Вярнуцца: Туронак Юры

Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941-1944)


Аўтар: Туронак Юры,
Дадана: 07-03-2012,
Крыніца: Cпадчына № 3 - 1997 С.104 - 133.



Утвораны пасля вераснёўскае паразы, эміграцыйны ўрад генерала Уладыслава Сікорскага не прызнаваў, зробленых увосень 1939 г., тэрытарыяльных зменаў на ўсходзе і. выступаючы за захаванне палажэнняў Рыжскага трактату, імкнуўся да новага ўключэння заходнебеларускай тэрыторыі ў межы Польшчы. Супярэчнасці. якія выявіліся ў гэтай справе падчас распачатых у ліпені 1941 г. польска-савецкіх перамоваў у Лондане, а таксама відавочная адсутнасць зацікаўленасці Вялікабрытаніі аднавіць рыжскую мяжу, зрабілі немагчымым дасягненне дамоўленасці наконт тэрытарыяльнага пытання ў заключаным 30 ліпеня 1941 г. двухбаковым пакце. Замянілі яе "гумавай" фармулёўкай, якую маглі прыняць абодва бакі і якая дазваляла адвольную інтэрпрэтацыю. Верагодна, падпісваючы дамову, Сікорскі не пераацэньваў яе значэння што да спрэчных усходніх тэрыторыяў, бо лічыў што з нямецка-савецкай вайны абодва бакі выйдуць моцна аслабелыя, і гэта ў выніку дасць магчымасць заходнім саюзнікам арганізаваць пасляваенны лад ва Усходняй Еўропе.

(11KB) Генерал Уладыслаў Сікорскі.

На такіх меркаваннях будаваў шэф эміграцыйнага ўраду і сваю канцэпцыю канфедэрацыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы мяжа якой на ўсходзе мела супадаць з рыжскай лініяй. Гэтыя праекты прадугледжвалі замацаванне падзелу беларускіх земляў і асіміляцыю той часткі беларусаў якая мусіла апынуцца пасля вайны ў межах польскай дзяржавы. Лагічным вынікам такой палітыкі было нежаданне эміграцыйнага ўраду цікавіцца беларускім пытаннем і на ўнутрыдзяржаўным грунце. Таму нічога, акрамя агульнага дэкларавання роўнасці правоў і абавязкаў, не принесла ў гэтай справе ўрадавая праграмная дэкларацыя, прадстаўленая 2 лютага 1942 г. на ўступным паседжанні Нацыянальнай Рады. Красамоўным выяўленнем абвешчанай роўнасці было не ўключэнне беларусаў і ўкраінцаў у склад Нацыянальнай Рады (Rady Narodowej) РП як першага, так і другога склікання, што Уладыслаў Побуг-Маліноўскі ацэньваў як "палiтычна-дзяржаўную памылку велізарнай вагі".

Адзначаная пазіцыя ўраду, раўназначная ігнараванню беларускага пытання, была абавязковай і для яго прадстаўніцтваў у краі: Дэлегатуры ўраду (Delegatury Rzodu) і Галоўнага штабу (Komendy Glovvnej - KG) ЗВЗ-АК. Уплывала яна таксама на фармаванне канспірацыйных палітычных партыяў і вайсковых арганізацыяў, асабліва ўлічваючы запэўніванні Сікорскага пра гатоўнасць заходніх саюзнікаў падтрымаць ягоную ўсходнюю палітыку. Некаторыя з іх прымалі такую пазіцыю без асаблівых агаворак, іншыя разумелі яе слабасць і, не пераацэньваючы дыпламатычных намаганняў ураду, стараліся знайсці альтэрнатыўныя рашэнні. Погляды краёвага падполля на беларускае пытанне, такім чынам, выяўлялі значныя адрозненні і часта не супадалі з пазіцыяй ураду не толькі ў дачыненні тактыкі, але таксама і мэтаў. Пры гэтым яны падлягалі зменам, у асноўным пад уплывам агульнай вайскова-палітычнай сітуацыі.

Нацыянальная партыя (Stronnictwo Narodowe-SN) ужо ў пачатку вайны выступіла з крытыкай зацверджанага ў Рыжскім трактаце падзелу Беларусі (што было, аднак, у значнай ступені справай народных дэмакратаў), які замест меркаванага паскарэння асіміляцыйных працэсаў прынёс утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама актывізацыю нацыянальна-вызваленчага руху на абшарах Заходняй Беларусі. Але гэтыя падзеі, хоць і стаўшы прычынай росту нацыянальнай свядомасці беларусаў і фіяска паланізатарскай палітыкі на Крэсах, не паўплывалі на змену асноўнай дактрыны SN, якая па-ранейшаму адмаўляла прызнанне беларусаў як асобнага народу.

Супярэчнасць такой пазіцыі з рэчаіснасцю штурхала SN выпрацоўваць наступальную тэрытарыяльную праграму, якая напачатку нямецка-савецкай вайны прадбачала анексію і паланізацыю ўсёй Беларусі. Гэта выключала якія-небудзь аўтанамічныя ці федэралістычныя канцэпцыі, якія друк SN ацэньваў як загароду перад польскай экспансіяй на ўсходзе. Адзінаю магчымаю альтэрнатываю гэтай максімалісцкай праграме быў, на думку SN, зварот да рыжскай мяжы, што магло б стацца ў выніку перамогі Чырвонай арміі над Германіяй. Гэты варыянт прадугледжваў узмацненне паланізатарскай акцыі пры адначасовым высяленні часткі беларускага насельніцтва за рыжскую мяжу.

Падобных поглядаў трымалася таксама ІІартыя працы (Stronnictwo Ргасу -SP). Сведчыць пра гэта як крытыка канцэпцыі пасляверсальскай Польшчы, так і пастулаты пабудовы дзяржавы монанацыянальнага характару з шырокім абшарам, які б перакрываў этнічныя межы. Імкненне сфармаваць аднародную нацыянальным складам структуру насельніцтва будучай дзяржавы вымагала, на думку партыі, узмацнення натуральнага прыросту і рээміграцыі, а таксама вяртання ў польскасць "зрусіфікаваных элементаў" і славянскага насельніцтва са слабай нацыянальнай свядомасцю. Гэткім патрабаванням найперш адпавядала беларускае насельніцтва. Такім чынам, гэта была непрыхаваная асімілятарская праграма, рэалізацыю якой мелася паскорыць прадбачанае агульнае культурнае і гаспадарчае развіццё славянскіх мяншыняў. Ідэнтычна праграме SN Партыя працы таксама трактавала землі да Дзвіны і Дняпра як польскі цывілізацыйны абшар, на якім, як сцвярджалася, толькі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай утварыліся беларускі і ўкраінскі народы. Вызнаваная SP канцэпцыя юніянізму прадугледжвала вяртанне гэтых народаў да дзяржаўнай і культурнай еднасці з Польшчай.

Прынцыповую згоду з пазіцыяй эміграцыйнага ўраду ў той жа час выказвала Народная партыя (Stronnictwo Ludovve - SL) - Pox, якая нязменна прызнавала палажэнні Рыжскага трактату, дэкляруючы прынцыпы палітычнага, культурнага і гаспадарчага раўнапраўя для беларускага насельніцтва ў межах польскай дзяржавы. Варта, аднак, заўважыць, што некаторыя колы SL скептычна ацэньвалі перспектыву новых падзелаў і выступалі за "з'яднанне ўсіх тэрыторыяў Украіны і Беларусі і сувязь іх народаў на правах роўнасці і вольнасці з Польшчай". Аднак гэтыя погляды ніколі не выйшлі за межы дыскусіяў у прэсе і не знайшлі адлюстравання ў афіцыйнай праграме партыі.

Розныя пазіцыі займалі абедзве фракцыі сацыялістаў. WRN (Wolnosc, Rownosc, Niepodleglosc - "Свабода, Роўнасць, Незалежнасць") у гады вайны не вярнулася да ранейшай федэралістычнай праграмы і больш не выступала за аўтаномію для нацыянальных мяншыняў. У той жа час яна прызнавала прынцып раўнапраўя для ўсіх лаяльных грамадзянаў Рэчы Паспалітай і выступала за прыцягненне ўкраінцаў і беларусаў да барацьбы ў абарону рыжскай мяжы. Радыкальнае становішча ў справе ўсходняй палітыкі пэўны час займала сацыялістычная лявіца (Польскія сацыялісты). Спадзеючыся на ваенна-рэвалюцыйнае заканчэнне вайны, гэтая група разлічвала на ўзнікненне "Еўрапейскай Сацыялістычнай Федэрацыі" угрунтаванай на прынцыпах самавызначэння і роўнасці ўсіх народаў. "У такой сітуацыі. - пісала «Barykada Wolnosci» - мяжа 1939 г. страціць актуальнасць. Узнікнуць пытанні незалежнасці Беларусі і Ўкраіны, іх поўнай асобнасці або сфедэравання з Польшчай або Расеяй". Далейшае развіццё вайскова-палітычнай сітуацыі ў Еўропе, аднак паўплывала на перагляд тэрытарыяльных канцэпцыяў Польскіх сацыялістаў, да чаго не ў малой ступені спрычыніліся і змены ў кіраўніцтве гэтай групоўкі. У кастрычніку 1942 г. яна вылучае лозунг аўтаноміі для нацыянальных мяншыняў у межах польскай дзяржаўнасці пры маўклівай акцэптацыі рыжскай мяжы. Канцэпцыя гэтая становіцца, у прыватнасці, дамінуючай на II з'ездзе РППС у красавіку 1943 г.

Адзначаныя партыі - SN, SP, SL і Польскія сацыялісты - утваралі Пагадняльны палітычны камітэт (Polityczny Komitet Porozumiewawczy - РКР), прызнаны эміграцыйным урадам за палітычнае прадстаўніцтва краіны. Акрамя дарадчых кампетэнцыяў і стварэння грамадскай думкі, РКР праз сваіх прадстаўнікоў рабіў істотны ўплыў на кірунак дзейнасці Дэлегатуры. Паўнамоцнікамі ўраду і адначасова выканаўцамі функцыі старшыняў РКР былі пераважна прадстаўнікі SP Цырыль Ратайскі і Ян Станіслаў Янкоўскі, голас якіх забяспечваў партыям правіцы (SN і SP) перавагу над пазіцыяй людоўцаў і сацыялістаў. Такая расстаноўка сілаў не дазваляла Дэлегатуры распачаць больш сур'ёзныя ініцыятывы ў галіне ўсходняй палітыкі і перамовы з прадстаўнікамі беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў.

Іншую пазіцыю ў пытанні ўсходняй палітыкі займалі вайсковыя колы, што дзейнічалі ў арбіце ЗВЗ - АК. Іхныя дзеячы. што пераважна паходзілі з асяроддзя «легіёнавых» і «пэовяцкіх» (POW - вайсковыя арганізацыі пілсудчыкаў часоў барацьбы за незалежнасць Польшчы.- Пер.) асяродцзяў, былі палітычна звязаныя з пілсудска-санацыйным лагерам, супраць якога змагаліся ўрад, Дэлегатура і партыі, што складалі РКР. Зыходзячы з крытыкі рашэнняў Рыжскага трактату, паглыбленай пазней негатыўным стаўленнем да польска-савецкай дамовы з ліпеня 1941 г., гэтыя колы даволі рана выказаліся за неабходнасць перабудаваць палітычна-дзяржаўную структуру на ўсходзе на падставе змадыфікаванай даўнейшай федэралісцкай канцэпцыі. Яна прадугледжвала, між іншым, утварэнне пад эгідай Польшчы буферных дзяржаўных арганізмаў - беларускага і ўкраінскага.

Прыкметную дзейнасць у гэтым кірунку разгарнула, створаная ў ліпені 1940 г. з ініцыятывы колішняга ваяводы Генрыка Юзэўскага, канспірацыйная групоўка "Польшча Змагаецца", якая выказвала погляд, што ў інтарэсах Польшчы ляжыць узнікненне беларускай дзяржавы (абшару) са сталіцай у Менску, якая б уваходзіла ў склад цэнтральтральна-еўрапейскай канфедэрацыі або нейкім іншым спосабам была шчыльна злучаная з Польшчай. Адначасова, аднак, сцвярджалася, што Польшча не можа адступіцца ад рыжскай мяжы. У заходняй частцы падзеленае Беларусі гэтая групоўка лічыла неабходным увесці шырокае самакіраванне і поўнае раўнапраўе насельніцтва ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах, правядзенне зямельнай рэформы, ураўнапраўненне беларускае мовы ў палітычным жыцці, школьніцтве, а таксама беларусізацыю праваслаўнае царквы і гарантыю моўных правоў для беларусаў-каталікоў. Гэтыя захады, як абумоўлівала "Польшча Змагаецца", "нічым не могуць пагражаць польскай дзяржаве, калі будуць грунтавацца на істотных нутраных патрэбах, а не інспіравацца звонку". Гэтая праграма сустрэла падтрымку з боку многіх падземных груповак не толькі з пілсудска-санацыйнай афарбоўкай (Oboz Polski Walczacej і Konwent Organizacji Niepodleglosciowych), але i часткі сацыялістаў (WRN) i людоўцаў (Chlopska Organizacja Wolnosci «Radawice» - Сялянская Арганізацыя Свабоды «Рацлавіцы»).

Яшчэ больш далёкасяжныя праекты вырашэння беларускага пытання прэзентавала канспірацыйная Дэмакратычная партыя (Stronnictwo Demokratyczne - CD), дзеячы якой - Мечыслаў Міхаловіч і Рамуальд Мілер - даўно былі вядомыя сваімі федэралісцкімі перакананнямі і дзейнасцю. Верагодна, з гэтай традыцыі з'явілася канцэпцыя звароту да "змадэрнізаванай ягелонскай ідэі", якую прадстаўляў Міхаловіч яшчэ ў 30-х гг. Прыхільнікамі гэтых поглядаў у часе вайны былі яго блізкія супрацоўнікі - віцэ-старшыня SD Ежы Макавецкі і шматгадовы віцэ-дырэктар Інстытуту даследаванняў нацыянальных справаў Марцэлі Гандэльсман.

Выступаючы за грунтоўны перагляд стаўлення да беларусаў у кірунку ўзаемаразумення, даверу і супрацоўніцтва, SD ужо ў красавіку 1941 г. выступіла з крытыкай пазіцыі арганізацыі "Польшча Змагаецца" ў пытанні непарушнасці рыжскай мяжы. "Такая пазіцыя,- сцвярджаў орган партыі "Грамадзкая і палітычная думка"- памылковая, хаця і падмацоўвалася невядома якім пафасам. Трэба сабе сказаць выразна, што межы Рэчы Паспалітай былі дрэнныя, усходняя, бадай, яшчэ горшая, чым заходняя. Мела яна нязначную стратэгічную вартасць, не мела геаграфічнага і гаспадарчага сэнсу, была падзелам абшараў, заселёных аднапляменным народам. Была яна вынікам дрэннага кампрамісу, які - у значнай ступені з прычыны ўнутранага разладу і неразумення бальшынёю грамадзтва дзяржаўных задачаў - заключылі з Расеяй у Рызе ў 1921 г."

Пазіцыя Дэмакратычнай партыі ў дачыненні да беларускага пытання брала пад увагу два аспекты яго вырашэння залежна ад вынікаў нямецка-савецкай вайны. Першы з іх прадугледжваў з прычыны аслаблення або падзення абодвух калосаў мажлівасць узнікнення на ўсходзе незалежных беларускай і ўкраінскай дзяржаваў і прадбачыў арганізацыю суіснавання з імі на падставе дзяржаўнай федэрацыі. У такім выпадку SD выказвалася за адмову ад рыжскай мяжы і за адпаведны тэрытарыяльны кампраміс з гэтымі дзяржавамі. У выніку ж перамогі СССР над Германіяй партыя мелася выступаць за захаванне рыжскай мяжы разам з вырашэннем беларускага і ўкраінскага пытання на падставе тэрытарыяльнай аўтаноміі. Такім чынам, праграма SD, як і канцэпцыя сацыялістычнай лявіцы, была найбольш радыкальная сярод пазіцый падзем'я.

Варта адзначыць, што, прызнаючы эміграцыйны ўрад, Дэмакратычная партыя не ўдзельнічала ў працы РКР і Дэлегатуры. Важным полем яе дзейнасці быў у той жа час Галоўны штаб ЗВЗ - АК, у прыватнасці, ягонае Бюро інфармацыі і прапаганды, гэта было вынікам таго, што Макавецкі ("Томаш","Маліцкі" і інш.) заняў пасаду шэфа ўплывовага Аддзелу інфармацыі БІП. Макавецкі залучыў да супрацоўніцтва вядомых экспертаў па нацыянальным пытанні з Варшаўскага ўніверсітэту і Інстытуту даследаванняў нацыянальных справаў, і сярод іх прафесара Гандэльсмана (пс. "Таргоўскі", "Прафесар"), дацэнта Людвіка Відэршаля ("Пісарчык"), дацэнта Уладыслава Тамкевіча ("Сібулт", "Ктыштаф") і іншых. Кіраўніком падначаленага Макавецкаму нацыянальнага ўсходняга рэферату (z 3) стаў Тамкевіч, а ягонымі супрацоўнікамі па беларускіх справах - Зоф'я Дабжыньская ("Эва") і ўкраінскіх - Станіслаў Гэрбст ("Хробат"). Тут назапашвалі і вывучалі матэрыялы па асобных нацыянальных аспектах, якія ў выглядзе рапартаў прадстаўляліся каменданту АК, эміграцыйнаму ўраду і ягонай Дэлегатуры.

Згодна Ізабэлі Карваціньскай Макавецкі імкнуўся да таго, каб, камплектуючы БІП амаль выключна сябрамі SD, рабіць уплыў на кіраўніцтва Арміі Краёвай у кірунку, набліжаным да палітычнай лініі, прадстаўленай гэтай партыяй. Яе канчатковую форму (аўтаномія або федэрацыя) мела вызначыць цяжкае для прадбачання развіццё вайскова-палітычнай сітуацыі ў Еўропе. Гэтыя канцэпцыі выклікалі цікавасць каменданта АК генерала Стэфана Равэцкага ("Грота") і шэфа штабу генерала Тадэвуша Пэлчыньскага ("Гжэгажа"). Холадна або непрыхільна ставілася да іх Дэлегатура ўраду, якая неаднаразова накіроўвала ў Лондан абвінавачанні ў адрас Галоўнага штабу АК аб "стварэнні дуалізму ва ўрадавай дзейнасці і выкліканні дэзарыентацыі".

Стаўленне эміграцыйнага ўраду і афіцыйных сілаў у краі да беларускай справы вынікала не толькі з імкнення да ўзнаўлення ўсходняй мяжы, але таксама з пераканання гістарычна абумоўленай слабасці беларускага нацыянальнага руху, у прыватнасці, з яго сітуацый у трыццатых гадах. У тым часе ўзмацніліся абмежаванні ў дачыненні да беларускай нацыянальнай мяншыні ў Польшчы і Латвіі, у выніку чаго дзейнасць беларускіх палітычных арганізацыяў, грамадска-культурных таварыстваў, а таксама школьніцтва былі там моцна абмежаваныя і напярэдадні вайны не ўяўлялі асаблівага значэння.

Адносна сціплую дзейнасць праяўлялі ў гэтым часе таксама беларускія эміграцыйныя асяродкі ў Чэхаславаччыне і Нямеччыне. Істотныя змены ў гэтай справе адбыліся толькі пасля вераснёўскай паразы (Польшчы.- Пер.) у сувязі з імкненнем нямецкіх уладаў выкарыстаць гэтыя асяродкі ў планаванай агрэсіі на СССР. У канцы 1939 г. у, Берліне было створана Беларускае Прадстаўніцтва, пасля чаго быў арганізаваны шэраг беларускіх камітэтаў самапомачы (у Берліне, Празе, Вене, Мюнхене, Варшаве, Лодзі, Познані і ў іншых гарадах), і пачалося друкаванне тыднёвіка "Раніца". З набліжэннем нямецка-савецкай вайны гэтыя арганізацыі ўдзельнічалі ў выведнай, прапагандысцкай дзейнасці, утваралі дыверсійныя групы, а таксама рыхтавалі (8KB) Янка Станкевіч. Партрэт работы Пётры Сергеевіча. Пачатак 40-х гг. кадры для цывільнай адміністрацыі на Беларусі. Дзеля гэтых мэтаў яны займаліся вярбоўкай і трэніроўкай беларусаў - былых салдатаў Войска Польскага, якія пасля вераснёўскай кампаніі (вайна 1939 г. Германіі і СССР супраць Польшчы.- Пер.) знаходзіліся ў нямецкай няволі.

19 чэрвеня 1941 г., а менавіта напярэдадні нямецкага на­паду на СССР, у Берліне адбыўся з'езд кіраўнічых прадстаўнікоў беларускіх асяродкаў, што дзейнічалі ў Нямеччыне і Генеральнай губерні, на якім была ўтвораная новая арганізацыя пад назвай Беларускі Нацыянальны Цэнтр (далей - Цэнтр). Яна мелася аблегчыць кіраўніцтва, планаванне і каардынацыю дзеянняў у час спадзяванай акупацыі Беларусі. Старшынёй Цэнтру стаў шэф Беларускага Камітэту ў Вар­шаве Мікалай Шчорс, а ў склад ягонага кіраўніцтва ўвайшлі Анатоль Шкутка, Мікалай Шкялёнак, Часлаў Ханяўка, Вітаўт Тумаш і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Пазней да Цэнтру далучыўся Радаслаў Астроўскі. У той жа час у ім не ўдзельнічаў лідар Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі Фабіян Акінчыц, які спадзяваўся адыграць на Беларусі самастойную ролю. Арыентуючыся на супрацоўніцтва з Трэцім райхам, гэтыя дзеячы звязвалі свае чаканні са стварэннем уласных узброеных сілаў, а пасля спадзяванай перамогі над СССР - таксама са стварэннем асобнай беларускай дзяржавы пад нямецкім пратэктаратам. Пры такіх разліках справа дачыненняў з Польшчай адсоўвалася на далейшы план, а кантакт з польскім падзем'ем быў непатрэбны.

Адрозную пазіцыю ў справе дачыненняў з польскім эміграцыйным урадам і кіраўніцтвам падзем'я займала іншая група беларускіх палітычных дзеячоў, галоўнымі прадстаўнікамі якой былі Вацлаў Іваноўскі, Ян Станкевіч і Станіслаў Грынкевіч. Шанцы немцаў на перамогу яны ацэньвалі скептычна, акупацыю Беларусі як з'яву часовую і, як і польскае падзем'е, арыентаваліся на заходніх саюзнікаў і на іхную вырашальную ролю ў арганізацыі паваеннага ладу ў Еўропе. У гэтых разліках, у прыватнасці, быў пажаданым польскі саюзнік, з якім звязваліся спадзяванні на пастаноўку беларускага пытання на міжнародным форуме на грунце даўняй федэралісцкай канцэпцыі. Гэтыя дзеячы разлічвалі на мажлівасць пераадолення цяжкасцей, што вынікалі пераважна з разыходжання пазіцыяў у тэрытарыяльным пытанні, як на дасягненне паразумення і арганізацыю супрацоўніцтва з польскім падзем'ем.

Канцэпцыя Іваноўскага і ягоных таварышаў не рознілася ад пазіцыі дзеячоў Цэнтру ў адной істотнай справе, а менавіта ў ацэнцы выкарыстання нямецкай акупацыі для разбудавання сілаў беларускага нацыяналізму, у апанаванні адміністрацыйнага кіраўніцтва і ў стварэнні ўласных узброеных сілаў. Супрацоўніцтва з немцамі, аднак, ставіла пад знак пытання шанцы польска-беларускага дыялогу і прэзентацыю беларускага пытання ў Лондане. Папярэдняе вызначэнне тактыкі дзеяння ў гэтай складанай справе адбылося ўжо ў першай палове 1940 г. у Вільні і прадбачыла падвойную гульню з наступным падзелам галоўных роляў: Іваноўскі меў заняцца дзейнасцю ў афіцыйнай сферы, Станкевіч жа - стварэннем канспіратыўнай арганізацыі, вольнай у вачох польскага падзем'я ад абвінавачанняў у калабарацыі.

У чэрвені 1940 г. Станкевіч прыбыў у Варшаву і праз колькі месяцаў стварыў падземную арганізацыю пад назвай Партыя Беларускіх Нацыяналістаў - ПБН, пераважна між членаў варшаўскага Беларускага Камітэту, апазіцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага. Уступіў таксама ў кантакт з Дабжыньскай, за пасярэдніцтвам якой летам 1941 г. зрабіў спробы пачаць размовы з БІПам - адзіным асяродкам польскага падзем'я, зацікаўленасці якога давалі спадзяванні на пазітыўны абмен думкамі. Да размоваў, аднак, не дайшло. Паўплывалі на гэта не толькі недавер да Станкевіча і сумненні наконт значэння рэпрэзентаванай ім ПБН, але таксама імкненне Галоўнага штабу да ўмацавання польскіх пазіцыяў на заходнебеларускім абшары пасля яго акупацыі нямецкімі войскамі. З гэтае прычыны перамовы з беларусамі маглі разглядацца як заўчасныя.

Згаданыя імкненні ў першыя месяцы нямецкай акупацыі прынеслі шэраг канкрэтных вынікаў. Летам 1941 г. на гэтай тэрыторыі была створаная выведная сетка KG ЗВЗ і пачалася арганізацыя падземных вайсковых структураў. Істотная роля, у прыватнасці, надавалася апанаванню мясцовай цывільнай улады, якая ў часе нямецкага вайсковага кіравання ў значнай ступені была занятая палякамі. Гэта выклікала процідзеянне беларусаў, якія таксама імкнуліся да ўмацавання сваіх пазіцыяў у будучай барацьбе за лёс гэтых земляў. Восенню 1941 г. пасля ўтварэння Генеральнага камісарыяту Беларусі і ўвядзення цывільнага кіравання пачалося звальненне палякаў з занятых імі пасадаў і беларутэнізацыя публічнага жыцця. У такой атмасферы множыліся канфлікты і ўзаемныя даносы, часта з трагічнымі вынікамі.

Адмоўны ўплыў на польска-беларускія дачыненні рабіла таксама напружанне, што ўзнікала на класавым грунце перадачы ўпраўлення маёнткамі іх былым уладальнікам. Як сцвярджаў "Сыбулт" (Тамкевіч) у інфармацыі ад 31 кастрычніка 1941 г., "на беларускія тэрыторыі часта вяртаюцца зямельныя ўласнікі пад аховай нямецкай жандармерыі. Гэта выклікае канфлікты з сялянамі, ад якіх адбіраецца зкалгасаваная фальварковая зямля і розныя забраныя з двору рухомасці. У ваколіцах Ліды на гэтым грунце дайшло да хваляванняў, жандары застрэлілі некалькі сялянаў. Немцы робяць выгляд быццам "вяртаюць Польшчу" і такім чынам ствараюць антаганізм паміж беларусамі і палякамі".

Для кіроўных колаў падзем'я прызвычаеных разглядаць беларускае пытанне як штосьці мглістае, такая сітуацыя ў Заходняй Беларусі была новай з'явай крыніцу якой бачылі як у нямецкіх інспірацыях, так і ў зменах што адбыліся амаль за два гады савецкай улады (1939-1941). Хіба раней за ўсіх прыкмеціў гэта адчувальны да нацыянальных пытанняў эндэцкі друк, указваючы, што "бальшавіцкае падлізванне да беларускага селяніна, вылучэнне шмат каго з іх на інтэлігентаў пасля некалькіх месячных курсаў, увядзенне беларушчыны як дзяржаўнай мовы - усё гэта паглыбіла і моцна ўскладніла нашу беларускую праблему". Праблема гэтая паступова набірала значэнне, аднак напачатку будзіла сярод кіраўніцтва падзем'я непрыязныя настроі і канфрантацыйную пазіцыю, непрыхільную справе згоды. Таму не выпадкова паведамленні кіраваныя ў Лондан у другой палове 1941 г., не мелі ніякіх пазітыўных меркаванняў на гэты конт, але, наадварот, указвалі на бязмэтнасць кантактаў з беларусамі. Падобна было і ў Менску, дзе канцэпцыя супрацоўніцтва з Польшчай пахла "нацыянальнай здрадай", а яе галоўныя прыхільнікі Іваноўскі і Станкевіч былі аб'ектам нападак і нават абвінавачанняў, кіраваных у нямецкія органы бяспекі сваімі палітычнымі праціўнікамі.

Але гэтыя дзеячы паслядоўна рэалізоўвалі свае ранейшыя рашэнні. У сярэдзіне лістапада 1941 г. Іваноўскі стаў бургамістрам Менска. Станкевіч жа заняўся разбудоўваннем канспірацыйнай Партыі Беларускіх Нацыяналістаў ды імкнуўся наладзіць кантакт з кіраўніцтвам польскага падзем'я. Важную ролю ў гэтай справе адыграў, супрацоўнічаючы з ПБН Іваноўскі, выкарыстоўваючы свае знаёмствы сярод уплывовых дзеячоў падзем'я ў Варшаве. У канцы лістапада 194 Г г. яго адведаў у Менску афіцэр 2-га аддзелу Галоўнага (11KB) Зоф'я Дабжыньская ('Эва'), эмісар Галоўнага штабу Арміі Краёвай, настаўніца беларускай пачатковай школы ў Варшаве, удзельніца перамоваў з кіраўніцтвам Партыі Беларускіх Нацыяналістаў. Здымак пасляваенны. штабу Самуэль Кастравіцкі, які пасля звароту ў Варшаву імкнуўся стварыць адпаведныя ўмовы для перамоваў і пераконваў кіраўніцтва ў іх мэтазгоднасці. Старанні гэтыя завяршыліся паспяхова, на што ўказвае радыкальная змена пазіцыі KG у справе кантактаў з ПБН. Таму замест ранейшых ацэнак, дзе пераважна звярталася ўвага на беларускую калабарацыю з немцамі, у пачатку 1942 г. з'явіліся паведамленні Равэцкага пра рост між беларусамі ў Менску антынямецкай апазіцыі, якая шукае кантакту з палякамі, і нават пра спадзяваную падтрымку беларусамі прадбачанага ў апошняй фазе вайны паўстання.

Пазіцыю Галоўнага штабу АК выразна акрэсліў спецыяльны рапарт па беларускаму пытанню да Сікорскага, высланы вясной 1942 г. Указваў ён на рост веры кіроўных колаў і беларускіх масаў у паразу гітлераўскай Германіі, у сувязі з чым "некаторыя дзеячы, што знаходзяцца ў апазіцыі да палітыкі Шчорса, шукаюць кантактаў з польскімі групоўкамі, жадаючы дамовіцца на грунце супольнай абароны ад Расеі. Людзі гэтыя хочуць вызвалення ўсёй Беларусі пры дапамозе Польшчы і заключэння з намі цеснай федэрацыі, высоўваючы, аднак максімальныя тэрытарыяльная прэтэнзіі і вызначаючы будучыя межы Беларусі ад Рослаўля да Белай Падляшскай улучна. Праграма нацыяналістаў, што дзейнічаюць на месцах, у сувязі з прадбачанай паразай Германіі зводзіцца пераважна да як найлепшага апанавання краю адміністрацыйна, гаспадарча і культурна, каб будучых заваёўнікаў тэрыторыі паставіць перад здзейсненымі фактамі".

Рапарт падкрэсліваў, што "рост адзнакаў пошукаў кантактаў з польскім бокам, пакінутых намі без адказу, можа быць перакрэслены новымі нямецкімі канцэсіямі (у тэксце памылка: канцэпцыямі.- Ю.Т.)" і пастуляваў прыяднанне беларускіх масаў праз:

- выданне адозвы польскага ўраду да беларусаў аб сужыцці абодвух народаў пасля вайны з асаблівым вылучэннем пытання эканамічнага (зямельная рэформа) і культурнага;

- уключэнне прадстаўнікоў беларускага грамадства ў Нацыянальную Раду;

- неадкладны пачатак прапаганды, якая б перамагала антыпольскія аргументы;

- зварот польскага ўраду да Ватыкана з прапановай аб прызначэнні біскупа беларускай нацыянальнасці для этнічна беларускіх тэрыторыяў.

Асаблівай увагі заслугоўвае прадстаўленая ў рапарце прапанова аб "неадкладным скантактаванні з тымі беларускімі дзеячамі, якія шукаюць апоры ў Польшчы", а таксама просьба, скіраваная да Сікорскага аб дырэктывах па беларускім пытанні, "цесна звязаным з прадбачанай паўстанцкай акцыяй і авалодваннем нашых усходніх тэрыторыяў, заселеных беларускім насельніцтвам". Гэта азначала згоду Галоўнага штабу з прапановамі Партыі Беларускіх Нацыяналістаў у справе распачынання перамоваў пры захаванні ранейшых пазіцыяў па тэрытарыяльным пытанні.

Гэты рапарт трапіў у Лондан даволі хутка, а яго вынікам стаў тэлеграфны загад ад 25 чэрвеня 1942 г. пашырыць кола інфармацыі з Беларусі і аб больш падрабязных звестках пра беларускіх дзеячоў. Але эміграцыйны ўрад устрымліваўся ад ацэнкі рапарту, таксама як і з перадачай дырэктываў, пра каторыя прасіў Галоўны штаб. У такой сітуацыі кіраўніцтва АК само пачало рэалізацыю некаторых сваіх прапановаў з успомненага рапарту. Адным з іх стаў пачатак у сярэдзіне 1942 г. прапаганднай акцыі між польскага і беларускага насельніцтва ў напрамку стварэння настрою ўзаемнай сімпатыі, гатоўнасці да замірэння і супольных абарончых дзеянняў. Гэтая акцыя. якой цікавіўся асабіста Равэцкі, не дасягнула чаканых вынікаў, а ўлёткі, выдаваныя, між іншым, на беларускай мове, траплялі на непрыхільны грунт. Гэты факт, напэўна, і паскорыў рашэнне пачаць размовы з ПБН.

Першае спатканне інфармацыйнага характару адбылося ў канцы ліпеня 1942 г. у Менску, куды накіравалася прадстаўніца Галоўнага штабу АК Дабжыньская ("Эва"). Як вынікае з падрабязнай справаздачы тых размоваў, пасля яе прыбыцця і навязання кантакту са Станкевічам, ён склікаў паседжанне Цэнтральнага Камітэту Партыі Беларускіх Нацыяналістаў, які пацвердзіў імкненне да супрацоўніцтва з Польшчай, наступным чынам акрэсліваючы сваю пазіцыю і пажаданні:

- немэтазгоднасць пачатку збройнай барацьбы з Германіяй і захаванне бачнасці лаяльнасці аж да часу

- стварэння беларускай арміі;

- утварэнне беларускай дзяржавы з заходняй мяжой, пралягаючай уздоўж лініі Керзана;

- утварэнне пасля вайны польска-беларускай дзяржаўнай уніі з агульным міністэрствам замежных справаў;

- пастаноўка польскім урадам беларускага пытання перад урадам Вялікабрытаніі;

- спыненне палякамі імкненняў апанаваць адміністрацыю ў Заходняй Беларусі пры адначасовым спыненні беларусамі антыпольскага курсу.

Дабжыньская, каментуючы частку прадстаўленых пажаданняў. заявіла. што, пры жаданні польскіх уладаў супрацоўнічаць з ПБН, яны, аднак, у прынцыпе не могуць адступіцца ад рыжскай мяжы. Станкевіч, верагодна, прадбачыў такую польскую пазіцыю, таму выставіў прапанову лічыць тэрытарыяльныя праблемы адкрытым пытаннем, пгго магло б спрыяць прагрэсу ў дачыненнях увогуле. Дамоўленасць з Польшчай ЦК ПБН хацеў бы ўтрымаць у таямніцы не толькі ад немцаў, а таксама і ад бальшыні сваёй партыі, матывуючы гэта існаваннем у беларускім грамадстве настрояў падазронасці і непрыязні ў дачыненні да Польшчы. Канстатацыя гэтых цяжкасцяў і разыходжанні ў поглядах не перакрэслілі, аднак. спадзяванняў абодвух бакоў на дасягненне дамоўленасці, выяўленнем чаго, між іншым, сталі запросіны Станкевіча ў Варшаву для працягу размоваў.

Перамовы Галоўнага штабу АК з Партыяй Беларускіх Нацыяналістаў былі непрыхільна сустрэтыя Дэлегатурай ураду. Як сведчаць заўвагі на палях справаздачы «Эвы» пазіцыя ПБН там была ацэненая як двухаблічная палітыка выйгравання кан'юнктуры, а прапановы супрацоўніцтва, абвешчаныя з Менска прадстаўніцай KG, прызнаныя бяспраўнымі. Пры гэтым Дэлегатура не заняла ніякай пазіцыі да пастулатаў беларускага боку, заўважаючы. што зыходным пунктам будучага паразумення мог бы быць толькі пачатак сумесных збройных дзеянняў супраць немцаў. Гэтае ў прынцыпе слушнае жаданне было апушчана ў бліжэйшай справаздачы Дэлегатуры ўраду. Не скупіліся ў той жа час у ёй на абвінавачанні супраць ПБН, указваючы. што яе прасаюзніцкая арыентацыя з'яўляецца "толькі тэорыяй", што партыя гэтая ў сапраўднасці антынямецкая, але яе людзі супрацоўнічаюць з немцамі, а дзейнасць "абмяжоўваецца ў сучасны момант нішчэннем польскасці рукамі акупанта". Такім чынам, Дэлегатура была рашуча супраць дачыненняў з беларускай канспірацыяй і відавочна старалася ў гэтым кірунку паўплываць на пазіцыю Сікорскага, які абяцаў у хуткім часе прыслаць інструкцыю па беларускай справе.

Завастрэнне акупацыйнага рэжыму на Беларусі восенню 1942 г. і ў прыватнасці фіяска планаў утварэння корпусу Беларускай самааховы выклікалі прыкметны перагляд стаўлення да Польшчы нават сярод галоўных дзеячоў Цэнтру. Заслугоўвае ўвагі спроба кантакту з польскім падзем'ем, зробленая тагачасным шэфам цывільнага кіравання ў Смаленску Астроўскім. Знаходзячыся праездам у Варшаве 21 лістапада 1942 г., ён сустрэўся з Тамкевічм ("Кшыштафам") з БІПу і, спасылаючыся на паўнамоцтвы ад кіраўніка Цэнтру Шчорса, прапанаваў распачаць перамовы, якія б прывялі да супрацоўніцтва на грунце федэрацыі і польскай дапамогі ў будаўніцтве беларускай дзяржавы. "Кадры інтэлігенцыі шчуплыя, - заўважыў Астроўскі,- таму Польшча павінна дапамагчы ў гэтай справе, пасылаючы на тамтэйшыя тэрыторыі сваіх людзей, якія б былі большымі беларусамі, чым самі беларусы". З гэтай размовы Тамкевіч вынес адмоўнае ўражанне і боязь правакацыі, а пасля збору Галоўным штабам інфармацыі пра Астроўскага ягоная прапанова была ў хуткім часе заігнараваная.

Пасля няўдалай спробы Астроўскага ў Варшаве запанавала пацяпленне ў дачыненнях да ПБН. У значнай ступені да і гэтага спрычынілася змена на пасадзе Дэлегата ўраду, якую пасля смерці Ратайскага ў верасні 1942 г. заняў прадстаўнік SL Пекалкевіч, больш чым папярэднік прыхільны да паразумення з беларусамі. У гэтай сітуацыі прыбылы ў канцы снежня ў Варшаву старшыня ЦК ПБН Станкевіч ("Гжацкі") без асаблівых цяжкасцяў дамовіўся з Тамкевічам аб правядзенні 26-28 студзеня 1943 г. канферэнцыі па пытанню супрацоўніцтва, між іншым, з удзелам прадстаўнікоў Дэлегатуры. Напярэдадні гэтага ён выехаў у Кракаў і Прагу. Інфармуючы пра сваё спатканне са Станкевічам, Тамкевіч звяртаў увагу кіраўніцтва, што ПБН праз сваю віленскую арганізацыю ўступіла ў дамоўленасць з летувісамі, мае цесныя кантакты з чэхамі і вельмі разлічвае на іх дыпламатычную дапамогу, а таксама намагаецца дамовіцца з украінцамі. Даносіў пры гэтым, што "манціруецца летувіска-беларуская ўнія пад эгідай Чэхіі, якая, верагодна, такім спосабам стараецца ўтварыць процівагу Польшчы ў будучай канфедэрацыі".

Цяжка вызначыць, у якой ступені гэтая інфармацыя адпавядала сапраўднасці, а ў якой была разлічаная на ўзмацненне пазіцыі Станкевіча ў маючай адбыцца канферэнцыі. Але фактам стала тое, што ёй надалі афіцыйны характар. Згодна паведамленню Дабжыньскай - аднаго з арганізатараў і ўдзельнікаў гэтай канферэнцыі, - у ёй прынялі ўдзел Макавецкі і Тамкевіч з Галоўнага штабу АК, а таксама прадстаўнікі Дэлегатуры і палітычных партыяў РКР сацыялістаў і людоўцаў. Мяркуючы па ўспомненаму рапарту Тамкевіча ("Кшыштафа") ад 21 снежня, Станкевіч наважваўся прадыскутаваць пытанне незалежнасці беларускай дзяржавы "з апорай тым або іншым спосабам на Польшчу", а таксама выданне польскім урадам дэкларацыі аб неабходнасці яе ўтварэння. Па-ранейшаму ён не бачыў патрэбы рыхтаваць антынямецкую ўзброеную акцыю, згаджаўся ў той жа час пачаць прапагандысцкую дзейнасць для справы паразумення з Польшчай.

Згодна Дабжыньскай, у бурлівай дыскусіі дамінавала, аднак, тэрытарыяльная праблема, пры гэтым ні адзін з бакоў не быў схільны да змены сваіх ранейшых пазіцыяў. Можна меркаваць, што ў такой сітуацыі не было дасягнута паразумення таксама і шляхам разгляду праблемы мяжы як справы адкрытай, у выніку чаго дыскусія па асноўных пастулатах ПБН стала беспрадметнай. Адначасова польскі бок моцна налягаў на неабходнасць далучэння беларусаў да супольнай антынямецкай вайсковай акцыі, на што Станкевіч не пагадзіўся. Пасля фіяска планаў утварэння корпусу Беларускай самааховы і апанавання нацыяналістамі афіцэрскіх кадраў удзел ПБН у гэтай справе наразе павінен быў заключацца ў арганізацыі на Беларусі мярэжы базаў для жаўнераў Арміі Краёвай. Абмежаванае вайсковае супрацоўніцтва, такім чынам, было адзіным пытаннем, узгодненым у ходзе варшаўскай канферэнцыі, з чым абодва бакі звязвалі, аднак, розныя спадзяванні. Для Станкевіча гэта стварала мажлівасці падтрымоўваць кантакты з польскім падзем'ем у спадзяванні на прызнанне польскім урадам незалежніцкіх імкненняў беларусаў. У той жа час польскі бок спадзяваўся выкарыстаць гэтыя кантакты для падтрымкі з боку ПБН пазіцыі ўраду ў справе ўсходняй мяжы, што пасля паразы немцаў пад Сталінградам было, на яго думку, альтэрнатывай больш рэальнай, чым канцэпцыі беларускіх нацыяналістаў.

Указвае на гэта наступная дэпеша Пекалкевіча пра канферэнцыю са Станкевічам, высланая 12 лютага 1943 г. да ўраду: "Праведзены размовы са старшынёй беларускай незалежніцкай арганізацыі, які вяртаўся з Прагі. Хоча супрацоўнічаць з намі, але хоча ведаць, якія правы беларусы атрымаюць у Польшчы. Прапанавалі раўнапраўе беларускай мовы ў гарадскіх і старосцкіх судах і ў самакіраванні, а таксама пачатковыя і сярэднія беларускія школы... Прашу інструкцыяў па беларускаму пытанню". Такім чынам, Паўнамоцнік ураду не вызначыўся па праблемах, што цікавілі кіраўніцтва ПБН, а закрануў пытанні тыпова ўнутрыдзяржаўнага характару.

Падобныя тэндэнцыі выяўляў таксама Галоўны штаб АК. "Прыяднанне беларусаў і ўкраінцаў да польскай палітыкі,- паведамляў Равэцкі ў Лондан,- магло б ...запэўніць нам англасаксонскую падтрымку ў гэтай справе (усходніх земляў.- Ю.Т.) і перашкодзіць гульні Расеі. Каб гэтага дасягнуць, уяўляецца неабходнай выразная дэкларацыя аб ураўнанні тых мяншыняў у правах і забеспячэнні ім магчымасці культурнага развіцця. Недастаткова, аднак, абмежавацца абяцаннямі, але трэба было б выдаць адпаведныя дэкрэты і распараджэнні. Калі ўсходнія землі ўтрымаем - то такія акты і так будуць неабходныя, калі не - то не могуць пашкодзіць". Вызначэння правоў беларусаў і ўкраінцаў дамагалася ад ураду таксама рэзалюцыя Пагадняльнага палітычнага камітэту, принятая 14 лютага галасамі людоўцаў, сацыялістаў і старшыні супраць галасоў Нацыянальнай партыі і Партыі Працы. Урад, аднак, у гэтай справе не мяняў сваёй ранейшай пазіцыі. Яе выказаў прэзідэнт РП Рачкевіч у сваёй навагодняй прамове наступным чынам: "Рэальнай, наймацнейшай і адзінай апорай польскай дзяржавы на ўсходніх землях ёсць найперш польскі карэнны нацыянальны элемент... Першай галоўнай задачай нашай палітыкі на ўсходніх землях павінна быць узмацненне польскага элементу і ўгрунтаванне на ім усёй палітычнай лініі ў адносінах да мясцовых нацыянальных мяншыняў".

Тэндэнцыі да пагаднення з беларусамі з цяжкасцю ўтрымоўваліся ў Дэлегатуры толькі ў перыяд пяцімесячнага паўнамоцтва ў ёй Пекалкевіча. Пасля яго арышту 19 лютага 1943 г. і прызначэння чарговым Паўнамоцнікам ураду прадстаўніка Партыі Працы Янкоўскага адбылося вяртанне да папярэдняга курсу з дамінаваннем уплываў Нацыянальнай партыі і Партыі Працы. Істотны ўплыў на радыкалізацыю пазіцыі Дэлегатуры таксама выклікаў разрыў СССР у красавіку 1943 г. дыпламатычных зносін з лонданскім урадам, у выніку чаго перасталі дзейнічаць ранейшыя тактычныя меркаванні пры фармуляванні канцэпцыі ўсходняй палітыкі. Так, у перасланых у ліпені ў Лондан "Заўвагах аб нашай міжнароднай палітыцы" Дэлегатура прапаноўвала затрымаць Чырвоную армію на рыжскай мяжы і нават адціснуць яе на ўсход і патрабавала ўключэння ў склад Польшчы Менска і Камянца, як ваеннай кампенсацыі.

Пры такіх намерах беларускае пытанне зусім знікала з поля зроку Дэлегатуры. "Беларускі народ,- сцвярджала яна ўслед Нацыянальнай партыі,- ажно да сучаснай вайны не стварыў ні на нашай, ні на савецкай тэрыторыі нічога ў выглядзе ўласнай культуры, літаратурнай традыцыі, ні эліты, здольнай кіраваць нацыянальным лёсам або дзяржаўным жыццём", у сувязі з чым не бачыла падставаў для ўтварэння буфернай дзяржавы і рэкамендавала поўную паланізацыю беларускіх земляў уключна з Меншчынай. У такім духу была вытрыманая "Дэкларацыя палітычнага паразумення чатырох партыяў", ухваленая 15 жніўня 1943 г. Краёвай палітычнай рэпрэзентацыяй, пра што сведчыць уключаны ў яе памянёны пастулат непарушнасці рыжскай мяжы разам з "адпаведнымі адшкадаваннямі", а менавіта анексію Менска і Камянца. Гэта сведчыць, што выказаная ў дэкларацыі ідэя "ўрэгулявання спраў нацыянальных мяншыняў на грунце традыцыйнай вольнасці, а таксама роўнасці правоў і абавязкаў" магла тычыцца беларусаў толькі тэарэтычна.

Нічога не ўказвае на тое, каб разлічаная на прапагандысцкі эфект дэкларацыя Краёвай палітычнай рэпрэзентацыі атрымала які-небудзь водгук сярод беларускага насельніцгва, што пэўна не стала нечаканасцю для яе аўтараў. Бо, пачынаючы ад вясны 1943 г., кіраўніцтва падзем'я было дакладна і шматкроць інфармаванае пра настроі беларускіх масаў, на якія штораз больш уплывалі перамогі Чырвонай арміі і разгортванне савецкага партызанскага руху. Як сведчылі справаздачы Дэлегатуры і Галоўнага штабу АК, якіх цяжка западозрыць у тэндэнцыйнасці, "бальшыня беларускіх сялянаў сімпатызуе партызанам і мае прасавецкія настроі. У многіх месцах нават узніклі камуністычныя ячэйкі, у асноўным сярод праваслаўнага насельніцтва. Тым не менш, нягледзячы на поўную адсутнасць нашай контрпрапаганды, пэўныя паланафільскія настроі ў каталіцкіх масах яшчэ існуюць, праўда, хутчэй у патэнцыяльным стане". Лагічным вынікам росту прасавецкіх настрояў было зніжэнне польскага палітычнага крэдыту і ўзмацненне няверы ў вяртанне польскай дзяржаўнасці. Таму Дэлегатура не цешыла сябе спадзяваннем прыяднаць беларусаў і неразлічвала на іх удзел у рэалізацыі сваіх палітычных намераў.

Такіх поглядаў не падзяляў Галоўны штаб АК, які і пасля студзеньскай канферэнцыі падтрымоўваў кантакт з ПБН у спадзяванні на завяршэнне паяднаўчых размоваў. Рашэнне кіраўніцтва аб чарговых перамовах саспявала, аднак даволі доўга, што, верагодна, было звязана з цяжкасцямі, якія ўзніклі пасля смерці Сікорскага, арышту Равэцкага, а таксама з негатыўнай пазіцыяй Дэлегатуры. Пэўнае значэнне тут мела таксама рэарганізацыя беларускіх груповак, якія арыентаваліся на супрацоўніцтва з Польшчай, у выніку чаго летам 1943 г. было створанае канспірацыйнае Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб'яднанне (БНДА), у склад яго ўвайшлі Партыя Беларускіх Нацыяналістаў, кіраванае Грынкевічам Беларускае Народнае Аб'яднанне і іншыя дробныя групы. Мэтай такога кроку была кансалідацыя гэтых груповак, якія нават у ацэнках іхных кіраўнікоў не былі буйнымі.

Чарговыя перамовы пачаліся ў канцы кастрычніка 1943 г. у Вільні і працягваліся з перапынкамі амаль два месяцы. Польскі бок прадстаўлялі мандатарыюш KG АК Дабжыньская і камендант Віленскай акругі АК палкоўнік Аляксандр Крыжаноўскі, а БНДА - Станкевіч і Грынкевіч. Варта заўважыць, што размовы вяліся без удзелу шэфа акруговай Дэлегатуры Зыгмунта Федаровіча, што было выклікана, у прыватнасці, дзвюма прычынамі. Па-першае, лакалізацыя размоваў у Вільні не азначала іх рэгіянальнага характару, па-другое - прадстаўнікі КГ і БНДА ўлічвалі негатыўную пазіцыю Федаровіча, як дзеяча SN, да беларускага пытання і не разлічвалі на ягоны канструктыўны ўдзел. Гэтая акалічнасць адыгрывала важную ролю, бо Крыжаноўскі быў нават абавязаны не перадаваць мясцовай Дэлегатуры падрабязнасцяў перамоваў. Лакальная салідарнасць аказалася, аднак, мацнейшай, і Крыжаноўскі пераказваў іх патаемна Федаровічу, той - Паўнамоцніку ўраду ў Варшаве... Менавіта дзякуючы гэтай інфармацыі мы і ведаем пра важнейшыя асаблівасці віленскіх перамоваў.

Сярод дыскутаваных праблемаў першачарговымі паўставалі пытанні палітычных дачыненняў. Як інфармаваў дэлегат Віленскай акругі ў сваёй справаздачы за кастрычнік, польскі бок заявіў, што "польскі ўрад быццам бы для ўмацавання сваёй міжнароднай пазіцыі павінен увесці ў Нацыянальную Раду ў Лондане прадстаўнікоў украінцаў і беларусаў. Беларусам прапанаваныя два месцы. Гэта была новая прапанова, якой, напэўна, спрабавалі схіліць прадстаўнікоў БНДА да адмовы ад прынцыпу ўз'яднанай Беларусі на бок прынцыпаў палітычных канцэсіяў для беларускай мяншыні ў рамках польскай дзяржавы. Далей у цытаванай справаздачы Федаровіч паведамляў, што "беларусы ў прынцыпе адказалі прыхільна і выклалі свае пастулаты ў мемарыяле, тэкст якога я павінен атрымаць. Мемарыял утрымоўвае пастулаты ў двух варыянтах: адзін на выпадак захавання дзяржаўных межаў 1939 г., другі - на выпадак іх пашырэння на ўсход. У адным і другім выпадках жадаюць нацыянальнай аўтаноміі з цэнтрам у Вільні (першы варыянт) або ў Менску (другі варыянт)".

Паведамленне гэтае, аднак, аказалася непраўдзівым, і ўжо ў наступнай справаздачы было абвергнутае Федаровічам. У сапраўднасці існавалі не адзін. а два мемарыялы БНДА, з якіх адзін на французскай мове быў адрасаваны ўрадам Злучаных ІІІтатаў і Вялікабрытаніі, а другі - да польскіх уладаў. He мелі яны ўпамінанняў пра нацыянальную аўтаномію, у той жа час выразна патрабавалі незалежнасці Беларусі ў дакладна не акрэсленых этнічных межах, не выключаючы пры гэтым мажлівасці федэратыўных рашэнняў. Такім чынам, ранейшая пазіцыя Станкевіча - Грынкевіча па тэрытарыяльным пытанні не змянілася, што пры аналагічнай пазіцыі KG АК перакрэслівала шансы на дамоўленасць у справе беларускага прадстаўніцтва ў лонданскай Нацыянальнай Радзе. Падчас тэрытарыяльных спрэчак беларусамі была адкінутая формула пасольскай прысягі, прыняцце якой азначала б прызнанне рыжскай мяжы.

Ва ўмовах існуючых палітычных супярэчак шанцы паразумення ў вайсковай галіне былі мінімальныя, аднак абодва бакі прыступілі да разгляду праекту стварэння на Беларусі супольных польска-беларускіх партызанскіх аддзелаў. Для гэтых мэтаў было вырашана апублікаваць двумоўную адозву, заклікаючую беларусаў і палякаў да барацьбы з акупантамі за свабоду абодвух народаў. Як паведамляў у лістападзе шэф віленскай Дэлегатуры, напісаннем гэтай адозвы заняліся спачатку беларусы, аднак прапанаваны імі тэкст не задаволіў польскі бок. які яго адкінуў. Таму складанне адозвы было даручана палякам, але і яны не змаглі знайсці адпаведных фармулёвак. Размовы працягваліся даволі доўга, аднак не прывялі да кампрамісу. Найбольш спрэчак выклікала справа кіраўніцтва супольнай партызанкай, з чым звязвалася яе палітычная арыентацыя. Прадстаўнікі БНДА адкінулі пастулат польскага кіраўніцтва і прапанавалі супольнае, чаго са свайго боку не падтрымалі прадстаўнікі Арміі Краёвай. Сутнасць праблемы вынікала з характару існуючых у Заходняй Беларусі аддзелаў АК, у якіх беларусы, як правіла, складалі вялікі працэнт асабовага складу. Далейшы іх наплыў у сумесна кіраваныя фармаванні ствараў бы, на думку палякаў, небяспеку іх здамінавання беларусамі, на што, мусіць, і разлічвалі лідэры БНДА.

Трэба адзначыць, што віленскімі размовамі Дэлегатура цікавілася ў асноўным для таго, каб атрымаць ад БНДА дэкларацыю ў падтрымку пазіцыі ўраду ў справе ўсходняй мяжы. Аднак замест такой дэкларацыі, якая павінна была б стаць адным з аргументаў у дыпламатычных намаганнях Станіслава Мікалайчыка. Дэлегатура атрымала ўспомненыя мемарыялы БНДА да саюзніцкіх урадаў і польскіх уладаў з незалежніцкімі патрабаваннямі. Пасля нязгоды беларусаў у Дэлегатуры ўзяліся за іншыя сродкі, якія мелі мэтаю атрымаць пажаданую заяву. Спачатку намерваліся стварыць інспіраваны падзем'ем беларускі камітэт для выказвання адпаведнай "грамадзкай думкі", а калі спробы такія не ўдаліся, была прыдуманая фікцыйная заява, якая быццам ад імя БНДА "не прызнавала" здзейсненага восенню 1939 г. уз'яднання беларускіх земляў.

Віленскія перамовы скончыліся няўдачай і выявілі поўную беспаспяховасць спробаў дамоўленасці з Польшчай, якія рабіліся ад сярэдзіны 1941 г. спачатку Партыяй Беларускіх Нацыяналістаў, а пазцей Беларускім Нацыянальна-Дэмакратычным Аб'яднаннем. Мала мог зрабіць у гэтай справе і біпаўскі калектыў Макавецкага, які, нягледзячы на схільнасць да перамоваў з беларускай канспірацыай, не мог не ўлічваць пазіцыі ўраду ў справе рыжскай мяжы. Аб гэтую пазіцыю разбіліся ўсе ініцыятывы супрацоўніцтва, незалежна ад таго, ці зыходзілі яны з беларускага ці польскага бакоў. У канцы 1943 г., напэўна, пад уплывам рашэнняў вялікай тройкі ў Тэгеране (28.11. 1.12.1943 г.), БНДА зусім перастала разлічваць на падтрымку польскага эміграцыйнага ўраду, у сувязі з чым палічыла далейшыя кантакты з польскім падзем'ем бязмэтнымі. Не выключна. што на гэтае рашэнне паўплывала таксама смерць Іваноўскага (7.12.1943 г.) - творцы і пабуджальніка празаходняй арыентацыі.

Асобнае месца ў польска-беларускіх дачыненнях разгляданага перыяду займалі спробы ўсталявання супрацоўніцтва з кіраўніцтвам падзем'я, зноў распачатыя Астроўскім. Пасля двухгадовага знаходжання ў прыфрантавой зоне ён 21 снежня 1943 г. стаў прэзідэнтам створанай у Менску немцамі Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), якая ў хуткім часе пераняла з нямецкага кіравання некалькі цывільных ведамстваў (асвета. культура, сацыяльнае забеспячэнне і інш.), а таксама змабілізавала ўласныя ўзброеныя сілы. Таму вясной 1944 г. пазіцыя Астроўскага на перамовах была ў пэўным сэнсе лепшая, чым у канцы 1942 г., і перавышала магчымасці БНДА, якая, ня лічачы спробаў утварэння партызанкі, практычна ня мела ўласнай узброенай сілы. У такой сітуацыі, спадзеючыся на пазітыўную рэакцыю KG АК, у красавіку 1944 г. Астроўскі накіраваў у Варшаву свайго супрацоўніка Адама Дземідэцкага-Дземідовіча з новым пакетам прапановаў у адрас польскіх уладаў. Датычылі яны заключэння будучай польска-беларускай федэрацыі, а на час вайны утварэння беларускага прадстаўніцтва пры польскім урадзе ў Лондане і прадстаўніцгва гэтым урадам інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне.

Стаўленне кіроўных колаў падзем'я да прапановы Астроўскага было складанае. Бо ў адрозненне ад канспірацыйных ПБН і БНДА прадстаўленая ім Беларуская Цэнтральная Рада была органам афіцыйным, створаным нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, што тэарэтычна выключала магчымасць супрацоўніцтва. У той жа час пэўную цікавасць выклікалі ўзброеныя сілы БЦР, якія больш прагматычны Галоўны штаб АК спадзяваўся, напэўна, выкарыстаць для сваіх аперацыйных мэтаў. Але дня гэтага неабходная была апрабацыя палітычных уладаў, таму ў маі 1944 г. Галоўны штаб зрабіў спробу апраўдаць перад урадам калабарацыю Астроўскага, даказваючы, што яна была прадыктаваная тактычнымі меркаваннямі, а апірышча для Беларусі ён па-ранейшаму бачыць у Польшчы і імкнецца да паразумення з вайсковымі і палітычнымі сіламі падзем'я.

Разгорнутае абгрунтаванне мэтазгоднасці супрацоўніцтва з Астроўскім Галоўны штаб прадставіў таксама Паўнамоцніку ўраду ў рапарце ад 20 траўня І944 г. Гэты дакумент выяўляў разуменне палітыкі БЦР і нацыяналістаў, што з ёю супрацоўнічалі, і гэта з увагі на бесперспектыўнасць іх лаяльнасці да саюзнікаў, "якія пра беларусаў нічога не ведаюць і якіх беларускія справы не абыходзяць". У гэтым кантэксце KG АК падкрэслівала пазітыўную ролю Астроўскага, які, нягледзячы на супраціўленне ў грамадстве, заклікае да беларуска-польскага супрацоўніцтва. "Выступае ён,- сцвярджае рапарт,- варожа ў дачыненні да былой польскай палітыкі, але хоча супрацоўніцтва на пэўных умовах. Разумее, што палякі не захочуць, каб будаўніцтва нацыяналізму, а можа і беларускай дзяржавы адбывалася без іх і насуперак ім - з погляду на іх уласны інтарэс. Да паразумення вядуць таксама інтарэсы беларусаў. Існуе погляд, што беларуская моладзь магла б са зброяй адступіць перад бальшавікамі на польскія землі, каб потым супрацоўнічаць, абапіраючыся на заходнія славянскія народы, у прыватнасці на Польшчу".

Выказваючы падтрымку Астроўскаму, Галоўны штаб АК не займаў, аднак, вызначанай пазіцыі адносна ягоных палітычных патрабаванняў. Улічваючы нязменнасць афіцыйнай пазіцыі ў справе рыжскай мяжы, было гэта спробай абысці спрэчнае пытанне і разглядаць яго, як справу адкрытую, пра што раней безвынікова стараўся Станкевіч. Быў гэта новы, больш эластычны падыход Галоўнага штабу, вынікаючы часткова з меркаванняў тактычных, а часткова з разумення катастрафічнай сітуацыі абодвух бакоў, пры якой справа барацьбы за межы траціла сваю ранейшую вастрыню. Ніякіх зменаў у падыходзе да гэтай праблемы не дапускала, аднак, Дэлегатура, якая не бачыла асаблівай розніцы паміж пазіцыяй афіцыйнай Беларускай Цэнтральнай Рады і канспірацыйнага Беларускага Нацыянальна-Дэмакратычнага Аб'яднання. Бо, нягледзячы на розныя адносіны да супрацоўніцтва з Германіяй, абедзве групоўкі стаялі на грунце інтэгральнасці беларускага нацыянальнага абшару, што абумоўлівала негатыўнае стаўленне Дэлегатуры да іхных ініцыятываў.

Варта адзначыць, што калі на першым этапе вайны няўступлівая пазіцыя эміграцыйнага ўраду вынікала са спадзяванняў на падтрымку з боку заходніх саюзнікаў тэрытарыяльных прэтэнзіяў на ўсходзе, то ў апошнія перадпаўстанцкія месяцы абапіралася ўжо толькі на моц інерцыі. а не на магчымасці дзеянняў. Рашэнне Ялцінскай канферэнцыі, а таксама лютаўская (1944 г.) прамова Чорчыла ў Палаце абшчын азначалі падтрымку ідэі тэрытарыяльнага адзінства Беларусі, Летувы і Ўкраіны і перакрэслівалі імкненні эміграцыйнага ўраду зноў падзяліць іх тэрыторыі.

Сітуацыю гэтага перыяду адкрыта сфармуляваў у маі чэрвені 1944 г. орган Дэмакратычнай партыі "Nowe drogi" наступным чынам: "Баланс нашай нацыянальнай палітыкі пад кожным пунктам погляду адмоўны, і з'яўляецца ён нязмерна важнай прычынай агульнай слабасці нашай міжнароднай сітуацыі, якую выявіў пяты год вайны. Матэрыяльнай слабасці не падтрымалі ініцыятывай палітычнай. Зараз найпершым абавязкам з'яўляецца зразуменне рэальнай сітуацыі і знаходжанне нарэшце мовы, якой маглі б дамовіцца з беларускім і ўкраінскім народамі, усведамленне сумнага, але праўдзівага факту, што на нашую ранейшую мову абодва народы застануцца глухімі і варожымі... Размаўляць з украінцамі і беларусамі зараз можам толькі на пазіцыях роўнасці. Легітымізм і мова ласкавых валадароў без экзекутывы - сілы ў змененых абставінах не дае вынікаў. Саступкі ў культурнай, сацыяльнай або грамадзкай галінах ужо не прыцягваюць". Дэмакратычная партыя пры гэтым разумела, што перспектывы на "вырашэнне цяжкасцяў і паразуменне ўяўляюцца зараз меншымі, чым калі-небудзь", тым не менш не пакідала спробаў змяніць кансерватыўную пазіцыю Дэлегатуры.

У гэтым кантэксце заслугоўваюць увагі апошнія ініцыятывы Рады Нацыянальнасцяў пры Паўнамоцніку ўраду, у якой вядучую ролю адыгрываў накіраваны Макавецкім з БІПу Тамкевіч, выконваючы функцыі яе сакратара і фактычнага старшыні. Гэтая акалічнасць тлумачыць характар ініцыятываў Рады Нацыянальнасцяў па беларускаму пытанню, у вялікай ступені супадаючы з пазіцыяй SD. Так, на паседжанні Рады 25 мая 1944 г. яе старшыня адзначыў як поўны правал палітыкі эміграцыйнага ўраду, так і яго няздольнасць змяніць сваю пазіцыю, у сувязі з чым прапаноўваў, каб улады на месцах сталі галоўным, хоць бы і неафіцыйным агнішчам новай усходняй палітыкі. Як сведчыць прыняты Радай Нацыянальнасцяў праект рэзалюцыі, выказалася яна за спецыяльную федэралісцкую праграму, якая прадугледжвала залучэнне Беларусі, Летувы і Ўкраіны ў арбіту польскай палітыкі, што рабіла б магчымым тэрытарыяльны кампраміс з гэтымі народамі.

Рада Нацыянальнасцяў разумела, што "любыя іншыя рашэнні, не выключаючы рыжскай мяжы, былі б толькі часовым прыпыненнем няўхільных канфліктаў", тым не менш - з-за адсутнасці магчымасцяў рэалізацыі федэралісцкай альтэрнатывы, гэтую мяжу ацэньвала як адзіную падставу вырашэння беларускага пытання. У сувязі з гэтым Рада падрыхтавала два праекты. Першы з іх - пастанова па беларускай справе ад 29 чэрвеня 1944 г. - прадбачыў гарантаванне беларусам поўнага нацыянальнага развіцця ў межах польскай дзяржавы разам з мглістай падтрымкай іхніх імкненняў да стварэння незалежнай дзяржавы на ўсход ад рыжскай мяжы. Другім быў праект г.зв. Віленскай правінцыі беларускай аўтаномнай тэрытарыяльнай адзінкі, выпрацаваны на падставе прадстаўленай у сярэдзіне 1943 г. прапановы Дэмакратычнай партыяй. Усе адзначаныя ініцыятывы Рады Нацыянальнасцяў былі ігнараваныя або адкінутыя кіраўніцтвам Дэлегатуры, што не азначае, што пазіцыя яе кансерватыўнай плыні была больш рэалістычная, чым прыхільнікаў рэформаў. Прынятае 19 ліпеня 1944 г. негатыўнае заключэнне дырэктара дэпартаменту ўнутраных справаў Дэлегатуры "Мушыньскага" ў справе праекту аўтаноміі "Віленскай правінцыі" павінна было супраць дзейнічаць тэндэнцыям падзелу дзяржавы ў момант, калі ўжо ўся Беларусь была вызваленая Чырвонай арміяй.

Стаўленне польскага эміграцыйнага ўраду да беларускага пытання ў гады Другой сусветнай вайны стала лагічным працягам яго тэрытарыяльных памкненняў на ўсход яе, якія прадугледжвалі паўторны падзел Беларусі. Такая пазіцыя азначала працяг інкарпарацыйнай палітыкі, якой здаўна трымаліся нацыянал-дэмакраты, а ў міжваенны перыяд таксама кіруючы пілсудска-санацыйны лагер. Пры такой пазіцыі ўраду і яго экспазітур на месцах федэралісцкія канцэпцыі апазіцыйных колаў не маглі мець ніякага прымянення ў іхнай дзейнасці. Гэта пацвярджаюць вынікі размоваў з беларускімі нацыяналістычнымі групоўкамі ў Менску, Варшаве і Вільні, якія адлюстроўвалі спадзяванні Галоўнага штабу АК схіліць беларусаў да падтрымкі ўрадавай тэрытарыяльнай канцэпцыі.

Turonek J. Kwestia bialoruska w polityce obozu londynskiego (1941 - 1944) // Studia z dziejow ZSRR i Europy Srodkowej, t. XIX. Wroclaw - Warszawa - Krakow - Gdansk - Lodz, 1983.
Пераклад з польскае Міхася ЧАРНЯЎСКАГА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX