Вярнуцца: Туронак Юры

Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944)


Аўтар: Туронак Юры,
Дадана: 26-07-2012,
Крыніца: Мiнск, 2002.



Змест

Уступ ... 5

1. Аўтары і выдаўцы ... 13

1.1. Перыяд нямецка-савецкага супрацоўніцтва ...13

1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на СССР ... 25

Генеральная акруга Беларусь ... 25

Генеральная акруга Літва ... 53

Генеральная акруга Латвія ... 54

Беластоцкая акруга ... 58

Генерал-губернатарства ... 60

Нямеччына ... 62

Нямецкія беларускамоўныя выданні ... 68

2. Алфавітны каталог кніг і брашур ... 71

3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў ... 97

4. Кніга і палітыка ... 108

5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання ... 117

Індэкс асобаў ... 136

Спіс скарачэнняў ... 141


Уступ

Аднойчы ў 60-х гадах адзін вядомы дзеяч Беларускага грамадска-культурнага таварыства на Беласточчыне і паважаны педагог у Бельску Падляшскім пазычыў у свайго сябра Міколы Калодкі выдадзеную ў 1942 г. у Берліне кнігу Гісторыя Беларусі ў картах, пасля чаго занёс яе ў павятовы камітэт Польскай аб'яднанай рабочай партыі (ПАРП) з даносам на Калодку за захоўванне і распаўсюджванне фашысцкай літаратуры. І хаця ў камітэце не змаглі разабрацца са зместам кнігі і ацаніць яе, але на ўсялякі выпадак Калодку выключылі з партыі. У той самы час згаданая кніга захоўвалася ў адкрытым фондзе універсітэцкай бібліятэкі ў Варшаве і была даступная для ўсіх зацікаўленых.

Магчыма, гэты эпізод выкліча іранічную ўсмешку ў грамадзян Беларусі, якія перажылі пасляваенныя наступствы нямецкай акупацыі. «Толькі выключылі з партыі… - сказаў мой менскі калега, - дык гэта ж яшчэ не так страшна, у параўнанні з тым, што ў нас пагражала за такую літаратуру». Многія нават адукаваныя людзі знішчалі, палілі кнігі і часопісы, выдадзеныя ў гады нямецкае акупацыі, а ў архівах і бібліятэках БССР яны захоўваліся ў закрытых фондах і былі даступныя бадай толькі для следчых органаў і выкрывальнікаў «ворагаў народа».

На гэта ўплываў перш за ўсё час выпуску кнігі, а не ейны змест. Таму «пад замок» траплялі кнігі савецкага ці заходнебеларускага выпуску, як Сымон Музыка Якуба Коласа, Беларускі правапіс і Беларуская граматыка Браніслава Тарашкевіча і нават выдадзеная за царом-бацюшкам брашура Арцёма Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса, якія былі перавыдадзеныя падчас вайны. Кнігі, што выйшлі пад нямецкім кантролем, былі асуджаныя на небыццё. Пра гэта сведчылі манаграфіі Аляксандры Бергман і Арсеня Ліса пра Б. Тарашкевіча, у якіх замоўчвалася шостае выданне яго Беларускай граматыкі (1943 г.).

У такіх умовах доўгі час не магло быць гутаркі пра вывучэнне непадкантрольнай савецкім уладам выдавецкай прадукцыі перыяду II сусветнай вайны. Маўчалі не толькі беларускія савецкія гісторыкі, але і эмігранты, якія ў ваенныя гады бралі ўдзел у выдавецкіх працэсах. Бадай усе яны ўжо адышлі на той свет і толькі нямногія пакінулі для гісторыі годныя ўвагі ўспаміны пра сваю выдавецкую дзейнасць.

Толькі ў 90-я гады ўзніклі ўмовы для навуковага вывучэння і публікацыі гісторыі выдавецкага руху ваеннага часу, чаму спрыялі крах камуністычнай ідэалогіі, распад СССР і рассакрэчанне беларускіх бібліятэк і архіваў. У 1996 г. была выдадзена невялікім накладам (300 асобнікаў) салідная манаграфія Сяргея Жумара Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. На шчасце, змест кнігі С. Жумара не адпавядае яе загалоўку, бо аўтар разгледзеў становішча беларускай прэсы таксама ў Літве, Беластоцкай акрузе і ў Нямеччыне, у выніку чаго манаграфія атрымала комплексны характар.

Затое не шанцавала гісторыі кнігі. Праўда, у 90-я гады былі перавыдадзены ў Менску скарочаная кніга Язэпа Найдзюка Беларусь учора і сяньня, як на здзек спалучаная з успамінамі яго асабістага ворага Івана Касяка, зборнік вершаў Тодара Лебяды Песьні выгнаньня, Янкі Станкевіча Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны;Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску і, магчыма, іншыя выданні ваеннага часу, аднак комплекснае вывучэнне гэтага пытання чакала даследчыка.

Прапанаваная праца з'яўляецца, бадай, першай спробай вывучэння гісторыі беларускай кнігі перыяду Другой сусветнай вайны. У ёй улічаны кнігі, якія з верасня 1939 г. і да канца 1944 г. (у 1945 г. яны ўжо не выдаваліся) выпускаліся пад кантролем нямецкіх уладаў як на акупаваных тэрыторыях (Беларусь, Літва, Латвія, Беластоцкая акруга, Генерал-губернатарства), так і ў самой Нямеччыне ўключна з Пратэктаратам Багемія і Маравія, далучаным да яе на падставе вымушанага нямецка-чэхаславацкага пагаднення.

На гэтых тэрыторыях у той час існавалі разнастайныя ўмовы для выдавецкай дзейнасці: палітыка нямецкіх улад, грамадскі попыт на кнігу, наяўнасць аўтараў і выдаўцоў, іх фінансавыя магчымасці, варункі паліграфіі і распаўсюджвання выданняў. Да таго, гэтыя ўмовы з бегам часу змяняліся ў залежнасці ад стану ўзаемадачыненняў Нямеччыны і СССР: адныя яны былі ў перыяд нямецка-савецкага супрацоўніцтва (са жніўня 1939 г. да 22 чэрвеня 1941 г.), а іншыя пасля нашэсця Нямеччыны на Савецкі Саюз. Пастаянным фактарам была толькі нямецкая цэнзура, хаця і ў гэтым выпадку былі пэўныя адрозненні. Найбольш жорсткая яна была ў Генеральнай акрузе Беларусь, а адносна лагоднай - у самой Нямеччыне.

Зыходным пунктам даследавання і асноўнай падставай аналізу выдавецкіх працэсаў з'яўляецца каталог кніг і брашур. Яго апрацоўка патрабавала шматгадовай карпатлівай працы. Ніводная бібліятэка, як у Беларусі, так і за яе межамі, не імкнулася пасля вайны стварыць па магчымасці поўны фонд выданняў, якія выпускаліся пад кантролем нямецкіх уладаў. Як вынік, у лепшым выпадку, сёння можна адшукаць у паасобных бібліятэках ці архівах толькі невялікую колькасць гэтых выданняў. Некаторыя з іх, магчыма, беззваротна страчаныя або захоўваюцца ў прыватных калекцыях.

Пачатак быў зроблены даволі даўно. Пасля смерці варшаўскага кнігалюба Пятра Ластаўкі ў 1968 г. мне пашанцавала купіць усю яго калекцыю - блізу 20 беларускіх кніг, выдадзеных у ваенны час у Берліне, Варшаве і Менску. Пазней, дзякуючы прыхільнасці і даверу іншых аматараў кнігі ў Варшаве, Вільні і на эміграцыі мая прыватная бібліятэка час ад часу папаўнялася новымі набыткамі. Аднак доўгі час яны трактаваліся не больш як бібліяграфічная рэдкасць.

Актыўныя пошукі кніг пачаліся толькі ў 90-я г., гэтым разам ужо з акрэсленай мэтай апрацоўкі іх каталога. Яны праводзіліся ў бібліятэках Менску, Варшавы, Вільні, Рыгі, Прагі і Лондана, а таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве (цяпер Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь) і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску. Некаторыя выданні адшуканыя ў прыватных калекцыянераў.

Усяго выяўлена 117 кніг і брашур, з якіх каля 80% апісана ў каталозе на падставе агледзін арыгінала ці яго ксеракопіі. Астатнюю частку складаюць выданні, якіх, пакуль што, не давялося бачыць. Яны апісаны на падставе звестак, апублікаваных у прэсе, - «Беларускай Газэце», «Голасе Вёскі», «Раніцы», «Новай Дарозе» і іншых перыёдыках.

Кнігі беларускіх аўтараў і выдаўцоў даволі часта апісваліся, рэкламаваліся ці рэцэнзаваліся ў тагачаснай прэсе. З гэтай прычыны прадстаўленая ў каталозе іх колькасць, спадзяемся, блізкая да поўнай дакладнасці. Але засталося некалькі пытальнікаў. У прыватнасці, не высветленыя бібліяграфічныя дэталі баранавіцкага буквара Зорка і кнігі прафесара Калыньша Смалакурэньне. Таксама невядома, ці Арытмэтыка Зофіі Дабрынскай, якая з лета 1943 г. друкавалася ў Рызе, выйшла да прыходу Чырвонай Арміі ці пасля.

Затое выпуск нямецкіх беларускамоўных выданняў адзначаўся ў газетах надзвычай рэдка. Так, нічога не паведамлялася аб прапагандысцкіх брашурах, якія выпускала «Вінэта», афіцыйны орган нямецкай прапаганды (гл. каталог, № 105-117). Таму, на нашу думку, колькасць гэтых выданняў магла быць большай, чым паказана ў каталозе.

У каталог не ўключаны перыядычныя выданні: газеты, часопісы, календары, нават калі іх выпуск спыняўся на першым нумары. Таксама не ўключаны геаграфічныя карты, неперыядычныя ўлёткі, плакаты і непагінаваныя ілюстраваныя складанкі. Кніга, выдадзеная двума алфавітамі (кірыліцай і лацінкай), лічыцца як дзве кнігі. Такіх выданняў было ўсяго два: Беларускі правапіс Антона Лёсіка і Кароткі малітаўнік для беларусаў-каталікоў.

Пры апісанні кнігі браліся пад увагу наступныя бібліяграфічныя дэталі: прозвішча ці псеўданім аўтара, поўны загаловак, месца і год выпуску, выдавец, друкарня, аб'ём, фармат, наклад і цана. Таксама пададзеныя месца захавання кнігі, першая прэсавая інфармацыя аб яе выпуску і рэцэнзія. Аднак з увагі на недаступнасць некаторых выданняў і недастатковую інфармацыю, якая падавалася на вокладках кнігі і ў газетах, часта было немагчыма падаць усе жаданыя бібліяграфічныя звесткі.

Сумнай спецыфікай тагачасных беларускіх выданняў была адвольнасць і разнастайнасць алфавітных сістэм, непаслядоўнасць правапісу і тэрміналогіі. Нават у выданнях, здавалася, найбольш кампетэнтнага ў галіне мовазнаўства школьнага інспектарата часам стасавалася «школ», а часам - «школаў». Гэтае пытанне ўзнікла пры апісанні кніг у каталозе, аднак уніфікацыя ўсяго запісу на базе тагачаснага ці сучаснага правапісу выглядала б недарэчна. Па гэтай прычыне прозвішчы аўтараў, загалоўкі кніг і назвы газет падаюцца ў арыгінальнай форме, а іншыя бібліяграфічныя дэталі - згодна з сучасным правапісам. На жаль, і гэты спосаб не гарантуе поўнай паслядоўнасці і не робіць добрага ўражання.

Кніга паздзелена на некалькі частак. У першым раздзеле пададзены ў храналагічным парадку ініцыятывы і здзяйсненні аўтараў і выдаўцоў на ўсіх падкантрольных нямецкім уладам тэрыторыях.

Гэта нібы гістарычны агляд кнігадрукавання на фоне знешніх і ўласна беларускіх умоў. У гэтым раздзеле, акрамя выданняў, што выйшлі, улічаны творы, якія, паводле прэсавых звестак, пасляваенных успамінаў і іншых крыніцаў, былі падрыхтаваныя да друку, але ў выніку ваенных аперацый не пабачылі свету.

Увесь другі раздзел займае каталог кніг і брашур. Тэматычная структура выданняў і іншыя аналітычныя высновы разглядаюцца ў наступным раздзеле. Урэшце ў заключэнні прадстаўлены палітычныя аспекты кнігадрукавання і лёсы яго ўдзельнікаў. Кнігу завяршаюць кароткія біяграмы аўтараў, складальнікаў, выдаўцоў і іншых дзеячаў выдавецкага руху, іх здымкі, а таксама ілюстрацыі вокладак найбольш цікавых кніг.

Аўтар лічыць сваім прыемным абавязкам выказаць падзяку Ганне Запартыцы, дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, айцу Аляксандру Надсану, дырэктару Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, Людміле Рабок, загадчыку беларускага аддзела нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, Здэнцы Рахунковай, дырэктару Славянскай бібліятэкі ў Празе, В. Ціхаміравай, галоўнаму бібліёграфу Нацыянальнай бібліятэкі ў Рызе, а таксама Алегу Гардзіенку, Лене Глагоўскай, Алесю Жынкіну, Валянціне Панько, Генадзю Сагановічу, Антону Шукелойцю, Язэпу Янушкевічу за іх канкрэтную дапамогу ў стварэнні гэтай кнігі.

1. Аўтары і выдаўцы

1. 1. Перыяд нямецка-савецкага супрацоўніцтва

Да жніўня 1939 г. у нямецкіх планах ваенных аперацый супраць Польшчы бралася пад увагу магчымасць арганізаваць на беларускіх і ўкраінскіх тэрыторыях гэтай дзяржавы дыверсійныя дзеянні, якія павінны былі палегчыць задачы Вермахта. З такой мэтай прадугледжвалася выдаваць для насельніцтва адпаведную прапагандысцкую літаратуру на беларускай і ўкраінскай мовах.

Аднак пасля заключэння 23 жніўня 1939 г. савецка-нямецкага пакта аб ненападзе і дамовы аб размежаванні сферы інтарэсаў СССР і Нямеччыны ў Польшчы ўжо не было патрэбы прапагандысцкай актывізацыі заходнебеларускага і заходнеўкраінскага насельніцтва, якое далучалася да СССР. Змянілася становішча і ў Нямеччыне. 25 жніўня, г. зн. літаральна праз два дні пасля заключэння пакта, усе пасты нямецкай паліцыі на тэрыторыі гэтай дзяржавы атрымалі дырэктыву начальніка гестапа, якая забараняла існуючым у Нямеччыне рускім, украінскім, казацкім і каўказскім эмігранцкім арганізацыям і іх сябрам выказваць вусна ці пісьмова варожае стаўленне да Савецкага Саюза, ладзіць публічныя мерапрыемствы, выкарыстоўваць нацыянальныя сцягі і адзнакі 1. У дырэктыве не згадваліся беларускія арганізацыі, якія тады яшчэ не існавалі.

Загад паліцэйскіх уладаў адносіўся таксама да рэдакцый нямецкіх газет, часопісаў і кніжных выдавецтваў. У выніку з восені 1939 г. да чэрвеня 1941 г. у Нямеччыне выйшла толькі адна кніга - універсітэцкая дысертацыя Вернера Концэ, прысвечаная аграрным пытанням у Вялікім Княстве Літоўскім, і толькі адзін невялікі артыкул Петэра Шайберта пра станаўленне БССР, дарэчы, блізкі з тэзісамі савецкай гістарыяграфіі 2. Беларуская і ўкраінская праблематыка знікла са старонак навуковых выданняў, такіх як берлінскія Jahrbücher für Geschichte Osteuropas (выпускі 1940 і 1941 гг.).

Пасля заканчэння польскай кампаніі ў нямецкіх лагерах апынулася вялікая колькасць ваеннапалонных жаўнераў польскай арміі, а ў іх ліку некалькі дзесяткаў тысяч беларусаў. Для ваеннапалонных ваеннае міністэрства Нямеччыны выдавала на розных мовах газеты, сярод іх са снежня 1939 г. і беларускамоўную «Раніцу», якая да 22 чэрвеня 1941 г. старанна пазбягала антысавецкіх выказванняў.

У апошнім квартале 1939 г. выдавецтва ваеннага міністэрства Die Wehrmacht выпусціла невялікую кнігу Ота Лемана Нямецкія салдаты, якая была першай беларускамоўнай кнігай, выдадзенай у разглядаемы перыяд (1939-1944) пад кантролем нямецкіх уладаў. Кніга Лемана, багата ілюстраваная, прызначалася ў асноўным для ваеннапалонных і знаёміла іх са структурай нямецкай арміі, відамі войск, вайсковымі рангамі і г.д. Цяжка ў ёй дашукацца іншай прапагандысцкай ці ідэйнай накіраванасці, тым больш антысавецкіх тэндэнцый. Як і газеты, кніга Лемана выдавалася на розных мовах ваеннапалонных, пра што сведчыць яе польскамоўны варыянт żołnierz niemiecki, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Пасля выдання кнігі Лемана нямецкія ўстановы доўгі час не выпускалі кніг па-беларуску. Іх выданне было справай саміх беларусаў, наколькі гэта дазваляла дзяржаўная палітыка, тэхнічна-фінансавыя магчымасці і наяўныя інтэлектуальныя сілы.

Тым часам на пачатку Другой сусветнай вайны на падкантрольных Нямеччыне тэрыторыях беларускія інтэлектуальныя сілы былі малаколькасныя, раскіданыя па розных гарадах і толькі пачыналі арганізоўвацца. Іх росту ў пэўнай ступені спрыяў прыток некалькіх дзесяткаў новых эмігрантаў з Вільні, якія напярэдадні акупацыі Літвы Чырвонай Арміяй перасяліліся ў зону нямецкай акупацыі. У іх ліку: Мікола Шкялёнак прыехаў у Берлін, а Янка Станкевіч і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі - у Варшаву.

Акрамя ўрадавай установы, т. зв. Беларускага прадстаўніцтва, летам 1940 г. узнікла ў Берліне дазволеная ўладамі грамадская арганізацыя Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне (далей БКС), якой да канца студзеня 1943 г. кіраваў юрыст Мікола Шкялёнак. Берлінскаму цэнтру падпарадкоўваліся філіялы БКС у розных гарадах Нямеччыны, Пратэктарату і далучаных да рэйху польскіх заходніх тэрыторыях. Беларускі камітэт у Генерал-губернатарстве не падпарадкоўваўся БКС, а дзейнічаў самастойна і, акрамя цэнтра ў Варшаве, меў два філіялы (дэлегатуры) у Кракаве і Белай Падляшскай. З ліку гэтых камітэцкіх структураў толькі тры - у Берліне, Празе і Варшаве - адыгралі пэўную ролю ў гісторыі беларускага кнігадрукавання гэтага перыяду (жнівень 1939 - чэрвень 1941 г.).

Аднак, акрамя знешніх умоваў, вырашальнае значэнне ў выдавецкай справе мелі не камітэцкія структуры, а канкрэтныя людзі, зацікаўленыя і здольныя ствараць, арганізоўваць выдавецкую дзейнасць, распаўсюджваць кнігі і брашуры. Аўтары і выдаўцы, якія жылі ў Берліне, Празе і Варшаве і працавалі ў мясцовых камітэтах, не раз супрацоўнічалі паміж сабой, а кнігі, якія апрацоўваліся ў адным горадзе, нярэдка друкаваліся ў іншым, што залежала ад мясцовых варункаў.

Спачатку на першым плане апынулася Прага. Тут з даваенных гадоў жыло некалькі беларусаў, якія ў час вайны імкнуліся ўплываць на лёс бацькаўшчыны і, між іншым, арганізаваць выдавецкую дзейнасць. Да гэтай групы належалі лекар Іван Ермачэнка, які заснаваў Беларускае выдавецтва ў Празе, лекар Іван Геніюш з жонкай Ларысай, інжынеры Васіль Русак і Аляксандр Калоша, філолаг Пётр Бакач і іншыя. Да пражскай сябрыны прымыкалі Мікола Абрамчык, які жыў у Парыжы, і Янка Станкевіч, які з чэрвеня 1940 г. знаходзіўся ў Варшаве і даволі часта наведваў Прагу. Усе яны, акрамя паэткі Ларысы Геніюш, былі выпускнікамі чэхаславацкіх навучальных установаў і дзеячамі беларускага студэнцкага руху, што ўплывала на іх супрацоўніцтва.

Пачынальнікам кнігадрукавання быў Пётр Бакач. У канцы 1940 г. ён скончыў апрацоўку папулярнага Падручніка нямецкага языка для Беларусаў і, як яго дапаўнення, кароткага нямецка-беларускага слоўніка. Быў гэта піянерскі пачын, паколькі дасюль беларускія падручнікі нямецкай мовы нідзе не выдаваліся. У апрацоўцы падручніка супрацоўнічалі з аўтарам берлінскія дзеячы М. Шкялёнак, Э. і А. Шкуткі і С. Саўчук, а пражскі прадпрымальнік В. Русак аказваў Бакачу матэрыяльную дапамогу падчас яго працы над рукапісам. Магчыма, усе яны складалі выдавецкую групу, ад імя якой была напісана прадмова да гэтай кнігі.

Падручнікам П. Бакача зацікавілася берлінская выдавецкая фірма Bernard und Graefe, якая яго надрукавала ва ўласнай друкарні ў красавіку або на пачатку траўня 1941 г. Нягледзячы на даволі значны аб'ём (357 старонак) і наклад у некалькі тысячаў асобнікаў, ні аўтар, ні выдавецтва не баяліся фінансавай рызыкі, паколькі запатрабаванне на гэтую кнігу перавышала ўсе разлікі і спадзяванні. Як паведамлялася ў прадмове, ужо падчас друку падручніка была прададзена авансам амаль палова накладу.

Тысячы заказчыкаў у Нямеччыне і Генерал-губернатарстве з нецярплівасцю чакалі выпуску падручніка П. Бакача. Пра гэта берлінская «Раніца» змясціла 30 траўня 1941 г. наступнае характэрнае паведамленне:

«У справе "Падручніка нямецкага языка для Беларусаў" выясьняем: Падручнік выйшаў з друку і рассылаецца фірмай адзіночным заказчыкам. Не ўсе, аднак, заказчыкі маглі дастаць кніжку ў першых днях пасьля яе выхаду, бо заказаў набралася больш за пару тысячаў (падкр. намі - Ю. Т.), а высланьне вымагае шмат тэхнічнае працы (упакоўка, выпаўненьне фрахтаў і г. д.). Як паведаміла нас фірма, дзе кніжка друкавалася (Bernard und Graefe Berlin SW 68, Alexandrinnenstr. 134), у бліжэйшым тыдні ўсе заказчыкі кніжку дастануць. Далейшыя заказы можна кіраваць у нашую Рэдакцыю, або ў Беларускае Прадстаўніцтва <…>. Хто мае намер кніжку выпісаць, хай сьпяшаецца з заказам, бо запасы яе ўжо невялікія, а калі выйдзе другое выданьне - няведама».

Аднак другога выдання кніга П. Бакача не дачакалася, а яе аўтар пасля вайны апынуўся ў савецкіх лагерах. Доўгі час ёю цікавіліся толькі спецслужбы, на што паказвае кароткая пазнака, змешчаная на трэцяй старонцы вокладкі асобніка, які захоўваецца ў варшаўскай Нацыянальнай бібліятэцы: 16. VIII 1945 r . Dar Milicji Obywatelskiej m . st . Warszawy .

Таксама з Прагай быў звязаны выдавецкі пачын, які ў 1941 г. ажыццяўляўся пад грыфам «Карэспандэнцыйных курсаў беларусаведы». Такія курсы арганізоўваліся падчас вайны ў некалькіх найбольш значных асяродках беларускай эміграцыі ў форме лекцый, галоўным чынам, па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі, якія чыталіся для сябраў камітэтаў у Берліне, Варшаве, Лодзі і, магчыма, у іншых гарадах.

Асаблівасцю курсаў беларусаведы ў Празе, дзе беларуская калонія была нешматлікая, было тое, што паводле задумы іх арганізатараў даклады на паасобныя тэмы павінны былі апрацоўвацца ў пісьмовай форме спецыялістамі з розных гарадоў і выпускацца пражскім выдавецтвам Івана Ермачэнкі ў выглядзе асобных брашур і рассылацца зацікаўленым беларусам у Нямеччыне, Пратэктараце і Генерал-губернатарстве. З гэтай прычыны курсы называліся «карэспандэнцыйныя».

З такой мэтай напрыканцы 1940 г. была створана рэдакцыя курсаў, якой кіраваў Я. Станкевіч з дапамогай тэхнічнага супрацоўніка выдавецтва П. Бакача. У склад рэдакцыі ўваходзілі М. Абрамчык (Парыж), А. Мамчыц (Варшава) і М. Шкялёнак (Берлін), задачай якіх было распаўсюджванне брашур сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі і Генерал-губернатарстве, а таксама ваеннапалонных у Нямеччыне. Апошнім сябрам рэдкалегіі быў старшыня Рады БНР В. Захарка, які не браў удзелу ў рэдакцыйнай працы і лічыўся толькі ганаровым фігурантам.

З увагі на тагачасныя палітычныя ўмовы рэдакцыя пражскіх курсаў беларусаведы абмяжоўвалася пытаннямі, якія не мелі антысавецкай накіраванасці і не маглі быць прычынай падазрэння нямецкіх уладаў у падтрымцы беларускага нацыяналізму. Таму невыпадкова публікацыі, выдаваныя пад грыфам курсаў, не закраналі актуальных пытанняў беларускага нацыянальнага руху, але датычылі такіх «нейтральных» пытанняў, як мовазнаўства і ранняя гісторыя Беларусі.

Агулам рэдакцыя курсаў выдала чатыры брашуры, з іх ліку дзве выпускаліся часткамі («лекцыямі»). Першай з іх была ананімная брашура Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску , надрукаваная на пачатку 1941 г. у пражскай друкарні пад крыху іншым грыфам «Беларускія карэспандэнцыйныя курсы ў Празе». Брашура была перадрукам аднайменнай публікацыі, выдадзенай у 1937 г. у Вільні Янкам Станкевічам, ксяндзом Станіславам Глякоўскім, Янам Хворастам і Антонам Шукелойцем, з якіх толькі Станкевіч меў мовазнаўчую адукацыю і несумненна быў яе аўтарам.

Пасля выпуску гэтай брашуры выдаўцы рашылі выправіць назву курсаў на «Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы» і пад такім грыфам выпусцілі рататарнай тэхнікай тры чарговыя брашуры: Я. Станкевіча Курс беларускае мовы (у дзвюх частках) і Курс гісторыі Крывіі-Беларусі (у трох частках), а таксама І. Ермачэнкі Пранцы (Сыфіліс).

Такім чынам, мовазнаўчыя і гістарычныя працы Я. Станкевіча складалі пераважную частку выдавецкай прадукцыі пражскіх курсаў.

Заслугоўвае ўвагі Курс гісторыі Крывіі-Беларусі , у якім Я. Станкевіч упершыню ў беларускай навуцы выказаў погляд аб балта-славянскім этнагенезе беларусаў. Гэты яго погляд толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў ухвалілі вучоныя Савецкай Беларусі.

Праца І. Ермачэнкі пра сіфіліс, вядома, магла быць карыснай для чытачоў, аднак не мела нічога агульнага з беларусаведай. Яе выпуск, напэўна, задавальняў лекарскія амбіцыі аўтара - шэфа Беларускага выдавецтва і пражскага аддзела БКС, але таксама сведчыў пра тое, што ў рэдакцыйнай тэчцы не было больш адпаведных матэрыялаў.

Супастаўленне гэтых выдавецкіх вынікаў, цікавых, мабыць, толькі для вузкага кола спецыялістаў, з асабовым складам рэдкалегіі, у якую, акрамя Я. Станкевіча, уваходзілі такія дасведчаныя дзеячы, як М. Абрамчык і М. Шкялёнак, наводзіць на думку, што «Пражскія курсы» былі задуманыя як зручная фірма для наладжвання неафіцыйных кантактаў эмігранцкага актыву і выпрацоўкі канцэпцыі палітычнай дзейнасці ва ўмовах блізкай нямецка-савецкай вайны. На гэтым грунтавалася і супрацоўніцтва Я. Станкевіча з І. Ермачэнкам, якое неўзабаве працягнулася ў акупаваным немцамі Менску.

Тым часам, у другой палове 1940 г. Станкевіч, заснаваўшы ў Варшаве нелегальную Партыю беларускіх нацыяналістаў, ствараў перадумовы для будучых кантактаў з кіраўніцтвам польскага падполля 3. Адначасова ён заняўся падрыхтоўкай падручнікаў для беларускіх пачатковых школ на бацькаўшчыне, якія пад яго кіраўніцтвам апрацоўвала варшаўская настаўніца Зоф'я Дабрынская.

Янка Станкевіч пазнаёміўся з З. Дабрынскай у другой палове 1940 г. у Беларускім камітэце ў Варшаве. Яна паходзіла з Дрысеншчыны, ведала беларускую мову, мела педагагічную адукацыю і настаўніцкі досвед. Дабрынская прыняла прапанову Станкевіча і на працягу двух гадоў (1941-1942) апрацавала сем падручнікаў: два лемантары (кірыліцай і лацінкай), чытанку для другога класа і чатыры арыфметычныя задачнікі для I-IV класаў. Малюнкі выконваў варшаўскі графік беларускага паходжання Гайкоўскі. Гэтую іх працу перыядычна аплочваў Я. Станкевіч 4 .

Інфармацыя З. Дабрынскай аб апрацаванні ў такі кароткі і неспрыяльны ваенны час сямі падручнікаў спачатку ўяўлялася малаверагоднай. І толькі пазнейшыя пошукі ў газетах ваенных гадоў і нядаўняя публікацыя лістоў Я. Станкевіча да К. Езавітава развеялі сумненні 5 . Першы яе арыфметычны задачнік быў надрукаваны ў 1942 г. у Празе, а два наступныя - у 1943 г. у Менску. Яшчэ адзін задачнік друкаваўся ў Рызе.

На заканчэнне агляду выданняў гэтага перыяду спынімся на дзвюх брашурах:

У. Верес Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою і У. Верас Як створым нашую сілу.

Яны былі выдадзеныя рататарнай тэхнікай без пададзенага месца і года выпуску і якіх-кольвечы іншых выдавецкіх дэталяў. Гэта адпавядала патрабаванням нелегальнай публіцыстыкі, у сувязі з чым і прозвішча аўтара можна лічыць псеўданімам. Паспрабуем расшыфраваць гэтыя загадкавыя брашуры.

Дапушчаныя ў адной з іх правапісныя памылкі («Верес», «Шляхом», «Москвою» і іх выпраўленне ў другой паказвае, што найперш была выдадзена брашура Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою . Гэтая чарговасць мае для нас істотнае значэнне для ўстанаўлення часу выпуску брашур.

Так, у брашуры Як створым нашую сілу аўтар згадвае пра перамогу Нямеччыны над Польшчай і Францыяй (с. 3-4) і спадзяецца на разгром Савецкага Саюза (с. 6), а гэта значыць, што яна выйшла ў другой палове 1940 г. (Францыя капітулявала 22.06.1940 г.), або ў першай палове 1941 г. Аналіз тэксту другой брашуры Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою дазваляе больш дакладна вызначыць гэты тэрмін. Змешчаныя ў ёй фразы «рашучая барацьба набліжаецца» ці «будзьце гатовыя да рашучай барацьбы» (с. 20) паказваюць на тое, што яна выйшла незадоўга да нападу Нямеччыны на СССР. Гэта дазваляе вызначыць час выдання брашур на вясну 1941 г.

Несумненна, абедзве брашуры былі выдадзены ў Берліне. На гэта паказвае, па-першае, якасць паперы, аналагічная рататарным выданням Берлінскага аддзела БКС, такім як Гісторыя Беларусі ў картах Міколы і Ніны Абрамчыкаў і іншых, па-другое, машынапіс зроблены на машынцы з украінскім шрыфтам, якой з-за адсутнасці машынкі з беларускім шрыфтам тады карысталіся ў берлінскім БКС.

Як створым нашую сілу - гэта тыповы для нямецкага нацыянал-сацыялізму пераказ асноваў грамадскага станаўлення, арыенцірам якога былі ўласныя сілы, а не спадзяванні на знешнюю дапамогу. Прапаганда гэтай ідэалогіі, а таксама змешчаны ў брашуры Шляхом барацьбы… заклік да ўзброенай барацьбы «пад прапарам беларускага нацыяналізму» (с. 20) пераконваюць, што выдаўцом брашур была група Фабіяна Акінчыца - ідэолага беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Хто быў іх аўтарам - пытанне менш істотнае. Мог ім быць сам Акінчыц ці нейкі яго супрацоўнік.

Верагодна, выпуск брашур У. Вераса быў інспіраваны нямецкімі службамі, але ў тагачаснай палітычнай сітуацыі нельга было выявіць іх выдаўцоў. Неўзабаве, калі пачалося наступленне Нямеччыны на Савецкі Саюз, такая «канспірацыя» была лішняя.

1 Косик В. Україна і Німеччина у д ругій світовій війні . Паріж-Львів-Нью Ёрк, 1998. С. 486. (дакумент № 35).

2 Conze W. Agrarverfassung und Bevölkerung in Litauen und Weissrussland. Leipzig, 1940; Scheibert P . Der Weg der Weissruthenen zur weissruthenischen Sowjetrepublik. «Jomsburg», 1940. S. 191-196.

3 Turonek J. Kwestia białoruska w polityce obozu londyńskiego 1941-1944. «Studia z dziejów ZSRR i Europy Srodkowej», 1983. Tom XIX.

4 Інфармацыя З. Дабрынскай для аўтара з 1984 г.

5 Лісты Я. Станкевіча да К. Езавітава. Спадчына. 1999. № 5-6. С. 55-68.


1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на СССР

Генеральная акруга Беларусь

Непасрэдна пасля таго як нямецкія войскі занялі Беларусь, на ўсім яе абшары было ўведзена ваеннае кіраванне, якое ўзначаліў камандуючы тыламі групы армій «Цэнтр» генерал Макс фон Шэнкендорф. Яму падпарадкоўвалася сетка палявых камендатур, а ім, у сваю чаргу, - мясцовыя камендатуры, якія ствараліся практычна ва ўсіх гарадах і райцэнтрах.

Згодна з дырэктывамі Галоўнага камандавання Вермахта ваеннае кіраванне мела пераходны характар, з цягам часу яго адміністрацыйныя функцыі мусілі пераняць цывільныя ўлады. Аднак у выніку неспрыяльнай сітуацыі на фронце армія перадала цывільным уладам толькі заходнюю частку Беларусі, а яе ўсходняя частка да канца акупацыі заставалася ў зоне ваеннага кіравання.

Форма акупацыйнага рэжыму была важным фактарам, які вызначаў магчымасць выдавецкай працы. Армейскія службы прапаганды, якія фукцыянавалі пры палявых камендатурах, арганізоўвалі радыёвяшчанне, выпуск газет і плакатаў, але кнігавыдавецкая справа не была іх задачай - яна належала да кампетэнцыі цывільнай улады. У такіх умовах не маглі мець поспеху любыя ініцыятывы мясцовых дзеячаў, якім, у лепшым выпадку, удавалася наладзіць выпуск беларускамоўных дадаткаў да выдаваных вермахтам рускамоўных газет. Дарэчы, у гарадах зоны ваеннага кіравання не было і значнай традыцыі кнігадрукавання, якое за савецкім часам канцэнтравалася галоўным чынам у Менску.

Краёвае выдавецтва «Менск»

Цывільныя акупацыйныя ўлады мелі свае праблемы. З ліпеня 1941 г. дзейнічала ў Менску гарадская ўправа і падпарадкаваная ёй друкарня, таксама было заснавана Краёвае выдавецтва «Менск». Аднак галоўнай іх задачай было забеспячэнне выпуску «Менскай Газэты», а не кніг 6. Генеральны камісар Вільгельм Кубэ, што прыбыў на пачатку верасня 1941 г. у Менск, маляваў перад беларусамі светлыя перспектывы; ён загадаў адчыніць школы і ў першым сваім рапарце ў Берлін заявіў: «Я намераны прысвяціць маю асаблівую ўвагу клопатам пра беларускую культуру» 7. Аднак за гэтымі словамі пакуль што не ішлі ўчынкі. Нямецкія ўлады ў Берліне і Рызе, якія спадзяваліся на хуткую перамогу, не лічылі патрэбным спяшацца з вырашэннем кнігавыдавецкай справы: яе арганізацыі, фінансавання, нагляду.

Але сціплы пачатак быў зроблены. У той час, па сутнасці, адзінай сферай выдавецкіх зацікаўленняў нямецкай цывільнай адміністрацыі быў выпуск газет, што, натуральна, патрабавала адзінага правапісу. Тым часам у гэтай галіне ўзніклі праблемы, не сустраканыя на іншых тэрыторыях Остланда. Рэдактары і супрацоўнікі рэдакцый не пагаджаліся з усходнебеларускім «бальшавіцкім» правапісам, і многія з іх стасавалі свае правапісныя і лексічныя нормы. Шкодны хаос не спрыяў прэстыжу беларускай мовы як дзяржаўнай, што, у сваю чаргу, патрабавала неадкладна вырашыць справу правапісу.

З такой мэтай Краёвае выдавецтва «Менск» атрымала дазвол на выданне Беларускага правапісу Б. Тарашкевіча, што і было здзейснена пад канец верасня 1941 г. Гэта была першая кніжка, выпушчаная на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Правапіс выйшаў вялікім накладам (20 тысяч асобнікаў) і прызначаўся галоўным чынам для рэдакцый газет і школ. Гэта было моцна скарочанае перавыданне выпушчанага ў 1925 г. у Вільні падручніка правапісу, скампіляванага Радаславам Астроўскім паводле Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка. Выданне Правапісу выклікала новыя спрэчкі, якія доўгі час працягваліся на старонках «Беларускай Газэты».

Беларускі правапіс быў адзінай кнігай, выпушчанай Краёвым выдавецтвам «Менск». Дарэчы, неўзабаве скончылася нібы незалежнае яго існаванне. 16 кастрычніка 1941 г. выдавецтва было падпарадкавана Менскаму гарадскому камісарыяту, а праз нейкі час аддзелу прэсы Генеральнага камісарыята Беларусі 8. Справа заснавання кніжнага выдавецтва і далей адкладалася на пазнейшы час, і толькі «Урадавыя Веснікі» час ад часу нагадвалі пра неабходнасць атрымання дазволу ўладаў на кожнае друкаванае выданне.

Выданні ксяндза С. Глякоўскага

У гэтых варунках была здзейснена прыватная ініцыятыва ксяндза Станіслава Глякоўскага, вядомага ў 30-х гадах выдаўца беларускай каталіцкай літаратуры ў Вільні. З ліпеня 1941 г. ён працаваў у Менску, рамантаваў касцёлы, арганізоўваў беларускае каталіцкае душпастырства і разам са сваімі памочнікамі маладымі святарамі Дзянісам Мальцам і Казімірам Рыбалтоўскім праводзіў катэхізацыю моладзі.

З увагі на вострую нястачу рэлігійнай літаратуры на пачатку снежня 1941 г. ён выдаў Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў кс. Язэпа Рэшэця і невялікі Кароткі малітаўнік для беларусаў-каталікоў . Абедзве кнігі былі надрукаваны лацінкай. Катэхізмоўка Я. Рэшэця была поўным перадрукам яе аднайменнага віленскага выдання 1927 г., а малітаўнічак змяшчаў выбраныя тэксты з выдадзенай у 1934 г. у Вільні кніжкі да набажэнства Голас душы .

Цікава заўважыць, што вынікам ініцыятывы кс. С. Глякоўскага былі, на добры лад, не дзве, а тры кніжкі, бо, маючы на ўвазе моўныя асаблівасці ўсходняй Беларусі, ён выдаў Кароткі малітаўнік не толькі лацінкай, але і кірыліцай. Калі да гэтага часу беларускамоўная каталіцкая літаратура друкавалася выключна лацінкай, то выданне ў 1941 г. каталіцкага малітаўніка кірылічным алфавітам было абсалютнай навіной - першай у найноўшай гісторыі спробай алфавітнай уніфікацыі беларускамоўных канфесійных выданняў.

Усё ж гэты пачын кс. Глякоўскага, які сёння ўхваляецца бадай усімі каталіцкімі выдаўцамі ў Беларусі, не быў тады ім намераны. Вось што пра гэта пісаў аўтару 30 сакавіка 1996 г. Антон Шукелойць, у той час блізкі супрацоўнік кс. Глякоўскага:

«Кс. Ст. Глякоўскі быў вялікім энтуз'ястам лацінкі і ўсе аб'явы і лісты пісаў па беларуску лацінкай. Часта людзі менскія думалі, што пісана па нямецку і прыносілі да перакладу на беларускую мову. Але пры касцеле на Кальварыі пасяліўся нелегальна ксёндз паляк, які выдаў прымітыўнай тэхнікай малітаўнік польскі кірыліцай. <…> Вось гэты факт выкарыстоўвання кірыліцы польскімі ксяндзамі і прымусіў кс. Глякоўскага выдаць малітаўнік беларускі кірыліцай».

Выпуск кірылічнага варыянту малітаўніка меў трагічныя наступствы. У той час дзейнічала ў Менску група праваслаўных экстрэмістаў (Іван Касяк, Юліян Саковіч і іншыя), паводле якіх беларускія ксяндзы даўно чакалі, каб на развалінах рэлігійнага жыцця ва ўсходняй Беларусі распачаць місіянерскую працу і пасля прыбыцця ў Менск адразу яе разгарнулі, як сярод каталікоў, так і праваслаўных 9. Пачуццё небяспекі паглыбляла нават беларуская мова, якой яны карысталіся, бо праваслаўная царква магла супрацьпаставіць адно традыцыйную расейшчыну. У такой атмасферы кірылічны малітаўнік уяўляўся як доказ місіянерскіх намераў кс. Глякоўскага сярод праваслаўных і прычыніўся да яго загубы 10.

Па розных тэхнічных прычынах няпроста было надрукаваць катэхізмоўку і лацінічны малітаўнік у Менску. Паколькі ў гарадской друкарні былі праблемы са шрыфтамі і паліграфістамі, набор лацінічных тэкстаў выконваўся ў Вільні, адкуль Язэп Найдзюк, які ўдзельнічаў у іх выпуску, прывозіў у Менск гатовыя да друку матрыцы. Толькі кірылічны варыянт малітаўніка мог быць поўнасцю выкананы ў менскай друкарні.

Выданні кс. С. Глякоўскага звяртаюць увагу адной цікавай асаблівасцю. Вось жа на вокладцы Кароткага катэхізму былі пададзены ўсе асноўныя біяграфічныя дэталі: прозвішча аўтара, месца і год выпуску, выдавецтва і друкарня, што не выклікае сумненняў у легальнасці выдання. Затое абодва малітаўнікі (лацінічны і кірылічны варыянты) нагадваюць нелегальныя публікацыі: на іх вокладках, акрамя загалоўка, не пададзены ніякія звесткі.

Паводле Найдзюка (ліст да аўтара ад 30.11.1980 г.), яны былі надрукаваныя «не зусім легальна». Якая была прычына гэтай паўлегальнасці, дакладна невядома. Магчыма, Генеральны камісарыят дазволіў выдаць усе прапанаваныя тэксты ў адной кнізе, а выдавец, не атрымаўшы цэнзурных засцярог адносна зместу і карыстаючыся дапамогай новага старшыні горада Вацлава Іваноўскага, якому падпарадкоўвалася друкарня, надрукаваў катэхізм і малітаўнікі асобнымі кніжачкамі, з якіх толькі адна магла быць выпушчана без нежаданых наступстваў.

У выніку пасля вайны ўзніклі праблемы з ідэнтыфікацыяй малітаўнікаў. Наўрад ці хто лічыў іх падпольнымі выданнямі, тым не менш не было вядома хто, дзе і калі іх выдаў. Такія праблемы былі і ў аўтара, які ў 1984 г. атрымаў ад Міхаліны Татарыновіч лацінічны варыянт малітаўніка. І толькі інфармацыя Антона Шукелойця і дасланы ім ксеракс кірылічнага варыянту высветлілі генезіс гэтых загадкавых кніг.

Выданні Школьнага інспектарата

Першы нясмелы крок у галіне кнігадрукавання быў зроблены акупацыйнымі ўладамі напрыканцы 1941 г. у сувязі з аднаўленнем працы школ. 12 снежня міністэрства акупаваных усходніх абшараў выслала рейхскамісарам Остланда і Ўкраіны інструкцыю, у якой таксама забаранялася карыстацца савецкімі навучальнымі планамі, падручнікамі і іншымі «палітычна тэндэнцыйнымі» дапаможнікамі. Інструкцыя рэкамендавала мясцовым уладам забяспечыць школы навучальным матэрыялам, які павінны былі стварыць аддзелы культуры генеральных камісарыятаў 11.

Агульныя прынцыпы акупацыйнай школьнай палітыкі, відаць, былі раней вядомыя В. Кубэ, і ён не марнаваў часу на завяршэнне бюракратычнай працэдуры. Ужо 7 кастрычніка 1941 г. для нагляду над працай школ, што аднаўляліся, быў створаны Школьны інспектарат, як інтэгральная частка Генеральнага камісарыята. Кіраўніком інспектарата Кубэ прызначыў Ёзафа Сівіцу, сілезскага немца, які ведаў польскую мову, а з часам нядрэнна вывучыў і беларускую 12. Яму падпарадкоўваўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які пад канец кастрычніка прыбыў з Берліна і быў прызначаны галоўным школьным інспектарам.

Пад іх кіраўніцтвам працаваў т. зв. Навуковы аддзел інспектарата, першачарговай задачай якога была падрыхтоўка навучальных планаў і праграм. Да гэтай працы запрасілі педагогаў, якія за два месяцы апрацавалі праграмы навучання ўсіх прадметаў для пачатковых школ, што былі надрукаваныя на пачатку снежня 1941 г. у менскай друкарні ў форме паасобных брашураў і перададзеныя акруговым і раённым школьным інспектарам на іх першай канферэнцыі, якая адбылася 15-17 снежня 1941 г. у Менску.

Агулам надрукавалі 13 праграм навучання: беларускай і нямецкай моваў, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўства, матэматыкі, музыкі і спеваў, прыродазнаўства, ручной працы, рысавання, фізікі, фізічнага ўзгадавання моладзі, хіміі. Гэта, па сутнасці, былі праекты праграм навучання і такімі заставаліся да канца акупацыі. Ва ўмовах нястачы школьных падручнікаў праграмы разам з часопісам «Беларуская Школа» сталі асноўнымі метадычнымі дапаможнікамі ў працэсе школьнага навучання. На пачатку 1942 г. стараннем Інспектарата была надрукаваная Інструкцыя аб правядзеньні пераводаў з клясы ў клясу і аб выпускных экзаменах у народных беларускіх школах .

Аднак ні праграмы, ні часопіс «Беларуская Школа», які са студзеня да снежня 1942 г. выдаваўся Інспектаратам у дзвюх частках - для настаўнікаў і вучняў - не маглі замяніць школьных падручнікаў. Таму, пасля таго як навуковы аддзел Інспектарата справіўся са спешнай падрыхтоўкай навучальных праграм, перад ім паўстала важнейшае заданне - апрацоўка і выпуск падручнікаў.

Паводле Язэпа Найдзюка, да кастрычніка 1942 г., г.зн. за першы год працы Інспектарата, беларускія педагогі і спецыялісты падрыхтавалі каля 20 падручнікаў, у тым ліку: лемантар, чытанку, выпісы з літаратуры, правапіс, граматыку, арыфметычныя задачнікі для I-V класаў, падручнікі па геаметрыі, гісторыі, прыродаведзе і гігіене 13. Апрацоўваліся яны не толькі ў Менску, але і ў Варшаве (Зоф'яй Дабрынскай), а таксама ў Вільні, якую на пачатку лютага 1942 г. наведалі Ё. Сівіца з В. Гадлеўскім і абмяркоўвалі з аўтарамі гэтае пытанне 14. Выглядае на тое, што аўтарскіх прапаноў было дастаткова.

Аднак выпуск падручнікаў сутыкнуўся з нечаканымі цяжкасцямі, і ў 1941/42 годзе школы працавалі без падручнікаў. Затрымка нярэдка тлумачылася абставінамі ваеннага часу і патрабаваннем міністэрства акупаваных усходніх абшараў дасылаць яму тэксты падручнікаў для праверкі і зацвярджэння 15. Праўда, гэтае патрабаванне ўскладняла працэдуру іх выпуску, але не толькі яно было прычынай затрымкі. У прыватнасці, дырэктыва міністэрства адносілася да ўсіх абшараў Остланда, аднак выдаўцы літоўскіх, латышскіх і эстонскіх падручнікаў, хоць і непакоіліся, такіх цяжкасцяў не адчувалі.

Затое Беларусь не магла абысціся без спецыфікі. Міністр акупаваных усходніх абшараў Альфрэд Розенберг, які скептычна ацэньваў здольнасць беларускага народа да самастойнага жыцця, нечакана стаў прыхільнікам яго далучэння да сям'і народаў Новай Еўропы, чаму, на яго думку, павінна была спрыяць замена кірылічнага алфавіту на лацінку. Гэтая ідэя міністра прапагандавалася і яго падначаленымі ў Менску, у тым ліку і Сівіцам, які ўжо ў снежні 1941 г. пазнаёміў з ёй удзельнікаў канферэнцыі школьных інспектараў 16.

Неўзабаве ідэя стала дырэктывай для чыноўнікаў міністэрства і Генеральнага камісарыята ў Менску. 25 чэрвеня 1942 г. Розенберг выдаў загад аб паступовым увядзенні лацінкі ў народныя школы Беларусі: у 1942/43 г. яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, акрамя таго яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ 17.

Загад Розенберга значна ўскладніў працу Інспектарата: ніхто, нават Сівіца, не быў упэўнены, якія падручнікі і якім алфавітам будуць дапушчаныя ў школы праз год ці два. Не было такой упэўненасці ў берлінскім міністэрстве, якое магло загадаць перавод дасланага тэксту з кірыліцы на лацінку. Адначасова працягваліся бясконцыя спрэчкі паміж беларускімі прыхільнікамі першай і другой алфавітных сістэм.

Іншай прычынай, якая стрымлівала выпуск падручнікаў, была недасканаласць правапісу і тэрміналогіі. Гэтае пытанне імкнулася вырашыць створаная ў студзені 1942 г. у рамках Інспектарата тэрміналагічная камісія, якая толькі ў сакавіку 1943 г. зацвердзіла новы правапіс 18. Акрамя таго, камісія апрацавала некалькі тэрміналагічных слоўнікаў, аднак ніводзін з іх не ўбачыў свету.

Выдавецкія спробы БНС

У кастрычніку 1941 г. з Прагі ў Менск прыехаў Іван Ермачэнка, прызначаны А. Розенбергам кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС), - адзінай пакуль што дазволенай акупацыйнымі ўладамі грамадскай арганізацыі ў Беларусі. 22 кастрычніка Кубэ і Ермачэнка выдалі адозву да насельніцтва, у якой абвяшчалі стварэнне БНС. Праз некалькі дзён «Менская Газэта» апублікавала яе статут, які, акрамя грамадскай апекі і аховы здароўя, даваў БНС права арганізаваць культурную дзейнасць, між іншым, выдаваць кнігі і часопісы.

Іван Ермачэнка быў перакананым прыхільнікам беларуска-нямецкага супрацоўніцтва і карыстаўся даверам і падтрымкай В. Кубэ. У ліпені 1942 г. Кубэ паклікаў яго ў свой штаб як мужа даверу, даручыў яму арганізацыю Беларускай самааховы і, як пісаў шэф паліцыі бяспекі ў Беларусі Эдуард Штраўх, быў намераны прызначыць І. Ермачэнку на пост прэм'ера будучай беларускай дзяржавы 19.

Пазіцыя І. Ермачэнкі абумовіла дзеянні яго нядаўняга супрацоўніка па пражскіх курсах беларусаведы Я. Станкевіча, які каля 20 снежня 1941 г. прыехаў з Варшавы ў Менск. У студзені 1942 г. І. Ермачэнка паклікаў Я. Станкевіча на пасаду свайго намесніка і прызначыў яго кіраўніком Менскага акруговага аддзела БНС. Адначасова ён далучыўся да супрацоўнікаў школьнага Інспектарата, у якім працаваў над падрыхтоўкай падручнікаў і тэрміналогіі. Аднак у выніку канфлікту з БНСаўскім дзеячам Іванам Касяком і Ё. Сівіцам, якога абвінаваціў у стрымліванні выпуску падручнікаў, Станкевіч быў вымушаны пакінуць гэтыя пасады, і толькі заступніцтва Ермачэнкі выратавала яго ад арышту 20.

Аднак канфлікт з Ё. Сівіцам не спыніў клопатаў Я. Станкевіча пра кнігадрукаванне. Сканчаўся першы год акупацыі, а нямецкія ўлады не спяшаліся стварыць выдавецтва. З гэтай прычыны ён вырашыў не чакаць нямецкай ласкі і арганізаваць выпуск кніг у рамках БНС, што дазваляў ейны статут. Як паведамляла прэса, гэтая яго дзейнасць пачалася ў чэрвені 1942 г., вядома, не без ухвалы Ермачэнкі 21.

Першай кнігай, якую выпусціла БНС, была манаграфія Янкі Станкевіча Крыўя-Беларусь у мінуласьці , надрукаваная ў жніўні 1942 г. вялікім накладам у 50 тысяч асобнікаў 22. Раней, ад 12 лістапада 1941 г. да 31 студзеня 1942 г., яна друкавалася ў «Менскай Газэце». Крыўя-Беларусь у мінуласьці не была цалкам новай кнігай, але перапрацаваным і пашыраным аўтарам варыянтам пражскага выдання Курс гісторыі Крывіі-Беларусі , у выніку чаго яна магла быць хутка надрукаваная ў Менску.

Пра выпуск гэтай кнігі шмат пазней Іван Касяк напісаў: «На самым пачатку дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі д-р Ян Станкевіч змог собскімі сродкамі і, ашукваючы немцаў, выдаць друкам у Менску сваю невялікую гістарычную кніжку «Беларусь-Крывія ў мінуласьці». Выказаныя ў ёй погляды аб балтыцкіх уплывах на народ Беларусі выклікалі надзвычайную варожасьць у Гэнэральным камісарыяце Беларусі. Д-р Станкевіч мусіў уцякаць з Менска, каб ухаваць жыцьцё» 23.

Варта разгледзець выказванні І. Касяка. Па-першае, Крыўя-Беларусь у мінуласьці выйшла не на пачатку дзейнасці цывільнай адміністрацыі, але амаль на год пазней, па-другое, была выпушчана на сродкі БНС, а не аўтара, урэшце, па-трэцяе, не магла выклікаць варожасці Генеральнага камісарыята, які ўжо раней дазволіў яе надрукаваць у «Менскай Газэце», у сувязі з чым ніякой патрэбы «ашукваць немцаў» у Станкевіча не было. На гэта паказваюць і выступленні Кубэ, які ахвотна падкрэсліваў этнічныя асаблівасці беларусаў, іх часткова нардычнае паходжанне і г.д. 24

Пасля выпуску сваёй кнігі Крыўя-Беларусь у мінуласьці Станкевіч надалей працаваў у выдавецкім аддзеле БНС. Пад канец жніўня 1942 г. ён выехаў у Вільню, аднак не для «ухавання» жыцця, як лічыў Касяк, а для нагляду над выпускам сваёй чарговай кнігі Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу 25. Яе набор рабіўся лацінскім шрыфтам у віленскай друкарні, і там яна была надрукаваная. Невядома, што паўплывала на выданне гэтай кнігі. У той час, калі ў беларускія школы ўводзілася лацінка, здаецца, больш патрэбны быў пераходны лемантар з кірыліцы на лацінку, а не наадварот.

Выданне абедзвюх кніг Я. Станкевіча сведчыла не толькі пра магчымасці, якія Ермачэнка стварыў свайму сябру. У той час, у другой палове 1942 г., пад яго кіраўніцтвам БНС дасягнула апагея сваіх пачынанняў: была створана ўстанова Мужаў даверу, арганізоўваўся корпус Беларускай самааховы, актывізавалася дзейнасць у галіне школьніцтва, культуры і прапаганды, што побач з грамадскай апекай і аховай здароўя стварала надзею на прызнанне самаўрадавых кампетэнцый Самапомачы.

Інтэгральнай часткай спадзяванняў Ермачэнкі быў праект стварэння на базе БНС кніжнага выдавецтва. З такой мэтай ён запрасіў у выдавецкі аддзел Самапомачы Язэпа Найдзюка, вопытнага друкара і выдаўца беларускіх кніг і часопісаў у даваеннай Вільні. Найдзюк неадкладна заняўся падрыхтоўкай чарговых кніг. Паводле справаздачы кіраўніцтва БНС на сакавіцкі (1943 г.) з'езд яе акруговых кіраўнікоў, да гэтага часу Самапомач надрукавала акрамя дзвюх кніг Станкевіча яшчэ зборнік калядных песень ( Ой, прыйшла каляда. - Ю.Т. ), Страявы вайсковы статут і падрыхтавала да друку пашыраную Найдзюком кніжку В. Ластоўскага Што трэба ведаць кажнаму беларусу , Новы беларускі песеньнік і некалькі календароў 26.

Пададзеныя ў гэтай справаздачы звесткі ствараюць пэўную загадку для бібліёграфа. Справа ў тым, што на вокладках трох кніг: Ой, прыйшла каляда, Страявы вайсковы статут і Што трэба ведаць кажнаму беларусу пазначаны як выдавец не БНС, а новастворанае Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Чаму апрацаваныя ў БНС і надрукаваныя коштам гэтай арганізацыі кнігі не былі выдадзеныя пад яе грыфам?

Так, летам 1942 г. начальства СС і паліцыі выступіла з рэзкай крытыкай палітыкі Кубэ ў Беларусі, які інспіраваў і падтрымоўваў незалежніцкія праекты Ермачэнкі, у прыватнасці, стварэнне Самааховы. Паступова на пачатку 1943 г. сфера дзейнасці БНС была моцна звужана і абмежавана да грамадскай апекі і аховы здароўя. Выдаваць кнігі ёй ужо не дазвалялася. У красавіку 1943 г. Ермачэнка быў адсунуты ад кіраўніцтва і вымушаны пакінуць Беларусь 27.

Такім чынам, пад фірмай БНС былі выдадзеныя ў Менску толькі дзве кнігі Я. Станкевіча. Трэцюю - Беларускі лемантар «Зорка» - выпусцілі, верагодна, напрыканцы 1942 г. дзеячы БНС у Баранавічах 28. Гэтага лемантара нам не давялося ні бачыць, ні знайсці яго бібліяграфічнага апісання. Магчыма, ён быў поўным ці частковым перавыданнем аднайменнага лемантара Аляксандры Смоліч, які ў міжваенныя гады некалькі разоў выпускаўся ў Вільні.

Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі

Пішучы ў «Беларускай Газэце» (15.10.1942) пра вынікі працы школьнага Інспектарата за першы год яго дзейнасці, Я. Найдзюк выказаў спадзяванне на ажыўленне выпуску кніг пасля заснавання Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі (далей ВШПЛМ), якое да гэтага часу, г. зн. да паловы кастрычніка 1942 г., усё яшчэ было ў стане арганізацыі. Першую звестку пра яго заснаванне падала «Беларуская Школа»: выдаўцом першых чатырох нумароў гэтага двухмесячніка быў Інспектарат, а пятага, за верасень-кастрычнік 1942 г. - ВШПЛМ. Аднак пяты нумар «Беларускай Школы» выйшаў са спазненнем на некалькі тыдняў, відаць, у палове лістапада, на што паказвае звестка пра ягоны выпуск, надрукаваная 22 лістапада 1942 г. у «Беларускай Газэце». Такім чынам, заснаванне ВШПЛМ адбылося пад канец кастрычніка або на пачатку лістапада 1942 г.

Кіраўніком ВШПЛМ В. Кубэ назначыў Ё. Сівіцу, які надалей заставаўся шэфам школьнага Інспектарата. Абедзве гэтыя структуры аднолькава падпарадкоўваліся Генеральнаму камісарыяту Беларусі і працавалі пад кіраўніцтвам яго чыноўніка Сівіцы, які да канца акупацыі быў цэнзарам друкаваных кніг. Тэхнічным кіраўніком выдавецтва быў Язэп Найдзюк. У выдавецтве працавалі: прафесар Мікола Байкоў, Антон Лёсік - брат мовазнаўца і педагога Язэпа Лёсіка, Аўген Калубовіч, Язэп Гладкі, бухгалтар, сакратарка і машыністкі. З выдавецтвам супрацоўнічалі Янка Станкевіч, Яўхім Кіпель, Пётр Кісель, кампазітары Аляксей Туранкоў і Мікола Шчаглоў, мастак-графік Анатоль Тычына і іншыя 29.

Выдавецтва месцілася ў доме №13 на Камсамольскай вуліцы, перайменаванай падчас акупацыі на вуліцу Алеся Гаруна. Там жа знаходзіўся Школьны інспектарат і БНС. Людзі, якія займаліся апрацоўкай і выпускам кніг, звычайна рабілі адну і тую справу, і не раз, асабліва праз дзесяцігоддзі, не маглі дакладна акрэсліць для якой «фірмы» яны працавалі - для Інспектарата, БНС ці выдавецтва. Нават Найдзюк, які выдатна ведаў тагачаснае становішча, блытаў выдавецтва з Інспектаратам. Яўхім Кіпель, які з другой паловы 1942 г. працаваў у навуковым аддзеле Інспектарата, пасля вайны пісаў: «… мне не было ясна, куды гэты аддзел належаў адміністрацыйна: уважалася, што аддзел знаходзіўся пры Генэральным Камісарыяце, хоць мясьціўся ён пры Самапомачы, ды ў розных справах адміністрацыйных усё заладжвалася якраз у той Самапомачы» 30.

Першай кнігай, якую напрыканцы 1942 г. выпусціла ВШПЛМ, быў Беларускі лемантар Пятра Кісяля - дырэктара адной з менскіх школ. Яе выданне адлюстроўвала незвычайныя цяжкасці ў навучальным працэсе, калі забаранялася карыстацца савецкімі падручнікамі, а іншых не было. Кісель згадзіўся апрацаваць лемантар, аднак да восені 1942 г. здолеў падрыхтаваць толькі трэцюю яго частку. Усё ж, каб хоць часткова задаволіць патрэбы школ, Інспектарат вырашыў надрукаваць гэтую частку. Яе тэкст раптоўна абрываўся на 32 старонцы, на літары «Д». Выдавецтва не лічыла яго паўнацэнным лемантаром і не называла яго ў спісах сваіх выданняў. Аднак кур'ёзнае выданне 1942 г. адпавядае ўсім бібліяграфічным нормам і таму ўключана ў наш каталог. Агулам ВШПЛМ выдала 24 кнігі, уключна з лацінічным варыянтам Беларускага правапісу Лёсіка. З увагі на невялікую іх колькасць выпуск кожнай кнігі быў свайго роду падзеяй і адзначаўся ў прэсе.

Найбольш пільным іх «летапісцам», так як калісьці ў віленскім «Шляху Моладзі», быў Язэп Найдзюк, які пад сваімі псеўданімамі (З. Бойдацкі, Разглядальнік і іншымі) сістэматычна змяшчаў у «Беларускай Газэце» і «Голасе Вёскі» інфармацыю аб выданнях ВШПЛМ. «Кажная новая беларуская кніжачка, - пісаў ён 6 траўня 1943 г. у «Беларускай Газэце», - нашым часам цешыць ужо самым фактам свайго з'яўлення». Гэтыя яго звесткі дазволілі вызначыць розныя бібліяграфічныя дэталі, якія часам не падаваліся на вокладках кніг, у прыватнасці, удакладніць час іх выпуску. З увагі на кароткую дзейнасць ВШПЛМ сам год выпуску кнігі яшчэ недастатковы для высвятлення выдавецкай працэдуры і яе вынікаў. Праўда, на некаторых кнігах часам падаваўся і месяц выпуску, але такіх кніг было няшмат, і толькі дзякуючы прэсавай інфармацыі можна было ўстанавіць больш дакладны тэрмін выдання, прынамсі, па кварталах. Дарэчы, зборнік Ой, прыйшла каляда быў выдадзены не ў 1942 г., як пададзена на яго вокладцы, а ў студзені 1943 г. (гл. дакументацыя ў каталозе).

Вынікі працы ВШПЛМ, найбольш істотныя для аналізу яго дзейнасці, паказаны ў табліцы 1. Кнігі, выдадзеныя лацінкай, транслітаруюцца кірыліцай, аднак з абазначэннем алфавіту кожнай кнігі сімваламі «К» - кірыліца і «Л» - лацінка. Фактычны выпуск кніг даецца па кварталах. У табліцы не падаецца месца выдання, якім ва ўсіх выпадках быў Менск як сядзіба ВШПЛМ, затое падаецца месца іх надрукавання. Усе бібліяграфічныя дэталі ў поўным выглядзе пададзеныя ў каталозе.

Хаця асноўнай задачай ВШПЛМ быў выпуск літаратуры для патрэб школьніцтва, тэматычны дыяпазон яго выданняў даволі шырокі. Акрамя школьных падручнікаў, яно выпусціла песеннікі, рэпертуарны зборнік, казкі, мастацкую, рэлігійную, вайсковую, навуковую і навукова-папулярную літаратуру.

Пераважную частку выданняў ВШПЛМ складалі арыгінальныя творы беларускіх аўтараў, апрацаваныя ва ўмовах нямецкай акупацыі. Да іх ліку належалі школьныя падручнікі П. Кісяля, А. Лёсіка, Я. Станкевіча і З. Дабрынскай, зборнікі паэзіі і апавяданняў Н. Арсенневай, Т. Лебяды, М. Лясуна, А. Салаўя і Л. Случаніна, а таксама апрацаваны Я. Станкевічам пры ўдзеле А. Адамовіча Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны . Граматыка Б. Тарашкевіча лічылася перавыданнем яе пятага віленскага выпуску, аднак яна была перапрацаваная і дапоўненая А. Лёсікам, К. Шкуцькам і А. Адамовічам згодна з патрабаваннем новага правапісу.

Кніга Я. Найдзюка Беларусь учора і сяньня не была падручнікам для пачатковых школ. Яна мела характар навукова-папулярнай працы, прызначанай для нацыянальнай адукацыі інтэлігенцыі і старэйшай моладзі, у прыватнасці, для вучняў настаўніцкіх семінарыяў. Параўнальна аб'ёмістая кніга (звыш 300 старонак) не рыхтавалася наспех - над ёй аўтар працаваў яшчэ ў Вільні, дзе ў 1940 г. выдаў аднайменную кніжку і ў 1941-1942 гг. закончыў апрацоўку яе новага варыянта, які ад пачатку 1942 г. друкаваўся ў «Голасе Вёскі». Аднак, нягледзячы на сугучнасць загалоўкаў, няма падставы лічыць менскае выданне пашыраным перавыданнем віленскага: аб'ём выдадзенай у 1944 г. кнігі быў у пяць разоў большы, чым віленскага выдання. Па сутнасці, гэта быў цалкам новы твор.

Новымі былі і выданні фальклорных песень Ой, прыйшла каляда, Вясна-красна і Зборнік купальскіх і жніўных песьняў з музычнай гарманізацыяй М. Шчаглова, А. Туранкова і іншых кампазітараў. Некаторыя кнігі, як Зборнік сцэнічных твораў , Выбраныя беларускія народныя казкі і Што трэба ведаць кажнаму беларусу В. Ластоўскага былі перадрукам ранейшых выданняў, прычым апошняя была пашырана Я. Найдзюком.

Больш складаная была кампазіцыя апрацаванага ў 1942 г. прапаведнікам царквы баптыстаў у Беларусі Антонам Кецкам Эвангельскага хрысьціянскага сьпеўніка . Змешчаныя ў ім 142 рэлігійныя гімны былі часткова перадрукаваныя з папраўкамі з даваенных песеннікаў Песьні духоўныя з гарфы сіонскай (Варшава, 1925) і Божая ліра (Вільня, 1930) і часткова новаперакладзены Наталляй Арсенневай з нямецкай мовы. Да перакладной літаратуры таксама адносіўся Страявы вайсковы статут, апрацаваны Віталём Мікулам на загад І. Ермачэнкі для патрэб Самааховы, паліцыі і школьнай моладзі.

Як паказана ў табліцы, з агульнай колькасці 24 кніг, выпушчаных ВШПЛМ, 16 было надрукавана кірыліцай, 7 - лацінкай, а Я. Станкевіча Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю - двума алфавітамі. Яна прызначалася як дапаможнік для ўсходнебеларускіх настаўнікаў, з якіх многія ведалі толькі кірыліцу. Згодна з дырэктывай А. Розенберга, лацінкай друкаваліся пераважна школьныя падручнікі. Астатнія кнігі, як правіла, выдаваліся кірыліцай, а адзіным выняткам былі Выбраныя беларускія народныя казкі , на што, відаць, паўплывалі асабістыя сімпатыі да лацінкі яе складальніка і выдаўца Язэпа Найдзюка.

З розных прычынаў кнігі ВШПЛМ друкаваліся ў розных друкарнях. Паколькі ў Менску былі праблемы з адпаведнымі шрыфтамі і друкарамі, набор лацінічных выданняў пераважна адбываўся ў Вільні і частка іх там друкавалася. Аднак у выніку перагружанасці менскіх друкарняў у Вільню накіроўваліся і некаторыя кірылічныя выданні ВШПЛМ, напрыклад, зборнікі вершаў Т. Лебяды, Н. Арсенневай і Л. Случаніна. Агулам у Менску надрукавана 14 кніг, у Вільні - 8 і адна - у Рызе, дзе працаваў яе аўтар Алесь Салавей. Не высветлена месца друку Эвангельскага хрысьціянскага сьпеўніка .

Кнігі ВШПЛМ выпускаліся адносна вялікімі накладамі. Граматыка Тарашкевіча і кірылічны варыянт Правапісу А. Лёсіка выдадзеныя 100-тысячным накладам кожная кніга, а арыфметычныя задачнікі і лацінічны варыянт Правапісу - па 50 тыс. асобнікаў. Напэўна, не меншы быў агульны наклад Лемантара П. Кісяля - яго другое, стэрэатыпнае выданне 1944 г. выйшла накладам 30 тыс. асобнікаў. Наклад папулярнай гісторыі Беларусі Я. Найдзюка склаў 25 тыс., зборнікаў паэзіі Н. Арсенневай, Л. Случаніна і А. Салаўя - ад 3 да 5 тыс., Страявога вайсковага статута - 10 тыс. і зборніка Ой, прыйшла каляда - 5 тыс. асобнікаў.

Паводле звестак, падаваных на вокладках кніг і ў газетах, цэны выданняў ВШПЛМ былі адносна нізкія. Школьныя падручнікі прадаваліся па 1,00-2,00 маркі, зборнік Т. Лебяды Песьні выгнаньня каштаваў 75 фэнігаў, зборнік вершаў А. Салаўя - 3 маркі, Выбраныя беларускія народныя казкі - 3,50 маркі, Фразэолёгічны слоўнічак Я. Станкевіча - 2 маркі, а найбольш аб'ёмістая кніга Найдзюка Беларусь учора і сяньня - 5 марак. Паводле Я. Найдзюка, кнігі ВШПЛМ пачаткова субсідыяваліся Генеральным камісарыятам, але з часам прыход з іх продажу перавысіў кошты выдання, і выдавецтва стала прыбытковым 31.

Для ацэнкі дзейнасці ВШПЛМ важнае значэнне мае фактар часу выпуску кніг, ад чаго ў вялікай ступені залежалі іх распаўсюджванне і выкарыстанне. Першы школьны падручнік - закончаны Беларускі лемантар Кісяля - быў надрукаваны вясной (хутчэй за ўсё ў траўні 1943 г.), і таму наўрад ці акруговыя і павятовыя школьныя інспектары змаглі яго даставіць у школы перад летнімі вакацыямі. А гэта значыць, што не толькі ў 1941/42 г., але і ў 1942/43 годзе школы працавалі без падручнікаў. Летам 1943 г. выйшаў з друку кірылічны варыянт Беларускага правапісу А. Лёсіка, а ў снежні і на пачатку 1944 г. астатнія падручнікі, але настаўнікі і вучні маглі імі карыстацца ўсяго некалькі месяцаў, бадай, да траўня, калі закончыліся школьныя заняткі. Пазней яны ўжо былі непатрэбныя.

Як паказана ў табліцы 1, 13 кніг, або больш за палову ўсіх выданняў ВШПЛМ, былі надрукаваныя ў апошнія месяцы акупацыі - ад снежня 1943 да чэрвеня 1944 г. Кнігі Н. Арсенневай, Л. Случаніна, казкі і фразеалагічны слоўнічак Я. Станкевіча выйшлі ў траўні-чэрвені 1944 г., і таму толькі нязначная частка іх накладаў магла быць распаўсюджаная да чэрвеньскага наступлення Чырвонай Арміі. Як пісаў Я. Станкевіч у прадмове да другога выдання Слоўнічка, у выніку спешнай эвакуацыі ў Нямеччыну амаль увесь наклад яго кнігі застаўся ў Менску. Такі ж быў лёс і зборніка лірыкі Алеся Салаўя Мае песьні , надрукаванага ў ліпені 1944 г. у Рызе, адкуль толькі частку накладу аўтар змог забраць з сабою ў Берлін 32.

З прычыны эвакуацыі не было закончана выданне некалькіх кніг, падрыхтаваных ВШПЛМ да друку. На пачатку 1944 г. У. Сядура здаў выдавецтву дзве свае працы Беларускі тэатр і Беларускае мастацтва , якія, паводле «Беларускай Газэты» ад 15 сакавіка 1944 г., павінны былі «ў хуткім часе ўбачыць свет». Не была выдадзена п'еса Т. Лебяды Загубленае жыццё , чытанка П. Кісяля і некалькі рэлігійных прац ксяндза Ільдэфонса Бобіча.

Іншыя выдаўцы

У адрозненне ад газет і часопісаў, выданне кніг на абшары Генеральнай акругі Беларусь, як і на іншых тэрыторыях Остланда, не была строга цэнтралізавана і ВШПЛМ не было выключным выдаўцом. Выпускаць кнігі дазвалялася і іншым ўстановам, згуртаванням ці асобам пасля атрымання на тое згоды генеральнага або акруговага камісарыята. Паколькі акупацыйныя ўлады не стваралі прынцыповых перашкод, выданне кнігі па-за ВШПЛМ у значнай меры залежала ад ініцыятывы і творчых магчымасцяў аўтараў і выдаўцоў і, вядома, наяўнасці сродкаў. Аднак такіх выданняў было ўсяго некалькі.

У снежні 1943 г. у Слуцку быў выпушчаны зборнік вершаў мясцовых аўтараў Песьняры Случчыны пад рэдакцыяй Уладзіміра Клішэвіча. У зборніку друкаваліся творы У. Клішэвіча, Л. Случаніна, Я. Золака, А. Крота, В. Блакітнага, Л. Гая і В. Явара. Гэты даволі аб'ёмісты зборнік убачыў свет дзякуючы датацыі Слуцкага акруговага камісарыята. Вясной 1944 г. рэдакцыя часопіса «Новы Шлях» выпусціла сцэнічны гратэск Францішка Аляхновіча Круці, ня круці - трэба памярці .

Пасля забойства 5 сакавіка 1943 г. лідэра беларускіх нацыянал-сацыялістаў Фабіяна Акінчыца яго ідэйныя паплечнікі Уладзіслаў Казлоўскі і Міхась Ганько выдалі ў Менску брашуру Фабіян Акінчыц. Ягонае жыцьцё і думкі . Брашура, напэўна, выйшла на сродкі СБМ, як і апрацаваны пры ўдзеле кампазітара Міколы Шчаглова Юнацкі сьпеўнік, выдадзены на пачатку 1944 г.

Немалую цікавасць выклікае выданне кнігі Смалакурэньне прафесара Калыньша, якая 19.04.1944 г. рэкламавалася ў «Беларускай Газэце». У ёй разглядаліся спосабы карчавання пнёў, тэхналогія вуглепалення, дзёгцекурэння, кансервацыі драўніны і смалакурэння.

Нам не давялося адшукаць гэтую кнігу ці яе бібліяграфічнае апісанне, акрамя пададзеных у каталозе аб'ёму і кошту. Таксама невядома ці Калыньш - гэта сапраўднае прозвішча ці псеўданім. Затое вядома, што падобнымі пытаннямі, у прыватнасці, карчаваннем пнёў і кансервацыяй драўніны, займаўся ў 30-я гады прафесар Варшаўскай палітэхнікі Вацлаў Іваноўскі, які ў 1941-1943 гг. працаваў у Менску 33. Можа, гэты след давядзе будучых даследчыкаў да разгадкі пытання аўтарства і выдання.

Даволі позна занялася выпускам папулярнай сельскагаспадарчай літаратуры рэдакцыя газеты «Голас Вёскі». Як пісаў яе былы рэдактар Яўхім Кіпель, вясной 1944 г. было здадзена ў друк шэсць кніжачак, якія мелі выйсці 25-тысячным накладам кожная 34. Далейшы іх лёс невядомы.

Безвыніковымі былі выдавецкія планы Беларускай цэнтральнай рады. Паводле Р. Астроўскага, яе навуковы аддзел за некалькі месяцаў свайго існавання склаў 21 падручнік для сярэдніх і пачатковых школ і апрацаваў беларуска-нямецкі тэхнічны слоўнік 35. Некаторыя падручнікі мелі быць здадзены ў друк, але ніводзін не ўбачыў свету.

***

Агулам за тры гады акупацыі ў Генеральнай акрузе Беларусь выйшла, не лічачы нямецкіх выданняў (пра якія ніжэй), 50 кніг на беларускай мове. З іх ліку Краёвае выдавецтва «Менск» выпусціла 1 кнігу, ксёндз Глякоўскі - 3, школьны Інспектарат - 14, БНС - 3, ВШПЛМ - 24 і іншыя выдаўцы - 5.

Генеральная акруга Літва

Вялікае значэнне Вільні як нацыянальнага цэнтра Заходняй Беларусі пачало слабець ужо ў 30-х гадах, калі польскія ўлады паступова спынялі дзейнасць беларускіх грамадскіх і культурных арганізацый і выганялі з роднага краю іх актыўных удзельнікаў. Значэнне Вільні яшчэ больш паслабела пасля далучэння восеню 1939 г. заходнебеларускіх абшараў да Савецкай Беларусі і тэрытарыяльнага размежавання БССР і Літвы. Беларуская грамада ў Вільні раптоўна апынулася ў становішчы ледзь не замежнай эмігранцкай групоўкі з абмежаванымі сувязямі з насельніцтвам заходніх абласцей БССР. Да таго, гэтая групоўка пачала прыкметна змяншацца - адны перасяляліся ў Беларусь, іншых савецкія ўлады арыштоўвалі і вывозілі, урэшце некалькі дзесяткаў дзеячаў напярэдадні акупацыі Літвы Чырвонай Арміяй у другой палове чэрвеня 1940 г. выехала з Вільні на абшар нямецкай акупацыі.

Падчас нямецкай акупацыі ў Вільні існаваў адноўлены Беларускі нацыянальны камітэт, працавала беларуская гімназія і настаўніцкая семінарыя, з сакавіка 1942 г. выдаваўся штотыднёвы «Беларускі Голас». Аднак наўрад ці гэтыя мерапрыемствы былі задуманыя як спроба актывізацыі беларускага руху на абшары Літвы. Паводле Язэпа Малецкага, старшыні БНК у 1941-1942 гг., галоўным заданнем камітэта была падборка кадраў для працы ў Беларусі, куды накіравалі некалькі сот чалавек 36. З ліку шматлікіх да вайны ўдзельнікаў кнігавыдавецкага руху ў Вільні засталіся нямногія - ксёндз Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Францішак Аляхновіч і некалькі іншых.

У такіх варунках за тры гады нямецкай акупацыі ў Вільні выйшлі толькі тры беларускія кніжкі, з якіх дзве - Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу і вучнёўскі малітаўнік Вучыся і маліся апрацаваў і выдаў у 1943 і 1944 г. ксёндз Адам Станкевіч. Паводле «Беларускай Газэты» (29.03.1944 г.), да выпуску малітаўніка прычыніліся віленскія беларусы-каталікі, відаць, шляхам аказання грашовай падтрымкі.

Трэцяя кніга - 25-лецьце Беларускае Гімназіі ў Вільні 1919-1944 выйшла стараннем кіраўніцтва гімназіі, юбілей якой святкаваўся ў красавіку 1944 г. У кнізе змяшчаліся друкаваныя кірыліцай і лацінкай тэксты гадунцоў гімназіі ды іншых дзеячаў.

Генеральная акруга Латвія

Больш стабільным чым у Літве было становішча беларускай меншасці ў Латвіі. Праўда, і там культурна-асветная дзейнасць беларускіх арганізацый ужо ў 30-я гады абмяжоўвалася латышскім урадам, а ў 1940/41 г. была цалкам спынена савецкімі ўладамі, аднак гэтыя падзеі не выклікалі такой значнай міграцыі беларускай інтэлігенцыі, як у Вільні. У выніку, ва ўмовах нямецкай акупацыі няцяжка было аднавіць ранейшыя арганізацыйныя структуры.

Важную ролю ў грамадскім жыцці латвійскіх беларусаў адыграў Канстанцін Езавітаў. У жніўні 1941 г. ён узначаліў Беларускі нацыянальны камітэт у Рызе, які кіраваў працай мясцовых камітэтаў ва Ўсходняй Латвіі, галоўным чынам па аднаўленні школ і гурткоў мастацкай самадзейнасці.

Значную ролю адыграў К. Езавітаў і ў аднаўленні кнігавыдавецкай дзейнасці ў Латвіі. Поспех у гэтай справе залежаў не толькі ад дазволу акупацыйных уладаў, але таксама, і то не ў меншай меры, ад наяўнасці сродкаў, пра якія мусіў рупіцца сам выдавец.

З такой мэтай узнікла ідэя стварэння грамадскага выдавецкага фонду, якая ажыццяўлялася арганізаваным парадкам сярод настаўнікаў. Як паведамляла «Раніца» (26.07.1942 г.), першыя пачалі збіраць грошы на выданне падручнікаў і іншых кніг настаўнікі Дзвіншчыны, з якіх кожны прызначыў на выдавецкі фонд адну месячную зарплату. Гэтая акцыя працягвалася і ў наступным годзе, а сабраныя грошы перадаваліся ў распараджэнне К. Езавітава.

Незалежна ад настаўніцкіх складчын, якія, вядома, не маглі забяспечыць выдавецкіх патрэбаў, К. Езавітаў, напэўна, спадзяваўся і на іншыя грашовыя паступленні і на базе сваіх аптымістычных разлікаў развіваў амбітныя планы. Акрамя школьных падручнікаў ён імкнуўся выдаваць кнігі для дзяцей, музычную і навуковую літаратуру, слоўнікі. Працаваў сам і заахвочваў да супрацоўніцтва іншых аўтараў, мастакоў, кампазітараў, наладзіў кантакты з менскімі выдаўцамі Янкам Станкевічам і Язэпам Найдзюком, які ў лютым 1942 г. адведаў яго ў Рызе.

Летам 1942 г. К. Езавітаў сумесна з П. Бруноўскім і П. Масальскім закончылі апрацоўку беларуска-нямецкага слоўніка, які планавалі выдаць у нямецкім выдавецтве ў Рызе 37. У канцы жніўня Я. Станкевіч даслаў яму рукапісы апрацаваных Зоф'яй Дабрынскай падручнікаў - лемантара, чытанкі Наша кляса і выдадзеную ў Празе яе Арытмэтыку з прапановай перавыдання ў Рызе 38. На заклік Езавітава адгукнуліся Аляксей Туранкоў і іншыя менскія кампазітары, а таксама дырэктар гімназіі ў Зілупэ на Люцыншчыне Сяргей Сахараў, які падрыхтаваў да друку зборнік народных твораў. У выдавецкую дзейнасць уключылася і рыжская мастачка родам з Чарнігаўшчыны Аляксандра Бяльцова, якая рыхтавала малюнкі да праектаваных кніжак для дзяцей.

Супрацоўнікаў і матэрыялаў прыбывала, але фінансавыя магчымасці відавочна не адпавядалі аптымістычным спадзяванням К. Езавітава. Таму, кіруючыся камерцыйным разлікам, ён пачаў з музычнай літаратуры, якая ўяўлялася больш прыбытковай, чым школьныя падручнікі.

Пры значным попыце на музычныя творы ў Латвіі і Беларусі планаваныя паступленні з іх продажу павінны былі хутка палепшыць фінансавае становішча выдаўца і паспрыяць рэалізацыі яго праграмы.

На працягу сямі месяцаў - ад лістапада 1942 да траўня 1943 г. - К. Езавітаў выдаў у Рызе 10 паасобных беларускіх народных песень і рамансаў з нотамі ў гарманізацыі кампазітараў: М. Зінчука Палыночак , Т. Самохінай Непагодны вечар , А. Спаскага Астры , А. Туранкова Маладыя гады , Лета , Скрыпка , Вечар , Лявоніха , Слуцкія ткачыхі і У садочку цвітучым , а таксама два зборнікі: М. Мікалаевіча 3 беларускія народныя песьні і А. Туранкова 7 беларускіх рамансаў . Усе творы былі выпушчаныя накладам ад 1000 да 2000 асобнікаў і атрымалі высокую ацэнку рэцэнзентаў А. Карповіча («Новы Шлях», 1943, №18) і М. Шчаглова («Беларуская Газэта», 8.09.1943 г.).

Аднак музычная літаратура не дала спадзяванага прыбытку, у сувязі з чым К. Езавітаў быў вымушаны абмежаваць ранейшыя праекты. У палове 1943 г. быў надрукаваны невялікі Статут Беларускага аб ' яднаньня ў Латвіі і, пасля доўгага чакання, у лістападзе 1943 г. выйшла яго чытанка Беларуская школа , перадрукаваная з даваеннага рыжскага выдання. Урэшце ў траўні 1944 г. выйшла ілюстраваная Аляксандрай Бяльцовай кніжка для дзяцей Камарочак , якая, здаецца, была апошнім выдавецкім здзяйсненнем К. Езавітава.

Некалькі кніг засталося ў рукапісах. Не былі выкарыстаны дасланыя Я. Станкевічам лемантар і чытанка З. Дабрынскай, зборнік народных твораў С. Сахарава, а таксама беларуска-нямецкі слоўнік. Затое планавалася выданне Арытмэтыкі З. Дабрынскай. Летам 1943 г. быў атрыманы дазвол нямецкіх уладаў на выпуск гэтага падручніка, пасля чаго К. Езавітаў здаў яго ў друкарню, але ці з-за нястачы грошай ці з-за іншых прычынаў да канца акупацыі прэса не паведамляла пра яго надрукаванне.

Акрамя К. Езавітава, энтузіястам выдавецкай працы ў Латвіі быў Мікола Панькоў, які ўзначаліў у Дзвінску ініцыятыўную групу па падрыхтоўцы Беларускай Народнай Энцыклапедыі. У ёй планавалася 50-55 тыс. артыкулаў, тысячы здымкаў, малюнкаў, картаў, дыяграм і інш. У залежнасці ад падтрымкі гэтай ініцыятывы творчай інтэлігенцыяй Панькоў спадзяваўся скончыць падрыхтоўку энцыклапедыі не пазней 1944 г. 39 Задума была нерэальная і не магла здзейсніцца.

Беластоцкая акруга

Да нямецкай акупацыі беларускія кнігі ў Беластоку амаль не выдаваліся, сціплыя патрэбы мясцовага насельніцтва пакрываліся пастаўкамі віленскіх, а з восені 1939 г. - менскіх выданняў. Адсутнасць выдавецкай традыцыі і мясцовых творцаў была асноўнай прычынай стагнацыі кнігавыдавецкай справы і падчас акупацыі. Нямецкая адміністрацыя доўгі час яе не стымулявала і абмяжоўвалася выпускам для беларусаў Беластоцкай акругі штотыднёвіка «Новая Дарога» і перыядычных календароў «Гаспадар».

Рухавіком інтэлектуальнага жыцця ў Беластоку быў у той час вядомы паэт і гісторык, віленчук Хведар Ільяшэвіч - старшыня Беларускага аб'яднання і рэдактар «Новай Дарогі». У кастрычніку 1943 г. ён прыцягнуў да супрацоўніцтва прыбылага з Магілёўшчыны паэта Масея Сяднёва, які апрацаваў у Беластоку зборнік успамінаў і артыкулаў пад загалоўкам Ахвяры бальшавізму , а таксама зборнік сваіх вершаў Ад сына твайго, Беларусь . На пачатку 1944 г. Беларускае аб'яднанне рашыла выдаць абедзве кнігі М. Сяднёва і пасля атрымання дазволу ўладаў выслала іх у кёнігсбергскую друкарню.

Як пісаў аўтару М. Сяднёў, абодва зборнікі друкаваліся ў Кёнігсбергу адначасова і ў ліпені 1944 г. ужо былі гатовыя. Аднак падчас бамбавання горада зборнік вершаў згарэў, а Ахвяры бальшавізму цудам ацалелі. Усё ж друкарня не магла выслаць ацалелы наклад Беларускаму аб'яднанню ў Беласток, які ў міжчасе быў заняты Чырвонай Арміяй. Кніга была адпраўлена Беларускаму камітэту самапомачы ў Берлін, дзе неўзабаве апынуўся і яе аўтар 40.

Таксама не здзейсніўся выпуск двух школьных падручнікаў - лемантара і чытанкі для II-III класаў. Адзін з іх апрацаваў інспектар беларускіх школ Беластоцкай акругі Аляксей Грыцук, а другі - іншы настаўнік, праўдападобна, П. Санчык. Абедзве кніжкі на пачатку 1944 г. былі адпраўлены ў кёнігсбергскую друкарню і там згарэлі ў выніку ваенных дзеянняў 41. Такім чынам, рэальны вынік кнігавыдавецкай дзейнасці ў Беластоку абмежаваўся адной кнігай Сяднёва Ахвяры бальшавізму , якая распаўсюджвалася ўжо толькі сярод эмігрантаў у Нямеччыне.

Чамусьці не шанцавала Беластоку. У 1943 г. Беларускае Аб'яднанне планавала выдаць зборнік народных казак Беласточчыны і зборнік беларускіх песень, які рыхтавалі мясцовыя кампазітары З. Арлоў і А. Евец 42. Аднак ніводзін з іх не быў складальнікамі скончаны.

У апошнія месяцы акупацыі Х. Ільяшэвіч разгортваў новыя праекты кнігавыдавецкай дзейнасці ў Беластоку - планаваў выдаць лепшыя творы беларускай літаратуры ў серыі «Беларуская Народная Бібліятэчка», пераклады сусветнай класікі ў серыі «Бібліятэка перакладаў» і іншыя кніжкі 43. Гэтыя праекты перакрэсліла наступленне Чырвонай Арміі. Летам 1944 г. Ільяшэвіч выехаў у Берлін, дзе ажыццяўляў сваю задуму.

Генерал-губернатарства

Заснаваны на пачатку 1940 г. Беларускі камітэт у Варшаве на працягу ўсёй сваёй гісторыі фармальна не займаўся выдавецкай дзейнасцю. Аднак з ініцыятывы камітэта 19 ліпеня 1942 г. было створана пры беларускай праваслаўнай парафіі ў Варшаве Царкоўнае брацтва імя святога Юрыя, якое з апрабацыяй Варшаўскага мітрапаліта Дзіянісія выпускала рэлігійную літаратуру на беларускай мове 44.

У 1942-1943 гг. старшынёй брацтва быў пратаерэй Хведар Барэцкі, настаяцель беларускай праваслаўнай парафіі ў Варшаве, яго намеснікам - доктар Антон Краскоўскі, а сакратаром - Мікола Ждановіч, які адначасова ўваходзіў у склад кіраўніцтва камітэта. Праз Ждановіча камітэт ажыццяўляў фінансавую і іншую дапамогу брацтву ў яго выдавецкіх мерапрыемствах. Акрамя таго, Ждановіч з'яўляўся неафіцыйным рэдактарам выдаванай літаратуры.

Першай кніжкай, выдадзенай брацтвам, стаў надрукаваны ў жніўні 1942 г. Нармальны статут праваслаўных царкоўных брацтваў . Вясной 1943 г. выйшаў вялікім накладам Беларускі праваслаўны малітвеньнік , апрацаваны на падставе даваеннага падручніка С. Паўловіча Першая навука закону божага , а таксама Беларускі праваслаўны патэрык , прысвечаны пытанням гісторыі Праваслаўнай царквы ў Беларусі . Акрамя таго брацтва выпусціла невялікі царкоўны каляндар на 1943 г. Як паведамляла «Раніца» (9.01.1944 г.), брацтва пачало рыхтаваць выпуск другога сшытка Патэрыка , які, аднак, не ўбачыў свету.

З увагі на абмежаваны попыт у Генерал-губернатарстве кіраўніцтва брацтва ў паразуменні з Беларускім камітэтам рашыла значную частку накладу малітвенніка распаўсюдзіць бясплатна сярод беларусаў у Нямеччыне, што і было зроблена на пачатку 1944 г. 45

Нямеччына

Калі да 22 чэрвеня 1941 г. беларускім выдаўцам на тэрыторыі Нямеччыны забаранялася выказваць варожае стаўленне да Савецкага Саюза, то ва ўмовах нямецка-савецкай вайны такое патрабаванне, вядома, ужо не мела сэнсу. Змяніўся тон «Раніцы», але не беларускіх кніжных выданняў, якія, дарэчы, выпускаліся рэдка і на фоне ажыўленай дзейнасці рускіх і ўкраінскіх выдаўцоў былі малапрыкметныя.

Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне толькі ў другой палове 1942 г. пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і яго жонкі Ніны. Стараннем Абрамчыка летам 1942 г. БКС выдаў дзве кнігі - Якуба Коласа Сымон-Музыка і зборнік вершаў Ларысы Геніюш Ад родных ніў . Першая з іх была перадрукам даваеннага віленскага выдання, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў пражскай друкарні «Палітыка» і ў верасні 1942 г. рэкламаваліся на старонках «Раніцы».

Згодна з агульнапрынятым правілам бібліяграфіі месцам выдання кнігі лічыцца сядзіба выдавецтва, а не друкарні. Для прыкладу: ВШПЛМ частку сваіх кніг друкавала ў Вільні, але месцам іх выдання заўсёды лічыўся Менск. Аднак на выдадзеных берлінскім камітэтам кнігах Коласа і Геніюш як месца іх выдання пазначана Прага. Прычына гэтай недакладнасці невядомая. У той час Чэхія была не самастойнай дзяржавай, а пратэктаратам у складзе Нямеччыны, у сувязі з чым абедзве кнігі выйшлі з паметкай Рrіnted in Germany .

Пасля вайны няраз распаўсюджваліся выказванні пра канфіскацыю нямецкімі ўладамі кнігі Я. Коласа Сымон-Музыка , прычынай чаго было знаходжанне аўтара ў СССР. Невядома, у якой ступені гэтыя звесткі адпавядалі сапраўднасці. Пад кантролем нямецкай цэнзуры выйшла не толькі кніга Я. Коласа, але і Беларуская граматыка камуніста Б. Тарашкевіча, а сям-там ставіліся гурткамі мастацкай самадзейнасці п'есы Купалы, які таксама быў эвакуяваны ў СССР. Пра канфіскацыю нічога не было вядома, напрыклад, у варшаўскім беларускім камітэце, які бесперашкодна распаўсюджваў Коласаву кнігу. Урэшце, нельга ігнараваць і паведамлення «Раніцы» ад 9/16.05.1943 г. пра поўны распродаж выдадзеных БКС кніг Я. Коласа і Л. Геніюш.

У кнігавыдавецкай дзейнасці ў Нямеччыне брала ўдзел таксама жонка Міколы Абрамчыка Ніна Ляўковіч-Абрамчык. У 1942/43 г. яна апрацавала і выдала пад грыфам БКС, або яго берлінскага філіяла, пяць рознай велічыні кніг. Усе яны выдаваліся лацінкай, рататарнай тэхнікай з пазнакай «на правох рукапісу».

Першым выданнем гэтай серыі быў невялікі зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў пад загалоўкам Беларусь у песьнях , які, мяркуючы па рэкламных аб'явах «Раніцы», з'явіўся не пазней верасня 1942 г. Неўзабаве была надрукаваная кніга Гісторыя Беларусі ў картах , апрацаваная паводле лекцый, якія ў 1941/42 г. чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусаведы ў Берліне. Кніга ілюстравалася 12 гістарычнымі картамі і малюнкамі Баляслава Барткевіча. Выйшла яна накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася, між іншым, у беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.

Пад канец 1942 г. выйшлі брашура 25 сакавіка і апрацаваны айцом Віктарам Шутовічам зборнік 20 беларускіх калядак пад загалоўкам Калядныя песьні . Выдавецкую серыю Ніны Абрамчык закончыў апрацаваны ёю і выдадзены вясной 1943 г. зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак Пад гоман вясёлы .

Пад канец лістапада ці на пачатку снежня 1943 г. Абрамчыкі выехалі ў Парыж, аднак да таго часу не праяўлялі ў Берліне новых выдавецкіх ініцыятыў. Магчыма, на гэта паўплываў слабы попыт на рататарныя выданні лацінскім алфавітам, якія залежваліся і цэлыя два гады не сыходзілі з рэкламных аб'яваў «Раніцы».

Апошнім выданнем БКС быў перадрукаваны з «Беларускай Газэты» Тэстамэнт Уладзіміра Жылкі. Ён выйшаў у палове 1944 г., у выніку старанняў Антона Адамовіча, які высока цаніў гэты твор. З агульнай колькасці 8 выданняў БКС толькі зборнік вершаў Ларысы Геніюш быў новаапрацаванай кнігай, а ўсе астатнія - перадрукам раней апублікаваных твораў.

Акрамя Берліна беларускія кніжкі выдаваліся ў Празе. У першай палове 1942 г. стараннем Янкі Станкевіча пражскі філіял БКС выпусціў Арытмэтыку З. Дабрынскай, а ў 1943 г. Васіль Русак выдаў ці перавыдаў свой зборнік Беларускія (крывіцкія) песьні .

Выдавецкая дзейнасць у Берліне ажывілася ў другой палове 1944 г. У канцы ліпеня сюды прыбыў з Беластока былы рэдактар «Новай Дарогі» Хведар Ільяшэвіч, які працаваў у рэдакцыі «Раніцы» і, нягледзячы на мізэрныя перспектывы, спрабаваў рэалізаваць свае выдавецкія праекты. Фактычна, Чырвоная Армія, што спынілася ўлетку на 1944 г. на Вісле, набіраючы сілы для канчатковага наступлення, дала яму на тое некалькі месяцаў часу.

Гэты час Х. Ільяшэвіч скарыстаў для выпуску сямі кніжак у серыі «Народная бібліятэчка»: Ю. Віцьбіча Нацыянальныя сьвятыні і Вяліскія паўстанцы , Гэньдзікаўскія змагары , У. Глыбіннага Смаленшчына - адвечная беларуская зямля , А. Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса , Л. Радзіміча Адам і Ева , Чабор , М. Шчаглова Беларуская музычная культура, а таксама зборнік Дудар , у які ўвайшлі апавяданні В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, А. Савіцкай, Ядвігіна Ш., А. Падгорнага і С. Палескага.

Шэсць першых кніг былі надрукаваны на газетнай паперы, яны мелі аднолькавы фармат і аб'ём (31-32 старонкі). Гэта дазваляе меркаваць, што яны выйшлі як дадатак да «Раніцы». Сёмая кніга Дудар выйшла ў той самай серыі «Народная бібліятэчка», але з паметкай Vineta , відавочна, яна была апрацаваная ў беларускім аддзеле гэтага выдавецтва, які да снежня 1944 г. існаваў у рамках берлінскага міністэрства прапаганды. Дудар выйшаў прыкладна ў тым самым фармаце, што і папярэднія кнігі гэтай серыі, але ва ўдвая большым аб'ёме. Яго выпусціла дзяржаўнае выдавецтва іншамоўнай літаратуры.

Таксама ў другой палове 1944 г. у Берліне была заснавана невядомым выдаўцом іншая серыя - «Бібліятэчка каліноўцаў», у рамках якой выйшла толькі адна кніга - трэцяе, пашыранае Я. Найдзюком выданне В. Ластоўскага Што трэба ведаць кажнаму беларусу . Хутчэй за ўсё і яна была выдадзена як дадатак да «Раніцы».

Летам 1944 г. пасля адступлення з акупаваных тэрыторыяў СССР нямецкія ўлады паступова абмяжоўвалі прапагандысцкую ролю «Вінэты». Урэшце 1 снежня яе беларускі аддзел быў падпарадкаваны Беларускай цэнтральнай радзе ў Берліне і працягваў дзейнічаць як Беларускае інфармацыйнае бюро (БІБ).

У снежні 1944 г. БІБ выпусціла апрацаваную яшчэ ў жніўні брашуру К. Езавітава Беларуская Цэнтральная Рада адзіны правамоцны прадстаўнік беларускага народу і планавала выданне выступлення М. Шкялёнка на Другім усебеларускім кангрэсе ў Менску ў якасці брашуры пад загалоўкам Беларускі народ уневажняе бяспраўныя пастановы , а таксама іншую брашуру К. Езавітава Усебеларускі кангрэс . Паводле інфармацыі айца А. Надсана, дырэктара Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, быў зроблены друкарскі набор брашур і змакетаваны адбіткі для карэктуры, але наўрад ці паспелі іх надрукаваць. З-за гэтага абедзве брашуры БІБ у наш каталог не ўключаны.

Таксама як у Менску, Рызе, Беластоку і Варшаве некаторыя кнігі, падрыхтаваныя да друку ў Берліне, не ўбачылі свету па прычыне ваенных дзеянняў. Летам 1944 г. П. Бакач закончыў апрацоўку нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры, якія ў хуткім часе меліся быць надрукаваныя на беларускай і нямецкай мовах 46. Пакуль што невядома пра лёс гэтай кнігі - ці яна загінула ў вогненным Берліне, ці захаваўся недзе яе рукапіс. Пад канец 1944 г. згарэў у берлінскай друкарні зборнік беларускіх народных песень і ўласных музычных твораў М. Равенскага 47. Такі ж лёс спаткаў і кнігу Я. Кіпеля Беларусы ў савецкіх канцлягерох , якая была падрыхтавана да выдання ў «Вінэце» і ў лютым 1945 г. загінула падчас бамбардавання Берліна 48.

Не ўсё, аднак, знішчалі саюзніцкія бомбы, прыкладам чаго быў лёс Нямецка-беларускага слоўніка (27 тыс. слоў), апрацаванага Аляксандрам Калошам, Васілём Камароўскім і Янам Пятроўскім. Пасля падпісання з выдавецтвам Bernard und Graefe дамовы на яго выданне 10 снежня 1942 г. складальнікі перадалі выдавецтву рукапіс, атрымалі прадбачаную дагаворам частку ганарару і пачалі распаўсюджваць у прэсе паведамленне пра яго хуткі выпуск. Пра гэта пісалі не толькі «Беларуская Газэта» (16.01.1943) і «Новая Дарога» (7.02.1943), але нават пскоўская «За родину» (2.02.1943). Паведамляўся нават тэрмін выпуску - пачатак сакавіка 1943 г.

Тым часам складальнікі чакалі карэктуры і рыхтавалі другую частку - Беларуска-нямецкі слоўнік . Аднак у лютым 1943 г. выдавецтва адмовілася надрукаваць слоўнік. На запытанне аўтара Я. Пятроўскі не выявіў прычыну рашэння выдавецтва 49. Не выявіў яе адкрыта ён і ў сваіх Мэмуарах , аднак змешчаная ў іх крытыка паводзін суаўтараў А. Калошы і В. Камароўскага і іх мовазнаўчых кваліфікацый дазваляе меркаваць, што гэтай прычынай была марная якасць аўтарскага матэрыялу 50.

Відаць, падобнай была якасць апрацаванага ў 1942 г. вялікага зборніка публіцыстыкі У. Глыбіннага Жыве Беларусь . Аўтар прапаноўваў яго бадай усім беларускім выдаўцам, але ні яго захады, ні шумны патрыятычны загаловак не выклікалі іх зацікаўлення. Як выявіла Лена Глагоўская, зборнік У. Глыбіннага закончыў сваю вандроўку ў аддзеле рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі ў Вільні.

Нямецкія беларускамоўныя выданні

Амаль пятую частку ўсіх выданняў, выпушчаных у гадах II сусветнай вайны на беларускай мове, складалі кнігі і брашуры, выдадзеныя нямецкімі выдаўцамі. Агулам выяўлена 19 тытулаў, з якіх 17 захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У каталозе не ўлічаны выдадзены ў лютым 1944 г. нямецкім выдавецтвам Франка ў Рызе Нямецка-руска-беларуска-польскі ілюстраваны слоўнік , прызначаны для нямецкіх вайскоўцаў. Агульная колькасць беларускамоўных нямецкіх выданняў, напэўна, была большая, і можна спадзявацца, што некаторыя з іх будуць выяўлены ў будучыні.

З ліку нямецкіх выданняў толькі нямногія мелі практычны прыкладны характар. Да іх адносяцца выдадзены ў 1942 г. паштовым упраўленнем Сьпіс абанентаў Менскай аўтаматычнай тэлефоннай сеткі і Кароткая інструкцыя Цэнтральнага гандлёвага таварыства «Усход» . Да гэтай катэгорыі выданняў можна яшчэ залічыць апрацаваны Гансам Лёе невялікі Нямецка-беларускі слоўнік (Берлін, 1944), які прызначаўся для нямецкіх службоўцаў, але маглі ім карыстацца і беларусы.

Аднак пераважную частку нямецкіх выданняў складалі папулярныя брашуры, якія прызначаліся для палітычнай прапаганды і дыскрэдытацыі савецкага рэжыму, апафеозу нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны і яе правадыра Адольфа Гітлера, схілення насельніцтва акупаваных усходніх абшараў да супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.

На вокладках 13 прапагандысцкіх брашур (гл. каталог, № 105-117), акрамя загалоўкаў і зрэдку аўтараў, не падаваліся ніякія бібліяграфічныя дэталі, у прыватнасці, месца і год выпуску, выдавецтва і месца надрукавання, неабходныя для ідэнтыфікацыі іх паходжання. Усё ж адна акалічнасць дае такую магчымасць: прапагандысцкія брашуры выдаваліся на некалькіх мовах народаў акупаваных тэрыторыяў СССР (аўтару вядомы беларускі, рускі і літоўскі варыянты брашуры Гітлер і дзеці ), прычым не бралася пад увагу нацыянальная спецыфіка адрасатаў выдання. А гэта значыць, што іх выдаўцом былі не прапагандысцкія службы ў Менску, але цэнтральная арганізацыя ў Берліне. Такой арганізацыяй была «Вінэта» - спецыялізаванае выдавецтва, створанае ў 1941 г. у рамках міністэрства прапаганды. У «Вінэце» дзейнічаў таксама беларускі аддзел, у якім пад кіраўніцтвам Яна Пятроўскага працавала група беларускіх перакладчыкаў.

Іншай установай, якая імкнулася разгарнуць выпуск прапагандысцкіх беларускамоўных брашур, было прэсавае выдавецтва Генеральнага камісарыята ў Менску. Асноўнай сферай яго дзейнасці сталі перыядычныя выданні - газеты, часопісы, календары, а таксама радыёвяшчанне і плакаты, аднак з восені 1942 г. выдавецтва пачало рыхтаваць серыю брашур пад грыфам «Новая пара». 15 красавіка 1943 г. «Беларуская Газэта» паведаміла пра выпуск першага сшытка серыі пад загалоўкам Праваднік для жадаючых адбудовы Беларусі , які быў прысвечаны прапагандзе ідэі Новай Еўропы і супрацоўніцтва яе народаў. Аднак пра выпуск наступных сшыткаў прэса больш не паведамляла. Магчыма, на першым сшытку і закончылася планаваная серыя.

Прапагандысцкі характар мела і невялікая кніга П. Штыра Слова да маладых людзей , выдадзеная ў палове 1944 г. міністэрствам акупаваных усходніх абшараў. Яна прызначалася беларускай моладзі, якая вясной 1944 г. апынулася ў Нямеччыне, і заклікала яе да працы і змагання за ідэалы Новай Еўропы.

6 Жумарь С. Оккупационная печать на территории Беларуси в годы Великой отечественной войны . Минск, 1999. С. 20.

7 Кубэ В. Ліст да А. Розенберга ад 17.09. 1941. Архіў актаў новых у Варшаве, александрыйскія мікрафільмы. Т-454, ролік 21/668.

8 Жумарь С. Цыт. праца. С. 21

9 А.М. (Апанас Мартос) Матэр'ялы да гісторыі Праваслаўнае Беларускае Царквы (Перыяд савецкай і нямецкай акупацыі Беларусі). Нямеччына, 1948. С. 135-136.

10 Туронак Ю. Трагізм і загадкавасьць лёсаў. Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Мінску. Наша вера. 1996. №1 (2).

11 Міністэрства акупаваных усходніх абшараў. Дырэктыва для рэйхскамісараў Остланд і Украіна ад 12.12.1941, Архіў актаў новых у Варшаве. Александрыйскія мікрафільмы. Т-454, ролік 20/871.

12 Найдзюк Я. Ліст да аўтара ад 18.09. 1979 (архіў аўтара).

13 Беларуская газэта. 15 кастрычніка 1942.

14 Раніца. 22 сакавіка 1943.

15 Міністэрства акупаваных усходніх абшараў. Дырэктыва для рэйхскамісараў Остланд і Украіна ад 8.03.1942. Архіў актаў новых у Варшаве. Александрыйскія мікрафільмы. Т-454, ролік 20/907.

16 Беларуская школа, студзень 1942, №1.

17 Тамсама, верасень-кастрычнік 1942, №5.

18 Жумарь С. Цыт. праца. С. 223.

19 Даклад Э. Штраўха ад 25.07.1943. «Vierteljahreshefte für Zeitgeschichte». 1956. Heft 1. S. 81-82.

20 Справаздача «Евы» (Зоф'і Дабрынскай) з падарожжа ў Менск у ліпені 1942 г. Архіў актаў новых у Варшаве. Фонд Дэлегатуры ўрада, 203/VII-45, с. 23.

21 Раніца. 10 студзеня 1943.

22 Лісты Я. Станкевіча да К. Езавітава ад 19.07. і 31.08.1942 // Спадчына. 1999. №5-6.

23 Найдзюк Я. і Касяк І. Беларусь учора і сяньня . Менск, 1993. С. 284.

24 Беларускі народны каляндар на 1944 г. Менск, 1944. С. 94.

25 Бессэнсоўныя выказванні Касяка пра кнігу Станкевіча адлюстроўвалі яго стаўленне да тагачасных дзеячаў каталіцкага паходжання, якіх ён падазраваў у скрытай прапольскай дзейнасці. Не маючы іншых магчымасцяў, Касяк складаў менскаму СД надуманыя даносы на Я. Станкевіча, В. Іваноўскага, Я. Найдзюка і іншых. Гэтая справа разглядалася ў 1946 г. падчас выбараў у Беларускі нацыянальны камітэт у Нямеччыне, калі Я. Станкевіч адмовіўся супрацоўнічаць з Касяком за ягоныя даносы на Іваноўскага; у чым, пасля сведчання былога перакладчыка ў Менскім СД Віктара Чабатарэвіча, Касяк быў вымушаны прызнацца (гл. Л. Галяк. Успаміны. Частка другая. ЗША, 1983. С. 62). На сваё апраўданне Касяк пазней напісаў, што беларусы змагаліся з польскай акцыяй «тымі сродкамі, якія былі даступныя» (гл. І. Касяк. З гісторыі Праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью Ёрк, 1956. С. 121.)

26 Беларуская Газэта. 18 сакавіка 1943.

27 Пра перадумовы канфлікту Кубэ і СС, які паўплываў на справу БНС і Ермачэнкі, гл. шырэй у працы Ю. Туронка Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 114-149.

28 Голас Вёскі. 11 лютага 1943.

29 Найдзюк Я. Ліст да аўтара ад 18.09. 1979 (архіў аўтара).

30 Кіпель Я. Эпізоды. Нью Ёрк, 1998. С. 212.

31 Паводле інфармацыі Я. Найдзюка з 1980 г. - Ю.Т.

32 Пра гэтыя перыпетыі А. Салаўя гл. Антон Адамовіч. Жыцьцё й паэтычная спадчына Алеся Салаўя ў кнізе Нятускная краса . Алесь Салавей. Збор твораў. Нью Ёрк - Мэльбурн, 1982. С. 307-311.

33 Turonek J. Wac ł aw Iwanowski i odrodzenie Bia ł orusi . Warszawa, 1992. S. 92.

34 Кіпель Я. Цыт. праца. С. 222.

35Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Выданьне БЦР. Мюнхэн, 1954. С. 24-25.

36 Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Таронта, 1976. С. 54.

37 Раніца, 26 студзеня 1942.

38 Станкевіч Я. Лісты да К. Езавітава ад 19.07. і 31.08. 1942. Спадчына, 1999. №5-6.

39 Новая Дарога. 5 верасня 1943.

40 Сяднёў М. Ліст да аўтара ад 2.10.1995 (архіў аўтара).

41 Relacja Aleksandra Hrycuka… // Białoruskie Zeszyty historyczne». 1999, №11. С. 228-234.

42 Новая Дарога. 25 ліпеня 1943.

43 Жумарь С. Цыт. праца. С. 40.

44 Раніца. 19 ліпеня і 4 кастрычніка 1942.

45 Раніца. 21 лістапада 1943 і 22 студзеня 1944.

46 Раніца, 6 жніўня 1944.

47 Равенскі М. Аўтабіяграфія // Спадчына. 2000. №4. С. 208.

48 Кіпель Я. Цыт. праца. С. 231.

49 Пятроўскі Я. Ліст да аўтара ад 20.08. 1986 (архіў аўтара).

50 Пятроўскі Я . Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905-1945). Кніга першая. Слуцак-Гэйнсвіль, 1988. С. 320-321.

2. Алфавітны каталог кніг і брашур

Тлустым шрыфтам пазначаныя ў каталозе прозвішчы ці псеўданімы (крыптанімы) аўтараў і поўныя загалоўкі кніг і брашур згодна з арыгінальным правапісам і алфавітам выдання.

У канцы каталога асобна пададзены спіс нямецкіх прапагандысцкіх брашур, на якіх адсутнічаюць асноўныя бібліяграфічныя дэталі.

1. АЛЯХНОВІЧ ФРАНЦІШАК. Круці, ня круці - трэба памярці. Сцэнічны гротэск у шасьцёх абразкох з пралёгам. Менск, выданне часопіса «Новы Шлях», 1944, 79 с., фармат 11Ч15 см. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 31.05.1944.

2. АРСЕНЬНЕВА НАТАЛЬЛЯ. Сягоньня. Вершы 1941-1943. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня «Аўшра» ў Вільні, 1944, 127 с., фармат 14Ч20 см, наклад 5000 асобнікаў, цана РМ 5,00. Месца захавання - НББ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 31.05.1944 («гэтымі днямі выйшла»). Рэцэнзіі: Г. Альгердзіч. Беларускага слова жніво, «Раніца», 30.07.1944; М. Дальны, На новай хвалі, «Новая Дарога», 28.05.1944; М. Лагода, «Сягоньня», «Пагоня», 31.05.1944; А. Палявы, Сардэчны накіп, «Газэта Случчыны», 4.06.1944.

3. БАКАЧ П. Падручнік нямецкага языка для Беларусаў. Берлін, выдавецтва Бернард і Грэфэ, 1941, 357 с., фармат 11Ч17 см. Месца захавання - Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве. Загаловак таксама па-нямецку: Ваkatsch P. Lehrbuch der deutschen Sprache für Weissruthenen.

Інф.: «Раніца», 30.05.1941.

4. БЕЛАРУСКІ ЛЕМАНТАР «Зорка» [Выданне БНС у Баранавічах, 1942].

Інф.: «Голас Вёскі», 11.02.1943.

5. БЕЛАРУСКІ праваслаўны малітвеньнік. З багаслаўленьня Блажэньнейшага Дзянісія Мітрапаліта Варшаўскага. Варшава, выданне Беларускага Царкоўнага Брацтва ім. Сьвятога Юрага ў Варшаве, друк Праваслаўнай Мітрапалітальнай Друкарні ў Варшаве, 1943, 15 с., фармат 12Ч16 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 14.03.1943.

6. БЕЛАРУСКІ праваслаўны патэрык. Першы сшыток. З багаслаўленьня Блажэньнейшага Дзянісія Мітрапаліта Варшаўскага. Варшава, выдана коштам Беларускага Царкоўнага Брацтва ім. Сьвятога Юрага ў Варшаве, друк Праваслаўнай Мітрапалітальнай Друкарні ў Варшаве, 1943, 24 с., фармат 15Ч24 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 14.03.1943.

7. БЕЛАРУСКІЯ (крывіцкія) песьні для соля, дуэту, квартэту з акампанімэнтам фортэпяна і 4 народныя танцы. Прага, выданне В. Русака, 1943, 65 с.

Інф.: «Раніца», 16.01.1944.

8. BIEŁARUŚ u pieśniach. Zborni č ak patryjaty č naj paezji . Берлін, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, рататар, 1942, 40 с., фармат 15Ч21 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 20.08.1942.

9. ВЕРАС ЎСЕВАЛАД. Як створым нашую сілу. Б.м., б.г. [Берлін, 1941], рататар, 12 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

10. ВЕРЕС Ў. Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою. Б.м., б.г. [Берлін, 1941], рататар, 20 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - НАРБ, калекцыя аўтара.

11. ВІЦЬБІЧ ЮРКА. Нацыянальныя сьвятыні. Мастацкія нарысы. Берлін, «Народная Бібліятэчка № 1», 1944, 31 с., фармат 11Ч15,5 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 17.12.1944.

12. ВІЦЬБІЧ ЮРКА . Вяліскія паўстанцы . Гэньдзікаўскія змагары . Берлін, «Народная Бібліятэчка № 4», 32 с., фармат 11Ч14 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 17.12.1944.

13. VUČYSIA I MALISIA. Malita ч ničak vučnia-katalika Vilenskaj Biełaruskaj Himnazii i Vilenskaj Vučycielskaj Seminaryi. Улажыў кс. Адам Станкевіч. Вільня, друкарня «Patria», 1944, 96 с., фармат 8Ч12 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Беларуская Газэта», 29.03.1944.

14. VYBRANYJA biełaruskija narodnyja kazki. Knižka dla dziaciej i moładzi. Vybra ч Jazep Najdziuk. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня ў Вільні, 1944, 96 с., фармат 15Ч21 см, цана РМ 3,50. Месца захавання - НББ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 10.06.1944 («гэтымі днямі выйшла»).

15. ВЯСНА-КРАСНА. Зборнічак веснавых беларускіх песьняў. Сабраў і падрыхтаваў да друку Я. Найдзюк, гарманізацыя М. Шчаглова і іншых кампазітараў. Менск, выданне ВШПЛМ, друк МВДТ, 1943, 16 с., фармат 14Ч20,5 см. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 6.05.1943.

16. ГЕНІЮШ ЛАРЫСА. Ад родных ніў. Вершы. Прага, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, друкарня «Палітыка» ў Празе, 1942, 152 с., фармат 15Ч21 см, цана РМ 2,30. Месца захавання - калекцыя Баляслава Манкевіча ў Варшаве.

Інф.: «Раніца», 20.09.1942, рэцэнзіі: М. Дальны. Пад чужым небам, «Новая Дарога», 27.09.1942 і С.Т. Пясьнярка на чужыне, «Раніца», 4.10.1942.

17. HISTORYJA Biełarusi ч kartach. Pavodle lekcyj čytanych ing. M. Abramčykam na kursach biełarusaviedy u Berlinie 1941-42 h. Апрацавала Ніна Абрамчык. Берлін, выданне Берлінскага аддзела Беларускага камітэта Самапомачы ў Нямеччыне, на правах рукапісу, рататар, 1942, 62 с., фармат 21Ч29 см, наклад 3500 ас., цана РМ 2,70. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 6.12.1942.

18. ГЛЫБІННЫ У . Смаленшчына - адвечная беларуская зямля беларускага народу . Гістарычны нарыс . Берлін, «Народная Бібліятэчка № 2», 1944, 32 с., фармат 11Ч14 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - НАРБ.

Інф.: «Раніца», 17.12.1944.

19. ДАБРЫНСКАЯ ЗОФІЯ . Арытмэтыка . Ад вучэньня ў школе й дома . Для 3 аддзела. Прага, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Празе, друкарня «Палітыка», 1942, 84 с., фармат 14,5Ч22 см, наклад 2500 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - НББ, Славянская бібліятэка ў Празе.

Інф.: Лісты Я. Станкевіча да К. Езавітава ад 19.07 і 31.08.1942, «Спадчына», 1999 № 5-6.

20. DABRYNSKAJA Z., ZAVUŚCINSKI M. Zbornik arytmetyčnych zadača ч i prykładau na II kłasu narodnaje škoły. Менск, выданне БШПЛМ, друкавалася ў Вільні, 1943, 104 с., фармат 15Ч21 см, наклад 50000 ас., цана РМ 2,00. Месца захавання - НАРБ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 19.01.1944 («выйшаў у снежні 1943 г.).

21. DABRYNSKAJA Z., ŠYRYNSKI P. Zbornik arytmetyčnych zadača u i prykłada u na I klasu narodnaje škoły. Менск, выданне ВШПЛМ, друк у Вільні, 1943, 88 с., фармат 15Ч21 см, наклад 50000 ас., цана РМ 2,00. Месца захавання - НАРБ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 19.01.1944 («выйшаў у снежні 1943»).

22. 25-ЛЕЦЬЦЕ Беларускае Гімназіі ў Вільні 1919-1944. Вільня, выданне Беларускае Гімназіі ў Вільні, 1944, 46 с., фармат 14Ч19 см. Тэкст кірыліцай і лацінкай. Месца захавання - НАРБ.

23. 25 SAKAVIKA. Берлін, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, рататар, 1942, 9 с., фармат 21Ч29 см, цана РМ 0,5. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 6.12.1942.

24. ДУДАР і іншыя апавяданьні . Берлін, выданне Фрэмдшпрахэн-Фэрляг, «Беларуская Народная Бібліятэчка Vineta, том 7» [1944], 63 с., фармат 10,5Ч14,5 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

26. ЕЗАВІТАЎ К. Беларуская Цэнтральная Рада адзіны правамоцны прадстаўнік беларускага народу. Берлін, выданне Беларускага інфармацыйнага бюро, друк, 1944, 12 с., фармат 13Ч20 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

25. ЕЗАВІТАЎ К. Беларуская школа. Першая чытанка пасьля лемантара. Выд. трэцяе. Рыга, выданне К. Езавітава, Трэцяя рыжская друкарня, 1943 лістапад, 160 с., фармат 15Ч20 см, наклад 3000 ас., цана РМ 3,00. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 9.01.1944.

27. ЕРМАЧЭНКО Я. Пранцы (сыфіліс). Прага, Беларускае выдавецтва Яна Ермачэнкі, рататар, «Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы», 1941, 10 с. Месца захавання - Славянская бібліятэка ў Празе.

28. ЖЫЛКА УЛАДЗІМЕР. Тэстамэнт. Берлін, выданне Берлінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы, рататар, 1944, 21 с., фармат 13Ч20 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 23.07.1944.

29 . ЗБОРНІК купальскіх і жніўных беларускіх песьняў . Апрацоўка М. Шчаглова і А. Туранкова. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня МВДТ, 1943, 36 с., фармат 14,5Ч20 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Беларуская Газэта», 17.07.1943 («днямі выйшаў»).

30. ЗБОРНІК сцэнічных твораў (Пінская шляхта, Модны шляхцюк, Чорт і баба, Зьбянтэжаны Саўка, Мікітаў лапаць, Міхалка). Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня МВДТ, 1943, 80 с., фармат 15Ч20 см. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Голас Вёскі», 22.07.1943 («выдадзены ў ліпені 1943 г.»).

31. ЗІНЧУК М. Палыночак. Беларуская народная песьня для высокага голасу. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1942, лістапад, 4 с., фармат 20Ч27 см, наклад 2000 ас., цана РМ 0,80. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Раніца», 7.02.1943.

32. ІНСТРУКЦЫЯ аб правядзеньні пераводаў з клясы ў клясу і аб выпускных зкзаменах у народных беларускіх школах. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, друкарня МВДТ, [1942], 7 с., фармат 14,5Ч21 см. Месца захавання - НББ.

33. КАЛЫНЬШ. Смалакурэньне. 240 с., [1944], цана РМ 11,60.

Інф.: «Беларуская Газэта», 19.04.1944.

34. KALADNYJA pieśni. Апрацаваў а. В. Шутовіч. Берлін, выданне Берлінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, рататар, (1942), 19 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

35. КАМАРОЧАК. Беларуская народная песьня. Выданне К. Езавітава, малюнкі А. Бяльцовай, Рыга, 1944.

Інф.: «Беларуская Газэта», 20.05.1944.

36. КАРОТКАЯ інструкцыя па выкананьню рахунковага пляну бухгальтарскага вучоту канторамі і прадпрыемствамі Цэнтральнага гандлёвага таварыства для усходу. Менск, выданне Цэнтральнага гандлёвага таварыства «Усход», 1942, 48 с. Месца захавання - НАРБ.

37. KAROTKI malitaunik dla biełarusau-katalikou. Не пазначаныя месца і год выдання, выдавец і друкарня [Менск, 1941, кс. др. Станіслаў Глякоўскі, друкарня Менскай гарадской управы], 14 с., фармат 10Ч14 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Менская Газэта», 7.12.1941.

38. КАРОТКІ малітаўнік для беларусаў-каталікоў. Не пазначаныя месца і год выдання, выдавец і друкарня. [Менск, 1941, кс. др. Станіслаў Глякоўскі, друкарня Менскай гарадской управы], 14 с. Месца захавання - калекцыя Антона Шукелойця, Нью-Ёрк.

Інф.: «Менская Газэта», 7.12.1941.

39. KISIEL P . Bie ł aruski lemantar . Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня «Minsker Zeitung», 1942, 32 с., фармат 13,5Ч20,5 см. Месца захавання - Бібліятэка Акадэміі Навук Літвы ў Вільні.

40. KISIEL P . Bie ł aruski lemantar . Менск, выданне ВШПЛМ, 1943, 96 с.

Інф.: «Беларуская Газэта», 9.06.1943, рэцэнзія П. Санчыка, «Новая Дарога», 3.10.1943.

41. KISIEL P . Bie ł aruski lemantar . Выданне другое стэрэатыпнае. Менск, выданне ВШПЛМ, 1943, 96 с., наклад 30000 ас., цана РМ 1,50.

Інф.: «Голас Вёскі», 25.02.1944 («гэтымі днямі выйшаў з друку»).

42. КОЛАС ЯКУБ. Сымон Музыка. Поэма. Прага, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, друкарня «Палітыка» ў Празе, 1942, 212 с., фармат 15Ч21 см.

Інф.: «Раніца», 6.09.1942, тамсама рэцэнзія Р. Максімовіча.

43. ЛАСТОЎСКІ В. Што трэба ведаць кажнаму беларусу. Выданне другое, пашырыў Я. Найдзюк. Менск, выданне ВШДПМ, друкарня МВДТ, 1943, 31 с., фармат 11Ч17 см. Месца захавання - НАРБ, НББ.

Інф.: «Голас Вёскі», 16.05.1943.

44. ЛАСТОЎСКІ В. Што трэба ведаць кажнаму беларусу. Выданне трэцяе, пашырыў Я. Найдзюк. Берлін, друкарня «Бібліятэчка Каліноўцаў», 1944, 32 с., фармат 12Ч16 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 17.12.1944.

45. ЛЕБЯДА ТОДАР . Песьні выгнаньня . Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня «Аўшра» ў Вільні, 1944, 32 с., фармат 11Ч14 см, наклад 5000 ас., цана РМ 0,75. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Беларуская Газэта», 22.03.1944.

46. ЛЕМАН ОТТО. Нямецкія салдаты. Што трэба ведаць аб нямецкіх варужных сілах. Берлін, выдавецтва «Die Wehrmacht», 1939, 44 с., фармат 14Ч20 см. Месца захавання - НАРБ.

47. ЛЁЕ ГАНС. Нямецка-беларускі слоўнік. Берлін, выданне Buchdruckerei Gerb. Radetzki , 1944, 50 с.

Інф.: «Раніца», 9.04.1944.

48. ЛЁСІК АНТОН. Беларускі правапіс. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня МВДТ, 1943, 61 с., фармат 14Ч21,5 см, наклад 100000 ас. Месца захавання - НББ, калекцыя аўтара.

Інф.: «Голас Вёскі», 9.09.1943 («гэтымі днямі выйшаў з друку»).

49. LOSIK ANTON . Bie ł aruski pravapis . Менск, выданне ВШПЛМ, друк у Вільні. 1943, 72 с., фармат 15Ч21 см, наклад 50000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Голас Вёскі», 25.02.1944 («гэтымі днямі выйшаў»).

50. ЛЯСУН М. На крыжы. Апавяданьні. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня МВДТ, 1943, 62 с., фармат 10Ч14 см. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Голас Вёскі», 28.05.1943.

51. МІКАЛАЕВІЧ М. 3 беларускія народныя песьні для хору («Ты, чырвоная каліна», «Ой, доля, мая доля», «Кумачка») . Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, фармат 20Ч27 см, цана РМ 1,00.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

52. МУЗЫКА АРЦЁМ. Прыгоды Панаса і Тараса. Берлін, «Народная Бібліятэчка № 3», 1944, 32 с., фармат 11Ч14 см, цана РМ 0,50. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Раніца», 17.12.1944.

53. НАЙДЗЮК ЯЗЭП . Беларусь учора і сяньня . Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Выданне другое, пашыранае. Менск, выданне ВШПЛМ, друк МВДТ, 1944, сакавік, 304 с., фармат 13Ч21 см, наклад 25000 ас., цана РМ 5,00. Месца захавання - НББ, калекцыя аўтара.

Інф.: «Беларуская Газэта», 22.04.1944, рэцэнзія Р. Загорнага, «Раніца», 23.07.1944.

54. НАРМАЛЬНЫ статут праваслаўных царкоўных брацтваў. З багаслаўленьня Блажэньнейшага Дзянісія Мітрапаліта Варшаўскага. Варшава, выдана коштам Беларускага Камітэта і Беларускага Царкоўнага Брацтва ім. Сьвятога Юрага ў Варшаве, Сынадальная Друкарня, 1942, 10 с., фармат 12Ч16 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 30.08.1942.

55. НОВАЯ пара. Праваднік для жадаючых адбудовы Беларусі. Сшытак I. Выданне Прэсавага выдавецтва, Менск, 1943, 16 с.

Інф.: «Беларуская Газэта», 15.04.1943.

56. ОЙ, ПРЫЙШЛА каляда. Зборнічак беларускіх калядных песьняў. Апрацаваў М. Шчаглоў. Менск, выданне ВШПЛМ, друк МВДТ, 1942, 16 с., фармат 15Ч21 см, наклад (паводле «Беларускай Газэты» 18.03.1943) 5000 ас. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Новая Дарога», 7.02.1943 і «Голас Вёскі», 22.07.1943 («выйшла на пачатку сёлетняга году»).

57. PAD HOMAN viasioły. Zbornik papularnych pieśniau, ramansau i prypievak. Сабрала Ніна Абрамчык. Берлін, выданне Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, на правах рукапісу, рататар, 1943, 37 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Раніца», 9-16.05.1943.

58. PATREBNIEJŠYJA vyniatki z Rytuału. Пераклад і выданне кс. А. Станкевіча, Вільня, 1943, 31 с.

Інф.: «Божым Шляхам» (Лондан), 1972, № 132, с. 7.

59. ПЕСЬНЯРЫ с луччыны . Збор вершаў . Слуцак, выдадзены пры ўдзеле Лявона Случаніна, Арыстарха Крота, Палікарпа Манькова. Пад рэдакцыяй Уладзімера Клішэвіча, 1943, 233 с., фармат 13,5Ч20 см. Месца захавання - БДАЛіМ, НББ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 12.02.1944.

60. ПРАГРАМА беларускай мовы для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 15 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ, НББ.

61. ПРАГРАМА геаграфіі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 16 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ, НББ.

62. ПРАГРАМА гісторыі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 16 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НББ.

63. ПРАГРАМА грамадазнаўства для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 2 с., фармат 15Ч22 см. Месца захавання - НББ.

64. ПРАГРАМА матэматыкі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 16 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ.

65. ПРАГРАМА нямецкай мовы для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 8 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ.

66. ПРАГРАМА прыродазнаўства для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі. Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 16 с., фармат 15Ч22 см. Месца захавання - НББ.

67. ПРАГРАМА ручной працы для народнай школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 8 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ, НББ.

68. ПРАГРАМА рысавання для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 4 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання -НББ.

69. ПРАГРАМА сьпеваў і музыкі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 4 с., фармат 14Ч19 см. Месца захавання - НББ.

70. ПРАГРАМА фізыкі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 8 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ.

71. ПРАГРАМА фізычнага ўзгадаваньня для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 32 с., фармат 14Ч21 см. Месца захавання - НАРБ, НББ.

72. ПРАГРАМА хіміі для народнае школы. Праект. Менск, выданне Інспектарата беларускіх школ пры Генеральным камісары Беларусі, Краёвая друкарня ў Менску, 1941, 2 с., фармат 13Ч18,5 см. Месца захавання - НББ.

73. РАДЗІМІЧ ЛЯВОН. Адам і Ева. Чабор. Апавяданьні. Берлін, «Народная Бібліятэчка № 5», 1944, 32 с., фармат 11Ч14 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

74. REŠEĆ J. ks. dr. Karotki katechizm dla biełarusau-katalikou. Выданне другое. Менск, выданне кс. др. Станіслава Глякоўскага, менская гарадская друкарня, 1941, 47 с., фармат 10Ч14 см. Месца захавання - калекцыя аўтара.

Інф.: «Менская Газэта», 7.12.1941.

75. САЛАВЕЙ АЛЕСЬ. Мае песьні. Зборнік лірыкі. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня «Рота» ў Рызе, 1944, ліпень, 96 с., фармат 15Ч21 см, наклад 3000 ас., цана РМ 3,00. Месца захавання - калекцыя аўтара (асобнік з дэдыкацыяй Н. Арсеньневай, Берлін 18.09.1944).

Інф. і рэцэнзія: «Раніца», 10.09.1944.

76. САМОХІНА Т. Непагодны вечар. Раманс на словы М. Багдановіча, музыка Р. Самохіна, для высокага голасу. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1942, лістапад, 4 с., фармат 20Ч27 см, наклад 2000 ас., цана РМ 0,80. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Раніца», 7.02.1943.

77. СЛОВА для маладых людзей. Першы сшыток з раду пісьмаў, выдадзеных для эўрапэйскае моладзі, працуючае для вайны, апрацаваў фэльдфебель др. П. Штыр. Берлін, выданне рэйхсміністэрства для занятых усходніх абшараў, установа гаўптбанфюрэра Нікеля, 1944, 24 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - НАРБ.

78. СЛУЧАНІН ЛЯВОН . Рагнеда . Паэма . Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня «Аўшра» ў Вільні, 1944, май, 63 с., фармат 11Ч14 см, наклад 5000 ас. Месца захавання - БДАЛіМ, НББ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 31.05.1944, рэцэнзія Г. Альгердзіча, «Раніца», 15.10.1944.

79. СПАСКІ А. Астры. Раманс на словы М. Багдановіча для высокага голасу. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, студзень, 8 с., фармат 20Ч27 см, наклад 2000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

80. СТАНКЕВІЧ Я. пры учасьці Ант. Адамовіча. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. Менск, выданне ВШПЛМ, друк МВДТ, 1944, 151 с., фармат 9Ч14 см, цана РМ 2,00. Месца захавання - НББ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 10.06.1944 («гэтымі днямі выйшла»).

81. СТАНКЕВІЧ ЯН. Курс беларускае мовы. Прага, Беларускае выдавецтва Яна Ермачэнкі, рататар, «Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы», 1941, лекцыя першая 12 с., лекцыя другая 13-20 с. Месца захавання - Славянская бібліятэка ў Празе.

82. СТАНКЕВІЧ ЯН. Курс гісторыі Крывіі-Беларусі. Прага, Беларускае выдавецтва Яна Ермачэнкі, рататар, «Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы», 1941, лекцыя першая 7 с., лекцыя другая 8-21 с., лекцыя трэцяя 22-31 с., фармат 20Ч29 см. Месца захавання - Славянская бібліятэка ў Празе, Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

83. СТАНКЕВІЧ Я. др. Крыўя-Беларусь у мінуласьці (Адбітка з «Менскае Газэты» з 12.11.1941 - 31.01.1942). Менск, выданне Беларускай Народнай Самапомачы, друкарня МВДТ, 1942, 70 с., фармат 12Ч17,5 см, наклад (паводле «Беларускай Газэты», 18.03.1943) 50000 ас. Месца захавання - калекцыя аўтара, НББ.

Інф.: Ліст Янкі Станкевіча ад 31.08.1942, «Спадчына», 1999, № 5-6, с. 63.

84. STANKIEVIČ J. Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu. Менск, выданне Беларускае Народнае Самапомачы, 1942, 16 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - калекцыя аўтара, НББ.

Інф.: «Беларуская Газета», 31.10.1942.

85. СТАНКЕВІЧ Я. Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацінкаю з укладаньнямі. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня ў Вільні, 1943, 48 с., фармат 14Ч22 см, наклад 10000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - НББ.

Інф.: «Раніца», 9.01.1944.

86. СТАТУТ Беларускага аб'яднаньня . Рыга, 1943.

Інф.: «Раніца», 25.07.1943 («гэтымі днямі выйшаў на беларускай і нямецкай мовах»).

87. СТРАЯВЫ вайсковы статут. Перапрацаваў з нямецкага вайсковага статуту (Ausbildungsvorschrift für die Infanterie, Heft 2-a) падпаручык арт. Мікула Віталі. Менск, выданне ВШПЛМ, друкарня МВДТ, 1943, 31 с., фармат 14Ч20 см, наклад (паводле «Беларускай Газэты», 18.03.1943) 10000 ас. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане, НББ.

Інф.: «Голас Вёскі», 5.02.1943.

88. СЬПІС абанентаў Менскай аўтаматычнай тэлефоннай станцыі на 1 лютага 1942 г. Менск, выданне Deutsche Dienstpost . 1942, 29 с. Месца захавання - НАРБ.

89. СЯДНЁЎ М. Ахвяры бальшавізму. Зборнік успамінаў і артыкулаў. Беласток, выданне Беларускага аб'яднання, друкавалася ў Кёнігсбергу, 1944, 64 с. (?), цана РМ 1,50.

Інф.: «Раніца», 22.11.1944.

90. ТАРАШКЕВІЧ Б. Беларуская граматыка. Выданне шостае. Менск, выданне ВШПЛМ, Краёвая друкарня 2, 1943, 104 с., фармат 15Ч21 см, наклад 100000 ас., цана РМ 2,00. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Беларуская Газэта», 8.12.1943.

91. ТАРАШКЕВІЧ Б. Беларускі правапіс. Менск, выдавецтва «Менск», друкарня Менскай гарадской управы, 1941, 24 с., фармат 15Ч21 см, наклад 20000 ас., цана 2 рублі. Месца захавання - Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Інф.: «Менская Газэта», 28.09.1941.

92. ТУРАНКОЎ А. Вечар. Раманс на словы А. Гурло для тэнара з фортэпіяно. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 4 с., фармат 20Ч27 см, цана РМ 0,80.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

93. ТУРАНКОЎ А. Лета. Раманс на словы Ф. Чарнушэвіча для сопрано альбо тэнара. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 4 с., фармат 20Ч27 см, цана РМ 0,80.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

94. ТУРАНКОЎ А. Лявоніха. Раманс на словы М. Багдановіча для тэнара і барытона. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 4 с., фармат 20Ч27 см, цана РМ 0,80.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

95. ТУРАНКОЎ А. Маладыя гады. Раманс на словы М. Багдановіча для тэнара з фортэпіяно. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, 6 с., фармат 20Ч27 см, цана РМ 1,00.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

96. ТУРАНКОЎ А. 7 беларускіх рамансаў для аднаго і двух галасоў з акомпанімэнтам фортэпіяно на словы беларускіх паэтаў: М. Багдановіча «Маладыя гады», «Слуцкія ткачыхі», «Лявоніха», А. Гурло «Вечар», В. Дуніна-Марцінкевіча «У садочку цьвітучым», Цёткі (А. Пашкевіч) - «Скрыпка», Ф. Чарнушэвіча «Лета». Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 28 с., фармат 20Ч27 см, наклад 2000 ас., цана РМ 5,00. Месца захавання - Нацыянальная Бібліятэка Латвіі ў Рызе.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

97. ТУРАНКОЎ А. Скрыпка. Раманс на словы Цёткі (А. Пашкевіч) для мэццо-сопрано. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 6 с., фармат 20Ч27 см, наклад 1000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

98. ТУРАНКОЎ А. Слуцкія ткачыхі. Раманс на словы М. Багдановіча для сапрана альбо тэнара. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 6 с., фармат 20Ч27 см, наклад 1000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - БДАЛіМ.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

99. ТУРАНКОЎ А. У садочку цьвітучым. Раманс на словы В. Дуніна-Марцінкевіча для мэццо-сопрано. Рыга, выданне К. Езавітава, друкарня «Картаграфічны Інстытут П. Мантнекса», 1943, май, 6 с., фармат 20Ч27 см, наклад 1000 ас., цана РМ 1,00. Месца захавання - Нацыянальная бібліятэка Латвіі ў Рызе.

Інф.: «Раніца», 6.06.1943.

100. Фабіян Акінчыц. Ягонае жыцьцё і думкі. Менск, друкарня МВДТ, 1943, 15 с., фармат 15Ч21 см. Месца захавання - БДАЛіМ.

101. ШЧАГЛОЎ МІКОЛА. Беларуская музычная культура. Берлін, «Народная Бібліятэчка № 6», 1944, 31 с., фармат 11Ч14 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

102. ЭВАНГЕЛЬСКІ хрысьціянскі сьпеўнік , прадмова А. Кецко. Менск, выданне ВШПЛМ, 1943, 176 с., фармат 10Ч14 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

Інф.: «Беларуская Газэта», 9.06.1943.

103. ЮНАЦКІ сьпеўнік. Менск, 1944, 31 с., фармат 13Ч20 см. Месца захавання - Бібліятэка Ф. Скарыны ў Лондане.

104. ЯК ПРАВІЛЬНА гаварыць і пісаць пабеларуску. Пастановы зборкаў чысьціні беларускае мовы. Выданне другое. Прага, Беларускае выдавецтва Яна Ермачэнкі, друкарня Pražské Akciové Tiskárny , «Беларускія карэспандэнцыйныя курсы ў Празе», сшытак I, 1941, 13 с., фармат 15Ч23 см, цана крон 5,00. Месца захавання - Славянская бібліятэка ў Празе.

Прапагандыскія брашуры Vinety без пазначанага месца і года выдання. У дужках - месца захавання брашур.

105. Адольф Гітлер і дзеці . 46 с., фармат 15Ч21,5 см (НББ).

106. Адольф Гітлер і працоўныя. 40 с. (НАРБ).

107. Альбрэхт К. У падвалах ГПУ. 52 с., фармат 18Ч25,5 см (НББ).

108. Бальшавіцкая нацыянальная палітыка. 16 с. (НАРБ).

109. Дзень Марыны. 16 с. (НАРБ).

110. Кім ты быў, кім стаўся, што станецца з табой? 34 с. (НАРБ).

111. Knickerbocken H.R. Is tomorrow Hitlers? (Выняткі з кнігі на беларускай мове), 23 с., фармат 14,5Ч20,5 см (НББ).

112. Мальцаў. Канвэер ГПУ. 47 с., фармат16Ч25 см (НББ).

113. Моладзь Адольфа Гітлера. 32 с. (НАРБ).

114. Нямеччына. 28 с., фармат 20Ч29 см (НББ).

115. Прыгожая Нямеччына. 10 с. (НАРБ).

116. Супрацоўнічай з намі! Мы дапаможам табе! 32 с., фармат 14Ч20,5 см (НББ).

117. Як Сталінава зграя прыгнятала народ. 16 с., фармат 14Ч19,5 см (НББ).

3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў

(Статыстычны аспект)

Тэматычная структура кніг і брашур, выдадзеных у 1939-1944 гг., падзяляецца на восем груп выданняў. Гэты падзел не прэтэндуе на поўную дакладнасць. Па-першае, каля 20% усіх улічаных у каталозе кніг вядомы аўтару толькі з іх апісання ў прэсе і, па-другое, тэматычная класіфікацыя некаторых выданняў у пэўнай меры ўмоўная.

Так, напрыклад, кніга М. Сяднёва Ахвяры бальшавізму залічаная намі да твораў палітычнай публіцыстыкі, хоць пасля азнаямлення з яе зместам, магчыма, было б больш правільна аднесці яе да катэгорыі мастацкай літаратуры. Таксама выклікаюць сумненні кнігі Я. Станкевіча Курс беларускае мовы і Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Абедзве кнігі залічаны да педагагічнай літаратуры, хоць з увагі на дыскусійнасць мовазнаўчых канцэпцый іх аўтара, магчыма, было б больш правільна залічыць іх да групы навуковай літаратуры. Урэшце, апрацаваныя ксяндзом В. Шутовічам Калядныя песьні трактуюцца тут як зборнік калядак Ой, прыйшла каляда, як музычная, а не рэлігійная літаратура.

Найбольшую групу выданняў (31 тытул) складалі школьныя падручнікі і педагагічная літаратура. Стараннем школьнага Інспектарата і ВШПЛМ выйшлі ў Менску: 13 праграм навучання для школ і інструкцыя аб пераводзе вучняў з класа ў клас і 9 падручнікаў - П. Кісяля Беларускі лемантар (тры выданні), А. Лёсіка Беларускі правапіс (два варыянты), Б. Тарашкевіча Беларуская граматыка , Я. Станкевіча Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю і два арыфметычныя задачнікі З. Дабрынскай. Гэтыя падручнікі выкарыстоўваліся ў пачатковых школах Генеральнай акругі Беларусь і замянілі выпушчаныя раней Беларускі правапіс Тарашкевіча і баранавіцкі лемантар Зорка.

Табліца 2. Тэматычная структура выданняў

Тэматычная група Колькасць тытулаў

Агулам 117

У тым ліку

Школьныя падручнікі і педагагічная літаратура 31

Музычная і рэпертуарная літаратура 21

Мастацкая літаратура 17

Рэлігійная літаратура 9

Навуковая і навукова-папулярная літаратура 8

Беларуская палітычная публіцыстыка 8

Іншыя выданні 7

Нямецкая прапагандысцкая літаратура 16

Нягледзячы на немалыя наклады, выпуск падручнікаў у Менску не задавальняў патрэбаў пачатковых школ Генеральнай акругі Беларусь і таму яны не пастаўляліся беларускім школам на іншых абшарах акупацыйнай адміністрацыі. Дарэчы, і попыт на іх быў там невялікі. Калі ў школах Генеральнай акругі Беларусь загадам А. Розенберга ўводзілася лацінка, то гэтая дырэктыва не датычыла ўсходняй Латвіі і Беластоцкай акругі, у якіх настаўнікі мелі свабоду выбару і, як правіла, трымаліся кірыліцы. Па гэтай прычыне апрацоўваліся там свае падручнікі, аднак толькі ў Рызе выйшла кірылічная чытанка К. Езавітава Беларуская школа , якой у 1943/44 г. карысталіся школы ў Латвіі і, часткова, у Беластоцкай акрузе.

Ва ўмовах адсутнасці адзінай сістэмы школьнага навучання безвыніковымі былі некаторыя выдавецкія ініцыятывы Я. Станкевіча. Ягоны Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу і выдадзеная ў Празе Арытмэтыка З. Дабрынскай бадай увогуле не выкарыстоўваліся ў школах. Не мелі практычнага значэння і яго працы Курс беларускай мовы і Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску , якія, па сутнасці, былі мовазнаўчай прапановай іх аўтара. Затое значную адукацыйную вартасць меў Падручнік нямецкага языка для Беларусаў , прызначаны, галоўным чынам, для дарослых.

Асобнае месца ў тэматычнай структуры выданняў займала даволі разнастайная музычная і рэпертуарная літаратура (21 тытул), якая прызначалася для папулярызацыі беларускай песні і мастацкага слова.

У Менску ВШПЛМ выпусціла тры фальклорныя зборнікі: Ой, прыйшла каляда , Вясна-красна і Зборнік купальскіх і жніўных песьняў , апрацаваныя беларускімі кампазітарамі М. Шчагловым, А. Туранковым ды іншымі і перавыдала Зборнік сцэнічных твораў для гурткоў мастацкай самадзейнасці . Важную ролю ў выхаваўчай працы моладзі адыграў СБМаўскі Юнацкі сьпеўнік .

У Рызе К. Езавітаў выдаў серыю музычных твораў: 10 паасобных рамансаў і народных песень і два іх зборнікі з нотамі беларускіх кампазітараў М. Зінчука, М. Мікалаевіча, Р. Самохіна, А. Спаскага, А. Туранкова. У Празе стараннем В. Русака выйшлі Беларускія (крывіцкія) песьні , а ў Берліне Ніна Абрамчык выпусціла Калядныя песьні кс. В. Шутовіча і два зборнікі песень і патрыятычнай паэзіі Беларусь у песьнях і Пад гоман вясёлы .

Да групы мастацкай літаратуры адносіцца 17 выданняў. Прыкладна трэцюю іх частку складалі перадрукі раней выдадзеных твораў Я. Коласа Сымон-Музыка , У. Жылкі Тэстамэнт , А. Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса , а таксама цалкам або часткова Дудар і іншыя апавяданьні, Выбраныя беларускія народныя казкі і ілюстраваная песня-казка Камарочак .

Аднак пераважную частку выданняў мастацкай літаратуры складалі новыя, апрацаваныя падчас акупацыі, творы беларускіх празаікаў і паэтаў: сцэнічны гратэск Ф. Аляхновіча Круці, ня круці - трэба памярці , зборнікі вершаў Н. Арсенневай Сягоньня , Л. Геніюш Ад родных ніў, Т. Лебяды Песьні выгнаньня , А. Салаўя Мае песьні і слуцкіх паэтаў Песьняры Случчыны, апавяданні М. Лясуна На крыжы, гістарычная паэма Л. Случаніна Рагнеда і мастацкія нарысы Ю. Віцьбіча Нацыянальныя сьвятыні і Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары .

Астатнім выданнем мастацкай літаратуры былі апавяданні Л. Радзіміча Адам і Ева, Чабор . Хутчэй за ўсё гэта былі новыя, напісаныя падчас вайны. Праўда, невядома, ці быў аўтар у той час у Нямеччыне.

Дамінуючай рысай творчасці Н. Арсенневай, Л. Геніюш, А. Салаўя і Л. Случаніна былі патрыятычныя матывы, а Т. Лебяды, М. Лясуна, Ю.Віцьбіча - асуджэнне антыбеларускіх дзеянняў савецкай улады.

Групу рэлігійнай літаратуры прадстаўлялі 9 выданняў: 5 каталіцкіх - тры малітаўнікі, катэхізмоўка Я. Рэшэця і Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу , 3 праваслаўныя - Нармальны статут праваслаўных царкоўных брацтваў , малітаўнік і патэрык, а таксама адзін баптысцкі Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік .

Выпадае заўважыць, што ўсе тры праваслаўныя выданні выйшлі не ў Беларусі, а ў Варшаве, што было прычынай крытыкі «Беларускай Газэты» (11.09.1943).

Чарговая тэматычная група - навуковая і навукова-папулярная літаратура - налічвае 8 тытулаў. Да яе адносіліся тры працы Я. Станкевіча: Курс гісторыі Крывіі-Беларусі, Крыўя-Беларусь у мінуласьці і (пры ўдзеле Антона Адамовіча) Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны . Астатнюю частку гэтай групы складалі: Я. Найдзюка Беларусь учора і сяньня , М. і Н. Абрамчыкаў Гісторыя Беларусі ў картах, У. Глыбіннага Смаленшчына - адвечная беларуская зямля, М. Шчаглова Беларуская музычная культура і 25-лецьце Беларускай гімназіі ў Вільні .

Пераважная частка навуковай і навукова-папулярнай літаратуры датычыла розных пытанняў гісторыі Беларусі.

Таксама сціпла прадстаўлялася беларуская палітычная публіцыстыка (8 тытулаў). Да гэтай групы адносіліся менскае і берлінскае выданні В. Ластоўскага Што трэба ведаць кажнаму беларусу , брашуры У. Вераса Як створым нашую сілу і Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою , М. Сяднёва Ахвяры бальшавізму , брашура 25 сакавіка, Фабіян Акінчыц. Ягонае жыцьцё і думкі і кніга К. Езавітава Беларуская Цэнтральная Рада адзіны правамоцны прадстаўнік беларускага народу .

У катэгорыю іншых выданняў увайшло 7 кніг: І. Ермачэнкі Пранцы (сыфіліс) , Калыньша Смалакурэньне , Кароткая інструкцыя таварыства «Усход», Г. Лёе Нямецка-беларускі слоўнік, Статут Беларускага аб'яднання ў Латвіі, Страявы вайсковы статут і Сьпіс абанентаў Менскай аўтаматычнай тэлефоннай сеткі.

Апошнюю тэматычную групу складалі выпушчаныя нямецкімі ўстановамі і выдавецтвамі прапагандысцкія выданні (16 тытулаў). Да іх ліку адносіліся кніга О. Лемана Нямецкія салдаты , Новая пара , Слова для маладых людзей і 13 брашур «Вінэты».

***

Храналогія выданняў. З агульнай колькасці ўлічаных у каталозе 117 выданняў не пададзены час выпуску 13 нямецкіх прапагандысцкіх брашур. Па гэтай прычыне храналагічны агляд выпуску кніг і брашур абмежаваны да 104 выданняў (гл. табліцу 3). Выданні 1941 г. раздзелены на два перыяды: да і пасля нашэсця Нямеччыны на Савецкі Саюз.

Табліца 3.Храналогія выпуску кніг і брашур

Год выпуску Колькасць тытулаў

Агулам 117

У тым ліку

Перыяд нямецка-савецкага супрацоўніцтва

1939 1

1940 0

1941 7*

Перыяд савецка-нямецкай вайны

1941 17

1942 17

1943 34

1944 28

Разам 104

У выніку палітычных умоваў і абмежаванага попыту з верасня 1939 г. да канца чэрвеня 1941 г. выйшла толькі 8 кніг: О. Лемана Нямецкія салдаты , падручнік Бакача, дзве брашуры Вераса і чатыры выданні Пражскіх курсаў беларусаведы.

Марудна наладжвалася кнігавыдавецкая справа і на акупаваных Нямеччынай усходніх тэрыторыях. Як паказана ў табліцы 3, у другой палове 1941 г. у Беларусі выйшла 17 тытулаў, аднак іх пераважную частку (13 тытулаў) складалі школьныя праграмы. Акрамя іх ксёндз Глякоўскі выдаў тры кніжачкі, а Краёвае выдавецтва «Менск» - адну.

Не палепшылася становішча і ў 1942 г. За гэты час выйшла агулам 17 кніг. У Генеральнай акрузе Беларусь выпушчана 7 кніг (БНС - 3, Інспектарат - 1, ВШПЛМ - 1, нямецкія выданні - 2). Такая ж іх колькасць выйшла ў Нямеччыне (тры - надрукаваныя ў Празе - кнігі З. Дабрынскай, Я. Коласа і Л. Геніюш і чатыры рататарныя выданні Ніны Абрамчык). Новай з'явай было запачаткаванне ў 1942 г. выпуску беларускіх кніг у Рызе і Варшаве.

Выданне кніг ажывілася ў 1943 г., калі ўсімі выдаўцамі на акупаваных тэрыторыях і ў Нямеччыне былі выпушчаны 34 тытулы, у два разы больш, чым у папярэднім годзе. Пераважную іх частку складалі выданні ВШПЛМ (14 тытулаў) і К. Езавітава ў Рызе (12 тытулаў). Іншымі выдаўцамі былі выпушчаны ў Менску 2 кнігі, у Слуцку - 1, Вільні - 1, Варшаве - 2, Берліне - 2 і Празе - 1.

У выніку адступлення нямецкіх войск выдавецкая дзейнасць у Менску спынілася пад канец чэрвеня 1944 г. За першае яго паўгоддзе ВШПЛМ выпусціла 9 кніг (з іх зборнік лірыкі Салаўя быў надрукаваны ў ліпені ў Рызе), СБМ - 1, рэдакцыя Новага Шляху - 1 кнігу. Вясной 1944 г. 2 кнігі выйшлі ў Вільні і 1 - у Рызе. Выдадзеная беластоцкім беларускім аб'яднаннем кніга М. Сяднёва Ахвяры бальшавізму была надрукавана ў ліпені ў Кёнігсбергу. Невядома, дзе выйшла Калыньша Смалакурэнне . У Берліне кнігадрукаванне працягвалася да канца 1944 г. Там выйшла 12 тытулаў, у тым ліку - 7 у серыі «Народная бібліятэчка». Агульны вынік 1944 г. (28 тытулаў) быў некалькі меншы, чым у папярэднім годзе.

***

Геаграфія выданняў. За ўвесь разгледжаны перыяд беларускія кнігі выдаваліся ў 9 гарадах, што дэталёва паказана ў табліцы 4. Найбольшая іх колькасць (50 тытулаў) выйшла ў Менску, аднак пазіцыя гэтага горада не была дамінуючай. Другім важным кнігавыдавецкім цэнтрам быў Берлін, дзе з улікам выданняў «Вінэты» было выпушчана 36 тытулаў. У гэты лік уключаны кнігі Я. Коласа і Л. Геніюш, якія толькі друкаваліся ў Празе, але былі выдадзены Беларускім камітэтам самапомачы ў Берліне.

Табліца 4. Месца выдання кніг

Горад Выдадзеных тытулаў

Агулам 117*

У тым ліку

Менск 50

Берлін 36

Рыга 15

Прага 6

Вільня 3

Варшава 3

Баранавічы 1

Слуцк 1

Беласток 1

***

Пытанне алфавіту , якое раней выклікала розныя меркаванні і спрэчкі, у гады II сусветнай вайны і акупацыі Беларусі вырашалася амаль адназначна на карысць кірыліцы. У выніку загаду А. Розенберга менскае ВШПЛМ выпусціла лацінкай 7 падручнікаў і Выбраныя беларускія народныя казкі . Акрамя таго, лацінкай выдавалася ксяндзамі С. Глякоўскім і А. Станкевічам каталіцкая літаратура (4 тытулы) і Нінай Абрамчык 5 рататарных выданняў у Берліне.

Агулам за разгляданы перыяд было надрукавана лацінскім алфавітам 16 тытулаў, г. зн. 14% усёй тагачаснай кніжнай прадукцыі, а кірыліцай - 98 тытулаў, або 84% усіх выданняў, у тым ліку ўсе кнігі і брашуры, выпушчаныя нямецкімі выдаўцамі. Дзве кнігі Я. Станкевіча і 25-лецьце Беларускае гімназіі ў Вільні надрукаваны двума алфавітамі.

***

Аб'ём выданняў 1939-1944 гг. прадстаўлены у табліцы 5. Заслугоўвае ўвагі незвычайна высокі ўдзел тоненькіх кніг, ці, дакладней, брашур, аб'ём якіх не перавышаў 30 старонак. На іх прыходзілася амаль палова (47%) усіх тагачасных выданняў. Найбольш аб'ёмістымі (звыш 200 старонак) былі толькі пяць кніг - Я. Коласа Сымон Музыка (212 с.) Песьняры Случчыны (233 с.), Калыньша Смалакурэнне (240 с.), Я. Найдзюка Беларусь учора і сяньня (304 с.) і П. Бакача Падручнік нямецкага языка для Беларусаў (357 с.)

Табліца 5. Аб'ём выданняў

Колькасць Колькасць Удзельная вага

старонак тытулаў (%)

Агулам 117* 100

1-30 55 47

31-60 31 27

61-100 18 16

101-200 7 6

Звыш 200 5 4

Неабходна заўважыць, што прадстаўлены падзел на групы аб'ёму не ўлічвае фармату кніг. З увагі на тое, што выдаваліся яны розным фарматам, гэтае групаванне можна лічыць прыблізным. Калі пералічыць усе выданні на ўмоўны параўнальны фармат, магчыма, можна было б зрабіць пэўную карэктуру дадзеных у табліцы 5 - г. зн. павялічыць колькасць тытулаў у групах найменшага аб'ёму і зменшыць іх лік у групах найбольшага аб'ёму.

***

Значныя цяжкасці былі з распаўсюджваннем выдадзеных кніг. Гэтае пытанне вырашалася, як правіла, самымі выдаўцамі, якія карысталіся арганізацыйнай сеткай беларускіх камітэтаў у Берліне, Варшаве і Латвіі. Адзінае ў Беларусі Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі пераважную частку сваіх выданняў пастаўляла акруговым школьным інспектаратам, якія іх распаўсюджвалі праз сетку школ. Акрамя таго, кнігі прадаваліся ў нешматлікіх кнігарнях і газетных кіёсках.

Паколькі ў Генеральнай акрузе Беларусь пошта і экспедыцыйныя арганізацыі функцыянавалі толькі тэарэтычна, ВШПЛМ часта рассылала кнігі на правінцыю разам з транспартам газет і часопісаў. Аднак гэтая форма не гарантавала тэрміновую пастаўку, асабліва ў раёны, кантраляваныя партызанамі.

У такіх умовах летам 1943 г. ВШПЛМ адкрыла ў Вільні сваё прадстаўніцтва, якім кіраваў Станіслаў Мядоўскі. Яму даручалася прымаць заказы на надрукаваныя ў віленскіх друкарнях школьныя падручнікі і іншыя кнігі. Аднак магчымасці прадстаўніцтва, відаць, не былі лепшыя, у сувязі з чым ВШПЛМ рэкамендавала акруговым школьным інспектаратам і кнігарням у Беларусі самім арганізаваць транспарт кніг з Вільні 51 . Цяжка было кнігу выдаць, таксама няпроста было яе давесці да чытача.

* Апошняя частка кнігі Я. Станкевіча Курс гісторыі Крывіі-Беларусі (трэцяя лекцыя) была выпушчана ў верасні 1941 г.

* Не устаноўлена месца выдання кнігі Калыньша Смалакурэньне .

* не вызначаны аб'ём Беларускага лемантара «Зорка».

51 Беларуская Газэта. 19 студзеня 1944.

4. Кніга і палітыка

На думку многіх аўтараў, 20-я гады былі важным, аднак кароткатрывалым этапам беларускага адраджэння. Ужо пад канец гэтага дзесяцігоддзя ў БССР пачаўся шматгадовы працэс змагання з беларускім нацыяналізмам - вынішчэнне інтэлігенцыі, кастрацыя нацыянальных вартасцяў з літаратуры, школьніцтва, навукі і культуры, разбурэнне помнікаў гісторыі, храмаў. Беларуская мова выцяснялася з грамадскага ўжытку, з партыйных органаў, адміністрацыйных і навуковых устаноў. Пры гэтым істотную ролю адыграла рэформа беларускага правапісу (1933 г.), мэтай якой было максімальнае збліжэнне беларускай мовы з рускай - мяняўся не толькі правапіс, але і марфалогія, сінтаксіс, уводзіліся чужыя для беларускай мовы лексічныя ўтварэнні.

Так рыхтаваўся грунт для шырокай русіфікацыі, што наглядна адлюстроўвалі паказчыкі кнігавыдавецкай дзейнасці БССР. У 1931-1940 гг. выпуск кніг на беларускай мове зменшыўся з 1301 да 375, затое на рускай узрос амаль у 10 разоў - з 38 да 362 тытулаў 52. Выдаваная дзяржавай беларускамоўная савецкая кніга адлюстроўвала інтарэсы Камуністычнай партыі, прывівала грамадству савецкі патрыятызм і варожасць да нацыянальнай ідэі.

Паход супроць беларускага нацыяналізму ў Савецкай Беларусі паўплываў на абвастрэнне нацыянальнай палітыкі ўрадаў Польшчы і Латвіі, у якіх у 30-я гады праводзілася жорсткая асіміляцыя беларускага насельніцтва. У выніку напярэдадні Другой сусветнай вайны беларускае пытанне было практычна незаўважальным у Еўропе. Калі ў Першую сусветную вайну для нямецкіх палітыкаў і гісторыкаў Беларусь была «невядомай краінай», то 20 гадоў пазней Вільгельм Кубэ яе ацэньваў «не больш, як імглістае геаграфічнае паняцце» 53.

Кіруючыся прагматызмам, берлінскія ўлады не збіраліся выступаць у ролі акушэра беларускага нацыяналізму. Іх уражвала стаўленне насельніцтва прыбалтыйскіх краін - Літвы, Латвіі і Эстоніі, якое пасля аднагадовай савецкай акупацыі (1940-1941) здолела стварыць дастаткова дзейсныя нацыянальныя сілы самааховы, абараніцца перад пашырэннем савецкай партызаншчыны і забяспечыць, наколькі дазвалялі ваенныя ўмовы, нармальнае функцыянаванне штодзённага жыцця.

У Беларусі ж нямецкія ваенныя і цывільныя ўлады сустрэліся з пасіўнасцю і нацыянальнай індыферэнтнасцю большай часткі насельніцтва, як заходняй, так і ўсходняй Беларусі, з вострым недахопам кваліфікаваных беларускіх кадраў для арганізацыі «новага парадку». У выніку створаная на пачатку акупацыі адміністрацыя і дапаможная паліцыя мелі пераважна небеларускі характар і лёгка паддаваліся ўплывам савецкага і польскага падполля. З вясны 1942 г. актывізаваўся партызанскі рух і пацыфікацыйныя дзеянні паліцыі, якія былі дамінуючым фактарам жыцця пад акупацыяй.

Такое становішча будзіла ў кіруючых колах Нямеччыны глыбокія сумненні ў паўнавартаснасці беларускай нацыі і, паслядоўна, у рэальнасці імкненняў В. Кубэ да актывізацыі беларускай інтэлігенцыі і развіцця нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва. Гэта, у сваю чаргу, абумовіла недавер берлінскіх чыноўнікаў да беларускага нацыяналізму, у прыватнасці, адукацыі, культуры і выдавецкай справы.

Яшчэ ў студзені 1943 г. на тэрыторыі цывільнага праўлення Генеральнай акругі Беларусь выпускаліся толькі тры беларускія газеты («Баранавіцкая Газэта», «Беларуская Газэта» і «Голас Вёскі») і адзін часопіс «Новы Шлях», што было прадметам крытыкі паліцэйскіх органаў за недастатковае прапагандысцкае ўздзеянне на насельніцтва. Магчыма, гэтая крытыка паўплывала на дазвол міністэрства акупаваных усходніх абшараў выпусціць у сакавіку чацвёртую - «Газэту Случчыны». Так, у палове 1943 г., г. зн. пасля двух гадоў акупацыі ў гэтай частцы Беларусі выдаваліся 4 газеты ў параўнанні з 26 у Латвіі, 18 у Літве і 15 у Эстоніі 54.

Яшчэ большую розніцу ўяўляў выпуск кніг, якія пераважна служылі нацыянальнай адукацыі насельніцтва, а не патрэбам нямецкай прапаганды. Калі за гады Другой сусветнай вайны на ўсіх падкантрольных Нямеччыне тэрыторыях было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, то ў Латвіі за тры гады нямецкай акупацыі выйшла на латышскай мове каля 1500 кніг і музычных твораў агульным накладам 5 мільёнаў асобнікаў 55. А калі ўлічыць кнігі, выдадзеныя толькі ў Генеральнай акрузе Беларусь (52 тытулы), і колькасць насельніцтва, якая ў Беларусі была ў некалькі разоў большай, чым у Латвіі, кнігавыдавецкія вынікі былі практычна непараўнальныя.

Такой мізэрнай прадукцыі кніг на беларускай мове не могуць апраўдаць спасылкі на нямецкую палітыку - усё ж пераважная іх частка выдавалася на нямецкія сродкі. Не могуць апраўдаць і ваенныя варункі, у прыватнасці, жудасці партызанскай вайны, калі многім беларусам было не да кнігі - не ўсюды і не заўсёды яны парушалі ход жыцця.

Важнейшай прычынай гэтага была малалікасць беларускай інтэлігенцыі, яе непадрыхтаванасць і незацікаўленасць апрацоўкай і выдаваннем кніг. Калі ў прыбалтыйскіх краінах былі арганізаваныя і паспяхова працавалі мясцовыя выдавецкія суполкі, то ў Беларусі дзейнічала толькі адно, падараванае генеральным камісарыятам, Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Пачын І. Ермачэнкі, які заснаваў у Празе сваё беларускае выдавецтва, а таксама стварэнне К. Езавітавым выдавецкага фонду ў Латвіі, не мелі паслядоўнікаў у Беларусі.

Акрамя перакладчыкаў у «Вінэце», у выпуску беларускіх кніг удзельнічала прыблізна 70 аўтараў, рэдактараў, графікаў і кампазітараў. У выключна неспрыяльных ваенных умовах усе яны працавалі на карысць беларускай асветы, культуры, нацыянальнай самасвядомасці, за што былі патрактаваныя савецкімі ўладамі як «злейшыя ворагі беларускага народа».

Зноў насоўваецца параўнанне з Прыбалтыкай: прафесар Тадас Іванаўскас, які ў гады нямецкай акупацыі працаваў у Віленскім універсітэце, пасля вайны быў узнагароджаны ўладамі Савецкай Літвы медалём заслугі за тое, што ў цяжкі ваенны час клапаціўся пра адукацыю літоўскай моладзі 56. А ў Беларусі гарэлі сельскія школкі, а іх настаўнікі нярэдка гінулі ад партызанскіх куль.

Якая была прычына такога стаўлення савецкіх улад да стваральнікаў і папулярызатараў беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў? На гэта ўжо ў 1918 г. адказаў сакратар Паўночна-заходняга камітэта РКП(б) Вільгельм Кнорын: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты» 57.

Кнорын сумленна адлюстраваў погляд бальшавікоў на беларускае пытанне, які, дарэчы, не розніўся ад стаўлення расійскіх манархістаў. Усё ж няпроста было ігнараваць кароткатрывалае існаванне БНР, што разумеў Сталін, па катэгарычным патрабаванні якога была створана БССР. Створана, між іншым, для таго, каб рукамі саміх беларусаў ажыццяўляць запавет Кнорына. Усе, хто смеў супрацьстаяць гэтаму запавету, лічыўся ворагам Камуністычнай партыі і савецкай улады і быў асуджаны на знішчэнне.

Таму невыпадкова большасць удзельнікаў кнігавыдавецкага руху ваеннай пары была вымушана ратавацца ад бальшавіцкага «вызвалення». Летам 1944 г., разам з адступаючымі нямецкімі войскамі, выехалі з Беларусі і Латвіі: Н. Арсеннева, М. Байкоў, Ю. Віцьбіч, Я. Гладкі, У. Глыбінны, А. Грыцук, К. Езавітаў, Я. Золак, Х. Ільяшэвіч, А. Калубовіч, А. Кецка, Я. Кіпель, У. Клішэвіч, Т. Лебяда, М. Лясун (Целеш), Я. Найдзюк, М. Панькоў, М. Равенскі, А. Салавей, Л. Случанін, Я. Станкевіч, М. Сяднёў і М. Шчаглоў. Разам 23 інтэлектуалы, якія маглі аддаць свой талент і сілы беларускай культуры на Бацькаўшчыне, а не ля чужых берагоў.

Далей ад «вызваліцеляў» перамясціліся І. Ермачэнка, А. Адамовіч, В. Камароўскі, Я. Пятроўскі і В. Тумаш, якія пастаянна або часова жылі ў Нямеччыне і Чэхіі. Не дасягнуў Смерш Міколу і Ніну Абрамчыкаў, якія жылі ў Францыі. Аднак многім выпаў незайздросны лёс.

Пасля капітуляцыі нямецкіх войск савецкія акупацыйныя органы арыштавалі ў Нямеччыне і Чэхіі: М. Байкова, П. Бакача, Б. Барткевіча, Л. Геніюш, К. Езавітава, А. Калошу, Т. Лебяду, В. Русака і Л. Случаніна, а А. Кецка, які прапаведаваў Слова Божае, быў далёкі ад палітыкі і ў красавіку 1945 г. добраахвотна вярнуўся ў Менск, быў там арыштаваны ў лістападзе 1945 г. Арыштоўваліся і тыя, якія засталіся ў Беларусі і Літве - С. Мядоўскі, А. Станкевіч, А. Туранкоў, В. Шутовіч, магчыма, і іншыя, пра якіх маўчаць беларускія энцыклапедычныя даведнікі.

10 чалавек загінула падчас вайны: Ф. Акінчыц, В. Гадлеўскі, С. Глякоўскі, У. Казлоўскі і П. Кісель - у Менску, Ф. Аляхновіч - у Вільні, Гайкоўскі - у Варшаве, В. Мікула - у Нямеччыне і, верагодна, Міхась Ганько. Адзін толькі ксёндз І. Бобіч памёр натуральнай смерцю ў 1944 г. у Іўі.

Ішлі гады, у СССР мяняліся палітычныя варункі, многія ўчынкі савецкага «правасуддзя» былі перагледжаныя і некалі вінаватыя прызнаныя невінаватымі. Пасля смерці Сталіна былі вызвалены з лагераў: Л. Геніюш, А. Кецка, Т. Лебяда, С. Мядоўскі, Л. Случанін, А. Туранкоў, В. Шутовіч і П. Бакач. К. Езавітаў памёр у менскай турме, а Адам Станкевіч у тайшэцкім лагеры. Лёс астатніх невядомы.

Савецкія ўлады не лічылі магчымым прасіць прабачэння, а тым больш пакаяцца за смерць і цярпенні бязвінных людзей - яны проста сцвярджалі факт невінаватасці (гл., для прыкладу, змешчаны побач дакумент па справе А. Кецкі). На гэта былі важныя прычыны. Пасля вайны ў Беларусі паслядоўна працягваўся русіфікацыйны курс, з абсягам і тэмпамі якога не магла раўняцца ніводная савецкая рэспубліка. Гэтай стратэгічнай мэце ўжо з першых пасляваенных гадоў служыла дэмаграфічная, кадравая і эканамічная палітыка, а з часам паступовае выцясненне беларускай мовы з школьніцтва і навуковых устаноў. Усе гэтыя інструменты дзейнічалі нібыта самачынна, без стасавання фармальнага прымусу, што давала падставу для выказванняў пра цалкам натуральны, добраахвотны працэс русіфікацыі.

У 60-я гады з'явіліся распрацоўкі, аўтары якіх тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасць русіфікацыі беларускага народа. Яна называлася прагрэсіўным, аб'ектыўным вынікам эканамічнай інтэграцыі, інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфер жыцця народаў СССР, важным фактарам стварэння адзінага савецкага народа. Гэтая тэорыя была ўхвалена ХХIV з'ездам КПСС (красавік 1971 г.) і сталася дырэктывай практычнай дзейнасці партыі. Ды беларускім дзеячам і гэтага было замала - яны сталі выказваць погляды, што беларуская мова ўжо не з'яўляецца адзінай роднай мовай беларусаў, што другой такой мовай стала руская.

У выніку дэнацыяналізацыйнай палітыкі партыі з году ў год змяншаўся попыт на беларускую кнігу, якую прапаноўвалі выдавецтвы БССР. Гэта, у сваю чаргу, уплывала на абмежаванне іх выпуску. У 1950-1985 гг. агульны наклад кніг і брашур, выпушчаных у БССР, узрос з 12,5 млн. да 53,3 млн., у тым ліку беларускамоўных выданняў зменшыўся напалову з 10,7 млн. да 5 млн. асобнікаў. Адначасова іх удзел у агульнай выдавецкай прадукцыі зменшыўся з 85 да 9%. У 1985 г., напрыканцы існавання СССР, на аднаго жыхара Беларусі прыходзілася ў сярэднім 0,5 беларускамоўнай кнігі, г. зн. у 10 разоў менш, чым у суседняй Літве (5,2 кнігі на літоўскай мове) 58.

Гэтыя паказчыкі былі самыя нізкія ў СССР і сведчылі пра паспяховую рэалізацыю запавету Кнорына. Беларускі народ стаў адмаўляцца ад кніг на роднай мове, і ўлады БССР не мелі падставы прасіць прабачэння ў тых, якія імкнуліся адвярнуць гэты працэс. Рашала палітыка, не права.

52Друк Беларускай ССР 1918-1980. Статыстычны зборнік. Мінск, 1983.

53Kube W. Weissruthenien: Ein Jahr Zivilverwaltung. «Deutsche Zeitung im Ostland». 30.08.1942.

54Die Presse im Reichskommissariat Ostland. «Die Ostkartei». Juni 1943.

55 Latviju Enciklopēdija. T.1. Stokholma, 1950-1951. S. 711-712.

56 Tadas Ivanauskas. Gyvernimas ir veikla. Vilnius, 1976. P. 203.

57 Звезда. 6 октября 1918.

58Народное хозяйство СССР. Статистический ежегодник. Москва, 1966. С. 734; 1986. С. 536.

5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання

Абрамчык Мікола (1903-1970), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, інжынер. Нарадзіўся ў в. Сычавічы, што пад Радашкавічамі (сённяшні Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). У 1923 г. выехаў у Чэхаславакію, вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі; дзеяч Аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. З 1930 г. - у Францыі, заснавальнік і кіраўнік Аб'яднання беларускіх рабочых «Хаўрус», выдавец яго перыядычных выданняў «Бюлетэнь» і «Рэха». У 1941-1943 гг. дзеяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Берліне, арганізатар і лектар курсаў беларусаведы, выдавец кніг Я. Коласа Сымон Музыка і Л. Геніюш Ад родных ніў . Напрыканцы 1943 г. вярнуўся ў Парыж, са снежня 1947 г. - прэзідэнт Рады БНР.

Абрамчык (дзяв. Ляўковіч ) Ніна (літ. псеўданім Ніна Раса). Нар. 20.03.1916 у в. Шані на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, сябра Беларускага студэнцкага саюза. З восені 1939 г. настаўнічала на Пружаншчыне. На пачатку 40-х гг. пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы» і БКС, у 1942-1943 гг. апрацавала і выдала Гісторыю Беларусі ў картах і некалькі зборнікаў вершаў і песняў. Жыве ў Вілепэне ( Villepint ) пад Парыжам.

Адамовіч Антон (1909-1998), літаратуразнаўца, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі. Нарадзіўся ў Менску. У 1930 г. арыштаваны, пасля васьмігадовай высылкі ў 1938 г. вярнуўся ў Менск, скончыў БДУ, працаваў настаўнікам. У час нямецкай акупацыі арганізатар выдавецкай дзейнасці, галоўны рэдактар выдавецтва «Менск». Напрыканцы 1943 г. выехаў у Нямеччыну, працаваў у «Раніцы». Пасля вайны ў Нямеччыне, а потым ЗША развіваў актыўную навуковую, публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць.

Аляхновіч Францішак (1883-1944), беларускі тэатральны дзеяч, драматург, напісаў каля 20 п'ес. Нарадзіўся ў Вільні. У 1926 г. выехаў у Менск, неўзабаве быў арыштаваны і высланы на Салавецкія астравы. У 1933 г. вярнуўся ў Вільню. аўтар кніг Праўда пра Саветы і У капцюрох ГПУ. З сакавіка 1942 г. рэдактар штотыднёвіка «Biełaruski hołas» у Вільні. Забіты на сваёй кватэры невядомымі тэрарыстамі.

Арсеннева Наталля (1903-1997), беларуская паэтка. Нарадзілася ў Баку, з маленства жыла ў Вільні, вучылася ў беларускай гімназіі і універсітэце, жонка вайсковага дзеяча Франца Кушаля. Вясной 1940 г. з дзецьмі выслана ў Казахстан, у 1941 г. вярнулася ў Беларусь. Падчас нямецкай акупацыі працавала ў рэдакцыі «Беларускай Газэты», выдала зборнік вершаў Сягоньня , напісала лібрэта да опер М. Шчаглова Лясное возера , Усяслаў Чарадзей і аперэты З выраю . Пераклала на беларускую мову некалькі п'ес, якія ставіліся ў менскім гарадскім тэатры, сярод іх Затонуты звон Г. Гаўптмана, Вяселле Фігаро і Чарадзейная жалейка В. А. Моцарта, Кармэн Ж. Бізэ і Цыганскі барон Ё. Штраўса. Супрацоўнічала з А. Кецкам у падрыхтоўцы зборніка Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік . З лета 1944 г. - на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША. Займалася літаратурнай творчасцю.

Байкоў Мікола (1889-?) , літаратуразнавец, лінгвіст, педагог. Нарадзіўся ў 1889 г. у г. Бежацк Цвярской вобл. З 1913 г. выкладаў у навучальных установах у Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Інспектараце беларускіх школ і ў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, працаваў у рэдакцыі часопіса «Малады змагар». У 1945 г. арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, утрымліваўся ў менскай турме.

Бакач Пётр , грамадска-культурны дзеяч. Нарадзіўся каля 1910 г., вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, дзеяч нелегальнага «Змагання» ў Вільні. У лістападзе 1932 г. асуджаны на чатыры гады зняволення. Пасля вызвалення выехаў у Прагу, скончыў Карлаў універсітэт, браў удзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Аўтар Падручніка нямецкага языка для Беларусаў , артыкулаў у часопісах «Іскры Скарыны» (Прага) і «Рэха» (Парыж), даследчык гісторыі беларускай літаратуры. Напрыканцы 1943 г. узначаліў берлінскі філіял БКС, працаваў у беларускім аддзеле міністэрства прапаганды. 20 студзеня 1945 г. быў уведзены ў склад БЦР. Пасля капітуляцыі Нямеччыны арыштаваны савецкімі органамі ў Берліне, высланы ў Магаданскі лагер, з якога пасля смерці Сталіна быў вызвалены. У Беларусь не вярнуўся.

Барткевіч Баляслаў. Нарадзіўся ў 1909 г. у Чалябінскай губ., удзельнік нямецка-польскай вайны (1939), трапіў у палон. Пасля вызвалення з лагера для ваеннапалонных з кастрычніка 1940 г. кіраваў філіялам Беларускага прадстаўніцтва ў г. Торунь, а з 1943 г. - сакратар цэнтральнай управы БКС у Берліне. Ілюстраваў кнігі, выдаваныя Нінай Абрамчык. У 1945 г. арыштаваны савецкімі органамі, далейшы лёс невядомы.

Бобіч Ільдэфонс (1890-1944), каталіцкі святар, празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Дзедзіна Дзісенскага павета. Падчас нямецкай акупацыі падрыхтаваў да друку беларускамоўныя зборнікі казанняў Роднае слова ў касьцёле і Навучайце ўсе народы, а таксама працу, прысвечаную філасофіі малітвы, якія засталіся ў рукапісе. Памёр у красавіку 1944 г. у Іўі Лідскай акругі.

Віцьбіч (сапр. Шчарбакоў) Юрка (1906-1975), беларускі пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч. Нарадзіўся ў г. Веліж Віцебскай губ. Падчас нямецкай акупацыі ўдзельнік літаратурнага руху, друкаваўся ў «Беларускай Газэце», «Раніцы» і інш. У 1944 г. выйшлі ў Берліне яго кнігі Нацыянальныя Сьвятыні і Вяліскія паўстанцы. Геньдзікаўскія змагары. Пасля вайны на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Гадлеўскі Вінцэнт (1888-1942?), каталіцкі сьвятар, грамадскі дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Шурычы Ваўкавыскага павета. У чэрвені 1940 г. выехаў з Вільні ў Варшаву, працаваў у Беларускім камітэце, у кастрычніку 1941 г. прызначаны галоўным школьным інспектарам у Менску, кіраваў працай па падрыхтоўцы праграмаў навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова сябра Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы (БНС). 24 снежня 1942 г. арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску, неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы (пад Менскам).

Геніюш (дзяв. Міклашэвіч ) Ларыса (1910-1983), беларуская паэтка. Нарадзілася ў Жлобаўцах Ваўкавыскага пав. Скончыла Ваўкавыскую гімназію, пабралася шлюбам з лекарам Іванам Геніюшам. У 1937 г. выехала ў Прагу, брала ўдзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Падчас вайны друкавалася ў «Раніцы». У 1942 г. выйшаў зборнік яе вершаў Ад родных ніў. У 1948 г. у Празе арыштавана савецкімі органамі, саслана ў лагер. Пасля вызвалення ў 1956 г. жыла ў Зэльве.

Гладкі Язэп (1890-1972), педагог, даследчык, выдавец. Нарадзіўся ў в. Міхалкавічы на Лагойшчыне. У 1921-1930 гг. працаваў настаўнікам, у 1935 г. закончыў Менскі педінстытут, пазней навуковы работнік Інстытута школьнай педагогікі ў Менску. У 1941/42 настаўнічаў у роднай вёсцы, але пад ціскам партызанаў на пачатку 1943 г. пакінуў працу і пераехаў у Менск, уладаваўся ў ВШПЛМ у Менску. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША. Аўтар кніг Краёвы слоўнік Лагойшчыны , Прыказкі Лагойшчыны , школьных падручнікаў і іншых.

Глыбінны (сапр. Сядура ) Уладзімір (1910-1995), даследчык, публіцыст. Нарадзіўся ў Менску, вучыўся ў БДУ, у 1933 г. быў арыштаваны, тры гады знаходзіўся ў высылцы. У 1939 г. скончыў Ленінградскі універсітэт, у маі 1941 г. атрымаў ступень доктара філалагічных навук. У гады нямецкай акупацыі рэдактар часопіса «Новы шлях», апрацаваў кнігі Беларускі тэатр , Беларускае мастацтва і зборнік публіцыстыкі Жыве Беларусь , якія не пабачылі свету. З лета 1944 г. у эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Выдаў шэраг прац па гісторыі беларускай і рускай культуры.

Глякоўскі Станіслаў (1896-1941), каталіцкі святар, рэлігійна-грамадскі дзеяч, выдавец. Нарадзіўся ў в. Поразава Ваўкавыскага пав. У ліпені 1941 г. выехаў з Вільні ў Менск, рамантаваў касцёлы, арганізаваў беларускае каталіцкае душпастырства і пачаў выдаваць беларускамоўную каталіцкую літаратуру. Загінуў у выніку міжканфесійнага канфлікту.

Грыцук Аляксей (1910-1976), настаўнік, беларускі грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Міхноўка Бельскага пав. Гродзенскай губ. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, у 1938 г. гістарычны факультэт Варшаўскага універсітэта. Падчас нямецка-савецкай вайны (1939) трапіў у палон, адкуль уцёк на радзіму. Падчас нямецкай акупацыі сябра Беларускага камітэта ў Беластоку, у чэрвені 1942 г. прызначаны інспектарам беларускіх школ Беластоцкай акругі, апрацоўваў школьныя падручнікі. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, Аўстрыі, з 1948 г. у Канадзе.

Дабрынская (дзяв. Карсак ) Зоф'я (1904-1992?), настаўніца. Паходзіла з Дрысенскага пав. Віцебскай губ. З 1918 г. жыла ў Вільні, скончыла гімназію і настаўніцкую семінарыю, працавала ў школах Віленшчыны. У 1933 г. выйшла замуж і пераехала ў Варшаву. Падчас нямецкай акупацыі працавала ў беларускай пачатковай школе ў Варшаве, апрацоўвала школьныя падручнікі, брала ўдзел у заснаванай Янкам Станкевічам Партыі беларускіх нацыяналістаў. Пасля вайны настаўнічала ў Ольштыне, а з 1950 г. - у Варшаве.

Езавітаў Канстанцін (1893-1946), грамадскі і палітычны дзеяч, вайсковец. Нарадзіўся ў г. Дзвінску. У 1918-1920 гг. - дзеяч БНР. З 1921 г. жыў у Рызе, кіраваў грамадска-культурнай дзейнасцю беларусаў Латвіі. Падчас нямецкай акупацыі заснаваў уласнае выдавецтва ў Рызе, якое выпусціла серыю музычных твораў і іншыя беларускія кнігі. Улетку 1944 г. эвакуяваўся ў Берлін, удзельнічаў у структурах БЦР. У 1945 г. арыштаваны савецкімі органамі, памёр у турэмным шпіталі Менска.

Ермачэнка Іван (1894-1970), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, лекар. Нарадзіўся ў в. Капачоўка Барысаўскага пав. З 1922 г. жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава універсітэта (1929), браў удзел у беларускім студэнцкім руху (АБСА) і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. У 1940 г. заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. У верасні 1941 г. прызначаны кіраўніком БНС, у сваіх пачынаннях карыстаўся даверам і падтрымкай генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, аднак на фоне палітычных канфліктаў сярод акупацыйнай адміністрацыі ў красавіку 1943 г. быў вымушаны пакінуць Менск і вярнуцца ў Прагу. Пасля вайны жыў у ЗША.

Ільяшэвіч Хведар (1910-1948), беларускі паэт, празаік, гісторык, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і гістарычны факультэт Віленскага універсітэта. Падчас нямецкай акупацыі дзеяч Беларускага камітэта, а з вясны 1943 г. старшыня Беларускага аб'яднання ў Беластоку, рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога». У ліпені 1944 г. выехаў у Берлін, працаваў у рэдакцыі «Раніцы», выдаў серыю кніг у рамках «Народнай бібліятэчкі». Трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў лагеры для перасяленцаў у Ватэнштэце.

Калубовіч Аўген (1912-1987), гісторык, літаратуразнавец, палітычны дзеяч. Нараджэнец в. Ціхінічы Рагачоўскага пав. У 1930 г. арыштаваны, пасля высылкі ў 1933 г. вярнуўся ў Беларусь, скончыў Менскі педагагічны інстытут, працаваў у наркамасвеце БССР. У 1941-1944 гг. - у Менску, працаваў у ВШПЛМ, сябра Рады Даверу, БЦР, старшыня Беларускага культурнага згуртавання. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША.

Кецка Антон (1907-1978), прэсвітэр царквы Эвангельскіх хрысціян-баптыстаў. Нарадзіўся ў в. Замагілле (сённяшні Салігорскі раён). У 1928 г. прыняў воднае хрышчэнне ў Старобінскай абшчыне ЭХБ. У 1942 г. выбраны прэсвітэрам ЭХБ г. Менска, апрацаваў беларускамоўны Эвангельскі хрысціянскі спеўнік , пісаў у «Беларускай Газэце» аб становішчы царквы ЭХБ у Беларусі. У чэрвені 1944 г. вывезены з сям'ёй у Нямеччыну, адкуль у красавіку 1945 г. вярнуўся ў Менск. У лістападзе 1945 г. арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. На пачатку 1953 г. вызвалены, вярнуўся ў Менск, працаваў будаўніком, з 1967 г. старшы прэсвітэр ЭХБ на Менскую вобл., пад ягоным кіраўніцтвам пабудаваны новы малітоўны дом Менскай абшчыны.

Кіпель Яўхім (1895-1969), біёлаг, педагог, грамадска-палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Байлюкі Бабруйскага пав. Скончыў БДУ (1926), працаваў у сярэдніх школах, у Інбелкульце. У 1930 г. арыштаваны ў Менску, высланы, у 1935 г. зноў арыштаваны ў Арле. З чэрвеня 1942 г. у Менску, працаваў у Школьным інспектараце і рэдактарам газеты «Голас Вёскі», у 1944 г. - кіраўнік навуковага аддзела БЦР, старшыня II усебеларускага кангрэса. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Клішэвіч Уладзімір (1914-1978), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Краснадворцы Слуцкага пав. У 1933 г. паступіў у Менскі педінстытут, у 1936 г. арыштаваны, высланы на Калыму. У 1940 г. прывезены ў Менск на перагляд справы, дзе яго і заспела вайна. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у рэдакцыі «Газэты Случчыны», склаў і выдаў зборнік Песьняры Случчыны . З ліпеня 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Двойчы прыязджаў у СССР.

Лебяда Тодар (сапр. Шырокаў Пётр ) (1914-1970), драматург, паэт, празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў Віцебску. У 1933 г. паступіў у Менскі педінстытут, у 1936 г. арыштаваны, сасланы ў Новасібірскую вобл., у 1940 г. прывезены ў Менск для перагляду справы. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газету «Беларускае Слова», выдаў зборнічак вершаў Песьні выгнаньня, напісаў п'есу Загубленае жыцьцё , якая ў 1944 г. ставілася ў менскім гарадскім тэатры. У чэрвені 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе ў 1945 г. быў арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, рэпрэсаваны. Памёр у Разанскай вобл.

Лёсік Антон (1872-1949), настаўнік, мовазнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Нарадзіўся ў в. Мікалаеўшчына Менскага пав., брат Язэпа Лёсіка. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, з 1897 па 1900 г. вучыўся ў настаўніцкім інстытуце ў Глухаве, працаваў настаўнікам у школах Койданаўшчыны, у Ноўгарад-Северску. З 1923 г. быў навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, разам з братам Язэпам вывучаў пытанні беларускага правапісу, выкладаў беларускую мову ў Менскім педагагічным тэхнікуме. З-за рэпрэсіяў супраць брата Язэпа звольнены з тэхнікума з забаронай займацца выкладчыцкай дзейнасцю; да нямецкай акупацыі зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі. Падчас акупацыі працаваў у ВШПЛМ у якасці рэцэнзента кніг, апрацаваў і выдаў Беларускі правапіс . Памёр у Мікалаеўшчыне.

Лясун М. (сапр. Целеш Мікола ), беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў 1900 г. у в. Зазер'е Барысаўскага пав., скончыў гімназію і педагагічныя курсы, у 1919-1922 гг. у Чырвонай Арміі, пасля дэмабілізацыі прыехаў у Менск, працаваў у дзяржаўных установах, друкаваўся. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай Газэце». Апрацаваў зборнік апавяданняў На крыжы. З чэрвеня 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Дата смерці дакладна невядомая (1976?).

Мікула Віталь (1913-1945?), вайсковец. Нарадзіўся ў в. Нялетава Нясвіжскага раёна. Лейтэнант польскага войска. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Нясвіжы, у структурах БНС і БЦР па арганізацыі Самааховы і Беларускай краёвай абароны, пераклаў на беларускую мову Страявы вайсковы статут . Пасля эвакуацыі ў Нямеччыну служыў у дывізіі Зіглінга, аднак у выніку дэзерцірства салдатаў быў арыштаваны і ўвязнены ў канцлагер Дахаў, дзе, праўдападобна, загінуў.

Мядоўскі Станіслаў. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце, сябра Беларускага студэнцкага саюза і рэдкалегіі «Шляху беларускага студэнта» (1938). У 1943-1944 гг. прадстаўнік менскага ВШПЛМ у Вільні. Пасля вайны арыштаваны і рэпрэсаваны. У 1956 г. вярнуўся ў Вільню, дзе неўзабаве і памёр.

Найдзюк Язэп (1909-1984), дзеяч беларускага нацыянальнага руху, друкар, публіцыст, выдавец. Нарадзіўся ў в. Бойдаты Ваўкавыскага пав. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Ваўкавыску і ў Віленскай гімназіі. У 1926-1941 гг. - кіраўнік друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, выдавец і рэдактар часопіса «Шлях моладзі». Падчас нямецкай акупацыі - супрацоўнік школьнага інспектарата і тэхнічны кіраўнік ВШПЛМ, супрацоўнік менскіх газет, аўтар папулярнай кнігі Беларусь учора і сяньня . Улетку 1944 г. выехаў у Нямеччыну, аднак пасля вайны пасяліўся ў г. Інаўроцлаў (Польшча), дзе пад прозвішчам Александровіч працаваў да пенсіі ў мясцовай друкарні.

Радзіміч Лявон (сапр. Рублёў Цімох ) (1910-?). Нарадзіўся ў в. Будзіна (сённяшні Дрыбінскі раён Магілёўскай вобл.), беларускі пісьменнік, педагог, перакладчык. Скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут (1928), у 30-х гг. працаваў у «Савецкай Беларусі», на радыё, у Інстытуце школьнай педагогікі, настаўнічаў. Пераклаў на беларускую мову Першыя людзі на Месяцы Г. Уэлса і Дон Кіхота М. Сервантэса. За часамі нямецкай акупацыі настаўнічаў на Нясвіжчыне, друкаваўся ў «Беларускай Газэце». Па адных дадзеных, улетку 1944 г. выехаў у Польшчу, дзе жыў пад прозвішчам Лукашэвіч, па другіх дадзеных - загінуў падчас бамбёжкі ля Гарадзеі. У Берліне ў серыі «Народная бібліятэчка» выйшла ягоная кніга Адам і Ева. Чабор. Апавяданні.

Русак Васіль (1896-пасля 1946), беларускі нацыянальны дзеяч, прадпрымальнік. Нарадзіўся ў в. Ячава Слуцкай воласці. У 1917-1920 гг. удзельнік беларускага вайсковага руху, браў удзел ва ўсебеларускім з'ездзе (снежань 1917), Слуцкім паўстанні (1920). Напрыканцы 1922 г. выехаў у Чэхію, вучыўся ў Пражскай вышэйшай тэхнічнай школе на агранамічным факультэце, браў удзел у грамадка-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, адзін з кіраўнікоў АБСА. Выдаў Беларускі сьпеўнік (1934), фундаваў выданне часопіса «Іскры Скарыны», выпусціў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру пра Беларусь з этнаграфічнай картай (1939 г.), паштоўку з выявай Пагоні (1941), Беларускія (крывіцкія) песьні (1943). У чэрвені 1945 г. арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, асуджаны на 10 гадоў канцлагеру. Далейшы лёс невядомы.

Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд ) (1922-1978), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Крысава Койданаўскага раёна. Падчас нямецкай акупацыі - супрацоўнік рэдакцыі «Новы шлях», выдаў зборнік вершаў Мае песьні . З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, Аўстрыі, Аўстраліі. Жыў пад імем Альберт Кадняк.

Случанін (сапр. Шпакоўскі ) Лявон (1914-1995), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Лучнікі Слуцкага пав. Вучыўся ў Слуцкім педтэхнікуме, Менскім педагагічным інстытуце, які закончыў у 1936 г. Быў рэпрэсаваны, высланы на будову Беламорска-Балтыйскага канала, у Варкуцінскія шахты. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Беларусі, працаваў у рэдакцыі «Газэты Случчыны», а ў 1944 г. выйшла яго гістарычная паэма Рагнеда . Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе праз год быў арыштаваны савецкімі органамі, адпраўлены ў лагер. Пасля вызвалення жыў у Салігорску, друкаваўся.

Станкевіч Адам (1891-1949), каталіцкі святар, рэлігійны і палітычны дзеяч, гісторык, літаратуразнавец і выдавец. Нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага пав. Адзін з заснавальнікаў Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці ў Петраградзе (1917 г.), галоўны ідэолаг Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў. Падчас нямецкай акупацыі жыў у вільні, выдаў вучнёўскі малітаўнічак і Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу. У 1949 г. высланы ў лагер у Іркуцкую вобл., дзе і памёр.

Станкевіч Янка (1891-1976), беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага пав. Скончыў Карлаў універсітэт у Празе са ступенню доктара філасофіі (1926), выкладаў беларускую мову ў Варшаўскім і Віленскім універсітэтах, аўтар шматлікіх мовазнаўчых і гістарычных прац, школьных падручнікаў. Падчас Другой сусветнай вайны дзейнічаў у Вільні, Варшаве, Празе і Менску. Заснаваў і ўзначаліў Партыю беларускіх нацыяналістаў, галоўны рэдактар пражскіх курсаў беларусаведы, аўтар некалькіх кніг, выдадзеных у 1942-1944 гг. у Менску. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША, дзе працягваў навуковую дзейнасць.

Сяднёў Масей (1913-2001), беларускі паэт, празаік. Нарадзіўся ў в. Мокрае Клімавіцкага раёна. Вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце, у 1936 г. быў рэпрэсаваны і высланы на Калыму. У чэрвені 1941 г. прывезены ў Менск на перагляд справы. Падчас нямецкай акупацыі жыў у бацькоў у вёсцы Мокрае, у кастрычніку 1943 г. у сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі выехаў у Беласток, працаваў у рэдакцыі «Новая дарога», падрыхтаваў зборнік вершаў Ад сына твайго, Беларусь і кнігу Ахвяры бальшавізма.

Тумаш Вітаўт (1910-1998), лекар, гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Слягліцы Вілейскага раёна. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта (1937), дзеяч Беларускага студэнцкага саюза. У 1940-1941 гг. - старшыня Лодзінскага аддзялення БКС у Нямеччыне, з ліпеня 1941 г. да сярэдзіны лістапада 1941 г. - бурмістар Менска. Выехаў у Нямеччыну, рэдагаваў «Раніцу», складальнік і рэдактар зборніка Л. Геніюш Ад родных ніў . Пасля вайны жыў у Нямеччыне, потым у ЗША. Аўтар шматлікіх навуковых прац, асабліва ў галіне скарыніяны.

Туранкоў Аляксей (1886-1958), кампазітар. Нарадзіўся ў Пецярбурзе. Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. У 1941-1944 гг. супрацоўнік ВШПЛМ у Менску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе. Пасля вайны рэпрэсаваны, сасланы на 10 гадоў у лагер, пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, дзе неўзабаве і памёр.

Шутовіч Віктар (1890-1960), каталіцкі святар, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Шутавічы Ашмянскага пав. Апрацаваў зборнік Калядныя песні , выдадзены Нінай Абрамчык у Берліне. Вясной 1944 г. прыехаў з Беласточчыны ў Менск, служыў у Чырвоным касцёле. У снежні 1945 г. арыштаваны, высланы ў лагер. У 1953 г. вызвалены, вярнуўся ў Менск, з 1956 г. служыў у Барысаве.

Шчаглоў ( на эміграцыі Куліковіч) Мікола (1896-1969), кампазітар, дырыжор, педагог. Нарадзіўся на Смаленшчыне. З 1936 г. працаваў у Менску. У гады нямецкай акупацыі пісаў музыку для менскага тэатра эстрады, стварыў оперы на лібрэта Н. Арсенневай Лясное возера , Усяслаў Чарадзей і аперэту З выраю , апрацаваў СБМаўскі Юнацкі сьпеўнік. Супрацоўнік ВШПЛМ, пісаў на музычныя тэмы ў «Беларускай Газэце» і «Новым шляху». Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе выдаў кнігу Беларуская музычная культура . З 1950 г. жыў у ЗША, аўтар зборнікаў песняў, прац па гісторыі музыкі, шматгадовы рэгент хору беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Чыкага.

Індэкс асобаў

А.М. (епіскап Апанас, у свеце Антон Мартас ) 29

Абрамчык Мікола 16, 19, 21, 23, 62-64, 75, 101, 113, 117 , 118

Абрамчык Ніна 23, 62-64, 75, 84, 99, 101, 103, 105, 113, 117-118 , 120, 134

Адамовіч Антон 45, 50, 64, 71, 88, 89, 101, 113, 118

Акінчыц Фабіян 24, 51, 94, 101, 114

Альбрэхт К. 96

Альгердзіч Г. (гл. Адамовіч Антон)

Аляхновіч Францішак 51, 54, 71, 100, 114, 118

Арлоў З. 60

Арсеннева Наталля 45-49, 71, 87, 100, 113, 119 , 135

Астроўскі Радаслаў 27, 52

Багдановіч Максім 88, 93, 94

Байкоў Мікола 41, 113, 119

Бакач Пётр 16-19, 66, 72, 103, 105, 113, 114, 120

Барткевіч Баляслаў 64, 113, 120

Барэцкі Хведар 61

Бергман Аляксандра 6

Бізэ Жорж 119

Блакітны В. 51

Бобіч Ільдэфонс 50, 114, 120

Бойдацкі З. (гл. Найдзюк Язэп)

Бруноўскі П. 56

Бяльцова Аляксандра 56, 57, 79

Верас (Верес) Усевалад 22, 24, 73, 101, 103

Віцьбіч Юрка 65, 73, 74, 100, 113, 121

Гадлеўскі Вінцэнт 15, 32, 33, 114, 121

Гай Л. 51

Гайкоўскі 22, 114

Галяк Леанід 38, 95

Ганько Міхась 51, 114

Гардзіенка Алег 12

Гарун Алесь 41

Гарэцкі Максім 65

Гаўптман Генрых 119

Геніюш Іван 16, 122

Геніюш Ларыса 16, 17, 62-64, 74, 75, 100, 103, 104, 113, 114, 117, 122 , 134

Гітлер Адольф 69, 96

Глагоўская Лена 12, 55, 68

Гладкі Язэп 41, 113, 122

Глыбінны Уладзімір 48, 50, 65, 68, 75, 78, 101, 113, 122-123

Глякоўскі Станіслаў 20, 28-30, 52, 80, 87, 103, 105, 107, 114, 123

Грынкевіч Станіслаў 54

Грыцук Аляксей 59, 60, 113, 123

Гурло Алесь 93

Дабрынская (дзяв. Карсак) Зофія 9, 21, 22, 33, 36, 44, 45, 56-58, 65, 75, 76, 98, 99, 103, 124

Дальны М. (гл. Ільяшэвіч Хведар)

Дзіянісі (мітрапаліт) 60, 72, 83

Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт 93, 94

Евец А. 60

Езавітаў Канстанцін 22, 36, 54-58, 66, 76, 77, 79, 82, 88, 93, 94, 98, 99, 101, 103, 111, 113, 114, 124 ,134

Ермачэнка Іван (Ермачэнко Ян) 16, 19-21, 35, 36, 38-40, 47, 78, 89, 95, 101, 111, 125

Ждановіч Мікола 61

Жумар (Жумарь) Сяргей 6, 26, 27, 35, 60

Жылка Уладзімір 64, 78, 100

Жынкін Алесь 12

З. Б. (Бойдацкі З.) (гл. Найдзюк Язэп)

Завусцінскі М. 44, 76

Загорны Р. 83

Запартыка Ганна 11

Захарка Васіль 19

Зіглінг 129

Зінчук Марк 57, 79, 99

Золак Янка 51, 113

Іванаўскас Тадас 112

Іваноўскі Вацлаў 30, 38, 52

Ільяшэвіч Хведар 48, 59, 60, 65, 71, 75, 113, 125

Казлоўскі Уладзіслаў 51, 114

Калодка Мікола 5

Калоша Аляксандр 16, 67, 68, 113

Калубовіч Аўген 41, 113, 126

Калыньш 9, 51, 79, 101, 104, 105

Камароўскі Васіль 67, 68, 113

Карповіч Алесь 57

Касяк Іван 7, 29, 36-38

Кецка Антон 46, 95, 113-115, 119, 126

Кіпель Яўхім 41, 42, 52, 67, 113, 127

Кісель Пётр 41, 42, 44, 45, 48-50, 80, 98, 114

Клішэвіч Уладзімір 51, 85, 113, 127

Knickerbocken H.R. 96

Кнорын Вільгельм 112, 116

Колас Якуб 6, 62, 63, 81, 100, 103-105, 117

Концэ Вернер 14

Косік В. 14

Краскоўскі Антон 61

Крот Арыстарх 51, 84

Кубэ Вільгельм 26, 31, 32, 35, 37, 39-41, 109, 110, 125

Купала Янка 63

Кушаль Францішак 119

Лагода М. 71

Ластаўка Пётр 8

Ластоўскі Вацлаў 39, 44, 46, 65, 66, 81, 101

Лебяда Тодар 7, 44, 45, 47-50, 81, 100, 113, 114, 127

Леман Ота 14, 15, 82, 102, 103

Лёе Ганс 69, 82, 102

Лёсік Антон 10, 41, 42, 44, 45, 48, 49, 82, 98, 128

Лёсік Язэп 27, 40, 41, 128

Ліс Арсень 6

Лясун М. 44, 45, 82, 100, 113, 129

Ляўковіч (гл. Абрамчык) Ніна

Максімовіч Р. (гл. Тумаш Вітаўт)

Малец Дзяніс 28

Малецкі Язэп 53

Мальцаў 96

Мамчыц А. 19

Манкевіч Баляслаў 75

Манькоў Палікарп 84

Масальскі П. 56

Мікалаевіч М. 57, 82, 99

Міклашэвіч (гл. Геніюш) Ларыса

Мікула Віталь 46, 91, 114, 129

Моцарт В. А. 119

Музыка Арцём 6, 65, 82, 83, 100

Мядоўскі Станіслаў 107, 114, 129

Надсан Аляксандр 11, 66

Найдзюк Язэп 7, 30, 32, 33, 37-49, 55, 56, 66, 74, 83, 105, 113, 130

Нікель 88

Падгорны А. 65

Палескі С. 65

Палявы А. 71

Панько (дзяв. Кецка) Валянціна 12

Панькоў Мікола 58, 113

Паўловіч Сяргей 61

Пашкевіч Алаіза (гл. Цётка)

Пятроўскі Ян 67, 68, 70, 113

Рабок Людміла 11

Равенскі Мікола 67, 113

Радзіміч Лявон (сапр. Рублёў Цімох) 65, 87, 100, 130

Разглядальнік (гл. Найдзюк Язэп)

Рахункова Здэнка 11

Розенберг Альфрэд 26, 34, 35, 47, 98, 105

Русак Васіль 16, 17, 65, 73, 99, 113, 130

Рыбалтоўскі Казімір 28

Рэшэць Язэп 28, 87, 100

С. Т. 75

Савіцкая А. 65

Сагановіч Генадзь 12

Саковіч Юліян 29

Салавей Алесь 45, 47-50, 87, 100, 103, 113, 131

Самохін Рыгор 88, 99

Самохіна Т. 57, 88

Санчык П. 60, 80

Саўчук С. 17

Сахараў Сяргей 56, 58

Сервантэс Мігель дэ Сааведра 130

Сівіца Ёзаф 31, 33, 34, 36, 41

Случанін Лявон 45, 47-49, 51, 84, 88, 100, 113, 114, 131

Смоліч Аляксандра 40

Спаскі А. 57, 88, 99

Сталін Іосіф 112, 120

Станкевіч Адам 54, 74, 84, 105, 114, 132

Станкевіч Янка 7, 15, 17, 19-22, 36-41, 44, 45, 47, 49, 50, 56, 58, 64, 76, 84, 89-91, 97-99, 101, 102, 105, 113, 124, 132

Сяднёў Масей 48, 59, 60, 91, 97, 101, 104, 113, 132-133

Сядура Уладзімір (гл. Глыбінны Уладзімір)

Тарашкевіч Браніслаў 6, 27, 44, 45, 48, 63, 92, 98

Татарыновіч Міхаліна 31

Таўлай Валянцін 48

Тумаш Вітаўт 62, 81, 113, 133

Туранкоў Аляксей 41, 46, 56, 57, 78, 92, 93, 99, 114, 134

Туронак Юры 21, 29, 40, 51

Тычына Анатоль 41

Уэлс Герберт 130

Хвораст Ян 20

Хмара (сапр. Сіняк) Сяргей 48

Целеш Мікола (гл. Лясун М.)

Цётка 93, 94

Ціхамірава В. 11

Чабатарэвіч Віктар 38

Чарнушэвіч Ф. 93

Шайберт Петэр 14

Шкутка А. 17

Шкутка Э. 17

Шкуцька К. 45

Шкялёнак Мікола 15-17, 19, 21, 66

Шпакоўскі ( гл. Случанін) Лявон

Штраўс Ёган 119

Штраўх Эдуард 35

Штыр П. 70, 88

Шукелойць Антон 12, 20, 29, 31, 80

Шутовіч Віктар 64, 77, 79, 97, 100, 114, 134

Шчаглоў Мікола 41, 46, 47, 51, 57, 65, 74, 78, 84, 94, 95, 99, 101, 113, 119, 134

Шчарбакоў Юры (гл. Віцьбіч Юрка)

Шырынскі П. 44, 76

Шэнкендорф фон, Макс 25

Явар В. 51

Ядвігін Ш. 65

Янушкевіч Язэп 12

Спіс скарачэнняў

АБСА - Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый

БДАЛІМ - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

БДУ - Беларускі дзяржаўны універсітэт

БІБ - Беларускае інфармацыйнае бюро

БНР - Беларуская Народная Рэспубліка

БНС - Беларуская народная самапомач

БССР - Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

БХД - Беларуская хрысціянская дэмакратыя

БЦР - Беларуская цэнтральная рада

БКС - Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне

в. - вёска

вобл. - вобласць

ВШПЛМ - Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі

г. - год або горад

губ. - губерня

МВДТ - Менскае выдавецкае і друкарскае таварыства

НАРБ - Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

НББ - Нацыянальная бібліятэка Беларусі

пав. - павет

ПАРТ - Польская аб'яднаная рабочая партыя

РКП (б.) - Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў)

РМ - рэйхсмарка

СБМ - Саюз беларускай моладзі

СССР - Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

с/с - сельсавет

ЦК - Цэнтральны камітэт

ЭХБ - (царква) Эвангельскіх хрысціян-баптыстаў

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX