяданні, ліставаўся з беларускімі газетамі.

У кастрычніку 1916 г. Дубейкаўскі з'явіўся ў Петраградзе, дзе яго знайшоў ксёндз Будзька і замовіў яму праект драўлянага касцёла ў беларускім стылі. Гэты праект прызначаўся для вёскі Янатруда ў Полацкім павеце. У студзені 1917 г. праект быў зацверджаны Міністэрствам, і ўжо ўлетку меліся распачацца будаўнічыя работы.

Лютаўская рэвалюцыя скасавала ўсе планы. Праект застаўся нерэалізаваным.

Паводле праекту, касцёл у Янатрудзе мусіў уяўляць сабою просты ў плане, кампактны будынак, з вялікім прасторным нефам і вялікай шмат'яруснай вежаю-званіцай над хорамі. З боку галоўнага ўваходу мусіла быць прасторная галерэя на чатырох тонкіх калонах, крытая вялікім гонтавым шатром. Шацёр галерэі плаўна абдымаў вежу, пераходзячы ў суцэльны дах над усёй бажніцаю, краі якога мякка выгіналіся на доўгіх кроквах.

Чатырох'ярусная вежа спалучала ў сабе рысы ўсіх традыцыйных прыёмаў, у яе вобразе не было нічога спецыфічна каталіцкага, рымскага, далёкага. Гэтая бажніца з роўным правам магла б служыць прататыпам і для католікаў, і для праваслаўных, і для пратэстантаў. Вельмі выразны, дынамічны абрыс, сканцэнтраваная сіметрычная кампазіцыя, адсутнасць штучнага дэкору.

У 1924 г. Лявон Вітан-Дубейкаўскі праектуе касцёл для мястэчка Дрысвяты, што на Браслаўшчыне. Але да рэалізацыі праекту мінае яшчэ колькі гадоў. Тым часам ён будуе царкву старавераў у Відзах, факультэт мастацтва Віленскага ўніверсітэта (сёння Акадэмія мастацтваў), лясніцтва ў Шумску, падлясніцтва ў Кене, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзібу ў Вільні, на Падгорнай. Увесь час не перапыняе выкладчыцкую працу. Яшчэ ў 1919 г. ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Гародні і ў Вільні. А ў 1925 - стварае і кіруе Школай будаўлянага рамяства ў Вільні.

У 1927 г. Дубейкаўскі нарэшце прыступіў да будаўніцтва Нісвяцкага касцёла ў беларускім стылі.

Галоўны фасад касцёла Пятра і Паўла вельмі блізкі да праекту касцёла ў Янатрудзе, але галоўная вежа нашмат вышэйшая і страмчэйшая. Да яе кампазіцыйна прывязаная моцна развітая вежа-сігнатура над сяродкрыжжам, расшыфроўваючы кананічныя дачыненні паміж асобамі Святых апосталаў - Пятра і Паўла.

Рупліва вывучаў беларускае дойлідства знакаміты беларускі мастак Язэп Драздовіч. Шырокую вядомасць набылі яго "гістарычныя пейзажы", дзе беларускія замкі паказаныя ў лірычна-сімвалічнай манеры. Гэта замкі ў Міры, Лідзе, Крэве і Гальшанах. Маляваў мастак народную архітэктуру і помнікі археалогіі.

У 1927-1930-х гг. Драздовіч зрабіў вялікую серыю замалёвак муроў Навагрудскага замка, а таксама зрабіў рэканструкцыю ўмацаванняў Навагрудскага замчышча.

Помнікі архітэктуры Сярэднявечча на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі аднесены да польскага культурнага фонду, ахоўваліся, вывучаліся і аднаўляліся за дзяржаўныя сродкі, а таксама за асабістыя сродкі ўласнікаў замкаў, палацаў, гарадскіх дамоў і вясковых фальваркаў. Рэстаўрацыя і кансервацыя помнікаў гісторыі і культуры праводзіліся на грунтоўнай навуковай аснове.

Адноўлены касцёл (фара Вітаўта) у Гродна, касцёл св. Міхаіла ў Гнезна, зроблена кансервацыя і частковая рэстаўрацыя замкаў у Вільні, Троках, Лідзе, Крэве, Міры, Навагрудку, Любчы, старога замка ў Гродна і іншых гістарычных аб'ектаў. Праводзіліся маштабныя археалагічныя раскопкі, падчас якіх знойдзены невядомыя раней помнікі беларускага дойлідства ў Гродна, Навагрудку і Давыд-Гарадку. Помнікі беларускай архітэктуры і старажытныя будаўнічыя матэрыялы былі прадстаўлены ў экспазіцыях беларускіх музеяў у Вільні, Гродна, Слоніме і Пінску.

Жыллё сялян і гараджан

За час Першай сусветнай вайны, а таксама польска-савецкай вайны жылы фонд заходне-беларускіх гарадоў прыйшоў у заняпад, шмат дамоў было разбурана падчас ваенных дзеянняў. Найбольш пацярпелі Смаргонь і Ліда, дзе ішлі баі ў межах горада ў 1920 г. Польскія ўлады захавалі беларускія мястэчкі, прычым інтэнсіўнае будаўніцтва вузкакалейных чыгунак рабілі развіццё і рост гарадскіх паселішчаў Заходняй Беларусі больш стабільнымі. Усяго тут налічвалася 97 гарадоў. Аднак польскі ўрад не спрыяў індустрыялізацыі беларускіх земляў, што межавалі з СССР. У якасці выключэння можна назваць мястэчка Ракаў, недалёка ад Мінска, якое атрымала статус горада і бурна развівалася, дзякуючы кантрабандзе на савецка-польскай мяжы. У выніку паланізацыі шматнацыянальныя беларускія гарады ператвараліся ў цэнтры польскай культуры. Выключэннем была Вільня, дзе знаходзіўся найбольшы культурны асяродак беларусаў.

Роля Заходняй Беларусі як каланіяльнай акраіны Другой Рэчы Паспалітай асуджала значную частку насельніцтва на нізкі жыццёвы ўзровень і беднасць. Агульнай праграмы развіцця сацыяльнай сферы краю не існавала, дабрабыт насельніцтва залежаў ад умоў развіцця гаспадаркі, якая залежала, ў сваю чаргу, ад перыядычных эканамічных крызісаў.

Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна - 10-12, у сельскай мясцовасці - 16 гадзін.

З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць адпачынак з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.

У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. - каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта ён выдаваўся ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25-50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельска-гаспадарчай прадукцыяй.

Пасля захопу Заходняй Беларусі сюды прыехала шмат польскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Каб вырашыць праблему іх рассялення, было вырашана распачаць будаўніцтва спецыяльных комплексаў адміністрацыйных і жылых будынкаў - так званых калоній дзяржаўных дамоў. Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася ў 1923 г. У 1924 г. былі выдзелены грашовыя сродкі і створаны ваяводскія будаўнічыя камітэты. Цэнтр будоўлі на "Крэсах усходніх" знаходзіўся ў Брэсце. Польскія архітэктары з Варшавы і іншых гарадоў прымалі адпаведныя замовы на распрацоўку тыпавых дамоў для забудовы. Ад архітэктараў патрабавалася, каб новыя кварталы-калоніі гарманічна спалучаліся з мясцовай забудовай.

Праектаваліся дамы з больш тоўстымі сценамі, чым у Польшчы, прыстасавыныя да больш халоднага клімату. Планавалася адначасова пачаць будаўніцтва новых дамоў у 44 гарадах і мястэчках. У Навагрудскім ваяводстве хацелі збудаваць 43 дамы (з іх 21 - мураваны, 22 - драўляныя), у Віленскім - 27 дамоў, у Палескім - 69 будынкаў. У Лідзе новы квартал-калонія быў збудаваны за горадам на так званым "выгане". Тут акрамя 7 дамоў для чыноўнікаў збудавалі цагляныя карпусы бальніцы, дзве школы, гімназію, паштамт і стадыён.

Дом лідскага старасты збудавалі ў модным тады "закапанскім" стылі. Па гэтай жа прымеце будаваліся дамы для стараст і ў іншых гарадах. У Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы дайшлі да нашых дзён. Лідскія дамы былі розных памераў. Гэта два дамы "на дзве сям'і", адзін дом на "чатыры сям'і" і тры дамы "на шэсць сямей". Двор гэтых дамоў быў падзелены на 6 пляцовак пад сад-агарод для жыхароў дома. Значная частка гарадской забудовы ў Лідзе, як і ў іншых гарадах і мястэчках, была драўляная. Таму шмат якія з іх мелі мураваныя супрацьпажарныя сцены (брандмуры). Напрыклад, лідскія дамы з брандмурамі будаваліся як да рэвалюцыі 1917 г., так і ў новай Польшчы. У большасці лідскіх дамоў брандмур узвышаецца над страхой на 60 см і выступае за сцяну на 30 см. Будавалі брандмуры з цэглы, або цэментна-пясчаных блокаў (пустакоў). Унутры некаторых брандмуроў праходзілі пячныя коміны. Цікава, што ў Лідзе захаваліся і цалкам мураваныя дамы, але з брандмурамі, якія паднятыя над страхою.


Гістарычная частка сучаснага Брэста склалася пасля 1830-х гг. пасля пабудовы Брэсцкай крэпасці. Цэнтр быў забудаваны мураванымі дамамі ў адзін-два паверхі, але большасць з іх была разбурана ў 1915-1918 гг. Аднак у 1921-1934 гг. горад быў цалкам адбудаваны. У Брэсце на вуліцы 17 Верасня і вуліцы Савецкай захавалася некалькі дзясяткаў дамоў міжваеннай эпохі. Усе яны маюць складаную кампазіцыю і фасады з багатым дэкорам і ажурнымі балконамі. Падобныя дамы ёсць у Пінску і Гродна. У Слоніме захаваліся два драўляныя асабнякі з высокім мансардавым дахам. З іх найбольш цікавым з'яўляецца гарадскі асабняк, пабудаваны ў 1923 г. Гэта Аднапавярховы П-падобны ў плане аб'ём, завершаны пластычным па форме мансардавым дахам. Галоўны ўваход падкрэслены шырокім шасцікалонным порцікам з трохвугольным франтонам. На плоскасных фасадах выдзяляюцца прамавугольныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі. Планіровачная арганізацыя дома заснавана на калідорнай схеме з аднабаковым размяшчэннем асноўных прамавугольных памяшканняў.

У 1930 г. у Слоніме пабудавалі цагляны жылы дом у стылі мадэрн. Дом меў складаны сілуэт і кутні рызаліт з фігурным атыкам уверсе.

У Браславе і Валожыне пабудавалі дзяржаўныя жылыя дамы для мясцовых чыноўнікаў і афіцэраў.

Большасць насельнікаў Заходняй Беларусі жыла ў вёсках. Заходнебеларуская вёска вельмі пацярпела падчас Першай сусветнай вайны, калі ў 1915 г. царскія ўлады гвалтам ператварылі тысячы беларускіх сялян у бежанцаў. Жыхары вёсак мусілі пакінуць свае дамы, якія царскія войскі стараліся спаліць, каб дабро не дасталося немцам. Некаторыя з выгнанцаў вярнуліся дамоў толькі пасля 1921 г.

У эканоміцы заходне-беларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3 тысячы 402 памешчыкі (1% сельскага насельніцтва) валодалі большай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія - 24,15%, багатыя сяляне мелі 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, напрыклад - Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155 200 га.

Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10-15 коней, 15-25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, утрымлівалі 2-3 каровы, аднаго-двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7-8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці багатых аднавяскоўцаў.

Тым не менш жылі беларускія сяляне значна лепей, чым іх браты-калгаснікі ў БССР, і іх дамы былі значна лепшыя. Вось як апісвае Ілья Копыл заходнебеларускую вёску Восава ў 1939 г., калі ён пасля 17 верасня з бацькам прыехаў туды з БССР, каб наведаць сваякоў: "Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя стрэхі хат, пакрытых дахоўкай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышава стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала".

Акрамя беларусаў у сельскай мясцовасці жылі яўрэі і татары. Іван Данілаў, які нарадзіўся і вырас у Драгічынскім раёне, апісвае яўрэйскі пасёлак, які меў назву "Калонія" і меў 13-14 двароў. Побач знаходзіўся паравы млын, а ў суседняй вёсцы Язвіна на пагорку стаялі тры ветракі, дзе сяляне малолі зерне на муку. Дамы ў яўрэйскім пасёлку былі драўляныя, крытыя гонтам альбо рубероідам, і больш дагледжаныя, чым у суседскіх беларускіх вёсках. Акрамя сялянскіх і шляхецкіх гаспадарак на вёсцы былі прыватныя прамысловыя прадпрыемствы.

Удзельная вага прамысловасці ў Заходняй Беларусі складала каля 3 %, а колькасць занятых рабочых - 4,9 %. У Заходняй Беларусі адсутнічала цяжкая прамысловасць. Металаапрацоўка не атрымала развіцця з-за канкурэнцыі з сіндыкатам польскіх металургічных заводаў, таму ў прамысловасці Заходняй Беларусі пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны.

У 1926 г. у Віленскім, Наваградскім і Палескім ваяводствах налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых звыш 20 чалавек, а 19 з іх мелі звыш 100 рабочых - гэта шклозавод "Нёман" у Наваградскім павеце, запалкавая фабрыка "Прагрэс-Вулкан" у Пінску, фабрыка гумавых вырабаў "Ардаль" у Лідзе, тытунёвая фабрыка ў Гародні, фанерныя фабрыкі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы. На гэтых 19 прадпрыемствах было занята 7872 рабочых, але гэта ўдвая менш, чым у 1913 г. У выніку да пачатку Другой сусветнай вайны агульны аб'ём прамысловасці не дасягнуў 1913 г.

Эканамічнае жыццё адзначалася цыклічным развіццём, залежнасцю ад сусветных крызісаў. У 1923-1924 гг. наглядаўся пад'ём прамысловай вытворчасці. Ён адбыўся з прычыны павышэння попыту на прамысловыя тавары і пашырэння аб'ёмаў замежнага гандлю. Урад атрымаў магчымасць ажыццявіць палітыку фінансавай стабілізацыі (з пачатку 1924 г.) і правесці грашовую рэформу. У красавіку 1924 г. быў заснаваны Польскі банк і ўведзена новая грашовая адзінка замест маркі - злоты, які меў залатое напаўненне.

У адроджанай Польшчы былі скасаваны саслоўныя прывілеі. Аднак шляхта і магнаты, дзякуючым сваім буйным зямельным уладанням, у тым ліку і ардынацыям, мелі значны ўплыў на аграрную палітыку краіны. Памеры іх маёнткаў складалі ад 50 да 150 гектараў зямлі. У адпаведнасці з зямельнай рэформай на тэрыторыі Заходняй Беларусі можна было мець ва ўласнасці да 400 га зямлі. Частка шляхты не вытрымала капіталістычнай канкурэнцыі і прадала свае маёнткі на аўкцыёнах. Іншыя ўласнікі з дапамогай заходніх спецыялістаў, у тым ліку аграномаў, вытрымалі канкурэнцыю і зрабілі акцэнт на апрацоўку мясцовай сыравіны. Таксама яны наладзілі адлоў і продаж рыбы і ракаў. Славіліся таксама вяндліна і мясцовыя сыры, зробленыя па швейцарскай тэхналогіі.

У Панямонні і на Палессі быў распаўсюджаны агратурызм, які падтрымліваўся дзяржавай. Былі пабудаваныя добрыя дарогі, у тым ліку і брукаваныя, з'явіўся аўтобусны транспарт.

Тыповы шляхецкі маёнтак у Заходняй Беларусі, як і раней, складаўся з дзвюх частак. Гэта жылы парадны двор пасярод парка і гаспадарчы комплекс. У маёнтку жыла шляхецкая сям'я і прыслуга. Для гасцей у доме заўжды быў спецыяльны пакой з прыгатаваным ложкам. Слугаў было няшмат: кухар, пакаёўка і некалькі чалавек абслугі.

Кіраваў гаспадаркай наёмны кіраўнік маёнтка, які арганізоўваў працу наёмных рабочых і сачыў за станам гаспадаркі. Падчас сезонных гаспадарчых працаў наймалі "падзёншчыкаў", якім плацілі за працу штодня. Акрамя грашовай кампенсацыі, яшчэ і кармілі. Вялікім святам для гаспадара фальварка былі "Дажынкі". Тады для сялян рабілі святочны абед і запрашалі музыкаў.

Падчас сямейных святаў ладзіліся балі ці карнавалы. Самыя знакамітыя балі ладзіў у Нясвіжскім замку Альбрэхт Радзівіл. У дзень імянін шляхціца перад домам ці ўездам у парк будавалася жывая святочная вітальная брама.

У шляхецкіх сядзібах з'явіліся першыя аўтамабілі і матацыклы. У 1939 г. на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай знаходзілася каля 20 тысяч шляхецкіх маёнткаў і палацаў. Пасля верасня 1939 г. усе яны на тэрыторыі занятай савецкімі войскамі былі нацыяналізаваныя. Шмат іх загінула ў полымі Другой сусветнай вайны. Польскія ўлады надавалі шмат увагі добраўпарадкаванню гарадскіх і вясковых вуліц. Брукаваныя дарогі і вуліцы выкладалі шасцікутнікамі, зробленымі з моцнага каменю. На жаль, большасць з іх зараз пакрытая асфальтам. Асобныя фрагменты гэтых прыгожых брукаванак захаваліся ў Гародні, Лунінцы і некаторых іншых населеных пунктах.

Культавыя будынкі (1915-1939 гг.)

Рэлігійнае жыццё ў адноўленай польскай дзяржаве значна ажывілася. На першае месца выйшла каталіцкая (рыма-каталіцкая) канфесія. Паводле закону аб рэвіндакацыі каталікам вярнулі назад храмы, кляштары і землі, якія ў іх адабралі царскія ўлады ў ХІХ ст. Пасля вяртання, будынкам быў вернуты і ранейшы знешні выгляд. Так, фарны касцёл у Гародні (фара Вітаўта) набыў рысы неаготыкі і стаў гарнізонным храмам для польскага войска. Атрымалі першапачатковы выгляд Станіславаўскі касцёл у Мядзелі, Троіцкія касцёлы ў в. Ішкальдзь Баранаваіцкага раёна і в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. У сакавіку 1920 г. каталікам вярнулі былую ўніяцкую царкву ў мястэчку Беліца. Неабмежаванасць рэлігійнай прапаганды і роўнасць культаў у 1925 г. была замацавана ў Канстытуцыі Польшчы.

У траўні 1917 г. у Петраградзе была створана клерыкальная партыя - Беларуская хрысціянская дэмакратыя - БХД, якая з 1919 па 1940 г. у Вільні выдавала сваю газету, а таксама адчыняла беларускія школы, прытулкі і кааператывы. Аднак пасля 1926 г. былі забаронены ў касцёлах казанні на беларускай мове, а ксяндзоў беларусаў альбо пераводзілі на працу ў мясцовасці, дзе жылі толькі палякі, альбо высялялі за мяжу.

У 1923 г. Папа Рымскі Пій XI дазволіў заснаваць у Друі на базе былога бернардзінскага комплексу кляштар айцоў ордэна марыянаў. Адным з кірункаў дзейнасці новага кляштара стала аднаўленне ўсіх будынкаў, заснаванне школы і навіцыяту для беларусаў, кандыдатаў у манахі. Сродкі на яго арганізацыю і дзейнасць збіраліся ў Амерыцы, пэўныя ахвяраванні ўнесла княгіня Магдалена Радзівіл. Арганізатарам кляштара стаў А. Цікота. У першыя гады дзейнасці манахі аднавілі кляштарныя будынкі, адрамантавалі касцёл, наладзілі гаспадарку ў фальварку. Кіраваў рамонтнымі работамі вядомы беларускі архітэктар Л. Вітан-Дубейкаўскі. У Друі марыяне арганізавалі гімназію імя С. Баторыя. Гімназія вылучалася дэмакратычнымі традыцыямі, у ёй навучалася моладзь розных веравызнанняў, бедных навучэнцаў марыяне апекавалі. У 1938 г. манахаў-беларусаў прымусова выселілі з Друі польскія ўлады, а праз год савецкія ўлады закрылі кляштар і гімназію.

У 20-30-я гг. у Заходняй Беларусі праводзіцца практыка кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на строга навуковай аснове. Была праведзена кансервацыя замкаў, узноўлены воблік гатычнага касцёла XV-XVI стст. у м. Гнезна каля Ваўкавыска.

На Палессі развіваюцца рэгіянальныя школы народнага драўлянага дойлідства.

Новыя храмы спачатку будуюцца пад уплывам эклектыкі і мадэрну. У 30-я гг. ХХ ст. у архітэктуры Польшчы ўзнікаюць моцныя ўплывы канструктывізму і функцыяналізму. Адначасова адбываецца рэанімацыя "неастыляў", асабліва неагатычнага і неакласічнага кірункаў.

Адзін з найбольш яскравых узораў нацыянальнага рамантызму з'яўляецца касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Мсцібаў Ваўкавыскага раёна, які будаваўся вельмі доўга, амаль дзесяць гадоў (1910-1919 гг.). Гэта прыгожая двухвежавая базіліка з трансептам, трохграннай абсідай і дзвюмя сакрыстыямі. Сцены будынка прывабліваюць неатынкаванай муроўкай з рознапамернай цэглы.

Цікавасць уяўляе драўляны касцёл Сэрца Ісуса ў в. Канвялішкі (Воранаўскі р-н). Ён пабудаваны ў 1916 г. і здалёк вылучаецца стромкай двух'яруснай вежай-званіцай са спічастым стромкім дахам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Інтэр'ер мае тры нефы і шэсць круглых слупоў.

У 1918 г. асвечаны касцёл Божай маці Ружанцовай у в. Пескі Мастоўскага раёна. Ён зроблены з цэглы і бутавага каменю і ўяўляе сабою трохвежавую базіліку з трансептам і трохграннай апсідай.

Цікава, што неаготыка пранікае і ў праваслаўнае дойлідства. У якасці прыкладу можна назваць драўляную Свята-Мікалаеўскую царкву ў в. Вярховічы (1930-1933 гг.). Храм складаецца з прастакутнага зальнага аб'ёму, апсіды ды амаль квадратнага ў плане прыруба-рызніцы. Шасцерыковая званіца пастаўлена на прастакутны зруб прытвора.

У грамадскай і культавай архітэктуры тагачаснай Рэчы Паспалітай меў пашырэнне і барокавы неарамантызм. Яркім прыкладам з'яўляецца касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў в. Пелішчы Камянецкага раёна. Яго пабудавалі ў 1934 г. Касцёл мае малельную залу, алтар і бакавыя сакрыстыі, перакрытыя агульным дахам, які накрыты дахоўкай. Галоўны фасад вылучаецца вежай-званіцай.

Цудоўным прыкладам мастацкага пераасэнсавання стылю барока з'яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай у в. Солы каля Смаргоні. Храм пабудаваны з каменю і цэглы за восем гадоў (1926-1934 гг.) спосабам народнай будоўлі з дапамогай жыхароў Солаў і суседніх вёсак. У 1924 г. у Баранавічах пабудавалі драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа.

Яшчэ перад Першай сусветнай вайной у Расійскай імперыі запанаваў неакласіцызм, які распрацоўвалі беларускія архітэктары: І. Жалтоўскі ў Маскве, Г. Гай у Кіеве і П. Крачанскі і М. Лялевіч у Пецярбурзе. Напрыканцы 20-х гг. ХХ ст. неакласіцызм вяртаецца ў Заходнюю Беларусь.


Шэдэўрам беларускага неакласіцызму з'яўляецца Свята-Пакроўскі сабор у Баранавічах. Яго будавалі сем гадоў (1924-1931 гг.). Няпоўны аб'ём сабора - гэта кубічная зала з чатырма падкупальнымі слупамі і трыма паўкруглымі апсідамі. Фасады храма аздоблены манументальнымі порцікамі з калонамі іянічнага ордэра. У часы будаўніцтва баранавіцкага сабора ў Варшаве вырашылі знесці расійскі кафедральны сабор Аляксандра Неўскага, пабудаваны як сімвал трыумфу перамогі Расійскай імперыі над Польшчай. Варшаўскі сабор пабудавалі ў 1902 г. паводле праекта Лявонція Бенда і аздобілі прыгожымі мазаічнымі пано. Спецыялісты вырашылі зняць мазаіку з Варшаўскага сабора, закансерваваць і потым перавезці ў Баранавічы. Мазаікі былі перавезены ў 1926-1927 гг. з Варшавы ў Баранавічы, і знайшлі сваё месца ў інтэр'ерах сабора.

Зараз храме знаходзяцца 7 з 16 мазаічных кампазіцый, якія да 1923 г. упрыгожвалі сабор Аляксандра Неўскага ў Варшаве. Мазаічныя кампазіцыі выкананы ў 1902-1911 гг. у майстэрні У. Фралова ў Пецярбургу па кардонах мастакоў В. Васняцова, М. Бруні, М. Кашалёва, В. Думітрашкі шляхам простага і адваротнага набору шліфаванай смальты.

Цікава, што мазаіка на фасадзе капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх у Міры зроблена ў той жа майстэрні Фралова, што і Варшаўскія шэдэўры. Пакроўскі сабор мае і адзін з самых вялікіх у Беларусі іканастасаў. Ён зроблены ў псеўдавізантыйскім стылі ў 1929-1930 гг.

У 1927 г. Л. Вітан-Дубейкаўскі пачынае будаваць у Дрысвятах першы ў свеце храм у беларускім стылі і праз два гады будоўля драўлянага касцёла была завершана. Гэта быў высокі, аднавежавы, трохнефавы будынак у гонар Пятра і Паўла. Прастакутны ў плане храм мае пяцігранную апсіду, прытвор і дзве бакавыя сакрыстыі. Перад галоўным фасадам зроблены порцік, які мае бетонны парапет і абапіраецца на чатыры тонкія, жалезабетонныя слупы-калоны. Дах пакрыты мяккай альховай гонтай.

Акрамя праваслаўных будавалі ў Заходняй Беларусі свае цэрквы і рускія стараверы. Найбольшую цікавасць уяўляе царква Св. Мікалая ў в. Мікалаёнцы на Браслаўшчыне. Гэта адназрубны прамавугольны ў плане храм з высокай трох'яруснай вежай, прыбудаванай да галоўнага фасада. Мясцовыя яўрэі будавалі свае бажніцы і рэлігійныя школы. Былі пабудаваны новыя будынкі яшываў, хэдэраў і трабутаў.

У 1926 г. польскія ўлады адкрылі дзяржаўныя "суботнія школы" для дзяцей яўрэяў, дзе выкладанне вялося на мове ідыш. Так, напрыклад, гарадзенскія яўрэі мелі ў 1937 г. 43 сінагогі, лазню, дзве бойні, два шпіталі і іншыя будынкі. У Берасці ў 1938 г. існавала 40 малітоўных дамоў і сінагог. Цікавую сінагогу ў 20-х гг. ХХ ст. пабудавалі ў Пінску. Будынак захаваўся і дзейнічае і ў нашы дні.

Будавалі свае храмы і мусульмане. Перад 1939 г. татары мелі 17 мячэцяў і 3 малітоўныя дамы. Яны аднавілі ўсе старыя будынкі ранейшых часоў і пабудавалі тры новыя храмы - у Докшыцах, Глыбокім і в. Ластаі на Ашмяншчыне.

Большасць мячэцей паводле свайго знешняга выгляду была падобная да мясцовых пабудоў. Яны нагадвалі сялянскія хаты, сярод якіх вылучаліся вежачкамі з паўмесяцам на вільчаках.

Напрыканцы існавання Другой Рэчы Паспалітай некаторыя храмы атрымалі рысы чыстага канструктывізму, які ўжо даўно існаваў як у Заходняй Еўропе, так і ў СССР. У якасці прыкладаў можна прывесці будынкі вайсковых касцёлаў св. Антонія Падуанскага ў Берасці і Антопалі (Драгічыншчына), пабудаваных у 1938 г.

Берасцейскі касцёл пастаўлены ў цэнтры горада і добра захаваўся. Ён мае прамавугольную малельную залу і вялікую вежу-званіцу на фасадзе. Касцёл у Антопалі так-сама мае прамавугольны асноўны аб'ём, але галоўны фасад вылучаецца высокай двух'яруснай званіцай у выглядзе квадратнай вежы з пляскатым перакрыццем даху.

Даволі цікава выглядае будынак праваслаўнай царквы Раства Багародзіцы ў в. Явар (Дзятлаўшчына), які пабудавалі ў 1933 г. Аснову яго канструкцыі складае муроўка з бетонных блокаў і каркасная канструкцыя з жалезабетону для дэталяў інтэр'еру царквы.

Да верасня 1939 г. у Заходняй Беларусі дзейнічала 446 касцёлаў, 542 царквы, 14 манастыроў і 387 сінагог. На жаль, значная частка гэтых будынкаў не захавалася, частка моцна перабудавана і прыстасавана да іншых мэтаў.

Грамадскія будынкі

Першая спроба будоўлі ў новым стылі - канструктывізму альбо функцыяналізму звязана на тэрыторыі Заходняй Беларусі з будынкам грамадскага прызначэння. Гэта вайсковыя казармы ў Стоўбцах, Берасці, будынкі дзяржаўных устаноў у Берасці, Кобрыне, Пінску і Наваградку, гарадскі суд у Берасці, школы, гімназіі, лячэбныя ўстановы, вакзалы, паштовыя будынкі і г. д. Таксама дзяржава набыла шэраг палацава-паркавых комплексаў, асабліва пашкоджаных падчас Першай сусветнай вайны і адбудавала іх. Так, у Свяцкім палацы зрабілі санаторый, у Сноўскім - кватэры для афіцэраў і вайсковую камендатуру, а пазней і казіно. Косаўскі палац аддалі пад павятовае староства, а ў Опсаўскай сядзібе размясцілася сельскагаспадарчая школа.

Сядзіба ў Опсе закладзена на пачатку ХХ ст. на ўсходнім беразе невялікага возера. Землі належалі Плятэрам. У 1904 г. закончана будаўніцтва мураванага палаца, спраектаванага архітэктарам Целяжынскім.

Сядзібны комплекс нядрэнна захаваўся да нашых дзён. Яго цэнтрам з'яўляецца мураваны палац, размешчаны побач з возерам. Галоўны фасад будынка звернуты на ўсход, па баках фланкіраваны двухпавярховымі рызалітамі. Пасярэдзіне аднапавярховага асноўнага аб'ёму знаходзіцца галоўны ўваход, аформлены порцікам з дзвюмя калонамі. Дах палаца першапачаткова быў гонтавы, складаны, па баках ад порціка меліся люкарны. З боку возера зроблена адкрытая тэраса, да якой з палаца вялі шкляныя дзверы. Спуск да возера на стромкім схіле аформлены каскадам лесвіц. Дзвярныя праёмы галоўнага ўваходу і выхады на тэрасу, а таксама па два аконныя праёмы па баках ад іх мелі паўцыркульныя завяршэнні. Астатнія праёмы былі прамавугольныя. Праёмы дэкараваны арачнымі ліштвамі і пілястрамі. Сцены палаца руставаныя.

Побач з палацам захаваліся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў. Злева ад галоўнага будынка знаходзіцца аднапавярховы на высокім падмурку флігель з бутавага каменю. Будынак драўляны, аднак галоўны фасад мае мураваную сцяну, да якой прымыкае мураваны тамбур з цэнтральным уваходам.

Побач размешчаны склеп з чырвонай цэглы, які служыў для захоўвання напіткаў, малака, садавіны, гародніны. Паглыбленне склепа выкладзена з бутавага каменю. Па правы бок ад палаца знаходзяцца будынкі стайняў, вазоўні, хлявоў, свірнаў. Усе яны мураваныя, большая частка пабудавана з цэглы і атынкавана, ёсць пабудовы з бутавага каменю. Трапецападобныя франтоны на некалькіх гаспадарчых будынках зроблены ў выглядзе фахверкавай канструкцыі, ці "прускага муру". Перад палацам размяшчаўся парадны партэр з газонам і кветнікамі, па баках якога пасаджаны групы дрэў з елак і сібірскай піхты. Схіл да возера аформлены тэрасамі з пасадкамі бэзу. Захаваўся невялікі пейзажны парк, аздоблены асобнымі групамі дрэў, палянамі, алеямі. З паўднёвага боку да парку прымыкае вялікі сад, дзе размяшчалася парніковая гаспадарка. З усходу сядзіба абнесена агароджай. Галоўны ўваход аформлены пілонамі з часанага каменю, завершаны каменнымі шарамі. Такія ж пілоны на падмурку з бутавага каменю маюцца ў агароджы. Паміж пілонамі выкарыстаны нахіленыя штыкеціны. З поўдня маёнтак абмежаваны ручаём, які выцякае з возера. Пры пад'ездзе да сядзібы цераз ручай перакінуты прыгожы арачны мост з часанага каменю.

У часы Першай сусветнай вайны ў сядзібе змяшчаўся шпіталь расійскай арміі, штабы вайсковых частак. У 1922 г. маёнтак выкуплены дзяржавай для арганізацыі мужчынскай сельскагаспадарчай школы, якая працавала ў 1927-1939 гг. у палацы размясцілі класы для заняткаў, сталовую, інтэрнат, кватэры выкладчыкаў. Выкарыстоўваліся ўсе гаспадарчыя пабудовы.

Свецкае прызначэнне атрымаў былы манастырскі шпіталь сярэдзіны XVIII ст. у Асвеі (Верхнядзвінскі р-н).

Будынак былога манастырскага шпіталя П-падобны ў плане аднапавярховы з паўпадваламі ў бакавых частках. У сярэдняй частцы пакоі размешчаны абапал калідора, у бакавых - па адзіны бок. У 1928-1929 гг. будынак прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. Пачатковая планіроўка захавалася толькі ў левым, усходнім, крыле. У пакоях столі плоскія. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Усе сцены аднолькавай таўшчыні (71 см). У паўпадвальным паверсе размяшчалася кухня. Сцены яе разрэзаны лучковымі вокнамі, памяшканні перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі.

Польскія ўлады значную ўвагу звярталі на развіццё чыгуначнага транспарту. Была звернута ўвага на адбудову Берасцейскага вакзала, які быў пабудаваны ў другой палове ХІХ ст. царскімі ўладамі.

Будынак вакзала быў выкананы з яўнай стылізацыяй форм раманскага і псеўдарускага стыляў з элементамі неаготыкі, меў выгляд сярэднявечнай цвердзі астраўнога тыпу, дамінаваў у навакольнай забудове і быў адным з самых прыгожых і буйных вакзалаў таго часу.

У сувязі з далейшым ростам пасажырскіх плыняў і грузавых перавозак, а таксама гарадскім пажарам, ад якога пацярпеў і вакзал, і прымыканнем да станцыі ліній палескіх чыгунак у 1897 г. адбылася рэканструкцыя будынка. Крыху пазней пачалося будаўніцтва новага пуцеправода да горада, у 1912 г. прыгарад Граеўка злучыўся з вакзалам пешаходным мостам, які праходзіў над пуцямі з усходняга боку вакзала і выходзіў у горад.

У гады Першай сусветнай вайны вакзал быў амаль цалкам разбураны. Рэканструкцыя пачалася ў пачатку 1920-х гг. і доўжылася амаль да 1929 г. новыя фасады вакзала былі выкананы, як вызначаюць польскія архітэктары, у так званым "народным стылі". Ён грунтаваўся на выкарыстанні архітэктурных матываў рэнесансу, барока і класіцызму.

Асноўны аб'ём будынка застаўся такім, як і пры яго будаўніцтве ў 1886 г. змянілася ў бок павелічэння вышыня цэнтральнай вежы-рызаліту, якая стала двухпавярховай, значна выцягнутай у плане наперад і завяршалася высокімі шчытамі і атыкамі, стылізаванымі ў рэнесансныя і барокавыя формы. У верхняй частцы дэкор заканчваўся шматлікімі фігурнымі шарамі. Цэнтральны фасад злева і справа фланкіраваўся дзвюмя сіметрычнымі шырокімі двухпавярховымі вежамі, якія падтрымліваліся контрфорсамі, што ішлі да сярэдзіны першага паверха. Усе дэталі - прамавугольнікі, пасы па перыметры вокнаў, пілоны, шары на атыках і шчытах, профільныя карнізы, контрфорсы - былі афарбаваны ў белы колер, які надаваў будынку яшчэ большую выразнасць і дэкаратыўнасць.

Пасля 1929 г. работы па пашырэнні вакзала працягваюцца. На паўднёвым баку ўздоўж пуцей з'явіліся будынкі пошты і багажнага аддзялення, якія выходзілі на прывакзальную плошчу. Яна таксама перараблялася і ўпарадкоўвалася. Будаўнічымі работамі кіраваў інжынер В. Лісоўскі.

Вонкавы выгляд вакзала заставаўся нязменным з сярэдзіны 1920-х гг. да 1941 г. Да нашых дзён захаваўся пабудаваны ў 1924-1926 гг. вакзальны будынак на станцыі Бігосава Віцебскай вобласці.

Будынак чыгуначнага вакзала павернуты паўночным фасадам да чыгуначнага палатна. Кампазіцыя будынка выцягнутая, сіметрычная. Планіроўка мяшаная. Цэнтральная частка квадратная ў плане, накрыта двухсхільным дахам. Па вуглах - чацверыковыя зубчастыя вежы з высокім шатровым пакрыццём. Да цэнтральнай часткі з абодвух бакоў (захаду і ўсходу) прымыкаюць двухпавярховыя і аднапавярховыя аб'ёмы. Сцены двухпавярховых бакавых крылаў аздоблены лапаткамі, прарэзаны вялікімі прамавугольнымі вокнамі, такія ж аконныя праёмы маюць аднапавярховыя аб'ёмы. Рысы абарончага дойлідства надаюць будынку манументальны характар. У цэнтральнай частцы - зала чакання, у бакавых крылах рэстаран і службовыя памяшканні.

Слонімскі вакзал быў пабудаваны ў 1922 г. ў стылі неабарока. Яго больш высокі цэнтральны аб'ём быў выдзелены "ламаным" дахам і рызалітамі з фігурнымі франтонамі.

У Берасці захаваліся будынак банка (1926 г.) і будынак ваяводскага кіравання (1938 г.), зробленыя ў неакласічным стылі. Банк уяўляе сабой ратонду з купалам, якая злучае два крылы будынка, аздобленага іянічным ордэрам.

Побач знаходзіцца ваяводскае кіраванне - чатырохпавярховы гмах з вялікім цэнтральным рызалітам і рустоўкай першага паверху. Таксама ў стылі неакласіцызму ў канцы 1920-х гг. у Наваградку пабудавалі ваяводскі асабняк з вялікім чатырохкалонным порці-кам перад уваходам.

У гарадах і вёсках будаваліся школьныя будынкі, прычым асаблівая ўвага звярталася на гімназіі. У якасці прыкладу можна прывесці будаўніцтва гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча ў г. Лідзе. У пачатку 20-х гг. гімназія ў Лідзе размяшчалася ў двух будынках, што знаходзіліся ў розных месцах. Вось як апісвалі сучаснікі інтэр'еры філіяла гімназіі ў 1925 г.

У 1925 г. філіял размяшчаўся "пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адыходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам нязручнасцяў было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т. зв. Галоўным корпусе, на вуліцы 3 Траўня". Такім чынам, месца не хапала, і будаўніцтва новай гімназіі было неабходна.

У 1925 г. варшаўскі архітэктар Ежы Бэйль распрацаваў праект новай гімназіі. Гэта быў трохпавярховы будынак у стылі неакласіцызму, які захаваў падабенства да былога піярскага калегіюма. З 1929 г. гімназія пачала сваю педагагічную дзейнасць.

У сярэдзіне 1930-х гг. польскія ўлады пачалі будаваць у краіне новыя паштовыя будынкі ў стылі функцыяналізму. Падобныя будынкі з'явіліся ў Гдыні, Быдгашчы, Луцку і Лідзе. Прычым, Лідскі паштамт адзін з самых лепшых з іх, бо мае большыя памеры і выглядае прыгажэйшым. Ёсць версія, што праект Лідскай пошты зроблены англійскім архітэктарам.

Будоўля пачалася ў 1936 г. і скончылася ў 1939 г., калі ў пачатку мая 1939 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Лідскага паштамта. Паштамт мае падвал і чатыры паверхі. У цэнтры будынка знаходзіцца аперацыйная зала памерам 11,8х9,2 м., вышыня столі - 5,3 м. Дах над залай шкляны мае 4 пралёты, прычым кожны пралёт завершаны шкляной стрэшкай. Першапачаткова дах быў накрыты спецыяльнай шкляной дахоўкай. На паверхах пошты быў размешчаны персанал ліставой пошты, тэлеграф і тэлефон. За ходам будаўніцтва паштамта і добраўпарадкаваннем вуліцы Адама Міцкевіча, дзе знаходзіўся будынак, сачылі мясцовыя журналісты. Вось што пісаў на гэтую тэму "Кур'ер Віленскі" ў кастрычніку 1938 г.: "Да часу пераносу пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкураваць з лепшымі вуліцамі Вільні".

А ў 1938 г. прыняў першых хворых новы гмах Лідскага шпіталя. Новы будынак меў кубатуру каля 3 000 метраў кубічных, сучасны еўрапейскі выгляд і найлепшае медыцынскае абсталяванне. Каштаваў ён каля 130 000 злотых. Новы шпітальны корпус падзяляўся на чатыры аддзелы. Першы з іх, глядзельны аддзел, складаўся з кабінета доктара, пачакальні і трох ізалятараў, астатнія тры аддзелы прызначаліся для лячэння інфекцыйных хворых. На другім паверсе знаходзіўся аддзел хворых на сухоты на дванаццаць ложкаў. На плоскім даху шпіталя запраектавана і дзейнічала веранда для лёгачна-хворых. Новы шпіталь меў памяшканні для 2 медсясцёр і 3 санітарак. Уся інфекцыйная бальніца была разлічана на 22 асобы, але пры неабходнасці, без пагаршэння агульнага камфорту тут магло лекавацца 39 хворых.

Пад шпіталем пабудаваны жалезабетонная супраць-паветраная сховань з скляпеннямі, якія мелі 35 см таўшчыні. Плоскі дах пакрыты адмысловым навейшым на той час будаўнічым матэрыялам "Конга". Над дахам мясціліся водазборнікі , з якіх у той час давалася вада ва ўсе бальнічныя карпусы. Новы шпіталь меў цэнтральнае ацяпленне і сучаснае элекатраабсталяванне з дзвюмя сістэмамі асвятлення вячэрняй і начной. Да кожнага ложка была падведзена разетка радыёфікацыі.

Будоўляй новага гмаха кіраваў павятовы архітэктар Вацлаў Галік.

Грамадскія будынкі будаваліся і ў вёсках. Гэта былі гміны, школы, паліцэйскія ўчасткі і "Народныя дамы". У якасці прыкладу можна прывесці будаўніцтва Народнага дома для культурных патрэбаў вяскоўцаў у в. Вострава (Зэльвенскі р-н). Кіраваў будоўляй актывіст ТБШ Серафім Татарын. На будоўлю збіралі народныя грошы, прычым і за межамі краіны. Грошы дасылалі рабочыя беларусы, што паходзілі з в. Вострава, а жылі і працавалі ў ЗША. Пры гуртку ТБШ у Вострава працавалі драматычны і харавы гурткі, а бібліятэка мела каля 1000 кніг.

Аднак у сакавіку 1929 г. польскія ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ ва ўсім Наваградскім ваяводстве.

Існавалі ў Заходняй Беларусі і мемарыяльныя аб'екты, а таксама музеі. Была адноўлена сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, каля Косава, своеасаблівы музей, прысвечаны Тадэвушу Рэйтану знаходзіўся ў яго радавой сядзібе ў маёнтку Грушаўка (Ляхавіцкі р-н).

У цяперашні час на тэрыторыі сядзібы, плошча якой складае каля 14 га, захаваліся жылы дом (напаўразбураны), флігелі, бровар, капліца-пахавальня (напаўразбурана і абрабавана), шэраг гаспадарчых пабудоў, парк рэгулярнай планіроўкі і пладовы сад. Да канца ХІХ ст. у сядзібе стаяў аднапавярховы мураваны палац, пабудаваны ў строгіх формах архітэктуры класіцызму ў час жыцця і дзейнасці Тадэвуша Рэйтана.

Выгляд першага палаца вядомы паводле акварэлі Напалеона Орды, які неаднаразова бываў у сядзібе Т. Рэйтана ў 1864-1876 гг. Гэта быў будынак прамавугольнай формы, пакрыты вальмавым дахам, меў у цэнтры галоўнага фасада чатырохкалонны драўляны порцік з трохвугольным франтонам. Уздоўж тыльнага фасаду ў парк выступала тэраса-галерэя. Сярод шпалер парку стаяла прысядзібная мураваная капліца. Перад домам па баках круглага газона знаходзіліся афіцыны, у адной з якіх захоўваліся фамільныя архівы ўладальнікаў.

У бібліятэцы Рэйтанаў меўся вялікі кнігазбор, які перажыў шмат ваенных ліхалеццяў і знаходзіўся ў новым палацы да пачатку Другой сусветнай вайны.

На мяжы ХІХ і ХХ стст. гаспадар Грушаўкі Юзаф Рэйтан па невядомых прычынах распачаў перабудову двара. Стары палац быў разабраны, а на яго месцы быў пабудаваны новы драўляны. Разам з будаўніцтвам палаца быў закладзены пейзажны парк.

Палац уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб'ём, накрыты вальмавым дахам, з якога выступаюць на галоўным і бакавых фасадах мансардавыя паверхі з самастойнымі двухсхільнымі пакрыццямі. Галоўны ўваход вылучаны ганкам і тэрасай, устаноўленай на разьбяныя калонны і апаясанай металічнай агароджай. Высокі падмурак па баках цэнтральнай тэрасы выдзелены пластычнай формы мураванымі ганкамі, у форме якіх прасочваюцца элементы ў стылі мадэрн.

Інтэр'еры былі аздоблены размалёўкай, разьбой, кафлянымі грубкамі. Парадны двор, утвораны сядзібным домам і двума флігелямі, зрушаны з асноўнай восі кампазіцыі.

Да 1939 г. з асаблівай увагай зберагаўся невялікі будынак непадалёк ад палаца, які атрымаў назву "мураванка". У ім з пакалення ў пакаленне перахоўваліся каштоўныя паперы і дакументы. У двух пакоях гэтага мураванага будынка Тадэвуш Рэйтан правёў апошнія гады свайго жыцця. Архіў прапаў без вестак яшчэ да 1914 г., а былая сямейная капліца разабрана. Новая капліца-пахавальня была пабудавана ў пачатку ХХ ст. у стылі неаготыкі. Будынак капліцы ў плане мае прамавугольную форму, трохгранную алтарную частку і высокі шчыт на галоўным фасадзе. Аконныя праёмы маюць выгляд стрэльчатых арак.

У міжваенны перыяд у новым палацы былі сабраны рэшткі памятных рэчаў Тадэвуша Рэйтана: яго ложак, сервант, залаты бакал - падарунак калег Сейма за заслугі ў актыўнай дэпутацкай дзейнасці. Усе гэтыя каштоўнасці нашчадкі Рэйтана перадалі Кракаўскаму нацыянальнаму музею Чартарыйскіх разам са старым гадзіннікам Стэфана Рэйтана, бацькі Юзафа. У 1939 г. польскія ўлады ўстанавілі помнік Тадэвушу Рэйтану побач з новай капліцай (не захаваўся).

Цікавая гісорыя адбылася з музеіфікацыяй дома Адама Міцкевіча ў Наваградку. Першапачатковы будынак дома згарэў у 1881 г. Ацалелі толькі падмурак і скляпы.

Нанава адрамантаваны дом адразу зноў трапіў у арэнду.

У час Першай сусветнай вайны ў доме кватаравалі па чарзе ваенныя штабы: нямецкі, польскі, бальшавіцкі.

У траўні 1922 г. у Наваградку зноў пабываў і наведаў родны дом 86-гадовы Уладзіслаў Міцкевіч - сын паэта. У хуткі часе пасля гэтага візіту ў Наваградку было створана добраахвотнае навуковае таварыства "Міцкевічаўскі камітэт", які 10 траўня 1930 г. вырашыў стварыць музей. У лістападзе 1936 г. "Міцкевічаўскі камітэт" заняў флігель і размясціў у ім бюро будучага музея. У чэрвені 1937 г., калі скончыўся тэрмін арэнды дома, "Міцкевічаўскі камітэт" арганізаваў у ім урачыстае пасяджэнне пад кіраўніцтвам наваградскага ваяводы Адама Сакалоўскага.

Адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 г. 22 чэрвеня 1941 г. будынак знішчыла фашысцкая бомба.

26 лістапада 1955 г. да 100-годдзя з дня смерці паэта быў адноўлены і адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча. У 1989-1990-х гг. ён рэканструяваны: будынку нададзены выгляд пачатку ХХ ст., пабудаваны флігель, які злучаны з асноўным будынкам падземным пераходам, свіран, студня, альтанка.

Урачыстае адкрыццё Дома-музея А. Міцкевіча адбылося 12 верасня 1992 г.

Пачынаючы з 1919 г. Польскі ўрад ушаноўваў памяць пра паўтанцаў 1863-1864 гг. У гарадах, у тым ліку і заходнебеларускіх, з'явіліся вуліцы ў гонар герояў Паўстання. Увосень 1927 г. пачалася агульнапольская акцыя па пошуку магіл паўстанцаў і помнікаў, звязаных з паўстаннем. У 1928 г. у Косава на магіле паўстанцаў паставілі мемарыяльны крыж. У мястэчку Мілавіды на месцы боя паўстанцаў з царскімі войскамі пабудавалі капліцу. У 1933 г. у вёсцы Пацэвічы на Мастоўшчыне пастаўлены помнік 12 загінулым паўстанцам (не захаваўся). У 1928 г. у Свіслачы паставілі помнік Рамуальду Траўгуту. У верасні 1939 г. мясцовыя камуністы яго знішчылі, аднак у 1988 г. ён адноўлены па даваенных эскізах гарадзенскім скульптарам А. Анціпіным.

У некаторых заходне-беларускіх гарадах і мястэчках стаялі і мемарыяльныя скульптуры і асобныя помнікі.

У Гародні жыхары сабралі грошы і паставілі помнік Элізе Ажэшцы, які захаваўся да нашых дзён. У цэнтры Ліды, на плошчы Славы, знаходзіўся сад, у якім стаяў помнік незалежнасці, абсаджаны кветкамі і выгараджаны часткова плотам, а часткова кустамі (зараз не існуе). Пасля смерці ў 1935 г. кіраўніка Польшы Юзафа Пілсудскага з'явіліся помнікі ў яго гонар, але пасля верасня 1939 г. усе яны былі разбураныя.


На беларускай зямлі польская армія будавала ваенныя збудаванні супраць пагрозы з боку СССР. 17 красавіка 1936 г. было прынята рашэнне пачаць працы па будаўніцтву фартыфікацыйных умацаванняў на мяжы з Савецкім Саюзам. Тут галоўную ролю павінен быў адыграць Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак. У сваю чаргу, ён быў падзелены на пяць асобных падучасткаў. Усяго з 1931 па 1938 гг. пад Баранавічамі пабудавалі 350 ДАКаў (доўгатэрміновых агнявых кропак). Гэта былі аднапавярховыя і двухпавярховыя агнявыя пабудовы. Ля мястэчка Крашын перавышалі жалезабетонныя кулямётныя паўкананіры і кананіры, з бронекаптурамі для франтальнага агню. У аснове гэтых пабудоў знаходзілася французская тэхналогія і выкарыстоўваліся ідэі вялікіх французскіх інжынераў. У сакавіку 1940 г. Панамарэнка дакладаў Сталіну, што пад Баранавічамі захавалася шмат бронекаптуроў з выдатнай нямецкай сталі. Аднак усе гэтыя ўмацаванні не адыгралі ніякай ролі ні ў верасні 1939, ні ў чэрвені 1941 г.

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

Лёс культавай архітэктуры ў БССР

Пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, які пазней у СССР назвалі Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыяй, бальшавікі практычна ўжо ў 1917 г. ліквідавалі інстытут прыватнай уласнасці на зямлю і на ўсе будынкі, якія на ёй стаялі. Была праведзена нацыяналізацыя розных прамысловых і свецкіх будынкаў. Аднак найбольш пацярпелі вернікі розных канфесій, бо бальшавікі абвясцілі вайну рэлігіі і праводзілі палітыку ваяўнічага атэізму. Пад пагрозай апыналіся тысячы храмаў і манастыроў, у тым ліку і на тэрыторыі БССР, якая неаднаразова мянялася. Найбольш пацярпела Руская праваслаўная царква, якая панавала ў Расійскай імперыі. Калі ў 1917 г. у Расійскай Імперыі было 79 767 храмаў і 51 105 святароў, то ў 1939 г. засталося каля 400 храмаў і каля 400 святароў, прычым у БССР храмы ўсіх канфесій былі зачынены.

У перыяд з лістапада 1917 па 1919 г. царкву пазбавілі права юрыдычнай асобы, духавенства пазбавілі палітычных правоў, закрылі некаторыя манастыры і храмы і зрабілі частковую рэвізію маёмасці царквы.

У сваім распараджэнні ад 1 траўня 1919 г. Ленін загадваў папоў расстрэльваць, а храмы зачыняць. Іх памяшканні апячатваць і пераўтвараць у склады. У наступным загадзе ад 19 сакавіка 1922 г. Ленін загадаў канфіскаваць царкоўныя каштоўнасці. Адбылася канфіскацыя каштоўнасцей галоўнага храма Расійскай імперыі - Хрыста Збаўцы. 5 снежня 1931 г. храм быў узарваны.

Нягледзячы на гэта інтэлігенцыя патрабавала ад новай улады аховы помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку і старажытных будынкаў. 5 кастрычніка 1918 г. Ленін загадаў прывесці першую дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх манументальных і рэчавых помнікаў мастацтва і старажытнасці.

10 красавіка 1919 г. новыя ўлады заснавалі Расійскую Акадэмію гісторыі матэрыяльнай культуры. Пасля вайны гэтая ўстанова атрымала назву Інстытут археалогіі АН СССР. Адпаведная праца па ахове помнікаў гісторыі і культуры пачала праводзіцца і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі, дзе ўлада была ў руках бальшавікоў.

5 кастрычніка 1918 г. выканкам Савета Заходняй Камуны са сталіцай у Смаленску прыняў дэкрэт "Аб перадачы культурных каштоўнасцяў, маёнткаў і ўстаноў аддзелам народнай асветы і аб арганізацыі іх збору, уліку і аховы".

Аналагічную пастанову прыняў 30 студзеня 1919 г. урад БССР і надрукаваў яе ў газеце "Звязда".

14 чэрвеня 1924 г. было зроблена распараджэнне аб парадку дзейнасці вышэйзгаданага закона. Былі вызначаны катэгорыі помнікаў, што падлягалі ахове. 5 ліпеня 1926 г. з'явіўся заканадаўчы акт "Аб парадку аховы помнікаў даўніны, мастацтва, быту і прыроды, якія абвешчаны дзяржаўным здабыткам". Упершыню ў БССР быў зацверджаны спіс помнікаў з 94 назваў. Усе гэтыя помнікі былі абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю. Напрыклад, у г. Магілёве былі ўзятыя пад ахову Гарадская ратуша, гарадскія брамы, сабор Св. Іосіфа, Багаяўленскі манастыр, Спаская царква і драўляная сінагога на беразе Дняпра.

Вялікую ролю ў вывучэнні помнікаў беларускага дойлідства адыграў Інстытут беларускай культуры, створаны ў 1922 г. Пасля яго стварэння вывучэнне помнікаў старажытнага беларускага дойлідства пачало імкліва развівацца. Працы вядомых беларускіх вучоных - мастацтвазнаўцы Міколы Шчакаціхіна і археолага Івана Хозерава - і зараз маюць вялікую навуковую каштоўнасць.

У 1928 г. М. Шчакаціхін выпусціў кнігу "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва", дзе ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак і разгледзеў такія прынцыпова важныя моманты ў гісторыі нашай архітэктуры, як "беларуская готыка", "беларускае Адраджэнне" і "беларускае барока".

У тым жа годзе І. Хозераў правёў раскопкі Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў XII ст. у Бельчыцкім манастыры, што дало вучоным магчымасць гаварыць аб існаванні самастойнай полацкай архітэктурнай школы. Вывучаў ён і будаўнічыя матэрыялы, асабліва старажытную цэглу-плінфу і знакі майстроў-рамеснікаў на ёй. У першыя гады пасля Другой сусветнай вайны ён даследаваў Полацкую Сафію і Каложскую царкву ў Гародні.

У 20-30-х гг. XX ст. маскоўскі даследчык А. Някрасаў звярнуў увагу на абарончыя беларускія храмы XVI ст. і адзначыў у іх архітэктурныя рысы полацка-смаленскага дойлідства XII ст., якое ў сваю чаргу, на яго думку, аказала ўплыў на маскоўскую архітэктуру XV-XVI стст.

Аднак сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў практычна знішчылі кадры гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, і вывучэнне беларускага дойлідства прыпынілася.

У 1930-м г. з храмаў пачалі здымаць званы, бо царкоўны звон стаў забаронены. У пачатку ХХ ст. у Менску толькі праваслаўных храмаў было больш за 30, а ў 1937 г. дзейнічала толькі адна царква Св. Марыі Магдалены на Старажоўцы. У 1938 г. у БССР засталіся толькі тры адкрытыя царквы: у Бабруйску, Оршы і Мазыры. Неўзабаве закрылі і іх. Царкоўныя будынкі масава знішчаліся, альбо перабудоўваліся.

У Магілёве да 1917 г. было 73 храмы розных канфесій, а да 1941 г. захавалася толькі 5 будынкаў. Толькі ў 1937 г. за адну ноч тут узарвалі 9 царкоўных ансамбляў, каб яны не псавалі выгляд на толькі што пабудаваны ў цэнтры горада "Дом Саветаў". Галоўным спецыялістам па знішчэнні беларускіх храмаў стаў начальнік штаба сапёрнага батальёна Пётр Трыгарэнка, які распрацаваў новую методыку падрыву культавых будынкаў.

Менавіта ён у 1934 г. узарваў сабор у Віцебску, Свята-Мікалаеўскі сабор у Слуцку, храмы ў Менску, Магілёве і Смаленску. Пасля вайны, ён стаў дысідэнтам і вернікам, выехаў у ЗША, дзе выдаў кнігу ўспамінаў, у якой апісаў і сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

Адносіны да праваслаўнай царквы і вернікаў іншых канфесій змяніліся падчас вайны 1941-1945 гг. На акупаванай тэрыторыі немцы дазволілі дзейнічаць хрысціянскім вернікам, як праваслаўным, так і каталіцкім, аднак масава знішчалі будынкі сінагог. У 1943 г. Сталін дазволіў абраць патрыярха Сергія, вярнуў яму Загорскі манастыр пад Маской, і пасля выгнання немцаў, храмы, адчыненыя пры іх, адразу не закрываліся, а дзейнічалі пэўны час, да новай хвалі змагання з рэлігіяй.

Пастановай СНК СССР № 299 ад 16.03.1943 г. была створана "Дзяржаўная Надзвычайная камісія па ўстанаўленні і разглядзе злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанясенні імі стратаў грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР".

На месцах ствараліся абласныя камісіі, якія актыўна дзейнічалі і на тэрыторыі БССР. Так, Магілёўская абласная камісія дзейнічала з 06.12. 1943 г. па 29.12.1944 г. У сакавіку 1945 г. яна абследавала 9 храмавых будынкаў. У Магілёве, гэта два касцёлы і сем праваслаўных храмаў. Аднак з гэтых аб'ектаў ацалеў толькі Нікольскі манастыр. Астатнія будынкі ніхто не аднаўляў, іх руіны паступова знеслі, а тэрыторыю забудавалі.

Найбольшую цікавасць уяўляюць архівы гэтай камісіі, бо пазней яны былі выкарыстаныя рэстаўратарамі для аднаўлення некаторых культавых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі СССР пачаліся пасля таго, як 14 кастрычніка 1948 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову, у якой гаварылася пра неабходнасць аховы, вывучэння і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. У 1949 г. адпаведны дакумент з'явіўся і ў БССР. На працягу 1953-1957 гг. быў зроблены спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі і прынята пастанова "Аб зацвярджэнні спіска помнікаў архітэкутры БССР, якія патрабуюць дзяржаўнай аховы". Пачаўся новы этап у вывучэнні нашай архітэктурнай спадчыны. Ён характарызуецца вялікім аб'ёмам археалагічных даследаванняў, у выніку якіх знойдзеныя дзясяткі раней невядомых помнікаў, атрыманыя новыя звесткі аб збудаваннях, якія захаваліся. Раскопкі М. Вароніна (Гародня), В. Тарасенкі (Менск), М. Каргера (Полацк, Віцебск, Ваўкавыск, Наваградак, Тураў), П. Рапапорта (Полацк, Ваўкавыск), В. Булкіна (Полацкая Сафія), І. Чарняўскага (Гародня) дазволілі па-новаму зразумець і растлумачыць складаныя з'явы станаўлення і развіцця архітэктуры XI-XII стст. на тэрыторыі Беларусі, канчаткова сцвердзіць існаванне полацкай і гарадзенскай архітэктурных школ.

Чарговы ўдар па культавай архітэктуры Беларусі нанесла хрушчоўская канцэпцыя змагання з рэлігіяй. Сотні бажніц, што належалі вернікам розных канфесій, былі зачынены, перароблены ў клубы і зернясховішчы альбо цалкам знішчаны.

З беларускіх школ і навучальных устаноў выкаранялася не толькі беларуская мова, гісторыя і культура, але і вера нашых продкаў. Шмат касцёлаў і цэркваў былі ўзарваны альбо перабудаваны да непазнавальнасці. Так, напрыклад, на знішчэнне полацкага касцёла і кляштара езуітаў "мэтавым накіраваннем" з бюджэта Віцебскай вобласці было выдзелена 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл св. Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Ад выбуху ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў "дабраякаснацй цэглы і шчэбеню, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада". "За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке" ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакументы па рэалізацыі гэтага акту вандалізму, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваныя ў першым нумары гістарычна-літаратурнага часопіса "Полацкі летапісец".

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976-1979 гг. пабудаваны прэстыжны 9-павярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, закрытага ад вачэй гэтай плоскай каробкай, зберагліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Таксама былі знішчаны Дабравешчанская царква ХІІ ст. у Віцебску, уніяцкі храм у Беразвеччы, касцёл "Фара Вітаўта" ў Гародні, езуіцкі касцёл у Пінску і іншыя культавыя будынкі. У канцы мінулага стагоддзя Дабравешчанская царква (царква Звеставання) у Віцебску была адноўлена. На месцы ўзарванага 29 лістапада 1961 г. касцёла Фары Вітаўта ў Гародні ў 2014 г. усталяваны памятны знак (Паклонны крыж) у выглядзе скульптурнай кампазіцыі. Гэта паўразбураная арка з памятным надпісам.

У сярэдзіне 60-х гг. мінулага стагоддзя сітуацыя ў краіне стала паляпшацца. У снежні 1966 г. было створана Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое да канца 70-х гг. налічвала каля мільёна чалавек. На грошы, сабраныя сябрамі таварыства, пачалася рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры, у тым ліку і культавых будынкаў. У 1968 г. быў складзены спіс помнікаў першачарговай значнасці для рэстаўрацыі. У яго былі ўключаны Сафійскі сабор у Полацку, Прэабражэнская царква ў Заслаўі, Храм-спачывальніца Паскевічаў у Гомелі, Мікольскі манастыр у Магілёве і іншыя аб'екты.

Вярнуць помнікам іх першапачатковае аблічча, прыстасаваць пад сучасныя культурна-асветніцкія ўстановы можа толькі навукова абгрунтаваная рэстаўрацыя. Сучасныя прынцыпы рэстаўрацыі вымагаюць не толькі ўмацавання і адбудовы помнікаў архітэктуры, але і актыўнага ўключэння іх у архітэктурную кампазіцыю новай забудовы нашых гарадоў і вёсак, прыстасавання да новых культурна-эстэтычных патрэбаў. Калі толькі ўмацаваць ці нават адбудаваць архітэктурны помнік і не вырашыць праблему яго выкарыстання, ён застанецца нерухомым музейным экспанатам. Каб шэдэўр дойлідства ці сціплы прадстаўнік радавой гістарычнай гарадской забудовы паўнакроўна ўвайшоў у наша сённяшняе жыццё, трэба надаць яму новую, сучасную функцыю, якая б не толькі падкрэсліла яго гістарычна-мастацкую каштоўнасць, але і адзначыла, узмацніла яе, надала ён новае эстэтычнае гучанне.

Такі прынцып атрымаў назву "рэваларызацыя", што азначае ў дадзеным выпадку адраджэнне згубленай ідэйна-эстэтычнай каштоўнасці. Рэваларызацыя ўключае цэлы комплекс работ па "ажыўленні" помніка: кансервацыю, навуковую рэстаўрацыю і актыўнае архітэктурнае прыстасаванне яго да сучасных патрэбаў грамадства. Менавіта прыстасаванне вызначае выбар сродкаў кансервацыі і рэстаўрацыі і, самае галоўнае, з'яўляецца сувязным звяном паміж мінулым і сучасным бытаваннем помніка. Прывядзём некалькі канкрэтных прыкладаў.

Спачатку завітаем у старажытны Полацк, дзе шмат розных архітэктурных помнікаў і ансамбляў. Адзін з іх ужо добра вядомы вам. Гэта - Полацкая Сафія. Зараз яна складаецца з двух помнікаў - XI і XVIII стст., і кожны з іх мае высокую мастацкую каштоўнасць. Таму навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі архітэктару Валерыю Слюнчанку давялося вырашыць складаную задачу прыстасавання і музейнага паказу Сафійскага сабора.

Спачатку ў ім меркавалася размясціць рэспубліканскі музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Але шматлікія экспанаты, уведзеныя ў цудоўны інтэр'ер XVIII ст., маглі засланіць яго мастацкія вартасці. Таму пасля шматлікіх спрэчак было вырашана зрабіць у саборы залу арганнай і камернай музыкі ў адпаведнасці з архітэктурна-археалагічнай экспазіцыяй рэштак будынка XI-XIII стст. Культурны пласт таўшчынёй больш за 2 м, што залягаў пад падлогай XVIII ст., быў выняты да ўзроўню падлогі XI ст., а замест верхняй падлогі зроблена своеасаблівая столь на бэльках, пад якой утварыўся падземны музей старажытнай Сафіі. А каб глядач мог атрымаць большае ўяўленне пра пачатковы выгляд помніка, на яго фасадах былі зроблены зандажы, у якіх відаць старадаўняя муроўка. У інтэр'ерах адкрыты і замацаваны рэстаўратарамі некалькі фрагментаў старога фрэскавага роспісу.

Канцэртная зала, арганічна ўключаная ў інтэр'ер ХVІІІ ст., дазваляе лепш адчуць архітэктуру позняга барока, дзе музыка, святло, колер, форма і прастора існуюць у непадзельным адзінстве. Цяпер у будынку Полацкай Сафіі па вялікіх святах адбываюцца праваслаўныя набажэнствы.

Адначасова з адбудовай Сафіі ў Полацку пачалі аднаўляць помнік класіцызму - Богаяўленскую царкву, дзе была адкрыта гарадская мастацкая галерэя, часта тут гучала і класічная музыка. Цяпер будынак вернуты беларускай праваслаўнай царкве.

Побач са славутай Спаса-Праабражэнскай царквой у канцы XIX ст. быў узведзены велізарны гмах праваслаўнага сабора ў псеўдавізантыйскім стылі. Нягледзячы на высокі ўзровень будаўнічай тэхнікі, пабудова ўвабрала ў сябе ўсе адмоўныя рысы архітэктуры гэтага кірунку: эклектычнасць запазычаных формаў, сухую прамалёўку дэталяў, а яшчэ - адсутнасць пачуцця меры, поўную дысгармонію з больш ранейшымі будынкамі манастыра. Але помнік не перастае быць помнікам толькі таму, што ён не адпавядае сённяшняму мастацкаму густу. Пасля рэстаўрацыі ён зноў стаў дзейным храмам.

Яшчэ больш складаная сітуацыя стварылася падчас выканання праекту адбудовы магілёўскай ратушы. Моцна пацярпелая падчас апошняй вайны, але амаль адрамантаваная, у 1957 г. ратуша была знесена да падмуркаў. Паколькі ратуша з'яўлялася адной з асноўных гарадскіх дамінантаў, Магілёўскі гарвыканкам у 1979 г. прыняў рашэнне аб яе аднаўленні. Правёўшы археалагічныя раскопкі, у выніку якіх была ўдакладнена планіроўка будынка, і сабраўшы шматлікія пісьмовыя крыніцы, спецыялісты зрабілі праект аднаўлення будынка на канец XVIII ст., бо архіўных матэрыялаў на час пабудовы ратушы (1679 г.) не хапае. Тады было вырашана ў стылі класіцызму аднавіць толькі фасады, а інтэр'еры зрабіць сучаснымі. Такім чынам, быў выкананы макет у натуральную велічыню знішчанага некалі помніка, які зноў стаў адной з асноўных вертыкалей Старога горада. Была вызначана і ідэя прыстасавання помніка - тут хацелі адкрыць Палац шлюбаў.

Будаўнічыя працы пачаліся ў 1992 г., але неўзабаве грошы скончыліся і будаўнічы катлаван засыпалі. Аднак грамадзяне Магілёва не здаліся, і дзякуючы іх намаганням нарэшце Магілёўская ратуша паўстала з нябыту. Цяпер у ёй знаходзіцца музей горада Магілёва.

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя беларуская інтэлігенцыя выступіла ў абарону сваёй гістарычнай спадчыны. У выніку гэтага змагання ўдалося захаваць гістарычныя цэнтры Менска, Магілёва, Гародні і іншых гарадоў. Былі створаны ўмовы для падрыхтоўкі сваіх навуковых кадраў.

Вынікі раскопак і даследванняў помнікаў XIII-XVIII стст., распачатых у канцы 60-х гадоў, надрукаваныя ў асноўным у працах Міхася Ткачова, Марыяны Малеўскай, Зянона Пазняка, Ігара Чарняўскага, Алеся Кушнярэвіча і аўтара кнігі. Яны значна дапоўнілі раздзелы гісторыі архітэктуры Беларусі, прысвечаныя фартыфікацыі, гатычнай, рэнесансавай і барокавай архітэктуры.

З 1977 г. вывучэнне помнікаў архітэктуры XII-XVIII стст. праводзілі археолагі інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". У першую чаргу даследаваліся беларускія замкі (Стары замак у Гародні, Крэўскі, Заслаўскі, Смалянскі, Любчанскі, Гальшанскі), храмы і манастыры (Прачысценская і Каложская цэрквы і былы фарны касцёл Вітаўта ў Гародні, Барысаглебская царква ў Наваградку, Дабравешчанская ў Віцебску, Мікольская ў Магілёве, Пінскі езуіцкі калегіюм, кляштар францысканцаў у Гальшанах) і грамадскія будынкі (магілёўская, менская, нясвіжская і віцебская ратушы, гандлёвыя рады ў Менску, палац Агінскага ў Залессі, мураваная забудова XVII-XVIII стст. у Гародні, Магілёве, Берасці і Мсціславе).

У працэсе абследвання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля).

Вялікую работу за апошнія 50 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктруры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры помнікаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў краіны. Ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.

Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Менска (апошняя ў суаўтарстве з Аленай Пятросавай). Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII - пачатку XIX ст. напісаў Анатоль Кулагін. Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксама капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Высоцкай. Пра фрэскавы жывапіс ХІІ-ХVІІІ стст. вядзецца гаворка ў кнігах В. Церашчатавай і А. Сяліцкага.

Некалькі манаграфій, прысвечаных абарончаму беларускаму дойлідству, надрукаваў Міхась Ткачоў. Культавая архітэктура Беларусі ХІІІ-ХVІ стст. добра апісана ў кнізе Алеся Кушнярэвіча. Выдавецтва "Полымя" выпусціла серыю брашур (серыя заснавана ў 1989 г.) пад рубрыкай "Помнікі беларускага дойлідства".

І. Слюнькова ў сваёй кнізе "Архітэктура гарадоў Верхняга Прыдняпроўя XVII - сярэдзіны XIX ст." падрабязна разгледзела планіроўку і забудову беларускіх гарадоў эпохі барока і класіцызму на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Яе апошняя фундаментальная праца прысвечана архітэктуры беларускіх манастыроў і кляштароў.

Пра беларускія мячэці спецыяльную кнігу надрукаваў А. Лакотка. Ён выдаў у акадэмічнай серыі "Беларусы" манаграфію пад назвай "Дойлідства", а таксама кнігу "Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры".

Вялікім унёскам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" і энцыклапедычны даведнік "Архітэктура Беларусі". У 1994 г. завершана шасцітомнае выданне "Гісторыя беларускага мастацтва". Разбураным помнікам нашага дойлідства прысвечаны зборнік "Страчаная спадчына", што выйшаў у 1998 г.

У 1988 г. сітуацыя ў СССР і БССР у адносінах рэлігіі кардынальна змянілася. Кіраўніцтва СССР дазволіла афіцыйна адсвяткаваць 1000-годдзе хрышчэння Русі, спынілася ваяўнічая атэістычная прапаганда, вернікам пачалі вяртаць забраныя храмы і дазволілі будаваць новыя.

За першыя гады адноўленай беларускай незалежнасці вернікам Беларусі былі аддадзены сотні бажніц і пачалося актыўнае іх аднаўленне. Былі адбудаваныя такія ўнікальныя помнікі нашага дойлідства, як, напрыклад, царква ў в. Сынкавічы, царква ў в. Мураванка, касцёл св. Барбары ў Віцебску, касцёл св. Андрэя ў Слоніме, Брыгіцкі касцёл у Гародні, сабор ІІятра і Паўла ў Гомелі.

Цяпер у Беларусі каля 1500 культавых пабудоў і храмаў, звязаных з праваслаўнымі вернікамі, і каля 500 - з католікамі. Унікальная ў гэтым сэнсе царква ў вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна, бо ўяўляе сабой трохкутнік з алтаром у цэнтры і мае тры ўваходы: для праваслаўных, католікаў і грэка-католікаў. Такіх храмаў больш няма не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.

Таксама дзейнічаюць уніяцкія храмы і бажніцы розных пратэстанцкіх кірункаў. Акрамя хрысціянскіх храмаў функцыянуюць таксама мячэці і сінагогі.

Жыллё сялян і гараджан

Пасля Рыжскай дамовы 1921 г. узнікаюць два тыпы беларускага горада: савецкі беларускі горад у межах БССР і заходнебеларускі горад у складзе польскай дзяржавы. Сфармаваліся два сталічныя цэнтры. На ўсходзе Менск (з 1938 г. - Мінск) сталіца БССР і Вільня - цэнтр заходнебеларускай адукацыі і культуры. Ва ўсходнебеларускіх гарадах назіраецца рост рускага насельніцтва, а ў заходнебеларускіх - польскага. Адбываецца значны рост гарадскога насельніцтва ў БССР у выніку індустрыялізацыі. Тут у 1939 г. жыло 1854,8 тысяч чалавек (20% насельніцтва). У заходняй Беларусі гэтыя працэсы былі больш маруднымі, бо польскія ўлады свядома затрымвалі развіццё прамысловасці на "Крэсах Усходніх".

Пасля ліквідацыі наступстваў Другой сусветнай вайны працэс індустрыялізацыі значна паскорыўся, узніклі новыя прамысловыя гарады, такія як Салігорск, Светлагорск, Наваполацк і Жодзіна. Рэзка змяніўся склад насельніцтва. Зараз ва ўсіх беларускіх гарадах доля беларусаў пераважае. На другім месцы апынуліся рускія, а колькасць палякаў, яўрэяў і татараў значна зменшылася.

У 1990-х гадах XX ст. гарадское насельніцтва Беларусі у параўнанні з 1950 г. павялічылася ў 4,3 раза і склала 67,6% ад усяго насельніцтва краіны. У 1997 г. у Беларусі было 102 гарады, з іх 14 мелі больш за 100 тыс. чалавек, прычым у Менску жыло каля 1,7 млн. чалавек.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў СССР і БССР пашырыўся канструктывізм. У дачыненні да замежнага мастацтва тэрмін "канструктывізм" у значнай ступені ўмоўны: у будаўніцтве ён пазначае плынь у функцыяналізме, якая імкнулася падкрэсліць экспрэсію сучасных канструкцый, у жывапісе і скульптуры - адзін з кірункаў авангардызму, што выкарыстаў некаторыя фармальныя пошукі ранняга канструктывізму.

Асноўным ідэалагічным і практычным цэнтрам функцыяналізму стаў творчы цэнтр "Баўхаўз" (праектна-даследчы цэнтр дызайну) у Нямеччыне. Пачынаючы з 1920 гг. тут вядуцца тэарэтычныя даследванні і прыкладное праектаванне. Стваральнік і кіраўнік Баўхаўза, найбуйнейшая постаць функцыяналізму, Вальтар Гропіюс быў аўтарам многіх помнікаў гэтага рэвалюцыйнага стылю. Класічны прыклад пабудовы гэтага кірунку - будынак самаго "Баўхаўза" ў Дэсаў архітэктара В. Гропіюса пабудаваны ў 1925-1926 гг.

Французскі архітэктар Ле Карбюззе, адзін з найбольш вядомых творцаў функцыяналізму, зрабіў галоўны ўнёсак у тэорыю і практыку гэтага стылю. Яго ідэі ў горадабудаўніцтве, у тэорыі масавага індустрыяльнага жытла, рэалізаваныя у будынках і праектах, актуальныя дагэтуль. Гэты вялікі архітэктар сучаснасці напоўніў тэорыю функцыяналізму ідэалагічна і практычна, вядомыя яго прынцыпы пабудовы масавага індустрыяльнага жылога дома (дом на апорах, плоскі дах-сад, стужкавае ашкленне і г. д.) выкарыстоўваюцца і сёння.

Функцыяналізм патрабаваў строгай адпаведнасці формы будынка яго функцыям і адмове ад усяго, што не патрэбна для ўжытку. Архітэктурныя формы павінны былі адпавядаць будаўнічым канструкцыям і матэрыялам. Па-новаму выбудоўвалася мастацкая выява архітэктурнага твора. З эстэтычнага пункта гледжання новая архітэктура, пазбаўленая ўпрыгожвальніцкіх празмернасцяў, павінна была ўспрымацца чалавекам падчас руха ў ёй і вакол яе (адзінства прасторы і часу). Ідэолагі новай архітэктуры прадугледжвалі стварэнне ўмоў для зручнага і хуткага перасоўвання людзей у архітэктурна-прасторавым асяроддзі. Унутраная прастора памяшкання станавілася дынамічнай, як бы "перацякала", "вольна пералівалася з інтэр'еру ў інтэр'ер". Значнае зашкленне стварала магчымасць яднання чалавека з навакольнай прыродай. Сэнс функцыяналізму ў лаканічнай і яснай пабудове. Характэрныя для функцыяналізму архітэктурныя формы - плоскія дахі, буйныя плоскасці шкла, поўная адсутнасць таго, што канструктыўна не патрэбна.

Прыхільнікі канструктывізму ў СССР, высунуўшы задачу "канструявання" навакольнага асяроддзя, што актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы, імкнуліся асэнсаваць магчымасці новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, а таксама эстэтычныя магчымасці такіх матэрыялаў, як метал, шкло, дрэва. У раскошы канструктывісты імкнуліся супрацьпаставіць прастату і падкрэслены ўтылітарызм новых прадметных форм, у чым яны бачылі стварэнне дэмакратычнасці і новых дачыненняў паміж людзьмі. У будаўніцтве прынцыпы канструктывізму былі сфармуляваныя ў тэарэтычных выступах А.А. Весніна і М.Я. Гінзбурга. Весніным быў прапанаваны праект Палаца працы для Масквы (1923 г.) з яго выразным планам і выяўленай у вонкавым абліччы канструктыўнай асновай будынка (жалезабетонавы каркас). У 1924 г. была створана арганізацыя канструктывістаў - АСА, прадстаўнікі якой распрацавалі так званы функцыянальны метад праектавання, заснаваны на навуковым аналізе асаблівасцяў функцыянавання будынкаў, дамоў, горадабудаўнічых комплексаў.

З 270 гарадоў і раённых цэнтраў БССР 209 было зруйнавана. У вёсках было спалена да 1,2 мільёна пабудоў (40% мелі грамадскае прызначэнне). Загінула 9 200 вёсак, больш за 600 знішчана разам з жыхарамі. У выніку халакосту знікла значная большасць яўрэяў, што жылі ў гарадах і мястэчках. Падчас вайны былі разбураны, альбо значна пашкоджаны многія шэдэўры архітэктуры - палацы, храмы, ратушы, грамадскія і жылыя будынкі.

Аднаўленчыя работы ў БССР пачаліся ўжо летам 1944 г., але спачатку яны тычыліся толькі прамысловых аб'ектаў.

У 1946 г. быў распрацаваны план адраджэння Менска, у 1947-м г. - Магілёва, Віцебска і Гомеля, у 1948-м г. - Берасця, у 1949-м г. - Гародні. Гэтыя планы рыхтавалі мясцовыя архітэктары з Белдзяржпраекта, але пад пільным кантролем спецыялістаў з Масквы і Ленінграда. За аснову архітэктурных пабудоў зноў быў узяты неакласіцызм, але на гэты раз з вельмі класічным дэкорам. Усё пачалося з Менска. У цэнтры горада вырашылі пакінуць толькі 20% даваеннай забудовы. Вуліцу Савецкую вырашылі пашырыць да 48-і метраў, што прадугледжвала знос прылеглых кварталаў і пабудову 14-і новых будынкаў. У жылых дамах на новай вуліцы Савецкай, якая з 1952 г. атрымала назву "праспект Сталіна" (да 1961 г.) жыла беларуская савецкая наменклатура, а так-сама вядомыя навукоўцы, пісьменнікі і артысты. Пра гэта цяпер сведчаць шматлікія мемарыяльныя дошкі на фасадах дамоў.

Новае афармленне "атрымала" і Прывакзальная плошча, дзе ўзніклі два высокія 11-ціпавярховыя будынкі з багатым дэкорам і савецкімі скульптурамі (1948-1956 гг.), своеасаблівая "брама" ў новую савецкую сталіцу Беларусі.

Варта адзначыць, што ў адбудове Менска брала ўдзел вялікая колькасць ваеннапалонных немцаў. Адзін з іх лагераў знаходзіўся каля прыгараднай вёскі Шэйпічы, зараз мікрараён Серабранка. Горад рос так хутка, што ў горадабудаўніцтве ўзнік тэрмін - "феномен Менска". У 1950-м г. тут жыло 273,6 тысяч чалавек, у 1965-м г. - 721,5 тысяч чалавек, у 1970-м г. - 917 тысяч чалавек, 1985-м г. 1478 тысяч чалавек, а ў 1990-м г. - 1638 тысяч чалавек. У 1985-м г. Менск выйшаў на шостае месца сярод буйных гарадоў СССР.

Знішчэнне даваенных гарадскіх цэнтраў значна закранула таксама Віцебск, Бабруйск, Барысаў і Оршу. Значныя змены адбыліся ў жыллёвым сектары, які за гады вайны скараціўся на 73%. У першую пасляваенную дзесяцігодку назіралася тры галоўныя кірункі ў яго павелічэнні. Гэта аднаўленне старых паўразбураных будынкаў з аздабленнем іх фасадаў неакласічным дэкорам. У цэнтрах вялікіх гарадоў будуюцца жылыя кварталы з багатым дэкорам для савецкай эліты. Большая частка гарадской тэрыторыі адводзіцца пад прыватнае жытло, альбо будавалі невялікія, як правіла, двухпавярховыя будынкі па спрошчаных тыпавых праектах. Пасляваенны стан гарадской гаспадаркі быў цяжкі. У 1959 г. сярэдні працэнт па краіне жылых дамоў, падключаных да водаправода, складаў толькі 8,6%, а да каналізацыі - каля 5%. Прыватны сектар жыў без усялякіх камунальных паслуг.

Сітуацыя кардынальна змянілася ў канцы 50-х гадоў. Новыя ўлады на чале з Мікітай Хрушчовым афіцыйна забаранілі неакласіцызм. Пачалося масавае будаўніцтва панельных дамоў па стандартных праектах. Па загаду М. Хрушчова ў Менску з'явіўся першы мікрараён (альбо спальны раён) у Фрунзенскім раёне ўздоўж вуліц Карла Лібкнехта і Розы Люксембург. Пачыналі вырашаць у тым ліку і пытанне экалогіі ("каб рабочыя не дыхалі заводскімі выкідамі"). Засяленне пачалося восенню 1957 г. але адсутнасць гарачай вады выклікала масавае абурэнне навасёлаў. У 1955-1975 гг. па ўсёй Беларусі масава будуюцца пяціпавярховыя панельныя будынкі без ліфта, з сумежнымі туалетам і ванным пакоем, якія народ назваў "хрушчоўкамі". Для іх будаўніцтва ўжываліся новыя будаўнічыя матэрыялы: белая сілікатная цэгла, рубероід і шыфер для пакрыцця даху. Цяпер ў Беларусі такіх дамоў 2568, з іх у Менску - 890 панельных дамоў з агульнай плошчай - каля 3 мільёнаў квадратных метраў.

Пачынаецца будоўля і новых гарадоў. З 1957 г. пачалі будаваць Салігорск (тры жылыя раёны паміж лесам і ракой). Таксама ўзніклі такія гарады, як Жодзіна, Светлагорск, Новалукомль і Белаазёрск.

На 1 студзеня 1966 г. цэнтральнае ацяпленне мела ўжо 23,5% гарадскога жылога фонду, водаправод - 43,1%, каналізацыю - 39,5%, гарачую ваду - 18,4%, ванныя і душ - 29,4%.

У 1953 г. ліквідаваліся Баранавіцкая, Бабруйская, Палеская (цэнтр г. Мазыр), Пінская і Полацкая, а потым і Маладзечанская вобласці. Рост гэтых былых абласных цэнтраў адразу запаволіўся. Да 1963 г. ліквідавана 98 з 175 раённых цэнтраў. Яны ператварыліся ў рабочыя пасёлкі, і людзі пачалі перасяляцца з камуналак у індывідуальныя кватэры. З 1962 г. пачалі дзейнічаць жыллёвыя кааператывы, сябры якіх атрымлівалі дзяржаўны крэдыт у памеры 60% ад кошту кватэры на тэрмін 10-15 гадоў. Будаваліся дзевяціпавярховыя кааператыўныя дамы.

У 70-80-я гады ХХ ст. жылая архітэктура беларускіх гарадоў адмаўляецца ад знешняга дэкору і пераходзіць да масавага жалеза-бетонавага будаўніцтва. За гэтыя гады па тыпавых праектах пабудаваны 59% жылых і 90% культурна-бытавых будынкаў, што прывяло да абязлічвання вобліку беларускіх гарадоў. Аднак "жыллёвае пытанне" ў БССР вырашыць не ўдалося. У 1970-я гады 30% сем'яў у БССР стаялі ў чарзе на кватэру - гэта быў самы высокі паказальнік сярод усіх саюзных рэспублік.

За савецкім часам у малых гарадах склалася вялікая ўдзельная вага прыватнага сектара. Палову, а часам і две траціны, плошчы гарадской тэрыторыі займалі прыватныя драўляныя дамкі з садамі і агародчыкамі. Што ж тычыцца аграрнага сектара, то ў пасляваенны перыяд тут прайшло некалькі хваляў узбуйненняў, у час якіх знікла больш за 10 000 хутароў і "неперспектыўных" вёсак.

Да сярэдзіны ХХ ст. сядзібная забудова ў вёсках Беларусі развівалася на традыцыйнай аснове. Але пазней, у сувязі з праектаваннем сельскіх паселішчаў і іх рэканструкцыяй, распрацоўваюцца і тыпавыя праекты сельскіх сядзіб. Іх агульная рыса - гэта мінімум плошчы пад забудову (каля 0,1 га), адзіндва гаспадарчыя будынкі і стандартны набор элементаў добраўпарадкавання. Калгасныя пасёлкі і цэнтры старых вёсак забудоўваюцца аднакватэрнымі сядзібамі, а таксама чатырох- ці пяціпавярховымі дамамі без гаспадарчых пабудоў, для калгасных спецыялістаў, настаўнікаў, медыкаў, тых, хто не вёў сядзібнай гаспадаркі.

На працягу XX ст. беларуская сяліба перацерпела некалькі трансфармацый. Значную эвалюцыю ў другой палове ХХ ст. перажыла і тыповая беларуская хата.

У пачатку стагоддзя пераважаў пагонны двор. Уласна хата працягвалася сеньмі, далей пад той жа страхой ішоў хлеў, далей адрына і г. д. Гумно ставілася асабняком.

З пачаткам Сталыпінскай рэформы і да 1929 г. ва Усходняй Беларусі, да 1939 г. у Заходняй Беларусі, ішло перасяленне на хутары. На хутарах пагонны двор замяніўся вянковым. Пры хаце засталіся толькі сені, у канцы якіх звычайна была камора. Наяўнасць сяней прадугледжвала дзверы ў хату выключна ў тарцовай сцяне, яны як правіла былі адны і вялі на кухню, дзе асноўнае месца займала печ і палаткі (палок). Печы ставіліся папярок хаты і былі павернуты гарэльняй абавязкова на ўсход (прыблізна, канешне). Насупраць гарэльні абавязкова павінна быць акно, бо іначай гаспадыні не будзе відно нічога ў печы і на прыпечку. Хата дзялілася на дзве часткі: кухню і "тую хату". У "той хаце" асноўнай мэбляй былі лавы ўздоўж сцен. Хаты былі крытыя пераважна саломай.

У Заходняй Беларусі масавы знос хутароў пачаўся ў 1959 г.

Пры пераездзе ў вёску ад беларускай хаты адпалі сені, а з'явіліся прыбудоўкі і веранды. Гэта на 70-80%. У хаце стала двое дзвярэй: адны вялі ў бок вуліцы ў веранду, другія - у бок двара у прыбудоўку. Дзверы пачалі рабіць у падоўжных сценах. У тарцавой сцяне кухні пачалі рабіць акно (вокны). Прыбудоўка прыстасоўвалася да глухой падоўжанай сцяны (кані) хаты з боку двара. Печ адразу развярнулася. Яе пачалі ставіць падоўжна, гарэльняй да акна ў тарцавой сцяне. Хата капітальна працягвала дзяліцца на дзве часткі: кухню і "тую хату", але кухня за кошт падоўжнага размяшчэння печы і змяшчэння яе ад цэнтра да дзвярэй, якія выходзяць на двор, падзялілася таксама на дзве часткі: уласна кухню і пакой або запечак у залежнасці ад шырыні хаты. "Тая хата" магла перагароджвацца некапітальнымі перагародкамі або мэбляй і дзяліцца на спальню і пакой, які забіраў сабе назву "тая хата". У вёсцы хаты ўжо саломай не крылі. Крылі дранкай (шчапой), рэдка гонтай, вельмі рэдка дахоўкай. Хлявы ў 1959-1960-я гг. крылі саломай. У 60-х гадах з'явіўся шыфер, якім ахвотна пачалі крыць новыя хаты, а пакрытыя дранкай крылі шыферам проста па дранцы. Зрэдку крылі бляхай, якую было цяжка дастаць. Усебеларускім дзівам было, калі асобныя "хітрыя" гаспадары крылі хаты ночвамі (куплялі даволі танныя ацынкованыя ночвы, расшывалі іх на лісты і гэтымі лістамі крылі - характэрным прызнакам такой страхі былі ўзоры, якія на заводах выціскаліся на дне ночваў). Прыбудоўка, якая фактычна выконвала функцыі сяней, дзялілася на "перад" і камору.

Беларускія вёскі ў большасці цягнуцца з захаду на ўсход. У гэтых вёсках большасць хат стаіць доўгай сцяной да вуліцы. Кухня амаль заўсёды з усходняга боку (хіба што канфігурацыя двара, стары фундамент ці іншыя фактары не дазвалялі зрабіць так). Раніцай пры ўсходзе сонца яно адразу свяціла ў кухню і ў печ. Пры гэтым хаты, якія стаяць з паўднёвага боку вуліцы з'яўляюцца люстраным адбіткам хатаў, якія стаяць з паўночнага боку. Калі вуліца ідзе з поўначы на поўдзень, гэтыя правілы не вытрымліваюцца, але ўсяроўна людзі імкнуліся, каб з раніцы сонца свяціла ў кухню.

Веранды ўпрыгожвалі хату, а функцыянальна выконвалі ролі тамбура для ўцяплення дзвярэй ад вуліцы. Цераз гэтыя дзверы і веранды амаль ніхто не хадзіў і не ходзіць, але іх упарта робяць.

Савецкая дзяржава пры пераездзе з хутароў давала магчымасць пабудавацца з выкананнем усіх нормаў. Лес быў недарагі, яго выпісвалі, колькі трэба, на перасяленне давалі пазычку (ссуду). Неўзабаве (сярэдзіна 60-х) з'явіліся піларамы, перасталі рэзаць дошкі ўручную і часаць бярвенні. Бярвенні пачалі абразаць на брус на пілараме. Падтрымлівалася стварэнне будаўнічых брыгад па перасяленні. Хоць у большасці брыгады былі самаўтвораныя, недзяржаўнай і нават не арцельнай формы арганізацыі працы, пра іх пісалі ў савецкіх газетах і да часу хвалілі.

У 80-я гады падчас газіфікацыі і з памяншэннем колькасці жывёлы ў гаспадарцы пачалі адмаўляцца ад выкарыстання печаў. Газавыя пліты пачалі размяшчаць у прыбудоўках, фактычна змясціўшы туды кухні. Самі печы хто раскідаў, хто не, і ў такім выглядзе беларуская хата перайшла ў XXI ст.

Архітэктурны тып такіх хат можна было б акрэсліць як "беларускі народны рацыяналізм". 20-30% хатаў заставаліся пабудаванымі па іншых законах, у большасці гэта хаты, якія не ездзілі на хутары, а будаваліся яшчэ ў паўнавартаснай цеснай вёсцы па прынцыпу "як атрымоўваецца". Тут, як правіла, заставаліся сені, і хаты стаялі вузкай сцяной да вуліцы. Вельмі часта ў гэтых хатах гаспадыні мучыліся з "цёмнымі" печамі, калі гарэльня была павернута не на ўсход.

Таксама паступова мяняецца хатняе абсталяванне. На змену лавам прыходзяць канапы, крэслы, насціл змяняецца ложкам, куфар саступае месца шафе, з'яўляецца этажэрка ці паліца для кніг. На стале пад ручніком стаіць радыёпрыёмнік, а пазней і тэлевізар, на сцяне гадзіннік-ходзікі. У старых людзей у чырвоным куце, нягледзячы на атэістычную прапаганду, вісяць абразы, часам нават з лампадкамі. На сценах маляваныя дываны і сямейныя фатаздымкі ў рамачках, за шклом. 60-я гады - апошні ўсплеск субкультуры маляваных дываноў. Падлогу пачынаюць фарбаваць, сцены - бяліць ці абклейваць шпалерамі, на вокнах з'яўляюцца шторы і фіранкі. Перагародкай вылучаецца спальня з металічным ложкам, пярынай, некалькімі падушкамі, з шафай для бялізны і вялікім люстэркам у дзверцах.

Шчыты, франтоны, карнізы, элементы даху малююцца ў больш яркія колеры, сцены - у больш памяркоўныя, ніжняя частка будынка - у больш цёмныя. Разьбой аздабляюцца як канструкцыйныя элементы (бэлькі, стойкі, кансолі, кроквы), так і часткі канструкцый агараджальнага тыпу (шчыты, шалёўка, аканіцы і ліштвы). Даволі часта будуюць цагляныя дамы, часам з узорамі з профільнай цэглы над вокнамі. У 1970-х гадах з'яўляецца мясцовая сфера абслугоўвання (атэлье, майстэрні, паштовыя аддзяленні, калгасныя сталовыя, фельчарскія пункты), якая забяспечвала некаторую занятасць жыхароў.

Пры вяртанні з хутароў беларусы прывезлі ў вёскі вянковы двор. Пагонны двор не аднавіўся. Хлявы (хлеў, хлеў і варыўня або іншая камбінацыя) ставіліся за хатай і наводдаль. Як правіла каля хлявоў выгароджваўся двор, куды летам можна было выпускаць жывёлу. Гумны практычна зніклі.

Хлявы выкарыстоўваліся для ўтрымання жывёлы і захоўвання кармоў: сена, саломы. Унутры хлявы дзяліліся на праварыны і катухі. Да хлявоў прыбудоўваліся свінухі і курнікі (птушнікі). Частка хлява, дзе ўтрымоўвалася жывёла мела гарышча, якое называлася "вышкі". Вышкі насцілаліся непадагнанымі дошкамі і жэрдкамі. Летам-восенню вышкі запаўняліся сенам, якое скарыстоўвалася на корм у апошнюю чаргу - пад весну, бо служыла яшчэ і для ўцяплення хлява.

Хлявы рабіліся з горшага дрэва і пры перасяленні з хутароў крыліся яшчэ пераважна саломай. Лічылася, што саламяная страха цяплейшая. З канца 60-х гадоў 20-га стагоддзя крыць саломай практычна перасталі. Пасля масавага з'яўлення камбайнаў проста не стала кулявой саломы. Саламяныя стрэхі на хлявах паступова замяніліся на шыферныя.

У 60-я гады ў вёсках масава з'явіліся бетонныя склепы. Садзейнічалі гэтаму два фактары: стаў даступны цэмент (па грашах і па магчымасці купіць) і зніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку меліярацыі. Склепы вясной перасталі затаплівацца вадой, і іх стала магчымым будаваць і ў нізкіх месцах..

У 60-я гады па Беларусі фактычна зніклі драўляныя зрубы ў студнях. Прайшла іх масавая замена на бетонныя колцы (трубы). Для 60-70-х гадоў 20-га стагоддзя характэрны традыцыйныя грамадскія студні, якія капаліся на вуліцы з разліку: 1 студня спачатку на 20-30 двароў, пазней на 10-15 двароў. З канца 70-х і ў 80-я гады масава з'яўляюцца студні на падворках. У выніку многія грамадскія студні прыйшлі ў заняпад і былі засыпаны. Паспрыяла гэтаму і з'яўленне ў вёсках вадаправодаў і месцамі калонак.


У 70-80-х гадах мінулага стагоддзя, калі БССР узначальваў Пётр Машэраў, гараджане мелі права атрымаць за горадам шэсць сотак зямлі для летняга адпачынку. Там можна было паставіць невялічкі дамок, але без печкі, каб зімой там жыць было немагчыма. Гэтыя лецішчы, альбо дачы, атрымлівала савецкая эліта. Так, беларускія пісьменнікі мелі дачны пасёлак у Дзяржынскім раёне, і іх побыт быў добра апісаны ў ананімнай паэме "Сказ пра Лысую гару". Партыйная эліта мела свае катэджы пад Менскам, у славутых "Драздах". Напрыканцы існавання СССР сітуацыя змянілася і людзі атрымалі права на будаўніцтва загарадных дамоў без усялякіх абмежаванняў, а памер сядзібнага ўчастка павялічылі да 10 сотак.

Будынкі грамадскага прызначэння (установы, тэатры, музеі, крамы, стадыёны і інш.)


У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя у БССР пачалася будоўля вялікіх грамадскіх будынкаў у стылі канструктывізму. Менавіта падобныя пабудовы павінны былі стаць новымі гарадскімі дамінантамі, а таму іх будавалі як правіла па індывідуальных праектах. У сталіцы будоўлю пачалі са стварэння ўніверсітэцкага гарадка (1928-1931 гг., архітэктары І. Запарожац і Г. Лаўроў). У аснове кампазіцыі архітэктары паклалі павільённы прынцып, калі ў асобных трохпавярховых карпусах размяшчаліся асобныя факультэты. Гэтыя карпусы разам з зялёнымі насаджэннямі і фармавалі архітэктурны ансамбль універсітэцкага гарадка. Архітэктура фасадаў будынкаў была вельмі лаканічная і не мела ніякага дэкору. У гады вайны будынкі БДУ былі разбураны і іх са зменамі аднавілі ў 1945-1949-м гг. У 1960-х гадах пабудавалі новы галоўны корпус БДУ. У 1970-я гады пабудавалі новы ўніверсітэцкі гарадок каля былой вёскі Шчамысліца.

У 1929-1932-м гадах будуецца клуб-тэатр у Мазыры. Гэта двухпавярховы, асіметрычны ў плане будынак, які дакладна падзелены на відовішчную і клубную часткі, якія функцыянуюць самастойна. На галоўным фасадзе вылучаецца ўваход у тэатр, у выглядзе паўкруглай каланады.

Па праекту Г. Лаўрова ў 1930-1934-м гадах будуецца бібліятэка імя Леніна - яскравы прыклад савецкага канструктывізму. Планіроўка будынка заснавана на спалучэнні простых геаметрычных формаў, а асноўны прынцып праекта - канкрэтнае функцыянальнае прызначэнне ўсіх памяшканняў бібліятэкі. Знешняга дэкору амаль няма - толькі галоўны ўваход вылучаецца апорнымі слупамі, якія падрымліваюць паўкруглы аб'ём, які навісае над імі, з вялікімі зашклёнымі вокнамі.

У 1932 г. Лаўроў пачаў будаваць комплекс будынкаў Акадэміі Навук БССР. У 1934 г. Лаўрова замяніў Іосіф Лангбард.

Да 1939 г. завершана будаўніцтва галоўнага і лабараторнага карпусоў і друкарні. Будынкі разбураныя падчас Другой сусветнай вайны, адноўленыя да 1949 г. Галоўны корпус АН БССР мае складаную сіметрычную восева-вуглавую структуру. Два П-падобныя крылы, размешчаныя ўзаемна перпендыкулярна, злучаныя пры дапамозе вялікага трапецападобнага аб'ёму. А крытая вуглавая частка аформлена магутнай паўцыркульнай каланадай у 2 рады. Вулічныя фасады і каланада завершаныя высокім прафіляваным атыкам. Фасады рытмічна расчлянёны пілястрамі з іянічнымі капітэлямі. Прасценкі апрацаваныя рустам, над прамавугольнымі вокнамі ляпныя гірлянды. Дваровыя фасады вырашаны больш сціпла. Уваход аформлены 3 аблямаванымі гранітам парталамі строгай геаметрычнай формы. Да будынка вядзе шырокая адкрытая лесвіца і пад'язныя пандусы па баках.

Унутры вялікі трапецападобны вестыбюль, па восі якога размешчана парадная трохмаршавая лесвіца. Планіроўка службовых памяшканняў калідорная адна- і двухбаковая.

У 1964 г. да галоўнага корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны новы корпус, вырашэнне якога падпарадкавана архітэктуры строгай і ўрачыстай манументальнасці асноўнага будынка.

У 1960-1970-я гады на ўчастку, абмежаваным вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава, створаны комплекс будынкаў АН БССР.

У 1977 г. завершана будаўніцтва двух чатырнац-цаціпавярховых карпусоў, у якіх размешчаны інстытуты Аддзялення грамадскіх навук і вылічальны цэнтр Інстытута матэматыкі.

У 1972 г. распачата будаўніцтва новага акадэмгарадка ў паўночна-ўсходняй частцы Менска на вуліцы Жодзінскай.

У 1932 г. архітэктар А. Васільеў пабудаваў у Віцебску клуб металістаў, які мае складаную канфігурацыю плана і складаецца з дзвюх групаў памяшканняў - відовішчнай і клубнай. Першая група ўключае ў сябе вестыбюль, фае і залу для гледачоў. Клубная частка знаходзіцца ў двухпавярховай частцы клуба, якая пад прамым вуглом прылягае да асноўнага аб'ёму.

Далейшы лёс беларускага савецкага канструктывізму цесна звязаны з імем славутага архітэктара і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў і архітэктуры Беларусі Іосіфам Лангбардам. Ён нарадзіўся на Беласточчыне, у Бельску, у 1882 г. Сваю навуковую кар'еру пачаў у Ленінградзе, а з 1932 г. стала працаваў у Беларусі, дзе стварыў шэраг унікальных будынкаў у стылі канструктывізму.

У 1929 г. быў абвешчаны Усесаюзны конкурс на пабудову ансамбля будынкаў Дома ўраду ў новым гістарычным цэнтры Менска, які вырашылі стварыць каля чыгуначнага вакзала. Менавіта гэты конкурс і выйграў І. Лангбард.

Пасля таго, як знеслі старую жылую забудову, будаўнічая пляцоўка была падрыхтавана, распачалі каласальную будоўлю, якая ішла старымі метадамі без пад'ёмных кранаў і іншых новых тэхналогій. Так цэглу мулярам рабочыя насілі на ўласнай спіне з дапамогай заплечных насілак, якія мелі назву "каза". Канструкцыю прылады складала гарызантальная аснова ў выглядзе невялікай дошкі, даўжынёй каля метра з ручкамі ("рагамі"), на ўзроўні плеч насільшчыка. На "казу" нагружалі па 25-30 цаглінаў (вага адной цагліны - 3,5-4 кг).

У працэсе будаўніцтва Лангбард адмовіўся ад злучальнай галерэі на ўзроўні 3-га паверха паміж бакавымі крыламі, прапанаваў паставіць перад Домам ураду помнік Леніну. Дом ураду і помнік з'яўляюцца кампазіцыйнай дамінантай сучаснай плошчы Незалежнасці.

Дом ураду - самае буйное на Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваеннага часу, мае складаную ў плане канфігурацыю. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстаны прыём паступовага нарастання сіметрычных рознавышынных аб'ёмаў пры набліжэнні іх да цэнтра, што надае сілуэту будынка дынамічнасць.

Цэнтральная дзевяціпавярховая частка заглыблена і фланкіравана бакавымі крыламі, якія паступова паніжаюцца да пяці паверхаў і ўтвараюць унутраную плошчу (100-50 м). Да тыльнага фасада цэнтральнай часткі прымыкае аб'ём залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета БССР, перакрыты паўсферычным купалам на барабане. У дэкоры фасадаў выкарыстана вертыкальнае чляненне - лапаткі простага профілю па ўсім перыметры збудавання, якія надаюць яму накіраванасць у вышыню, манументальнасць.

Цэнтральную частку галоўнага фасада аздабляе велізарны герб БССР, што займае па вышыні некалькі верхніх паверхаў будынка. Інтэр'ер вылучаецца прастатой планіроўкі і функцыянальнай арганізацыяй унутранай прасторы будынка. Цокальны паверх заняты памяшканнямі гаспадарчага прызначэння, першы - вестыбюлямі, гардэробамі, ліфтавымі холамі. Галоўны з трох вялікіх вестыбюляў першага паверха знаходзіцца ў цэнтральнай частцы і з'яўляецца асноўным кампазіцыйным звяном. Два вестыбюлі размешчаны ў бакавых крылах. Ліфты і лесвіцы раўнамерна размеркаваны па ўсім будынку, звязаны паміж сабою пераходамі. У афармленні вестыбюляў, фае, залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, канферэнцзалы выкарыстана размалёўка. Для залы пасяджэнняў і фае выкарыстаны шматфігурныя рэльефы на тэмы рэвалюцыйнай барацьбы і сацыялістычнага будаўніцтва, галерэя скальптурных партрэтаў К. Маркса і Ф. Энгельса, Ф. Дзяржынскага, А. Мяснікова, М. Фрунзе і інш.

Будынак Дома ўраду - адзін з першых і найбольш значных узораў сінтэзу архітэктуры і манументальнага мастацтва ў Савецкай Беларусі.

У 1937 г. узнікла ідэя перанесці сталіцу БССР далей ад польскай мяжы ў г. Магілёў. Там зруйнавалі частку гістарычнага цэнтра горада і ў 1937-1939 гг. І. Лангбард пабудаваў Магілёўскі Дом саветаў - васьміпавярховы будынак (цэнтр кампазіцыі, які фланкіруецца сяміпавярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, што пераходзяць у паўкруг, створаны пяціпавярховымі бакавымі крыламі). Вертыкальныя лапаткі, размешчаныя па перыметры будынка, надаюць кампазіцыі стройнасць і выразнасць. Перад галоўным фасадам, як і ў Мінску, стаіць помнік Леніна.

Аднак пасля 17 верасня 1939 г. заходняя мяжа БССР апынулася за Беластокам і таму ідэя пераносу сталіцы ў Магілёў страціла актуальнасць.

У 1934-1939-м гг. Лангбард на месцы былога архіерэйскага падвор'я ў Менску будуе Дом чырвонай арміі. Будуецца вялікі П-падобны ў плане будынак, дзе знаходзіліся розныя вучэбныя і выставачныя пакоі, бібліятэка, дзве вялікія залы і спартыўны комплекс з басейнам. Фасады будынкаў упрыгожвалі калоны, якія на тры чвэрці выступаюць з паверхні сцяны галоўнага фасада.

У 1928 г. у Менску з'явіўся малавядомы архітэктар з Масквы Георгій Лаўроў, які родам быў са Смаленшчыны. Вучоба ў вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве сфармавала яго, як актыўнага прыхільніка функцыяналізму. За пяць год ён пабудаваў у беларускай сталіцы ансамблі БДУ і політэхнічнага інстытута, бібліятэку імя Леніна, лабараторыі і друкарню АН БССР, клінічны гарадок, а таксама інтэрнаты Горыцкай акадэміі, кінатэатр у Воршы і іншыя аб'екты. Таму не дзіўна, што яму даручылі зрабіць праект беларускага тэатра оперы. Для будаўніцтва выбралі Рынкавы пляц на былой Траецкай гары, якая тады дамінавала над усім горадам. Распачалі будаўніцтва ў 1933 г. Якраз у гэтым годзе ў Менску з'явіўся І. Лангбард, які выйграў у Лаўрова конкурс (1929 г.) на будаўніцтва Дома ўраду. Лангбард прапануе сваю версію праекта Опернага тэатра, і яна была ўхвалена ўрадам БССР. Лаўроў назаўжды пакінуў Беларусь.

Пад уплывам новай моды - неакласіцызму, Лангбард у аснову будынка паклаў каласальны, накшталт рымскага, цырк з амфітэатрам. На вялікай сцэне павінны былі адбывацца вялікія містэрыі з дапамогай найноўшых тэхнічных сродкаў. Планавалася, што зала для гледачоў зможа прыняць 5 000 чалавек.

Аднак грошай не ставала і спачатку памер залы скарацілі да 3 000, а ў 1937 г. - да 1 500 асобаў. Адпаведна прапорцыі тэатра зменшыліся, зніклі скульптуры і барэльефы і велізарныя прапілеі перад галоўнай лесвіцай. Аднак асноўны акцэнт кампазіцыі - тры вялікія барабаны, пастаўленыя адзін на другі, што ззаду ператвараюцца ў прамавугольныя крылы сцэнічнага аб'ёму і дапаможных памяшканняў - застаўся.

У 1939 г. Опера ўрачыста была адкрытая. Падчас вайны будынак быў значна пашкоджаны, пасля вайны яе перабудавалі і стварылі ўнутры традыцыйную ярусную сістэму: партэры і тры ложы. Кіраваў адбудовай той жа самы Лангбард. Вестыбюлі, фае і зала для гледачоў былі аздоблены багатым дэкорам з выкарыстаннем савецкай сімволікі. Кіраваў аздабленнем інтэр'ераў Андрэй Бембель. Колькасць месцаў у зале зменшылася да 1 200 чалавек. У 1948 г. Опера зноў пачала працаваць.

У 1933-1937-м гадах архітэктары А. Воінаў і У. Вараксін пабудавалі ў Менску Палац піянераў і школьнікаў, прычым у СССР гэта быў адзін з першых будынкаў такога прызначэння. Фасады апрацаваныя пад шэры граніт, мелі пілястры. Галоўны ўваход выдзелены шасцікалонным порцікам. Агульны вестыбюль аб'ядноўвае відовішчную і гурткова-клубную групы памяшканняў. Каля Палаца пасадзілі сад. Разбураны ў вайну будынак аднавілі ў змененым выглядзе (1947-1950 гг.), на базе відовішчнай групы ўзнік Рэспубліканскі тэатр юнага гледача. У 1962 г. прыбудавалі дадатковы корпус. У комплексе будынкаў шырока выкарыстаны элементы выяўленчага мастацтва.

У 1939 г. пачалі будаваць будынак ЦК КПБ (зараз адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі). Шасціпавярховы аб'ём, пастаўлены на масіўны гранітны цокаль. Фасады па ўсім параметры апрацаваныя прафіляванымі лапаткамі і маюць ўверсе магутны атык. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядае планіровачнай структуры і канструкцыйнай аснове будынка. Падчас будаўніцтва ўпершыню ў БССР былі выкарыстаны зборныя жалеза-бетонавыя пліты для перакрыццяў. Таксама тут упершыню працавалі вежавыя краны. Але завяршыць будоўлю перашкодзіла вайна і будаўніцтва скончылі ў 1947 г. У 1976 г. з паўднёвага захаду прыбудавалі правае крыло.

З іншых значных даваенных помнікаў, архітэктура якіх захавалася, трэба адзначыць гасцініцу "Беларусь" (1934-1938 гг.), гідраметэаралагічную абсерваторыю (1934 г.), фабрыку-кухню (1934 г.) і Дом друку (1931 г.) у Менску, а таксама гасцініцу "Дняпроўская" (1938-1940 гг.) і кінатэатр "Чырвоная зорка" (1930-1931 гг.) у Магілёве.

Усе пасляваенныя будынкі ў БССР будуюцца ў стылі "сталінскага ампіру", які канчаткова склаўся як савецкі архітэктурны стыль пасля 1945 г.

У архітэктурнай практыцы 1945-1950 гг. выкарыстоўваўся ўвесь комплекс прыёмаў еўрапейскай архітэктуры: ад антычнасці да неакласіцызму. Асноўным мастацкім сродкам была стылізацыя ранейшых формаў з мэтай перанесці іх у прастору новага "сацыялістычнага" горада. Найбольш папулярным было цытаванне класіцызму, дзе існаваў прыярытэт дзяржаўных інтарэсаў над прыватнымі. Шматэлементныя сюжэтныя рэльефы ствараліся на франтонах будынкаў. Элементамі іх з'яўляліся выявы сцягоў, глобуса і калосся, а таксама раслінныя элементы: лісце аканта, лаўровыя і дубовыя галінкі. З савецкай сімволікі варта адзначыць выявы пяціканцовай зоркі, якая часта знаходзіцца ў цэнтры лаўровага ці дубовага вянка, або як частка кампазіцыі з перакрыжаваных снапоў калосся. Таксама часта сустракаецца кампазіцыйнае спалучэнне сярпа і молата. Іх выявы ўжываліся ў складзе герба БССР, у картушы, або цалкам асобна - на круглай плакетцы з гладкім фонам. Папулярнымі былі і рэльефныя адлюстраванні цыркуляў, лагарыфмічных лінеек, мікраскопаў, молатаў як сімвалаў навукова-тэхнічнага прагрэсу.

У 1949 г. да Сусветнага кангрэсу міру мастак Пабла Пікаса стварыў знакамітую выяву голуба - "птушкі міру". Гэты сімвал адразу з'явіўся на фасадах некаторых менскіх дамоў.

Сярод раслінных сюжэтаў варта адзначыць матывы калосся, пшаніцы ці жыта (сімвала ўрадлівасці), галін дубу і лаўру (сімвала ўрачыстасці), вянкі з дубу, лаўру, алівы альбо іншых раслін, рэльефныя выявы гірляндаў, а таксама - матыў рога дастатку.

Існавалі таксама кампазіцыі з матываў кветкі са слуцкіх паясоў і чарцёжных прылад. З беларускага народнага арнаменту бралі найбольш характэрныя мастацкія элементы: ромбы, зоркі, прастакутнікі, лукаткі (зігзагі), спалучаныя ў розных камбінацыях. Адным з самых распаўсюджаных матываў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі становяцца стылізаваныя ўзоры слуцкіх паясоў (асабліва матыў турэцкага гваздзіка).

Характэрны прыклад мы бачым у дэкоры будынка па вуліцы Свярдлова, дом 24 у Менску. Кветкавы матыў размешчаны ў круглай разетцы, па баках ён дапаўняецца дэкаратыўнай драпіроўкай - імітацыяй самога пояса.


Прыярытэтнае месца ў гарадах адводзілася адміністрацыйным і грамадскім установам.

У Менску ў 1947 г. была завершана пабудова будынка сённяшняга КДБ з галоўным уваходам, які вылучаецца чатырохкалонным карынфскім порцікам. Збоку да яго дапасавалі корпус МУС, аздоблены капітэлямі іянічнага ордэра - дарэчы, адзіны даваенны будынак, які ацалеў на былой Савецкай вуліцы. У 1948-1954 гг. пабудавалі дзяржаўны банк БССР з імітацыяй карынфскай аркады над уваходам.

Арыгінальнасцю архітэктурнага рашэння вылучаецца Галоўпаштамт (1948-1953 гг. архітэктар У. Кароль). Яго парадны фасад аздоблены карынфскім ордэрам і высокім атыкам з круглымі вокнамі. Аператыўныя залы разлічаны ў прыбудаванай з тыльнага боку ратондзе з купалам (дыяметр 30 м).

У траўні 1962 г. будынак галоўнага паштамта ўпрыгожылі незвычайным па тых часах гадзіннікам. Ён паказваў не толькі менскі, але і час у 50 гарадах планеты. Гадзіннік быў з боем і музыкай. Біў ён кожныя 15 хвілін, а мелодыю "Радзіма мая дарагая" выконваў раз за гадзіну. Гадзіннік замоўк у пачатку 1970-х, калі выйшаў указ забараніць у гарадах лішнія гукі. Да летніх алімпійскіх гульняў 1980 г. гадзінік абнавілі, замянілі цыферблат, зрабілі надпісы гарадоў на беларускай мове, а іх колькасць зменшылася да 35.

Варта таксама адзначыць будынак аблвыканкама ў Полацку (1949-1954 гг.) з двухраднай кампазіцыяй перад уваходам і будынак абкама КПБ у Маладзечне (1953-1957 гг.), цэнтральны рызаліт якога аздобіў васьмікалонны порцік. У 1947 г. скончана будаўніцтва Слуцкага дома культуры з залай для гледачоў на 300 месцаў. Гэта двухпавярховы мураваны будынак з галоўным фасадам, які вырашаны ў выглядзе неглыбокай галерэі з каланадай, што падтрымлівае аб'ём другога паверха. Цэнтральны ўваход выдзелены аркай.

Пасля вайны значная ўвага была звернута на развіццё тэатраў і музеяў. З Гародні ў Менск быў пераведзены Рускі драматычны тэатр, якому аддалі будынак былой харальнай сінагогі, дзе потым быў яўрэйскі тэатр. Да былога культавага будынка ў 1952 г. прыбудавалі парадны фасад з калонамі ў неакласічным стылі. У 1956 г. у Гомелі пабудавалі Драматычны тэатр, а ў Віцебску (1958 г.) новы корпус тэатра імя Я. Коласа.

Новыя дамы культуры з'явіліся ў Віцебску і Гародні. У 1954 г. у Менску паводле праекта, запазычанага з Петразаводска, пабудавалі Палац культуры Белсаўпрофа.

Галоўны фасад арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сіметрычны аб'ём, абрамлёны па перыметры калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе дзесяцікалоннага порціка, увенчанага франтонам са скульптурнымі групамі. Знутры порцік упрыгожаны кесонным скляпеннем з яркай расфарбоўкай. Аналагічна вырашаны і тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па тры франтоны, упрыгожаныя пінаклямі.

Разнастайныя дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр'ерах: залы для гледачоў на 780 месцаў, фае, холах, танцавальных і лекцыйных залах, у памяшканнях для работы гурткоў. Будынак здалёк нагадвае антычны храм.

У 1957 г. будуецца будынак Мастацкага музея (архітэктар М. Бакланаў) з каланадай і тэматычнымі скульптурамі, у нішах на галоўным фасадзе і вялікім замкнёным купалам над будынкам.

Цікавы лёс пасляваеннага дома Я. Коласа, які зараз з'яўляецца яго мемарыяльным музеем. На тэрыторыі Акадэмгарадка (цяпер квартал Менска, сумежны з праспектам Незалежнасці, вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава) Якуб Колас пасяліўся пасля вяртання з эвакуацыі ў траўні 1945 г. У спаленым горадзе цяжка было знайсці добрае жыллё, таму домік, прывезены з прыгараднай вёскі ў час вайны для патрэбаў нямецкага шпіталя і пастаўлены ў двары Акадэміі навук, стаў на той час адзіным магчымым рашэннем жыллёвага пытання пісьменніка. Гэта быў драўляны домік памерам прыкладна 5x9 м, ён меў тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню - 2x2 м. Водазабеспячэння ў доме не было.

Паступова пачалі абжывацца на новым месцы. У канцы 1944 г. вакол сядзібы зрабілі агароджу - час быў неспакойны. На працягу 1945-1946 гг. пабудавалі пуню, гараж, склеп і лазню.

Улетку 1946 г. дом песняра наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня СМ БССР Панцеляймон Панамарэнка. Ён быў шчыра здзіўлены больш чым сціплым побытам сям'і пісьменніка і, палічыўшы дом няўтульным і непрыгодным для жылля і працы народнага пісьменніка, прапанаваў Коласу пабудаваць вялікі, прасторны катэдж. Колас падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы. Каля двух мільёнаў жыхароў рэспублікі жылі тады ў зямлянках, і народны пісьменнік лічыў немагчымым для сябе ў той час жыць у раскошы.

Замест пабудовы новага будынка сям'я вырашыла абысціся частковай рэканструкцыяй старога. I ўжо ў 1947 г. была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова, фактычна яшчэ адзін невялікі дом, дзе размясцілі кухню, туалетны пакой, маленькі пакойчык для хатняй работніцы на першым паверсе, а таксама кабінет і спальню пісьменніка на другім. У такіх умовах Колас з сям'ёй (сам, два сыны, нявестка) жыў на працягу пяці гадоў да 1952 г. I толькі ўлетку 1952 г, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога (аўтар праекта - архітэктар Георгій Заборскі).

У катэджы на першым паверсе размясціліся спальныя пакоі сыноў Коласа, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, а на другім - кабінеты сыноў Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня Коласа, вялікая гасцёўня - усяго 319 метраў квадратных жылой плошчы. У такім прыгожым і вялікім асабняку, адпаведным яго статусу, Колас пражыў амаль чатыры гады - з верасня 1952 па 13 жніўня 1956 г., калі паэт памёр у сваім доме, у кабінеце за рабочым сталом.

Побач з цяперашнім музейным комплексам размясціўся дом, у якім сёння жывуць нашчадкі вялікага пісьменніка. Дом знакамітага пісьменніка абступае мемарыльны сад.

Значныя змены адбыліся ў гістарычнай частцы Менска, што склалася ў ХІХ ст. на берагах р. Свіслач. Тут у 1805 г. губернатар Менска З. Карнееў заснаваў першы гарадскі парк, які спачатку ў яго гонар назвалі губернатарскім садам.

Парк з'яўляўся першым грамадскім месцам адпачынку ў Беларусі. Гэта быў вялікі парк з кветнікамі, алеямі і штучнымі каналамі. Яго плошча складала каля 18 га. Уздоўж яго маляўнічых алей стаялі лаўкі, на якіх можна было спакойна прысесці адпачыць у цені дрэў. А на адным з паркавых слупоў было высечана на латыні: "Post laborem requies" ("Пасля работы - адпачынак").

Пасля вайны парк аднавілі па праекце I. Рудэнка. З 1952 г. функцыянаваў як парк культуры і адпачынку, у 1960 г., калі тут з'явіліся дзіцячыя атракцыёны, ператвораны ў дзіцячы парк.

Сёння мала хто памятае, што да вайны алея, уздоўж якой размешчаны планетарый, кола агляду і адміністрацыя парку, была звычайнай гарадской вуліцай. У гады Другой сусветнай вайны яе забудова была разбурана, так што ў пасляваенных архітэктараў з'явілася магчымасць пашырыць тэрыторыю саду амаль удвая. Дарэчы, на месцы дырэкцыі парку ў 1927-1941 гг. стаяў дом Якуба Коласа. А на процілеглым беразе Свіслачы, на Садовай вуліцы, жыў Янка Купала (на месцы яго хаты цяпер знаходзіцца музей паэта) - так што класікі беларускай літаратуры часцяком зазіралі адзін да аднаго ў госці.

Асобна варта згадаць парадны ўваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, які з'яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Праект галоўнага ўваходу распрацаваны ў 1952 г. інстытутам Белдзяржпраект (архітэктар Г. Заборскі).

У 1965 г. парк стаў бліжэй да зорак - тут адкрыўся планетарый. Пры ім маецца абсерваторыя, у якой устаноўлены тэлескоп-рэфрактар для вядзення астранамічных назіранняў. За два крокі ад планетарыя зімой размясцілася гарадская рэзідэнцыя Дзеда Мароза, які прыбываў сюды пад Новы год са свайго доміка ў Белавежскай пушчы. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня Дзед са сваёй унучкай Снягуркай прымалі гасцей на самым высокім узроўні - яны каталі іх на 56-метровым коле агляду, устаноўленым на самым высокім паркавым ўзгорку ўвесну 2003 г. замест старога "чортавага кола" дыяметрам 27 м.

Сёння гэта Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага. Ён размяшчаецца паміж вуліцамі Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспектам Незалежнасці і на сённяшні дзень займае плошчу ў 28 га і з'яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і садова-паркавага мастацтва.

Побач з паркам у 1959 г. пабудаваны Менскі цырк - адзін з апошніх ў Беларусі помнікаў эпохі неакласіцызму. Яго асноўны аб'ём ўяўляе сабою вялікую ратонду са сферычным купалам і арыгінальнай каланадай карынфскага ордэра з параднага боку.

Адным з самых прыгожых і адносна маладых паркаў Менска з'яўляецца парк імя Янкі Купалы. Парк знаходзіцца ў самым цэнтры горада ў раёне вуліц Я. Купалы, Куйбышава, праспекта Незалежнасці, р. Свіслач. Цэнтральны ўваход у парк размешчаны насупраць Беларускага дзяржаўнага цырка.

Парк носіць імя славутага беларускага паэта Янкі Купалы, аднак першапачаткова быў заснаваны ў гонар 30-годдзя ўтварэння БССР і толькі ў 1962 г. быў перайменаваны. Раней на месцы парка размяшчалася жылая адна- і двухпавярховая забудова, у тым ліку дом Я. Купалы. Гэтая мясцовасць часта падтаплялася вясновай паводкай. Увесь гэты квартал падчас вайны быў спалены і ўжо не аднавіўся.

Парк быў закладзены па праекце архітэктара I. Рудзенка. Асноўная праца была зробленая ў 1950 г., у прыватнасці, высаджана больш за 4 тысячы дрэў і вялікая колькасць кустоўя, вызначаны алеі. Цікава, што дубы ўпершыню ў Беларусі паспрабавалі высадзіць ва ўзросце 25 гадоў.

Эксперымент прайшоў удала - волаты выдатна прыжыліся і дагэтуль добра растуць. Прасторная цэнтральная алея парка заканчвалася прыгожым спускам да р. Свіслач.

На сённяшні дзень шырыня р. Свіслач у гэтым месцы большая за 120 м, між іншым, раней яна была меншая за дваццаць. Берагі яе апранутыя ў камень і бетон. Ад праспекта Незалежнасці праходзіць дыяганальная алея, у гэтым жа месцы знаходзіцца галоўны ўваход у парк. На скрыжаванні пабудаваны фантан са скульптурнай кампазіцыяй "Купалле" па матывах старажытнага народнага свята, які адлюстроўвае дзяўчын з вянкамі (адгэтуль і народная назва фантана - "Вянок"). Дзве дзявоцкія фігуры - знак кахання, маладосці і чысціні. За дадзеную працу скульптары былі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У 1959 г. быў пабудаваны музей імя Янкі Купалы. Кампактны двухпавярховы будынак пастаўлены на месцы асабняка, у якім 1927-1941 гг. жыў беларускі народны паэт.

Цікавы лёс і галоўнай крамы Менска - ГУМа. Першая дзяржаўная ўніверсальная крама - ГУМ - з'явілася ў Менску 28 траўня 1934 г. Яна стаяла на рагу вуліц Савецкай (праспект Незалежнасці) і Камсамольскай.

Аднак у вайну будынак быў моцна пашкоджаны, і таму рэшткі даваеннага ўнівермага знеслі.

Улетку 1944 г., адразу пасля вызвалення горада ад акупантаў, ГУМ пачаў адраджацца ў выглядзе дашчаных ларкоў і намётаў, раскіданых па ўсім Менску. У іх прадаваліся "чаравікі скураныя на драўлянай падэшве, чувякі парусінавыя на гумовай падэшве, лямпы газоўкі з адыходаў бляхі, труба самаварная, таз бляшаны на 10 заклёпваннях..." .

Дазвол на будаўніцтва новага будынка ГУМа быў падпісаны 26 ліпеня 1945 г. у Крамлі намеснікам старшыні Саўнаркама СССР Анастасам Мікаянам. Вядучым аўтарам праекта будынка стаў архітэктар Раман Гегарт. Пачыналі будаваць будынак ГУМа палонныя немцы. Яны ўдзельнічалі ў будаўніцтве падмурка і пачыналі муры сцен. Але да канца 1948 г. нямецкіх ваеннапалонных у горадзе ўжо не было - іх вярнулі на радзіму, і будоўлю працягвалі толькі савецкія будаўнікі. Дарэчы, працаўнікі ГУМа таксама адпрацавалі на будоўлі нямала дзён.

5 лістапада 1951 г. краму адкрылі, але ў гэты дзень яго наведалі толькі кіраўнікі рэспублікі, прадстаўнікі грамадскасці і прэсы. Для звычайных грамадзян ГУМ расчыніў дзверы 6 лістапада.

Напярэдадні адкрыцця чарга з пакупнікоў працягнулася на 2 кварталы, да Нямігі. Раніцай натоўпы менчукоў перакрылі праспект Сталіна (зараз - праспект Незалежнасці). Конная міліцыя рэгулявала кіламятровую чаргу ахвотнікаў патрапіць у краму.

Гэта было сапраўднае свята горада. У краме панавала святочная атмасфера, ля ўваходу стаяў швейцар, ззялі люстэркі... Інтэр'ер будынка дзівіў вока абывацеля. Гандлёвае абсталяванне было выканана з каштоўных парод дрэва, столі ўпрыгожвалі шыкоўныя люстры з лямпамі дзённага святла, на вокнах віселі шаўковыя "міністэрскія" гардзіны, падлогі былі паркетнымі. Усюды паліраваны дуб, бронза, шоўк... На паверхах знаходзіліся аўтаматы, якія за сімвалічную плату выдавалі порцыю адэкалону, апырскваючы ім пакупніка. У той дзень упершыню на прылаўках з'явіліся імпартныя тавары з Чэхаславакіі, Польшчы, ГДР і Францыі. Нідзе не было такога багацця тавараў, як ва ўнівермагу.

Ажыятажным попытам карысталіся першыя халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны, тканіны, і асабліва - жаночыя капронавыя панчохі. Пакупнікоў абслугоўвалі 460 працаўнікоў, прычым 30 з іх прайшлі стажыроўку ў знакамітым Ленінградскім Доме гандлю.

У 1969 г. ГУМ увайшоў у лік першых крам СССР, якія ўкаранілі метад самаабслугоўвання. У 1976 г. тут арганізавалі гандаль па спажывецкіх комплексах: "Тавары для жанчын", "Тавары для мужчын" і г.д.

У 80-х гадах мінулага стагоддзя адбылася рэстаўрацыя будынка ГУМа, і яму было вернута першапачатковае аздабленне фасадаў і інтэр'ераў.

У аснове чатырохпавярховага Г-падобнага ў плане будынка ГУМа знаходзіцца жалеза-бетонавы каркас. Фасады маюць складаны дэкор: франтончыкі, ліштвы, геральдычныя паяскі, прафіляваныя цягі і маёлікавыя дэталі. У інтэр'ерах выкарыстаны арыгінальныя жырандолі, ляпныя дэталі і вітражы.

Пасля вайны ў БССР актыўна будуюцца і спартовыя комплексы. Стадыён "Дынама" ў Менску быў пабудаваны яшчэ перад вайной і ў гады вайны моцна пацярпеў. У 1947-1954 гг. была зробленая яго рэканструкцыя. Яго трыбуны звонку атрымалі выгляд двух'яруснай аркады з ляпнымі ўстаўкамі на спартовыя тэмы, а трыўмфальная арка аздобіла парадны ўваход на стадыён.

Таксама пад спартовыя збудаванні пачалі прыстасоўваць былыя храмы. У 1956 г. у Менску перарабілі пад спартыўны компекс "Спартак" былы езуіцкі касцёл. Была знесена вежа з гадзіннікам, што стаяла перад касцёлам, дзве вежы-званіцы самога касцёла і цалкам перабудаваны галоўны фасад храма. У 1992 г. храм быў вернуты вернікам і набыў паступова былое аблічча.

У гэтыя часы ў Бабруйску сцены Мікалаеўскага сабора ўключылі ў комплекс гарадскога спартыўнага цэнтра з басейнам.

У 1957 г. было знішчана Менскае замчышча. На яго месцы пабудавалі комплекс "Працоўных рэзерваў". Праз замчышча праклалі паркавую магістраль - зараз праспект Пераможцаў. У 60-70-х гадах канчаткова склаўся ансамбль плошчы Леніна (зараз плошча Незалежнасці). У 1964 г. да карпусоў БДУ далучыўся будынак гарвыканкама, у 1984 г. - гмах Метрабуда з адмысловым ветранікам і гадзіннікам, і нарэшце новы корпус БДПІ (1988-1989 гг.). На Юбілейнай плошчы з'явіўся самы высокі будынак у горадзе - дваццаціпавярховы Інстытут Белпраект вышынёй 90 м.

У Віцебску ў 60-х гадах сфармавалася новае аблічча Маскоўскага праспекта, дзе варта адзначыць будынкі Галоўпаштамта і магазіны "Дзіцячы свет", "Цэнтральны" і "1 000 дробязяў". У Менску з'явіліся Палац спорту, некалькі вялікіх гасцініц і кінатэатраў. У Гародні пабудавалі тэатр і гасцініцу "Гродна".

У гэтыя часы змяняюцца адносіны да гістарычнай, культурнай і архітэктурнай спадчыны, пачынаецца рэстаўрацыя некаторых помнікаў архітэктуры, узнікаюць музеі-запаведнікі. У чэрвені 1964 г. у Менску на Ленінскім праспекце, побач з Палацам прафсаюзаў, пабудавалі новы будынак дзяржаўнага музея БССР. Аднак неўзабаве гэты музей перасялілі ў будынак былога банка на вуліцы Карла Маркса, а новую пабудову заняў музей Вялікай Айчыннай вайны.

У верасні 1967 г. у Полацку заснаваны першы ў БССР архітэктурна-археалагічны запаведнік, які меў плошчу 31,3 га і першапачаткова ўключаў у сябе тэрыторыю Ніжняга і Верхняга замкаў, а таксама Сафійскі сабор.

У 1973 г. у Менску пабудавалі Палац мастацтваў. Асіметрычны галоўны ўваход падкрэсліваецца вялікім брыльком. Галоўны верхні аб'ём падтрымліваюць пілоны. Палац атрымаў тры выставачныя залы - жывапісу (плошча 1045 квадратных метраў), графікі (670 квадратных метраў) і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (500 квадратных метраў).

У канцы 60-х гадоў зноў з'явілася рэальная пагроза гістарычнаму цэнтру Менска. С. Мусінскі, Д. Кудраўцаў і Л. Каджар прапанавалі праект рэканструкцыі вуліцы Няміга, паводле якога старажытная забудова зносілася, а вуліца значна пашыралася. Не гледзячы на супраціў грамадскасці і крытычныя артыкулы ў цэнтральных савецкіх газетах, Нямігу знеслі, і на адным з яе бакоў пабудавалі высокі жылы дом, які атрымаў мянушку "Дом Мусінскага".

Рэальная пагроза ўзнікла і для Петрапаўлаўскай царквы, помніка архітэктуры XVII ст., прыстасаванай пад архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак помнік удалося захаваць, але пастаўлены побач "Дом Мусінскага" знішчыў аб'ект як гістарычную дамінанту старадаўняга Менска. Дарэчы, падчас зямельных работ на вуліцы Няміга будаўнікі натрапілі на ганчарны горн канца XVI - пачатку XVII ст., у якім захавалася шмат посуду і кафлі. Археолагі перанеслі яго ў Заслаўскі музей, дзе ён быў у музейнай экспазіцыі да пачатку 90-х гадоў ХХ ст.

У гэты ж час архітэктары на чале з Ю. Шмітам і Ю. Грыгор'евым задумалі знесці гістарычную забудову Траецкага прадмесця і Верхняга горада разам з Купалаўскім тэатрам. Яны прапанавалі стварыць т. зв. "Водна-зялёны дыяметр" - вольную прастору ад будынка ЦК КПБ да загараднай рэзідэнцыі П. Машэрава ў Драздах. Але, дзякуючы намаганням беларускай інтэлігенцыі, і асабіста Уладзіміра Караткевіча, гэтую задумку ўдалося прыпыніць.

Тады, у другой палове 70-х гадоў ХХ ст., узнікла грамадская ініцыятыва зрабіць праект адбудовы і рэканструкцыі гэтай часткі гістарычнага цэнтра.

Сфармавалася група спецыялістаў, у якую ўвайшлі маладыя архітэктары-рэстаўратары на чале з Сяргеем Багласавым, гісторык Уладзімір Дзянісаў, археолаг і мастацтвазнаўца Зянон Пазняк, археолаг Валянцін Собаль, аўтар гэтай кнігі і іншыя энтузіясты адраджэння Менска. Да 1979 г. быў зроблены дэталёвы праект гістарычнай рэканструкцыі Менска, зроблены прыгожы макет аднаўлення Верхняга горада з ратушай, гандлёвымі радамі, Святадухаўской царквой і іншымі страчанымі альбо знявечанымі раней, а зараз цалкам адноўленымі храмамі і кляштарамі.

Аформлены маляўнічы альбом з праектам захавання Менска, праз супрацоўніка ЦК КПБ Уладзіміра Гілепа, перададзены ў рукі непасрэдна Пятра Машэрава. Праект яму спадабаўся і яго зацвердзілі, адмяніўшы папярэднія прапановы. У 1980 г. пачалася рэканструкцыя Траецкага прадмесця, а потым Верхняга горада. Цалкам грамадскі праект быў рэалізаваны ў 2012 г.

Дзякуючы ініцыятыве акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, пачынаючы з 1974 г. пачалася праца па стварэнні ў мікрараёне Уручча ў Менску Музея валуноў.

Ацаніўшы важнасць валуноў для вывучэння роднай зямлі, усвядоміўшы неабходнасць захавання найбольш каштоўных асобнікаў, у Менску пад патранажам АН БССР у 1976 г. фармуецца навукова-тэхнічная геалагічная экспедыцыя. На працягу пяці гадоў 2134 валуны былі прывезены на тэрыторыю музея. Тут сабраныя валуны з усёй Беларусі. Калісьці шмат мільёнау гадоў назад занёс іх да нас вялікі ледавік. Сабраць тысячы велізарных камянёў з усёй Беларусі і прывезці іх сюды было вельмі не простай справай. Сваю задуму стваральнікі музея (навукоўцы-энтузіясты з Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), да іх гонару, шмат у чым рэалізавалі.У 1985 г. завяршыўся першы этап работ: на месцы балота зрабілі пляцоўку, сфармавалі рэльеф, расклалі камяні. На тэрыторыі шасці гектараў зымітавана тэрыторыя Беларусі, на якой з дапамогай ледавіковых валуноў і меншых камянёў пазначаныя асноўныя населеныя пункты краіны.

У 1989 г. музей валуноў аб'яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Беларускі парк валуноў не мае аналагаў у свеце. Ідэя, вядома, была і ў Літвы, і ў Румыніі, і ў Швецыі, і ў Германіі. Але нікому так і не ўдалося ўвасобіць задумку ў жыццё. Парк камянёў - сваеасаблівы музей валуноў пад адкрытым небам. Знаходзіцца "цуд" - парк на ўсходняй ўскраіне горада: паміж Акадэмгарадком і мікрараёнам Уручча.

9 снежня 1976 г. была прынята пастанова ўрада "Аб стварэнні беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту". Была створана рабочая група пры Міністэрстве культуры, якая займалася распрацоўкай навуковых прынцыпаў будучага музея. У выніку ў аснову музея быў пакладзены этнаграфічны прынцып, заснаваны на распрацаваным да гэтага моманту гістарычна-этнаграфічным раянаванні. Рэгіёны павінны былі быць прадстаўлены характэрнымі тыпамі пабудоў: сектар мястэчка і ўнікальныя помнікі.

У выніку праектных распрацовак экспазіцыйная тэрыторыя музея набыла памер 750 га, запаведная і ахоўная зона - каля 3 000 га. Зараз тэрыторыя, прыблізна, 150 га адведзена пад сам музей. У 1982 г. пачалася перавозка першых помнікаў, а ў 1987 г. быў адкрыты сектар Цэнтральная Беларусь. Вялікі ўклад зрабіла Белрэстаўрацыя ў перыяд 1982-1989 гг. З 1990 г. праводзіцца праграма азелянення.

Унікальны музей народнай архітэктуры і побыту пад акрытым небам размешчаны на беразе ракі Пціч, паміж вёскамі Строчыцы і Азярцо. Пакуль прадстаўлены толькі тры раёны: Цэнтральная Беларусь (Менская вобласць), Паазер'е (Віцебская вобласць) і Падняпроўе (Магілёўская вобласць). Гэта 1/6 частка прадугледжанага плану.

У музеі прадстаўлены побыт беларускай вёскі, школа, уніяцкі храм, тэатр-батлейка, карчма, прадметы народнага побыту. Калі глядзець з процілеглага берага Пцічы, то гэта - невялікая вёска са сваёй царквой, млыном, бярвеністымі хатамі. Калі трапляеш на тэрыторыю музея, то бачыш, што вёска дзеліцца на тры сектары. У кожным сектары ёсць жылыя пабудовы, якія адрозніваюцца мясцовымі асаблівасцямі. Напрыклад, вёска Віцебскай вобласці больш сучасная, у сялянскай хаце можна ўбачыць швейную машынку, ложак замест тра-дыцыйных палаткаў, крэслы, а не лавы, як у Магілёўскай вёсцы.

У Строчыцах праходзяць народныя святы і гульні - Дажынкі, Каляды і Масленіца, а таксама Дзяды, Вялікдзень, Купалле. Усе экспанаты Музея пад адкрытым небам "Строчыцы" (а іх каля 20 тысяч) сабраныя ў розных абласцях Беларусі. Хаты, храмы, адрыны разбіраліся і цалкам перавозіліся на яго тэрыторыю.

2 сакавіка 1982 г. на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці быў адкрыты ўнікальны аб'ект - археалагічны музей "Бярэсце". У выніку археалагічных раскопак, якія тут адбываліся ў 1969-1981 гадах пад кіраўніцтвам археолага Пятра Лысенкі была адкапана драўляная забудова старажытнага горада, якая надзіва добра захавалася. Над археалагічным раскопам узведзены са шкла і бетону павільён. Вакол раскопу, што ў цэнтральнай частцы музея, у 14 бакавых павільёнах-нішах размясцілася экспазіцыя, дзе сабрана каля 42 тысяч экспанатаў. У самім раскопе можна пабачыць 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў ХІІІ ст. і дзве драўляныя маставыя.

У 1967 г. у Заслаўі пад Менскам быў створаны гістарычна-археалагічны запаведнік. Моцны штуршок развіццю музейнай справы ў Заслаўі надала дзейнасць Музея рамёстваў і народных промыслаў Беларусі, філіяла Дзяржаўнага музея БССР, экспазіцыя якога з 1978 па 1990 г. функцыянавала на базе помніка канца XVI ст., былога кальвінскага збору, цяперашняй Спаса-Праабражэнскай царквы.

Гістарычна-культурны запаведнік "Заслаўе" быў заснаваны пастановай Савета Міністраў БССР ад 31 снежня 1986 г. Дадатковае слова "музей" з'явілася ў яго назве толькі ў 1997 г. Яшчэ пазней, у 2001 г., музей-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы, хаця фактычна з'яўляўся такой з самога пачатку.

У 1988 г. супрацоўнікамі толькі што створанага музея былі набыты першыя музейныя прадметы. Так пачаў фармавацца музейны фонд. У наш час фонд гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" налічвае 12282 адзінкі асноўнага і 4711 адзінак навукова-дапаможнага фонду. У 1989 годзе былі зроблены найбольш значныя паступленні. Яны паслужылі базай для фармавання структуры фонду. На сённяшні дзень музейны фонд складаецца з асноўнага фонду, навукова-дапаможнага і фонду часовых паступленняў. У сваю чаргу асноўны фонд падзяляецца на 22 калекцыі.

1992 г. гасцінна расчыніў свае дзверы музейна-выставачны комплекс па адрасу: вул. Рынкавая, 4. У ім пачалі працаваць пастаянныя экспазіцыі "Зала габеленаў" і "Музыка вячорак" (прысвечана народным музычным інструментам). Трэцяя зала музейнага будынка дала прытулак шматлікім археалагічным знаходкам, што дазволіла ідэнтыфікаваць помнік як рэшткі летапіснага Ізяслаўля. Такім чынам, межы заслаўскай гісторыі акрэсліліся 1000-гадовым узростам. Гэты факт якасна паўплываў на вяртанне г/п Заслаўе статусу горада.

Сёння гістарычна-культурны музей-запаведнік "Заслаўе", які ў год наведвае болей за 35 тысяч чалавек, уяўляе сабой складаную сістэму аб'ектаў і ахоўных тэрыторый, аб'яднаных паміж сабой гістарычна, тэматычна і функцыянальна. Пад аховай запаведніка знаходзяцца 113 га старажытнай часткі горада, на якой размяшчаюцца такія гістарычныя каштоўнасці, як гарадзішча "Замэчак" (помнік археалогіі Х-ХІІ стст.), гарадзішча "Вал" з былым кальвінскім зборам (гістарычна-культурны помнік ХІ-ХVІІ стст.), курганныя могільнікі Х-ХІ стст., касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (другая палова XVIII ст.).

Адбылася паступовая музеефікацыя і ўвядзенне ў экскурсійны абарачэнне аб'ектаў этнаграфічнага комплексу: млына (1990 г.), хаты завознікаў (1992 г.), кузні (1994 г.) і свірана (1997 г.).

У канцы 70-х гадоў ХХ ст. у Менску вырашылі пабудаваць на Цэнтральнай плошчы, насупраць урадавых трыбун, дзе ў святочныя дні віталі жыхароў сталіцы кіраўнікі БССР, Палац Рэспублікі, з мэтай зрабіць у ім самую вялікую канцэртную залу, а таксама месца для правядзення форумаў і з'ездаў. Прычым, як заўжды, знеслі некалькі невялікіх гістарычных будынкаў, а сам Палац хацелі пабудаваць на тым месцы, дзе некалі стаяў Дамініканскі касцёл і кляштар XVII ст. У гады вайны помнік згарэў, але муры касцёла захаваліся, і іх нават збіраліся захоўваць і далей. Але потым зруйнавалі і на гэтым месцы ўзнікла Цэнтральная плошча з велізарным помнікам Сталіну, які, праўда, прастаяў толькі некалькі гадоў і таксама быў знесены.

Аднак грамадскасць, якой перад гэтым удалося выратаваць ад знішчэння Верхні горад і Траецкае прадмесце, запатрабавала правесці перад пачаткам будоўлі раскопкі падмуркаў Дамініканскага касцёла. У 1986 г. у выніку археалагічных даследаванняў, якімі кіраваў Зянон Пазняк былі цалкам ускрыты цэнтральны і заходні нефы былога касцёла. Унутраныя і знешнія сцены будынка захаваліся на вышыню ад 1 м да 1,25 м. У бакавым нефе сцяна будынка мела таўшчыню ад трох да пяці метраў і мела вокны-байніцы для стральбы з гармат і мушкетаў. Значыць храм меў і абарончае значэнне. Сабрана шмат паліванай дахоўкі і плітак падлогі.

Пасля раскопак вырашылі захваць ацалелыя падмуркі храма з мэтай іх пазнейшай музеіфікацыі. Таму катлаван для будаўніцтва Палаца рэспублікі перанеслі за межы раскапаных муроў і зсунулі яго ў бок Палаца прафсаюзаў. Раскапаныя муры пакрылі цыратай і засыпалі пяском. Зараз гэта невысокі зялёны пагорак побач з Палацам рэспублікі, які скончылі будаваць ужо ў час незалежнай Беларусі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шэры гмах недабудаванага Палаца Рэспублікі жыхары Менска назвалі "саркафагам".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX