Вярнуцца: Волкаў Мікола

Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка On the existence of the portcullis in the gate of the Mir castle


Аўтар: Волкаў Мікалай,
Дадана: 05-01-2013,
Крыніца: Волкaў, М. Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка [On the existence of the portcullis in the gate of the Mir castle] / М. Волкаў // Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага і культурнага ландшафтаў: навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір Гродзенскай вобласці, 6 чэрвеня 2010 г. / [навуковы рэдактар А. А. Ярашэвіч]. – Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня, 2012. - C. 48-54.

Спампаваць




У навуковай літаратуры існуе трывалае меркаванне аб існаванні ў Мірскім замку герсы ці падаючай краты [1, с. 161; 2, с. 208; 3, с. 22; 4, с. LXVI; 7, с. 41; 8, с. 67]. Аднак яно мае выключна гіпатэтычны характар, бо ў пісьмовых крыніцах герса не ўзгадваецца. Двойчы ў інвентарах 1681 г. [10, a. 3.] і 1688 г. [6, a. 14.] узгадваецца т.зв. "узвод" ці пад'ёмны мост, назва якога паходзіць ад польскамоўнага выразу "most zwodzony" [12, s. 14; 15, s. 147; 16, s. 13]. Узвод не трэба блытаць з герсай, якая ў польскамоўных крыніцах і літаратуры называецца "brona" ці "krata dębowa"[9, с. 181; 12, s. 101; 16, s. 13]. Да прыкладу ў апісанні Глускага замка 1755 г. згадваюцца два ўзводы на мосце і асобна "крата дубовая спадаючая ўніз" у браме перад варотамі [5, а. 1 аб.], а па інвентары 1687 года Новы замак у Слуцку меў узвод пасярод маста праз роў [14, s. 71], які, відавочна, не мог быць герсай.

Сам аўтар ідэі аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка Юзэф Ядкоўскі ў 1915 г. адзначаў: "ныне ни следов решетки" [4, с. LXVI]. Гіпотэза ж грунтавалася выключна на наяўнасці ўверсе між вонкавай паўцыркулярнай і унутранай стральчатай аркамі брамы з боку мястэчка выцягнутай адтуліны даўжынёй 3,4 м і шырынёй 0,46 м (мал. 1). Аднак натурныя даследванні паказваюць, што дадзеная адтуліна не прызначалася для герсы:

1. Гэта адтуліна занадта шырокая, у той час як шырыня герсы звычайна вагалася ад 9 да 15 см [17, s. 306]. Для параўнання паз для герсы Берлінскай брамы ў Тэмпліне складаў 18 см [13, s. 16].

2. Для скальжэння герсы ў сценах абавязкова рабіліся пазы ці спецыяльныя канструкцыя, якія трывала фіксавалі становішча герсы у паднятым і апушчаным становішчы [11, s. 26]. Звычайна гэты паз, як і сама герса, месціўся звонку ад варот, радзей з унутранага боку [12, s. 14].

3. Існавалі варыянты, калі герса фіксавалася пры дапамозе драўляных канструкцый, але ў выпадку брамы Мірскага замка няма ніякіх слядоў такога мацавання (мал. 2, 3);

4. Адсутнічае паз ці сляды ад канструкцыі для ўтрымання герсы на ўзроўні другога паверха вежы-брамы.

Найбліжэйшай па часе будаўніцтва і рэгіёне аналогіяй да брамы Мірскага замка з'яўляецца т.зв. Вострая брама ў Вільні, якая мела гатычны выгляд і была збудавана між 1506 і 1514 гг. [13, s. 146]. Апошняя, акрамя адтуліны для герсы ўверсе, мае гарызантальныя пазы і спецыяльнае месца ў тоўшчы вонкавай сцяны брамы для ўтрымання герсы ў паднятым становішчы.

Адтуліна, якая паводле вышэй згаданай гіпотэзы прызначалася для герсы, выконвала функцыю перадбрамнага машыкуля для стральбы ў вертыкальным накірунку, ліцця кіпеню і скідвання камянёў на ворага альбо тушэння варот у выпадку іх падпалу. Такога кшталту байніцы ці паглыбленыя ў мур, як у Мірскім замку, ці ў форме выступаючага эркера (ням. Gusserker, Pechnase) альбо цэлага паверха мелі большасць еўрапейскіх замкаў [11, s. 24]. Брамы з машыкулямі, падобныя па форме да брамы Мірскага замка, былі шырока распаўсюджаны ў Прусіі і Польшчы. Напрыклад паўночны флігель т.зв. Высокага палац Мальбаркскага замка, меў над брамай машыкуль памерамі 0,43х1,72 м [18, s. 1]. У выпадку Кляштарнай брамы ў Торуні можна вельмі добра ўбачыць адрозненне адтуліны для герсы (першая адтуліна) і надбрамным машыкулем (другая адтуліна) (мал. 4).

Брама Мірскага замку мела пад'ёмны мост ці узвод, які адзначаецца ў інвентарах 1681 і 1688 гг. Паводле гэтых апісанняў узвод меў драўляная палатно абітае жалезнымі пасамі і падымаўся на двух жалезных ланцугах, якія хадзілі праз два "kolca" ў муры. Апошнія, відаць, трэба атаясамліваць з дзьвума скразнымі адтулінамі памерам 31х26 см ў стральчатай арке брамы з боку мястэчка па абодва бакі праезду. У выніку іх агляду выявілася, што ўнутры яшчэ пры ўзвядзенні брамы была зроблена апалубка з дошак таўшчынёй 3 см. Верагодна, дошкі ўтваралі жолабы, па якіх хадзілі ланцугі ўзвода. З боку мястэчка цэгла ля адтулін мае пашкоджанні, якія маглі застацца ад жалезных ланцугоў. Па інвентары 1688 года "kolca" у муры, на якіх падымаўся ўзвод, называюцца дубовымі, што сведчыць на карысць меркавання аб адтулінах з драўлянай апалубкай, праз якія падымаўся ўзвод. Шыпы ўнізе ўзвода, якія ўзгадваюцца ў інвентары 1688 г., служылі для мацавання палатна ўзвода да сцен аркі, яго пад'ёма і апускання. Уверсе над аркай маецца выступ шырынёю 20 см, за якім хавалася палатно ўзвода ў паднятым становішчы.

З боку дзядзінца замка ў стральчатай арке захаваліся адтуліны ад бэлькі, якая ішла паралельна самой арке над адтулінамі для ланцугоў узвода. Магчыма да гэтай бэлькі мацаваліся блокі для скальжэння ланцугоў. Узвод мог падымацца пры дапамозе спецыяльных воратаў ці сістэмы супрацьвагаў.

Праезд брамы ад пачатку ўзвядзення замка ўзвышаўся на 1,6 м адносна тагачаснай дзённай паверхні з вонкавага боку брамы [3, с. 21], а ў накірунку праезда, верагодна, ішоў невысокі драўляны мост, упор якога быў выяўлены пад час раскопак 1991 г. [3, с. 23]. Пад'ёмны мост злучаў праезд брамы з гэтым мастом. Мост да праезда і дзеяздольны ўзвод былі захаваны і пасля дабудовы перадбрам'я. Падобная сістэма існавала ў Рудніцкая браме ў Вільні, збудаванай у сяр. XVI ст., дзе ўнутры прамавугольнага перадбрам'я меўся ўзвод, палатно якога закрывала праезд вежы-брамы.

Наяўнасць пад'ёмнага маста адназначна ўказвае на немагчымасць існавання герсы ў адтуліне над праездам. Пры неабходнасці хуткага апускання герсы, яна наўпрост мусіла "падаць" на ланцугі ўзвода і, такім чынам, мала таго, што не закрывала б вароты, але рабіла б немагчымым падняцце ўзвода.

Тэарэтычна герса са згаданай адтуліны магла апускацца толькі пасля падняцця ўзвода і, такім чынам, магла служыць для больш надзейнай абароны варот і ўласна палатна ўзвода. Аднак, варыянт падобнага ўжывання герсы невядомы, а такога кшталту сістэма наогул супярэчыць логіцы ўжывання герсы, якая мусіла найперш перапыняць раптоўны напад ворага.

Для выяўлення канструкцыі ўзвода (месца мацавання шыпоў палатна ўнізе аркі, рэшткаў і месца размяшчэння вората ці ямаў для супрацьвагаў ці іншых дэталяў) неабходна правядзенне археалагічных даследванняў у праездзе брамы. Без правядзення апошніх немагчыма дакладна аднавіць канструкцыю ўзвода, а таксама даследаваць сістэму абароны праезда брамы Мірскага замка.

Літаратура:

1. Бубноўскі, Дз.С. Готыка і рэнесанс Мірскага замка. / Дз.С. Бубноўскі. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. - Мн.: Навука і тэхніка, 1994. - С. 160-169.

2. Гурын, М., Ткачоў, М. Мірскі замак / М. Гурын, М. Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. - Мн.: БелЭн, 1999. - с. 208-209.

3. Здановіч, Н.І., Краўцэвіч, А.К., Трусаў, А.А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка / Н.І. Здановіч, А.К. Краўцэвіч, А.А. Трусаў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1994. - 152 с.

4. Иодковский, И.И. Замок в Мире / И.И. Иодковский // Древности. Т.6. - М., 1915 - С.LIV-LXXII.

5. НГАБ. Ф. 179. Воп. 1. Спр. 153. Інвентар Глуска, 1755 г.

6. НГАБ. Ф.694. Воп.2. Спр.4468. Інвентарны рэестр Мірскага замка, 1688 г.

7. Ткачоў, М.А. Замкі Беларусі / М.А. Ткачоў. - Мн.: Полымя, 1977. - 82 с.

8. Ткачоў, М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ - XVIII стст. / М.А. Ткачоў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - 144 с.

9. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі. / М.А. Ткачоў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1991. - 184 с.

10. AGAD, AR, dz. XXV, sp. 2444. Інвентар Мірскага замка, 1681 г.

11. Krahe, F.-W. Burgen des deutschen Mittelalters. Grundriss-Lexikon / F.-W. Krahe. - Würzburg: Flechsig Vlg., 2000. - 792 s.

12. Lukas, E. Średniowieczne mury miejskie na pomorzu zachodnim / E. Lukas. - Poznań, 1975. - 105 s.

13. Małachowicz, E. Fortyfikacja Wilna. Część II. // Teka komisji urbanistyki i architektury. - T. XXIV. - 1990. - s. 133-147.

14. Mikulski, W., Zawadzki, J. Opisy zamków białoruskich z inventarzy dóbr przechowywanych w archiwum Radziwiłłów w archiwum głowny aktów dawnych / W. Mikulski, J. Zawadzki - Warszawa, 1999. - 88 s.

15. Miśkiewicz, B. Rozwój stałych punktów oporu w Polsce do połowy XV wieku / B. Miśkiewicz. - Poznań, 1964. - 340 s.

16. Pachoński, J. Dawne mury floriańskie / J. Pachoński. - Kraków, 1956. - 72 s.

17. Piper, O. Burgenkunde. Bauwesen und Geschichte der Burgen. / О. Piper. - Augsburg: Weltbild Verlag, 1995. - 711 s.

18. Schmid, B. Die Wehrgänge auf den Häusern der Marienburg. / B. Schmid. // Der Burgwart. - 1929. - № 1. - S. 1-4.

19. Stock, W. Über die mittelalterliche Befestigung der Stadt Templin. / W. Stock. // Der Burgwart. - 1907. - № 1. - S. 13-17.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX