Вярнуцца: Волкаў Мікола

Ляхавіцкая фартэцыя: перспектывы вывучэння Laсhavičy fortress (Belarus): perspectives of studying


Аўтар: Волкаў Мікола,
Дадана: 22-12-2011,
Крыніца: Волкаў М. Ляхавіцкая фартэцыя: перспектывы вывучэння [Laсhavičy fortress: perspectives of studying] // Научный потенциал молодежи – будущему Беларуси: материалы IV Международной молодежной научно – практической конференции, УО «Полесский государственный университет», г. Пинск, 9 апреля 2010 г. – Пинск: ПолесГУ, 2010. – 290 с. – С. 88 – 90.

Спампаваць




УДК 725.182/.183:719(476)"17/18"
Ляхавіцкая фартэцыя: перспектывы вывучэння.
М.А. Волкаў, магістратура па спецыяльнасці "мастацтвазнаўства" ІПНК НАН Беларусі.
Навуковы кіраўнік - А.І. Дзярновіч, к.г.н., старэйшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі

На сучасны момант ад Ляхавіцкай бастыённай фартэцыі амаль нічога не захавалася. Тэрыторыя вялікага па памерах помніка забудавана прыватнымі драўлянымі і часткова мураванымі сядзібамі. Самі жыхары Ляхавічаў і нават уладальнікі сядзіб на тэрыторыі фартэцыі не ведаюць, што яны жывуць на тэрыторыі помніка, адлюстраванага на гербе горада. Станоўчай падзеяй стала ўстаноўка памятнага каменю ў гонар непераможнай фартэцыі. Аднак апошні ўсталяваны не на тэрыторыі фартэцыі, а на сотню метраў убок ад яе, бліжэй да дарогі і маста праз р. Ведзьма, што яшчэ больш зблытала ўяўленне аб месцазнаходжанні аб'екта. Адсутнасць разумення значнасці помнікаі сістэмы рэгулявання гаспадарчых прац на яго тэрыторыі прыводзіць да далейшага знішчэння рэшткаў фартэцыі. М. Чарняўскі апісвае адзін з фактаў, калі ў 2001 годзе пад час пракладвання дарогі па тэрыторыі фартэцыі былі пашкоджаны рэшткі паўднёвага рова і паўднёва-заходняга бастыёна [Чарняўскі, 2002, с. 397]. Таму надзвычай актуальнымі з'яўляюцца дакладнае вызначэнне тэрыторыі ўмацавання, уключэнне яго ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама рэалізацыю мерапрыемстваў па ахове помніка. Для вырашэння гэтых пытанняў павінны быць праведзены сур'ёзныя археалагічныя і археаграфічныя даследванні гісторыі помніка. Апошняе важна не толькі для мясцовага краязнаўства, але і для Беларусі і рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ўвогуле.

На жаль, да сённешняга дня Ляхавіцкая фартэцыя з'яўляецца малавывучаным помнікам. На аснове археаграфічных і натурных даследванняў досыць падрабязна абарончую сістэму фартэцыі апісаў М. Ткачоў [Ткачоў, 1973; Ткачоў, 1978, с. 88-90; Ткачоў, 1989; Ткачоў, 1991, с. 98-101]. Даследчык называе Ляхавічы да адной з самых магутных бастыённых фартэцый не толькі ВКЛ, але і Рэчы Паспалітай. У 1998 г. М. Чарняўскі выявіў на тэрыторыі фартэцыі рэшткі абарончых казематаў [М. Чарняўскі, с. 398-399]. На падставе апытання мясцовых жыхароў даследчык дапускае, што ў зямлі можа захоўвацца яшчэ вялікая колькасць аб'ектаў. Аднак дасюль археалагічных прац на тэрыторыі помніка не праводзілася.

Па абарончай сістэме Ляхавіцкі бастыённы замак з'яўляецца адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйнай манеры [Ткачоў, 1978, с. 90]. Ткачоў выказвае меркаванне, што фартэцыя была ўзведзена Янам Каралем Хадкевічам у канцы XVI ст. [Ткачоў, 1989, с. 77] і дапускае што казацкія загоны Налівайкі зімой 1595-1596 гг. штурмавалі, менавіта, новаўзведзены бастыённы замак. На нашу думку, аднак, гэтае пытанне патрабуе далейшага ўдакладнення. У інвентары фартэцыі за 1658 г. згадваецца 31 гармата, з якіх 15 мелі гербы Хадкевіча [Собрание…, 1858, с. 116-117]. З іх 2 былі адліты ў 1571 г., 1 - у 1601 г., 2 - у 1606 г., 1 - у 1609 г., 4 - у 1614 г., 5 - у 1617 г. Усе пазначаныя гербам Хадкевіча гарматы, акрамя адной, мелі сярэдні калібр (ад 10 да 25 фунтаў) і прызначаліся, найверагодней, для ўмацаванняў магната. Асабліва яскравай функцыянальнае прызначэнне гэтых гармат бачыцца ў параўнанні з чатырма трафейнымі шведскімі палявымі гарматамі, якія мелі значна меншы калібр (ад 1,5 да 5 фунтаў). З 15 гармат Хадкевіча 9 гармат былі адліты ў 1614 і 1617 гады. Слушным будзе дапусціць, што яны вырабляліся менавіта для Ляхавіцкай фартэцыі, калі яе будаўніцтва падыходзіла да завяршэння. Магчыма, менавіта напад казакаў на Ляхавічы ў 1595-1596 гг. стаў стымулам для ўзвядзення магутная бастыённай фартэцыі, якая была скончана і абсталявана да канца 1610-ых гадоў.

М. Ткачоў у сваіх працах прыводзіць памеры Ляхавіцкага бастыённага замка роўныя 175х220 м. [Ткачоў, 1989, с.77]. Аднак здымкі тэрыторыі помніка са спадарожніка, а таксама выява замка на гравюры 1661 г. прымушаюць перагледзець гэтыя дадзеныя. На спадарожнікавым здымку працягласць заходняга бастыённага фронту (між вугламі суседніх бастыёнаў) набліжаецца да 300 метраў, а абарончая лінія (ад вугла курціны і фланка бастыёна да вугла сумежнага бастыёна) раўняецца прыкладна 200 метрам [http://maps.google.com/]. Адлегласць абарончай лініі паводле тэорыі фартыфікацыі першай паловы XVII ст. не павінна была перавышаць максімальнай дальнасці мушкетнага стрэлу (блізу 220 м.) [Freitag, 1631, c.18]. На гравюры 1661 г., дзе аб'ёмныя аб'екты маляваліся на аснове плана тэрыторыі, адлюстравана амаль квадратнае ўмацаванне. Зыходзячы з гэтага астатнія бастыённыя франты (паўночны, паўднёвы і ўсходні) мусілі мець падобныя да заходняга памеры. Ляхавіцкі замак, такім чынам, меў максімальна дапушчальныя для чатырохвугольнай бастыёнай фартэцыі памеры. Па форме і асаблівасцях некаторых абарочых элементаў (абшырныя бастыёны з кавальерамі, шырокія магутныя прамавугольныя арылоны, казематаваныя фланкі) Ляхавіцкі замак вельмі блізкі да праектаў знакамітага нямецкага фартыфікатара Даніэля Спэкля (Спэкліна), "Architectvra von Vestungen…" якога пабачыла свет ў 1589 г. Асабліва ўражвае падабенства Ляхавіцкай фартэцыі да плану чатырохбастыённага ўмацавання да старонкі 17 [Specklin, 1599, с. 17]. Лічыцца, што фартыфікацыйныя ідэі Спэкля апярэдзілі свой час і цалкам ніколі не былі рэалізаваны [Glossarium, 1990, c. 253].

Паводле традыцый новаітальянскай сістэмы, у якой быў узведзены Ляхавіцкі бастыённы замак, большая частка абарончых элементаў умацавання мусіла быць мураванымі. На падставе гравюры 1661 г. можна з упэўненасцю сцвярджаць, што акрамя каменнай ці цаглянай аблямоўкі плашчыняў бастынёнаў, кавальераў і курцін, Ляхавіцкая фартэцыя мела двухпавярховыя мураваныя казематы ў фланках бастыёнаў, мураваную чатырохпавярховую браму, двухпавярховы мураваны арсенал, мураваны парахавы пограб (выўяўлены М. Чарняўскім будынак па вул. Раганава 16), скляпеністы ход з фартэцыі, акрамя таго шыкоўны двухпавярховы мураваны палац. На тэрыторыі пустога бастыёна, магчыма, меўся невялікі мураваны скарбчык. Па колькасці мураваных пабудоў Ляхавіцкая фартэцыя набліжаецца да слынных радзівілаўскіх рэзідэнцый у Нясвіжы і Біржах. Хаця цягам ХІХ ст. усе гэты пабудовы былі разабраны на будаўнічыя матэрыялы, пад зямлёй у рознай ступені захаванасці павінны захоўвацца рэшткі гэтых мураваных пабудоў. За сваё жыццё Ляхавіцкая фартэцыя была ўцягнута ў вір шматлікіх войнаў і вытрымала 8 аблог. Таму акрамя рэшткаў архітэктурных збудаванняў на тэрыторыі помніка і асабліва на месцы былога рва ў зямлі мусіць захоўвацца мноства артэфактаў ваеннага характару XVI-XVIII стст., арыгінальных рэчаў, якіх, дарэчы, зараз так бракуе пры стварэнні музейнай экспазіцыі на аснове Нясвіжскага замка.

Літаратура:

1. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединённых с нею владений (1387-1710 гг.). Ч. 1. - Вильно, 1858. - 164 с.

2. Ткачоў, М.А., Цярохін, С.Ф. Ляхавіцкая фартэцыя / М.А.Ткачоў, С.Ф. Цярохін // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. - 1973. - № 1. - С. 22-23.

3. Ткачоў, М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ - XVIII стст. / М.А. Ткачоў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - 144 с.

4. Ткачоў, М. Ляхавіцкая фартэцыя / М. Ткачоў // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Ляхавіцкі раён. - Мн.: БелСЭ, 1989. - С. 77-81.

5. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А. Ткачоў. - Мн.: "Навука і тэхніка", 1991. - 184 с.

6. Чарняўскі, М. Аб рэштках Ляхавіцкай фартэцыі / М. Чарняўскі // Castrum, urbis et bellum / Нав. рэд. Г. Штыхаў, Г. Галенчанка. - Баранавічы: РУПП "Баранавіц. ўзбуйн. друк.", 2002. - С. 397-401.

7. Freitag, Adam. Architectura militaris nova et aucta… / Adam Freitag. - Leyden: Bonaventura und Abraham Elzeviers, 1631. - 160 s.

8. Glossarium Artis. Wörterbuch zur Kunst. Volume 7: Festungen. - München, 1990. - 407 s.

9. Specklin, Daniel, Architectvra von Vestungen ... / Daniel, Specklin. - Straßburg, 1599. - 110 s.

10. maps.google.com/ - Дата доступа: 14.01.2010

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX