Папярэдняя старонка: Волкаў Мікола

Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне 


Аўтар: Волкaў М.,
Дадана: 06-01-2013,
Крыніца: Волкaў, М. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне [Niasvizh castle in the Great Northern War] / М. Волкаў // Вялікае Княства Літоўскае: Права. Вайна. Дыпламатыя. / Пад рэд. С.Ф. Сокала, А.М. Янушкевіча. – Мінск : БІП – Інстытут правазнаўства, 2012. – С. 219-238.

Спампаваць




Ваенныя кампаніі шведскага і расійскага войскаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў час Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) сталі фатальнымі для большасці фартыфікацыйных збудаванняў краіны, у тым ліку для галоўнай рэзідэнцыі Радзівілаў - Нясвіжскага замка. Разбурэнне ўмацаванняў было тактычным ходам абодвух бакоў: праціўнікі, найперш шведы, не хацелі пакідаць у сваіх тылах умацаванні, якімі магла скарыстацца варожая армія. Аднак у знішчэнні Нясвіжскага замка ў 1706 годзе быў і іншы аспект. Ад пачатку вайны VIII ардынат на Нясвіжы канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл падтрымаў легітымна абранага караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага, якога Карл ХІІ імкнуўся замяніць Станіславам Ляшчынскім. Тактыка "выпаленай зямлі", альбо жудасныя разбурэнні, якія сеялі шведы ў радзівілаўскіх маёнтках у 1706 годзе была паказальнай і павінна была прымусіць Караля Станіслава перайсці на бок Карла ХІІ. З іншага боку для падтрымкі пазіцый Аўгуста ІІ і яго прыхільнікаў на тэрыторыю ВКЛ былі ўведзены расійскія войскі і казакі, якія, аднак, не здолелі ўратаваць радзівілаўскія маёнткі.

Падрыхтоўка да абароны

Ад самага пачатку вайны Нясвіжскі замак, ці Нясвіжскую фартэцыю, як пісалі ў тагачасных дакументах, пачалі рыхтаваць да абароны, хаця рэальная пагроза для паўстала толькі ў 1702 годзе. Напэўна, у сувязі з гэтым быў прызначаны новы камендант, якім стаў капітан Любэрт Полеман (Lubert Poleman) [1]. На пачатку сакавіка 1700 года ён прыбыў у фартэцыю [2].

Летам 1700 года у складзе залогі (гарнізона) былі капітан (камендант), харунжы, 3 капралы, 2 добашы (барабаншчыкі), файфэр (музыкант), фурыер (вазніца) і 95 жаўнераў, для якіх шылі строі і напраўлялі амуніцыю [3]. Па звестках шведаў у час капітуляцыі ў 1706 годзе ў гарнізоне фартэцыі было 200 чалавек, з якіх 90 былі жаўнерамі [4]. Рэшта, стральцы і выбранцы з радзівілаўскіх зямель, маглі таксама пачаць службу ўжо ў 1700 годзе. Для параўнання, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1656 годзе, у Нясвіжскай фартэцыі мелася 200 чалавек, пасля вайны, у 1675 годзе, у 10 ротах служыў толькі 61 жаўнер [5]. Гэтае параўнанне дазваляе сцвярджаць, што ўжо ў 1700 годзе гарнізон фартэцыі быў укамплектаваны з улікам ваеннай небяспекі па практыцы ранейшых часоў. Аднак прафесійных жаўнераў, як пісаў губернатар Нясвіжскага княства Станіслаў Міхал Маляўскі, не хапала для паспяховай абароны замка ад моцнага непрыяцеля, а пушкароў не было ўвогуле [6].

Для ўтрымання залогі ўніверсалам князя на гаспадаркі Нясвіжскага княства быў накладзены адмысловы падатак ці "жаўнершчына". За год меркавалася сабраць 1900 злотых, хаця збор грошай, як пісаў адміністратар княства Самуэль Тышэвіч, ішоў з цяжкасцю [7].

Ахарактарызаваць запас узбраенне і амуніцыі ў фартэцыі на гэты час можна з дапамогай інвентара складзенага крыху раней - 7 студзеня 1693 года [8]. Тады ў замку мелася 28 спіжовых і 1 жалезная гармата, 2 марціры, 180 гакаўніц, 14 паўгакаўніц, 96 мушкетаў і 27 штурмакоў. Частка зброі патрабавала направы. Для артылерыі і ручной агняпальнай зброі меўся запас куль і гранат рознага кшталту [9]. Паводле пазнейшага рэестру гармат, складзенага 1 лютага 1695 года, паменела на адну марціру [10], аднак у тым жа годзе была адліта новая марціра [11]. Напярэдадні вайны ці на самым яе пачатку артылерыя фартэцыі яшчэ больш зменшылася, што адмоўна паўплывала на яе абароназдольнасць. У прыватнасці, у 1706 годзе пасля капітуляцыі замка ў рукі шведаў трапіла 17 спіжовых і 4 жалезныя гарматы [12].

У 1693 годзе ў фартэцыі захоўвалася 95 каменяў [13] і 36 фунтаў (агулам 3836 фунтаў) пораху, а ўжо ў пачатку 1702 года яго колькасць складала 130 каменяў (5200 фунтаў). У тым жа годзе камендант выдаў грошы на выраб яшчэ 700 фунтаў пораху. Для направы зброі і амуніцыі было куплена 20 штабаў жалеза, таксама быў набыты свінец для вырабу куль для мушкетаў і гакаўніц [14].

"Шведская трывога" 1702 года

У канцы 1701 года Карл ХІІ заняў Курляндыю і рыхтаваўся ўвесці войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб адпомсціць Аўгусту ІІ за напад на шведскія Інфлянты [15]. Таму ўжо зімой 1701-1702 гадоў Нясвіжскі замак пачалі інтэнсіўна рыхтаваць да абароны. Пад кіраўніцтвам каменданта да канца студзеня 1702 года былі напраўлены земляны вал з брустверам, а таксама равелін перад брамай, на брустверы якога летам меркавалася раставіць кашы-габіёны [16]. Мураваны эскарп [17], які з аднаго боку фартэцыі асыпаўся, быў закладзены драўлянымі брусамі. Гэтаксама з брусоў на эскарпе быў складзены бруствер з байніцамі для мушкецёраў. У якасці дадатковай зброі камендант прапаноўваў павесіць на эскарп брусы для скідвання на ворага ў час штурма. У рове перад эскарпам быў пастаўлены астрог (палісад) ці дадатковая агароджа з завостраных драўляных бярвенняў укапаных у зямлю [18]. Падрыхтоўка да абароны фартэцыі праводзіліся ў неспрыяльных для фартыфікацыйных прац умовах, калі зямля замерзла, з выкарыстаннем усіх магчымых людскіх рэсурсаў. Як пісаў Тышэвіч, "хто жывы для абароны да замку астрог вёз" [19].

Ва ўмовах ваеннай небяспекі Нясвіжская фартэцыя была надзейным сховішчам для фамільных каштоўнасцяў і маёмасці Радзівілаў. Так зімою 1702 года ў фартэцыю па загаду князя былі звезены ўсе запасы збожжа сабранага ў княстве. Там яго працягвалі абмалочваць і складваць. У канцы сакавіка 1702 года па загаду князя зерне пачалі як мага хутчэй прадаваць [20] . Аднак збожжа было так шмат, што калі ў сярэдзіне красавіка з Вільні прыехалі ксяндзы прагнучы схавацца ў фартэцыі са сваімі каштоўнасцямі, Маляўскі быў вымушаны ім адмовіць да адмысловага рашэння князя, бо "не было месца" [21] . Напэўна, таму Полеман атрымаў загад не прымаць у фартэцыю "пастароннія" рэчы [22] . Фартэцыя мусіла служыць сховішчам найперш для рэчаў і каштоўнасцяў гаспадара. У маі 1702 года "па практыцы ранейшых часоў" з фамільнай крыпты Радзівілаў у езуіцкім касцёле ў фартэцыю былі перанесены труны прадстаўнікоў рода, а з самога касцёла - каштоўнае начынне. Наступны пасля Самуэля Тышэвіча адміністратар Нясвіжскага княства Ежы Вінцэнты Таўрыловіч згадваў, што перад самой трывогай у 1706 годзе былі сабраныя ўсе кнігі з езуіцкага і бернардынскага кляштароў, упакаваныя ў скрыні і замураваныя ў адным са скляпоў у замку [23].

12 красавіка 1702 года нясвіжскія мяшчане таксама звярнуліся да Караля Станіслава з просьбай пусціць іх у фартэцыю у выпадку небяспекі [24], на што атрымалі станоўчы адказ і неўзабаве гэтым скарысталіся. 26 мая вялікае злучэнне шведскіх войскаў (5700-6000 чалавек) на чале з генерал-маёрам Карлам Густавам Мёрнэрам (Mörner) перайшло Нёман і рушыла ў Наваградскае ваяводства. 31 мая шведы сталі лагерам у Палужжы ля Карэлічаў і Асташыне і запатрабавалі кантрыбуцыю з Нясвіжа ў 16 тыс. талераў [25]. У такіх умовах радзівілаўскія чыноўнікі заклікалі мяшчан, жыдоў і іншых падданых хавацца ад шведаў у фартэцыі [26]. Так яны маглі захаваць сваю маёмасць і капіталы, бо шведы шырока практыкавалі выкраданне людзей і вымаганне з іх выкупу. Так і не дачакаўшыся кантрыбуцыі, 2 чэрвеня аддзелы Мёрнэра зняліся з лагера і рушылі ў бок Слоніма [27].

Рэйд Траўтфэтэра ў сакавіку 1706 года

Фатальным для Нясвіжа і радзівілаўскага замка стаў паход шведскай арміі на чале з Карлам ХІІ праз ВКЛ у 1706 годзе. 25 студзеня Карл ХІІ са сваім войскам перайшоў па лёдзе Нёман непадалёк ад Горадні і заблакаваў расійскае войска на чале з фельдмаршалам Георгам Бенедыктам Агільві, якое стаяла ў горадзе. Неўзабаве шведская армія адыйшла на зімовыя кватэры далей на ўсход. 20 лютага шведы выйшлі з Каменкі і ў хуткім часе спыніліся у Жалудку, дзе было вырашана зрабіць галоўную стаўку [28]. Паблізу, у Васілішках, размясцілася стаўка Станіслава Ляшчынскага. Блакада Гародні працягвалася, адначасова шведы распускалі атрады для рабавання праціўнікаў "караля Станіслава" і пошукаў правіянту для арміі. У Жалудку Карл ХІІ атрымаў навіну аб перамозе шведскіх войскаў у бітве пад Фраўштадтам (13 лютага 1706), пасля чаго, як пісаў Адлерфэльд, літвіны пачалі масава прыносіць прысягу на вернасць Ляшчынскаму. Аднак сярод іх не было Караля Станіслава Радзівіла, а таксама ніводнага з Вішнявецкіх і Агінскіх [29]. Таму каб прывесці іх да падпарадкавання, а таксама каб аслабіць пазіцыі антышведскіх сіл у ВКЛ, шведы пачалі паказальна рабаваць і нішчыць іх маёнткі.

У сярэдзіне сакавіка Карл ХІІ выслаў у бок Наваградка падпалкоўніка Ёган Рэйнгальда фон Траўтфэтэра (Trautvetter), маёра Аксэля Спэнса (Spens і ротмістра Дрэфэншольда (Dreffenschöld) са 180 кавалерыі. У Наваградку да іх мусілі далучыцца яшчэ 270 кавалерыстаў з мясцовага гарнізона. Мэтай рэйда была радзівілаўская сталіца - Нясвіж, адкуль Траўтфэтэр мусіў выбіць 1,5-2 тыс. казакаў на чале са старадубскім палкоўнікам Міхайлам Міклашэўскім [30]. На шляху туды шведы разбілі тысячны атрад казакаў, які стаяў у Міры. Супраць іх былі накіраваны валахі, якія добра сябе зарэкамэндавалі і захапілі 9 палонных [31]. 23 сакавіка шведы былі ўжо пад Нясвіжам [32].

Ударыць па казаках Траўтфэтэр вырашыў уранку 24 сакавіка. Ён загадаў спешыцца тром сотням драгунаў і ўтварыў з іх тры батальёны, якія мусілі знянацку атакаваць адну з брам і вал каля яе. Авалодаўшы брамай шведы адкрылі вароты і пусцілі ў горад кавалерыю [33]. Казакі на чале з Міклашэўскім спрабавалі збудаваць барыкады, заблакаваць вуліцы і арганізаваць абарону на рынку, аднак націск шведаў быў моцны. Менш чым за паўгадзіны разам з кіраўніком было забіта каля 300 казакаў, а ў рукі шведаў трапілі 4 спіжовыя [34] гарматы. Каля 500 казакаў закрыліся ў езуіцкім калегіюме, а астатнія ўмацаваліся ў дамах навокал рынка і працягвалі весці агонь па шведах. Тады Траўтфэтэр загадаў запаліць горад. Каля 500-600 казакаў загінула ў агні, а 180 уцяклі з полымя і трапілі ў палон да шведаў. Не маючы цяжкой артылерыі, каб выбіць рэшту казакаў з калегіюма Траўтфэтэр адступіў. Згодна загаду Карла ХІІ падпалкоўнік адразу рушыў у бок Ляхавіч, каб разбіць казакаў размешчаных там. З сабою ён павёў 50 палонных [35]. Цікава, што шведы нават не забралі з сабою правіянт, які казакі нарабавалі з воласці і звезлі ў Нясвіж [36].

Ноч шведы правялі ў Снове, а 25 сакавіка падыйшлі да Ляхавіцкага замка. Казакі, што стаялі у Ляхавічах загадзя атрымалі інфармацыю аб набліжэнні шведаў, спалілі мястэчка і схаваліся ў фартэцыі. Таму, не здолеўшы, як у Нясвіжы, знянацку разбіць казакаў і не маючы пехоты для вядзення аблогі, Траўтфэтэр адыйшоў ад Ляхавіч і стаў у Крошыне, дзе чакаў прыбыцця пехоты [37].

27 сакавіка ў Нясвіж прыбыў казацкі пасланец з Менску, дзе стаяў гетман Мазепа. Ён распытваў, чаму быў разбіты полк Міклашэўскага, бо ў стаўцы ўсю віну ўскладвалі на мяшчан, праз здраду якіх шведы нібыта змаглі знянацку напасці на казакаў. Тады Таўрыловіч пісьмова склаў адказ да гетмана, у якім ён абвінаваціў саміх казакаў у неасцярожнасці і нядбальстве, бо растаўленая імі варта наўпрост паснула, што дало магчымасць шведам скарыстацца фактарам нечаканасці [38]. Пазней у Чарнігаўскай хроніцы паўстала версія аб здрадніцкім нападзе на казакоў пад час службы ў царкве [39]. Аднак яна, відавочна, была створана, каб абяліць вобраз казакаў.

У адрозненні ад Ляхавічаў Полеман не пусціў казакоў старадубскага палка ў Нясвіжскую фартэцыю. Гэта выклікала незадаволенасць гетмана Мазепы, а казакі зрабавалі ваколіцы Нясвіжа [40]. Забарона упускаць казакаў, відаць, зыходзіла непасрэдна ад Караля Станіслава Радзівіла, які небеспадстаўна баяўся за каштоўнасці сабраныя ў рэзідэнцыі. Аднак падаецца дзіўным, што пад час разгрому казакаў залога фартэцыі ніяк не спрабавала ім дапамагчы, што здзівіла нават шведаў. Ля самога замкавага ірва тыя разбілі адзін з атрадаў казакаў, а гарнізон не адкрыў агонь па іх.

Як паведамляў Таўрыловіч, 29 сакавіка на дапамогу Траўтфэтэру ў Крошын прыйшла пехота. Таму ў Нясвіжы баяліся, што замест Ляхавічаў шведы маглі вярнуцца ў Нясвіж, каб здабыць замак. Мяшчане па-ранейшаму не вярталіся ў спалены горад, а ў замку акрамя гарнізона хавалася невялікая колькасць сялян [41]. Аднак Траўтфэтэр не пайшоў адразу на Ляхавічы, а адступіў у Наваградак для ўпарадкавання сваіх сілаў, дзе чакаў дапаможны корпус [42].

Рабаванні горада і княства ў карсавіку 1706 года

5 красавіка Карл ХІІ выслаў з Жалудка корпус кавалерыі колькасцю ў 600 коней на чале з палкоўнікам баронам Карлам Густавам Кройцам (Creutz) у Слонім для таго, каб ачысціць яго ад казакаў. Там Кройц мусіў сабраць усе сілы расцярушаныя з гэтага боку Нёмана і распачаць аблогу Ляхавічаў, дзе закрыліся казакі. У Слоніме Кройц не сустрэў супраціву, і, сабраўшы каля 1,5 тыс. кавалерыі не лічачы дапаможных мясцовых і валашскіх аддзелаў, рушыў на Ляхавічы. Па дарозе да яго, відаць, далучыўся і Траўтфэтэр. Непадалёк ад Ляхавічаў шведы разбілі аддзел казакаў, якія ішлі на дапамогу замку [43], і ў сярэдзіне красавіка распачалі аблогу тамтэйшай фартэцыі [44].

Заблакаваўшы Ляхавічы, Кройц распусціў аддзелы валахаў для рабавання ваколіц Ляхавічаў і Нясвіжа. Як пісаў Таўрыловіч, "вораг атачыў Нясвіж з усіх бакоў". 18 красавіка некалькі харугваў валахаў стала ў вёсцы Чановічы непадалёк ад Нясвіжа. У сам замак да Таўрыловіча былі высыланы камісары, каб войску, якое стаяла пад Ляхавічамі, былі выдадзены кантрыбуцыя і правіянт. Той адказваў, што не можа нічога выдаць, бо горад спустошаны, а мяшчане і сяляне разбегліся.

22 красавіка некалькі дзесяткаў вершнікаў-валахаў увайшлі ў Нясвіж і ў хуткім часе адыйшлі ў бок вёскі Малева. На наступны дзень а шостай гадзіне раніцы яны вярнуліся разам з трыма атрадамі шведаў, падыйшлі да замка і запатрабавалі, каб камендант выпусціў усіх мяшчан, якія мусілі выплаціць кантрыбуцыю. Тыя спачатку спрабавалі адкупіцца 3 тыс. злотых, затым прапаноўвалі болей, аднак шведаў не задаволіла такая сума і яны пачалі нішчыць места. Спачатку запалілі прадмесце Казімір, затым - Новае места, а ў канцы панішчылі ўсё што заставался ў Старым месце. Пасля гэтага былі разрабаваны фальваркі навокал Нясвіжа, у тым ліку летняя рэзідэнцыя ў Альбе. Звярэй, што былі ў тамтэйшым звярынцу пабілі і адправілі ў лагер пад Ляхавічамі. З мяшчан і шляхты, якіх знаходзілі ў горадзе ці ваколіцах, у тым ліку войта патрабавалі грошы, а некаторых у якасці закладнікаў адпраўлялі ў Ляхавічы ці Свержань. Увечары валахі і шведы адыйшлі ў Свержань, што таксама належаў Радзівілам. 26 красавіка яны спалілі мястэчка. Што цікава, не кранутымі засталіся толькі слуцкія спіхлеры [45], бо Слуцк належаў Карлу Філіпу Нойбургу, з якім Карл ХІІ не варагаваў. Гэты факт яскрава сведчыць пра свядомае вынішчэнне шведамі менавіта радзівілаўскіх маёнткаў. 27-28 красавіка тыя ж атрады шведаў і валахаў спыніліся ў Мірскім замку, які перад адыходам таксама спалілі [46].

Ва ўмовах небяспекі шведскага нападу Таўрыловіч працягваў замуроўваць каштоўнасці ў скляпах пад галоўным замкавым корпусам. З ратушы, якая ацалела пасля першага штурма, па загаду князя былі вывезены гарадскія кнігі. Іх спрабавалі выправіць за горад, каб схаваць у лесе ці балоце, аднак навокал блукалі варожыя аддзелы [47].

Паход Карла ХІІ на Нясвіж

У той час, калі Кройц вёў аблогу Ляхавічаў, а яго аддзелы нішчылі ваколіцы Нясвіжа, Карл ХІІ раптоўна мусіў рушыць з усімі сваім войскам з Жалудка. Справа ў тым, што 9 красавіка Агільві выйшаў з блакаванай Гародні з 10 тыс. жаўнераў і рушыў у накірунку Берасця, а затым на Валынь. Расійскія войскі рухаліся вельмі хутка, бо затапілі ў Нёмане ўсю цяжкую артылерыю і амуніцыю, а ў Тыкоціне пакінулі 4 тыс. параненых. Карл ХІІ прагнуў дагнаць і разбіць Агільві, аднак лёд, які рушыў на Нёмане, разбурыў усе масты, і шведская армія змагла пераправіцца толькі 14 красавіка. Вясенняя адліга зрабіла шлях вельмі цяжкім. Праз Дзярэчын і Ружаны 28 красавіка шведы дасягнулі Бярозу, дзе разбілі расійскія войскі, што прыкрывалі пераправу праз Ясельду. Далей паўз паўднёвы бераг Ясельды шведы дайшлі да Пінска, у які ўвайшлі 4 мая. Па шляху была блакавана фартэцыя Жабер, якая належала Вішнявецкім, з гарнізонам у 800 чалавек і артылерыя ў 40 гармат [48]. У хуткім часе яна капітулявала і была па загадзе Карла ХІІ зрыта. У Пінску Карла ХІІ чакала расчараванне: пабачыўшы вясновы паводак на Прыпяці, кароль зразумеў, што пераправіцца і дагнаць Агільві ён не зможа [49].

Тым часам на дапамогу Ляхавічам з Менску ў канцы красавіка рушала расійскае войска на чале з Сямёнам Няплюевым, да якога далучыліся казакі са Слуцка. Іх агульная колькасць дасягала 5 тыс. Кройц, які трымаў у аблозе Ляхавічы, загадзя атрымаў інфармацыю аб набліжэнні ворага. Да гэтага часу да шведаў падыйшло падмацаванне ў 400 драгунаў. Пакінуўшы невялікую частку войска на чале з Траўтфэтэрам для працягу аблогі, уначы 29 красавіка Кройц выйшаў з лагера насустрач непрыяцелю [50]. А пятай гадзіне раніцы наступнага дня шведы атакавалі расійска-казацкае войска, што спынілася пад Клецкам, і разбілі яго. У той жа дзень аб гэтым даведаліся ў Нясвіжа, што не магло не узмацніць трывогу у гарнізоне замка [51].

Пасля вяртання Кройца пад Ляхавічы і дэманстрацыі захопленых пад Клецкам трафеяў, баявы дух абаронцаў упаў і яны здаліся на міласць пераможцам. У палон трапіла 1361 чалавек, сярод якіх былі жаўнераў і афіцэры, 9 гармат (па іншых звестках 7), 9 харугваў і 9 штандараў [52]. Пры гэтым сярод палонных згадваецца 300 чалавек немцаў і палякаў, якія, відаць, складалі пастаянную залогу фартэцыі [53].

Даведаўшыся аб перамозе пад Клецкам, Карл ХІІ разам з эскортам у 50 чалавек 12 мая рушыў з Пінска да Кройца ў Ляхавічы. Малады амбітны кароль спадзяваўся непасрэдна ўзначаліць аблогу фартэцыі, аднак на месцы пабачыў, што Ляхавічы ўжо ўзялі [54]. Там ён прабыў некалькі дзён, агледзеў места бітвы ля Клецка, а пасля з сіламі Кройца пайшоў пад Нясвіж. У Ляхавічах ён пакінуў Траўтфэрта для аховы палонных, што раскопвалі фартэцыю [55]. Што цікава, калі ўся фартэцыя ў Ляхавічах была зрыта, дык палац Сапегаў не кранулі, што дэманструе адносіны шведаў да маёмасці сваіх саюзнікаў.

20 мая а другой гадзіне дня шведы падыйшлі да Нясвіжскага замка. Карл ХІІ разам са сваімі афіцэрамі аб'ехаў фартэцыю і а трэцяй гадзіне прыслаў генэрал-ад'ютант Карла Розэншцірна ( Rosenstiern) з патрабаваннем безумоўнай капітуляцыі. У выпадку, калі фартэцыя не капітулюе і будзе здабыта штурмам, Карл ХІІ пагражаў пазабіваць і павешаць усіх абаронцаў, а замак, места і кляштары пераўтварыць ў попел. На роздум Карл ХІІ даў усяго паўгадзіны [56]. Пры чым у якасці фармальнай прычыны здачы фартэцыі выступала "падпарадкаванне каралю Станіславу і Рэчы Паспалітай", а ў выпадку адмовы здаць замак абаронцы абвяшчаліся "бунтаўнікамі супраць Рэчы Паспалітай" [57]. Фартэцыя здалася.

Прычына капітуляцыі

У той самы дзень, калі Нясвіжскі замак капітуляваў, да Караля Станіслава Радзівіла быў складзены ліст, пад якім падпісаліся некаторыя асобы з магістрата, а таксама Таўрыловіч. Там тлумачылася, чаму фартэцыя была здадзена і апрадваліся дзеянні каменданта [58]. Гэты ліст, відаць, прыхапіў з сабою Полеман, калі ў пачатку чэрвеня адправіўся са справаздачай да Караля Станіслава [59]. У ім падзеі 20 мая апісваюцца наступным чынам.

Калі падыйшло шведскае войска з самім каралём на чале з фартэцыі збегла частка залогі: стральцы з Налібок і іншых мясцовасцяў, а таксама выбранцы. Аднак камендант з "жаўнерамі і з той невялікай горсткай людзей" вырашыў бараніцца. Дадаткова для абароны фартэцыі па загадзе князя былі сабраныя нясвіжскія мяшчане, якіх на момант капітуляцыі налічвалася каля 300 чалавек. З іх дапамогай Караль Станіслаў спадзяваўся ўмацаваць залогу замка, аднак атрымалася наадварот. Застрашаныя пагрозамі Карла ХІІ і наўпрост самой яго прысутнасцю мяшчане пастанавілі, што не падымуць зброю паколькі не бралі на сябе абавязак абараняць фартэцыю, а, калі камендант вырашыць бараніцца, то будуць наўпрост ўцякаць праз вал. У лісце адзначалася, што панічныя настроі сярод мяшчан раслі яшчэ задоўга да прыходу непрыяцеля. У прыватнасці, іх справакавалі ад'езд з замку нясвіжскага губернатара Маляўскага і прымусовая прысяга на вернасць князю. Таму яшчэ да прыходу шведаў мяшчане прасілі, каб ім дазволілі выйсці з умацавання, і нават спрабавалі сілай прымусіць каменданта выпусціць іх [60]. Не вызначаліся высокім маральным духам стральцы і выбранцы, якія складалі большасць гарнізона, а пры набліжэнні шведа наўпрост уцякалі з фартэцыі. Яшчэ ў 1702 годзе Тышэвіч пісаў, што стральцы ва ўмовах надзвычайнай небяспекі адкрыта адмаўляліся выконваць свае абавязкі па падрыхтоўцы фартэцыі да абароны [61]. Катэгарычная пазіцыя мяшчанаў, а таксама значнае змяншэнне колькаснага складу гарнізона і яго нізкі маральны дух не пакідалі каменданту іншага выбару як здаць фартэцыю. А пасля капітуляцыі магутнай Ляхавіцкай фартэцыі з больш чым тысячным гарнізонам і разгромам расійскага войска пад Клецкам не заставалася надзеі на дапамогу звонку.

Разбурэнне замка

У кнігах выдадзеных шведскімі аўтарамі яшчэ ў XVIII ст. можна знайсці невялікія апісанні Нясвіжскага замка. У прыватнасці Густаў Адлерфэльд пісаў: "Фартэцыя лічылася адной з лепшых у Польшчы (Рэчы Паспалітай - М.В.). Абароненая чатырма каменнымі бастыёнамі і моцным контрэскарпам, у ёй кожная рэч была прызначана для абароны без якога-кольвек дэфекту. 17 гармат жоўтай медзі (спіжовых - М.В.) і 4 жалезныя былі расплаўлены. Кароль загадаў знішчыць фартыфікацыі і пераўтварыць усё ў друз, бо гэта належала князю Радзівілу" [62]. У Ёрана Нордбэрга бачым наступнае: "Фартэцыя ці форт рэгулярны з чатырма бастыёнамі і добрым равелінам, з ровам абкладзеным камнем вялікай глыбіні" [63]. Фактычна шведы ўвайшлі ў фартэцыю, якая з часу узвядзення пры Мікалаю Крыштафе Радзівіле Сіротку у канцы XVI ст. не зазнала значных змен. Найбольш істотнай мадэрнізацыяй умацаванняў было насыпанне равеліна перад брамаю у сяр. XVII ст.

Пасля капітуляцыі Нясвіжскага замка Карл ХІІ аддаў загад зраўняць з зямлёй фартыфікацыі і спаліць палац. Перад гэтым для караля быў выкананы план фартэцыі і палацу, які, магчыма, захаваўся да нашага часу ў адным з шведскіх архіваў. У прысутнасці караля ў замку дапытвалі Таўрыловіча, чаму шведскаму войску не была выдадзена кантрыбуцыя. Адміністратар ускладваў віну на казакаў, якія прышлі і разагналі мяшчанаў. 22 мая Карл ХІІ пакінуў Нясвіж і рушыў у Слуцак. Тамтэйшы гарнізон памерам у 500 чалавек падпарадкаваны Карлу Філіпу Нойбургу не аказаў супраціўлення шведам. Пагасцяваўшы ў Слуцку да 23 красавіка Карл ХІІ загадаў Кройцу расплавіць гарматы калібрам больш за 8 фунтаў і а шостай гадзіне ўвечары з некалькімі людзьмі ад'ехаў у Пінск.

Пасля ад'езда Карла ХІІ па княству былі распушчаны шведскія аддзелы, каб дашчэнту абрабаваць і панішчыць радзівілаўскія ўладанні. Адзін з атрадаў быў пакінуты ў Нясвіжы для аховы палонных, якіх меркавалася выкарыстаць для разбурэння фартэцыі. Адразу пасля здачы замка жаўнераў і мяшчан за выключэннем жыдоў, якім, відаць, удалося выкупіцца, узялі пад варту. Ужо назаўтра, пасля таго як шведы скончылі рабаванне замка, усіх вязняў выгналі на раскопванне валоў. Ім на дапамогу прыцягнулі сялян з сохамі. Увесь порах, што меўся ў замку пайшоў на міны, якімі нішчылі фартэцыю. 29 мая быў узарваны першы бастыён. Мінамі былі разбураны мураваны эскарп і контрэскарп у рове. Гакаўніцы, што былі ў арсенале, ламалі і кідалі ў роў, завальваючы іх мурам і зямлёю з вала. Гарматы вывезлі на карах (вазах для гармат) пад стайні за замак і расплавілі. Матэрыяю ад іх, а таксама усе рэчы і збожжа, што знайшлі ў замку - распрадалі.

1 чэрвеня усіх людзей выганалі з замка да стайні і з дапамогаю 10 мін (кожная вагой па корцу) узарвалі браму. Пасля напхалі дрэва ў палац, вежы, цэйхгаўз і запалілі. Была знішчана і рэшта горада з ратушай, а таксама ўся воласць, у якой не пакінулі "ніводнай халупы". Пашанцавала толькі касцёлам і кляштарам ў месце. Праз выкуп з замка удалося ўратаваць гадзіннік з вежы над брамай і абраз з капліцы [64].

Скончыўшы рабаванне, 3 чэрвеня а 10 гадзіне шведы пакінулі Нясвіж, а ўсіх вязняў у тым ліку абяззброенных жаўнераў распусцілі з пагрозай, каб больш не ваявалі супраць шведскага караля. Кройц з асноўнай часткай войскаў, 4 тыс. палонных і значнай колькасцю трафеяў, відаць, зышоў з Нясвіжа раней, бо ўжо 2 чэрвеня дачакаўшыся падзення ўзроўню вады ў Прыпяці Карл ХІІ з рушыў з Пінска на Валынь [65]. У тым жа Пінску дашчэнту быў спалены Каралінскі замак Вішнявецкіх, а на шляху праз Жабер кароль яшчэ раз агледзеў, як ішлі працы па раскопванні мясцовай фартэцыі.

Нягледзячы на жахлівыя разбурэнні шведы не здолелі знайсці і вывезці ўсё. У прыватнасці ў зашыфраванай частцы ліста да князя Таўрыловіч пісаў, што ад шведаў здолелі схаваць кнігі і карціны. Зімою 1706 года ў касцёл бернардынаў былі перанесены і схаваны 22 "новамаляваныя" карціны з выявамі Радзівілаў [66]. Значная частка скарбаў, відаць, была схавана ў скляпах пад галоўным палацам Нясвіжскага замка, дзе яны былі замураваныя перад прыходам шведаў [67].

Лёс нясвіжскіх гармат

Пасля капітуляцыі замка ў 1706 годзе, паводле Адлерфельда, у рукі шведаў трапіла 17 спіжовых і 4 жалезныя гармат, якія былі знішчаны. Аб "спаленні" ўсіх гармат і продажы матэрыі ад іх пісаў адразу пасля зыходу шведаў таксама Таўрыловіч. Там жа ён адзначаў, што засталіся толькі пяць вялікіх аплаўленых ствалоў [68]. Аб лёсе астатніх гармат ён не ведаў. Таму нечаканасцю стала знаходка у 1717 годзе ў рэчцы ў мястэчку Лахва 11 гармат, 2 марціры і 12 гакаўніц, якія паходзілі з Нясвіжа. Пры гэтым Таўрыловіч дакладна не ведаў ці ўсе гарматы ён знайшоў і працягваў пошукі да 1720 года, аднак больш нічога не знайшоў [69].

Значная частка гармат, якія знаходзіліся ў Нясвіжскай фартэцыі на момант капітуляцыі былі адлітыя ў канцы XVI - пачатку XVII стст. знакамітым гісэрам (ліцейшчыкам) Германам Мольцфэльтам (Herman Moltzfelt) і вызначалася высокімі мастацкімі якасцямі, што, урэшце, прадвызначылі іх далейшы лёс. Карл ХІІ, напэўна, асабіста агледзеўшы мольцфэльтаўскія гарматы вырашыў забраць іх у якасці трафеяў. Аднак у Стакгольм гарматы не трапілі.

Як пісалася вышэй, Карл ХІІ, дачакаўшыся Кройца з асноўнай часткай войскаў 2 чэрвеня рушыў з Пінска ў накірунку Валыні, а шведскі аддзел, які заканчваў разбурэнне Нясвіжскага замка, выйшаў з Нясвіжа толькі 3 чэрвеня. Верагодна, гэты аддзел разам з трафейнымі гарматамі рушыў у накірунку Лахвы, каб разрабаваць радзівілаўскае мястэчка і яго ваколіцы, а затым, пераправіўшыся праз Прыпяць, ужо на Украіне злучыцца з каралём. Аб тым, што гэты шлях выкарыстоўвася сведчыць цікавы факт. 21 студзеня 1702 з Нясвіжа ў Алыку праз Лахву, ці "Палессем", як пісалася ў лістах, былі выпраўлены тры скрыні з дакументамі. Аднак, калі падводы з імі даехалі да Лахвы пайшлі моцныя дажджы, а Прыпяць разлілася настолькі, што пераправіцца было немагчыма. Таму скрыні з дакументамі вярнулі назад у Нясвіж [70]. Гэтаксама і шведы, не здолеўшы пераправіць гарматы на іншы бок Прыпяці, затапілі іх.

Адна мольцфэльтаўская гармата, аднак, трапіла ў Стакгольм, дзе захоўваецца і зараз. Напэўна, яшчэ з часоў Сіроткі гармата "Мэлюзіна" (MELLVSINA) была перавезена з Нясвіжа ў Алыку. Так, яна не ўзгадваецца ні ў водным з апісанняў арсенала Нясвіжскага замка XVII ст., за тое "Мэлюзіна" ёсць у інвентары арсенала Алыцкага замка 1698 года, куды неўзабаве наведаліся шведы [71]. Што тычыцца гармат знойдзеных у Лахве, то большасць з іх захаваліся да сёння: 5 нясвіжскіх гармат ляжаць у Музеі Польскага Войска ў Варшаве, а 2 - у Ваенна-гістарычным музеі артылерыі ў Пецярбургу.

Адбудова замка

Вяртанне разбуранай рэзідэнцыі да жыцця, як і дашчэнту знішчанага княства, было няпростай задачай. Адразу пасля зыходу шведаў, калі навокал панавала сапраўдная анархія, адміністратар княства Таўрыловіч найперш паклапаціўся, каб захаваць рэшткі рэзідэнцыі ад далейшага рабавання. Гэта тычылася пераважна жалеза, якога было шмат на папялішчы. У полі за замкам былі закапаныя рэшткі пяці расплаўленых шведамі гармат, якія немагчыма было унесці у замак, бо брама была заваленая, а муры вакол ірва дашчэнту зруйнаваныя [72]. Да іх была прыстаўлена варта. Каб зберагчы скляпенні ў пакоях палацаў, якія стаялі без дахаў, іх накрылі саломай. Адначасова Таўрыловіч загадаў рыхтаваць дрэва і дахоўку, каб пастаціць дахі і такім чынам правесьці першасную кансервацыю палацаў [73].

Асноўную частку будаўнічых матэрыялаў для аднаўлення замка планавалі вырабіць на месцы. Па просьбе нясвіжскага адміністратара шведы пашкадавалі дзве старыя цагельні і дахоўню, на якія адразу пасля зыходу шведаў пачалі звозіць гліну для вырабу дахоўкі і цэглы [74]. Для нарыхтоўкі дошак да вясны 1707 года збіраліся аднавіць тартак (лесапілка), з якога пры шведах вывезлі ўсё жалезнае абсталяванне. Не менш патрэбным для адбудовы замку было жалеза, для вытворчасці якой ў вёсцы Быхаўшчына, планавалі паставіць рудню [75].

У лютым 1707 года было падрыхтавана дрэва для рэстаўрацыі пакояў, аднак пачаць аднаўленне не давялося. Прычынай гэтаму сталі шматлікія пераходы і пастоі вайсковых злучэнняў розных варагуючых бакоў, што прывяло да страшэннага запусцення горада і княства. Так, восенню 1707 - вясной 1708 гг. цягам шасці месяцаў у княстве на зімовых кватэрах стаяла расійскае войска. Не паспела яно зысці, як ізноў з'явіліся шведы, якія вымагалі пастаўкі правіянту на карысць свайго войска. Пасля іх адыходу ў княстве разлажыліся літоўскія харугвы. Зімой 1709 - вясной 1710 гг. ізноў на чатыры месяцы прыйшлі маскоўскія палкі. Ледзьве не кожны год Таўрыловіч пісаў да князя, што не ведае, дзе браць зерня, каб пасеяць вясною. У дадатак да гэтага летам 1710 года шмат людзей памерлі з-за "моравага паветра" ці эпідэміі, якая лютавала і ў самім Нясвіжы. Па пазнейшых падліках з 408 ½ цяглых дымоў, якія ператрывалі ваенныя завірухі, у княстве засталося ўсяго 230 ½ дымоў [76]. Яшчэ да 1718 года з падданыя Караля Станіслава Радзівіла былі вымушаныя выдаваць правіянт на расійскае войска, аднак сітуацыя выпраўлялася.

Пачынаючы з 1706 года, нягледзячы на цяжкія ўмовы, праца на цагельнях не спынялася. Цэглу, якой патрабавалася шмат, таксама выбіралі і чысцілі на папялішчы замка [77]. У сувязі з пачаткам адбудовы рэзідэнцыі ў 1712 годзе на прадмесці Новае места ў Нясвіжы была збудавана новая цагельня [78]. У 1714 годзе была адкрыта і новая майстэрня па вырабу дахоўкі [79]. Паводле падлікаў таўрыловіча, у 1719 годзе запас цэглы ва ўсіх майстэрнях княства дасягнуў 860 тыс. [80] Такія тэмпы вытворчасці будаўнічых матэрыялаў зрабілі магчымым распачаць адбудову замка.

Яшчэ ў 1708 годзе Таўрыловіч намагаўся паставіць дахі на палацах, бо салому, што накрывала скляпенні, раскідваў вецер. Пры чым дахі меркавалася ставіць пад дахоўку і, паколькі той не хапала, часова накрыць гонтам [81]. Аднак з-за апісаных вышэй падзеяў гэтага, відаць, не ўдалося зрабіць. Восенню 1708 года ў Нясвіжы рыхтаваліся да прыезду Караля Станіслава Радзівіла, для якога была адбудавана драўляная рэзідэнцыя ў Альбе, бо ў самім горадзе апрача аднаго кляштару нічога не было [82].

Вясной 1712 года была расчышчана брама, каб завезці бэлкі і матэрыял для аднаўлення даху на палацы ля вежы, які, напэўна, тады ж быў пастаўлены [83]. Інтэнсіўныя працы па адбудове замка пачаліся пачаліся ў 1714 годзе. У галоўным палацы былі вычышчаны пакоі, разабраныя і адбудаваныя наноў тыльны франтон і частка сцен, якія амаль абваліліся [84]. У ліпені, калі гэтая праца была скончана, Таўрыловіч прапаноўваў накрыць дах, ўзвядзенне якога меркавалася распачаць, гонтам "у карпавую луску". Што цікава, Таўрыловіч лічыў гонтавы дах лепшым за дах накрыты дахоўкай, бо першы быў лягчейшы, таму даваў на меншую нагрузку на мур, а таксама менш падцякаў. Да восені дах над галоўным палацам быў скончаны, а вясной 1715 года збіраліся вывесці над дахам коміны і пачаць распісваць пакоі. Да канца гэтага года меркавалася таксама ўставіць вокны ў верхніх пакоі галоўнага палацу [85]. У другім палацы, які ўжо стаяў пад дахам, у 1714 годзе былі адрэстаўраваны пад жыллё памяшканні першага паверха (устаўлены дзверы і вокны) [86]. Тады ж быў скончаны купал на вежы, які быў пабіты гонтам "у карповую луску". Дадаткова яго меркавалася пафарбаваць "брамротам" (чырвонай фарбай) [87].

Вясной 1716 года з Міра ў Нясвіж па распараджэнні князя прыбыў бельскі штукатар [88] Марцін Канцэвіч (Marcin Koncewicz), які летам павінен быў выканаць печы "манерай штукатэрыі" ў галоўных пакояў замку [89]. У гэтым годзе планавалі скончыць працу ў жылых пакоях абодвух палацаў.

У адрозненні ад іншых будынкаў брама, адбудова якой пачалася ў 1716 годзе, была істотна пашкоджана мінамі, таму працы на ёй было найбольш. Апроч саміх муроў былі пашкоджаны нават падмуркі брамы, таму было прынята рашэнні аб яе поўнай перабудове. На разборку моцных і глыбокіх падмуркаў канца XVI ст., капанне ям пад новыя фундаменты, а таксама ракопку валоў каля брамы была накіравана вялікая колькасць людзей. Напэўна, да канца 1716 года былі зроблены падмуркі. У тым жа годзе пачаліся працы па перабудове старога арсенала пад афіцыну (дадатковы жылы будынак), у якой былі зроблены шэсць ізбаў з трыма сенямі [90].

Шырокамаштабныя працы, якія праводзіліся ў 1716 годзе, запатрабаваліся вялікай колькасці рабочых і рамеснікаў (муляроў, цесляў, шкляроў і інш.), што вылілася ў вялікія выдаткі. Акрамя таго даводзілася закупаць значную частку матэрыялаў у Караляўцы (Кёнігсбергу) і прывозіць іх на віцінах (спецыяльных лодках) па Нёмане. Гэта тычылася найперш жалеза, свінца і шкла [91]. Для эканоміі сродкаў на месцы было вырашана рабіць белую кафлю для печаў у пакоях замка [92]. Гэтаксама пазней у Нясвіжы пачалі атрымліваць шкло з налібоцкай гуты Радзівілаў [93].

Зімой 1717 года у Белай на Паляшшы Канцэвіч прадэманстраваў Таўрыловічу на паперы вынікі сваёй працы ў браме, за аздабленне фасадаў якой штукатар атрымаў немалыя грошы. Аднак вярнуўшыся ў Нясвіж адміністратар пабачыў, што адлюстраванае на паперы "як неба і зямля" адрознівалася ад таго, што было на фасадах брамы, таму пазней Таўрыловіч прасіў князя вярнуць Канцэвіча для працягу працы [94]. Да канца 1718 года была змуравана і накрыта дахам вежа над брамай, а летам 1719 года планавалася узвесці скляпенні ў вежы і, такім чынам, скончыць працы ў браме. Для выканання скляпенняў вясною Таўрыловіч ізноў прасіў прыслаць Канцэвіча [95]. Разам з тым адміністратар заняўся пошукам зэгармайстра (майстара гадзіннікаў) для аднаўлення старога замкавага гадзінніка, які быў зняты перад разбурэннем замка і мусіў заняць сваё месца на брамнай вежы [96]. Спачатку планавалася запрасіць майстра з Вільні, аднак у выніку вясной 1719 года быў наняты зэгармайстар са Слуцка [97]. Пад канец ліпеня таго ж года гадзіннік быў падняты на вежу, а Таўрыловіч адрапартаваў князю аб заканчэнні прац у браме і запытаўся аб магчымасць вяртання ў браму абраза Дзевы Марыі [98].

Разам з працамі на браме у 1719 годзе было прынята рашэнне часткова вярнуць арсеналу перабудаванаму пад афіцыну старое прызначэнне. У палове будынка з боку брамы пакінулі тры жылыя ізбы, а другую палову з боку галоўнага палацу аддалі пад склад ручной агняпальнай зброі. Для гэтага разбурылі перагародку між двума ізбамі, а невялікую трэцюю аддалі пад майстэрню замкаваму слесару, які рамантаваў зброю. Унутры наслалі высокую драўляную падлогу, а для бяспекі павесілі моцныя дзверы і паставілі на вокны жалезныя краты [99].

Верагодна, цягам 1718 года замак быў падрыхтаваны да прыёму княжацкай сям'і і двара. У прыватнасці, летам гэтага года ў Караляўцы была закуплена і адпраўлена ў Нясвіж мэбля для палацаў [100]. Увосень таго ж года Таўрыловіч згадваў пра магчымы прыезд Ганны Кацярыны Радзівіл, жонкі Караля Станіслава, ў Нясвіж [101]. Вясной 1721 года, Таўрыловіч згадваў аб "ліпскім" (лейпцыгскім) абіцці ў пакоях замка, якое трэба было прасушваць [102]. Таму можна меркаваць, што значная частка тканін для пакрыцця сцен была прывезена ў замак ці магла вандраваць разам з княжацкі дваром. Аднак пры замку былі і свае майстры. У прыватнасці, у 1718 годзе згадваюцца чацьвёра кабернікаў (дываншчыкаў), якія папарна ткалі каберцы (дываны, ці тканіну для пакрыцця сцен) [103]. Дакладна вядома, што ў самым пачатку 1722 года Ганны Кацярыны Радзівіл разам са сваім дваром наведала рэзідэнцыю, аднак працы па аздабленні інтэр'ераў замкавы пакояў маглі працягвацца і пазней.

Высновы

З часу узвядзення ў канцы XVI ст. і да прыходу шведаў у 1706 годзе Нясвіжскі замак быў адным з лепшых абарончых умацаванняў у Рэчы Паспалітай. Аднак Паўночная вайна паставіла крыж на калісьці непераможнай магнацкай фартэцыі, якая капітулявала нават не спрабуючы абараняцца. Галоўнай прычынай хуткай здачы замка быў слабы маральны дух абаронцаў, які яшчэ больш упаў пасля здачы магутнай Ляхавіцкай фартэцыі, разгрома расійскіх войскаў пад Клецкам, а таксама са з'яўленнем пад мурамі Нясвіжскага замка славутага сваімі перамогамі Карла ХІІ. Нават калі дапусціць, што абаронцы праявілі б выключны гераізм, фартэцыя такога кшталту не змагла б трымацца доўга. Напэўна, гэта ўсведамлялася і абаронцамі, і пазней, ужо ў час адбудовы рэзідэнцыі, ўладальнікамі. Таму пытанне аб аднаўленні ўмацаванняў першы час не ставілася, а стары арсенал быў перароблены пад жылы будынак. З іншага боку упартасць, з якой нягледзячы на вайну і цяжкое эканамічнае становішча адбудоўваўся замак, паказвае на яго выключнае значэнне для рода Радзівілаў.



[1] Ва Уладзіслава Сыракомлі камендант узгадваецца пад прозвішчам Баліман (Boliman), што з'яўляецца вынікам памылковага прачытання. Syrokomla W. Wędrówki po moich niegdyś okolicach. Wilno, 1853. S. 136.

[2] Archiwum Główny Akt Dawnych (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dz. V. Nr. 9133. Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 11.04.1700, Нясвіж; AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 11.04.1700, Нясвіж.

[3] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 23.07.1700, Нясвіж.

[4] Adlerfeld G. The military history of Charles XII. King of Sweden. Vol. II. London, 1740. S. 230; Nordberg J. A. Histoire De Charles XII Roi De Suede. Т. 2. 1744. S. 89.

[5] AGAD. AR. Dz.VІІ. Nr.675. Rola zołnierzy fortedzy Nieswieskiey. VIII.1656; Rola zołnierzow zacionzonych na ten czas przy fortecyi Nieswiskiey. 2.V.1675.

[6] AGAD. AR. Dz.V. Nr.9133. Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 12.04.1702, Нясвіж; Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 7.06.1702, Нясвіж.

[7] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 21.09.1701, Нясвіж.

[8] Даты ў артыкуле прыводзяцца па грыгарыянскім календары.

[9] AGAD. AR. Dz.ХХVІ. Nr.112. Inwentarz sporzodzony cekauzu zamku Nieswieskiego y municyi w nim zostaiacey panu Ambrozemu Janowi Pałłunowi porucznikowi y Ceykwaterowi tey ze fortecy to jest podany w dozor. 07.01.1693.

[10] AGAD. AR. Dz.ХХVІ. Nr.113. Regestr dział znajdujący się w fortecy Nieświeskiej. 01.02.1695.

[11] AGAD. AR. Dz.ХХVІ. Nr.169. Regestr armat zamku nieświeskiego, zabranych przez szwedów w roku 1706, które zakopano w Lachwie, a w które w roku 1717 wydobyto z wody przywiezieno do Nieswieza. 1717.

[12] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 230.

[13] 1 камень складаў 40 фунтаў: AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 24.02.1713, Нясвіж.

[14] AGAD. AR. Dz.V. Nr.12044. Л. Полеман да К.Ст. Радзівіла. 23.01.1702, Нясвіж.

[15] Віцько Дз. Шведскае наступленне ў 1702 г. у Вялікім Княстве Літоўскім і спроба рэстаўрацыі Сапегаў // Arche. № 6, 2011. С. 8.

[16] Плеценыя з лазы і запоўненыя зямлёй кашы ці габіёны розных памераў выкарыстоўвалі ў якасці асноўнага ці дадатковага прыкрыцця ад абстрэлу артылерыяй ці ручной зброяй.

[17] Эскарп - сценка рва з унутранага боку ўмацавання. Контрэскарп - сценка рва з вонкавага напольнага боку.

[18] AGAD. AR. Dz.V. Nr.12044. Л. Полеман да К.Ст. Радзівіла. 23.01.1702, Нясвіж; AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 23.01.1702, Нясвіж.

[19] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 24.09.1702, Нясвіж.

[20] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 23.01.1702, Нясвіж; С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 12.02.1702, Нясвіж; С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 27.03.1702, Нясвіж.

[21] AGAD. AR. Dz.V. Nr.9133. Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 12.04.1702, Нясвіж.

[22] AGAD. AR. Dz.V. Nr.12044. Л. Полеман да К.Ст. Радзівіла. 06.10.1702, Нясвіж.

[23] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.03.1706, Нясвіж.

[24] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 10430. Магістрат места Нясвіж да К.Ст. Радзівіла. 12.04.1702, Нясвіж.

[25] Віцько Дз. Шведскае наступленне ў 1702 г. … С. 41-43.

[26] AGAD. AR. Dz.V. Nr.9133. Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 27.05.1702, Нясвіж.

[27] Віцько Дз. Шведскае наступленне ў 1702 г. … С. 42, 44.

[28] Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Вільня, 2007. С. 100.

[29] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 211.

[30] Катлярчук А. Швэды ў гісторыі … С. 102.

[31] Колькасць разбітых у Міры казакаў, верагодна, была перабольшай: Nordberg J. A. Histoire De Charles XII ... S. 81.

[32] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 214.

[33] Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 81.

[34] Спіж - сплаў медзі з іншымі металамі, найперш волавам.

[35] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 215; Syrokomla W. Wędrówki po moich niegdyś okolicach. Wilno, 1853. S. 136.

[36] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 8.11.1706, Нясвіж.

[37] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.03.1706, Нясвіж.

[38] Ibidem.

[39] Катлярчук А. Швэды ў гісторыі … С. 102.

[40] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 22.03.1706, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[41] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.03.1706, Нясвіж.

[42] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 216; Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 81.

[43] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 216.

[44] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.04.1706, Нясвіж.

[45] Спіхлер - гаспадарчы будынак, які прызначаўся для захавання зерня ці іншых рэчаў.

[46] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.04.1706, Нясвіж.

[47] Ibidem.

[48] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 222.

[49] Ibidem. S. 224.

[50] Lundblad K. Geschichte Karl des Zwölften König von Schweden. T. 1. Hamburg, 1835. S. 352.

[51] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 30.04.1706, Нясвіж.

[52] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 227.

[53] Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 88.

[54] Lundblad K. Geschichte Karl des Zwölften ... S. 353.

[55] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 229. Насуперак гэтаму Нордбэрг сцвярджае, што Траўтфэтэр таксама рушыў з каралём у Нясвіж. Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 89.

[56] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж; AGAD. AR. Dz.ІІ. Nr.2098. М. Нячай, Е.В. Таўрыловіч і іншыя да К.Ст. Радзівіла. 20.05.1706, Нясвіж.

[57] Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 89.

[58] AGAD. AR. Dz.ІІ. Nr.2098. М. Нячай, Е.В. Таўрыловіч і іншыя да К.Ст. Радзівіла. 20.05.1706, Нясвіж.

[59] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[60] AGAD. AR. Dz.ІІ. Nr.2098. М. Нячай, Е.В. Таўрыловіч і іншыя да К.Ст. Радзівіла. 20.05.1706, Нясвіж.

[61] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 28.09.1702, Нясвіж.

[62] Adlerfeld G. The military history of Charles XII … S. 230.

[63] Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 89.

[64] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[65] Nordberg J. A. Histoire De Charles XII … S. 90; Lundblad K. Geschichte Karl des Zwölften ... S. 354; AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[66] Карціны былі прышытыя да алтарных абразоў і такім чынам перажылі неспакойны час. У кастрычніку 1713 года яны былі перасланыя ў Белую на Падляшшы. AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 2.10.1713, Нясвіж.

[67] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.04.1706, Нясвіж.

[68] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[69] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіл. 8.08.1717, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 7.01.1720, Нясвіж.

[70] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16645. С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 23.01.1702, Нясвіж; С. Тышэвіч да К.Ст. Радзівіла. 12.02.1702, Нясвіж.

[71] AGAD. AR. Dz.ХХVІ. Nr.773. Regestr armat i amunicji znajdującej się w zamku Оłyckim. 1.01.1698.

[72] Ibidem. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж.

[73] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 8.11.1706, Нясвіж.

[74] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.06.1706, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 27.08.1706, Нясвіж.

[75] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.02.1707, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 26.08.1708, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 17.10.1708, Нясвіж.

[76] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.08.1710, Альба; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 18.03.1711, Нясвіж.

[77] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 4.11.1707, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 26.08.1708, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 17.10.1708, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 4.03.1709, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.08.1711, Нясвіж.

[78] Асаблівасцю цэглы, якая выраблялася ў цагельні на Новым месце, было тое, што яна ў 1,5 разы была большая за звычайную. AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.03.1712, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.05.1712, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 6.11.1712, Нясвіж

[79] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 6.02.1714, Нясвіж.

[80] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 9.10.1719, Нясвіж.

[81] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 17.10.1708, Нясвіж.

[82] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 25.11.1708, Нясвіж.

[83] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.05.1712, Нясвіж.

[84] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 17.08.1714, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 21.05.1714, Нясвіж;

[85] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 8.09.1715, Нясвіж.

[86] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 9.10.1714, Нясвіж.

[87] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 12.07.1714, Нясвіж.

[88] Штукатар (пол. sztukator з ням. Stuckateur) - майстар, які займаўся стварэннем дэкаратыўных элементаў са стука ці гіпсу ўнутры і звонку будынкаў.

[89] Пазней, летам 1721 года, Канцэвіч мусіў перарабляць печы, бо з іх ішоў дым: AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 5.05.1721, Нясвіж.

[90] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 26.03.1716, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 4.04.1716, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 4.05.1716, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.07.1719, Нясвіж.

[91] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 21.05.1714, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 19.03.1715, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 12.07.1714, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 16.01.1718, Нясвіж.

[92] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 21.05.1714, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 12.07.1714, Нясвіж.

[93] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 13.08.1723, Нясвіж.

[94] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 13.03.1717, Нясвіж.

[95] Скляпенні ў вежы, аднак, не былі скончаныя ў 1719 годзе, бо зімой 1720 года Таўрыловіч прасіў ізноў прыслаць Канцэвіча для працы над імі. AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 9.05.1719, Нясвіж; Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 29.05.1719, Нясвіж; Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.05.1719, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 29.01.1720, Нясвіж.

[96] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 23.08.1718, Нясвіж.

[97] Пасля паспяховага рамонту замкавага гадзінніка Караль Станіслаў Радзівіл, па рэкамендацыі Таўрыловіча, пакінуў слуцкага майстра ў Нясвіж у якасці замкавага зэгармайстра: AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 9.05.1719, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 1.07.1719, Нясвіж.

[98] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 22.07.1719, Нясвіж.

[99] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 1.07.1719, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 22.07.1719, Нясвіж.

[100] Летам 1718 года ў Караляўцы ў нейкага Адольфа было закуплена тры камплекты мэблі: 24 крэслы "адной моды", 24 - "другой моды", і 12 - "найлепшай моды": AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 23.07.1718, Нясвіж.

[101] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 20.11.1718, Нясвіж.

[102] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 9.03.1721, Нясвіж; . Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 30.12.1721, Нясвіж.

[103] Таўрыловіч згадвае двух кабернікаў: Яна з Белай і Германка, якія працавалі ў пары. Вядома, што кабернікі працавалі ў Нясвіжы і ў 1721 годзе: Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 14.04.1718, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 24.05.1718, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 23.07.1718, Гародня; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 30.01.1721, Нясвіж.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX