Папярэдняя старонка: Туронак Юры

Язэп Германовіч - святар і пісьменнік 


Аўтар: Туронак Юры,
Дадана: 12-08-2019,
Крыніца: Наша Вера. 1996. № 1(2).



Язэп Германовіч, сын Станіслава і Ганны з Савіцкіх, нарадзіўся 4 сакавіка 1890 г. у Гальшанах, што на Ашмяншчыне. У 1898-1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а праз наступныя чатыры гады - Ашмянскае гарадское вучылішча.

Юнака вабіла далейшая адукацыя, служба свайму народу, найлепшай формай якой ён лічыў святарства. Таму, закончыўшы Ашмянскае вучылішча, у 1908 годзе ён, пасля неабходнай падрыхтоўкі, паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю.

Гады навукі ў семінарыі мелі вялікі ўплыў на фармаванне асабовасці Германовіча. Напомнім, быў гэта час ажыццяўлення беларускага адраджэнскага руху, чаму спрыяла ліберызацыя нацыянальнай і веравызнаўчай палітыкі расейскага ўрада пасля рэвалюцыі 1905 г. Выходзіла «Наша Ніва», пашыралася выдавецкая і асветна-культурная дзейнасць.

Адраджэнскі рух будзіў і клікаў маладых патрыётаў, салідная група якіх апынулася ў Віленскай семінарыі. Акрамя Язэпа Германовіча, яе студэнтамі-клерыкамі былі ў той час Вінцэнт Гадлеўскі, М. Пятроўскі, Язэп Рэшэць, Адам Станкевіч, Канстанцін Стэповіч, Андрэй Цікота, Віктар Шутовіч і іншыя. Іх намаганнямі быў створаны ў семінарыі беларускі гурток з бібліятэкай, з якога выйшлі выдатныя дзеячы беларускага каталіцкага руху і нацыянальнага адраджэння. Заўважым, што гэтая іх дзейнасць знаходзіла зразуменне і падтроымку адміністратара Віленскай дыяцэзіі, ксяндза Казіміра Міхалькевіча.

У 1913 г. Язэп Германовіч закончыў семінарыю і атрымаў святарскае пасвячэнне. З таго часу працаваў ён на парафіях на Беласточчыне, у Мсцібаве і Вялікай Лапеніцы Ваўкавыскага павету, у Луконіцы на Слонімшчыне і Лужках на Дзісненшчыне. Усюды, дзе ён працаваў, стараўся перадаваць людзям праўду Божую ў іх роднай мове. Гэтая справа сама па сабе зусім натуральная, аднак у тую пару, асабліва пасля далучэння заходнебеларускіх абшараў да Польшчы, беларуская мова ў касцёлах нярэдка выклікала незразуменне і супрацівы, а таксама ганенні з боку польскай адміністрацыі, якая імкнулася апалячваць беларускае каталіцкае насельніцтва.

У 1924 г. айцец Германовіч уступіў у ордэн марыянаў, якія пачыналі сваю дзейнасць у Друі над Дзвіной. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. Ён быў выдатным выхавацелем моладзі, якой прывіваў прынцыпы хрысціянскай маралі і любоў да роднай беларускай мовы.

Аднак нядоўга давялося айцу Германовічу папрацаваць у Друі. Пасля назначэння ў 1925 г. Рамуальда Ялбжыкоўскага віленскім арцыбіскупам, пал націскам адміністрацыйных уладаў пачаліся ганенні супраць беларускіх марыянаў. У 1928 г. касцёльныя ўлады накіравалі ў далёкі Харбін айца Фабіяна Абрантовіча, а ў 1932 г. таксама і Язэпа Германовіча, якім даручана была місійная праца сярод расейскай эміграцыі.

Пасля чатырох гадоў знаходжання ў Харбіне ў 1936 г. а. Германовіч вярнуўся ў Вільню і быў назначаны кіраўніком беларускага марыянскага Дома Студэнта ў гэтым горадзе. Віленскі Марыянскі Дом быў парасткам Друйскага кляштара, арганізаваным для падрыхтоўкі будучых святароў. Аднак і ён праіснаваў нядоўга - усяго тры гады. Віленскія ўлады, якія ў 1938 г. выселілі з Друі марыянаў-беларусаў, падрыхтавалі падобны лёс выхавацелям і студэнтам Марыянскага Дома ў Вільні. Такім чынам а. Германовіч зноў быў вымушаны пакінуць радзіму і вярнуцца ў Харбін. Тут працаваў ён да 1948 г., калі быў арыштаваны кітайскімі шладамі і пераданы савецкім органам, якія асудзілі яго на 25 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах.

Пасля шасці з паловай гадоў лагерных пакут, у 1955 г. а. Германовіч быў вызвалены і апынуўся ў Польшчы. Жыў у нейкім манастыры, ціне на Памор'і, і стараўся атрымаць дазвол на выезд у Рым. Тады такая справа была няпростая і патрабавала неаднаразовых хадайніцтваў і інтэрвенцый у варшаўскім Міністэрстве ўнутраных спраў. Падчас аднаго такога візіту ў 1959 г. айцец Германовіч заглянуў у варшаўскі аддзел Беларускага грамадска-культурнага таварыства пры Сенарскай вуліцы. Там адбылася наша першая сустрэча.

«Калі вызвалялі нас з лагера, - расказваў айцец Германовіч, - начальнікі патрабавалі падаць жадаемае месца далейшага пражывання. Я адказаў: як беларус і каталіцкі святар жадаю вярнуцца на Беларусь і працягваць душпастырскую працу». Начальнік з гэтым не пагадзіўся: «О, в Белоруссии таких не надо. У тебя гражданство польское, вот поэтому мы тебя отправим в Польшчу».

Вядома, сапраўднай прычынай такога рашэння было не грамадзянства, але ідэйная пазіцыя айца Германовіча. Як бачым, угэтых адносінах савецкія чыноўнікі няшмат адрозніваліся ад сваіх польскіх калегаў міжваеннай пары. І для адных, і для другіх беларускі каталіцкі святар быў аднолькава непажаданы. Даводзілася працягваць эмігранцкае бытаванне...

Пад каней 1959 г. айцец Германовіч выехаў з Польшчы ў Рым, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў - узгаданы пасля вайны новы парастак Друйскага манастыра. Тут ён памёр 26 снежня 1978 г. Пахаваны на могілках святога Панкрата ў Лондане.

Нягледзячы на бурлівае, нялёгкае жыццё, айцец Язэп Германовіч пакінуў значную літаратурную спадчыну. Пісаў пераважна пад крыптанімам В.А., псеўданімамі Вінцук Адважны, Лявон Ветрагон і іншымі. З 1919 г. друкаваўся на старонках «Крыніцы», «Беларускай Крыніцы», «Хрысьціянскай Думкі» і іншых віленскіх часопісаў (допісы, гутаркі на бытавыя, маральна-этычныя і грамадскія тэмы). Працаваў у жанрах дзіцячай паэзіі, пісаў гумарыстычныя і сатырычныя творы, займаўся перакладамі. На эміграцыі ў Лондане цэлае дзесяцігоддзе (1964-1974) рэдагаваў часопіс «Божым Шляхам».

Асобнымі кнігамі выйшлі наступныя яго творы:

«Як Казюк сабраўся да споведзі», Вільня, 1928.

«Казюковае жанімства», Вільня, 1929.

«Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну», Вільня, 1930.

«Адам і Анелька», Вільня, 1931.

«Канёк-Гарбунок» (паводле Яршова), Вільня, 1932.

«Бэтлейка», Вільня, 1932.

«Унія на Палесьсі», Альберцін, 1932.

«Беларускія цымбалы», Вільня, 1933.

«Казка аб рыбаку і рыбцы», Вільня, 1935.

«Хлапец», Вільня, 1935.

«Гануліны клопаты», Вільня, 1935.

«Кітай-Сібір-Масква» (успаміны), Мюнхен, 1962.

«Пакутныя псальмы» (пераклад вершам), Рым, 1964.

«Князь і лапаць. Сучасная казка», Лондан, 1964.

«Байкі і іншыя вершы», Лондан, 1973.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX