Вярнуцца: Урублеўскі В. В.

Прыклад актыкацыі генеалагічных дакументаў у актавых кнігах Лідскага гродскага суда


Аўтар: Урублеўскі В.В.,
Дадана: 26-01-2017,
Крыніца: Урублеўскі, В.В. Прыклад актыкацыі генеалагічных дакументаў у актавых кнігах Лідскага гродскага суда / В.В. Урублеўскі // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. - Вып. 14. - Мінск : НГАБ, 2016. - С. 117-126.



ПРЫКЛАД АКТЫКАЦЫІ ГЕНЕАЛАГІЧНЫХ ДАКУМЕНТАЎ У АКТАВЫХ КНІГАХ ЛІДСКАГА ГРОДСКАГА СУДА[1]

Патэнцыял актавых кніг XVI-XVIII стст. шматпланава праяўляе сябе ў асвятленні розных пытанняў юрыспрудэнцыі, маёмаснага карыстання, сацыяльных адносін і інш. Актыкаваныя дакументы, часта служачы сваім складальнікам для адной мэты, у вачах даследчыкаў з'яўляюцца важнымі крыніцамі для вырашэння навуковых задач зусім з іншымі акцэнтамі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі беларускіх зямель, якія яшчэ не ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, назіраецца тэндэнцыя актыкацыі ў земскіх і гродскіх судовых установах «генеалогій» (дакументальна падмацаваных радаводных роспісаў і схем). Дадзеная з'ява назіраецца як на прыкладзе магнатэрыі, так і на прыкладзе сярэдняй і дробнай шляхты і сведчыць аб веданні тых сацыяльных працэсаў, што адбываліся ў межах суседняй усходняй дзяржавы, на землях Віцебскага і Магілёўскага намесніцтваў. У такім знешнепалітычным кантэксце актыкацыя генеалогій выглядае як спроба юрыдычнага забеспячэння недатыкальнасці сваіх сацыяльных правоў. Пра адлюстраванасць працэсу актыкацыі вывадаў шляхецтва ў актавых кнігах судовых устаноў ВКЛ у другой палове XVIII ст. у прадмовах да сваіх даведнікаў, прысвечаных шляхце асобных паветаў, пісаў гісторык Яўген Анішчанка [2, c. 8-11; 3, с. 4-9; 4, с. 5-8; 5, с. 3-8; 6, с. 7-9; 7, с. 5-8; 8, с. 4-5; 9, с. 4-8; 10, с. 5-10].

У цяперашні час ажыўленага інтарэсу да ведання каранёў і праяў жыццядзейнасці асобы ў гісторыі адпаведна павялічваецца ўзровень цікавасці да генеалагічнага і архівазнаўчага складніка праблемы. У цэнтры ўвагі дадзенага артыкула знаходзіцца генеалогія шляхецкага роду Глаўдэляў з Лідскага павета, актыкаваная ў Лідскім гродскім судзе 13 траўня 1786 г.

Род Глаўдэляў вядомы на Лідчыне з першай паловы XVII ст., які меў у валоданні нерухомасць у ваколіцы Раманавічы Лідскага павета (у цяперашні час Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). Верагодна, адным з яго адгалінаванняў з'яўляюцца Гаўдзялевічы герба «Прус І», якія ў сярэдзіне XVII ст. валодалі маёнткам Шамякі ў тым жа павеце, а пазней перасяліліся ў Мазырскі павет і былі зацверджаны ў дваранстве ўказамі Сената ад 30 траўня 1833 г. і 28 лістапада 1846 г. [14; 15].

Прымаючы пад увагу вялікую колькасць падробак радаводаў, што мелі месца ў часы Расійскай імперыі, варта найбольш пільна звяртаць увагу на падобныя актыкацыі. Аднак у дадзеным выпадку магчыма паверыць прыведзенай інфармацыі з генеалогіі, бо маёмаснае становішча прадстаўнікоў роду пададзена ў ёй даволі сціпла. Верагодна, Глаўдэлі проста не ведалі патрабаванняў расійскага ўрада ў дачыненні да сапраўдных расійскіх дваран, а таму арыентаваліся на шляхецкія стандарты сваёй краіны. Дадатковым аргументам з'яўляецца прыведзеная колькасць пакаленняў, якіх толькі пяць. Родавая памяць тэарэтычна дасягае ў дадзеным выпадку да другой паловы XVII ст., якой датуецца жыццядзейнасць першых названых Глаўдэляў.

Апрача генеалогій, былі актыкаваны таксама метрычныя запісы аб хрышчэнні і мірапамазанні («біжмаванні») у Турэйскай уніяцкай царкве Лідскага павета Паўла і Аляксандра Глаўдэляў ад 8 ліпеня 1660 г. і 18 красавіка 1663 г. Асобная актыкацыя выпісаў з метрычных кніг з'яўляецца адносна рэдкай з'явай. Варта звярнуць увагу на даты запісаў, што сведчаць аб існаванні практыкі вядзення метрычных кніг для ўніятаў яшчэ да прыняцця адпаведнага нарматыўнага акта на 17-й кангрэгацыі базыльянскага ордэна ў Вільні ў 1667 г. [11; 12]. Пры гэтым пастанова базыльян тычылася толькі ўніяцкіх кляштараў, а ўніяцкім парафіям абавязковая практыка вядзення метрык была загадана толькі ў 1674 г. [2]

Як вынікае з актавых кніг лідскіх павятовых судовых устаноў, актыкацыя атэстацый і радаводных вывадаў была даволі пашыранай з'явай у рэгіёне. Паводле падлікаў Я. Анішчанкі, 25 актыкацый з кніг лідскіх судоў за 1714-1802 гг. прыпадалі на атэстацыі, 12 актаў за 1774-1796 гг. - на радаводы [4, с. 5-6]. Глаўдэлі - адзіныя з ліку жыхароў Лідчыны, хто адзначыўся абодвума відамі дакументаў. Узнікае слушнае пытанне, які матыў з'яўляўся прычынай такой іх актыўнасці, у той час як астатнія спыняліся на чымсьці адным. Падказкай служыць тастаманіяльны або атэстацыйны запіс, складзены пятнаццаццю прадстаўнікамі шляхты Лідскага павета ў ваколіцы Раманавічы 21 верасня 1784 г. і актыкаваны ў Лідскім земскім судзе 4 кастрычніка 1788 г. [16]. У дакуменце прыводзіцца генеалогія братоў Юзафа і Антонія Глаўдэляў, ініцыятараў актыкацыі радаводу. Цікава, што першымі вядомымі продкамі тут называюцца не Лаўрын і Ганна з Плонскіх, а Стэфан і Зоф'я з Плонскіх. Дадзеныя дакументы створаны яшчэ да часу выдачы святаром Турэйскай царквы Рыгорам Шыманскім метрычных запісаў на сыноў гэтай шлюбнай пары 23 студзеня 1786 г. Відавочна, Юзаф і Антоні памыліліся з імёнамі, якія ведалі прыблізна. Гэта з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што метрычныя запісы можна прызнаць сапраўднымі. У выпадку фальсіфікацыі святар мог проста скарыстаць прыблізныя варыянты імёнаў, прапанаваныя братамі.

Ранняя смерць першага вядомага прадстаўніка роду Лаўрына паспрыяла другому замужжу яго жонкі. Сыны Павел і Аляксандр сталі пасербамі ў некага Саўрасевіча і ў інвентар мясцовасці трапілі з яго прозвішчам. Такая акалічнасць моцна турбавала Юзафа і Антонія і, відаць, стала прычынай захадаў з мэтай дакументальна пацвердзіць сваё сацыяльнае паходжанне на выпадак магчымых палітычных змен.

У дадатку да артыкула прадстаўлены вышэй акрэсленыя дакументы - генеалогія і метрыкі роду Глаўдэляў, якія выразна сведчаць пра значны антрапалагічны патэнцыял актавых кніг устаноў ВКЛ.

Дадатак

Палітарнае транскрыбіраванне дакументаў выканана з захаваннем тагачасных асаблівасцей польскамоўнага арыгінала. Пры публікацыі дакументаў выкарыстаны наступныя правілы: нумар аркуша актавай кнігі пазначаецца ў дакуменце ў квадратных дужках; літары ą, ć, ę, ł, ń, ś, ó, ż транскрыбіраваны, як у арыгінале, таксама як і вялікія літары ў пачатку слоў; падкрэсленыя літары ў тэксце захоўваюцца; памылкі ў словах адзначаны ў падрадковых заўвагах; скарачэнні раскрываюцца ў простых дужках; усе ўласныя імёны пішуцца з вялікай літары, нават калі ў арыгінале літары малыя альбо чытаюцца неадназначна; зроблены пераклад на сучасную беларускую мову.

13.05.1786. - Актыкацыя метрычных запісаў аб хрышчэнні і мірапамазанні ў Турэйскай уніяцкай царкве Лідскага павета Паўла і Аляксандра, сыноў Лаўрына і Ганны з Плонскіх Глаўдэляў, ад 8 ліпеня 1660 г. i 18 красавіка 1663 г.

[546] Aktykacya Metryki Chrzestney Gaudelom służącey.

Roku tysiąc siedmsett osmdziesiąt szostego Miesiąca Maia trzynastego dnia.

Na Roczkach Maiowych w miescie J(ego) k(rólewskiej) m(o)ści Lidzie in solito judiciorum loco porządkiem Prawa pospolitego sądzących się przed nami Mateuszem Głuszynskim Prezyduiącym Romanem Noniewiczem Piotrem Hubarewiczem mieysce w(ielmożneg)o pisarza zasiadaiącym Sędziami Urzędnikami Grod(zkimi) P(owia)tu Lid(zkieg)o stanąwszy osobisto Patron w(ielmożny) J(ego mość) Pan Jan Pławski metryki chrzesne Ławryna [3] y drugiego Alexandra Głaudelow przez J(ego mość) X(iędza) Grzegorza Szymanskiego parocha Cerkwi Tureyskiey wydane do akt podał w następne słowa pisane Roku tysiąc Sześćsett Szesdziesiątego Julyi dnia osmego Ja X(iądz) Antoni Prokopowicz Paroch Tureyski okrzscilem y bierzmowalem Pawła Z Oyca z Ławryna Gławdela z matki Anny Kum Krzysztof Rac kuma Elzbieta Prokopowiczowna z okolicy Romanowicz Roku tysiąc szescsett szesdziesiąt trzeciego miesiąca aprila dnia osminastego Ja X(iądz) Antoni Prokopowicz Paroch Tureyski okrzciłem y bierzmowałem Alexandra z oyca z Ławryna [546 v.] Gławdela z matki Anny Kum Michał Uhlik kuma Paraska Racowa z okolicy Romanowicz U tey metryki napis oraz podpis przy wycisnioney na Czerwonym łaku Pieczęci takowe Roku tysiąc siedmsett osmdziesiąt szostego miesiąca Januaryi Dnia dwodziestego trzeciego na to się Podpisuię X(iądz) Grzegorz Szymanski Paroch Cerkwi Tureyskiey takowe metryki za podaniem przez wyż rzeczonego Patrona do akt są do Xiąg Grod(zkich) Lid(zkich) przyięte y wpisane.

Jozef Kamieński podczaszy, podstar(osta) sądowy P(owia)tu Lidz(kieg)o J(ego) m(iłość) Stypałkowski p(i)s(a)rz.

Крыніца: Ф. 1722. - Воп. 1. - Спр. 14. - Арк. 546-546 адв.

Пераклад

[546] Актыкацыя хросных метрык Глаўдэляў.

13 мая 1786 г.

На майскіх рочках у месце Яго Каралеўскай Міласці Лідзе, у звычайным месцы [памяшканні] для судоў, якія адбываюцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі законамі, перад намі: Матэвушам Глушынскім [4], старшынёй, Раманам Наневічам [5], Пятром Губарэвічам [6], які замяняе вяльможнага пісара, гродскімі суддзямі і ўраднікамі Лідскага павета, асабіста з'явіўся вяльможны адвакат яго міласць пан Ян Плаўскі [7] і падаў у акты хросныя метрыкі на Паўла і Аляксандра Глаўдэляў, выдадзеныя яго міласцю святаром Рыгорам Шыманскім, парохам Турэйскай царквы, і напісаныя ў наступных словах. 8 ліпеня 1660 года я, святар Антоні Пракаповіч, турэйскі парох, ахрысціў і мірапамазаў Паўла, сына Лаўрына Глаўдэля і Ганны. Кум Крыштаф Рац, кума Эльжбета Пракаповічаўна з ваколіцы Раманавічы; 18 красавіка 1663 года я, святар Антоні Пракаповіч [8], турэйскі парох, ахрысціў і мірапамазаў Аляксандра, сына Лаўрына [546 адв.] Глаўдэля і Ганны. Кум Міхал Углік, кума Параска Рацава з ваколіцы Раманавічы. На гэтай метрыцы надпіс, а таксама подпіс з выціснутай на чырвоным лаку пячаткай - «23 студзеня 1786 г., святар Рыгор Шыманскі [9], парох Турэйскай царквы». Метрыкі, пададзеныя вышэй згаданым адвакатам, у актавыя кнігі Лідскага гродскага суда прыняты і ўпісаны.

Юзаф Каменскі [10], падчашы і падстараста судовы Лідскага павета. Яго міласць Стыпалкоўскі [11], пісар.

13.05.1786. - Генеалагічны роспіс пяці пакаленняў роду Глаўдэляў, шляхты ваколіцы Раманавічы Лідскага павета, з пералікам дакументаў да радаводу.

[547] Aktykacia Linii Domowi J(сh miłości) P(anów) Głaudelow służącey.

Roku tysiąc siedmsett osmdziesiąt szostego miesiąca maia trzynastego dnia.

Na Roczkach majowych w miescie J(ego) k(rólewskiej) m(oś)ci Lidzie in solito judiciorum loco porządkiem prawa pospolitego sądzących się (31KB) image001.jpg przed nami Mateuszem Głuszynskim prezyduiącym Romanem Noniewiczem Piotrem Hubarewiczem oboznym mieysce wielmożnego Pisarza zasiaduiącym sędziami Urzędnikami grodzkiemi Powiatu Lidzkiego stanąwszy osobisto Patron Wielmozny Jego mość Pan Jan Pławski Rotmistrz woiewodztwa Wilenskiego Linię domowi Ich m(ości) Panow Głaudelow służącą do akt podał ktorey [547 v.] wyraz następny Linia Głaudelow ktorych procedentia jest takowa jaka w linii wyrażona a pod linią dowody dokumentami wsparte.

Podług tey Linii okazaney Łauryn Głaudel maiący swoią dziedziczną posesię wieczysto w okolicy Romanowiczach alias Wierzch Derażny pod błociu w powiecie Lidzkim w Parafii Żołudzkiey i Rożanskiey sytuowaną poiąwszy stan Swięty małłzenski Jeymosc Pannę Annę Płonską zpłodził z [548] oną naystarsze Corkę Krystynę Głaudolowne Ktorą wydał zamąż za Jego mość Pana Stanisława Weryhę na to dowod Zapisu od Jego mość Pana Weryhi Żenie Jego Krystynie Głaudelownie wydany sub numero primo tenże Ławryn Głaudel oprocz swoiey wieczystey Dziedziczney Substancyi miał zastawę za osmdziesiąt kop Groszy Littewskich od Jch m(ościo)w Panow Michała y Katarzyny Racowny Dziakiewiczow Pileckich w okolicy Romanowiczach Jmianiscze pod błocie Racowszczyznę Derażenskie nad Rzeczką Derażną dowodem tego dokument tysiąc szesset osmdziesiątt wtorego Roku miesiąca Septembra Dwodziestego siodmego dnia czytac sub numero secundo Tenże Łauryn Głaudel poymuiąc zonę swoią In Votum, Zapisy na tey że kondycyi uczynił y wniosek żony zabezpieczył czytac zapisy Sub numero tertio ktory Łaryn [12] Głaudel spłodziwszy z Anną Płonską dwoch synow młodszych od Krystyny Głaudelowny in voto Weryżyny Pawła z ktorego pochodzą teraznieysi Sukcessorowie [548 v.] y Alexandra bez potomnie z tego swiata zeszłego Głaudelow Sam fatis cessit do ktorey Egenealogii podpisuię się u tey Linii podpis takowy Adam Głaudel Ktora Linia za podaniem przez wyrażonego Patrona do akt iest do xiąg Grodzkich Spraw wieczystych Powiatu Lidzkiego przyięta y wpisana.

Jozef Kamieński podczaszy, podstar(osta) sądowy P(owia)ttu Lidz(kieg)o J(ego) m(iłosć) Stypałkowski P(i)s(a)rz.

Крыніца: Ф. 1722. - Воп. 1. - Спр. 14. - Арк. 547-548 адв.

Пераклад

[547] Актыкацыя генеалогіі роду іх міласцяў паноў Глаўдэляў.

13 мая 1786 г.

На майскіх рочках у месце Яго Каралеўскай Міласці Лідзе, у звычайным месцы [памяшканні] для судоў, якія адбываюцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі законамі, перад намі: Матэвушам Глушынскім, старшынёй, Раманам Наневічам, Пятром Губарэвічам, абозным, які замяняе вяльможнага (16KB) image002.jpg пісара, гродскімі суддзямі і ўраднікамі Лідскага павета, з'явіўся асабіста вяльможны адвакат яго міласць пан Ян Плаўскі, ротмістр Віленскага ваяводства, і падаў у акты генеалогію роду іх міласцяў паноў Глаўдэляў, якая [547 адв.] выражана наступным чынам. Радавод Глаўдэляў, паходжанне якіх такое, як пададзена на лініі, а пад лініяй доказы, пацверджаныя дакументамі.

Паводле гэтай лініі, Лаўрын Глаўдэль меў сваю спадчынную ўласнасць у ваколіцы Раманавічы, якая завецца Верх Дзяражны Пад Балотам і знаходзіцца ў Жалудоцкай і Ражанскай парафіях у Лідскім павеце. Прыняўшы святы шлюбны стан з Ганнай Плонскай нарадзіў з ёю [548] старэйшую (16KB) image003.jpg дачку Крысціну Глаўдалёўну, якую выдаў замуж за яго міласць пана Станіслава Вярыгу, што даказвае запіс пад першым нумарам, выдадзены яго міласцю панам Вярыгам жонцы Крысціне Глаўдалёўне. Таксама Лаўрын Глаўдэль, апрача сваёй вячыстай спадчыннай уласнасці, набыў ад іх міласцяў паноў Міхала і Кацярыны Рацаўны Дзякевічаў Пілецкіх за 80 коп грошай застаўное валоданне ў ваколіцы Раманавічы - Імянішча Пад Балотам і Рацаўшчыну Дзяражанскую над рэчкай Дзяражнай. Гэта даказвае дакумент ад 27 верасня 1682 года пад другім нумарам. Гэты ж Лаўрын Глаўдэль, беручы сваю жонку ў шлюб, запіс на тых жа ўладаннях зрабіў і ўнёсак [пасаг] жонкі забяспечыў, аб чым чытаць пад трэцім нумарам. Яшчэ Лаўрын Глаўдэль, нарадзіўшы з Ганнай Плонскай двух сыноў, маладзейшых за Крысціну Глаўдалёўну, у шлюбе Вярыгаву, - Паўла, ад якога паходзяць цяперашнія спадчыннікі [548 адв.], і Аляксандра, які пакінуў гэты свет без нашчадкаў, сам памёр. Гэтую генеалогію падпісваю. На радаводзе подпіс наступны: Адам Глаўдэль. Гэты радавод, пададзены вышэй названым адвакатам, у гродскія кнігі вячыстых спраў Лідскага павета прыняты і ўпісаны.

Юзаф Каменскі, падчашы і падстараста судовы Лідскага павета.

Яго міласць Стыпалкоўскі, пісар.

Крыніцы і літаратура

1. Анішчанка, Я.К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 4. Ураднікі бел. земляў ВКЛ пры Ст. Панятоўскім: Спісы на рус. мове / Я.К. Анішчанка. - Мінск : Выд. В. Хурсік, 2008. - 532 с.

2. Анищенко, Е.К. Шляхта Брестского воеводства: XVIII ст. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2011. - 236 с.

3. Анищенко, Е.К. Шляхта Волковысского повета: Список XVIII ст. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2012. - 256 с.

4. Анищенко, Е.К. Шляхта Лидского повета: Список XVIII ст. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2013. - 312 с.

5. Анищенко, Е.К. Шляхта Мозырского повета: Список XVIII cт. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2014. - 232 с.

6. Анищенко, Е.К. Шляхта Мстиславского воеводства: Список XVIII cт. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2013. - 308 с.

7. Анищенко, Е.К. Шляхта Оршанского повета: Список XVIII cт. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2015. - 324 с.

8. Анищенко, Е.К. Шляхта Пинского повета: Список XVIII cт. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2016. - 292 с.

9. Анищенко, Е.К. Шляхта Речицкого повета: Список XVIII cт. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2015. - 316 с.

10. Анищенко, Е.К. Шляхта Слонимского повета: Список XVIII ст. - Минск : Изд. В. Хурсик, 2012. - 244 с.

11. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа. - Т. XII. - Вильна : Типография А.Г. Сыркина, 1900. - С. 100.

12. Лісейчыкаў, Д.В. Метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў Беларусі XVIII ст.: асаблівасці складання і захавання // Матэрыялы канферэнцыі "Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць", прысвечанай 70-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 8 ліпеня 2008 г.). - Мінск : НАРБ, 2008. - С. 94-101.

13. Лісейчыкаў, Д.В. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 - 1839 гг. / Дзяніс Лісейчыкаў. - Мінск: Беларусь, 2015. - 719 с.

14. НГАБ. - Ф. 319. - Воп. 1. - Спр. 277. - Арк. 349-352. - Пастанова Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 7 жніўня 1840 г. аб прызнанні роду Гаўдзялевічаў у дваранстве Расійскай імперыі.

15. НГАБ. - Ф. 319. - Воп. 2. - Спр. 658. - Аб паходжанні роду Гаўдзялевічаў за 1664-1847 гг.

16. НГАБ. - Ф. 1767. - Воп. 1. - Спр. 22. - Арк. 258-259 адв. - Тастаманіяльны запіс, выдадзены шляхтай Лідскага павета братам Юзафу і Антонію Глаўдэлям, празваным Саўрасевічамі, складзены 21 верасня 1784 г. і актыкаваны 4 кастрычніка 1788 г.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 03.06.2016



[1] Аўтар выказвае ўдзячнасць Герману Брэгеру за прадстаўленне неабходных матэрыялаў.

[2] Паводле меркавання даследчыка ўніяцкай тэматыкі Дзяніса Лісейчыкава, сумнявацца ў аўтэнтычнасці запісаў з парафіяльных храмаў, датаваных першай паловай 1660-х гг., няма значных падстаў.

[3] Так у тэксце. Маецца на ўвазе метрычны запіс аб нараджэнні Паўла, што адзначаецца ў перакладзе.

[4] Глушынскі Матэвуш - падчашы гарадзенскі, лідскі гродскі суддзя (1772), дэпутат ГТ ВКЛ (1780, 1788), лідскі земскі суддзя (1789) [1, с. 133].

[5] Наневіч Раман Казімір - лідскі ротмістр (1765), дэпутат ГТ ВКЛ (1766, 1777), лідскі гродскі пісар (1776), уладальнік фальв. Бялюнцы Лідскага пав., Мейкстуны Браслаўскага пав., пам. да 03.04.1788 [1, с. 324].

[6] Губарэвіч Радабыльскі Пётр Ежы - лідскі каптуровы суддзя (1763), лідскі гродскі суддзя і абозны (1765, 1778-1789, 1798), дэпутат ГТ ВКЛ (1774), уладальнік фальв. Красулі і Брулеўшчына Лідскага пав., Карытніца Слонімскага пав. [1, с. 152].

[7] Плаўскі Ян - лідскі гродскі рэгент (1787-1794), эйшышскі цывільна-вайсковы камісар і межавы суддзя (1792-1795) [1, с. 354].

[8] Пра згаданага Антонія Пракаповіча ў біяграфічным даведніку Д.В. Лісейчыкава звестак не прадстаўлена, аднак маюцца звесткі пра Ануфрыя Пракаповіча, вікарыя царквы ў в. Турэйск Лідскага пав. за 1817-1837 гг. [13, c. 426].

[9] Шыманскі Рыгор - адміністратар уніяцкай царквы ў в. Турэйск Лідскага пав. (1786-1792) [13, с. 573].

[10] Каменскі Юзаф Роліч - ашмянскі падчашы (1757-1769), лідскі стражнік і лідскі гродскі суддзя (1772), лідскі падстараста (1778-1787), дэпутат у ГТ ВКЛ (1785-1786), лідскі стражнік і падстараста (1784-1797) [1, с. 205].

[11] Стыпалкоўскі Юзаф Казімір - лідскі гродскі суддзя (1762-1767), скарбавы дваранін (1767), лідскі гродскі суддзя (1770), лідскі лоўчы (1771-1777), лідскі скарбнік і гродскі пісар (1772-1774), дэпутат ГТ ВКЛ (1779), лідскі гродскі пісар (1792), уладальнік фальв. Мікуты Лідскага пав., Сурвілішкі Ашмянскага пав. [1, с. 438].

[12] Так у тэксце. У перакладзе імя падаецца як Лаўрын.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX