Вярнуцца: Волкаў Мікола

Абарончыя храмы ВКЛ: меркаванне аб паходжанні тыпа Fortified churches of the Grand Duchy of Lithuania: opinion on a type origin


Аўтар: Волкаў Мікола,
Дадана: 22-12-2011,
Крыніца: Волкаў Мікола. Абарончыя храмы ВКЛ: меркаванне аб паходжанні тыпа // Історія релігій в Україні. Навуковій щорічнык. Львів, 2009. Кн. II. С. 385-392.

Спампаваць




Ключавыя словы: архітэктура, абарончыя храмы, вежы валынскага тыпу.

І

Абарончыя храмы Вялікага княства Літоўскага XVI стагоддзя з'яўляюцца адным з самых яркіх феноменаў сакральнага дойлідства ва ўсім усходнееўрапейскім рэгіёне. Прыстасаваныя да абароны касцёлы існавалі ў многіх краінах заходняй і цэнтральнай Еўропы, аднак большасць з іх ўяўляла сабою традыцыйныя па форме сакральныя збудаванні ўфартыфікаваныя з дапамогай асобных абарончых элементаў і збудавання (байніц, машыкуляў, фланкіруючых вежаў і інш.). Заўважнай з'явай ў абарончым сакральным дойлідстве Еўропы сталі семіградскія абарончыя касцёлы, да якіх па значэнні і ступені развіцця адметнай архітэктурнай формы можна прыраўняць храмы-крэпасці ВКЛ. Да нашага часу найлепш захаваліся ўфартыфікаваныя храмы ў Сынкавічах, Супраслі (адноўлены), Мураванцы, Вільні (цэрквы Прачысценская і Святой Троіцы), якія размешчаны на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. На тэрыторыі Украіны храмы гэтага тыпу не набылі шырокага распаўсюджання, сярод найбольш вядомых можна прыгадаць Троіцкі касцёл у Луцку[6, с.33], аднак апошні не захаваўся да нашага часу.

У гістарыяграфіі спрэчкі аб формаўтварэнні абарончага храма ўвасобіліся ў палеміку найперш аб прататыпе для ўсёй групы. Яшчэ ў 20-ых гадах ХХ стагоддзя М. Шчакаціхін, прытрымліваючыся эвалюцыянісцкай канцэпцыі развіцця архітэктуры, для высвятлення крыніц і імпульсаў форматворчасці ў сакральнай готыцы задаецца пытаннем пошуку прамога візуальнага першаўзору. Першым ён палічыў касцёл бернардынаў у Вільні [10, с.237], за якім ішла знакамітая трыяда цэркваў у Сынкавічах, Маламажэйкаве і Супраслі, менавіта ў такой паслядоўнасці, якая адлюстроўвае эвалюцыйны працэс паступовага ускладнення архітэктурных формаў, аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, канструкцый і дэкаратыўнага аздаблення.

М. Ткачоў, не задаволены тэорыяй эвалюцыі архітэктуры Шчакаціхіна і тым, што "Вільня хаця і была ў той час сталіцай Вялікага княства Літоўскага, але знаходзілася ў самай глыбіні дзяржавы і знешняя небяспека пагражала ёй куды меней, чым тым гарадам, якія стаялі на паўднёвых і ўсходніх рубяжах" [8, с.127], прапанаваў іншую версію паходжання тыпа. Перабудова 1494-1501 гг., па словах Ткачова, пераўтварыла полацкі сабор Св. Сафію ў "першы цытадэльны храм з чатырма вонкавымі вежамі". Пасля гэтага помніку Ткачоў у эвалюцыйным шэрагу ставіць кананічную трыяду Шчакаціхіна (Сынкавічы, Маламажэйкава, Супрасль). Т. Габрусь, падтрымліваючыся версіі аб першаснасці Сафіі, другім пасля яе храмам прапануе лічыць Дабравешчанскі сабор Супрасльскага манастыра. "У ім адным захавалася сіметрыя вянчальных мас са светлавым купалам на сяродкрыжжы і трохапсіднасць, як у кананічным праваслаўным крыжова-купальным храме" [2, с.60-61] - піша навуковец, што і дае ёй падставу ставіць гэты храм адным з першых, збудаванай у 1503-1510 гг., па меркаванні Габрусь. Наступнымі па часе пабудовы ідзе група праваслаўных храмаў Вільні, узведзеных між 1514 і 1516 гадамі: Мікалаеўская, Траецкая і Прачысценская цэрквы. Усе яны ўяўлялі сабою трохнехныя трохапсідныя базілікі ўмацаваныя па рагох фланкіруючымі вежамі. Тады ж была ўзведзена Мікалаеўская дзвюхвежавая царква ў Берасце [1, с.79]. І пасля іх, "як водгук у каталіцкім будаўніцтве на архітэктуру тагачасных праваслаўных храмаў", узводзіцца віленскі бернардынскі касцёл. Пазней былі збудаваны два класічныя прыклады храма-кастэлі: Сынкавіцкая і Маламажэйкаўская цэрквы, ахарактарызаваныя як чатырохвежавыя чатырохслуповыя храмы залавага тыпу.

Першаўзорам для ўсяго абарончага храмабудаўніцтва ВКЛ мог стаць кафедральны касцёл Св. Станіслава пачатку XV ст., якому былі ўласцівыя абарончыя рысы, лічыць А. Кушнярэвіч. Пасля яго мадэрнізаваная полацкая Сафія канца XV ст. з захаваннем вобразнай сімволікі XI-XII стст. стала пачынальнікам тыпу чатырохвежавых абарончых храмаў [5, с.97].

Сам прынцып фартыфікацыі сакральнага будынка, на што скіроўвае развагі А. Кушнярэвіч, паходзіць з архітэктуры ордэнскіх землях, дзе была досыць распаўсюджанай з'ява абсталяванне храмаў абарончымі элементамі. Такая практыка стане больш зразумелай, калі ўлічыць, што касцёлы часта з'яўляліся складовымі часткамі замкаў. Спакуслівай падаецца ідэя аб тым, што полацкая Сафія стала звязуючым ланцугом між сакральнай архітэктурай XI-XII і XVI стагоддзяў, захаваўшы старажытнарускую традыцыю цэнтрычных купальных храмаў і пераасэнсаваўшы яе ў новых умовах. Вялізны хіб гэтай версіі, аднак, палягае ў тым, што пад час шматлікіх археалагічных раскопаў не былі выяўлены падмуркі тых самых рагавых абарончых вежаў умацаванай Сафіі, а вось на малюнках другой паловы ХVІ ст. і пазнейшых часоў гэтыя вежы паказаны вельмі масіўнымі. Прычыну гэтай супярэчнасці Т.Габрусь бачыць у своеасаблівай канструкцый падножжа вежаў: яны або былі вырашаны ў выглядзе эркераў (г.зн. увогуле не абапіраліся на зямлю), або стаялі на неглыбокіх падмурках, якія пры пазнейшых перабудовах былі знішчаны [2, с.61].

Наконт часу перабудовы гэтага касцёлу бернардынаў у Вільні ў абарончы храм існуе шэраг версій. Вядома, што касцёл пачаў будавацца ў пачатку XVI ст. Аднак, паводле Малаховіч, толькі пасля заканчэння будаўніцтва абарончых муроў вакол Вільні (1503-1522 гг.), якія прайшлі паўз касцёл бернардынаў, магла ўзнікнуць ідэя перабудовы яго ў форме абарончага храма [13, с.139]. Яшчэ больш актуальнай гэтай патрэба стала пасля будаўніцтва ля комплексу бернардынаў аднайменнай брамы. Адносна позняе паходжанне дэкаратыўная апрацоўка паўднёва-ўсходняй абарончай вежыў, што непасрэдна прымыкала да муроу ў стылі рэнесанс. Таму помнік быў пазнейшы за ўзведзеныя раней праваслаўныя храмы ў Вільні па ініцыятыве Астрожскага ў 1514-1517 гадах. Перадача пляца для будаўніцтва касцёла бернардынаў у "рускім" раёне Вільні было звязана з ідэямі вялікага князя Аляксандра аб правядзенні уніі двух галоўных канфесій княства, таму збудаваны на ў праваслаўнай частцы Вільні касцёл архітэктанічна, трэба думаць, мусіў ісці на саступкі праваслаўнаму канону. Адпаведна гэтай логіцы на касцёл мусіла аказаць уплыў праваслаўнае дойлідства, якое на час яго перабудовы, відаць, было знаёма з формай храма з нарожнымі вежамі.

Дабравешчанская царква ў Супраслі з'яўляецца адным з самых цікавых помнікаў культавага абарончага дойлідства ВКЛ. Адметнае вырашэнне яе ўнутранага аб'ёму і аздабленне спарадзіла розныя меркаванні аб месцы царквы сярод абарончых храмаў. Аднак, Т. Габрусь, памыляецца, прымаючы царкву як другі пасля полацкай Сафіі правобраз для тыпу абрончых храмаў. Манастыр у мястэчку Супрасль быў закладзены ў 1498 г. уладальнікам мястэчка князем А. Хадкевічам, пры падтрымцы мітрапаліта А.Солтана. У 1509г. ад канстантынопальскага патрыярха быў атрыманы дазвол на будаўніцтва каменнага храма і манастыра. Аднак будаўніцтва цягнулася даволі доўга, да 1557 г., калі былі распісаны інтэр'еры храма [7, с.52]. Таму і гэты храм датуецца пазней віленскіх цэркваў К. Астрожскага.

Пераважная большасць усіх абарончых храмаў ВКЛ з'яўляюцца праваслаўнымі цэрквамі. Таму на іх у рознай ступені наклалася асаблівасць усходне-хрысціянскага культу: цэнтрычнасць і развітасць у вышыню ўнутранага аб'ёму, трохапсіднасць ў сапраўдным варыянце і з бакавымі схаванымі апсідамі, як у Мураванкаўскай і Супрасльскай цэрквах. У некаторых храмах сустракаецца сімвалічнае праваслаўнае пяцікупалле, як прыкладам у полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве і Прачысценскай царкве ў Вільні. У знешнім і унутраным афармленні сустракаюцца элементы, якія можна выводзіць з візантыйскай архітэктурнай традыцыі, але іх няшмат. Калі ўнутраныя сцены храма тынкаваліся і распісваліся фрэскамі, а гэта было аднолькава пашырана і ў каталіцкай Еўропе і на абсягах правасаўя, дык на знешніх фасадах практычна цалкам пануе гатычная сістэма аздаблення з дапамогай перапаленай і прафіляванай цэглы, чаргавання старчкоў і лажкоў, ужыванне розных абарончых элементаў, контрфорсаў і інш.

Сярод абарончых элементаў храмаў вылучаюцца наступныя: дзве ці чатыры нарожныя вежы з вузкімі байніцамі, пояс машыкуляў і баявая галерэя на паддашку і ў некаторых храмах - байніцы для агняпальнай зброі (Супрасль, Мураванка, Камаі). Асноўныя фартыфікацыйныя элементы, былі прызначаны, такім чынам, да бліжняй абароны з выкарыстаннем кідальнай і ручной агняпальнай зброі з магчымасцю фланкіруючага агня з нарожных вежаў і кантролю падножжа сценаў з дапамогай машыкуляў. Храмы ў Супраслі і Мураванцы на пярэднім фасадзе мелі круглай формы вокны, якія, мяркуючы па форме і памеру, былі прыстасаваны для гарматнага агню на далёкую адлегласць. Такім чынам у абарончых храмах мы бачым тоесны тагачасным замкам прынцып фартыфікацыі, ў якім спалучаюцца элементы сярэднявечнай і рэнесанснай фартыфікацыі.

З захаду, пераважна з ордэнскай архітэктуры, былі запазычаны прынцыпы і элементы фартыфікацыі, гатычныя канструкцыі і вонкавае аздабленне, ў той час як арганізацыя ўнутранай прасторы, а таксама элементы ўнутранага аздаблення былі ўвасабленнем кананічных праваслаўных традыцый. Аднак адкуль паходзіць форма аўтаномнага абарончага збудавання, здольнага да вядзення абароны ва ўмовах ізаляцыі, а таксама адкуль паходзіць форма чатырохвежавага храма?

ІІ

У другой палове ХІІІ ст. на тэрыторыю т. зв. Чорнай Русі (сучасная заходняя Беларусь), якая пазней стала сэрцам стварэння Вялікага княства Літоўскага, прыходзіць новы тып абарончых збудаванняў - "стоўп" ці вежа валынскага тыпу. Гэтыя вежы ўяўлялі сабой не проста дадатковым элементам фартыфікацыі, яны дамінавалі над драўлянымі замкамі і мелі ролю ключавога звяна абароны, а ў выпадку захопу астатняй тэрыторыі замку станавіліся апошняй цытадэллю, дзе маглі схавацца абаронцы. Менавіта гэтыя абарончыя збудаванні заклалі моцную традыцыю ў дойлідстве ВКЛ, рэмінісцэнцыяй якой сталі абарончыя храмы ВКЛ XVI ст.

Фартыфікацыйная навінка на тэрыторыю Чорнай Русі прыходзіць з паўднёва-захадняга накірунку, з Галіцка-Валынскага княства, якое на той час дамінавала над гэтымі землямі. Дакладней кажучы з ініцыятывы галіцка-валынскіх князёў паўсталі першыя "стаўпы" ў шэрагу заходнебеларускіх гарадоў (Камянец, Берасце, Тураў). Пазней будаваць "стаўпы" пачала мясцовая палітычная эліта (вежы ў Горадні, Наваградку).

У X ст. на тэрыторыі Францыі ўзнікае тып абарончай жылой вежы, якая атрымала назву "данжон" (donjon). Гэта форма абарончага збудавання адпавядала па-першае новым умовам развіцця вайсковай тэхнікі і па-другое умовам развіцця тагачаснага феадальнага грамадства. Данжоны сталі сімваламі узмацнення феадальнага саслоўя і тым самым істотным чыннікам пачатку феадальнай дробнасці. Пазней яны шырока распаўсюдзіліся на тэрыторыі Англіі, і ў больш абмежаваных маштабах краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У традыцыі нямецкага замкавага будаўніцтва данжон, або "жылая вежа" (Wohnturm) не атрымала пашырэння, а ролю ключавога звяна абароны і апошняй цытадэлі для абронцаў нёс т. зв. "бергфрыд" (ням. Bergfrit, Berchfrit), ў той час як жылыя функцыі ўскладваліся на асобны палац [14, с.173]. У ХІІІ ст. шырокае распаўсюджанне ў Польшчы набыў т. зв. "słup rycerski". А ў наступныя два стагоддзі (ХІV - ХV стст.), як адзначае слынны даследчык польскай фартыфікацыі Януш Багданоўскі, "масіўны мураваны акруглы, квадратны ці васьмібаковы "słup" сам па сабе робіцца сімвалам бяспекі" [12, с.39]. Прычыны будаўніцтва вежаў валынскага тыпу часта бачаць выключна ў развіцці вайсковай тэхнікі (больш актыўныма ужыванні прынцыпу вышыннай абароны), аднак падобныя вежы, у выглядзе жылога данжона ці нежылога бергфрыда, паўсюдна ў Еўропе сталі сімваламі улады феадала. Галіцка-валынскія князі, будуючы пасярод драўлянага града моцную мураваную абарончую вежу, мелі на мэце такім чынам, не столькі ўзмацніць сам горад ці град, бо ўсё насельніцтва ў любым выпадку ў ім уратавацца не магло, колькі гарантаваць сваю ўласную бяспеку ад ворага і ўладу над насельніцтвам, і ў тым ліку адасобіцца ад яго. У гэтым яскрава праяўляецца саслоўная сутнасць феадалізму. Варта таксама прыгадаць сэнсавы змест вышынных дамінантаў у сярэднявечных гарадах, калі вышыня будынка вызначала статус ўладара ў горадзе.

Адзін з найлепшых помнікаў гэтага тыпу на Беларусі захаваўся да нашага часу ў Камянцы. Камянецкая вежа мае выцягнутую форму, лаканічны і просты сілуэт, а таксама некаторыя раннегатычныя архітэктурныя элементы: стральчатыя праёмы, вокны з трохлопасным завяршэннем і нервюрнае скляпенне на гірках. Мураваны стоў у Берасці, згодна Іпацьеўскаму летапісу [4, с.873], быў "вышынёю, як Камянецкі". Па сваіх параметрах ён нагадвае падобную вежу ў Столп'і на Валыні. Аб вежы старажытнага Турава вядома, што яна ў 30-ых гадах ХІХ стагоддзя таксама была разбурана. Няшмат інфармацыі мы маем і аб Гарадзенскім стаўпе, які, як падае летапіс [4, с.878], існаваў ужо ў 1277 годзе, калі паселеныя ў Гародні прусы мусілі бараніць замак ад татараў і войска галіцка-валынскага князя. Наваградская вежа была ўключана ў пазнейшы замкавы комплекс, але першапачаткова яна была збудавана як самастойны абарончы аб'ект, які займаў выключна важнае месца ў абароне замка. Мяркуюць, што яна была збудавана за часамі Міндоўга ці крыху пазней, у 70-ых гадах [3, с.45].

Ідэя дамінуючай вежы развіваецца ў ВКЛ у наступным XIV стагоддзі. Так у новазбудаваныя замкі-кастэлі ў Крэва і Меднікі ўключаюцца масіўныя жылыя вежы. Адносна дадзеных прыкладаў цікава, што шляхам увядзення ў комплекс абарончых збудаванняў такога кшталту збудавання скажэнню паддаецца новая для ВКЛ форма рэгулярнага замка-кастэля, бо распаўсюджаныя ў Прусіі і Лівоніі кастэлі не ведалі падобных вежаў. Княская вежа Крэўскага замка мела даволі значныя памеры (18,65х17 м.), над падвалам-вязніцай, узвышалася яшчэ тры паверхі, два з якіх былі жылымі. Сама назва вежы - "Княская" можа ў пэўным сэнсе сведчыць аб сімволіцы гэтай вышыннай дамінанты, як сімвала вялікакняскай ўлады. Такую ж аналогію можна правесці адносна "Вежы Гедыміна" на Горнім замку ў Вільні. У Віцебску, які, як і Крэва, быў адной з вотчынаў Альгерда вялікі князь узвёў мураваны палац, які таксама меў вежападобную форму. У канцы XIV ст. перабудоўваецца вежа Шчытоўка на Наваградскім замку, якая таксама набывае функцыі жылога данжона, аб чым кажа двухпавярховы данскер (прыбіральня) з усходняга боку вежы.

Вітаўту, з загаду якога была перабудавана Шчытоўка, аднак, былі характэрны іншыя прыхільнасці ў замкавай архітэктуры. Замест жылых вежаў вялікі князь узводзіць у сваіх замках мураваныя палацы (Наваградак, Горадня, Вільня), якія, відавочна, былі больш камфартабельным жытлом. Добра вядома, што Вітаўт умела карыстаўся прыхільнасцю і часовай падтрымкай Тэўтонскага ордэну. Такія міралюбівыя адносіны з крыжакамі спрыялі хуткаму адраджэнню многіх замкаў, а таксама пашырэнню ўплыву архітэктуры ордэна на тэрыторыі ВКЛ. М. Шчакаціхін, у прыватнасці, разглядаючы архітэктуру Троцкага замку, слушна заўважае, што такі шэдэўр дойліды Літвы і Беларусі не маглі стварыць самастойна, а ім дапамагалі запрошаныя з Ордэна майстры [10, с.154]. Троцкі замак адметны яшчэ тым, што ў ім быў рэалізаваны амаль тыповы праект ордэнскага замка-канвентхаўза, пры ўваходзе ў які ўзвышалася высокая шасціпавярховая вежа, якая не мела жылых функцый, але заставалася значнай вышыннай дамінанатай. Уплыў традыцыі "стаўпоў" на гэтае замак падаецца істотным, бо ў ордэнскай архітэктуры, адкуль прыйшоў тып канвентхаўза, не практыкавалася ўзвядзенне такога кшталту вежаў і нават традыцыйныя нямецкія бергфрыды зазналі на тэрыторыі Прусіі істотную рэдукцыю па вышыні і значнасці ў агульным абарончым комплексе.

Захаваўся цікавы лісты вялікага князя да маршала Тэўтонскага ордэна, дзе Вітаўт просіць паспрыяць хутчэйшай выправе майстра каменных спраў з Кёнігсбергу [9, с.107], якога ён замовіў для ўзвядзення мураванага замка ў Оршы. Можна меркаваць, што і адбудова віленскага Горняга замка ў канцы XIV ст. адбывалася пры удзеле ордэнскіх майстроў. Перабудова вялікакняскага палацу на гэтым замку, верагодна, стала пераходным этапам у працэсе далейшай мадэрнізацыі формы і сімволікі вежы-дамінанты. Рэканструяваны Вітаўтам палац меў паводле сучасных рэканструкцый дзве або чатыры фланкіруючыя вежы. Прынцып пабудовы веж на рагох абарончага будынку трапіў у ВКЛ з земляў Тэўтонскага ордэна. Прататытам для палацу Вітаўта на Горнім замку мог стаць Марыенбургскі замак, які меў дзве вежы на адным з фасадаў. Круглыя ці васьмікутныя фланкіруючыя вежы па рагох замкаў былі прынесены ў Еўропу у выніку крыжовых паходаў і адпачатку мелі чыста абарончыя функцыі. Пазней эвалюцыя абарончага французскага данжона з фланкіруючымі вежачкамі ў жылы палац, які захаваў фланкіруючыя вежы [11, с.66], надзяліла апошнія дэкаратыўнае прызначэнне з выразнай сімвалічнай нагрузкай. Прататыпам палацу Мальбарскага замка верагодна стаў палац папы рымскага ў Авіньёне, што паказвае на прамы шлях пераходу першапачаткова французскай формы будынка з фланкіруючымі вежамі праз Тэўтонскі ордэн у ВКЛ. У якасці ранняга прыклада збудавання з фланкіруючымі вежамі ў ВКЛ можна назваць палац віленскага біскупа ў Дольным замку Вільні з дзвума (які, як лічыць Шчакаціхін [10, с.179], мог мець і чатыры вежы па рагох). Адным з самых цікавых помнікаў гэтага тыпу стаў палац нясвіжскага бастыённым замку канца XVI ст. - пачатку XVII ст., які меў выразна вежападобную форму фланкіраваны па вуглах чатырма дэкаратыўнымі вежачкамі.

Такім чынам, на нашу думку пад уздзеяннем французскай традыцыі данжонаў, а пазней палацаў з нарожнымі вежамі т. зв. "стаўпы" ці вежы валынскага тыпу як сімвал улады феадальнай улады відазмяніліся ў палацы з нарожнымі вежамі, здольныя да аўтаномнай абароны. У XVI ст. фланкіруючыя вежы пашырыліся ў абарончай сакральнай архітэктуры. Разам з гэтым абарончыя храмы перанялі ідэю асобнага абрончага збудавання, а таксама своеасаблівую ідэалагічнае гучанне: падобна як вежы валынскага тыпу і палацы з нарожнымі вежамі былі сімваламі ўлады феадала, так абарончыя храмы сталі сімваламі боскай улады на зямлі.


SUMMARY

Mikola Volkau
Fortified churches of the Grand Duchy of Lithuania: opinion on a type origin.

Fortified churches are the most distinctive phenomenon of the sacred architecture of the Grand Duchy of Lithuania. The question of the origin of the form of fortified church with four corner towers was addressed by many Belarusian and foreign researchers. M. Tkachou and T. Habrus considered that the prototype of this form was the cathedral of St.Sophia in Polack, rebuilt at the end of XV - beginning of XVI century; M. Shchakacihin proposed the Bernardine church in Vilnius; A. Kushniarevich proposed the cathedral of St. Stanislaus in Vilnius. In fact, most of fortified churches combine western gothic tradition (fortification elements, building structures) with eastern Old Russian principles of interior planning.
In our opinion, the development of the type of fortified churches was influenced by the tradition of the so-called towers of Volhynian type, which came to the Grand Duchy of Lithuania from Volhynia at the end of ХІІІ century. A tower of Volynian type is the central element of a castle, fit for isolated defence. They originate from the tradition of French donjons and German bergfrieds. Erection of such towers became quite wide-spread in the Grand Duchy in XIII century, and this tradition remained influential further. In particular, the type of Teutonic castles was alterated, and some of them (Medininkai, Kreva) got mighty corner towers. An the end of XIV - beginning of XV century building of mighty fortification towers ceases. This was motivated by the development of the art of fortification, as well as by the growing demand for comfort among nobles. The function of the symbol of feudal power was inhereted by castellated palaces. In particular, the palace of Vitaut on the Upper castle of Vilnius had fortification towers on the corners, and probably became a prototype for the fortified churches with four corner towers. In this way, a type of separate building designed for isolated defence evolved from Volhynian - type towers into fortified churches.

Бібліяграфія:

1. Габрусь Т. Мікола Шчакаціхін і пытанне генезісу беларускай готыкі ў культавым дойлідстве// Матэрыялы да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна (1896-1940). Мн.,1996.

2. Габрусь Т. Што такое беларуская готыка?// Мастацтва. - 1997, №9.

3. Гуревич Ф.Д. Древний Новогрудок. - Л.,1981.

4. Ипатьевская латопись//ПСРЛ. - М., 1962. Т.II.

5. Кушнярэвіч А. Гісторыка-архітэктурныя крытэрыі класіфікацыі гатычных помнікаў ВКЛ//Праблемныя напрамкі развіцця мастацкай творчасці і вербальнай культуры нацыі. - Мн., 2004.

6. Кушнярэвіч А. М. Кафедральная абарончая архітэктура Вялікага княства Літоўскага//Архітэктурная спадчына Беларусі - канстанта памяці. - Мір, 2007.

7. Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. - М.,2002.

8. Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ - ХУІІІстст. Мн.,1978.

9. Ткачёв М. Замки Белоруссии. - Мн.,1987.

10. Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. - Мн.,1993.

11. Albrecht Uwe.Von der Burg zum Schloß: französische Schloßbaukunst in Spätmittelalter. - Worms, 1986.

12. Architektura gotycka w Polsce. T. 2. Pod red. Teresy Mroczko, Mariana Arszynskiego. - Warszawa,1995.

13. Małachowicz E. Fortyfikacje Wilna. Część II//Teka Komisji urbanistyki i architektury. Tom XXIV. - 1991.

14. Piper Otto. Burgenkunde. - Ausburg, 1995.

Мікола Волкаў
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільнюс, Літва), магістэрская праграма "Ахова і інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX