Вярнуцца: Туронак Юры

Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі Waclau Iwanouski


Аўтар: Туронак Юры,
Дадана: 03.09.2007,
Крыніца: Мінск, 2006.



Мінск «Медисонт» 2006

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) Т88 Серыя заснавана ў 2006 годзе

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) ІSВN 985-6530-40-7 (бел.)

Кніга Ю. Туронка прысвечана выдатнаму дзеячу Беларускага адраджэння ВацлавуІваноўскаму (1880-1943). Яго выдавецкая, навуковая, грамадская і палітычная дзейнасць разглядаецца ў шырокім гістарычным кантэксце. Ю. Туронак выкарыстоўвае багаты фактычна матэрыял, прыводзіць малавядомыя звесткі пра многіх культурных і палітычных дзеячаў. Кніга разлічаная на шырокія колы чытачоў.

Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białomsi. Warszawa WOW "Gryf Instytut Historii Polskiej AŃ, 1992


ЗМЕСТ


Вяртанне забытае постаці

Ад аўтара

Genterutheni, natione...?

У пошуках канцэпцыі

За нацыянальную свядомасць

Расеяй ці з Польшчай?

Альтэрнатывы не было

Новы шанец

Біяграфічныя нататкі

Фотаздымкі



ВЯРТАННЕ ЗАБЫТАЕ ПОСТАЦІ

Доўгія гады імя Вацлава Іваноўскага выкаранялася з грамадскай свядомасці. Апошнім часам у паглядзе на гэтую фігуру і, шырэй, на супярэчлівую гісторыю беларускага вызвольнага руху пазначыліся прыкметныя карэктывы - не ў апошнюю чаргу дзякуючы працам і аўтара дадзенай кнігі. 3 перашкодамі, але пракладае сабе дарогу новая нацыянальная канцэпцыя мінулага Беларусі - народа, дзяржавы з сваім уласным пакліканнем у сусветнай гісторыі, насуперак вартага жалю статусу падкаланіяльнае ўскраіны, стратэгічнага палігона ва ўзаемным супрацьборстве буйнейшых дзяржаў. Сутнасць праблемы - не ў захапленні ці абурэнні дзеямі папярэднікаў, але ў спасціжэнні магістральнага кірунку гістарычнага Беларускага Шляху, упарта цярэбленага сынамі Бацькаўшчыны праз гушчар спаконвечнае варажнечы, грунтаванага над багнай нашага нядбальства і халопства перад чужацкай набрыддзю.

(17KB) ЮРЫ ТУРОНАК. ВАЦЛАЎ ІВАНОЎСКІ І АДРАДЖЭННЕ БЕЛАРУСІ.

Наспела патрэба аддаць належнае ўсім «прарабам-будаўнікам» згаданага Шляху, беларускага дзяржаўнага Дому. Адкрытымі вачыма зірнуць на іх заслугі, памылкі, на іхнія драматычна-трагічныя ростані. Менавіта такім стаўленнем да справы, не староннім, а спагадлівым пранікненнем у пакручасты лёс чалавека і прываблівае кніга Юркі Туронка, прысвечаная неардынарнай постаці Вацлава Іваноўскага - радавітага беларускага шляхціца, дзеяча-падзвіжніка нацыянальнага адраджэння.

Колькі часу таму на запусцелым «разбураным гняздзе» галоўнага героя кнігі - ля колішняга панскага маёнтка ў Лябёдцы пад Ваўкавыскам - руплівы краязнавец-мінчук патрапіў падхапіць і занатаваць з вуснаў мясцовае старэнькае сялянкі нязмушана ўзрушальную згадку: «Вацлавам яго звалі. Добры быў пан, шкадаваў нас, па-просту гаварыў... Адно рэдка ён тут бываў, усё недзе там, у Вільні ці Польшчы, прападаў. Перад вайной з фашыстамі паехаў у Мінск, быў за рабочы клас. Але не ўбярогся, ворагі народа забілі яго... А пан ён быў добры!»*

Гэтым разам перад намі рэальная, дакументальна вывераная легенда-аповесць пра «добрага пана», а дакладней - высокароднага арыстакрата беларускага духу. Разумеючы пад арыстакратызмам не саслоўныя кляйноты, а перадусім духоўна-маральную дамінанту ў жыцці і паводзінах асобы, якая аддана, па-рыцарску слугуе ідэі, усяму таму, што наш вялікі продак Палачанін назваў дабром паспалітым. Гляньма, хаця б пабежна, на значнейшыя падзеі і здабыткі, як найшчыльней звязаныя з патрыятычнымі дабрадзеяннямі аднаго з Іваноўскіх: Беларуская рэвалюцыйная партыя, газета «Свабода», Круг беларускай народнай прасветы, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», газета «Наша Ніва», Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, урад Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальны Педагагічны інстытут, яшчэ раней - беларускі лемантар, першы школьны падручнік для дзетак забранага краю... Усё гэта эпахальныя старонкі ў летапісе адраджэнчага руху, з якіх наўмысна і ўпарта дзесяцігоддзямі саскрэбвалася імя іх сапраўднага аўтара або неад'емнага сааўтара дзеля класава-ідэалагічнае цнатлівасці паднявольных насельнікаў, разняволенню якіх падначальваў усе гэтыя і многія іншыя намаганні выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута інжынер Вацлаў Іваноўскі.

І вось - дасюль скажоныя, месцамі тэндэнцыйна запэцканыя аркушы набылі першасныя яскравыя змест і форму. Вартасць намаганняў праніклівага даследніка калісь прадбачліва ўхваліў Паэт: «Здалеў вяковы бруд паганы змесці, //І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы, // Што захавалася на палімпсесце» (Ул. Жылка).

Пэўна, не адной постаццю Іваноўскага вызначаецца значнасць рэстаўрацыйнага палатна нашага навукоўца-мастака і суродзіча з Варшавы. Чытач следам за аўтарам мае магчымасць нібы наноў прагледзець, пераасэнсаваць усю вызвольную легенду Беларусі найноўшага часу. Уваскрасіць у памяці іншыя, не менш высокія імёны з айчыннага пантэона - Янка Купала, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, браты Луцкевічы, Элаіза Пашкевічанка (Цётка), Браніслаў Тарашкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, многія іншыя змагары-пакутнікі, чые прозвішчы таксама ўвекавечаны на ахвярным алтары Радзімы і чыё жыццё-самаспаленне адбывалася ў непарыўнай лучнасці з Вацлавам Іваноўскім - пад незгасальнай зоркай-надзеяй «Загляне сонца...».

Нацыянальны асветнік, Іваноўскі выступае на старонках кнігі таксама ў ролі актыўнага палітыка - наколькі асветніцкую чыннасць ён, разам з паплечнікамі адраджэнчага руху, успрымаў з перспектывы палітычна-дзяржаўнага самавызначэння свае краіны, яе незалежнага развіцця. На жаль, у гэтым - палітычным - напрамку вынікі яго дзейнасці нашмат сціплейшыя, калі не сказаць горш - мізэрныя, амаль нулявыя, што ў значнай ступені прывяло да занядбання і забыцця і асветніцкага подзвігу нашага шчырага Беларуса. Як палітык В. Іваноўскі - урэшце, не ён адзін у Беларусі - у незалежніцкіх памкненнях скрозь цярпеў паразы: з боку бальшавіцкае Расіі, Польшчы Юзафа Пілсудскага, і - ужо цалкам катастрафічны сыход да тактычнага «партнёрства» з Вільгельмам Кубэ, гаўляйтэрам акупаванае гітлераўцамі тэрыторыі так званага Остлянда. І праблема тут, мабыць, не ў палітычных здольнасцях нашага дзеяча. Хутчэй - у аб'ектыўных абставінах, абумоўленых перманентнай акупацыяй Беларусі больш магутнымі валадарамі - чужынцамі альбо іх дамарослымі халуямі.

Для тых, апошніх, дзяржаўна-незалежніцкія парыванні тутэйшага люду былі (і застаюцца) толькі фікцыяй. У гэтых фіктыўных умовах, бадай, ці не кожнага палітыка ў Беларусі, наколькі той рашаўся трымацца нацыянальных інтарэсаў краіны (пэўна, не тоесных колькасці свінатаварных комплексаў і цяжкагрузных самазвалаў), чакаў адзіны трагічны канец. Выключэнняў з гэтага жудаснага правіла беларуская гісторыя пакуль што не ведае.

Таму шаноўны чытач гэтага выдання мае магчымасць не толькі пашырыць, узбагаціць свае гістарычныя веды, але, мяркую, глыбей засяродзіцца на быційным стане роднае краіны. Кніга таму, напэўна, паспрыяе

Аляксей Каўка

*Жынкін А. Лябёдка Іваноўскіх // Вацлаў Іваноўскі. 1880-1943. Мн., 1990. С. 33.


Ад аўтара

Вітаючы надыход новага, 1942 года, Вацлаў Іваноўскі казаў сваім маладым супрацоўнікам у Менску: «Вынайсці порах важна, але не менш важна навучыцца яго выкарыстоўваць». Казаў, каб даць зразумець, што ажыццяўленне ідэі значыць не меней за самую ідэю. Ён быў хімік-тэхнолаг, таму няблага ў гэтым разбіраўся.

Так, ён абапіраўся на ўласны досвед, калі ў 1902 г. выснаваў пастулат стварэння новай беларускай нацыі і будаўніцтва Новай Беларусі, трактаваў гэта не проста як прыгожую ідэю. Былі і да яго яе адкрывальнікі і вынаходнікі: Францішак Багушэвіч, Казімір Кастравіцкі, нарадавольцы ды іншыя. Але яны не здолелі перайсці ад маралізатарства да практычнай дзейнасці. 1 толькі Вацлаў Іваноўскі першы пачаў гэтую ідэю ператвараць у сапраўднасць.

Turonek J.

Гэта быў выклік гістарычна сфармаванаму ўкладу палітычных і культурных дачыненняў у Беларусі, пальчатка, кінутая Расеі і Польшчы, якія лічылі гэты край полем сваіх інтарэсаў і заўзята вялі за яго ідэалагічную вайну.

Ён быў цвярозым рамантыкам і разумеў, што пачынаць належыць ад вяртання з забыцця ўласных спрадвечных каштоўнасцяў - памножыць іх і распаўсюдзіць; ад засваення новай навукі - незалежнага палітычнага мыслення; нарэшце - ад разрыву псіхалагічнай пупавіны, якая трымала яго народ у залежнасці ад культур суседніх народаў і дзяліла на «рускіх» і «польскіх». І таму ён пачаў ствараць маладую беларускую інтэлігенцыю, якая ўсведамляла пастаўленыя перад ёю мэты.

Іваноўскі вызначаўся вялікай працавітасцю, арганізацыйным талентам. Умеў знаходзіць сродкі, гуртаваць паплечнікаў, дзейнічаць самастойна, з разлікам найперш на ўласныя сілы. Спрыяў маладым талентам і творчым ініцыятывам, адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага нацыянальнага адраджэння - Янку Купалу, узвёў на айчынны Парнас Алаізу Пашкевічанку-Цётку ды іншых. І пры гэтым заставаўся надзвычай сціплым, вылучаў наперад іншых - не сябе.

Ён марыў пра незалежную Беларусь. Толькі да гэтай мэты былі скіраваныя ўсе яго намаганні абудзіць і распаўсюдзіць нацыянальную свядомасць. Яшчэ маладым студэнтам ён зразумеў, што вырашыць гэтую задачу будзе немагчыма без дзейснай старонняй падтрымкі. І таму супрацоўнічаў з Расеяй, Польшчай, Нямеччынай - усё залежала ад абставінаў часу, ад здольнасці і зацікаўленасці патэнцыйнага саюзніка ў падтрымцы інтарэсаў Беларусі. Бо толькі ёй адзінай прысягаў ён на вернасць, на іншых жа глядзеў цераз прызму беларускіх інтарэсаў і чакаў разумення і дапамогі.

3 гэтай дарогі не збочваў аж да смерці, і дзейнасць яго рэдка задавальняла суседзяў - ён не хацеў ім падпарадкоўвацца, таму стаўленне да Іваноўскага польскіх, расейскіх і савецкіх публіцыстаў звычайна было тоеснае іх стаўленню да памкненняў беларускага незалежніцкага руху. І адны, і другія часта расцэньвалі гэты рух як скіраваную супраць іх інтрыгу непрыяцеля. А ўжо адгэтуль была самая кароткая дарога да найдзіўнейшых закідаў, паклёпаў і агідных абраз.

Фігура Іваноўскага была выкрэсленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа, грабежнікам і пачварай, што купалася ў людской крыві. У менскіх навуковых колах аб ім гаварылі ўпотай. Дайшло нават да таго, што віленскі мастак Пётра Сергіевіч баяўся прызнацца, што ў 1943 г. выканаў партрэт Вацлава Іваноўскага, і толькі ў 1985 г., ужо пасля смерці жывапісца, было высветленае яго аўтарства, дый тое не ў Менску, а ў Злучаных Штатах. Трэба падкрэсліць, што асуджэнне Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле. Такое стаўленне дыктавалася правіламі непераборлівай на сродкі палітычнай гульні і таму не заслугоўвае скрупулёзнай крытыкі. Тым не меней гэтае асуджэнне дало сумныя вынікі, галоўным з якіх, бадай, быў мур маўчання вакол імя Іваноўскага - на многія дзесяцігоддзі ён адгарадзіў даследчыкаў і пазбавіў іх магчымасці вывучаць у Беларусі жыццё і дзейнасць гэтага чалавека.

Усё гэта абуджала ўва мне пратэст і падштурхоўвала да самастойных доследаў. Я распачаў іх у канцы 70-х гг. з марудных, але шалёна цікавых пошукаў у польскіх архівах і бібліятэках, з перапіскі і размоў з асобамі, якія ведалі і супрацоўнічалі з Вацлавам Іваноўскім. Аказалася, што іх нямала. Шмат каштоўнай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага, а таксама здымкаў і дакументаў я атрымаў у 1978-1980 гг., асабліва ад Марыі Арнольд, Соф'і Дабрынскай, Ганны Іваноўскай-Карнэцкай - яго дачкі, Аўгена Калубовіча, Яна Карыткоўскага, Гражыны Ліпінскай, Язэпа Найдзюка-Александровіча, Марка Валейкі, Тамаша Зана і Бернарда Закрэўскага, за што сардэчна ім дзякую. Шэраг найбольш істотных аспектаў дзейнасці Вацлава Іваноўскага я прадставіў у сваіх артыкулах і доследах, якія выйшлі ў свет у 80-я гг. у польскай навуковай перыёдыцы: «З гісторыі беларускага выдавецкага руху 1902-1905 гг.» (Studiapolono-slavica-orientalia. Acta litteraria,t.IX,1985); «Паходжанне і аўтарства першага беларускага лемантара» «Slavia Orientalis»,1986,13); «ППС і беларускі рэвалюцыйны рух 1902-1906 гг.» (Studiapolsko-litewsko-biaskie,Warszawa,1988) і «Беларускае пытанне ў палітыцы Лонданскага лагера 1941-1944» (Studiazdziejow ZSRRi Europy Srodkowej,t.XIX,1983).

Абставіны яго палітычнай дзейнасці падчас Другой сусветнай вайны я імкнуўся падрабязна разгледзець у кнізе «Беларусь пад нямецкан акупацыяй» (Варшава; Вроцлаў, 1989).

Варшава, студзень 1992 г.


Genterutheni, natione...?

Мае размовы з людзьмі, да якіх я звяртаўся, каб выведаць дэталі з жыцця і дзейнасці Вацлава Іваноўскага, звычайна пачыналіся з найважнейшага, заўсёды таго ж самага паведамлення, якое павінна было прагучаць як вялікая сенсацыя: «А, Іваноўскія... Іх было некалькі братоў - Юрка быў паляк, Вацлаў - беларус, а Тадэвуш - літовец...»
Вакол падзеяў нязвыклых, незразумелых часта паўстаюць легенды, таму я не здзівіўся, калі аднойчы пэўная шаноўная пані сказала, што, як толькі браты сустракаліся, кожны гаварыў па-свойму, і адзін аднаго не маглі зразумець.

Добраахвотнае нацыянальнае самавызначэнне, пра якое пойдзе гаворка, у прынцыпе - справа асабістага вольнага выбару чалавека. 1 таму мы маглі б прамінуць гэтае рашэнне братоў Іваноўскіх і не паглыбляцца ў яго матывацыю, калі б гэта засталося іх прыватнай справай. Але ж было іначай. Кожны з братоў адыграў выдатную ролю ў абранай ім нацыянальнай галіне, і таму іх самавызначэнне стала тэмай публічных, часта вельмі эмацыянальных абмеркаванняў. Натуральна, літоўцы ахвотна ўхвалілі выбар Тадэвуша, затое беларусы часта глядзелі на рашэнне Вацлава падазрона, як на выбрык шляхецкай фантазіі. Але найболып папрокаў было з польскага боку, гэтак жа, як і ў справе Шаптыцкіх: маўляў, з гэткай добрай сям'і, ды раптам адзін -беларус, а другі - літовец... Называлі гэта адступніцтвам, здрадай нацыі (польскай!), у найлепшым выпадку - анамаліяй. У гарачым жаданні пашырыць межы свайго нацыянальнага валадарання палякі не маглі альбо не жадалі разумець, наколькі спецыфічная гісторыя гэтай сям'і абумовіла ўсе тры шляхі яе нацыянальнага самавызначэння.

Ключом да разумення гэтага ўяўнага парадокса было складанае мінулае Вялікага княства Літоўскага і яго грамадскай эліты, з якой паходзіў род Іваноўскіх. Гэтая дзяржава, што паўставала як сплаў двух аўтахтонных элементаў - літоўскага і рускага, - ужо ў першай фазе свайго існавання была неаднастайная з этнічнага, рэлігійнага і моўна-культурнага гледзішча, а яе далейшае тэрытарыяльнае развіццё паглыбляла гэтую неаднастайнасць да незвычайных памераў. На стыку XIV і XV стст., калі Вялікае княства Літоўскае распасціралася ад Балтыкі да Чорнага мора і ад Вязьмы на ўсходзе аж да Хэлма на захадзе, карэнныя літоўцы складалі толькі крыху больш за 10% ад яго жыхароў, а пераважную болыпасць - продкі цяперашніх беларусаў і ўкраінцаў.
Пасля таго як, згодна з умовамі Люблінскай уніі (1569), Падляшша і ўкраінскія землі адышлі да Польшчы, склад Вялікага Княства, куды цяпер уваходзілі абшары Беларусі і Літвы, стаў больш аднастайным, але па-ранейшаму ў ім пераважаў рускі элемент, на гэты раз - беларускі.

Перапляценне гэтых двух элементаў заходзіла вельмі далёка. Намеснікі вялікіх літоўскіх князёў надавалі землям Белай Русі новы дзяржаўны лад, а наўзамен прымалі - найчасцей разам з жонкамі - праваслаўную веру, мясцовую культуру, звычаі і беларускую мову. У рэшце рэшт гэтая мова ў старабеларускім яе варыянце стала дзяржаўнай. Плённа праходзіла і моўная беларусізацыя літоўскіх плямёнаў, у выніку літоўскі этнічны абшар, які напачатку сягаў аж да Меншчыны, сціснуўся да віленскіх ваколіц. Такім чынам, адбывалася цікавая трансфармацыя паняццяў: беларускі баярын з-пад Горадні ці Менску лічыў сябе за ліцвіна, а сапраўдныя літоўцы станавіліся - паводле сённяшніх крытэрыяў - беларусамі. Экспансія ішла нібыта ў двух напрамках.

Важныя вынікі ў гэтых дачыненнях мела хрышчэнне Літвы (1387). Па-першае, паганская частка эліты ВКЛ прыняла каталіцкае веравызнанне і такім чынам замарудзіла ў гэтай грамадскай праслойцы пашырэнне праваслаўя і беларушчыны. Па-другое, праваслаўная частка эліты апынулася ў горшай сітуацыі за каталіцкую, бо каталіцтва стала прывілеяванай, паноўнай рэлігіяй. Пачалася працяглая вайна праваслаўных магнатаў і шляхты за раўнапраўе, за доступ да высокіх званняў і прывілеяў, вайна, якую маскоўскія цары выкарыстоўвалі дзеля ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы дзяржавы. Канец гэтай канфрантацыі паклаў прывілей Жыгімонта Аўгуста ад 1563 г. - згодна з ім іншаверная шляхта ВКЛ атрымала тыя самыя правы, якімі з часоў Ягайлы карысталіся каталікі.

Калі глядзець тэарэтычна, знішчэнне рэлігійных бар'ераў магло спрыяльна адбіцца на развіцці і захаванні традыцыйных ідэйных каштоўнасцяў, такіх як праваслаўе і беларушчына. Аднак насамрэч атрымалася зусім наадварот. Раўнапраўе праваслаўнай эліты дало ёй магчымасць для ўдзелу ў грамадскім жыцці дзяржавы, што ў сваю чаргу прывяло да большага зацікаўлення ў атрыманні адукацыі. Але праваслаўная царква мала што магла прапанаваць у гэтай галіне, каб на роўных сапернічаць з асветніцкай дзейнасцю каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў, які падчас Контррэфармацыі арганізаваў шматлікія школы на чале з Віленскай Акадэміяй. Яны сталі важным асяродкам паланізацыі і акаталічвання сваіх выхаванцаў, дзейсна прычыніліся да пашырэння гэтых тэндэнцыяў сярод эліты ВКЛ. У пачатку XVII ст. працэс паланізацыі і акаталічвання вялікалітоўскіх магнацкіх родаў быў, у прынцыпе, завершаны, падпа ла пад яго і частка беларускай шляхты. Распаўсюджанне культурнай уніфікацыі эліты хаця і мела вялікае значэнне для ўзмацнення дзяржаўнага адзінства, аднак не перакрэслівала пачуцця палітычнай адасобленасці. Вялікае княства Літоўскае заставалася адным з членаў Рэчы Паспалітай, але па-ранейшаму захоўвала дзяржаўную самастойнасць з пэўна акрэсленымі межамі, уласным заканадаўствам і г. д. Сярод магнатаў ВКЛ не раз нараджаліся сепаратысцкія тэндэнцыі, хаця, на думку польскіх гісторыкаў, яны мелі тактычны характар і вынікалі з жадання захаваць сваё становішча і ранейшы партнёрскі статус у дачыненнях з Каронай. Такім чынам, моўна-культурная паланізацыя не супярэчыла літоўскай палітычнай свядомасці. Януш Радзівіл у 1615 г. пісаў свайму брату Крыштофу: «Хоць ліцвінам я нарадзіўся і ліцвінам давядзецца мне памерці, аднак мусім мы на бацькаўшчыне нашай ужываць польскія выразы».

Аднак гэты «прымус» выкарыстання польскай мовы нараджаўся не з высокіх указанняў (хто ж мог у гэтай справе загадваць Радзівілам ці Сапегам?), але з незацікаўленасці эліты ў тым, каб на ўзор Рэя і Каханоўскага займацца развіццём уласнай культуры на падставе народных літоўскіх і беларускіх элементаў. 1 гэта прывяло - пасля выдатных дасягненняў XVI ст. (выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Літоўскі Статут ды інш.) - да адчувальнага заняпаду беларускага пісьменства, якое абмежавалася толькі царкоўнай сферай.

Стаўленне эліты ВКЛ да роднай культуры рэдка прыцягвала ўвагу гісторыкаў, хаця гэта не менш цікавае пытанне, чым падтрымка палітычнай адасобленасці. Бо, не зважаючы на поступ паланізацыі, беларуская і літоўская шляхта не толькі захоўвала веданне мовы сваіх продкаў, якую звычайна выкарыстоўвала ў размовах з простым людам, але практычна зрабіла няшмат, каб яго апалячыць. І гэта было асабліва відавочна пры вырашэнні рэлігійнага пытання ў Беларусі. Няма сумневу, што ў атмасферы Контррэфармацыі лацінізаваная эліта ВКЛ магла, кіруючыся прынцыпам cuius regio, eius religio (хто гаспадар, таго і вера - лац.), навязаць рымскі каталіцызм сваім праваслаўным падданым. Гэты прынцып дзейсна выкарыстоўваўся на некаторых абшарах, спашлемся на прыклад пратэстанцкіх Радзівілаў - іх уладанні ў ваколіцах Біржаў на Літве і па сённяшні дзень застаюцца выспай пратэстантызму сярод пераважна каталіцкага літоўскага насельніцтва. Але ў Беларусі, калі не лічыць паасобных выпадкаў, гэтым прынцыпам не кіраваліся, і таму да масавай лацінізацыі сялянства і мяшчанства не дайшло; дзеля іх было знойдзенае іншае выйсце - уніяцкая царква, створаная ў 1569 г. на Берасцейскім саборы.

Ці было прыняцце уніі для Беларусі болып карыснае за лацінізацыю - пытанне спрэчнае, затое не падлягае сумневу, што яно дазволіла захаваць царкоўную адасобленасць, якая была важным культуратворчым фактарам. У прыватнасці, захавалася неабходнасць у выпуску кірылічнай літаратуры і ўменні яе чытаць. Уніяцкае святарства, як, зрэшты, і праваслаўнае, падпадала пад уплыў польскай культуры, але ў вясковых цэрквах аж да скасавання уніі ў 1839 г. схілялася больш да мясцовай беларускай гаворкі, а не да польскай мовы. Такім чынам, уніяцкая царква стала важным асяродкам для захавання моўна-культурнай традыцыі, трывалым бар'ерам, які запавольваў працэсы лацінізацыі і апалячвання нізоў беларускага грамадства, на што часта наракала рымска-каталіцкае святарства. І хаця мясцовая праваслаўная іерархія фармальна прыняла царкоўную унію, яе галоўным правадніком стаў канцлер ВКЛ Леў Іванавіч Сапега, і гэта прадвызначыла падтрымку з боку магнатаў і шляхты і прывяло да поспеху уніі ў Беларусі.

Стаўленне эліты да лацінізацыі і паланізацыі не заўсёды было справай добрай ці нядобрай волі. Так, напрыклад, моўную паланізацыю прыгоннага сялянства стрымлівала ці рабіла ўвогуле немагчымай яго сацыяльнае становішча. Затое ў рэлігійнай сферы гэткіх перашкодаў не ўзнікала, і тут многае залежала ад свядомай пазіцыі вярхоў грамадства. Цяжка, аднак, у паводзінах літоўскіх вяльможаў шукаць праяваў вялікай талерантнасці, да якой яны былі не надта прызвычаеныя. Сапраўдная прычына хавалася глыбей - у адданасці родным традыцыям і павазе да тых духоўных каштоўнасцяў, якія прадвызначылі адметнасць і культурную своеасаблівасць краю. Адсюль вынікае, што беларуская знаць, хоць і не была сама зацікаўленая ў развіцці роднай культуры, але спрыяла яе захаванню сярод простага люду.

Традыцыя дзяржаўнай адасобленасці Вялікага княства Літоўскага значна ўплывала на фармаванне палітычнай свядомасці беларускай і літоўскай шляхты нават у апошнія гады Рэчы Паспалітай і пасля яе заняпаду. Пра гэта сведчаць спробы вярнуць Вялікаму Княству статус ранейшага юрыдычнага суб'екта, які быў скасаваны майскай канстытуцыяй 1791 г., ход паўстання Касцюшкі дый, урэшце, намаганні аднавіць ВКЛ пад знакам Расейскай кароны. І хаця старанні не далі практычных вынікаў, гэта не мяняе фактаў: літоўскія вяльможы былі гатовыя вырашаць лёс сваёй бацькаўшчыны шляхам супрацоўніцтва з Расеяй. Рабілася гэта, па сутнасці, з тых самых прычынаў і інтарэсаў, якія раней вымушалі іх шукаць апекі ў шведаў (Кейданская дамова 1655 г.) ці ў Масквы (дамова з Пятром 11703 г.). Шмат гаворыць за тое, што літоўскі сепаратызм быў не выпадковаю з'яваю, а вынікам пэўнай палітычнай стратэгіі, якая была скіраваная на захаванне суб'екта ВКЛ у найбольш карысным федэратыўным саюзе з Польшчай альбо з іншай рэальнай сілай.

У першыя дзесяцігоддзі расейскага панавання становішча беларускай і літоўскай шляхты істотна не змянілася. Не парушаліся яе сацыяльна-эканамічныя пазіцыі, не абмяжоўваўся доступ да мясцовых органаў улады, свабодна дзейнічала каталіцкая царква, а пад апекай Адама Чартарыйскага пашыралася польскае школьніцтва, працаваў Віленскі універсітэт. Па-ранейшаму, аж да 1840 г., дзейнічаў Літоўскі Статут, а значыць, выконваліся нормы традыцыйнага заканадаўства. Новая палітычная сітуацыя задавальняла большасць шляхты і не давала падставаў для апазіцыйнай дзейнасці. Гэтыя настроі падзяляў і Адам Міцкевіч, які ў прадмове да выдадзенага ў 1828 г. «Конрада Валенрода» захапляўся асобаю Аляксандра I, жадаючы, «каб імя Айца столькіх народаў ва ўсіх пакаленнях на ўсіх мовах роўна праслаўлена было».

Істотныя змены ў становішчы шляхты прынеслі польскія паўстанні 1830 і асабліва 1863 гг., якія адгукнуліся пераменамі ў расейскай палітыцы. У абодвух паўстаннях удзельнічала толькі частка шляхты, прычым у большай ступені ў Літве, чым у Беларусі, але для расейскіх уладаў досыць было і гэткай нагоды, каб распачаць барацьбу з польскімі культурнымі і палітычнымі ўплывамі. Таму, з аднаго боку, шырока разгарнуліся рэпрэсіі: забарона польскага школьніцтва і закрыццё універсітэта, абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы і выцясненне польскай мовы з грамадскага ўжытку, кантрыбуцыі і канфіскацыі маёнткаў, высылкі і г. д., а з другога боку, пачалося планамернае ўкараненне расейшчыны.

У пэўным сэнсе метады русіфікацыі контрадпавядалі названым рэпрэсіўным захадам: пашырэнне расейскага школьніцтва, рассяленне расейскіх асаднікаў, чыноўніцтва і духавенства, падтрымка праваслаўя і распаўсюджванне расейскай мовы. У сістэме гэтых захадаў асаблівую ролю адыгрывала скасаванне царкоўнай уніі і далучэнне беларускіх уніятаў да праваслаўнай царквы (1839 г.). Гэта была ціхая рэвалюцыя, якая мела вельмі вялікае значэнне не толькі ў сэнсе рэлігійным, але і палітычным: уцягванне пераважнай масы беларускага сялянства і часткі мяшчанства ў арбіту расейскага праваслаўя адкрывала магчымасць для ўкаранення дактрынаў расейшчыны сярод самай вялікай групы беларускіх вернікаў, з другога боку, пакідала ў
ідэйнай ізаляцыі пераважна каталіцкую шляхту. Важную ролю ў ажыццяўленні палітыкі грамадскай дэзінтэграцыі адыгрывалі правакацыі рэлігійных супярэчнасцяў паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам, што, між іншым, дасягалася шляхам замыкання і разбурэння каталіцкіх касцёлаў у мяшаных асяродках альбо ператварэння гэтых святыняў у праваслаўныя цэрквы. Стымуляваўся і пераход каталікоў у праваслаўе.

Склад насельніцтва Беларусі паводле веравызнання ў 1897 г.


У тысячах

У працэнтах

Агульная колькасць насельніцтва

6 536,3

100

У тым ліку:

праваслаўнага

4 599,1

70,4

каталіцкага

879,6

13,5

іудзейскага

915,2

14,0

іншых

142,4

2,1

Крыніца: Первая всеобіцая перепысь населення Россыйской іімпернц. 1897 г.

Як вынік гэтых дзеянняў, у другой палове XIX ст. адбыліся пэўныя зрухі ў структуры веравызнання беларускага насельніцтва: павялічылася доля праваслаўных, затое паменшала каталікоў. Паводле звестак першага агульнарасейскага перапісу насельніцтва, у 1897 г. на тэрыторыі Беларусі (у сучасных яе межах) 70,4% жыхароў належалі да праваслаўнай, 13,5% - да каталіцкай царквы, 14,0% вызнавалі іудаізм. Трэба адзначыць, што такая структура насельніцтва, хаця і сфармавалася пад націскам уладаў, набыла, тым не меней, трывалы характар; пра гэта сведчыць, у прыватнасці, і той факт, што пасля абвяшчэння ў 1905 г. царскага маніфеста аб свабодзе сумлення толькі 50 тысяч жыхароў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва (1). Гэта не прынесла істотных зменаў у рэлігійным складзе насельніцтва краю, дзе каталікі па-ранейшаму заставаліся толькі невялікай часткай вернікаў. Пасля 1830 г., ва ўмовах нарастання ідэйнай канфрантацыі, шляхце заставалася ўсё менш і менш месца для культывацыі традыцыйнай «літоўскай» палітычнай свядомасці, якая ўжо не адпавядала тагачасным рэаліям. Рэчаіснасць прымушала перагледзець традыцыйныя каштоўнасці, асабліва ў дачыненні да нацыянальнага самавызначэння. І тут, калі не лічыць шэрых апартуністаў, пачалі выразна вызначацца дзве тэндэнцыі. Частка шляхты ў выніку культурнай паланізацыі, а таксама царскай палітыкі адчужэння яе ад роднага люду, прыняла польскую нацыянальную свядомасць, стала палякамі. Затое іншая частка, у рэчышчы традыцыі адасобленасці сваёй Бацькаўшчыны і пачуцця кроўнай еднасці з народам, схілялася да беларускай альбо літоўскай нацыянальнай свядомасці.

Цяжка нават прыблізна ўявіць, у якіх прапорцыях суіснавалі ў грамадстве гэтыя перакананні. Паводле звестак першага агульнарасейскага перапісу насельніцтва, на парозе XX ст. у Беларусі (у цяперашніх яе межах) пражывала 153 тысячы членаў шляхецкіх сем'яў. Сярод іх 43,3% лічылі за родную беларускую мову, 33,8% - польскую, а 19,1 % - расейскую (2) . І хоць у тагачасных умовах і не належала атаесамляць родную мову з палітычнай свядомасцю, тым не менш прыведзеныя звесткі развейваюць версію пра ледзь не суцэльную апалячанасць беларускай шляхты і паказваюць, якая значная патэнцыяльная грамадская база існавала для развіцця беларускага нацыянальнага руху. У канцы XIX ст. Эдвард Вайніловіч, буйны землеўладальнік у Беларусі і старшыня Сельскагаспадарчага Таварыства ў Менску, звяртаўся з падзякаю да Аляксандра Ельскага за прысланую беларускую кніжку і гэтак выказваўся пра стаўленне гэтай шляхты да сваёй мовы: «Шаноўны Пане Дабрадзею, я перакананы, што гэтыя беларускія брашуркі хутка разыдуцца [...], калі нашае памешчыцтва ў большым складзе збярэцца на паседжанне Сельскагаспадарчага Тав. у Менску: гэтая мова кожнаму міла - кожны з нас засынаў у калысцы пад родныя песні нашых нянек і пястунак. Кожны на гэтай мове з людам мясцовым гамоніць, а ўсе даўнія радавыя дакументы звычайна на гэтай мове напісаныя: дык гонар Ш[аноўнаму] Пану, што першы ён пасля доўгага перапынку так свойска да нас азваўся»(3).

У такіх умовах праблема нацыянальнага самавызначэння часта паўставала перад жыхарамі Вялікага княства Літоўскага нават у рамках аднае сям'і. Пра гэта сведчыць польска-літоўская арыентацыя Ромераў, Тышкевічаў, Мілашаў і польска-беларуская - Скірмунтаў, Кастравіцкіх, Багушэвічаў ды многіх іншых. Сярод пазнейшых польскіх, беларускіх і літоўскіх гісторыкаў, заклапочаных праблемай пашырэння ўласных нацыянальных інтарэсаў, гэтае пытанне асвятлялася вельмі эмацыянальна, а ў сямейных колах яно вырашалася звычайна досыць гладка, і толькі калі-нікалі паўставалі драматычныя або гумарыстычныя сітуацыі. Адну з іх намаляваў Язэп Мацкевіч: «Бо цёця Пафця выйшла замуж за ліцвіна яшчэ тады, калі ўсе жыхары б. Вялікага княства Літоўскага самі называлі сябе ліцвінамі. Але пакуль падрастаў Генрых, іх ужо пачалі называць «літваманамі». Тады ліцвіны пачалі зваць сябе палякамі, а літваманы - ліцвінамі. Справа аказалася досыць заблытаная, а часам непрыемная. «Мама, - спытаў ён, - ці наша цёця Пафця - літваманка, ці яна ліцвінка-полька, але не ліцвінка?..» (4)

У параўнанні з такой дваістай арыентацыяй (польска-літоўскай і польска-беларускай), выбар трох кірункаў братамі Іваноўскімі быў з'явай, бадай, выключнай і на першы погляд - нелагічнай. Цяжка сабе ўявіць, каб адна сям'я была адначасова траякага паходжання. Перад намі паўстае праблема разумення, якім чынам на парозе XX ст. адбыўся падзел тых каштоўнасцяў, што некалі ўтваралі непадзельную цэласць. Варта прыгадаць у гэтым кантэксце твор Міколы Гусоўскага, паэта XVII ст., «Саппеп сіе Ьіаопіе» («Песня пра зубра»), перакладзены з лаціны на польскую, беларускую і літоўскую мовы і залічаны сур'ёзнымі гісторыкамі літаратуры ўсіх трох народаў ва ўласны культурны набытак. Трапна заўважыў Язэп Мацкевіч, што на парозе новай эпохі ў Вялікага Княства як гістарычнай цэласці не было пераемнікаў (5). Наадварот, лёсы трох народаў, трох культур разышліся па сваіх уласных шляхах, па якіх развялі нашчадкаў вялікалітоўскіх сем'яў. Прыгледзьмася да гэтай эвалюцыі на прыкладзе роду Іваноўскіх.

Самыя раннія дакументальныя звесткі з гісторыі гэтай сям'і сягаюць сярэдзіны XVII ст. і звязаны з асобай Крыштофа Іваноўскага, патомнага ўладара маёнткаў Пурпішкі і Гайжуны ў Вількамірскім павеце ў Літве (6). Аднак тое, што Крыштоф пражываў на тэрыторыі карэннай Літвы, яшчэ не азначала, што яго сям'я была літоўскага паходжання. Этымалогія прозвішча паказвае, што пачынальнікам роду павінен быць нейкі Іван, а гэта сведчыць, хутчэй, пра яго беларускія карані. Але ўжо ў XVI ст. можна было сустрэць Іваноўскіх ад Ковеншчыны да Менска і Воршы, гэта значыць, на розных абшарах Вялікага Княства, дзе за дзяржаўныя заслугі іх продкі атрымлівалі пасады і надзелы. Іх фамільнай эмблемай стаў герб «Рагач», які з Польшчы быў перанесены ў ВКЛ у эпоху Люблінскай уніі і, паводле апісання Войцеха Каяловіча-Віюка, езуіцкага аўтара XVII ст., геральдыка і прафесара Віленскай Акадэміі, уяўляў сабой «.. .алені рог у першым, белым баку поля і рог зубрыны леваруч, у полі чырвоным, а ў шаломе з правага боку - рог зубрыны, з левага - алені» (7).

Герб з такімі сімваламі належаў не толькі ўжо згаданаму Крыштофу Іваноўскаму, але і Міхалу Іваноўскаму, менскаму гарадскому старасту, што ў тагачасных умовах сведчыла пра кроўную еднасць беларускай і літоўскай галін родаў. Напэўна, гэтае радство спрычынілася да таго, што менавіта ў Літве шукаў Міхал ратунку ад наездаў Масквы і ў 1669 г. адбудаваў разбураны маскалямі касцёл Вітаўта Вялікага ў Коўне. Пра гэты ўчынак і па сённяшні дзень сведчыць мармуровая табліца ў самім касцёле, а надпіс на ёй вянчае апісаны Каяловічам герб «Рагач». Істотную дэталь, якая пралівае святло на генеалогію гэтай сям'і, удалося высветліць Марыі Тапольскай: у Міхала Іваноўскага захоўвалася Евангелле, выдадзенае ў 1644 г. віленскім праваслаўным брацтвам Святога Духа (8). А гэта сведчыць пра патрэбу ды ўменне чытаць кірыліцай, што выключна рэдка сустракалася сярод карэнных літоўцаў.

Шмат звестак пра ўдзел Іваноўскіх у грамадскім жыцці Вялікага Княства можна знайсці ў крыніцах XVIII ст. Асаблівай увагі заслугоўвае Менскае староства, якое доўгія дзесяцігоддзі заставалася ў руках гэтай сям'і. Апрача ўзгаданага Міхала, гэтую пасаду з 1745 г. займаў Язэп Іваноўскі, які раней быў менскім гараднічым і даводзіўся родным братам гарадскому суддзі, што памёр прыкладна ў 1741 г. Пасля смерці Язэпа гарадскім старастам у Менску стаў яго сын Ігнат, які займаў гэтую пасаду амаль дваццаць гадоў, да канца існавання Рэчы Паспалітай (9). Захаваліся сведчанні і пра Міхала Іваноўскага, ковенскага чашніка, якога Аўгуст III прызначыў падкаморным (камергерам) каралеўскага двара; а таксама - пра Антона, які падпісаў акт абрання Станіслава Аўгуста ад Вількамірскага павета (10). Таму на парозе XX ст. маладыя Іваноўскія маглі прасачыць як беларускія, гэтак і літоўскія карані свайго роду, хаця іх продкі служылі адной бацькаўшчыне, дзе праблема паходжання ў такім аспекце звычайна не паўставала.

Тое самае датычылася і сямейнай рэзідэнцыі. Ужо названы Крыштоф, апрача Пурпішак і Гайжунаў у карэннай Літве, меў яшчэ фальварак Забалоцце ў тагачасным Наваградскім ваяводстве. Гэты фальварак амаль да канца XVIII ст. быў сядзібай продкаў Вацлава. У 1720 г. яго пераняў у спадчыну сын Крыштофа, Міхал, які ў 1750 г. перадаў яго сыну Дамініку, той, у сваю чаргу, у 1776 г. пакінуў Забалоцце сваім сынам Язэпу і Людвіку, а яны прадалі яго ў 1790 г. князю Радзівілу. Гэтак напярэдадні заняпаду Рэчы Паспалітай продкі Вацлава пазбыліся традыцыйнага радавога маёнтка. Неўзабаве сын Язэпа, Тамаш, за прыналежную яму частку спадчыны купіў фальварак Руда Яворская ў Слонімскім павеце. Маёнтак, відаць, быў не дужа вялікі, бо два яго сыны - Вінцэнт і Станіслаў - пазней не падзялілі яго між сабой. Паводле адвечнага звычаю, ён перайшоў у спадчыну да старэйшага сына, Вінцэнта, Станіслаў жа мусіў шукаць свайго лёсу ў іншым месцы.

Станіслаў быў дзедам Вацлава. Нарадзіўся ён у 1819 г. у Рудзе Яворскай, ажаніўся з Антанінай, адзінай дачкой Юрыя Андрэевіча Рыла-Быкоўскага, уладальніка фальварка Лябёдка ў воласці Старыя Васілішкі Лідскага павета Віленскай губерні. У адрозненне ад Іваноўскіх, якія не сядзелі доўга на адным гняздзе, Быкоўскія гаспадарылі ў Лябёдцы некалькі стагоддзяў. Паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», гэты фальварак пад назвай Дварэц быў падараваны прывілеем Жыгімонта 1 ад 07.11.1510 г. двараніну яго, Івашку Рыла-Быкоўскаму, і з таго часу перадаваўся ад бацькі да сына і не выходзіў з валодання сям'і. У сярэдзіне XIX ст. ён займаў 666 маргоў (каля 370 га), пасля выхаду сялян з-пад прыгону ў 1861 г. у ім засталося 325 маргоў (каля 180 га). Гэты адносна невялікі маёнтак і атрымала ў спадчыну Антаніна і да самай сваёй смерці заставалася яго ўладальніцай (11).

Радавод Іваноўскіх

Імя

Рэзідэнцыя і час валодання

Крыштоф

Пурпішкі, Гайжуны, Забалоцце, XVIII ст.

Міхал

Забалоцце, 1730-1750 гг.

Дамінік

Забалоцце, 1750-1776 гг.

Язэп

Забалоцце, 1776-1790 гг.

Тамаш

Руда Яворская, 1790 (?) -?

Станіслаў

Лябёдка а)

Леанард

Лябёдка, каля 1880-1919 гг.

Юры, Вацлаў, Тадэвуш, Галена, Станіслаў

а) уласнасць жонкі Антаніны
Крыніца: Boniecki A. Herbarz polski, t.VIII. Warszawa, 1905. S.72; Ivanauskas T. Memuarai [б. м. д. -машынапісу сямейным архіве].
Такім чынам, Станіслаў вымушаны быў пагадзіцца на другарадную ролю ў Лябёдцы. Яго грамадская пазіцыя анічым не нагадвала становішча продкаў некалькі дзесяцігоддзяў таму. Станіслаў пражыў доўгае жыццё (памёр у 1900 г.), галоўным яго клопатам была і заставалася гаспадарка, гарачае імкненне памножыць маёнтак.

Пасля заўчаснай смерці Антаніны (яна памерла ў 1852 г., маючы 35 гадоў) маёмасныя меркаванні схілілі яго да шлюбу з Каралінай Клімантовіч, а пасля яе смерці ў 1856 г. ужо 58-гадовы Станіслаў ажаніўся трэці раз з дужа маладзейшай за сябе Станіславай Губарэвіч з суседняга фальварка Галавічполь. У выніку Лябёдка павялічылася за кошт часткі гэтага фальварка.

Адзіным сынам Станіслава і Антаніны быў народжаны 02.11.1845 г. Леанард, які пасля смерці маці стаў паўнапраўным гаспадаром Лябёдкі. Цяжка меркаваць, у якой ступені бацька звязваў будучыню сына з гэтым маёнткам, прынамсі, выхаванне, якое ён вырашыў даць хлопцу, не надта адпавядала такім намерам. Ён накіраваў Леанарда спачатку ў віленскую гімназію, пасля - у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, які той скончыў у 1868 г., атрымаўшы ступень інжынера-тэхнолага. Затым, аж да 1891 г., Леанард працаваў на прамысловых будоўлях Сібіры, Урала ды іншых аддаленых рэгіёнаў Расеі, недзе каля 15 гадоў правёў у мясцовасці Краснае Навахапёрскага павета Варонежскай губерні. На той час гэта быў вельмі прыбытковы занятак.

У 1874 г. двое літоўскіх будрысаў - Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут - пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Галенай Райхлёўнамі з ваколіц Пятркова. Але дзяўчаты не былі стопрацэнтнымі ляшкамі: іх бацька, Амон барон фон Райхель, паходзіў з Эльзаса, у мінулым - кадравы вайсковец, які пасля выхаду ў адстаўку купіў сабе маёнтак Замосце каля Пятркова, затое матка паходзіла з дому Хжаноўскіх з Трамбоўлі. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і мелі добрую, як на тыя часы, адукацыю. Леанард атрымаў за жонкай у якасці пасагу частку маёнтка Райхеля над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Ён прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы.

Але і пасля жаніцьбы Леанард не асеў у Лябёдцы стала. Разам з жонкай ён вярнуўся ў Краснае, пасля 1891 г. некалькі гадоў правёў у Варшаве, нарэшце, самае позняе ў 1899 г. уладкаваўся ў Пецярбургу. Тут ён дасягнуў вяршыні сваёй прафесійнай кар'еры: стаў правадзейным дзяржаўным саветнікам, членам Тэхналагічнага камітэта Галоўнага акцызнага ўпраўлення і кіраўніком яго капітальнага аддзела, а таксама членам Дзяржаўнай Рады па справах харчовых прадуктаў (12). Леанард часта выязджаў за мяжу, добра ведаў некалькі моваў. Супрацоўнічаў з Дз. Мендзялеевым, разам з ім ездзіў у Лондан, дзе ў Каралеўскім Хімічным Таварыстве перакладаў на ангельскую мову яго даклад аб перыядычнай сістэме элементаў (13). Прафесійная кар'ера мела для яго надзвычайную прыцягальнасць, і толькі Першая сусветная вайна прымусіла амаль 70-гадовага Леанарда адмовіцца ад дзяржаўнай службы і вярнуцца ў Лябёдку, на гэты раз - назаўсёды.

Іншым захапленнем Леанарда была Лябёдка. Тут ён праводзіў кожную вольную хвіліну, аддаваў шмат грошай і ўвагі на развіццё і ўдасканаленне сваёй гаспадаркі. Паступова ён павялічыў яе да 500 га, задрэнаваў рольныя грунты, засадзіў лесам аблогі, абсталяваў усімі неабходнымі сельскагаспадарчымі машынамі, пабудаваў паравы млын. Асаблівую ўвагу надаваў ён садоўніцтву, у 1868 г. заклаў матачны сад, затым - рассаднік, нарэшце ў 80-х гг. - вялікі 20-гектарны гандлёвы сад. Усе гэтыя распачынанні дапаўнялі адно аднаго: гатункі, што прайшлі выпрабаванне ў эксперыментальным садзе, памнажаліся і пераходзілі ў гандлёвы. Такім чынам, да Першай сусветнай вайны ў садовай гаспадарцы Леанарда было выпрабавана каля 400 гатункаў яблынь, 100 - груш і 80 - сліваў, вішняў, чарэшняў. Садавіну з Лябёдкі вывозілі на пецярбургскія і маскоўскія рынкі, двойчы атрымліваў Л. Іваноўскі залаты медаль на ўсерасейскіх выставах (14).
У гонар яго заслуг Варшаўскае садаўнічае таварыства абрала Л. Іваноўскага сваім старшынёю. У першыя гады XX ст. у Лябёдцы была завершаная будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі.

Апрача сямейных інтарэсаў, дзейнасць Леанарда была нацэленая на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу, важны для ўсяго абшару Віленскай і Гарадзенскай губерняў. Дзеля развіцця садоўніцтва ў 1888 г. Л. Іваноўскі распачаў продаж прышчэпкаў, адпаведна прыстасаваных да мясцовых кліматычна-глебавых варункаў. Ён арганізоўваў выставы збожжавых, гародніны, садавіны і свойскай жывёлы, каб заахвоціць земляробаў да паляпшэння эфектыўнасці сваёй гаспадаркі. Дзеля гэтага Леанард здабываў сродкі ў міністэрстве сельскае гаспадаркі на ўзнагароды ўдзельнікам выставы, галоўным чынам - малазямельным сялянам. Ён арганізоўваў агранамічныя кансультацыі, дбаў пра забеспячэнне земляробаў найлепшымі гатункамі насення, саджанцаў і племянной жывёлы. Маладых сялян прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Такім чынам, сярод мясцовых земляробаў Леанард заваяваў вялікі аўтарытэт і павагу.

3 гледзішча нацыянальнай свядомасці, Леанард быў, відаць, адным з апошніх прадстаўнікоў таго пакалення беларускай шляхты, якое не размяняла яшчэ традыцыйнага паняцця вялікалітоўскай бацькаўшчыны на тры сучасныя нацыянальныя адрэзкі. Дый, зрэшты, жыў ён у той перыяд, калі і не паўставала неабходнасць акрэсліць новае, сучаснае аблічча нацыі. Закранаючы гэтае пытанне, яго сын Тадэвуш напісаў у сваіх успамінах, што бацька лічыў сябе за ліцвіна ў сэнсе гістарычным (15). Тое самае вынікала і з яго стаўлення да нацыянальных праблем на пераломе XIX і XX ст. Гэтак, ніводзін з даследчыкаў расейскай Палоніі не згадвае пра які-небудзь удзел Леанарда ў працы польскіх арганізацыяў, няма ўказанняў і на тое, каб ён цікавіўся літоўскім ці беларускім нацыянальным рухам. Ён нязменна займаўся перш за ўсё прафесійнай кар'ерай і сваёй Лябёдкай. Гэтаксама, як бацька ды многія іншыя прадстаўнікі шляхты, ён вызначаўся палітычным апартунізмам. Польская мова ў хаце не перашкаджала гэткаму ідэйнаму кірунку.

Дакладна мала што вядома аб жонцы Леанарда Ядвізе, якая, аднак, займалася болып звычайнымі клопатамі. Сярод родных было прынята, што, нягледзячы на нямецка-польскае паходжанне, яна была цалкам апалячаная. Але гэта не можа быць падставай, каб адназначна лічыць, што ў 1915 г., пасля ўваходу немцаў у Віленскую губерню, яе брат адразу пачуў у сабе нямецкую кроў і пачаў прыслужваць акупантам (16).

Нельга, аднак, абысці маўчаннем больш познія ацэнкі нацыянальнай свядомасці Леанарда, якія павінны былі растлумачыць нацыянальны выбар яго сыноў. Так, Юры Іваноўскі, які лічыў сябе палякам і быў зацікаўлены ў тым, каб падкрэсліць польскія карані сваёй сям'і, пісаў наступнае: «Мы паходзім са Шчучынскага павета, з ваколіц, дзе жыве беларускі люд, сям'я наша, пасяліўшыся тут некалькі стагоддзяў таму, заўсёды лічыла сябе за палякаў. Бацька-інжынер большую частку жыцця правёў у Расеі, аднак заўсёды адчуваў сваю польскасць і прымаў удзел у польскім грамадскім жыцці» (17).

3 дапамогай маленькай рэдакцыйнай купюры цалкам супрацьлеглую думку прадставілі выдаўцы ўспамінаў Тадэвуша Іваноўскага: яны пакінулі тую частку фразы, дзе гаварылася, што Леанард лічыў сябе за ліцвіна ў сэнсе гістарычным. Такім чынам, выказванне Тадэвуша набыло зусім іншы змест: «Леанардас Іванаўскас лічыў сябе за ліцвіна, хоць па-літоўску гаварыць не ўмеў. Такіх літоўскіх інтэлігентаў было ў той час нямала. Л. Іванаўскас, хаця і выхоўваўся пад уплывам польскай культуры, не паддаваўся дэнацыяналізацыі, змагаўся з апалячваннем і вучыў сваіх дзяцей змагацца з прыніжэннем ліцвінаў і Літвы» (18).

Адно толькі супрацьпастаўленне гэтых цытат ужо магло б выклікаць усмешку, калі б не тое, што менавіта гэтак ставяцца да спадчыны Вялікага княства Літоўскага шмат польскіх і літоўскіх аўтараў. Для адных найважнейшым крытэрыем ацэнкі нацыянальнай пазіцыі з'яўляецца польская мова і культура, для іншых - гістарычная назва «ліцвін». Для поўнага збору тут бракуе толькі беларускай версіі, але няцяжка ўявіць яе прыкладны змест. Гэта было б трыо накшталт ужо прыгаданай справы Міколы Гусоўскага і яго « Carmen de bisonte».

У 1876-1887 гг. у сям'і Леанарда і Ядвігі нарадзілася пяцёра дзяцей: Юры, Вацлаў, Тадэвуш, Галена і Станіслаў. Паводле метрычных запісаў рымска-каталіцкай парафіі ў Старых Васілішках, Юры нарадзіўся ў Красным, а рэшта дзяцей - у Лябёдцы. Можна было б меркаваць, быццам кожны раз перад родамі маці пераадольвала сотні кіламетраў ад Краснага да свайго маёнтка. Здаецца, гэта малаверагодна, тым болей, што паміж датамі народзін і хрышчэння малых Іваноўскіх існуе вялікая разбежка: абрад адбываўся пераважна падчас летняга адпачынку, калі сям'я пераязджала ў Лябёдку. 3 гэтага вынікае, што калі не ўсе, дык болыыасць дзяцей пабачыла свет у Красным Варонежскай губерні, дзе пражывалі бацькі. Гэтае несупадзенне фактаў тлумачыцца традыцыяй, паводле якой месцам нараджэння дзяцей лічылася сямейнае гняздо, а не часовае прыстанішча бацькоў.

Даты народзін і хрышчэння маладых Іваноўскіх (паводле старога стылю)


Дата народзін

Дата хрышчэння

Хросныя бацькі

Юры

29.01.1876

22.06.1876

Станіслаў Іваноўскі і Фларэнціна Райхель

Вацдаў

25.05.1880

28.06.1881

Радца надворны, д-р мед. Ян Петрашкевіч і Галена Корбут

Тадэвуш

16.12.1882

22.07.1884

Радца надворны, д-р мед. Уладзіслаў Вышынскі і Станіслава Іваноўская

Галена

звесткі адсутнічаюць

Станіслаў

04.12.1887

26.12.1888

Юры Іваноўскі і Галена Корбут

Крыніца: Метрычныя кнігі парафіі Старыя Васілішкі.

Пры ўсім тым, да выхавання дзяцей Леанард ставіўся неабыякава. Ён вызначыў яго галоўны кірунак у духу ідэяў Вялікага Княства, а непасрэдна займалася гэтай справай цётка Галена Корбут, сястра Ядвігі. Пасля ранняй смерці мужа яна стала пасялілася ў доме Іваноўскіх. Цётка абудзіла ў Вацлава і яго братоў цікавасць да гісторыі Вялікага княства Літоўскага і паўплывала на фармаванне іх гістарычнай свядомасці. Знаёмства з гэтымі ідэямі актыўна вялося праз чытанне мастацкай літаратуры, асабліва - «Гражыны» А. Міцкевіча і твораў «літоўскага сепаратыста» Уладзіслава Сыракомлі.

У 1891 г. сям'я Іваноўскіх пераехала з Краснага ў Варшаву, тут яны здымалі кватэру па адрасе: вуліца Маршалкоўская, 60, кв. 3. Што прымусіла іх прыняць такое рашэнне? Праўда, Леанард атрымаў такую-сякую пасаду, але з Варшавай ён не быў цесна звязаны, часта ад'язджаў у розныя гарады Расеі, нарэшце, праз некалькі гадоў асеў у Пецярбургу, а жонка з дзецьмі заставалася ў Варшаве. Можна меркаваць, што з Краснага ў Варшаву сям'я перабралася не дзеля бацькавых інтарэсаў, а для таго, каб даць дзецям адпаведную адукацыю. Справа, натуральна, была не ў выбары гімназіі (як і па ўсёй Расейскай імперыі, выкладанне тут вялося па-расейску), але ў тым, каб акунуць дзяцей у польскае асяроддзе, дзе было больш магчымасцяў прывіць ім імунітэт супраць русіфікацыі, якую лічылі за найвялікшую пагрозу сямейным традыцыям.

У пачатку 90-х гг. Вацлаў паступіў у V мужчынскую гімназію, якая змяшчалася ў прыватным будынку на рагу Маршалкоўскай і Пенкнай вуліц, і скончыў яе ў чэрвені 1899 г. Аўгуст Іванскі, аднакласнік Вацлава, гэтак характарызаваў агульнае вучнёўскае асяроддзе і атмасферу, што панавала ў школе: «Вучні V гімназіі былі пераважна сыны настаўнікаў, прафесараў, адвакатаў, лекараў, юрыстаў - адным словам, прадстаўнікоў гарадской інтэлігенцыі. Памешчыцкія сыны складалі меншасць. Сялянскіх сыноў, прынамсі ў маім класе, не было зусім; яўрэяў... няшмат, маскалёў яшчэ меней. Узровень заможнасці сярод маіх калег быў досыць высокі. Не было, бадай, аніводнага бедняка [...] Таварыскія дачыненні паміж вучнямі класа былі як найлепшыя. Мы стойка ўтрымлівалі абарончыя пазіцыі супраць безупынных нападак школы на наш народ, рэлігію і нацыянальную годнасць. Выпадкі даносаў, калі і здараліся ў іншых класах, заўсёды клеймаваліся гарачым жалезам пагарды і бязлітаснага байкоту не толькі самога вінаватага, але і кожнага, хто хаця б крыху быў з ім салідарны. Заўсёды і над усім панавала здаровая гуртковая атмасфера» (19).

У гімназіі Вацлаў выяўляў вялікія здольнасці. Аўгуст Іванскі залічваў Іваноўскага ў вузкае кола аднакласнікаў, з якімі яго звязвала «найбольш цеснае сяброўства», і пісаў аб ім наступнае: «З дзяцінства быў ён адораны праніклівым і рознабаковым розумам. Яшчэ ў гімназічныя часы ён перякладаў proprio motu (з уласнай ініцыятывы - лац.) адзін з платонаўскіх дыялогаў, а пазней яшчэ доўгі час не расставаўся з Гамерам, якога свабодна чытаў у арыгінале» (20). 3 дзяцінства Вацлаў вучыўся нямецкай і французскай мовам, валодаў імі як вусна, так і пісьмова. Яшчэ ў трэцім класе гімназіі Вацлаў паспрабаваў самастойна зрабіць зарад для дубальтоўкі і пры гэтым страціў другі і трэці пальцы на правай руцэ. Іх закапалі ў Лябёдцы і зверху пасадзілі дзве бярозы. Тры пазасталыя паслужылі матывам для выбару пазнейшага псеўданіма - «Вацюк Тройца». Вялікі ўплыў на фармаванне характару Вацлава меў бацька, падчас вакацыяў у Лябёдцы на сваёй гаспадарцы ён вучыў сына першаасновам добрай працы.

Патрыятычная атмасфера, якая панавала ў V гімназіі, уздзейнічала на станаўленне асобаў яе выхаванцаў. Шмат хто з іх адыграў важную ролю ў барацьбе за незалежнасць Польшчы і ў розных галінах жыцця адроджанай бацькаўшчыны. Назавем хаця б Уладзіслава і Станіслава Грабскіх, Уладзіслава Татаркевіча, Тадэвуша Катарбінскага, Марцэля Гандэльзмана, Казіміра Сасноўскага альбо біскупа Зыгмунта Лазінскага. У такой атмасферы гадаваліся Вацлаў Іваноўскі і яго браты. Адсюль яны вынеслі пачуццё грамадзянскага абавязку, тут адбылося іх нацыянальнае самавызначэнне. Аднак у асяроддзі калег выбар Вацлава меў прысмак сенсацыі. Іванскі, успамінаючы гімназічныя гады, называў гэта «скрайнім беларускім нацыяналізмам» і «ненармальнасцю», якая дзіўным чынам не пасавала да класічных густаў яго сябра (21). Тым не меней іх прыяцельскія дачыненні з гэтай прычыны не аслабелі, якіх-небудзь адміністрацыйных высноваў таксама не рабілася, бо гэткіх «нацыяналістаў» у гімназіі болей не было.

Ва ўмовах бурлівага развіцця нацыянальных рухаў у Еўропе на пачатку XX ст. такое нацыянальнае самаакрэсленне было непазбежным. Традыцыйная пазіцыя продкаў аказалася для маладых Іваноўскіх нелагічнаю і непрыдатнаю. Яны мусілі вырашыць, да якой нацыянальнай супольнасці хочуць належаць: польскай, беларускай або літоўскай. Пазіцыя бацькоў не магла стаць для іх адзіным арыенцірам; гэтую праблему яны вырашалі цалкам самастойна, згодна са сваімі ўласнымі развагамі і перакананнямі, на якія ўплывалі ўрокі цёткі Галены, сямейная сітуацыя і досвед, атрыманы ў беларускім (Лябёдка), расейскім (Краснае) і польскім (Варшава) асяроддзі.

Польская свядомасць Юрыя была лагічным працягам культурнай паланізацыі сям'і. Гэта быў фактар вялікага ўздзеяння, таму зварот Юрыя да гэтай нацыянальнасці быў з'явішчам вельмі натуральным і не вымагаў інтэлектуальнага напружання. Наадварот, ён спецыяльна стымуляваўся сярод беларускай і літоўскай шляхты, гэтак жа, як і сярод польскай інтэлігенцыі. Такім чынам, Юры трапіў у агульны струмень, прыкрываючы вочы на мінулае, пра якое ведаў не горш за Тадэвуша і Вацлава, і мог з поўным правам яго ігнараваць, але не спасылацца і не скажаць. Да канца свайго жыцця ён трымаўся пераканання, што вяршыню грамадства ў Беларусі і Літве складалі палякі, якія адыгралі ролю натхняльнікаў ды ініцыятараў беларускага і літоўскага нацыянальнага адраджэння. Наймалодшы брат, Станіслаў, таксама далучыўся да стану палякаў, але зрабіў гэта моўчкі, без спасылак на польскае паходжанне продкаў.

Для беларускага самавызначэння Вацлава і літоўскага - Тадэвуша існавала шмат агульных перадумоваў. Тадэвуш сцвярджаў, што на яго выбар дужа паўплывала прывітае цёткай Галенай Корбут захапленне Вялікім Княствам Літоўскім, а яшчэ болып - Варшава, дзе з яго хатняй пальшчызны смяяліся гімназічныя сябры. Але трэба заўважыць, што ў гэткім духу выхоўваліся ўсе маладыя Іваноўскія, усе яны размаўлялі гэткай самай гаворкай і цярпелі за яе крытыку, але для Юрыя і Станіслава гэта не стала перашкодай на шляху да польскасці. Значыцца, сапраўдныя прычыны былі іншыя. Вацлаў і Тадэвуш не адмаўлялі польскай культурнай традыцыі ў сваёй сям'і, але не прымалі польскай нацыянальнай свядомасці, бо яна не адпавядала іх паходжанню. Але дарога ад такога вырачэння да ўспрыняцця новых каштоўнасцяў была яшчэ вельмі далёкая. Яны разумелі, што іх продкі былі не польскага паходжання, што яны былі ліцвінамі ў гістарычным сэнсе, але якія з гэтага рабіць высновы? Кім павінны стаць яны? Сучаснымі палякамі, беларусамі ці літоўцамі? Заўважым, што ні Вацлаў, ні Тадэвуш не пайшлі па слядах Юрыя, не сталі прыстасоўваць мінуўшчыну да сваіх перакананняў і не сцвярджалі, быццам бы іх продкі лічылі сябе за сучасных беларусаў ці літоўцаў. Паўстае яшчэ адно пытанне: чаму іх выбар быў неаднолькавы, чаму адзін назваўся беларусам, а другі - літоўцам?

Традыцыі і выхаванне, безумоўна, уплывалі на фармаванне свядомасці Вацлава і Тадэвуша, але не адыгралі вырашальнай ролі ў іх самавызначэнні. Яны апраўдвалі свой выбар аб'ектыўным фактарам - паходжаннем свайго роду, але ж культурныя традыцыі сям'і, на якія спасылаўся іх старэйшы брат, былі фактарам не меней аб'ектыўным. 3 гэтага можна меркаваць, што ўсе іх разважанні насамрэч мелі другараднае значэнне, яны толькі засланялі галоўны матыў, які кіраваў маладымі Іваноўскімі, калі яны прымалі свае супрацьлеглыя і, на першы погляд, парадаксальныя рашэнні. Гэтым сапраўдным матывам было жаданне барацьбы за палітычную самастойнасць былой Рэчы Паспалітай. Яго спарадзіла вынесеная з роднага дома гістарычная свядомасць, якую браты падзялілі на тры лагічна абгрунтаваныя нацыянальныя часткі. Пры гэтым яны выкарысталі атмасферу, якая панавала ў V гімназіі, дзеля ўласных палітычных мэтаў. Такім чынам, Леанард не памыліўся, калі выправіў сваіх сыноў у Варшаву.

На мяжы XIX і XX стст., калі Тадэвуш акрэсліўся як літовец, літоўскі нацыянальны рух меў за плячыма дваццаць гадоў развіцця і здолеў выпрацаваць уласную першапачатковую праграмную канцэпцыю, дзе галоўнай задачай лічылася напачатку культурная эмансіпацыя краю. Заклік да супрацоўніцтва ў гэтай галіне быў звернуты не толькі да простага люду, але і да апалячанага памешчыцтва. Моўна-культурнае паяднанне шляхты з народам было вельмі смелай, але не безнадзейнай задумай, для гэтага ў Літве існавалі вельмі важныя перадумовы, найперш - агульнае каталіцкае веравызнанне, да якога належала ледзь не ўся шляхта і люд, за выключэннем невялічкай выспы пратэстантаў з ваколіцаў Бірж. Абедзве гэтыя часткі грамадства адчувалі на сабе пагрозу страты ўласнай веры, асабліва пасля паўстання 1863 г., і разам выступалі ў яе абарону. Аднак сярод памешчыцтва мэты нацыянальнага літоўскага руху ацэньваліся па-рознаму. Шмат хто бачыў у гэтым пагрозу для польскасці ў Літве, часта трактаванай як правінцыя колішняй Рэчы Паспалітай, і таму быў настроены варожа. Аднак сярод памешчыцтва знаходзілася і нямала прыхільнікаў гэткіх ідэяў, таму Тадэвуш мог крочыць па ўжо пратаптанай сцежцы.

Затое Вацлаў не мог знайсці нават такога - не самага надзейнага - апірышча, як канцэпцыя літоўскага руху. У XIX ст. працэс беларускага нацыянальнага адраджэння цягнуўся надзвычай марудна і, хаця і меў патэнцыйную грамадскую базу сярод беларускай шляхты, заставаўся ўсё ж з'явай эфемернай і амаль незаўважнай. Звычайна гэта тлумачаць спасылкамі на царскія рэпрэсіі, асабліва забаронай выдавецкай дзейнасці, а таксама адсутнасцю нацыянальнага П'емонта за мяжой, якім для літоўцаў была Усходняя Прусія, а для украінцаў - Галіцыя. Напэўна, гэта былі важныя акалічнасці, аднак найгалоўнай перашкодай на шляху беларускага нацыянальнага руху заставалася парадаксальная ідэалагічная сітуацыя: яго праваднікамі ў краіне, дзе пераважала праваслаўнае насельніцтва, сталі галоўным чынам прадстаўнікі каталіцкай шляхты. Яны, хоць і ўсведамлялі сваю этнічную самастойнасць, усё ж не змаглі ўзняцца па-над рэлігійным бар'ерам, рэальна ацаніць існае становішча і сфармуляваць агульнанацыянальную праграму культурнай і палітычнай дзейнасці, прымальную і для адной, і для другой часткі грамадства, асабліва - для праваслаўнай болыыасці.

Беларуская паэзія XIX ст., апрача абмежаванай папулярызацыі мовы, не адыгрывала ў гэтым працэсе вялікай ролі, звычайна яна не выходзіла па-за рамкі этнаграфізму і сацыяльна-бытавой праблематыкі, якая асвятлялася з пазіцыі класавай згоды памешчыцтва і сялянства. Падчас паўстання 1863 г. з'явілася беларускамоўная агітацыйная публіцыстыка, скіраваная на тое, каб далучыць сялян да ўзброенан барацьбы з царызмам. Аднак, пры ўсім тым, не заўважалася колькі-небудзь істотных - з нацыянальнага гледзішча - ідэйных адрозненняў паміж прыхільнікамі кансерватыўнага і радыкальнага крыла паўстання ў Літве і Беларусі. Узаемныя супярэчнасці ўзнікалі сярод іх у аграрным пытанні, што ж датычыцца астатняга, дык літаратура абедзвюх плыняў ідэалізавала былую Рэч Паспалітую, выступала ў абарону каталіцкай царквы і прапагандавала супольнасць палітычных інтарэсаў Польшчы і Беларусі ў якасці яе правінцыі. Палымяны заклік Кастуся Каліноўскага да беларускага народа змагацца за свае правы, «бо тады толькі жыць будзеш шчасліва, калі маскаля над табой не будзе», - гэта яшчэ не дэкларацыя незалежнасці, бо абмінае не менш важнае пытанне польскай гегемоніі. Нават крытыка грамадскай несправядлівасці ў адозве радыкалаў («Мужыцкая праўда» ды інш.) мае выразны антымаскоўскі характар, аднак ашчаджае польскіх памешчыкаў.

Беларускае пісьменства XIX ст. развівалася галоўным чынам у рэчышчы польскай палітычнай думкі і польскай барацьбы з Расеяй за незалежнасць. Таму ў ім прасочваецца антыправаслаўная тэндэнцыя, якая значна абмяжоўвала яго ўплыў на праваслаўную інтэлігенцыю і, у выніку, перашкаджала пашырэнню сярод праваслаўнай часткі беларускага люду. Дадатковую ролю тут яшчэ адыграла выкарыстанне польскага алфавіта. Усё гэта палегчыла задачы расейскага супрацьдзеяння і паўплывала на з'яўленне ў другой палове XIX ст. іншага ідэйнага кірунку пад назвай «западнорусснзм», які пры падтрымцы ўладаў спрабаваў прадставіць Беларусь як спрадвечна рускі край і абгрунтаваць законнасць расейскага панавання. Гэтая плынь аб'яднала прадстаўнікоў беларускай праваслаўнай інтэлігенцыі, якія, нягледзячы на сваю палітычную арыентацыю, шмат зрабілі ў галіне этнаграфіі, мовазнаўства, краязнаўства і гісторыі Беларусі. Усё гэта значна паўплывала на развіццё аналітычнай думкі і вылілася ў дзейнасць беларускіх нарадавольцаў. У 1884 г. у выдадзеным на шклографе часопісе «Гоман» яны ўпершыню кінулі заклік да беларускай аўтаноміі ў складзе Расейскай імперыі.

Гэтак беларуская палітычная думка з цяжкасцю прабівала сабе дарогу сярод польска-расейскай ідэйнай барацьбы і да канца XIX ст. рухалася ў двух раўналеглых напрамках, не знаходзячы пунктаў сутыкнення. Нават родная мова доўгі час не магла стаць агульнай платформай для супольных дзеянняў. Праўда, прадстаўнікі каталіцка-шляхецкага кірунку больш зрабілі для яе развіцця і папулярызацыі, аднак цяжка адназначна меркаваць, у якой ступені гэтая іх дзейнасць была скіраваная на стварэнне беларускай нацыі, а ў якой была толькі спробай супрацьдзеяння расейскай экспансіі. Нават Францішак Багушэвіч, якога часам лічаць бацькам беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1891 г. у прадмове да зборніка сваіх вершаў «Дудка беларуская» заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі», - і таго ж лета ў Вільні пачаў арганізоўваць тайныя польскія школкі (22). Нарэшце, аніводзін з абуджальнікаў XIX ст. не ўзяўся за стварэнне беларускага лемантара, гэтага найпрасцейшага зыходнага пункта развіцця нацыянальнай культуры.

Такім чынам, у выбары Вацлава Іваноўскага быў адзін вельмі важны момант: беларускі нацыянальны рух не мог вабіць яго, бо проста не існаваў яшчэ тады, у гімназічныя гады. Наадварот, нацыянальнае самавызначэнне было звязанае з разуменнем неабходнасці стварыць гэты рух праз абуджэнне гістарычнай памяці, гуртаванне і падтрымку разнастайных творчых ініцыятываў. Малады гімназіст, напэўна, не ведаў усіх акалічнасцяў гістарычнага працэсу і не так глыбока быў знаёмы з тагачаснай сітуацыяй, аднак адчуваў, якія патэнцыяльныя сілы тояцца ў народзе і як марна гінуць яны для Беларусі ў арбіце польскіх і расейскіх інтарэсаў. Для таго каб скіраваць гэтыя сілы на ўласна беларускі шлях, трэба было, у першую чаргу, стварыць адпаведную ідэйную і арганізацыйную канцэпцыю.

  1. Католицизм в Белорусснн. Мн., 1987. С. 37.
  2. Церашковіч П. У. Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага этнасу ў эпоху капіталізму // «Весці Акадэміі Навук Беларускай ССР. 1986. № 5. Серыя грамадскіх навук. С. 94.
  3. Ліст Э. Вайніловіча да А. Ельскагаад 12.05.1896 г. Галоўны архіў старых актаў у Варшаве (далей - AGAD), zesp. Prozorowi Jelskich, sygn. 140, k. 141-144
  4. Mackiewicz J.Pod kazdym niebem. Londyn, 1964. S. 15.
  5. Mackiewicz J., Toporska B. Droga Pani. Londyn, 1984. S.41.
  6. Boniecki A. Herbarz polski, t. VIII. Warszawa, 1905. S.72.
  7. Piekosinski F. Studya, rozprawy i materyaly z dziedziny historyi polskiej i prawa polskiego, t.II; ks. Wojciecha Kojalowicza: Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego, takzwany Compendium. Krakow, 1897. S.264.
  8. Topolska M.B. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansui Baroku. Wroclaw, 1984. S.233.
  9. Boniecki A. S.71; Matuszewski M. Diariusz zycia mego, t.I. Warszawa, 1986 , AGAD, zesp. Radziwillow, dz. V.
  10. BonieckiA.S.71.
  11. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego iinnych krajow slowianskich, t.V. Warszawa, 1884. S. 111.
  12. Весь Петербург на 1911 г.
  13. Ivanauskas T. Gyvenimas ir veikla. Vilnius, 1976. P.7.
  14. Cennik szczepow owocowych Waclawa Iwanowskiego w Bojarach. Warszawa, S.3-4.
  15. Ivanauskas T.Memuari. Машынапіс ва ўласнасці сям'і ў Літве, без даты.
  16. Там сама.
  17. Iwanowski J.Dialog polsko-litewski // Kultura. Paryz, 1956. 11/99.
  18. Ivanauskas T. Gyvenimas ir veikla…P.8.
  19. Iwanski A.(senior). Pamietniki 1832-1876; Iwanski A.(junior). Wspomnienia1881-1939. Warszawa,1968.S.301-302.
  20. Там сама. S. 304-305.
  21. Там сама. S.305.
  22. Krzywicki L. Na marginesie starej fotografii // Niepodleglosc, t.III, zesz.1/5. Warszawa, 1933. S.74.

У ПОШУКАХ КАНЦЭПЦЫІ

Пасля заканчэння гімназіі маладыя Іваноўскія адзін за адным накіроўваліся ў сталічны Пецярбург. У 1895 г. туды прыбыў Юры, а ў 1899 г. - Вацлаў. Абодва яны сталі студэнтамі Тэхналагічнага інстытута, дзе некалі вучыўся іх бацька. Юры займаўся на факультэце механікі, а Вацлаў - на хімічным. У 1901 г. да іх далучыўся Тадэвуш, які скончыў у Пецярбургу гімназію і паступіў ва ўніверсітэт. Сыны жылі разам з бацькам у адным з лепшых кварталаў горада ля Ізмайлаўскага праспекта (6-я рота, д. 10), як і належала сям'і правадзейнага дзяржаўнага саветніка пры міністэрстве земляробства. Тым часам маці заставалася ў Варшаве з двума меншымі дзецьмі - Галенай і Станіславам. Паводле традыцыі, усе яны збіраліся ў Лябёдцы на свята Вялікадня і Божага Нараджэння. Тамсама праходзілі і летнія вакацыі.

У адрозненне ад бацькі, які галоўную ўвагу надаваў прафесійнай кар'еры, маладыя Іваноўскія ў Пецярбургу захапіліся палітычнай дзейнасцю, якая паглынала іх не менш за вучобу. Усе трое - Юры, Вацлаў і Тадэвуш - знайшлі сабе тут спрыяльныя ўмовы для нацыянальнага самасцвярджэння. Гэтак, Юры стаў дзеячом польскага Кола народнай асветы і Польскай Партыі Сацыялістычнай. Між іншым, ён прымаў удзел у вызваленні Юзафа Пілсудскага з Пецярбургскага турэмнага шпіталя (1). Тадэвуш навязаў кантакт з літоўскімі дзеячамі і, як належала свядомаму літоўцу, пачаў вывучаць літоўскую мову (2). Толькі Вацлаў не мог далучыцца да беларускай арганізацыі, бо на той час ані ў Пецярбургу, ані дзе-небудзь у іншым месцы такой папросту не існавала. Стварэнне Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі (БРП), дзейнасць якой паклала пачатак развіццю беларускага нацыянальнага руху, і стала яго заслугай.

Існуюць супярэчлівыя версіі паходжання маладога беларускага нацыянальнага руху, таму варта падрабязна разгледзець акалічнасці яго ўзнікнення. Так, сярод расейскіх праціўнікаў гэтага руху лічылася, што ён паўстаў у выніку польскай інтрыгі, разлічанай на тое, каб раскалоць «адзіны і непадзельны» рускі народ (3), а значыць - нацэлены супраць інтарэсаў расейскай дзяржавы. У сваю чаргу, польскія праціўнікі бачылі ў ім, асабліва ў міжваенны перыяд 20-3 0-х гг., расейскі падкоп, а калі-нікалі - нават нямецкі, які меў на мэце аслабіць польскія пазіцыі ў Беларусі (4). Такім чынам, абодва бакі адмаўляліся Адвольную трактоўку ўзнікнення БРП пры пільным разглядзе можна знайсці і ў працах беларускіх гісторыкаў і публіцыстаў. Вельмі часта яна залежала ад палітычных, класавых, рэлігійных і нават асабістых сімпатыяў альбо антыпатыяў. Дзейнасць Вацлава Іваноўскага заціралася або ўвогуле ігнаравалася, бо ён паводле свайго паходжання «не пасаваў» на ролю стваральніка радыкальнага нацыянальнага руху. Замоўчвалася нават само існаванне БРП, да чаго ў найболыыай ступені спрычыніўся Антон Луцкевіч.

Закіды расейскіх праціўнікаў гэтага руху гучалі досыць пераканаўча ў святле палітыкі ППС, якая ў канцы XIX ст. імкнулася спалучыць абуджэнне пачуцця нацыянальнай самастойнасці беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў з вызваленчымі памкненнямі польскага народа. Гэтая мэта была сфармуляваная ў праграме ППС, прынятай на арганізацыйным з'ездзе ў Парыжы (лістапад 1892 г.), там прадугледжвалася пашырэнне партыйнай дзейнасці «ў правінцыях, звязаных у мінулым з Польскай Рэччу Паспалітай», а таксама супрацоўніцтва з літоўскай і ўкраінскай арганізацыямі, якія існавалі на той час, у барацьбе з царызмам (5). Гэтыя пастулаты знайшлі далейшае развіццё на III з'ездзе ППС у Вільні (чэрвень 1895 г.), дзе была прынятая наступная рэзалюцыя пра стаўленне да іншых народаў Расейскай імперыі:

«З увагі на тое, што ў склад расейскай дзяржавы ўваходзіць шмат іншых нацыянальнасцяў і што сярод іх абуджаецца супраціў варварскаму прыгнёту, які сілай абставінаў павінен нарастаць; 3 увагі на тое, што гэтыя народы, дзякуючы сваёй шматлікасці, з'яўляюцца сілай, якая пры адпаведных умовах будзе вырашаць лёс царызму;

3 увагі на тое, што ў інтарэсах польскага рабочага класа, гэтаксама, як і міжнароднага працоўнага руху, знаходзіцца звяржэнне захопніцкага царскага рэжыму, самым пэўным сродкам для гэтага з'яўляецца адлучэнне ад сучаснай расейскай дзяржавы заняволеных царызмам народаў;

Нарэшце, з увагі на тое, што сярод паасобных народаў існуюць зародкі сацыялістычнага руху;

З'езд пастанаўляе, што ППС у сваіх узаемадачыненнях з апазіцыйнымі групамі іншых нацыянальнасцяў павінна клапаціцца пра абуджэнне ў іх сепаратысцкіх настрояў і пастаянна ўказваць на неабходнасць звяржэння царызму шляхам узаемадзеяння нацыяў, якія апынуліся пад яго прыгнётам. З'езд адначасова даручае ЦРК (Цэнтральнаму рабочаму камітэту. - Заўв. перакл.) па меры магчымасці дапамагаць распачатым сацыялістычным рухам сярод гэтых нацыянальнасцяў» (6).

Згодна з гэтымі пастановамі польскія незалежніцкія дзеячы ўжо на пачатку 90-х гг. заняліся перавозам выдадзеных за мяжой беларускіх кніжак і іх распаўсюдам на тэрыторыі Расейскай імперыі. Сярод гэтай літаратуры былі кніжкі Ф. Багушэвіча, асабліва - «Дудка беларуская», якая выйшла ў Кракаве ў 1891 г., а таксама - агітацыйная брашура «Дзядзька Антон, альбо Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць - не ведаем», якую выдалі ў Тыльзіце на пачатку 1892 г. члены маскоўскага Польскага кола - Напалеон Чарноцкі і Мар'ян Абрамовіч. Важную ролю ў транспарціроўцы гэтай брашуры з Тыльзіта адыграў сябра Пілсудскага, пазней член ЦРК, Аляксандр Сулькевіч, які з 1890 г. некалькі гадоў працаваў начальнікам мытні на мяжы з Прусіяй і арганізоўваў перавоз нелегальных сацыялістычных выданняў у Расею (7). Паводле справаздачы ППС, толькі за 1895 г. цераз перавалачны пункт каля Таўрогаў на прускай мяжы былі перакінутыя 332 асобнікі беларускіх выданняў (8). Пра вялікае значэнне, надаванае папулярызацыі гэтых кніжак, можа сведчыць хаця б такі факт: у 1896 г. Зыгмунт Нагродскі, прыяцель Юзафа Пілсудскага, фінансаваў другое выданне «Дудкі», выпушчанае ў Кракаве (9). Гэтая кніжка стала свайго кшталту катэхізісам для дзеячоў беларускага адраджэння.

Распаўсюд беларускай літаратуры членамі ППС садзейнічаў пашырэнню рэвалюцыйных настрояў у Беларусі і абуджэнню нацыянальнай свядомасці. Таму, відаць, некаторыя аўтары, малюючы гэты ўплыў з немалым перабольшаннем, сцвярджаюць, што ППС адыграла вырашальную ролю ў зараджэнні беларускага руху (10). Па сутнасці, гэтая партыя ў першае дзесяцігоддзе свайго існавання не выходзіла па-за межы распаўсюду замежных выданняў, яна не займалася выпускам агітацыйнай літаратуры ад уласнага імя і не рабіла спецыяльных захадаў, каб стварыць пад сваім крылом рэвалюцыйную беларускую арганізацыю.

Дзякуючы знаёмствам брата Юрыя, Вацлаў Іваноўскі апынуўся ў асяроддзі пецярбургскіх дзеячоў ППС адразу ж па прыездзе на вучобу ў 1899 г. Ён асабіста пазнаёміўся з лідэрамі партыі, пасябраваў з пецярбургскімі дзеячамі - студэнтамі Мечыславам Міхаловічам, Рамуальдам Мілерам, Канстанцінам Дэмідэцкім-Дэмідовічам ды многімі іншымі. Такім чынам, ён добра арыентаваўся ў справах ППС, яе праграме і палітычных мэтах у Беларусі, карыстаўся сімпатыяй яе членаў, якія імкнуліся заахвоціць яго да працы на беларускай ніве. Натуральна, зыходным пунктам такой працы былі канцэпцыя і людзі, гатовыя ўвасобіць яе ў жыццё. Аднак пакуль што не было ані таго, ані другога.

Паўстае пытанне, ці мог Вацлаў палічыць праграму ППС за ідэйную аснову беларускай арганізацыі? Шмат гадоў пазней ён пісаў, што думка аб суверэннай незалежнасці Беларусі паўстала ў 1899-1900 гг. сярод членаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (11). Нават калі прамінуць той факт, што Грамада паўстала пазней, толькі праз некалькі гадоў, гэтае выказванне не надта праясняе пытанне, бо ідэю беларускай незалежнасці на той час прызнавала і ППС. Большае праграмнае значэнне мела б ажыццяўленне гэтай ідэі. Але ў такім выпадку колькасць пытанняў і сумненняў памнажалася б да бясконцасці. Логіка падказвала, што падзенне царскага абсалютызму адбудзецца ў выніку агульнарасейскай рэвалюцыі, а не дзейнасці ІІІІС. У сваю чаргу, рэвалюцыя павінна была знішчыць польскую зямельную ўласнасць у Беларусі, што не ўваходзіла ў планы ППС. Нарэшце, паўставала пытанне, ці апынуліся б беларусы ў лепшым становішчы, чым дагэтуль, у выпадку аднаўлення першай Рэчы Паспалітай як федэрацыі народаў.

Гэта быў ключавы момант, які доўга яшчэ непакоіў дзеячоў беларускага руху. Напэўна, не вырашыў гэтага пытання на пачатку XX ст. і малады студэнт В. Іваноўскі. Уваходзячы ў свет палітыкі, ён мусіў разумець, што нічога не даецца раз і назаўжды, а змены сітуацыі прымусяць не аднойчы перагледзець каштоўнасці і арыенціры, і нават - памяняць саюзнікаў. У той жа самы час атрыманы ў спадчыну ад бацькі цвярозы рацыяналізм падказваў, што планамерны народатворчы працэс трэба пачынаць самастойна, з арганічнай дзейнасці, вынікі якой застануцца трывалай каштоўнасцю пры любой сітуацыі. Ён бачыў, што гэта марудная, але самая надзейная дарога да вызвалення беларускага народа з-пад чужых культурных і палітычных уплываў.

Усе гэтыя праблемы часта абмяркоўваліся сярод членаў створанага Вацлавам Іваноўскім студэнцкага гуртка, які, паводле яго прызнання ў лісце да ксяндза Адама Станкевіча, існаваў яшчэ да 1902 г., не маючы строгай арганізацыйнай формы (12). Відаць, ён меў характар дыскусійнага клуба, бо нічога іншага пра яго дзейнасць невядома. Людзей у ім было напачатку, напэўна, няшмат. Праўда, у той перыяд у Пецярбургу вучылася багата студэнтаў з Беларусі, але сярод іх не было вясковай моладзі, якая толькі праз некалькі гадоў атрымала права займацца ў вышэйшых навучальных установах Расеі. Таму свае заклікі і аргументы В. Іваноўскі адрасаваў галоўным чынам шляхецкай моладзі з апалячаных памешчыцкіх сем'яў. Многія з гэтых маладых людзей гатовыя былі працаваць сярод беларускага люду на яго роднай мове, але ў інтарэсах польскай справы, а не новай ды малазразумелай - беларускай, якую прапагандаваў Іваноўскі.

Вінаватая тут была амаль поўная адсутнасць традыцыяў арганізаванага беларускага руху. Студэнцкія зямляцтвы, што існавалі ў акадэмічных асяродках Расеі, мелі пераважна расейскі культурны характар і, апроч адзінага выключэння, не пакінулі па сабе следу на ніве беларускага адраджэння (13) . Дзейнасць А. Гурыновіча і нарадавольцаў - выдаўцоў гектаграфічнага часопіса «Гоман» на пачатку 80-х гг. XIX ст. - была хутка зліквідаваная, а памяць па ёй, надоўга пахаваная ў паліцэйскіх архівах, амаль зацерлася ў асяроддзі беларускіх студэнтаў. 3 іншага боку, дадаткова ўплывалі на фармаванне іх свядомасці працы расейскіх вучоных, зацікаўленых беларускай гісторыяй і народнай культурай, - колькасць публікацыяў, прысвечаных гэтым пытанням, паступова памнажалася. Нарэшце, істотную ролю адыгрывалі ідэі паўстання 1863 г. і папярэднікаў беларускага адраджэння - Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і асабліва - Францішка Багушэвіча.

Значыць, існавалі не толькі адмоўныя, але і станоўчыя перадумовы для ўзнікнення такога руху. Таму намаганні Вацлава Іваноўскага далі плён. У 1901/1902 навучальным годзе беларускі студэнцкі гурток, напэўна, стаў ужо даволі шматлікім, калі ўлічыць, што на яго аснове было вырашана стварыць нелегальную арганізацыю - Беларускую Рэвалюцыйную Партыю. Мы не ведаем даты яе ўтварэння, аднак можна меркаваць, што гэта адбылося на пачатку 1902 г. Пра гэта сведчыць ужо прыгаданае паведамленне Вацлава Іваноўскага аб тым, што да самага 1902 г. існаваў толькі нефармальны гурток, а таксама - яшчэ адзін цікавы факт: вясной 1902 г. дзеячы БРП мерыліся неўзабаве склікаць свой з'езд (14).

Вестка аб стварэнні БРП выклікала характэрную рэакцыю з боку кіраўніцтва ППС: у чэрвені 1902 г. на VI з'ездзе ў Любліне была прынятая тайная «беларуская рэзалюцыя», дзе гаварылася: «Даручыць В[ыканаўчаму] Кам[ітэту] выслаць дэлегатаў на з'езд, каб выразіць ім сімпатыі і пажаданні імкнуцца да незалежнасці і федэратыўных стасункаў з намі. ППС лічыць, што яна мае права ўздзейнічаць на беларускае насельніцтва даступнымі ёй сродкамі, якія не супярэчылі б прынцыпам і інтарэсам беларускай сац[ыялістычнай] арг[анізацыі]» (15).

Але дэлегаты ППС не змаглі прадставіць гэтых пастановаў на з'ездзе, бо з'езд гэты так і не адбыўся. Тым не менш згаданая рэзалюцыя, прынятая польскімі сацыялістамі, сталася важным дакументам, які сведчыў пра ідэйную і арганізацыйную незалежнасць БРП ад ППС. У адваротным выпадку інструкцыі для пэпээсаўскіх дэлегатаў, чыёй задачай было намовіць беларусаў да федэрацыі з Полыпчай, гучалі б цалкам іначай, калі б БРП з'явілася на свет, дзякуючы арганізацыйным намаганням ППС.

Менавіта другая частка рэзалюцыі пацвярджае гэтую думку і сведчыць аб тым, што кіраўніцтва ППС баялася канкурэнцыі з боку беларускай арганізацыі. Яе слабасць польскія лідэры, напэўна, добра разумелі, аднак цяжка было прадбачыць, які лёс чакае БРП у будучыні, таму, нягледзячы на абяцанне з павагаю ставіцца да яе прынцыпаў і інтарэсаў, рашэнне VI з'езда ППС пра непасрэдны ўплыў на беларускае насельніцтва сведчыла пра тое, што гэтая партыя не збіраецца выракацца ўласных інтарэсаў на карысць беларускіх саюзнікаў.

Згодна з прынятай рэзалюцыяй, ППС распачала выданне агітацыйнай літаратуры на беларускай мове. Яе распрацоўкай заняліся дзеячы спецыяльнага, створанага ў 1902 г., партыйнага аддзела беларуска-літоўскіх земляў, г. зв. ППС на Літве. У выніку напрыканцы 1902 г. і ў студзені 1903 г. у лонданскай друкарні ППС выйшлі тры беларускія брашуры: «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Як зрабіць, каб людзям стала добра на свеце» і «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу». Апрача таго, у траўні 1903 г. ППС на Літве выдала па-беларуску адозву да батракоў з-пад Скідаля, што на Гарадзеншчыне, якая мела назву «Do braci muяykou». Натуральна, гэтыя публікацыі адлюстроўвалі ідэі ППС. Яны выкрывалі самадзяржаўе як галоўную прычыну сялянскай нядолі, затое ў інтарэсах польскага памешчыцтва абыходзілі вострыя класавыя супярэчнасці ў Беларусі.
Пытанне беларускага нацыянальнага адраджэння ў іх таксама ігнаравалася. Гэтак, выдаўцы гэтых брашураў маўчалі пра тое, што беларускія дзеці не атрымліваюць асветы на роднай мове, затое абураліся супраць царскіх уладаў за тое, што ім забараняюць вучыцца па-польску (16).

У 1902 г. БРП таксама распачала выдавецкую дзейнасць. Багатых мецэнатаў не было, таму выдаваць друкаваныя публікацыі яна не магла. Бракавала не толькі дасведчаных публіцыстаў - не было нават элементарных граматычных і правапісных правілаў беларускай мовы. Апрача таго, ніводзін з маладых пачынальнікаў гэтага руху не быў знаёмы з тэхнікай нелегальнай працы. Але гэтыя цяжкасці не палохалі В. Іваноўскага, які, напэўна, з досведу вывучэння хіміі верыў у магчымасць - як ён сам казаў - з нічога стварыць нешта. Ён пачаў з самай неабходнай рэчы - купіў гектограф. На гэта пайшоў увесь яго заробак са студэнцкай практыкі. Яму дапамог Мечыслаў Міхаловіч, дзеяч ППС, які з сімпатыяй ставіўся да беларускага адраджэння (17). 3 Іваноўскім яго звязвала не толькі грамадская дзейнасць - у Пецярбургу абодва яны заляцаліся да сясцёр Станіславы і Сабіны Ячыноўскіх і неўзабаве сталі шваграмі.

Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гэтым гектографе, стала адозва «Да інтэлігенцыі», якая выйшла ўвосень 1902 г. Яна была выдадзеная на польскай мове, каб знайсці як мага шырэйшы водгук сярод апалячанай інтэлігенцыі Белай Русі - свайго адрасата. Адозву імгненна перадалі ў рэдакцыю пэпээсаўскага «Przedswitu» ў Лондане, які апублікаваў яе ў лютым 1903 г. Перадаў яе, без сумневу, Юры Іваноўскі, які ў 1901 г. ужо скончыў вучобу і працаваў спачатку ў Чэнстахове, а са жніўня 1902 г. - на фабрыцы Б. Гандке ў Варшаве і дзейнічаў адначасова ў замежным камітэце ППС (18). Існуе шмат падставаў, каб прывесці поўны тэкст гэтай адозвы.
«Да інтэлігенцыі
Хто з вас пазайздросціць лёсу ламавой клячы? Кепска накормленая, вечна бітая, прадаваная, як знясіліцца, на шкурадзёрню - бядуе ўсё сваё жыццё, амаль не ведаючы адпачынку... Прыемны і пекны малюнак, ці не так? 1 аднак жа, аднак жа вы дазваляеце, не пратэстуеце, не робіце анічога, каб люд, з якога вы выйшлі, не ведаў гэткага ж лёсу. Цёмны - дапатопнымі прыладамі нішчыць зямлю-карміцельку; бедны - за гэта нясе на сабе цяжар падаткаў; адурманены, бо не ёсць сам сабе гаспадаром, з цярплівасцю слана трывае дзяржаўны прыгнёт. Усё гэта на руку тым, чыё існаванне грунтуецца на дурноце, цямрэчы і эксплуатацыі люду. 1 вы б хацелі прыняць удзел у гэтым сістэматычным абкраданні лепшай долі народа свайго? Ды вы адрачэцеся проста ў вочы. Але так ёсць, калі самі вы, маючы святло, не дзеліцеся з тымі, у каго яго няма. 1 гэтае бяздзеянне помсціцца на вас. Адцятыя ад люду чужамоўным выхаваннем, вы не здолелі стварыць уласнай самастойнай культуры для вашай жменькі і пайшлі ў паняверку да суседзяў. І слушна - бо не адважыліся на тое, на што адважыліся стакроць меншыя лікам літоўцы, балгары, сербы, харваты і г. д.

Дайце народу асвету, але дайце яе на роднай мове. Інакш яна ніколі не прасочыцца ў нізы. Розум дзіцяці, які з цяжкасцю авалодвае агульнымі паняццямі, мае падвойную працу, робячы гэта на чужой мове. Адсюль недакладнасць, хаос, боязь навукі. Родная мова - гэта ж выраз душы, яе пачуццяў, думак. Урад ведае, што робіць, калі падае жабрачыя аб'едкі асветы па-расейску: ён ці ўвогуле адбівае ахвоту да навукі, ці стварае блытаніну паняццяў, парывае кроўную еднасць з народам самых здольных, робіць з іх слугаў, што мысляць па-расейску, у зародку нішчыць нацыянальную самастойнасць, затрымлівае развіццё беларускай культуры. 3 усіх яго злачынстваў гэтае, бадай, найвялікшае: катаванне дзіцячай свядомасці, скрыўленне разумовага развіцця, маральнае разбэшчванне, бо там, у перспектыве, перакрой на маскаля мовай і розумам, а калі ты яшчэ і праваслаўны - перад бела-
русам адкрываецца шлях да ганаровых пасадаў і дабрабыту - цаной здрады народу. 1 сярод вас ёсць шмат гэткіх прадажнікаў.

Дайце народу спазнаць сваё мінулае. Чалавек, які не памятае таго, што рабіў, чуў, думаў, які не можа скарыстаць нават уласны досвед, не ведае, як кіраваць сабой, робіцца лялькай, людскім пасмешышчам. Ён можа толькі існаваць. Гэта ледзь не быдла. 1 гэта - лёс народа, які не памятае гісторыі продкаў. Дык вы сталі нявольнікамі не толькі таму, што вас зламалі паразы - вы сталі нявольнікамі праз свае душы - вы верныя падданыя маскоўскага цара. Дзе вашыя правы? У пыле, забытыя, гніюць у бібліятэках, затое ўсемагутны бізун вісіць над вамі. Цалуйце яго, рабы! Можа, калі ў імгле паўстане будучыня ваша, «хмурная», але «ўзнёслая» - вы і пачнеце дабівацца сваіх правоў; мо жа быць, але без яе - ніколі. Тое, што значыць для кожнай душы свядомасць, якая нанізвае на адну ніць пражытыя хвілі, тое для народаў - злучэнне мінулых стагоддзяў з цяперашнім векам; апанаваннем сучаснасці, рахункам сумлення, крыніцай, з якой струменіць жаданне новай працы для будучыні.

Даць люду асвету, пазнаёміць яго з роднай гісторыяй - але як? Народнай літаратуры амаль няма, няма гісторыі: належыць яе стварыць! Ці ж трэба спасылацца на прыклады народаў, якія гэта зрабілі, даказваць, што гэта - мажлівая справа? Чэхі, літоўцы зрабілі гэта, а вы не здолееце? Вось вам накід праграмы:

1) Арганізоўваць гурткі для працы над роднай мовай (граматыка!), краязнаўствам, літаратурай. Звярнуцца да спецыялістаў у адпаведных галінах з просьбай прачытаць лекцыі і напісаць адпаведныя творы. Палегчыць ім гэтую працу і даць матэрыяльную дапамогу.
2) Пазнаёміцца з польскай і расейскай народнай літаратурай, перакладаць і самім пісаць гэткія творы.
3) Арганізаваць збор сродкаў на пашырэнне выдаўніцтва.
4) Арганізаваць продаж альбо распаўсюд выданняў.
5) Выказваць пагарду тым, хто гэтага рабіць не будзе.

На заканчэнне - маленькі абразок Канапніцкай (польскай паэткі):

Багаты рымлянін праводзіў сваіх гасцей па будынку, у якім трымаў купленых нявольнікаў. Германец, скіф, нумідыец, грэк - усе патаналі ў тузе па родным краі, агорнутыя то шалёным гневам, то халоднай роспаччу, патыхалі нянавісцю. І толькі адзін славянін граў на жалейцы і танцаваў. Умеў ён суцешыцца ў няволі, забыць аб страчаным краі, аб нядаўняй свабодзе.
Будзем і надалей падобныя да яго?
Б. П. Р.» (19)

Хто быў аўтарам гэтай адозвы? На думку Алеся Бурбіса, тагачаснага віленскага гімназіста, яе напісаў Лявон Малецкі, студэнт Пецярбургскага Тэхналагічнага інстытута. Напісаў яе ў Вільні, гэта значыць - падчас летніх вакацыяў 1902 г., якія Малецкі правёў у родным доме (20). Аднак, здаецца, версія А. Бурбіса не здымае праблемы аўтарства. Сэнс і пастулаты гэтай адозвы мала хвалявалі Малецкага - пра гэта сведчыць яго адыход ад беларускага руху пасля заканчэння інстытута ў 1904 г. Такім чынам, можна меркаваць, што гэтая адозва была апрацаваная пры непасрэдным удзеле Вацлава Іваноўскага, бо закладзеныя ў ёй ідэі засталіся галоўным арыенцірам яго далейшай шматгадовай дзейнасці.

Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага стала спроба нелегальна выдаць часопіс «Свабода», задуманы як орган Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі. Павелічэнне кола беларускай моладзі ў Пецярбургу спрыяла ажыццяўленню гэтай задумы. Восенню 1902 г. сюды прыбылі на вучобу браты Ян і Антон Луцкевічы з Менска і Алаіза Пашкевіч з ваколіц Ліды. Алаіза пасялілася ў незнаёмай дагэтуль асобы - Сабіны Ячыноўскай, нявесты Вацлава Іваноўскага, і гэты факт, безумоўна, сведчыць аб тым, што арганізатарам яе прыбыцця ў Пецярбург быў менавіта ён (21). Тут Пашкевіч скончыла гімназію Александроўскай і разам з Сабінай наведвала курсы Лесгафта. Алаіза стала неўзабаве вядомай паэткай і дзяячкай, найчасцей яна выступала пад псеўданімам Цётка (22). Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў В. Іваноўскага належаў таксама пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка родам з фальварка Галавічполь, што знаходзіўся побач з Лябёдкай. Такім чынам, для Іваноўскага ён быў з дзяцінства вядомым суседам.

Гэтыя маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». 3 імі супрацоўнічаў пэпээсавец Мілер і ўжо згаданы Язэп Малецкі. Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (першая бачына) і Валейка (астатнія). Гэтыя матэрыялы перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацыяў 1902 г. яго аддрукавалі на гектографе накладам 200 асобнікаў Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама Валейка з братамі Антонам і Станіславам. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.» (23).

Але канец задумы быў няўдалым: «Свабода» была знішчаная і не дайшла да чытача. Пазней Вацлаў Іваноўскі ўхіляўся ад асвятлення гэтага здарэння: ён сцвярджаў, што ўвесь наклад пераправіў Юрыю ў Варшаву, і там яго сканфіскавала паліцыя, іншым разам - што яго знішчылі ў Лябёдцы, калі паліцыя нечакана з'явілася ў доме, дзе друкаваўся часопіс. Аднак ні першая, ні другая версіі не адпавядаюць рэчаіснасці. У студзені 1903 г., падчас вобыску ў варшаўскай кватэры Юрыя, «Свабода» сапраўды была знойдзеная і сканфіскаваная, але толькі адзін асобнік. Не адпавядае сапраўднасці і другая версія: не так проста было знішчыць 200 надрукаваных асобнікаў у выпадку паліцэйскага налёту, апроч таго, разам з часопісам сканфіскавалі б і гектограф. Тым часам, пасля няўдалай аперацыі Тадэвуш спакойна завёз гэты апарат у Пецярбург. Хутчэй за ўсё, сапраўдная прычына была больш празаічная, а «Свабоду» мусіў знішчыць сам яе выдавец пасля суровага ўмяшальніцтва бацькі, які прыехаў у Лябёдку на свята Божага Нараджэння і ўтаймаваў сыноўскія рэвалюцыйныя парывы.

Няўдача пераследавала «Свабоду» і пасля здарэння ў Лябёдцы. Адзіны ці адзін з нямногіх пазасталых асобнікаў сканфіскавала ў старэйшага з братоў Іваноўскіх варшаўская паліцыя, а сам Юры быў арыштаваны і на чатыры гады сасланы ў Наўгародскую губерню. Так што часопіс мае пэўнае значэнне не толькі для вывучэння светапогляду яго стваральнікаў. Пакуль што, аднак, не было знойдзена ніводнага асобніка, таму цяжка даць нейкую вычарпальную ацэнку ў гэтай справе.

Як пісаў ксёндз Адам Станкевіч, спасылаючыся на паведамленне Вацлава Іваноўскага, у «Свабодзе» былі змешчаны два артыкулы, адзін з якіх - на палітычную тэму, а другі - аб нацыянальнай свядомасці беларусаў. Змест гэтых артыкулаў невядомы. Затое вядомы паэтычны дэбют Алаізы Пашкевічанкі - верш «Мужыцкая доля», у якім, дарэчы, не было ніякіх рэвалюцыйных ці антыўрадавых акцэнтаў. Затое верш Сыракомлі «Добрыя весці», змешчаны ў «Свабодзе», мае істотнае значэнне для характарыстыкі ідэйнага кірунку часопіса, а значыць - БРП. Беларуская Рэвалюцыйная Партыя хадайнічала перад ППС у справе выдання гэтага верша асобнай улёткай колькасцю 2 000 асобнікаў. Дзеля гэтага верш быў высланы ў Лондан, але там яго не надрукавалі, і пазней, у міжваенныя часы, ён разам з лонданскім архівам ППС вярнуўся ў Польшчу. Верш гэты захоўваўся ў Цэнтральным Архіве ЦК ПАРП, а сёння - у Архіве Новых Актаў у Варшаве, як адзіны сапраўдны фрагмент «Свабоды».

Верш Сыракомлі «Добрыя весці», напісаны ў перыяд «Вясны Народаў», быў перароблены выдаўцамі «Свабоды» і атрымаў цалкам новы, іншы сэнс, прыстасаваны да новых умоваў рэвалюцыйнай барацьбы, і ў гэтым - яго характарыстычнае значэнне. Па-першае, антырасейскія акцэнты арыгінальнага тэксту Сыракомлі замянілі на антыцарскія. Радкі арыгінала «лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль», альбо «не прыйдзе вораг з маскоўскага краю» ў «Свабодзе» атрымалі новае гучанне: «лягчэй будзе сэрцу, як згіне наш цар», «не прыйдзе вораг з чужога краю». Па-другое, ідэя класавай згоды паміж сялянствам і шляхтай, якую прапагандаваў Сыракомля, саступіла месца работніцка-сялянскай салідарнасці. Вось характэрны прыклад перапрацоўкі:

Сыракомля:
Мужык і шляхціц стаў за пане браце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасць засцярог.

«Свабода»:
Мужык з рабочым стаіць за пан браце,
Рука за руку, грудзь за грудзь.
Пяром па карце ды сахой па ніве
Адзін другому вольнасць засцярог.

Абедзве публікацыі БРП дастаткова ясна выяўлялі пазіцыю гэтай партыі і асабліва - яе стваральніка, Вацлава Іваноўскага, шмат па «Да інтэлігенцыі» была сфармуляваная тыповая культурна-асветніцкая праграма: стварэнне агульнанароднай мовы, літаратуры, краязнаўства ды айчыннай гісторыі - дык на гэты раз на свет з'явілася ўжо нешта большае за мары паэтаў і публіцыстаў XIX ст. - канкрэтны план стварэння арганізацыйных і матэрыяльных умоваў, якія далі б магчымасць дзейнічаць супольнымі намаганнямі. Гэта былі пастулаты нацыянальнай рэвалюцыі, якая павінна была ператварыць беларускае насельніцтва ў народ. Першай ступенню гэтага працэсу павінна было стаць стварэнне інтэлігенцыі, якая ўсведамляе свае задачы. Дзейнічаць належала ў двух напрамках: шукаць прыхільнікаў сярод дэнацыяналізаваных вярхоў грамадства і гадаваць новую, народную інтэлігенцыю.

Характэрная перапрацоўка змешчанага ў «Свабодзе» верша Сыракомлі «Добрыя весці» і асабліва сціранне яго антырасейскіх акцэнтаў даюць падставы меркаваць, што дзеячы БРП не падтрымлівалі сепаратысцкіх тэндэнцыяў, якія пракламавала ППС. Больш блізкія і зразумелыя былі для іх пастулаты расейскіх рэвалюцыйных колаў, якія стаялі на пазіцыях не толькі разбурэння царызму, але і грунтоўнай перабудовы ўсяго грамадскага ладу. Гэта магло значыць, што магчымасць для ажыццяўлення сваіх планаў БРП бачыла не ў адрыве ад Расеі, але ў працэсе рэвалюцыі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця гэтае дзяржавы.

ППС адразу ж адрэагавала на пазіцыю БРП. У каментары да апублікаванай на старонках «Przedыwitu» адозвы «Да інтэлігенцыі» адзін з вядомых дзеячоў ППС, Вітаўт Ёдка-Наркевіч (псеўд. А. Вроньскі) пасля таго, як заявіў аб гатоўнасці польскіх сацыялістаў «усімі сродкамі, якія толькі ёсць у нашай моцы», падтрымліваць працэс ператварэння беларускага люду ў нацыю, пісаў наступнае: «Аднак, калі мы ўвогуле прызнаем за кожнай нацыяй права на ўласнае развіццё і самастойнасць, з гэтага яшчэ абсалютна не вынікае, што мы павінны бескрытычна ацэньваць шанцы такога развіцця. Дык вось, што датычыцца беларусаў, трэба прызнаць, што перспектывы ператварэння гэтага люду ў нацыю, прынамсі, пры сённяшніх палітычных адносінах, вельмі малыя [...] і той, хто спрыяе развіццю беларускай нацыі, найперш павінен стварыць на Літве сілу, якая б магла дапамагчы развеяць цяжкую хмару дэспатызму, што вісіць над гэтым краем [...] Таму сапраўдны беларускі патрыёт не можа абмежавацца збіраннем баек, песенек і народных замоваў, вывучэннем граматыкі, ён павінен будзіць свядомасць гэтага люду, тлумачыць яму, што яго эксплуатуюць і прыгнятаюць, стварыць з яго адну вялікую палітычную сілу, якая патрапіла б заваяваць сабе лепшую будучыню. Мы цалкам не адмаўляем, што народу, які мае ўласную інтэлігенцыю, жывецца лепш, чым народу, які стаіць на ўзроўні беларускага люду, але пачынаць грамадскую дзеннасць са стварэння гэтае інтэшгенцыі сярод людзей, пазбаўленых элементарных чалавечых правоў і пастаўленых на такой нізкай ступені культуры, як беларускі народ, - усё роўна, што будаваць замак на пяску. А калі цяпер звярнуць увагу на тое, што пашырэнне грамадскай свядомасці між карэннага беларускага люду павінна ісці на беларускай мове, дзеля чаго не толькі неабходна ведаць беларускую мову, але і стварыць цэлую літаратуру - брашуры, кніжкі, газеты - дык дойдзем да высновы, што дзейнасць, якую рэкамендуем мы [г. зн. выданне праз ППС літаратуры на беларускай мове. - Ю. Т.], прынясе болей карысці нават знацыянальнага гледзішча, чым праца, прапанаваная аўтарамі адозвы. Умела напісаную сацыялістычную брашуру чытаюць тысячы, а часам бывае - і сотні тысяч чалавек, якія заадно ўмацоўваюць і веданне роднае мовы, а зборнік этнаграфічных доследаў нават у культурных краінах разыходзіцца часам толькі ў тузінах асобнікаў. Таму рэвалюцыянер, які працуе для люду, гэтым самым удзельнічае ў стварэнні матэрыялу для будучае нацыі» (24).

Такім чынам, элементарная праграма Беларускае Рэвалюцыйнае Партыі выразна занепакоіла Ёдку-Наркевіча. Безумоўна, ён зразумеў, што беларускі рух знаходзіцца яшчэ толькі ў зародку, аднак, маючы перад вачыма прыклады Украіны і Літвы, мог лёгка прадбачыць, у якім кірунку гэты рух пойдзе далей. Таму і намагаўся скіраваць яго ў самую бяспечную, з гледзішча ППС, каляіну: залучыць пад штандары сваёй партыі несвядомыя беларускія народныя масы для барацьбы з царызмам. Ёдка-Наркевіч не звязваў гэтае галоўнае мэты з адначасовым вырашэннем беларускага пытання, калі лічыў, што пэпээсаўскіх брашураў, а не граматыкі, будзе дастаткова для грунтоўнага вывучэння народам сваёй роднай мовы. За гэтым таілася боязь перад культурным і палітычным вызваленнем Беларусі.

Крытыка намераў БРП, змешчаная ў «Przedыwicie», не прайшла па-за ўвагай кіраўніцтва ППС - яно добра было інфармавана аб тэндэнцыях, якія зараджаліся ў беларускай арганізацыі, і рабіла з гэтага практычныя высновы. У чэрвені 1908 г. канферэнцыя ЦРК у Вільні аднагалосна прыняла рашэнне спыніць выданне агітацыйнай пэпээсаўскай літаратуры на беларускай мове. Як сведчыць пратакол канферэнцыі, гэтае знамянальнае рашэнне было прынята па прапанове Пілсудскага на падставе адной толькі фразы наконт таго, «ці здолее беларускае насельніцтва, нават умеючы чытаць па-польску або па-расейску, даць сабе рады з беларускімі выданнямі, друкаванымі польскімі ці расейскімі літарамі» (25).

Быў гэта, аднак, несумнеўны камуфляж сапраўднае прычыны. «Гутарка» ды іншыя агітацыйныя беларускія брашуры, выдадзеныя ў Лондане, карысталіся вялікай папулярнасцю ў Беларусі і, напэўна, выконвалі падвойную, не запланаваную іх выдаўцамі, ролю: пашыралі рэвалюцыйную думку, а разам з тым папулярызавалі беларускую мову і ўздымалі яе аўтарытэт і такім чынам удзельнічалі ў развіцці нацыянальнай свядомасці беларусаў. 3 гэтага пункту гледжання, Ёдка-Наркевіч слушна ацаніў значэнне такіх брашур.

Пасля прыняцця віленскае рэзалюцыі ЦРК ППС заблакавала выдавецкую дапамогу беларускім дзеячам. У 1903 г. яны падрыхтавалі да друку некалькі чарговых агітацыйных брашур на беларускай мове (між іншым, пра паншчыну, а таксама пераклад расейскае брашуры «Бойкот н стачка») і пачалі збіраць сродкі для таго, каб пакрыць кошт друку. Гэтыя брашуры адаслалі ў ЦРК, але надрукаваныя яны не былі . Гэтак жа, як не пабачыла свету ўлётка з вершам Сыракомлі «Добрыя весці».

БРП стала пачаткам арганізаванага беларускага нацыянальнага руху. 3 тае пары ён зведаў падзенні і ўзлёты, але - у адрозненне ад першых няўдалых спробаў XIX ст. - на гэты раз стаў на шлях трывалага развіцця. БРП не была партыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Яна была, бадай, толькі канцэпцыяй беларускага нацыянальнага адраджэння. Гэтая канцэпцыя парывала з традыцыйнай польскай культурнай апекай у Беларусі, і таму ў польскіх палітычных колах павінна была абуджаць недавер, які заставаўся нязменнай дамінантай у іх пазнейшым стаўленні да беларускага пытання.

Крытыка Ёдкі-Наркевіча пакінула свой след і ў беларускім асяродку ў Пецярбургу. Пры гэтым важную ролю адыгралі беларускія агітацыйныя брашуры, якія неўзабаве патаемнымі сцежкамі пачалі з Лондана трапляць у Беларусь і ў Пецярбург. Тут іх прынялі за праяву інтэрнацыяналісцкіх намераў ППС і жывы доказ яе паважлівага стаўлення да пагарджанай і забароненай у царскай Расеі беларускай мовы. Рамуальд Зямкевіч, пазнейшы даследчык беларускай літаратуры, сцвярджаў, што гэтыя брашуры ў вялікай ступені паспрыялі зараджэнню яго асабістай зацікаўленасці беларушчынай (27). Напэўна, іх меў на ўвазе і Янка Купала, калі гаварыў пра рэвалюцыйныя адозвы, выдаваныя на беларускай мове, якія істотна паўплывалі на яго рашэнне
пісаць па-беларуску28. Такім чынам, гэтыя брашуры пацвярджалі слушнасць аргументаў Ёдкі-Наркевіча, так што сярод беларускіх дзеячоў у Пецярбургу, не знаёмых з настроямі ЦРК і пастановай віленскай канферэнцыі, аўтарытэт ППС быў даволі значны. Разам з тым, у некаторых з гэтых дзеячоў абудзіўся крытыцызм у дачыненні да культурна-асветніцкай арыентацыі БРП.

Калі не лічыць некалькіх момантаў, апісаных Вацлавам Іваноўскім, атрымліваецца, што адзіным аўтарам, які на падставе сваіх успамінаў шмат разоў асвятляў зараджэнне беларускага руху ў Пецярбургу, быў Антон Луцкевіч. Беларускія дакументы не захаваліся, і для даследчыкаў, не знаёмых з архіўнымі матэрыяламі ППС, успаміны Антона Луцкевіча сталі адзінай крыніцай звестак пра гэты рух. Аднак Антон Луцкевіч у сваіх працах быў непаслядоўны. У першых сваіх публікацыях 1909-1910 гг. ён пісаў пра раскол руху на два ідэалагічныя напрамкі: культурна-асветніцкі і рэвалюцыйны, - і нават акрэсліваў дзеячоў першага кірунку здзеклівым эпітэтам «культур-трэгеры» (29) . Затое пазнен ен змяніу сваю думку і падкрэслівау адзінадушнасць «спетай тройкі», г. зн. Вацлава Іваноўскага, Яна і Антона Луцкевічаў, чые пазіцыі сталі з цягам часу больш радыкальнымі, што прывяло братоў да стварэння Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (БРГ) (30).

Паўстае вельмі важнае пытанне: раскол быў ці яго не было, а калі не было, дык чаму перастала існаваць БРП і дзеля чаго была створаная новая палітычная арганізацыя - БРГ? На шчасце, мы можам не абмяжоўвацца інфармацыяй А. Луцкевіча і не біцца над тым, якая з яго версіяў адпавядае сапраўднасці. У снежні 1903 г. адбылася чарговая канферэнцыя ЦРК ППС, на якой пацверджанае існаванне дзвюх беларускіх груп у Пецярбургу, адну з іх акрэслілі як «радыкальна-сацыялістычную», другую - як «радыкальна-нацыянальную» . Гэта былі дзве арганізацыі, якія паўсталі на месцы ранейшай БРП і насамрэч называліся Кола Беларускай Народнай Асветы і Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. Але варта прывесці цікавае выказванне аднаго з удзельнікаў менскай канферэнцыі ЦРК, які сцвярджаў, што гэтыя беларускія сацыялісты «мяшаюцца» з беларускімі нацыяналістамі і «аб'ядноўваюцца з імі» .

Такім чынам, раскол і сапраўды адбыўся, іначай што б магло значыць гэтае «памяшанне» і «аб'яднанне» адасобленых плыняў? Безумоўна, на гэтую сітуацыю ў беларускім асяродку ўздзейнічала не толькі пэпээсаўская крытыка БРП, але таксама - і ў найвялікшай ступені - асабістыя стасункі паміж членамі кіраўнічай тройкі, зусім не такой ужо і «спетай», як падаваў Антон Луцкевіч у 1928 г. (33) Сапраўды, пасля прыезду братоў Луцкевічаў у Пецярбург усё напачатку складалася ўдала. Старэйшы брат Ян адразу ж далучыўся да дзейнасці БРП і разам з Вацлавам Іваноўскім удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку «Свабоды». Але, маючы пэўны досвед працы ў вучнёўскім гуртку, ён пачаў прэтэндаваць на ролю лідэра беларускага руху ў Пецярбургу (34). Гэта, відаць, прывяло да канфлікту з Іваноўскім, у выніку шляхі двух дзеячоў у першыя месяцы 1903 г. на пэўны час разышліся. Тое, аднак, не зрабіла істотнага ўплыву на ідэйныя пазіцыі членаў абедзвюх арганізацыяў, для якіх і сацыялістычны, і нацыянальны кірункі былі блізкія.

Вясною 1903 г. Ян Луцкевіч распачаў стварэнне БРГ і, між іншым, збіраў грошы на закуп беларускіх пэпээсаўскіх брашур, але ў трауні яго арыштавалі за кантакты з расенскімі эсэрамі, таму арганізацыйныя клопаты зацягнуліся на некалькі месяцаў. БРГ была ўтвораная, напэўна, увосені 1903 г., бо ўжо ў лістападзе і снежні пэпээсаўскія крыніцы зноў даносілі пра існаванне беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Пад канец снежня 1903 г. у Вільні адбылася першая канферэнцыя БРГ, на якой была зацверджаная яе праграма. Акрамя праграмы, БРГ не выдала ніводнай самастойнай адозвы або публікацыі, якая пацвердзіла б факт яе існавання. Не сустракаецца ў літаратуры і якіх-небудзь іншых згадак пра дзейнасць БРГ. Нягледзячы на запрашэнне, яна не даслала сваіх дэлегатаў на канферэнцыю апазіцыйных і рэвалюцыйных партыяў Расейскай імперыі, што адбылася ў Парыжы ўверасні 1904г. (35)

БРГ нагадвала хутчэй інтэлігенцкі клуб, а не палітычную партыю. Па сутнасці, яна мала чым адрознівалася ад сваёй папярэдніцы - БРП, якая, тым не менш, пакінула прыкметныя сляды сваёй дзейнасці. Шмат гадоў пазней Вацлаў Іваноўскі палічыў за лепшае забыцца пра гэтыя здарэнні, затое Антон Луцкевіч часта павяртаўся да іх, спадзеючыся пераканаць новыя пакаленні ў тым, што творцам нацыянальнага адраджэння быў яго брат, Ян Луцкевіч. Гэтаму супярэчылі факты, асабліва - БРП, таму Антон проста ігнараваў яе, а выдадзеныя гэтай партыяй публікацыі прыпісваў альбо Колу Беларускай Народнай Асветы (адозва «Да інтэлігенцыі»), альбо Беларускай Рэвалюцыйнай Грамадзе («Свабода») (36).

Гэта было парушэнне правілаў добрай гульні, якое магло адштурхнуць ад удзелу ў ёй людзей слабых або моцных. Мы, аднак, паўстрымаемся ад высноваў наконт характару студэнта Іваноўскага: акрылены вялікай ідэяй, ён толькі-толькі ступіў на цяжкі і небяспечны шлях да яе рэалізацыі. Зрэшты, ён мусіў разумець, што на гэтым шляху яго чакаюць нашмат горшыя сітуацыі. Дый не было чаго асабліва ламаць дзіды. У Расейскай імперыі пакуль што - у 1903 г. - панаваў спакой, і не толькі беларускія, але й іншыя рэвалюцыйныя арганізацыі мелі не вельмі многа працы. Затое справа нацыянальнай свядомасці была неадкладная: трэба было яе абуджаць і дзеля гэтага - грамадзіць і развіваць творчыя сілы, выдавецкую і асветніцкую дзейнасць, адным словам - рухаць у жыццё пастулаты, акрэсленыя ў адозве «Да інтэлігенцыі». Таму пасля сутыкнення з Луцкевічам Іваноўскі распачаў рэалізацыю сваёй праграмы і стварыў у Пецярбургу на ўзор польскага Круг беларускай народнай прасветы.

Круг быў прыватным пагадненнем людзей добрай волі, якіх яднала агульнае імкненне выдаваць і папулярызаваць беларускую кнігу. Тым не менш, нягледзячы на такую памяркоўную праграму, яно не магло існаваць легальна, бо гэткая дзейнасць супярэчыла русіфікатарскай палітыцы царызму. Для таго каб папярэдзіць рост непажаданых сепаратысцкіх тэндэнцыяў, улады тармазілі развіццё беларускай мовы і літаратуры разнастайнымі абмежаваннямі і забаронамі на друк. У 1899 г., калі кнігу Ф. Багушэвіча «Беларускія апавяданні» забараніла цэнзура, была выказаная асцярога, «ці не тоіцца ў такіх творах тэндэнцыя стварэння апрача «маларускай» яшчэ і «беларускай» літаратуры, а значыцца, расколу і аслаблення адзінства літаратуры і нацыянальнасці, і ў выніку - таксама і палітычнай магутнасці расейскага народа» (37). Крыху раней кіеўскі цэнзар Рафальскі пісаў пра беларускі нацыянальны друк: «Трэба задушыць яго адпачатку, у зародку, бо потым мы яшчэ будзем мець гэткі самы клопат, як з украінафільствам» (38). У такіх умовах на тэрыторыі Расейскай імперыі з часоў паўстання 1863 г. да 1900 г. выйшла ўсяго толькі 9 кніжачак маралізатарскага ці фалькларыстычнага зместу, іх агульны аб'ём не перавышаў 160 старонак невялікага фармату39. Да таго ж частка з іх мела расейскія тытульныя старонкі, і таму афіцыйна лічылася расейскімі выданнямі (да прыкладу, ананімная паэма «Тарас на Парнасе», якую прымалі за народны твор). Такім чынам, можна гаварыць пра рэальную забарону на друк беларускіх кніжак, хоць фармальна яна датычылася толькі выданняў з лацінскім алфавітам.

У такіх умовах Іваноўскі пачаў прабіваць дарогу беларускай кнізе. У 1903 г. ён перайшоў у Пецярбургу да легальнай і нелегальнай выдавецкай дзейнасці, апрача таго, арганізаваў друкаванне беларускіх кніжак за мяжой ды іх нелегальны перавоз у Расейскую імперыю. Пры гэтым ён мусіў здабываць грашовыя сродкі, знаходзіць давераных памочнікаў, перакладчыкаў, людзей, якія браліся б распаўсюджваць нелегальныя і замежныя выданні. Мусіў, нарэшце, выпрацоўваць метады паводзінаў, якія гарантавалі б максімальную бяспеку пры нелегальнай працы - натуральна, ён не хацеў падзяліць лёс брата Юрыя ці ўблытаць у такія непрыемнасці сваіх паплечнікаў. Каб спраўляцца з такімі шматбаковымі і складанымі задачамі, трэба было мець не толькі рашучасць, але і прадбачлівасць, і вынаходлівасць, якія кампенсавалі б недастатковую яшчэ жыццёвую дасведчанасць 23-гадовага Вацлава. Прыгледзьмася, як вырашаў ён гэтыя праблемы.

Пад маркай Круга беларускай народнай прасветы ў Пецярбургу былі выдадзеныя дзве нелегальныя публікацыі - «Калядная пісанка» і «Велікодная пісанка». Першая з іх выйшла перад святам Божага Нараджэння 1903 г., другая - перад Вялікаднём 1904 г., распаўсюджваць іх меліся студэнты, што раз'язджаліся ў той час на вакацыі да сябе на радзіму. Абедзве «Пісанкі» былі надрукаваныя на ўжо згаданым гектографе, па некалькі дзесяткаў асобнікаў кожная. У «Пісанках» былі змешчаныя вершы Алаізы Пашкевіч, Казіміра Кастравіцкага, Франца Умястоўскага ды іншых паэтаў, а таксама апавяданне Стэфана Жаромскага «Да свайго Бога» аб пераследзе уніятаў на Падляшшы ў перакладзе Антося Дурнога. Цікавае месца ў «Велікоднай пісанцы» займае бібліяграфія выдадзенай дагэтуль беларускай мастацкай і навуковай літаратуры. Такім чынам, апрача аднаго раней апублікаванага верша Яна Неслухоўскага (пс. Янка Лучына) - «Роднай старонцы», - у абедзвюх «Пісанках» прадстаўлены быў хоць і сціплы, але арыгінальны творчы здабытак, і гэта значыла, што на шляху да ажыццяўлення праграмы, акрэсленай у адозве «Да інтэлігенцыі», быў зроблены першы крок (40).

Большае значэнне для папулярызацыі беларускай літаратуры мела наступнае выданне ў Пецярбургу дзвюх невялічкіх кніжачак: зборніка вершаў Яна Неслухоўскага (Янкі Лучыны), памерлага ў 1897 г., «Вязанка» (1903) і народных «Казак». Абедзве кніжкі друкаваліся легальна, са згоды цэнзуры. Выйшлі яны ў мясцовай польскай друкарні К. Пянткоўскага накладам 5 000 асобнікаў кожная. Зразумела, што яны не маглі выдавацца ад імя нелегальнага Круга і выйшлі ў свет стараннямі прыватных асоб, якія, аднак, не пажадалі паказаць свайго твару. 3 гэтай прычыны на тытульным аркушы «Вязанкі» ўвогуле не было прозвішча выдаўца, а ў зборніку «Казкі» значыліся толькі яго ініцыялы - «А. К.».

Выхад «Вязанкі», у тэксце якой гучалі выразныя патрыятычныя акцэнты, у тагачасных палітычных умовах быў з'явішчам нязвыклым. Не дзіва, што акалічнасці гэтага выдання здаўна інтрыгавалі даследчыкаў беларускай літаратуры. Бадай, першым выказаўся на гэты конт у 1914 г. Лявон Гмырак, які ў самых агульных рысах сцвярджаў, што кніжка была выдадзеная беларускім студэнцкім гуртком і прадстаўленая цэнзуры як зборнік паэзіі на беларускай мове41. Пазней, у міжваенны перыяд, сцвярджалася, што яе выдаўцом быў Ян Луцкевіч, хоць гэта яўна супярэчыла фактам, бо на той час, калі кніга выдавалася, ён сядзеў у турме (42). Пад сумнеў ставілася і «балгарская» версія. Сам В. Іваноўскі доўга маўчаў у гэтай справе і толькі падчас апошняй вайны (01.10.1943 г.) распавёў свайму супрацоўніку, Аўгену Калубовічу, акалічнасці выхаду ў свет «Вязанкі». Ён пацвердзіў, што прымаў удзел у выданні, а таксама і той факт, што цэнзуры яе прадставілі як кнігу на балгарскай мове, прычым зрабіць гэта параіў супрацоўнік універсітэцкай бібліятэкі Браніслаў Эпімах-Шыпіла (43). Гэта была не апошняя мана, у якую вымушаны быў пусціцца Іваноўскі, каб збіць са следу царскія ўлады.

У адрозненне ад «Вязанкі», зборнік «Казкі» не прыцягваў дагэтуль увагі даследчыкаў, бо, па сутнасці, быў звычайнай перадрукоўкай некаторых народных твораў, сабраных расейскім этнографам П. В. Шэйнам. Тым не меней паходжанне гэтага зборніка мае для нас істотнае значэнне. Параўнаўчы аналіз тэкстаў паказаў, што чалавек, які рыхтаваў «Казкі» да друку, выкарыстаў у сваім выданні дагэтуль не ўжываныя ў беларускім правапісе памякчальныя знакі ў выглядзе апострафаў. Адзіным прыхільнікам такога правапісу ў той час быў Казімір Кастравіцкі, значыцца, толькі яму мог даверыць В. Іваноўскі падрыхтоўку да друку гэтай кніжкі. Іваноўскі пазнаёміўся з Казімірам у яго брата, лекара Амброжыя Кастравіцкага, які ў 1901 г. жыў у Лідзе. Вацлаў пасябраваў з абодвума і неўзабаве намовіў іх заняцца беларускай выдавецкай дзейнасцю, першага - як аўтара, другога - як фінансавага спонсара. Не выклікае сумневу, што выданне зборніка «Казкі», падрыхтаванае да друку Казімірам, фінансаваў яго брат, Амброжы Кастравіцкі, чые ініцыялы «А. К.» апынуліся на тытульным аркушы кніжкі.

Супрацоўніцтва В. Іваноўскага з Кастравіцкімі мела цікавы і важны працяг. Жонка Амброжыя, Марыя з дому Багушэўскіх, памешчыца з Меншчыны, мела малодшага брата, Сцяпана Багушэўскага, які з 1901 г. вучыўся ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце і гасцяваў у сястры і швагра ў Лідзе. Тут летам 1903 г. з ім пазнаёміўся Іваноўскі і схіліў да ўдзелу ў новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, які ў той час належаў Аўстра-Венгрыі. Відаць, Багушэўскі прыняў гэты праект ахвотна, бо пазней вельмі ўдала ажыццявіў яго. Перш за ўсё, ён прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнага навучання ў Менску, Мар'яна Фальскага, студэнта Варшаўскай політэхнікі.

Гэтак тры студэнты прыйшлі да патаемнага пагаднення і распачалі сваю дзейнасць. Пад псеўданімам Янка Сваяк М. Фальскі да канца 1903 г. паспеў перакласці на беларускую мову тры апавяданні: «Янка-Музыкант» Генрыка Сянкевіча, «Да свайго Бога» Стэфана Жаромскага і «Ведзьма» невядомага аўтара. Апрача таго, ён апрацаваў тэкст адозвы «Царская гаспадарка», дзеля якой выкарыстаў пэпээсаўскія беларускія брашуры, галоўным чынам - «Гутарку аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць». Нарэшце, быў падрыхтаваны томік беларускіх вершаў Багушэвіча, Пашкевічанкі і Кастравіцкага, называўся ён «Песні». Гэтак жа, як і «Царская гаспадарка», зборнік быў прызначаны для рэвалюцыйнай агітацыі, і таму выходзіў ананімна. Пра грошы клапаціўся Іваноўскі. Не дачакаўшыся падтрымкі ад ППС, ён звярнуўся да сястры сваёй нявесты, славутай піяністкі Кацярыны Ячыноўскай, якая ахвяравала неабходную суму на пакрыццё друкарскіх выдаткаў (44).

На пачатку 1904 г. Багушэўскі перавёз рукапіс і грошы ў Кракаў. Ён пачаў са стварэння пры Ягелонскім універсітэце гуртка пад назвай Акадэмічнае краязнаўчае беларускае кола - гэта была абавязковая прыступка да таго, каб атрымаць юрыдычную падставу для самастойнай выдавецкай дзейнасці. Багушэўскі апрацаваў праект статута Кола, які 9 сакавіка ўхваліў універсітэцкі сенат (45), і пераслаў яго на зацвярджэнне кайзераўска-каралеўскаму намесніку графу Андрэю Патоцкаму ў Львоў. Аднак Патоцкі адхіліў праект статута, паводле якога членамі Кола маглі стаць не толькі студэнты Ягелонскага універсітэта, але «кожны, каго агульны сход прызнае да гэтага годным». Гэтае рашэнне было пераказанае 2 красавіка 1904 г. дырэкцыі кракаўскай паліцыі і сенату Ягелонскага універсітэта з пажаданнем азнаёміць з ім студэнта Багушэўскага не пазней як 12 красавіка (46). Пасля гэтага тэрміну Колу заставалася толькі выканаць фармальнасці, неабходныя для самаліквідацыі.

Багушэўскі выкарыстаў паўнамоцтвы, адведзеныя правам для таварыстваў падчас рэгістрацыі, замовіў пячатку Кола і зрабіў фармальны заказ на друкаванне прывезеных рукапісаў у кракаўскай друкарні Уладзіслава Тадарчука. Тадарчук, дасведчаны спецыяліст, быў знаўцам гэткіх справаў і пастараўся выканаць заказ імгненна, таму ў першай палове красавіка 1904 г. Багушэўскі ўжо мог забраць з друкарні «Песні», «Янку-Музыканта», «Ведзьму» і адозву «Царская гаспадарка». Засталося ненадрукаваным толькі апавяданне Стэфана Жаромскага «Да свайго Бога» - хутчэй за ўсё, з прычынаў чыста тэхнічных: яно было занадта кароткае, каб скласці асобную брашуру, бо налічвала толькі дзве старонкі. Праз колькі месяцаў яго выдалі ў Вільні літаграфічным спосабам. Такім чынам, і года не прайшло, як Багушэўскі паспеў выканаць праект, выкарыстаўшы часавы ліміт, адведзены на легалізацыю Беларускага кола пры Ягелонскім універсітэце (47). Аднак і пасля адмовы легалізаваць Кола В. Іваноўскі не страціў надзеі на выданне беларускіх кніжак у Кракаве нейкім іншым шляхам. Пра гэта сведчаць дзве анкеты, выдадзеныя Багушэўскім, з падрабязнымі пытаннямі пра грамадска-эканамічнае і культурна-асветніцкае становішча жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак. Яны датычыліся сярод іншага рэлігійных і моўных стасункаў, стану школ, бібліятэк, характарыстыкі іх кнігазбораў, навыкаў чытання і пісьма, попыту на кнігі і г. д. Асабліва красамоўнае наступнае пытанне анкеты: «Які прыём можа сустрэць у гэтай ваколіцы народная літаратура на беларускай мове, друкаваная лацінскімі літарамі і не абмежаваная расейскай цэнзурай?» (48)

Такім чынам, апытальнікі сведчылі не толькі пра далейшыя выдавецкія планы, але, перш за ўсё, пра намер гэтых маладых людзей арганізаваць шырокае распаўсюджванне беларускіх кніжак з арыентацыяй на патрэбы насельніцтва. Варта заўважыць, што абедзве анкеты выходзілі не пад шапкай Кола - на знойдзеных асобніках стаяла адно толькі пячатка. Значыцца, рабіліся яны для шырокага ўжытку - для пецярбургскага Круга беларускай народнай прасветы, а таксама для будучых арганізацыяў і паасобных дзеячоў. Тым часам надрукаваныя Тадарчуком кніжкі апынуліся на складзе выдавецкай суполкі «Ksiazka», якая размясцілася ў Кракаве на вуліцы Гродскай, 50. Гэтая суполка была галоўным складам беларускіх выданняў, адкуль іх паступова перапраўлялі ў Расейскую імперыю (49). Належыць прыгледзецца да яе сяброў. Кіраўнікамі «Кзіагісі» былі польскія сацыялісты - адвакат Зыгмунт Марэк, Лявон Васілеўскі і Баляслаў Енджэёўскі, а членамі - між іншым, друкарня Тадарчука і Вітаўт Ёдка-Наркевіч, які разам з рэдакцыяй «РггесІ^іІц» пераехаў з Лондана ў Кракаў (50). Гэта невыпадковае ўдакладненне: менавіта Енджэёўскі ў 1902 г. атрымаў рукапісы «Гутаркі» ды іншых беларускіх брашур, дасланыя з Гарадзеншчыны, пераправіў іх Ёдку-Наркевічу ў Лондан, а гэты апошні наладзіў там іх друк51. Цяпер гэтыя людзі сутыкнуліся з ініцыятывай Іваноўскага і дапамаглі яе ажыццявіць, нягледзячы на нядаўнія крытычныя заўвагі ў «Рггесіаууісіе». Такім чынам, дачыненні польскіх сацыялістаў у Кракаве да беларускай кніжкі былі лепшыя, чым у ЦРК ППС, асабліва - у Пілсудскага.

Тэксты, выдадзеныя ў Кракаве, друкаваліся часткова лацінкай («Янка-Музыкант», «Ведзьма»), а часткова - кірыліцай («Песні» і адозва). Для большай бяспекі падчас перавозу, распаўсюду і выкарыстання на тэрыторыі Расейскай імперыі на іх не праставілі месца выдання, а пад адозвай «Царская гаспадарка» не было подпісу ніякай арганізацыі. У той жа час на вокладцы «Песень» надрукавалі цалкам фіктыўныя подпісы: «Дозволено цензурою СПб. (Санкт-Пецярбурга. -Ю. Т.) 17 декабря 1903 г.» і «Сннодальная тнпографня». Невядома, ці збіла гэта з панталыку расейскую паліцыю, затое вядома, што цэлых восемдзесят год беларускія даследчыкі не маглі разабрацца з акалічнасцямі выдання гэтай адозвы і «Песень». Гэтак, Я. Карскі лічыў, што адозву выдала Беларуская Сацыялістычная Грамада, а А. Луцкевіч - што Сацыялістычная Партыя Белай Русі (52). Памыляліся і наконт паходжання зборніка «Песні»: яго прыпісвалі то БСГ (Я. Карскі), то БРП (А. Бурбіс) альбо супрацоўніцтву БРГ і ППС (М. Багдановіч) (53). Яшчэ не так даўно лічылася, што гэтая кніжка выйшла ў Лондане, гэтак жа, як і ранейшыя агітацыйныя брашуры (54) . Даволі агульнае ўяўленне меў пра гэтыя выданні і Лявон Васілеўскі (55). Тым часам, пасля звяржэння царызму справа перастала быць таямніцай. Ужо пад канец 1918 г. Фрыц Куршман паведамляў, што кракаўскія публікацыі былі зроблены з даручэння пецярбургскага Круга беларускай народнай прасветы (56). Аднак ніводзін з пазнейшых даследчыкаў не звярнуў на гэта ўвагі.

Такім чынам, з ініцыятывы Вацлава Іваноўскагаў 1903-1904 гг. у Пецярбургу і Кракаве выйшла ў свет восем невялікіх друкаваных кніжак. Гэтага, натуральна, было замала, але не нашмат менш, чым было выдадзена за ўсю эпоху пасля паўстання 1863 г. у Расеі, і ў параўнанні з мінуўшчынай гэта выглядала як сур'ёзнае дасягненне. Разам з тым, такі досвед дазволіў хутка ўсвядоміць вялікія цяжкасці ў развіцці выдавецкай дзейнасці, звязаныя з адсутнасцю адзіных лексічных і правапісных нормаў. І сапраўды, кожны аўтар або перакладчык кіраваўся ў гэтай галіне ўласнымі меркаваннямі. Прывесці іх у аднастайную сістэму стала надзвычай пільнай задачай. Невыпадкова сярод пастулатаў адозвы «Да інтэлігенцыі» на першым месцы стаяла распрацоўка мовазнаўчых пытанняў і выданне граматыкі беларускай мовы, для стварэння якой меркавалася прыцягнуць спецыялістаў. Невядома, ці звяртаўся да каго Іваноўскі ў гэтай справе, аднак застаецца фактам, што за яе не ўзяўся ніводзін спецыяліст, у тым ліку і Яўхім Карскі, якога сёння прызнаюць за стваральніка беларускага мовазнаўства.

3 гэтай прычыны, а таксама дзеля патрэбаў асветы, В. Іваноўскі вырашыў заняцца распрацоўкай беларускага лемантара, які ў пэўнай ступені мог бы кампенсаваць адсутнасць граматыкі і стаць лінгвістычным даведнікам для аўтараў і выдаўцоў. Няма сумневу, гэтую задуму ён меў ужо даўно, самае позняе - з 1902 г., але ажыццяўляць яе пачаў толькі ў другой палове 1904 г.

У гэтым годзе, улетку, ён скончыў Тэхналагічны інстытут у Пецярбургу (57), пасля чаго выехаў на практыку на некалькі месяцаў у Баравічкі пад Плоцкам. Выбар быў невыпадковы: у Плоцку жыла сям'я Люцыяна Альтберга, з якім Іваноўскага звязвала студэнцкае сяброўства, а таксама пэўны сямейны скандал. Справа ў тым, што брат Вацлава, Тадэвуш, ажаніўся з Марыяй Вольскай, якая неўзабаве пакінула яго і выйшла замуж за Люцыяна Альтберга. Такім чынам, сувязь паміж імі атрымалася сямейная. Вацлаў стаў частым госцем у Альтбергаў, балазе нагоды для гэтага здараліся часта, бо акурат тады ён пачаў выкладаць хімію ў плоцкай гімназіі.

Цікавую інфармацыю пра жыццё В. Іваноўскага ў Баравічках і Плоцку пакінула сястра Люцыяна, Марыя Альтберг (у замужжы - Арнольд): «Іваноўскі ўмеў выкладаць хімію ясна і займальна. Мая сястра Ганна вучылася тады ў гімназіі і памятае, як яна захаплялася яго лекцыямі. Яны паўплывалі на выбар яе будучай універсітэцкай спецыяльнасці (цыталогія). Тады ішло змаганне за ўвядзенне польскай мовы ў школах. Іваноўскі намовіў дачку дырэктара гімназіі, расейку, прачытаць заяву бацькоў аб выкладанні навукі на польскай мове. Дапамагаў ён і маёй маці, Паўліне, у камплектаванні, здабыцці падручнікаў ды іншых навуковых дапаможнікаў. Акурат тады прыязджала яго нявеста, Сабіна Ячыноўская, якая разам з іншымі ездзіла ў Баравічкі, вазіла сацыялістычную нелегальшчыну. За гэта яе арыштавалі, звольнілі пад заклад, які выдаў мой бацька, Мар'ян.

Люцыян часта бываў у Іваноўскага ў Баравічках і бачыў, як ён карпеў над складаннем беларускага лемантара. Брат казаў пра гэта часта і з пэўнай іроніяй, маўляў, гэта дзіцячыя забаўкі, фантазіі: «Такі паважаны чалавек займаўся беларускім лемантаром! Ды гэта ж дыялект, а не мова...» Ах, калі б брат быў разумнейшы, ён бы ведаў, што нават адзін чалавек у гэтай галіне мог зрабіць пераварот. На гэтым лемантары вырасла цяпер цэлая беларуская літаратура. Акурат тады прыязджаў у Плоцк Мар'ян Фальскі, сустракаўся з Іваноўскім, і разам яны раіліся наконт лемантара» (58) .

І сапраўды, дзіўная сітуацыя: два маладыя інжынеры без філалагічнай ці педагагічнай адукацыі абмяркоўваюць праблему апрацоўкі лемантара! Але ж, як вядома, «не святыя гаршкі лепяць», калі Фальскі стаў пазней аўтарам аднаго з самых лепшых польскіх лемантароў. І ўсё-такі Іваноўскі быў у больш складаным становішчы: ён не мог абаперціся ні на якія ўзоры, ні на чый досвед. Праўда, у канцы XIX ст. расейскія лінгвісты ўжо пачалі вывучэнне беларускай мовы, але ніхто з іх не паспрабаваў перавесці гэтае пытанне з навуковай у чыста практычную галіну. Выдадзены ў Варшаве «Лемантар для добрых дзетак каталікоў» (1862) таксама не мяняе сітуацыі, бо, па сутнасці, гэта быў падручнік катэхізіса, які, апрача назвы, меў мала агульнага з падручнікам роднай мовы. Так што справа, якую распачаў Іваноўскі, не мела аналагаў.

Трэба вырашыць прынцыпова важную праблему - выбраць алфавіт. У гэтай галіне таксама не існавала вартых наследавання ўзораў. У XIX ст. беларускія выданні друкаваліся лацінкай або гражданкай, што, з аднаго боку, тлумачылася розным веравызнаннем беларусаў, а з другога, залежала ад культурнай і палітычнай накіраванасці паасобных аўтараў. Існаванне дзвюх алфавітных сістэм для адной мовы было з'явішчам ненармальным, але на пачатку XX ст. гэтая праблема адступала перад іншай: неабходна было пераадолець негатыўныя вынікі рэлігійнага падзелу шляхам абуджэння нацыянальнай свядомасці. У прадмове да лемантара Іваноўскі прадставіў свае аргументы адносна гэтай складанай справы: «Ведаем мы ўсе, што меж намі, палешукамі, беларусамі, ці, як мы сябе яшчэ называем - тутэйшымі, ёсць каталікі і праваслаўные, каталікі болып да лацінскіх літэр - што іх несправядліва «польскімі» называюць, прывыклі, праваслаўныя - да славянскіх, ці, як кажуць, да «рускіх» прывыклі. Гэтыя рускія - гэтаж нашыя спрадвечныя беларускія, а лацінскімі цяпер увесь свет пішэ.

Ці раз у нас сварка бывае; зыдуцца каталік з праваслаўным і сварацца. «Ах ты, - кажэ, - паляк». - «А ты маскаль». І абодва няведама што кажуць: ані той паляк, ані гэты маскаль, абоя хоць ружнай веры, а народу аднаго, бо абодва выраслі на зямельцы тутэйшай нашай палескай - беларускай і першае слово ў мові нашай бацькаўскай ад бацькоў пачулі, а сварацца толькі сабе на крыўду і на сорам, людзям на смех. Вось і знарок выдаем лемантар дваякімі знакамі - выбірай, што спанараўна, каб усякі пазнаў, што ці таке, ці сяке знакі, склады і словы тыеж, мова таяж і людзі, што мовай адной гавораць, - браты родные» (59).

Такім чынам, распрацоўка двайнога алфавіта для лемантара адпавядала канкрэтным сацыяльна-культурным умовам развіцця Беларусі. У адрозненне ад папярэднікаў XIX ст., Іваноўскі не аддаваў перавагі нейкай адной з традыцыйных графічных сістэм і не прэтэндаваў на вырашэнне пытання, якая з іх пераможа.

Працуючы над лацінскім варыянтам лемантара, Іваноўскі ў вялікай ступені абапіраўся на польскі лемантар Казімера Промыка, адтуль ён запазычыў методыку навучання, расстаноўкі матэрыялу і нават частку ілюстрацыяў. Затое арыгінальны быў дыдактычны матэрыял, які грунтаваўся галоўным чынам на прыкладах з беларускага вясковага жыцця, каб вучням было лягчэй засвойваць сэнс прачытанага. Пры гэтым Іваноўскі мусіў заняцца распрацоўкай беларускай мовазнаўчай тэрміналогіі ў неабходным для лемантара аб'ёме. 3 цягам часу гэтыя базавыя тэрміны ўдасканаліліся, але большасць засталася трывалым здабыткам беларускага мовазнаўства і была прынятая або ў тым самым гучанні, або з невялікімі фанетычнымі і марфалагічнымі зменамі. Замест ранейшых , і у лемантары ўводзіліся новыя знакі - напэўна, дзеля таго, каб адрозніць беларускую лацінку ад польскага алфавіта. Гэтую працу Іваноўскі завяршыў увесну 1905 г. і пасля вяртання ў Пецярбург перадаў яе Казіміру Кастравіцкаму, каб той апрацаваў кірылічны варыянт (60).

У пачатку 1905 г. важныя змены адбыліся ў асабістым жыцці Вацлава Іваноўскага. Пасля заканчэння практыкі ў Баравічках ён атрымлівае працу ў лабараторыі харчовых прадуктаў Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута і пачынае доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Тады ж бярэ шлюб з Сабінай Ячыноўскай. Урачыстасць спраўлялі 10.01.1905 г. у рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях (сёння Шаўляй), дзе нарадзілася нявеста. Яна была на два гады старэйшая за мужа, а гэта не надта адпавядала тагачасным звычаям. Таму Вацлаў «пастарыў» сябе да 27 гадоў, а Сабіна «памаладзела» да 25, што і было зафіксаванае ў шлюбным пасведчанні (61).

Сабіна была перадапошняй сярод дзевяцярых дзяцей банкаўскага службоўца Яна Ячыноўскага і Стафаніі з роду Стравінскіх. Бацькі паходзілі з Беларусі, але аселі ў Шаўлях, у Жамойціі. Бацькі рана памерлі, і Сабіна выхоўвалася пад апекай старэйшага брата Цэзарыя - шавельскага ксяндза, пазней вучылася ў гімназіі і на курсах Лесгафта ў Пецярбургу, жыла ў пансіёне св. Кацярыны, дзе выхавацелькай была яе сястра Станіслава, у замужжы Міхаловіч. Паводле ўспамінаў дачкі Вацлава і Сабіны, Ганны Іваноўскай-Карнэцкай, «матка была ў захапленні ад беларускай дзейнасці бацькі, высока цаніла яго ідэйныя пазіцыі і працавала з ім разам. Дзецям спявала беларускія песні, вучыла беларускіх малітваў і вершаў» (62). У 1981 г., прыгадваючы фамільную гісторыю, Ганна цытавала адзін з гэтых вершаў:

Хацела б быць зярном пшаніцы,
Упасць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца, без мятліцы,
На хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела б быць я рэчкай быстрай,
Абегчыродны край!..

Ганна не ведала аўтара гэтага верша, але знайсці яго было няцяжка. Гэта быў верш «Мае думкі» Алаізы Пашкевіч-Цёткі, якая разам з Сабінай жыла ў Пецярбургу. Верш гэты быў упершыню апублікаваны ў Львове ў 1906 г., таму Сабіна магла ведаць яго са зборніка паэзіі сваёй сяброўкі, але яшчэ болып падобна на тое, што яна чула яго з жывых вуснаў паэткі, а можа, і сама ўдзельнічала ў напісанні, бо ў сямейнай памяці ён застаўся надоўга.

Змянілася і стаўленне Вацлава Іваноўскага да палітычнай дзейнасці: у грамадстве наспела незадавальненне з прычыны непапулярнай расейска-японскай вайны, якое ў студзені 1905 г. прывяло да выбуху першай расейскай рэвалюцыі. Як пісаў у 1910 г. А. Луцкевіч, беларускі рух, які развіваўся да гэтай рэвалюцыі ў двух кірунках, «у вырашальны момант рэвалюцыйнага ажыўлення злучыўся ў адну плынь» (63). 1 хаця ў гэтым кароткім выказванні не падавалася глыбейшых дэталяў, асабліва прозвішчаў, яно, без сумневу, азначала пачатак новага супрацоўніцтва паміж Луцкевічамі і В. Іваноўскім. Аднак гэта не было ўключэннем Іваноўскага ў працу Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, бо ў момант «зліцця» дзвюх плыняў такая арганізацыя ўжо перастала існаваць, а на яе месцы паўстала новае палітычнае згуртаванне пад назвай Беларуская Сацыялістычная Грамада.

У сувязі з гэтым належыць даць пэўныя тлумачэнні. Ва ўсёй беларускай гістарыяграфіі пануе думка, быццам БРГ папросту прыняла новую назву - БСГ. Затое даты гэтага пераўтварэння называюць розныя. А. Луцкевіч спачатку сцвярджаў, што гэта адбылося на першым з'ездзе БРГ у канцы 1903 г., пазней - нібыта на другім, у Менску, пад канец 1905 г. (64) Большасць сучасных гісторыкаў лічаць сапраўднай датай ператварэння БРГ у БСГ канец 1903 г. Аднак заўважым, што на супольных антываенных адозвах, выдадзеных ППС, адна з якіх выйшла ў траўні, а другая - у чэрвені або ліпені 1904 г., яшчэ значацца подпісы дзеячоў БРГ, а не БСГ (65). Запрашэнне на вераснёўскую канферэнцыю ў Празе таксама было адрасаванае БРГ66. Назва БСГ упершыню з'явілася на дэкларацыях Парыжскай канферэнцыі, прычым БСГ далучылася да іх толькі пасля, post faktum (67). Гэта адбылося, напэўна, у кастрычніку 1904 г., пра што сведчыць ліст Ёдкі-Наркевіча ад 10.11.1904 г., дзе гаварылася аб тым, што беларуская партыя змяніла сваю назву на БСГ (68).

Не будзем закранаць пытанне, наколькі змена назвы была звязаная з праграмай, вядома адно: В. Іваноўскі толькі пасля гэтай падзеі далучыўся да БСГ. Для партыі гэта мела вялікае значэнне: самастойная прапагандысцкая дзейнасць, якую БСГ распачала ў студзені 1905 г., у вялікай ступені была яго асабістай заслугай. У выніку за адзін толькі 1905 г. партыя выдала больш за 20 адозваў на беларускай мове, а ў пачатку 1906 г. запусціла ў Менску ўласную друкарню, а ў Пецярбургу - сваё выдавецтва «Грамада» (69). Агульны наклад выдавецка-прапагандысцкай прадукцыі БСГ даходзіў да соцень тысяч асобнікаў брашур і адозваў, якія распаўсюджваліся ў Беларусі (70). Гэта, між іншым, уплывала на актывізацыю забастовачнага руху, асабліва сярод сельскагаспадарчых рабочых.

Рэвалюцыя 1905 г. прадвызначыла вялікія змены ў расейскай дзяржаве, гэта прымусіла кіраўніцтва ППС звярнуцца да свайго даўняга намеру стварыць на тэрыторыі Беларусі і Літвы аб'яднаную палітычную сілу. Дзеля гэтага польскія сацыялісты пад канец 1904 г. распачалі перамовы з БСГ. Паводле Менахіма Вайнера, дзеяча ППС на Літве, у перамовах удзельнічалі два прадстаўнікі БСГ - В. Іваноўскі і А. Уласаў, якія дзеля гэтага прыязджалі ў Вільню (71). Такім чынам, Іваноўскі меў багата магчымасцяў для таго, каб разабрацца ў пазіцыі ППС адносна беларускага пытання і яе разыходжаннях з пазіцыяй БСГ, сузаснавальнікам і выразнікам якой з'яўляўся ён сам. 3 яго боку гэта была першая спроба фармулёўкі асноўных палітычных прынцыпаў маладога беларускага руху не толькі ў якасці партыйнай платформы, але ў болыы шырокім кантэксце польска-беларускіх узаемадачыненняў.

Першым крокам на шляху да паразумення было прыняцце Беларускай Сацыялістычнай Грамадой рэзалюцыяў Пражскай канферэнцыі, дзе прадугледжвалася стварэнне кааліцыяў паміж рэвалюцыйнымі партыямі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Расейскай імперыі. Наступны крок быў зроблены на Жэнеўскай канферэнцыі, у сакавіку 1905 г., калі былі ўзгодненыя пазіцыі ў справе вылучэння гістарычнай Літвы (г. зн. Літвы і Беларусі) у аўтаномны абшар расейскай дзяржавы з уласным рэгіянальным сеймам у Вільні. Неўзабаве абедзве партыі перайшлі да супрацоўніцтва ў арганізацыі забастовак, у тым ліку забастовачнай акцыі работнікаў шпіталя ў Новай Вільні (жнівень 1905 г.) або ўсеагульнай палітычнай забастоўкі ў Вільні (снежань 1905 г.). ППС падтрымлівала таксама і прапагандысцкую дзейнасць БСГ - давала магчымасць выпускаць некаторыя з яе адозваў у сваёй друкарні (72).

Пэўная частка кіраўніцтва ППС у гэты час з павагай ставілася да беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Але вырашальную ролю ў гэтай справе адыгралі тыя дзеячы (Пілсудскі, Пэрль), для якіх супрацоўніцтва з БСГ было толькі тактычным ходам. І хаця афіцыйныя дакументы ППС па-ранейшаму абвяшчалі лозунг раўнапраўя ўсіх нацыяў Беларусі і Літвы, насамрэч, як сцвярджае Ганна Жарноўская, Пілсудскі не прызнаваў удзелу іншых нацыяў нароўні з палякамі ў справе самавызначэння73. Гэтыя тэндэнцыі ўзмацніліся падчас першай расейскай рэвалюцыі, калі ў надзеі на аднаўленне незалежнасці Польшчы нацыянальныя пытанні - як беларускае, гэтак і літоўскае - сталі трактавацца больш канкрэтна: выказваліся жаданні далучыць да складу будучай польскай дзяржавы Ковенскую, Віленскую, Гарадзенскую і Менскую губерні . Другім пунктам нязгоды, які перашкаджаў яднанню сацыялістычных арганізацыяў, былі разыходжанні ў аграрным пытанні. Тут жаданні БСГ і Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі былі непрымальнымі для ППС, бо пагражалі польскім зямельна-ўласніцкім інтарэсам у Беларусі і Літве.

Звяз БСГ і ППС пры такой сітуацыі быў магчымы толькі на грунце агульнай барацьбы з царызмам. Але ў іншых галінах іх перспектыўныя планы разыходзіліся, тут супрацоўнічаць было немагчыма, што і прадвызначыла лёс аб'яднання. ППС лічылася з такой магчымасцю і не адмаўлялася ад задумы падпарадкаваць сабе БСГ іншым спосабам, не самым добрасумленным, які, аднак, нярэдка ўжываецца ў палітыцы. Увосені 1904 г. распачала сваю дзейнасць створаная ППС арганізацыя пад назвай Сацыялістычная Партыя Белай Русі (СПБР), якая павінна была выступаць як нібыта паралельная БСГ беларуская партыя. Сябрамі СПБР былі Мар'ян Фальскі, Браніслаў Шушкевіч, Адам Жаба, браты Станіслаў і Казімір Трускоўскія. Паходзілі яны з Беларусі, галоўным чынам - з Меншчыны і Гарадзеншчыны, ведалі беларускую мову і мелі пэўны досвед нелегальнай працы.

Апрача Варшавы, Горадні і Менска, дзе пэпээсаўцы грамадзіліся пад шыльдай СПБР, гэтая «партыя» не мела ніякіх іншых мясцовых арганізацыяў, адзіным рэальным вынікам яе дзейнасці былі некалькі адозваў, выдадзеных у Варшаве па-беларуску, іх распаўсюдам займаліся пераважна члены БСГ (75). Дзеля гэтага ў Горадні з удзелам Аляксандра Прыстара і Валерыя Славэка была закладзеная беларуская друкарня, але напрыканцы 1904 г. яе выкрыла і зліквідавала паліцыя (76). Такім чынам, галоўнай мэтай СПБР была не канкурэнтная праца на месцах, супрацоўніцтва з БСГ, якое павінна было прывесці да аб'яднання дзвюх партыяў, каб замацаваць гэткім чынам уплыў ППС на дзейнасць Грамады. Дзеля гэтага ў канцы 1904 г. М. Фальскі распачаў перамовы з прадстаўнікамі БСГ, у т. л. з Іваноўскім, але спадзяваных вынікаў яны не прынеслі. На думку Фальскага, прычына няўдачы заключалася ў немагчымасці знайсці агульную ідэалагічную платформу: СПБР павінна была адстойваць сацыялістычную ідэалогію, а БСГ не наважвалася змяніць сваю нацыяналістычную пазіцыю (77). А. Луцкевіч, у сваю чаргу, не бачыў супярэчнасцяў у галіне сацыяльнай ідэалогіі, а закіды ў нацыяналізме ў адрас Грамады тлумачыў як «страх перад нацыянальным пачуццём, якое абуджалася ў той час у беларускіх масах» (78) .

Аднак і тут А. Луцкевіч пераболыпваў, калі наўмысна атаесамляў нацыянальную свядомасць з рэвалюцыйнымі настроямі беларускіх народных мас. Насамрэч цяжка было гаварыць пра масавае абуджэнне нацыянальнага пачуцця ў 1905 г., калі выдавецкая дзейнасць рабіла толькі першыя крокі і не выходзіла яшчэ ніводная беларуская газета. Апалагеты БСГ часта ўказваюць на мясцовы характар гэтай партыі, але маўчаць пра тое, што яе рэальны палітычны ўплыў быў роўны нулю, калі ў 1906 г. яна не наважылася ўдзельнічаць у перадвыбарчай барацьбе за мандаты ў расейскай Дзяржаўнай Думе, пасля чаго ўлетку 1907 г. спыніла сваю дзейнасць (79). Таму захады ППС вакол БСГ рабіліся, хутчэй, з разлікам на перспектыву, найперш дзеля таго, каб скіраваць беларускі рух у рэчышча польскіх інтарэсаў.

У гэтай сітуацыі ў колах ППС асабліва разлічвалі на В. Іваноўскага, яго лічылі за свайго чалавека, які толькі гуляе ў беларускія справы. Яго паходжанне, становішча брата Юрыя, які ў 1905 г. вярнуўся з высылкі ў Вільню і аднавіў сваю партыйную дзейнасць, кантакты з дзеячамі ППС, якія, праўда, выкарыстоўваліся для беларускага выдаўніцтва, - усё схіляла да такіх высноваў. В. Іваноўскі быў выдатным дзеячом БСГ, пра што сведчыў, між іншым, завочны выбар яго кандыдатуры ў цэнтральны камітэт на снежаньскім партыйным з'ездзе БСГ у 1905 г. у Менску (80). Таму адной з мэтаў выезду М. Фальскага ў Плоцк пад канец 1904 г. было намовіць В. Іваноўскага да паяднання БСГ з СПБР81. Але Іваноўскі не гуляў у падвойную гульню і гэтак жа, як і ў 1902 г., стаў на пазіцыю незалежнасці беларускага руху. Слабасць гэтага руху падчас рэвалюцыі ўзмацніла яго перакананне ў тым, што незалежнасць гэтая будзе толькі ўяўнай, калі ў беларускіх масах папярэдне не пашырыцца нацыянальная свядомасць, а для гэтага, у сваю чаргу, неабходнае было развіццё беларускай асветы. Гэта, аднак, патрабавала далейшых вялікіх і працяглых намаганняў.

  1. Slownik biograficzny dziaіaczy polskiego ruchu robotniczego, t. II. Warszawa, 1987. S.583.
  2. Ivanauskas T. Gyvenimas ir veikla. Yilnius, 1976. P. 16.
  3. Цьвікевіч А. «Западно-русснзм». Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. Мн., 1929. С. 310-313.
  4. Як паведамляе прафесар Юры Тамашэўскі, яшчэ ў 1981 г. яго карэспандэнт трактаваў беларускі народ і беларускую культуру як выдумку на згубу Польшчы і дадаваў: «[...] У беларускіх абласцях Полыычы квітнела багатая народная культура з уласцівым ёй моўным дыялектам, таму на яе канве царскія шавіністы стварылі асобную беларускую культуру і беларускі народ у апошнія гады XIX стагоддзя, узяўшы за ўзор свой досвед з Украінай, дзе карэнных польскіх сялян ператварылі ў ворагаў польскасці з асобнай літаратурай» // Rzeczpospolita wielu narodуw. Warszawa, 1985. S.133-134.
  5. Materiaіy do historii PPS i ruchu rewolucyjnego w zaborze rosyjskim od 1893 r. Do 1904 r. Rok 1893-1897. Warszawa, 1907. S. 19.
  6. Taм caмa. S. 149.
  7. Turonek J. Wokуд genezy Dziadzki Antona // Slavia Orientalis. 1983. N° 3. S. 267.
  8. Materialy do historii PPS... S. 173.
  9. Луцкевіч А. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ва ўспамінах яго сучасьнікаў // Запісы Беларускага Навуковага Таварыства. Сшытак 1. Вільня, 1938. С. 29-30.
  10. 10 Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня, 1934. C. 71-72; Pobуg-Malinowski W. Najnowsza historia polityczna Polski, t. II. Londyn, 1967. S. 355; Wajner M. Do historii PPS na Litwie // Niepodlegіoњж, t. XV. 1937. S. 329.
  11. Станкевіч А. Да гісторыі... С. 73.
  12. Taм caмa. C. 69.
  13. Turonek J. Wokуі genezy Dziadzki Antona...
  14. Uchwaіy IV zjazdu PPS, Цэнтральны Архіў ЦК ПАРП, 305/III/1, pt. 2, k. 46 і далей.
  15. Taм caмa.
  16. Як зробіць каб людзям было добре на свеці. Лондан, 1903. С. 8.
  17. Станкевіч А. Да гісторыі... С. 74.
  18. Akta Warszawskiego Gubemialnego Zarz№du Їandarmerii, Архіў сталічнага горада Варшавы, , syg. 597, k. 12, 76.
  19. Przedswit. 1903. N» 2. S. 53-54.
  20. Бурбіс А. Беларуская Соцыялістычная Грамада ў першым перыядзе яе працы // Беларусь. Нарысы гісторыі, культуры і рэволюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 178.
  21. Арабей Л. Стану песняй. М., 1982. С. 23. Як паведаміў муж Алаізы, літоўскі сацыял-дэмакратычны дзеяч Стэпонас Кайрыс, Цёткай яе празвалі суседзі Іваноўскія. 3 цягам часу гэтая мянушка стала яе літаратурным псеўданімам. - Гл.: Кайрыс С. 3 маіх успамінаў пра Цётку // Конадні. Сш. 2. Нью-Йорк, 1954. С. 68.
  22. Больш падрабязна пра «Свабоду» гл.: Туронак Ю. Па слядах «Свабоды» // Ніва. 25.10 i 01.11.1981 r. №43-44.
  23. Przedswit. 1903. N» 2. S. 54-57.
  24. Sprawozdanie z konferencji CKR PPS z czerwca 1903 r. // Niepodleglosc, t. XX, 1939. S. 111.
  25. Protokуl z konferencji CKR z 16-17.12.1903 r. w Miсsku. Цэнтральны Архіў ЦК ПАРП,305/III/3, pt. 3.
  26. Шлюбскі А. Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашае долі» // Полымя. 1929. № 3. С. 204.
  27. Пуцявінамі Янкі Купалы. Дакументы і матэрыялы. Мн., 1981. С. 7.
  28. Новина А. (Луцкевіч А.) Белоруссы // Формы нацнонального двнження в современных государствах. СПб, 1910. С. 391;
  29. Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928). Вільня, 1928. С. 8.
  30. Protokуд z konferencji CKR PPS z 16-17.12.1903.
  31. Taм caмa.
  32. Луцкевіч А. За дваццаць пяць... С. 8.
  33. Г. Б. (Луцкевіч А.) Дваццатыя ўгодкі БРГ // Змаганьне. 23.12.1923 .№21; Памяці Івана Луцкевіча. Вільня, 1920. С. 7-8.
  34. Turonek J. PPS wobiec biaіoruskiego ruchu rewolucyjnego w latach 1902-1906 // Studia polsko-litewsko-biaіoruskie. Warszawa, 1988. S. 101.
  35. Луцкевіч А. За дваццаць пяць... С. 9, 16; Народная Справа. 21.09.1926, № 20.
  36. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 166.
  37. Там сама.
  38. Turonek J. Z dziejуw biaіomskiego mchu wydawniczego w latach 1902-1905 // Studia polono-slavica-orientalia. Acta literaria, t. IX. Ossolineum, 1985. S. 65.
  39. Там сама. С. 73.
  40. Гмырак Л. Беларускае національнае адраджэньне // Вялікодная Пісанка. Вільня, 1914. С. 17.
  41. Зямкевіч Р. Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2. С. 59.
  42. Ліст А. Калубовіча да аўтара ад 14.03.1979.
  43. Turonek J. Z dziejуw biaіomskiego mchu wydawniczego... S. 76.
  44. Пратаколы паседжанняў акадэмічнага сената, Архіў Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. 8. II 84.
  45. Акты Беларускага Акадэмічнага Кола пры Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, тамсама, 8. II, 797.
  46. Turonek J. Z dziejуw biaіomskiego mchu wydawniczego... S. 77-78. Абодва апытальнікі знаходзяцца ў папцы з адозвамі з аўстрыйскай зоны падзелу РП
    (1892-1918) у ЦА ЦК ПАРП, 305/VI/4, pt. 12.
  47. Ліст Вацлава Іваноўскага да Аляксандра Ельскага ад 31.05.1905 г. AGAD, zesp. Prozorуw i Jelskich, 1402.
  48. Дакументы выдавецкай суполкі КвіаЯса, Дзяржаўны Ваяводскі Архіў у Кракаве, ІТ 1603.
  49. Лісты Вітаўта Ёдкі-Наркевіча да Баляслава Енджэёўскага ад 21.09. і 20.10.1902г., ЦА ЦК ПАРП, 305/YII/49, pt. l.
  50. Карскнй Е. Ф. Белорусы. Т. 3. Ч. 3. Петроград, 1922. С. 155; Луцкевіч А. За дваццаць пяць... С. 21.
  51. Карскнй Е. Ф., тамсама; Бурбіс А. С. 179; Багдановіч М. Збор твораў. Т. 2. Мн., 1968. С. 230.
  52. Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 118-119.
  53. Wasiliewski L. Litwa i Biaіomњ. Krakуw, 1912. S. 278.
  54. Curschmann F. Die WeiBruthenen. Ein erwachendes slavisches Bauemvolk // Deutsthe Rundschau. Bd. I, 1918. S. 286.
  55. Јoza S. (red.) Czy wiesz kto to jest? Warszawa, 1938. S. 273.
  56. Паведамленне Марыі Арнольд ад 17.05.1979 г.
  57. Беларускн лемэнтар, або Першая навука чытання. Пецярбург, 1906. С. 4.
  58. Turonek J. Geneza i autorstwo pierwszego elementarza biaіomskiego // Slavia orientalis. 1986. №3. S. 347.
  59. Сямейны архіў Ганны Іваноўскай-Карнэцкай, дачкі Вацлава і Сабіны.
  60. Паведамленне Ганны Іваноўскай-Карнэцкай ад 22.10.1978 г. Ад шлюбу Вацлава і Сабіны нарадзілася трое дзяцей: Стэфан (1907-1944), Вацлаў (1910-1944) і Ганна (нар. у 1915).
  61. Новина А. (Луцкевич А.) Белоруссы // Формы национального движения... С. 392-393.
  62. Там сама. С. 391; Луцкевіч А. За дваццаць пяць... С. 23.
  63. Гл. адозвы «Товарышы!» і «Браця Мужыкі» ў ЦА ЦК ПАРП, 305/ІІІ/36, рі. 8.
  64. «Przedswit». 1904. № 10-12. 8. 1.
  65. Там сама. С. 408, заўвагі.
  66. Ліст В. Ёдкі-Наркевіча ад 10.11.1904 г. ЦА ЦК ПАРП, 305/VII/49, pt. 2 (list .No 688).
  67. Больш падрабязна пра брашуры гл.: Turonek J. Z dziejуw biaіomskiego mchu wydawniczego... S. 80.
  68. Навіна А. (Луцкевіч А.) На дарозі да новага жыцьця // Маладая Беларусь. Сш. 1. СПб, 1912. С. 21.
  69. Wajner M. Do historii PPS na Litwie // Niepodlegіoњж. T. XV, 1937. S. 340.
  70. Turonek J. PPS wobiec bialoruskiego ruchu rewolucyjnego... S. 103.
  71. Zamowska A. Geneza rozlamu w Polskiej Partii Socjalistycznej 1904-1906. Warszawa, 1965. S. 122-123.
  72. Там сама.
  73. Беларускія адозвы СПБР выдаваліся з кастрычніка 1904 г. да кастрычніка 1905 г. - Гл.: ЦА ЦК ПАРП, 305/II/42, Druki ulotne niepolskie. Пра іх распаўсюджванне праз БСГ гл.: Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў... С. 21.
  74. Szuszkiewicz B. Organizacja grodzienska PPS w latach 1898-1910 // Niepodleglosc. T. XVI, 1937. S. 529.
  75. Falski M. Okruchy wspomnien (fragmenty) // Studia pedagogiczne. T. XXXI, 1974. S. 23. Гэтыя ўспаміны М. Фальскі напісаў у сярэдзіне 60-х гг., г. зн. на 60 год пазней за падзеі, што ў іх апісваюцца, таму не ўсе яго выказванні гучаць у поўнай ступені пераканаўча.
  76. Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў... С. 21.
  77. Там сама.
  78. Хлябцэвіч I. Цётка // Полымя. 1924. № 3. С. 142.
  79. Falski M. Okruchy wspomnien... S. 23.

За нацыянальную свядомасць

12 снежня 1904 г. цар Мікалай II падпісаў указ, у якім здымаліся ранейшыя абмежаванні на выкарыстанне мясцовых моваў у дзевяці заходніх губернях Расейскай імперыі - Гарадзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Менскай, Магілёўскай, Падольскай, Віленскай, Віцебскай і Валынскай. Гэтае рашэнне, прынятае напярэдадні першай расейскай рэвалюцыі, было для ўрада вельмі важным ходам, яно мела на мэце ўлагодзіць палітычную напружанасць, што нарастала на фоне расейска-японскай вайны. Праўда, рэвалюцыйныя настроі апаноўвалі тады шырокія тэрыторыі расейскай дзяржавы, але ў заходніх губернях яны мелі спецыфічны характар - тут сацыяльныя ўмовы перапляталіся з нацыянальнымі праблемамі.

Рашэнні ўказу датычыліся не толькі польскай і літоўскай моваў, самастойнасць якіх - нягледзячы на абмежаванні - не ставілася пад сумнеў, але таксама беларускай і ўкраінскай, афіцыйна трактаваных як расейскія дыялекты. Такім чынам, адбылася істотная перамена ў стаўленні да беларусаў і ўкраінцаў. Што было прычынай гэтага важнага і беспрэцэдэнтнага рашэння? Распаўсюджаная думка, нібыта рэвалюцыя 1905 г. прымусіла цара выдаць такі ўказ, не вытлумачвае да канца ўсяе справы, асабліва матываў гэтага рашэння. Па-першае, указ выйшаў яшчэ да выбуху рэвалюцыі, а па-другое, ніводная з палітычных партыяў, якія дзейнічалі тады на тэрыторыі Беларусі, не выстаўляла такога патрабавання ў дачыненні да беларускай мовы.

Аніякага ўздзеяння на рашэнне цара не мог мець і грамадскі попыт на беларускую кнігу, якая на мяжы XIX і XX стст. была яшчэ з'явішчам надзвычай рэдкім. Такім чынам, рашэнне пра скасаванне абмежаванняў на беларускамоўны друк, без сумневу, было вынікам палітычных умоваў, якія склаліся на заходніх ускраінах імперыі. Непрызнанне нацыянальнай самастойнасці беларусаў і стрымліванне развіцця іх мовы і літаратуры спрыяла пашырэнню сярод інтэлігенцыі апазіцыйных настрояў, якія прыводзілі да супрацоўніцтва з польскім незалежніцкім рухам, і прытым вельмі лёгка, дзякуючы традыцыйным уплывам польскай культуры ў Беларусі. 3 гледзішча расейскіх інтарэсаў, асабліва небяспечнай была актывізацыя дзейнасці Польскай Партыі Сацыялістычнай, якая імкнулася да пашырэння сваіх уплываў сярод беларусаў, украінцаў, літоўцаў і выкарыстоўвала агітацыйную літаратуру на іх родных мовах. Таму, ідучы ў галіне моўнай палітыкі насустрач культурным надзеям інтэлігенцыі гэтых народаў, урад разлічваў прыгарнуць іх сімпатыі да Расеі, а тым самым стварыць сур'ёзную процівагу польскім палітычным уплывам.

Затое цяжка адназначна высветліць, ці гэтае рашэнне ўраду адлюстроўвала сапраўднае прызнанне права беларускага народа на свабоднае развіццё сваёй мовы і літаратуры, ці было ўсяго толькі пытаннем тактыкі. Аб прапагандысцкай накіраванасці ўказу сведчыць досыць абмежаваная сфера ўжывання беларускай мовы. У прыватнасці, яе самастойнасць так і не была афіцыйна прызнаная. Не дапускалася ўжываць яе і ў публічных школах, нават у такіх сціплых прапорцыях, як польскую і літоўскую. Але варта заўважыць, што толькі ўвосень 1904 г. пачалася распрацоўка першага лемантара на гэтай мове, а да выхаду першай граматыкі заставалася яшчэ чатырнаццаць гадоў. Такім чынам, адсутнічалі найпрасцейшыя перадумовы для імгненнай змены статуса беларускай мовы. Але, калі не заглыбляцца ў гэтую справу, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўказ Мікалая II стварыў легальныя падставы для дзейнасці, накіраванай на змену статуса гэтай мовы ў будучыні. Папраўдзе, урад не быў зацікаўлены ў тым, каб гэты працэс прыспешваць, але, у прынцыпе, і не стрымліваў яго, пакідаючы ажыццяўленне сваіх пастановаў грамадскім дзеячам.

Указ і рэвалюцыя прывялі да значнага росту цікавасці да беларускай кнігі. Пра гэта сведчаць захаваныя ў Галоўным архіве старажытных актаў лісты да Аляксандра Ельскага - памешчыка з Замосця Менскай губерні, аўтара шматлікіх артыкулаў пра Беларусь, яе мінулае, мову і літаратуру, друкаваных у пецярбургскім «Краі» ды іншых часопісах, аўтара і выдаўца некалькіх папулярных беларускіх брашур, нарэшце, перакладчыка на беларускую мову першай кнігі «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, выдадзенай у 1893 г. у Львове. Цікава ахарактарызаваны тагачасныя настроі ў лістах настаўніцы Ядвігі Ціхінскай з маёнтка Прусан з-пад Крычава Магілёўскай губерні, напісаных А. Ельскаму ўлетку 1905 г. У першым з іх ад 03.06.1905 г. Я. Ціхінская піша:

«Шаноўны пане! Пара было б сёння ўзяцца за складанне беларускага лемантара, калі б Вы падумалі аб тым. 3 той хвіліны, калі можна будзе адкрываць прыватныя школы (мы ўжо таксама пачынаем будаваць і збіраць на гэта грошы), неабходна даць падручнікі лемантара і беларускія кніжкі. Мой бацька складае беларуска-польска-расейскі слоўнік, і гэта даказвае, што ён беларускі патрыёт... Прашу даслаць мне каталог альбо спіс беларускіх кніжак і падаць адрас, дзе можна дастаць для сялян сёння хоць пару асобнікаў.. .» (1).

Ельскі даслаў ёй некалькі кніжак і следам за гэтым атрымаў яшчэ адзін ліст ад 07.08.1905 г. наступнага зместу: «Я страшэнна ўдзячная Вам за прысланыя мне кніжачкі, якія чытала з маімі хлопчыкамі, каб яны маглі пазней прачытаць на вёсцы сваім старым. Я беларуска з нараджэння, бо з паходжання [напэўна, з пераканання. - Ю. Т.] я полька і дзеля гэтага адчуваю сябе абавязанай падтрымліваць іх родную мову, таму што ў іх мала сумленных апекуноў, асабліва ў нашай губерні. Узімку дзякуючы маім намаганням тут паўстае школа... Беларусь у мінулым была нашай малодшай сястрой, можа, будзе роўная з намі ў інтэлігенцыі і самаадчуванні - сёння, хоць і адарваная ад нас, яшчэ чакае нашай дапамогі» (2) .

Аднак надзеі на адкрыццё публічных беларускіх школаў не здзейсніліся, таму ў розных мясцовасцях краю арганізоўваліся нелегальныя. Як паведамляла Соф'я Дабрынская, такую школку адкрыла яе маці, Леванціна Корсак, у маёнтку Бардзіловічы на Віцебшчыне (3). Гэткую самую школку зарганізаваў Канстанцін Гардзялкоўскі ў Папоўцы Сенненскага павета, таксама на Віцебшчыне, у ёй настаўнічаў пазней выдатны беларускі паэт і празаік Якуб Колас. Гэта былі не адзінкавыя з'явішчы, пра што сведчыць стварэнне ў 1907 г. Беларускага Настаўніцкага Саюза, які, зрэшты, неўзабаве зліквідавалі ўлады. Скасаванне забаронаў на друк і грамадская цікавасць да беларускай кніжкі стварылі магчымасць для таго, каб распачаць выдавецкую дзейнасць. В. Іваноўскі адразу ж ацаніў гэтыя магчымасці, але выкарыстаць іх, нягледзячы на пэўны досвед, яму было вельмі цяжка, бо для таго, каб распачаць сталую, на добрым грунце, выдавецкую дзейнасць, патрэбныя былі значныя сродкі ды кваліфікаваныя супрацоўнікі, якіх пакуль што бракавала. У гэтым сэнсе беларускія выдаўцы былі ў самай цяжкой сітуацыі. Пра гэта сведчаць факты: калі ў 1905 г., г. зн. неўзабаве пасля абвяшчэння царскага ўказу, у Вільні пачалі выходзіць у свет польскія і літоўскія кніжкі і часопісы, дык беларускай не выйшла аніводнай .

У пошуках энтузіястаў беларускай выдавецкай справы, якія мелі б адпаведныя творчыя зацікаўленні і фінансавыя магчымасці, Іваноўскі асабліва спадзяваўся на падтрымку з боку Ельскага. 24.11.1905 г. ён даслаў яму свой першы ліст, прычым напісаны па-беларуску: «Пане Шанаваны! Чуў я не раз ад усялякіх людзей і ад панавага братанца, што вельмі Вы любіце нашу мову і пішаце самы іншы раз у нашай мові. То я хацеў пазнаёміцца з Вамі хаця праз пісулькі, бо што Вы жывецё ў Міншчыні, а я ў Пецярбурху. А такіх людзёў, што мову нашу дый нашаго мужыка любяць, мала на сьвеці, то трэба, каб хаця кампаніі пільнавалі. А Вы, Пане, самы шмат рабілі, мо і цяпер тае працы не кінулі. Здаецца, мелі Вы выдаць Мар'ю Мальчэўскаго, праўда?

Тутака так сама ёсьць людцоў колькі, то пералажылі ксёнжачак крыху, толькі з грашыма кепска [...]. Але так сама ушоў не апускаючы прыгатавалі: «Сыгнал» Гаршына, «Міхалка» Пруса, «Крыста» Канапніцкай, «Гутаркі аб небе і зямлі», «Лемэнтарык» (павэдлуг Промыка), будзе гатоў да друку за месяц. 1 так мне здаецца, што і Вы не менш маеце чаго, от каб усё зараз і выдруковаць - от былобы дабро» (5).

Асаблівай увагі заслугоўвае другі абзац ліста, дзе В. Іваноўскі паведамляе пра падрыхтаваныя «некалькімі людзьмі» пераклады. Вядома, што брашура Гаршына ў беларускім перакладзе выйшла ў Маскве ў 1891 г., адругое не змененае выданне з'явілася ў Вільні толькі ў 1914 г., таму інфармацыя аб яе перакладзе ў Пецярбургу не адпавядае сапраўднасці. Ніколі не выдаў Іваноўскі згаданых апавяданняў Пруса і Канапніцкай, і гэта можна расцаніць як фіктыўную інфармацыю альбо як згадку адно пра намер такога перакладу. Відаць, гэтая містыфікацыя была разлічаная на тое, каб выклікаць у Ельскага ўражанне, быццам у Пецярбургу пачынае развівацца выдавецкая дзейнасць, што ў ёй ужо ўдзельнічае «людцоў колькі», і ў выніку дабіцца ад яго станоўчага адказу.

Насамрэч сітуацыя была горшая, чым апісаў Іваноўскі. Пераклад прыгаданай у лісце «Гутаркі аб небе і зямлі», як зазначана на тытульным аркушы гэтай кніжкі, выдадзенай у 1907 г., павінны былі зрабіць К. Кастравіцкі і С. Шаўлоўскі. Аднак у беларускай літаратуры асоба Шаўлоўскага засталася зусім невядомай, і гэта пацвярджае дапушчэнне, што гэта быў псеўданім Іваноўскага, які альбо пераклаў яе разам з Кастравіцкім, альбо - што яшчэ больш верагодна - грунтоўна выправіў пераклад Кастравіцкага. Кніга налічвала 68 старонак, таму можна меркаваць, што пераклад быў падрыхтаваны не пасля абвяшчэння царскага ўказу, але крыху раней. Тое самае датычыцца лемантара, апрацаванага Іваноўскім. Нарэшце, Кастравіцкі не жыў у Пецярбургу, гэтак жа, як і Алаіза Пашкевіч, якая ў сярэдзіне 1904 г. вярнулася ў Беларусь і апрацоўвала першую беларускую чытанку. Такім чынам, у гэтай галіне дзейнічаў пакуль толькі сам Іваноўскі, таму яго інфармацыя пра некалькіх супольнікаў болей адпавядала намерам, чым сапраўднасці.

3 далейшай перапіскі вынікае, што Ельскі даў альбо адмоўны, альбо невыразны адказ. Сапраўднай прычынай тут быў удзел Іваноўскага ў БСГ: у Ельскага, прыхільніка грамадскага кансерватызму, гэта магло абудзіць асцярогі, што выдавецкая дзейнасць у Пецярбургу будзе адлюстроўваць радыкальныя праграмныя пастулаты гэтай партыі. Нельга выключыць і таго, што Ельскі прытрымліваўся пазіцыі «gente Rutheni, natione Poloni » (родам - з Русі, па нацыі - паляк - лац.) і не згаджаўся з мэтамі маладога беларускага руху. Пра гэта, магчыма, сведчыць заўвага Ельскага на канверце атрыманага ліста: «Беларус Іваноўскі».

Аднак у тагачасных варунках практычна толькі сярод памешчыкаў можна было здабыць неабходныя сродкі для выдавецкай дзейнасці. Святарства было дзейным правадніком нацыянальнага руху на Літве, але ва ўмовах, якія панавалі ў Беларусі, пакуль што не магло ісці ў разлік. У такой сітуацыі Іваноўскі, нягледзячы на першую няўдачу, 31.04.1905 г. звярнуўся да Ельскага яшчэ раз: «Ці не маеце знаёмых якіх, што захацелібы ксёнжак выдаць па нашаму. Тож ёсьць напісаные. Кажуць, што Войніловіч - той мог бы выдаць, мо знаеце яго?» (6).

Дабіцца сімпатыі Вайніловіча - гэта была смелая і перспектыўная ідэя. У Беларусі ён не толькі валодаў маёнткамі, але і ўзначальваў Земляробчае Таварыства ў Менску, таму яго прыхільнасць магла б істотна паўплываць на пазіцыю і падтрымку з боку беларускага памешчыцтва. Гэтая задума, па сутнасці, была не такая ўжо і беспадстаўная, пра што Іваноўскі, напэўна, ведаў. Аднак Вайніловіч таксама адмовіў у сваёй падтрымцы - прычынай былі рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. Пра тое, што гэта было зроблена з класавых пазіцыяў, ён напісаў у сваіх «Успамінах» цалкам недвухсэнсоўна: «Прымаючы сякі-такі матэрыяльны ўдзел у беларускіх суполках, я ў рэшце рэшт з іх выходзіў, бо праца, якая напачатку вялася ў іх у кірунку самапазнання і нацыянальнага адраджэння («Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца» і да т. п.), звычайна пад канец прысвойвала сабе сацыялістычныя лозунгі і накіраванасць, якую, насуперак усім перакананням, падтрымліваць я не мог» (7).

Увесну 1905 г. В. Іваноўскі абдумваў яшчэ адну канцэпцыю, дзе прадугледжваў стварэнне выдавецкага таварыства, якое дзейнічала б на кааператыўнай альбо акцыянернай аснове. У лісце да Ельскага ад 15.05.1905 г. ён сфармуляваў яе наступным чынам: «Пане Сваячэ, а каб зрабіць таварыства для друкаваньня беларускіх ксёнжак, так, як украінцы маюць, то добра былоб. Здаецца мне, што можна было б найсьці людзёў, што плацілі бы ў год - ну рублёў дзесяць - тож знайсьці можно людзёў з 20 на пачатак - от і дзьве ксёнжкі што году аддрукавалібы» (8).

Цяжка сцвярджаць, ці задума аб стварэнні суполкі паўстала з адной толькі немагчымасці знайсці багатага мецэната. Дата працытаванага ліста сведчыць аб тым, што напісаны ён быў даволі рана (15.05.1905 г.), значыць, Іваноўскі ўлічваў разнастайныя варыянты. Аднак найбліжэйшая будучыня павінна была паказаць, што неабходныя падставы для дзеяння ўдасца стварыць толькі агульнымі намаганнямі, хоць спадзявацца на тое, каб сабраць вялікія сродкі сярод незаможнай, малалікай і ў вялікай ступені - абыякавай беларускай інтэлігенцыі, было цяжка. Разлік на выданне толькі дзвюх кніжак на год красамоўна пра гэта сведчыў.

Аднак вынік арганізацыйных старанняў Іваноўскага канца 1905 - пачатку 1906 гг. аказаўся больш аптымістычным. У гэты перыяд завершылася апрацоўка некалькіх запланаваных выданняў, было заключана пагадненне з пецярбургскай друкарняй К. Пянткоўскага і сабраны часовы капітал суполкі, які на пачатку траўня 1905 г. складаў 220 рублёў. Тады ж было сфармаванае і праўленне суполкі - сямёра яе сяброў-закладчыкаў. Яго старшынёй стаў Вацлаў Іваноўскі, а сакратаром - пецярбургскі чыноўнік Уладзіслаў Сталыгва. Сябрамі праўлення былі: Браніслаў Эпімах-Шыпіла, педагог і супрацоўнік бібліятэкі Пецярбургскага універсітэта, Сабіна Іваноўская, жонка Вацлава, інжынер-тэхнолаг Юры Іваноўскі, Вінцэнт Валейка, студэнт Горнага інстытута, і Уладзіслаў Калашэўскі, настаўнік школы пры лютэранскай царкве св. Пятра ў Пецярбургу (9).

05.05.1906 г. названыя сябры-заснавальнікі заключылі дзейсную да канца 1908 г. натарыяльную дамову, паводле якой неслі калектыўную адказнасць за дзейнасць і абавязацельствы суполкі. Але, што датычыцца непасрэднай працы выдавецтва, дык тут іх ролі аказаліся вельмі адрозныя. На першым этапе (да канца 1908 г.) практычна ўсе рэдакцыйныя працы выконвалі дзве асобы - Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Яны абодва адзначаліся вялікай працавітасцю, прычым энергія і прадпрымальнасць першага ўдала спалучаліся з эрудыцыяй і скрупулёзнасцю другога. Яны былі знаёмыя ўжо некалькі год, але Шыпіла, нягледзячы на сваю цікавасць да беларускай літаратуры, у 1902-1904 гг. не ўдзельнічаў у выдаўніцтве нелегальных беларускіх арганізацыяў у Пецярбургу (10) . Ён далучыўся да гэтай дзейнасці толькі ў 1905 г., ужо на легальных умовах, і перадаў, між іншым, суполцы частку сваёй кватэры на Васільеўскім востраве, 4-я лінія, 45. Астатнія сябры праўлення выконвалі адміністрацыйныя абавязкі (Сталыгва) альбо абмяжоўваліся фінансавым удзелам (11).

Калі суполка «Загляне сонца...» распачала сваю выдавецкую дзейнасць - пытанне спрэчнае. На думку С. Александровіча, гэта адбылося толькі пасля рэгістрацыі ў траўні 1906 г., калі, як ён пісаў, «даволі аператыўна пачынаецца праца над рукапісамі беларускіх падручнікаў, якія неўзабаве былі здадзены ў друк і выйшлі ў кастрычніку-лістападзе 1906 г.» (12). Насамрэч рукапісы гэтых падручнікаў, г. зн. лемантара, Цётчынай чытанкі, а таксама «Гутаркі аб небе і зямлі», былі апрацаваныя ўжо ў 1904-1905 гг., і друкаванне іх пачалося таксама раней, пра што Іваноўскі паведаміў Ельскаму ў сваім чарговым лісце ад 17.04.1906 г.: «Некалькі людцоў «тутэйшых», што ў Пецярбурху жывуць, залажылі выдаўніцкую суполку, цяпер адбіваецца ўжо элементар, будзе дваякімі знакамі, гэта значыць, па просту кажучы, будуць два элементары. Ці не прыступілібы і Вы да тае су полкі? Удзялы, з правам карыстаньня з зыску, будуць па 10 рублёў кожны. Не гуляючы будзе адбіты устаў суполкі, то Вам яго прыпру пачытаю» (13).

Працытаванае паведамленне сведчыць, што нельга атаесамляць дату заключэння пагаднення паміж закладчыкамі суполкі (05.05.1906 г.) з датай яе заснавання. Суполка паўстала раней і самае позняе на пачатку красавіка 1906 г. перадала першыя кніжкі ў друк. Праграма па выданні падручнікаў была ажыццёўленая хутка, перш за ўсё таму, што суполка «Загляне сонца...» паўстала раней, чым гэта прынята лічыць, а не дзеля асаблівай аператыўнасці (хаця і ў гэтым сэнсе яна дзейнічала беззаганна). Ужо ў ліпені 1906 г. выйшаў у свет «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт) і серыя паштовак, а праз некалькі тыдняў - кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзяцей-беларусаў» Алаізы Пашкевіч-Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік - «Гутаркі аб небе і зямлі» - пакінуў друкарню на пачатку 1907 г. (14)

Выхад першага лемантара сучаснай беларускай мовы ў зацікаўленых польскіх і расейскіх колах быў успрыняты як бяспрыкладны заклік беларускага народа да адраджэння сваёй культуры, як спроба павярнуць кола гісторыі. Таму першыя водгукі ў друку адлюстроўвалі здзіўленне і занепакоенасць гэтых колаў ад нечаканага з'яўлення на арэне, дзе дагэтуль дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы, беларускага нацыянальнага фактару.

Адразу ж па гарачых слядах лемантара віленскі «Kurjer Litewski» змясціў на першай паласе вялікі каментар, падпісаны крыптонімам «J», пад якім выступіў, відаць, сам рэдактар гэтае газеты Чэслаў Янкоўскі. З'яўленне лемантара « Kurjer Litewski » ацаніў яўна станоўча. «Чаму ж беларусам нельга хаця б на пачатку XX стагоддзя заспяваць сваю «Багародзіцу» або дачакацца сваіх Чалякоўскіх, Колараў і Шафарыкаў, сваіх Даўконтаў і Валанчэўскіх? - пытаў аўтар. - Лепей позна, як ніколі. Уласны, родны, нацыянальны лемантар! Гэта, калі казаць коратка, праменьчык уласнае культуры. Дык значыць, існуе і беларуская культура? Натуральна, тым больш, калі пад культурай мы будзем разумець непаўторнасць нацыянальнай сутнасці... Навучыцца чытаць і пісаць па-беларуску - гэта ж першы, найсвяцейшы нацыянальны абавязак кожнага беларуса», - такую выснову рабіў аўтар (15).

Тым не менш журналіста, што напісаў гэтыя словы, не пакідала боязь, якую малады беларускі рух абуджаў сярод палякаў ад самага пачатку свайго існавання: куды будзе скіравана яго пазнейшае развіццё? Далейшыя характэрныя разважанні аўтара над гэтым пытаннем заслугоўваюць увагі: «Ці адчуе сам беларускі народ, якое вялікае дабрадзейства зрабіла яму дабрачынная выдавецкая суполка, абдарыўшы яго беларускім лемантром?.. Бо не выклікае сумневу, што сле дам за выдавецкай акцыяй суполкі разгорнецца акцыя г. зв. «усведамлення»... Суполка, пра якую шмат разоў ужо вялася гаворка, абрала сваім дэвізам і зрабіла сваім назовам: «Загляне сонца і ў наша аконца». Як нам бачыцца, разам з гэтым сонейкам роднага пісьменства зазірне ў вокны беларускіх хат тое, што так часта труціць нават найкаштоўнейшую культуру і зацямняе часам найдабрачыннейшае святло ведаў, а менавіта - шавінізм.

Без гэтай прыправы не адбудзецца выхаду на арэну нацыянальнага самаадчування беларусаў. Калі б пытанне прыналежнасці да той або іншай нацыі залежала толькі і выключна ад добраахвотнага і свядомага выбару (падкрэслена ў арыгінале. - Ю. Т.), дык гэты ўзыход сонца не выклікаў бы ніякіх заўваг... Але мы ведаем, якое насенне засяваюць усе гэтыя прапаганды, заклікі, прыспешванні, абуджэнні, крыўды і ўздыманні на барацьбу... Сардэчна жадаем беларускаму лемантару, каб не прынёс разам з сабою карагод усіх гэтых «радасцяў» (16)...

Выданне першых кніжак суполкай «Загляне сонца...» і выхад у верасні 1906 г. першай беларускай газеты «Наша Доля» (пазней - «Наша Ніва») напаткалі неадназначны прыём у расейскім друку. Орган чарнасоценцаў «Окранны Росснн» пісаў, што яны служаць палітычнай агітацыі ў польскім духу, а лемантар - распаўсюду польскага алфавіта, і такім чынам бароняць польскія інтарэсы ды абуджаюць антыўрадавыя настроі (17). Гэтая заява мела яўна пагромны характар, пра што сведчыць ігнараванне «Окраннамн Росснн» фактаў выдання лемантара і чытанкі, а таксама віленскай газеты падвойным шрыфтам: лацінкай і гражданкай. Такім чынам, не справа алфавіта раздражняла рэдакцыю. Зусім іншую пазіцыю ў гэтай справе займала пецярбургская газета «Русь», якая аддала свае старонкі для прапаганды беларускай суполкі і заклікаў аб падтрымцы чытачамі яе дзейнасці (18) .

Іваноўскі не дужа пераймаўся гэтымі ацэнкамі і працягваў ажыццяўленне сваёй выдавецкай праграмы. Да сакавіка 1908 г. суполка выдала наступныя чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. - «Дудку беларускую» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча, «Гапон» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і пераклад першых дзвюх кніг «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча на беларускую мову. Апрача таго, у сакавіку 1908 г. быў выдадзены першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка».

Акалічнасцям, у якіх пабачыла свет першая кніга будучага вялікага паэта, гісторыкі беларускай літаратуры прысвяцілі ўжо нямала ўвагі, галоўным чынам у кантэксце ацэнак вытокаў натхнення і развіцця яго творчасці. Вялікія заслугі ў гэтым сэнсе А. Луцкевіч прыпісваў кіраўніцтву «Нашай Нівы», калі ўказваў, што «моцным імпульсам для яго (Я. Купалы. - Ю. Т.) быў выхад у Вільні ў канцы 1906 г. першых легальных беларускіх газет - «Нашай Долі» і «Нашай Нівы». «Рэдакцыя, - пісаў А. Луцкевіч, - адразу ж ацаніла здольнасці паэта і пачала змяшчаць на ганаровым месцы яго творы» (19). У сапраўднасці на старонках «Нашай Долі» не было змешчана ніводнага верша Я. Купалы, а першы яго верш «Касцу» ў «Нашай Ніве» - толькі 11.05.1907 г. Тым часам рукапіс «Жалейкі» ўжо ўвосень 1906 г. знаходзіўся ў выдавецтве «Загляне сонца...», куды яго пераслаў апякун маладога паэта, менскі публіцыст Уладзімір Самойла (20). Пецярбургская суполка высока ацаніла творчасць Купалы: найлепш пра гэта сведчыць той факт, што ўжо ў лістападзе 1906 г. яна абвясціла хуткае выданне «Жалейкі» і прасіла адначасова даслаць грошы (21).

Я. Купала рабіў стаўку на Пецярбург, а не на Вільню, бо разлічваў, відаць, гэткім чынам дачакацца выхаду зборніка сваіх вершаў і, безумоўна, ставіў гэта вышэй за расцярушаныя па газетных нумарах асобныя публікацыі. Выданне «Жалейкі» доўжылася, па сутнасці, каля 16 месяцаў, калі лічыць ад згаданай абвесткі, што нават сёння не з'яўляецца занадта працяглым тэрмінам. Пры гэтым выдавецтва выконвала сваю ўласную праграму - выпуск беларускай класікі, да якой Купала пакуль што не належаў. Але сціпласці і цярплівасці яму, відаць, не бракавала, пра тое сведчыць з'едлівая заўвага ў адрас суполкі, змешчаная ў эпіграме, напісанай у чаканні выхаду «Жалейкі»:

Горы абяцалі-
Не споўняць крыхі -
Не сьвятыя лепяць
Гэткія гаршкі.
Ёсьць у нас «суполка» -
Цешся, беларус,
Тваёй мовай кніжак
Надрукуе стус.
Ой, сьпяшыць суполка
Кніжкі выдаваць,
Хіба на тым сьвеце
Будзем іх чытаць (22).

Увесну 1908 г. плён усёй выдавецкай дзейнасці суполкі складалі, па сутнасці, дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак. Дзеля таго каб пашырыць свае прапановы пакупнікам, яна ўзяла на склад некалькі больш ранніх пецярбургскіх публікацыяў («Вязанку» Я. Лучыны, «Казкі», «Кароткі катэхізм» Філяхоўскага), некалькі найменняў, выдадзеных «Нашай Нівай», акрамя таго, працы па беларусістыцы, напісаныя на польскай і расейскай мовах: «Словарь белорусского наречня» I. Насовіча, «Вясковыя песні з-над Нёмна і Дзвіны» Я. Чачота, працы М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага ды інш. Адначасова суполка арганізавала сетку распаўсюду - заключыла пагадненні з кнігарнямі. Увесну 1906 г. беларускую кніжку можна было дастаць, апрача Пецярбурга, у некалькіх віленскіх кнігарнях, а таксама ў Менску, Віцебску, Горадні, Магілёве, Гомелі, Слоніме, нарэшце, у варшаўскага кнігара Г. Гентэршвера па вул. Маршалкоўскай, 143 (23).

Першы этап дзейнасці суполкі «Загляне сонца...» рэгуляваўся дамовай, заключанан паміж закладчыкамі тэрмінам да канца 1908 г. Але фактычна гэты этап скончыўся ўжо вясной, бо з таго часу аж да восені 1909 г., г. зн. амаль паўтара гады, суполка не выдала ніводнай кніжкі. Прычын на гэта было дзве. Па-першае, В. Іваноўскі выехаў у Мюнхен - тут у політэхнічным інстытуце ён рыхтаваўся да абароны сваёй доктарскай дысертацыі. Як высветлілася, без яго астатнія сябры праўлення мала што змаглі ажыццявіць. А па-другое, пецярбургская Судовая палата ўвосені 1908 г. выдала загад віленскаму Камітэту па справах публікацыяў (цэнзуры) затрымаць пераважную частку накладу непрададзеных «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» Ф. Багушэвіча і распачаць следства для высвятлення вінаватых у выданні гэтых «нядобранадзейных» твораў. Пагроза канфіскацыі на кароткі час завісла таксама і над «Жалейкай» Я. Купалы (24).

Усе гэтыя падзеі прыгняталі Б. Шыпілу, які, з увагі на сваё службовае становішча, імкнуўся пазбягаць сутыкнення з уладамі. Сядзіба суполкі месцілася ў яго на кватэры, таму ён адчуваў на сабе асаблівую адказнасць за яе дзейнасць, хаця і не быў кіраўніком. Магчыма, Шыпіла здагадаўся аб сувязі Іваноўскага з нелегальным выдавецтвам «Грамада», і гэта толькі ўзмацніла ў ім пачуццё трывогі. Таму, калі 31.12.1908 г. скончыўся тэрмін пагаднення паміж закладчыкамі суполкі, Шыпіла выйшаў з яе праўлення і адначасова даручыў пашукаць іншую кватэру. Падчас адсутнасці Іваноўскага справамі суполкі займаўся яе бухгалтар, Антон Грыневіч, які ў другой палове 1908 г. жыў у памяшканні выдавецтва, г. зн. у Шыпілы (25).

Выйсце з крызіснай сітуацыі праклала новая дамова паміж сябрамі-заснавальнікамі, падпісаная ў Пецярбургу 30.04.1909 г., паводле якой дзейнасць выдавецкага таварыства «Загляне сонца...» была адноўленая. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Шыпіла і Калашэўскі, затое засталіся Вацлаў, Сабіна і Юры Іваноўскія, Сталыгва і Валейка. Апрача таго, з'явіліся новыя сябры: адзін з найстарэйшых беларускіх дзеячоў у Пецярбургу, інжынер-тэхнолаг Антон Трэпка-Нэканда разам з жонкай, Антон Грыневіч і Генрык Ражноўскі. У новым пагадненні пастанаўлялася, што кіраўніком выдавецтва па-ранейшаму застаецца Вацлаў Іваноўскі, а яго брат Юры робіцца адказным рэдактарам. Тут жа падаваўся і новы адрас суполкі, якая з кватэры Шыпілы перамясцілася ў іншае памяшканне па адрасе: Васільеўскі востраў, 6-я лінія, 1, кв. 20 (26).

Многае гаворыць за тое, што другі асабовы склад суполкі падбіраўся галоўным чынам з улікам яе фінансавых патрэбаў. Новыя сябры ўнеслі значныя грашовыя сродкі, старыя, відаць, таксама дадалі сваю долю. Агульная сума складак сяброў-заснавальнікаў, якая з 1906 па 1908 гг. павялічылася толькі з 220 да 315 рублёў, 01.06.1910 г. дасягнула 800 рублёў, сума членскіх узносаў павялічылася да 750 рублёў, а ўсе актывы суполкі склалі цяпер 4070 рублёў (27). Паляпшэнне фінансавых умоваў давала магчымасць шырэй разгарнуць выдавецкую дзейнасць, аднак для ажыццяўлення гэтых намераў трэба было вырашыць кадравае пытанне. Роля Юрыя Іваноўскага на пасадзе адказнага рэдактара з самага пачатку была фіктыўнай, зрэшты, у 1910 г. ён пакінуў Пецярбург і на некалькі год выехаў у Маскву і Кітай. Увосень таго ж самага года, пасля заканчэння Горнага інстытута, з Пецярбурга выехаў Валейка, а неўзабаве следам за ім - Сталыгва (28). Затое выявіў здольнасці А. Грыневіч, які выказаў не толькі творчую зацікаўленасць, але і выдавецкія амбіцыі . Таму Іваноўскі пасяліў яго на новай кватэры выдавецтва і перадаў на лета кіраунічыя абавязкі (30) .

У канцы 1909 г. В. Іваноўскі запрасіў у Пецярбург Купалу, які з восені 1908 г. жыў у Вільні і супрацоўнічаў з рэдакцыяй «Нашай Нівы». Запрашэнне гэтае было як у інтарэсах выдавецтва «Загляне сонца...», так і ў інтарэсах паэта, які атрымліваў магчымасць для паглыблення сваёй адукацыі, творчага развіцця і - самае галоўнае - для непасрэднага ўдзелу ў выданні ўласных новых твораў. 04.12.1909 г. Купала размясціўся на кватэры суполкі на 6-й лініі, дзе на працягу некалькіх месяцаў жыў разам з А. Грыневічам, і толькі ў чэрвені 1910 г. стаў кватарантам Б. Шыпілы (31). Для суполкі Купала аказаўся каштоўным супрацоўнікам, прычым карысць з гэтага супрацоўніцтва была ўзаемная - тут, у Пецярбургу, выйшла шэсць першых кніжак Я. Купалы: «Жалейка», «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця». Гэтае дасягненне выходзіла далёка па-за рамкі асабістых поспехаў - яно стала вехай, мела этапнае значэнне для ўсёй беларускай літаратуры.

У тым, што Антон Грыневіч неспадзявана выйшаў з суполкі «Загляне сонца..» і распачаў у Пецярбургу самастойную выдавецкую дзейнасць, членства Я. Купалы ў рэдакцыі «Загляне сонца...» так сама адыграла немалаважную ролю. С. Александровіч сцвярджаў, што «разрыў» адбыўся ўвесну 1910 г., але не растлумачваў яго прычын. Тым часам гэтае здарэнне выглядае настолькі ж нелагічна, наколькі й цікава: з аднаго боку, удзел А. Грыневіча ў «Загляне сонца...» не перашкаджау, але, наадварот, значна спрыяу ажыццяуленню яго намераў, з другога боку, цяжка дапусціць, што «адлучэнне» Грыневіча было вынікам яго асабістых канфліктаў з В. Іваноўскім.

На маю думку, прычына гэтага дзіўнага адасаблення Грыневіча - у тагачасным становішчы суполкі «Загляне сонца...», і хаця ў ажыццяўленні выдавецкай праграмы яна спазнялася, але да 1910 г. суполка заваявала вялікую папулярнасць і абудзіла ў аўтараў надзею на рэальнае выданне сваіх твораў. Праўда, былі спробы закласці іншыя выдавецкія таварыствы, але яны або правальваліся (таварыства «Мінчук» у Менску, «Палачанін» у Вільні), або траплялі ў ціскі цяжкіх матэрыяльных умоваў і таму мелі невялікія магчымасці («Наша Ніва» ці віленская суполка «Наша Хата»). На гэткім фоне пецярбургская суполка выглядала абяцальна-салідна, таму ёй былі адрасаваныя даволі шматлікія выдавецкія прапановы. На яе разлічвалі не толькі Купала і Грыневіч, але таксама Якуб Колас, Напалеон Чарноцкі, Вацлаў Ластоўскі ды іншыя. Рамуальду Зямкевічу абяцалі выдаць яго гісторыю беларускай літаратуры і слоўнік (32), а іншаму (невядомаму аўтару) - працу пра лубін і сырадэлю (33). У такой сітуацыі зачаканыя аўтары маглі расцаніць выданне за кароткі перыяд шасці кніжак Янкі Купалы як выкарыстанне магчымасцяў суполкі ў асабістых інтарэсах яе супрацоўнікаў. Іваноўскі не жадаў, каб па свеце распаўзліся гэткія чуткі, і таму нават лічыў за лепшае ўласныя працы выдаваць у Вільні ды пад рознымі псеўданімамі (34).

Таму асобнае выдавецтва А. Грыневіча было не канкурэнтным прадпрыемствам, але спецыфічнай формай супрацоўніцтва, разлічанай на павелічэнне выдавецкіх магчымасцяў, якое ў той жа час дазваляла пазбегнуць непажаданых закідаў. Пра гэта асабліва яскрава сведчыць гісторыя выдання Купалавага зборніка вершаў «Гусляр». Спачатку выпуск гэтай кніжкі планавала суполка «Загляне сонца...» - у сярэдзіне 1910 г. яна дала пра гэта абвестку на вокладцы свайго выдання кніжкі В. Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі». Але, перадумаўшы, Іваноўскі даручыў канчатковую рэалізацыю гэтага праекта Грыневічу, і ў выніку пад канец года «Гусляр» выйшаў у яго выдавецтве. Пра добрыя ўзаемадачыненні паміж двума выдавецтвамі сведчыць і той факт, што кніжкі, выпушчаныя Грыневічам, суполка «Загляне сонца...» прымала на свой склад і распаўсюджвала разам з уласнымі выданнямі. Не выключана, што яна паціху пакрывала частку іх выдавецкіх коштаў.

Другі этап дзейнасці суполкі «Загляне сонца...» пачаўся з выпуску ў жніўні-верасні 1909 г. чарговай кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова ў Вільні пад маркай «Загляне сонца...» з'явілася кніжка Дулембы «Як ратаваць уздутую жывёлу» ў перакладзе Іваноўскага (лацінкай і гражданкай), а ў студзені 1910 г. - падручнік Я. Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены супольна з віленскім таварыствам «Наша Хата». У сярэдзіне гэтага ж года выйшлі з друку, аб'яднаныя ў адзін том, два наступныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча - «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з прадмовай В. Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спробаў прадставіць супярэчлівую асобу песняра XIX ст. і ацаніць яго значэнне для беларускай літаратуры. Нарэшце, у лістападзе 1910 г., пасля доўгіх захадаў і грашовых затрат суполкі, пецярбургская Судовая Палата скасавала сваё рашэнне аб канфіскацыі кніжак Ф. Багушэвіча.

У 1910-1911 гг. пецярбургская суполка выпусціла серыю сцэнічных твораў, якая выдавалася літаграфічнай тэхнікай накладам 200 або 400 асобнікаў кожны. Гэта быў адначасова і крок насустрач жаданням нованароджаных аматарскіх тэатральных калектываў, і стымул, і дапамога для гэтага руху. У серыю ўвайшлі наступныя камедыі: «Модны шляхцюк» Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца, 1910), «Сватанне» Антона Чэхава ў перакладзе Напалеона Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910), «Па рэвізіі» (1911) М. Крапіўніцкага, абедзве ў перакладзе Н. Чарноцкага, а таксама «Міхалка» - пераробка польскай камедыі, перапрацаванай, як значылася на тытуле, Далецкімі (1910) (35). Апрача таго, суполка выдала два драматычныя творы Элізы Ажэшка- «У зімовы вечар» (1910) і «Хам» (1912) (першы з іх пераклаў на беларускую мову Вацлаў Ластоўскі), а таксама камедыю Я. Купалы «Паўлінка».

У 1911 г. выйшлі ў свет яшчэ два выданні: невялічкае апавяданне Новіча «У дому лепей» і даволі ёмісты дапаможнік для пчаляроў Генрыка Бярозкі «Пчаліна - жывёлка малая, а карысці дае многа». Пад псеўданімам «Бярозка» выступаў ксёндз Бета - прафесар духоўнай семінарыі ў Сейнах (36).

Такім чынам, пасля колькімесячнага застою, з вясны 1909 г. справы суполкі пайшлі ўгару. Павялічылася колькасць не толькі выдаваных, але і купленых кніжак, іх продаж нарэшце пачаў прыносіць прыбытак. Гэта дазволіла павялічыць актывы суполкі. Калі 01.06.1910 г. яны складалі 4 070 рублёў, дык за наступныя 15 з паловай месяцаў павялічыліся амаль на 50% і 15.09.1911 г. былі роўныя 6 000 рублёў. Асабліва за гэты час вырасла доля сяброў - заснавальнікаў, яна дасягнула лічбы 150 рублёў (37). Такая моцная фінансавая пазіцыя дазваляла выдавецтву не толькі пакрываць уласныя кошты (друк, утрыманне кватэры, складу, рэклама ды інш.), але і часткова фінансаваць выданне календара «Нашай Нівы» на 1911 г. (38) 3 гэтага гледзішча, суполка «Загляне сонца...» не мела аналагаў сярод тагачасных выдавецкіх арганізацыяў. Таму цяжка пагадзіцца з ацэнкай Р. Семашкевіча, што яна была вельмі беднай (39).

Паспяховая і рацыянальная дзейнасць В. Іваноўскага стварыла яшчэ і іншыя, менш вымяральныя каштоўнасці - яна спрыяла папулярызацыі беларускай літаратуры і абуджала творчую актыўнасць маладых паэтаў і празаікаў. У 1911 г. у рэдакцыйным партфелі выдавецтва чакалі выхаду ў свет не толькі чарговыя творы Цёткі, Купалы і Коласа, але і шматлікіх новых аўтараў. Усё гэта паўплывала на пазіцыю Б. Шыпілы, які аднавіў сваё супрацоўніцтва з суполкай, праўда, пакуль што неафіцыйна. Таму, падводзячы вынік у фінансавай справаздачы на 15.10.1911 г., суполка не без гонару за свае дасягненні магла зазначыць: «Пасылаючы гэты наш атчот вельміпаважаным нашым Сябруком, Супольніком і Дабрадзеём - урад Суполкі ад усяго сэрца дзякуе за прыхільные рады, працу і помач Суполцэ і з ясным вокам паглядае на прышласць, веруючы, што і далей не будзець недастатку ў чыстых, шчырых і прыязных беларускіх сэрцах» (40).

Гэтую святлейшую прышласць кіраўніцтва суполкі бачыла не толькі ў пашырэнні кнігавыдаўніцтва, але і ў стварэнні першага беларускага часопіса. 1 сапраўды, перш чым увесну 1912 г. у Вільні выйшаў земляробчы месячнік «Саха», адзіным беларускім перыядычным выданнем была «Наша Ніва», якая з гэтай прычыны займалася ўсімі галінамі жыцця - ад высокай палітыкі да сельскагаспадарчых парадаў, бо павінна была ўлічваць зацікаўленні розных чытацкіх катэгорыяў. Пецярбургская суполка, што праўда, прызнавала мэтазгоднасць выдання спецыяльнага месячніка для інтэлігенцыі, але рэальна ацэньвала ўсё яшчэ недастатковыя магчымасці публіцыстаў і пакуль ні на што не наважвалася. Замест месячніка напрыканцы 1911 г. пачалі рыхтаваць працяглы альманах пад назвай «Маладая Беларусь». Ён не меў акрэсленай перыядычнасці і выходзіў прыкладна раз на паўгоддзе. Нягледзячы на гэта, «Маладая Беларусь» меларысы часопіса, на што ўказваюць: нумарацыя, расклад матэрыялу, рэцэнзіі, аб'явы, бягучыя паведамленні ды іншае. Усяго было выдадзена тры сшыткі, першы з якіх выйшаў у траўні 1912г.,адва наступныя - напрыканцы 1912 і ў сярэдзіне 1913 г. Кожны з іх налічваў недзе каля 160 старонак буйнога фармату.

Тэматычны профіль альманаха «Маладая Беларусь» павінен быў уключаць тры наступныя раздзелы: актуальныя праблемы грамадскага жыцця ў Беларусі, а таксама аддзелы прыгожага пісьменства і мастацтва. Але на практыцы пераважалі літаратурныя творы Купалы, Коласа, Цёткі, Бядулі, Гартнага, Гурло, Чарнышэвіча, Буйлянкі, Новіча, Журбы і Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі, галоўным чынам, працы А. Навіны (Антона Луцкевіча), адну з якіх - «На дарозе да новага жыцця» - суполка выдала асобнай брашурай. На старонках «Маладой Беларусі» выступіў таксама прафесар А. Пагодзін з артыкулам, прысвечаным беларускай моладзі, а А. Янулайціс змясціў працу пра паэта XIX ст. з Крошына Паўлюка Багрыма.

Апрача выдавецкай дзейнасці, вялікую ўвагу В. Іваноўскі надаваў працы з беларускай студэнцкай моладдзю, якая пасля рэвалюцыі 1905 г. усё часцей трапляла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Пецярбурга. Спачатку маладыя беларусы гуртаваліся вакол суполкі «Загляне сонца...», якая была для іх першай школай нацыянальнай грамадскай і культурнай працы. На частых сходах, г. зв. суботніках, на кватэры Іваноўскага і Эпімаха-Шыпілы моладзь натхнялі на вывучэнне роднай гісторыі, мовазнаўства, літаратуры ды іншых галін беларусазнаўства. На гэтых суботніках нараджаліся праекты культурна-асветніцкіх імпрэзаў і сяброўскай грашовай самадапамогі, якія ажыццяўляліся пад непасрэдным кіраўніцтвам вядомага маладзёвага дзеяча, студэнта універсітэта Яўгена Хлябцэвіча (41). Гэтак пад апекай Іваноўскага і Шыпілы вырасла ў Пецярбургу першае пакаленне народнай інтэлігенцыі - Маладая Беларусь, якая дала сваё імя ўжо згаданаму альманаху.

Кульмінацыяй гэтай выхаваўчай працы стаў Беларускі навукова-літаратурны гурток, створаны ў студзені 1912 г. пры Пецярбургскім універсітэце. Ён прынцыпова адрозніваўся ад папярэдніх арганізацыяў, якія паўставалі на працягу ранейшага дзесяцігоддзя, бо ўпершыню атрымаў легальны статус, а сябрамі яго была пераважна моладзь сялянскага паходжання. І хаця гэта быў універсітэцкі гурток, удзельнічалі ў ім і студэнты з іншых навучальных установаў Пецярбурга. На ўрачыстым адкрыццёвым сходзе Іваноўскі ў сваёй прамове вітаў стварэнне гуртка як нараджэнне Маладой Беларусі і акрэсліў важныя задачы, якія стаялі перад ім у галіне вывучэння духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа (42). І хаця галоўнай мэтай гуртка была найперш падрыхтоўка моладзі да вялікіх здзяйсненняў у справе беларускага нацыянальнага адраджэння, універсітэцкія ўлады з гэтым мірыліся. Вось што пісаў пра гэта прафесар А. Пагодзін у лісце да гурткоўцаў: «Вашыя стараньні па ўзьняцьці нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў абуджаюць самую гарачую маю сымпатыю... Над гэтым трэба працаваць, бо разьвіцьцё культуры народа немагчыма без усьведамленьня сваёй нацыянальнай тоеснасьці... Вітаю працу беларускай моладзі, скіраваную да нацыянальнай прасьветы беларускага народа... Дзеля гэтае ідэі варта жыць!» (43) .

У афіцыйнай справаздачы пра дзейнасць гуртка значылася, што яго ініцыятарам быў студэнт Хлябцэвіч. Да беларускага руху ён далучыўся ўжо даўно, нешта каля 1905 г., калі вучыўся ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, прычым прывёў з сабой яшчэ некалькі калегаў-семінарыстаў. Да такога рашэння ён прыйшоў пад уплывам Іваноўскага, які разлічваў на нацыянальную актывізацыю маладога праваслаўнага святарства (44). Аднак Хлябцэвіч адмовіўся ад духоўнай кар'еры і на пачатку 1907 г. паступіў у Пецярбургскі універсітэт, дзе на працягу шасці гадоў быў блізкім супрацоўнікам Іваноўскага. Таму ён дакладна ведаў пра вырашальную ролю Іваноўскага ў стварэнні Беларускага Навукова-Літаратурнага Гуртка і яго сталы клопат пра матэрыяльныя патрэбы студэнтаў, для якіх ён арганізоўваў дабрачынныя акцыі ды іншыя прыбытковыя мерапрыемствы (45).

Такім чынам, за сваю больш як дзесяцігадовую дзейнасць у Пецярбургу Іваноўскі паклаў нямала сілаў на карысць беларускага нацыянальнага адраджэння. У прыватнасці, ён узняў на нечуваны ўзровень выдаўніцтва і такім чынам стымуляваў развіццё новай беларускай літаратуры, заўважыў і падтрымаў талент найвялікшага паэта Беларусі, прарока нацыянальнага адраджэння Янкі Купалы, нарэшце, паклаў пачатак гадаванню нацыянальных кадраў - вучоных, палітычных і культурных дзеячоў, скіроўваў іх зацікаўленні ў рэчышча інтарэсаў нацыянальнага адраджэння. Таму невыпадкова Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі В. Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі - як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной (46).

Адзначым у гэтым месцы наступнае здарэнне: увосені 1908 г. у Пецярбургскі універсітэт паступіў выпускнік слуцкай гімназіі Радаслаў Астроўскі. У будучыні ён адыграе адметную ролю на беларускай палітычнай сцэне і стане галоўным віноўнікам трагедыі Іваноўскага. Але на той час, да лютага 1911 г., ён вучыўся ў Пецярбургу, трымаўся ўбаку і намагаўся крочыць сваёй уласнай дарогай, прымаючы ўдзел у зямляцтве слуцкіх студэнтаў (47).

Добрых вынікаў дасягнуў Іваноўскі і ў навуцы. Пасля таго, як у 1909 г. ён атрымаў у Мюнхенскім політэхнічным інстытуце ступень доктара тэхнічных навук, Іваноўскі заняў месца дацэнта ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце і тут спецыялізаваўся ў галіне ферментацыі харчовых прадуктаў. Яго запрасілі выкладаць ферменталогію на Вышэйшых жаночых політэхнічных курсах (у г. зв. жаночай політэхніцы) у Пецярбургу, апрача таго, Іваноўскі працаваў яшчэ ў Міністэрстве земляробства старэйшым кансультантам па справах перапрацоўкі садавіны і гародніны. Вынікі сваіх доследаў ён змяшчаў
звычайна ў «Известиях Технологического института» (1908-1913) і «Известиях Российского общества винокуренных заводов» (1909). У 1914 г. выйшла яго першая кніжка «Испытание овощных и плодовых сушнлок», выдадзеная на сродкі Міністэрства земляробства.

У параўнанні з поспехамі ў арганізацыйнай і навуковай галіне літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Іваноўскага выглядае досыць сціпла, але варта і на ёй засяродзіць увагу. Ён быў сталым супрацоўнікам віленскіх беларускіх газет «Наша Доля» і «Наша Ніва», тут пад псеўданімамі «Вацюк Тройца», «Антось Асіна» ды інш. публікаваліся яго разнастайныя допісы і агратэхнічныя парады. Супрацоўнічаў ён і з папулярным земляробчым часопісам «Саха», які выдаваў Аляксандр Уласаў; Іваноўскі намовіў да публікацыяў сваю сястру Галену - яна была спецыялісткай у конегадоўлі.

Толькі аднойчы В. Іваноўскі адважыўся выступіць на паэтычнай арэне - у «Нашай Ніве» быў змешчаны яго пераклад верша Казіміра Тэтмаера «Вада» з яскрава рэвалюцыйным настроем (48). Затое вялікім поспехам карысталася яго камедыя са шляхецкага жыцця «Міхалка», пасля першай публікацыі 1911 г. у Пецярбургу яна вытрымала некалькі перавыданняў, апошняе выйшла ў 1957 г. у Беластоку (49). Іваноўскі ўвёў у яе і асабісты матыў з нявестай, на 2-3 гады старэйшай за жаніха (у камедыі - Адэля, панна на выданні). Некаторыя тыпажы, падгледжаныя ваўласным асяроддзі, ён пераказаў іншым аўтарам. Адным з такіх стаў шляхціц Быкоўскі з Купалаўскай «Паўлінкі» - яго прататыпам быў продак Іваноўскага, уладар Лябёдкі Рыла-Быкоўскі. Меў літаратуразнаўчую вартасць і апублікаваны ў 1910 г. артыкул пра жыццё і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго станоўча ацэньваюць і сучасныя даследчыкі (50).

Дзякуючы волі і мэтанакіраванай дзейнасці Іваноўскага, пецярбургскі асяродак, бясспрэчна, утрымліваў першынство ў маштабе ўсяго беларускага руху. Але гэта было непажаданае і ненармальнае становішча, таму што будучыня руху залежала ад яго актыўнасці ў Беларусі, а не ў далёкай расейскай сталіцы. І хаця справы суполкі ішлі штораз лепей, выхаваўчая праца сярод моладзі падавалася абяцальнай, а навуковая кар'ера складвалася ўдала, Іваноўскі ў чэрвені 1913 г. развітаўся з Пецярбургам і пераехаў у Вільню. Разам з ім перабраўся і яго найбліжэйшы супрацоўнік Купала. Такое рашэнне дыктавалі інтарэсы руху: неабходна было сканцэнтраваць творчыя сілы ў Вільні і развіваць дзейнасць непасрэдна ў краі. Але перш чым адбыўся іх выезд, суполка выдала ў Пецярбургу лепшы зборнік Купалы - «Шляхам жыцця» (51).

Першапачатковых задач, якія Іваноўскі марыў вырашыць у Вільні, было дзве: павялічыць выдаўніцтва і распачаць земляробчую асвету на вёсцы. У вялікай ступені дзве гэтыя задачы сутыкаліся і адна адну дапаўнялі: асветніцкая дзейнасць адкрыла б шырэйшы доступ вясковаму чытачу да беларускай кніжкі. Таму невыпадкова па прыездзе ў Вільню Іваноўскі ўладкаваўся ў Земляробчым таварыстве на пасадзе кіраўніка яго складу, што размяшчаўся па вуліцы Завальнай, 9 (52) . Цяпер гэта быў яго новы штаб.

Да гэтага часу беларускім кнігавыдаўніцтвам у Вільні займалася, галоўным чынам, рэдакцыя «Нашай Нівы». 3 1907 па 1912 гг. яна выдала 31 кніжку, прычым 12 з іх у дубль-варыянце - лацінкай. Калі не лічыць арыгінальных кніжных календароў, гэта былі пераважна збрашураваныя адбіткі твораў, папярэдне надрукаваных у газеце. Для рэдакцыі гэта была пабочная і клапатлівая справа, таму, паводле яе ініцыятывы, у 1909 г. была заснаваная асобная выдавецкая суполка «Наша Хата». Аднак, выдаўшы некалькі кніжак, яна ў 1911 г. перапыніла сваю дзейнасць. Няўдачай скончылася і спроба стварыць у 1910 г. суполку «Палачанін» - ужо ў наступным годзе яна распалася. Таму патрэба ў стварэнні спецыялізаванага выдавецтва адчувалася востра і пільна, і дзеячы «Нашай Нівы» ахвотна адгукнуліся на прапанову Іваноўскага, каб засяродзіць выдавецкую дзейнасць пад яго кіраўніцтвам.

Гэткім шляхам 01.07.1913 г. у Вільні было закладзенае Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ). Старшынёй яго стаў Іваноўскі, а сакратаром - Купала. У ліпені-жніўні яно змяшчалася пры Жандармскім завулку, 1 (пазней - вуліца Ягелонская), дзе Вацлаў часова прыпыніўся пасля прыезду з Пецярбурга (53). У верасні БВТ пераехала на новую кватэру Вацлава па вуліцы Каштанавай, 5, дзе некалькі месяцаў пражыў таксама і Янка Купала (54). Апрача памяшкання, Іваноўскі прадставіў суполцы і значныя грашовыя сродкі, якія перанёс з пецярбургскай суполкі. Гэта дапамагло стварыць добры матэрыяльны грунт - ужо праз месяц пасля заснавання БВТ было ў стане выдаць 3000 рублёў на закуп усіх выдадзеных «Нашай Нівай» кніжак і календароў, якія заставаліся на складзе, а таксама і матэрыялы да календара на 1914 г.(55). Істотнае значэнне мелі для выдавецтва і грашовыя субсідыі ад Магдалены Радзівіл.

Пры такім стане Беларускае Выдавецкае Таварыства магло працаваць паводле ўласных, добра спланаваных задум. Першым важным крокам было стварэнне спецыяльнага цэнтра распаўсюду кніжак, што дазваляла выдавецтву абмежавацца толькі ўласцівымі яму функцыямі. Гэтым цэнтрам стала заснаваная ў жніўні 1913 г. пры ўдзеле БВТ віленская беларуская кнігарня Вацлава Ластоўскага. Адзначым, што змяшчалася яна па вуліцы Завальнай, 7, г. зн. па суседстве з Земляробчым Таварыствам, дзе працаваў Вацлаў Іваноўскі, з якім супрацоўнічаў Вацлаў Ластоўскі (56). Гэта спрыяла прапагандзе беларускай кніжкі сярод кліентаў, што наведвалі склад Земляробчага Таварыства. Як паведамляў Ластоўскі, у кастрычніку і лістападзе 1913 г. продаж кніжак прынёс амаль 500 рублёў, прычым з 215 заказаў на паштовую перасылку 212 было зроблена сялянамі. «Нас гэта дужа цешыць, - адзначаў Ластоўскі, - бо гэта азначае, што рух пайшоў у патрэбным напрамку» (57).

Ужо ў сярэдзіне жніўня 1913 г. у «Нашай Ніве» з'явілася характэрная аб'ява БВТ, якая пасля не раз будзе сустракацца на вокладках выдаваных ім кніжак. У ёй прапаноўвалася заняцца апрацоўкай кніжак у такой паслядоўнасці: пераклад усяго Святога Пісання, гісто рыі Старога і Новага Запавету для школ, кніжкі для набажэнства, Евангеллі на нядзелі і святы, гісторыя царквы для школ, беларуская граматыка, геаграфія, слоўнікі, арыфметыка ды іншыя школьныя падручнікі, а таксама папулярныя кніжкі па земляробстве. Несумненна, такое значнае месца рэлігійнай літаратуры адводзілася згодна з патрабаваннямі княгіні Радзівіл, якая шчодра падтрымлівала беларускі каталіцкі рух і між іншым ахвяравала каштоўнасці на пабудову беларускай духоўнай семінарыі.

БВТ, напэўна, было не супраць выдання рэлігійнай літаратуры, аднак надавала галоўную ўвагу прыгожаму пісьменству, календарам і школьным падручнікам. Таму даводзілася лавіраваць паміж жаданнямі княгіні і грамадскімі патрэбамі. За кароткі перыяд да выбуху Першай сусветнай вайны яно паспела выдаць пад сваёй маркай 14 кніжак досыць значнага аб'ёму і, апрача таго, прыняло ўдзел у некаторых выданнях, дзе назва выдавецтва не пазначалася. Сярод іх да рэлігійнай літаратуры належала толькі адна «Кантычка». Каб улагодзіць Радзівіл, на пяці з выпушчаных кніжак быў змешчаны яе радавы герб: лебедзь на хвалях (58). Гэты герб стаяў і на зборніку Максіма Багдановіча «Вянок», які выдалі ў канцы 1913 г. Вацлаў Іваноўскі і Ян Луцкевіч (59) . Трэба адзначыць, што БВТ было адзіным беларускім выдавецтвам, якое перад Першай сусветнай вайной выплачвала аўтарскія ганарары (60). Гэта надавала яму прэстыж і прываблівала супрацоўнікаў. Да таго ж пачалася распрацоўка школьных падручнікаў, што дазволіла выдаць іх за кароткі тэрмін падчас нямецкай акупацыі.

Пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага створаная ім суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу і Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні за 1906-1915 гг. выпусцілі агульным лікам 52 кніжкі накладам каля 150 тысяч асобнікаў (61). Аднак фактычны плён яго ініцыятываў быў бы большы: сюды неабходна прыплюсаваць вынікі працы фармальна адасобленых выдавецтваў «Грамада» і А. Грыневіча ў Пецярбургу. Апроч гэтага, ён намовіў фірму «Альфа Нобель» і Агранамічнае Бюро ў Вільні да выдання некалькіх кніжак на беларускай мове, нарэшце, некалькі ўласных апрацовак выдаў пад маркай «Нашай Нівы». Такім чынам, канчатковы вынік выдавецкай дзейнасці Іваноўскага за 1906-1915 гг. дасягае нешта каля 80 кніжак, наклад якіх даходзіў да 220 тысяч асобнікаў. Гэта складала амаль палову ад усіх выдадзеных на той час беларускіх кніжак і больш як 60% ад іх накладу.

Іваноўскі як піянер беларускага выдавецкага руху адыграў выдатную ролю, пра гэта сведчаць і якасныя паказчыкі яго працы. Ён вярнуў з забыцця лепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., даў беларускаму чытачу шэраг перакладаў з польскай, украінскай і расейскай літаратуры, падтрымліваў творчасць сучасных паэтаў і празаікаў, садзейнічаў нараджэнню і развіццю новай беларускай літаратуры. Выдадзеныя ім падручнікі на цэлае дзесяцігоддзе апярэдзілі з'яўленне публічных беларускіх школ, а серыя драматургічных твораў дапамагла станаўленню аматарскіх тэатральных труп. Дзякуючы яго намаганням беларускі земляроб упершыню атрымаў сельскагаспадарчую літаратуру на роднай мове. Шмат зрабіў Іваноўскі і для распаўсюду кнігі: нарэшце яна пачала з'яўляцца ў кнігарнях як беларуская кніжка, а не як мясцовы фальклор у расейскай вокладцы.

На шляху да ажыццяўлення пастаўленых мэтаў Іваноўскі пазбягаў танных лозунгаў і эфектных пастулатаў, замяніў іх вялікім уласным напружаннем волі і розуму. Так ён станавіўся прыкладам для іншых, прыцягваў да сябе прыхільнікаў, вучыў іх супольнай працы, хоць і не вымагаў ад іх болей, чым яны маглі даць. Імкнуўся памножыць рэальныя вынікі гэтак важнай для Адраджэння Беларусі сваёй дзейнасці, але не дбаў пра самарэкламу і асабістую папулярнасць, нярэдка замест сябе вылучаў на першы план паплечнікаў. Гэта дазваляла пазбегнуць канфліктных сітуацыяў, але менавіта таму сёння мы ведаем значна больш пра вынікі яго працы, чым пра самога яе творцу.

Іваноўскі здолеў стварыць спрыяльную атмасферу для сваёй дзейнасці і сярод сямейнікаў. Яму дапамагалі жонка і браты Юры і Станіслаў. Іх польскае самаакрэсленне пры гэтым не стварала перашкоды. Сястра Галена не толькі пісала гаспадарчыя парады для земляробаў па-беларуску, але ў 1914 г., карыстаючыся са сваіх знаёмстваў, завязаных падчас вучобы ў Кембрыджы, змясціла ў лонданскім часопісе « Folk-Lore» тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларуссю і яе праблемамі. Упершыню ў ангельскай тэрміналогіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «WhiteRuthenia» замест «WiteRussia». Новы назоў дапаўняўся знамянальным тлумачэннем: « No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply tha the was Russian » (62). («Ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён - расеец» - анг.). Можна дапусціць, што ў гэтай справе не абышлося без удзелу Вацлава, асабліва пры апрацоўцы інфармацыйнай прадмовы. Яшчэ адным прыхільнікам беларускай справы ў іх сямейным коле стала швагерка Марыя, музыказнаўца, жонка літоўскага дзеяча Яна Кіманта (Кімантаса), якая ў 1914-1918 гг. кіравала беларускім хорам у Вільні (63).

Дзейнасць Іваноўскага пасля рэвалюцыі 1905 г. праходзіла пад сімвалічным дэвізам пецярбургскай выдавецкай суполкі, у перакананні, што сонца загляне нарэшце і ў вокны беларускіх хат. Гэта быў адцягнены лозунг, і кожны з чытачоў выдаваных кніжак мог разумець яго па-свойму. У тагачасных публікацыях Іваноўскага мы не знойдзем спробаў сфармуляваць спецыфічныя лозунгі або палітычныя праграмы - іх замяніла канкрэтная стваральная праца, якая сама па сабе несла акрэслены палітычны сэнс, бо ўвесь час спараджала новыя каштоўнасці, якія стымулявалі працэс нацыянальнага адраджэння. І таму вынікі гэтай яго працы з ухвалай сустракалі ўсе прыхільнікі беларускага Рэнесансу, без увагі на іх палітычныя погляды. Не ставілі іх пад сумнеў і пазнейшыя крытыкі беларускага нацыянальнага руху.

Гэты рух, які перад Першай сусветнай вайной развіваўся амаль выключна ў галіне культуры (кніжкі, часопісы, культурна-асветніцкія і рэлігійна-каталіцкія арганізацыі), крочыў наперад і ўплываў на пашырэнне нацыянальнай свядомасці, а гэта штораз больш непакоіла ідэолагаў «адзінай і непадзельнай» Расеі, якія бачылі ў ім пагрозу сепаратызму. У прыватнасці, актывізаваліся прыхільнікі гэтак званага «западнорусснзма», але ім не ўдалося стварыць паслядоўнай ідэалогіі, якую можна было б супрацьпаставіць ідэям беларускага нацыянальнага адраджэння. Затое расейскі ўрад трымаўся ліберальнай палітыкі і не мяшаўся ў барацьбу двух варожых напрамкаў - беларускага і «западнорусского». Гэта стварала адпаведныя ўмовы для сумленнай канкурэнцыі, і прыхільнікі нацыянальнай ідэі, якія маглі разлічваць толькі на ўласныя сілы, са спадзяваннем разбіць «западноруссизм» і дабіцца ад ураду афіцыйнага прызнання беларускай нацыі і мовы пераходзілі ў контрнаступ (64).

У барацьбе з «западнорусснзмом» беларускі бок заваёўваў сімпатыю і падтрымку польскага грамадства. Пра гэта сведчаць шматлікія публікацыі перадваеннага часу, прысвечаныя разнастайным аспектам беларускага руху, які трактаваўся як натуральны саюзнік на шляху да незалежнасці (65). У 1910 г. Чэслаў Янкоўскі, хаця і бачыў слабасць беларускай інтэлігенцыі ды абыякавасць народных мас, але лічыў, што, нягледзячы на русіфікацыю і апаплячванне, самы вялікі шанц на здабыццё сімпатыі гэтых мас - за беларускай нацыянальнай справай. «Шмат людзей уплыве з яе рук на ўсход і на захад, - пісаў Янкоўскі, - але і тое, што застанецца, можа з цягам часу скласці цалкам значны народ» (66). З'яўленне такіх ацэнак праз некалькі год пасля выдання лемантара адлюстроўвала імклівы прагрэс нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў за той нядоўгі час, што папярэднічаў Першай сусветнай вайне. Нарэшце «з нічога» пачало нараджацца «нешта».

  1. AGAD, zesp. Prozorowi Jelskich, 140-1, k. 151-152.
  2. Там сама. К. 147.
  3. Паведамленне С. Дабрынскай ад 12.05.1984 г.
  4. Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 163.
  5. AGAD, zesp. Prozorowi Jelskich, 140- 2.
  6. Там сама.
  7. Wojnilowicz E. Wspomnienia 1847-1928. Czesc pierwsza. Wilno, 1931. S. 210-211.
  8. AGAD, zesp. Prozorow i Jelskich, 1402.
  9. ЦДА ЛіМ, Менск, ф. 3, спр. 37, арк. 3. Дамова сяброў-заснавальнікаў.
  10. У літаратуры часам выказваюцца на гэты конт іншыя меркаванні, таму варта адзначыць, што Цётка - актыўная ўдзельніца ўсіх гэтых арганізацыяў - падчас свайго жыцця ў Пецярбургу ўвогуле не ведала Б. Шыпілы. Пра гэта адкрыта сведчыць яе ліст да Б. Эпімаха-Шыпілы ад 28.06.1906 г., які ў поўным выглядзе апублікавала Ю. Бібіла, гл.: Матар'ялы да біографіі Цёткі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук ІБК. Кн. 2. Праца клясы філялёгіі. Т. 1. Мн., 1928. С. 296.
  11. Асабліва характэрна гэта было для ролі, якую адыгрываў Ю. Іваноўскі, які лічыў сябе за паляка, што ніякім чынам не перашкаджала яму падтрымліваць нацыянальныя ініцыятывы Вацлава. Верагодна, Іваноўскія поўнасцю альбо часткова прафінансавалі ўзнос за Валейку - небагатага студэнта і суседа. Такім чынам, Вацлаў распараджаўся бальшынёй галасоў ва ўправе суполкі, якую часам называлі «інтэрасам Іваноўскіх» (Вацлаў + Сабіна + Юры + Валейка).
  12. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 170-172.
  13. Ліст без даты. Штэмпель пецярбургскай пошты на канверце сведчыць, што адпраўлены ён быў 17.06.1906 r. - AGAD, zesp. Prozorow i Jelskich, 1402.
  14. Сярод гэтых падручнікаў толькі лемантар быў выдадзены ананімна, паколькі з'яўляўся частковым перакладам польскага лемантара Промыка, а часткова - арыгінальнай распрацоўкай В. Іваноўскага. Другі яго варыянт (гражданка) перапісаў К. Кастравіцкі, аднак без яго згоды быў грунтоўна перапраўлены В. Іваноўскім. Пры гэтым выдавецтва не магло назваць імя Кастравіцкага, таму дзеля раўнавагі лацінскі варыянт застаўся таксама ананімны.
  15. Elementarz bialoruski // Kurjer Litewski. 25.07.1906.
  16. Там сама.
  17. Окраины России. 24-31.12.1906. С. 741.
  18. Русь. 05.11.1907 (приложенне).
  19. Навіна А. Адбітае жыцьцё. Вільня, 1929. С. 43.
  20. Пуцявінамі Янкі Купалы. Дакументы і матэрыялы. Мн., 1981. С. 55.
  21. Наша Ніва. 24.11.1906.
  22. Полымя. 1929. Сакавік. С. 86.
  23. Наша Ніва. 11.03.1908.
  24. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. С. 177; Пуцявінамі Янкі Купалы... С. 59-69.
  25. Весь Петербург на 1909 г.
  26. Наша Ніва.22.10.1909.
  27. Маладая Беларусь. 1912. Сш. 1. С. 153; Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. С.178.
  28. Як сведчаць асабістыя дакументы В. Валейкі, якія знаходзяцца ў валоданні сям'і ў Варшаве, 15.11.1910г.ён распачаў працу ў Шчарбінаўскай шахце ў Данбасе як горны інжынер. Паводле інфармацыі Людвікі Войцік з Вільні, Сталыгва ўжо ў 1912 г. жыў у Варшаве і належаў да мясцовага Беларускага Гуртка.
  29. Гэта былі досыць нетрадыцыйныя амбіцыі. Пра тое сведчыць выдадзеная ў 1909 г. у Вільні кніжка А. Грыневіча «Як бараніцца ад халеры», якая налічвала ўсяго... 2 старонкі.
  30. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. С. 179; Весь Петербург на 1910 г.
  31. Пра тое, што пасля прыезду ў Пецярбург Я. Купала пасяліўся ў памяшканні суполкі, сведчаць даты рэгістрацыі ў яго асабістым пасведчанні, апублікаваныя ў кн. «Пуцявінамі Янкі Купалы...», с. 48-49. Аднак гэты факт ігнаруюць многія беларускія аўтары. Пра запрашэнне Купалы В. Іваноўскім гл. ліст У. Самойлы да Б. Шыпілы ад 02.12.1909 г.-тамсама,с. 53,атаксамапаведамленнеФ.Умястоўскага (Беларускі Дзень. 1928. С. 7).
  32. Ліст Р. Зямкевіча да А. Ельскага ад 21.03.1909, AGAD, zesp. Prozorow i Jelskich, 1402.
  33. Orzeszko E. Cham (muzyk). Petersburg, 1912. Інфармацыя суполкі на вокладцы.
  34. Гэта былі: арыгінальная распрацоўка В. Іваноўскага, выдадзеная пад яго псеўданімам Вацюк Тройца, «Cukier. Z hutarak z Dziedzkam Symonam». Wilnia, 1908; а таксама яго пераклады папулярных брашур А. Семпалоўскага « Hutarki ab haspadarcy» і К. Дулембы «Jak ratawac uzdutuju zywiolu», абедзве выйшлі ў Вільні ў 1909 г. пад перакладчыцкімі псеўданімамі «Антось Асіна» і «Антось Хатні». Усе тры працы папярэдне друкаваліся ў «Нашай Ніве».
  35. Далецкія - гэта быў псеўданім В. Іваноўскага, гл.: Seduro V. The Byelorussian Theater and Drama. New York, 1955. P. 153.
  36. Станкевіч Я. 3 гісторыі Беларусі. Мюнхен, 1958. С. 71.
  37. Маладая Беларусь. 1912. Сш. 1. С. 153.
  38. Там сама.
  39. Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. Мн., 1971. С. 118.
  40. Маладая Беларусь. С. 155.
  41. Навіна А. (Луцкевіч А.) Роля моладзі ў пачатках адраджэнскага руху // Родныя Гоні. 1927.№5;ягож: Адбітае жыцьцё. Вільня, 1929. С.44. Прасуботнікіў В. Іваноўскага і Б. Шыпілы пісаў таксама Б. Тарашкевіч у сваёй аўтабіяграфіі ў 1933 г.
  42. Отчет о состояннн н деятельностн нмператорскаго С-Петербургского университета за 1912 г. СПб., 1913, прнложенне. С. 11.
  43. Наша Ніва. 02.08.1913.
  44. Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў... С. 11.
  45. Отчет о состоянии и деятельности императорскаго С-Петербургского университета за 1913 г. СПб., 1914. С. 369.
  46. Там сама; Тарашкевіч Б. Аўтабіяграфія за 1933 г.; Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1921. С. 205.
  47. Kalush V. In the service ofthe people for a free Byelorussia. London, 1964. P. 15-17.
  48. Наша Ніва. 23.03.1907.
  49. Зборнік сцэнічных твораў. Беласток, 1957. С. 34.
  50. Семашкевіч Р... С. 114.
  51. Пецярбургская суполка па-ранейшаму існавала, але была няздольная да выніковай працы і займалася завяршэннем ранейшай выдавецкай праграмы. У 1913-1914 гг. яна выдала некалькі найменняў, бальшыню з якіх склалі выпушчаныя асобнымі кніжкамі творы, што раней публікаваліся ў альманасе «Маладая Беларусь».
  52. Вся Вильна на 1915 год. Вильно, 1915. Гл. VI. С. 57.
  53. Наша Ніва. 16.08.1913.
  54. Пуцявінамі Янкі Купалы... С. 81.
  55. Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць... С. 199.
  56. Наша Ніва. 12.09.1913; Вся Вильна на 1915 год... Гл. IV. С. 57.
  57. Ліст Вацлава Ластоўскага да Людвікі Сівіцкай ад 01.12.1913 г. Асабісты архіў Людвікі Войцік у Вільні.
  58. Гэта былі выдадзеныя ў 1914 г. кн.: «Родныя Зьявы» Я. Коласа, «Рунь» М. Гарэцкага, «Курганная Кветка» К. Буйло, «Якім Бяздольны» Беларуса і «Васількі» Ядвігіна Ш.
  59. Ластоўскі В. Мае ўспаміны аб М. Багдановічы // Крывіч. 1926. № 1/11. С. 66.
  60. Александровіч С. Пуцявіны... С. 147.
  61. Там сама.
  62. Iwanowska H., Onslow H. Some hite Rutheniam Folk-Songs // Folk-Lore. 1914. P. 92.
  63. ЯнушкевічЯ. Марыя Ячыноўская-Кімонт//ЛіМ. 27.06.1986.
  64. ЦьвікевічА. «Западно-русснзм»... С. 328-330.
  65. Гэтай праблематыкай займаліся асабліва «Przeglad Wilenski», «Litwa», «Kurjer Litewski», «Kraj», «Tygodnik Ilustrowany)) (1912, Ns. 37-38), «Swiat Slowianski)) (1912,1.1), «Litwa i Rus» (1913, JNo 6).
  66. Jankowski C. Kwestia Bialoruska // Kurjer Warszawski. 24-25. 07.1910.

З РАСЕЯЙ ЦІ 3 ПОЛЬШЧАЙ?

Першая сусветная вайна разбурыла даўні, усталяваны XIX стагоддзем геапалітычны ўклад у Цэнтральна-Усходняй Еўропе і адкрыла для народаў гэтай часткі кантыненту надзею на атрыманне ўласнай дзяржаўнасці. Палітыкі - сыны паняволеных царызмам народаў - разумелі, што дабіцца незалежнасці адно толькі ўласнымі сіламі яны не здолеюць, таму рабілі стаўку на падтрымку вялікіх дзяржаваў, у залежнасці ад іх ваеннай магутнасці ды здольнасці ўплываць на будаўніцтва пасляваеннага ладу ў Еўропе.

У палітычнай стратэгіі маладога беларускага нацыянальнага руху пераважала прарасейская арыентацыя. Прычынай тут былі як эканамічныя сувязі з Расеяй, так і агульнае веравызнанне - нагадаем, што на парозе XX ст. праваслаўныя складалі 70% насельніцтва Беларусі (у цяперашніх яе межах). Свой уплыў на такую арыентацыю зрабіла і досыць ліберальная палітыка царскіх уладаў пасля рэвалюцыі 1905 г., якая дазволіла дасягнуць рэальных паляпшэнняў на ніве культуры і пашырэння нацыянальнай свядомасці. Праўда, у гэтых колах разумелі, што прагрэс тут усё яшчэ недастатковы, але меркавалі, што праз дзесятак-другі гадоў такая арганічная праца прывядзе да масавага распаўсюджання нацыянальнай свядомасці. Вялікія спадзяванні звязваліся з дэмакратызацыяй грамадскага жыцця, якая дала б магчымасць завяршыць працэс адраджэння. Гэткія меркаванні спараджалі ў палітычных дзеячоў надзею на атрыманне тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў расейскай дзяржаве.

Параза расейскіх войскаў ва Усходняй Прусіі ў жніўні 1914 г. яшчэ не перадвызначыла канчатковых вынікаў расейска-нямецкай вайны, але паказала, што ў далейшым для Расеі яна можа скончыцца няўдала. Гэта падштурхнула расейскія ўлады да пэўнай змены нацыянальнай палітыкі на заходніх ускраінах імперыі. Таму напярэдадні нямецкага наступу на ўсходнім фронце ўлады былі ўжо гатовыя прадэманстраваць «новы курс» у беларускім пытанні. Пра гэта сведчылі, у прыватнасці, намёкі на ўвядзенне беларускай мовы ў школах (1) і дазвол на стварэнне, апрача Літоўскага і Польскага, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны (БТДАВ). Гэтыя захады павінны былі пераканаць беларусаў, што стаўленне да іх гэткае самае роўнае, як і да іншых нацыянальнасцяў заходніх губерняў.

9 сакавіка 1915 г. віленская губернская ўправа па справах згуртаванняў ухваліла статут Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, якое пасля таго, як 29 красавіка яго зацвердзіў губернатар, магло распачаць працу. Старшынёй (маршалкам) праўлення Таварыства стаў Вацлаў Іваноўскі, а яго намеснікамі - Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Сябрамі праўлення былі Павел Аляксюк, Ігнат Біндзюк, Уладзіслаў Сталыгва, ксёндз Савіцкі, Ігнат Буйніцкі ды Н. Клім. Управа Таварыства змяшчалася ў Вільні, на Георгіеўскім праспекце, 11, яно мела права дзейнічаць на тэрыторыі Менскай, Магілёўскай, Гарадзенскай, Віленскай і Віцебскай губерняў. У сакавіку 1915 г. праўленне БТДАВ выдала адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой заклікала насельніцтва да супольнай ахвярнай працы дзеля ажыццяўлення сваіх першапачатковых задач: грамадскай апекі (харчаванне, раскватараванне, лекарская дапамога) і помачы вясковым жыхарам у адбудове панішчанага вайной (2).

Такім чынам, Вацлаў Іваноўскі ўзначаліў арганізацыю, дзейнасць якой у перспектыве ахоплівала ўсю Беларусь. Нягледзячы на дабрачынны характар (зрэшты, не так ужо і сцісла акрэслены), БТДАВ было адзінай афіцыйнай грамадскай беларускай арганізацыяй, якую падтрымлівалі ўлады, і з гэтага гледзішча стварала вялікія магчымасці для канцэнтрацыі нацыянальных сілаў і каардынацыі пазастатутнай дзейнасці. Пра гэта сведчыць, між іншым, перадача грашовых сродкаў Таварыства на патрэбы віленскіх выдавецтваў (3). Паводле інфармацыі Людвікі Войцік (тады - Сівіцкай), дзяячкі БТДАВ, улетку 1915 г. паўсталі яго аддзяленні ў Менску і Петраградзе (4) . Гэта магло значыць, што праўленне Таварыства імкнулася да стварэння неабходных для актыву апорных пунктаў у гарадах, якія мелі ключавое значэнне для палітычнай дзейнасці.

Развіццё ваенных падзеяў выклікала істотныя змены ў працы Таварыства. Улетку 1915 г. нямецкія войскі распачалі ўдалы наступ на ўсходзе і ў сярэдзіне верасня ўвайшлі ў Вільню. Пад канец месяца яны дасягнулі лініі Дзвінск - Браслаў - Баранавічы - Пінск, пасля чаго ваенныя дзеянні перапыніліся аж да лютага 1918 г. Лінія фронту рассекла Беларусь: каля 25% яе абшару займалі немцы, астатнюю ж частку - расейскія войскі. Перад тым як гэта сталася, расейскія ўлады арганізавалі шырокую эвакуацыйную кампанію, яна ахапіла шматлікія ўстановы і ведамствы, прадпрыемствы, большую частку праваслаўнага святарства і вялікія масы насельніцтва. У выніку на ўсход было эвакуявана пад прымусам альбо добраахвотна больш за 1,1 млн. жыхароў Беларусі, сярод іх больш за 80% складалі выхадцы з Гарадзенскай і Віленскай губерняў (5).

У гэтай сітуацыі праўленне Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны прызнала, што варта было б раскінуць сваю дзейнасць і па абодва бакі нямецка-расейскага фронту, і, відаць, разлічвала атрымаць ад нямецкіх уладаў дазвол на працу ў акупаванай зоне. Таму і засталіся ў Вільні два намеснікі старшыні - А. Луцкевіч і В. Ластоўскі, а Вацлаў Іваноўскі выехаў у Расею. Асабіста для яго гэта было нялёгкае рашэнне - у Вільні ён пакідаў сям'ю: жонку Сабіну з трыма дзецьмі - Сцяпанам, Вацлавам і малюткай Ганнай, якой тады было толькі пару месяцаў. Неўзабаве яны пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку.

3 фармальнага гледзішча, пераезд Іваноўскага ў Расею быў абумоўлены яго роляй як кіраўніка БТДАВ. Яму падпарадкоўваліся менскае і петраградскае аддзяленні Таварыства, апрача таго, улічвалася і магчымасць стварэння новых аддзелаў БТДАВ на неакупаваных абшарах Беларусі ды ў месцах скаплення вывезенага ўглыб Расеі насельніцтва. Можна, аднак, меркаваць, што тут дзейнічаў не толькі гэты матыў: не менш важным фактарам было асабістае перакананне Іваноўскага, што толькі супрацоўніцтва з Расеяй зможа гарантаваць Беларусі паспяховае гаспадарчае і культурнае развіццё. Да такіх высноваў яго схіляў не толькі досвед папярэдняй працы ў Пецярбургу і Вільні, але і нявер'е ў падтрымку ідэі беларускай дзяржаўнасці з боку Германіі, і пазасталыя ў Вільні беларускія дзеячы неўзабаве змаглі пераканацца ў яго рацыі.

У верасні 1915 г. Іваноўскі пераехаў у Арол, куды эвакуявалася Віленскае Земляробчае Таварыства. Дзякуючы яго намаганням, да гэтай групы бежанцаў далучылася некалькі віленскіх беларусаў, у тым ліку калега па выдавецкай ніве Янка Купала і архітэктар Лявон Дубейкаўскі. Аднак у Арле не было ўмоваў для развіцця грамадскай дзейнасці, і таму кола эвакуяваных беларускіх дзеячоў пачало памяншацца. Неўзабаве Я. Купала выехаў у Маскву, а В. Іваноўскі з Л. Дубейкаўскім пачалі дамагацца пераводу ў Петраград (6). Адзіны прыкметны след, які пакінуў пасля сябе Іваноўскі ў Арле, была фабрыка гранатаў для расейскай арміі (7).

Улетку 1916 г. В. Іваноўскі перабраўся ў Петраград, дзе стаў упаўнаважаным Міністэрства земляробства па справах паліўнага і сыравіннага забеспячэння для фабрык сельскагаспадарчых прыладаў (8). Тут ён заспеў сваіх нядаўніх супрацоўнікаў, кола якіх значна пашырылася за кошт прыплыву дзеячоў, эвакуяваных з Беларусі. Тут былі Зміцер Жылуновіч, Эдвард Будзька, Клаўдыюш Душэўскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Аляксандр Ярэміч, Браніслаў Тарашкевіч, Алесь Чарвякоў, Вінцэнт Гадлеўскі ды інш. Неўзабаве яны пяройдуць да актыўнай палітычнай дзейнасці, якая, хоць і пад рознымі партыйнымі сцягамі, скіроўвалася да адзінай мэты - стварэння незалежнай Беларусі. Пакуль што ўсе гуртаваліся вакол петраградскага аддзялення БТДАВ, размешчанага па адрасе: вул. Знаменская, 36.

Галоўным кірункам дзейнасці Таварыства была матэрыяльная, лекарская і прававая апека над бежанцамі і пошукі для іх працоўных месцаў. Апрача таго, ладзіліся спектаклі ды іншыя імпрэзы, прыбытак з якіх ішоў у дадатак да сціплых урадавых датацыяў на дабрачынныя патрэбы. У лістападзе 1916 г. у Петраградзе адчынілася беларуская пачатковая школка, і пачалося выданне штотыднёвых газет «Светач» і «Дзянніца», але выходзілі яны толькі да канца снежня 1916 г. Здарылася гэтак як з прычын фінансавых, так і праз нядобразычлівае стаўленне ўладаў: да апошніх дзён царскага рэжыму ўрад супраціўляўся развіццю палітычнай дзейнасці сярод «нярускіх» народаў імперыі (9).
Толькі пасля лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі палітычны рух. Адразу ж пасля звяржэння царызму аднавілася пасля дзесяцігадовага перапынку дзейнасць Беларускай Сацыялістычнай Грамады, паўстала партыя Беларускіх Народных Сацыялістаў, арганізаваліся хрысціянскія дэмакраты ды іншыя групоўкі. Аднак кіроўчая роля на беларускай палітычнай арэне належала БСГ. Галоўныя асяродкі яе размяшчаліся ў Петраградзе і Менску на базе аддзяленняў Таварыства дапамогі ахвярам вайны. 25 сакавіка 1917 г. БСГ склікае ў Менску партыйную канферэнцыю; яна падтрымала Часовы Урад, выказалася за аўтаномію Беларусі ў рамках рэспубліканскай, федэратыўнай Расеі, а таксама - за перадачу зямлі сялянам. У гэтым апошнім пункце канферэнцыя асудзіла стыхійныя выступленні сялянства і запатрабавала, каб аграрнае пытанне вырашалася на краёвым сенме Беларусі (10).

Даўніх дзеячоў БСГ парасцярушыла па свеце вайна, і адзіным прадстаўніком яе традыцыяў, сузаснавальнікам і членам абранага ў снежні 1905 г. кіраўніцтва быў Вацлаў Іваноўскі. Відаць, гэтая акалічнасць падштурхнула пазнейшых публіцыстаў да высновы, нібыта ён быў вядучым грамадскім дзеячом у Петраградзе і пасля падзення царскага рэжыму (11). Таму невыпадкова яго абралі за прадстаўніка БСГ у Беларускім нацыянальным камітэце (БНК), устаноўчы з'езд якога адбываўся ў Менску з 25 па 27 сакавіка 1917 г.

Але В. Іваноўскі не паехаў у Менск і не ўдзельнічаў у канферэнцыі БСГ і з'ездзе палітычных згуртаванняў, а ў БНК яго абралі завочна. На гэта ўказвае пратакол з'езда, дзе пастанаўлялася звярнуцца да В. Іваноўскага, гэтаксама, як і да некалькіх іншых адсутных асобаў, з просьбай прыняць удзел у арганізацыі асветніцкага таварыства «Прасвета». Не фігуравала яго імя і ў складзе абранай з'ездам дэлегацыі БНК да прэм'ера Часовага Урада, Юрыя Львова. Іваноўскага далучылі да гэтай дэлегацыі ўжо ў красавіку, пасля таго як ён прыехаў у Петраград (12).

Спатканне з князем Львовым пераканала Іваноўскага ў тым, што Часовы Урад, гэтаксама, як некалі царскі, не пагадзіўся з ідэяй самастойнасці беларускага народа і таму адмовіўся прызнаць БНК палітычным прадстаўніком Беларусі. Прычынай тут была слабасць беларускага руху, які пасля лютаўскай рэвалюцыі вызначаўся яшчэ вялікай інфантыльнасцю - ён болыы абапіраўся на рэвалюцыйныя лозунгі, чым на ўласныя сілы. Змагаючыся адна супраць адной, множыліся партыі і групоўкі, кожная з якіх прэтэндавала на ролю вешчуна адзіна слушнай канцэпцыі нацыянальнага вызвалення, перабольшвала ў ацэнцы грамадскай падтрымкі і залівала Петраград патокамі дэкларацыяў і пастулатаў. Ніводная з гэтых партыяў да траўня 1917 г. не мела свайго друкаванага органа.

Для праціўнікаў нацыянальнага беларускага руху і прыхільнікаў непадзельнай Расеі гэта адкрывала шырокае поле для маніпуляцыяў. Так, карыстаючыся фактам, што прынамсі палову членаў БНК складалі каталікі, яны распачалі на сялянскіх з'ездах і рабочых сходах энергічную кампанію кампраметацыі Камітэта як польскакаталіцка-памешчыцкай інтрыгі, накіраванай на тое, каб адарваць Беларусь ад Расеі і загнаць беларускае сялянства ў ярмо польскіх памешчыкаў (13) . У выніку гэтай кампаніі, а таксама ўсё мацнейшай радыкалізацыі грамадскіх настрояў, большасць беларускіх сацыялістычных дзеячоў прызнала выбары БНК на чале з Р. Скірмунтам за палітычную памылку і дзеля «рэабілітацыі» ідэі нацыянальнага адраджэння 10 ліпеня 1917 г. стварыла асобную Цэнтральную Раду беларускіх арганізацыяў і партыяў, якая павінна была прадстаўляць адны толькі «прагрэсіўныя і дэмакратычныя» згуртаванні (14).

У гэтай сітуацыі Беларускі нацыянальны камітэт мусіў пакінуць палітычную арэну. Рэвалюцыя адштурхнула Р. Скірмунта, які быў не толькі буйным землеўладальнікам, але і найперш - як дэпутат Дзяржаўнай Думы - кампетэнтным і дасведчаным палітычным дзеячом. За «рэакцыянераў» прызналі таксама хадэкаў і народнікаў, хаця сярод іх толькі нямногія маглі пахваліцца шляхецкім паходжаннем. У нармальных умовах гэта было б раўназначна самагубству, але пры той нігілістычнай нацыянальнай палітыцы, якую праводзіў урад, не мела вялікага значэння.

В. Іваноўскі не выпаў з гэтай гульні толькі таму, што не прымаў у ёй удзелу. Ён чакаў, пакуль надыдзе час для канструктыўнай працы. Праўда, ён не парываў з БСГ, але не адыгрываў значнай ролі ў яе дзейнасці. Таму мы не бачым яго сярод членаў часовага цэнтральнага камітэта БСГ, абранага ў чэрвені ў Петраградзе, ані ў складзе беларускай дэлегацыі на жнівеньскай агульнарасейскай палітычнай канферэнцыі ў Маскве. Не ўдзельнічаў ён у кастрычніцкім з'ездзе БСГ у Менску. Паводле інфармацыі Людвікі Войцік, былой сакратаркі БНК і Цэнтральнай Рады, у гэты час В. Іваноўскі ўвогуле не паказваўся ў Менску (15). Ён неадлучна жыў у Петраградзе і назіраў за агоніяй Часовага Ураду, а свае надзеі на вырашэнне беларускага пытання звязваў з праграмай бальшавіцкай партыі.

Як сцвярджае беларускі гісторык Васіль Раманоўскі, перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі В. Іваноўскі сустрэў «з нянавісцю» (16). Гэта адна з тыповых выдумак нядаўняй гістарыяграфіі, якая, згодна з партыйным заказам, павінна была маляваць палітычны партрэт гэтага чалавека як ворага народа і савецкай улады ад самага яе нараджэння. А тым часам менавіта пасля кастрычніцкага перавароту В. Іваноўскі пабачыў, што дзейнічаць мае сэнс, і адразу ж распачаў палітычную працу ў разліку, што беларусам удасца выкарыстаць лозунгі Леніна для стварэння новага грамадскага і нацыянальнага ладу.

Таму Іваноўскі прымае ўдзел у падрыхтоўцы найважнейшай для Беларусі падзеі тых дзён - Усебеларускага з'езда, які з ухвалы і пры фінансавай падтрымцы ўзначаленага Сталіным Народнага Камісарыята па справах нацыянальнасцяў збіраўся ў Менску 5 снежня 1917 г. (17) Ад імя беларускага народа з'езд павінен быў вырашыць лёс Бацькаўшчыны і вызначыць галоўныя кірункі яе развіцця. Іваноўскі быў на з'ездзе дэлегатам ад Петраградскай арганізацыі БСГ і працаваў там, між іншым, як эксперт яго фінансава-эканамічнай камісіі. Ён павінен быў выступіць з рэфератам пра гаспадарчае становішча Беларусі і адбудову яе ваенных разбурэнняў (18).

Аднак рэферат В. Іваноўскага так і не прагучаў, бо ў ноч з 17 на 18 снежня, паводле загаду старшыні Савета народных камісараў Заходняй акругі ў Смаленску К. Ландэра, салдаты менскага гарнізона разагналі з'езд, а яго прэзідыум арыштавалі. Гэтая акалічнасць спарадзіла чарговы «тэзіс» партыйнай гістарыяграфіі: калі з'езд разагналі бальшавікі - значыць, ён быў антыбальшавіцкі, антысавецкі, а таму - буржуазны і сепаратысцкі, г. зн. у найвышэйшай ступені шкодны. Такую ацэнку замацоўвалі публікацыі беларускіх гісторыкаў нацыянальнага пытання, якія не адзін раз пры дапамозе фальсіфікацыі дакументаў спрабавалі давесці антыбальшавіцкі і незалежніцкі характар з'езда (19).

Таму варта прывесці поўны тэкст першага і адзінага пункта рэзалюцыі з'езда, які быў прыняты перад тым, як дэпутатаў разагналі салдаты К. Ландэра. Ён гучаў так (падкрэсленні аўтара. - Ю. Т.):

«Узмацняючы сваё права на самавызначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй, і замацоўваючы рэспубліканскі лад на зямлі беларускай, дзеля выратаваньня роднага краю і засьцеражэньня яго перад падзелам і адрывам ад Расейскае Дэмакратычнае Фэдэратыўнае Рэспублікі, 1-шы Усебеларускі зьезд пастанаўляе: неадкладна вылучыць са свайго складу орган краёвае ўлады ў выглядзе Усебеларускай Рады Сялянскіх, Салдацкіх і Работніцкіх Дэпутатаў, які становіцца часовым вярхоўным краёвым органам і дзейнічае ў існым саюзе з цэнтральным урадам, які нясе адказнасьць перад Радай Работніцкіх, Салдацкіх і Сялянскіх дэпутатаў» (20).

Такім чынам, з'езд быў не антысавецкі, бо склікаў савецкі орган улады ў Беларусі, і не сепаратысцкі, бо выказаўся супраць адрыву ад Расеі. Згодна з праграмай бальшавікоў гучалі і іншыя пункты рэзалюцыі, да прыкладу, патрабаванне неадкладнай перадачы зямлі сялянам без выкупу, усталявання народнага кантролю над прамысловасцю і гандлем ды інш. Іх не паставілі на галасаванне таму, што з'езд быў разагнаны. Аб характары гэтага з'езда сведчаць таксама і тэлефонныя перамовы яго старшыні са Сталіным, якія падтрымліваліся падчас абмеркаванняў, ды, нарэшце, тэлеграмы самога К. Ландэра ў Петраград, дзе ён пацвярджаў, што з'езд «у прынцыпе выказаўся за прызнанне савецкай улады» (21) . Сапраўднай прычынай разгону з'езда было яго імкненне стварыць у Беларусі ўласны, беларускі орган савецкай улады замест саветаў прышлых чужынцаў-камісараў, якія гэтак жа, як Мураўёў і Керанскі, не прызнавалі беларускага народа і яго права на самавызначэнне.

Гэтак у снежні 1917 г. сярод беларускіх дзеячоў, зарыентаваных на Савецкую Расею, упершыню здарыўся сур'ёзны крызіс даверу. Ленінскім дэкларацыям не адпавядалі паводзіны мясцовых уладаў, якія ў стаўленні да беларускай дзяржаўнасці, нават у савецкім варыянце, мала чым адрозніваліся ад ранейшай імперскай палітыкі. Пра гэта сведчылі і савецка-нямецкія перамовы ў Берасці канца 1917 - пачатку 1918 г., дзе беларускае пытанне ігнаравалася. Усё гэта спрыяла пашырэнню незалежніцкіх настрояў сярод беларускіх дзеячоў, хаця большасць з іх усё яшчэ азіралася на Расею і лічыла, што ў рэшце рэшт толькі яна будзе вырашаць лёс Беларусі.

У гэтым сэнсе Іваноўскі таксама не змяніў сваёй прарасейскай арыентацыі, хаця жорсткі разгон з'езда балюча яго ўразіў. Але неўзабаве пасля вяртання Іваноўскага ў Петраград адбылося здарэнне, якое нібыта пацвердзіла, што ўчынак К. Ландэра супярэчыў пазіцыі цэнтральных уладаў. 31 студзеня 1918 г. Ленін выдаў дэкрэт аб стварэнні Беларускага Нацыянальнага Камісарыята (Белнацкама) у якасці аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў. Гэты крок павінен быў засведчыць, што Ленін і Сталін зацікаўленыя ў тым, каб вырашыць беларускае пытанне і разрадзіць напружанне сярод беларускіх палітычных дзеячоў. Усё нібыта выглядала як спроба выправіць сітуацыю, створаную смаленскімі інтэрнацыяналістамі.

Дэкрэт Леніна меў вялікае прапагандысцкае значэнне, але неўзабаве пасля яго ніякіх істотных зменаў у палітычным становішчы ў Беларусі не адбылося. У лютым 1918 г. Белнацкам пераняў на сябе паўнамоцтвы ранейшага Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны і пераехаў на яго кватэру па вуліцы Знаменскай, 36. У сакавіку ён распачаў выданне газеты пад колішняй назвай «Дзянніца». Не змяніўся нават яе рэдактар, Зміцер Жылуновіч, толькі цяпер ён стаў членам бальшавіцкай партыі і сакратаром Белнацкама. Гэтаксама, як і раней, будаваліся шырокія праекты культурнай дзейнасці, але яны пераважна заставаліся на паперы. 1 хаця яго паўнамоцтвы і сродкі былі абмежаваныя, усё ж Белнацкам быў органам афіцыйным і меў права пераказваць уладам беларускія палітычныя патрабаванні. Але пакуль што, у лютым - сакавіку 1918 г., ані ўлады, ані Белнацкам не мелі на гэта часу - усе сядзелі на клунках і чакалі пераезду ў новую сталіцу - Маскву.

Перш чым гэта адбылося, палітычная сітуацыя зноў радыкальна змянілася. Дзеля таго каб прымусіць Савецкую Расею прыняць умовы міру, нямецкія войскі 18 лютага рушылі на ўсход і, не сустрэўшы адпору, за некалькі дзён дайшлі да Дняпра і Дзвіны, г. зн. занялі амаль усю Беларусь. Толькі ў гэтай сітуацыі ў Берасці 3 сакавіка была падпісаная мірная дамова, якую неўзабаве ратыфікавалі абодва бакі. Сярод іншых праблем у трактаце агаворвалася, што акупацыя беларускіх земляў будзе часовая, яны павінны быць вернутыя Расеі пасля выплаты ёй ваенных кантрыбуцыяў. Бежанцам давалася магчымасць вярнуцца дадому.

Такім чынам, беларускія дзеячы ў Петраградзе неспадзявана былі адлучаныя ад краю новай расейска-нямецкай дэмаркацыйнай лініяй і апынуліся ў становішчы ледзь не эмігрантаў. Па савецкі бок гэтай мяжы групе камуністаў, сабраных вакол Белнацкама, можна было фармуляваць палітычныя пастулаты, але рэальная праца чакала ў краіне. Таму неўзабаве яны пачалі раз'язджацца па розных напрамках. У красавіку болыпасць з іх выехала ў Маскву, а В. Іваноўскі накіраваўся на радзіму.

Пад канец красавіка Вацлаў дабраўся да Лябёдкі. Тут ён не быў амаль тры гады і за гэты час нічога не ведаў пра лёс сваёй сям'і і маёнтка. Тым часам вайна і акупацыя зруннавалі гаспадарку. У верасні 1915 г. у садах Лябёдкі спыніўся расейскі 40-ы корпус разам з абозамі і артылерыяй. Пасля яго адступлення ад пітомнікаў застаўся ток, ад дрэваў - голыя шкілеты (22)... Пазней пачаліся бязлітасныя нямецкія рэквізіцыі. Леанарду было ўжо тады за семдзесят, і ён цяжка перажываў разбурэнне справы цэлага жыцця. Спрабаваў пратэставаць, бараніць, але немцы за гэта замкнулі яго ва ўласным склепе, праўда, ненадоўга. Усё гэта падтачыла сілы Леанарда, і Вацлаў пабачыў зламанага, хворага бацьку, зусім непадобнага да нядаўняга ганарлівага правадзейнага дзяржаўнага радніка і гаспадара Лябёдкі. Доўгае расстанне паўплывала і на ўзаемадачыненні з Сабінан - неўзабаве разлад паміж ёю і Вацлавам перарасце ў поўны развал сям'і...

За лінію фронта не траплялі таксама і весткі пра стан беларускіх абшараў, якія апынуліся пад нямецкай акупацыяй, таму толькі пасля вяртання з Расеі Вацлаў Іваноўскі змог атрымаць дакладную інфармацыю, прычым з першых рук. Неўзабаве пасля пераезду на радзіму ён аднавіў супрацоўніцтва з Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім, якія кіравалі беларускай дзейнасцю ў Вільні ад пачатку нямецкай акупацыі.

Для В. Іваноўскага, які ўсё яшчэ азіраўся на Расею, гэта былі нечаканыя і, напэўна, ашаламляльныя звесткі. Аказваецца, акупацыйная адміністрацыя падтрымлівала развіццё беларускага школьніцтва, культурнага жыцця, выдавецкай дзейнасці і г. д., аднак не выяўляла зацікаўлення ў справе беларускай дзяржаўнасці і супраціўлялася арганізацыі палітычнага жыцця. Гэта тлумачылася стратэгічнымі планамі Нямецкага Рэйха, які ў першай фазе вайны імкнуўся да анексіі Літвы, Курляндыі і Беластоцка-Гарадзенскай акругі, але не ставіў такіх самых мэтаў у дачыненні да болыпай часткі акупаваных беларускіх абшараў. Гэтыя землі пасля спадзяванага заключэння мірнай дамовы павінны былі вярнуцца да Расеі. Нямецкі ўрад, з увагі на гаспадарчыя інтарэсы Рэйха ў Расеі, не замахваўся на такое глыбокае расчляненне праціўніка.

Нямецкая палітыка прынцыпова не змянілася і ў 1918 г. Цяпер яе акрэслівала Берасцейская дамова, у якой не было ніякіх пастановаў адносна беларускага пытання. Таму, займаючы Беларусь аж да Дзвіны і Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю і пэўны заклад пад ваенныя кантрыбуцыі, выплочваць якія абавязалася Савецкая Расея. Паколькі пасля выплаты абавязацельстваў гэтыя землі павінны былі адысці да Расеі, нямецкі ўрад не цікавіўся праблемай беларускай дзяржаўнасці. Аднак, з другога боку, нямецкія вайсковыя акупацыйныя мясцовыя ўлады не толькі не супраціўляліся дзейнасці беларускіх палітычных згуртаванняў, але і выразна іх падтрымлівалі.

У гэтым становішчы, пасля таго, як Менск пакінулі бальшавіцкія ўлады, з падполля 19 лютага выходзіць скліканы Радай Усебеларускага з'езда краёвы выканаўчы камітэт на чале з Язэпам Варонкам і абвяшчае сябе часовым урадам (Народным сакратарыятам) у Беларусі. 9 сакавіка камітэт выдае канстытуцыйную грамату, у якой абвяшчаецца стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, якая па-ранейшаму трактуецца як частка агульнарасейскай федэрацыі, і акрэслівае асноўныя прынцыпы яе дзяржаўнага ладу, сярод якіх - скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і перадача яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага з'езда абвясціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, у яе склад уваходзяць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Нарэшце, 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую канстытуцыйную грамату, дзе Беларусь абвяшчалася незалежнай і вольнай дзяржавай і скідала «апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, навязанае сілаю расейскімі царамі».

Акт незалежнасці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі нямецкім ды іншымі ўрадамі. Але і гэты крок не змяніў афіцыйнага стаўлення Рэйха. У адказ на ноту Народнага Сакратарыята канцлер Георг Гетлінг засведчыў, што Берлін ставіцца да Беларусі як да часткі Савецкай Расеі і, у адпаведнасці з Берасцейкай дамовай, не можа прызнаць беларускую дзяржаву без згоды ленінскага ўраду. Рада БНР 25 красавіка даслала кайзеру Вільгельму тэлеграму з падзякай за вызваленне Беларусі ад прыгнёту чужынцаў і просьбай падтрымаць імкненні Рады да ўзмацнення дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю ў саюзе з нямецкім Рэйхам. Адказу не было. Не далі вынікаў і наступныя захады ўрада БНР у гэтай справе (23).

Спробы будаўніцтва незалежнай Беларусі з апорай на Германію ўзбудзілі востры ўнутраны канфлікт у Радзе БНР і Народным сакратарыяце і паказалі, наколькі глыбокай была псіхалагічная залежнасць многіх дзеячоў ад Расеі. 25 сакавіка рэзалюцыя аб незалежнасці прайшла толькі дзякуючы перавазе ў некалькі галасоў, што сведчыла аб моцнай прарасейскай апазіцыі. Цікава, што нават цытаванае раней «ярмо» было царскага паходжання і таму не выяўляла стаўлення да рэвалюцыйнай Расеі. Аднак асаблівы ўплыў на ўнутраныя ўзаемадачыненні мела ўзгаданая тэлеграма да Вільгельма II. Яна прывяла да распаду БСГ на некалькі больш дробных, варожа настроеных адна супраць адной груповак (эсэраў, сацыялістаў-дэмакратаў і сацыялістаў-федэралістаў), а таксама да адстаўкі часткі сяброў Рады БНР і Народнага сакратарыята разам з яго прэм'ерам Я. Варонкам.

Такую палітычную сітуацыю заспеў В. Іваноўскі пасля вяртання на Бацькаўшчыну. Увязвацца ў яе не надта хацелася, асабліва пасля таго, як Я. Варонка падаў у адстаўку, а на яго месца прыйшоў кансерватар Раман Скірмунт, з якім В. Іваноўскі не жадаў супрацоўнічаць. Апрача таго, ваенная катастрофа Германіі бачылася ўсё больш выразна, а ён лічыў, што ставіць на пройгрышную карту няма сэнсу - гэта толькі перашкодзіць будучай працы. Таму В. Іваноўскі часта наязджаў у Вільню, дзе разам з Антонам Луцкевічам яны абмяркоўвалі перспектывы дзейнасці пасля блізкага прыходу бальшавікоў.

Неўзабаве жыццё пацвердзіла гэтыя прадбачанні, ды нават хутчэй, чым нехта мог бы меркаваць. Ужо 27 жніўня пад націскам пагаршэння ваеннай і гаспадарчай сітуацыі нямецкі ўрад заключыў з Расеяй дадатковую дамову да Берасцейскага дагавора, дзе прадугледжваўся вывад нямецкіх войскаў з Беларусі да лініі Бярэзіны, а 16 верасня ў Вільні было падпісанае двухбаковае выканаўчае пагадненне. У органах Беларускай Народнай Рэспублікі гэта выклікала занепакоенасць, бо нямецкая акупацыя, без сумневу, сканчалася, а разам з ёю надыходзіў канец і для БНР. Таму ў верасні паў урад Р. Скірмунта, а праз некалькі тыдняў - таксама і наступны ўрад Івана Серады.

Увосені 1918 г. В. Іваноўскі выехаў у Менск, дзе заняўся арганізацыяй педагагічнага інстытута і далучыўся да дзейнасці Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Неўзабаве ён быў прызначаны міністрам асветы ў кабінеце міністраў БНР, сфарміраваным у кастрычніку Антонам Луцкевічам (24) . Гэты кабінет складаўся з прадстаўнікоў левых сацыял-дэмакратаў і эсэраў, а яго стварэнне ва ўмовах разгортвання эвакуацыі нямецкіх войскаў магло значыць толькі адно: імкненне сфарміраваць разам з белнацкамаўскімі камуністамі кааліцыйны ўрад Беларускай Савецкай Рэспублікі. Гэта была вельмі своечасовая ініцыятыва, бо ўсе ранейшыя захады 3. Жылуновіча вакол стварэння гэтай рэспублікі свядома ігнараваліся не толькі савецкімі цэнтральнымі, але і мясцовымі ўладамі. Прычыну гэтага вытлумачыў Вільгельм Кнорын, сакратар партыі бальшавікоў у Смаленску: «Мы лічым, што беларусы - не народ, а тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія адрозніваюць іх ад астатніх расейцаў, павінны быць выкараненыя»25.

Ідэя, да якой В. Іваноўскі з А. Луцкевічам прыйшлі ў Вільні, а магчыма, яшчэ ў Петраградзе абмяркоўвалі з 3. Жылуновічам, была надзвычай смелай і рызыкоўнай, але ў тагачасных умовах магла адыграць пэўную ролю для выратавання беларускай дзяржаўнасці. Яна павінна была, па-першае, паўплываць на пазіцыю Масквы ў справе стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі як законнай пераемніцы Беларускай Народнай Рэспублікі, а па-другое, уратаваць здабыткі БНР у галіне асветы і культуры ад непрыяцельскага шалу смаленскіх дзеячоў накшталт В. Кнорына.

У сярэдзіне лістапада 1918 г. А. Луцкевіч выехаў у Маскву. Паводле гісторыка I. Ігнаценкі, выезд адбыўся па запрашэнні савецкага ўраду, але перамовы засталіся незавершанымі - пастанавілі толькі, што яны працягнуцца ў Менску, пасля выхаду нямецкіх войскаў. Была дасягнутая дамоўленасць, што ў Менску застануцца сацыял-дэмакратычныя члены прэзідыума Рады і ўрада БНР, з якімі будуць завершаныя распачатыя ў Маскве перамовы. Пра гэта паведамлялася 8 снежня ў часопісе «Жнзнь Национальностей», органе сталінскага Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў - прыезд А. Луцкевіча ацэньваўся там станоўча (26). Ці то была пастка, падрыхтаваная савецкімі ўладамі для захопу буйных прадстаўнікоў Рады і ўрада БНР, ці то сапраўднае прызнанне гэтых ораганаў у якасці партнёраў для вырашэння лёсу Беларусі?

Неўзабаве ўсё высветлілася. 10 снежня 1918 г. немцы перадалі Менск савецкім уладам, якія, аднак, ані перад гэтым, ані ў найбліжэйшыя дні пасля перадачы не абвесцілі Беларускую ССР і не ўтварылі яе ўрад. Затое 8 снежня была абвешчаная Літоўская ССР, хаця Чырвоная Армія была яшчэ далёка ад Вільні. Што хавалася за гэтымі рашэннямі? Ужо назаўтра пасля ўваходжання ў Менск савецкія ўлады пачалі арганізоўваць шматлікія сходы, на якіх жыхары беларускіх земляў «выказваліся» за далучэнне іх да Літвы (27). Уся гэтая акцыя была інспіраваная Масквой і сведчыла пра тое, што яе болей задавальняе ідэя Савецкай Літвы, якая ахапіла б заходнія абшары Беларусі, чым беларуская рэспубліка. У такім інтэрнацыянальным катле небяспечнае беларускае пытанне страчвала б усялякае значэнне. Апрача таго, усходнія беларускія землі маглі б застацца ў складзе расейскай тэрыторыі.

Пры такіх абставінах прынятае ў канцы снежня рашэнне кіраўніцтва бальшавіцкай партыі аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі мела прысмак сенсацыі. Чаму так раптоўна і крута змяніла яно свае пазіцыі? Справа ў тым, што пасля нямецкага адступлення ў Менску засталіся толькі некаторыя прадстаўнікі ўладаў БНР, а сам урад на чале з А. Луцкевічам перабраўся ў Горадню. Тут кіраўніцтва БНР распачало дыпламатычную кампанію пратэсту супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі, а паколькі БССР не была абвешчаная і не быў створаны яе ўрад, дык пратэст гэты з гледзішча міжнароднага права быў абгрунтаваным.

Такой сітуацыі Ленін, відаць, не прадбачыў і не хацеў. Таму памылку пачалі выпраўляць, і Сталін выканаў гэта ва ўласцівай яму манеры. Літаральна за некалькі дзён зрабілі неабходную падрыхтоўку: арганізавалі «волю народа», апрацавалі маніфест і вызначылі склад урада на чале з 3. Жылуновічам. Цырымонія адбылася ў Смаленску, пасля чаго 1 студзеня 1919 г. быў апублікаваны маніфест, дзе абвяшчалася стварэнне Савецкай Беларусі. Была прынятая і рэзалюцыя аб тэрыторыі рэспублікі, якая ахоплівала Менскую, Гарадзенскую, Магілёўскую, Віцебскую і Смаленскую губерні. Цяпер не страшныя былі пратэсты БНР - свет мог пераканацца, што бальшавіцкая акупацыя Беларусі - не больш як «выдумка нацыянальнай контррэвалюцыі».

Прапагандысцкі характар гэтых мерапрыемстваў выявіўся неўзабаве пасля прыбыцця 3. Жылуновіча з яго ўрадам у Менск. Ужо 16 студзеня Цэнтральны Камітэт Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) з удзелам Леніна прыняў рэзалюцыю наконт адлучэння ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў і ўключэння іх у расейскія тэрыторыі. Дзве пазасталыя губерні - Менская і Гарадзенская - павінны былі злучыцца з Літвой і ўтварыць новую адміністрацыйную структуру - Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку. Гэта азначала ліквідацыю самастойнай БССР. Паўстае пытанне, што вымусіла Леніна спачатку стварыць гэтую рэспубліку ды ледзьве не ў той самы момант яе скасаваць? Справа ў тым, што гэтыя захады дазвалялі не толькі справіцца з вырашэннем знешнепалітычных задач, але і давалі савецкім уладам немалую ўнутраную карысць. Цяпер, калі БССР ужо «існавала», можна было ажыццявіць ленінскі план яе ліквідацыі рукамі «суверэнных» рэспубліканскіх органаў, ад імя вольнага беларускага народа. Ад імя гэтага народа замыкаліся беларускія школы, ліквідаваліся ўсе беларускія газеты і часопісы, выцяснялася з грамадскага ўжытку беларуская мова (28).

У такой атмасферы пазасталыя ў Менску прадстаўнікі ўрада (Вацлаў Іваноўскі) і Рады БНР (Язэп Лёсік, Аляксандр Уласаў ды іншыя) у студзені 1919 г. распачалі перамовы са Змітром Жылуновічам, тагачасным прэм'ерам беларускага савецкага ўрада. Пра гэтыя перамовы мала што вядома, але можна меркаваць, што ні адзін бок не разлічваў на іх станоўчы вынік. І адны, і другія, напэўна, пачуваліся ашуканымі і расчараванымі палітыкай Леніна і смаленскіх інтэрнацыяналістаў, якія толькі пад націскам Сталіна гатовыя былі прызнаць неабходнасць стварэння БССР, а цяпер старанна яе ліквідавалі. 3. Жылуновіч, са свайго боку, разам з групай беларускіх камуністаў супраціўляўся гэтай палітыцы, імкнуўся захаваць самастойнасць і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі і дамагаўся, каб прадстаўнікоў найвышэйшых органаў БНР далучылі да ўрада Савецкай Беларусі, бо набліжаўся Першы Усебеларускі з'езд Саветаў (2-3 лютага 1919 г.), які павінен быў зацвердзіць персанальныя рашэнні.

Гэта прывяло да разгрому 3. Жылуновіча і яго групы. Пазней, у трыццатыя гады, гэтыя яго памкненні прадстаўлялі як змову з нацыяналістамі ды спробу правесці іх у бальшавіцкі асяродак, апроч таго, 3. Жылуновіча вінавацілі ў тым, што ён быў шпіёнам польскай разведкі і працаваў на тое, каб Беларусь апынулася пад Польшчай (29) . У пачатку лютага 3. Жылуновіча і яго таварышаў арыштавалі.

Умовы для працы ў Менску былі цяжкія, але не безнадзейныя. Новаўтвораны ўрад Беларуска-Літоўскай Савецкай Рэспублікі, у якім не было ніводнага беларуса, што праўда, хоць і змагаўся з незалежніцкімі памкненнямі, але прадугледжваў развіццё школьніцтва і выдаўніцтва на ўсіх мовах краю, у тым ліку і на беларускай, планаваў адкрыць у Менску універсітэт, а пакуль гэтую ролю выконваў Педагагічны інстытут, перайменаваны цяпер у Педагагічны інстытут народнай асветы, які дзейнічаў да восені 1918 г. (30)

Пасля кароткага перапынку В. Іваноўскі вярнуўся да працы ў інстытуце, апрача таго, як некалі ў Пецярбургу і Вільні, заняўся выданнем школьных падручнікаў і мастацкай літаратуры. На гэты раз ён працаваў у выдавецкім аддзеле менскага Губернскага Камісарыята Асветы як член рэдакцыйнай калегіі (31) . Незадоўга перад уваходам у Вільню польскіх войскаў (21 красавіка 1919 г.) былі выдадзеныя два падручнікі і чатыры драматычныя творы (32). Іваноўскі ў той перыяд часта выязджаў у Вільню, дзе друкаваліся апрацаваныя ў Менску кнігі. 31 сакавіка ён стаў сябрам віленскага Беларускага навуковага таварыства, а таксама скончыў працу над першым універсітэцкім падручнікам неарганічнай хіміі на беларускай мове (33).

Тым часам у Вільні пасля ўваходу польскіх войскаў абвесцілі адозву Пілсудскага «Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага», у якой яму абяцанае было свабоднае і самастойнае вырашэнне праблем нацыянальнасці і веравызнання. Адозва абудзіла ў беларускіх палітычных дзеячоў надзеі на ўваскрашэнне - у апоры на Польшчу - незалежнай Беларусі. У гэтай атмасферы 15 мая 1919 г. В. Іваноўскі быў арыштаваны савецкімі ўладамі і пераведзены ў Смаленск.

8 жніўня польскія войскі ўвайшлі ў Менск. Зноў загучалі абяцанкі пра свабоду, роўнасць і братэрства. Шматлікімі накладамі распаўсюджвалася віленская адозва Пілсудскага «Да насельніцтва Вялікага княства Літоўскага», з яго вуснаў прагучалі запэўніванні, што Польшча і Беларусь будуць жыць, «як роўны з роўным». Неўзабаве пасля ўваходу ў Менск польскія вайсковыя ўлады выдалі дазвол на стварэнне Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта пад кіраўніцтвам правага эсэра Кузьмы Цярэшчанкі ды на выданне газеты «Звон». Газета друкавалася на польскія грошы, не дзіва, што «адлюстроўвала» яна такія настроі насельніцтва, якія хацелася бачыць новым уладам (34).

18 верасня ў Менск прыбыў Ю. Пілсудскі, падчас спаткання з прадстаўнікамі насельніцтва Меншчыны ён запэўніў, «што зямлі гэтай нічога навязана не будзе, што зямля гэтая вольны і свабодны свой голас сярод іншых земляў падыме, што зямля гэтая сама вырашыць, як ёй жыць, якім правам кіравацца»... «Вы, мае панове, - казаў Пілсудскі, - будзеце ў найбліжэйшым часе закліканыя да таго, каб перш за ўсё самім пачаць правіць у органах самакіравання. Потым надыдзе тая хвіліна, калі вы зможаце свабодна сказаць, як вашая дзяржава (падкрэслена аўтарам. - Ю. Т.) будзе будавацца» (35).

Гэтыя і папярэднія выказванні Пілсудскага выклікалі сярод многіх беларускіх дзеячоў сапраўдную эйфарыю - пасля сумнага эксперымента з бальшавікамі яны спадзяваліся атрымаць незалежнасць свайго краю з рук Польшчы. У склад дэлегацыі ад камітэта К. Цярэшчанкі на спатканне з Ю. Пілсудскім у будынку Шляхецкага Сходу згадзіліся ўвайсці нават эсэры, найменш настроеныя на палітычнае супрацоўніцтва з Польшчай. Ад імя гэтай дэлегацыі выступіў Алесь Прушынскі са зваротам да Пілсудскага: «Вітаю Цябе, Начальнік, ад імя нашых беларускіх дэлегацыяў, што прадстаўляюць беларускае насельніцтва. Выказваю гарачую падзяку за вызваленне Менска і Меншчыны ад новага цяжкага наезду маскоўскага імперыялізму, які на гэты раз прыбраўся ў рызы бальшавізму. Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, енчаць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, голас замшэлых званіц Смаленска.

Верым і спадзяемся, што разам з вольным Менскам, Вільняй і Горадняй вольнымі і шчаслівымі будуць спрадвечныя гарады нашай вольнай і незалежнай Беларускай Рэспублікі на маскоўскіх узмежках - Віцебск, Магілёў і стары Смаленск. Гэтага спадзяемся, у гэта верым - гэтую веру і надзею падарыў нам братні народ, цудоўным слаўным сынам якога мы гатовыя сказаць не толькі сённяшні наш «дзякуй», але заўсёды «вітаем цябе, прыходзь да нас, госцю наш мілы, суседзе дарагі» (36).

Невядома ці прымаў удзел В. Іваноўскі ў гэтым спатканні, ці пазнаёміўся тады з Пілсудскім. Гэта было цалкам магчыма пры тым, што Начальнік добра ведаў брата Вацлава Юрыя - старога пэпээсаўца і пілсудчыка. Аднак можна меркаваць, нават калі б такая размова адбылася, то не выступала б за межы звычайнай ветлівасці. Бо Пілсудскі не выявіў сваіх намераў, а Вацлаў у той самы час не верыў, што незалежнасць можна здабыць, карыстаючыся выпадкам. Не цешыўся ілюзіямі, назіраючы галоўным чынам выгнанне з мясцовай адміністрацыі беларусаў як бальшавікоў і замену іх на палякаў, а гэтаксама ўсталяванне над усёй акупаванай беларускай тэрыторыяй Урада цывільнага ўсходніх земляў. Больш за ўсё яго хвалявала выратаванне Педагагічнага інстытута, будынак, мэблю і лабараторыю якога захапіла войска, і ён чакаў развіцця падзей (37).

Затое гэтага не чакала Масква. Наступ польскіх войскаў - гэта, канешне, пагроза, але яшчэ горшая пагроза - федэралісцкія намёкі Пілсудскага, якія знайшлі станоўчы водгук сярод пераважнай часткі беларускіх дзеячоў, расчараваных палітыкай савецкіх уладаў. Гэтыя ўлады разумелі, што ўдалае ажыццяўленне польскай канцэпцыі аднаўлення гістарычнай федэрацыі з Літвою і Беларуссю спрыяла б далучэнню да яе Украіны і прывяло б да ўтварэння пад эгідай Польшчы вялікай канфедэрацыі народаў цэнтральна-ўсходняй Еўропы, здольнай супрацьстаяць расейскаму і нямецкаму імперыялізму. Такая перспектыва супярэчыла інтарэсам Расеі, таму яна адразу ж перайшла ў контргульню.

Дзеля гэтага 17 ліпеня лінію польска-савецкага фронту перайшоў Юліян Мархлеўскі, якога Ленін упаўнаважыў весці мірныя перамовы. Масква не мела сілы, каб спыніць польскі наступ, таму загадзя рыхтавалася купіць мір цаною тэрыторыі Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Яе зліквідавалі менавіта таму, што адпраўка ў нябыт гэтай «суверэннай дзяржавы» дазваляла савецкім уладам гандляваць яе землямі як абшарамі з неакрэсленым дзяржаўна-прававым статусам. Ужо пад канец ліпеня, падчас перамоваў у Белавежы, Ю. Мархлеўскі засведчыў: «Ленін выразна сказаў: калі б палякі хацелі правесці ў Літве і Беларусі рэферэндум, мы не будзем засяроджвацца на тым, як ён праводзіцца, не будзем мы засяроджвацца і на лёсе Беларусі» (38). Гэта былі не нейкія адасобленыя тактычныя захады. Паводле сведчанняў удзельнікаў гэтых перамоваў, увосені 1919 г. Ю. Мархлеўскі па-ранейшаму паведамляў польскаму боку пра незацікаўленасць Леніна Беларуссю, пра тое, што Польшча атрымае такія тэрыторыі, якія сама пажадае, і, нарэшце, прадставіў ленінскую прапанову аб міры з вечнай мяжой на Дзвіне, Уле і Бярэзіне (39).

Пакуль доўжыліся гэтыя перамовы, у верасні 1919 г. В. Іваноўскі быў вызвалены са смаленскай турмы ў выніку дамовы з польскім урадам наконт абмену палітычнымі заложнікамі (40). Паводле сямейных аповядаў, ініцыятарам гэтай акцыі быў яго старэйшы брат Юры, які на той час быў міністрам працы і грамадскай апекі і фінансава падтрымліваў прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў Варшаве, якім кіраваў Лявон Дубейкаўскі (41) . (3 часоў жыцця Вацлава ў Смаленску захавалася слова «главхвост» - гэта была рыба, якой кармілі вязняў, яна складалася з галавы і хваста - рэшту з'ядала начальства.)

У лістападзе 1919 г. Іваноўскі вярнуўся ў Менск (42). Толькі цяпер ён мог поўнасцю ўсвядоміць значэнне савецкіх мірных прапановаў. Для яго гэта быў страшэнны ўдар, які нявечыў усю яго ранейшую палітычную філасофію, што грунтавалася на арыентацыі на Расею.

Пазіцыя Леніна перадвызначыла падзел Беларусі, а гэта перакрэслівала перспектыву пабудовы дзяржавы на цэлым этнічным абшары. Для Беларусі гэта быў смяротны прысуд, якога ў вачах Іваноўскага не апраўдвала ленінская тактыка абароны Расеі і рэвалюцыі. Ніводная з частак раздзёртага краю з эканамічнага, дэмаграфічнага і нацыянальнага гледзішча не магла стаць суб'ектам федэрацыі з Расеяй ці з Польшчай, нават калі б гэтая апошняя была «за». Кожная з гэтых частак у перспектыве павінна была б асімілявацца і расплыцца ў абдымках мацнейшых суседзяў. Таму захаванне цэласнасці і непадзельнасці краю было справай найважнейшай, зыходным пунктам усёй беларускай палітыкі.

Тым часам Пілсудскі затрымаў свае войскі на Бярэзіне і не спяшаўся заключыць мірнае пагадненне на ўмовах, што прапаноўваў Ленін. Ці захацеў ён гэткім чынам дапамагчы бальшавікам дасягнуць перамогі ў працяглай грамадзянскай вайне, ці марыў пра паход на Магілёў, Віцебск і Смаленск, да якога заклікаў А. Прушынскі? Тэарэтычна магчымасць авалодання ўсёй Беларуссю да межаў Рэчы Паспалітай 1772 г. была яшчэ цалкам верагоднай, у гэтым выпадку праект федэрацыі выглядаў бы болып рэалістычна. Таму Масква падчас працяглых мірных перамоваў з Польшчай, якія давалі магчымасць расправіцца з айчыннай контррэвалюцыяй, адначасова не ўпускала шанцаў, каб перакрэсліць польска-беларускае паразуменне. Гэтаму спрыялі кантрыбуцыі і рабункі, што чыніліся польскімі войскамі над мясцовым насельніцтвам, вяртанне памешчыкам сканфіскаваных маёнткаў і эгаістычныя дзеянні польскай адміністрацыі ў галіне нацыянальнай палітыкі (43). Гэта дыскрэдытавала афіцыйныя дэкларацыі і выклікала незадаволенасць і супраціў насельніцтва. Важную ролю адыгралі тут беларускія эсэры, якія ўвосені 1919 г. заключылі з савецкімі ўладамі ў Смаленску дамову аб супрацоўніцтве, на падставе якой атрымалі матэрыяльную падтрымку і разгарнулі агітацыю і партызанскую барацьбу (44). Натуральна, гэта выклікала польскія рэпрэсіі. Паводле ацэнкі аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага,«.. .першапачатковы энтузіязм [насельніцтва] згасаў, пераходзіў у незадаволенасць, якая нарэшце перарадзілася ў нянавісць да ўсяго польскага» (45). Усё хутчэй раскручвалася кола прычын і вынікаў, і здавалася, ужо нішто не магло яго спыніць.

На грунце стаўлення да Польшчы 13 снежня 1919 г. здарыўся раскол у Радзе БНР. Адна яе частка, дзе пераважалі эсэры, прызнала, што супрацоўніцтва з Польшчай немагчыма, і пасля кароткатэрміновага арышту перабралася ў Коўна, а другая частка Рады не пераставала верыць у мажлівасць паразумення з Польшчай і ўтварыла г. зв. Найвышэйшую Раду, якая, хоць і не прызнаная польскімі ўладамі, засталася ў Менску. Такім чынам, сярод беларускіх дзеячоў паўстала канфліктная сітуацыя, раслі ўзаемныя абвінавачанні і папрокі ў падлашчванні да Польшчы ці Літвы, што ўрэшце канчаткова спаралізавала і без таго невялікія сілы і прынізіла іх у вачах польскага ўрада.

В. Іваноўскі не быў сябрам Рады БНР, а пасля расколу не ўваходзіў у склад Найвышэйшай Рады, за што часамі яго асуджалі. Таму ён не мусіў удзельнічаць у палітычных спрэчках і пакуль што засяроджваў увагу на канкрэтнай працы, якая прыносіла яўныя вынікі, незалежна ад партыйнае накіраванасці, і была аднолькава прымальнай для ўсіх дзеячоў. Асноўным полем яго дзейнасці быў Педагагічны інстытут (у сакавіку 1920 г. В. Іваноўскі стаў яго рэктарам) і Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт, вакол якога аб'ядноўваліся прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, настаўнікі, літаратары, артысты, гаспадарчыя ды іншыя дзеячы.

Інстытут заклаў падмурак для арганізацыі пачатковага і сярэдняга школьніцтва, настаўніцкіх курсаў, а таксама для створанай у жніўні 1919 г. Беларускай Цэнтральнай Школьнай Рады, якая праз сваіх інструктараў ажыццяўляла нагляд за развіццём школьнай справы ў правінцыі. У рамках Рады быў арганізаваны выдавецкі аддзел, які адразу ж распачаў выданне школьных падручнікаў і мастацкай літаратуры. Пра вынікі гэтай працы сведчаць факты: калі на пачатку 1919/1920 навучальнага года ў Менскай акрузе было ўсяго толькі 8 беларускіх пачатковых школаў, дык пад канец гэтага года іх колькасць павялічылася да 233, апрача таго, былі створаныя дзве гімназіі - у Менску і Слуцку. Агульная колькасць навучэнцаў гэтых школ дасягнула 12 947 (46). У Менску паўстаў сталы беларускі тэатр пад дырэкцыяй выдатнага драматурга Францішка Аляхновіча і хор пад кіраўніцтвам Уладзіміра Тэраўскага, а ў правінцыі - шматлікія мастацкія суполкі і культурна-асветніцкія гурткі (47).

В. Іваноўскі з нязменнай рупнасцю і спрытам вышукваў магчымасці, каб атрымаць ад польскіх уладаў субсідыі на школьніцтва, выдавецкую і культурную дзейнасць. Дзеля гэтага ён выкарыстоўваў асабістае знаёмства з начальнікам Менскай акругі Уладзіславам Рачкевічам. У траўні 1920 г. Іваноўскі распачаў выданне літаратурнага тыднёвіка «Рунь», запрасіўшы на пасаду рэдактара свайго даўняга супрацоўніка - Яна Луцэвіча (Я. Купалу). Супольна з К. Цярэшчанкам - шэфам Часовага БНК - ён працаваў над арганізацыяй Беларускага цэнтральнага кааператыўнага саюза, які ў сярэдзіне 1920 г. кіраваў сеткай з 350 кааператываў на Меншчыне і ў суседніх раёнах Віленшчыны (48).

Гэта былі значныя дасягненні, якія ў галіне асветы і культуры перавышалі беларускія заваёвы на Меншчыне падчас нямецкай акупацыі. На перасвараных міжсобку дзеячоў, якія часцей за ўсё займаліся толькі палітычнымі фармулёўкамі, гэта рабіла вялікае ўражанне, а В. Іваноўскі, натхняльнік і праваднік усіх гэтых справаў, вырастаў да ролі галоўнай асобы, для якой немагчымых рэчаў не існавала. Таму, як паведамляў 5 лютага 1920 г. шэф палітычнага аддзела ў камандаванні літоўска-беларускім фронтам Мар'ян Касцялкоўскі, усе беларускія палітычныя партыі, з Найвышэйшай Радай уключна, «канчаткова» перадалі В. Іваноўскаму мандат на перамовы з польскімі ўладамі і такім чынам узалежнілі свае стасункі з Польшчай ад яго палітыкі (49). Гэта быў не проста выказ усеагульнага даверу, але таксама і неабмежаваны палітычны крэдыт, адпушчаны Іваноўскаму. Напэўна, гэтая акалічнасць прывяла да адстаўкі А. Луцкевіча і яго вяртання ў Вільню (50). Ва ўзаемадачыненнях паміж імі зноў запанавала непрыязь.

3 гэтага часу В. Іваноўскі выступае як афіцыйны прадстаўнік Беларусі. У першыя дні лютага 1920 г. ён спаткаўся з Ю. Пілсудскім у Вільні, там, паводле лаканічнага паведамлення ў друку, абмяркоўваў шмат якія важныя для Беларусі справы, між іншым, праблемы арганізацыі войска (51). Пра што ж гаварылі шаноўныя спадары не «між іншым», што было асноўнай мэтай іх сустрэчы? Ю. Пілсудскі, які яшчэ 1 лютага дазволіў сабе сказаць, што з'яўляецца праціўнікам беларускай фікцыі, пры спатканні з В. Іваноўскім пагадзіўся на правядзенне афіцыйнай польска-беларускай канферэнцыі для абмеркавання палітычных ды іншых праблем. Аднак падрыхтоўку канферэнцыі ён даручыў не начальніку Галоўнай управы Усходніх Земляў Юрыю Асмалоўскаму, а міністру замежных справаў Станіславу Патку, і гэта быў асабліва красамоўны факт. 1 сакавіка ён прызначыў Лявона Васілеўскага старшынёй камісіі па апрацоўцы праекта ўрэгулявання польска-беларускіх дачыненняў і правядзення перамоваў з прадстаўнікамі Беларусі (52).

Да перамоваў рыхтаваўся і Вацлаў Іваноўскі. Ён разлічваў атрымаць ад польскага ўрада субсідыі для развіцця школьніцтва, друку, выдавецкай дзейнасці, дабіцца раўнапраўя беларускай і польскай моваў, абмежавання свавольстваў польскай арміі і адміністрацыі. Усе пастулаты па гэтых праблемах ён прадставіў у «Мемарыяле па беларускай справе», і 16 сакавіка перадаў яго Л. Васілеўскаму ў Варшаве. Але найважнейшым пунктам, які стаяў на першым месцы ў гэтым дакуменце, было прадухіленне падзелу Беларусі, і В. Іваноўскі бачыў у гэтым шанец на тое, каб падчас мірных перамоваў прымусіць Расею адмовіцца ад абшараў, што ляжалі на захад ад мяжы былой непадзельнай Рэчы Паспалітай. Такім чынам, уся Беларусь апынулася б у польскай палітычнай арбіце. Адсюль вынікаў наступны яго пастулат, які прадугледжваў, што Полыпча абавязаная будзе вырашыць лёс Беларусі згодна з воляй яе народа.

Праз два дні, 18 сакавіка, Л. Васілеўскі выехаў у Менск. Выехаў, як пісаў пазней ва ўрадавай справаздачы, «з усведамленнем усёй цяжкасці задачы. Бо гаворка ішла аб тым, каб знайсці з боку беларусаў падтрымку для пазіцыі Польшчы ў размовах з балыыавікамі пры адначасовым адхіленні пастулатаў, прызнаных імі за мінімальныя» (53). Відаць, Л. Васілеўскі імкнуўся такім чынам адцягнуць увагу ўрадавых чыноўнікаў ад таго, што праект гэтай дэкларацыі ўжо быў прадстаўлены В. Іваноўскім і дабівацца яе не было патрэбы. У польскіх палітычных колах часта адмоўна ставіліся да рызыкоўных федэралістычных праектаў і аддавалі перавагу набыткам на ўсходзе, прыдатным для нацыянальнай асіміляцыі. 3 гэтага пункту гледжання, нават прапанова Леніна была для Польшчы непрымальная. Прэтэнзіі на аднаўленне межаў 1772 г. недвухзначна звязваліся ў перспектыве з федэралістычным вырашэннем, у якім беларусы былі зацікаўленыя болыы за палякаў. Таму невыключальна, што гэтая канцэпцыя абмяркоўвалася з Ю. Пілсудскім у Вільні і знайшла ў яго ўхваленне.

На канферэнцыі, якая адбылася 20-24 сакавіка 1920 г. у Менску, насупраць адзін аднаго сядзелі В. Іваноўскі і Л. Васілеўскі. Шаснаццаць год таму абодва супрацоўнічалі пры выданні першых беларускіх кніжак у Кракаве, а цяпер як кіраўнікі дэлегацыяў Беларусі і Польшчы вызначалі шляхі суіснавання двух суседніх народаў (54). Магчыма, гэтая акалічнасць і мела пэўнае значэнне для выніку перамоваў. Праўда, беларускі бок атрымаў меней грошай, чым хацелася, але здабытыя субсідыі дазвалялі разгарнуць беларускую справу на Меншчыне з небывалым дасюль размахам. Але праўда і тое, што польскі бок фармальна не прыняў ніякіх абавязкаў адносна беларускай дзяржаўнасці, аднак выказаў гатоўнасць да злучэння беларускіх земляў у адну цэласць, што ў выпадку паспяховых мірных перамоваў стварала рэальную перспектыву для польска-беларускай федэрацыі.

Але ў ідэі польска-беларускага супрацоўніцтва з абодвух бакоў было шмат праціўнікаў. Яна была новай, а таму малазразумелай з'явай. Пераважная большасць памешчыкаў у Беларусі жадала не федэрацыі, а простага далучэння да Польшчы, пагаджалася на атрыманне з цягам часу пэўных уступак беларусам у галіне культуры, але абуралася на спробы трактавання іх як палітычных партнёраў. Выказваліся меркаванні, што польскія ўлады за польскія грошы мацуюць беларускі нацыянальны патэнцыял на Меншчыне, які часта абарочваўся супраць Польшчы (55). Супраць гэтай ідэі паўставала і прапаганда беларускіх эсэраў, якія не раз выкарыстоўвалі скандальныя і безадказныя паводзіны польскай арміі і адміністрацыі, размахвалі лозунгамі краёвай незалежнасці, каб абвінаваціць прыхільнікаў такога супрацоўніцтва ў падлашчванні да Польшчы і здрадзе нацыянальным інтарэсам.

Але да мірных перамоваў і дыскусіяў наконт ступені незацікаўленасці Расеі ў землях, якія распасціраліся на захад ад даўняй, дападзельнай мяжы, не дайшло. Улетку 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў наступ і выціснула польскія войскі з Беларусі. 12 ліпеня было заключанае савецка-літоўскае пагадненне, паводле якога Вільня і беларуская частка Віленшчыны адышлі да Літвы, а 30 ліпеня зноў была абвешчаная Беларуская ССР у складзе ледзьве 18 паветаў (56). Калі ў сярэдзіне жніўня Чырвоная Армія была разбітая пад Варшавай, польскія войскі зноў рушылі на ўсход і неўзабаве занялі 12 паветаў новаўтворанай БССР. Пасунуцца далей яны не захацелі. Такім чынам, на савецкім баку засталася мікраскапічная рэспубліка, якая складалася з 6 паветаў Меншчыны. Нарэшце пачаліся мірныя перамовы.

У гэтай сітуацыі адбылося здарэнне, якое красамоўна адлюстравала стаўленне Леніна да беларускага пытання. Ужо ва ўступнай фазе перамоваў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іофе быў схільны аддаць Беларусь пад уплыў Польшчы, наўзамен за прызнанне ёю Савецкай Украіны (57). Пазіцыя Іофе фактычна азначала адмову ад пазасталых на савецкім баку рэшткаў БССР (Меншчыны) і жаданне пазбыцца такім чынам беларускага пытання.

Такая перспектыва абуджала надзеі сярод польскіх і беларускіх федэралістаў, якія разумелі, што ў новай сітуацыі канцэпцыя заваёвы прыдняпроўскіх абшараў і стварэння польска-беларускай федэрацыі ў вялікім маштабе ўжо нерэальная. Затое яны разлічвалі на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе г. зв. Сярэдняй Літвы, падзеленай у адпаведнасці з нацыянальнай структурай насельніцтва на тры кантоны: Віленскі (польскі), Менскі (беларускі) і Ковенскі (літоўскі) з агульным краёвым сеймам у Вільні. У аддаленай перспектыве прадугледжвалася злучэнне гэтай дзяржавы з Полыпчай па прынцыпе федэрацыі альбо ўваскрашэнне колішняй Рэчы Паспалітай (58).

Ажыццяўленнем гэтай канцэпцыі заняўся, з сакрэтнага даручэння Ю. Пілсудскага, генерал Люцыян Жалігоўскі. 8 кастрычніка 1920 г. ён вырушыў на чале літоўска-беларускай дывізіі на Вільню і ўжо наступнага дня заняў гэты горад. 12 кастрычніка ён абвясціў аб стварэнні новай дзяржавы - Сярэдняй Літвы - і склікаў яе ўрад - г. зв. Часовую Урадавую Камісію. У той самы дзень Л. Жалігоўскі даручыў вядомаму віленскаму дзеячу краёвага руху, Вітаўту Абрамовічу, выкананне абавязкаў старшыні гэтай камісіі, дырэктарам дэпартамента замежных справаў прызначыў Юрыя Іваноўскага, а дырэктарам дэпартамента грамадскага забеспячэння - Вацлава Іваноўскага (59) . На працягу некалькіх першых тыдняў Вацлаў кіраваў яшчэ і дэпартаментам сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама асветы, і таму пастараўся паставіць Браніслава Тарашкевіча кіраўніком аддзела беларускага школьніцтва ў гэтым дэпартаменце. Трэці брат, Станіслаў Іваноўскі, стаў начальнікам аддзела вайсковай мабілізацыі ў дэпартаменце ўнутраных справаў Камісіі.

Удзел трох братоў Іваноўскіх ва ўрадзе Сярэдняй Літвы стаў у віленскім асяродку тэмай для разнастайных каментарыяў. Гэтаксама, як некалі пра пецярбургскую выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца», пра гэты ўрад гаварылі як пра асабісты «інтарэс братоў Іваноўскіх», а сямейнікі лічылі, што так сталася паводле жадання Ю. Пілсудскага, якому вельмі падабалася польска-беларуская арыентацыя адной сям'і, якая сімвалізавала нацыянальную структуру гістарычнай Літвы. Для поўнага збору не хапала толькі чацвёртага брата - Тадэвуша, але той быў у Коўне.

Можна дапусціць, што пры ўступленні ў супрацоўніцтва з Л. Жалігоўскім Вацлаў разлічваў перш за ўсё на далучэнне Меншчыны да Сярэдняй Літвы як аднаго з трох запланаваных кантонаў. Разлічваў ён і на развіццё гаспадарчай ды культурнай дзейнасці на беларускіх абшарах Віленскага кантона. Незалежна ад асабістых перакананняў, ён атрымаў новы грамадскі мандат: 10 кастрычніка ў віленскім Беларускім Нацыянальным Камітэце адбылася нарада вядучых дзеячоў, якая ўпаўнаважыла В. Іваноўскага на ўдзел ва ўрадзе Сярэдняй Літвы (60). Аднак праз некалькі дзён віленская «Gazeta Krajowa» апублікавала наступную ананімную інфармацыю: «Для Камітэта было нечаканасцю заняцце імі (В. Іваноўскім і Б. Тарашкевічам. - Ю. Т.) урадавых пасадаў, бо камітэт на гэта іх не ўпаўнаважыў. Паны Іваноўскі і Тарашкевіч займаюць вышэйназваныя пасады персанальна (г. зн. на іх уласную адказнасць), і Нацыянальны Камітэт не нясе адказнасці за іх учынкі ў якасці членаў новага ўрада. А сваё стаўленне да іх Камітэт акрэсліць у залежнасці ад таго, як будзе вымалёўвацца іх дзейнасць у складзе новага ўрада і наколькі гэтая дзейнасць будзе адпавядаць асноўным пастулатам Камітэта» (61).

Цяжка высветліць, ці то была спроба перастрахоўкі камітэтаўскіх дзеячоў ад такога рызыкоўнага ў палітычным плане кроку, як супрацоўніцтва з Л. Жалігоўскім, ці жаданне адасобіцца ад В. Іваноўскага і скампраметаваць яго ў вачах беларускага грамадства. Так ці інакш, гэта быў выпад, не годны сумленнай гульні. Мы не ведаем, хто быў аўтарам ананімнай публікацыі ў «Gazecie Krajowej», але ён, без сумневу, належаў да блізкага кола супрацоўнікаў Іваноўскага і Тарашкевіча, пра што сведчаць змешчаныя ў цытаванай публікацыі іх персанальныя характарыстыкі. Можна меркаваць, што гэтае здарэнне перакрэсліла перспектывы супрацоўніцтва В. Іваноўскага з дзеячамі віленскага Камітэта. Ён адчуваў сябе непажаданай асобай.

Так пачалася дрэнная паласа. Неўзабаве з Рыгі надышлі найгоршыя навіны. Аказалася, што Л. Васілеўскі ды іншыя прыхільнікі федэралізму, якія ўдзельнічалі ў перамовах, мусілі пагадзіцца з пазіцыяй пераважнай бальшыні польскай дэлегацыі, а яна запярэчыла разгляду праблемы з Меншчынай. Такім чынам, ідэя беларускага кантона была пахаваная, а федэратыўная праграма - перакрэсленая (62) . Засталася Сярэдняя Літва - камічная дзяржава плошчай 15 тыс. кв. км ды паўмільённым насельніцтвам, якая ўжо не магла стаць зародкам Вялікага княства Літоўскага і была няздольнай да самастойнага існавання. Праблема, калі Польшча паглыне гэтую дзяржаўку, станавілася проста пытаннем часу. У гэтых абставінах Вацлаў Іваноўскі палічыў, што яго роля ў Часовай Дзяржаўнай Камісіі скончылася, і напрыканцы снежня 1920 г. падаў у адстаўку (63).

Баланс яго дзейнасці ў ваенныя гады складаўся няўдала. В. Іваноўскі рэальна ацэньваў нацыянальны патэнцыял і не цешыў сябе надзеяй на магчымае стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы, але разлічваў, што яе можна стварыць у федэратыўным саюзе з Расеяй ці з Польшчай. Гэтыя надзеі развеяў падзел беларускіх земляў. Зробленая пад уплывам ленінскай негатыўнай палітыкі стаўка на Пілсудскага аказалася для В. Іваноўскага тройчы фатальнай:
• па-першае, ён страціў палітычны крэдыт у Менску, дзе яго лічылі за паланафіла;
• гэтага крэдыту ён не здабыў і ў Варшаве, дзе яго абвінавачвалі ў сацыяльным радыкалізме ды беларускім сепаратызме;
• ён стаў палітычна небяспечнай фігурай для віленскіх беларускіх дзеячоў, якія імкнуліся акрэсліць новую філасофію паводзінаў ва ўмовах II Рэчы Паспалітай.

  1. Наша Ніва. 19.03.1915.
  2. Там сама, 16.04 і 25.05.1915.
  3. Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976. С. 89.
  4. Ліст Л. Войцік да аўтара ад 28.11.1986 г. Аднак арганізацыя петраградскага аддзялення сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Паводле інфармацыі, пададзенай у часопісе «Светач» (09.11.1916), яна была канчаткова створана 31 студзеня 1916 г.
  5. Сташкевич Н. Приговор революции. Крушение антисоветского двнжения в Белоруссии 1917-1925. Мн., 1985. С. 57.
  6. Вітан К. Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Да 85-х угодкаў нараджэньня. Нью-Йорк, 1954. С. 9; Янка Купала. Спадчына. Мюнхен, 1955. С. ХLI.
  7. Станкевіч Я. 3 гісторыі Беларусі. Мюнхен, 1958. С. 77.
  8. Loza S. (red.) Czy wiesz, kto to jest? Warszawa, 1938. S. 273
  9. Войцік Л. Успаміны. Машынапіс, прадстаўлены аўтаркай. Вільня, без даты. С. 8.
  10. Dziennik Pietrogradzki. 14.04.1917.
  11. Езавітаў К. У 25-я ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу // Раніца. 08.08.1943.
  12. ЛіМ. 14.12.1990; Dziennik Pietrogradzki. 14.04.1917.
  13. Турук Ф. Белорусское движенне. Очерк исторнн национального и революционного движения белорусов. М., 1921. С. 27-28.
  14. Там сама.
  15. Ліст Л. Войцік да аўтара ад 28.01.1979 г.
  16. Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мн., 1964. С. 77.
  17. Другі Усебеларускі Кангрэс. Мюнхен, 1954. С. 12.
  18. Беларуская Рада. 1917. № 6.
  19. Туронак Ю. Нежаданая рэспубліка // Кантакт. 1989. № 2.
  20. Беларуская Рада. 1917. № 12.
  21. Турук Ф. С. 108.
  22. Cennik szczepow owocowych Waclawa Iwanowskiego w Bojarach... S. 4.
  23. Turonek J. Bialorus pod okupacja niemiecka. Warszawa; Wroclaw, 1989. S. 19 i Hacr.
  24. Сидоревич А. Антон Луцкевич // Нёман. 1990. № 7.
  25. Кнорин В. Г. Избранные статьи и рецензии. Мн., 1990. С. 33.
  26. Чырвоная Змена. 22.06.1989; Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва. Т. 1. Мюнхен, 1962. С. 160-165.
  27. Круталевнч В. А. Рожденне Белорусской Советской Республнкн. Мн., 1979. С.121-122.
  28. Варшавское Слово. 02.05.1920.
  29. Цанава Л. Всенародная партнзанская борьба в Белорусснн протнв фашнстскнх захватчиков. Т. 2. Мн., 1951. С. 780-784.
  30. Ігнатоўскі У. Вялікі Кастрычнік на Беларусі // Беларусь. Нарысы гісторыі, экономікі, культурнага і рэволюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 207.
  31. Звезда. 16.05.1919.
  32. Гэта былі кн.: «Родны край» Л. Чарняўскай, «Наша крыніца» Я. Лёсіка, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Апошняе спатканне» У. Галубка, а таксама «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф. Аляхновіча.
  33. Rocznik Bialoruskiego Towarzystwa Naukowego. T. I. Wilno, 1933. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры... С. 205.
  34. Krotki zarys zagadnienia bialoruskiego, opr. Sztab Generalny - Oddzial II. Warszawa, 1928. S. 84
  35. Pilsudski J. Pisma-Mowy-Rozkazy. T. IV. Warszawa, 1933. S. 94-96
  36. Krotki zarys…S. 85.
  37. Мемарыял В. Іваноўскага ад 16.03.1920 г.;Архіў Новых Актаў (далей-ААК), Akta L. Wasilewskiego, syg. 45, s. 125.
  38. Kowalski M. A. (oprac) Rok 1919 // Przeglad Tygodniowy. 26.04.1987.
  39. Там сама. 03.05.1987.
  40. Politechnika Warszawska 1915-1925. Ksiega pamiatkowa pod red. prof. Leona Staniewicza. Warszawa, 1925. S. 430-432.
  41. Вітан К. Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Да 85-х угодкаў нараджэньня. Нью-Йорк, 1954. С. 9; Янка Купала. Спадчына. Мюнхен, 1955. С. ХІЛ.
  42. Ляхоўскі У. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919-1920 // Спадчына. 1994. № 6. С. 55.
  43. Мемарыял В. Іваноўскага ад 16.03.1920 г.
  44. Krotki zarys... S. 89.
  45. Там сама. 8. 88.
  46. Публічная бібліятэка ў Варшаве, рукапісны аддз., Akta ZCZW, akc. 1686, Sprawozdanie ogolne komisariatu m. Minska.
  47. Турук Ф. С.62.
  48. Там сама.
  49. Публічная бібліятэка ў Варшаве, рукапісны аддз., Akta ZCZW, akc. 1687. Raport polityczny Koscialkowskiego z 05.02.1920.
  50. Сидоревнч А. С. 132.
  51. Беларусь. 12.02.1920.
  52. Sprawozdanie L. Wasilewskiego z rokowan z przedstawicielami Bialorusi w marcu 1920 r. // Dokumenty i materialy do historii stosunkow polsko-radzieckich. T. II. Warszawa, 1961. S. 687.
  53. Там сама.
  54. Поўны склад польскай дэлегацыі: Л. Васілеўскі, В. Рачкевіч, С. Ваяводскі, ртм. Стаміроўскі; дэлегаты з беларускага боку: В. Іваноўскі, Я. Лёсік, кс. Ф. Абрантовіч, А. Смоліч, А. Уласаў, С. Рак-Міхайлоўскі, К. Цярэшчанка, I. Серада - гл. там сама.
  55. Raport Tupalskiego A. Ruch narodowy bialoruski w dobie przedwojennej i podczas wojny, AAN, TSK, syg. 99, s. 9-10.
  56. Круталевнч В. А. Адмнннстратнвно-террнторнальное устройство БССР. Мн., 1966. С.38.
  57. Dabski J. Pokoj Ryski. Warszawa, 1931. S. 78.
  58. Pobog-Malinowski W. Najnowsza historia polityczna vb Polski. T. II. Londyn, 1967. S. 572.
  59. Dziennik Urzedowy Tymczasowej Komisji Rzadzacej Litwy Srodkowej. 17.09.1920.
  60. Сндоревнч А. С. 138; Сташкевнч Н. С. 249.
  61. Gazeta Krajowa. 16.10.1920.
  62. Dabski J. S. 78.
  63. Апошняе распараджэнне В. Іваноўскага ў якасці дырэктара дэпартамента харчовага забеспячэння датуецца 28.12.1920 г. - Гл.: Dziennik Urzedowy Tymczasowej Komisji Rzadzacej.... 09.01.1921.

АЛЬТЭРНАТЫВЫ НЕ БЫЛО

Пасля выхаду з урада Сярэдняй Літвы Вацлаў Іваноўскі вырашыў пакінуць палітычнае жыццё і вярнуцца да навуковай працы. Ён думаў пра Варшаўскую Політэхніку, бо на той час у Вільні не было вышэйшай тэхнічнай школы. Магчыма, на яго выбар паўплывала і новая сямейная сітуацыя: у 1920 г. В. Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Цырымонія адбылася ў мясцовай евангелічнай царкве. Сабіна з дзецьмі, тым не менш, засталася ў Вільні і працавала настаўніцай гімнастыкі ў жаночай гімназіі імя Э. Ажэшкі. Магчыма, для былых мужа і жонкі гэты невялікі горад стаўся зацесным.

3 уладкаваннем на працу ў Варшаўскай політэхніцы былі звязаныя пэўныя цяжкасці. Тут не было кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў, у галіне якой спецыялізаваўся В. Іваноўскі ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Таму ён выступіў з ініцыятывай стварэння гэткай кафедры. Гэтай ідэяй зацікавіўся прафесар Казімір Смаленскі, калега Вацлава па Пецярбургскім інстытуце, які з 1919 г. працаваў у Варшаўскай політэхніцы і падтрымліваў арганізацыю новага кірунку навучання.

Першае паведамленне аб заснаванні кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў і запрашэнне Вацлава Іваноўскага да працы было пададзена ў «Праграме Варшаўскай політэхнікі на 1921/1922 г.» (1). Друкаваць гэтую «Праграму» скончылі 29 жніўня 1921 г., адсюль вынікае, што рашэнне інстытуцкага сената ў гэтай справе было прынятае перад летнімі вакацыямі 1921 г. Такому рашэнню, безумоўна, папярэднічала арганізацыйная і персанальная падрыхтоўка, якая таксама вымагала часу. Такім чынам, свае намаганні ў гэтым напрамку Вацлаў распачаў адразу ж пасля адстаўкі з урада Сярэдняй Літвы, г. зн. устудзені 1921 г.

Гэта вельмі істотнае ўдакладненне, бо яно сведчыць, што адыход В. Іваноўскага ад палітычнай дзейнасці быў выкліканы перамогай канцэпцыі інкарпарацыі, а не стаўленнем да беларускага пытання пазнейшай каманды Л. Жалігоўскага, а тым болыы - варшаўскіх уладаў пасля далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы. Гэта было самастойнае і незалежнае рашэнне, палітычныя матывы якога мы разгледзім крыху пазней.

Аднак выезд В. Іваноўскага ў Варшаву зацягваўся. Фармальна кіраўніцтва новай кафедрай ён атрымаў толькі ўвосень 1922 г., г. зн. з пачаткам новага акадэмічнага сезона, хаця ужо у друпм семестры 1921/22 г. распачаў лекцыі для студэнтаў чацвёртага курса хімічнага факультэта (2). Такім чынам, прынамсі да канца 1921 г. ён заставаўся ў Вільні і не ўдзельнічаў у працы палітычных арганізацыяў. У чаканні недалёкага пераезду ў Варшаву В. Іваноўскі выйшаў са складу Беларускага навуковага таварыства, якое 10 чэрвеня 1920 г. абрала яго старшынёй (3).

Адзінай сферай грамадскай дзейнасці В. Іваноўскага заставаўся ў той час Віленскі саюз кааператываў. Ён быў створаны на пачатку 1920 г., але летні наступ савецкіх войскаў, а пазней - палякаў на пэўны час прыпыніў яго дзейнасць. Сапраўднае яго развіццё пачалося толькі ў кастрычніку 1920 г. - пасля таго, як В. Іваноўскі атрымаў пасаду дырэктара дэпартамента грамадскага забеспячэння Сярэдняй Літвы (4). Гэты дэпартамент стаў кіраўнічым штабам кааператыўнага руху на Віленшчыне і яго дзейным апірышчам. Таму, карыстаючыся з ініцыятывы і падтрымкі В. Іваноўскага, Віленскі саюз кааператываў неўзабаве стварыў густую сетку сваіх суполак у вёсках і мястэчках Віленшчыны.

Фармальна дзейнасць Саюза адпавядала асноўным прынцыпам кааператыўнага руху. У першую чаргу, ён развіваў уласную сетку закупу сельскагаспадарчых прадуктаў: мясцовым земляробам плацілі болыы, чым гэта рабілі прыватныя купцы. Нягледзячы на гэта, пры продажы па рыначных коштах Саюз атрымліваў высокі прыбытак і ўжо ў сярэдзіне 1921 г. змог прызначыць істотныя сумы на далейшае развіццё сваёй дзейнасці. Планавалася рэарганізаваць сетку продажу прамысловых тавараў, папулярызаваць кааператыўны рух шляхам чытання лекцыяў, гутарак, выдання кааператыўнага часопіса, календароў і спецыяльнай літаратуры, падрыхтоўкі інструктараў (5). Усё гэта павінна было ўздымаць узровень агратэхнічных ведаў, дапамагаць адбудове зруйнаваных вайной гаспадарак і выпраўленню матэрыяльнага стану вясковага насельніцтва. І ўсё гэта адпавядала інтарэсам сялян, пра што сведчыла падтрымка кааператыўнага руху.

Насельніцтва Віленшчыны з нацыянальнага гледзішча было неаднастайным, і сябрамі Саюза Кааператываў маглі быць польскія, беларускія і літоўскія прадпрыемствы. Але фактычна яго дзейнасць была скіраваная на развіццё беларускіх кааператываў, бо яны стваралі важную матэрыяльную і арганізацыйную базу для актывізацыі беларускага нацыянальнага жыцця, асабліва - школаў, месцазнаходжанне якіх часта супадала з сеткай кааператываў. Паводле звестак, сабраных II аддзелам Генеральнага штаба Войска Польскага, гэтыя прадпрыемствы (безумоўна, неафіцыйна) утваралі мясцовую арганізацыйную сетку віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (6).

Беларускі характар Віленскага саюза кааператываў абудзіў занепакоенасць сярод афіцыйных чыноў Сярэдняй Літвы і выклікаў нападкі польскіх публіцыстаў. У сярэдзіне 1921 г. Вацлава Іваноўскага абвінавацілі ў тым, што беларускі кааператыўны рух, якому ён так спрыяў, стаўся ў правінцыі інструментам беларускай палітыкі антыпольскага кірунку. Адзіным доказам гэтай «злачыннай дзейнасці» мелася быць інфармацыя пра распаўсюджванне ў Ашмянскім павеце тыднёвіка «Наша Думка» (7). Скоса пазіралі ўлады і на пашырэнне беларускага школьніцтва на Віленшчыне, яны ўспрымалі яго як тормаз для польскай культурнай экспансіі.

В. Іваноўскі, хаця і не быў сябрам управы Саюза, але істотна ўплываў на яго дзейнасць, нават і пасля адстаўкі з урада Сярэдняй Літвы. Ён прыцягнуў да супрацоўніцтва сваіх давераных сяброў, якія ва ўправе Саюза адыгрывалі самую істотную ролю: Антона Трэпку, Уладзіслава Сталыгву, Юстына Ластоўскага, Аркадзя Смоліча ды іншых (8). Адначасова ён імкнуўся адчыніць банк і ўдасканаліць сістэму складоў і перавозу тавараў. Дзеля гэтага ў верасні 1921 г. В. Іваноўскі прыняў удзел у закладцы Акцыянернай Суполкі «Віленскія таварныя склады РАСІРІС», прапускная здольнасць якіх пад канец гэтага года дасягнула 700 вагонаў (9).

Як эксперт у галіне харчовай прамысловасці, В. Іваноўскі хацеў, каб Саюз заняўся сушкай садавіны і гародніны. У канцы мая 1921 г. ён выступіў на з'ездзе ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Саюза і так абгрунтаваў сваю прапанову: «Край наш мае скрытыя скарбы ў выглядзе ягад, грыбоў, садавіны і іншых пладоў лясоў і гародаў. Аднак гэтыя схаваныя скарбы трэба ператварыць у яўныя, ставячы ў розных найадпаведнейшых пунктах краю сушыльні садавіны, якія, выпрадукоўваючы дзённа ў сярэднім 16 пудоў (1 пуд - каля 16 кг. - Ю. Т.) тавару, збыванага пасля на краёвых рынках, дадуць агромністыя прыбыткі».

З'езд ухваліў гэтую прапанову і пастанавіў прызначыць 2% ад агульнага абароту на абсталяванне некалькіх сушыльняў (10).

Такім чынам, насуперак абвінавачанням і штораз большай непрыязі, В. Іваноўскі не страчваў надзеі на магчымасць развіцця беларускай кааперацыі. У канцы 1921 г., ва ўмовах набліжэння польскай інкарпарацыі Сярэдняй Літвы і росту шавіністычнай эйфарыі, улады распалілі нападкі на Віленскі кааператыўны саюз: яго абвінавацілі не толькі ў беларускім сепаратызме, але і ў імкненні апанаваць усё гаспадарчае жыццё Віленшчыны (11). Услед за гэтым былі зробленыя такія адміністрацыйныя захады, якія перакрывалі магчымасці для функцыянавання Саюза на ранейшых прынцыпах. Сваю ролю адыграла пры гэтым і жаданне польскіх фірмаў пазбыцца беларускай канкурэнцыі.

Стаўка В. Іваноўскага на кааператыўнае гаспадаранне нагадвала яго даваенныя захады ў Пецярбургу і Вільні, якія далі плён у развіцці выдавецкай дзейнасці. Гэтая стаўка была пэўнага кшталту тэстам на стаўленне польскіх уладаў да гаспадарчых і культурных патрэбаў беларускай нацменшасці. Вынікі ён даў адназначна адмоўныя. Тое, што было магчыма пры царызме, нованароджаная польская дзяржава не прымала.

Увосені 1922 г. Вацлаў Іваноўскі распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939 г., г. зн. 16 год. Спачатку - выкладчык па кантракце, 4 ліпеня 1924 г. ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а 1 верасня 1935 г. - звычайнага прафесара. Апрача таго, у 1930/1931-1932/1933 гг. ён выконваў абавязкі дэкана хімічнага факультэта, а ў 1935/1936-1936/1937 гг. - кіраўніка Вайсковай студыі гэтага інстытута . Паколькі В. Іваноўскі займаў гэтыя пасады, ён уваходзіў і ў сенат Політэхнікі.

За гэты час прафесар В. Іваноўскі выгадаваў многіх інжынераў-тэхнолагаў для польскай прамысловасці, апроч таго, ён кіраваў даследчай працай сваёй кафедры і ўдзельнічаў у рэалізацыі супольных міжлабараторных навуковых інстытуцкіх праграм. Тэматыка навуковых доследаў, якія ён праводзіў і якімі кіраваў, супадала з найважнейшымі патрэбамі тагачаснай польскай гаспадаркі, сярод іх на першым месцы стаялі разнастайныя тэхналагічныя аспекты харчовай прамысловасці. Зрэшты, у гэтай галіне ён меў найболыыы досвед: тэарэтычны, набыты ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, і практычны - у Лябёдцы.

Праблемны аспект тэхналогіі харчовай прамысловасці адлюстроўваюць наступныя працы В. Іваноўскага, выкананыя часткова супольна з іншымі навуковымі супрацоўнікамі Політэхнікі:

Перапрацоўка садавіны і гародніны: «Падручнік перапрацоўкі садавіны і гародніны» (1-е выд. - 1923 г., 2-е выд. - 1924 г.), «Асновы сушэння» (1924), «Перапрацоўка садавіны ў сувязі з цукровай вытворчасцю» (1925), «Стан і перспектывы развіцця перапрацоўкі садавіны і гародніны» (1925), «Справаздача з выставы він і прадуктаў з пладовых сокаў у Варшаве» (1925), «Матэрыялы да пытання характарыстыкі польскіх пладовіх він» (1927), «Міжнародная канферэнцыя па праблеме садавіны як харчовага прадукту» (1933).

Дрожджы: «Дрожджы ды іх значэнне ў харчаванні чалавека» (1929), «Пякарскія дрожджы Рэчы Паспалітай Польшчы» (некалькі выданняў 1928-1930), «Змены ў спрасаваных дрожджах падчас іх захоўвання» (1934).

Пякарства: «Доследы па тыпалагізацыі пробнай мукі для вызначэння часу падыходу пякарскіх дрожджаў» (1931), «Вывучэнне мукі з млына «Гураган»» (1933), «Рацыянальны метад аналізу мукі і цеста» (некалькі выданняў 1935-1937), «Рацыянальны метад вызначэння цукру ў зерні, муцэ і цесце» (1937).

Іншыя праблемы харчовай прамысловасцг. «Вывучэнне кармавой каштоўнасці броварнай вываркі» (1925), «Канферэнцыя па праблеме стандартызацыі прадстаўлення вынікаў харчовых аналізаў» (1929), «Сучасны стан тэхнікі малочнай вытворчасці ў Даніі» (1931), «Дзяржаўны кантроль за экспартам прадуктаў земляробства ў Даніі» (1931).

У раннія 20-я гады прафесары Вацлаў Іваноўскі і Язэп Турскі распачалі доследы ў галіне спіртовых і паліўных сумесяў як замяняльнікаў традыцыйнага маторнага паліва. У 1926-1929 гг. вучоныя апублікавалі некалькі сваіх прац («Спіртовыя напорныя сумесі», «Вынікі ўжывання належным чынам састаўленых напорных сумесяў»), але пазней перапынілі даследаванні. Справа ў тым, што гэтыя сумесі не маглі канкураваць з больш танным палівам, якое выраблялася на нафтавай аснове. Спроба ўвесці ва ўжытак новы гатунак паліва тлумачылася імкненнем павялічыць сферу выкарыстання бульбы ды іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, бо яе вытворчасць значна перавышала попыт на мясцовым і замежным рынку. Няўдача ў ажыццяўленні задумы не змяншае значэння гэтых прац, пра што сведчаць сучасныя распрацоўкі ў аналагічным кірунку, якія працягваюцца ў краінах з вялікімі запасамі сельскагаспадарчых рэсурсаў.

Нямала ўвагі прысвяціў прафесар В. Іваноўскі праблеме насычэння драўніны, што ў вялікай ступені было звязана з яго працай на чыгунцы ў якасці эксперта ў галіне насычэння дарожных шпалаў. Вынікі сваіх доследаў ён прадставіў у распрацоўках: «Шпальная гаспадарка на галандскіх чыгунках» (1929), «Разбурэнне будынкаў грыбком і барацьба з ім» (1933), «Двухлорнітрафенолы як антысептыкі для насычэння драўніны» (1933), «Трыхлорфенолы і іх выкарыстанне ў тэхніцы» (1932). Апрача таго, ён апублікаваў працу «Раскарчоўка пры дапамозе выбуховых матэрыялаў» (1932).

Нарэшце, неўзабаве перад Другон сусветнай вайной В. Іваноўскі заняўся праблемамі ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў. Ён удзельнічаў у правядзенні экспертызы па праблеме забруджання віслянскай вады Влоцлаўскай цэлюлознай фабрыкай і апублікаваў працу «Шляхі абясшкоджвання і выкарыстання адыходных кацельных лугаў пры вырабе сульфітнай цэлюлозы» (1939). Гэта была піянерская дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Вынікі даследчых прац прафесара В. Іваноўскага публікаваліся галоўным чынам у польскай хімічнай перыёдыцы («Przemysі Chemiczny», «Rocznik Chemii», «Gazeta Rolnicza», «Przeglad Miesny», «Przemysі Rolny», «Rolnik Ekonomista», «Technika Gorzelnicza» ды інш.) і ў замежных выданнях "Zeitschrift fur Spiritisindustrie" i «Cereal Chemistry».. Як вядучы эксперт у галіне тэхналогіі, ён прадстаўляў Польшчу на міжнароднай канферэнцыі па праблемах стандартызацыі харчовых аналізаў у Парыжы (1929), на міжнародным кангрэсе тэхнікі для малочнай вытворчасці ў Капенгагене (1931) і інтэрнацыянальным хімічным кангрэсе ў Будапешце (1939).

Значэнне даследчых прац прафесара Іваноўскага грунтавалася на паслядоўным імкненні ўкараніць іх вынікі ў практычнай прамысловай дзейнасці. Ён быў аўтарам сямі патэнтаў, зацверджаных Патэнтным бюро РП, пяць з іх былі апрацаваныя супольна з прафесарам Я. Турскім. Акрамя таго, ён меў вынаходніцтвы, запатэнтаваныя нямецкім канцэрнам «Ig Farbenindustrie». Падамо тут спіс запатэнтаваных у Польшчы вынаходак (у той паслядоўнасці, як іх зарэгістравала Патэнтнае бюро) (13):

• Спосаб насычэння драўніны рошчынамі хлорфенолу і яго солямі (24.03.1927)*.
• Спосаб захавання антысептыкаў у насычанай драўніне ад вылугоўвання (23.03.1927)*.
• Спосаб атрымання канцэнтраванай воцатнай кіслаты з этылавага спірту шляхам акіслення паветрам у прысутнасці каталізатараў( 10.01.1928)*.
• Азотнае пажыўнае асяроддзе для вырабу прасаваных дрожджаў(31.01.1928)*.
• Спосаб атрымання хлорагваяколу і солі гваяколсульфонавай кіслаты з парадыхлорбензолу (17.08.1928)*.
• Сушыльная калона з ніжнім душнікам (07.05.1930).
• Спосаб пералівання малака (31.01.1935).

*Выдадзена В. Іваноўскаму супольна з Я. Турскім.

Прыкладны кірунак даследчых прац прафесара В. Іваноўскага часам выклікаў нараканні з боку прыхільнікаў чыста тэарэтычных ведаў, але польскай прамысловасці, гэтаксама, як і політэхніцы, яны прыносілі безумоўную карысць. В. Іваноўскі як эксперт у галіне тэхналогіі займаў разнастайныя пасады ў прамысловасці, што, між іншым, давала магчымасць атрымліваць сродкі на развіццё інстытута. Таму, калі ў 1928 г. паўстаў праект пабудовы двух новых карпусоў Політэхнікі (хімічнай тэхналогіі і электратэхнікі), В. Іваноўскі адыграў вялікую ролю ў яго ажыццяўленні: стаў сталым сакратаром тэхналагічнай камісіі, старшынёй будаўнічага камітэта і кіраўніком яго фінансавай секцыі, апрача таго, кіраваў праектнымі працамі новых лабараторыяў у корпусе хімічнай тэхналогіі (14).

На ацэнку дзейнасці Вацлава Іваноўскага ў Варшаўскай політэхніцы ўплывалі яго беларускія нацыянальныя перакананні ды папярэдняя і пазнейшая палітычная дзейнасць. У Беларусі яшчэ не так даўно дапускаліся нават сцверджанні, быццам ён быў «невукам» (15), а ў Польшчы на гэты конт пераважна маўчалі. Толькі пасля таго, як у 1984 г. Сенацкая камісія гісторыі і традыцыі Варшаўскай політэхнікі разгледзела «справу прафесара В. Іваноўскага», прызнана магчымым апрацаваць элементарную бібліяграфію яго прац. Але і да сённяшняга дня, г. зн. да 1992 г., зроблена было няшмат.

Па сутнасці, на працягу апошніх 50 гадоў з'явілася толькі адна ацэнка яго дзейнасці, зробленая Яўгенам Квяткоўскім, палітыкам, гаспадарчым дзеячом, аўтарам прац па гісторыі хімічнай прамысловасці і тэхналогіі ў Польшчы, а значыцца, асобай кампетэнтнай. Вацлава Іваноўскага ён назваў у шэрагу найвыдатнейшых прадстаўнікоў польскай тэхналагічнай навукі, такіх як Ігнат Масціцкі, Язэп Турскі, Вацлаў Ляснянскі ды інш., прычым падкрэсліў іх высокую навуковую падрыхтаванасць, тонкую выхаваўчую інтуіцыю і надзвычайныя арганізацыйныя здольнасці (16).

Шмат сэрца і ўвагі аддаваў Вацлаў Іваноўскі студэнцкай моладзі. Ян Карыткоўскі, у 20-я гг. - вучань прафесара, а пазней, пасля вайны - і сам прафесар Політэхнікі, гаварыў пра гэта так: «Прафесар Іваноўскі быў вельмі добразычлівы да студэнтаў-дыпломнікаў. Ён меў вялікія сувязі ў ферментацыйна-харчовай прамысловасці і дзякуючы гэтаму ўладкоўваў выпускнікоў у гэтай прамысловасці, а на той час атрымаць працу было вельмі важнай справай. Для студэнтаў, што спецыялізаваліся ў гэтай галіне, ён арганізоўваў экскурсіі, між іншым, у 1925 г. - у Крушвіцу (гл. здымак. - Ю. Т.). Здабываў для студэнтаў субсідыі ў спіртовай, малочнай, пякарскай прамысловасці. Як гуманіст і дэмакрат, быў цалкам талерантны да палітычных перакананняў студэнтаў. У галіне ферментацыі мы часта самі выраблялі алкагольныя напоі, якія ўжывалі на развітальных выпускных вячорках. Прафесар Іваноўскі лічыў сябе беларусам. Аднойчы арганізавалі экскурсію, і калега, які збіраў пашпарты, паказаў мне пашпарт Іваноўскага, дзе было запісана: "нацыянальнасць - беларус"» (17).

3 ініцыятывы таго ж самага прафесара Я. Карыткоўскага 11 кастрычніка 1979 г. у зале Галоўнай Тэхнічнай Арганізацыі ў Варшаве адбылася сустрэча, прысвечаная памяці прафесара В. Іваноўскага, на якую быў запрошаны і аўтар гэтай кніжкі. У ёй прынялі ўдзел каля 30 вучняў прафесара, а іх успаміны пацвердзілі цытаванае выслоўе і, апрача выказаў павагі да прафесара, адкрылі шэраг цікавых біяграфічных момантаў. Сярод іншых у спатканні ўдзельнічала і спадарыня Гражына Ліпінская, аўтарка выпушчаных у Парыжы ўспамінаў, дзе аб прафесары В. Іваноўскім гаварылася наступнае: «У міжваенныя гады акадэмічная моладзь вельмі любіла яго за прастату, добразычлівасць і арганічную патрэбу прыходзіць кожнаму на дапамогу. Я сутыкнулася з ім яшчэ раз за два гады да вайны, калі прыехала ў Горадню з Варшавы па справах пераносных грыбных сушыльняў, якія тамтэйшая Агародніцкая школа меркавала выкарыстоўваць у Беларусі. Прафесар быў вынаходнікам гэткай перасоўнай сушыльні. У размове з ім я заўважыла, што яго цікавіла не столькі сушыльня, колькі дабрабыт беларускага народа. Я страшэнна выйграла ў яго вачах з таго, што дзеля працы ў Горадні пакінула Варшаву. Ён растлумачыў, як павінны мы берагчы спрадвечную беларускую культуру, як любіць і арганізоўваць тамтэйшы люд, каб узбагаціць яго духоўна і матэрыяльна» (18).

У 30-я гг. Вацлаў Іваноўскі быў куратарам дзвюх студэнцкіх арганізацыяў, якія дзейнічалі ў Варшаўскай політэхніцы: Гуртка віленчукоў і Гуртка Наваградскай Зямлі (19). Здаецца, гэта быў невыпадковы выбар. Праўда, абодва гурткі не мелі нацыянальнага характару, яны былі рэгіянальнымі арганізацыямі накшталт зямляцтваў у расейскіх дарэвалюцыйных школах, але вакол іх гуртаваліся беларускія студэнты з Віленшчыны і Наваградчыны. Сярод іх найбліжэйшы кантакт з прафесарам падтрымлівалі кіраўнікі гэтых гурткоў, якімі пэўны час былі Міхал Вітушка і Мечыслаў Контаўт. Праз некалькі гадоў яны стануць супрацоўнікамі беларускай адміністрацыі ў Менску, але пакуль што працавалі над арганізацыяй Беларускага асветнага таварыства ў Варшаве. Відаць, паводле іх просьбы ў 1937 г. прафесар В. Іваноўскі паставіў свой подпіс пад статутам гэтага Таварыства як адзін з яго закладчыкаў (20).

Аб прыватным жыцці прафесара В. Іваноўскага ў Варшаве вядома няшмат. Ён здымаў кватэру на вуліцы Кошыкавай, 75, побач з Політэхнікай, дзе жыў разам з жонкай да верасня 1939 г. 26 верасня 1923 г. нарадзілася адзінае ў гэтым яго другім шлюбе дзіця - сын Пётр-Леанард, ахрышчаны ў рымска-каталіцкім касцёле Збавіцеля ў Варшаве (21). Наведвалі Вацлава дзеці ад першага шлюбу - Сцяпан і Ганна, якія вучыліся ў Варшаве. На думку знаёмых, яго другі шлюб быў няўдалы. Ён атрымліваў, відаць, немалыя прыбыткі, але ўласнага дома або кватэры ў Варшаве не прыдбаў. Сваё жыццё ў гэтым горадзе лічыў за часовае, а сам марыў пра тое, каб асесці ў Беларусі.

Пасля смерці бацькі Леанарда (15 кастрычніка 1919 г.) прававы статус Лябёдкі некаторы час заставаўся неакрэсленым. Толькі з цягам пасляваеннай стабілізацыі распачалася спадчынная працэдура, у выніку якой Вацлаў атрымаў частку фальварка - Рагачоўшчыну і Баяры. Першую з іх ён аддаў Сабіне, а сабе пакінуў Баяры. Гэта быў досыць лясісты абшар плошчай нешта каля 30 га.

У гэтых Баярах Вацлаў Іваноўскі вырашыў зрабіць сваю вясковую сядзібу. Ён выкарчаваў лес і пабудаваў невялікі драўляны дом. Вельмі прываблівала яго ідэя аднаўлення бацькоўскай садовай гаспадаркі. Вацлаў лічыў, што гэта яго сыноўскі і грамадскі абавязак. У прадмове да свайго «Цэнніка» ён пісаў: «Мне ўдалося адшукаць матачныя дрэвы, прынамсі, у галіне гандлёвага асартыменту, 50-гадовы досвед дапоўніць досведам забойчай зімы 1928/1929 года, і плён гэтага досведу ў выглядзе падбору дрэваў я аддаю на суд усіх аматараў і ўладальнікаў "паўночных садоў"» (22).

Такім чынам, на пачатку 30-х гг. ажыла садовая гаспадарка Вацлава, з якой на прапанову выстаўлялася больш за 60 гатункаў яблыневых, грушавых, слівавых, чарэшневых і вішнёвых прышчэпкаў. У ваколіцах Баяраў ён арганізаваў яшчэ і суполку, якая скупала малако ад мясцовых земляробаў.

Але і тут Вацлаву не пашчасціла. У 1934 г. памерла яго маці Ядвіга. Яе пахавалі побач з Леанардам у сямейным склепе, які знаходзіўся метраў за 800 ад Лябёдкі. Пасля яе смерці згусціліся сямейныя праблемы, якія прымусілі Вацлава ў 1938 г. перадаць гаспадарку ў Баярах свайму сыну і выехаць з Лябёдкі.

Але намер асесці на вёсцы не пакідаў яго. Неўзабаве Вацлаў купіў у ваколіцы Салтанаў Ваўкавыскага павета некалькі дзесяткаў гектараў зямлі дзеля стварэння новай гаспадаркі. Але паспеў толькі перавезці з Баяраў свой драўляны дом. Далейшыя планы перакрэсліла Другая сусветная вайна.

Вацлаў са сваёй жыццёвай філасофіяй не ўпісваўся ў польскую міжваенную рэчаіснасць. Праўда, ён дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай кар'еры, але вельмі перажываў, што не знаходзіць самарэалізацыі на беларускай ніве, бо лічыў гэта сваёй найважнейшай мэтай. У гэтым сэнсе ён ужо не знаходзіў паразумення ані ў сям'і, ані ў грамадскім асяроддзі, ані нават сярод даўніх сваіх сяброў і супрацоўнікаў. У вялікай ступені на гэта паўплывалі новыя палітычныя абставіны.

Сабіна, якая некалі захаплялася і маральна падтрымлівала дзейнасць Вацлава на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння, ужо падчас Першай сусветнай вайны, па меры распаду сям'і, пачала адыходзіць ад ідэалаў маладосці і выхавала дзяцей у тыповым для польскага асяроддзя духу. Цяпер бацькавы погляды яны расцэньвалі як дзівацтва і з цяжкасцю іх успрымалі. Як піша Іван Касяк, дачка Вацлава, Ганна, сцвярджала ў апошнюю вайну ў Менску, што яе бацька - паляк, і толькі зараз выдумаў сабе, быццам ён беларус (23). Відаць, з гэтага гледзішча другі яго шлюб быў не лепшы.

Большае разуменне сваіх поглядаў у міжваенныя гады Вацлаў знаходзіў сярод братоў, Юрыя і Станіслава. У мінулым іх аб'ядноўвала федэралістычная дзейнасць, цяпер жа - толькі яе ідэя, якая пасля Рыжскай дамовы падавалася зусім неажыццяўляльнай. Цесныя кантакты Вацлаў падтрымліваў з Юрыем, які пэўны час быў сенатарам Рэчы Паспалітай. У 30-я гг. абодва яны прымалі ўдзел у працы Польскага Інстытута нацыянальных справаў у Варшаве. Калі ў Вацлава здараліся цяжкасці з атрыманнем замежнага пашпарта, Юры дзякуючы сваёй пасадзе істотна яму дапамагаў. Бліжэй за ўсіх па ідэях быў да Вацлава яго брат Тадэвуш - прафесар Ковенскага універсітэта, але бачыліся яны рэдка з увагі на тагачасныя польска-літоўскія стасункі.

Калі ў сваёй сям'і да Вацлава ставіліся па-рознаму, дык «на крэсах», сярод памешчыкаў і палітычных дзеячоў, адносіны да яго былі рашуча адмоўныя. У выніку рэвалюцыі гэтыя людзі страцілі свае маёнткі ва Усходняй Беларусі, знайшлі прытулак у Польшчы і парабіліся заядлымі праціўнікамі беларускага руху, які з прычыны свайго радыкалізму для іх атаесамляўся з балыыавізмам. Таму Вацлава Іваноўскага абвінавачвалі ў тым, што ён быў галоўным інспіратарам гэтага руху, прычым указвалі, што рабіў ён гэта ў інтарэсах Расеі (24). Яго вінавацілі за рэнегацтва і здраду класавым інтарэсам свайго асяроддзя (25).

Следам за польскім друкам апалчыўся супраць В. Іваноўскага і беларускі друк, натуральна, з супрацьлеглых пазіцыяў. У 1928 г. віленская газета «Думка Працы» змясціла артыкул, падпісаны псеўданімам «Саўка Барывой», дзе, між іншым, можна было прачытаць наступнае: «А што датычыць [...] пана прафэсара Вацлава Іваноўскага [...], гэта нягодны здраднік Беларусі і беларускае справы! Належыць ён да гэтых «маскарадных кірмашовых беларусаў», якія калісьці былі ў беларускім руху не дзеля сапраўднае працы ад душы і сэрца, а толькі дзеля забавы і сьмеху, а магчыма - і дзеля скрытае шкоды беларусам» (26).

Абразы, кінутыя «Думкай Працы» - газетай, якую падтрымлівалі камуністы, - маглі быць водгуллем распачатай у Менску кампаніі адхрышчвання ад «класава чужародных» дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, да якіх належаў В. Іваноўскі. У 20-я гг. у Савецкай Беларусі яго яшчэ не клялі публічна, але стараліся выкрэсліць з гісторыі руху, кінуць у забыццё. Дзеля гэтага ўжо ў 1924 г. усе яго выдавецкія заслугі, якія мелі безумоўнае значэнне для развіцця маладой нацыянальнай літаратуры, пачалі прыпісваць Браніславу Эпімаху-Шыпілу (27).1 хаця Шыпіла гэтаксама, як і ўсе сябры праўлення выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», быў сапраўднага шляхецкага паходжання, але падчас вайны і рэвалюцыі ён, прынамсі, не займаўся «нядобранадзейнай» палітычнай дзейнасцю, ды, апрача таго, застаўся ў Ленінградзе. Таму менскія ўлады паставіліся да яго з большай цярпімасцю.

Таму, каб выкрэсліць В. Іваноўскага з гістарычнай памяці, у вялікай ступені пасадзейнічаў 3. Жылуновіч, які пасля няўдалай спробы ўвесці ў студзені 1919 г. уладных прадстаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўрад Савецкай Беларусі, меў асабліва шмат прычын, каб адмежавацца ад Іваноўскага. У 1925 г. ён абвясціў, што не В. Іваноўскі, а Б. Шыпіла быў старшынёй выдавецкай суполкі, акрамя таго, прыпісаў яму ролю галоўнага дзеяча Круга беларускай народнай прасветы, утворанага ў 1902 г. (28) Гэтая мана, магчыма, была б і не вартая ўвагі, калі б на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў на ёй не будавалі «навуковыя падставы» для раскрыцця вытокаў беларускага нацыянальнага руху, у якім для В. Іваноўскага ўжо не было месца.

Ва ўспамінах 3. Жылуновіча, апублікаваных у 1929 г. у Менску, прасочваецца тое самае імкненне адхрысціцца ад Іваноўскага. У іх 3. Жылуновіч згадваў, як у 1909 г. у пошуках працы ён накіраваўся ў маёнтак Іваноўскіх у Лябёдцы, і гэтым фактам намагаўся падкрэсліць, якая глыбокая сацыяльная прорва пралягала паміж ім, бедным беспрацоўным гарбаром з Капыля, і Вацлавам Іваноўскім, членам памешчыцкай сям'і, апісаць пагарду і прыніжэнне, якіх ён нацярпеўся ад паганых эксплуататараў. Гэта павінна было дыскрэдытаваць В. Іваноўскага, які ва ўспамінах фігуруе пад сваім літаратурным псеўданімам «Тройца», але атрымалася вось што: «У Лідзе я пачакаў Тройцу. Ён ехаў дамоў са сваёй жонкаю і спаткаў мяне ветла. Тут жа мы прыселі за стол і перакусілі [...]

Да прыходу цягніка з маёнтку прыехалі дзьве падводы - адна панская каламажка на спружынах, запрэжаная ў пару добрых стаенных коняй, а другая - просты аднаконны дваровы нарадзік. Тройца з жонкаю ўсеўся ў першы, мяне-ж, зразумела, даручыў фурману другое [...]

Заехаўшы на дзядзінец, зусім скромны, і спыніўшыся перад звычайным будынкам, які адыгрываў ролю «палацу», Тройца накіраваў мяне ў парабкаўскую кватэрку, а сам, спатканы роднымі, пайшоў у пакоі. «Вы пачакайце крыху, зараз прыдуць і дадуць вам есьці», - суцешыў ён мяне з ганку пакояў [...]

Мінула гадзіна часу - мінула болыы - я ўсё чакаў, маючы справу з мухамі. Раптам у пакоях Іваноўскіх зайграла музыка. Пачуліся тэнаровыя засьпевы. Музыка і песьні стройнаю мэлёдыяй выліваліся ў адчыненыя вокны пакояў. Ад іх нясло панскім задавальненьнем, бясьпекаю і асалодаю жыцьця. Ну, на мяне-ж раптам музыка нагнала злосьць і роспач. Я ня мог яе слухаць спакойна, тут-жа ўзмоцнена пачаўшы думаць, як быць. Было ясна, што дзядзька Тройца пра мяне забыў [...] Што аставалася рабіць? Чакаць? Чаго? У момант перада мною вызначылася выразная рашучасьць - кінуць Лябёдку і дзядзьку Тройцу [...] 3 карзінкаю за плячыма я выйшаў з двара фальварку і пад зыкі музыкі паншоу на станцыю» (29).

Калі нават пераказ Жылуновіча адпавядаў сапраўднасці, дык яго «прэтэнзіі» выклікаюць здзіўленне. Чаго яшчэ мог чакаць кандыдат на парабка ў маёнтку? Вацлаў спаткаў яго ў Лідзе, запрасіў на вячэру, прыслаў яму нават нейкую асобную павозку, а значыць, паставіўся як найвыключна. Абурыўся ж 3. Жылуновіч толькі на тое, што аканом не з'явіўся да яго адразу... Затое не адпавядаюць сапраўднасці «дэкарацыі» - Лябёдка не была «звычайным будынкам», але адной з найбольш прадстаўнічых сядзібаў на Гарадзеншчыне (гл. здымак). Можна засумнявацца і ў тым, што зранку там арганізоўвалі канцэрты, - як пісаў Жылуновіч, са Скрыбава, куды яны прыехалі яшчэ да дня, дабірацца конна да Лябёдкі трэба было гадзіну...

Нападкі з польскага і беларускага боку былі непрыемныя, але В. Іваноўскі трываў іх цярпліва і не адгукаўся публічна. Ён рэдка ўдзельнічаў у віленскіх імпрэзах беларусаў, часам фінансава дапамагаў рэдакцыям часопісаў «Беларуская Крыніца» і «Шлях Моладзі» (30). Ён адышоў ад беларускага руху і нёс за гэта адпаведную кару: забыццё і непрыязь. Калі пасля доўгіх намаганняў пад канец 1937 г. было зарэгістраванае варшаўскае Беларускае Асветнае Таварыства, ніводзін беларускі часопіс не назваў яго імя ў ліку закладчыкаў гэтай арганізацыі (31). Часам яго абвінавачвалі ў тым, што ён ухіліўся ад рэпрэсіяў польскай адміністрацыі, ад якіх пацярпелі дзеячы заходнебеларускага руху, і вёў у Варшаве выгоднае жыццё (32).

Разважым, наколькі абгрунтаваныя былі гэтыя абвінавачанні, у святле празрыстага пытання: ці існавала ў той час альтэрнатыва для нацыянальнай апатыі В. Іваноўскага, словам, ці мог ён і якім чынам ажыццявіць галоўную мэту свайго жыцця, якой была беларуская дзяржава?

Пачнем ад Рыжскай дамовы, якая для В. Іваноўскага азначала канец яго палітычнай кар'еры. Усталяваны ў гэтай дамове падзел Беларусі стварыў сітуацыю, якая не абяцала стабілізацыі. Калі браць тэарэтычна, як Польшча, так і Савецкая Расея маглі выкарыстаць свае часткі Беларусі для стварэння ГГемонта для будучага аб'яднання, але на практыцы толькі Расея мела да гэтага зацікаўленне і магчымасці. Беларускі П'емонт на ўсходзе мусіў быць прыцягальным як для беларусаў, што апынуліся ў Польшчы, так і для палітычных эмігрантаў у Германіі, Чэхаславакіі, краінах Прыбалтыкі і г. д. Таму ў першыя гады існавання БССР Масква пайшла на значныя ўступкі, якія павінны былі сведчыць аб тым, што савецкія ўлады ўзяліся за ажыццяўленне беларускіх палітычных пастулатаў.

Толькі цяпер Беларусі была вернутая пераважная частка яе ўсходніх абшараў, якія ў студзені 1919 г. «забяспечыла» сабе Расея, таму пад канец 1926 г. тэрыторыя рэспублікі дасягала ўжо 126 тыс. кв. км, а насельніцтва - 5 мільёнаў чалавек. Гэта была невялікая «дзяржава», хаця ў тагачаснай Еўропе няцяжка было дашукацца і драбнейшых. Хуткімі тэмпамі ішла адбудова гаспадаркі, асабліва - земляробства, вытворчасць якога ў 1923 г. дасягнула рэкорднага ўзроўню. Гэтаму спрыяла паляпшэнне матэрыяльнага становішча сялянства, якое складала больш за 80% ад насельніцтва краю.
Але асабліва істотнае значэнне мелі ўступкі ў моўнай і культурнай галінах, якія павінны былі перадвызначыць нацыянальны характар Беларускага Дома. Таму была абвешчаная шырокая праграма беларусізацыі краю, яна прадугледжвала ўвядзенне беларускай мовы ў дзяржаўнай адміністрацыі, школьніцтве, культуры, навуцы, выдаўніцтве і г. д. Кожны грамадзянін Савецкай Беларусі абавязаны быў валодаць і карыстацца беларускай мовай. Ажыццяўленнем гэтай праграмы апекаваўся ўрад БССР.

І сапраўды, ва ўсіх гэтых галінах за кароткі час быў дасягнуты значны поспех. У 1923-1931 гг. выданне кніжак на беларускай мове павялічылася з 28 да 1 301 найменняў, а іх наклад - з 96 тыс. да 10,2 млн. асобнікаў. За той самы перыяд доля беларускіх кніг у агульнай прадукцыі БССР паднялася з 15 да 95% (33). Паўстала сістэма нацыянальнага школьніцтва, у т. л. і вышэйшага. Такім чынам, Савецкая Беларусь паступова ператваралася з ідэалагічнай канцэпцыі ў новую рэальнасць. Прынамсі, гэта так выглядала.

Палітыка беларусізацыі ў БССР глыбока ўражвала нацыянальных дзеячоў за мяжой, бо сведчыла пра ажыццяўленне іх найважнейшых эканамічных і культурных пастулатаў савецкімі ўладамі. Гэта ў пэўнай ступені прывяло да змены стаўлення эміграцыі да камунізму. У канцы 1925 г. на Берлінскай канферэнцыі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаў БССР за адзіную нацыянальную беларускую дзяржаву, пасля чаго большая частка яго членаў пераехала ў Менск. Нямала дзеячоў вярнуліся на радзіму з Літвы, Латвіі, Германіі і Чэхаславакіі. Ніколі дагэтуль не бачыла беларуская сталіца такой канцэнтрацыі нацыянальнай эліты, як напрыканцы 20-х гг.

Усходні П'емонт значна ўплываў на пазіцыю інтэлігенцыі і настроі народных мас, якія сілай Рыжскай дамовы апынуліся ў польскай дзяржаве. Варшава не здолела супрацьпаставіць Маскве пазітыўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай нацменшасці. У Рызе перамагла канцэпцыя інкарпарацыі, асноўным прынцыпам якой было ўзмацненне польскага элемента на крэсах шляхам іх каланізацыі ды паланізацыі мясцовага беларускага насельніцтва.

Паводле разлікаў беларускага дэмографа А. Ракава, за ўвесь міжваенны перыяд у Заходнюю Беларусь перасялілася каля 300 тыс. польскіх асаднікаў, паліцыянтаў, службоўцаў, настаўнікаў і г. д. (34) Асабліва важным элементам гэтай палітыкі была зямельная рэформа, якой падлягалі ў большасці сваёй былыя расейскія казённыя і праваслаўныя маёнткі, у той час як польскіх памешчыкаў яна закранула толькі ў невялікай ступені. Прытым большасць распарцэляваных земляў пераплыла ў гэтым перадзеле не мясцовым беларускім сялянам, Гэта прывяло да зямельнага голаду і збяднення заходнебеларускай вёскі, што і без спецыяльнай інспірацыі з-за ўсходняга кардону ўплывала на радыкалізацыю настрояў насельніцтва і ўзмацненне класавых і нацыянальных антаганізмаў. У Менску спрытна выкарысталі гэтую сітуацыю для актывізацыі рэвалюцыйнага руху на заходнебеларускіх абшарах. Таму ўжо ў першыя пасляваенныя гады распачаліся партызанскія дзеянні, і ў адказ - карныя акцыі паліцыі, палалі маёнткі і вёскі, гінулі паліцыянты і сяляне. Класавую напружанасць падагравала паланізацыйная палітыка ўладаў, асабліва - у асветнай і рэлігійнай галіне.

Так пачаў раскручвацца калаўрот падзеяў, спыніць які было ўжо немагчыма. Як пісаў Казімір Падляскі, польскія ўлады ўблыталіся ў сітуацыю, з якой ужо не было добрых выхадаў (35). У 20-х гг. беларускі рух на далучаных да польскай дзяржавы абшарах развіваўся яўна пад уплывам усходняга ІГемонта. Гэта датычылася не толькі Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі і яе легальных прыбудоваў накшталт «Грамады» або «Змагання», але ў вялікай ступені таксама і некамуністычных згуртаванняў, у т. л. і беларускай Хадэцыі, якую віленскі біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі абвінавачваў у «памылках рэлігійнага індыферэнтызму і бальшавізму» (36).

І таму не перабольшваў Людвік Абрамовіч, калі пад канец 20-х гг. гэтак ацэньваў тагачасную сітуацыю: «.. .Увесь беларускі рух мае выключна народны характар, і таму - аднабаковы, скрайне радыкальнага адцення. Калі ён знаходзіцца пад уплывам Менска, дык гэта ў значнай ступені таму, што толькі адсюль мае падтрымку, з польскага ж боку ён сустракаецца або толькі з непрыяззю і пераследам, або з пагардай і знявагай, а ў лепшым выпадку - з абыякавасцю» (37).

У гэты самы час у Крамлі выспявала новая палітычная стратэгія. Па меры стабілізацыі ў Еўропе надзеі на сусветную рэвалюцыю згасалі, перамагала канцэпцыя «пабудовы сацыялізму ў адной краіне», ажыццяўленне якой вымагала ўнутранай маналітнасці і знешняй бяспекі СССР. Была сфармуляваная праграма паскоранай індустрыялізацыі, матэрыяльную базу якой павінны былі ўтварыць унутраныя эканамічныя накапленні. Гэта перадвызначыла прымусовую калектывізацыю сялянства і патрэбу ў працоўнай сіле на новых шахцёрска-прамысловых распрацоўках. Разам з тым расла патрэба ва ўнармаванні замежных дачыненняў, у тым ліку - і з Польшчай, дзе задачы рэвалюцыйнага руху адышлі цяпер на задні план. У гэтай сітуацыі ранейшая стаўка на актывізацыю беларускага П'емонта страціла сваё прапагандысцкае значэнне. Больш за тое, канцэпцыю беларусізацыі прызналі за грамадска-палітычны разбуральны, а таму - у найвышэйшай ступені шкодны фактар.

Такім чынам, з 1929 г. пачалося планамернае вынішчэнне жыццёвых сілаў Беларусі, якое праводзілася пад лозунгам барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам, г. зв. «нацдэмаушчынан», і працягвалася яно практычна да пачатку германа-савецкай вайны. У выніку ва Ўсходняй Беларусі амаль цалкам былі знішчаныя нацыянальныя кіраўнічыя кадры, уключна з тымі беларускімі камуністамі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні БССР. Гэтую знішчальную кампанію сучасны беларускі пісьменнік Васіль Быкаў ахарактарызаваў наступным чынам (цытуецца з невялікімі скарачэннямі. - Ю. Т.): «Ужо ў канцы дваццатых гадоў была разгромленая Акадэмія Навук БССР (першы прэзідэнт якой У. Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам), на рубяжы трыццатых гадоў пачаўся пагром сярод пісьменнікаў Беларусі, у творчых аб'яднаннях. Ужо ў тыя гады была прычыненая непапраўная шкода нацыянальнай культуры, цалкам спыненая палітыка беларусізацыі... Беларускае слова ў гарадах рэспублікі зноў, як і пры царызме, рабілася ўвасабленнем «ніжэйшасці», правінцыйнасці і неадукаванасці. Традыцыйная пагарда да нацыянальнай мовы ўзмацнялася пачуццём страху і небяспекі быць абвінавачаным у «нацдэмаўшчыне». Сотні тысяч дзеячоў нацыянальнай культуры - пісьменнікаў, вучоных, журналістаў, настаўнікаў, а таксама служачых, рабочых і сялян апынуліся ў турмах НКУС, на Калыме, Салаўках, Варкуце, каб ніколі адтуль не вярнуцца...

Застрэліліся кіраўнікі рэспублікі А. Чарвякоў і М. Галадзед - усё ад страху перад нічым не абгрунтаваным, але пагубным абвінавачаннем у «нацдэмаўшчыне», да якой аўтаматычна далучаліся абвінавачванні ў шпіянажы і шкодніцтве. Рэпрэсіі, пабудаваныя на «нацдэмаўшчыне» і іншых фальсіфікаваных злачынствах (шпіянаж на карысць панскай Польшчы, шкодніцтва, намер адарваць Беларусь ад СССР), ахапілі ўсю нацыю - ад верхніх эшалонаў да самых дэмакратычных нізоў. Мноства людзей тады было пазбаўленае жыцця і волі, але былі прафесійныя групы, якія пацярпелі болей за іншых, і сярод іх - настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Для карных органаў гэта былі нібы «гатовыя нацыяналісты», віна якіх ляжала на паверхні, яе не трэба было нават інспіраваць. Мабыць, з таго часу ў нацыянальнай свядомасці беларусаў паняцце «нацыяналізм» трывала злучылася з пачуццём найвялікшай небяспекі, якая можа пагражаць чалавеку. На ўласным драматычным досведзе людзі пераканаліся, што абвінаваціць у гэтым жахлівым злачынстве могуць кожнага, хто нарадзіўся ў тутэйшых мясцінах і мае няшчасце размаўляць па-беларуску. Беларуская мова, якая нядаўна яшчэ бурна квітнела ў гарадах, пачала вянуць навідавоку, жалезным памялом яе вымяталі з установаў, ВНУ, Акадэміі навук, арганізацыяў і органаў улады. Права карыстацца ёй засталося за некалькімі газетамі, двума тэатрамі ды Саюзам Пісьменнікаў, які перад вайной скараціўся да двух дзесяткаў членаў. Астатнія былі знішчаныя або знаходзіліся ў лагерах на ўсходзе краіны» (38).
Магло б здацца, што на пачатку 30-х гг., па меры таго, як савецкія ўлады крушылі ўсходні П'емонт, нарэшце надышоў час для Польшчы, каб разыграць беларускую карту. Відаць, Масква так і павяла б сябе, калі б апынулася на месцы Варшавы. Але атрымалася іначай: антыбеларускі паход савецкіх уладаў з ахвотай падтрымала і Польшча. Калі ў 20-я гг. польскія ўлады змагаліся з беларускім палітычным нацыяналізмам, дык у 30-я гг. яны імкнуліся задушыць нават культурную актыўнасць. Неўзабаве былі зліквідаваныя рэшткі беларускага школьніцтва, аматарскі тэатральны рух у правінцыі, беларускую мову выціснулі з касцёлаў, а ксяндзоў перавялі ў польскія парафіі. У 1936-1937 гг. пазачынялі апошнія грамадскія арганізацыі ў Вільні: Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Таварыства беларускай школы і Беларускі нацыянальны камітэт, а іх найбуйнейшых дзеячоў выселілі або дэпартавалі ў канцэнтрацыйны лагер у Картуз-Бярозе.

Казімір Падляскі - сучасны польскі прапагандыст адраджэння даверу і супрацоўніцтва паміж Польшчай і яе ўсходнімі суседзямі - Беларуссю, Літвой і Украінай - так падсумаваў вынікі палітыкі міжваеннага польскага ўрада ў дачыненні да беларускай нацменшасці: «Як нацыя мы былі гаспадарамі становішча на заходніх беларускіх землях, як ніколі дагэтуль - і як ніколі пазней. І нічога для іншых мы не зрабілі там добрага. Ані чарговыя ўрады, ані моцнае апазіцыйнае сузор'е. Народ таксама не прыспешваў польскіх палітыкаў, каб яны адышлі ад учынкаў лініі найменшага супраціву. І тое, што ён не разумеў сітуацыі, і тое, што яна была нялёгкая, - не апраўданне. Існаваў шанец на тое, каб пад агульным дахам II Рэчы Паспалітай паўстаў беларускі П'емонт - цэнтр сапраўднай і незалежнай культуры, гаспадаркі, самакіравання і... палітыкі. Простая супрацьвага фікцыі БССР, выклік сталінскай нацыянальнай палітыцы. Мы гэты шанец змарнавалі» (39).

Драматычны лёс беларускага нацыянальнага руху што ў адной, што ў другой частцы падзеленага краю ў міжваенны перыяд выключаў магчымасць паспяховай адбудовы беларускай дзяржаўнасці. Ані Масква, ані Варшава не былі ў той перыяд зацікаўленыя ў вырашэнні гэтай праблемы, а прывабны ўсходні П'емонт аказаўся звычайнай маной.

У гэтай сітуацыі, пры ўсёй справядлівай расчараванасці польскай палітыкай, арыентацыя заходнебеларускіх дзеячоў на Менск і Маскву была трагічнай наіўнасцю. У нармальных умовах яны заплацілі б за гэта пажыццёвай палітычнай кампраметацыяй, але ў тагачасных варунках кошт іх наіўнасці быў яшчэ большы. Сябры КПЗБ і «Грамады», якія польскі астрог прамянялі на прыстанішча ў СССР, былі замучаныя ў лагерах і казематах НКУС, а іх кіраўнік Браніслаў Тарашкевіч даведзены да асаблівага прыніжэння - сваіх нядаўніх таварышаў ён абвінавачваў як нацдэмаў, правакатараў і ворагаў народа, аднак і гэта не выратавала яго ад расстрэлу (40).

Але В. Іваноўскі не быў наіўным. Праўда, можна спрачацца, ці была яго палітычная апатыя выкліканая менавіта гэткім ходам падзеяў, затое, без сумневу, ён не бачыў ніводнай разумнай альтэрнатывы. Хаця ён і мог заняцца абмежаванай культурна-асветніцкай дзейнасцю, але, з увагі на негатыўную польскую палітыку, значных поспехаў яна не абяцала. Можна было павялічыць кола пакутнікаў у барацьбе без шанцаў на выйгрыш, а значыць, з нацыянальнага гледзішча - бессэнсоўнай. І таму ён чакаў удару, які страсянуў бы Еўропу і парушыў палітычны ўклад, створаны ў Версалі і Рызе. Толькі гэтая бура магла б наблізіць мару пра беларускую дзяржаўнасць.

І гэты ўдар грымнуў 1 верасня 1939 г.

  1. Program Politechniki Warszawskiej na 1921/1922 r. Warszawa, 1921. S. 49, 94.
  2. Politechnika Warszawska. Plan wykіadуw i skіad osobowy w roku naukowym 1922/1923. Warszawa, 1922. S. 33.
  3. ЦДА ЛіМ, Менск, ф. 3, справа 1, арк. 4.
  4. Gazeta Wileсska. 31.05.1921.
  5. Gazeta Wileсska. 02.06.1921.
  6. Krуtki zarys zagadnienia biaіoruskiego... S. 126.
  7. Raport Tupalskiego A. Ruch narodowy biaіoruski w dobie przedwojennej i podczas wojny, AAN, TSK, syg. 99, k. 13.
  8. Gazeta Wileсska. 02.06.1921.
  9. Dziennik Urzкdowy Tymczasowej Komisji Rz№dz№cej Litwy Њrodkowej. 30.09.1921; Gazeta Wileсska. 15.12.1921.
  10. Gazeta Wileсska. 02.06.1921.
  11. Krуtki zarys... S. 126.
  12. Politechnika Warszawska. Ksiкga pami№tkowa wydana pod red. L. Staniewicza. Warszawa, 1925. S. 360,383; Politechnika Warszawska. Plan wykіadуw i skіad osobowy na rok akademicki 1935/1936 i 1936/1937. Warszawa, 1935 i 1936.
  13. Wykaz patentуw udzielonych przez Urz№d Patentowy RP w latach 1927-1935. Warszawa.
  14. Przemysl Chemiczny. 1934, No 10-12.
  15. Новікаў I. Выбраныя творы. Т. 3. Мн., 1988. С. 16.
  16. Kwiatkowski E. Dzieje chemii i przemysіu chemicznego. Warszawa, 1962. S. 309-310.
  17. Паведамленне праф. Яна Карыткоўскага ад 27.09.1979 г.
  18. Lipiсska G. Jeњli zapomniк o nich... Paryї, 1988. S. 201.
  19. Politechnika Warszawska. Skіad osobowy i plan studiуw na lata 1932/1933-1938/1939. Warszawa, wydanie ciagle.
  20. Як пісаў Пятро Ластаўка, адзін з арганізатараў і сакратар управы Таварыства, яго закладчыкамі, якія паставілі свае подпісы пад статутам, былі: прафесары Музычнай кансерваторыі ў Варшаве Станіслаў Казура і Браніслаў Руткоўскі, прафесар Вацлаў Іваноўскі і саліст Міхась Забэйда-Суміцкі (машынапіс у аўтара). Гл. таксама: Wiem wszystko. 28.02.1937.
  21. Dane Urzedu Stanu Czwilnego Warszawa-Srodmiescie, 1/6/511/23. Cennik szczepow owocowych... (без даты, пачатак 30-х гг.). С. 4.
  22. Касяк I. Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім // Беларуская думка. 1984. № 29. С. 34.
  23. Gazeta Krajowa. 20.11. i22.12.1921.
  24. Przeglad Wilenski. 13.05.1928. S. 6-7.
  25. Думка Працы. 28.01.1928.
  26. Скарыніч. Літаратурна-навуковы гадавік. Мн., 1991. С. 145-146.
  27. Там сама. С. 149.
  28. Цішка Гартны (Жылуновіч 3.) Дваццаць гадоў назад // Полымя. 1929. Май. С. 164.
  29. Ліст супрацоўніка гэтых часопісаў Мар'яна Пецюкевіча да аўтара ад 16.08.1978 г.
  30. Гл.: Беларускі Фронт. 05.12.1937; Шлях Моладзі. 25.03.1938; Беларускі Летапіс. 1938. №1; Калосьсе1938, №1.
  31. Касяк I. С. 34, 36.
  32. Друк БССР. Мн., пастаяннае выданне.
  33. Раков А. Населенне БССР. Мн., 1969. С. 130.
  34. Podlaski IC. Bialorusini, Litwini, Ukraincy. Londyn, 1985. S. 38.
  35. Tomaszewski J. Rzeczpospolita wielu narodуw... S. 129.
  36. L. A. (Ludwik Abramowicz) Literatura i polityka // Przeglad Wilenski. 13.051928.
  37. ЛіМ. 25.06.1988.
  38. Podlaski K. S. 35.
  39. Sprawy narodowosciowe. 1935. JS° 1-2. S. 70; Аўгабіяграфія Б. Тарашкевіча за 1933 г.; Саковіч А. У пошуках праўды. Нью-Йорк; Кліўлэнд, 1988. С. 134.

НОВЫ ШАНЕЦ

Вацлаў і Юры Іваноўскія пакінулі Варшаву найпазней 11 верасня 1939 г., бо ўжо назаўтра Вермахт перарэзаў дарогі, што вялі на ўсход і поўдзень ад сталіцы. Юры накіраваўся ў Румынію, адтуль - у Францыю і Вялікабрытанію, дзе падзяліў лёс новай польскай эміграцыі. Затое Вацлаў пасля перажытай падчас бамбардзіроўкі Любліна кантузіі рушыў на Вільню.

Невядома, ці пасля 17 верасня ён накіраваўся з Любліна ў далейшы шлях да Вільні, ці ведаў, што апынецца на тэрыторыі, якую займала Чырвоная Армія. Відаць, гэта высветлілася па дарозе, якая павінна была заняць некалькі дзён, але ўваход савецкіх войскаў не змяніў яго намераў: Вацлаў трымаўся ранейшага кірунку і прыблізна 20 верасня прыбыў у Вільню. Ён і пазней не выкарыстаў легальных магчымасцяў, каб вярнуцца ў Варшаву. Ён хацеў застацца ў Вільні.

Гэтаксама, як і многія папярэднія яго ўчынкі, гэтае рашэнне Іваноўскага выклікала разнастайныя каментарыі, бо перайшоў жа ён «да бальшавікоў». У сям'і лічылі, што Варшаву ён пакінуў не з палітычных меркаванняў, а па закліку палкоўніка Умястоўскага (1). I. Касяк, у сваю чаргу, пісаў, што прычынай тут было закрыццё Варшаўскай політэхнікі, пасля якога В. Іваноўскі мусіў шукаць сабе хлеба, але ў верасні лёс гэтай навучальнай установы яшчэ не быў вырашаны (2).І ўжо зусім фантастычна гучаць «сцверджанні» савецкіх гісторыкаў, паводле якіх Вацлаў застаўся пад нямецкай акупацыяй, заснаваў Беларускі Камітэт у Варшаве і стаў віцэ-старшынёй Галоўнай Рады Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне (3).

Адзінае разумнае тлумачэнне такога рашэння можна знайсці ў аповедзе інжынера Віктара Чарвінскага, былога студэнта В. Іваноўскага ў Варшаўскай політэхніцы, які перад самай вайной быў кіраўніком будоўлі фабрыкі штучных валокнаў на Віленшчыне і ўвосені 1939 г. выпадкова спаткаўся са сваім прафесарам у Вільні. «Што вы тут робіце, прафесар?» - спытаў здзіўлены Чарвінскі, на што Іваноўскі адказаў: «Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо вы ж ведаеце, што я беларус. Хачу быць у цэнтры падзеяў» (4).

Верагоднасць гэтага апавядання не выклікае сумневу, таму што болыы важкіх прычын, якія б прымусілі 59-гадовага тады Вацлава пакінуць сям'ю і рынуцца насустрач ваенным выпрабаванням, не было. Наіўна было б лічыць, што яго паводзінамі кіравалі заклікі палкоўнікаў ці надзея на сыцейшае жыццё ў Вільні. Усё гэта не мела аніякага значэння ў параўнанні з новым шанцам працаваць на карысць стварэння беларускай дзяржавы, які паўставаў з распадам міжваенных палітычных структур у Еўропе. Ён чакаў гэтага амаль 12 гадоў, і досвед гэтага перыяду, асабліва - разбурэнне Беларускага Дому на ўсходзе, толькі ўмацоўваў яго ідэю адраджэння Беларусі з апорай на Польшчу. У думках яго зноў ажывала канфедэратыўная канцэпцыя.

Тым часам для ажыццяўлення гэтай ідэі па-ранейшаму неставала перадумоваў. Па-першае, яна супярэчыла інтарэсам Масквы і Берліна, па-другое, у Парыжы, Лондане і Вашынгтоне яе не разумелі, нарэшце, па-трэцяе, расчараваныя досведам міжваеннага перыяду, большасць польскіх і беларускіх дзеячоў лічылі яе амаль раўназначнай нацыянальнай здрадзе. Гэтыя настроі паглыбляла вераснёўская параза Польшчы. Калі ў польскіх асяродках пераважала жаданне барацьбы за аднаўленне перадваеннага status quo, дык бальшыня беларускіх дзеячоў была задаволеная ліквідацыяй вынікаў Рыжскай дамовы і аб'яднаннем беларускіх земляў у межах адной савецкай рэспублікі, бо першыя крокі савецкай улады сведчылі пра ажыццяўленне іх найважнейшых эканамічна-сацыяльных, моўных і культурна-асветніцкіх патрабаванняў, якія польскія ўлады ў міжваенны час ігнаравалі.

Але неўзабаве пачаліся першыя расчараванні. Савецкія ўлады давалі сялянам зямлю, абвясцілі дзяржаўнай беларускую мову, уводзілі яе ў школах і выдавалі на ёй газеты, але адначасова перайшлі да фізічнай расправы з дзеячамі беларускага нацыянальнага руху. У кастрычніку 1939 г. у Вільні арыштавалі Антона Луцкевіча, Аляксандра Уласава, Яна Пазняка, Вячаслава Багдановіча ды іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Дэпартацыі закранулі нават членаў КПЗБ і пракамуністычных арганізацыяў. Гэта абуджала сярод беларускіх дзеячоў боязь за свой лёс, але, у прынцыпе, не зніжала сімпатыяў да СССР.

Станоўча ўспрымала новую рэчаіснасць нават Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, якая здаўна была мішэнню для нападак савецкай прапаганды і, здавалася б, менш за ўсіх павінна была ўхваляць савецкую ўладу. У студзені 1940 г., г. зн. ужо пасля далучэння Вільні да Літвы, хадэкаўская «Крыніца» пісала наступнае: «Верасьнёвы разгром Полыычы даў магчымасьць Савецкаму Саюзу выступіць у ролі абаронцы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ад панскага над імі панаваньня і гэткім чынам направіць несправядлівасьць падзелу Беларусі і Украіны з прад 20-цёх гадоў... Беларусы і ўкраінцы, вялікарусы і казацтва розных тэрыторыяў з запраўдным захапленьнем спаткалі гэты паход і бралі ў ім удзел, бо мэта яго была добра зразумелай: злучэньне беларускіх і ўкраінскіх зямель успрыймалася як гістарычная справядлівасьць і даўно чаканая неабходнасьць. Шмат-хто з раней незадаволеных, як у межах СССР, гэтак і на эміграцыі, шмат чаго дараваў і зноў перагледзеў на лепшае свае адносіны да СССР, адчуўшы свае патрыятычныя імкненьні задаволенымі» (5).

Таму магло б здацца, што вядомы сваім рацыяналізмам В. Іваноўскі цяпер пачаў разлічваць на цуд. І сапраўды, навокал панавала непрыязь, і Вацлаў мог толькі ў душы захоўваць перакананасць у вялікім значэнні федэралістычнай ідэі для будучага лёсу Беларусі ды верыць, што развіццё ваенных падзеяў пераменіць палітычныя погляды дзеячоў абедзвюх дзяржаваў. Не выключана, што ён разлічваў на падтрымку Юрыя сярод эміграцыі ды на большае паразуменне ў Менску, дзе на заходнебеларускую эйфарыю пазіралі даволі скептычна.

Кастрычніцкія арышты абмінулі Вацлава Іваноўскага, на што, відаць, паўплывала яго шматгадовая адсутнасць на беларускай палітычнай сцэне. У канцы гэтага месяца Вільню перадалі літоўскай адміністрацыі, а да выезду ў Менск яму заставалася чакаць яшчэ два гады. Таму ён мусіў абсталявацца ў Вільні. Спачатку В. Іваноўскі пасяліўся ў свайго даўняга сябра, інжынера-архітэктара Лявона Дубейкаўскага, на вуліцы Падгорнай і распачаў педагагічную працу ў Прамысловым ліцэі на Антокалі, дзе да канца 1939 г. навучанне ішло па-польску. Тут яго вучнем быў, між іншым, сын Антона Луцкевіча Лявон. Адначасова Іваноўскі напружана ўдасканальваў сваё веданне літоўскай мовы. Калі адзін з літоўскіх прафесараў заўважыў, што ён у гэтай галіне робіць значны прагрэс, Вацлаў паправіў яго: «Neprogresas, opa anga» (Не прагрэс, а поступ - літ.).

У лістападзе 1939 г. Вацлаў сустрэўся са сваім малодшым братам Тадэвушам, прафесарам заалогіі Ковенскага універсітэта. Іх аб'ядноўвала падобнасць поглядаў на найважнейшыя палітычныя праблемы Беларусі і Літвы. У студзені 1940 г. Тадэвуш атрымаў кафедру заалогіі ў літоўскім Віленскім універсітэце і дапамог таксама і Вацлаву атрымаць кафедру хімічнай тэхналогіі. На гэтай пасадзе ён працаваў да чэрвеня 1941 г., г. зн. да германа-савецкай вайны, і выкладаў свой прадмет па-літоўску. Апрача таго, ён быў яшчэ і кансультантам у Віленскім тарфяным трэсце (6).

У гэты час у Вільні сабралася амаль уся сям'я Іваноўскіх. Апрача Вацлава, Тадэвуша і Станіслава, з Лябёдкі прыбыла Сабіна з дзецьмі Сцяпанам, Вацлавам і Ганнай ды яшчэ з сястрой Галенай Скіндэр, мужа якой вывезлі на ўсход. Яны баяліся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады, і таму схаваліся ў Вільні, якая знаходзілася цяпер за літоўскай мяжой. Мясцовыя шукальнікі скарбаў у сваім вандалізме паднялі руку нават на бацькоў-нябожчыкаў - іх фамільны склеп быў разбіты, а прах выкінуты з трунаў. Пазней дзеці «за баўляліся» чарапамі Леанарда і Ядвігі, як футбольнымі мячамі. Ніхто іхнеспыняў (7)...

Увесну 1940 г. сітуацыя ў Еўропе абвастрылася яшчэ горш. Пад пераможнымі ўдарамі вермахта палі Данія, Бельгія, Галандыя, Нарвегія і Францыя, распачалася бітва за Вялікабрытанію. Тэрытарыяльныя апетыты СССР таксама раслі, пра гэта сведчыў напад на Фінляндыю, заняцце румынскай Букавіны і Бесарабіі. Пакуль у Літве было быццам бы спакойна, але мала хто верыў, што гэта надоўга. Асабліва вялікую няпэўнасць абуджалі германа-савецкія дачыненні. Пакуль нішто не прадказвала іх пагаршэння, але развіццё падзеяў няўхільна павялічвала паўсюднае перакананне ў непазбежнасці канфлікту паміж гэтымі таталітарнымі імперыямі.

І хаця палітычная сітуацыя ў Еўропе была расплывістая, незразумелая, шмат чаго яшчэ магло змяніцца, але ўвесну 1940 г. ужо надышоў той самы час, каб акрэсліць стратэгічны сцэнарый дзеянняў і ўзяцца за адпаведную падрыхтоўку. Вацлаў Іваноўскі распачаў гэта разам з Янкам Станкевічам, да вайны - вядомым палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам, прыхільнікам польска-беларускага збліжэння, за што яго не раз крытыкавалі беларускія групоўкі - ад камуністаў да хадэкаў. У 1939/1940 навучальным годзе ён працаваў у Віленскім універсітэце выкладчыкам беларускай мовы, што палегчыла іх узаемапаразуменне. Я. Станкевіч быў адным з тых нямногіх дзеячоў, да якога В. Іваноўскі меў давер. Зрэшты, яны былі знаёмыя даўно, яшчэ з часоў супольнай працы ў Менску і Вільні ў Першую сусветную вайну, а пазней - у Польскім інстытуце нацыянальных справаў у Варшаве.

Іваноўскі і Станкевіч лічылі, што агромністыя прасторы ды людскі і матэрыяльны патэнцыял Савецкага Саюза Германія не зможа адолець і акупацыя Беларусі будзе з'явай часовай. Яны разлічвалі таксама, як і дзеячы польскага падполля, што з гэтай вайны абедзве імперыі выйдуць вельмі аслабелыя, і арганізатарамі пасляваеннага ладу ў Еўропе стануць заходнія саюзнікі. Але зацікаўленасць саюзнікаў у стварэнні беларускай дзяржавы была пад пытаннем, а дабіцца выхаду на міжнародную арэну не было ніякай магчымасці, таму абодва дзеячы спадзяваліся, што вырашыць беларускую праблему ўдасца толькі ў пары з адбудовай польскай дзяржавы. Фармальна-прававой падставай для такой стратэгіі магла быць федэрацыя Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаваў.

Для ажыццяўлення гэтай канцэпцыі неабходна было заахвоціць польскі эміграцыйны ўрад, які стаў бы яе адвакатам перад заходнімі дзяржавамі. В. Іваноўскі і Я. Станкевіч верылі ў плённасць сваёй ініцыятывы, якая, на іх думку, несла карысць і аднаму, і другому краю. Для Польшчы гэта была магчымасць стварэння беларускага буфера, які аддзяляў бы яе ад Расеі. Але гэтая разлічаная на далёкую перспектыву ідэя, якая ў асноўных момантах паўтарала федэрацыйныя праекты 1910-1920 гг., павінна была, перш за ўсё, знайсці падтрымку сярод кіраўнікоў польскага падполля ў Варшаве, бо ад іх залежаў змест данясенняў і прапановаў, высыланых лонданскаму ўраду. Для В. Іваноўскага і Я. Станкевіча завязванне кантактаў з кіраўніцтвам падполля было відавочнай неабходнасцю, хаця прычын спяшацца пакуль яшчэ не было.

Але некаторыя абставіны ўскладнялі гэтую задачу: па-першае, трэба было пераадолець прынцыповае несупадзенне поглядаў на тэрытарыяльнае пытанне, а па-другое, абодва дзеячы не збіраліся выступаць у ролі ўбогіх жабракоў і разлічвалі, што ва ўмовах чаканай нямецкай акупацыі сілы беларускага нацыяналізму вырастуць, і нават - да такой ступені, каб апанаваць адміністрацыю і стварыць уласныя ўзброеныя сілы. Але супрацоўніцтва з Германіяй немагчыма было пагадзіць з пазіцыяй польскага падполля, гэта перакрэслівала б шанцы польска-беларускага дыялога. Таму ў гэтай складанай справе трэба было выпрацаваць спецыяльную тактыку, якая прадугледжвала б падвойную гульню, дзе ролі павінны былі падзяліцца наступным чынам: В. Іваноўскі зоймецца афіцыйнай дзейнасцю, а Я. Станкевіч - стварэннем канспіратыўнага згуртавання, якое ў вачах польскага падполля было б чыстым перад абвінавачваннямі ў супрацоўніцтве з немцамі.

Згодна з гэтымі пастановамі за некалькі дзён да ўваходу Чырвонай Арміі ў Літву, Латвію і Эстонію, які адбыўся 15 чэрвеня 1940 г., Я. Станкевіч выехаў у Варшаву, а В. Іваноўскі застаўся ў Вільні і працягваў працу ва ўніверсітэце. Неўзабаве пачалася бачная і простым вокам канцэнтрацыя савецкіх войскаў на нямецкай мяжы, якая сведчыла пра падрыхтоўку СССР да вайны і пацвярджала слушнасць яго прагнозаў. У чэрвені 1941 г. пачалася новая масавая дэпартацыя людзей на ўсход, якой і на гэты раз В. Іваноўскаму ўдалося пазбегнуць. У той перыяд ён часта мяняў месца жыхарства і не выяўляў палітычнай актыўнасці. Ён чакаў выбуху вайны і хацеў ведаць, чым скончыцца місія яго сябра ў Варшаве.

Па прыездзе ў Варшаву Ян Станкевіч пасяліўся на вуліцы Бернарскай, 17 і далучыўся да дзейнасці Беларускага Камітэта, што размяшчаўся тады па вуліцы Княжацкай, 4. Ён вёў курсы беларускай мовы, чытаў лекцыі з гісторыі Беларусі. Адначасова Я. Станкевіч распачаў стварэнне канспірацыйнай групы пад назвай Партыя Беларускіх Нацыяналістаў (ПБН), ад імя якой збіраўся весці перамовы з польскім падполлем. У канцы 1940 г. ён завязаў кантакт з Соф'яй Дабрынскай, якая ў гэтай гульні адыграла важную ролю. С. Дабрынская (дзявочае прозвішча - Корсак) была родам з Бардзілавічаў, што на Віцебшчыне, у 30-я гг. працавала ў Варшаве настаўніцай. Веданне польскай і беларускай мовы і культуры, павага да абодвух гэтых народаў, вынесеная з роднага дома (маці С. Дабрынскай у 1905 г. вяла нелегальную беларускую школку - гл. раздзел III), спрыялі паразуменню са Станкевічам па ўсіх прынцыповых праблемах.

Я. Станкевіч намовіў С. Дабрынскую ўступіць у ПБН, у якой яна атрымала псеўданім «Ціна», ды адначасова - і ў СУБ-АК. Увесну 1941 г. яна трапіла ў Бюро Інфармацыі і Прапаганды Галоўнага Камандавання АК дзякуючы рэкамендацыі графіка Гайкоўскага. У БІПе С. Дабрынская працавала ва ўсходнім нацыянальным сектары пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіслава Тамкевіча («Кшыштафа»), дзе ёй даручылі беларускія справы. Там яна дзейнічала пад псеўданімам «Ева». Адначасова С. Дабрынская ўдзельнічала і ў канспіратыўных сходах на кватэры Станкевіча па вуліцы Бернарскай (8).

На гэтых сходах Дабрынская пазнаёмілася з Самуілам Кастравіцкім і Вітаўтам Буткевічам, якія таксама круціліся на падвойнай арбіце: маці Вітаўта, Марыя, была роднай сястрой Самуілавага бацькі, Амброжыя Кастравіцкага, якога з Вацлавам Іваноўскім злучылі сяброўства, агульныя федэралістычныя перакананні і праца на беларускай ніве падчас Першай сусветнай вайны. У 1920 г. бацькі стрыечнікаў выехалі з Меншчыны і атрымалі невялікія гаспадаркі ў Лідскім павеце, аднак Амброжы шмат гадоў правёў у Варшаве, дзе працаваў лекарам. Таму В. Іваноўскі ведаў Самуіла вельмі даўно, і гэта палегчыла ім паразуменне ў канспіратыўнай дзейнасці. Шмат гаворыць за тое, што гэта адбылося пад канец верасня або ў пачатку кастрычніка 1939 г. у Вільні, дзе Самуіл хаваўся пасля вераснёўскага разгрому.

Увосень 1939 г. Самуіл выехаў у Варшаву і дзейнічаў у канспірацыйных вайсковых арганізацыях. У канцы 1940 г., несумненна - па даручэнні В. Іваноўскага, з ім навязаў кантакт Ян Станкевіч. Самуіл стаў членам ПБН і прывёў у яе яшчэ і свайго стрыечнага брата Вітаўта. Такім чынам, цэлая тройка: Дабрынская, Кастравіцкі і Буткевіч, - распачала дзейнасць на два лагеры, якая, на іх думку, павінна была служыць адной вялікай справе - адбудове беларускай дзяржаўнасці ў апоры на Польшчу.

Пры гэтым яны мусілі захоўваць вялікую асцярожнасць і сакрэтнасць, каб пазбегнуць магчымых, трагічных па сваіх выніках, абвінавачванняў як з боку польскіх падпольшчыкаў, так і беларускіх прыхільнікаў супрацоўніцтва з Нямецкім Рэйхам, бо на заходнебеларускіх абшарах, далучаных да СССР, не астывалі варожыя супярэчнасці, якія на гэты раз асабліва адчувала на сабе польскае насельніцтва. Невыпадкова Язэп Мацкевіч - праніклівы назіральнік тых падзеяў - так характарызаваў тагачасную падвойную гульню С. Кастравіцкага і В. Буткевіча ў акупаваным немцамі Менску:
«- Так. Але, вяртаючыся да нас. Каб гэта з нашымі навязаць кантакт, га? - кінуў Генрык.
- 3 нашымі? 3 кім? 3 Пракапчуком? Ці з Буткевічам, ці з гэтым новым Кастравіцкім? Нічога пэўнага я сказаць не магу. Я магу толькі сказаць, што я не ведаю, хто чыёй рукой гуляе» (9)...

Увесну 1941 г., перад чаканым нападам немцаў на СССР, да дзейнасці ў Беларусі рыхтавалася таксама і разведка Галоўнага Камандавання СУБ-АК. Як паведаміў палкоўнік Тамаш Зан, у гэты перыяд ён быў прызначаны шэфам разведкі на паўночна-ўсходнім абшары, куды ўваходзілі Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія, і атрымаў даручэнне падрыхтаваць кадры для будучых разведвальных прадстаўніцтваў. Тады да яго звярнуліся С. Кастравіцкі з В. Буткевічам, папрасілі, каб іх прынялі ў разведслужбы ў Беларусі, і матывавалі гэта сваім паходжаннем з Меншчыны, а таксама веданнем беларускай і расейскай моваў. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі Т. Зан даручыў С. Кастравіцкаму кіраўніцтва прадстаўніцтвам 2-га аддзела Галоўнага Камандавання ў Менску, а В. Буткевічу - працу ў правінцыі.

Як пісаў Буткевіч, «каб палегчыць сабе выезд і пазнейшае абгрунтаванне свайго знаходжання ва ўсходніх раёнах - у паразуменні з Занам - мы запісаліся яшчэ ў Варшаве ў Беларускі Камітэт, дзе на сваіх членаў глядзелі як на будучых кандыдатаў да займання разнастайных пасадаў цывільнай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі. Нас Камітэт накіраваў у Менск, каб у паразуменні з надбурмістрам Менска мы атрымалі нейкія пасады у беларускай цывільнай адмішстрацыі» (10).

Тамаш Зан, у прынцыпе, пацвердзіў гэтае данясенне В. Буткевіча, але дадаў да яго некалькі істотных удакладненняў. Па-першае, візіт у Камітэт адбыўся ўлетку 1941 г., калі ўжо пачалася германа-савецкая вайна, па-другое, размаўлялі яны тады з Янам Станкевічам, які справіў ім дакументы на выезд, і нарэшце, па-трэцяе, не было патрэбы даручаць Кастравіцкаму і Буткевічу ўступленне ў склад сяброў Беларускага Камітэта, бо яны ўжо былі яго членамі, - бадай, наадварот, менавіта В. Буткевіч прывёў Т. Зана ў Камітэт і прадставіў Я. Станкевічу, а дакументы атрымаў таксама і Зан (на прозвішча «Воўк»), бо і сам выязджаў на ўсход (11).

Застаецца ўражанне, што падчас выбуху германа-савецкай вайны Я. Станкевіч быў незадаволены вынікамі сваёй місіі. Праўда, ён уладкаваў С. Дабрынскую ў БІПе, і гэта было нямала, але яе намаганні пакуль што не прынеслі вынікаў і не прывялі да перамоваў з кіраўніцтвам падполля. На гэта ўплывалі не толькі недавер да Я. Станкевіча і перакананасць у невялікай значнасці групы, якую ён прадстаўляў, але і нежаданне СУБ абмяркоўваць будучыню заходнебеларускіх земляў, якія па-ранейшаму лічыліся часткай абшару Рэчы Паспалітай. Праўда, Кастравіцкага і Буткевіча Станкевіч прыцягнуў да супрацоўніцтва, але значэнне іх дзейнасці ў галіне вайсковай разведкі недаацэньваў. Гэта пакідалася на долю В. Іваноўскага. Тым часам фронт хутка пасоўваўся на ўсход. 24 чэрвеня нямецкія войскі ўвайшлі ў Вільню, 28 чэрвеня - у Менск, а следам за нямецкай арміяй на тэрыторыю Беларусі і Літвы рушылі дзеячы СУБ-АК, якія, у адпаведнасці з інструкцыямі Т. Зана, распачалі арганізацыю сеткі разведвальных прадстаўніцтваў і падпольных вайсковых структур. Але Кастравіцкі і Буткевіч адцягвалі свой выезд у Менск і да канца лістапада заставаліся ў Варшаве. Толькі аднойчы - у жніўні - Кастравіцкі выехаў ненадоўга ў Баранавічы і Вільню ды пасля спаткання з В. Іваноўскім вярнуўся ў Варшаву. Чаго яны чакалі? Гэта было звязана са становішчам В. Іваноўскага, які па-ранейшаму заставаўся ў Вільні і без дапамогі якога яны не бачылі магчымасці ўладкавацца ў Менску. Не выключана, што гэта адбывалася пад уплывам паразумення паміж С. Кастравіцкім і В. Іваноўскім падчас іх жнівеньскай сустрэчы.

В. Іваноўскі таксама не спяшаўся ў Менск. У ліпені следам за нямецкімі войскамі туды прыбылі Радаслаў Астроўскі, Мікола Шчорс, Вітаўт Тумаш, Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, Усевалад Родзька,яго былыя студэнты - Міхал Вітушка і Мечыслаў Контаўт, а таксама іншыя дзеячы, якія разлічвалі, што атрымаюць пасады ў адміністрацыі і што будзе створаны часовы беларускі ўрад, Іваноўскі тым часам не кратаўся з Вільні.

Цяжка з упэўненасцю сцвярджаць, якія на гэта былі прычыны. Магчыма, ён чакаў палітычнай дэкларацыі Гітлера адносна занятых абшараў або хацеў сабе ў Вільні стварыць выгодную зыходную пазіцыю для далейшан дзейнасці ў Менску, бо, у адрозненне ад іншых дзеячоў, да гэтага часу не меў кантакту з нямецкімі ўладамі, і яго маглі ўспрымаць як «чалавека з вуліцы». Нарэшце, і гэта выглядае найбольш пераканаўча, ён чакаў краху «бліцрыгу», бо толькі ў такой сітуацыі мог разлічваць на ажыццяўленне сваіх задум.

У пачатку ліпеня 1941 г., у выніку намаганняў беларускага нацыянал-сацыялістычнага дзеяча Уладзіслава Казлоўскага, нямецкія вайсковыя ўлады дазволілі аднавіць дзейнасць зачыненага ў 1938 г. віленскім ваяводам Беларускага Нацыянальнага Камітэта. Як паведамлялі нямецкія службы бяспекі, Камітэт павінен быў стаць супрацьвагай «вельмі актыўнаму літоўскаму руху» (12). Неўзабаве на ўстаноўчым сходзе, які адбыўся пры ўдзеле больш як 60 мясцовых дзеячоў, была абраная ўправа БНК. Старшынёй управы стаў Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікамі - Язэп Малецкі і Баляслаў Грабінскі, сакратаром - Язэп Найдзюк, скарбнікам - Уладзіслаў Казлоўскі і рэферэнтам па справах культуры - Усевалад Кароль (13) .

Камітэт прадстаўляў інтарэсы беларускага насельніцтва на тэрыторыі Літвы перад нямецкімі ўладамі і скіроўваў сваю дзейнасць на арганізацыю школьніцтва і нават вайсковых адзінак, згодна з указаннямі свайго старшыні В. Іваноўскага: «.. .Няма для нас, як для абаронцаў народу, іншага выйсьця, як толькі пераймаць уладу, браць зброю ў свае рукі і паралізаваць дзейнасьць нашых нацыянальных ворагаў» (14). Але неўзабаве Камітэт пачаў страчваць крэдыт у немцаў, бо, паводле данясенняў паліцыі, вядучыя дзеячы гэтага Камітэта дапускалі «цалкам няясныя і неадпаведныя выказванні наконт сваіх нацыянальных задач», - у першую чаргу, гэта датычылася В. Іваноўскага (15). Таму немцы адмовіліся ад палітыкі «супрацьвагі» ў дачыненні да літоўцаў і кінулі падтрымліваць беларусаў у гарадскіх органах улады.

У верасні 1941 г. В. Іваноўскі выехаў у Менск з кароткім выведвальным візітам. Разам з ім на спадарожных грузавіках ехалі Станіслаў Грынкевіч і Язэп Найдзюк. Менск пасля ваенных дзеянняў быў у страшным стане, адусюль выглядвала галеча. Усіх трох прыняў бургамістр, д-р Вітаўт Тумаш, які хацеў як найхутчэй з'ехаць адсюль і прапанаваў В. Іваноўскаму заняць сваю пасаду, прычым абяцаў уладзіць усе неабходныя фармальнасці з нямецкімі ўладамі (16). Іваноўскі выказаў прынцыповую згоду, але хацеў яшчэ крыху пачакаць і вярнуўся ў Вільню.

Вестка пра спадзяванае прызначэнне Вацлава Іваноўскага на пасаду менскага бургамістра хутка дайшла да С. Кастравіцкага ў Варшаву, ён перадаў яе Т. Зану, а той палічыў, што гэта добры шанец, каб завербаваць яго да супрацоўніцтва, і вырашыў асабіста паразумецца з Іваноўскім. Аднак перадамо слова Зану (ліст да аўтара ад 24 жніўня 1979 г.):

«Шаноўны пане Туронак!

У сувязі з Вашым пытаннем, прадстаўляю акалічнасці майго спаткання з праф. Вацлавам Іваноўскім.

Увесну 1941 г. я быў прызначаны шэфам разведкі СУБ на паўночна-ўсходнім абшары, які Германія магла заняць у ходзе будучай вайны. Пасля таго як яна выбухнула, улетку 1941 г., я распачаў арганізацыю ячэек 2-га аддзела на гэтай тэрыторыі. Кіраўніцтва Менскай ячэйкай (прадстаўніцтвам II) я даручыў Самуілу Кастравіцкаму.

Перад маім выездам з Варшавы ў Вільню ў верасні 1941 г. С. Кастравіцкі намовіў мяне навязаць кантакт з праф. Вацлавам Іваноўскім, што жыў у Вільні. У мяне быў адрас праф. Януша Івашкевіча, які пасля майго прыбыцця ў Вільню скантактаваў мяне з праф. В. Іваноўскім.

Нашая размова адбылася пасля 25 верасня 1941 г. на кватэры праф. Івашкевіча на Зыгмунтаўскай вуліцы. Мы ведалі, што праф. Іваноўскі павінен неўзабаве атрымаць нейкую высокую пасаду ў Менску, у сувязі з чым ён мог быць карысным у працы. Тады я прадставіў праф. Іваноўскаму таксама і федэратыўную канцэпцыю ўладкавання пасляваеннага дзяржаўнага ладу Польшчы, Літвы і Беларусі.
Падчас гэтай размовы праф. Іваноўскі не пагадзіўся ні на адну маю прапанову аб супрацоўніцтве, а яго адказ гучаў так: «Я вам дапамагаць не буду і перашкаджаць не буду». Увогуле ў той час ён быў вельмі асцярожны.

Мы рассталіся, нічога не высветліўшы. У разведцы СУБ я працаваў да лютага 1942 г. Ведаю, што да гэтага часу супрацоўніцтва з праф. Іваноўскім не было. Пасля я перайшоў да дыверсіяў і ніякіх кантактаў з праф. Іваноўскім не меў.
Тамаш Зан

пс. «АЛЕСЬ».

Такім чынам, паўстае пытанне, навошта В. Іваноўскі адхіліў прапанову Зана, калі разлічваў на супрацоўніцтва з кіраўніцтвам польскага падполля? Справа ў тым, што, па-першае, Іваноўскі ведаў: прадстаўленая Занам карціна пасляваеннай федэрацыі адлюстроўвае ўсяго толькі яго прыватныя погляды, а не пазіцыю польскага ўрада ў Лондане і яго падпольных краёвых прадстаўніцтваў. Па-другое, ён хацеў быць не падначаленым, але палітычным партнёрам Полыпчы ў барацьбе за беларускую дзяржаўнасць, а ў гэтай галіне Т. Зан не мог нічога вырашаць. Аднак ён атрымаў абяцанне, што польскай разведцы ў Менску не будуць чыніцца перашкоды, а ў тагачасных варунках гэта нешта ды значыла.

У Менск В. Іваноўскі прыехаў толькі ў сярэдзіне лістапада 1941 г., калі нямецкае наступленне завязла ў падмаскоўных снягах. Вайна зацягвалася надоўга, і гэта спараджала надзеі на магчымасць разнастайных варыянтаў яе далейшага ходу і заканчэння. Канешне, В. Іваноўскі тады не мог ведаць, што Сталін быў гатовы ў той перыяд заключыць з немцамі мір цаной адрачэння ад Беларусі, прыбалтыйскіх рэспублік і некаторых іншых абшараў СССР (17). Такім чынам, ён чакаў адпаведнага моманту.

Перш чым выехаць з Вільні, ён даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання - Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд, з якімі пазнаёміўся ў 1904 г. у Плоцку. У 1979 г. Марыя з удзячнасцю прыгадвала гэтыя клопаты В. Іваноўскага, якія выратавалі яе і сястру ад гета і смерці.

Насцярожанасць віленскай паліцыі не абуджала даверу да Іваноўскага і ў Менску, таму ён быў прызначаны не на пасаду самога бургамістра, а толькі яго намесніка. Відаць, акупацыйныя ўлады разлічвалі, што знойдуць больш адпаведную кандыдатуру. 17 лістапада В. Тумаш перадаў яму свае абавязкі, пасля чаго выехаў у Берлін (18). Такім чынам, да чэрвеня 1942 г. дзейнасцю Менскай гарадской управы кіравалі два намеснікі бургамістра - Вацлаў Іваноўскі (галоўным чынам - справы асветы і культуры) і Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч (гаспадарчыя справы).

Амаль цэлы год - з лістапада 1941 да восені 1942 г. - В. Іваноўскі жыў разам са сваім сакратаром з віленскага БНК Язэпам Найдзюком, які крыху раней прыехаў у Менск і працаваў у Выдавецтве школьных падручнікаў. Пра іх тагачасныя бытавыя ўмовы Я. Найдзюк згадваў наступнае: «Я жыў разам з прафесарам Іваноўскім на агульнай кватэры па вуліцы Ленінградскай. Была ў нас агульная домработніца, цётка Галена, якая гатавала нам ежу. Мы займалі тры пакоі і кухню. У кожнага з нас быў свой пакой, а адзін быў супольны, у якім затрымліваліся прыезджыя госці. У гэты час я бліжэй пазнаў прафесара Іваноўскага як добрага, інтэлігентнага і вучонага чалавека. Ён не захапляўся ідэямі і праграмай Гітлера, не быў германафілам. Яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі. А таксама - адкрыццё беларускага універсітэта ў Менску [...]

У Менску мы жылі вельмі сціпла. Часта елі чэрствы, не найлепшай якасці чорны хлеб, часам траплялася каніна. Вясною найчасцей мы елі зялёную салату з цыбуляй, а пазней - вараную і свежую капусту з соллю і моркву. Замест цукру ўжывалі патаку. Салату і капусту мы елі часта без смятаны і скварак. Аднак часам знаёмыя з правінцыі прывозілі трохі сыру, саланіны і яец. Тады ў нас была вялікая ўрачыстасць, вялікае свята» (19).

А вось яшчэ іншыя ўспаміны Лявона Галяка, які таксама жыў у доме па вуліцы Ленінградскай: «Прыгадваю спатканне Новага 1942 года ў В. Іваноўскага. Калі заціхла страляніна вітання Новага Года немцамі, прыйшоў павіншаваць з Новым годам немец, адміністратар дома. Іваноўскі вынес яму ў калідор на талерачцы кілішак і сэндвіч, падзякаваў і выправіў. Мне было вельмі прыемна гэта бачыць, бо, на жаль, часта назіралася ў дачыненні да немцаў нізкапаклонніцтва, але Іваноўскі здолеў захавацца трымаць сябе належным чынам»20.

Тым часам у Беларусі панавалі хаатычныя палітычныя ўмовы, нарасталі сацыяльныя канфлікты. Гітлер, які перад нападам на СССР шмат разоў прадказваў утварэнне пад нямецкім пратэктаратам асобнай беларускай дзяржавы, падчас вайны не выказваўся больш на гэты конт. 17 ліпеня 1941 г. ён выдаў дэкрэт, паводле якога быў створаны вялікі абшар акупацыйнай цывільнай адміністрацыі - Рэйхскамісарыят Остлянд, куды ўваходзілі Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія (21).

Перш чым гэта сталася, уладу ў Беларусі ўтрымліваў Вермахт. Паколькі дырэктываў Гітлера аб яе палітычным статусе не было, вайсковыя ўлады, адказныя за арганізацыю мясцовай адміністрацыі, кіраваліся не нацыянальнымі матывамі, але прагматызмам. На землях Заходняй Беларусі, якія ў міжваенны час належалі да Польшчы, гэтыя ўлады ахвотна даручалі кіраўнічыя функцыі ў адміністрацыі і палітыцы палякам, што вярнуліся на свае старыя гнёзды, галоўным чынам з увагі на іх дасведчанасць і антыкамуністычныя погляды. 3 апанаваннем мясцовага апарату ўлады польскія дзеячы звязвалі надзею на стварэнне ў акупацыйных умовах такога фактычнага стану, які б спрыяў адбудове польскай дзяржаўнасці на заходнебеларускіх абшарах. Такім чынам яны імкнуліся вывесці з палітычнай гульні беларусаў, якіх - без увагі на іх незалежніцкую ці прасавецкую арыентацыю - успрымалі толькі як перашкоду ў дасягненні сваёй мэты. Гэтыя імкненні ўзмацняліся яшчэ і прагай помсты за падзеі 1939-1940 гг., што прывяло да шматлікіх асабістых расправаў. Пачаліся частыя даносы на беларусаў як на камуністаў, і ў першыя тыдні акупацыі гэта спрычынілася да вялікіх ахвяраў, асабліва сярод беларускай інтэлігенцыі.

Польска-беларускі канфлікт немінуча павінен быў нарастаць, хаця нешматлікая, неарганізаваная беларуская інтэлігенцыя, да некаторай ступені справядліва абвінавачаная ў падтрымцы савецкай улады, не магла супрацьстаяць актыўнасці палякаў. Мала дапамагала і група беларускіх адміністрацыйных супрацоўнікаў, якую немцы прывезлі з сабой з эміграцыі - іх было ледзьве некалькі дзесяткаў, прычым у пераважнай большасці іх пакінулі ў Менску. Тут іх чакала вялікае расчараванне. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Менск іх пачалі «павучаць і пераконваць» у бессэнсоўнасці - прынамсі, у бліжэйшы час - нейкай палітычнай актыўнасці, а таксама праінфармавалі, што гэта не звязана са стаўленнем Германіі да беларускага пытання, бо ў гэтай справе ўсё яшчэ чакалі рашэнняў ад Гітлера.

Сітуацыя змянілася, калі ў верасні 1941 г. пачалі ўводзіць акупацыйны цывільны рэжым, начальнікам якога стаў генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. Нягледзячы на свой шматгадовы досвед палітычнай дзейнасці, у Беларусі ён сутыкнуўся з праблемай, якую назваў беспрэцэдэнтнай. Краіна, у якую накіраваў яго Гітлер, не мела традыцыі самастойнай дзяржаўнасці, вынікам чаго стаў слабы ўзровень нацыянальнай свядомасці беларускага насельніцтва і моцныя расейскія і польскія палітычна-культурныя ўплывы. Пра гэта сведчыў і нацыянальны характар мясцовай адміністрацыі, якая прыйшла на працу ў цывільныя ўправы - ён вельмі мала адпавядаў назве гэтага краю. Таму невыпадкова Кубэ адзначыў: «Беларусь была перш за ўсё, у самым сапраўдным значэнні гэтага слова, не больш як цьмяным геаграфічным паняццем» (22).

У адрозненне ад афіцыйнай беларускай палітыкі, скіраванай галоўным чынам на гаспадарчую эксплуатацыю акупаваных абшараў, Кубэ з самага пачатку сваёй дзейнасці імкнуўся вярнуць Беларусі яе нацыянальную існасць. Магчымасць для гэтага яму давала моцная асабістая пазіцыя, якую ён займаў дзякуючы падтрымцы Гітлера. У сваіх артыкулах і інтэрв'ю Кубэ часта прапагандаваў асноўныя палажэнні гэтай палітыкі, падкрэсліваў, што ва ўмовах вызвалення ад польскай і расейскай палітычнай дамінацыі, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ атрымаў шанец за кароткі час запоўніць гістарычныя прабелы ў сваёй нацыянальнай свядомасці. Дзейнасць акупацыйнай адміністрацыі ў палітычнай галіне накіраваная на тое, каб прыспешыць гэты працэс, перамагчы староннія ідэалагічныя наносы ды ўзмацніць уласныя, беларускія нацыянальныя элементы перш за ўсё праз развіццё школьніцтва, культуры і працы сярод моладзі. Гэты новы шлях развіцця павінен прывесці да еўрапейскай супольнасці народаў і дзяржаваў. Таму генеральная акруга Беларусі, - сцвярджаў Кубэ, - павінна не толькі выконваць адміністрацыйныя задачы, прадыктаваныя ваеннай неабходнасцю, яе прызначэнне - у стварэнні бацькаўшчыны для беларускага народа (23).

Гэтыя прынцыпы Кубэ пачаў праводзіць у жыццё адразу ж пасля свайго прыбыцця ў Менск. Пад лозунгам «Беларусь - для беларусаў» ён прапагандаваў ідэю нямецка-беларускай супольнасці інтарэсаў і супрацоўніцтва, клапаціўся пра адбудову сістэмы асветы і культурных установаў, абараняў менскія музеі і бібліятэкі ад рабункаў і вынішчэння нямецкімі войскамі, правёў поўны падзел калгасаў, звяртаўся ў Галоўнае Ведамства Бяспекі Рэйха па праблеме вынішчэння яўрэяў. Нарэшце, ён прызнаў неабходнасць паступовай беларусізацыі адміністрацыі, праваслаўнай і каталіцкай царквы ды іншых галін грамадскага жыцця.

Палітыка Кубэ, праўда, аддавала перавагу беларусам, але не магла за адзін момант прывесці да зменаў кадравай сітуацыі, якая склалася за перыяд цывільнага праўлення, асабліва ў адміністрацыі і паліцыі. Нягледзячы на адкрыццё падрыхтоўчых курсаў, беларускіх спецыялістаў, здольных альбо ахвочых да працы, па-ранейшаму катастрафічна неставала. Практычная немагчымасць выкарыстання многіх прывілеяў Кубэ бянтэжыла беларускіх дзеячоў, якія былі схільныя дашуквацца прычынаў гэтага ў занадта ліберальным стаўленні чыноўнікаў цывільнай управы да палякаў. Гэта падтрымлівала канфрантацыю. У верасні 1941 г. у паліцэйскіх данясеннях гаварылася пра далейшыя спробы даносаў на беларускіх службоўцаў як на камуністаў, але цяпер іх разглядалі больш уважліва, і калі не знаходзілі належных падставаў для абвінавачання, прыцягвалі аўтараў да адказнасці. Таму здараліся такія выпадкі ўжо радзей. Затое з боку беларускіх дзеячоў штораз часцей пачаліся антыпольскія даносы - гэткім чынам яны спрабавалі змагацца з дамінацыяй палякаў.

Таму Кубэ мусіў лавіраваць паміж дэкларацыямі і жыццёвай рэчаіснасцю. Праўда, ён прымірыўся з фактычным станам у правінцыйнай адміністрацыі, але, з увагі на яе характар, не мог будаваць на ёй сваю беларускую палітыку. Таму Кубэ пачаў надбудоўваць над ёю беларускую цэнтральную адміністрацыйную інстанцыю, якая павінна была дзейнічаць у напрамку паступовай беларусізацыі мясцовых структур. Катэгарычнай забароны ад берлінскіх уладаў не было, таму стварэнне такой інстанцыі ў верасні 1941 г. здавалася цалкам мажлівай справай, зразумела, што гаворка магла ісці не пра ўрад, а толькі пра дапаможны орган генеральнага камісарыята ў Менску.

У першых днях верасня на гэтую кіраўнічую пасаду Кубэ прызначыў Радаслава Астроўскага, на той час - адзінага вядомага беларускага дзеяча на менскай палітычнай арэне. Дзеля гэтага Кубэ зрабіў Астроўскага кіраўніком Менскай акруговай управы - пэўнага Нэбэнбюро (Nebenbureau - паралельнае бюро, ням.), мясцовага адпаведніка генеральнага камісарыята. Такім чынам, Р. Астроўскі заняў важную пазіцыю ў надзеі на стварэнне з цягам часу беларускай адміністрацыйнай інстанцыі на базе сталічнай акруговай управы.

Аднак у канцы кастрычніка ўсе яго планы нечакана праваліліся, бо ў Менск прыбыў Іван Ермачэнка, якога міністр акупаваных усходніх абшараў Альфрэд Розенберг прызначыў кіраўніком Беларускай Народнай Самапомачы (БНС). У прынцыпе, абедзве гэтыя інстанцыі маглі працаваць паралельна, але было відавочна, што пасля спадзяванай легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС апынецца ў яго падпарадкаванні. Ермачэнка не хацеў пагадзіцца з такой перспектывай, ён таксама імкнуўся да ролі беларускага правадыра. У канфлікце, які завязаўся паміж імі, Ермачэнка меў мацнейшую пазіцыю - апрача таго, што прызначыў яго сам Розенберг, ён яшчэ меў на руках доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі і выкарыстаў гэта супраць свайго саперніка. Пры такіх абставінах Астроўскі страціў давер у Кубэ, ратуючыся ад магчымых рэпрэсіяў, ён выехаў у Смаленск і такім чынам згубіў магчымасць непасрэдна ўплываць на падзеі ў Менску.

Інцыдэнт з Астроўскім не дадаў Кубэ даверу да беларускіх дзеячоў. Аднак выбару ў яго не было. Ён пагадзіўся на Ермачэнку, але той на справе аказаўся салідным супрацоўнікам і доўгі час адыгрываў вядучую ролю на менскай палітычнай сцэне як кіраўнік БНС - адзінай санкцыянаванай у Берліне беларускай грамадскай арганізацыі. Пасля гэтага здарэння Кубэ стаў больш асцярожлівы і холадна паставіўся да незнаёмага яму В. Іваноўскага, калі перадаў яму паўнамоцтвы намесніка бургамістра. Відаць, ён хацеў пазбегчы новага скандалу.

Аднак В. Іваноўскі выразна выйграваў у вачах Кубэ і плаціў яму ўзаемнай сімпатыяй. Паміж імі існавала поўная згода ў поглядах на адраджэнне беларускай культуры і нацыянальнай свядомасці. Абодвух іх яднала захапленне мастацкай літаратурай і тэатрам. Нарэшце, В. Іваноўскі быў адным з нешматлікіх беларускіх дзеячоў, хто дасканала валодаў нямецкай мовай. Гэта спрыяла іх больш цеснаму знаёмству і ўзбагачала веды Кубэ пра Беларусь - гэтую, як ён сам казаў, «найменш знаную краіну Еўропы» - яе мінуўшчыну і цяперашнія праблемы. Гэта істотна ўплывала на рост прабеларускіх сімпатыяў Кубэ, а таксама - як неўзабаве мы зможам пераканацца - і на лёс самога В. Іваноўскага.

Затое дзеячы некаторых беларускіх згуртаванняў сустрэлі В. Іваноўскага непрыязна. Праўда, у ім бачылі апошняга піянера беларускага руху і прызнавалі яго заслугі, але - і менавіта таму - ставіліся да яго як да патэнцыяльнага канкурэнта ў барацьбе за ўладу. І хаця Іваноўскі заставаўся ў баку ад мясцовых груповак, гэта не змяншала іх асцярогаў. Не давяраў В. Іваноўскаму і Вінцэнт Гадлеўскі - ідэйны лідэр радыкальнага нацыянальнага згуртавання, які выконваў у Менску абавязкі галоўнага інспектара.

3 зацятай варожасцю выступалі супраць В. Іваноўскага некаторыя праваслаўныя дзеячы. Ужо ў снежні 1941 г. менская служба бяспекі (СД) атрымала ад іх данос, дзе Іваноўскага прадставілі як падпарадкаванага віленскай курыі католіка, які дзейнічаў у інтарэсах польскасці і каталіцызму ды прыкрываў свае сапраўдныя намеры клопатамі вакол беларусізацыі каталіцкай царквы. Даносчыкі абвінавачвалі В. Іваноўскага ў тым, што ён імкнецца такім чынам адцягнуць увагу нямецкага кіраўніцтва ад польска-каталіцкай экспансіі (24). Непасрэднай падставай для даносу стала выдадзеная В. Іваноўскім напрыканцы 1941 г. у Менску кніжка - беларускі катэхізіс ксяндза Язэпа Рэшаця - відаць, у гэтым яны ўбачылі пагрозу праваслаўю. Гэта была апошняя беларуская кніжка, выдадзеная намаганнямі В. Іваноўскага (25).

У канцы лістапада ў Менск прыбыў Самуіл Кастравіцкі з мэтай арганізаваць на месцы разведвальную ячэйку СУБ. Разам з ім прыехаў Вітаўт Буткевіч, які павінен быў стаць разведчыкам у правінцыі. Абодва яны з'явіліся да В. Іваноўскага, аднак пасля размовы з ім адбыліся істотныя змены ў вызначанай для іх Т. Занам дыслакацыі. Так, В. Буткевіч не выехаў у правінцыю, але застаўся працаваць у В. Іваноўскага ў Менскай гарадской управе, а С. Кастравіцкі, замест таго, каб атрымаць кіраўніцтва над мясцовым прадстаўніцтвам у Менску, праз некалькі дзён вярнуўся ў Варшаву (26). Як паведамляў В. Буткевіч, С. Кастравіцкі вярнуўся, бо быў адкліканы ў Варшаву, аднак гэта не адпавядала сапраўднасці. Тое самае пацвердзіў і Т. Зан у размове з аўтарам. Ён дадаў, што пры тагачаснай сувязі не магло быць і гаворкі пра тое, каб за такі кароткі тэрмін перадаць з Варшавы нейкае даручэнне.

Здаецца, што да прапановы В. Іваноўскага пра ўладкаванне абодва афіцэры разведкі паставіліся з большай увагай, чым да загадаў свайго кіраўніцтва. Аднак гэта не значыла, што яны занядбалі інтарэсы II аддзела, бо прадстаўніцтва ў Менску было заснаванае, толькі дзейнічаў у ім пакуль адзін В. Буткевіч. В. Іваноўскі ўладкаваў яго на кватэры ў доме, дзе жылі супрацоўнікі гарадской управы, па вуліцы Ленінградскай, і даў пасаду кантралёра, а пазней - начальніка аддзела кантролю. Як пісаў В. Буткевіч, «пасада гэтая вельмі дапамагала мне ў маёй разведчыцкай працы. Такім чынам, у мяне была магчымасць часта выязджаць у правінцыю, не раз я перамераў стратэгічныя гасцінцы Менск - Слуцк, Слуцк - Баранавічы ды чыгуначныя шляхі Менск - Бабруйск і Менск - Берасце. Дзякуючы сваёй пасадзе я меў вольны ўваход на ўсе гарадскія прадпрыемствы і многія фабрыкі, якія пераважна працавалі на карысць Германіі. На частых спатканнях у бургамістра я сустракаўся з прадстаўнікамі акупацыйных нямецкіх уладаў і часта ўдзельнічаў у паседжаннях, дзе абмяркоўваліся і планаваліся разнастайныя цікавыя для нашай разведкі загады» (27).

У канцы студзеня 1942 г. у Менск прыехала Гражына Ліпінская (пс. Данута), якая неўзабаве стала шэфам прадстаўніцтва СУБ-АК і кіравала ім да канца нямецкай акупацыі. Яна таксама разлічвала на падтрымку В. Іваноўскага, якога ведала яшчэ з часоў вучобы ў Варшаўскай Політэхніцы. Але ў новых абставінах гэтага знаёмства магло аказацца замала, таму папярэдне яна скантактавалася з В. Буткевічам. «Буткевіч быў расчараваны, - узгадвала Г. Ліпінская, - што Галоўнае Камандаванне прыслала жанчыну. Казаў, што тут небяспечна, што пагражаюць немцы і бальшавікі, што лепш адсюль з'ехаць. Аднак я засталася і папрасіла даць мне парады наконт арганізацыі ячэйкі.

Буткевіч яўна не хацеў гэтым займацца і сказаў: «Няхай пані арганізуе ячэйку, бо я з Варшавы прыехаў з іншымі заданнямі». Спачатку я гэта ўспрыняла як адмову ад працы, пасля чаго Буткевіч растлумачыў, што яго заданні датычацца беларускіх справаў, аднак абяцаў працаваць таксама і для вайсковай разведкі. Толькі праз некалькі дзён я накіравалася да прафесара Іваноўскага. Дапускаю, што за гэты час Буткевіч здолеў паразумецца з ім і парэкамендаваў маю кандыдатуру. Ва ўсялякім выпадку пры першым спатканні прафесар абяцаў мне сваю дапамогу, дадаў, што яго не цікавіць, дзеля чаго я прыехала ў Менск. Ён узяў мяне на працу ў гарадскую ўправу спачатку на збор каляровых металаў, а пазней - як інструктарку па справах прамысловасці. Праца ў такой галіне дазваляла мне перамяшчацца ў правінцыі, і гэта было вельмі істотна для маёй разведчыцкай дзейнасці» (28).

Такім чынам, пад адным крылом В. Іваноўскага распачала сваю дзейнасць польская акаўская разведвальная ячэйка, а пад другім схаваўся Баляслаў Берут, пазнейшы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі. Як вынікае з паведамленняў удзельнікаў польскага падполля ў Менску, дапамога ад Іваноўскага была, бясспрэчна, вялікая (29). У выніку ён пайшоў значна далей у сваім абяцанні не перашкаджаць вайсковай дзейнасці СУБ-АК, якое даў Т. Зану ў верасні 1941 г.

Стаўленне В. Іваноўскага да польскага падполля заслугоўвае пільнай увагі. Па-першае, яно сведчыць пра яго абыякавасць да навакольнай узброенай барацьбы. Па-другое, ён разумеў, наколькі мізэрны быў вынік разведчай працы: вайсковая інфармацыя, якую збіралі польскія разведчыкі, магла цікавіць толькі камандаванне Чырвонай Арміі, але гэтыя звесткі (звычайна - раз на месяц) перадавалі праз кур'ера ў Варшаву, адкуль пасля апрацоўкі перасылалі ў штаб галоўнакамандуючага пры польскім урадзе ў Лондане. Звычайна гэта працягвалася некалькі месяцаў, за гэткі час інфармацыя траціла сваю каштоўнасць для аператыўных рашэнняў, і можна сумнявацца, ці перадавалі яе ў Маскву. Нарэшце, па-трэцяе, акаўскае прадстаўніцтва было непатрэбнае В. Іваноўскаму ў Менску і не пасярэднічала ў яго кантактах з кіраўніцтвам польскага падполля. У гэтай галіне дзейнічалі С. Кастравіцкі і В. Буткевіч, яны трымалі асобны незалежны канал сувязі.

Аднак у Варшаве дзейнасць Менскага прадстаўніцтва рабіла добрае ўражанне. Затое ў Менску яна сеяла падазрэнні і даносы ў СД, галоўным чынам - на В. Іваноўскага, якога абвінавачвалі ў тым, што ён польскі агент, які дзейнічае на шкоду Беларусі (30). Асабліва актыўна рабіў гэта Іван Касяк, які з даваеннага камуністычнага дзеяча ператварыўся цяпер у супрацоўніка гестапа. Як піша Раіса Галяк, гэткія самыя даносы пасылаў і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Вакол В. Іваноўскага гэта стварала пагрозлівую атмасферу, і яго сусед па кватэры Язэп Найдзюк, які быў сведкам прыходу незнаёмых наведнікаў з Варшавы, сцвярджаў, што «пад Іваноўскім гарыць», і баяўся жыць з ім разам (31).

Іваноўскага не арыштавалі тады галоўным чынам дзякуючы Кубэ. Іх дачыненні рабіліся штораз лепшымі. Кубэ бараніў яго ад бессэнсоўных абвінавачванняў, а ў чэрвені 1942 г. адкінуў нарэшце свае ваганні і пагадзіўся прызначыць бургамістрам Менска. Гэта прынесла В. Іваноўскаму асаблівае задавальненне, бо ён апынуўся ў становішчы, якое яго продкі некалі займалі ў гэтым горадзе.

Тагачасны Менск быў невялікім горадам, у ім жыло крыху больш за сотню тысяч чалавек - напалову менш, чым перад вайной. Налёты нямецкай авіяцыі ды знішчальныя акцыі савецкіх войскаў пры адступленні пакінулі ў ім значныя разбурэнні. У параўнальна неблагім стане засталіся прамысловыя прадпрыемствы, размешчаныя на гарадскіх ускраінах, але выкарыстаць іх магутнасць было не так проста - неставала рабочай сілы. Жылыя кварталы ляжалі ў развалінах, а людзі часта перабіраліся ў правінцыю ў пошуку даху над галавой. Да таго ж бракавала паліва, харчу, вопраткі ды іншых неабходных для жыцця рэчаў штодзённага ўжытку.

Таму найпершай задачай гарадской управы быў клопат пра элементарныя людскія патрэбы. В. Іваноўскі шмат увагі прысвячаў і духоўным праблемам. Пад яго кіраўніцтвам аддзел асветы і культурыпадтрымліваў працу 16 пачатковых школ, этнаграфічнага музея, арганізоўваў выставы жывапісу і народнага мастацтва. Але не далі вынікаў яго захады па арганізацыі педагагічнага інстытута. Затое ўдалося на ўскраіне Менска ўзнавіць працу даследчыцкай Балотнай станцыі, дзе праводзіліся эксперыменты па вырошчванні цукровых буракоў на беларускіх глебах (32). Дарэчы, гэта было тэмай ягонай доктарскай працы.

У зацікаўленнях В. Іваноўскага значнае месца займеў Менскі гарадскі тэатр. Кіраваў ім спачатку Ян Краўчонак, а затым Пятро Булгак. Тэатр оперы і балета заняло войска, і прадстаўленні адбываліся ў будынку сённяшняга Купалаўскага тэатра. Таму ў адным будынку працавалі тры трупы - драматычная, оперная і балетная. Не без цяжкасцяў удавалася сабраць расцярушаныя вайной акцёрскія сілы, рэквізіт і дэкарацыі. В. Іваноўскі часта запрашаў акцёраў, рэжысёраў і драматургаў на спатканні ў гарадскую ўправу, дзе яны супольна абмяркоўвалі рэпертуарныя планы, шукалі выйсце з цяжкога матэрыяльнага становішча. Ён ахвотна бавіў час сярод артыстаў, падтрымліваў з імі таварыскія кантакты. Артыстка тэатра Яўгенія Седліц была яго апошнім каханнем.

А вось як выглядаў рэпертуар Менскага гарадскога тэатра ў сезонах 1941/1942 і 1942/1943:

Беларуская класіка: Ф. Аляхновіч «На Антокалі», «Пан Міністар», «Шчаслівы муж», Далецкія (В. Іваноўскі) «Міхалка», В. Дунін-Марцінкевіч «Пінская шляхта».

Замежная класіка: Ж. Бізэ «Кармэн», П. Чайкоўскі «Яўген Анегін», К. Гальдоні «Карчмарка», Г. Гаўптман «Затанулы звон», Г. Кляйст «Разбіты збан», Г. Ібсен «Лялечны дом», Ж. Б. Мальер «Лекар паняволі», В. А. Моцарт «Чароўная флейта», Ф. Шылер «Каварства і каханне», I. Штраус «Цыганскі барон», К. Вебер «Вольны стралок» (33).

Паводле маляўнічага выказвання гісторыка беларускага тэатра Уладзіміра Сядуры, «у тыя гады цемры Менскі гарадскі тэатр нёс жыхарам горада святло мастацтва» (34). І сапраўды, калі ўлічыць цяжкасці ваеннага перыяду і беларускую спецыфіку, колькасць і якасць пералічаных рэпертуарных пазіцыяў даказваюць, што гэта было вялікае дасягненне. Пасля вайны дырэктар тэатра П. Булгак заплаціў за гэта шматгадовай ссылкай у савецкія лагеры.

Сталую апеку ўтрымліваў В. Іваноўскі і над дзевяццю Дамамі дзіцяці ў Менску, дбаў перш за ўсё пра іх харчовае забеспячэнне. У гэтым прымаў удзел і яго супрацоўнік, загадчык аддзела забеспячэння ў гарадской управе Баляслаў Берут.

Увесну 1942 г. сітуацыя ў Беларусі абвастрылася яшчэ больш: з аднаго боку, актывізаваўся савецкі партызанскі рух, а з другога - Галоўнае ведамства бяспекі Рэйху распачало барацьбу з польскім падполлем. Гэтая акцыя прывяла да значных спусташэнняў у мясцовай адміністрацыі - многіх польскіх службоўцаў арыштавалі і знішчылі, многія паўцякалі. У гэтай сітуацыі Кубэ, раздражнёны нігілістычнай нацыянальнай палітыкай Берліна, вырашыў зрабіць стаўку на беларускі нацыяналізм. У прыватнасці, ён прызнаў неабходнасць у фармулёўцы такіх палітычных канцэпцыяў, якія павялічылі б зацікаўленасць беларусаў да супрацоўніцтва.

У канцы чэрвеня Кубэ стварыў інстытут Мужоў Даверу, прызначыў I. Ермачэнку сваім дарадчыкам, дазволіў стварыць Галоўную Раду Беларускай Народнай Самапомачы і значна пашырыў кампетэнцыі гэтай арганізацыі, у рамках якой паўстала некалькі ведамасных аддзелаў, у тым ліку палітыкі, вайсковых справаў, школьніцтва, культуры, прапаганды і аховы здароўя. Такім чынам, паўставаў апарат, які ў належны час быў гатовы пераняць уладу ў Беларусі. Асаблівае значэнне пры гэтым меў дазвол Кубэ на арганізацыю Корпуса Беларускай самапомачы пад камандаваннем Ермачэнкі.

Пры гэтым рабіліся штораз новыя ўступкі: былі створаныя Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, суды, Ліга жанчын, легалізаваная беларуская нацыянальная сімволіка - штандар і герб Пагоні, арганізаваны Цэнтральны Саюз Кааперацыі. Неўзабаве Кубэ выдаў загад, паводле якога былыя раёны былі перайменаваныя ў паветы, а бургамістры - у начальнікаў горада, павета і воласці. Пачалося абмеркаванне праблемы адкрыцця універсітэта ў Менску.

У атмасферы эйфарыі ад уступак Кубэ ў канцы 1942 г. адбыўся з'езд БНС у Менску. З'езд адзначыў, што за кароткі час БНС змяніла свой характар і ператварылася з дабрачыннай арганізацыі ў агульнакраёвы цэнтр кіраўніцтва школьніцтвам, культурнай дзейнасцю, палітыкай, прапагандай, а цяпер пераходзіць да арганізацыі войска, адраджэння гаспадарчага жыцця і г. д. «Як з гэтага вынікае, - гаварылася ў справаздачы на з'ездзе, - БНС стала асяродкам ініцыятываў усяго беларускага жыцця, яго кіраўнічым штабам». З'езд прыняў рашэнне аб змене статусу БНС і прызнанні яе фармальных правоў на самакіраванне (35).

I. Ермачэнка дасягнуў вяршыні сваёй кар'еры, здавалася, яму ўжо свеціць крэсла прэм'ера беларускага ўрада, да якога падводзіў яго Кубэ. Гаўляйтэр глыбока верыў у поспех сваіх задумаў, бо менавіта ў гэты час ваенны сцяг Рэйху лунаў над Эльбрусам, а нямецкія войскі падыходзілі да Волгі. Таму Ермачэнка адчуваў сябе досыць упэўнена, але боязь канкурэнцыі В. Іваноўскага яго не пакідала, і ў склад Галоўнай Рады БНС ён яго не ўключыў. У якасці тлумачэння казалі, быццам культурна-асветніцкая праца ў Менску была так добра арганізаваная гарадской управай, што Галоўная Рада не мусіла пра яе клапаціцца. Толькі пасля ўмяшальніцтва Кубэ В. Іваноўскага далучылі да Рады, і ўжо як яе член у ліпені ён падпісаў заклік да ўступлення у атрады самааховы (36).

Перспектыва займець уласныя ўзброеныя сілы ў той момант здавалася цалкам рэальнай - аб гэтым сведчыла адкрыццё ў Менску ды іншых беларускіх гарадах курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў. Гэта натхняла ўсе беларускія згуртаванні на актывізацыю сваёй дзейнасці. У ліпені 1942 г., падчас з'езда БНС, пад кіраўніцтвам Усевалада Родзькі паўстала Беларуская незалежніцкая Партыя (БНП). Яна выдавала свой бюлетэнь і заклікала да бескампраміснай барацьбы з немцамі, палякамі і савецкімі партызанамі за незалежную Беларусь.

Партыя Беларускіх Нацыяналістаў таксама развівала сваю дзейнасць, яе лідэр Ян Станкевіч з восені 1941 г. жыў у Менску і цесна супрацоўнічаў з В. Іваноўскім. Паводле ліпеньскага акаўскага рапарта 1942 г., ПБН, «якая робіць стаўку на Англію і Польшчу, налічвае сёння 50 чалавек. На чале яе стаіць цэнтральны камітэт са старшынёй Станкевічам. ЦК знаходзіцца цяпер у Менску, складаецца з 8 заходнікаў і 4 усходнікаў (нацдэмаў). Пабудаваная яна па сістэме пяцёрак. У болыпасці раёнаў ёсць свае партыйныя асяродкі. Сувязь падтрымліваць цяжка, таму партыя прымае толькі тых людзей - сярод здольных да работы і ідэйна блізкіх, - якія неабходныя партыі з увагі на сваё становішча. Абавязкам кожнага члена з'яўляецца стварэнне вакол сябе як мага шырэйшага магнетычнага поля дзеля ўзнаўлення тыпу сапраўднага Беларуса» (37).

Тактыку дзеянняў БНП рапарт прадставіў наступным чынам: «Хаця беларусы і хочуць дзейнічаць у форме паразумення з Польшчай, але ў цяперашні момант вымушаныя манеўраваць так, каб нічым не раздражняць немцаў, прынамсі, да таго, як будзе створаная беларуская армія (у ёй павінна налічвацца 150 000 чалавек), бо цяпер найважнейшай працай з'яўляецца засылка сваіх людзей у атрады з тым, каб яны стваралі ячэйкі партыі аж да поўнага апанавання войска і паліцыі [...] Беларусы імкнуцца да таго, каб мірным шляхам атрымаць ад немцаў як найбольш, а рэшту адабраць ад іх, калі яны ўжо будуць разгромленыя» (38).

Ажыццяўленне палітычнай стратэгіі БНП, г. зн. здабыццё падтрымкі ад Англіі і Польшчы, залежала, аднак, у вялікай ступені не ад дзеянняў у Менску, але ад вынікаў місіі С. Кастравіцкага, які пасля візіту да В. Іваноўскага ў канцы лістапада 1941 г. насуперак інструкцыям Т. Зана раптоўна вярнуўся ў Варшаву. 3 фармальнага боку, гэта была несубардынацыя, непадпарадкаванне загаду, што магло пашкодзіць рэпутацыі С. Кастравіцкага. Гэта быў кошт гульні на падвойнай арбіце, у якой ён мусіў улічваць і патрэбы беларускага боку. Зрэшты, нічога благога не здарылася. У студзені 1980 г. Бернард Закрэўскі, былы шэф контрразведкі СУБ-АК (псеўд. Оскар), растлумачыў аўтару прычыну паводзінаў С. Кастравіцкага. Пасля вяртання ў Варшаву ён ужо пайшоў не да Т. Зана, а да шэфа штаба Галоўнага камандавання, генерала Тадэвуша Пелчынскага («Гжэгажа»), якому перадаў прывезеныя ад В. Іваноўскага важныя звесткі. Пасля знаёмства з імі Пелчынскі прадставіў С. Кастравіцкага Б. Закрэўскаму і даручыў пакінуць яго ў контрразведчым сектары на пасадзе кіраўніка ячэйкі «996», якая займалася, між іншым, беларускімі справамі.

На гэтай пасадзе С. Кастравіцкі распачаў захады вакол падрыхтоўкі ў Галоўным камандаванні СУБ-АК спрыяльнай глебы для перамоваў з прадстаўнікамі ПБН, чаго Я. Станкевіч марна дамагаўся ўвесну 1941 г. Да нас не дайшлі дэталі, але вядома, што гэтыя перамовы прывялі да змены пазіцыі ГК у справе кантактаў з ПБН. Таму замест ранейшых звестак, дзе абагулена гаварылася пра супрацоўніцтва беларусаў з немцамі, у пачатку 1942 г. з'явіліся рапарты каменданта СУБ-АК генерала Стафана Равэцкага пра рост антынямецкай апазіцыі сярод беларусаў у Менску, якая шукае кантакту з палякамі. І нават - пра спадзяваную падтрымку беларусамі паўстання, прымеркаванага да апошнян фазы ванны (39).

Пазіцыя Галоўнага Камандавання АК выразна акрэслена ў спецыяльным рапарце па беларускім пытанні, высланым Сікорскаму ўвесну 1942 г. У ім адзначалася, што сярод беларускіх кіраўнічых колаў і народных мас расце вера ў паразу гітлераўскай Германіі, у сувязі з чым «некаторыя дзеячы, якія стаяць у апазіцыі да палітыкі Шчорса, шукаюць кантактаў з польскімі групоўкамі і хочуць дамовіцца на грунце супольнай абароны перад Расеяй. Гэтыя людзі прагнуць вызвалення ўсёй Беларусі з дапамогай Полыычы і заключэння з намі цеснай федэрацыі, аднак выстаўляюць максімальныя тэрытарыяльныя патрабаванні і вызначаюць будучыя межы Беларусі ад Рослаўля да Бяла-Падляскай уключна. Праграма нацыяналістаў, якія дзейнічаюць у правінцыі, у сувязі з магчымай паразай Германіі зводзіцца да як мага болыы поўнага апанавання краю з адміністрацыйнага, гаспадарчага і культурнага боку, каб паставіць будучых заваеунікау тэрыторыі перад здзенсненым фактам» (40).

У рапарце падкрэслівалася, што «ўсё часцейшыя праявы пошукаў кантакту з польскім бокам, пакінутыя без водгуку, могуць перакрэсліць новыя нямецкія ўступкі», і прапаноўвалася заваяваць сімпатыі беларускіх мас шляхам:

• выдання адозвы польскага ўрада да беларусаў аб суіснаванні абодвух народаў пасля вайны з асаблівым націскам на эканамічных (зямельная рэформа) і культурных праблемах;
• выкліку беларускіх грамадскіх прадстаўнікоў у лонданскую Нацыянальную Раду;
• неадкладнага разгортвання мясцовай прапаганды, накіраванай супраць антыпольскіх аргументаў;
• выступлення польскага ўрада ў Ватыкане з прапановай аб прызначэнні біскупа беларускай нацыянальнасці для этнічна беларускіх тэрыторыяў.
Асаблівай увагі заслугоўвае прадстаўленая ў рапарце прапанова аб «неадкладным уваходжанні ў кантакт з тымі беларускімі дзеячамі, якія шукаюць польскай падтрымкі», а таксама просьба да Сікорскага даць інструкцыі па беларускім пытанні, «шчыльна звязаным з будучай аперацыяй паўстання і заняцця нашых усходніх абшараў, дзе жыве беларускае насельніцтва» (41). Гэта значыла, што Галоўнае Камандаванне прыняло прапановы Партыі Беларускіх Нацыяналістаў наконт правядзення перамоваў, але не змяніла сваёй пазіцыі адносна тэрытарыяльнай праблемы.

Гэты рапарт трапіў у Лондан досыць хутка, а ў выніку яго з'явілася ўказанне, перададзенае 22 чэрвеня 1942 г. па тэлеграфе, аб пашырэнні інфармацыі з Беларусі і падрабязных звестак пра беларускіх дзеячоў. Эміграцыйны ўрад пакуль што ўстрымаўся ад ацэнак і ад інструкцыяў, якіх прасіла Галоўнае Камандаванне . У гэтай сітуацыі камандаванне АК прыняло самастойнае рашэнне аб ажыццяўленні некаторых пададзеных у рапарце прапановаў. Так, у сярэдзіне 1942 г. пачалася прапагандысцкая кампанія сярод польскага і беларускага насельніцтва, накіраваная на стварэнне атмасферы ўзаемнай добразычлівасці, гатоўнасці да паяднання і супольных абарончых выступленняў. Але гэтая акцыя, за якой асабіста сачыў сам Равэцкі, не дала жаданых вынікаў, а ўлёткі, выдаваныя, між іншым, па-беларуску, траплялі на неўрадлівы грунт (43). Відаць, гэтая акалічнасць прыспешыла прыняцце рашэння аб перамовах з ПБН.

Першае спатканне адбылося ў канцы 1942 г. у Менску, куды прыбыла прадстаўнічка Галоўнага Камандавання АК С. Дабрынская («Ева»). Як вынікае з дэталёвай справаздачы аб гэтых перамовах (44), пасля яе прыезду і навязання кантакту са Станкевічам ён сабраў паседжанне Цэнтральнага Камітэта Партыі Беларускіх Нацыяналістаў, на якім было пацверджана імкненне да супрацоўніцтва з Польшчай на грунце наступных пазіцыяў і прапановаў:

• захоўваць бачнасць лаяльнасці перад Германіяй, бо распачынаць узброеную барацьбу да часу, пакуль будзе створаная беларуская армія, немэтазгодна;
• утварыць беларускую дзяржаву з заходняй мяжой уздоўж лініі Керзана;
• утварыць пасля вайны дзяржаўную польска-беларускую унію з агульным міністэрствам замежных справаў;
• польскаму ўраду - прадставіць беларускія інтарэсы перад урадам Вялікабрытаніі;
• спыніць імкненні палякаў да апанавання адміністрацыі ў Заходняй Беларусі пры адначасовым адмаўленні беларусаў ад антыпольскага курсу.

Выказваючы сваё стаўленне да часткі прадстаўленых патрабаванняў, С. Дабрынская засведчыла, што, хаця польскія ўлады і жадаюць супрацоўніцтва з ПБН, але па прынцыповых меркаваннях не адступяцца ад Рыжскай мяжы. Відаць, Я. Станкевіч улічваў гэтую пазіцыю польскага боку, і таму прапанаваў спрэчныя тэрытарыяльныя праблемы пакінуць адкрытымі, каб лягчэй было пасунуць наперад агульныя дачыненні. Паразуменне з Полыычай ЦК ПБН хацеў захаваць у поўнай таямніцы не толькі ад немцаў, але і ад бальшыні сяброў сваёй партыі, а тлумачыў гэта настроямі падазронасці і непрыязі да Польшчы, якія існавалі ў беларускім грамадстве. Аднак канстатацыя гэтых цяжкасцяў і разыходжанняў у поглядах не захінула для перамоўцаў надзеі на паразуменне і сведчыла пра гэта, між іншым, запрашэнне Я. Станкевіча ў Варшаву для далейшых перамоваў (45).

На перамовы, распачатыя Галоўным Камандаваннем АК з Партыяй Беларускіх Нацыяналістаў, Дэлегатура Урада глядзела незадаволена. Заўвагі, пакінутыя на палях справаздачы «Евы», сведчаць, што пазіцыю ПБН там ацанілі як двурушную палітыку, кан'юнктурную гульню, а прапанаванае «Евай» у Менску супрацоўніцтва прызналі за незаконнае. Пры гэтым Дэлегатура не прыняла пад увагу пастулаты беларускага боку і заўважыла, што зыходным пунктам для паразумення можа стаць толькі ўдзел ПБН у супольнай узброенай акцыі супраць немцаў. Дэлегатура прамінула гэтае пажаданне ў сваёй справаздачы ўраду, затое густа падсыпала выпадаў супраць ПБН, указваючы, што яе прасаюзніцкая арыентацыя - «толькі тэорыя», што, хаця гэта і антынямецкая партыя, яе людзі супрацоўнічаюць з Германіяй, і што да гэтага часу яе дзейнасць, «па сутнасці, абмяжоўваецца вынішчэннем польскасці рукамі акупанта» (46). Такім чынам, Дэлегатура была рашуча настроеная супраць кантактаў з беларускім падполлем і такім чынам імкнулася, відаць, паўплываць на пазіцыю Сікорскага, які абяцаў у найбліжэйшым часе выслаць інструкцыі па беларускім пытанні (47).

Але неўзабаве ў Варшаве запанавала поўнае пацяпленне ў дачыненні да ПБН. На гэта ў значнай ступені паўплывала змена на пасадзе дэлегата ўрада: пасля смерці Ратайскага ў верасні 1942 г. яе заняў прадстаўнік Народнай Партыі Пекалкевіч, які ставіўся да паразумення з беларусамі болыы прыхільна за свайго папярэдніка. Пры такіх абставінах старшыня ЦК ПБН Я. Станкевіч («Гжацкі»), які пад канец снежня прыбыў у Варшаву, без вялікіх цяжкасцяў дамовіўся з Тамкевічам («Кшыштафам») наконт арганізацыі 26-28 студзеня канферэнцыі па праблеме супрацоўніцтва, між іншым, з удзелам прадстаўнікоў Дэлегатуры. А пакуль што ён выехаў у Прагу і Кракаў. У рапарце аб сваёй сустрэчы са Станкевічам Тамкевіч указваў свайму кіраўніцтву, што ПБН праз сваю віленскую арганізацыю дайшла да паразумення з літоўцамі, мае цесныя кантакты з чэхамі і вельмі разлічвае на іх дыпламатычную дапамогу. А таксама спрабуе дамовіцца з украінцамі (48).

Цяжка ўдакладніць, у якой ступені гэтая інфармацыя адпавядала сапраўднасці, а ў якой была разлічаная на ўмацаванне дыпламатычнай пазіцыі ПБН на будучай канферэнцыі. Але тое, што яна мела афіцыйны характар, - факт дакладны. Як паведамляе С. Дабрынская - арганізатарка і сведка гэтай канферэнцыі, - у ёй прынялі ўдзел Макавецкі і Тамкевіч як прадстаўнікі Галоўнага Камандавання АК, а таксама прадстаўнікі Дэлегатуры і палітычных партыяў - сацыялісты і народнікі (49). Ва ўжо прыгаданым рапарце Тамкевіча («Кшыштафа») ад 21 снежня ўказвалася, што Станкевіч хацеў абмеркаваць праблему незалежнасці беларускай дзяржавы, якая «тым ці іншым чынам абапіралася б на Полыпчу», а таксама выданне польскім урадам дэкларацыі аб неабходнасці яе ўтварэння. Ён па-ранейшаму не бачыў патрэбы ў падрыхтоўцы антынямецкай узброенай аперацыі, затое быў згодны пачаць прапагандысцкую кампанію на карысць паразумення з Польшчай.

Але, як сведчыць С. Дабрынская, у бурлівай дыскусіі галоўным засталося тэрытарыяльнае пытанне, прытым ні той, ні другі бок не хацеў перагледзець сваёй пазіцыі. Напэўна, у гэтай сітуацыі пытанне аб мяжы не ўдалося пакінуць надаўжэй адкрытым, і ў выніку дыскусія вакол асноўных пастулатаў ПБН страціла грунт. Адначасова польскі бок моцна націскаў на неабходнасць далучэння беларусаў да супольнай антынямецкай узброенай акцыі, але Я. Станкевіч на гэта канчаткова не пагадзіўся. У гэтай аперацыі ПБН бралася толькі за арганізацыю сеткі баз на тэрыторыі Беларусі для жаўнераў АК. Такім чынам, абмежаванае вайсковае супрацоўніцтва было адзіным пытаннем, якое ўдалося ўзгадніць на Варшаўскай канферэнцыі, самі перамоўцы, аднак, звязвалі з ім розныя намеры. Для Станкевіча гэта стварала магчымасць утрымаць кантакт з польскім падполлем у надзеі, што польскі ўрад прызнае незалежніцкія імкненні беларусаў. Тым часам польскі бок спадзяваўся выкарыстаць гэты кантакт для таго, каб дабіцца ад ПБН падтрымкі ўрадавай пазіцыі па праблеме ўсходніх межаў, бо, на іх думку, на фоне паразы Германіі пад Сталінградам такая альтэрнатыва выглядала больш жыццёва, чым канцэпцыя беларускіх нацыяналістаў.

Пра гэта сведчыць тэлеграма Пекалкевіча аб перамовах са Станкевічам, высланая ва ўрад 12 лютага 1943 г.: «Адбылася размова са старшынёй беларускай незалежніцкай арганізацыі, які вяртаўся з Прагі. Хоча супрацоўнічаць з намі, але жадае фармальна ўдакладніць, якія правы атрымаюць беларусы ў Польшчы. Мы прапанавалі раўнапраўе беларускай мовы ў гарадскіх судах і староствах ды органах самакіравання, а таксама агульнаадукацыйныя і сярэднія школы [...] Прашу інструкцыяў па беларускай справе» (50). Такім чынам, упаўнаважаны ўрада не выказаў свайго стаўлення па пытаннях, якія цікавілі кіраўніцтва ПБН, затое ўзняў праблемы тыпова ўнутранага характару.

Падобныя тэндэнцыі назіраліся і ў Галоўным Камандаванні АК. Калі б беларусаў і ўкраінцаў удалося ўцягнуць у арбіту польскай палітыкі, - тэлеграфаваў далей Равэцкі, - гэта «магло б... забяспечыць нам падтрымку англасаксаў у дадзенай справе (усходніх абшараў. - Ю. Т.) і ўскладніць гульню Расеі. Каб дасягнуць гэтага, неабходна будзе, відаць, выразная дэкларацыя аб ураўнаванні гэтых тэрыторыяў у правах і забеспячэнні ім магчымасці культурнага развіцця. Аднак недастаткова будзе абмежавацца абяцаннямі, трэба выдаць адпаведныя дэкрэты і загады. Калі мы ўтрымаем усходнія землі, дык гэтыя акты і так будуць неабходныя, а калі не, дык яны не змогуць пашкодзіць» (51) .

Акрэсліць правы беларусаў і ўкраінцаў патрабавала ад урада таксама і рэзалюцыя Палітычнага Дагаворнага Камітэта, прынятая 14 лютага галасамі народнікаў, сацыялістаў і старшыні супраць галасоў Нацыянальнай Партыі і Партыі працы (52). Але ўрад не змяніў сваёй ранейшай пазіцыі ў гэтай справе. Гэта выказаў прэзідэнт Рачкевіч у сваім навагоднім выступленні: «Рэальным, самым трывалым і адзіным апірышчам польскай дзяржавы на ўсходніх землях з'яўляецца перш за ўсё карэнны польскі нацыянальны элемент [...] Першай галоўнай задачай нашай палітыкі на ўсходніх землях мусіць быць узмацненне польскага элемента і апора на ім усёй палітычнай лініі ў дачыненні да тамтэйшых нацыянальных меншасцяў» (53).

Тэндэнцыі да паразумення з беларусамі з цяжкасцю ўтрымліваліся ў Дэлегатуры толькі падчас пяцімесячнага старшынства Пекалкевіча. Пасля яго арышту 19 лютага 1943 г. і прызначэння наступным упаўнаважаным урада прадстаўніка Партыі працы Янкоўскага адбыўся паварот да папярэдняга курса пад пераважным уплывам эндэкаў і Партыі працы. Істотна паўплываў на радыкалізацыю пазіцыі Дэлегатуры разрыў дыпламатычных стасункаў паміж СССР і польскім урадам у красавіку 1943 г., у выніку якога перасталі дзейнічаць ранейшыя тактычныя меркаванні і фармулёўкі ва ўсходняй палітычнай канцэпцыі. Так, у перасланых у Лондан «Заўвагах аб нашай міжнароднай палітыцы» Дэлегатура прапаноўвала затрымаць Чырвоную Армію на Рыжскай мяжы і нават адсунуць яе на ўсход, патрабавала далучыць да Полыпчы Менск і Камянец-Падольскі ў якасці пасляваеннай кампенсацыі (54).

Пры такіх намерах беларускае пытанне зусім выпадала з поля зроку Дэлегатуры. «Беларускі народ, - даводзіла яна разам з Нацыянальнай Партыяй, - не стварыў аж да цяперашняй вайны ані на нашым, ані на савецкім баку нічога накшталт уласнай культуры, традыцыяў, літаратуры, ані эліты, здольнай кіраваць лёсам нацыі, ані дзяржаўнага жыцця», - у сувязі з чым не бачыла і падставаў для стварэння буфернай дзяржавы і рэкамендавала канчаткова спаланізаваць беларускія крэсы разам з Меншчынай (55).

У пачатку 1943 г. перад В. Іваноўскім замаячыла пустка. Ён урэшце мог усвядоміць, што груба памыліўся, калі разлічваў здабыць падтрымку для справы беларускай дзяржаўнасці ад Польшчы. Пра гэта сведчылі данясенні Я. Станкевіча і С. Кастравіцкага, у гэтым пераконвала і навагодняе пасланне прэзідэнта Рачкевіча. Польшча не хацела Беларусі. Усе неверагодныя намаганні, якія схілілі кіраўніцтва польскага падполля да перамоваў, пайшлі марна: беларусы не змаглі нічога, акрамя як толькі выказаць свае намеры. Непатрэбная аказалася і сістэма сувязі з Варшавай, якая распальвала фантазію карпатлівых даносчыкаў (56).

Але можна меркаваць, што, нягледзячы на непрыхільнасць Варшавы і Лондана, В. Іваноўскі і цяпер не адмовіўся ад канцэпцыі беларуска-польскай федэрацыі, да якой падштурхнула яго ў 1919 г. пазіцыя Леніна. Праўда, ён не бачыў магчымасці для яе ажыццяўлення па заканчэнні гэтай вайны, аднак не бачыў і ніякай альтэрнатывы ў будучыні. У гэтым яго пераконвалі штодня вынікі савецкай нацыянальнай палітыкі, якія ён назіраў у Менску. Менавіта таму ён не разлічваў на магчымасць вырашэння праблемы беларускай дзяржаўнасці ў рамках СССР і шмат разоў адмаўляўся ад супрацоўніцтва з савецкім падполлем (57).

Параза нямецкіх войскаў пад Сталінградам, відаць, не зрабіла на яго вялікага ўражання, бо Іваноўскі даўно не верыў у магчымасць перамогі над Расеяй і таму не разлічваў на адраджэнне беларускай дзяржавы з дапамогай Германіі. Тым болып не мог ён на гэта разлічваць у пачатку 1943 г., калі распачалося вялікае адступленне Вермахта на ўсходнім фронце. Такім чынам, сітуацыя была безнадзейнай. У гэтую апошнюю хвіліну В. Іваноўскі мог або адмовіцца ад грамадскага жыцця і пакінуць Менск, або ступіць на нахільную плоскасць. Ён выбраў гэты другі варыянт у надзеі на ўзмацненне нацыянальных сіл, якія нараджала палітыка Кубэ.

Але развіццё падзеяў у Беларусі ставіла над гэтымі спадзевамі пытальнік. Рост савецкага партызанскага руху, кіраўніцтва і забеспячэнне якога ішло з-за лініі фронту, выклікаў узмацненне паліцэйскіх карных аперацыяў. Яны суправаджаліся спальваннем вёсак, вынішчэннем і дэпартацыяй іх жыхароў па падазрэнні ў дапамозе партызанам ці іншых злачынствах. Падчас гэтых акцыяў загінула каля 100 000 жыхароў беларускай вёскі, большай часткай - жанчын, старых і дзяцей.

Кубэ разумеў, што злачынныя паводзіны СС і паліцыі з цывільным людам падчас карных аперацыяў перакрэсліваюць усю яго палітыку, разлічаную на здабыццё сімпатыяў насельніцтва. Таму, ды яшчэ з гуманных меркаванняў, ён распачаў барацьбу з СС у абарону нявіннага насельніцтва. Кубэ не меў паўнамоцтваў, каб аддаваць загады паліцэйскім уладам, але выкрываў злачынствы карных атрадаў, паведамляў пра гэта вышэйшаму кіраўніцтву ў Берліне і разлічваў, што яго ўмяшальніцтва будзе мець плён. На гэтым фоне паўстаў востры канфлікт, падчас якога камандаванне СС паспрабавала прыбраць Кубэ з Менска.

У снежні 1942 г. паліцэйскія ўлады ў Берліне і Менску пачалі кампанію па палітычнай дыскрэдытацыі Кубэ як правадыра беларускіх нацыянальных тэндэнцыяў, «супярэчных» інтарэсам Германіі. Пачалася найперш распрацоўка кіраўніцтва БНС і нагнятанне доказаў яе «злачыннай» дзейнасці. Галоўны ўдар быў нацэлены на I. Ермачэнку, супраць якога ўзнялі найцяжэйшае абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе. Але Кубэ бараніў Ермачэнку, а разам з ім - і прынцыпы сваёй палітыкі, якая пакрывалася рашэннямі вышэйшых цывільных уладаў. Таму следства ў рэшце рэшт скіравалася ў галіну гаспадарчай дзейнасці БНС, дзе былі знойдзеныя злоўжыванні. Ермачэнка быў вымушаны падаць у адстаўку і 27 красавіка пакінуў Менск.

Ратуючы Ермачэнку, Кубэ бараніў сваю ўласную пазіцыю, але заплаціў за гэта разбурэннем цэлага палітычнага механізма, які так удала ствараў з верасня 1941 г. Пад націскам паліцэйскіх уладаў увесну 1943 г. былі зліквідаваныя ўсе не прадугледжаныя статутам БНС сферы яе дзейнасці, пачынаючы з Галоўнай Рады, дазволена было займацца толькі сацыяльнай апекай ды аховай здароўя. Перастаў існаваць інстытут Мужоў Даверу, а ў красавіку 1943 г. распусцілі і Беларускую Самаахову. У гэтай атмасферы быў арыштаваны і забіты ксёндз В. Гадлеўскі. У сваю чаргу, В. Іваноўскага зноў абвінавацілі ў спрыянні прапольскім элементам і збіраліся спіхнуць яго з пасады бургамістра. Аднак СД не знайшло пацверджанняў яго сувязі з I. Ермачэнкам, што і выратавала В. Іваноўскага (58). Відаць, і на гэты раз не абышлося без дапамогі Кубэ.

Атакі паліцэйскай апазіцыі, якой кіраваў прызначаны Гімлерам камандзір СС і паліцыі ў Беларусі, брыгадэнфюрэр Курт фон Готберг, не ўстрымалі Кубэ ад працягу ранейшай пазітыўнай палітыкі, якую інспіраваў і падтрымліваў В. Іваноўскі. Але на гэты раз ён дзейнічаў больш асцярожна і ўсе найважнейшыя захады ўзгадняў з берлінскім міністэрствам акупаваных усходніх абшараў.

Так, у сакавіку 1943 г. Кубэ выдаў загад аб ліквідацыі зямельнай цераспалосіцы дзеля стварэння рацыянальных з эканамічнага гледзішча гаспадарак. Пачалося яго ажыццяўленне. Паспяхова скончыліся захады гаўляйтэра па адкрыцці Медыцынскага інстытута - першай вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі пад нямецкай акупацыяй. У чэрвені паўстаў Саюз Беларускай Моладзі, а таксама Беларускае Навуковае Таварыства на чале з В. Іваноўскім. Разам з Медыцынскім інстытутам яны ўжо стваралі падставу і фармальны прэцэдэнт для адкрыцця універсітэта і тэхналагічнага інстытута ў Менску, пра якое клапаціўся Іваноўскі.

Вывад з гульні Ермачэнкі ды абмежаванне кампетэнцыяў БНС перакрэслілі надзеі Кубэ на стварэнне на базе гэтай арганізацыі органа цэнтральнага самакіравання ў Беларусі. Ён не адмовіўся ад гэтага намеру, але супраціўленне Гітлера зводзіла праект амаль што ў безнадзейнасць. Таму Камітэт Даверу, скліканы са згоды Розенберга 27 чэрвеня 1943 г., Кубэ пакінуў у якасці інтэгральнай часткі ведамства генеральнага камісара, каб зберагчы яго ад лёсу ранейшага кіраўніцтва БНС. Пакуль што яго трактавалі як сімвалічнае прадстаўніцтва, але ў спрыяльных умовах Камітэт Даверу мог бы з санкцыі Берліна ператварыцца ў орган самакіравання.

Камітэт Даверу, называны папулярна Радай Даверу, складаўся з 16 асоб, сярод якіх ніхто не ўваходзіў раней у каманду I. Ермачэнкі. Відаць, гэта была яшчэ адна ступень перасцярогі перад атакамі эсэсаўскай апазіцыі. Старшынёй Камітэта Кубэ прызначыў В. Іваноўскага, але, паколькі за ім цягнуўся цень даносаў яго палітычных праціўнікаў і недаверу паліцыі, гэтыя абавязкі даручыў яму часова - тэрмінам на адзін год. Такім чынам Кубэ адгарадзіўся ад магчымых неспадзяванак. У выступленні з нагоды склікання Камітэта Даверу Кубэ паўтарыў свой лозунг: «Мы прыбылі сюды як пераможцы, але як пераможцы бальшавізму, а не беларусаў, для якіх мы - вызваліцелі», - і заклікаў Камітэт гэтак арганізаваць беларускі народ, каб «ён быў на ўзроўні еўрапейскіх народаў». Асаблівую ўвагу Камітэт павінен быў скіраваць на тры задачы: клопаты па развіцці школьніцтва і выхаванні моладзі, аднаўленне гаспадаркі і забеспячэнне насельніцтва харчаваннем, нарэшце, супрацоўніцтва ў барацьбе з партызанамі (59). Камітэт павінен быў распрацоўваць прапановы па гэтых пытаннях, якія пасля абмяркоўваліся б на сумесных паседжаннях з нямецкімі ўладамі. Такое паседжанне - першае і апошняе - адбылося 23 жніўня 1943 г., у ім удзельнічалі члены камітэта, Кубэ, іншыя вышэйшыя функцыянеры генеральнага камісарыята, а таксама афіцэры СС і паліцыі на чале з Готбергам. Як пісаў Аўген Калубовіч, былы член Камітэта Даверу і ўдзельнік гэтай сесіі, там разглядаліся тры праблемы: рэпрыватызацыя нерухомасці, школьніцтва, а таксама метады барацьбы з партызанамі.

Па першай праблеме выступаў В. Іваноўскі, які прапанаваў у інтарэсах адраджэння беларускай гаспадаркі вярнуць уладальнікам іх нерухомую маёмасць, ператвораную савецкімі ўладамі ў дзяржаўную ўласнасць, а Калубовіч акрэсліў сітуацыю ў адукацыйнай сістэме і прасіў дазволу на адкрыццё універсітэта, знясенне перашкодаў у развіцці сярэдняй асветы і паскарэнне выпуску школьных падручнікаў. Гэтыя два пытанні не выклікалі асаблівых пярэчанняў і былі прынятыя да ажыццяўлення.

Па трэцяй праблеме выступаў Аляксандр Русак. Ён прадставіў сабраныя Камітэтам Даверу доказы злачынстваў паліцэйскіх атрадаў падчас супрацьпартызанскіх пацыфікацыйных акцыяў. А. Русак выказаў пратэст ад імя Камітэта супраць гэткіх метадаў і запатрабаваў: а) спыніць паленне вёсак; б) стварыць умовы і рэальныя гарантыі ад рэпрэсіяў для асоб, якія вярнуліся б з лесу дахаты; в) склікаць нямецка-беларускую камісію, якая павінна была б апрацаваць адпаведныя рэкамендацыі па гэтых пытаннях і ажыццяўляць кантроль над іх выкананнем.

Паводле А. Калубовіча, прадстаўленая Русаком пазіцыя Рады Даверу выклікала абурэнне сярод афіцэраў СС і паліцыі, якія прымалі ўдзел у сесіі. «Аднак мы былі здзіўленыя, - пісаў А. Калубовіч, - калі Кубэ... пачаў перад Радай Даверу апраўдвацца, заявіўшы, што ён у гэтым не вінаваты, што гэта робяць незалежныя ад яго СД і вайсковыя групы і што ён сам быццам бы скардзіўся на іх у Берлін. Нашыя страхі ў дачыненні арышту Рады Даверу не спраўдзіліся. Іваноўскаму не прыйшлося чытаць Дэкларацыю Незалежнасці, якая ляжала ў нутраной кішэні ягонага пінжака (яна была падрыхтаваная на выпадак арышту Камітэта. - Ю. Т.). Але доўгі час нас не пакідала думка, што немцы яшчэ могуць з намі расправіцца... Мы не выключалі таксама мажлівасці, што органы СД і СС не даруюць таксама і В. Кубэ» (60).

Асцярогі членаў Камітэта былі небеспадстаўныя. Пасля няўдалых спробаў выпіхнуць Кубэ з Менска, у якіх удзельнічалі самыя высокія функцыянеры СС разам з самім Гімлерам, 22 чэрвеня 1943 г. на яго быў арганізаваны замах у менскім тэатры. Пад сцэну падвялі міну, якая павінна была выбухнуць тады, калі там мусіў знаходзіцца Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэння Саюза Беларускай Моладзі. Але выбухнула яна толькі падчас прадстаўлення, на якім гаўляйтэр ужо не прысутнічаў. У гэты момант загінулі 13 чалавек, а яшчэ некалькі дзесяткаў параніла. У прамове над агульнай магілай ахвяр замаху В. Іваноўскі не паўтараў газетных «сенсацыяў» пра бальшавіцкіх агентаў, а пасля пахавання ў болып цесным коле сказаў: «Дзякуем за вызваленне і за гэтыя вось ахвяры» (61). Затое наступны замах, арганізаваны ў ноч з 21 на 22 верасня, скончыўся ўдала - на гэты раз прадбачанні сяброў Камітэта спраўдзіліся. Для В. Іваноўскага гэта быў удар - надышоў канец эпохі, калі, нягледзячы на цяжкасці ваеннай пары, працаваць ва ўмовах акупацыі ўсё ж мела сэнс. В. Кубэ быў адзіным значным нямецкім палітыкам, які цаніў і падтрымліваў беларускую нацыянальную справу і бачыў яе перспектыўнае вырашэнне ў выглядзе беларускай дзяржавы пад кіраўніцтвам Германіі. 1 хаця сітуацыя на фронце перакрэслівала гэтую перспектыву, аднак Кубэ са сваёй пазіцыяй ішоў насустрач жаданням нацыянальных колаў і даваў ім магчымасць дасягнуць вынікаў, якія ў будучыні абяцалі стаць плённым гістарычным аргументам. Асабліва значны крок быў зроблены ў галіне нацыянальнай свядомасці, якую да нядаўняга часу глушылі польскія і савецкія ўлады.

Такую ацэнку даў В. Іваноўскі ў заяве Камітэта Даверу, выдадзенай пасля смерці В. Кубэ. Варта адзначыць, што Камітэт устрымаўся ў ёй ад выкрыцця «маскоўскіх агентаў» як выканаўцаў замаху. А гучала яна наступным чынам:

«22 верасня загінуў ад рукі баязлівага злачынцы генеральны камісар Беларусі, гаўляйтэр Вільгельм Кубэ. Вестку аб гэтай трагічнай смерці беларусы прынялі з найглыбейшым абурэннем. У асобе нябожчыка беларускі народ траціць свайго найлепшага прыяцеля і змагара за інтарэсы Беларусі. Беларусы верылі, што іх жаданні будуць здзейсненыя генеральным камісарам Кубэ. Жыццё і дзейнасць гэтага дзяржаўнага мужа сталі перашкодай нашым ворагам. Таму яны стараліся яго прыбраць. У сувязі з трагічнай смерцю гэтага чалавека беларускі Камітэт Даверу выражае ад імя свайго народа найглыбейшае спачуванне нямецкаму народу і ўраду Нямецкага Рэйху» (62).

Адразу ж пасля забойства Кубэ, раніцай 22 верасня, сябры Камітэта Даверу Вацлаў Іваноўскі, Юры Сабалеўскі, Аўген Калубовіч і Міхал Ганько рушылі да шэфа палітаддзела генеральнага камісарыята, доктара Маркуса, з просьбай не чыніць рэпрэсіяў над жыхарамі Менска. Як пісаў А. Калубовіч, гэтую просьбу выканалі, і ніхто не быў рэпрэсаваны (63).

У сувязі з пахаваннем В. Кубэ 24 верасня ў Берлін выехала дэлегацыя Камітэта (Іваноўскі, Сабалеўскі, Калубовіч). Назаўтра дэлегацыя склала візіт сталаму намесніку міністра акупаваных абшараў Альфрэду Маеру і прадставіла яму свае прапановы наконт гаспадаркі, школьніцтва, самакіравання і аб'яднання ўсіх тэрыторыяў Беларусі. Маер паставіўся да іх прыхільна, абяцаў разгледзець прапановы Камітэта і пераслаць адказ у Менск. Неўзабаве, пасля кароткага наведвання Вены, дэлегацыя вярнулася ў Менск (64).

У той самы дзень, калі В. Іваноўскі размаўляў з А. Маерам, Чырвоная Армія ўзяла Смаленск, а назаўтра - Хоцімск, першы павятовы горад Беларусі. Такім чынам, з боку Іваноўскага гэта была астатняя спроба стварэння «гістарычных аргументаў». Ні на што болей ён ужо не мог разлічваць і не разлічваў. Пасля смерці Кубэ Іваноўскі твар у твар сутыкнуўся з яго пераемнікам - камандзірам СС і паліцыі фон Готбергам, які глядзеў на беларускае пытанне як на выдумку салонных палітыкаў і апрача бяспекі франтавых тылоў ды іх гаспадарчай эксплуатацыі не цікавіўся ніякімі праблемамі. Зрэшты, мысліў ён цвяроза і з улікам непазбежнай хуткай эвакуацыі Менска пачаў мініраваць найважнейшыя аб'екты.

У гэтых абставінах дзейнасць Камітэта Даверу зусім замерла, і Готберг збіраўся яго распусціць. Готберг не жадаў ставіць на беларускую карту, і асабістыя стасункі з В. Іваноўскім толькі ўмацоўвалі гэтае нежаданне - ён не забыўся пра жнівеньскую сесію і пратэст Камітэта супраць варварскіх пацыфікацыйных метадаў СС. Затое з ранейшымі падазрэннямі наконт таго, што В. Іваноўскі спрыяе польскім элементам, ужо перасталі лічыцца, бо ўвосені 1943 г. сам Готберг пачаў заігрываць з акаўскімі атрадамі ў Беларусі ў надзеі на іх дапамогу ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Таму ён яшчэ так-сяк трываў В. Іваноўскага, бо ў адваротным выпадку мог бы лёгка звольніць яго з пасады старшыні Камітэта Даверу ці начальніка горада Менска дый нават арыштаваць з абы-нагоды.

Смерць Кубэ павярнула яшчэ адзін лёс: цяпер у Менск мог вярнуцца Р. Астроўскі. Пасля канфлікту з Ермачэнкам у кастрычніку 1941 г. ён два гады правёў у Смаленску, дзе панавала вайсковае праўленне. Ён дзейнічаў у мясцовай адміністрацыі і супрацоўнічаў са штабам фельдмаршала Клюге - камандзіра цэнтральнага адрэзку фронту і смаленскай службы бяспекі (СД). У чаканні, пакуль надарыцца магчымасць адыграць вядучую ролю ў Беларусі, ён таксама імкнуўся атрымаць дапамогу ад польскага падполля. У кастрычніку 1942 г. Р. Астроўскі прыбыў у Варшаву, скантактаваўся з Тамкевічам («Кшыштафам») з БІПа і прапанаваў правесці перамовы наконт польска-беларускага супрацоўніцтва. Але прапанова Астроўскага засталася без адказу.

Пасля эвакуацыі Смаленска нейкі нядоўгі час ён правёў у Магілёве і толькі пасля замаху на Кубэ ў канцы верасня або на пачатку кастрычніка 1943 г. вярнуўся, пакуль што - толькі ў Баранавічы, куды эвакуяваўся штаб Клюге. Тым часам у Менску размясцілася смаленскае СД, і Астроўскі захаваў кантакт з вайскоўцамі і паліцэйскімі ўладамі і разлічваў на іх рэкамендацыі і падтрымку перад Готбергам.

Праз пасярэдніцтва смаленскага СД Р. Астроўскаму ўдалося пераканаць Готберга ў мэтазгоднасці захавання беларускага органа прадстаўніцтва, які ва ўмовах вайны мог стаць дзейсным інструментам прапаганды. Але ў ранейшым выглядзе Камітэт Даверу не адпавядаў гэтай ролі; з аднаго боку, перашкаджаў фармальны статус (камітэт дзейнічаў як камісія генеральнага камісарыята - нямецкай установы), а з другога боку, В. Іваноўскі не жадаў выконваць такую ролю. Аднак без згоды Гітлера склікаць орган прадстаўніцтва было немагчыма. Таму дзеля таго, каб абмінуць перашкоду, Готберг пагадзіўся з праектам «актывізацыі» існага Камітэта Даверу, на што не трэба было спецыяльных прававых актаў.

Аднак кадравае пытанне зацягвала ўсю справу. Нельга было разлічваць на прызначэнне Р. Астроўскага старшынёй «актывізаванага» Камітэта, пакуль гэтую пасаду займаў В. Іваноўскі. У гэтай сітуацыі агенты Р. Астроўскага распачалі падрыхтоўку да замаху, магчыма, без чыннага ўдзелу нямецкай паліцыі, але з яе ведама і згоды. Пра гэта сведчыць выступленне Готберга на канферэнцыі ў міністэрстве акупаваных усходніх абшараў 22 лістапада 1943 г., дзе ён паведаміў пра замах і падкрэсліў, што выканаюць яго самі беларусы (65).

Спачатку шляхам ананімных пагрозаў, падкіданых да дома В. Іваноўскага па вуліцы Ратамскай, дзе ён жыў разам з дачкой Ганнай з восені 1942 г., арганізатары замаху спадзяваліся прымусіць яго пакінуць Менск . Перад магчымым замахам перасцерагалі яго і функцыянеры з беларускай паліцыі. Аднак В. Іваноўскі не пакінуў Менск, хаця і не ігнараваў небяспекі - ён стаў знерваваны, падазроны, шукаў у падмурку дома міны. Нарэшце 6 снежня, калі ён у пралётцы вяртаўся з гарадской управы дадому, на яго напалі два тыпы і некалькі разоў стрэлілі з пісталета. Іваноўскага адразу ж перавезлі ў шпіталь, дзе ён памёр назаўтра, 7 снежня 1943 г.

Той факт, што Готберг ужо ў канцы лістапада ведаў пра падрыхтоўку замаху, дапамагае разгадаць пытанне аб яго інспіратарах, пасля чаго дэталі самой аперацыі падаюцца менш важнымі. Але пра яе вынікі сказаць варта. Гэтаксама, як і ў выпадку з В. Кубэ, у Менску без папярэдняга следства была абвешчаная афіцыйная версія, паводле якой забойства В. Іваноўскага выканалі савецкія партызаны. У гэткай атмасферы смерць гэтага аднаго з найболып паважаных дзеячаў беларускага адраджэння выкарысталі дзеля прапаганды антыпартызанскай барацьбы.

Пасля вайны савецкая публіцыстыка прыняла нямецкую версію. Найболыыую ролю ў яе папулярызацыі адыграла аповесць Івана Новікава «Дарогі скрыжаваліся ў Менску». Аднак I. Новікаў пралічыўся - ён не ведаў, што інфармацыя Готберга пра замах трапіла ў пратакол і захавалася.


* * *


Смерць Вацлава Іваноўскага, «бацькі горада», як паўсюль яго называлі, агарнула жыхароў Менска жалобай, а яго пахаванне 11 снежня ператварылася ў сапраўдную масавую дэманстрацыю жалю, пашаны і ўдзячнасці. 3 сямейнікаў з ім развіталіся толькі дачка Ганна і былая жонка Сабіна.

Але і пасля смерці не абышлося без складанасцяў. Адзіны ў Менску каталіцкі святар, літоўскі вайсковы капелан, ксёндз Зянон Ігнатавічус адмовіўся хаваць В. Іваноўскага, як разведзенага. Затое не адмовіўся намеснік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, архіепіскап Філафей, таму Іваноўскага пасля рымска-каталіцкага хрышчэння і евангелічнага (другога) шлюбу пахавалі паводле праваслаўнага абраду з удзелам шматлікага святарства. Аднак спачыў ён на каталіцкіх могілках - менскай Кальварыі.

Перад тым адбылася афіцыйная пахавальная ўрачыстасць у Гарадскім тэатры. Паводле газетных апісанняў, яна стала лагічным вынікам правакацыйнага замаху на жыццё Вацлава Іваноўскага і была выкарыстаная як «пераканаўчы аргумент» у антыбальшавіцкай прапагандзе. Абдарылі яго тым, чаго сам сабе не зычыў.

  1. Zycie i dzialalnosc polityczna prof. Waclawa Iwanowskiego. Dyskusja na posiedzeniu Senackiej Komisji Historii i Tradycji Uczelni PW w dniu 14-02-1984 r. S. 42. Archiwum Pracowni II wojny swiatowej Instytutu Historii PAN, A 772/85.
  2. Касяк I. Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім // Беларуская Думка. 1984. № 29. С. 34.
  3. Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Т. 2. Мн., 1951. С. 645, 682.
  4. аведамленне праф. Яна Карыткоўскага ад 27.09.1978 г.
  5. Савецкі Саюз і славянства // Крыніца. 13.01.1940, № 5.
  6. Паведамленне Юрыя Кеўліча, б. дырэктара Тарфянага трэста, ад 08.11.1978 г.
  7. Вацлаў Іваноўскі. Да 110-годдзя (1880-1943). Мн., 1990. С. 125.
  8. Паведамленне С. Дабрынскай ад 1979 г.
  9. Mackiewicz J. Nie trzeba glosno mowic. Londyn, 1985. S. 125.
  10. Ліст В. Буткевіча да Б. Закрэўскага («Оскара») ад 29.05.1971 г.
  11. Паведамленне Т. Зана ад 1979 г.
  12. Ereignismeldung UdSSR, 09/07/1941, AAN, mf. Aleksandryjskie, r. 233/2721449.
  13. Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Таронта, 1976. С. 45; Найдзюк-Александровіч Я., ліст да аўтара ад 13.11.1978 г.
  14. Малецкі Я. Тамсама. С. 53.
  15. Ereignismeldung UdSSR, 13.07.1941, AAN, mf. Aleks., r. 233/2721486.
  16. Ліст Я. Найдзюка-Александровіча да аўтара ад 13.11.1978 г.
  17. Хрущев Н. С. Воспоминания // Огонек. 1989. Август; Павленко Н. Трагедия Красной Армии // Московские Новости. 07.05.1989.
  18. Раніца. 10.12.1941.
  19. Ліст Я. Найдзюка-Александровіча да аўтара ад 13.11.1978 г.
  20. Галяк Л. Успаміны. ЗША, 1982. С. 163.
  21. Палітычную сітуацыю ў Беларусі ў 1941-1944 гг. я падрабязна прадставіў у кн.: Bialorus pod okupacja niemiecka. Warszawa; Wroclaw, 1989, - да якой адсылаю чытачоў, асабліва зацікаўленых дакументальным пацверджаннем тагачасных падзей.
  22. Kube W. Ein Jahr Zivilverwaltung//Deutsche Zeitungim Ostland. 30.08.1942.
  23. Там сама; Bengtsson H. Das unbekannteste Volk Europas // Preussische Zeitung. 1942. № 237.
  24. Ereignismeldung UdSSR, 12.01.1942, AAN, mf. Aleks., T-175, r. 233/2721486.
  25. Катэхізіс падрыхтаваў да друку кс. д-р Станіслаў Глякоўскі, а надрукавала ў канцы 1941 г. друкарня менскай гарадской управы. Папярэднік на пасадзе бургамістра, д-р Вітаўт Тумаш, паведаміў, што выданне выйшла пасля яго выезду з Менска (ліст В. Тумаша да аўтара ад 28.06.1979 г.), г. зн. пасля ўступлення на пасаду В. Іваноўскага. Кніжка выйшла без нямецкай цэнзуры.
  26. Ліст В. Буткевіча да Б. Закрэўскага ад 29.05.1971 г.
  27. Там сама.
  28. Паведамленне Г. Ліпінскай ад 12.08.1979 г.; гл. таксама яе: Jesli zapomnie o nich... S. 192 і наст.
  29. Zycie i dzialalnosc polityczna prof. Waclawa Iwanowskiego... (паведамленні В. Буткевіча, Г. Ліпінскай і М. Мойжук).
  30. Касяк I. Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім...; Галяк Л. Успаміны. Ч. 2. ЗША, 1983. С.62.
  31. Галяк Л. Успаміны. Ч. 1. ЗША, 1982. С. 159.
  32. Раніца. 13.06.1943.
  33. Seduro V. The Byelomssian Theather and Drama. New York, 1955. P. 168-173.
  34. Там сама.
  35. Раніца. 16.08.1942.
  36. Раніца. 26.07.1942.
  37. Справаздача «Евы» з падарожжа ў Менск. ЦА ЦК ПАРП 203/УІІ-45,1с. 19.
  38. Там сама.
  39. Armia Krajowa w dokumentach. T. II. Londyn, 1973. S. 193, 331.
  40. Матэрыялы Секцыі Усходняй Дэлегатуры, «Спецыяльны рапарт - Беларуская справа». Дакумент без даты. Як вынікае з фактаў, прадстаўленых у тэксце, ён быў складзены ў сакавіку або красавіку 1942 г. ЦА ЦК ПАРП, 20/Ш-201, k. 105-106a.
  41. Там сама.
  42. Тэлеграма ва ўрад. ЦА ПАРП 202/1-2, k. 23.
  43. Polskie Sily Zbrojne w drugiej wojnie swiatowej. T. III. Londyn, 1950. S. 287.
  44. Справаздача «Евы» з падарожжа ў Менск, Ь. 17-23.
  45. Там сама.К.21.
  46. Урадавая пошта: нацыянальныя справы за перыяд 15.07-15.09.1942, ЦА ПАРП 202/1-31k. 94-95.
  47. Тэлеграма Сікорскага ад 05/06.08.1942. ЦА ПАРП 202Л-9,1 k. 4.
  48. Рапарт «Кшыштафа» пра размову з «Гжацкім» ад 21.12.1942, ЦА ПАРП, 203/УП-37, k. 6.
  49. Паведамленні С. Дабрынскай 1979-1980 гг. Паводле іх, размовы адбываліся на канспіратыўнай кватэры БІПа па вул. Ракавецкай.
  50. Тэлеграмы ва ўрад, ЦА ПАРП, 202/1-7, k. 11.
  51. Armia Krajowa w dokumentach. T. II. S. 403, тэлеграма Равэцкага да Сікорскага ад 12.01.1943 г.
  52. Тэлеграма дэлегата ва ўрад ад 18.02.1943 г, ЦА ПАРП, 202/І-34, k. 12.
  53. Mowa prezydenta Rzeczypospolitej //Wschod. 25.01.1943.
  54. Uwagi o naszej polityce miedzynarodowej, UA IIAPII, 202/I-34, k. 57-60.
  55. Там сама.
  56. У гэты час быў арыштаваны В. Буткевіч. Данос абвінавачваў яго ў тым, што ён не беларус, а паляк, і вядзе ў Менску дыверсійную працу. В. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасці, каб вызваліць яго з турмы - прывёз з Ліды дакументы, якія пацвярджалі, што Буткевіч - сапраўдны беларус, і асабіста за яго паручыўся. Іваноўскі ад чуваў сваю маральную адказнасць за Буткевіча, якога прыняў на працу ў гарадскую ўправу.
  57. Новікаў I. Выбраныя творы. Т. 3. Мн., 1988. С. 12.
  58. Ліст д-ра Крафта з Берліна ад 12.12.1942 г, AAN, mf. Aleks., T-454, r. 21/1283.
  59. Беларуская Газета. 03.07.1943.
  60. Апрацоўка А. Калубовіча для аўтара ад 14.03.1979 г., часткова апублікаваная ў «Беларускай Думцы» (1983. № 27-28).
  61. Беларуская Газета. 30.04.1943 (прамова); інфармацыя Антона Адамовіча для аўтара ад 18.04.1985 г. «Вызваленне» ў дадзеным выпадку - гадавіна выбуху нямецка-савецкай вайны.
  62. Deutsche Zeitung im Ostland. 23.09.1943.
  63. Апрацоўка А. Калубовіча для аўтара ад 14.03.1979 г.
  64. Там сама.
  65. Справаздача з канферэнцыі з Готбергам 22-23.11.1943, AAN, mf. Aleks. T-454, r. 23/484.
  66. Zycie i dzialalnosc polityczna prof. Waclawa Iwanowskiego... (Паведамленне Ганны Іваноўскай-Карнэцкай).

БІЯГРАФІЧНЫЯ НАТАТКІ

АСТРОЎСКІ Радаслаў, нар. 25.10.1897 г. у фальварку Заполле Слуцкага пав., скончыў гімназію ў Слуцку (1903), вучыўся ў Пецярбургскім і Дэрпцкім універсітэтах (1908-1913). Палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917-1918), у 1920 г. - у арміі ген. Дзянікіна, пазней - дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924-1936), паводле службовага распараджэння пераведзены ў Лодзь (восень 1936 г.). У лютым 1924 г. стаў адным з закладчыкаў праўрадавага Польска-Беларускага Таварыства, а пасля яго распаду - супрацоўнік КП(б)Б і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі; член кіраўніцтва Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і дырэктар Беларускага Кааператыўнага Банку ў Вільні, цераз які праходзілі з СССР грошы, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ (1925-1926); член КПЗБ (1926). У студзені 1927 г. арыштаваны і абвінавачаны па працэсе Грамады, у астрозе мяняе свае палітычныя погляды і робіцца арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928-1936). Пасля вайны - палітычны дзеяч на эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г. у Злучаных Штатах.

БАГУШЭЎСКІ Сцяпан, нар. 07.01.1877 г. у Ізабеліне Менскай губ. Пасля заканчэння вучобы ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце (1905 г.) далучыўся да палітычнага жыцця і грамадскай працы. У 1905-1906 гг. - дзеяч Беларускага сялянскага саюза ў Менску, а ў міжваенны перыяд - Цэнтральнага Саюза земляробчых гурткоў у Варшаве, выкладчык Вольнага польскага універсітэта, быў членам Міжнароднай земляробчай камісіі, створанай пры Лізе Нацыяў. У 1928 і 1930 гг. выбіраўся ў сенатары Рэчы Паспалітай ад ББСУ (Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам). У 1931 г. завязаў супрацоўніцтва з ПКП, у 1932 г. абвясціў аб сваім выхадзе з ББСУ. Адзін з арганізатараў і старшыня Польскага антыфашысцкага і антываеннага камітэта. Памёр 18.04.1938 г. у Варшаве.

БУТКЕВІЧ Вітаўт, сын Адольфа і Марыі з Кастравіцкіх, нар. 21.03.1902 г. у Навасадах Менскага пав. У 1920 г. сям'я пераехала ў Сувалшчыну Лідскага пав. У міжваенны перыяд працаваў мытнікам на ўсходняй мяжы і ў Гдыні, адкуль у кастрычніку 1939 г. яго выселілі немцы. Жыў у Варшаве, быў членам Беларускага Камітэта, увесну 1941 г. уступіў у СУБ-АК. 3 лістапада 1941 г. да чэрвеня 1944 г. знаходзіўся ў Менску, пазней вярнуўся ў Варшаву. Пасля Варшаўскага паўстання трапіў у канцлагер у Германіі, адкуль у 1945 г. вярнуўся ў Польшчу. У сакавіку 1953 г. арыштаваны ў Эльблонгу і перададзены савецкім уладам у Менску. Дзякуючы хадайніцтву дачкі Барбары перад Баляславам Берутам, супрацоўнікам Буткевіча ў Менскай гарадской управе, неўзабаве выйшаў на волю і ў студзені 1954 г. вярнуўся ў Полыпчу. Да 1970 г. працаваў у Торуньскім гарадскім праўленні. Памёр 11.10.1975 г. у Надажыне пад Варшавай.

ВАЛЕЙКА Вінцэнт, нар. 23.01.1883 г. у фальварку Галавічполь Лідскага пав. Скончыў III рэальную гімназію ў Пецярбургу (1903), Горны інстытут (1911). 3 1910 г. працаваў інжынерам у Данбасе, на Украіне, а з 1921 г. - у Дамброве-Гурнічай у Польшчы, спачатку ў шахтах, а пазней - у Дзяржаўнай горна-металургічнай школе. У траўні 1940 г. арыштаваны гестапа. 18.10.1940 г. памёр у канцлагеры Заксенгаўзен.

ВАСІЛЕЎСКІ Лявон, нар. 24.08.1870 г. у Пецярбургу, палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык. 3 1896 г. - член ППС, рэдактар часопіса «Przedswit» (1897-1905), пасля расколу 1906 г. - лідэр ППС-Рэвалюцыйнай Фракцыі, у 1907 і 1914 гг. - член яе Цэнтральнага рабочага камітэта, рэдактар партыйнай прэсы. У час Першай сусветнай вайны - дзеяч польскіх незалежніцкіх арганізацыяў, у 1918-1919 гг. - міністр замежных справаў, з 1928 г. - член Галоўнай Рады ППС і з 1931 г. - яе віцэ-старшыня, з 1924 г. - прэзідэнт Інстытута вывучэння найноўшай гісторыі Польшчы і рэдактар (з 1929 г.) часопіса Niepodleglosc», з 1931 г. - прэзідэнт Інстытута вывучэння нацыянальных справаў. Аўтар шматлікіх прац, у т. л. «Літва і Беларусь» (1912 і 1925). Памёр 10.12.1936 г. у Варшаве.

ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКІ Лявон, нар. 07.07.1869 г. у маёнтку Дубейкава Магілёўскай губ. Вывучаў архітэктуру ў Пецярбургу і Парыжы, інжынер-архітэктар, палітычны дзеяч. У сакавіку 1917 г. - член Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў Менску (снежань 1917), прадстаўнік БНР у Варшаве (1919-1921). 3 1922 г. жыў у Вільні, быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя св. Міколы, дзеячом Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, членам рэдкалегіі газеты «Беларускі фронт». Памёр у Вільні 06.11.1940 г.

ГРЫНЕВІЧ Антон, нар. 03.05.1877 г. у фальварку Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ., збіральнік і папулярызатар беларускіх народных песень, выдавец, педагог, кампазітар. У 1896-1914 гг. жыў у Пецярбургу, супрацоўнічаў з выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца», у 1910 г. заснаваў уласнае выдавецтва. У 1920- 1925 гг. працаваў у Вільні, між іншага, настаўнікам музыкі ў беларускай гімназіі. 3 1925 г. жыў у Менску і Віцебску. Памёр 08.12.1937 г.

ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў, нар. 02.02.1902 г. у Новым Двары Сакольскага пав. Атрымаў лекарскую адукацыю ў Познанскім універсітэце (1930), працаваў у гарадской клініцы, а з 1934 г. - у псіхіятрычным шпіталі ў Харошчы пад Беластокам. Каля 1938 г. асеў у Вільні. Дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, аўтар шматлікіх артыкулаў і папулярных брашур па медыцыне на польскай і беларускай мовах. У час нямецкай акупацыі - дзеяч канспіратыўнага падпольнага Народнага Аб'яднання, куратар супрацоўніцтва з польскім падполлем. У 1944 г. арыштаваны савецкімі ўладамі, памёр у менскім астрозе ў 1945 або 1946 г.

ДАБРЫНСКАЯ Соф'я (дзяв. Корсак), нар. 14.04.1904 г. у Рызе. Скончыла ў Вільні гімназію імя А. Міцкевіча (1927) і настаўніцкую семінарыю, працавала школьнай настаўніцай на Віленшчыне, а пазней у Варшаве. Падчас акупацыі дзейнічала ў Бюро Інфармацыі і прапаганды ГК АК, працавала ў беларускай школе ў Варшаве (1942-1943), аўтарка падручнікаў для беларускіх школ. Пасля вайны некалькі год пражыла ў Алыптыне, у 1950 г. вярнулася ў Варшаву, працавала ў галіне адукацыі. 3 1961 г. - член Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

ЕРМАЧЭНКА Іван, нар. 01.05.1894 г. у Капачоўцы Барысаўскага пав., скончыў гімназію ў Маскве, а падчас Першай сусветнай - афіцэрскую школу, служыў у расейскай арміі, пад канец вайны быў ад'ютантам ген. Урангеля, меў званне падпалкоўніка. У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстанцінопаль, дзе з даручэння ўрада БНР выконваў абавязкі генеральнага консула на Балканах. У 1922 г. пераехаў у Прагу. Тут атрымаў медыцынскую адукацыю (1929), займаўся лекарскай практыкай і палітычнай дзейнасцю сярод беларускай эміграцыі. 3 1938 г. - куратар беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасля Другой сусветнай вайны - на эміграцыі. Памёр 25.02.1970 г. у Злучаных Штатах.

ЖАЛІГОЎСКІ Люцыян, нар. 17.10.1865 г. у Ашмянах, генерал. 3 1885 г. - кадравы афіцэр расейскай арміі, падчас Першай сусветнай вайны - камандзір палка, затым служыў у Польскім корпусе ў Расеі. У 1918-1919 гг. - камандзір сфарміраванай на Кубані г. зв. Дывізіі Жалігоўскага і галоўнакамандуючы польскіх атрадаў на Усходзе. У красавіку 1919 г. разам з дывізіяй вярнуўся ў Польшчу. У 1919 г. - камандзір аператыўнай групы ў раёне Менска. Затым - камандзір 10-й дывізіі і 1-й беларуска-літоўскай дывізіі, якую падняў на славуты бунт, 09.10.1920 г. заняў Вільню і склікаў Часовую ўрадавую камісію Сярэдняй Літвы. У 1925-1926 гг. - міністр вайсковых справаў, у 1927-1930 гт. - дэпутат сейма, падчас Другой сусветнай вайны - на эміграцыі, член Лонданскай Нацыянальнай Рады. Памёр 09.07.1947 г. у Лондане.

ЖЫЛУНОВІЧ Зміцер, нар. 23.10.1887 г. у Капылі Менскай губ., рабочы. Грамадскі дзеяч, пісьменнік. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі - у партыі бальшавікоў, прэм'ер-міністр абвешчанага 01.01.1919 г. урада БССР. Пасля кароткага арышту ў лютым 1919 г. накіраваны на палітпрацу ў Чырвоную Армію. У 1920 г. вяртаецца ў Менск, кіруе Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам, рэдагуе газету «Савецкая Беларусь» і часопіс «Полымя», выконвае разнастайныя абавязкі ва ўрадзе рэспублікі. У 1931 г. выключаны з камуністычнай партыі, у 1936 г. арыштаваны, закатаваны ў засценках НКУС. Памёр 11.04.1937 г. у шпіталі для псіхічна хворых у Магілёве.

ЗАН Тамаш, нар. у 1902 г. у Дукштах Віленскай губ. Падчас Першай сусветнай вайны эвакуяваўся ў Расею, служыў у польскіх вайсковых фармаваннях, удзельнічаў у вераснёўскай кампаніі, у 1940 г. - рэзідэнт польскай разведкі ў Коўне, арыштаваны літоўскімі ўладамі, уцёк у Варшаву, прызначаны шэфам разведкі СУБ-АК на паўночна-ўсходнім абшары (Беларусь і Прыбалтыка). 3 лютага 1942 г. у Кедыве, пазней - начальнік штаба Палескай дывізіі АК. Пасля ўмяшальніцтва савецкіх уладаў (1944-1946) вярнуўся ў Польшчу. У 1951-1954 гг. быў зняволены. Памёр 11.05.1989 г. у Варшаве.

ІВАНОЎСКІ Тадэвуш, нар. 16.12.1882 г. у Лябёдцы. Скончыў Х гімназію ў Пецярбургу (1903), вывучаў прыродазнаўства ў Пецярбургскім універсітэце (1903-1905) і Парыжскай Сарбоне (1905-1909). У 1910-1918 гг. жыў у Пецярбургу, займаўся навукай, працаваў у Міністэрстве земляробства. 3 1919 г. пераехаў у Коўна, працаваў у дэпартаменце земляробства, быў адным з арганізатараў Ковенскага універсітэта і прафесарам аддзялення матэматычна-прыродазнаўчых навук. У 1940-1941 гг. - кіраўнік кафедры заалогіі Віленскага універсітэта, член АН Літоўскай ССР. Пасля вайны - прафесар Ковенскага і Віленскага універсітэтаў, арганізатар і дырэктар Інстытута біялогіі Акадэміі навук. Быў выдатным арнітолагам, аўтарам шматлікіх навуковых прац. Памёр 01.04.1970 г.

ІВАНОЎСКІ Юры, нар. 29.01.1876 г. у Красным Варонежскай губ. Скончыў гімназію ў Варшаве (1895) і Тэхналагічны інстытут у Пецярбургу (1901). Падчас вучобы - дзеяч Польскага Кола Народнай Асветы і ППС. У маі 1901 г. удзельнічаў у падрыхтоўцы ўцёкаў Ю. Пілсудскага з псіхіятрычнага шпіталя ў Пецярбургу. У 1901-1903 гг. - функцыянер ППС у Чэнстахове, Заглэмбі-Дамброўскім і Варшаве. У студзені 1903 г. арыштаваны, сядзеў у Варшаўскай цытадэлі, адкуль вызвалены пад заклад, а ў студзені 1904 г. сасланы на 4 гады ў Наўгародскую губ. Падчас амністыі 1905 г. выйшаў на волю, працаваў у ППС у Вільні, зноў быў арыштаваны. Пасля вызвалення ў 1907 г. працаваў у Маскве і Пецярбургу. Член праўлення выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1909 г. выехаў у Кітай, у 1918 г. вярнуўся на радзіму. У 1918-1919 гг. - міністр прамысловасці і гандлю ва ўрадзе Ю. Марачэўскага і міністр працы і грамадскага забеспячэння ва ўрадзе I. Падэрэўскага. 3 кастрычніка 1920 г. да студзеня 1921 г. - дырэктар дэпартамента замежных справаў у Часовай Урадавай Камісіі Сярэдняй Літвы. У 1920-1930 гг. дзейнічаў у Таварыстве польскіх механікаў. У 1930-1935 гг. - сенатар Рэчы Паспалітай ад ББСУ. Падчас Другой сусветнай вайны служыў падпалкоўнікам Заходняга Войска Польскага. Пасля вайны - дзеяч эміграцыі ў Вялікабрытаніі, старшыня Лігі Незалежнасці Польшчы (1950-1955). Памёр 28.03.1965 г. у Пэнлеі.

ІГНАТОЎСКІ Усевалад, нар. 19.04.1881 г. у в. Такары Берасцейскага пав., гісторык і палітычны дзеяч. Скончыў універсітэт у Юр'еве (Тарту) (1911). У 1914-1920 гг. - выкладчык Педагагічнага інстытута ў Менску. 3 1926 г. - старшыня Інстытута Беларускай Культуры, са студзеня 1929 г. - прэзідэнт Беларускай акадэміі навук. 3 1920 г. - член КП(б)Б, займаў высокія партыйныя і дзяржаўныя пасады. Аўтар шматлікіх прац па гісторыі Беларусі. У кастрычніку 1930 г. абвінавачаны ў нацыянал-апартунізме, а ў студзені 1931 г. выключаны з партыі і звольнены з пасады прэзідэнта БАН. 04.02.1931 г. скончыў жыццё самагубствам.

КАСТРАВІЦКІ Амброжы Самуіл, нар. у 1871 г. у Цывінску, што ў Сібіры, падчас вяртання сям'і з высылкі. Скончыў гімназію ў Пецярбургу і медыцынскае аддзяленне Маскоўскага універсітэта (1897). У 1901-1920 гг. працаваў лекарам у Лідзе, Свянцянах і Менску, удзельнічаў у беларускім руху, між іншым, у менскім аддзяленні Камітэта дапамогі ахвярам вайны (1916-1917). У сакавіку 1917 г. быў старшынёй з'езда, дзе быў створаны Беларускі Нацыянальны камітэт у Менску. 3 лета 1920 г. жыў у Варшаве, у 1925 г. атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе пад Лідай. Памёр у 1937 г. у Белагрудзе.

КАСТРАВІЦКІ Казімір, пс. Карусь Каганец, нар. 29.01.1868 г. у Табольску, у Сібіры. У 1872 г. вярнуўся ў Беларусь, вучыўся ў гарадской школе ў Менску і мастацкай школе ў Маскве. Дзеяч Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903-1907), двойчы быў зняволены ў менскім астрозе. Беларускі пісьменнік, паэт, драматург. Памёр 20.05.1918 г. у Навасёлках на Меншчыне.

КАСТРАВІЦКІ Самуіл Андрэй, сын Амброжыя і Марыі з Багушэўскіх, нар. 04.12.1902 г. у Лідзе. У 1915-1918 гг. вучыўся ў менскай гімназіі. Пазней служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у снежні 1921 г. звольнены ў запас. У 1923 г. вывучаў права ва універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 30-х гг. працаваў у Варшаўскай зямельнай Палаце. Перад самай вайной пасяліўся ў Вільні. Пасля вераснёўскай кампаніі нядоўгі час хаваўся ў Вільні, пад канец 1939 г. прыбыў у Варшаву, супрацоўнічаў з беларускім падполлем і СУБ-АК. У ліпені 1944 г. атрымаў званне маёра запасу. Пасля Варшаўскага паўстання апынуўся ў лагеры палонных Лямсдорф, затым Волдэнберг. Са жніўня 1945 г. служыў у ахоўных ротах у Германіі. Дэмабілізаваны ў 1948 г., эміграваў у Аргенціну. Памёр 12.08.1953 г. у Буэнас-Айрэсе.

КАСЯК Іван, нар. каля 1908 г. у Віленскай губ. Скончыў беларускую гімназію ў Вільні, дзе падчас навучання далучыўся да камуністычнага руху. Быў студэнтам Віленскага універсітэта, дзеячом Беларускага студэнцкага саюза і Таварыства беларускай школы. У 1932 г. за камуністычную дзейнасць асуджаны на два гады турмы і выключаны з універсітэта. Пасля вызвалення з астрога ў 30-х гг. паступіў у Політэхнічны інстытут у Львове, з 1939 г. - камсамольскі актывіст сярод студэнцтва. 3 пачаткам нямецкай акупацыі змяніў свае палітычныя погляды, працаваў у генеральным камісарыяце ў Менску (1941-1943), у сакавіку-чэрвені 1944 г. выконваў абавязкі паўнамоцнага прадстаўніка Беларускай Цэнтральнай Рады ў Глыбоцкай акрузе. Пасля вайны - на эміграцыі ў Злучаных Штатах. Памёру 1990г.

КУБЭ Вільгельм, нар. 13.11.1887г.у Глогаве-на-Одэры, палітычны дзеяч, паэт і драматург. У 1908-1912 гг. вывучаў гісторыю і дзяржаўнае права ў Берлінскім універсітэце. У 1911-1923 гг. быў дзеячом Нямецкай сацыяльнай партыі, Кансерватыўнай партыі, Нацыянальнай народнай партыі, рэдактарам іх прэс-органаў. У 1923 г. стварае Нацыянал-сацыялістычную партыю волі, у 1924 г. атрымлівае мандат дэпутата Рэйхстага. У снежні 1927 г. уступае ў легалізаваную Нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю Германіі (NSDAP) і становіцца гаўляйтэрам усходняй маркі. У 1933-1936 гг. быў віцэ-прэзідэнтам Берлінуа і Брандэнбурга, дэпутатам Рэйхстага, членам Акадэміі нямецкага права, экспертам па пытаннях ранняй гісторыі. У 1936 г. выступіў супраць пераследу яўрэяў, за што быў пазбаўлены ранейшых дзяржаўных і партыйных пасадаў. У ліпені 1941 г. прызначаны Гітлерам на пасаду генеральнага камісара Беларусі. У вострай барацьбе з СС здолеў ажыццявіць палітыку нацыянальнага адраджэння Беларусі. 22.09.1943 г. загінуў у выніку замаху, арганізаванага, з вялікай верагоднасцю, кіраўніцтвам СС.

ЛАСТОЎСКІ Вацлаў, нар. 20.10.1883 г. у фальварку Калеснікі Дзісненскага пав. Віцебскае губ., гісторык, палітычны дзеяч. Супрацоўнік «Нашай Нівы», рэдактар газеты «Гоман» у Вільні (1916-1917) і часопіса «Крывіч» у Коўне (1923-1927). У 1906-1917 гг. дзеяч Беларускай Сацыялістычнай Грамады, з 1919 г. лідэр Партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Са снежня 1919 г. - старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У 1927 г. вярнуўся ў Менск, стаў сталым сакратаром Беларускай акадэміі навук. Арыштаваны на хвалі антыбеларускіх рэпрэсіяў, загінуў у 1938 г.

ЛУЦКЕВІЧ Антон, нар. 30.01.1884 г. у Шаўлах Ковенскай губ., выдатны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, публіцыст, літаратурны крытык. Скончыў універсітэты ў Пецярбургу і Дэрпце. Адзін з заснавальнікаў і творцаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (1903-1907), супрацоўнік «Нашай Долі» і «Нашай Нівы» (1906-1915). У лістападзе 1918 г. - прэм'ер-міністр урада Беларускай Народнай Рэспублікі, са снежня 1919 г. - старшыня Вярхоўнай Рады БНР. У міжваенны перыяд жыў у Вільні, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, кіраваў музеем імя Івана Луцкевіча, быў настаўнікам беларускай гімназіі, у 1925-1926 гг. супрацоўнічаў з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой, пазней - з праўрадавым «Цэнтрасаюзам». У кастрычніку 1939 г. арыштаваны савецкімі ўладамі. Паводле афіцыйнай версіі, памёр у высылцы ў 1946 г.

ЛУЦЭВІЧ Іван, пс. Янка Купала ды інш., нар. 25.06.1882 г. у фальварку Вязынка Менскай губ., выдатны беларускі паэт, драматург і публіцыст, прарок нацыянальнага адраджэння. У 1908-1909 гг. - супрацоўнік віленскай «Нашай Нівы», у 1909-1913 гг. - выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, дзе выйшлі найлепшыя яго творы. У 1913 г. вяртаецца ў Вільню, становіцца рэдактарам «Нашай Нівы» і сакратаром Віленскага беларускага выдавецтва. Увосень 1915 г. эвакуяваны ў Арол, мабілізаваны ў войска. 3 1919 г. у Менску. Памёр 28.06.1942 г. у Маскве пры нявысветленых абставінах.

НАЙДЗЮК-АЛЕКСАНДРОВІЧ Язэп, нар. 12.05.1909 г. у в. Байдакі Ваўкавыскага пав. Кіраўнік беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні (1926-1939), рэдактар віленскага часопіса «Шлях Моладзі» (1930-1939). Улетку 1939 г. арыштаваны, сасланы ў канцлагер Бяроза-Картузская, у верасні вярнуўся ў Вільню. 3 восені 1941 г. да чэрвеня 1944 г. працуе ў Менску, у выдавецтве школьных падручнікаў. У чэрвені 1945 г. пасяліўся ў Інавроцлаве пад новым прозвішчам Александровіч. Да 1978 г. працаваў у інавроцлаўскай друкарні, быў членам гарадской нацыянальнай рады, адным з закладчыкаў Таварыства аматараў горада Інавроцлава і членам мясцовага аддзялення Польскага гістарычнага таварыства. Аўтар падручніка па гісторыі «Беларусь учора і сяньня» (1944), шматлікіх артыкулаў і кніг, прысвечаных як беларускай тэматыцы, так і гісторыі гарадоў Інавроцлаў і Куявы. Памёр 14.02.1984 г.

ПАШКЕВІЧ Алаіза, пс. Цётка ды інш., нар. 03.07.1876 г. у фальварку Пешчын пад Лідай. Вучылася ў Вільні і Пецярбургу, дзе ў чэрвені 1904 г. скончыла жаночую гімназію. У 1904-1905 гг. - дзяячка Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У 1905-1911 гг. вучылася ў Львоўскім і Кракаўскім універсітэтах, у 1911 г. вяртаецца на радзіму, выходзіць замуж за палітычнага дзеяча Стэпонаса Кайрыса. Паэтка, публіцыстка, рэдактарка маладзёвага часопіса «Лучынка» ў Менску. Памерла 05.11.1916 г., пахаваная ў Старым Двары, што пад Лідай.

СІВІЦКАЯ (па мужу - ВОЙЦІК) Людвіка, нар. 30.09.1892 г. ва Украіне. Скончыла жаночую гімназію ў Горадні (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). Удзельніца Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (1909-1913), Менскага аддзялення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (1915-1917), сакратар Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску (1917). 3 1923 г. жыла ў Вільні, удзельнічала ў беларускім руху, рэдагавала дзіцячыя часопісы «Заранка» і «Пралескі». Аўтарка вершаў і апавяданняў пад пс. «Зоська Верас». Памерла 08.10.1991 г. у Вільні.

СКІРМУНТ Раман, нар. у 1868 г. у маёнтку Парэчча Пінскага пав., буйны землеўладальнік, палітычны дзеяч. 3 1906 г. - член першай Дзяржаўнай думы, з кастрычніка 1910 г. - член Дзяржаўнай рады Расеі, з сакавіка 1917 г. - старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску, увесну 1918 г. стаў членам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, а з ліпеня 1918 г. - прэм'ерам урада БНР. Пасля Першай сусветнай вайны адышоў ад палітычнага жыцця, жыў у сваім маёнтку. Загінуў, верагодна, у верасні 1939 г.

СТАНКЕВІЧ Янка, нар. 26.11.1891 г. у в. Арляняты Ашмянскага пав., скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), Пражскі універсітэт у Чэхаславакіі, доктар філасофіі (1926), выкладчык беларускай мовы ў Варшаўскім (1928-1932) і Віленскім (1927-1940) універсітэтах, пасол сейма (1928-1930), публіцыст, палітычны дзеяч, аўтар шматлікіх мовазнаўчых і гістарычных прац, пасля вайны - на эміграцыі, памёр 16.11.1976 г. у Злучаных Штатах.

ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў, нар. 20.01.1892 г. у Мацюлішках на Віленшчыне. Скончыў гімназію ў Вільні (1911) і універсітэт у Петраградзе (1916). Навуковы супрацоўнік Петраградскага універсітэта (1916-1918), выкладчык Менскага педагагічнага інстытута (1918-1920), кіраўнік аддзела беларускіх школ у Часовай Урадавай Камісіі Сярэдняй Літвы ў Вільні (1920-1922), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1921-1922). Пасол сейма (1922-15.01.1927), з 1925 г. - член КПЗБ, заснавальнік і кіраўнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У траўні 1928 г. асуджаны на 12 год турмы, у 1930 г. памілаваны. У лютым 1931 г. зноў арыштаваны за камуністычную дзейнасць, у верасні 1933 г. выехаў у СССР у выніку абмену палітвязнямі. Працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. Расстраляны 29.11.1938 г. Аўтар беларускай граматыкі, перакладу «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, «Іліяды» Гамера ды інш.

ТУМАШ Вітаўт, нар. у 1910 г., лекар, гісторык, публіцыст. Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя (1937), дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюза ў Вільні. У 1940-1941 гг. у Лодзі быў старшынёй мясцовага аддзялення Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, член створанага 19.06.1941 г. у Берліне Беларускага нацыянальнага цэнтра, з ліпеня да сярэдзіны лістапада 1941 г. - бургамістр г. Менска, у 1943 г. -рэдактар берлінскага тыднёвіка «Раніца». Пасля вайны на эміграцыі ў Нямеччыне і Злучаных Штатах, шматгадовы член праўлення Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Норку. Аўтар шматлікіх гістарычных даследаванняў, пераважна ў галіне скарыназнаўства.

ФАЛЬСКІ Мар'ян, нар. 07.12.1881 г. у Начы каля Наваградка. Скончыў Політэхнічны інстытут у Варшаве, у 1903-1906 гг. - дзеяч ППС, у 1907 г. адседзеў у Варшаўскай цытадэлі. У 1910 г. выдаў лемантар «Навука чытання і пісання», які пазней шмат разоў удасканальваўся. У 1919-1939 гт. працаваў у Міністэрстве асветы. 3 1953 г. - у Польскай акадэміі навук, з 1954 г. - прафесар, а з 1958 г. - кіраўнік Лабараторыі структуры і арганізацыі асветы ПАН. Аўтар шматлікіх прац у галіне школьніцтва. Памёр у 1964 г. у Варшаве.

ЦЯРЭШЧАНКА Кузьма, нар. на Смаленшчыне, дзеяч партыі эсэраў, арганізатар і ўдзельнік першага Усебеларускага З'езда ў Менску (снежань 1917 г.), старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў Менску (1919/20), закладчык дыпламатычных службаў БНР у краінах Прыбалтыкі. Пасля Рыжскай дамовы выехаў у БССР. Памёр увесну 1923 г. у Менску.

ЭПІМАХ-ШЫПІЛА Браніслаў, нар. 04.11.1859 г. у фальварку Будзькаўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. Скончыў гімназію ў Рызе (1880) і універсітэт у Пецярбургу (1885). У 1891-1925 гг. - супрацоўнік універсітэцкай бібліятэкі ў Пецярбургу, выкладчык Пецярбургскай рымска-каталіцкай акадэміі ды іншых навучальных установаў. 3 1925 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута Беларускай Культуры ў Менску, адкуль быў высланы ў 1930 г. у атмасферы антыбеларускіх рэпрэсіяў савецкіх уладаў і вярнуўся ў Ленінград. Тут ён памёр 06.06.1934 г.


Мінск «Медмсонт» 2006

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) Т88 Серыя заснавана ў 2006 годзе

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) ІSВN 985-6530-40-7 (бел.)


Фотаздымкі


(73KB) Дом Іваноўскіху Лябёдцы. Леанард Іваноўскі, бацька Вацлава.(50KB) Ядвіга Іваноуская. маці Вацлава. Браты Іваноўскія (злева): літовец Тадзік, паляк Юрка, беларус Вацік.(70KB) Злева: Тадзік. Вацік і Лена Іваноўскія з бабуляй у Лябёдцы. Галена Карафа-Корбут, выхавацелька маладых Іваноўскіх.(39KB) Вацлаў Іваноўскі-студэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, І904 г. Вінцэнт Валейка - адзін з выдаўцоў «Свабоды». 1902 г..(61KB) Кацярына Ячыноўская. Дзякуючы яе грашовай дапамозе ў 1903-04 гг. друкаваліся беларускія кніжкі ў Кракаве. Мар'ян Фсільскі (трэці 'злева) сярод студэнтаў політэхнічнага інстытута ў Варшаве, 1903 г..(71KB) Сцяпан Багушеўскі - арганізатар друку беларускіх кніг у Кракаве, здымак 1935 г. Вацлаў Іваноўскі - старшыня выдавецкае суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» з жонкай Сабінай, 1912 г..(77KB) Вацлаў Іваноўскі (другі рад, трэці справа) сярод выкладчыкаў і студэнтау Першых беларускіх педагагічных курсаў у Менску, еясна 1919 г. Браніслаў Эпімах-Шыпіла, педагог і выдавец.(79KB) Вацлаў Іваноўскі - міністр асветы ва ўрадзе БНР, 1918 г. Ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Стаяць (першы слева) Вацлаў Іваноўскі і (першы справа) Юры Іваноўскі, сядзяць (у центры} генерал Люцыян Жалігоўскі і Вітаўт Абрамовіч, восень 1920 г..(69KB) Вацлау Іваноўскі са студэнтамі Варшаўскай політэхнікі на экскурсіі ў Крушвіцы, 1925 г. Гімназічныя калегі Вацлаў Іваноўскі (злева) і Аўгуст Іванскі ў Варшаве, 30-я гг..(62KB) На экскурсіі ў Егіпет у 30-хх гг. Вацлаў Іваноўскі (у цэнтры) з мясцовьші праваднікамі. Янка Станкевіч - палітычны супрацоунік Вацлава Іваноўскага, старшыня Партыі беларускіх нацыяналістаў.(62KB) Тамаш Зан - арганізатар польскай разведкі ў Беларусі. 1941 г..(93KB) Фрагмент рапарта нямецкай паліцыі бяспекі (СД) ад 12.01.1942 г. - вынік даносаў беларускіх апазіцыянераў на Вацлава Іваноускага.(76KB) Вільгельм Кубэ - генеральны камісар Беларусі ў 1941-1943 гг. Вацлаў Іваноўскі - старшыня горада Менска. 1943 г. Партрэт работы Пётры Сергіевіча. Галоўная Рада Беларускай Народчай Самапомачы, ліпень 1942 г. Сядзяць (элева): Іван Касяк, Павел Свірыд, архіепіскап Філафей, Іван Ермачэнка (старшыня), ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Вацлаў Іваноўскі.(67KB) Пятро Булгак пасля вяртання з ГУЛАГа. На фоне каралеўскага палаца ў Вене. Злева: Юры Сабалеўскі, Аўген Калубовіч, Вацлаў Іваноўскі і М. Каваленка, 01.10.1943 г..(78KB) Артысты Менскага гарадскога тэатра перад выступленнем у Слоніме, лета 1943 г. Магіла на Кальварыйскіх могілках.(74KB) image195.jpg
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX